З'явiўся Алоiс у фраку, падарунку ад гаспадара. Ён прынёс з паўтузiна збаноў з вiном i налiў. З iм прыйшоў Потэр з таварыства крэмацыi, якi толькi што кiраваў спальваннем нябожчыка.
- Мiр на зямлi! - сказаў ён з гонарам, падаў Розе руку i сеў каля яе.
Стэфан Грыгаляйт, якi адразу ж запрасiў Георгi да стала, устаў i зрабiў самую кароткую i самую лепшую прамову ў сваiм жыццi. Ён падняў куфель з iскрыстым "Ваххольдэрам", зiрнуў на ўсе бакi ззяючым позiркам i выгукнуў:
- На здароўе!
Потым ён зноў сеў, i Алоiс прынёс свiныя ножкi, квашаную капусту i бульбу. З'явiўся гаспадар з падносам, на якiм стаялi вялiкiя куфлi залацiстага пльзенскага пiва.
- Еш не спяшаючыся, Георгi, - сказаў я. - Твайму страўнiку трэба спачатку прывыкнуць да тлустага мяса.
- Мне ўвогуле трэба спачатку прывыкнуць, - адказаў ён i зiрнуў на мяне.
- Гэта прыйдзе хутка, - сказаў я. - Толькi не трэба параўноўваць. Тады ўсё пойдзе як трэба.
Ён кiўнуў галавой i зноў нахiлiўся над сваёй талеркай. Раптам на другiм канцы стала распачалася сварка. Пачуўся каркаючы голас Потэра. Ён хацеў чокнуцца з гандляром цыгарамi Бушам, але той адмовiўся, заявiўшы, што ён не хоча пiць, каб пакiнуць больш месца ў жываце для ежы.
- Глупства, - лаяўся Потэр. - Калi ясi, трэба пiць. Калi п'еш, нават больш улезе.
- Лухта! - буркнуў Буш, хударлявы высокi мужчына з плоскiм носам i ў рагавых акулярах.
Потэр аж падскочыў.
- Лухта? I гэта гаворыш мне ты, тытунёвая сава!
- Цiха! - крыкнуў Стэфан Грыгаляйт. - Нiякiх скандалаў на куццю!
Ён папрасiў, каб яму расказалi, у чым справа, i прыняў саламонава рашэнне: праверыць на практыцы. Перад спрачальнiкамi паставiлi па некалькi аднолькавых мiсак з мясам, бульбай i капустай. Порцыi былi вялiзныя. Потэр мог пiць, што хацеў, Буш мусiў есцi насухую. Каб надаць канфлiкту вастрынi, Грыгаляйт арганiзаваў таталiзатар, i на абодвух пачалi ставiць.
Потэр абставiўся куфлямi з пiвам, а памiж iмi, нiбы брыльянты ў каралях, паблiсквалi маленькiя чаркi з гарэлкай. Заклад быў на яго карысць - 3:1.
Буш глытаў пражорлiва, нiзка нахiлiўшыся над талеркай. Потэр змагаўся ў адкрытай стойцы. Пры кожным глытку ён зласлiва гаварыў Бушу: "За здароўе", на што той адказваў позiркам з нянавiсцю.
- Мне кепска, - сказаў мне Георгi.
- Пайшлi выйдзем.
Я завёў яго ў прыбiральню, а сам сеў у фае пачакаць. Саладжавы пах свечак мяшаўся з пахам хвойных iголак, якiя згаралi, патрэскваючы.
I раптам мне здалося, быццам я пачуў лёгкiя любiмыя крокi, быццам адчуў цёплае дыханне i ўбачыў перад сабой вочы...
- Пракляцце! - сказаў я i ўстаў. - Што са мной робiцца?
У той самы момант я пачуў магутны рык.
- Потэр! Брава! Алозiус!
Перамагла крэмацыя.
У заднiм пакоi дымiлi цыгары. Разносiлi каньяк. Я ўсё яшчэ сядзеў каля стойкi. Дзяўчаты выйшлi з-за стала, аб нечым энергiчна шушукаючыся.
- Што ў вас там? - спытаў я.
- Для нас таксама ёсць падарункi, - адказала Марыон.
- Ах, вось што.
Я прыхiлiў галаву да стойкi i падумаў: чым цяпер займаецца Пат? Я ўявiў сабе залу санаторыя, камiн, у якiм палае агонь, i Пат за сталом каля акна з Хэльгай Гутман i iншымi людзьмi. Усё было так даўно. Часам я думаў, што аднойчы прачнуся, а ўсё былое прайшло, забыта, знiкла. Няма нiчога надзейнага - нават успамiнаў.
Зазвiнеў званок. Дзяўчаты, нiбы чародка спалоханых курэй, пабеглi ў бiльярдную. Там стаяла Роза са званочкам у руцэ. Яна кiўнула, каб i я падышоў. Пад маленькай ёлачкай на бiльярдным стале стаялi талеркi, накрытыя шаўковай паперай. На кожнай ляжалi скрутачкi з падарункамi i паперкi з надпiсамi. Дзяўчаты ўручалi iх адна адной. Роза ўсё падрыхтавала. Падарункi яна атрымала гатовыя ад дзяўчат i расклала iх на талеркi.
Дзяўчаты ўсхвалявана залапаталi, спяшаючыся, як дзецi, хутчэй паглядзець, што iм дасталася.
- А ты не хочаш узяць сваю талерку? - спытала Роза.
- Якую талерку?
- Тваю. Табе ж таксама ёсць падарунак.
I сапраўды, маё iмя таксама было напiсана шыкоўным рандо, двума колерамi чырвоным i чорным. Яблыкi, арэхi, апельсiны, ад Розы вязаны жакет, ад гаспадынi - травянiста-зялёны гальштук, ад Кiкi - ружовыя шкарпэткi са штучнага шоўку, ад прыгажунi Валi - скураная дзяга, ад кельнера Алоiса паўбутэлькi рому, ад Марыон, Лiны i Лiлi - паўтузiна хусцiнак, а ад гаспадара - дзве бутэлькi каньяку.
- Дзецi, - сказаў я. - Дзецi, гэта ж зусiм нечакана.
- Сюрпрыз? - усклiкнула Роза.
- Як пiць даць.
Я стаяў сярод iх, разгублены i, дальбог, крануты да глыбiнi душы.
- Дзецi, - сказаў я. - Цi ведаеце вы, калi я апошнi раз атрымлiваў падарункi? Я ўжо i сам не памятаю. Гэта, мусiць, было да вайны. А ў мяне няма нiчога вам.
Усе былi бязмежна радыя, што мяне так здорава ўразiлi.
- За тое, што ты нам заўсёды нешта iграў, - сказала Лiна, чырванеючы.
- Сапраўды, зайграй нам што-небудзь, вось i будзе твой падарунак, заявiла Роза.
- Што захочаце, - сказаў я. - Усё, што захочаце.
- Зайграй "Маю маладосць", -крыкнула Марыон.
- Не, што-небудзь вясёлае, - не пагадзiўся Кiкi.
На яго не звярнулi ўвагi. Яго як "гома" ўвогуле ўсур'ёз не прымалi. Я сеў да пiянiна i зайграў. Усе заспявалi.
Песеньку вясны
Ветры прыняслi...
Маладыя сны,
А цi вы былi?
Гаспадыня выключыла ўсе электралямпачкi. Заставалася толькi святло ад свечак. Нiбы далёкая крынiчка ў лесе, цiха булькатаў пiўны кран, а пласкаступы Алоiс блукаў на заднiм плане, нiбы чорны Пан. Я пачаў другi куплет. З ззяючымi вачыма, з добрымi тварамi мяшчанак дзяўчаты стоўпiлiся вакол пiянiна. I - вось дык дзiва! - нехта заплакаў горкiмi слязьмi. Гэта быў Кiкi - салодкi Кiкi з Люкенвальдэ.
Цiха адчынiлiся дзверы з вялiкай залы. Пад меладычны напеў сюды гужам уплыў хор на чале з Грыгаляйтам, якi палiў чорную бразiльскую цыгару. Спевакi выстраiлiся за дзяўчатамi.
З дому я пайшоў...
Свет багаты цвiў,
А вярнуўся зноў...
Ён пустэльны быў...
Цiха адгучаў хор.
- Выдатна, - сказала Лiза.
Роза запалiла бенгальскiя агнi. Яны шыпелi i стралялi iскрамi.
- Добра, а цяпер што-небудзь вясёленькае! - усклiкнула яна. - Трэба падбадзёрыць Кiкi.
- I мяне таксама, - сказаў Стэфан Грыгаляйт.
У адзiнаццаць гадзiн прыйшлi Кёстэр i Ленц. Мы з бледным Георгi селi за стол каля стойкi. Георгi далi некалькi сухарыкаў, каб паставiць яго на ногi. Неўзабаве пасля гэтага Ленц растварыўся ў шумнай кампанii жывёлапрамыслоўцаў. Праз пятнаццаць хвiлiн мы ўбачылi яго з Грыгаляйтам каля стойкi. Яны скрыжавалi рукi i пiлi на брудэршафт.
- Стэфан! - прадставiўся Грыгаляйт.
- Готфрыд! - адказаў Ленц, i яны выпiлi па чарцы каньяку.
- Я прышлю табе заўтра крывяной i лiвернай каўбасы. Добра, Готфрыд?
- Цудоўна! - Ленц ляпнуў яго па плячы. - Добра, стары Стэфан!
Стэфан ззяў.
- Ты так добра смяешся, - гаварыў ён у захапленнi. - Я люблю, хто так прыгожа смяецца. Я занадта хутка паддаюся суму, гэта мая слабасць.
- I мая! - адказаў Ленц. - Вось таму я i смяюся. Хадзем, Робi, выпi з намi чарку за бясконцы сусветны смех!
Я падышоў да iх.
- Што з тым хлопцам? - спытаў Стэфан i паказаў на Георгi. - У яго вельмi сумны выгляд.
- Яго лёгка зрабiць шчаслiвым, - сказаў я. - Яму патрэбна толькi крыху працы.
- Задачка, - адказаў Стэфан. - На сённяшнi дзень.
- Ён гатовы на любую працу.
- Сёння ўсе на ўсё гатовыя, - Стэфан працверазеў.
- Хлопцу трэба 75 марак у месяц.
- Глупства. Столькi яму не хопiць.
- Яму хопiць, - сказаў Ленц.
- Готфрыд, - адказаў Грыгаляйт, - я стары п'янiца. Добра. Але праца справа сур'ёзная. Яе нельга сёння даць, а заўтра забраць. Гэта яшчэ горш, чым ажанiць чалавека, а заўтра зноў адабраць жонку. Але калi хлопец сумленны i задаволiцца сям'юдзесяццю пяццю маркамi, яму пашанцавала. Няхай прыйдзе да мяне ў аўторак у восем гадзiн. Мне патрэбен памочнiк на ўсякую бегатню па справах саюза i ўсякае такое. Акрамя платы атрымае тады-сяды пакунак мяса. Здаецца, яму не пашкодзiла б крыху падсiлкавацца.
- Гэта цвёрдае слова? - спытаў Ленц.
- Слова Стэфана Грыгаляйта.
- Георгi, - усклiкнуў я, - падыдзi сюды.
Даведаўшыся, у чым справа, ён закалацiўся. Я вярнуўся да Кёстэра.
- Паслухай, Ота, - сказаў я, - ты хацеў бы пачаць жыццё яшчэ раз спачатку, калi б было можна?
- Яшчэ раз гэтаксама?
- Ну.
- Не, - сказаў Кёстэр.
- I я - не, - сказаў я.
XXIV
Гэта здарылася праз тры тыднi, халодным студзеньскiм вечарам. Я сядзеў у "Iнтэрнацыяналi" i гуляў з гаспадаром у "дваццаць адно". Шынок быў пусты, нават прастытуткi не прыйшлi. У горадзе было неспакойна. Па вулiцы ўвесь час праходзiлi калоны - адны маршыравалi пад аглушальныя вайсковыя маршы, другiя, спяваючы "Iнтэрнацыянал". Потым зноў цягнулiся доўгiя маўклiвыя калоны з лозунгамi, якiя патрабавалi працы i хлеба. Шматлiкiя ногi адбiвалi крок па асфальце, быццам гэта iшоў вялiзны няўмольны гадзiннiк. Пад вечар памiж забастоўшчыкамi i палiцыяй адбылася сутычка, у час якой дванаццаць чалавек былi паранены. Цяпер уся палiцыя была ў баявой гатоўнасцi. На вулiцах завывалi сiрэны палiцэйскiх машын.
- Няма спакою, - сказаў гаспадар i адкрыў карты. У яго было шаснаццаць. Вайна скончылася, а спакою няма i няма. А мы ж толькi i марылi пра спакой. Вар'яцкi свет!
У мяне было семнаццаць, i я забраў банк.
- Свет не звар'яцеў, - сказаў я. - Людзi звар'яцелi.
Алоiс, якi стаяў за крэслам гаспадара i "хварэў" за яго, запратэставаў:
- Яны не звар'яцелi, проста сквапныя. Зайздросцяць адзiн аднаму. Ад таго, што ўсяго шмат, у большасцi няма нiчога. Уся справа ў размеркаваннi.
- Вядома, - сказаў я i, узяўшы дзве карты, спасаваў. - Але такое становiшча iснуе ўжо некалькi тысяч гадоў.
Гаспадар адкрыўся. У яго было пятнаццаць. Ён з адчаем зiрнуў на мяне. Потым прыкупiў туза. Перабор. Я адкрыў свае карты. У мяне было толькi дванаццаць ачкоў, i з пятнаццаццю ён выйграў бы.
- Д'ябальшчына! Я кiдаю гуляць, -лаяўся ён. - Якi подлы блеф. Я падумаў, што ў вас не менш васемнаццацi.
Алоiс штосьцi прагундосiў.
Я забраў грошы. Гаспадар пазяхнуў i паглядзеў на гадзiннiк.
- Скора адзiнаццаць. Здаецца, трэба зачыняць. Больш ужо нiхто не прыйдзе.
- Хтосьцi iдзе, - сказаў Алоiс.
Дзверы адчынiлiся. Гэта быў Кёстэр.
- Ёсць навiны, Ота?
Ён кiўнуў галавой.
- Бойка ў залах "Барусii". Двое цяжка параненых, некалькi дзесяткаў лёгка параненых i каля сотнi арыштаў. Дзве перастрэлкi ў паўночнай частцы горада. Адзiн палiцэйскi забiты. Не ведаю, колькi параненых. Ну, галоўнае, вiдаць, пачнецца толькi зараз, калi закончацца вялiкiя сходы. Ты ўжо закончыў?
- Так, - сказаў я. - Мы ўжо хацелi канчаць.
- Тады пайшлi.
Я зiрнуў на гаспадара. Ён кiўнуў.
- Тады прывiтанне, - сказаў я.
- Бывайце, - адказаў гаспадар. - Паасцеражыцеся.
Мы выйшлi. На вулiцы пахла снегам. Усюды ляжалi лiстоўкi, падобныя да вялiкiх мёртвых белых матылёў.
- Готфрыда няма, - сказаў Кёстэр. - Дзесьцi тырчыць на адным з гэтых сходаў. Я чуў, што iх будуць разганяць, i думаю, што яшчэ ўсяго будзе. Было б добра захапiць яго да канца. Ён жа не стрымаецца.
- Ты ведаеш, дзе ён? - спытаў я.
- Не дакладна. Але, напэўна, на адным з трох галоўных сходаў. Трэба зазiрнуць на iх. Готфрыда лёгка пазнаць па яго вогненнай шавялюры.
- Добра. - Мы селi ў машыну i панеслiся ў "Карле" да рэстарана, дзе праходзiў адзiн сход.
На вулiцы стаяў грузавiк з палiцэйскiмi. Раменьчыкi фуражак былi апушчаны. Рулi карабiнаў матава паблiсквалi ў святле лiхтароў. З вокнаў звiсалi стракатыя сцягi. Каля ўвахода тоўпiлiся людзi ў форме. Амаль усе маладыя.
Мы купiлi два бiлеты, адмовiўшыся ад брашур, не кiнуўшы нiводнага пфенiга ў скарбонкi i не аб'яўляючы сваёй партыйнай прыналежнасцi. Мы зайшлi ў залу. Яна была запоўнена i добра асветлена, каб адразу выявiць, хто падае голас з месца. Мы спынiлiся каля ўвахода, i Кёстэр, у якога быў вельмi востры зрок, пачаў разглядаць рады.
На подыуме стаяў дужы каржакаваты мужчына i гаварыў. У яго быў гучны грудны голас, якi быў добра чуваць у зале. Гэта быў голас, якi пераконваў, калi нават не асаблiва ўдумвацца ў сэнс прапановы. А сэнс быў лёгка зразумелы. Чалавек нязмушана хадзiў па сцэне, рабiў скупыя жэсты, час ад часу выпiваў глыток вады i жартаваў. Потым ён раптам моўчкi спыняўся, паварочваўся тварам да публiкi i змененым рэзкiм голасам высякаў сказ за сказам, ён выдаваў iсцiны, усiм вядомыя, - пра беднасць, пра голад, пра беспрацоўе, усё больш распаляючыся, вабячы за сабой слухачоў. Урэшце ён палка шпурнуў у залу: "Далей так быць не можа! Патрэбны перамены!"
Публiка шалёна пляскала i крычала, быццам перамены ўжо наступiлi. Чалавек на сцэне чакаў, пакуль супакояцца. Яго твар блiшчаў. А потым наступiла галоўнае - шырока, пераканаўча, нястрымна: абяцаннi за абяцаннямi, цэлы град абяцанняў, i над галовамi слухачоў з'яўляўся купал раю, казачна стракаты, як латарэя, дзе ўсе нумары - выйгрышныя, дзе кожны знойдзе сваё асабiстае шчасце i асабiстыя правы i асабiстую помсту.
Я паглядзеў на слухачоў. Тут былi людзi ўсiх прафесiй, бухгалтары, дробныя рамеснiкi, чыноўнiкi, нейкая частка рабочых i шмат жанчын. Яны цяпер сядзелi ў душнай зале, адкiнуўшыся цi нахiлiўшыся, рад за радам, галава ля галавы. Хвалi слоў накатвалiся на iх, i было дзiўна: якiя розныя яны нi былi б, твары ва ўсiх мелi аднолькавы адсутны выраз, сонныя позiркi, скiраваныя ў туманную далячынь у пошуках фаты-марганы. У вачах была пустэча i адначасова магутнае чаканне, у якiм растваралася ўсё - крытыка, сумненнi, супярэчлiвасцi i пытаннi, штодзённасць, сучаснасць, рэчаiснасць. Той чалавек на сцэне ведаў усё, у яго былi адказы на любое пытанне, рада ў любой бядзе. Было прыемна даверыцца яму. Добра было, што быў такi, хто думаў за цябе. Было прыемна верыць.
Кёстэр штурхануў мяне пад бок. Ленца тут не было. Ён паказаў галавой на выхад. Я кiўнуў, i мы пайшлi. Хлопцы, што стаялi на варце каля дзвярэй, зiрнулi на нас змрочна i падазрона. У вестыбюлi пастроiўся аркестр, гатовы крочыць у залу. За iм быў лес сцягоў i процьма значкоў.
- Выдатна арганiзавана, праўда? - спытаўся Кёстэр на вулiцы.
- Першакласна. Магу судзiць пра гэта як стары кiраўнiк аддзела рэкламы.
