ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
І. ТАВАРЫШЫ З МАСКВЫ
Здань блукае па Еўропе — здань камунізма.
Маніфест Камуністычнай партыі
Цяпер, каб прыехаць з Масквы ў Вільню, трэба было перабрацца праз два франты: новы каля Оршы і стары каля Маладзечна.
Перабрацца без нямецкага дазволу было цяжка, асабліва праз стары фронт. Гэта было ўсё роўна што ўзяць цытадэль. «Але няма ў свеце такіх цытадэляў, якіх не ўзялі б бальшавікі...»
І першая з Масквы ў Вільню прыехала, у месяцы сакавіку, гэтага 1918 года, таварыш Ганна Драбовіч, бальшавічка, жанарганізатарка.
Ехала яна праз Мінск. Перабрацца праз стары фронт дапамог ён таварыш Ясюнас, літоўскі камуніст, незвычайна адважны і энергічны чалавек. Пагінуў ён на Латвійскім фронце ў 1919 годзе смерцю героя...
Ганна Драбовіч таксама літоўская камуністка. Родам знедкуль з-пад горада Тэльшаў. Прыехала яна тады ў Вільню арганізоўваць камуністычны рух у Літве.
* * *
Скора пасля яе прыезду, у месяцы красавіку, адбыўся нелегальны сход, на якім давялося быць і мне. Адбыўся ён на Антокалі, за вайсковым шпіталем, у дачнай мясцовасці.
Збіраліся туды і па адзіночцы і невялічкімі групкамі. Наша групка, хоць усе былі галодныя, ішла вясёла. Кобак іграў на гармоніку, — ішлі быццам на маёўку...
Мясцовасць там прыгожая. На ўзгорках і на склонах растуць высокія старыя сосны, пад соснамі раскінуты дачы, а вакол — малады лісцвяны лес, дужа густы.
У той час, праўда, дачы стаялі пустыя, і за вайну многа было кінутых, забітых, а нават троху і разломаных ваколічнаю беднатою на дровы ўзімку.
І хоць ішла вясна, і прабівалася зялёная травіца — было там пустынна. А таму, хто жыў тут раней, п’ючы салодкае жыццё, было б тут цяпер, пэўна, вельмі сумна сярод гэтых руін і запусцення.
Калі сабралася чалавек з паўсотні, пачала Гапна Драбовіч гаварыць... Гаварыла яна проста, без усякіх красамоўных выкрунтасаў, не так, як тыя нашы лідэры, якіх наслухаліся мы ўжо досыць.
Гаварыла яна, як гаворыць свой блізкі са сваімі блізкімі. Вось быццам прыехала са свету дамоў дзяўчына — і апавядае, як там дзе людзям жывецца. Не хавала яна ад нас, што там і цяжка, але, здаецца, з радасцю паляцеў бы туды, на гэтае «цяжкае»...
Там рабочым было цяжка, таму што змагаліся яны з сваімі ворагамі за вялікую ідэю. У нас тут людзі мерлі з голаду як мухі, а за што... Цяжка нам было і фізічна і маральна.
Яна старалася як найлепей растлумачыць нам вялікі сэнс вялікай пралетарскай рэвалюцыі. А было ўжо ўсё так ясна, што, здаецца, і сам раней якраз вось гэтак думаў, толькі не ўмеў акрэсліць...
Зрабілі простае галасаванне. Дваццаць два чалавекі падалі голас за кампартыю. І ўсе да аднаго — рабочыя. А ў большасці — актывісты з Вароняй вуліцы: Кярновіч, Карнецкі, Ліцкевіч з трыма сынамі, тры браты Кобакі, Туркевіч і другія.
* * *
Недалёчка было Першае мая. Не было ўжо часу падрыхтавацца да яго як мае быць. І святкавалі мы яго, можна сказаць, яшчэ ў шэрагах сацыял-дэмакратыі, толькі з сваімі думкамі...
З нашых даўнейшых лідэраў у групу спачатку не ўвайшоў ніхто. Ні аб Годвадзе, ні аб Заштаўце, вядома, няма што і гаварыць. А Эйдукевіч усё вагаўся. Потым чуем: з намі ён! Паправіў-ткі сваю памылку.
