Народны дом


На плошчы Леніна ў Слоніме шмат гадоў кідаюцца ў вочы разваліны старога будынку. Тут ужо 18 гадоў плануюць пачаць будаўніцтва Слонімскага драматычнага тэатра, але так і пачнуць. У пачатку ХХ стагоддзя ў ім месціўся Народны дом, а пасля Другой сусветнай вайны гэтага будынку хапала для раённага Дома культуры.

Будынак на плошчы Леніна быў пабудаваны ў 1900 годзе з цэглы ў формах утылітарнай архітэктуры. Да прыходу ў Слонім палякаў, у гэтым будынку 9 снежня 1918 года адбыўся першы з’езд саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў Слонімскага павета. На ім прысутнічалі 36 дэлегатаў. Сакратаром з’езда быў бальшавік Гараст. На гэтым з’ездзе абмяркоўваліся пытанні аб арганізацыі бальшавіцкай улады на Слонімшчыне, пытанні аб зямлі, зброі і г.д. На з’ездзе быў выбраны Слонімскі павятовы савет мясцовых дэпутатаў, дзе з 9 месцаў бальшавікам удалося атрымаць 6. У гонар гэтага з’езду ў 1965 годзе на будынку Народнага дома была прымацавана шыльда.

Але доўга гаспадарыць бальшавікам у Слоніме не прыйшлося, бо ў 1920 годзе горад заняло Войска Польскае і 19 гадоў тут ужо былі палякі. Але Народны дом пры паляках свой статус у Слоніме не памяняў. У ім праходзілі розныя мерапрыемствы, сустрэчы, фэсты, канцэрты. У першай палове ХХ стагоддзя, апрача паказу мясцовай мастацкай, у тым ліку школьнай самадзейнасці, на сцэне Народнага дома выступалі такія вядомыя прафесійныя артысты ў свеце, як рускі спявак Фёдар Шаляпін (1873-1938), вялікі польскі оперны спявак Ян Кепура (1902-1966), польская танцорка, артыстка і харэограф Лода Халама (1911-1996) і іншыя. Прыязджаў з гастролямі і яўрэйскі вандроўны тэатр.

Уцалеў Народны дом і пры немцах. Работнікі яго наадварот актывізавалі ўсю сваю культасветную дзейнасць. Народны дом у 1941-45 гадах у Слоніме называўся Беларускім Народным домам (БНД). Тут актыўна працаваў беларускі драматычны гурток (кіраўнік Чуркін), ладзіліся выставы слонімскіх мастакоў і выставы народнага мастацтва, адбываліся розныя канцэрты, літаратурныя вечары і сустрэчы. Тут было створана Беларускае Культурнае Згуртаванне Слоніма. Дарэчы, у час акупацыі на сцэне Беларускага Народнага дома выступала са сваімі вершамі слынная беларуская паэтка Наталля Арсеннева, паэты Гальяш Леўчык, Сяргей Хмара, Сяргей Новік-Пяюн, спяваў Міхась Забэйда-Суміцкі. Летам 1943 года ў Слоніме знаходзіўся на гастролях Мінскі гарадскі тэатр (кіраўнік Пётр Булгак), які на сцэне БНД паказваў беларускія спектаклі. Цяпер гэта Беларускі Акадэмічны нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы. Больш падрабязна пра дзейнасць Народнага дома ў Слоніме ў 1930-я – пачатку 1940-х гадоў я папрасіў расказаць нашага земляка Барыса Данілюка, які жыве ў ЗША. Спадар Данілюк адгукнуўся і прыслаў свае ўспаміны. Ён, у прыватнасці, напісаў: “Напрадвесні 1938 года ў канцэрце для вучняў гімназіі з піяністам Штампкоўскім і нейкай маладой скрыпачкай браў удзел у Слонімскім Народным доме славуты беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі, праспяваўшы, апрача польскіх, і тры беларускія песні. На жаль, на вячэрні ягоны канцэрт для дарослых слухачоў з-за беларускасці спевака, палякі не прыйшлі. Але на ім прысутнічаць змог я, ды з дзесятак чамяроўскіх хлопцаў, а таксама было некалькі польскіх шпікоў.