Мы праехалi некалькi кварталаў да месца, дзе праходзiў другi сход. Iншыя сцягi, iншыя ўнiформы, iншая зала. Але ўсё астатняе амаль тое самае. На тварах той самы выраз няпэўнай надзеi i вернiцкай спустошанасцi. Перад радамi крэслаў - стол прэзiдыума, накрыты белым стольнiкам. За iм - партыйныя сакратары, прэзiдыум, некалькi энергiчных старых дзеў. Прамоўца, вiдаць,чыноўнiк, быў слабейшы за папярэдняга. Ён гаварыў казённай нямецкай мовай, прыводзiў лiчбы, доказы, усё было правiльна, але, нягледзячы на гэта, ён пераконваў слабей, чым той, другi, якi ўвогуле нiчога не даказваў, а толькi сцвярджаў. Зморана драмалi ў прэзiдыуме партыйныя сакратары, яны ўжо бачылi сотнi такiх сходаў.
- Пайшлi, - праз хвiлiну сказаў Кёстэр. - Яго тут таксама няма. Дарэчы, я так i думаў.
Мы паехалi далей. Пасля духаты ў перапоўненых залах паветра было халоднае i свежае. Машына iмчала па вулiцах. Мы ехалi мiма канала. Лiхтары кiдалi жаўтлявыя рэфлексы на цёмную ваду, якая цiха плёхалася каля бетоннай набярэжнай. Мiма паволi праплыла чорная баржа. Яе цягнуў буксiрны параходзiк з чырвонымi i зялёнымi сiгнальнымi агнямi. Адтуль забрахаў сабака, потым пад лiхтаром з'явiўся чалавек i знiк у люку, якi на iмгненне блiснуў залацiстым святлом. На тым баку канала ярка свяцiлiся дамы заходняй часткi горада. Да iх вёў мост з шырокай аркай. Бесперапынна туды-сюды снавалi машыны, аўтобусы, трамваi. Усё гэта было падобна да iскрыстай стракатай зямлi пад нерухомай чорнай вадой.
- Давай пакiнем машыну тут i пройдзем астатак дарогi пехатой, - праз хвiлiну сказаў Кёстэр. - Не так будзем кiдацца ў вочы.
Мы спынiлi "Карла" пад лiхтаром каля шынка. Калi мы выйшлi, ад нас наўцёкi кiнулася белая коцiка. Некалькi прастытутак у фартушках стаялi крыху паводдаль пад аркай варотаў. Калi мы праходзiлi мiма, яны прымоўклi. Катрыншчык спаў, прыхiлiўшыся да сцяны дома. Старая жанчына корпалася ў адкiдах, зваленых у кучу каля вулiцы.
Мы падышлi да вялiзнага будынка дома-казармы з мноствам флiгеляў, двароў i праходаў. На нiжнiм паверсе месцiлiся крамы, булачная i пункт прыёму рыззя i лому. На вулiцы перад першым праходам стаялi два грузавiкi з палiцэйскiмi.
У адным з куткоў першага двара быў абсталяваны стэнд, на якiм вiсела некалькi картаў зорнага неба. За сталом з паперамi на невялiчкiм узвышэннi стаяў чалавек у турбане. Над яго галавой вiсела шыльда: "Астралогiя, графалогiя, прадказанне будучынi. Ваш гараскоп за 50 пфенiгаў". Яго акружаў натоўп. Зыркае святло карбiднага лiхтара падала на яго жоўты зморшчаны твар. Ён нешта настойлiва ўнушаў слухачам, якiя моўчкi глядзелi на яго - тым жа самым згубленым, адсутным позiркам з надзеяй на цуд, як i слухачы на сходах са сцягамi i аркестрамi.
- Ота, - звярнуўся я да Кёстэра, якi крочыў перада мной, - цяпер я ведаю, чаго хочуць людзi. Яны хочуць не палiтыкi. Яны хочуць замены рэлiгii.
Ён азiрнуўся.
- Вядома. Яны зноў хочуць у нешта верыць. Усё роўна, у што. Вось чаму яны фанатычныя.
Мы трапiлi ў другi двор, дзе быў шынок, у якiм праходзiлi сходы. Ва ўсiх вокнах гарэла святло. Потым мы пачулi з сярэдзiны шум. У той самы момант з цёмнага бакавога праходу ў двор як па сiгнале ўляцелi некалькi хлопцаў у непрамакальных спартовых куртках. Яны кiнулiся, прыцiскаючыся да сцяны, у дзверы шынка. Пярэднi рыўком адчынiў iх, i ўсе рынулiся ўсярэдзiну.
- Ударная група, - сказаў Кёстэр. - Хадзем сюды да сцяны, станем за пiўнымi бочкамi.
У зале ўзняўся грукат i гвалт. У наступную секунду дзынкнула шыба i нехта вылецеў праз акно. Адразу ж пасля гэтага трэснулi дзверы, з iх вывалiўся клубок людзей, першыя спатыкнулiся, заднiя павалiлiся на iх. Завiшчала, просячы дапамогi, жанчына i пабегла праз вароты на вулiцу. Затым вывалiўся другi клубок. Людзi былi ўзброены ножкамi ад крэслаў i пiўнымi куфлямi. Выскачыў вялiзны цясляр, стаў крышку ўбаку, i кожны раз, убачыўшы перад сабой твар працiўнiка, ён сваёй доўгай рукой апiсваў круг i ўдарамi заганяў таго назад у кучу. Ён рабiў гэта спакойна, быццам сек дровы.
Яшчэ адзiн ком вывалiўся, i раптам мы ўбачылi на адлегласцi трох метраў рыжую галаву Готфрыда, якая трапiла пад руку ашалеламу вусачу.
Кёстэр прыгнуўся i нырнуў у бойку. Праз некалькi секунд вусач выпусцiў Готфрыда, з выразам надзвычайнага здзiўлення падняў рукi ўгору i ўпаў у натоўп, як падпiлаванае дрэва. Адразу пасля гэтага я ўбачыў Кёстэра, якi цягнуў за каўнер Ленца.
Ленц вырываўся.
- Пусцi мяне яшчэ на хвiлiнку, Ота, - хрыпеў ён.
- Глупства, - крычаў Кёстэр. - Зараз паявiцца палiцыя. Пайшлi! Сюды!
Мы пабеглi праз двор, да цёмнага бакавога праходу. Мы спяшалiся недарма. У той самы момант у дварэ загучалi залiвiстыя свiсткi, замiльгалi чорныя каскi палiцэйскiх, яны ачапiлi двор. Мы пабеглi ўверх па лесвiцы, каб не трапiць у рукi палiцыi. З акна на лесвiчнай пляцоўцы мы бачылi, што адбылося потым. Палiцыя працавала блiскуча. Яна перакрыла выйсцi, убiла ў клубок клiн, рассекла натоўп на часткi i пачала адразу вывозiць удзельнiкаў. Першым трапiў разгублены цясляр, якi спрабаваў яшчэ нешта растлумачыць. За нашымi спiнамi адчынiлiся дзверы. Жанчына ў сарочцы з голымi тонкiмi нагамi са свечкай у руцэ высунула ў калiдор галаву.
- Гэта ты? - спытала яна змрочна.
- Не, - сказаў Ленц, якi ўжо ачомаўся.
Жанчына грымнула дзвярыма. Ленц кiшэнным лiхтарыкам пасвяцiў на дзверы. Тут чакалi Герхарда Пешкэ, муляра.
Унiзе стала цiха. Палiцыя паехала, двор апусцеў. Мы яшчэ крыху пачакалi, потым спусцiлiся ўнiз па лесвiцы. За чыiмiсьцi дзвярыма плакала дзiця. Яно румзала цiха, на нешта скардзячыся ў змроку.
- Правiльна плача, - сказаў Готфрыд, - у аванс.
Мы прайшлi праз пярэднi двор. Астролаг, усiмi пакiнуты, стаяў перад сваiмi зорнымi картамi.
- Вам гараскоп, панове? - усклiкнуў ён. - Цi паваражыць, што будзе, па руцэ?
- Давай, - сказаў Готфрыд i працягнуў яму руку.
Мужчына нейкi час вывучаў яе.
- У вас парок сэрца, - катэгарычна заявiў ён. - Вашы пачуццi моцна развiтыя, ваша лiнiя мудрасцi вельмi кароткая, затое ў вас добрыя музычныя здольнасцi. Вы шмат марыце, але вы непрыгодны як муж. I ўсё ж я бачу трое дзяцей. Вы - дыпламатычная натура, схiльны да замкнёнасцi. Вы дажывяце да 80 гадоў.
- Усё правiльна, - заявiў Готфрыд. - Мая фройляйн мама таксама казала заўсёды: хто злуецца, той хутка састарыцца. Мараль - знаходка людзей, а не выснова жыцця.
Ён заплацiў, i мы пайшлi далей. Вулiца была пустая. Чорная кошка перабегла нам дарогу. Ленц звярнуў увагу на яе.
- Нам трэба вярнуцца.
- Кiнь, - сказаў я. - Нядаўна мы бачылi белую. Ёсць раўнавага.
Мы пайшлi па вулiцы. Некалькi чалавек iшлi нам насустрач па другiм баку. Гэта былi чатыры маладыя хлапцы. Адзiн быў у новых светла-жоўтых крагах, астатнiя - у ботах, падобных да вайсковых. Яны спынiлiся i ўтаропiлiся на нас.
- Вось ён! - крыкнуў раптам той, што быў у крагах, i пабег да нас праз вулiцу. У наступны момант прагучалi два стрэлы, хлопец адскочыў убок, i ўсе чацвёра кiнулiся з усiх ног наўцёкi. Я ўбачыў, як Кёстэр хацеў кiнуцца за iмi, але потым неяк дзiўна павярнуўся, выпрастаў рукi, выдаў прыглушаны дзiкi ўскрык i паспрабаваў падхапiць Готфрыда Ленца, якi цяжка грымнуўся на асфальт.
На секунду я падумаў, што ён проста ўпаў. Потым я заўважыў кроў. Кёстэр рыўком расхiнуў яму пiнжак, сарваў сарочку... Кроў бiла моцным струменем. Я прыцiснуў да раны хусцiнку.
- Пабудзь тут, я прыганю машыну, - крыкнуў Кёстэр i пабег.
- Готфрыд, - сказаў я, - ты чуеш мяне?
Яго твар пашарэў. Вочы былi прыплюшчаны. Вейкi не варушылiся. Адной рукой я трымаў яго галаву, а другой прыцiскаў хусцiнку да месца, адкуль iшла кроў. Я ўкленчыў каля яго, прыслухоўваўся да яго хрыпаў, яго дыхання, але я нiчога не чуў, усё як амярцвела: бясконцая вулiца, бясконцыя рады дамоў, бясконцая ноч... я толькi чуў, як кроў з цiхiм плёскатам капала на зямлю, i ведаў, што так ужо не адзiн раз магло здарыцца, i не верыў цяпер, што гэта праўда.
Падляцеў на машыне Кёстэр. Ён адкiнуў спiнку левага сядзення. Мы асцярожна паднялi Готфрыда i паклалi на сядзеннi. Я ўскочыў у машыну, Кёстэр даў газу. Мы паехалi ў блiжэйшы пункт хуткай дапамогi. Кёстэр асцярожна затармазiў.
- Паглядзi, цi ёсць лекар. Калi няма, паедзем далей.
Я пабег. Насустрач мне выйшаў санiтар.
- Ёсць лекар?
- Ёсць. Вы некага прывезлi?
- Так. Вазьмiце насiлкi, i хадзем.
Мы паклалi Готфрыда на насiлкi i ўнеслi ў бальнiцу. Лекар ужо стаяў з закасанымi рукавамi.
- Сюды! - Ён паказаў на стол. Мы паставiлi насiлкi. Лекар апусцiў лямпу да самай раны.
- Што гэта?
- З рэвальвера.
Ён узяў ваты, выцер кроў, памацаў пульс, праслухаў яго i выпрастаўся.
- Ужо нiчога не зробiш.
Кёстэр утаропiўся ў яго.
- Але ж куля прайшла зусiм збоку. Не можа быць, што так дрэнна.
- Тут раны ад двух стрэлаў! - сказаў лекар.
Ён зноў выцер кроў. Мы нахiлiлiся. Цяпер мы бачылi, што наўскасяк ад той раны, якая так моцна крывянiла, была другая - маленькая цёмная адтулiна ў вобласцi сэрца.
- Ён памёр амаль iмгненна, - сказаў лекар.
Кёстэр выпрастаўся. Ён узiраўся ў Готфрыда. Лекар закрыў раны тампонамi i заклеiў iх палоскамi пластыра.
- Вы хочаце ўмыцца? - спытаў ён мяне.
- Не, - адказаў я.
Твар Готфрыда пажаўцеў i запаў. Рот крыху скрывiўся, вочы былi прыплюшчаны, адно больш, другое менш. Ён глядзеў на нас. Ён увесь час глядзеў на нас.
- Як гэта здарылася? - спытаў лекар.
Нiхто не адказаў. Готфрыд глядзеў на нас. Ён глядзеў на нас неадрыўна.
- Ён можа застацца тут, - сказаў лекар.
Кёстар зварухнуўся.
- Не, - запярэчыў ён. - Мы яго забяром.
- Нельга, - сказаў лекар. - Трэба патэлефанаваць у палiцыю. I крымiналiстам. Трэба ўсё адразу зрабiць, каб знайсцi злачынцу.
- Злачынцу? - Кёстэр зiрнуў на лекара, быццам не разумеючы яго. - Добра, сказаў ён потым, - я паеду i прывязу палiцыю.
- Вы можаце патэлефанаваць. Тады яны хутчэй прыедуць.
Кёстэр цiха пахiтаў галавой.
- Не. Я iх прывязу.
Ён выйшаў, i я пачуў, як загудзеў матор "Карла". Лекар падсунуў мне крэсла.
- Не хочаце прысесцi пакуль што?
- Дзякую, - сказаў я, застаючыся стаяць. Яркае святло ўсё яшчэ падала на акрываўленыя грудзi Готфрыда. Лекар крыху падняў лямпу.
- Як жа тэта здарылася? - спытаў ён яшчэ раз.
- Я не ведаю. Мусiць, з некiм пераблыталi.
- Ён быў на вайне? - спытаў лекар.
Я кiўнуў галавой.
- Гэта бачна па рубцах, - сказаў ён. - I па прастрэленай руцэ. Ён быў паранены некалькi разоў.
- Якая подласць, - сказаў санiтар. - Вашывыя падшыванцы. Тады, пэўна, яшчэ ў полках ляжалi.
Я нiчога не адказаў. Готфрыд глядзеў на мяне. Увесь час.
Кёстэр вярнуўся не скора. Ён быў адзiн. Лекар адклаў газету, якую чытаў.
- Ёсць прадстаўнiкi ўлады? - спытаў ён.
Кёстэр спынiўся. Ён не чуў, што сказаў лекар.
- Палiцыя прыехала? - спытаў лекар яшчэ раз.
- А-а, - адказаў Кёстэр, - палiцыя. Трэба патэлефанаваць, каб прыехала.
Лекар глянуў на яго, але нiчога не сказаў i пайшоў да тэлефона. Праз некалькi хвiлiн прыйшлi два палiцэйскiя чыноўнiкi. Яны селi за стол, i адзiн з iх пачаў запiсваць звесткi пра Готфрыда. Не ведаю чаму, але мне здалося вар'яцтвам адказваць, як яго звалi, i калi ён нарадзiўся, i дзе ён жыў, адказваць цяпер, калi ён быў мёртвы. Я ўтаропiўся на чорны агрызак алоўка, якi час ад часу чыноўнiк слiнiў. Я адказваў механiчна.
Другi чыноўнiк пачаў складаць пратакол. Кёстэр даваў патрэбныя звесткi.
- Вы можаце мне сказаць, як прыкладна выглядаў забойца? - спытаўся чыноўнiк.
- Не, - адказаў Кёстэр. - Я не звярнуў увагi.
Я зiрнуў на яго. Я прыпомнiў жоўтыя крагi i ўнiформу.
- Вы не ведаеце, да якой партыi ён належаў? Вы не бачылi значкоў альбо ўнiформы?
- Не, - сказаў Кёстэр. - Да стрэлаў я нiчога не бачыў. А потым я толькi зай... - ён на iмгненне запнуўся, - займаўся маiм таварышам.
- Вы ўваходзiце ў якую-небудзь партыю?
- Не.
- Я пытаю таму, што вы сказалi, што ён ваш таварыш...
- Ён мой таварыш з вайны, - сказаў Кёстэр.
Чыноўнiк павярнуўся да мяне.
- Вы можаце апiсаць забойцу?
Кёстэр цвёрда зiрнуў на мяне.
- Не, - сказаў я. - Я таксама нiчога не бачыў.
- Дзiўна, - сказаў чыноўнiк.
- Мы размаўлялi i нi на што не звярталi ўвагi. Усё адбылося вельмi хутка.
Чыноўнiк уздыхнуў.
- Мала надзеi, што мы зловiм малайцоў.
Ён закончыў пратакол.
- Мы можам забраць яго? - спытаў Кёстэр.
- Шчыра кажучы... - чыноўнiк глянуў на лекара. - Прычына смерцi вызначана дакладна?
Лекар кiўнуў галавой.
- Я ўжо склаў акт.
- А дзе куля? Я павiнен забраць кулю.
- Былi дзве кулi. Яны ў целе. Мне трэба было б... - лекар завагаўся.
- Мне патрэбны абедзве, - сказаў чыноўнiк. - Трэба паглядзець, цi з адной зброi стралялi.
- Няхай, - сказаў Кёстэр на позiрк лекара.
Санiтар паправiў насiлкi i апусцiў святло. Лекар узяў свае iнструменты i запусцiў пiнцэт у рану. Першую кулю ён знайшоў хутка. Яна сядзела не вельмi глыбока. Каб дастаць другую, давялося рабiць надрэз. Ён нацягнуў гумавыя пальчаткi да локцяў i ўзяў зацiскi i скальпель. Кёстэр паспешлiва падышоў да насiлак i закрыў Готфрыду вочы, якiя ўсё яшчэ былi прыплюшчаны. Пачуўшы лёгкi шоргат скальпеля, я адвярнуўся. У нейкi момант я хацеў падскочыць i адштурхнуць лекара, бо мне раптам здалося, што Готфрыд толькi страцiў прытомнасць, а лекар зараз сапраўды зарэжа яго... але я потым ачнуўся. Мы бачылi дастаткова нябожчыкаў, каб разумець...
- Вось яна, - сказаў лекар i выпрастаўся. Ён выцер кулю i аддаў яе чыноўнiку.
- Такая ж самая. З той самай зброi, праўда?
Кёстэр нахiлiўся i пачаў уважлiва разглядаць маленькiя, з матавым бляскам, кулi, якiя качалiся на далонi палiцэйскага чыноўнiка.
- Так, - сказаў ён.
Чыноўнiк загарнуў iх у паперку i схаваў у кiшэнь.
- Папраўдзе, гэта не дазволена, - сказаў ён праз нейкi час, - але калi вы хочаце ўзяць яго дадому... састаў злачынства высветлены, цi не так, доктар? Лекар кiўнуў. - Вы ж i судовы лекар, - працягваў чыноўнiк, - ну тады... як хочаце... вам толькi трэба... можа здарыцца, што заўтра з'явiцца яшчэ адна камiсiя...
- Я ведаю, - сказаў Кёстэр. - Мы ўсё пакiнем, як было.
Чыноўнiкi пайшлi.
Лекар iзноў закрыў i заклеiў раны Готфрыда.
- Што вы хочаце рабiць? - спытаў ён. - Вы можаце ўзяць з сабой насiлкi. Толькi вярнiце iх сюды заўтра да вечара.
