У пачатку 1918 года немцы ўзяліся зусім ужо акрэслена ствараць Літоўскую «дзяржаву». Паводле іх праекту, у іх руках павінны былі знаходзіцца літоўская армія, літоўскія фінансы, літоўскія шляхі зносін і ўся літоўская народная гаспадарка... А справы «самакіравання» яны перададуць «тарыбе» — літоўскай дзяржаўнай радзе.

Спаміж літоўскіх нацыяналістаў першую скрыпку граў тады пан Смэтона, гэта значыць — Смятана, як усе і звалі яго тады ў Вільні на сваіх мовах.

Гэты пан Смятана, а за ім і ўсе літоўскія нацыяналісты ахвотна згаджаліся на нямецкія прапановы, абы як-небудзь замясіць сваё, спачатку хоць рэдзенькае, але сваё літоўскае дзяржаўнае цеста.

Аднак яны прымушаны былі лічыцца не толькі з немцамі, а і з рознымі тутэйшымі нацыянальнымі і палітычнымі арганізацыямі і групамі.

Палякі, вядома, не хацелі прызнаваць у Вільні ніякае тарыбы, раз яны лічылі гэты горад — сваім, польскім. Слабенькія беларусы рады былі, пакуль не ўзмацуюцца, падзяліцца і Вільняю, хоць таксама лічылі, што правы іх на гэты горад — не меншыя, калі не большыя, чым літоўскія. Яўрэям выгадней было ісці са слабейшымі літоўцамі, чым з мацнейшымі палякамі.

Дык з нацыянальнымі арганізацыямі пан Смятана скора прывёў усе свае справы ў яснасць і парадак. Значна цяжэй было яму дайсці ладу з палітычнымі партыямі і групоўкамі... Бо спаміж саміх правадыроў гэтых партый і груповак не было ладу.

* * *

Я памятаю, як адбываўся нелегальны ці напаўлегальны сход па пытаннях: ісці ў тарыбу ці не ісці? На сход трапіў я выпадкова і пабыў — як у тэатры без білета.

Бо лідэры «Сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы» зрабілі там тады цэлую камедыю...

Кейрыс і Эйдукевіч (эсдэкі-ліцвіны) былі за тое, каб ісці. Асабліва ўгрунтована выказваўся Кейрыс, што трэба, канечне, ісці, каб змагацца там з панам Смятанаю і з немцамі. І, мусіць, наогул вельмі хацелася яму сесці ў сваёй літоўскай тарыбе.

Годвад і Заштаўт (эсдэкі-палякі) былі катэгарычна супраць. Асабліва ўгрунтована выказваўся Годвад, што нельга ісці ні пад якім відам, каб «не запэцкацца ў смятане»...

І надта лоўка пускаў ён туман у вочы, але было відаць нават і мне, хоць чалавек я і не надта хітры, што проста не хочацца яму сесці ў польскім горадзе ў літоўскую тарыбу.

А найбольш мне засталося ў памяці, як пасварыліся Эйдукевіч з Зантаўтам.

Заштаўт, чысценькі, прыгладжаны, у пенснэ, наскочыў на Эйдукевіча, як задзірлівы пеўнічак:

— Ты стары осел!

Эйдукевіч, тоўсты, прысадзісты, у акулярах, упёрся, як вол, крутнуў галавою:

— Ты млоды дурань!

Наогул — дайшло ледзь не да бойкі...

Найболей калаціліся за Вільню. Чыя яна — польская ці літоўская.

Бунд рашуча адмовіўся пасылаць сваіх прадстаўнікоў у тарыбу. Прадстаўнік бундаўцаў нібы трагічна, але трошку і насмешліва заявіў:

— Рана дзеліце вялікую Расію!

Члены РСДРП, якія «зрабілі гонар» сходу, што прыйшлі сюды, зацягнулі даволі нудную песню — аб мемарандуме, голасе народа, устаноўчым сейме... Песня была невыразная, але ўсё ж нарэшце можна было зразумець, што ім тарыба таксама не да смаку.

Ужо канчаўся сход нічым, як і ўсякая камедыя. Але ж была гэта не толькі камедыя, але троху — і драма, для рабочых, якія слухалі-слухалі, маўчалі-маўчалі дый не ўцерпелі.

Падняўся Ліцкевіч, падхапіўся потым і Туркевіч, і пачалі абурана казаць, што калі так пойдзе далей, дык яны пачнуць шукаць сабе другіх дарог...

Не памятаю, хто падкалоў Ліцкевіча, крыкнуў з іроніяй:

— Можа ты хочаш зрабіць тое, што ў Расіі?


— Зробім! Пачакайце! — са злосцю адказаў Ліцкевіч, хоць і быў заўсёды такім вясёлым і прыветным чалавекам.

* * *

Праз нейкі час спіс прадстаўнікоў для выбараў тарыбы быў панам Смятанаю, нарэшце, складзены. Генерал Гофман таго-сяго выкрасліў, спіс зацвердзіў і даў дазвол з’ехацца. Прадстаўнікі з'ехаліся і выбралі тарыбу. Ад літоўскае сацыял-дэмакратыі ў яе трапілі Кейрыс, Эйдукевіч, Янулайціс і іншыя.

Тарыба перш за ўсё паслала тэлеграму кайзеру Вільгельму з падзякаю і прывітаннем. Потым занялася меркаваннем наконт формы праўлення ў новай «дзяржаве». Літоўскія клерыкалы высунулі праект манархіі з нямецкім прынцам Ульрыхам, Вільгельмавым пляменнікам, на чале...

Скора пасля гэтага адбылася канферэнцыя «Сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы» з удзелам прадстаўнікоў з правінцыі. Кейрыс рабіў інфармацыю. І зрабіў паведамленне аб пасылцы тарыбаю тэлеграмы кайзеру...

Дэлегаты-рабочыя — Карповіч, Ліцкевіч і іншыя —пачалі страшэнна абурацца супроць паводзін сваіх лідэраў у тарыбе. Зноў паўстала пытанне рубам: ці варта ўваходзіць у тарыбу?

Лідэры абараняліся. Хтосьці з іх даводзіў: «Літоўскія сацыял-дэмакраты павінны былі ўвайсці ў тарыбу хоць бы ўжо для таго, каб мець магчымасць вольна раз’язджаць па краі».

Пасля канферэнцыі Эйдукевіч парваў з групаю Кейрыса, і з тарыбы выйшаў. Кейрыс застаўся ў тарыбе. Яго выключылі з партыі. Ён не прызнаў выключэння правільным і заявіў, што яго можа выключыць толькі з’езд.

Годвад і Заштаўт хацелі арганізаваць новую партыю. Але ніхто за імі не пайшоў. Рабочыя страцілі веру да лідэраў. І не ведалі, што ім рабіць. Зайшлі ў тупік... Ну, потым, і скора — выйшлі з яго...


Загрузка...