Народны дом, без сумневу, быў дзейны і пры першых саветах, але што ў ім адбывалася -- не ведаю, бо тады ў Слоніме я не быў.

Пры немцах ён апынуўся пад уладай гарадской управы і ўжо, мабыць, з 1941 года пачалася падрыхтоўка да яго афіцыйнага адкрыцця. Пачаў гэтую падрыхтоўку кампазітар Антон Валынчык, які арганізаваў там беларускі хор, у якім бралі ўдзел я і мая будучая жонка. Неўзабаве арганізаваўся і танцавальны гурток пад кіраўніцтвам прафесіянальнай танцоўшчыцы мадам Шышкінай, у які загналі і мяне. У гэтым гуртку, апрача мяне, танцавалі яшчэ (усіх не памятаю): Надзея Паўлікоўская, Марыся Бяражэўская, Жэня Клімчук, Вацэк Патэрман і Коля Лічко.

Напрадвесні 1942 года Сяргей Новік-Пяюн запрапанаваў моладзі, якая групавалася каля яго ў слонімскім музеі, стварыць драматычны гурток, на што мы пагадзіліся. Паставілі тады, калі я не памыляюся, “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота. Паказ адбыўся дзесьці вясною 1942 года і гралі ў п’есе я, мая будучая жонка Марыя Дземідовіч, Зося Макарэвіч і Коля Лічко. І хоць Зося Макарэвіч і Коля Лічко выканалі свае ролі выдатна, больш тэатральным мастацтвам займацца ніхто з нас не хацеў. Але на нашы месцы прыйшлі больш ахвочыя і здольныя да гэтай справы асобы. У першую чаргу дачка ранейшага слонімскага дыякана, а тады ўжо сынковіцкага святара -- Ніна Сыантовіч, пісар у слонімскім судзе, малодшы (імя не памятаю) Санюк. З таго, што яны тады, яшчэ дзякуючы рэжысуры Сяргея Новіка-Пеюна, памятаю добра адыгралі п’еску “На вёсцы” Францішка Аляхновіча. Гэтыя выступы заахвоцілі, відаць, і ўдзельніка беларускіх драматычных паказаў яшчэ пры Польшчы, Пятра Сцяцка. Ён спрабуе нанова свае сілы на сцэне і сам ставіць п’есу “Дзядзька Якуб” Ф.Аляхновіча, дзе іграе галоўную ролю. Спектакль прайшоў з вялікім і добрым поспехам.

Хто больш браў удзел у гэтым паказе і ці Сцяцко ставіў іншыя п’есы -- я не памятаю. Ніна Сыантовіч пасля вайны выйшла замуж за сваяка Сяргея Хмары — Нікіціна і апынулася каля ці ў самім Беластоку, малодшы Санюк сам застрэліўся ў пачатку 1944-га года, а Сцяцко пасля вайны жыў і памёр у Амерыцы.

З тае пары яшчэ памятаю, што на Вялікдзень 1942 года моладзь, перад традыцыйным святочным ігрышчам, ставіла ў школьнай класавай зале “Мікітаў лапаць” і галоўную ролю ў гэтай п’есе вельмі ўдала выканаў мой брат па дзядзьку Хведар Данілюк. Пазней яго забралі на фронт і ён загінуў у Польшчы ці ў Нямеччыне.

Былі, без сумневу, пры немцах драматычныя гурткі ды паказы і ў іншых мястэчках, а таксама ў вялікіх вёсках Слонімскай акругі, але без мясцовай газеты пра гэта мала хто ведаў.

Яшчэ ўспомнілася, што перад вайною, у 1938-м годзе, Слонімская дабравольная дружына пажарнай аховы пад камандай і рэжысурай дзяка (імя не памятаю) Дэжуры ставіла ў школьнай зале на польскай мове беларускія аднаактоўкі “Мікітаў лапаць” М.Чарота і “Чорт і баба” Ф.Аляхновіча.

