- Толькi спачатку. Там было даволi цёпла.

- Вы занадта лёгка апранулiся, - сказаў я. - Вечарам холадна.

Яна адмоўна пахiтала галавой.

- Я не люблю цяжкай вопраткi. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асаблiва ў горадзе.

- У "кадзiлаку" цёпла, - сказаў я. - На ўсякi выпадак я ўзяў плед.

Я дапамог ёй сесцi ў машыну i накрыў каленi пледам. Яна падцягнула яго вышэй.

- Цудоўна! Вось так - выдатна! Холад наводзiць сум.

- Не толькi холад. - Я сеў за руль. - Пакатаемся крыху?

Яна кiўнула.

- Ахвотна.

- Куды?

- Проста паедзем паволi па вулiцах. Усё роўна куды.

- Добра.

Я завёў машыну, i мы паволi i без мэты паехалi па горадзе. Быў час пiк. Мы неслiся амаль бязгучна, так цiха працаваў матор. Здавалася, што машына карабель, якi нячутна iмчыцца па стракатых каналах жыцця. Вулiцы праносiлiся мiма, светлыя парталы, агнi, рады лiхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мiтусня быцця, мяккая лiхаманка асветленай ночы, а над усiм, памiж краямi дахаў жалезна-шэрае, вялiкае неба, якое адкiдвае сваё святло на горад.

Дзяўчына моўчкi сядзела побач са мной; святло i ценi прабягалi з акна па яе твары. Я час ад часу пазiраў на яе. Яна зноў напомнiла мне пра вечар, калi я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмi прыгожым. Гэта быў твар, якi паланiў мяне тады i не адпусцiў. Мне здавалася, што ў iм было нешта ад таямнiчасцi цiшынi, характэрнай для рэчаў, блiзкiх да прыроды - дрэў, воблакаў, жывёлiн, а часам для жанчын.

Мы выехалi на цiхiя прыгарадныя вулiцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялiкай плошчы, вакол якой спалi маленькiя домiкi, акружаныя садамi, я спынiў машыну.

Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала.

- Прыгожа, - сказала яна праз хвiлiну. - Калi б у мяне была машына, я вось так цiха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае - вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам i не спiш, але ў той самы час снiш штосьцi. Мне здаецца, тады i людзi не патрэбны табе вечарам.

Я дастаў з кiшэнi пачак з цыгарэтамi.

- А ўвогуле хочацца, каб вечарам нехта быў побач...

Яна кiўнула.

- Хочацца. Калi цямнее, на душы робiцца нiякавата.

Я разарваў пачак.

- Амерыканскiя. Вам падабаюцца?

- Так. Нават больш, чым нейкiя iншыя.

Я даў ёй прыпалiць. На iмгненне блiзкае цёплае святло запалкi асвятлiла яе твар i мае рукi, i ў мяне раптам з'явiлася вар'яцкая думка, што мы ўжо даўно блiзкiя. Я апусцiў шыбу, каб даць выйсцi дыму.

- Вы хочаце павесцi машыну? - спытаў я. - Вам, пэўна, было б прыемна.

Яна павярнулася да мяне.

- Хацелася б. Але не ўмею.

- Сапраўды?

- Не ўмею. Нiколi не вучылася.

Тут я вырашыў скарыстаць выпадак.

- Бiндзiнг жа даўно мог навучыць вас, - сказаў я.

Яна засмяялася.

- Бiндзiнг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нiкога не падпускае да руля.

- Гэта неразумна, - заявiў я, задаволены, што магу ўпiкнуць таўстуна. - Я даю вам праехаць без усялякiх ваганняў. Садзiцеся.

Я насуперак усiм папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамi. Яна захвалявалася.

- Але ж я сапраўды не ўмею кiраваць.

- Умееце, - запярэчыў я. - Вы ўсё ўмееце. Толькi не ведаеце пра гэта. - Я паказаў ёй пераключэннi.

- Вось, - сказаў я. - А цяпер - наперад!

- Хвiлiнку! - Яна паказала на аўтобус, якi адзiнока кацiўся па вулiцы. Можа, прапусцiм яго спачатку?

-Нi ў якiм разе!

Я iмгненна ўключыў хуткасць i адпусцiў педалю счаплення. Яна сутаргава ўхапiлася за руль, напружана ўзiраючыся ў вулiцу.

- О божа, мы едзем занадта хутка.

Я зiрнуў на спiдометр.

- Зараз вы едзеце з хуткасцю 25 кiламетраў у гадзiну. На самай справе гэта толькi дваццаць. Нармальная хуткасць для марафонца.

- А мне здаецца, што восемдзесят.

Праз некалькi хвiлiн першы страх знiк. Мы ехалi ўнiз па шырокай роўнай вулiцы. "Кадзiлак" крыху вадзiла ў бакi, як быццам ён быў запраўлены не бензiнам, каньяком. Часам ён праходзiў падазрона блiзка ад бардзюра, але паступова справа наладзiлася, i ўсё атрымлiвалася так, як я i думаў: я атрымаў перавагу, бо мы раптам сталi настаўнiкам i вучанiцай, i я гэта выкарыстаў.

- Увага, - сказаў я. - Там стаiць палiцэйскi.

- Спазнiлiся. А што будзе, калi ён мяне заловiць? У мяне ж няма правоў.

- Мы ўдваiх трапiм у турму.

- О святы божа! - Яна спуджана пачала нагой шукаць тормаз.

- Газу! - крыкнуў я ёй. - Газу! Мацней нацiснуць. Нам трэба праскочыць горда i хутка. Найлепшы сродак супроць закона - нахабства.

Палiцэйскi не звярнуў на нас нiякай увагi. Дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.

- А я i не ведала, што палiцэйскiя могуць быць падобны да вогненных драконаў, - сказала яна, калi мы аддалiлiся на некалькi сотняў метраў.

- Яны плююцца агнём толькi тады, калi на iх наедзеш. - Я паволi прытармазiў. - Вось тут у нас шыкоўная пустая бакавая вулiца. Тут мы i павучымся як след. Спачатку зрушваць з месца i спыняцца.

У Патрыцыi некалькi разоў глух матор. Яна расшпiлiла куртку.

- Мне горача. Але я навучуся! - Седзячы за рулём, яна старанна i ўважлiва сачыла, што я паказваю. Потым, усхвалявана коратка ўскрыкваючы, яна рабiла першыя павароты i, як д'ябла, баялася сустрэчных фараў, але i вельмi ганарылася, калi машыны ўдала раз'язджалiся. Неўзабаве ў невялiчкай кабiне, слаба асветленай лямпачкай шчытка, з'явiлася пачуццё таварыскасцi, якое ўсталёўваецца пры занятках тэхнiкай альбо камерцыяй. I калi мы праз паўгадзiны зноў селi на свае месцы, i я павярнуў назад, мы больш ведалi адно пра аднаго, чым калi б мы падрабязна расказалi свае аўтабiяграфii.

Непадалёк ад Нiкалайштрасэ я зноў спынiў машыну. Мы стаялi якраз пад чырвоным святлом кiнарэкламы. Асфальт мiгцеў матавым святлом, як выцвiлая пурпурная тканiна. Каля бардзюра блiшчала вялiкая чорная масляная пляма.

-Так, цяпер мы законна зарабiлi чарку. Дзе мы яе перакулiм?

Патрыцыя Хольман на хвiлiнку задумалася.

- Давайце зноў пойдзем у сiмпатычны бар з паруснiкамi, - прапанавала яна.

Я адразу занепакоiўся. У бары цяпер, напэўна, сядзеў апошнi рамантык. Я ўжо нiбы бачыў яго твар...

- Ах, - паспешна прамовiў я, - што там асаблiвага. Ёсць больш прыстойныя месцы.

- Я не ведаю... там мне здалося тады вельмi прыстойна.

- Праўда? - спытаў я збянтэжана. - Бар вам здаўся прыстойным?

- Сапраўды, - адказала яна са смехам. - Нават вельмi...

"Вось як! - падумаў я. - А я так дакараў сябе!"

- Толькi мне здаецца, што ў гэты час там перапоўнена, - зрабiў я яшчэ адну спробу.

- Можна ж паглядзець.

- Вядома, можна. - Я задумаўся, што рабiць.

Калi мы пад'ехалi, я iмклiва выскачыў з машыны.

- Я хуценька зазiрну. Зараз вярнуся.

Там не было нiводнага знаёмага, акрамя Валянцiна.

- Скажы, - спытаў я. - Готфрыд быў ужо тут?

Валянцiн кiўнуў.

- З Ота. Пайшлi з паўгадзiны назад.

- Шкада, - сказаў я, уздыхнуўшы з палёгкай. - З радасцю пабачыў бы iх.

Я вярнуўся да машыны.

- Можна рызыкнуць, - заявiў я. - Выпадкова сёння тут не так i цесна. - Але з перасцярогi я пакiнуў "кадзiлак" у ценi за рогам.

Але не праседзелi мы i дзесяцi хвiлiн, як перад стойкай з'явiлася саламяная галава Ленца. "Д'ябальшчына! - падумаў я. - Нарваўся. Няхай бы лепш гэта здарылася цераз пару тыдняў".

Здавалася, што ў Готфрыда не было намеру заставацца. Ужо мне здалося, што выратаваны, але тут я заўважыў, што Валянцiн паказвае яму на мяне. Гэта была адплата за хлусню. Твар Готфрыда, якi ўбачыў нас, мог бы паслужыць цудоўным узорам для кiнаакцёра-пачаткоўца. Вочы ў яго выкацiлiся i зрабiлiся падобнымi да яечнi, i я ўжо спужаўся, што ў яго адвалiцца скiвiца. Шкада, што ў гэты час у бары не было рэжысёра. Я цвёрда ўпэўнены, што Ленца адразу запрасiлi б у кiно. Напрыклад, на такiя ролi, дзе перад матросам, якi пацярпеў крушэнне, раптам з рыкам з'яўляецца марскi гад.

Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукi. Я кiнуў на яго позiрк, якi малiў знiкнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пiнжак i падышоў да нас.

Я ўжо ведаў, што будзе, i таму паспрабаваў захапiць iнiцыятыву.

- Ты ўжо праводзiў дадому фройляйн Бомблят? - спытаў я, каб адразу нейтралiзаваць яго.

- Праводзiў, - адказаў ён, вокам не мiргнуўшы, хоць да апошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў - не ведаў.

- Яна перадала табе прывiтанне i прасiла, каб зранку адразу патэлефанаваў ёй.

Гэта быў моцны контрудар. Я кiўнуў.

- Патэлефаную. Спадзяюся, яна купiць машыну.

У Ленца зноў разявiўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу i зiрнуў так, што ён замоўк, усмiхаючыся.

Мы выпiлi па некалькi чарак. Я пiў толькi кактэйль з лiмонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.

Готфрыд быў у цудоўным настроi.

- Толькi што я заходзiў да цябе, - сказаў ён. - Хацеў забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставiлi выдатную новую каруселю. Сходзiм туды? Ён зiрнуў на Патрыцыю Хольман.

- Неадкладна! - падтрымала яна. - Больш за ўсё на свеце я люблю каруселi.

- Тады пайшлi! - сказаў я, рады, што выходзiм адсюль. На волi будзе прасцей.

Катрыншчыкi - фарпосты луна-парку. Меланхалiчна-салодкае гудзенне. На старых аксамiтных накiдках катрынак - часам папугай цi замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкiя галасы гандляроў, якiя прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкi мёд, паветраныя шары i адрэзы на касцюмы. Халоднае сiняе паветра i пах ад карбiдных лямп. Варажбiткi, астролагi, палаткi з пiрагамi, арэлi-лодка, будкi з атракцыёнамi i, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск - асветленыя, як палац, вежы каруселяў.

- Наперад, сябры! - Ленц з чупрынай, што раскудлацiлася на ветры, кiнуўся да амерыканскiх горак. Там iграў самы вялiкi аркестр. З кожнай з пазалочаных нiш выходзiлi шэсць трубачоў, яны паварочвалiся на ўсе бакi, ускiдвалi, потым апускалi свае iнструменты i вярталiся назад. Гэта выглядала велiчна.

Мы селi ў гандолу ў форме лебедзя i загайдалiся. Свет праплываў у пералiвах агню, ён уздымаўся ўверх i зноў падаў у чорны тунель, праз якi мы iмчалi пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалi бляск i фанфары.

- Далей! - Готфрыд накiраваўся да лётаючай каруселi з дырыжаблямi i самалётамi. Мы залезлi ў цэпелiн i зрабiлi тры кругi.

Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялi ўнiзе.

- А цяпер на чортава кола! - заявiў Ленц.

Гэта быў вялiкi гладкi круглы дыск з невялiчкiм узвышэннем пасярэдзiне, якi кружыўся ўсё хутчэй i на якiм трэба было ўтрымацца. Сярод iншых дваццацi чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў i атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Заднiца ў яе была як у ламавiка. Яна схiтрыла: калi ўжо зусiм стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатнiх усiх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў i апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкi кухаркi, i яны, абняўшыся, скацiлiся з дыска. Яны падышлi да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Лiна. Лiна сарамлiва ўсмiхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Лiна заявiла, што пiва добра наталяе смагу. Яны знiклi ў палатцы.

- А мы? Куды пойдзем цяпер? - спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блiшчалi.

- У лабiрынт прывiдаў, - сказаў я i паказаў на вялiкую будку.

Лабiрынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намi захiсталася, мы натыкнулiся ў цемры на нечыя рукi, з цёмных куткоў з'яўлялiся страшэнныя пысы, галасiлi прывiды... Мы смяялiся, але раптам дзяўчына спужалася i адхiснулася - перад ёй з'явiўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно iмгненне яна апынулася ў маiх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусiм блiзка каля вуснаў былi яе валасы. Яна тут жа засмяялася, i я выпусцiў яе.

Я выпусцiў яе, але нейкай часцiнкай сваёй iстоты я ўтрымлiваў яе. Калi мы ўжо былi на волi, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккiя валасы, лёгкi персiкавы пах яе скуры... Я баяўся зiрнуць на яе. Яна раптам стала для мяне iнакшай.

Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзiн.

- А дзе Лiна? - спытаў я.

- П'е, - адказаў ён i паказаў галавой на палатку. - З нейкiм кавалём.

- Спачуваю, - сказаў я.

- Глупства, - адказаў Готфрыд. - Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.

Мы падышлi да будкi, дзе накiдвалi гумавыя колцы на крукi. Былi прызначаны розныя прызы.

- Так, - звярнуўся Ленц да Патрыцыi Хольман i збiў свой капялюш на патылiцу. - Зараз мы выйграем вам пасаг.

Ён кiнуў першы i выйграў будзiльнiк. Я кiнуў за iм, i мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабiў з гэтага шмат шуму, каб прывабiць паболей клiентаў.

- Зараз ты супакоiшся, - зласлiва ўсмiхнуўся Готфрыд i выйграў патэльню. Я - яшчэ аднаго мiшку.

- Глядзi ты, як шанцуе, - толькi i сказаў гаспадар i аддаў нам рэчы.

Чалавек не здагадваўся, што яго чакае. Ленц лепш за ўсiх у роце кiдаў гранаты, а зiмой, калi рабiць амаль што не было чаго, мы цэлымi месяцамi практыкавалiся, закiдваючы капелюшы на ўсялякiя крукi. Гэтыя колцы былi проста дзiцячай забавай. У наступны заход Готфрыд лёгка забраў сабе крышталёвую вазу. Я - паўтузiна грамафонных пласцiнак. Гаспадар моўчкi сунуў iх нам, а потым праверыў крукi. Ленц прыцэлiўся, кiнуў i выйграў кафейны сервiз - другi прыз. Сабралася процьма "балельшчыкаў". Я кiнуў тры колцы запар на адзiн крук. Вынiк - святая Магдалiна ў залатой рамцы.

Гаспадар скрывiўся, як ад зубнога болю, i сказаў, што хопiць. Мы гатовы былi спынiцца. Але ўзнялi шум гледачы. Яны запатрабавалi, каб ён даў нам пагуляць яшчэ. Iм хацелася бачыць, як яго раздзяваюць. Больш за ўсiх шумела Лiна, якая раптам з'явiлася тут са сваiм кавалём.

- Прамахвацца можна, - хрыпата крычала яна, - а трапляць - не? - Каваль штось гугнiў у падтрымку.

- Добра, - вырашыў Ленц. - Яшчэ па разе.

Я кiнуў першы. Тазiк, кубак i мыльнiца. Затым падышоў Ленц. Ён узяў пяць колцаў. Чатыры ён кiнуў запар на адзiн крук. Перад пятым ён зрабiў штучную паўзу i дастаў цыгарэту. Тры чалавекi падалi яму прыпалiць. Каваль паляпаў яго па плячы. Лiна ад хвалявання кусала хусцiнку. Потым Готфрыд прыцэлiўся i лёгка, каб апошняе колца не адскочыла, накiнуў яго на чатыры першыя. Колца павiсла. Усе бурлiва зашумелi. Ён адхапiў галоўны прыз - дзiцячы вазок з ружовай коўдрай i падушачкамi.

Гаспадар, лаючыся, выкацiў яго. Мы ўсё ўпакавалi i паехалi да наступнай будкi. Лiна штурхала вазок. Каваль адпускаў такiя жарты, што я з Патрыцыяй Хольман вырашыў крыху адстаць. Каля наступнай будкi колцы накiдвалiся на рылцы бутэлек. Той, хто трапляў, забiраў бутэльку. Мы выйгралi шэсць бутэлек. Ленц паглядзеў на этыкеткi i аддаў бутэлькi кавалю.

Была яшчэ адна будка такога тыпу. Але гаспадар ужо пранюхаў пра нас i, калi мы падышлi, заявiў, што яна закрыта. Каваль хацеў узняць вэрхал, бо ён убачыў, што прызы тут - бутэлькi з пiвам. Але мы ўтрымалi яго. Гаспадар будкi быў аднарукi.

У суправаджэннi вялiзнага натоўпу мы вярнулiся да "кадзiлака".

- Што цяпер? - спытаў Ленц i пачухаў патылiцу. - Найлепш - прывязаць вазок ззаду да машыны.

- Выдатна, - сказаў я. - Але ты сядзеш у яго i будзеш кiраваць, каб не перакулiўся.

Патрыцыя Хольман запратэставала. Яна збаялася, што Ленц так i зробiць.