- Добра, дзякуй, - сказаў Кёстэр. - Пайшлi, Робi.
- Я дапамагу вам, - сказаў санiтар.
Я пахiтаў галавой.
- Справiмся.
Мы паднялi насiлкi, вынеслi iх i ўладкавалi на два левыя сядзеннi, якiя ўтварылi плоскасць з адкiнутымi спiнкамi. Санiтар i лекар выйшлi i назiралi, што мы робiм. Мы накрылi Готфрыда яго плашчом i паехалi. Праз некалькi хвiлiн Кёстэр павярнуўся да мяне.
- Мы потым яшчэ раз праедзем па той вулiцы. Я ўжо раз быў там. Але было зарана. Магчыма, яны паявяцца.
Паволi пайшоў снег. Кёстэр вёў машыну амаль нячутна. Ён часта выцiскаў счапленне i выключаў запальванне. Ён не хацеў, каб нас чулi, хоць чацвёрка, якую мы шукалi, не ведала, што ў нас ёсць машына. Бясшумна, як белы прывiд, мы плылi праз снег, якi падаў усё гусцей. Я дастаў з iнструментаў малаток i паклаў каля сябе, каб нечакана выскачыць з машыны i ўдарыць. Мы ехалi па вулiцы, на якой адбылася трагедыя. Пад лiхтаром яшчэ можна было бачыць чорную крывавую пляму. Кёстэр выключыў святло. Мы ехалi каля самага бардзюра i сачылi за вулiцай. Нiкога не было бачна. Толькi з асветленага шынка чулiся галасы.
Кёстэр спынiўся на скрыжаваннi.
- Застанься тут, - сказаў ён, - я зазiрну ў шынок.
- Пойдзем разам, - не згадзiўся я.
Ён кiнуў на мяне позiрк, якi я запомнiў з таго часу, калi ён адзiн хадзiў у разведку.
- У шынку я нiчога ўсчынаць не буду, - сказаў ён. - Ён можа ўлiзнуць ад мяне. Я толькi гляну, цi ёсць ён там. Мы тады пачакаем яго. Застанься тут каля Готфрыда.
Я згодна кiўнуў, i ён знiк у завiрусе. Сняжынкi бiлi мне ў твар i раставалi. Мне раптам зрабiлася не па сабе, што Готфрыд закрыты, як быццам ён ужо не з намi, i я адкiнуў плашч з твару. Цяпер снег падаў яму на твар, на вочы, на вусны, але не раставаў. Я ўзяў сваю хусцiнку, абцёр яго i зноў накiнуў на яго плашч.
Вярнуўся Кёстэр.
- Няма?
- Не, - адказаў ён.
Ён сеў у машыну.
- Мы праедзем цяпер па iншых вулiцах. У мяне такое пачуццё, што мы яго вось-вось сустрэнем.
Матор зароў, але тут жа сцiшыўся. Мы пацiху ехалi праз белую завiрушную ноч, з вулiцы ў вулiцу, на паваротах я прытрымлiваў Готфрыда, каб ён не з'ехаў. Час ад часу мы спынялiся, ад'ехаўшы метраў сто ад якога-небудзь шынка, i Кёстэр шырокiмi крокамi бег назад, каб зазiрнуць у яго. Ён быў апантаны змрочным, халодным шаленствам. Ён не думаў пра тое, што спачатку трэба завезцi Готфрыда. Двойчы ён памыкаўся зрабiць гэта, але потым зноў вяртаўся, бо яму здавалася, што якраз у гэты момант можа з'явiцца чацвёрка.
Раптам далёка наперадзе на пустой доўгай вулiцы мы ўбачылi цёмную групу людзей. Кёстэр адразу ж выключыў запальванне, i мы бясшумна, выключыўшы фары, пад'ехалi да iх. Тыя нас не пачулi. Яны размаўлялi памiж сабой.
- Чацвёра, - шапнуў я Кёстэру. У той самы момант машына зараўла, iмгненна праляцела апошнiя дзвесце метраў, амаль заскочыла на тратуар i з вiскам, ледзь не перакулiўшыся, спынiлася не больш чым за метр ад чатырох, якiя спуджана ўскрыкнулi. Кёстэр павiс, нахiлiўшыся з машыны, яго цела напружынiлася, як сталёвы лук, ён быў гатовы выскачыць. Яго твар зрабiўся няўмольны, як смерць.
Мы ўбачылi чатырох бездапаможных пажылых людзей. Адзiн з iх быў п'яны. Яны пачалi лаяцца. Кёстэр нiчога не адказаў. Мы паехалi далей.
- Ота, - сказаў я, - мы сёння не знойдзем яго. Я не думаю, што ён адважыцца выйсцi на вулiцу.
- Можа, i так, - адказаў ён праз нейкi час i павярнуў машыну. Мы паехалi да дома, дзе жыў Кёстэр. У яго пакой быў асобны ўваход, так што нiкога не трэба было будзiць. Калi мы выйшлi з машыны, я сказаў:
- Чаму ты не захацеў гаварыць палiцыi, як той выглядаў? Нам дапамаглi б знайсцi яго. А мы ж яго разгледзелi даволi добра.
Кёстэр зiрнуў на мяне.
- Таму што мы самi з iм разлiчымся, без палiцыi. Няўжо ты думаеш... - яго голас зноў прыцiх, ён быў прыглушаны i жахлiвы, - што я аддам яго палiцыi? Каб ён атрымаў некалькi гадоў турмы? Ты ж ведаеш, чым канчаюцца ўсе гэтыя працэсы. Гэтыя малойчыкi ведаюць, што знойдуцца добранькiя суддзi! Гэтага не будзе! Кажу табе: калi б яго нават злавiла палiцыя, я заявiў бы, што гэта не той, каб ён сам трапiў мне ў рукi. Готфрыд мёртвы, а той - жывы? Гэтага не будзе!
Мы знялi насiлкi з сядзенняў i праз завiруху i вецер унеслi iх у пакой, i мне здалося, што мы зноў у Фландрыi нясём забiтага таварыша з акопаў у тыл.
Мы купiлi труну i месца на могiлках. Яго хавалi ў ясны сонечны дзень. Мы самi закрылi труну i знеслi яе ўнiз па лесвiцы. Працэсiя была невялiкая. Фердынанд, Валянцiн, Альфонс, бармен Фрэд, Георгi, Юп, фраў Штос, Густаў, Стэфан Грыгаляйт i Роза.
Каля варотаў могiлак мы вымушаны былi пачакаць. Перад намi былi яшчэ дзве працэсii. Аднаго нябожчыка прывезлi на чорным катафалку, другога - на карэце, у якую былi запрэжаны конi, упрыгожаныя чорным i срэбным крэпам. За карэтай цягнулася бясконцая працэсiя жалобнiкаў, якiя ажыўлена размаўлялi памiж сабой.
Мы знялi труну з машыны i самi апусцiлi яе на вяроўках. Магiльшчыку гэта было па душы, бо яму i без таго хапала работы. Мы запрасiлi святара. Мы, праўда, не ведалi, што на гэта сказаў бы Готфрыд, але Валянцiн настояў на сваiм. Ва ўсякiм разе мы папрасiлi святара не гаварыць прамовы. Няхай ён толькi прачытае з Бiблii. Святар быў стары i блiзарукi. Калi ён падышоў да магiлы, то спатыкнуўся i ледзь не ўвалiўся ў яе, - добра, што Кёстэр i Валянцiн падхапiлi i ўтрымалi яго. Але падаючы, ён выпусцiў з рук Бiблiю i згубiў акуляры, якiя хацеў надзець. Яны ўпалi ў магiлу. Святар разгублена пазiраў унiз.
- Не хвалюйцеся, - сказаў Валянцiн. - Мы кампенсуем вам страчаныя рэчы.
- Бог з ёй, з кнiгай, - цiха адказаў святар. - А вось без акуляраў мне не абысцiся.
Валянцiн адламаў галiнку ад прысадаў. Потым ён укленчыў на крайку магiлы, i яму ўдалося зачапiць акуляры i выцягнуць iх з вянкоў. Абсадка была залатая. Магчыма, па гэтай прычыне святару так хацелася вярнуць iх. Бiблiя правалiлася каля сценкi труны. Каб дастаць яе, трэба было б выцягваць труну i лезцi ў магiлу. Гэтага i святар не хацеў.
- Можа, мне сказаць некалькi слоў? - спытаў ён.
- Не варта, - сказаў Фердынанд. - Цяпер жа з iм увесь Стары i Новы запаветы.
Ускапаная зямля востра пахла. У адным камяку варушылася белая лiчынка. Калi магiлу зноў засыплюць зямлёй, лiчынка будзе жыць, ператворыцца ў кукалку, налета вылезе з зямлi i трапiць на святло. А Готфрыд - мёртвы. Ён пагас. Мы стаялi каля яго магiлы, мы ведалi, што яго цела, валасы, вочы яшчэ iснуюць, у iншым стане, але ўсё ж ёсць, i, нягледзячы на гэта, яго самога няма, i ён нiколi ўжо не вернецца. Гэта было непадуладна розуму. Наша цела было цёплае, нашы мазгi працавалi, сэрца гнала кроў па жылах, мы iснавалi, як i раней, як учора, мы не страцiлi нi рукi, нi нагi, не аслеплi i не анямелi, усё было, як заўсёды, зараз мы пойдзем, а Готфрыд Ленц застанецца i нiколi не прыйдзе да нас. Гэта было недаступна разуменню.
Камякi зямлi застукалi па веку труны. Магiльшчык даў нам рыдлёўкi, i цяпер мы хавалi яго - Валянцiн, Кёстэр, Альфонс, я, - як хавалi ўжо не аднаго таварыша. Раптам у маёй памяцi загрымела старая салдацкая песня, старая, тужлiвая. Гэтую песню ён любiў спяваць.
Аргонскi лес шумiць, шумiць,
Тут пахаванымi нам быць...
Альфонс прынёс просты чорны драўляны крыж, такi, якiх сотнi тысяч засталося стаяць на бясконцых радах магiл у Францыi. Мы паставiлi яго ў галавах магiлкi.
- Пайшлi, - нарэшце хрыплым голасам сказаў Валянцiн.
- Пайшлi, - сказаў Кёстэр i не варухнуўся.
Нiхто з нас не варухнуўся. Валянцiн зiрнуў па чарзе на кожнага.
- Навошта? - паволi сказаў ён. - Ну, навошта?
Нiхто не адказаў.
Валянцiн знясiлена махнуў рукой.
- Пайшлi.
Мы пайшлi па пясчанай сцяжыне да выхаду. Каля брамы нас чакалi Фрэд, Георгi i астатнiя.
- Як ён цудоўна смяяўся, - сказаў Стэфан Грыгаляйт. Слёзы пацяклi па яго бездапаможным, злосным твары.
Я азiрнуўся. За намi нiхто не iшоў.
XXV
У лютым я ў апошнi раз сядзеў з Кёстэрам у нашай майстэрнi. Мы былi вымушаны прадаць яе i цяпер чакалi распарадчыка аўкцыёна, якi павiнен быў пусцiць з малатка ўсё абсталяванне i таксi. У Кёстэра быў намер вясной уладкавацца гоншчыкам пры невялiчкай аўтафiрме. Я пакуль што заставаўся ў кафе "Iнтэрнацыяналь" i думаў пашукаць сабе яшчэ работу днём, каб павялiчыць свой заробак.
У двары паступова пачалi сабiрацца людзi. Прыйшоў аўкцыёншчык.
- Ты выйдзеш, Ота? - спытаў я.
- Навошта? Усё выстаўлена, а ён ведае, што да чаго.
У Кёстэра быў змораны выгляд. Па iм гэта не вельмi было вiдаць, але той, хто добра ведаў яго, заўважаў. Яго твар здаваўся больш напружаным i жорсткiм.
Кожны вечар ён выязджаў на машыне, патрулюючы адны i тыя ж вулiцы. Ён ужо даўно ведаў прозвiшча хлопца, якi застрэлiў Готфрыда. Яму толькi не ўдавалася знайсцi яго, бо той, баючыся палiцыi, змянiў кватэру i недзе хаваўся. Усё гэта разведаў Альфонс. Ён таксама чакаў. Але, магчыма, забойцы i не было ў горадзе. Ён не ведаў, што Кёстэр i Альфонс палююць на яго. Яны чакалi, што ён, супакоiўшыся, вернецца.
- Ота, я выйду i пагляджу, - сказаў я.
- Добра.
Я выйшаў у двор. Нашы станкi i астатняе абсталяванне былi расстаўлены пасярэдзiне двара. Справа каля сцяны стаяла таксi, якое мы добра адмылi. Я паглядзеў на сядзеннi i шыны. Готфрыд заўсёды называў машыну "наша верная дойная карова". Не так проста было развiтацца з ёй.
Нехта ляпнуў мяне па плячы. Я здзiўлена абярнуўся. Перада мной стаяў развязны малады чалавек у палiто з поясам. Падмiргваючы, ён круцiў у руках бамбукавы кiёк.
- Прывiтанне! Стары знаёмы!
Нешта мне пачало прыпамiнацца.
- Гвiда Цiс з "Аўгека"!
- Ну вось бачыце, - самазадаволена заявiў Гвiда. - Мы сустрэлiся тады каля гэтай самай ламачыны. З вамi, праўда, тады быў яшчэ адзiн тып. Я яму тады ледзь не ўрэзаў.
Я мiжволi скрывiўся, уявiўшы сабе, што гэты мог урэзаць Кёстэру. Цiс палiчыў гэта за ўсмешку i таксама выскалiўся, паказаўшы даволi папсаваныя зубы.
- Добра... што было, тое прайшло, Гвiда не злапомны. Вы тады заплацiлi занадта высокую цану за гэтую старызну. Мусiць, нешта мелi на гэтым?
- Вядома, - сказаў я. - Добрая машына.
Цiс прагугнявiў:
- Калi б вы паслухалi мяне, вы зарабiлi б больш. I я з вамi. Але забудзем! Хто былое прыпомнiць... Але сёння мы аб'яднаемся. За пяцьсот марак мы купiм гэтую скрыню. Больш нiхто не дасць. Згодны?
Я зразумеў. Ён думаў, што мы тады перапрадалi машыну. Ён не ведаў, што гэта майстэрня - наша. Наадварот, ён думаў, што мы зноў хочам купiць машыну.
- Машына пацягне сёння на паўтары тысячы, - сказаў я. - Ды яшчэ даплата за права эксплуатацыi.
- А я пра што? - загарачыўся Гвiда. - Мы будзем таргавацца да пяцiсот... я буду. Калi мы потым перапрадамо яе, я выплачваю вам трыста пяцьдзесят наяўнымi.
- Не магу, - сказаў я. - У мяне ўжо ёсць каму перапрадаць.
- Але ж... - Ён хацеў прапанаваць мне яшчэ штосьцi.
- Не мае сэнсу, - я пайшоў на сярэдзiну двара.
Да тысячы двухсот ён будзе таргавацца. Гэта мне цяпер было зразумела.
Аўкцыёншчык пачаў з прадметаў абсталявання. Выручка была невялiкая. Дзёшава пайшоў i iнструмент. Дайшла чарга да таксi.
Нехта прапанаваў трыста марак.
- Чатырыста, - сказаў Гвiда.
- Чатырыста пяцьдзесят, - павагаўшыся, сказаў мужчына ў сiняй рабочай кашулi.
Гвiда дагнаў да пяцiсот. Аўкцыёншчык паўтарыў, пазiраючы на прысутных. Мужчына ў сарочцы маўчаў. Гвiда падмiргнуў мне i падняў чатыры пальцы.
- Шэсцьсот, - сказаў я.
Гвiда заматляў галавой i даў семсот. Я працягваў дабаўляць. Гвiда ў адчаi гнаўся. Калi дайшло да тысячы, ён пачаў рабiць мне знакi закляцця, паказваючы мне на пальцах, што я магу зарабiць яшчэ сотню. Ён заявiў тысячу дзесяць. Калi ён пачуў "тысяча сто", то пачырванеў i злосна заверашчаў:
- Тысяча сто дзесяць!
Я заявiў тысячу сто дзевяноста, спадзеючыся, што ён дасць тысячу дзвесце. Я ўжо рашыў спынiцца.
Але Гвiда раз'юшыўся. Ён раззлаваўся, думаючы, што я яго выцясняю. Раптам ён даў тысячу трыста. Я хутка ўзважыў. Калi б ён сапраўды хацеў купiць, то на тысячы двухстах ён спынiўся б. Цяпер ён помсцiў мне i паддаваў азарту. Пасля нашай размовы ён быў упэўнены, што я буду таргавацца да паўтары тысячы, i не бачыў небяспекi.
- Тысяча трыста дзесяць, - сказаў я.
- Тысяча чатырыста, - хутка адказаў Гвiда.
- Тысяча чатырыста дзесяць, - павагаўшыся, даў я.
Я баяўся трапiць у пастку.
- Тысяча чатырыста дзевяноста! - Гвiда глянуў на мяне пераможна i кплiва. Ён быў упэўнены, што добра падкузьмiў мяне.
Я вытрымаў яго позiрк i прамаўчаў. Аўкцыёншчык паўтарыў суму адзiн раз, другi i падняў малаток. У той момант, калi ён стукнуў, аддаючы машыну Гвiда, пераможны выраз твару ў яго змянiўся на здзiўлены. Нiчога не разумеючы, ён падышоў да мяне.
- Я думаў, што вы хочаце...
- Не, - сказаў я.
Ён апамятаўся i схапiўся за галаву.
- Чорт! Цяжка будзе растлумачыць у фiрме! Я думаў, вы дадзiцё паўтары тысячы. I ўсё ж - хоць на гэты раз я забраў у вас гэту тачку!
- Што i трэба было, - сказаў я.
Гвiда не зразумеў. Толькi калi ён убачыў Кёстэра, якi падыходзiў да нас, да яго дайшло, i ён учапiўся сабе ў валасы.
- О божа, гэта ваша машына? Асёл я, дурны асёл! Паддаўся! Клюнуў! Гвiда, так табе i трэба! Трапiць на элементарны падвох! Але няхай сабе! Самыя бывалыя хлопцы трапляюць на прасцейшую нажыўку. Але я сваё вазьму.
Ён сеў за руль i паехаў. Мы глядзелi ўслед машыне, i на душы ў нас было не вельмi радасна.
Аполуднi прыйшла Мацiльда Штос. Трэба было разлiчыцца з ёй за апошнi месяц. Кёстэр аддаў ёй грошы i абяцаў пагаварыць з новым гаспадаром майстэрнi. Можа, ён возьме яе прыбiральшчыцай. Юпа мы ўжо ўладкавалi да яго. Але Мацiльда пахiтала галавой.
- Не, пан Кёстэр. Не хачу. Косцi ўжо не гнуцца.
- Што ж вы будзеце рабiць? - спытаў я.
- Пайду да дачкi. Яна замужам у Бунцлаў. Вы чулi пра Бунцлаў?
- Не, Мацiльда.
- Пэўна, пан Кёстэр чуў.
- Таксама не, фраў Штос.
- Дзiўна, - сказала Мацiльда. - Нiхто не чуў пра Бунцлаў. Я ўжо шмат у каго пыталася. А мая дачка ўжо дванаццаць гадоў як там замужам. За сакратаром канцылярыi.
- Тады Бунцлаў, напэўна, ёсць на свеце. Можаце быць упэўненая. Раз там жыве сакратар канцылярыi...
- Я i кажу. Але ўсё роўна смешна, што нiхто не чуў, праўда?
Мы пагадзiлiся.
- А чаму вы за ўвесь час там не былi нi разу? - спытаў я.