Акрамя мясцовых сілаў на сцэне Слонімскага Народнага дому пры немцах выступалі і госці. Першым з іх быў беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі. Вельмі паспяховы канцэрт якога адбыўся вясною, ці ў пачатку лета 1942 года. Гэтым разам зала не пуставала, як пры Польшчы, а ў ёй нават не хапала месцаў.

Следам за Забэйдам-Суміцкім летам 1942-га і 1943-га гадоў прыязджаў Мінскі беларускі тэатр. Яны паказалі дзве праграмы: драматычную і канцэртную. У першай, як памятаю, ставілі “Каварства і каханне” Шылера, “На Антокалі” Аляхновіча і “Паўлінку” Янкі Купалы. Нашай публіцы вельмі падабаўся галоўны артыст-прыгажун з гэтага тэатра Пальчэўскі.

У канцэртнай праграме выступалі, між іншым, акардэаніст-віртуоз Савіцкі і выканаўца народных песень Барбара Вяржбаловіч, ды маладзенькая прыгажуня Стэфа Лыскавец. Беларуская народная песня “Ой, ты хлопец кучаравы...” і нямецкая “Lili Marlein” выклікалі нязмоўклыя апладысменты з боку беларускай і нямецкай публікі. Шкада, што мінскае савецкае падполле арганізавала забойствы Савіцкага і Стэфы Лыскавец — яны загінулі пад коламі накладных самаходаў-грузавікоў. Барбара Вяржбаловіч таксама памерла ад самаходавага наезду, але ўжо пасля вайны ў Мюнхене.

Апрача Мінскага прафесійнага тэатра ў нашым Народным доме вясною 1943 года гасціў і вельмі добры Баранавіцкі аматарскі тэатр. Галоўнымі артыстамі ў ім былі — сын святара Расціслаў Раждзественскі і ягоная пазнейшая жонка Вера (дзявочага прозвішча не памятаю), а таксама мае школьныя калегі: Чэсь Чарняўскі і Сцяпан Якімчык. Якія п’есы яны ставілі — я ўжо забыўся, але памятаю толькі “Пана Міністра” Францішка Аляхновіча, у якой галоўную ролю іграў Чэсь Чарняўскі.

Расціслаў і Вера Раждзественскія жылі пасля вайны ў Мюнхене ў Нямеччыне, а потым у Амерыцы, дзе ён выкладаў рускую мову ў нейкім каледжы, але маладым памёр. Што сталася з Чэсям Чарняўскім і Сцёпкам Якімчыкам – я не памятаю.

Пад канец нямецкай акупацыі ўзровень паказаў у Народным доме ўпаў, бо іхняй арганізацыяй нейкім чынам займаўся Аляксандр Асіпчык, які ставіў на сцэне і тое, што было вартае ўвагі, і тое, на што не было чаго глядзець. Апрача гэтага на сцэне Народнага дому час ад часу пачалі выступаць эвакуіраваныя з усходу расійскія трупы. Вось гэта і ўсё, што я магу ўспомніць пра Слонімскі Народны дом, якога так шкада, што няма”.

Пасля вайны Беларускі Народны дом стаў называцца раённым Домам культуры (РДК). У 1948 годзе тут пачаў працаваць новы драмгурток, які ўзначальваў Аляксандр Бялоў. Пасля Бялова гурток ужо стаў народным тэатрам і ім кіраваў Міхаіл Фрыдман. У 1968 годзе народны тэатр пры Слонімскім РДК узначаліў Мікалай Варвашэвіч. З 1990 года народны тэатр пад яго кіраўніцтвам стаў Слонімскім беларускім драматычным тэатрам. Акрамя тэатральнага гуртка ў старым будынку РДК актыўна працавалі аркестр народных інструментаў (кіраўнік Марат Малікаў), кінастудыя і іншыя гурткі і калектывы.