Скора ізноў прыехаў з Расіі таварыш Ясюнас. Казаў, каб мы адразу назваліся камуністамі. Але чамусьці, пакуль што, была прынята назва: «Сацыял-дэмакратычная партыя (бальшавікоў) Літвы». Выбралі бюро. Пачалася арганізацыйная работа.
Паехалі таварышы ў правінцыю, каб там рабіць раскол сацыял-дэмакратычных арганізацый і ствараць бальшавіцкія ячэйкі. Наладзілася сувязь з Мінскам, Смаленскам і Масквою.
Весці работу было цяжка. Бо нічога тады немцы так не баяліся, як «камуністычнае заразы».
І Ганну Драбовіч, калі паехала ў правінцыю, яны скора арыштавалі і пасадзілі ў турму. Сядзела яна доўга,аж да нямецкай рэвалюцыі.
* * *
Але цяпер усё чагосьці прыязджаў хто-небудзь новы з Масквы.
У маі прыехаў таварыш Ром. Быў ён тады яшчэ зусім малады чалавек, юнак, прыблізна мой равеснік, але адразу па прыездзе ўвайшоў у самы асяродак работы і зрабіўся нашым правадыром.
Мушу прызнацца, што спачатку было мне троху дзіўна, што правадыр наш — сын багатых бацькоў. Праўда, пра бацькоў яго казалі мне, што людзі яны вельмі інтэлігентныя і ліберальныя. Іх многія ведалі, бо жылі яны ў Вільні, былі тутэйшыя палякі. Але ўсё ж штосьці мне рупіла — прабрацца ў самую сутнасць таварыша Рома...
Яго выступленняў перад вялікім сходам мне не прыйшлося пачуць ні разу. Я зрэдку бачыў яго ў невялічкім пакойчыку на Вароняй вуліцы і там жа зрэдку чуў ад яго пару слоў па якой-небудзь справе. I так, мімаходам, да яго прыглядаўся...
Сярэдняга росту, не буйны, але складаны, моцны. І ходзіць трошачку ўразвалку, ды ўжо і ў гэтай яго хадзе чуецца схаваная энергія і нясходаная, толькі нібы замаскаваная ўпорлівасць.
Твар белы, лоб вялікі, і бровы расходзяцца канцамі ўгару. Нос круглы, але з энергічнымі і троху нервовымі рысамі. Губы тонкія і таксама троху нервовыя, асабліва куткі іх.
Шэрыя разумныя вочы. Слухае — быццам не вельмі ўважна, быццам думае ў гэты час нешта сваё... А паглядзіць — і ў поглядзе праніклівасць: усяго ён цябе ведае...
І я думаў: цвёрдая, асцярожная, але, мусіць, захаванастрасная натура; захаваная рашучасць на ўсё; гэты чалавек не пабаіцца рашучых учынкаў... І было мне гэта ў ім прыемна. Ён мне падабаўся.
Трымаўся ён з усімі незвычайна проста і скромна, па-таварыску, па-кампанейску. Чалавек быў у абыходзінах самы сардэчны. І толькі ўвесь час адчувалася ў ім далікатнае захаванне свае асабістае годнасці. І гэта мне ў ім падабалася: відаць, што чалавек культурны і інтэлігентны.
Усе рабочыя яго палюбілі. Патрошку і я забыўся цікавіцца яго панскім паходжаннем. Бачыў у ім толькі добрага партыйнага кіраўніка і слаўнага таварыша.
Камуністычная арганізацыя ў Вільні хутка расла. Улетку камуністы пачынаюць ужо мець большасць у некаторых масавых рабочых арганізацыях. Яны ўжо выцясняюць прадстаўнікоў іншых партый з праўленняў рабочых кааператываў, з праўленняў розных культурна-бытавых устаноў.
ІІ. ГІБЕЛЬ ЯНІ
Улетку гэтага, 1918, года голад у Вільні зрабіўся меншы. Па-першае, немцы забралі Украіну і вывозілі адтуль прадукты. А па-другое, пачаўся маральны расклад нямецкае арміі.
Немцаў ужо можна купіць,— пачалі казаць у Вільні. І праўда — многія нямецкія салдаты займаліся цяпер не столькі вайною, колькі гандлем. Крамнікі куплялі ў іх крадзеныя казённыя прадукты. У прыватным продажы з'явіліся мука, крупы, сала, цукар-рафінад, розная бакалея. Пад восень з’явіліся прывозныя фрукты, памідоры, віно, усё, відаць, з нямецкіх рук. Гэтым часам ужо адчыняюцца ў Вільні рэстаранчыкі...