Мацiльда заўсмiхалася.
- Так атрымалася. Але трэба ехаць да дзяцей. У iх ужо чацвёра.
- Мне здаецца, што ў той мясцовасцi робяць нядрэнны шнапс, - сказаў я. Слiвоўку цi нешта такое...
Мацiльда махнула рукой.
- У тым якраз i справа. Мой зяць належыць да тых, хто зусiм не п'е.
Кёстэр дастаў з апусцелых палiц апошнюю бутэльку.
- Ну, фраў Штос, тады нам трэба кульнуць па чарцы на развiтанне.
- Я - за, - сказала Мацiльда.
Кёстэр паставiў на стол чаркi i налiў. Мацiльда каўтнула ром так хутка, быццам вылiла яго ў рэшата. Яе верхняя губа ўздрыгнула, а вусы захадзiлi хадуном.
- Яшчэ адну? - спытаў я.
- Не адмоўлюся.
Яна выпiла яшчэ адну вялiкую чарку i развiталася.
- Усяго найлепшага ў Бунцлаў, - сказаў я.
- Дзякую шчыра. Але цi не смешна, што яго нiхто не ведае, праўда?
Яна выйшла, хiстаючыся. Мы яшчэ нейкi час пастаялi ў пустой майстэрнi.
- Можна i нам iсцi, - сказаў Кёстэр.
- Можна, - адказаў я. - Больш нам тут няма чаго рабiць.
Мы выйшлi i замкнулi дзверы. Потым забралi "Карла". Яго мы не прадалi, i ён стаяў у гаражы непадалёку. Мы заехалi на пошту i ў банк, дзе Кёстэр заплацiў за аўкцыённыя паслугi.
- Зараз я iду спаць, - сказаў ён, вярнуўшыся. - Ты потым будзеш дома?
- Я сёння цэлы вечар вольны.
- Добра, я прыйду ў восем.
Мы пасядзелi ў маленькiм загарадным шынку, а потым вярнулiся ў горад. На першай жа вулiцы ў нас лопнула пярэдняе кола. Мы замянiлi яго. "Карла" даўно не мылi, i я моцна запэцкаўся.
- Трэба было б памыць рукi, Ота, - сказаў я.
Непадалёк было даволi вялiкая кавярня. Мы зайшлi ў яе i селi за столiк каля дзвярэй. На наша здзiўленне, кавярня была амаль поўная. Iграў жаночы ансамбль, панавала ажыўленне. На аркестрантках былi стракатыя папяровыя шапачкi, многiя наведнiкi былi ў маскарадных вопратках, над столiкамi лёталi стужкi серпанцiну, паветраныя шары плавалi пад столлю, афiцыянты бегалi з поўнымi падносамi. Памяшканне было напоўнена рухам, смехам, шумам.
- Што тут адбываецца? - спытаў Кёстэр.
Суседка-бландзiнка абсыпала нас жменяй канфецi.
- Адкуль вы звалiлiся? - засмяялася яна. - Няўжо не ведаеце, што сёння першы дзень мясаеда?
- Ах, вось што, - сказаў я. - Тады прыйдзецца вымыць рукi.
Мне трэба было прайсцi праз усю залу, каб трапiць да ўмывальнiкаў. На нейкi час дарогу мне заступiлi п'яныя, якiя ўздымалi на стол жанчыну, каб яна спела iм. Жанчына з вiскам супрацiўлялася, стол перавярнуўся, а разам са сталом пападалi i людзi. Я пачакаў, пакуль вызвалiцца праход, ды раптам мяне нiбы ток працяў. Я здранцвеў, зала паплыла, усё знiкла - i шум, i музыка, засталiся толькi невыразныя мiгатлiвыя ценi. Але выразна, незвычайна рэзка i ясна мне бачыўся стол, адзiны стол, а за сталом - малады чалавек у блазнерскiм каўпаку на галаве. Ён абдымаў дзяўчыну, якая была на падпiтку. Шкляны тупы позiрк, вельмi тонкiя губы, а пад сталом - светла-жоўтыя, прыкметныя, начышчаныя да бляску крагi.
Мяне штурхнуў кельнер. Я, як п'яны, адышоўся крыху i зноў спынiўся. Зрабiлася невыносна горача, я калацiўся ўвесь, далонi мае ўзмакрэлi. Цяпер я ўжо бачыў i астальных за сталом. Я пачуў, што яны з нахабнымi тварамi хорам спявалi нейкую песню, адбiваючы па стале такт куфлямi. Мяне зноў нехта штурхнуў.
- Не заступайце ж праход, - прабурчаў нехта.
Я механiчна прайшоў далей, знайшоў умывальнiкi, памыў рукi. Толькi цяпер я заўважыў, што ледзь не абварыў рукi гарачай вадой. Я вярнуўся.
- Што з табой? - спытаў Кёстэр.
Я не мог нiчога вымавiць.
- Табе кепска? - спытаў ён.
Я пахiтаў галавой i глянуў на суседнi столiк, адкуль скоса пазiрала бялявая дзяўчына. Раптам Кёстэр збялеў. Яго вочы звузiлiся. Ён нахiлiўся над сталом.
- Ён? - цiха спытаў.
- Ён, - адказаў я.
- Дзе?
Я паказаў позiркам. Кёстэр павольна ўстаў. Здавалася, што выпростваецца кобра.
- Асцярожна, - шапнуў я. - Не тут, Ота!
Ён адмахнуўся кароткiм жэстам i пацiху пайшоў наперад. Я быў гатовы кiнуцца за iм. Нейкая жанчына насунула яму на галаву зялёна-чырвоную папяровую шапачку. Яна абняла яго. Ота нават не варухнуўся, i яна адчапiлася ад яго, здзiўлена гледзячы яму ўслед. Зрабiўшы круг па зале, ён вярнуўся назад.
- Яго ўжо няма.
Я ўстаў i глянуў у залу. Кёстэр гаварыў праўду.
- Ты думаеш, што ён пазнаў мяне? - спытаў я.
Кёстэр пацiснуў плячыма. Толькi цяпер ён заўважыў каўпак на галаве i скiнуў яго.
- Не разумею. Я ж мыў рукi адну-дзве хвiлiны.
- Цябе не было хвiлiн пятнаццаць.
- Няўжо? - Я яшчэ раз зiрнуў на той стол. - Астатнiя таксама пайшлi. З iмi была яшчэ дзяўчына, яе таксама ўжо няма. Калi б ён пазнаў мяне, ён знiк бы, пэўна, адзiн.
Кёстэр паклiкаў кельнера.
- Тут ёсць другi выхад?
- Ёсць, з другога боку, на вулiцу Гардэнберга.
Кёстэр дастаў з кiшэнi грошы i падаў кельнеру.
- Пайшлi, - сказаў ён.
- Шкада, - сказала дзяўчына за суседнiм столiкам i ўсмiхнулася. - Такiя сур'ёзныя кавалеры.
На вулiцы ў твар нам ударыў вецер. Пасля духаты ў кавярнi ён здаўся ледзяным.
- Iдзi дадому, - сказаў Кёстэр.
- Ён быў не адзiн, - адказаў я i сеў у машыну.
Машына панеслася. Мы прачасалi ўсе вулiцы вакол кавярнi, усё шырэй i шырэй, але нiкога не ўбачылi. Нарэшце Кёстэр спынiўся.
- Выслiзнуў, - сказаў ён. - Але нiчога. Цяпер мы ўжо яго недзе дастанем.
- Ота, - сказаў я, - давай пакiнем яго.
Ён зiрнуў на мяне.
- Готфрыд мёртвы, - працягваў я на здзiўленне самому сабе. - Ад гэтага ён не ўваскрэсне.
Кёстэр усё яшчэ глядзеў на мяне.
- Робi, - павольна адказаў ён, - я ўжо не памятаю, колькi я забiў. Але я ўсё яшчэ памятаю, як я забiў маладога ангельца. У яго заела патрон, i ён нiчога не мог зрабiць. Я быў са сваiм кулямётам за некалькi метраў ад яго i бачыў яго спуджаны дзiцячы твар зусiм блiзка. У яго вачах быў страх. Гэта быў яго першы вылет, мы даведалiся пра гэта пасля. Яму было, можа, васемнаццаць год - i ў гэты спуджаны, бездапаможны прыгожы дзiцячы твар я з двух метраў даў кулямётную чаргу... Галава лопнула, як курынае яйка. Хлопец быў мне незнаёмы, ён не зрабiў мне нiчога дрэннага. Мне цяжка было забыць той выпадак, цяжэй, чым звычайна, пакуль я не заглушыў сваё сумленне гэтым заклятым апраўданнем: вайна ёсць вайна. Але я кажу табе: калi я не заб'ю таго, хто забiў Готфрыда, хто застрэлiў яго, як сабаку, без усялякай прычыны, тады эпiзод з ангельцам жахлiвае злачынства, ты разумееш?
- Разумею, - сказаў я.
- А цяпер iдзi дадому. Я хачу давесцi справу да канца. Гэта як сцяна. Я не магу прайсцi, не разбурыўшы яе.
- Я не пайду дадому, Ота. Калi так, то мы застанемся разам.
- Глупства, - нецярплiва сказаў ён. - Ты мне непатрэбны.
Ён падняў руку, не даючы мне гаварыць.
- Я буду вельмi асцярожны. Я яго сустрэну аднаго, без астатнiх, зусiм аднаго! Не бойся.
Ён хутка саштурхнуў мяне з сядзення i пакацiў. Я ведаў, што яго цяпер не стрымаць. Я ведаў таксама, чаму ён не ўзяў мяне. Праз Пат. Готфрыда ён узяў бы.
Я пайшоў да Альфонса. Толькi з iм я мог пагаварыць. Я хацеў параiцца з iм, цi нельга штосьцi зрабiць. Але Альфонса не было. Заспаная дзяўчына сказала мне, што ён гадзiну таму пайшоў на сход. Я вырашыў пачакаць i сеў за столiк.
Кавярня была пустая. Над стойкай гарэла маленькая лямпачка. Дзяўчына села i зноў заснула. Я думаў пра Альфонса i пра Готфрыда, я пазiраў праз акно на вулiцу, якую зараз асвятляла поўня, што паволi плыла над дахамi, я думаў пра магiлу за чорным драўляным крыжам са сталёвай каскай, надзетай на яго, i раптам я заўважыў, што плачу. Я выцер слёзы.
Праз нейкi час я пачуў нечыя хуткiя, цiхiя крокi. Дзверы адчынiлiся, увайшоў Альфонс. На яго твары блiшчаў пот.
- Гэта я, Альфонс, - сказаў я.
- Хутка сюды!
Я пайшоў за iм у пакой справа за стойкай. Альфонс падышоў да шафы i дастаў два старыя салдацкiя перавязачныя пакункi.
- Перавяжы мяне, - сказаў ён i спусцiў штаны.
У яго на сцягне была рана.
- Як кулявое раненне, - сказаў я.
- Так i ёсць, - буркнуў Альфонс. - Давай, перавязвай.
- Альфонс, - сказаў я, выпростваючыся. - Дзе Ота?
- Адкуль я ведаю, дзе Ота, - прамармытаў ён i выцiснуў кроў з раны.
- Вы былi не разам?
- Не.
- Ты яго не бачыў?
- I не блiзка. Разгарнi другi пакунак i накладзi зверху. Толькi драпiна.
Ён, нешта мармычучы, займаўся сваёй ранай.
- Альфонс, - сказаў я, - мы бачылi сёння таго... ты ведаеш, якi Готфрыда... Ота палюе на яго.
- Што? - Ён адразу насцярожыўся. - Дзе ён? Цяпер ужо не мае сэнсу. Яму трэба пакiнуць гэта...
- Ён не пакiне.
Альфонс адкiнуў убок нажнiцы.
- Едзь туды! Ты ведаеш, дзе ён? Ён павiнен знiкнуць. Скажы яму, што справа Готфрыда закрыта. Я справiўся раней, чым вы. Ты ж бачыш! Страляў у мяне, але я адбiў яму руку. Потым выстралiў я. Дзе Ота?
- Дзе-небудзь у раёне Мёнкештрасэ.
- Дзякуй богу. Ён там даўно не жыве. Але ўсё ж забяры яго.
Я падышоў да тэлефона i патэлефанаваў на стаянку таксi, дзе звычайна спыняўся Густаў. Ён быў там.
- Густаў, - сказаў я, - ты можаш хутка пад'ехаць да рога вулiцы Вiзэнштрасэ i плошчы Бальвю? Хуценька! Я чакаю цябе там.
- Дамовiлiся. Праз дзесяць хвiлiн буду.
Я павесiў слухаўку i вярнуўся да Альфонса.
- Я не ведаў, што вы ездзiлi па горадзе, - сказаў ён. Яго твар быў яшчэ ўспацелы. - Было б лепш, калi б вы сядзелi дзе-небудзь. Для алiбi. Можа здарыцца, што вас будуць дапытваць. Нiколi не ведаеш...
- Падумай лепш пра сябе, - сказаў я.
- Нiчога! - Ён гаварыў хутчэй, чым звычайна. - Мы былi адзiн на адзiн. Я чакаў яго ў пакоi. У летнiм дамку. Вакол нiякiх суседзяў. Акрамя таго самаабарона. Мне алiбi не патрабуецца. А калi захачу, то ў мяне iх будзе дзесятак.
Ён зiрнуў на мяне, павярнуўшы ў мой бок мокры шырокi твар. Валасы злiплiся, рот скрывiўся, а яго позiрк немагчыма было вытрымаць - столькi пакуты, болю i любовi непрыкрыта i безнадзейна раптам адлюстравалася ў iм.
- Цяпер Готфрыд можа спаць спакойна, - сказаў ён цiхiм хрыплым голасам. У мяне дагэтуль было пачуццё, што яму неспакойна.
Я анямела стаяў перад iм.
- Iдзi, - сказаў ён.
Я праз кавярню выйшаў на вулiцу. Дзяўчына ўсё яшчэ спала. Яна гучна дыхала. Месяц падняўся, было вельмi светла. Я пайшоў да плошчы Бельвю. Вокны дамоў блiшчалi ў месячным святле, нiбы срэбныя люстэркi. Вецер улёгся. Навокал было цiха.
Густаў пад'ехаў праз некалькi хвiлiн.
- Што здарылася, Роберт? - спытаў ён.
- Нашу машыну ўкралi сёння вечарам. Цяпер мне сказалi, што яе бачылi ў раёне Мёнкештрасэ. Пад'едзем туды?
- Вядома! - Густаў заспяшаўся. - Чаго цяпер толькi не крадуць. Што нi дзень, то некалькi машын. Але найчасцей катаюцца толькi, пакуль хапае бензiну. А потым кiдаюць.
- Магчыма, i з нашай будзе тое самае.
Густаў расказаў, што хоча жанiцца. Нявеста ўжо чакае дзiця, i тут нiчога не зробiш. Мы праехалi па Мёнкештрасэ, потым - па папярэчных вулiцах.
- Вунь яна! - раптам крыкнуў Густаў.
Машына стаяла ў непрыкметным цёмным завулку. Я выйшаў, уставiў ключ i ўключыў запальванне.
- Усё ў парадку, Густаў, - сказаў я. - Вялiкi дзякуй, што падвёз мяне.
- Цi не выпiць нам па чарцы? - спытаў ён.
- Не. Сёння не магу. Заўтра. Цяпер трэба хутка ехаць.
Я палез у кiшэнь, каб разлiчыцца з iм.
- Ты звар'яцеў? - спытаў ён.
- Тады дзякуй, Густаў. Не затрымлiвайся. Да пабачэння.
- А можа, пасочым, цi не зловiм таго зладзея?
- Не, не, той, напэўна, ужо далёка. - Я раптам заспяшаўся. - Да пабачэння, Густаў.
- У цябе хопiць бензiну?
- Хопiць. Я ўжо праверыў. Дабранач.
Ён паехаў. Я крыху пачакаў, потым паехаў следам да Мёнкештрасэ i на трэцяй хуткасцi паволi пакацiўся ўнiз. Калi я вярнуўся назад, Кёстэр стаяў на рагу.
- Што гэта значыць?
- Садзiся, - хутка сказаў я. - Табе няма патрэбы ўжо стаяць тут. Ён... ён знайшоў таго ўжо.
- I?
- Усё, - сказаў я.
Кёстэр моўчкi сеў. Ён не сеў за руль. Ён прымасцiўся каля мяне, крыху панiклы. Я паехаў.
- Паедзем да мяне? - спытаў я.
Ён кiўнуў галавой. Я даў газу i накiраваў машыну ўздоўж канала. Вада свяцiлася шырокай срэбнай стужкай. Склады на другiм баку чарнелi, накрытыя ценем, а на вулiцах ляжала нерухомае блакiтнае святло, па якiм, як па снезе, слiзгалi шыны. Над радамi дамоў узвышалiся шырокiя вежы сабора ў стылi барока. Яны мiгцелi на далёкiм фоне фасфарасцыруючага неба срэбна-зялёнымi водсветамi. Над усiм, як светлавая ракета, вiсеў месяц.
- Я рады, Ота, што так атрымалася, - сказаў я.
- А я - не, - адказаў ён.
У фраў Залеўскi яшчэ гарэла святло. Калi я адчынiў дзверы, яна выйшла са свайго салона.
- Вам тэлеграма, - сказала яна.
- Тэлеграма? - здзiўлена спытаў я. Я ўсё яшчэ думаў пра падзеi вечара. Потым я зразумеў i пабег у свой пакой. Тэлеграма белай плямай ляжала пасярод стала, у зыркiм святле лямпы. Я ўскрыў яе, грудзi сцiснулiся, лiтары расплылiся, пабеглi, зноў з'явiлiся. Я з палёгкай уздыхнуў, усё супакоiлася, я перадаў тэлеграму Кёстэру.
- Дзякаваць богу, я ўжо думаў...
Там былi толькi тры словы: "Робi, прыязджай хутка".
Я забраў лiсток. Палёгка знiкла. Вярнуўся страх.
- Што там здарылася, Ота? Божа мой, чаму яна больш нiчога не паведамляе? Нешта, вiдаць, здарылася!
Кёстэр паклаў тэлеграму на стол.
- Калi ты апошнi раз гутарыў з ёю?
- Тыдзень назад. Не, даўней...
- Закажы размову. Калi што, мы адразу выедзем. На машыне. У цябе ёсць чыгуначны даведнiк?
Я заказаў размову з санаторыем i прынёс з гасцёўнi фраў Залеўскi даведнiк. Кестэр разгарнуў яго.
- Наступны цягнiк iдзе толькi заўтра аполуднi, - сказаў ён. - Лепш паедзем на машыне i дабяромся як мага блiжэй да санаторыя. А там можам перасесцi на цягнiк. Мы некалькi гадзiн абавязкова зэканомiм. Як ты думаеш?
- Мусiць, так будзе лепш.
Я не мог сабе ўявiць, як я вытрываю некалькi гадзiн пасiўнай язды ў цягнiку.
Зазванiў тэлефон. Кёстэр забраў даведнiк i пайшоў у мой пакой. Адказаў санаторый. Я папрасiў паклiкаць Пат. Праз хвiлiну сястра сказала мне, што Пат лепш не размаўляць па тэлефоне.
- Што з ёй? - закрычаў я.
- Некалькi дзён назад была невялiкая кравацеча. Сёння паднялася тэмпература.
- Перадайце ёй, што я еду, - закрычаў я. - З Кёстэрам i "Карлам". Мы зараз выязджаем. Вы зразумелi?
- З Кёстэрам i Карлам, - паўтарыў голас.
- Так. Але скажыце ёй, што мы выязджаем.