- Цудоўна, - выказаўся Готфрыд. - Давайце тады разбяромся. Двух мiшак вам абавязкова трэба пакiнуць сабе. Грамафонныя пласцiнкi таксама. Як наконт патэльнi?

Дзяўчына пахiтала галавой.

- Тады пераходзiць ва ўласнасць майстэрнi, - заявiў Готфрыд. - Вазьмi яе, Робi, стары майстра яечнi. Кафейны сервiз?

Дзяўчына кiўнула на Лiну. Кухарка зачырванелася. Готфрыд перадаў ёй прадметы, нiбы ўручаючы прыз. Потым ён дастаў тазiк.

- Гэтую ўмывальную прыладу? Пану суседу, цi не так? Прыгадзiцца ў рабоце. Будзiльнiк таксама. Кавалi спяць моцна.

Я перадаў Готфрыду вазу. Ён уручыў яе Лiне. Яна, запiнаючыся, адмаўлялася. Яе вочы неадрыўна глядзелi на Магдалiну, якая каялася. Ёй здавалася: калi яна возьме вазу, то кавалю аддадуць карцiну.

- Я захапляюся мастацтвам, - вымавiла яна. Яна стаяла, хвалюючыся ад жадання, i кусала чырвоныя пальцы.

- Шаноўная паненка, - сказаў Ленц з велiкадушным жэстам i павярнуўся да нас, - як ваша думка?

Патрыцыя Хольман узяла карцiну i аддала яе кухарцы.

- Гэта вельмi прыгожая карцiна, Лiна, - сказала яна з усмешкай.

- Павесь яе над ложкам i помнi, - дадаў Ленц.

Лiна забрала яе са слязьмi на вачах. Ад удзячнасцi яна аж заiкала.

- А цяпер цябе, - у роздуме сказаў Ленц, звяртаючыся да дзiцячага вазка. Вочы Лiны, нягледзячы на шчасце ад валодання Магдалiнай, зноў загарэлiся прагным агнём. Каваль сказаў, што нiколi не ведаеш, калi такая рэч можа спатрэбiцца, i засмяяўся так, што ўпусцiў бутэльку з вiном. Але Ленц не аддаў iм вазок.

- Хвiлiнку, я там нешта ўбачыў, - сказаў ён i знiк.

Праз некалькi хвiлiн ён узяў вазок i пацягнуў яго некуды.

- Усё ў парадку, - сказаў ён, вярнуўшыся без яго. Мы селi ў "кадзiлак".

- Як на каляды, - шчаслiва сказала Лiна, трымаючы падарункi i падаючы нам чырвоную лапу на развiтанне. Каваль адвёў нас яшчэ на хвiлiнку ўбок.

- Слухайце, - сказаў ён. - Калi вам спатрэбiцца каго адлупцаваць- я жыву на Лейбнiцштрасэ, 16, заднi двор, на другiм паверсе справа. Калi iх, магчыма, будзе некалькi чалавек, я збяру сваю кампанiю.

- Дамовiлiся, - адказалi мы i паехалi.

Калi мы ад'ехалi ад плошчы, Готфрыд паказаў у акно. Мы ўбачылi свой дзiцячы вазок, сапраўднае жывое дзiця ў iм, а побач бледную расстроеную жанчыну, якая разглядала вазок.

- Добра, праўда? - спытаў Готфрыд.

- Занясiце ёй яшчэ i мiшак, - усклiкнула Патрыцыя Хольман. - Яны там будуць дарэчы.

- Можа, аднаго, - сказаў Ленц. - Аднаго пакiнем сабе.

- Не, абодвух.

- Добра. - Ленц выскачыў з машыны, кiнуў плюшавых лялек жанчыне ў ахапак i, не даўшы ёй вымавiць нi слова, быццам наўцёкi, заспяшаўся да машыны. - Так, - сказаў ён, уздыхнуўшы з палёгкай. - Цяпер мне ад майго высакародства аж дрэнна зрабiлася. Высадзiце мяне каля "Iнтэрнацыяналя". Мне абавязкова трэба выпiць чарку каньяку.

Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мiнулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, i лiхтар кiдаў водблiскi на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмi хацелася пайсцi з ёй.

- Дабранач, - сказаў я. - Спакойнага сну.

- Дабранач.

Я пазiраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзiўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калi вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты i жадання пазбавiцца нечага ў самiм сабе. Пусцiць, каб паляцела, няведама куды.

Я паехаў да Ленца ў "Iнтэрнацыяналь". Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваiм сябрам, кельнерам Алоiсам. Яны спрачалiся. Готфрыд сядзеў з Мiмi i Валi на канапе каля стойкi. Ён быў далiкатны, не пакiдаў без увагi нават Мiмi, бедную старую кабету.

Дзяўчаты неўзабаве пайшлi. Iм трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мiмi вохала i ўздыхала - балелi ногi. Я падсеў да Готфрыда.

- Ну, выказвайся! - сказаў я.

- Навошта, хлопец, - адказаў ён на маё здзiўленне. - Усё правiльна, так i дзейнiчай.

Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.

- Мог бы i раней добрае слова сказаць, - сказаў я.

Ён махнуў рукой.

- Глупства.

Я заказаў рому.

- Ты ведаеш, - сказаў я потым. - У мяне нiякага ўяўлення, хто яна i што. Не ведаю, што ў яе з Бiндзiнгам. Цi гаварыў ён табе тады што-небудзь?

Ён зiрнуў на мяне.

- Цябе гэта трывожыць?

- Не.

- Я так i думаў. Мiж iншым, палiто табе добра пасуе.

Я пачырванеў.

- Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб i ў мяне так было.

Я хвiлiну памаўчаў.

- Чаму, Готфрыд? - спытаў я нарэшце.

Ён глянуў на мяне.

- Таму што ўсё астатняе - дзярмо, Робi. Таму што сёння няма нiчога, што мела б вартасць. Прыпомнi, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, якi малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкi ды сыграй некалькi старых салдацкiх песень.

Я сыграў "Тры лiлеi" i "Аргонскi лес". У пустым шынку песнi прагучалi прывiдна, калi мець на ўвазе той час, у якi мы iх спявалi...

VII

Праз два днi Кёстэр паспешлiва выбег з майстэрнi.

- Робi, тэлефанаваў твой Блюменталь. Прасiў цябе прыехаць у адзiнаццаць на "кадзiлаку". Ён хоча зрабiць пробную паездку.

Я шпурнуў адвёртку i гаечны ключ.

- Браце, Ота... Няўжо нешта будзе?

- А што я вам казаў! - пачуўся голас Ленца з ямы пад "фордам". - Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!

- Прытрымай язык, становiшча сур'ёзнае, - крыкнуў я ўнiз.

- Ота, наколькi можна збавiць цану?

- У крайнiм выпадку саступi дзве тысячы. У самым крайнiм - дзве дзвесце. Калi ўжо iншага выйсця не будзе - дзве пяцьсот. Калi ўбачыш, што перад табой вар'ят - дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклiнаць.

- Добра.

Мы адцёрлi машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.

- Робi, памятай, што ты быў салдатам i рабiў i не такое. Абаранi гонар нашай майстэрнi, не шкадуючы крывi. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.

- Дамовiлiся, - усмiхнуўся я.

Ленц выцягнуў з кiшэнi нейкi медаль i паднёс яго мне да твару.

- Дакранiся да майго амулета, Робi!

- Давай. - Я дакрануўся.

- Абракадабра, вялiкi Шыва, - заклiнаў Готфрыд. - Дай гэтаму баязлiўцу мужнасцi i сiлы. Стой! Лепш за ўсё вазьмi яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.

- Парадак, - сказаў я, плюнуў яму пад ногi i паехаў мiма Юпа, якi ўсхвалявана вiтаў мяне, узняўшы ўгору шланг.

Па дарозе я купiў некалькi гваздзiкоў i ўпрыгожыў iмi машыну. Я разлiчваў зрабiць уплыў на фраў Блюменталь.

На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвiлiн пятнаццаць чакаць. "Даражэнькi, - падумаў я, - гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб'еш з каляiны". У пачакальнi я як след распытаў сiмпатычную машынiстку пра фiрму, падкупiўшы яе гваздзiком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнiкаў, цiхi кампаньён, зацятая канкурэнцыя з "Маерам i Сынам", сын Маера ездзiць у чырвоным двухмесным "эсексе" - вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасiў Блюменталь.

Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыi.

- Малады чалавек, - сказаў ён. - У мяне мала часу. Мiнулы раз вы назвалi цану, пра якую вы можаце толькi марыць. Але руку на сэрца - колькi каштуе машына?

- Сем тысяч марак, - адказаў я.

Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.

- Тады няма размовы.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, - паглядзiце машыну яшчэ раз.

- Няма патрэбы, - перабiў ён мяне. - Я ўжо паглядзеў.

- Можна па-рознаму глядзець, - заявiў я. - Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад "Фоля i Рурбэка", кошт - 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абiўка сядзенняў, тонкi корд...

Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор iнструментаў, выдатны скураны верх, храмiраваны радыятар, сучасныя бамперы шэсцьдзесят марак пара. Я iмкнуўся вярнуцца да машыны, як дзiця да мацi, угаворваючы Блюменталя спусцiцца ўнiз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сiл. Калi ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклiкаць абстрактны жах.

Але i Блюменталь ведаў, што пiсьмовы стол - яго апора. Ён зняў акуляры i ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Мы змагалiся, як тыгр з пiтонам. Блюменталь быў пiтон. Не паспеў я азiрнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.

Я спужаўся. Я палез у кiшэнь i моцна сцiснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, трацячы сiлы, - ужо гадзiна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць. - Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалi, як снег.

- Я ем толькi ў дзве гадзiны, - заявiў Блюменталь непарушна. - Але ведаеце што? Мы можам зрабiць зараз пробную паездку.

Я з палёгкай уздыхнуў.

- Потым мы яшчэ пагаворым, - дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.

Мы паехалi да яго дома. На маё здзiўленне, у машыне яго як падмянiлi. Ён зычлiва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплацiў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне - пра саксонца, якi заблудзiў. Я адразу ж - пра саксонскую пару закаханых... Толькi перад домам мы загаварылi зноў сур'ёзна. Ён папрасiў мяне пачакаць i пайшоў па жонку.

- Мой любiмы таўстун-"кадзiлак", - сказаў я i паляпаў машыну па радыятары. - За гэтымi анекдотамi, напэўна, хаваецца нейкая д'ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купiць цябе, будзь упэўнены - калi жыд вяртаецца, то купляе. Калi вяртаецца хрысцiянiн, то гэта не значыць, што ён купiць. Ён робiць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканомiць на таксi, а потым ён раптам прыпамiнае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухнi. Не, не, жыды талковыя людзi, яны ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагi таўстун: калi я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып'ю нi чаркi гарэлкi.

З'явiлася фраў Блюменталь. Я прыпомнiў усе парады Ленца i з байца ператварыўся ў кавалера.

Блюменталь толькi подленька ўсмiхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.

Я паклапацiўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка - побач са мной.

- Куды вас павезцi, шаноўная панi? - спытаў я саладжавым голасам.

- Куды хочаце, - адказала яна, усмiхаючыся мне па-мацярынску.

Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такiм нявiнным чалавекам! Я гаварыў так цiха, каб Блюменталь нiчога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала i таго, што ён сядзеў ззаду.

Мы спынiлiся. Я вылез i цвёрда зiрнуў на майго непрыяцеля.

- Усё-такi вы павiнны пагадзiцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.

- Якая радасць з той бездакорнасцi, малады чалавек, - запярэчыў ён мне надзвычай ветлiва, - калi падаткi паглынаюць цябе. Падаткi на машыну занадта высокiя. Гэта я вам кажу.

- Пан Блюменталь, - сказаў я, iмкнучыся не змякчыць тон, - вы дзелавы чалавек, з вамi можна гаварыць шчыра. Гэта - не падаткi, а выдаткi. Скажыце самi, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капiталу, як раней, - патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькi праз уменне паказаць сябе. "Кадзiлак" - машына салiдная i хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця - жывая рэклама вашай фiрмы.

Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкi.

- У яго жыдоўскiя мазгi, праўда? Малады чалавек, - сказаў ён потым тым жа самым фамiльярным тонам, - самая лепшая рэклама салiднасцi сёння - паношаны касцюм i паездка на аўтобусе. Калi б у нас з вамi былi тыя грошы, якiя яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны, што пралятаюць мiма, мы маглi б спакойна сядзець, нiчога не робячы. Гэта я вам кажу. З даверам.

Я з недаверам зiрнуў на яго. Што азначае гэтая зычлiвасць? Што ён задумаў? Цi прысутнасць жонкi прытупiла яго баявiтасць? Я вырашыў стрэлiць з пiсталета.

- "Кадзiлак" - гэта не "эсекс", цi не так, шаноўная панi? Сын Маера ездзiць на "эсексе", але ён мне i дарма не патрэбны... гэтыя чырвоныя, яркiя санi...

Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:

- Колер абiўкi вельмi вам да твару, шаноўная панi, - прыглушаны сiнi кобальт для бландзiнкi...

Раптам Блюменталь заўсмiхаўся - здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.

- Маер i сын - здорава, здорава... - аж застагнаў ён, - а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары... тары-бары!

Я зiрнуў на яго. Я не паверыў сваiм вачам. Ён смяяўся непадробна.

Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.

- Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары - не тары-бары. Гэта камплiменты, якiя ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына - не металiчная мэбля. Яна - кветка! Ёй непатрэбна дзелавiтасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьцi прыгожае, чым з бычынай настойлiвасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзiў тары-бары, а выкарыстаў фiзiчны закон. Сiнi колер добра пасуе бландзiнкам.

- Добра спяваеш, пташка, - сказаў Блюменталь, ззяючы. - Паслухайце, пан Локамп... Я ведаю, што магу збiць яшчэ тысячу марак...

Я адступiў на крок.

"Вераломны сатана, - падумаў я, - гэта той удар, якога я чакаў". Я ўжо ўявiў сваё жыццё без адзiнай чаркi алкаголю i, як зацкаванае аляня, зiрнуў на фраў Блюменталь.

- Але, бацька... - сказала яна.

- Пакiнь, мацi, - адказаў ён. - Дык вось: я мог бы зрабiць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазii, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера i сына быў удалы. У вас мацi жыдоўка?

- Не.

- Вы працавалi ў краме гатовага адзення?

- Так.

- Вось бачыце, стыль адтуль. У якiм аддзеле?

- У аддзеле "Душа", - адказаў я. - Я хацеў стаць настаўнiкам.

- Пан Локамп, - сказаў Блюменталь. - Вы - малайчына! Калi страцiце месца, тэлефануйце мне.

Ён выпiсаў чэк i аддаў яго мне. Я не паверыў сваiм вачам. Задатак - дзiва!

- Пан Блюменталь, - узрушана сказаў я, - дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнiчкi i першакласны гумавы дыванок пад ногi.

- Выдатна, - сказаў ён. - Вось i старому Блюменталю перапаў падарунак...

Затым ён запрасiў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсмiхнулася мне.

- Будзе фаршыраваны шчупак, - мякка вымавiла яна.

- Далiкатэс, - заявiў я. - Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгiструем.

У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц i Кёстэр пайшлi палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькi Юп.

- Прадалi? - спытаў ён.

- I табе трэба ведаць, ты - жэўжык, - сказаў я. - Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.

- Значыць, прадалi, - заўсмiхаўся Юп.

- Я паеду палуднаваць, - сказаў я. - Але глядзi, нiкому нi слова пра маё вяртанне.

- Пан Локамп, - заверыў ён i падкiнуў манету ў паветра, - магiла.

- Можна паверыць, - сказаў я i нацiснуў на газ.

Калi я вярнуўся, Юп падаў мне знак.

- Што здарылася? - спытаў я. - Не ўтрымаў язык за зубамi?

- Пан Локамп! Жалезна! - Ён выскалiўся. - Але "фордаў" дзядзька прыйшоў.

Я пакiнуў "кадзiлак" у двары i пайшоў у майстэрню. Булачнiк быў тут. Ён якраз схiлiўся над каталогам колераў. На iм было палiто ў клетку з поясам i шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з iм стаяла сiмпатычная iстота з чорнымi гарэзлiвымi вачыма, у расшпiленым палiтончыку з аблямоўкай з вылiнялага зайца i ў вельмi маленькiх лакiрках. Чарнявая iстота настойвала на яркiм сурыку, але булачнiк устрымлiваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.

- Глупства, - бурчала чарнявая. - "Форд" павiнен быць яркi. Iнакш нiякага фасону.

Заклiнаючы, яна зыркала на нас, пацiскала плячыма, калi булачнiк схiляўся над каталогам, крывiла рот i падмiргвала нам. Вясёлае дзiця! Нарэшце яны сышлiся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнiк упёрся: недзе павiнна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён i на гэтым выйграў: верх жа ён атрымлiваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканiну.

Яны пайшлi. Але iдучы праз двор, спынiлiся. Як толькi чарнявая ўбачыла "кадзiлак", яна кiнулася да яго.

- Паглядзi, пупсiк, вось дык машына! Як з казкi! Яна мне вельмi падабаецца!

У наступны момант яна ўжо адчынiла дзверцы i ўселася, у захапленнi страляючы вачыма.

- Вось гэта сядзеннi! Каласальна! Крэслы, як у клубе! Не тое, што наш "форд"!

- Ну, пайшлi, - незадаволена сказаў пупсiк.

Ленц падштурхнуў мяне: я мусiў выйсцi на арэну i навязаць машыну булачнiку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў нi слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго i адвярнуўся.

Булачнiк з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб i, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.

Мы пазiралi парачцы ўслед.

- Рашучы чалавек! - сказаў я. - Адрамантаваў машыну, ажанiўся - малайчына!

- I праўда, - сказаў Кёстэр. - Ён яшчэ парадуецца з яе.

Толькi яны завярнулi за рог, як Готфрыд раз'юшыўся.

- Ты што, Робi, зусiм звiхнуўся? Праваронiць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласнiка!

- Унтэр-афiцэр Ленц! - адказаў я. - Падцягнiце жывот, калi размаўляеце са старшым! Што я - прыхiльнiк дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?

Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталi па талеры кожнае.

- Не жартуй са святынямi, - прамямлiў ён.