Шаўцы і краўцы куплялі ў немцаў салдацкія боты, брызенты, сёдлы, вайсковае сукно. І ў прыватным продажы з’явіўся абутак, зроблены з гэтых ботаў і сёдлаў ці нават з фабрычнага рамення, а таксама — плашчы з брызентаў, гарнітуры з сукна, перафарбаванага з абароннага колеру ў чорны ці сіні колер. На вуліцах ужо з’яўляюцца франты і франціхі ваеннага часу...
Патрошку адчыняліся крамкі з розным металічным ломам ды вырабамі з яго. Завялася хоць нейкая работа ў рамесніцкіх цэхах. З вёсак вярталіся ў Вільню раскінутыя страшным голадам гарадскія пралетарыі.
З рук немцаў шмат перападала цяпер у рукі мірных жыхароў, але, пэўна ж, у рукі тых, хто мог купіць.
І хоць, наогул, было цяпер не так ужо цяжка, як у 1916—1917 гадах, але рабочая бедната і цяпер цярпела голад. Голад жа асабліва прыкра адчуваецца тады, калі нехта жарэ, а ты глядзіш яму ў вочы ды глытаеш сліну...
Гэтым карысталася цяпер віленская хадэцыя (хрысціянская дэмакратыя). Яна таксама арганізавала сваю эканамічную базу. Спачатку развяла гняздо пры касцёле святога Міхала і святой Ганны, а потым перанеслася да касцёла святога Яна, на Святаянскую вуліцу.
Падкормліваннем ды падачкамі, салодка-хітрымі казаннямі ды арганнай музыкай са спевамі патрыятычных песень стараліся ксяндзы адцягнуць галоднага рабочага ад Вароняй вуліцы пад свой уплыў.
Каб атрымаць раз-два ў месяц сушаную рыбіну ці шклянку таннага пракіслага павідла, ішлі да іх цёмныя хатнія прыслугі, убогія пабожныя дворнікі, няшчасныя саматужнікі-адзіночкі... Але зараза ўсё ж расла.
І што дзіўнага, калі нават наша Юзя аднаго разу была зусім здурнела... — «Пайду запішуся!» І гэта ўжо тады, калі мы кожны дзень абедалі на Вароняй вуліцы. Праўда, пасля тых абедаў зараз ізноў хацелася есці, і з’еў бы не адзін такі абед, а пяць такіх абедаў. Але ж голадам мы ўжо не сядзелі. І першы раз палаяўся я з Юзяю вельмі сур’ёзна. Аселася.
* * *
І цяпер яшчэ, напрыклад, нярэдка трапляліся выпадкі, што за кавалак хлеба, за фунт павідла ці мармеладу немец-салдат купляў цела беднай галоднай жанчыны.
Прастытуцыя ў гэты час у Вільні квітнела. Немцы, вядома, змагаліся з ёю. Змагаліся на свой культурны лад. Мне прыпамінаецца, як апавядаў мне аб гэтым той праваднік-кум, з якім я ехаў, уцякаючы з Белавежы ў Вільню. Каб салдаты не заражаліся венерычнымі хваробамі, нямецкае вайсковае камандаванне адчыняла для іх спецыяльныя вайсковыя публічныя дамы, пад наглядам дактароў-спецыялістаў. На станцыі Кашадары быў нямецкі перасыльны салдацкі пункт, і вось там, якраз супроць школы, праз вуліцу ад яе, стаяла аж восем такіх домікаў.
— Як толькі прыходзіць вайсковы эшалон, — казаў ён, — немцы-салдаты, з ранцамі на плячах, з амуніцыяй, бягуць туды... Зробіцца чарга, дык некаторыя, чакаючы, сядуць у чарзе на ранцы, чытаюць газеты.
У Вільні таксама былі такія домікі і цэлыя дамы. І былі спецыяльныя шпіталі, дзе лячылі жанчын, хворых на венерычныя хваробы. У горадзе хадзілі нядобрыя чуткі аб шпіталі для прастытутак, што быў у Звярынцы. Апавядалі, што немцы трымаюць там хворых жанчын у палатах пад замком і пад вайсковаю вартаю. [...]