- Я зараз жа перадам ёй.
Я адразу вярнуўся ў свой пакой. У нагах была незвычайная лёгкасць. Кёстэр выпiсваў расклад цягнiкоў.
- Пакуй чамадан, - сказаў ён. - Я паеду дадому i вазьму свой. Праз паўгадзiны вярнуся.
Я зняў з шафы чамадан. Гэта быў чамадан Ленца са стракатымi наклейкамi гатэляў. Я хутка ўпакаваўся i сказаў пра ад'езд фраў Залеўскi i гаспадару "Iнтэрнацыяналя". Потым сеў у сваiм пакоi каля акна, чакаючы Кёстэра. Было вельмi цiха. Я думаў пра тое, што заўтра вечарам буду ў Пат, i раптам мяне ахапiла гарачае, дзiкае нецярпенне, перад якiм усё астатняе адступала - страх, трывога, журба, адчай. Я заўтра вечарам буду з ёй, гэта было шчасце, якое цяжка нават уявiць сабе, тое, у што я ўжо амаль не верыў. З часу нашага расстання так шмат было страчана.
Я ўзяў чамадан i спусцiўся ўнiз. Раптам усё прыблiзiлася i пацяплела: лесвiца, застаялы пах калiдора, халодная блiскучая гумавая шэрсць асфальту, па якiм толькi што падкацiў "Карл".
- Я ўзяў дзве коўдры, - сказаў Кёстэр. - Будзе холадна. Ухутайся як след.
- Мы павядзём машыну па чарзе? - спытаў я.
- Так. Але спачатку паеду я. Я не паспаў аполуднi.
Праз паўгадзiны мы выехалi з горада, i нас паглынула бязмежная маўклiвасць халоднай месячнай ночы. Дарога белай стужкай збягала за гарызонт. Было так светла, што мы не ўключалi фараў. Шум матора быў падобны да нiзкiх гукаў аргана, але ён не парушаў цiшынi.
- Табе трэба паспаць, - сказаў Кёстэр.
- Не магу, Ота.
- Тады хоць прыляж, каб заўтра ранiцай быць свежым. Нам трэба праехаць праз усю Германiю.
- Я i так адпачну.
Я сядзеў побач з Кёстэрам. Месяц павольна плыў над намi. Палi блiшчалi, як перламутр. Час ад часу мiма праляталi вёскi, зрэдку - горад, сонны, пусты. Цяснiны вулiц памiж радамi дамоў былi залiтыя прывiдным месячным святлом, якое ператварала ноч у фантастычнае кiно.
...Пад ранiцу зрабiлася холадна. Лугi раптам заблiшчалi ад iнею, дрэвы, як сталёвыя, стаялi на фоне пабляклага неба, у лесе пачаў прачынацца вецер, з комiнаў там-сям паплыў дым. Мы памянялiся месцамi, i да дзесяцi гадзiн руляваў я. Потым мы хуценька паснедалi ў шынку каля дарогi, i да дванаццацi я зноў вёў машыну. А потым Кёстэр зноў сеў за руль. Ота ездзiў хутчэй, i я больш не падмяняў яго.
На змярканнi мы пад'ехалi да гор. У нас у машыне былi ланцугi на колы i рыдлёўка. Мы спыталi, цi далёка яшчэ можна ехаць на машыне.
- Паспрабуйце з ланцугамi, - сказаў сакратар аўтаклуба. - Сёлета мала снегу. Не ведаю толькi, як будзе на апошнiх кiламетрах. Там, магчыма, засядзеце.
Да прыходу цягнiка ў нас было шмат часу, i мы вырашылi паспрабаваць заехаць на гару. Было холадна, таму туман нам не пагражаў. "Карл" браў горны серпанцiн вiток за вiтком. На сярэдзiне дарогi мы паставiлi на колы ланцугi. Дарога была ачышчана ад снегу, але ў многiх месцах абледзянела. Машына буксавала i ёрзала з боку ў бок. Часам нам даводзiлася вылазiць i падпiхваць яе. Два разы мы правальвалiся ў снег. У апошняй вёсцы мы здабылi вядро пяску, бо на такой вышынi мы пабаялiся, што пры з'ездзе з гары будуць трапляцца абледзянелыя павароты. Зусiм сцямнела, над намi ў змроку навiсалi адвесныя голыя скалы, дарога звузiлася, матор напiнаўся на першай хуткасцi, паварот за паваротам вёў нас унiз. Раптам промнi фараў сарвалiся са скалаў, горы расступiлiся, i мы ўбачылi ўнiзе перад сабой сузор'е вясковых агнёў.
Машына, равучы, iмчала памiж стракатых крамаў на галоўнай вулiцы. Пешаходы адскоквалi ўбок, напуджаныя нязвыклым вiдовiшчам. Нечыя конi панеслi, санкi перавярнулiся, а наша машына хутка дабралася па звiлiстай дарозе да санаторыя i спынiлася каля пад'езда. Я выскачыў, як у тумане прамiльгнулi цiкаўныя твары, постацi, кантора, лiфт. Я прабег праз белы калiдор, рыўком адчынiў дзверы i ўбачыў Пат, як я бачыў яе сотнi разоў у сне i ў марах. Яна пайшла мне насустрач, i я трымаў яе ў абдымках - як само жыццё, нават нешта даражэйшае за жыццё.
- Дзякуй богу, - сказаў я, калi прыйшоў у сябе. - Я баяўся, што ты ў пасцелi.
Яна прытулiлася да майго пляча i пахiтала галавой. Потым выпрасталася, сцiснула далонямi мой твар i ўважлiва паглядзела мне ў вочы.
- Ты тут! - прашаптала яна. - Аж не верыцца!
Яна пацалавала мяне, асцярожна, сур'ёзна, пяшчотна, нiбы дакрануўшыся да нечага i баючыся, каб не разбiць. Адчуўшы дотык яе вуснаў, я задрыжаў. Усё адбылося занадта хутка, i я не ўсведамляў яшчэ ўсяго. Я быў тут i не тут. Я яшчэ быў у палоне язды, шуму матора i дарогi. Я адчуваў сябе як чалавек, якi з халоднай ночы трапляе ў цёплы пакой: ён адчувае цяпло на скуры, ён успрымае яго вачыма, але сам яшчэ не сагрэўся.
- Мы ехалi хутка, - сказаў я.
Яна не адказала. Яна ўсё яшчэ моўчкi глядзела на мяне. Яе твар кранаў сваiм выразам, яе вочы былi вельмi блiзка, i здавалася, што яна шукае i хоча знайсцi штосьцi вельмi важнае. Я абняў яе за плечы i апусцiў позiрк долу.
- Ты цяпер застанешся тут? Скажы мне адразу. Скажы, што табе трэба ехаць, каб я адразу ведала.
Я хацеў ёй адказаць, што яшчэ не ведаю, што мне, магчыма, прыйдзецца паехаць праз некалькi дзён, бо ў мяне няма грошай. Але пад яе позiркам я не мог сказаць.
- Праўда, - сказаў я. - Я застануся тут. Пачакаю, калi можна будзе паехаць разам.
Яе твар заставаўся нерухомым. Але ён раптам пасвятлеў, нiбы асветлены з сярэдзiны.
- Ах, - прашаптала яна. - Я не вытрывала б...
Я паспрабаваў праз плячо прачытаць, што стаяла на тэмпературнай карце над ложкам. Яна гэта заўважыла, хутка зняла лiсток, скамячыла яго i шпурнула пад ложак.
- Цяпер гэта не мае значэння, - сказала яна.
Я заўважыў, дзе ляжала паперка, i вырашыў забраць яе пасля, каб яна не бачыла.
- Ты хварэла? - спытаў я.
- Крышку. Але ўсё прайшло.
- А што сказаў лекар?
- Не пытай цяпер пра лекара. Увогуле нi пра што не пытай. Ты тут, i гэтага дастаткова.
Яна раптам змянiлася. Не ведаю, цi таму, што я яе даўно не бачыў, але мне здалося, што яна была iншая, не такая, як раней. Яе рухi былi больш плаўныя, яе цела цяплейшае, i нават да мяне яна наблiзiлася неяк iнакш. Цяпер гэта была не проста прыгожая маладая дзяўчына, якую трэба было асцерагаць. Нешта ў ёй з'явiлася новае. Калi я раней часта сумняваўся, цi любiць яна мяне, то цяпер проста адчуваў гэта, яна больш нiчога не хавала: яна ўся была напоўнена жыццём i блiзкая мне як нiколi... напоўненая жыццём, блiзкая i прыгожая, яна абяцала мне шчасце, але i ўсяляла ў мяне дзiўным чынам нейкую трывогу.
- Пат, - сказаў я, - мне трэба спусцiцца ўнiз. Там Кёстэр. Трэба знайсцi сабе жытло.
- Кёстэр? А дзе Ленц?
- Ленц, - адказаў я, - застаўся дома.
Яна нi пра што не здагадалася.
- Табе потым можна будзе сысцi ўнiз? - спытаў я. - Цi нам падняцца?
- Мне можна ўсё. Цяпер мне можна ўсё. Мы спусцiмся ўнiз i чаго-небудзь вып'ем. Я пагляджу на вас, як вы будзеце пiць.
- Добра. Мы будзем чакаць цябе ўнiзе.
Яна падышла да шафы, каб узяць сукенку. Я выкарыстаў момант, падняў i схаваў тэмпературны лiсток.
- Пакуль што, Пат.
- Робi!
Яна падышла да мяне ззаду i абняла за шыю.
- А я так шмат хацела сказаць табе.
- А я - табе, Пат. Але цяпер у нас будзе час. Мы будзем увесь дзень штосьцi расказваць адно аднаму. Заўтра. Спачатку адразу не разгаворышся.
- Праўда, давай усё раскажам адно аднаму. Тады ўвесь час, што мы не бачылiся, не будзе для нас расстаннем. Тады мы будзем ведаць усё, быццам былi ўвесь час разам.
- Мы i так былi, - сказаў я.
- Я не была з табой. У мяне няма столькi сiлы. Мне было цяжэй. Я не магу ўсцешыць сябе марамi, калi я адна. Тады я думаю толькi пра сваю адзiноту. Калi не любiш, тады лягчэй быць аднаму.
Яна ўсё яшчэ ўсмiхалася. Яна трымалася, але было бачна, што гэта ўсмешка праз слёзы.
- Пат, - сказаў я, - стары адважны сябра.
- Гэтага я даўно не чула, - сказала яна, i яе вочы напоўнiлiся слязьмi.
Я спусцiўся ўнiз да Кёстэра. Ён ужо выгрузiў чамаданы. Нам адвялi два суседнiя пакоi ў флiгелi.
- Паглядзi, - сказаў я i паказаў яму скамячаны лiсток. - Як скача тэмпература.
Мы пайшлi па лесвiцы ў флiгель. Снег рыпеў пад нагамi.
- Ранiцай спытай у лекара, - сказаў Кёстэр, - па тэмпературы цяжка што вызначыць.
- Для мяне дастаткова, - адказаў я, склаў лiсток i схаваў у кiшэнь.
Мы ўмылiся. Потым Кёстэр прыйшоў да мяне ў пакой. Ён быў свежы, быццам добра выспаўся.
- Табе трэба апрануцца, Робi, - сказаў ён.
- Добра. - Я ачнуўся ад сваiх думак i распакаваў чамадан.
Мы пайшлi да будынка санаторыя. "Карл" стаяў яшчэ на вулiцы. Кёстэр накрыў яго радыятар коўдрай.
- Ота, калi мы паедзем назад? - спытаў я.
- Я думаю, што паеду заўтра вечарам цi паслязаўтра ранiцай. Ты ж застанешся...
- Але як? - спытаў я ў адчаi. - Маiх грошай хопiць не больш чым на дзесяць дзён. А за Пат санаторый аплочаны таксама толькi да пятнаццатага. Мне трэба вяртацца i зарабляць. Тут, пэўна, iм такi слабы пiянiст не патрэбны.
Кёстэр нахiлiўся над машынай i падняў капот.
- Я дам табе грошай, - сказаў ён, выпростваючыся. - Пра грошы можаш не турбавацца i спакойна заставацца тут.
- Ота, - сказаў я, - я ж ведаю, колькi ў цябе засталося ад усёй распрадажы. Менш чым трыста марак.
- Я не пра тыя грошы. Я дастану. Не хвалюйся. Праз восем дзён ты iх атрымаеш.
- Атрымаеш спадчыну? - спытаў я з горкай iронiяй.
- Амаль адгадаў. Павер мне. Ты ж не можаш цяпер зноў паехаць адсюль.
- Не, - сказаў я. - Я не ведаў, як ёй усё растлумачыць.
Кёстэр зноў накрыў радыятар коўдрай. Ён лёгка правёў рукой па капоце. Потым мы пайшлi ў вестыбюль.
- А колькi зараз часу? - спытаў я.
- Палова сёмай.
- Дзiўна, - сказаў я. - Мне здалося, што ўжо пазней.
Па лесвiцы спускалася Пат. Яна была ў футравай куртцы. Яна хутка наблiзiлася да Кёстэра, каб павiтаць яго. Толькi цяпер я заўважыў, якая яна загарэлая. Чырванавата-бронзавы загар рабiў яе падобнай да маладой светлай iндыянкi. Але твар яе выцягнуўся, вочы занадта блiшчалi.
- У цябе тэмпература? - спытаў я.
- Крыху павышаная, - хутка сказала яна, ухiляючыся ад размовы на гэтую тэму. - Вечарам тут ва ўсiх тэмпература. А ў мяне толькi ад таго, што вы прыехалi. Змарылiся?
- Ад чаго?
- Тады пойдзем у бар, добра? Вы ж мае першыя наведнiкi тут...
- А тут ёсць бар?
- Ёсць маленькi. Ва ўсякiм разе куточак, абсталяваны пад бар. Таксама лячэнне. Нiчога не павiнна напамiнаць пра бальнiцу. Чаго нельга, таго ўсё роўна не дадуць.
Бар быў перапоўнены. Пат з тым-сiм павiталася. Я звярнуў увагу на iтальянца. Мы знайшлi свабодны столiк.
- Што табе заказаць? - спытаў я.
- Кактэйль з ромам. Такi, якi вы заўсёды пiлi ў бары. Ты ведаеш рэцэпт?
- Вельмi проста, - сказаў я дзяўчыне, якая абслугоўвала. - Палова партвейну, палова ямайскага рому.
- Два, - сказала Пат. - А адзiн "спецыяльны".
Дзяўчына прынесла два "порта-ронка" i ружовы напiтак.
- Гэта мне, - сказала Пат. Яна падсунула да нас шклянкi з ромам. - Салют!
Яна паставiла сваю шклянку, не пакаштаваўшы, азiрнулася, хуценька схапiла маю шклянку i выпiла да дна.
- Ох, - сказала яна, - як добра!
- А што ты там заказала? - спытаў я i пакаштаваў падазрона ружовае пiтво. У iм быў смак малiны i лiмона. Алкаголем там не пахла.. - Ад смагi, - дадаў я.
Яна засмяялася.
- Закажы яшчэ "порта-ронка". Але сабе. Мне не дадуць.
Я паклiкаў дзяўчыну.
- "Порта-ронка" i "спецыяльны", - сказаў я. Я бачыў, што за сталамi шмат хто пiў "спецыяльны".
- Сёння мне можна, праўда, Робi? - сказала Пат. - Толькi сёння! Як у старыя часы! Праўда, Кёстэр?
- "Спецыяльны" - добры напiтак, - адказаў я i выпiў другую шклянку.
- Я яго ненавiджу. Бедны Робi... што табе даводзiцца тут пiць!
- Калi хутка заказваць, то i я яшчэ паспею, - сказаў я.
Пат засмяялася.
- За ядой потым i мне можна будзе выпiць. Чырвонага.
Мы заказалi яшчэ некалькi "порта-ронка", потым перайшлi ў сталовую. Пат выглядала цудоўна. Яе твар свяцiўся. Мы селi за маленькi столiк, накрыты белым абрусам, недалёка ад вокнаў. Было цёпла, а за вокнамi ляжала вёска з заснежанымi вулiцамi. Снег iскрыўся.
- А дзе Хэльга Гутман? - спытаў я.
- Паехала, - сказала Пат, пачакаўшы.
- Паехала? Так рана?
- Так, - сказала Пат, i я зразумеў, пра што яна гаворыць.
Дзяўчына прынесла цёмна-чырвонае вiно. Кёстэр налiў поўныя шклянкi. Сталы былi ўжо ўсе занятыя. Усюды сядзелi i размаўлялi людзi. Я адчуў, што Пат паклала сваю руку на маю.
- Каханы, - сказала яна вельмi цiха i пяшчотна, - я больш не вытрывала б.
XXVI
Я выйшаў з кабiнета галоўнага лекара. Кёстэр чакаў мяне ў холе. Убачыўшы мяне, ён устаў. Мы выйшлi на двор i селi на лаўку каля санаторыя.
- Дрэнна, Ота, - сказаў я. - Горш, чым я думаў.
Мiма нас з вясёлым шумам прайшла група лыжнiкаў. Сярод iх было некалькi жанчын з шырокiмi белазубымi ўсмешкамi на здаровых загарэлых тварах, тлуста змазаных крэмам. Яны крычалi, што хочуць есцi, як сабакi. Мы пачакалi, пакуль яны пройдуць.
- I такiя вось жывуць, - сказаў я. - Жывуць, здаровыя, як кабылiцы. Як агiдна!
- Ты гаварыў з самiм галоўным лекарам? - спытаў Кёстэр.
- З iм. Ён мне ўсё растлумачыў з многiмi недагаворкамi. Але вынiк ясны: стан пагоршыўся. Хоць ён i кажа, што стала лепш.
- Не разумею.
- Ён сцвярджае: калi б яна засталася ў горадзе, то надзея даўно была б страчана. А тут працэс быў запаволены. I гэта ён называе паляпшэннем.
Кёстэр чарцiў абцасамi па жорсткiм снезе. Потым ён падняў галаву.
- Значыць, у яго ёсць надзея?
- У лекара заўсёды ёсць надзея, гэта частка яго прафесii. Але ў мяне яе вельмi мала. Я спытаў у яго, цi рабiў ён прадзiманне. Ён адказаў, што ўжо нельга. Некалькi год назад ёй ужо рабiлi. Цяпер ужо пашкоджаны абодва лёгкiя. Гэта як пракляцце, Ота.
Старая ў растаптаных галёшах спынiлася каля нас. У яе быў бледны запалы твар i патухлыя вочы графiтнага колеру, якiя здавалiся сляпымi. Шыя была закручана старамодным баа з пёраў. Яна няспешна ўзняла ларнетку i паўзiралася на нас. Потым пасунулася далей.
- Агiдны прывiд!
- А што ён сказаў яшчэ? - спытаў Кёстэр.
- Ён мне растлумачыў, ад чаго магла з'явiцца хвароба. У яго ўжо было шмат пацыентаў такога ўзросту. Гэта - вынiкi вайны. Недаяданне ў дзяцiнстве. Але навошта мне гэта ўсё? Яна павiнна паправiцца. - Я глянуў на яго. - Вядома, ён сказаў мне, што бачыў шмат цудаў. Менавiта пры гэтай хваробе часта здараецца, што працэс спыняецца, ачагi рубцуюцца i чалавек папраўляецца. Нават у самых безнадзейных выпадках. Але я не веру ў цуды.
Кёстэр не адказаў. Мы сядзелi моўчкi. А што было гаварыць? Мы абодва занадта шмат перажылi i пабачылi, каб суцяшацца словамi.