Не звяртаючы на яго ўвагi, я загаварыў з Кёстэрам.

- Ота, развiтвайся з нашым дзiцем - "кадзiлакам". Ён ужо не наш. З гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднiкi. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслiвая доля. Не такая гераiчная, як у нас, затое - больш надзейная.

Я дастаў чэк. Ленц як не развалiўся на часткi.

- Не можа быць! I ўжо аплочаны? - хрыпата прашаптаў ён.

- А як вы думалi, жаўтароцiкi? - спытаў я i памахаў чэкам. - Гадайце колькi.

- Чатыры! - крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.

- Чатыры з паловай, - сказаў Кёстэр.

- Пяць! - крыкнуў ад калонкi Юп.

- Пяць з паловай, - адрэзаў я.

Ленц выхапiў чэк у мяне з рук.

- Немагчыма! Пэўна, не аплоцiць!

- Пан Ленц, - сказаў я з пачуццём годнасцi, - чэк настолькi надзейны, наколькi ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопiць грошай на дваццаць такiх чэкаў. Гэта мой сябра - вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есцi ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак i быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! - Готфрыд з цяжкасцю прыходзiў да памяцi. Але ён не здаваўся.

- Дапамаглi мая аб'ява i амулет!

Я падаў яму яго медаль.

- Забяры сваю сабачую бiрку. Я пра яе i забыўся.

- Ты прадаў выдатна, Робi, - сказаў Кёстэр. - Дзякуй богу, што мы пазбавiлiся ад гэтых саняў. А грошы нам вельмi спатрэбяцца.

- Дай мне пяцьдзесят марак авансу, - папрасiў я.

- Сто. Ты зарабiў.

- Можа, даць табе яшчэ i маё шэрае палiто ў дадатак? - спытаў Готфрыд, падмiргнуўшы.

- А ты ў бальнiцу не хочаш, варты жалю балбатун-байструк? - спытаў я ў сваю чаргу.

- Хлопцы, на сёння ўсё! - прапанаваў Кёстэр. - За дзень зарабiлi дастаткова. Нельга дражнiць бога. Давайце выедзем на "Карле" i патрэнiруемся перад гонкамi.

Юп ужо пакiнуў калонку без прыгляду. Ён усхвалявана выцiраў рукi.

- Пан Кёстэр, тады пакуль што тут камандаваць буду я, добра?

- Не, Юп, - са смехам адказаў Ота. - Едзем з намi!

Мы спачатку паехалi ў банк i абмянялi чэк. Ленц нiяк не мог супакоiцца, пакуль не ўпэўнiўся, што ўсё ў парадку. Потым мы панеслiся так, што аж iскры пасыпалiся з вачэй.

VIII

Я стаяў насупраць сваёй гаспадынi.

- Дзе гарыць? - спытала фраў Залеўскi.

- Нiдзе, - адказаў я. - Я проста хачу заплацiць за кватэру.

Да тэрмiну было яшчэ тры днi, i фраў Залеўскi ледзь не звалiлася з ног.

- Тут нешта не тое, - з падазрэннем вымавiла яна.

- Не бойцеся, - адказаў я. - Дазвольце мне сёння ўвечары ўзяць два крэслы з вашай гасцёўнi.

Гатовая рынуцца ў бой, яна ўпёрла рукi ў магутныя сцёгны.

- Вось табе i маеш! Вам ужо не падабаецца ваш пакой?

- Падабаецца. А яшчэ больш - крэслы з вашай гасцёўнi.

Я растлумачыў ёй, што, магчыма, да мяне ў госцi прыйдзе кузiна, а таму хацелася б зрабiць пакой больш утульным. Яна засмяялася, аж грудзi закалыхалiся.

- Кузiна, - паўтарыла яна з пагардай. - А калi ж тая кузiна з'явiцца?

- Гэта яшчэ не дакладна, - сказаў я. - Але калi прыйдзе, то не позна, на вячэру... Чаму вы не верыце, што гэта кузiна, фраў Залеўскi?

- Няхай сабе, - адказала яна. - Але кузiнам не пазычаюць крэслаў.

- А я пазычаю, - настойваў я. - Ведаеце, я вельмi шаную сваяцкiя адносiны.

- Вiдаць па вас! Ветрагоны вы ўсе! Вазьмiце крэслы. У гасцёўню пастаўце пакуль што чырвоныя плюшавыя.

- Вялiкi дзякуй! Заўтра ўсё прынясу назад. I дыван таксама.

- Дыван? - Яна павярнулася да мяне. - Хто тут хоць слова гаварыў пра дыван?

- Я. I вы таксама. Толькi што.

Яна глядзела на мяне бездапаможна.

- Гэта ж як камплект, - сказаў я. - Крэслы ж стаяць на дыване.

- Пан Локамп, - велiчна заявiла фраў Залеўскi, - не перабiрайце цераз край. Мера ва ўсiм - так гаварыў нябожчык Залеўскi. Нялiшне было б засвоiць i вам.

Мне было вядома, што нябожчык Залеўскi, нягледзячы на гэтае правiльнае выслоўе, памёр ад перапою. Яго жонка сама пры iншых абставiнах даволi часта расказвала мне пра гэта. Тым не менш яна карысталася сваiм мужам, як iншыя Бiблiяй: каб цытаваць. I чым больш часу мiнала пасля яго смерцi, тым больш яна прыпiсвала яму. Ён быў прыгодны цяпер да любога выпадку - як i Бiблiя.

Я ўзяўся прыбiраць сваю каморку. Паполуднi я патэлефанаваў Патрыцыi Хольман. Яна хварэла, i я не бачыў яе цэлы тыдзень. Цяпер мы дамовiлiся сустрэцца ў восем гадзiн, i я прапанаваў ёй павячэраць у мяне, а потым пайсцi ў кiно.

Крэслы i дыван мелi шыкоўны выгляд. Але асвятленне страшэнна не пасавала да iх. Таму я пастукаўся ў суседнi пакой да сям'i Хасэ, каб пазычыць настольнай лямпы. Фраў Хасэ, змораная, сядзела каля акна. Муж яшчэ не прыйшоў. Ён кожны дзень адну-дзве гадзiны працаваў звышурочна, толькi каб не звольнiлi. Фраў Хасэ была падобная да падбiтай птушкi. У яе невыразных старэючых рысах усё яшчэ можна было ўбачыць вузкi твар дзiцяцi - расчараванага, сумнага дзiцяцi.

Я сказаў, чаго прыйшоў. Яна ажывiлася i прынесла мне лямпу.

- Дарэчы, - сказала яна, уздыхаючы. - Калi пачынаеш прыпамiнаць, раней...

Гiсторыя была не новая. Гаворка iшла пра перспектывы яе жыцця, калi б яна не пайшла за Хасэ. Гэтая гiсторыя была вядомая мне i ў iншым варыянце: як яе расказваў Хасэ. Тут гаворка iшла пра перспектывы яго жыцця, калi б ён застаўся халасцяком. Гэта, вiдаць, была самая тыповая гiсторыя ва ўсiм свеце. I самая бесперспектыўная.

Я хвiлiнку паслухаў, падаў некалькi нязначных рэплiк i падаўся да Эрны Бёнiг, каб узяць грамафон.

Фраў Хасэ пра Эрну гаварыла толькi як пра жанчыну, "што жыве па суседстве". Яна пагарджала ёй, бо зайздросцiла. А мне яна падабалася. Яна цвяроза ставiлася да жыцця i ведала, што трэба ўстойлiва стаяць на нагах, каб урваць кавалачак таго, што называецца шчасцем. Яна ведала таксама, што за яго трэба плацiць падвойную i патройную цану. Шчасце - самая ненадзейная i самая дарагая па цане рэч у свеце.

Эрна ўкленчыла каля сваёй валiзкi, выбiраючы мне пласцiнкi.

- Хочаце факстроты? - спытала яна.

- Не, - адказаў я. - Я не ўмею танцаваць.

Яна здзiўлена зiрнула на мяне.

- Не ўмееце танцаваць? Дык а што вы робiце ў вольны час?

- Я танцую глоткай. Нядрэнна атрымлiваецца.

Яна пахiтала галавой.

- З мужчынам, якi не ўмее танцаваць, у мяне не было б нiякiх варункаў.

- У вас строгiя прынцыпы, - адказаў я. - Але ж ёсць i iншыя пласцiнкi. Нядаўна вы iгралi вельмi прывабную... гэта быў жаночы голас пад гавайскую музыку цi нешта такое...

- Ах, тая пласцiнка - чароўная. "Як бы я жыла без цябе..." - гэтая?

- Правiльна! Чаго толькi не прыйдзе ў галаву паэтам-песеннiкам. Мне здаецца, што толькi яны рамантыкi, якiя засталiся.

Яна засмяялася.

- А чаму i не? Вось такi грамафон - таксама свайго роду кнiга для запiсаў. Даўней вершы запiсвалi ў альбом, сёння дораць грамафонныя пласцiнкi. Калi мне хочацца пра нешта ўспомнiць, мне варта толькi зайграць пласцiнку таго часу, i зноў усё ажывае.

Я паглядзеў на стосы пласцiнак, што ляжалi на падлозе.

- Калi судзiць па пласцiнках, Эрна, то ў вас процьма ўспамiнаў.

Яна ўстала i адкiнула рыжаватыя валасы.

- Так, - сказала яна, адсунуўшы пласцiнкi нагой, - але мне хацелася б нечага сапраўднага...

Я распакаваў усё, што купiў на вячэру, i расставiў на стале як змог. З кухнi дапамогi чакаць не выпадала - занадта дрэнныя адносiны былi ў нас з Фрыдай. Яна магла б толькi нашкодзiць мне. Але добра было i так, i неўзабаве мая старая каморка заблiшчала да непазнавальнасцi. Крэслы, лямпа, накрыты стол... я адчуваў, як ува мне расце трывожнае чаканне. Я адправiўся на сустрэчу, хоць у мяне было яшчэ больш за гадзiну часу. На дварэ дзьмуў вецер, моцнымi парывамi вылятаючы з-за вуглоў дамоў. Лiхары ўжо свяцiлi. Змярканне памiж дамамi сiнела, як мора. "Iнтэрнацыяналь" плыў у iм, як ваенны карабель з прыбранымi ветразямi.

Я заскочыў у яго.

- Гоп-ля, Роберт, - сказала Роза.

- Што ты тут робiш? - сказаў я. - Чаму не выходзiш?

- Яшчэ ранавата.

Бясшумна падышоў Алоiс.

- Аднапавярховы? - спытаў ён.

- Трохпавярховы, - адказаў я.

- Пачынаеш магутна, - выказала думку Роза.

- Для смеласцi, - сказаў я i выпiў ром.

- Можа, сыграеш? - спытала Роза.

Я пахiтаў галавой.

- Няма ахвоты сёння. Занадта ветрана сёння, Роза. Як пажывае малая?

Яна заўсмiхалася на ўсе свае залатыя зубы.

- Каб не сурочыць, добра. Заўтра зноў паеду да яе. На гэтым тыднi добра зарабiла. Старыя казлы адчулi ўжо вясну. Завязу ёй новае палiто. Шарсцяное, чырвонага колеру.

- Апошнi крык моды, - сказаў я.

Роза заззяла.

- Ты - джэнтльмен, Робi.

- Каб ты толькi не памылiлася, - сказаў я. - Давай вып'ем разам. Анiсаўкi, цi што?

Яна згодна кiўнула. Мы чокнулiся.

- Скажы, Роза, як ты адносiшся да кахання? - спытаў я. - Ты ж разбiраешся ў гэтай справе.

Яна гучна зарагатала.

- Кiнь ты, - сказала яна. - Каханне! Ах, мой Артур... калi я думаю пра нягоднiка, я i цяпер адчуваю слабасць у каленках. Я табе скажу, Робi, сур'ёзна: жыццё чалавека занадта доўгае для кахання. Проста занадта доўгае. Гэта мне даказаў мой Артур, калi змыўся. I гэта так. Каханне - гэта цудоўна. Але бывае, аднаму здаецца, што яно зацягнулася. А другi сядзiць i ўпарта чакае. Чакае, як вар'ят.

- Зразумела, - сказаў я. - Але ж i без кахання ты як нябожчык на адпачынку.

- Бяры прыклад з мяне, - адказала Роза. - Нажывi дзiця. У цябе будзе каго любiць, i ты супакоiшся.

- Разумна, - сказаў я. - Толькi гэтага мне i не хапала.

Роза задумлiва захiтала галавой.

- Якой лупцоўкi я паспытала ад свайго Артура... i ўсё роўна, калi б ён зараз увайшоў... капялюш на патылiцы... Дарагi мой! Толькi ад думкi пра яго я дрыжу ўся.

- Вып'ем за здароўе Артура! - сказаў я.

Роза засмяялася.

- Няхай жыве блядун! Будзь здароў!

Мы выпiлi.

- Да пабачэння, Роза. Жадаю поспеху ўвечары.

- Дзякуй! Да пабачэння, Робi!

Стукнулi дзверы ў калiдоры.

- Прывiтанне, - сказала Патрыцыя Хольман. - Так глыбока задумаўся?

- Ды не. Але... як пажываеце? Паправiлiся? А што балела?

- А-а, нiчога асаблiвага. Прастудзiлася, паднялася тэмпература.

Яна не выглядала хворай i зняможанай. Наадварот, яе вочы, здавалася, яшчэ нiколi не былi такiя вялiкiя i ззяючыя. Твар крыху расчырванеўся, а рухi былi плаўныя, як у маладога прыгожага звярка.

- У вас цудоўны выгляд, - сказаў я. - Зусiм здаровы! Мы можам зрабiць процьму цiкавых спраў.

- Гэта было б выдатна, - адказала яна. - Але не сёння. Сёння я не магу.

Я ўтаропiўся на яе, не разумеючы.

- Вы не можаце?

Яна адмоўна пахiтала галавой.

- На жаль, не магу.

Я ўсё яшчэ не разумеў. Мне здалося, што ёй не падабаецца мая каморка i таму яна вырашыла павячэраць у iншым месцы.

- Я ўжо тэлефанавала вам, - сказала яна, - каб вы дарма не прыходзiлi. Але вас ужо не было.

Нарэшце я зразумеў.

- Вы сапраўды не можаце? На ўвесь вечар? - спытаў я.

- Сёння не магу. Мне трэба пайсцi ў iншае месца. На жаль, я даведалася пра гэта толькi паўгадзiны назад.

- I нельга перанесцi?

- Не, нiяк. - Яна ўсмiхнулася. - Нешта накшталт дзелавога спаткання.

Мяне нiбы абухом аглушылi. Я разлiчваў на ўсё, толькi не на гэта. Я не верыў нiводнаму яе слову. Дзелавое спатканне - яна не была падобна да "дзелавой"! Магчыма, гэта толькi адгаворка. Нават напэўна. Якiя дзелавыя перагаворы вядуцца ўвечары? Такiя справы робяцца зранку. I пра iх не даведваюцца за паўгадзiны. Яна проста не хацела, i ўсё!

Я быў пакрыўджаны, як малое дзiця. Толькi цяпер я ўсвядомiў сабе, з якой радасцю я чакаў вечара. Я злаваўся на сябе, што так пакрыўдзiўся, але не хацеў, каб яна заўважыла гэта.

- Ну добра, - сказаў я. - Нiчога не зробiш. Да пабачэння.

Яна пранiклiва зiрнула на мяне.

- Я не спяшаюся. Я дамовiлася на дзевяць. Мы можам яшчэ прагуляцца. Цэлы тыдзень я не была на свежым паветры.

- Добра, - сказаў я з пачуццём нязгоды. Я раптам адчуў сябе змораным i спустошаным.

Мы пайшлi па вулiцы. Вечар праяснiўся, памiж дахамi мiгцелi зоркi. Мы праходзiлi мiма садка, дзе ў ценi было некалькi кустарнiкаў. Патрыцыя Хольман спынiлася.

- Бэз, - сказала яна. - Пахне бэзам. Але ж не можа быць, яшчэ не пара.

- Я не адчуваю нiякага паху, - адказаў я.

- Няўжо?

Яна перагнулася праз агароджу.

- Гэта "дафна iндзiка", шаноўная панi, - пачуўся грубы голас са змроку.

У садзе, прыхiлiўшыся да дрэва, стаяў садоўнiк у шапцы з латуннай бляхай. Ён падышоў, крыху хiстаючыся. З кiшэнi паблiсквала рыльца бутэлькi.

- Мы сёння пасадзiлi яе, - заявiў ён i зрабiў магутны глыток. - Вось яна i пахне.

- Вялiкi дзякуй, - сказала Патрыцыя Хольман i павярнулася да мяне. - I цяпер не адчуваеце?

- Цяпер пачуў, - адказаў я з неахвотай. - Пах добрай старой хлебнай гарэлкi.

- Адгадаў! - Чалавек у цянi па-маладзецку адрыгнуў.

Я выдатна адчуваў саладжавы водар - пах, якi плыў у мяккiм змроку. Але прызнавацца ў тым мне не хацелася нiзашто на свеце. Дзяўчына засмяялася i пацягнулася.

- Як цудоўна - пасля працяглага палону ў пакоi! Вельмi шкада, што мне трэба iсцi. Гэты Бiндзiнг заўсёды ў спешцы, заўсёды ў апошнi момант... ён сапраўды мог бы адкласцi справу на заўтра.

- Бiндзiнг? - спытаў я. - Вы дамовiлiся з Бiндзiнгам?

Яна кiўнула.

- З Бiндзiнгам i яшчэ з некiм. З гэтым некiм усё i звязана. Важная справа. Можаце зразумець?

- Не, - адказаў я. - Гэтага я зразумець не магу.

Яна засмяялася, працягваючы гаварыць. Але я не слухаў. Бiндзiнг - гэта прозвiшча было для мяне як гром з яснага неба. Я не думаў пра тое, што яго яна ведае даўней, чым мяне, я толькi бачыў яго агромнiсты блiскучы "б'юiк", дарагi касцюм i кашалёк. Мая бедная, адважная, упрыгожаная каморка! Што я ўявiў сабе! Лямпа ад Хасэ, крэслы ад Залеўскi! Дзяўчына ўвогуле была мне не пара! Хто я такi? Пешаход, якi пазычыў аднойчы "кадзiлак", варты жалю п'янiца, больш нiчога! Такiх процьма на кожным рагу! Я ўжо бачыў, як швейцар у "Лазе" аддае чэсць Бiндзiнгу, я бачыў светлыя, цёплыя, дагледжаныя пакоi, дым цыгарэт i элегантных мужчын, я чуў музыку i смех з мяне. Назад, хутчэй назад! Прадчуванне, надзея... чаго яны вартыя? Неразумна было на штосьцi разлiчваць. Толькi назад!