Неяк на гарадскім аўтобусным прыпынку да мяне падышла сланімчанка Леаніда Міхайлаўна Цапко і сказала: “Вы добры матэрыял напісалі ў газеце пра Слонімскі Народны дом, але чаму ў ім не згадалі пра сусветна вядомую расійскую спявачку Галіну Вішнеўскую, якая некалі таксама выступала на сцэне нашага Народнага дома?”

Я быў здзіўлены. Бо нямала хто выступаў у Слоніме ў 50-70 гадах мінулага стагоддзя на сцэне РДК, былога Народнага дома! У тыя гады ў Слоніме сапраўды нашым землякам не давалі сумаваць артысты з ўсяго вялікага Саюза. На гастролях у Слоніме пабывалі многія рускія, украінскія, малдаўскія, літоўскія тэатры, танцавальныя калектывы, спевакі і г.д. Вядома, што ў нашым горадзе магла спяваць і Галіна Вішнеўская. Дарэчы, у сваёй кнізе “Галіна” яна згадвае пра гастролі ў Заходняй Беларусі, дзе спявачка са сваімі калегамі па Ленінградскай філармоніі выступала ў гарадах і пасёлках з дзіўнымі назвамі, якіх яна не запомніла. Пры гэтым прыгадала толькі населены пункт Новая Мыш. “А ці былі вы на канцэрце Галіны Вішнеўскай?” — запытаўся я ў Леаніды Міхайлаўны. “Мне тады было яшчэ 12 гадоў. Я несла яйкі з рынка ў сетцы, махаючы ёй, і разбіла іх, чытаючы на тумбе прыгожую афішу, дзе блакітнымі вялікімі літарамі было напісана, што ў Слоніме, здаецца, 12 чэрвеня, выступяць артысты Ленінградскай філармоніі і Галіна Вішнеўская. Было гэта ў 1950 годзе. Тумба стаяла на рагу вуліц Савецкай і Чкалава. На афішы быў прыгожы партрэт Вішнеўскай. Мне, малой, тады падалося, што нейкая цыганка да нас прыехала!..”, -- адказала жанчына. “А хто быў тады на канцэрце Вішнеўскай?” – зноў пытаюся ў спадарыні Цапко. “Найперш вайскоўцы і іх жонкі. Бо ў той час выйсці замуж за ваеннага было прэстыжна і ганарова. Вось яны ў асноўным і былі на канцэрце, бо ў параўнанні з іншымі слонімцамі вайскоўцы тады жылі даволі заможна”, -- пачала ўспамінаць Леаніда Міхайлаўна.

— А можа, вы памятаеце і ведаеце тых слонімцаў, якія былі на гэтым канцэрце і якія яшчэ жывуць у Слоніме?

— На жаль, тыя, каго я ведала, ужо пакінулі наш свет. Іншыя пераехалі ў другія гарады былога Савецкага Саюза. Але ў Слоніме жыве Ніна Пятроўна Лукашэйка. Яна была шустрая дзяўчынка, магчыма, з сяброўкамі яна ў той час трапіла на канцэрт Галіны Вішнеўскай. Спытайце ў яе.

Я пагутарыў і з Нінай Пятроўнай Лукашэйка. Яна чула пра Галіну Вішнеўскую і пра яе канцэрт у Слоніме, але летам 1950 года пабываць на выступленні спявачкі ёй не пашанцавала.

Тым не менш, слынная расійская оперная спявачка, народная артыстка СССР, кавалер шматлікіх узнагарод і ганаровы доктар многіх універсітэтаў свету Галіна Вішнеўская таксама выступала ў Слоніме...

У 1981 годзе калектыў Слонімскага РДК пераехаў у новае памяшканне на Чырвонаармейскую вуліцу, а дзверы старога будынаку РДК зачынілі на замок. З гадамі без гаспадароў былы Народны дом пачаў прыходзіць у заняпад і цяпер ад яго засталіся толькі сцены. Але, калі б сцены маглі размаўляць, яны расказалі б нам цікавую гісторыю пра культурнае жыццё Слоніма і пра тых людзей, якіх яны ў свой час слухалі, бачылі і віталі.


Загрузка...