Тэатр Міхала Казіміра Агінскага


Некалькі гадоў таму сустрэў у цэнтры Слоніма чалавека сярэдніх гадоў з фотаапаратамі і кінакамерамі.

-- Скажыце, калі ласка, — запытаўся незнаёмец, — як мне знайсці тэатр Міхала Казіміра Агінскага? Я прыехаў з Санкт-Пецярбурга, каб зрабіць здымкі тэатра. Але ў каго ні запытаю — ніхто не ведае.

-- Я вас засмучу, але будынак тэатра ў Слоніме не захаваўся, яго знішчылі час, войны і людзі. Толькі захавалася аўстэрыя (Аўстэрыя -- ад італьянскага слова osteria, што азначае заезны дом, тып карчмы. – С.Ч.). У ёй цяпер знаходзіцца школьны навучальна-вытворчы камбінат, — такі быў мой адказ незнаёмцу.

Госць быў вельмі здзіўлены і нават не паверыў. Давялося яму паказаць, дзе калісьці стаяў тэатр і дзе цяпер знаходзіцца аўстэрыя. Але чалавеку, які першы раз прыехаў у Слонім, гэтага было мала. Ён столькі многа чытаў пра тэатр Агінскага, а ўбачыў… пустое месца.

Сапраўды, Слонім сёння ведаюць найперш па тым, што тут некалі быў славуты на ўсю Еўропу тэатр. І турысты з розных куткоў свету хочуць убачыць хоць што-небудзь з таго далёкага часу. Французы, немцы, шведы, японцы ў сваіх краінах такой мажлівасці не ўпусцілі б. А мы — губляем. Чаму б на гары каля будынка хуткай медыцынскай дапамогі на Савецкай вуліцы, дзе знаходзіўся знакаміты тэатр, не ўсталяваць мемарыяльны знак, не зрабіць там музей Агінскіх, а дзе стаянка аўтамабіляў — не адкрыць, напрыклад, рэстаран “У Агінскіх”, дзе турысты ці слонімцы маглі б адпачыць пад славуты паланез “Развітанне з Радзімай”? А ў музеі прадаваць розныя буклеты, значкі, кнігі на англійскай, польскай і беларускай мовах пра гісторыю тэатра Агінскага. А атрыманыя за ўсё гэта грошы, ішлі б у бюджэт горада. Але гэтага ў Слоніме пакуль няма. Дзякуй Богу, у Слоніме ёсць вуліца Міхала Казіміра Агінскага, засталася з таго часу аўстэрыя, пабудаваная з цэглы архітэктарам Я.Боем, які праектаваў пры палацы Агінскага шэраг барочных надворных пабудоў. Таксама захаваўся Малы канал Агінскага, даўжынёю 1,5 км. А ў 1993 годзе рашэннем сесіі Слонімскага гарсавета вуліцы Опернай вярнулі яе сапраўднае імя. Былая вуліца Энгельса, як 230 гадоў таму, стала называцца Опернай. Менавіта па ёй ішлі артысты ў свой славуты тэатр Агінскага...

У верасні 1771 года Міхал Казімір Агінскі далучыўся да ўдзельнікаў Барскай канфедэрацыі. Гэта было ваенна-палітычнае аб’яднанне пэўнай часткі шляхты і некаторых магнатаў Рэчы Паспалітай для барацьбы супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і царскай Расіі. Міхал Агінскі са сваім войскам пачаў вайну з рускім войскам. Спачатку ён актыўна перамагаў, але пасля войскі Суворава акружылі і разграмілі атрады Агінскага. З акружэння яму ўдалося ўцячы ў Берлін, потым у Вену. За гэты час руская імператрыца Кацярына II канфіскавала некаторыя ўладанні Агінскага.

У 1774 года Міхал Казімір Агінскі вяртаецца на Бацькаўшчыну. Для паляпшэння свайго фінансавага становішча, ён частку ўласных маёнкаў прадае (пазней атрымлівае амністыю і секвестраваныя маёнткі), а сам спыняецца ў Слоніме і робіць горад сваёй асноўнай рэзідэнцыяй.

У шэрагу першаступенных планаў Агінскага было будаўніцтва асобнага тэатральнага памяшкання, у якім маглі б ставіцца оперныя спектаклі, так званага “Опергаўза”. Для ажыццяўлення сваёй задумкі гетман Агінскі запрасіў у Слонім італьянскага дэкаратара Іначэнца Мараіна. Ён прапанаваў для гэтай мэты рэканструяваць колішні палац Льва Сапегі. Агінскі з ім пагадзіўся і ў 1777 годзе будаўніцтва і рэканструкцыя тэатра былі ўжо завершаныя.