- Калi хочаце, мы можам сустрэцца заўтра ўвечары, - сказала Патрыцыя Хольман.

- Заўтра ў мяне не будзе часу, - адказаў я.

- Альбо паслязаўтра, цi ў любы дзень тыдня. У наступныя днi я вольная.

- Цяжка абяцаць, - сказаў я. - Мы сёння атрымалi заказ, вiдаць, прыйдзецца працаваць увесь тыдзень да позняй ночы.

Я хлусiў, але iнакш не мог. Раптам я адчуў у сабе незвычайную злосць i ганьбу.

Мы перайшлi плошчу i пайшлi па вулiцы каля могiлак. Я ўбачыў Розу, якая iшла ад "Iнтэрнацыяналя". Яе высокiя боты блiшчалi. Я мог бы звярнуць некуды ўбок i пры звычайных абставiнах так i зрабiў бы. Але цяпер я пайшоў ёй насустрач. Роза глядзела мiма мяне, быццам мы незнаёмыя. Гэта зразумела. Нiводная з гэтых дзяўчат не пазнае цябе на вулiцы, калi ты не адзiн.

- Прывiтанне, Роза, - сказаў я.

Яна спачатку разгублена глянула на мяне, потым на Патрыцыю, потым паспешлiва кiўнула галавой i ў неўразуменнi пайшла далей. Праз некалькi крокаў iшла Фрыцы, памахваючы сумачкай. Чырвоныя вусны гарэлi, сцёгны вiхлялiся. Яна абыякава зiрнула праз мяне, як праз шкляную шыбiну.

- Дзень добры, Фрыцы, - сказаў я.

Яна, нiбы каралева, нахiлiла галаву i нiчым не выдала свайго здзiўлення. Але калi мы размiнулiся, я пачуў, што яна наддала хады, каб абмеркаваць з Розай. Я ўсё яшчэ мог звярнуць у бакавую вулiцу, бо я ведаў, што пойдуць i астатнiя - была пара першага абходу. Але заўпарцiўшыся, я iшоў напрасткi. Чаму я павiнен пазбягаць iх? Я iх ведаў куды лепш, чым гэтую дзяўчыну побач, з яе Бiндзiнгам i з яго "б'юiкам". Няхай яна бачыць, няхай разгледзiць усiх грунтоўна.

Усе яны iшлi адна за адной, асветленыя лiхтарамi: прыгажуня Валi бледная, танклявая, элегантная; Лiна на драўлянай назе, прысадзiстая Эрна, кураня Марыён, чырванашчокая Марго, падобны да жанчыны Кiкi ў трусiным палiтоне i нарэшце - Мiмi, бабуля з хворымi нагамi, падобная да абшчыпанай савы. Я вiтаўся з усiмi, а калi мы потым праходзiлi мiма "мамкi" з сасiскамi, я ад усяго сэрца пацiснуў ёй руку.

- У вас тут шмат знаёмых, - сказала Патрыцыя Хольман праз нейкi час.

- Такiх хапае, - адказаў я ўпарта.

Я заўважыў, што яна зiрнула на мяне.

- Мне здаецца, што нам час вяртацца, - сказала яна праз хвiлiну.

- Так, - адказаў я. - I мне здаецца.

Мы спынiлiся каля дзвярэй дома.

- Усяго вам добрага, - сказаў я. - I шмат радасцi.

Яна не адказала. З цяжкасцю я перавёў позiрк з кнопкi званка на яе. I сапраўды: я не паверыў сваiм вачам, яна стаяла, i замест крыўды ў вачах у яе гарэлi агеньчыкi, рот крывiўся ва ўсмешцы, а потым яна засмяялася шчыра i бестурботна, яна проста засмяялася з мяне.

- Вы - малое дзiця, - сказала яна, - божа мой, якое вы малое дзiця!

Я ўтаропiўся на яе.

- Ну добра, - сказаў я, - як бы то нi было... - i раптам зразумеў сiтуацыю. - Вы, мусiць, лiчыце, што я паводжу сябе як iдыёт?

Яна засмяялася. Я хутка зрабiў крок наперад i моцна прыцягнуў яе да сябе. Няхай думае, што хоча. Яе валасы дакранулiся да маёй шчакi, яе твар быў побач з маiм, я адчуў слабы персiкавы пах яе скуры. Потым яе вочы наблiзiлiся, i я адчуў слодыч яе вуснаў...

Яна пабегла, не даўшы мне апамятацца.

Я вяртаўся мiма "мамкi" з сасiскамi.

- Дай мне добрую порцыю, - сказаў я, ззяючы.

- З гарчыцай?

Я, стоячы, з вялiкай асалодай з'еў сасiску. Алоiс прынёс мне з "Iнтэрнацыяналя" куфаль пiва.

- Чалавек - смешнае стварэнне, праўда, мамка? - сказаў я.

- Ты, вiдаць, маеш рацыю, - ахвотна адказала яна. - Учора падыходзiць пан, з'ядае дзве венскiя сасiскi з гарчыцай, а потым не мае чым заплацiць. I вось, ужо позна, нiводнага чалавека паблiзу, што тут зробiш, вядома, я яго ўпусцiла. I ўявi, сёння ён з'яўляецца зноў, плацiць за ўчарашнiя сасiскi i дае мне яшчэ гасцiнца.

- Даваенная натура, мамка. А ўвогуле - як iдуць справы?

- Дрэнна! Учора сем пар венскiх сасiсак i дзевяць сардэлек. Ты ведаеш, каб не мае дзяўчаты, я даўно скапыцiлася б. - Яна мела на ўвазе прастытутак, якiя падтрымлiвалi "мамку", як толькi маглi. Калi яны падчэплiвалi кавалера, то пры магчымасцi праводзiлi яго каля кацялка "мамкi", каб перад "справай" з'есцi сардэльку i даць крыху зарабiць старой.

- Неўзабаве пацяплее, - працягвала мамка, - а вось зiмой, на золi i ў холадзе... як нi апранайся, усё роўна не ўберажэшся.

- Дай мне яшчэ сардэльку, - сказаў я. - Так прыемна жыць. А як справы дома?

Яна зiрнула на мяне сваiмi маленькiмi празрыстымi вочкамi.

- Тое ж самае. Надоечы прадаў ложак.

"Мамка" была замужам. Дзесяць год назад яе муж трапiў пад электрычку, калi хацеў ускочыць на хаду. Яму ампутавалi абедзве нагi. Няшчасце дзiўным чынам адбiлася на iм. Ён так саромеўся перад жонкай свайго калецтва, што перастаў з ёй спаць. Акрамя таго, у бальнiцы ён прызвычаiўся да морфiю. Гэта хутка даканала яго, ён трапiў у кампанiю гомасексуалiстаў, i скора мужчына, якi пяцьдзесят гадоў быў нармальны, нiкога не прызнаваў, акрамя хлопчыкаў. Iх ён не саромеўся, бо яны былi мужчыны. Для жанчын ён быў калека, якому здавалася, што ён выклiкае агiду i спачуванне, а гэтага ён вытрымаць не мог. Для мужчын ён быў усяго толькi няшчасны. Каб мець грошы на хлопчыкаў i морфiй, ён забiраў у "мамкi" ўсё, што знаходзiў, i прадаваў усё, што можна было прадаць. Але "мамка" не кiдала яго, хоць ён часта яе лупцаваў. Яна разам з сынам стаяла каля свайго кацялка кожную ноч да чатырох гадзiн. Удзень яна мыла бялiзну i прыбiрала лесвiцы. У яе ўжо даўно балеў страўнiк, але нiхто нiколi не бачыў яе ў дрэнным настроi. Яна лiчыла, што ёй жывецца нядрэнна. Часам да яе прыходзiў муж, калi адчуваў сябе асаблiва мярзотна, i плакаў. Гэта былi лепшыя хвiлiны яе жыцця.

- Ты ўсё яшчэ на сваiм добрым месцы? - спытала яна мяне.

Я кiўнуў.

- Так, мамка. Я добра зарабляю.

- Глядзi ж, трымайся за месца.

- Пастараюся, мамка.

Я прыйшоў дамоў. Каля пад'езда стаяла, нiбы з неба звалiлася, служанка Фрыда.

- Вы чароўнае дзiця, - сказаў я, адчуваючы патрэбу зрабiць нешта добрае.

Яна скрывiла твар, быццам воцату каўтнула.

- Сур'ёзна! -працягваў я. - Якi сэнс вечна сварыцца! Жыццё занадта кароткае, Фрыда, яно поўнае выпадковасцей i небяспекi. Сёння трэба жыць дружна. Дамовiлiся?

Яна не заўважыла маёй працягнутай рукi, прамармытала нешта пра заклятых п'янiц i, грукнуўшы дзвярыма, знiкла.

Я пастукаў у дзверы да Георгi Блока. Праз шчылiну пад дзвярыма пранiкала святло. Ён зубрыў.

- Пайшлi, Георгi, кусанём, - сказаў я.

Ён зiрнуў на мяне. Яго бледны твар зачырванеўся.

- Я не хачу есцi.

Ён падумаў, што я клiчу яго ад спачування. Таму i не хацеў.

- Спачатку паглядзi, - сказаў я. - А то потым пашкадуеш. Зрабi мне ласку.

Калi мы iшлi праз калiдор, я заўважыў, што дзверы ў Эрны Бёнiг зачынены не шчыльна. За дзвярыма чулася цiхае дыханне. "Ага", - падумаў я i пачуў, як у Хасэ вельмi асцярожна шчоўкнулi замком, i дзверы таксама прачынiлiся на сантыметр. Увесь пансiянат, вiдаць, напружана чакаў маёй кузiны.

Пад зыркiм святлом верхнiх лямпаў стаялi парчовыя крэслы ад фраў Залеўскi. Ярка свяцiла лямпа ад Хасэ, асвятляючы ананасы, дарагую пячоначную каўбасу, скрылькi судака, бутэльку чэры. Калi мы з анямелым Георгi пачалi ўплятаць яду, у дзверы пастукалi. Я ведаў, што будзе.

- Увага, Георгi, - прашаптаў я i крыкнуў: - Заходзьце!

Дзверы адчынiлiся, i, згараючы ад цiкаўнасцi, увайшла фраў Залеўскi. Першы раз у жыццi яна сама асабiста прынесла мне пошту: нейкую рэкламу, якая тэрмiнова заклiкала мяне харчавацца сырымi прадуктамi. Яна прыбралася, як фея на баль, велiкасвецкая дама з былых лепшых часоў - карункавая сукенка, шаль з махрамi i брошка з партрэтам нябожчыка Залеўскi. Саладжавая ўсмешка застыла раптам на яе твары, расчаравана яна ўзiралася на Георгi, якi засаромеўся. Я бессардэчна зарагатаў. Яна хутка ўзяла сябе ў рукi.

- Ага, адстаўка, - сказала яна з'едлiва.

- Так i ёсць, - пагадзiўся я, усё яшчэ любуючыся ёй. - Якое шчасце, што з майго запрашэння нiчога не атрымалася!

Фраў Залеўскi нядобра глянула на мяне.

- I вы яшчэ смяецеся? Я ж заўсёды гаварыла: у вас замест сэрца бутэлька з гарэлкай.

- Моцна сказана, - адказаў я. - Можа, зробiце нам ласку, далучыцеся, шаноўная панi?

Яна вагалася. Але потым цiкаўнасць перамагла, хацелася нешта даведацца. Я адкаркаваў бутэльку чэры.

Позна, калi ўсё зацiхла, я ўзяў палiто i коўдру i праз калiдор пракраўся да тэлефона. Я ўкленчыў перад сталом, на якiм стаяў апарат, накрыўся коўдрай i палiто, зняў слухаўку, прытрымлiваючы з-пад нiзу левай рукой палiто. Я быў упэўнены, што так мяне нiхто не падслухае. У пансiяната былi надзвычай доўгiя, цiкаўныя вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.

- Вы даўно вярнулiся са сваёй таямнiчай нарады? - спытаў я.

- Амаль гадзiну назад.

- Шкада. Каб я ведаў...

Яна засмяялася.

- Не, нiчога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелi, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмi добра, што я ў час прыйшла дахаты.

- Тэмпература? Што гэта за тэмпература?

- А, нiчога страшнага. А што вы рабiлi сёння?

- Абмяркоўваў з гаспадыняй мiжнароднае становiшча. А вы? Уладкавалi свае справы?

- Здаецца, усё ў парадку.

Пад маiм покрывам стала горача, як у тропiках. Таму, як толькi пачынала гаварыць дзяўчына, я рабiў вентыляцыю, паспешлiва ўдыхаў свежае паветра i зноў накрываўся, калi трэба было гаварыць самому.

- У вас няма знаёмага, якога завуць Роберт? - спытаў я.

Яна засмяялася.

- Здаецца, няма.

- Шкада. Мне вельмi хацелася б пачуць, як вы вымаўляеце гэтае iмя. А можа, усё ж такi паспрабуеце?

Яна зноў засмяялася.

- Так проста, для смеху, - сказаў я. - Напрыклад: Роберт - асёл.

- Роберт - малое дзiця...

- У вас выдатнае вымаўленне, - сказаў я. - А цяпер паспрабуем: Робi. Давайце: Робi...

- Робi - п'янiца... - вымавiў далёкi голас павольна. - А цяпер мне трэба спаць. Я прыняла снатворнае, галава ўжо гудзiць.

- Добра, дабранач, спакойнага сну.

Я паклаў слухаўку i скiнуў палiто i коўдру. Потым я ўстаў на ногi i аслупянеў. На крок ад мяне за спiной, як прывiд, стаяў пенсiянер-скарбнiк, якi жыў у пакоi каля кухнi. Я нешта злосна прамармытаў.

- Тсс! - зашыпеў ён i выскалiўся.

- Тсс! - зрабiў я ў адказ, узычыўшы яму пекла.

Ён узняў палец.

- Я не выдам... палiтыка, так?

- Што? - здзiвiўся я.

Ён падмiргнуў.

- Не бойцеся: я сам - крайне правы. Сакрэтная палiтычная размова, праўда?

Я зразумеў.

- Самая найпалiтычнейшая, - сказаў я i выскалiўся таксама.

Ён кiўнуў i прашаптаў:

- Няхай жыве Яго Вялiкасць!

- Ура! Ура! Ура! - адказаў я. - А цяпер iншае пытанне: вы ведаеце, хто вынаходнiк тэлефона?

Ён у здзiўленнi пахiтаў лысым чэрапам.

- I я не ведаю, - сказаў я. - Але гэта быў, напэўна, цудоўны хлопец...

IX

Нядзеля. Дзень гонак. Апошнi тыдзень Кёстэр трэнiраваўся кожны дзень. Вечарамi мы да позняй ночы правяралi i змазвалi "Карла" да апошняга вiнцiка, прывялi яго ў парадак. Цяпер мы сядзелi каля склада запасных частак i чакалi Кёстэра, якi пайшоў на месца старту.

Сабралiся ўсе: Граў, Валянцiн, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсiх Юп у камбiнезоне i ў гоначным шлеме з акулярамi. Ён ехаў з Кёстэрам асiстэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялiзныя вушы, якiя стаялi тарчаком, будуць рабiць занадта вялiкае супрацiўленне, таму адно з двух: або машына страцiць дваццаць кiламетраў хуткасцi, альбо яна ператворыцца ў самалёт.

- Дарэчы, як вы атрымалi ангельскае iмя? - спытаў Готфрыд у Патрыцыi Хольман, якая сядзела побач з iм.

- Мая мацi была ангелька. Яе звалi, як i мяне, - Пат.

- А-а, Пат, гэта зусiм iншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.

Ён прынёс шклянку i бутэльку.

- Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.

Я ўтаропiўся на яго. У той час, калi я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. I яна засмяялася i сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.

Але гэта яшчэ нiчога ў параўнаннi з паводзiнамi Граў. Ён быццам зусiм з'ехаў з глузду i не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявiў, што павiнен намаляваць яе. I сапраўды, ён прысеў на скрынку i пачаў маляваць.

- Слухай, Фердынанд, старое пудзiла, - сказаў я i забраў у яго блакнот. Не траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. I больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.

- Вы прап'яце потым са мной рэшткi багатай цёткi майго гаспадара?

- Наконт усiх рэшткаў - не ведаю. Але нагу - абавязкова.

- Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.

Ляск матораў, нiбы кулямётная стралянiна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензiнам i рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны вiхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелi механiкi. Мы былi аснашчаны даволi сцiпла. Такiя-сякiя iнструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымi кiхамi, якiя мы задарма атрымалi ад нейкай фабрыкi, некалькi дробных запасных частак - вось i ўсё. Завод не фiнансаваў Кёстэра. Мы мусiлi ўсё аплачваць самi. Таму i мелi не шмат.

Прыйшоў Ота, за iм Браўмюлер, ужо апрануты для гонкi.

- Ну, Ота, - сказаў ён, - калi сёння мае свечы вытрымаюць, ты прапаў. Але яны не вытрымаюць.

- Паглядзiм, - адказаў Кёстэр.

Браўмюлер пагразiў "Карлу".

- Сцеражыся майго "Шчаўкунчыка"!

"Шчаўкунчыкам" Браўмюлер называў сваю новую, вельмi цяжкую машыну. Яна лiчылася фаварытам.

- "Карл" уставiць табе ногi, Тэа! - крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусiў язык, калi заўважыў памiж нас Патрыцыю Хольман. Ён вылупiў вочы, няёмка ўсмiхнуўся няведама чаму i падаўся прэч.

- Поўны поспех, - з задавальненнем сказаў Ленц.

Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. "Карл" быў заяўлены ў класе спартовых машын.

- Шмат мы табе не дапаможам, Ота, - сказаў я i паглядзеў на iнструменты.

Ён адмахнуўся.

- I не трэба. Калi "Карл" паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.

- Цi выставiць табе шыльды, каб ты бачыў, як iдзеш?

Кёстэр пахiтаў галавой.

- Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды i Юп будзе сачыць.