- Яна не павiнна нi пра што здагадвацца, Робi, - нарэшце сказаў Кёстэр.
- Вядома, - адказаў я.
Мы сядзелi, чакаючы Пат. Галава ў мяне была пустая. Я не адчуваў нават адчаю, я здранцвеў, быў бяздумны.
- Вось яна, - сказаў Кёстэр.
- Яна iдзе, - сказаў я i ўстаў.
- Прывiтанне! - Пат падышла да нас. Яна крыху хiсталася i смяялася. - Я крыху зап'янела. Ад сонца. Заўсёды, паляжаўшы на сонцы, я хiстаюся, як стары марак.
Я зiрнуў на яе, раптам усё перамянiлася. Я больш не верыў лекару. Я верыў у цуд. Яна была побач, яна жыла, яна стаяла i смяялася - усё астатняе адступiла перад гэтым.
- Што гэта ў вас за твары? - спытала яна.
- Гарадскiя твары, што не адпавядаюць месцу, - сказаў Кёстэр. - Не можам прывыкнуць да сонца.
Яна засмяялася.
- У мяне сёння добры дзень. Без тэмпературы. Мне можна выйсцi. Сходзiм у вёску, вып'ем там чарку.
- А цi не паехаць нам лепей на санях?
- Дайду пехатой, - сказала Пат.
- Я ведаю, - сказаў Кёстэр. - Але я нiколi не ездзiў на такой штуковiне. Хачу паспрабаваць.
Мы паклiкалi фурмана i паехалi ўнiз па звiлiстай дарозе ў вёску. Мы спынiлiся каля кавярнi з маленькай сонечнай тэрасай. Там ужо сядзела шмат наведнiкаў, i сярод iх я пазнаў сяго-таго з санаторыя. Тут быў таксама iтальянец, якога я бачыў у бары. Яго звалi Антонiа. Ён падышоў да нашага столiка, каб павiтацца з Пат. Ён расказаў, што нейкiя жартаўнiкi мiнулай ноччу выкацiлi ложак з сонным хворым з пакоя i завезлi ў пакой старой настаўнiцы.
- Навошта яны гэта зрабiлi? - спытаў я.
- Ён паправiўся i праз некалькi дзён ад'язджае, - адказаў Антонiа. - У такiх выпадках жартуюць гэтак.
- Славуты чорны гумар тых, хто застаецца, каханы, - сказала Пат.
- Тут, у санаторыi, людзi дзяцiняцца, - прамовiў Антонiа, нiбы прабачаючы iм.
"Паправiўся, - падумаў я. - Нехта паправiўся i вяртаецца дадому".
- Чаго ты хацела б выпiць, Пат? - спытаў я.
- Марцiнi. Сухога марцiнi.
Па радыё палiлiся гукi венскiх вальсаў. Здавалася, што ў цёплым летнiм паветры залуналi лёгкiя светлыя сцягi. Кельнер прынёс вiно. Яно было вельмi халоднае i, калi сонца трапляла на яго, iскрылася перламутрам.
- Як добра пасядзець вось так, праўда? - спытала Пат.
- Выдатна, - адказаў я.
- Але часам гэта бывае невыносна, - сказала яна.
Мы засталiся ў вёсцы да абеду. Пат гэта вельмi падабалася. У апошнi час ёй не дазвалялi выходзiць з санаторыя. Гэта быў яе першы выхад. Яна сказала, што адчувае сябе ў два разы здаравейшай, калi абедае ў вёсцы. Антонiа таксама палуднаваў з намi. Потым мы зноў паехалi наверх, i Пат пайшла ў свой пакой. Яна хацела дзве гадзiнкi адпачыць.
Мы з Кёстэрам вывелi "Карла" з гаража i агледзелi яго. Трэба было замянiць дзве паламаныя рысоры. У майстра з гаража знайшлiся iнструменты, i мы ўзялiся за справу. Потым мы змазалi шасi. Калi ўсё было гатова, мы выкацiлi яго на вулiцу. Ён стаяў на снезе, абпырсканы гразёй i з абвiслымi вушамi.
- Памыем яго? - спытаў я.
- Не, у дарозе не будзем, - сказаў Кёстэр. - За гэта ён пакрыўдзiцца.
Падышла Пат. Яна выспалася i пасвяжэла. Вакол яе весела бегаў сабака.
- Бiлi! - клiкнуў я.
Ён здзiўлена зiрнуў, але не вельмi ўзрадаваўся. Ён не пазнаў мяне i зусiм засаромеўся, калi Пат звярнула яго ўвагу на маю асобу.
- Вось як бывае, - сказаў я. - Дзякуй богу, што ў людзей крыху лепшая памяць. А дзе ж ён быў учора?
Пат засмяялася.
- Ён увесь час ляжаў пад ложкам. Ён раўнуе да маiх гасцей i ад злосцi хаваецца.
- У цябе цудоўны выгляд, - сказаў я.
Яна шчаслiвымi вачыма глянула на мяне. Потым наблiзiлася да "Карла".
- Хочацца зноў пасядзець у машыне i крыху пакатацца.
- Вельмi проста, - сказаў я. - Праўда, Ота?
- Без сумнення. На вас цёплае палiто, а ў нас ёсць яшчэ шалi i коўдры.
Пат села наперадзе каля Кёстэра. "Карл" зароў. Выхлапныя газы блакiтна-белымi воблачкамi закруцiлiся ў паветры. Матор яшчэ не разагрэўся. Ланцугi, ляскаючы, пачалi няспешна падмiнаць пад сябе снег. "Карл" з пырханнем. грукатам i вуркатаннем споўз унiз да вёскi i прабег па галоўнай вулiцы, як прыгорблены воўк, сярод конскага тупату i звону шаргуноў.
Мы выехалi з вёскi. Быў надвячорак, заснежаныя палi, асветленыя нiзкiм сонцам, паблiсквалi ружовымi iскрамi. Некалькi стагоў сена, амаль занесеныя белым снегам, стаялi пад гарой. Апошнiя лыжнiкi маленькiмi кропкамi скочвалiся ў далiну. Пры гэтым яны праслiзгвалi па чырвоным сонцы, якое вялiзным шарам яшчэ раз паказалася з-за адхону, - вялiзны ком сухога жару.
- Вы ўчора тут праязджалi? - спытала Пат.
- Праязджалi.
Машына ўскараскалася на вяршыню першай гары. Кёстэр спынiўся. Вiд адсюль зверху быў дзiвосны. Напярэдаднi, калi мы з цяжкасцю прабiралiся праз ледзяны сiнi вечар, мы глядзелi толькi на дарогу.
За горнымi скаламi адкрывалася маляўнiчая далiна. Абрысы далёкiх гор рэзка i выразна вылучалiся на фоне светла-зялёнага неба. Яны свяцiлiся золатам. Залацiстыя плямы, нiбы пыл, ляжалi на заснежаных адхонах вяршынь. Горныя схiлы з кожнай хвiлiнай усё больш набывалi шыкоўны светла-ружовы колер, а сiнiя ценi рабiлiся ўсё цямнейшымi. Сонца стаяла якраз памiж дзвюма полымнымi вяршынямi, а шырокая далiна са сваiмi пагоркамi i схiламi здавалася магутным, нямым, блiскучым парадам перад уладаром, якi вось-вось схаваецца за небакраем. Фiялетавая стужка дарогi вiлася вакол пагоркаў, знiкала, зноў з'яўлялася, зацямнялася на паваротах, прабягала мiма вёсак i ўпiралася якраз на перавале ў небасхiл.
- Так далёка ад вёскi я яшчэ нiколi не была, - сказала Пат. - Гэта дарога вядзе дадому?
- Так.
Яна маўчала, глядзела ўнiз. Потым выйшла з машыны i засланiла даланёй вочы ад сонца.
- А колькi да горада? - спытала яна.
- Каля тысячы кiламетраў. У маi мы паедзем дадому. Ота забярэ нас.
- У маi, - паўтарыла яна. - Божа мой, у маi.
Сонца паволi садзiлася. Далiна ажывала. Ценi, якiя да гэтага нерухома хавалiся ў складках зямлi, пачалi бясшумна вылазiць i паўзцi ўсё вышэй, нiбы сiнiя агромнiстыя павукi. Пахаладала.
- Трэба вяртацца, Пат, - сказаў я.
Яна зiрнула на мяне, i яе твар раптам перамянiўся, нiбы ад болю. Я iмгненна заўважыў, што ёй усё вядома. Яна ведае, што ўжо нiколi не перасячэ гэты бязлiтасны горны ланцуг на гарызонце, яна гэта ведае, але хоча схаваць, так, як i мы хочам схаваць гэта ад яе, але на нейкае iмгненне яна страцiла пiльнасць, i ўвесь зямны боль выглянуў з яе вачэй.
- Давайце яшчэ крыху праедзем, - сказала яна. - Зусiм крышачку ўнiз.
- Паехалi, - сказаў я, зiрнуўшы спачатку на Кёстэра.
Яна села каля мяне на задняе сядзенне, я абняў яе i накрыў нас коўдрай. Машына павольна пачала спускацца ўнiз, у далiну, у ценi.
- Робi, каханы, - шаптала Пат мне на вуха, - здаецца, мы едзем дадому, назад у наша жыццё.
- Праўда, - сказаў я i нацягнуў на яе коўдру да шыi. Чым нiжэй мы спускалiся, тым цямней рабiлася. Пат была ўся ўхутана ў коўдры. Яна засунула руку мне пад сарочку на грудзi, я адчуваў яе руку целам, а потым яе дыханне, яе вусны, а потым - слёзы.
Асцярожна, каб яна не заўважыла развароты, Кёстэр павярнуў машыну да рыначнай плошчы наступнай вёскi, апiсаўшы вялiзную дугу, i мы паволi паехалi назад.
Калi мы дабралiся да вяршынi, сонца ўжо зайшло. На ўсходзе памiж воблакамi ўжо плыў бледны i чысты месяц. Мы ехалi назад, ланцугi аднастайна стукалi, перабiраючы зямлю. Зрабiлася вельмi цiха, я сядзеў нерухома, адчуваючы слёзы Пат сэрцам, быццам там крывянiла рана.
Праз гадзiну я сядзеў у холе. Пат пайшла ў свой пакой, а Кёстэр накiраваўся на метэаралагiчную станцыю, каб даведацца пра надвор'е. На дварэ сцямнела, вакол месяца пралегла светлая палоска, за вокнамi панаваў вечар, шэры i мяккi, як аксамiт. Неўзабаве падышоў Антонiа i сеў за мой столiк. За адным з суседнiх столiкаў сядзеў чалавек, круглы, як гарматнае ядро, у грубым шарсцяным пiнжаку i кароценькiх штанах-гольфах. У яго быў твар немаўляцi з адтапыранымi вуснамi i халоднымi вачыма. Круглая чырвоная лысiна блiшчала, як бiльярдны шар. Побач з iм сядзела хударлявая жанчына з глыбокiмi ценямi пад вачыма, з пакутлiвым журботным тварам. Таўстун быў ажыўлены, яго галава ўвесь час круцiлася, ружовыя ручкi ўвесь час абводзiлi плаўныя кругi.
- Цудоўна тут наверсе, проста шыкоўна! Гэтая панарама, гэта паветра, гэта абслуга! Тут сапраўды добра...
- Бернгард, - цiха прамовiла жанчына.
- Дальбог, мне хоць раз так пажыць бы спешчана, так дагледжана... - Ён тлуста рагатнуў. - Ну, хоць ты пакарыстайся...
- Ах, Бернгард, - бездапаможна сказала жанчына.
- А што, а што, - весела зашумеў таўстун. - Лепш i быць не можа! Ты тут нiбы ў раi! Ты ўяўляеш сабе, што робiцца ўнiзе? А мне заўтра трэба зноў у гэтую мiтусню! Радуйся, што ты не бачыш нiчога гэтага. Што ж, я вельмi рады быў убачыць, што табе тут добра.
- Бернгард, мне не добра, - сказала жанчына.
- Але, мiленькая, - завуркатаў Бернгард, - не капрызнiчай! Што я магу сказаць? Увесь час у клопатах, усюды банкруцтвы, падаткi... ну, але працуеш...
Жанчына маўчала.
- Спрытнюга, - сказаў я Антонiа.
- I яшчэ якi! - адказаў той. - Ён прыехаў сюды пазаўчора i не дае жанчыне слова сказаць, дабiваючы яе сваiмi: "Табе тут цудоўна!" Ён не хоча нiчога бачыць, ведаеце, - нi яе страху, нi хваробы, нi адзiноты. Магчыма, ён ужо даўно жыве ў Берлiне з iншай такой самай куляй, як сам, а сюды ездзiць ужо паўгода, выконваючы абавязак, пацiраючы рукi, нахабна жартуючы, думаючы толькi пра сябе. Толькi каб нiчога не чуць! Такое тут не рэдкасць!
- Даўно тут гэтая жанчына?
- Каля двух гадоў.
Гурт маладых людзей са смехам прабег праз хол.
- Вяртаюцца з пошты. Паслалi Роту талеграму.
- Хто гэта - Рот?
- Гэта той, хто ад'язджае першы. Яны тэлеграфавалi яму, што яму нельга ехаць дадому, бо там эпiдэмiя грыпу, i таму трэба яшчэ застацца тут. Звычайныя жарты. За тое, што iм самiм трэба заставацца, разумееце?
Я зiрнуў у акно на шэры аксамiт, якiм былi завешаны горы. "Усё гэта няпраўда, - падумаў я. - Усё гэта нерэальна, такога не можа быць. Тут толькi нейкi тэатр, дзе злёгку iграюць смерць. Калi сапраўды памiрае чалавек, дык гэта жахлiва сур'ёзна". Мне хацелася б дагнаць маладых людзей, паляпаць iх па плячы i сказаць: "Тут жа толькi салонная смерць, цi не праўда, а вы толькi вясёлыя артысты, што iграюць смерць. Пасля вы зноў устанеце, каб пакланiцца. Ад павышанай тэмпературы i жорсткага дыхання не памiраюць. Трэба, каб стралялi, паранiлi каго-небудзь, тады прыйдзе смерць. Мне гэта знаёма..."
- Вы таксама хворы? - спытаў я Антонiа.
- Вядома, - сказаў ён з усмешкай.
- Сапраўды, выдатная кава, - грукатаў побач таўстун. - У нас такой удзень з агнём не знойдзеш.
Кёстэр вярнуўся з метэастанцыi.
- Мне трэба ехаць, Робi, - сказаў ён. - Барометр пайшоў унiз, вiдаць, ноччу пойдзе снег. Тады мне заўтра не прабiцца. Сёння яшчэ праеду.
- Добра. Павячэраем разам?
- Так. Я хуценька ўпакую рэчы.
- Я дапамагу, - сказаў я.
Мы ўпакавалi рэчы Кёстэра i занеслi iх у гараж. Потым вярнулiся, каб паклiкаць Пат.
- Калi што, тэлефануй мне, Робi, - сказаў Ота.
Я кiўнуў галавой.
- Праз некалькi дзён атрымаеш грошы. На першы час хопiць. Рабi ўсё, што неабходна.
- Добра, Ота. - Я павагаўся. - У нас дома ёсць некалькi ампул морфiю. Ты можаш прыслаць iх мне?
- Навошта яны табе?
- Не ведаю, што i як тут будзе. Магчыма, яны не спатрэбяцца. У мяне ўсё яшчэ жыве надзея, насуперак усяму. Але толькi тады, калi бачу Пат. Застаўшыся адзiн, я губляю ўсё. Але я не хачу, каб яна пакутавала, Ота. Не хачу, каб яна ляжала, не адчуваючы нiчога, акрамя болю. Магчыма, яны будуць даваць ёй уколы. Але мне будзе спакайней, калi я буду ведаць, што магу дапамагчы ёй.
- Толькi для гэтага, Робi? - спытаў Кёстэр.
- Толькi для гэтага. Вядома. А то я i не сказаў бы табе.
- Мы засталiся толькi ўдвух, - няспешна сказаў ён.
- Так.
- Добра, Робi.
Мы пайшлi ў кавярню, я прывёў Пат. Мы хуценька павячэралi, неба зацягвалася хмарамi. Кёстэр вывеў "Карла" з гаража, пад'ехаў да пад'езда.
- Бывай, Робi, - сказаў ён.
- I ты, Ота.
- Да пабачэння, Пат. - Ён падаў ёй руку i паглядзеў у вочы. - Вясной я прыеду па вас.
- Усяго вам добрага, Кёстэр. - Пат цвёрда пацiснула яму руку. - Я рада, што пабачыла вас. Перадавайце прывiтанне ад мяне Готфрыду Ленцу.
- Добра, - сказаў Кёстэр.
Яна ўсё яшчэ не выпускала яго руку. Яе вусны дрыжалi. Раптам яна ступiла крок наперад i пацалавала яго.
- Жывiце шчаслiва, - цiха прамовiла яна прыглушаным голасам.
Твар Кёстэра раптам на iмгненне асвяцiўся ярка-чырвоным полымем.
Ён памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але адвярнуўся, сеў у машыну, iрвануў яе з месца i паiмчаў па звiлiстай горнай дарозе не азiрнуўшыся. Мы глядзелi яму ўслед. Машына прагрукатала па галоўнай вулiцы i пачала ўзбiрацца на гару, як адзiнокi светлячок, несучы перад сабой па шэрым снезе святло тусклявых фараў. На вяршынi машына спынiлася, Кёстэр памахаў нам. Цёмнай плямай ён стаяў перад фарамi. Потым ён знiк, i мы доўга яшчэ чулi гул машыны.
Пат нахiлiлася i слухала, пакуль было чуваць. Але гул зацiх. Тады яна павярнулася да мяне.
- Апошнi карабель адплыў, Робi.
- Перадапошнi, - адказаў я. - Апошнi - я. А ведаеш, што я планую? Я хачу знайсцi iншае месца, каб кiнуць якар. Пакой у прыбудове мне больш не падабаецца. Не разумею, чаму мы не можам жыць разам. Паспрабую пашукаць пакой блiжэй да цябе.
- Немагчыма! Не знойдзеш! Як ты думаеш зрабiць гэта?
- Ты будзеш рада, калi я змагу?
- Што за пытанне? Было б цудоўна, мiлы! Амаль як у матухны Залеўскi.
- Добра, тады дазволь мне папрацаваць паўгадзiнкi.
- Выдатна. Я пакуль што пагуляю з Антонiа ў шахматы. Я тут навучылася.
Я пайшоў у кантору i растлумачыў, што застаюся тут надоўга i хачу атрымаць пакой на адным паверсе з Пат. Пажылая дама з усохлымi грудзьмi глянула на мяне незадаволена i адмовiла мне, спасылаючыся на рэжым.
- Хто ўстанаўлiваў рэжым? - спытаў я.
- Дырэкцыя, - адказала дама i разгладзiла зморшчыны на спаднiцы.
З вялiкай неахвотай яна паведамiла мне нарэшце, што дазволiць пайсцi на парушэнне можа толькi галоўны лекар.
- Але яго ўжо няма, - дадала яна. - А дадому да яго звяртацца можна толькi па службе.
- Цудоўна, - сказаў я. - Тады я звярнуся да яго па службе. Адносна рэжыму.
Галоўны лекар жыў у маленькiм дамку побач з санаторыем. Ён адразу прыняў мяне i без усялякай валакiты даў мне дазвол на перасяленне.
- Пасля няўдалай першай спробы не думаў, што так лёгка атрымаецца, сказаў я.
Ён засмяяўся.
- А, вы, вiдаць, натрапiлi на старую Рэксрот. Добра, я зараз ёй патэлефаную.