Для таго, каб можна было ставіць спектаклі, былі ўзятыя на ўзбраенне самыя найлепшыя для таго часу тэхнічныя сродкі, якія дазвалялі лёгка мяняць дэкарацыі, а пры неабходнасці “выводзіць” на сцэну нават сапраўдныя караблі. Дзеля гэтага яна была падзелена на дзве часткі. Пярэдняя частка выкарыстоўвалася па сваім непасрэдным прызначэнні і на ёй ігралі акцёры. Задняя ж, пры неабходнасці, лёгка запаўнялася вадой. Ажыццяўлялася гэта праз сістэму труб, што праходзілі да самых тэатральных падмосткаў. Паступала ж вада з канала, які знаходзіўся побач. Гэтая частка сцэны аказвала добрую паслугу і тады, калі па ходу спектакля разгортваліся баявыя дзеянні, ці неабходна было паказаць войскі на маршы. У гэтым выпадку ваду спускалі, а зверху клалі тоўстыя шчыты. З тыльнага ж боку сцэны адкрывалася вялізная брама, праз якую магла ўварвацца кавалерыя ці прайсці пяхота. На сцэне нават прадугледжваліся фантаны з падсветкай бенгальскімі агнямі. Пры тэатры тады працаваў спецыяльны ператэхнік Ваксмунт.

Функцыяваў пры тэатры і “плывучы тэатр” на баржах на канале Агінскага. Глядзельная зала была разлічана на тысячу (па іншых звестках на дзве тысячы) месцаў. Гледачы з залы з цікавасцю глядзелі на “плывучы тэатр”. Для выканання высокамастацкіх твораў і ўвасаблення тэхнічных навін, запрашаліся і працавалі ў тэатры ўмелыя майстры з Еўропы. Шмат працавала ў тэатры і беларускіх мясцовых майстроў і артыстаў.

Пры сваёй “сядзібе музаў” у Слоніме Міхал Казімір Агінскі сварыў вялікі ансамбль вакалістаў і інструменталістаў, які не саступаў самым лепшым музычным калектывам Заходняй Еўропы.

Пры тэатры Агінскага дзейнічала і балетная школа. Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, а пазней балетам займаліся і дзеці прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і пэўную агульную адукацыю. У 1788 годзе чатыры выхаванцы выступалі нават у балеце “Рыбакі” у Варшаве. А ў 1790 годзе балетная школа была на гастролях на Украіне. У гастролях прымалі ўдзел 20 артыстаў. Слонімскі балет тэатра Агінскага заўсёды канкурыраваў з каралеўскім тэатрам у Варшаве. Напрыканцы 1792 года балетная школа была пераведзена ў мястэчка Целяханы Івацэвіцкага раёна.

Міхал Казімір Агінскі быў выдатным выканаўцам на некалькіх музычных інструментах. Сваё скрыпічнае майстэрства ён дасканаліў у знакамітага Віёці. У 1760 годзе ў Парыжы Агінскі так уразіў сваёй ігрой на арфе Дзідро, што славуты асветнік папрасіў маладога князя напісаць артыкул “Арфа” для французскай “Энцыклапедыі”. Гетман таксама выдатна іграў і на кларнеце, за што сучаснікі жартам называлі яго “гетман-кларнет”.

Але гэта яшчэ не ўсё. Вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага быў таксама пісьменнікам. Ён напісаў і выдаў у сваёй слонімскай друкарні “Гістарычныя і маральныя аповесці” (1782) і кнігу вершаў “Байкі і не байкі” (1788).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і паўстання Тадэвуша Касцюшкі, слонімская рэзідэнцыя Агінскага канфіскуецца і хутка прыходзіць у заняпад. Апошнія гады свайго жыцця Міхал Казімір Агінскі (памёр у 1800 годзе) правёў у сваіх палацах у Варшаве і ў Галенаве, дзе цешыў сябе музыкай і мастацтвам – тым адзіным, што ўтрымлівала яго пры жыцці.

У 1795 годзе тэатр Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме ўжо не існаваў. І калі ў 1818 годзе Слонім наведаў рускі цар Аляксандр I і паэт, князь, “декабрист без декабря” Пётр Вяземскі, то ўбачылі яны толькі разваліны тэатра. Пазней Ваземскі пра тэатр з горыччу напіша: “Всё прах, всё воспоминания...” (Вяземский П.А. Записные книжки (1813-1848). Москва, 1963. С.103-104).


Загрузка...