Юп старанна закiваў галавой. Ад хвалявання яго бiла лiхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькi прагучыць стрэл на старт, ён зробiцца спакойны, як чарапаха.

- Што ж, наперад, з богам!

Мы выпiхнулi "Карла".

- Толькi не затрымайся на старце, любая мая здыхляцiна, - сказаў Ленц, гладзячы радыятар. - Не расчаруй свайго старога тату, "Карл"!

"Карл" сарваўся з месца. Мы глядзелi яму ўслед.

- Зiрнi на смешную ламачыну, - раптам сказаў нехта побач з намi. - Ззаду цюцелька ў цюцельку страўс.

Ленц горда выпрастаўся.

- Вы маеце на ўвазе белую машыну? - спытаў ён, пачырванелы, але спакойны.

- Менавiта, - пагардлiва адказаў яму даўгалыгi механiк з суседняга бокса, не паварочваючы галавы, i падаў свайму суседу бутэльку з пiвам. Ленц пачаў заiкацца ад злосцi i намерыўся пераскочыць праз нiзкую дашчаную загародку. Дзякаваць богу, ён яшчэ не пачаў абражаць. Я адцягнуў яго назад.

- Кiнь глупства, - лаяўся я. - Ты патрэбны нам тут. Навошта табе загадзя лезцi ў бальнiцу?

Ён вырываўся з аслiнай упартасцю. Ён не трываў нiводнага слова супроць "Карла".

- Бачыце, - сказаў я Патрыцыi Хольман, - вось вам i апошнi рамантык, гэты звар'яцелы баран! Няўжо вы паверыце, што ён калiсьцi пiсаў вершы?

Словы падзейнiчалi iмгненна. Я закрануў яго больку.

- Задоўга да вайны, - папрасiў прабачэння Готфрыд. - Акрамя таго, дзiця, звар'яцець на гонках - не ганьба. Так, Пат?

- Быць вар'ятам увогуле не ганьба.

Готфрыд аддаў чэсць.

- Мудра сказана!

Шум матораў заглушыў усё астатняе. Паветра скаланулася. Скаланулiся зямля i неба. Поле праiмчалася мiма.

- Перадапошнi, - прабурчаў Ленц. - Жывёлiна спатыкнулася ўсё ж на старце.

- Нiчога, - сказаў я. - Старт - слабае месца "Карла". Ён бярэ разгон паволi, затое потым яго ўжо не спынiць.

У зацiхаючы гул матораў усвiдравалiся гукi гучнагаварыцеляў. Мы не паверылi сваiм вушам: Бургер, небяспечны канкурэнт, застаўся на старце.

Машыны, выючы, наблiжалiся. Яны падскоквалi ўдалечынi, як конiкi-дзёгцiкi на дарозе, павялiчвалiся, а потым праiмчалiся на процiлеглым баку трыбуны, робячы вялiкi вiраж. Iх пакуль што было шасцёра. Кёстэр, як i раней - на перадапошнiм месцы. Мы былi напагатове. То мацней, то слабей у паветры чуўся рык матораў i рэха. Потым зграя вырвалася на прамую. Адзiн наперадзе... другi i трэцi шчыльна за iм, потым - Кёстэр. На павароце ён выйграў i цяпер iшоў чацвёрты.

З-за воблакаў паказалася сонца. Шырокiя светлыя i шэрыя палосы павiслi над шашой, пакрытай, як тыгр, плямамi святла i ценю. Па людскiм натоўпе на трыбунах плылi ценi ад воблакаў. Шум матораў, як д'ябальская музыка, хваляваў нашу кроў. Ленц таптаўся на месцы, пакутуючы, я дашчэнту разжаваў сваю цыгарэту, а Патрыцыя Хольман прынюхвалася да наваколля, як маладое жарабя ўранку. Толькi Валянцiн i Граў спакойна сядзелi i грэлiся на сонейку.

Зноў загрукала неверагоднае сэрцабiццё машын, якiя наблiжалiся, праляталi мiма трыбун. Мы ўпiлiся позiркамi ў Кёстэра. Ён пахiтаў галавой, кiхi мяняць не трэба было. На наступным крузе ён ужо дагнаў трэцюю машыну i сядзеў у яе на хвасце. Так яны вырвалiся на бясконцую прамую.

- Чорт вазьмi! - Ленц зрабiў глыток з бутэлькi.

- Ён трэнiраваўся, - сказаў я Патрыцыi Хольман. - Вiражы - яго стыхiя.

- Можа, глытняце з пляшкi, Пат? - спытаў Ленц.

Я злосна глянуў на яго. Ён вытрымаў мой позiрк не мiргнуўшы.

- Лепш са шклянкi, - сказала яна. - Пiць з бутэлькi я яшчэ не навучылася.

- Вось як! - Готфрыд дастаў шклянку. - Гэта - недахопы сучаснага выхавання.

На наступных кругах удзельнiкi расцягнулiся. Лiдыраваў Браўмюлер. Першыя тры машыны паступова вырвалiся метраў на трыста. Кёстэр, шчыльна параўняўшыся з трэцяй машынай, знiк за трыбунамi. Потым машыны зноў з'явiлiся. Мы паўскоквалi. А дзе ж трэцяя? Ота iмчаўся адзiн, за дзвюма першымi. А вось, вуркочучы, з'явiлася i трэцяя машына. Заднiя шыны разляцелiся на шматкi. Ленц зласлiва ўсмiхаўся. Машына спынiлася каля суседняга бокса. Даўгалыгi механiк лаяўся. Праз хвiлiну машына зноў была гатова.

Наступныя кругi нiчога не змянiлi. Ленц адклаў хранометр i пачаў падлiчваць.

- У "Карла" яшчэ ёсць рэзервы, - аб'явiў ён.

- Баюся, што ў астатнiх таксама, - сказаў я.

- Малавер! - Ён кiнуў на мяне знiшчальны позiрк.

I на перадапошнiм крузе Кёстэр пахiтаў галавой. Ён вырашыў рызыкнуць - не мяняць кiхi. Яшчэ не было так спякотна, каб яны не вытрымалi.

Празрыстай iстотай павiсла напружанне над шырокай плошчай i трыбунамi, калi машыны пайшлi на апошнi круг.

- Вазьмiцеся ўсе за дрэва, - сказаў я i ўчапiўся ў ручку малатка. Ленц паклаў мне руку на патылiцу. Я адпiхнуў яго. Ён усмiхнуўся i ўхапiўся за бар'ер.

Гул нарастаў да выцця, выццё - да рыку, рык - да грому, да высокага з прысвiстам спеву машын, што iмчалi, намагаючыся з апошняе сiлы. Браўмюлер уляцеў у вiраж. За iм неслася другая машына. Яе заднiя колы скрыгаталi i шыпелi. Яна iшла нiжэй, чым першая, больш крута. Гоншчык, вiдаць, хацеў выйграць такiм чынам.

- Памылка! - крыкнуў Ленц. А тут якраз з'явiўся i Кёстэр, яго машына з разгону вылецела аж за знешнi край. Мы на iмгненне анямелi: здавалася, што ён зараз вылецiць за паварот, але матор зароў, i машына ўтрымалася.

- Ён упiсаўся на поўным газе! - крыкнуў я.

Ленц кiўнуў.

- Вар'яцтва!

Мы перавесiлiся праз бар'ер. Ад хвалявання нас бiла лiхаманка: цi пашанцуе? Я падняў Патрыцыю Хольман на скрынку з iнструментам.

- Так будзе лепш вiдаць! Абапрыцеся на маё плячо. Глядзiце ўважлiва, ён i гэтага абставiць на павароце.

- Абставiў! - крыкнула яна. - Ужо перагнаў.

- Ён даганяе Браўмюлера. О божа, святы Майсей! - закрычаў Ленц. - Ён сапраўды ўжо перагнаў таго i наблiжаецца да Браўмюлера.

У воблаку ўзнятай буры тры машыны то з'яўлялiся, то знiкалi, мы крычалi як звар'яцелыя, да нас падключылiся Валянцiн i Граў са сваiм неверагодным басам. Кёстэру ўдалася яго шалёная задума, ён перагнаў другую машыну на павароце зверху, таму што той памылiўся i на крутым вiражы страцiў хуткасць. Цяпер Ота, як каршун, кiнуўся за Браўмюлерам, якi раптам аказаўся метраў за дваццаць ад яго. Вiдаць, у таго нешта здарылася з запальваннем.

- Дай яму, Ота! Дай яму! З'еш "Шчаўкунчыка"! - зараўлi мы i замахалi рукамi.

Машыны схавалiся на апошнiм павароце. Ленц гучна малiўся ўсiм багам Азii i Паўднёвай Амерыкi, каб тыя дапамаглi. Ён махаў сваiм амулетам. Патрыцыя Хольман, абапiраючыся на маё плячо, напружана ўглядалася ў далячынь, выцягнуўшы твар, якi напамiнаў скульптурку на носе галеры.

I вось яны з'явiлiся. Матор Браўмюлера ўсё яшчэ чмыхаў, увесь час чулiся перабоi. Я заплюшчыў вочы. Ленц адвярнуўся да дарогi спiной - мы хацелi ўлешчыць лёс. Нечы крык прымусiў нас павярнуць твары. Мы яшчэ паспелi ўбачыць, як Кёстэр першы перасек фiнiшную лiнiю, на два метры адарваўшыся ад супернiка.

Ленц як звар'яцеў. Ён шпурнуў iнструмент на зямлю i зрабiў стойку на руках на шынах.

- Што вы нядаўна сказалi? - закрычаў ён, стаўшы на ногi i звяртаючыся да механiка-Геркулеса. - Ламачына?

- Ат, слухай, не квакай над вухам, - незадаволена адказаў механiк.

I ўпершыню за ўвесь час, колькi я яго ведаю, апошнi рамантык не раз'юшыўся ад знявагi, а дзiка затросся ад рогату.

Мы чакалi Ота. Ён затрымаўся каля арганiзатараў гонак.

- Готфрыд! - пачуўся раптам хрыплаваты голас у нас за спiной. Мы азiрнулiся. Мы ўбачылi чалавека-гару ў занадта вузкiх паласатых штанах, у неверагодна цесным пiнжаку колеру марэнга i ў чорным капелюшы.

- Альфонс! - усклiкнула Патрыцыя Хольман.

- Уласнай персонай, - пацвердзiў ён.

- Мы перамаглi, Альфонс! - крыкнула яна.

- Моцна, моцна. Дык я, вiдаць, спазнiўся, га?

- Ты нiколi не спазняешся, Альфонс, - сказаў Ленц.

- Вырашыў прынесцi вам сёе-тое перакусiць. Халоднай смажанiны, салёных скабак. Усё парэзана.

- Давай сюды i садзiся, золатка наша! - крыкнуў Готфрыд. - Зараз навалiмся.

Ён разгарнуў пакет.

- Божа мой, - сказала Патрыцыя Хольман. - Тут жа на цэлы полк.

- Потым будзе вiдаць, - разважыў Альфонс. - Мiж iншым, ёсць кмiнная гарэлка... халодненькая.

Ён дастаў дзве бутэлькi.

- Ужо адкаркаваныя.

- Моцна, моцна, - сказала Патрыцыя Хольман. Ён зычлiва падмiргнуў ёй.

З ляскатам падкацiў "Карл". На зямлю саскочылi Кёстэр i Юп. Юп быў падобны на маладога Напалеона. Вушы ў яго свяцiлiся, як царкоўныя вокны. Ён у абдымках трымаў жудасна безгустоўны вялiзны срэбны кубак.

- Сёмы, - са смехам сказаў Кёстэр. - Iншага нiчога людзям i ў галаву не прыйдзе.

- Толькi гэты збан? - дзелавiта спытаў Альфонс. - I нiколечкi грошай?

- Ёсць, - супакоiў яго Ота. - Ёсць i грошы.

- Ну, тады мы зараз засыпемся грашыма, - сказаў Граў.

- Можна, вiдаць, прыемна правесцi вечар.

- У мяне? - спытаў Альфонс.

- Справа гонару, - адказаў Ленц.

- Гарохавы суп са свiнымi вантробамi, ножкамi i вушамi, - сказаў Альфонс, i нават на твары Патрыцыi Хольман адбiлася пачцiвасць. - Вядома, бясплатна, дадаў ён.

Падышоў Браўмюлер, праклiнаючы сваю няўдачу, з поўнай жменяй свечаў запальвання, запырсканых маслам.

- Супакойся, Тэа, - крыкнуў Ленц. - Першы прыз у наступных гонках дзiцячых вазкоў - безумоўна, твой.

- Можна ўзяць рэванш хоць на каньяку? - спытаў Браўмюлер.

- Пi хоць пiўнымi куфлямi, - сказаў Граў.

- Тут вашы шанцы слабыя, пан Браўмюлер, - заявiў Альфонс як спецыялiст. Нi разу яшчэ не бачыў, каб Кёстэр напiўся п'яны.

- Я яшчэ нi разу не бачыў, каб "Карл" пераганяў мяне, - сказаў Браўмюлер. - Акрамя сённяшняга дня.

- Не траць адвагi, - сказаў Граў. - Вось табе шклянка. Вып'ем за машыну знiшчальнiцу культуры.

Калi мы сабралiся ад'язджаць, мы хацелi забраць з сабой рэшту прадуктаў, прынесеных Альфонсам. Iх хапiла б, каб накармiць некалькi чалавек. Але мы знайшлi толькi паперу, на якой яны ляжалi.

- Што за д'ябал, - сказаў Ленц. - А! - Ён паказаў на Юпа, якi сарамлiва ўсмiхаўся. У яго яшчэ былi поўныя жменi, а жывот напяўся, як бубен.

- Таксама рэкорд!

Пасля абеду ў Альфонса мне здалося, што Патрыцыя Хольман карыстаецца занадта вялiкiм поспехам. Я выпадкова пачуў, што Граў зноў прапанаваў намаляваць яе. Яна засмяялася i сказала, што ў яе не хопiць цярпення. Лепш сфатаграфавацца.

- Гэта яму якраз больш падыходзiць, - пакпiў я. - Магчыма, ён намалюе вас з фатаграфii.

- Спакойна, Робi, - адказаў Фердынанд упэўнена i ўтаропiўся на Пат сваiмi вялiзнымi блакiтнымi, як у дзiцяцi, вачыма. - Гарэлка робiць цябе злосным, мяне - чалавечным. Вось у чым рознiца памiж нашымi пакаленнямi.

- Ён гадоў на дзесяць старэйшы за мяне, - сказаў я.

- Сёння гэта рознiца на цэлае пакаленне, - працягваў Фердынанд. - Рознiца на цэлае жыццё. Рознiца на тысячагоддзе. Што вы, хлопцы, ведаеце пра жыццё? Вы ж баiцеся сваiх пачуццяў. Вы не пiшаце лiстоў, а тэлефануеце. Вы больш не марыце, замест гэтага выязджаеце на выхадны за горад. Вы разважлiвыя ў каханнi i неразважлiвыя ў палiтыцы - пакаленне, вартае жалю!

Я слухаў яго толькi адным вухам. Другiм я слухаў Браўмюлера. Ён, ужо хiстаючыся, даводзiў Патрыцыi Хольман, што яна абавязкова павiнна браць у яго ўрокi язды на машыне. Ён пакажа ёй усё, што ўмее.

Пры першай магчымасцi я адвёў яго ўбок.

- Вельмi шкодна для здароўя, Тэа, асаблiва спартсмену, калi ён зашмат завiхаецца каля жанчыны.

- Толькi не мне, - адказаў Браўмюлер. - У мяне здароўе - надзiва!

- Цудоўна. Тады я скажу пра тое, што шкодна i табе: атрымаць вось гэтай бутэлькай па галаве.

Ён крыва ўсмiхнуўся.

- Схавай свой меч, хлапчук. Ты ведаеш, па чым пазнаюць кавалера? Па прыстойных паводзiнах, калi ён нап'ецца. А ты ведаеш, хто я?

- Хвалько!

Я не баяўся, што нехта з iх сапраўды паспрабуе адбiць яе. Такога ў нас не было. Але я не быў упэўнены, як павядзе сябе дзяўчына. Магло ж так здарыцца, што нехта з iх спадабаецца ёй. Мы занадта мала ведалi адно аднаго, каб быць упэўненымi. А цi была яна - упэўненасць - увогуле?

- Цi не знiкнуць нам непрыкметна? - спытаў я.

Яна згодна кiўнула.

Мы хадзiлi па вулiцах. Зрабiлася сыра. Туманы паволi апускалiся на горад, зялёныя i срабрыстыя туманы. Я ўзяў руку Пат i схаваў яе ў кiшэнi свайго палiто. Так мы блукалi доўга.

- Змарылася? - спытаў я.

Яна пахiтала галавой i заўсмiхалася. Я паказваў ёй на кавярнi, мiма якiх мы праходзiлi.

- Зойдзем куды-небудзь?

- Не. Больш туды не хачу.

Мы пайшлi далей i падышлi да могiлак. Яны напамiналi цiхi востраў сярод каменнай плынi дамоў. Дрэвы шумелi. Iх кроны патаналi ў змроку. Мы знайшлi свабодную лаўку i селi.

Лiхтары перад намi каля вулiцы былi акружаны мiгатлiвымi аранжавымi нiмбамi. У тумане, якi ўсё гусцеў, святло вытварала казачныя цуды. Хрушчы ап'янела выляталi з лiп, кружылiся вакол лiхтароў i цяжка бiлiся аб вiльготныя плафоны. Туман ператварыў усё, ён падымаў прадметы i вызваляў iх. Гатэль насупраць ужо плыў, як акiянскi карабель з асветленымi каютамi, над чорным люстэркам асфальту, шэры цень царквы ператварыўся ў прывiдны паруснiк з высокiмi мачтамi, якiя гублялiся ў чырвона-шэрым святле, i ўжо паплылi караваны дамоў.

Мы моўчкi сядзелi поплеч. Туман усё зрабiў нерэальным... i нас таксама. Я зiрнуў на дзяўчыну: у яе шырокiх вачах адбiваўся бляск лiхтароў.

- Падсунься, - сказаў я, - iдзi блiжэй да мяне, а то цябе знясе туман...