Я вярнуўся ў кантору. Старая Рэксрот з гонарам знiкла, убачыўшы выклiк на маiм твары. Я ўсё ўладзiў з сакратаркай i даручыў швейцару перанесцi мае рэчы i купiць мне некалькi бутэлек спiртнога. Потым я вярнуўся да Пат.
- Уладзiў? - спытала яна.
- Пакуль што - не, але праз некалькi дзён усё будзе ў парадку.
- Шкада, - яна перавярнула шахматы i ўстала.
- Што будзем рабiць? - спытаў я. - Пойдзем у бар?
- Вечарам мы часта гуляем у карты, - сказаў Антонiа. - Скора падзьме фен, гэта адчуваецца. У такi час найлепш гуляць у карты.
- У карты? Пат? - здзiўлена спытаў я. - У якiя гульнi ты ўмееш? У дурня i ў пасьянс?
- У покер, каханы, - заявiла Пат.
Я засмяяўся.
- Яна, праўда, умее, - сказаў Антонiа. - Толькi занадта рызыкоўная. Жахлiва блефуе.
- Я таксама, - адказаў я. - Трэба паспрабаваць.
Мы селi ў куток i пачалi гуляць. Пат нядрэнна гуляла. Яна сапраўды блефавала ваўсю. Праз гадзiну Антонiа звярнуў нашу ўвагу, што робiцца за акном. Iшоў снег. Паволi, нiбы яшчэ вагаючыся, амаль вертыкальна падалi буйныя сняжынкi.
- Зусiм бязветрана, - сказаў Антонiа. - Будзе шмат снегу.
- Цiкава, дзе цяпер Кёстэр? - спытала Пат.
- Ён ужо праехаў перавал, - сказаў я.
На нейкую секунду я выразна ўявiў сабе "Карла" з Кёстэрам за рулём, якi вёў машыну праз белую ноч, i ўсё раптам здалося мне нерэальным - тое, што я сяджу тут, што Кёстэр у дарозе, а Пат - побач са мной. Яна шчаслiва ўсмiхнулася мне, абапiраючыся рукой з картамi на стол.
- Хадзi, Робi.
Таўстун перабраўся да нашага стала, спынiўся i пачаў зычлiва зазiраць нам у карты. Магчыма, жонка заснула, а яму хацелася забавы. Я адклаў карты i глянуў на яго так злосна, што ён знiк.
- Я не сказала б, што ты ветлiвы, - задаволена сказала Пат.
- Не, - адказаў я. - I не хачу быць ветлiвым.
Мы яшчэ зайшлi ў бар i выпiлi некалькi шклянак "спецыяльнага". Потым Пат трэба было iсцi спаць. Я развiтаўся ў вестыбюлi. Яна пачала павольна падымацца па лесвiцы, азiраючыся i спыняючыся, пакуль не збочыла ў калiдор. Я крыху пачакаў, потым папрасiў у канторы ключ ад свайгоi пакоя. Сакратарка заўсмiхалася.
- Нумар семдзесят восем, - сказала яна.
Пакой суседнiчаў з пакоем Пат.
- Мусiць, па распараджэннi фройляйн Рэксрот? - спытаў я.
- Не, фройляйн Рэксрот пайшла ў малiтоўны дом, - адказала яна.
- Малiтоўныя дамы часам - бласлаўленне, - сказаў я i хутка пайшоў наверх. Мае рэчы былi ўжо распакаваныя. Праз паўгадзiнкi я пастукаў у дзверы ў суседнi пакой.
- Хто там? - усклiкнула Пат.
- Палiцыя маралi, - адказаў я.
Ключ заскрыгатаў, i дзверы iмгненна расчынiлiся.
- Ты, Робi? - прамовiла Пат разгублена.
- Я! - сказаў я. - Той, хто перамог фройляйн Рэксрот! Уладальнiк каньяку i "порта-ронка". - Я выцягнуў бутэльку з кiшэнi. - А цяпер прызнавайся, колькi мужчын тут ужо пабывала.
- Нiкога, акрамя футбольнай каманды i пашыранага фiларманiчнага аркестра, - заявiла са смехам Пат. - Ах, каханы, зноў вярнулiся старыя часы.
Яна заснула на маiм плячы. Я яшчэ доўга не спаў. У куточку пакоя гарэла маленькая лямпачка. Сняжынкi цiха стукалiся ў акно, час, здавалася, спынiўся, заблытаўшыся ў гэтым мяккiм залацiстым змярканнi. У пакоi было цёпла. Час ад часу патрэсквалi трубы цэнтральнага ацяплення. Пат паварушылася ў сне, i коўдра з лёгкiм шоргатам павольна спаўзла на падлогу. Ах, гэта бронзавая з адлiвам скура! Цуд тонкiх каленяў! Пяшчотная таемнасць грудзей! Я адчуваў плячом дотык яе валасоў i вуснамi ўспрымаў бiццё яе пульсу. "Табе наканавана памерцi, - падумаў я. - Ты не можаш памерцi. Ты - маё шчасце".
Я асцярожна зноў падняў коўдру. Пат нешта прамармытала i зноў змоўкла i паволi, у сне, падсунула мне далонь пад галаву.
XXVII
Усе наступныя днi падаў снег. У Пат была тэмпература, i яна мусiла ляжаць у пасцелi. Шмат у каго ў санаторыi была тэмпература.
- Надвор'е такое, - сказаў Антонiа.
- Занадта цёпла i ветрана. Якраз для тэмпературы.
- Каханы, выйдзi крыху на волю, - сказала Пат. - Ты ўмееш катацца на лыжах?
- Не. Дзе мне было вучыцца? Я нiколi не быў у гарах.
- Антонiа навучыць. Яму гэта будзе забава. Ты яму падабаешся.
- Мне куды лепш тут.
Яна выпрасталася, сеўшы ў пасцелi. Начная кашуля агалiла ёй плечы. Яны былi вельмi худыя. Такая ж жахлiва худая была i шыя.
- Робi, - сказала яна, - зрабi мне ласку. Мне вельмi не хочацца, каб ты сядзеў тут каля ложка хворай. Учора i пазаўчора хапiла ўжо табе.
- Мне добра сядзець тут, - адказаў я. - Няма нiякага жадання iсцi пад снег.
Яна цяжка задыхала, i я пачуў яе няроўнае дыханне.
- У мяне ў гэтым больш вопыту, чым у цябе, - сказала яна i абаперлася на локцi. - Так лепш нам абаiм. Потым убачыш сам. - Яна пакутлiва ўсмiхнулася. Сёння паполуднi i ўвесь вечар ты яшчэ наседзiшся тут. А ўранку мяне гэта непакоiць, каханы. Калi ў цябе тэмпература, то выгляд зранку неважнецкi. Увечары - зусiм iншая справа. Я павярхоўная дурнiца - не хачу выглядаць непрыгожай, калi ты глядзiш на мяне.
- Ну што ты, Пат! - Я ўстаў. - Ну добра, я на нейкi час выйду з Антонiа. Аполуднi я вярнуся. Калi не паламаю сабе касцей на гэтых нартах.
- Ты хутка навучышся, каханы. - Яе твар страцiў напружаны страх. - Скора ты будзеш выдатна катацца.
- А ты хочаш, каб я хуценька адсюль выдатна выкацiўся, - сказаў я i пацалаваў яе. Рукi ў яе былi вiльготныя i гарачыя, а вусны сухiя i патрэсканыя.
Антонiа жыў на трэцiм паверсе. Ён пазычыў мне лыжы з чаравiкамi. Яны падышлi мне, бо мы былi аднолькавага росту. Мы пайшлi на паляну недалёка за вёскай. Па дарозе Антонiа дапытлiва пазiраў на мяне.
- Тэмпература робiць чалавека неспакойным, - сказаў ён. - У такiя днi тут ужо здаралiся дзiўныя рэчы. - Ён паклаў лыжы перад сабой i прымацаваў iх. Самае горшае - чакаць i не мець магчымасцi штосьцi зрабiць. Ад гэтага можна звар'яцець.
- I здаровым не лягчэй, - адказаў я. - Быць побач i не магчы нiчога зрабiць.
Ён кiўнуў.
- Той-сёй з нас працуе, - працягваў ён. - Той-сёй прачытвае цэлыя бiблiятэкi. Але многiя зноў ператвараюцца ў школьнiкаў, якiя ўцякаюць ад лячэння, як уцякалi з урокаў фiзкультуры, i, палахлiва хiхiкаючы, хаваюцца ў крамах i кафетэрыях, толькi ўбачыўшы лекара. Патаемна кураць, патаемна выпiваюць, гуляюць у забароненыя гульнi, пляткараць, выдумваюць дурныя жарты так яны ратуюцца ад пустой бяздзейнасцi. I ад праўды. Вось такое дзiцячае, легкадумнае, а магчыма, i гераiчнае iгнараванне смерцi. А што iм, урэшце, яшчэ застаецца?
"Праўда, - падумаў я. - Што нам усiм, урэшце, яшчэ застаецца?"
- Паспрабуем? - спытаў Антонiа i ўбiў лыжныя палкi ў снег.
- Давайце.
Ён паказаў мне, як мацаваць лыжы i як трымаць раўнавагу. Гэта аказалася няцяжка. Я падаў даволi часта, але потым я паволi злаўчыўся, i ўжо справа пайшла. Праз гадзiну мы закончылi ўрок.
- Хопiць, - вырашыў Антонiа. - Сёння вечарам вы адчуеце свае мускулы.
Я зняў лыжы i адчуў, як энергiчна б'ецца ўва мне кроў.
- Добра, што мы пабылi на свежым паветры, Антонiа, - сказаў я.
- Гэта мы можам рабiць кожную ранiцу. Калi катаешся, прыходзяць iншыя думкi.
- Цi не выпiць нам дзе-небудзь? - спытаў я.
- Можна. Па чарцы "дзюбанэ" ў Форстэра.
Мы выпiлi "дзюбанэ" i пайшлi ў санаторый. У канторы сакратарка сказала мне, што быў паштальён i перадаў, каб я прыйшоў на пошту. Мне прыйшлi грошы. Я глянуў на гадзiннiк. Часу яшчэ хапала, i я вярнуўся. На пошце мне выдалi дзве тысячы марак. Тут жа быў i лiст ад Кёстэра. Ён пiсаў, каб я не турбаваўся, грошы яшчэ ёсць. Варта мне толькi падаць звестку.
Я ўтаропiўся на банкноты. Адкуль яны ў яго? I так хутка? Я ж ведаў усе нашыя крынiцы. I раптам я здагадаўся. Я ўявiў сабе аматара гонак канфекцыянера Больвiза, прыпомнiў, як прагна ён абстукваў "Карла" каля бара пасля таго, як прайграў гонку, як ён сказаў: "Гэтую машыну я куплю ў любы час!" Д'ябальшчына! Кёстэр прадаў "Карла"! Вось адкуль раптам грошы! Прадаў "Карла", пра якога ён гаварыў, што лепш страцiць руку, чым машыну. "Карла" ўжо не было. Ён цяпер быў у сытых руках фабрыканта, а Ота, чыё вуха пазнавала яго за кiламетры, будзе прыслухоўвацца да яго выцця на вулiцах. Так вые прагнаны сабака.
Я схаваў лiст Кёстэра i пакунак з ампуламi морфiю. Я ўсё яшчэ бездапаможна стаяў перад паштовым акенцам. Найлепш было б адразу адаслаць грошы назад, але нельга - яны былi нам патрэбныя. Я разраўняў паперкi, схаваў iх у кашалёк i выйшаў. Пракляцце! Цяпер я кожную машыну буду абыходзiць бокам. Машыны былi мне сябрамi, але "Карл" значыў куды больш. Таварыш! "Карл", прывiд дарог. Мы былi адно цэлае. "Карл" i Кёстэр, "Карл" i Ленц, "Карл" i Пат. Я злосна i бездапаможна абтрос снег з ног. Ленц загiнуў. "Карла" купiлi. А Пат? Аслепленымi вачыма я ўзiраўся ў неба, гэтае шэрае бясконцае неба бога-вар'ята, якi прыдумаў жыццё i смерць на сваю забаву.
Пад вечар вецер перамянiўся, пасвятлела i пахаладала. Вечарам Пат адчула сябе лепш. Наступнай ранiцай яна магла ўжо ўстаць, а праз некалькi дзён, калi Рот - мужчына, якi паправiўся, - ад'язджаў, яна змагла нават пайсцi праводзiць яго на вакзал.
Рота праводзiў вялiкi натоўп. Такая тут была завядзёнка, калi хтосьцi ад'язджаў. Сам Рот быў не вельмi вясёлы. Яму нейкiм чынам не пашанцавала. Два гады назад нейкi свяцiла, адказваючы на яго пытанне, цi доўга яму яшчэ засталося жыць, заявiў, што гады два яшчэ, калi будзе сцерагчыся. Для пэўнасцi ён спытаў другога лекара, просячы сказаць праўду па шчырасцi. Той паабяцаў яму яшчэ менш. Тады Рот размеркаваў усё, што меў, на два гады i спусцiў, не зважаючы на сваю хваробу. Нарэшце яго завезлi ў санаторый з моцнай кравацечай... I тут, замест таго каб памiраць, ён пачаў упэўнена папраўляцца. Паступiўшы сюды, ён важыў усяго 45 кiлаграмаў. Цяпер ён набраў 75 кiлаграмаў i настолькi паправiўся, што яго выпiсалi. А грошай не было.
- Што я там буду рабiць? - пытаўся ён у мяне, чухаючы рыжую патылiцу. - Вы ж толькi што адтуль, як там?
- Усё памянялася, - адказаў я, разглядаючы яго круглы зморшчаны твар з бясколернымi вейкамi. Ён паправiўся, хоць быў асуджаны на смерць.
- Прыйдзецца шукаць сабе працу, - сказаў ён. - Як там цяпер наконт гэтага?
Я пацiснуў плячыма. Цi варта было тлумачыць яму, што ён, вiдаць, працы не знойдзе. Ён скора ўбачыць гэта сам.
- У вас ёсць сувязi, сябры?-спытаў я.
- Сябры... ну, вы ж ведаеце... - Ён кплiва засмяяўся. - Калi ты раптам застаешся без грошай, яны разбягаюцца ад цябе, як блохi з мёртвага сабакi.
- Тады будзе цяжка.
- Не ўяўляеце сабе, што будзе. У мяне толькi некалькi соцень марак. I я нiчога не ўмею, як толькi трацiць грошы. Здаецца, той прафесар меў рацыю, хоць у iнакшым сэнсе: гады праз два я аддам богу душу - праўда, ад кулi.
Раптам мяне апанавала шалёная злосць на гэтага iдыёта-балбатуна. Няўжо ён не ведае, што такое жыццё? Я ўбачыў, як перада мной iшлi Антонiа i Пат. Я бачыў яе шыю, схуднелую ад хваробы, я ведаў, як яна любiць жыццё. У гэты момант я мог бы забiць Рота, калi б такiм чынам можна было вярнуць Пат здароўе...
Цягнiк адышоў. Рот махаў капелюшом. Тыя, хто застаўся, крычалi яму наўздагон усялякiя пажаданнi i смяялiся. Дзяўчына, спатыкаючыся, бегла за цягнiком i крычала тонкiм голасам, якi зрываўся:
- Да пабачэння! Да пабачэння!
Потым яна вярнулася i залiлася слязьмi. На тварах iншых з'явiўся выраз засаромленасцi.
- Ало! - крыкнуў Антонiа. - За плач на вакзале - штраф. Гэта закон санаторыя. Штраф на карысць наступнага свята.
Ён шырокiм жэстам працягнуў руку. Астатнiя зноў засмяялiся. Востры, жалобны, залiты слязьмi твар дзяўчыны таксама заўсмiхаўся. Яна дастала з кiшэнi палiто пацёрты кашалёк. Мне зрабiлася вельмi балюча на душы. Гэтыя твары вакол, гэта ж быў не смех, гэта была сутаргавая, пакутная весялосць, гэта былi грымасы.
- Хадзем, - сказаў я Пат i ўзяў яе пад руку.
Мы моўчкi iшлi па вясковай вулiцы. Каля кандытарскай я спынiўся i купiў карабок цукерак.
- Смажаны мiндаль, - сказаў я i працягнуў ёй карабок. -Ты ж любiш яго, праўда?
- Робi, - сказала Пат. Вусны ў яе задрыжалi.
- Хвiлiнку, - сказаў я i хутка пайшоў у краму кветак. З ружамi я выйшаў па магчымасцi спакойна.
- Робi, - сказала Пат.
Мая ўсмешка была даволi жалобнай.
- Пад старасць зраблюся кавалерам, Пат.
Не ведаю, што раптам найшло на нас. Магчыма, прычынай быў той закляты цягнiк, што адышоў. Быццам цень, налiты волавам, лёг на нас, быццам вецер разарваў усё, што з цяжкасцю ўтрымлiвала нас. Мы раптам адчулi сябе дзецьмi, якiя заблудзiлi i не ведалi, куды падацца, але, тым не менш, не паказвалi страху.
- Зойдзем вып'ем чарку, - сказаў я.
Яна кiўнула. Мы зайшлi ў кавярню i селi каля акна.
- Што табе заказаць, Пат?
- Рому, - сказала яна i зiрнула на мяне.
- Рому, - паўтарыў я i ўзяў пад сталом яе руку. Яна моцна сцiснула маю.
Прынеслi ром. Гэта быў "бакардзi" з лiмонам.
- Мой каханы, - сказала Пат i падняла чарку.
- Мой добры сябра, - сказаў я.
Мы хвiлiнку яшчэ пасядзелi.
- Бывае часам дзiўна, праўда? - сказала Пат.
- Праўда. Часам штосьцi находзiць. I зноў праходзiць.
Яна кiўнула. Мы зноў пайшлi, прытулiўшыся адзiн да аднаго. Мiма нас пратопалi конi, запрэжаныя ў санi. Ад iх валiла пара. Змораныя загарэлыя лыжнiкi, хакейная каманда ў бела-чырвоных свiтэрах - жыццё i шум вакол.
- Як ты сябе адчуваеш, Пат? - спытаў я.
- Добра, Робi.
- Праб'ёмся. Праўда?
- Вядома, каханы. - Яна прыцiснула маю руку да сябе.
Вулiца апусцела. Вечаровая зара ружовым покрывам ляжала на заснежаных гарах.
- Пат, - сказаў я, - ты i не ведаеш яшчэ, якая ў нас процьма грошай. Кёстэр прыслаў.
- Гэта ж цудоўна, Робi. Тады мы можам з табой як след бавiць час.
- Вельмi проста, - сказаў я. - Як нам захочацца.
- Тады пойдзем у суботу ў медзалу. Там апошнi вялiкi баль сёлета.
- Але ж табе вечарам нельга выходзiць.
- Большасцi з нас нельга, але людзi выходзяць.
Я зрабiў выгляд, што задумаўся.
- Робi, - сказала Пат, - за час, пакуль цябе не было, я рабiла ўсё, што мне прызначалi. Я была паслухмяная хворая - i нiкiм больш. Нiчога не дапамагло. Мне пагоршала. Не перабiвай мяне, я ведаю, што ты хочаш сказаць. Я ведаю таксама, што мяне чакае. Але час, якi мне адпушчаны, час з табой... дазволь мне рабiць, што захачу...