Яна павярнулася да мяне тварам. Яна ўсмiхалася, рот у яе быў крыху адкрыты, блiшчалi зубы, яе вочы адкрыта глядзелi на мяне, але мне здавалася, быццам яна не бачыць мяне, быццам яна ўсмiхаецца не мне, а проста ў шэра-срабрыстую плынь, быццам яе ўсхвалявалi казачныя павевы ў кронах, кроплi, якiя сцякалi па ствалах, быццам яна прыслухоўвалася да цёмнага, нячутнага поклiчу за дрэвамi, па-за светам, быццам ёй трэба будзе зараз устаць i пайсцi, праз туман, без мэты, з упэўненасцю, што трэба падпарадкавацца гэтаму цёмнаму, таямнiчаму поклiчу зямлi i жыцця.

Нiколi не забуду гэты твар, нiколi не забуду, як ён потым нахiлiўся да мяне, як ён ажыў, як маўклiва напоўнiўся ласкай i пяшчотай, светлай цiшынёй, нiбы расцвiў, нiколi не забуду, як яе вусны знайшлi мае, як яе вочы наблiзiлiся да маiх, як яны былi блiзка ад мяне, гледзячы на мяне запытальна, сур'ёзна, адкрыта, iскрыста... i як яны потым паволi заплюшчылiся, быццам аддаючыся на маю волю...

Туман плыў i плыў. Надмагiльныя крыжы невыразна тырчалi з яго палосаў. Я накiнуў на нас палiто. Горад патануў. Час памёр...

Мы так праседзелi доўга. Паступова вецер мацнеў. Ценi хiсталiся ў шэрым паветры перад намi. Я пачуў шоргат крокаў i цiхае мармытанне. Потым прыглушаны звон гiтар. Я ўзняў галаву. Ценi наблiжалiся, ператваралiся ў цёмныя постацi. Яны ўтварылi кола. Цiшыня. I раптам - гучны спеў: "Бог шукае i цябе..."

Я ўскочыў i прыслухаўся. Што здарылася? Цi мы на месяцы? Гэта ж быў сапраўдны хор, двухгалосы жаночы хор...

"Грэшнiк, дух свой разагнi..." - грымнула над могiлкамi ў рытме вайсковага марша.

Я паглядзеў на Пат.

- Нiчога не разумею, - сказаў я.

"Спавядайся ў журбе..." - зноў пачулася ў бадзёрым тэмпе.

Раптам да мяне дайшло.

- Божа мой! Ды гэта ж Армiя выратавання.

"Прэч грахi з душы ганi!" - заклiкалi ценi зноў. Спеў мацнеў.

Карыя вочы Пат заiскрылiся. Яе губы i плечы ўздрыгнулi.

Над могiлкамi грымела ўсё гучней:

У агонь пякельны ты

Трапiш за свае грахi...

Чуеш: клiча Бог святы?

Дык бяжы, не будзь глухi...

- Цiха! Каб на вас пярун! - даляцеў раптам злосны голас з туману.

На момант наступiла разгубленая цiшыня. Але Армiя выратавання звыклася з нягодамi. Хор падхапiў песню яшчэ дружней.

"Ты чаго прыйшоў сюды?" - жалобна спытаў ён ва ўнiсон.

- Каб пацiскацца, д'ябал вас забяры, - прагрымеў злосны голас. - Няўжо i тут няма спакою...

"Вабiць сатана цябе..." - з сiлай кiнулi яму ў адказ.

- Вы, старыя порхаўкi, мяне ўжо нiяк не забавiце, - парыраваў голас з туману.

Я пырснуў. Пат таксама не магла ўжо стрымацца.

Мы як не лопалiся ад смеху з гэтай дуэлi на могiлках. Армiя выратавання ведала, што лаўкi тут былi прытулкам для парачак, якiм больш не было куды схавацца ад гарадскога тлуму. Вось чаму Армiя i пайшла ў грандыёзнае наступленне. Яна арганiзавала нядзельную аблаву па выратаваннi душ. Непастаўленыя галасы набожна i гучна выгуквалi словы песнi. "Дрынь-брынь", старанна падтаквалi гiтары.

Могiлкi ажывiлiся. Смех i рэплiкi пачулiся з туману. Вiдаць, усе лаўкi былi занятыя. Адзiнокi змагар за каханне атрымаў магутную падтрымку аднадумцаў. Утварыўся хор пратэсту. У iм, вiдаць, было нямала былых вайскоўцаў, якiх растрывожыла маршавая музыка. Бо неўзабаве магутна грымнула бессмяротная песня:

Я паехала ў Гамбург аднойчы...

Я, дзяўчына, што шчасце лаўлю...

"Грэх прыводзiць да бяды..." - рэзка прагучаў хор святош яшчэ раз, i чуваць было, што Армiя выратавання ў вялiкай трывозе.

Але зло перамагло.

Маё iмя згубiлася ў ночы,

Бо я толькi за грошы люблю,

грымнула з грубых глотак.

- Пара даваць драла, - сказаў я Пат. - Я гэтую песню ведаю. У ёй некалькi куплетаў гучаць даволi моцна. Прэч адсюль.

Мы зноў аказалiся ў горадзе, напоўненым гудкамi машын i шоргатам колаў. Але сам горад як хто зачараваў. Туман ператварыў аўтобусы ў казачных жывёлiн, машыны сталi кошкамi, што з блiскучымi вачыма крадуцца да сваёй ахвяры, а вiтрыны - заваблiвымi стракатымi пячорамi.

Мы пайшлi па вулiцы мiма могiлак i перасеклi кiрмашовую плошчу. Каруселi ўзвышалiся ў вiльготным паветры, як шумныя вежы, напоўненыя музыкай i бляскам, чортава кола iскрылася пурпурам, золатам i смехам, а лабiрынт мiргаў блакiтнымi агнямi.

- Блаславёны лабiрынт! - сказаў я.

- Чаму? - спытала Пат.

- Мы ж аднойчы былi тут разам.

Яна пацвердзiла, кiўнуўшы галавой.

- У мяне такое пачуццё, быццам гэта было бясконца даўно.

- Можа, зноў зойдзем?

- Не, - сказаў я. - Больш не хачу, Пат. Ты хочаш выпiць?

Яна адмоўна пахiтала галавой. Яна выглядала чароўна прыгожай. У тумане, якi ахiнаў яе лёгкiм покрывам, яна выглядала яшчэ больш блiскуча.

- Ты не змарылася? - спытаў я.

- Яшчэ не.

Мы праходзiлi мiма атракцыёнаў, дзе надоечы накiдвалi колцы на кручкi. Тут вiселi лямпы, якiя свяцiлiся бела-iскрыстым карбiдным святлом. Пат зiрнула на мяне.

- Не, - сказаў я. - Сёння не гуляю. Не кiну нiводнага колца. Калi б нават была магчымасць выйграць вiнны склеп Аляксандра Македонскага.

Мы пайшлi далей па плошчы i праз парк.

- Недзе тут павiнен быць бэз, - сказала Пат.

- Так. Ён пахне ўжо здалёку. Вельмi моцна. Праўда?

Яна зiрнула на мяне.

- Праўда, - сказала яна.

- Пэўна, ужо распусцiўся. Бэзам пахне цяпер увесь горад.

Я неўпрыкмет зiрнуў направа-налева: цi няма дзе вольнай лаўкi? Але цi бэз быў вiнаваты, цi нядзеля, цi мы - не было нiводнай. Усе былi занятыя. Я зiрнуў на гадзiннiк. Ужо пайшла першая гадзiна ночы.

- Давай, - сказаў я, - пойдзем да мяне. Там мы пабудзем удваiх.

Яна не адказала, але мы вярнулiся. Каля могiлак мы ўбачылi штосьцi нечаканае. Армiя выратавання атрымала падмогу. Цяпер хор стаяў у чатыры рады. З'явiлiся не толькi сёстры, але i дзве шарэнгi братоў у форме. Спеў ужо гучаў не ў два галасы, а ў чатыры - як арган. У рытме вальса над магiльнымi помнiкамi лунала: "Святы Ерусалiм"...

Апазiцыi больш не было чутна. Яе змялi. "Настойлiвасць, - часцяком гаварыў дырэктар маёй гiмназii Хiлерман, - настойлiвасць i стараннасць - лепш, чым распуста i генiяльнасць..."

Я адчынiў дзверы. На момант засумняваўся, а потым уключыў святло. Калiдор зеўраў перад намi, як жоўтая агiдная кiшка.

- Заплюшчы вочы, - цiха сказаў я Пат. - Вiдовiшча - не на слабыя нервы.

Я рыўком падняў яе на рукi i паволi пайшоў звычайным крокам, быццам я адзiн - мiма скрынь i газавых плiт да сваiх дзвярэй.

- Жудасна, праўда? - сказаў я сарамлiва i ўтаропiўся на плюшавы гарнiтур перад намi. Так, цяпер мне не хапала парчовых крэслаў фраў Залеўскi. Не хапала дывана, лямпы ад Хасэ...

- Зусiм не жудасна, - сказала Пат.

- Жудасна, жудасна, - не пагадзiўся я i падышоў да акна. - Праўда, вiд прыгожы. Можа, падсунем крэслы да акна?

Пат хадзiла па пакоi.

- Зусiм не дрэнна. Галоўнае - казачна цёпла.

- Табе холадна?

- Я люблю, калi цёпла, - сказала яна i прыўзняла плечы. - Не люблю холаду i дажджу. Не магу iх трываць.

- Божа мой... а мы праседзелi столькi часу ў тумане.

- Тым утульней цяпер тут.

Яна пацягнулася i зноў пачала хадзiць сваёй прыгожай хадой па пакоi. Я вельмi разгубiўся i хуценька азiрнуўся вакол сябе. Дзякаваць богу, рэчы былi не вельмi параскiданыя. Растаптаныя хатнiя пантофлi я адным ударам зафутболiў пад ложак.

Пат стаяла перад шафай i глядзела ўверх. Наверсе ляжаў стары чамадан, падараваны мне Ленцам. Ён увесь быў абклеены этыкеткамi - сведкамi яго далёкiх вандровак.

- Рыа-дэ-Жанейра, - чытала яна, - Манаас, Сант'яга, Буэнас-Айрэс, Лас-Пальмас...

Яна адсунула назад чамадан i падышла да мяне.

- I ты ўжо ўсюды пабываў?

Я нешта прамармытаў. Яна ўзяла мяне пад руку.

- Давай, раскажы мне пра ўсё, раскажы пра тыя гарады - гэта ж, вiдаць, так цудоўна, пабываць так далёка...

А я? Я бачыў яе перад сабой, прыгожую, маладую, поўную нецярплiвасцi, матылька, якi па шчаслiвай выпадковасцi заляцеў у мой варты жалю, недагледжаны пакой, у маё нiчога не вартае, бязмэтнае жыццё. Гэты матылёк быў са мной i ўсё ж не са мной - адзiн толькi подых, i ён мог пырхнуць i зноў паляцець... лайце мяне, праклiнайце мяне, але я не мог... не мог не пацвердзiць, не мог сказаць, што я там нiколi не быў... цяпер не мог...

Мы стаялi каля акна, туман клубiўся i наплываў на шыбы, а я адчуваў: за iм зноў чакала мяне ўтоенае, схаванае, мiнулае, сырыя шэрыя днi, пустэча, бруд, шматкi гiблага iснавання, бездапаможнасць, нiкчэмнае выхваленне бязмэтна адбарабаненага жыцця - але тут, у цянi перада мной, неверагодна блiзка, цiхае дыханне, недатыкальная прысутнасць, цеплыня, выразнае жыццё... я павiнны быў утрымаць яго, зрабiць яго сваiм.

- Рыа... - сказаў я. - Рыа-дэ-Жанейра - порт, нiбы казка... Мора ўпiсваецца ў бухту, утвараючы сем дуг, а над iмi ўздымаецца белы зiхоткi горад...

Я пачаў расказваць пра спякотныя гарады i бясконцыя раўнiны, пра жоўтыя плынi рэк, пра блiскучыя астравы i пра кракадзiлаў, пра лясы, што паглынаюць дарогi, пра крык ягуараў начамi, калi рачны параход плыве праз чад выпарэнняў ванiльных лiянаў i архiдэяў, праз задушлiвасць, гнiль i змрок- усё гэта я чуў ад Ленца, але цяпер я ўжо амаль што верыў, што быў там сам - так дзiўна пераплялiся ўспамiны i iмкненне трапiць туды з жаданнем дадаць да пустой i змрочнай мiтуснi свайго жыцця крыху бляску, каб толькi не страцiць гэтага неверагодна прыгожага твару перада мной, гэтай раптоўнай надзеi, гэтай кветкi, што абяцае шчасце... Цi варты я яго? Пазней я гэта ўсё змагу растлумачыць, але пазней, калi буду значыць штосьцi большае, калi ўсё ўсталюецца, пазней - не цяпер...

- Манаас, - сказаў я. - Буэнас-Айрэс... - i кожнае слова тоiла ў сабе просьбу i заклiнанне.

Ноч. За акном пайшоў дождж. Кроплi падалi мякка i пяшчотна. Яны не пляскалi, як месяц таму назад па лiсцi лiпы. Цяпер яны з цiхiм шумам лiлiся на маладую гнуткую лiстоту, яны тулiлiся да яе i сцякалi па ёй унiз - мiстычнае свята i таямнiчая плынь да каранёў, адкуль вада зноў уздымаецца i сама стане лiсцем, якiя будуць чакаць дажджу ў вясновыя ночы.

Настала цiшыня. Змоўк вулiчны шум, адзiнокi лiхтар гарэў над тратуарам. Тонкiя лiсточкi дрэў, асветленыя знiзу, былi амаль белыя, ледзь не празрыстыя, а кроны былi падобныя да мiгатлiвых светлых ветразяў...

- Паслухай дождж, Пат...

- Дождж...

Яна ляжала каля мяне. Яе валасы ўздымалiся чорнай капой на белай падушцы. Твар над чарнатой валасоў здаваўся вельмi бледны. Адно плячо вытыркнулася ўверх, аднекуль на яго падала святло, i яно свяцiлася матавай бронзай. Вузкая палоска святла легла на руку.

- Паглядзi, - сказала яна i падняла на святло далонi.

- Мне здаецца, што гэта з вулiцы ад лiхтара, - сказаў я.

Яна прыўзнялася. Цяпер яе твар таксама быў асветлены, святло падала на плечы i грудзi, жоўтае, як ад васковай свечкi, яно змянялася, злiвалася, рабiлася аранжавым, у iм утваралiся блакiтныя колцы, i раптам за яе спiной з'явiлася цёплая чырвань, нiбы нiмб, яна перакiнулася вышэй i паволi паплыла па столi пакоя.

- Гэта рэклама цыгарэт насупраць.

- Бачыш, якi прыгожы твой пакой, - сказала яна.

- Прыгожы ад тваёй прысутнасцi, - сказаў я. - Гэты пакой ужо нiколi не будзе такi, як быў, таму што ты пабыла тут.

Яна стала на каленi, агорнутая блакiтным святлом.

- Але... - сказала яна. - Я ж часта буду тут... часта.

Я ляжаў цiха i глядзеў на яе. Мне ўсё бачылася, як у мяккiм выразным сне. Я ўвесь быў расслаблены, вольны, спакойны i вельмi шчаслiвы.

- Якая ты прыгожая, Пат! Куды прыгажэйшая, чым у любой сукенцы!

Яна ўсмiхнулася i нахiлiлася да мяне.

- Ты мусiш вельмi моцна любiць мяне, Робi. Я не ведаю, што мне рабiць без кахання.

Яе вочы як прывязалi мяне. Яе твар быў зусiм блiзка ад майго. Ён быў рухомы, зусiм адкрыты, напоўнены палкай сiлай.

- Ты павiнен трымаць мяне, - шаптала яна, - мне патрэбны нехта, хто б трымаў мяне, а то я павалюся. Я баюся.

- Не вiдаць, каб ты баялася, - не пагадзiўся я.

- Баюся. Толькi не выдаю. Я часта баюся.

- Я ўтрымаю цябе, - сказаў я, усё яшчэ ў гэтым незвычайным, гэтым плынным светлым сне. - Я цябе буду моцна трымаць, Пат. Ты яшчэ падзiвiшся.

Яна ўзяла мой твар у далонi.

- Праўда?

Я кiўнуў. Яе плечы свяцiлiся жоўтым колерам, нiбы ў глыбокай вадзе. Я ўхапiў яе рукi i прыцягнуў яе да сябе... Нас падхапiла вялiкая хваля, якая ззяла, дыхала, расла, i расла, i расла, i нарэшце накрыла ўвесь белы свет.

Яна спала ў мяне ў абдымках. Я часта прачынаўся i глядзеў на яе. Мне здавалася, што канца ночы не будзе. Мы луналi недзе, па-за часам. Усё здарылася так хутка, я нават не зразўмеў. Я не думаў, што мяне хтосьцi можа пакахаць. Я прызнаваў, што для мужчыны я магу быць выдатным таварышам. Але не мог сабе ўявiць, за што мяне можа пакахаць жанчына. Мне здавалася, што толькi пройдзе гэта ноч, я прачнуся - i ўсё мiнецца.

Змрок пашарэў. Я ляжаў цiха. Мая рука пад галавой Пат здранцвела, я нiчога не адчуваў. Але я не варушыўся. Толькi тады, калi яна павярнулася ў сне i ўткнулася ў падушку, я змог вызвалiць руку. Я цiхенька ўстаў, пачысцiў зубы i пагалiўся. Адэкалонам я пацёр валасы i патылiцу. Усё было незвычайнае: i шэры паўзмрок пакоя, i думкi, i цёмныя абрысы дрэў за акном. Калi я павярнуўся, то ўбачыў расплюшчаныя вочы Пат. Яна глядзела на мяне. Я сумеўся.

- Хадзем, - сказала яна.

Я падышоў да яе i сеў на край ложка.

- Няўжо гэта праўда? - спытаў я.

- Чаму ты пытаешся?

- Не ведаю. Можа, таму, што ўжо ранiца. Пасвятлела.

- Падай цяпер мае рэчы, - сказала яна.

Я падняў з падлогi тонкую шаўковую бялiзну. Яна была лёгкая, бо яе было мала. Я трымаў яе ў руцэ. "Нават бялiзна незвычайная, - падумаў я. - Тая, хто яе носiць, - таксама незвычайная. Я нiколi яе не зразумею, нiколi".

Я аддаў ёй рэчы. Яна абняла мяне за шыю i пацалавала.

Потым я праводзiў яе дадому. Мы амаль не размаўлялi. Мы крочылi побач мiж срэбнага ранку. Па бруку грукалi малочныя фургоны. З'явiлiся разносчыкi газет. Нейкi стары сядзеў каля дома i спаў. Яго падбародак тросся, нiбы хацеў адвалiцца. Мiма праехалi веласiпедысты, везучы кашы з булачкамi. Над вулiцай павiс пах цёплага свежага хлеба. Высока над намi ў блакiтным небе праляцеў самалёт.

- Сёння? - спытаў я Пат каля дзвярэй дома.

Яна ўсмiхнулася.

- У сем? - спытаў я.

Яна не выглядала зморанай. Яна была свежая, быццам добра выспалася. На развiтанне яна пацалавала мяне. Я пастаяў каля дома, пакуль не ўбачыў, што ў яе пакоi загарэлася святло.

Потым я вяртаўся. Па дарозе мне прыйшло ў галаву шмат прыгожых слоў, якiя я павiнен быў сказаць ёй. Я блукаў па вулiцах i думаў пра тое, што я мог бы сказаць i зрабiць, калi б быў не такi, якi быў. Потым я пайшоў на рынак. Ужо пад'ехалi фургоны з гароднiнай, мясам i кветкамi. Я ведаў, што тут на тыя ж самыя грошы можна купiць удвая больш кветак, чым у крамах. На ўсе грошы, колькi ў мяне было, я купiў цюльпанаў. Яны вельмi прыгожыя, зусiм свежыя, з кропелькамi вады ў чашачках. Я набраў поўнае бярэма. Прадаўшчыца паабяцала мне, што адашле кветкi Пат у адзiнаццаць гадзiн. Абяцаючы, яна засмяялася, а потым дадала яшчэ ладны букет фiялак.

- Не менш чым на два тыднi радасцi вашай даме, - сказала яна. - Толькi час ад часу трэба кiдаць у ваду пiрамiдон.

Я кiўнуў i заплацiў. Потым я няспешна пайшоў дадому.

X

"Форд" гатовы стаяў у майстэрнi. Новага заказу не было. Нам нешта трэба было рабiць. Мы з Кёстэрам пайшлi на аўкцыён. Мы хацелi купiць там з малатка таксi. Таксi можна было з выгадай перапрадаць. Памяшканне для аўкцыёнаў было ў паўночнай частцы горада, у флiгелi ў двары. Акрамя таксi тут прадавалася процьма iншых рэчаў. Некаторыя з iх стаялi пад адкрытым небам. Ложкi, расхiстаныя сталы, пазалочаная клетка з папугаем, якi крычаў: "З богам, каханы!", кнiгi, шафы, стары фрак, табурэткi, посуд - прадметы бядняцкага разбiтага быту.

Мы прыйшлi зарана. Аўкцыянера яшчэ не было. Я корпаўся ў рэчах на двары i ўбачыў некалькi кнiг - зачытаныя танныя экземпляры грэчаскiх i лацiнскiх класiкаў з заўвагамi на палях. На выцвiлых зашмальцаваных старонках цяпер былi не вершы Гарацыя цi песнi Анакрэона - на iх быў крык беднасцi i бездапаможнасцi страчанага жыцця. Уладару гэтых кнiг яны да апошняга моманту былi прытулкам, ён iх бярог, колькi мог, а той, хто здаў iх сюды, дайшоў да ручкi.

Кёстэр з-за маёй спiны глянуў на кнiгi.

- Сумна бачыць такое, праўда?

Я кiўнуў галавой i паказаў на iншыя рэчы.

- I гэта таксама, Ота. Дзеля забавы табурэткi i буфеты сюды чалавек не пацягне.

Мы пайшлi да машыны, якая стаяла ў кутку двара. Лак аблез i выцвiў, але машына была чыстая, нават пад крыламi. Прысадзiсты чалавек з шырокiмi далонямi стаяў непадалёк i тупа глядзеў на нас.

- Ты ўжо агледзеў машыну як след? - спытаў я Кёстэра.

- Учора яшчэ, - адказаў ён. - Даволi старая, але беззаганна дагледжаная.

Я кiўнуў.

- Вiдаць, што так. Машыну мылi сёння ранiцай, Ота. Аўкцыёншчык, пэўна ж, гэтага не рабiў.

Кёстэр пахiтаў галавой i зiрнуў на прысадзiстага.

- Гэта, вiдаць, гаспадар. Ён i ўчора стаяў тут i выцiраў машыну.

- Д'ябальшчына, - сказаў я. - Ён падобны да сабакi, якi трапiў пад колы.

Праз двор да машыны падышоў малады чалавек. Ён быў у палiто з поясам i меў да непрыемнасцi фарсiсты выгляд.

- Гэта, вiдаць, i ёсць тая калымага, - сказаў ён, звяртаючыся не то да нас, не то да таго мужчыны, i пастукаў гачкай па капоце. Я ўбачыў, як у вачах у гаспадара ўспыхнула непрыязнасць.

- Нiчога, нiчога, - велiкадушна апраўдаўся ўладар пояса. - Лак усё роўна ўжо нiкуды не варты. Ганарыстая ламачына. Ёй месца ў музеi, цi не так? - Ён магутна засмяяўся са свайго жарту i глянуў на нас, чакаючы адабрэння. Мы не падтрымалi яго смеху. Ён звярнуўся да гаспадара:

- Што вы хочаце за бабулю?

Чалавек моўчкi пракаўтнуў.

- Як за металалом, так? - балбатаў хлапец у цудоўным настроi. Ён зноў павярнуўся да нас.

- Паны таксама зацiкавiлiся? - I прыцiшаным голасам: - Мы маглi б згаварыцца. Вытаргаваць машыну за бясцэнак, а барыш падзялiць. Навошта гэтым людзям даваць дармавыя грошы! Дарэчы: Гвiда Цiс з фiрмы "Аўгека".

Ён крутнуў сваю гачку i з даверлiвай перавагай падмiргнуў нам.

"Для гэтага дваццацiпяцiгадовага смаўжа няма нiякiх тайнаў", - падумаў я са злосцю. Мне шкада было чалавека, што стаяў каля машыны, i я сказаў:

- Вам бы мець iншае прозвiшча, а не Цiс.

- Магчыма, - згадзiўся ён, усцешаны. Вiдаць было, што ён прывык да камплiментаў за спрыт.

- Вядома, - працягваў я. - Вам лепш было б звацца Смаркач. Гвiда Смаркач.

Ён адхiснуўся.

- Ну, пэўна, - нарэшце вымавiў ён. - Два на аднаго...

- Калi на тое, - сказаў я, - я пайду з вамi адзiн. Куды захочаце.

- Дзякую, - адказаў Гвiда холадна. - Шчыра дзякую! - i падаўся ад нас.

Прысадзiсты мужчына з засмучаным тварам стаяў, быццам яго нiчога не тычылася, i, утаропiўшыся, глядзеў на машыну.

- Не будзем купляць яе, Ота, - сказаў я.

- Тады яе купiць браняносец Гвiда, - запярэчыў Кёстэр. - Мы не зможам дапамагчы чалавеку.

- I праўда, - сказаў я. - I ўсё ж - нешта тут не так.

- А дзе сёння ўсё так, Робi? Павер мне: для чалавека нават лепш, што мы тут. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён атрымае за машыну крыху больш. Але я абяцаю табе: калi браняносец не дасць першую цану, я змоўчу таксама.

Прыйшоў аўкцыёншчык. Ён спяшаўся, вiдаць, у яго было шмат спраў. Кожны дзень праходзiла дзесятак аўкцыёнаў. Лёгка жэстыкулюючы, ён пачаў аўкцыён вартых жалю рэчаў. У яго быў жалезны гумар i дзелавiтасць чалавека, якi кожны дзень мае справу з беднасцю, прычым яго самога яна нiколькi не кранае.

Рэчы прадавалiся за грашы. Некалькi перакупшчыкаў забралi амаль усё. Яны нiбы нехаця толькi падымалi палец, сустракаючыся з позiркам аўкцыёншчыка, або хiталi галавой. Але за позiркам аўкцыёншчыка час ад часу сачыла i яшчэ адна пара вачэй... вочы на зняможаным твары пазiралi на пальцы перакупшчыкаў, як на знак божы - з надзеяй i страхам. На таксi заявiлi цану тры чалавекi, i першы сярод iх - Гвiда: трыста марак. Смехатворная цана. Падышоў блiжэй прысадзiсты чалавек. Ён нешта бязгучна шаптаў. Здавалася, што ён хоча прапанаваць сваю цану. Але рука апусцiлася. Ён адступiў назад.

Наступная цана - чатырыста марак. Гвiда пайшоў на чатырыста пяцьдзесят. Узнiкла паўза.

Аўкцыёншчык пазiраў па баках.

- Хто больш? Раз... два...

Гаспадар таксi стаяў з шырока адкрытымi вачамi i панiклай галавой. Здавалася, што ён чакае ўдару па галаве.

- Тысяча, - сказаў Кёстэр.

Я зiрнуў на яго.

- Яна вартая трох, - прамармытаў ён. - Не магу глядзець, як мардуюць чалавека...

Гвiда рабiў нам адчайныя знакi. Ён забыўся на "Смаркача" - справа была важней.

- Тысяча сто, - прагугнiў ён i замiргаў нам. Калi б у яго было яшчэ адно вока на заднiцы, ён мiргаў бы i iм.

- Тысяча пяцьсот, - сказаў Кёстэр.

Аўкцыёншчыка ахапiў азарт. Ён прытанцоўваў, як дырыжор, трымаючы ў руцэ малаток. Тут у ход пайшлi не дзве-тры маркi, а зусiм iншыя лiчбы.

- Тысяча пяцьсот дзесяць, - заявiў успацелы Гвiда.

- Тысяча васемсот, - сказаў Кёстэр.

Гвiда пакруцiў пальцам каля лба i здаўся.

Аўкцыёншчык падскочыў. Я раптам падумаў пра Пат.

- Тысяча восемсот пяцьдзесят, - сказаў я нечакана для самога сябе.

Кёстэр здзiўлена павярнуў галаву.

- Пяцьдзесят я дадаю ад сябе, - хутка прамовiў я. - Для... надзейнасцi...

Ён кiўнуў.

Аўкцыёншчык стукнуў малатком - машына наша. Кёстэр адразу заплацiў.

- Дзiўна! - сказаў Гвiда, якi не мог пайсцi проста так i наблiзiўся да нас, быццам нiчога не здарылася.

- Можна было набыць гэтую скрыню за тысячу марак. Трэцяга мы пасадзiлi б адразу.

- З богам, каханы! - прагучаў металёвы голас за яго спiной. Настала чарга папугая ў пазалочанай клетцы.

- Смаркач, - дадаў я.

Гвiда пацiснуў плячыма i знiк.

Я падышоў да былога гаспадара машыны. Цяпер побач з iм стаяла жанчына з бледным тварам.

- Так... - сказаў я.

- Ведаю... - адказаў ён.

- Нам не хацелася гэтага рабiць, - сказаў я. - Але вы атрымалi б тады менш.

Ён кiўнуў, не ведаючы, што рабiць з рукамi.

- Машына добрая, - раптам сказаў ён хутка, спяшаючыся, - машына добрая, яна вартая гэтых грошай, напэўна, вы не пераплацiлi, справа была не ў машыне, зусiм - не, справа ў тым...

- Я ведаю, - сказаў я.

- Гэтымi грашыма мы не пакарыстаемся, - сказала жанчына. - Усё аддадзiм.

- Будуць яшчэ, мацi, - сказаў мужчына. - Будуць яшчэ.

Жанчына нiчога не адказала.

- Пры пераключэннi з першай на другую хуткасць крыху скрыгоча, - сказаў мужчына. - Але гэта не дэфект. Яна i новая скрыгатала.

Ён гаварыў нiбы пра малое дзiця.

- Яна ў нас ужо тры гады, i нiколi нiчога. Справа ў тым, што спачатку я захварэў, а потым мяне падкузьмiлi... адзiн сябра...

- Нягоднiк, - сказала жанчына жорстка.

- Пакiнь, мацi, - сказаў чалавек i зiрнуў на яе. - Я яшчэ ачомаюся. Не верыш, мацi?

Жанчына не адказала. Мужчына ўзмакрэў ад поту.

- Дайце мне свой адрас, - сказаў Кёстэр. - Магчыма, нам спатрэбiцца шафёр.

Мужчына старанна пiсаў цяжкiмi працавiтымi рукамi. Я зiрнуў на Кёстэра. Мы абодва ведалi, што толькi цуд мог дапамагчы. А цудаў даўно няма. Цуд мог толькi дабiць.

Чалавек усё гаварыў i гаварыў, як у лiхаманцы. Аўкцыён закончыўся. Мы адны засталiся ў двары. Ён даваў нам парады, як лепш заводзiць машыну зiмой. Ён увесь час кранаў яе. Потым замоўк.

- Ну, хадзем, Альберт, - сказала жанчына.

Мы пацiснулi яму руку. Пачакалi, пакуль яны выйдуць. Потым мы запусцiлi матор.

Праязджаючы па вулiцы, убачылi маленькую бабулю. Яна несла на руках клетку з папугаем, адбiваючыся ад дзяцей. Кёстэр спынiўся.

- Куды вам? - спытаў ён у яе.

- Ах ты, божа мой, у мяне грошай няма на таксi, - запярэчыла яна.

- I не трэба, - сказаў Ота. - Сёння ў мяне дзень нараджэння - катаю дарма.

Яна з недаверам прыцiснула да сябе клетку.

- А пасля запатрабуеце...

Мы супакоiлi яе, i яна села.

- Навошта вы купiлi папугая, мацi? - спытаў я, калi яна вылазiла.

- Для вечароў, - сказала яна. - Вы думаеце, што корм дарагi?

- Не, - сказаў я. - Але як гэта - для вечароў?

- Ён жа ўмее гаварыць, - адказала яна i паглядзела на мяне яснымi старэчымi вачыма. - Вось i будзе iстота, якая гаворыць...

- Ах, вось як... - сказаў я.

Апоўднi прыйшоў булачнiк, каб забраць свой "форд". Выгляд у яго быў шэры i засмучаны. Я быў адзiн у двары.

- Вам колер падабаецца? - спытаў я.

- Сыдзе, - сказаў ён i нерашуча паглядзеў на машыну.

- Верх стаў вельмi прыгожы.

- Так...

Ён стаяў i, здавалася, не рашаўся паехаць. Я чакаў, што ён паспрабуе яшчэ нешта выцыганiць задарма - дамкрат, попельнiцу цi нешта падобнае.

Ды было iнакш. Нейкi час ён пасоп, потым паглядзеў на мяне сваiмi набеглымi крывёй вачыма i сказаў:

- Як падумаеш... толькi некалькi тыдняў назад яна сядзела ў машыне жывая i здаровая...

Я вельмi здзiвiўся, убачыўшы яго такога расчуленага, i падумаў, што жвавая чарнявая сцерва, з якой ён прыязджаў мiнулы раз, ужо насалiла яму. Ад злосцi людзi робяцца сентыментальнымi хутчэй, чым ад кахання.

- Добрая жанчына была, - працягваў ён, - душэўная. Нiколi нiчога не патрабавала. Дзесяць гадоў хадзiла ў адным палiто. Блузкi i iншае шыла сабе сама. I дом вяла адна, без служанкi.

"Ага, - падумаў я. - Новенькая, вiдаць, нiчога гэтага не робiць". Булачнiку захацелася выгаварыцца. Ён расказаў, якая ашчадная была жонка. Было дзiўна, якiм расчуленым зрабiў гэтага прапiтага гуляку ўспамiн пра зэканомленыя грошы. Яна нават не сфатаграфавалася нi разу, ёй здавалася гэта задорага. У яго засталася толькi картка з вяселля i некалькi "пяцiхвiлiнак".

Гэта навяло мяне на думку.

- Вы можаце заказаць у мастака цудоўны партрэт вашай жонкi, - сказаў я. Тады ў вас будзе памяць назаўсёды. Фатаграфii з часам выцвiтаюць. Я ведаю мастака - ён зробiць.

Я растлумачыў яму, чым займаецца Фердынанд Граў. Ён адразу з недаверам сказаў, што гэта, мусiць, вельмi дорага. Я супакоiў яго: калi я прывяду яго, то будзе скiдка. Ён паспрабаваў адбаярыцца. Але я яго ўжо не выпусцiў, заявiўшы: калi ён так любiць сваю жонку, то пра цану i гаварыць няма чаго. Нарэшце ён згадзiўся. Я патэлефанаваў Фердынанду Граў i расказаў яму пра ўсё. Потым мы з булачнiкам паехалi па фотакарткi.

Чарнявая выскачыла з крамы нам насустрач. Яна забегала вакол "форда".

- Чырвоны колер выглядаў бы лепш, пупсiк! Але ж ты мусiш, вядома, зрабiць па-свойму.

- Ну, перастань, - незадаволена сказаў Пупсiк.

Мы пайшлi ў чысты пакой. Чарнявая не адстала. Яе жвавыя вочкi бачылi ўсё. Булачнiк занерваваўся. Ён не хацеў пры ёй шукаць фотакарткi.

- Пакiнь нас, - нарэшце сказаў ён груба.

Дэманстратыўна патрасаючы цыцкамi пад туга нацягнутым свiтэрам, яна выскачыла вон. Булачнiк дастаў з зялёнага плюшавага альбома некалькi фотакартак i паказаў мне. Жонка - яшчэ нявеста - а побач ён з закручанымi ўверх вусамi. Тады яна яшчэ смяялася. На другой картцы яна, ужо схуднелая, спрацаваная, з баязлiвымi вачыма, сядзела на крайку крэсла. Толькi дзве маленькiя картачкi - i ўсё жыццё.

- Добра, - сказаў я. - Па iх ён намалюе.

Фердынанд Граў сустрэў нас у сурдуце. Выгляд у яго быў паважна-ўрачысты. Гэтага патрабаваў яго занятак. Ён ведаў, што для многiх, хто насiў жалобу, павага да iх болю была важней, чым сам боль.

На сценах майстэрнi вiсела некалькi салiдных маляваных алеем партрэтаў у пазалочаных рамах, а пад iмi - адпаведныя фатаграфii. Кожны клiент мог такiм чынам адразу ўбачыць, што можна зрабiць нават з выцвiлай "пяцiхвiлiнкi".