На яе твары ляжалi чырвоныя водблiскi сонца. Твар быў сур'ёзны, спакойны, з выразам вялiкай пяшчоты. "Пра што мы гаворым? - падумаў я. У роце ў мяне перасохла. - Цi ж гэта нармальна, што мы стаiм тут i размаўляем пра штосьцi, чаго нiколi не можа... не павiнна быць. I словы гэтыя вымаўляе Пат, абыякава, амаль без журбы, быццам ратунку ўжо няма, нават маленечкай кроплi зманлiвай надзеi... Гэта ж Пат, яшчэ амаль дзiця, якое я павiнен аберагаць, Пат, якая раптам аддалiлася ад мяне, пазнаўшы ўжо безназоўнае на тым баку i скарыўшыся яму".
- Ты не павiнна гаварыць такое, - нарэшце прамармытаў я. - Я толькi падумаў, цi не спытаць нам спачатку лекара.
- Мы больш нiкога пытаць не будзем, нiкога! - Яна замахала прыгожай маленькай галоўкай i паглядзела на мяне сваiмi вачыма, якiя я так любiў. Больш нiчога ведаць не хачу. Я хачу толькi быць шчаслiвай.
Вечарам у калiдорах санаторыя была мiтусня. Прыйшоў Антонiа i прынёс запрашэнне на вечарынку ў пакоi нейкага расейца.
- А цi можна мне так проста пайсцi з табой? - спытаў я.
- Тут? - у адказ спытала Пат.
- Тут шмат што можна, чаго звычайна нельга, - са смехам адказаў Антонiа.
Расеец быў пажылы i смуглявы. Ён жыў у двух пакоях, засланых дыванамi. На куфры стаялi бутэлькi з гарэлкай. У пакоях панаваў паўзмрок. Гарэлi толькi свечкi. Сярод гасцей была вельмi прыгожая маладая гiшпанка. У яе быў дзень нараджэння. Яго i сабралiся святкаваць.
У гэтых пакоях, якiя сваiм мiгатлiвым святлом i дзiўным брацтвам прысутных, пародненых агульным лёсам, напамiналi блiндаж, панаваў вельмi своеасаблiвы настрой.
- Што будзеце пiць? - спытаў мяне расеец. У яго быў вельмi цёплы нiзкi голас.
- Што ёсць.
Ён прынёс бутэльку каньяку i графiн гарэлкi.
- Вы здаровы? - спытаў ён.
- Так, - адказаў я сарамлiва.
Ён прапанаваў мне папяросы. Мы выпiлi.
- Пэўна, вам тое-сёе тут здаецца дзiўным, праўда?
- Не вельмi, - адказаў я. - Я не прывык да нармальнага жыцця.
- Так, - сказаў ён i змрочным позiркам глянуў на гiшпанку. - Тут наверсе своеасаблiвы свет. Ён мяняе людзей. Незвычайная хвароба, - задумлiва дадаў ён. - Яна робiць людзей больш ажыўленымi. А часам лепшымi. Мiстычная хвароба. Яна выганяе шлакi. - Ён устаў, кiўнуў мне i пайшоў да гiшпанкi, якая ўсмiхалася яму.
- Пусты балбатун, праўда? - спытаў нехта за маёй спiной.
Твар без падбародка. Гузаваты лоб. Неспакойныя, лiхаманкавыя вочы.
- Я тут у гасцях, - сказаў я. - А вы?
- Так ён i ловiць жанчын, - працягваў той, не слухаючы. - Так ён iх i ловiць. Вось i гэтую дзяўчынку...
Я не адказаў.
- Хто гэта? - спытаў я Пат, калi той адышоўся.
- Музыкант. Скрыпач. Ён закахаўся ў гiшпанку. Так, як кахаюць тут наверсе. А яна i слухаць пра яго не хоча. Яна кахае расейца.
- I я на яе месцы зрабiў бы тое ж самае.
Пат засмяялася.
- Мне здаецца, што такога мужчыну толькi i кахаць, - сказаў я. - А ты таксама?
- Не, - адказала яна.
- Ты тут нi разу не закахалася?
- Моцна - не.
- Мне гэта было б усё роўна, -сказаў я.
- Цудоўныя прызнаннi. - Пат выпрасталася. - Але табе павiнна было б быць зусiм не ўсё роўна.
- Я не тое хацеў сказаць. Я нават не магу табе растлумачыць, што я меў на ўвазе. Не магу, таму што i цяпер яшчэ не ведаю, што ты ўва мне знаходзiш.
- Пакiнь гэта мне, - сказала яна.
- А ты ведаеш?
- Не дакладна, - адказала яна са смехам. - Iнакш не было б кахання.
Бутэлькi, прынесеныя расейцам, стаялi перада мной. Я налiў некалькi чарак i выпiў. Настрой, якi панаваў тут, прыгнятаў мяне. Мне не хацелася бачыць Пат сярод гэтых хворых.
- Табе тут не падабаецца? - спытала яна.
- Не вельмi. Мне трэба спачатку прывыкнуць.
- Мой бедны каханы... - яна пагладзiла мне руку.
- Калi ты побач, я не бедны, - сказаў я.
- А Рыта вельмi прыгожая?
- Не, - сказаў я. - Ты прыгажэйшая.
У маладой гiшпанкi на каленях ляжала гiтара. Потым яна пачала спяваць, i здавалася, што чорная птушка залунала ў пакоi. Яна напаўголаса спявала гiшпанскiя песнi. У яе быў нiзкi, ломкi голас хворага чалавека. Я не ведаю, што на мяне падзейнiчала - чужыя меланхалiчныя мелодыi, жахлiвы вечаровы голас дзяўчыны, ценi хворых, якiя сядзелi ў крэслах i на падлозе, буйны нахiлены цёмны твар расейца, - але мне раптам здалося, што ўсё гэта - рыдаючае цiхае закляцце лёсу, якi хаваўся за завешанымi вокнамi, чакаючы свайго, просьба, крык i страх, страх застацца адзiн на адзiн з небыццём, якое цiха паядае цябе.
...Назаўтра ранiцай Пат была вясёлая i гарэзлiвая. Яна займалася сваiмi сукенкамi.
- Занадта шырокiя сталi, зашмат, - мармытала яна, дапытлiва гледзячы на сябе ў люстэрка. Потым яна павярнулася да мяне.
- А ты ўзяў з сабой смокiнг, каханы?
- Не, - сказаў я. - Не ведаў, што ён тут спатрэбiцца.
- Тады схадзi да Антонiа. Ён пазычыць табе. У вас аднолькавыя фiгуры.
- Ён патрэбны яму самому.
- Ён апране фрак.
Яна зашпiлiла складку.
- А потым схадзi пакатайся на лыжах. Мне зараз трэба папрацаваць. А калi ты тут, я не магу.
- Я рабую гэтага Антонiа, - сказаў я. - Што б мы без яго рабiлi?
- Мне здаецца, ён добры хлопец.
- Згодны, - сказаў я. - Ты выбрала правiльнае слова. Добры хлопец.
- Не ведаю, што б я рабiла без яго, калi была адна.
- Давай пра гэта больш не думаць, - сказаў я. - Даўно мiнула.
- Добра. - Яна пацалавала мяне. - А цяпер iдзi катацца.
Антонiа ўжо чакаў мяне.
- Я ўжо падумаў, што ў вас, пэўна, няма смокiнга, - сказаў ён. - Памерце пiнжак.
Пiнжак быў вузкаваты, але сяк-так сядзеў. Антонiа свiснуў задаволена i дастаў увесь касцюм.
- Заўтра будзе весела, - заявiў ён. - На шчасце, заўтра вечарам у канторы дзяжурыць малая сакратарка. Старая Рэксрот не выпусцiла б нас. Афiцыйна ж усё забаронена. А неафiцыйна... мы, вядома, даўно не дзецi.
Мы пайшлi катацца. Я ўжо напрактыкаваўся, i вучэбная паляна нам больш не спатрэбiлася. Па дарозе нам сустрэўся мужчына з брыльянтавымi пярсцёнкамi на пальцах, у паласатых штанах. На шыi ў яго матляўся стракаты гальштук, якiя носяць артысты.
- Смешныя тыпы трапляюцца тут, - сказаў я.
- Гэта важны тып. Праважаты нябожчыкаў.
- Што? - спытаў я здзiўлена.
- Праважаты нябожчыкаў, - паўтарыў Антонiа. - Тут хворыя з усяго свету. Асаблiва шмат з Паўднёвай Амерыкi. Ну, а сем'ям, вядома, хочацца пахаваць сваiх блiзкiх на радзiме. Тады вось такi праважаты за добрую ўзнагароду едзе туды з цынкавай труной. Такiм чынам гэтыя людзi робяцца заможнымi i шмат вандруюць. Вось гэтага тыпа смерцi зрабiлi сапраўдным дэндзi, як бачыце.
Мы яшчэ нейкi час падымалiся ўгору, а потым прымацавалi лыжы i пакацiлiся. Белыя пагоркi гайдалi нас, а за намi з брэхам, нiбы рыжы мяч, раз за разам правальваючыся па грудзi ў снег, iмчаў Бiлi. Ён зноў прывык да мяне, хоць часта раптам вяртаўся з сярэдзiны дарогi i стралой iмчаў назад да санаторыя толькi вушы матлялiся.
Я практыкаваўся рабiць паварот "Крысцiянiя" i кожны раз, калi з'язджаў з гары i рыхтаваўся да скачка i расслабляўся, то думаў: калi ўдасца i я не ўпаду, Пат паправiцца. Вецер свiстаў мне ў твар, снег быў цяжкi i вязкi, але я зноў i зноў адштурхоўваўся, я шукаў усё больш крутыя адхоны, усё больш цяжкую мясцовасць, i калi мне зноў i зноў шанцавала, я думаў: "Выратавана!", хоць i ведаў, што гэта глупства, i ўсё ж радаваўся, як ужо даўно не радаваўся.
У суботу быў вялiкi тайны выхад. Антонiа падрыхтаваў санi, якiя чакалi ўнiзе ў баку ад санаторыя. Сам ён з вясёлай песняй з'язджаў з пагорка на лакiраваных туфлях, у расхрыстаным палiто, з-пад якога свяцiла белая манiшка.
- Ён звар'яцеў, - сказаў я.
- Ён так часта робiць, - адказала Пат. - Ён бязмежна легкадумны. Толькi гэтым ён трымаецца. Iнакш ён не быў бы ўвесь час у добрым настроi.
- Затое мы цябе добра спаўём.
Я ўхутаў яе ва ўсе коўдры i шалi, якiя ў нас былi. Потым санi паехалi ўнiз. Калона была доўгая. Усе, хто мог, уцяклi. Можна было падумаць, што ў далiну з'язджае вяселле - так святочна матлялiся ў месячным святле стракатыя султаны на конскiх галовах, так шмат было смеху i воклiчаў.
Медзала была ўбрана шыкоўна. Тут ужо танцавалi. Для санаторцаў быў пакiнуты куток, куды не траплялi скразнякi з вокнаў. Было цёпла, пахла кветкамi, парфумай i вiном. За нашым сталом сядзела шмат людзей: расеец, Рыта, скрыпач, нейкая бабуля, дама з тварам размаляванага шкiлета, з ёй яшчэ нейкi тып, Антонiа i хтосьцi яшчэ.
- Хадзем, Робi, - сказала Пат. - Патанцуем.
Пляцоўка паволi круцiлася вакол нас. Скрыпка i вiяланчэль выводзiлi пяшчотную плаўную мелодыю, якая плыла над аркестрам. Ногi танцораў шоргалi па падлозе.
- Дзiва, мой адзiны каханы, раптам выяўляецца, што ты цудоўна танцуеш, здзiўлена сказала Пат.
- Ну, цудоўна.
- Канечне. Дзе ты навучыўся?
- Мяне яшчэ Готфрыд навучыў, - сказаў я.
- У вашай майстэрнi?
- Там... i ў кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Нам жа i дамы патрабавалiся для гэтага. Апошнi бляск наводзiлi Роза, Марыён i Валi. Я толькi баюся, што вынiк не вельмi элегантны.
- Што ты! - Яе вочы блiшчалi. - Мы ўпершыню танцуем з табой, Робi!
Побач з намi танцавалi расеец з гiшпанкай. Ён з усмешкай кiўнуў нам. Гiшпанка выглядала вельмi бледнай. Чорныя блiскучыя валасы, як вароняе крыло, спадалi ёй на лоб. Яна танцавала з нерухомай сур'ёзнай мiнай. На запясцi ў яе быў надзеты бранзалет з вялiкiх чатырохкантовых смарагдаў. ёй было васемнаццаць гадоў. Ад стала прагнымi вачыма за ёй сачыў скрыпач. Мы вярнулiся на месца.
- Хачу цыгарэту, - сказала Пат.
- Вось гэтага не варта было б, - асцярожна параiў я.
- Толькi пару зацяжак, Робi. Я так даўно не палiла.
Яна ўзяла цыгарэту, але зноў адклала.
- Не смачна, Робi. Проста ўжо не смачна.
- Так заўсёды бывае, калi доўга жывеш без нечага.
- А ты ж доўга жыў без мяне, i як? - спытала яна.
- Гэта датычыць толькi ядаў, - адказаў я. - Толькi алкаголю i табакi.
- Людзi - куды горшы яд, чым алкаголь i табака, каханы.
Я засмяяўся.
- Ты - разумнае дзiця, Пат.
Яна аблакацiлася на стол i паглядзела на мяне.
- Ты, шчыра кажучы, нiколi не прымаў мяне сур'ёзна?
- Я сам сябе нiколi не ўспрымаў усур'ёз, - адказаў я.
- Але ж i мяне. Скажы праўду.
- Не ведаю. Але нас дваiх я заўсёды ўспрымаў страшэнна ўсур'ёз, гэта я ведаю.
Яна ўсмiхнулася. Антонiа запрасiў яе на танец. Яны пайшлi ў кола. Я назiраў, як яна танцавала. Кожны раз, наблiжаючыся да мяне, яна ўсмiхалася. Яе срэбныя туфелькi амаль не датыкалiся да падлогi. Яна рухалася, як лань.
Расеец зноў танцаваў з гiшпанкай. Яны маўчалi. Яго буйны цёмны твар выказваў пяшчоту. Скрыпач зрабiў спробу запрасiць гiшпанку на танец. Яна толькi пахiтала галавой i пайшла з расейцам.
Скрыпач раструшчыў цыгарэту доўгiмi кастлявымi пальцамi. Раптам мне зрабiлася шкада яго. Я прапанаваў яму запалiць. Ён адмовiўся.
- Мне трэба паберагчы сябе, - сказаў ён сваiм адрывiстым голасам. - А гэны, - хiхiкаючы, працягваў ён i паказаў на расейца, - смалiць па пяцьдзесят штук.
- Адзiн так робiць, другi - гэтак, - адказаў я.
- Хоць яна зараз i не хоча танцаваць са мной, але я яе ўсё ж дамагуся...
- Каго?
- Рыты. У нас былi добрыя адносiны. Мы разам iгралi. А потым з'явiўся расеец i звёў яе ад мяне сваiмi тырадамi. Але я вярну яе.
- Вам трэба будзе прыкласцi намаганнi, - сказаў я. Ён мне не падабаўся.
Ён зарагатаў, быццам авечка забляяла.
- Намаганнi! Вы - наiўны анёл! Мне трэба толькi пачакаць.
- Тады чакайце.
- Пяцьдзесят цыгарэт, - шаптаў ён. - Кожны дзень. Я ўчора бачыў яго рэнтгенаўскi здымак. Каверна на каверне. Гатоў. - Ён зноў засмяяўся. Спачатку ў нас было аднолькава. Нашы здымкi можна было пераблытаць. Цяпер пабачыць бы вам рознiцу! Я паправiўся на два фунты. Не, мой мiлы, мне трэба толькi чакаць i берагчы сябе. Я ўжо з радасцю чакаю наступнага здымка. Сястра мне iх паказвае заўсёды. Калi яго не будзе, я займу яго месца.
- Вось такi метад, - сказаў я.
- Вось такi метад, - як папугай, паўтарыў ён. - Адзiны метад, дзiцятка вы маё! Калi б я паспрабаваў супернiчаць з iм цяпер, я нашкодзiў бы сабе на потым. Не, дарагi навiчок, трэба зычлiва, спакойна чакаць.
Зрабiлася душна i цяжка дыхаць. Пат закашлялася. Я заўважыў, што яна са страхам зiрнула на мяне, i я зрабiў выгляд, што нiчога не чуў.
Бабуля, абвешаная жэмчугам, сядзела, цiха паглыбiўшыся ў сябе. Час ад часу яна рэзка рагатала. Потым зноў iмгненна супакойвалася i сядзела нерухома. Шкiлет сварылася з суседам. Расеец палiў цыгарэты адну за адной. Скрыпач даваў яму прыпалiць. Нейкая дзяўчына раптам сутаргава каўтнула, паднесла да рота хусцiнку, глянула на яе i збялела.
Я глянуў у залу. Там стаялi сталы спартсменаў, там - здаровых грамадзян, там сядзелi французы, ангельцы, галандцы, у мове якiх працяглыя склады напамiналi пра лугi i мора. А памiж iмi ўсiмi прымасцiлася за столiкам маленькая калонiя хваробы i смерцi - лiхаманкавая, прыгожая, закiнутая.
Лугi i мора... Я зiрнуў на Пат... Лугi i мора... пена i пясок i курганне... ах, падумаў я, мой каханы вузкi лобiк! Мае каханыя рукi! Любiмае жыццё, якое можна любiць, а ўратаваць - нельга.
Я ўстаў i выйшаў за дзверы. Мне зрабiлася горача ад горычы i бяссiлля. Я паволi пайшоў па дарозе. Мяне працiнаў халодны вецер, што дзьмуў з-за дамоў. Я сцiснуў кулакi i доўга ўзiраўся ў нерухомыя белыя горы, мяне гнялi дзiкая бездапаможнасць, злосць i боль.
Па вулiцы, бомкаючы шаргункамi, праехалi санi. Я пайшоў назад. Насустрач мне выйшла Пат.
- Дзе ты быў?
- На свежым паветры.
- У цябе дрэнны настрой?
- Ды не!
- Каханы, весялiся! Весялiся сёння! Дзеля мяне. Хто ведае, калi я выберуся зноў на баль.
- Выберашся, i не адзiн раз.
Яна прыхiлiла галаву да майго пляча.
- Калi ты кажаш, то так i будзе. Хадзем, патанцуем. Мы ўпершыню танцуем з табой.
Мы пайшлi танцаваць. Цёплае мяккае святло было лiтасцiвае, яно скрадвала ўсе ценi, якiя паклала на твары глыбокая ноч.
- Як ты адчуваеш сябе? - спытаў я.
- Добра, Робi.
- Якая ты прыгожая, Пат.
Яе вочы загарэлiся.
- Цудоўна, што ты мне так гаворыш.
Я адчуў шчакой дотык яе цёплых сухiх вуснаў.
...Калi мы вярнулiся ў санаторый, было ўжо позна.
- Толькi зiрнiце на яго выгляд, - захiхiкаў скрыпач i неўпрыкмет паказаў на расейца.
- У вас выгляд гэткi ж самы, - злосна сказаў я.
Ён разгублена глянуў на мяне.
- Ну пэўна, вы ж здаравiла! - з'едлiва сказаў ён.
Я падаў расейцу руку. Ён кiўнуў мне i пяшчотна падтрымаў маладую гiшпанку, калi яна падымалася па лесвiцы. У слабым святле начных лямп здавалася, што яго шырокая прыгорбленая спiна i худзенькiя плечы дзяўчыны нясуць наверх цяжар усяго свету. Дама-шкiлет цягнула па калiдоры свайго сябра, якi нешта верашчаў. Антонiа пажадаў нам добрай ночы. Было нешта прывiднае ў гэтым амаль нячутным развiтаннi, прамоўленым шэптам.