Фердынанд з булачнiкам зрабiлi абход, i ён спытаў таго, якая манера выканання яму больш падабаецца. Булачнiк, у сваю чаргу, спытаў, цi залежаць цэны ад памераў. Фердынанд растлумачыў, што справа тут не ў квадратных метрах, а ў выкананнi. Пасля гэтага булачнiку больш за ўсё спадабаўся самы вялiкi партрэт.

- У вас добры густ, - пахвалiў Фердынанд, - гэта - партрэт прынцэсы Баргезэ. Цана - 800 марак. З рамай.

Булачнiк уздыхнуў.

- А без рамы?

- Семсот дваццаць.

Булачнiк даваў чатырыста марак. Фердынанд затрос iльвiнай галавой.

- За чатырыста марак вы самае большае можаце атрымаць галаўны партрэт у профiль, а не паясны анфас. Тут жа ў два разы больш работы.

Булачнiк разважыў, што хопiць галавы ў профiль. Фердынанд звярнуў яго ўвагу на абодва здымкi анфас. Па iх нават Тыцыян не зрабiў бы партрэта ў профiль. Булачнiка кiнула ў пот. Вiдаць было, што ён у адчаi з-за сваёй неабачлiвасцi, праяўленай тады яшчэ, калi фатаграфавалiся. Даводзiлася прызнаць, што Фердынанд мае рацыю: анфас трэба было маляваць на паўтвару больш, чым у профiль. Больш высокая цана была апраўданая. Ён пакутна сумняваўся. Фердынанд пакуль што быў даволi стрыманы, цяпер пачаў пераконваць. Яго магутны бас прыцiшана пракочваўся па майстэрнi. Як спецыялiст я павiнен быў заўважыць, што работу ён выконваў бездакорна. Булачнiк неўзабаве спёкся, асаблiва калi Фердынанд апiсаў яму ўздзеянне такога шыкоўнага партрэта на незычлiвых суседзяў.

- Добра, - сказаў ён, - але пры разлiку наяўнымi - дзесяць адсоткаў скiдкi.

- Згода, - адказаў Фердынанд, - дзесяць адсоткаў скiдкi i задатак трыста марак на выдаткi - на фарбы i палатно.

Мы яшчэ крыху патаргавалiся, потым сышлiся канчаткова. Пачалося абмеркаванне самога партрэта. Булачнiк хацеў, каб на партрэце былi намаляваны жамчужныя пацеркi i залатая брошка з брыльянтам. На фотакартках iх не было вiдаць.

- Без сумнення, - заявiў Фердынанд, - каштоўнасцi жонцы дамалюем. Было б найлепш, каб вы прынеслi iх на якую гадзiнку сюды, тады яны атрымалiся б найбольш натуральна.

Булачнiк зачырванеўся.

- У мяне iх ужо няма. Яны... яны ў родзiчаў.

- Ах, вось як. Ну добра, абыдземся i без iх. Брошка была такая, як на гэтым партрэце?

Булачнiк кiўнуў.

- Толькi меншая.

- Цудоўна. Тады зробiм такую. Пацеркi нам увогуле не патрэбны - жэмчуг ёсць жэмчуг.

Булачнiк з палёгкай уздыхнуў.

- А калi партрэт будзе гатовы?

- Праз шэсць тыдняў.

- Добра.

Булачнiк развiтаўся.

Мы з Фердынандам яшчэ нейкi час пасядзелi ў майстэрнi ўдвух.

- Табе на гэта трэба шэсць тыдняў? - спытаў. я.

- Што ты. Чатыры-пяць дзён. Але ж я не магу сказаць пра гэта чалавеку - ён адразу зробiць падлiкi, колькi я зараблю за адну гадзiну, i падлiчыць, што яго падманулi. Шэсць тыдняў - i ён задаволены. Гэткая ж самая лухта i наконт партрэта прынцэсы Баргезэ. Такая ўжо людская натура, дарагi Робi. Калi б я сказаў яму, што гэта швачка, то партрэт здаўся б яму горшым. Мiж iншым, гэта ўжо шостая нябожчыца жонка, якая насiла такiя ж каштоўнасцi, як на тым партрэце. Вось табе гульня выпадку. Партрэт добрай Луiзы Вольф служыць мне выдатнай рэкламай.

Я азiрнуўся. Са сцен узiралiся на мяне вочы з нерухомых твараў, якiя даўно гнiлi ў магiлах. Гэта былi партрэты, якiя не забралi альбо не аплацiлi блiзкiя. I гэта ўсё былi людзi, якiя некалi спадзявалiся i дыхалi.

- Гэта не наганяе на цябе меланхолii, Фердынанд?

Ён пацiснуў плячыма.

- Не, я раблюся надзвычай цынiчным. Меланхолiкам робiшся, калi думаеш пра жыццё, а цынiкам - калi бачыш, як iм распараджаецца большасць жывых.

- Ну, той-сёй адносiцца да яго больш сур'ёзна.

- Вядома. Але гэтыя не заказваюць маляваць партрэты.

Ён устаў.

- А можа, i добра, Робi, што яны ўвесь час занятыя сваiмi важнымi дробязямi, якiя iх падтрымлiваюць i абараняюць. Пачуццё адзiноты - сапраўднай адзiноты, без iлюзiй - прыходзiць перад вар'яцтвам i самагубствам.

Вялiзнае пустое памяшканне плавала ў паўзмроку. У суседнiм пакоi былi чутны крокi. Здавалася, там нехта хадзiў. Гэта была аканомка. Яна нiколi не паказвалася пры нас. Яна нас ненавiдзела, бо ёй здавалася, што мы нацкоўваем на яе Граў. Я пайшоў. Унiзе мяне сустрэў вулiчны шум. Я кiнуўся ў яго, як у цёплую ванну.

XI

Я iшоў да Пат. Я ўпершыню iшоў да яе дамоў. Раней яна сама прыходзiла да мяне альбо я сустракаў яе каля дома, каб разам пайсцi куды-небудзь. Але заўсёды было так, быццам яна прыходзiла ў госцi. Я хацеў ведаць пра яе больш. Я хацеў ведаць, як яна жыве.

Мне прыйшла ў галаву думка, што варта было б прынесцi ёй кветкi. Гэта было лёгка зрабiць. Гарадскi сквер за кiрмашовай плошчай стаяў у буйной квеценi. Я пераскочыў праз агароджу i пачаў аблатошваць белы куст бэзу.

- Што вы там робiце? - раптам прагучаў моцны голас. Я ўзняў вочы. Чалавек, твар якога меў колер бургундскага вiна, з закручанымi сiвымi вусамi глядзеў на мяне з абурэннем. Гэта быў не палiцэйскi i не вартаўнiк. "Вайсковы чын у адстаўцы", - здагадаўся я адразу.

- Не цяжка зразумець, - адказаў я ветлiва. - Я ламаю бэз.

У чалавека на момант адняло мову.

- Цi вы не ведаеце, што гэта гарадскi сквер? - забурчаў ён разгневана.

Я засмяяўся.

- Вядома, ведаю. А вам здаецца, што я пераблытаў яго з Канарскiмi астравамi?

Чалавек пасiнеў. Я спужаўся, каб яго не разбiў паралюш.

- Прэч адсюль, дзяцюк! - закрычаў ён першакласным казарменным голасам. Вы замахваецеся на гарадскую маёмасць. Я здам вас!

Я ўжо наламаў, колькi мне трэба было.

- Тады лавi мяне, дзядуля! - прапанаваў я старому, пераскочыў праз агароджу i знiк.

Перад домам Пат я яшчэ раз агледзеў свой касцюм. Потым я падняўся па лесвiцы i азiрнуўся. Гэта быў новы дом сучаснай архiтэктуры, поўная процiлегласць старому пампезнаму бараку, дзе жыў я. На лесвiцы ляжала чырвоная дарожка. Нiчога падобнага ў панi Залеўскi не было, не гаворачы ўжо пра лiфт.

Пат жыла на трэцiм паверсе. На дзвярах была прымацавана гордая латунная таблiчка: "Эгберт фон Хакэ, падпалкоўнiк". Я доўга ўзiраўся на яе. Потым, перш чым пазванiць, мiжволi паправiў гальштук. Адчынiла дзяўчына ў бялюткай наколцы i гэткiм жа беленькiм фартушку - не параўнаць з нашай касавокай няўдалiцай Фрыдай. Мне зрабiлася няёмка.

- Пан Локамп? - спытала яна.

Я кiўнуў.

Яна правяла мяне праз маленькi пярэднi пакой, а потым адчынiла дзверы. Я не вельмi здзiвiўся б, калi б там перада мной з'явiўся падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ пры поўным парадзе i ўсчынiў бы мне допыт, - такiмi сур'ёзнымi здалiся мне партрэты генералаў, якiя, усе ў ордэнах, зласлiва ўзiралiся ў мяне, цывiльнага. Але тут насустрач мне сваiмi прыгожымi вольнымi крокамi выйшла Пат, i пакой раптам ператварыўся ў востраў цеплынi i весялосцi. Я зачынiў за сабой дзверы i пяшчотна абняў яе. Потым я ўручыў ёй крадзены бэз.

- Вось, - сказаў я. - Гарадское кiраўнiцтва шле вам прывiтанне.

Яна паставiла кветкi ў вялiкую светлую керамiчную вазу, якая стаяла на падлозе каля акна. Я тым часам агледзеўся ў пакоi. Мяккiя прыглушаныя колеры, нешматлiкая старая прыгожая мэбля, светла-блакiтны дыван, пастэльных таноў фiранкi на вокнах, зручныя невялiкiя крэслы, абабiтыя выцвiлым аксамiтам...

- Божа мой, як табе пашэнцiла знайсцi такi пакой, Пат? - сказаў я. Кватарантам жа ў пакой звычайна ставяць па прынцыпе "На табе, божа, што мне нягожа" альбо непатрэбныя падарункi, атрыманыя да дня нараджэння.

Яна асцярожна адсунула ад сцяны вазу з кветкамi. Я ўбачыў яе сагнутую хударлявую шыю, прамыя плечы i танклявыя рукi. Стоячы на каленях, яна была падобная да дзiцяцi. Гэтае дзiця трэба было абараняць. Але рухi ў яе былi як у гнуткага звера, i калi яна потым устала i прыхiлiлася да мяне, гэта ўжо было не дзiця. У яе вачах i ў яе вуснах таiлася запытальнае чаканне i таямнiчасць, якiя мяне збянтэжылi. Я думаў, што iх ужо не iснуе ў гэтым брудным свеце.

Я абняў яе за плечы. Прыемна было адчуваць яе так блiзка.

- Гэта мае ўласныя рэчы, Робi. Кватэра раней належала маёй мацi. Калi мацi памерла, я здала яе, а сабе пакiнула гэтыя два пакоi.

- Дык яна ўсё-такi твая? - спытаў я з палёгкай. - А падпалкоўнiк Эгберт фон Хакэ жыве ў цябе на кватэры?

Яна пахiтала галавой.

- Ужо не мая. Я не змагла ўтрымлiваць яе. Я прадала астатнюю мэблю, а кватэру здала назусiм. Цяпер я тут кватарантка. Але якая табе справа да старога Эгберта?

- Нiякай. У мяне проста натуральны страх перад палiцэйскiмi i штабнымi афiцэрамi. Гэта iдзе яшчэ ад маёй вайсковай службы.

Яна засмяялася.

- Мой бацька таксама быў маёр.

- Маёр - гэта якраз мяжа, - адказаў я.

- Ты знаёмы са старым Хакэ? - спытала яна.

Мяне раптам ахапiла нядобрае прадчуванне.

- Ён нiзкарослы, падцягнуты, з чырвоным тварам, сiвымi вусамi i магутным голасам? Ён любiць шпацыраваць у гарадскiм скверы?

- А! - яна зiрнула на бэз, а потым са смехам перавяла позiрк на мяне. Не, ён высокi, з бледным тварам i ў рагавых акулярах.

- Тады мы з iм незнаёмыя.

- Хочаш пазнаёмiцца? Будзеш прыемна ўражаны.

- Баранi божа! Пакуль што мая кампанiя - механiкi ды кватаранты панi Залеўскi.

Пастукалi ў дзверы. Дзяўчына прывезла нiзенькi столiк на колцах. Тонкi белы фарфор, срэбны паднос з пiрожнымi, другi - з неверагодна маленькiмi бутэрбродамi. Сурвэткi, цыгарэты, чорт ведае што яшчэ - я глядзеў на ўсё, як баран на новыя вароты.

- Злiтуйся, Пат, - сказаў я потым. - Усё як у кiно! Яшчэ на лесвiцы я заўважыў, што мы стаiм на розных сацыяльных прыступках. Ты ж май на ўвазе, што я прывык есцi з тлустай паперыны на падваконнiку фраў Залёўскi, побач з верным прымусам. Злiтуйся з жыхара беднага пансiёна, калi ён, небарака, магчыма, аберне кубачак.

Яна засмяялася.

- Гэтага нельга. Твой гонар спецыялiста па маторах не дазваляе. Ты павiнен быць лоўкi. - Яна ўзялася за збаночак.

- Гарбаты цi кавы?

- Гарбаты цi кавы? А што - ёсць i тое, i тое?

- Ёсць. Глядзi!

- Цудоўна! Як у лепшых рэстаранах! Не хапае толькi музыкi.

Яна нахiлiлася i нацiснула на кнопку маленькага радыёпрыёмнiка, якога я нават не заўважыў.

- Дык чаго табе налiць - гарбаты цi кавы?

- Кавы, голай кавы, Пат. Я - вясковец. А ты?

- Я вып'ю з табой кавы.

- А звычайна ты п'еш гарбату?

- Так.

- Я так i думаў.

- Я ўжо пачынаю прывыкаць да кавы. Пiрожнага хочаш? Цi бутэрброд?

- Тое i тое, Пат. Трэба выкарыстаць магчымасцi. Потым я яшчэ вып'ю гарбаты. Я павiнен пакаштаваць усяго, што ў цябе ёсць.

Яна засмяялася i напоўнiла мне талерку вышэй краёў. Я адмаўляўся.

- Хопiць, хопiць. Не забывай, што паблiзу - падпалкоўнiк. Вайскоўцы любяць, каб нiжнiя чыны трымалiся меры.

- Толькi ў выпiўцы, Робi. Стары Эгберт сам вельмi любiць пiрожнае з вяршкамi.

- I ў камфорце таксама, - запярэчыў я. - Некалi яны нас старанна адвучалi ад яго.

Я катаў столiк туды-сюды. Ён спакушаў на гэта. Ён ездзiў на гумавых колцах па дыване бясшумна. Я агледзеўся. Усё тут было падабрана з густам.

- Так, Пат, - сказаў я. - Вось як жылi нашы продкi.

Яна засмяялася.

- Ну што ты прыдумляеш?

- Я не прыдумляю. Так было.

- Толькi выпадкова я зберагла гэтыя рэчы, Робi.

Я пахiтаў галавой.

- Не выпадкова. I не пра рэчы гаворка. Галоўнае ў тым, што за iмi. Грунтоўнасць. Ты гэтага не зразумееш. Зразумее толькi той, хто страцiў гэта.

Яна паглядзела на мяне.

- Ты таксама мог бы ўсё гэта мець, калi б захацеў.

Я ўзяў яе за руку.

- Але я не хачу, Пат. Вось у чым справа. Тады я сам сабе здаваўся б прайдзiсветам. Наш брат жыве заўсёды на знос. Так мы прывыклi, такi цяпер час.

- Гэта вельмi зручна.

Я засмяяўся.

- Магчыма. Але налi мне крыху гарбаты. Хачу пакаштаваць.

- Не, - сказала яна. - Будзем пiць адно - каву. Але з'еш што-небудзь. На знос дык на знос.

- Цудоўная iдэя. Але цi не разлiчвае Эгберт, палкi аматар пiрожных, што нешта застанецца i яму?

- Магчыма. Але ён павiнен разлiчваць i на помсту нiжнiх чыноў. Гэта якраз у духу часу. Еш спакойна ўсё i не думай пра яго.

Яе вочы гарэлi, яна была надзвычай прыгожая.

- Слухай, - сказаў я. - А ты ведаеш, калi перастаюць жыць да зносу - i не ад нечага шкадавання?

Яна не адказала, а толькi глядзела на мяне.

- Калi я з табой! - сказаў я. - А цяпер без страху i сумнення за зброю супроць Эгберта!

Ранiцай я выпiў толькi кубак булёну ў шафёрскай забягалаўцы. Таму я мог без цяжкасцi з'есцi ўсё, што было на стале. Падбадзёраны словамi Пат, я выпiў таксама ўвесь збаночак кавы.

Мы сядзелi каля акна i палiлi. Вечар чырванню разлiваўся над дахамi.

- З табой вельмi хораша, Пат, - сказаў я. - Я згадзiўся б тыднямi не выходзiць адсюль, каб забыцца пра ўсю будзённую мiтусню.

Яна ўсмiхнулася.

- Быў час, калi я ўвогуле не спадзявалася выйсцi адсюль.

- Калi?

- Калi хварэла.

- Гэта iншая справа. А што ў цябе было?

- Нiчога страшнага. Мне трэба было паляжаць. Я, мусiць, занадта хутка расла, а ела мала. У час вайны i пасля яе жылося бедна.

Я кiўнуў.

- I колькi часу ты ляжала?

Яна на момант завагалася.

- Каля года.

- Але ж гэта вельмi доўга.

Я ўважлiва паглядзеў на яе.

- Усё даўно мiнулася. Але ў той час мне здалося, што прайшло цэлае жыццё. Ты аднойчы ў бары распавядаў мне пра твайго сябра Валянцiна. Быццам пасля вайны ён нiяк не можа забыць, што жывы i якое гэта шчасце. I што пасля гэтага яму ўсё астатняе - абыякава.

- Ты добра запомнiла, - сказаў я.

- Бо мне гэта зразумела. З таго часу я таксама лёгка радуюся. Мне здаецца, што я вельмi павярхоўная.

- Павярхоўныя толькi тыя людзi, якiм здаецца, што яны не такiя.

- Я, напэўна, такая. Я не вельмi разбiраюся ў жыццi. Я разумею толькi прыгажосць. Вось гэты бэз ужо робiць мяне шчаслiвай.

Загрузка...