Апавядалі, што хворых на пранцы ў моцнай ступені адтуль ужо зусім не выпушчаюць: даюць ім «соннага» (морфію ці чаго), пакуль бедная спіць-спіць і так і засне навекі...
Усе гэтыя чуткі перадавала мне Юзя. Думаю, што Яня таксама ведала пра іх ад Юзі, хоць сёстры штосьці мала дружылі і не асабліва часта аб чым-небудзь па сакрэту размаўлялі.
* * *
Пасля смерці мае маці Яня яксьці аддалілася і ад Юзі і ад мяне. Мы ўсе былі вечна заняты работаю і думкамі аб кавалку хлеба. Яня тоіла сваё жыццё ад нас, нічога нам не казала. Зарабляла яна сабе на жыццё сама. У пачатку нямецкае акупацыі, хоць была яшчэ малая — спрабавала ўсякую работу. Нарэшце папала ў гэтую вайсковую парыкмахерскую.
Яна старалася трымацца там, хоць трымалі яе, пэўна ж, не столькі за спраўнасць у рабоце, колькі за хараство. Дзяўчынка была вельмі прыгожая і маладзенькая. Такіх жа ўсё і падбіралі ў парыкмахерскія, кандытарскія ды модныя магазіны.
Парыкмахерская была на Кальварыйскай, недалёчка ад артылерыйскіх казармаў. А мы жылі на Вастрабрамскай. Хадзіць ёй было вельмі далёка. Работу канчала а шостай, і бачылі мы яе толькі ўвечары. А было ўжо ёй гадоў шаснаццаць-семнаццаць.
Аднойчы, у канцы жніўня месяца, Яня доўга не прыходзіла. Мы чакалі-чакалі, занепакоіліся. Я лёг, задрамаў, прачнуўся — усё яе няма. Юзя кажа: «Трэба ісці шукаць», — і ўжо плача.
Пропуску ў мяне не было, але я пачаў напранацца, каб ісці ў парыкмахерскую. Парыкмахерская, пэўна ж, была ўночы зачынена, але куды ж мне было яшчэ ісці? Усё — тая дарога.
Раптам — яна з’яўляецца. Гадзіне а дванаццатай... Уся заплаканая, усхваляваная. І як мы ні дабіваліся ад яе, каб сказала, у чым справа, нічога не дабіліся.
Казала, што ці то звольнілі са службы, ці то хочуць звольніць, дык сядзела ў садзе, не хацела дамоў ісці. Наіўна маніла, бо да маны не прызвычаілася, была надта праўдзівая дзяўчынка. А калі хацела ад нас што-небудзь скрыць, дык проста маўчала.
Юзя пачала была на яе сварыцца, а яна — ізноў плакаць. Я стрымаў Юзю, ды было ўжо і позна, ляглі спаць.
Назаўтрае раніцою, калі мы яшчэ толькі ўсталі, — прыходзіць да нас немец-салдат. Яня — за дзверы, а ён загарадзіў ёй дарогу і загадвае сабрацца і ісці з ім...
Я страшэнна ўсхваляваўся, голас у мяне рвецца, і пытаюся па магчымасці спакойна: што такое? за што арышт? куды ён хоча яе весці?
А ён і кажа, хоць і самому, відаць, прыкра: учора, пасля медыцынскага агляду, накіравалі яе для лячэння ў шпіталь на вуліцы Бакшце, а яна адтуль, з канцылярыі, уцякла...
Шпіталь на Бакшце! Шпіталь для такіх хворых! О, гора, гора! Як жа гэта? Што ж гэта? Гром на ясным небе... І чаму ж яна нам нічога не сказала? І цяпер — плача, маўчыць...
Калі ён павёў яе, я таксама зараз хацеў ісці следам. Але Юзя затрымала, што мне ісці на работу, а то яшчэ звольняць за прагул, а лепей яна пойдзе, а там ужо будзем ведаць, што нам цяпер рабіць. І пабегла...
Цяжка мне працавалася той дзень. А яшчэ цяжэй зрабілася, калі прыйшоў я з працы па кватэру. Юзя ляжала на ложку, і твар у яе апох ад слёз. Ішла яна следам за Яняю праз увесь горад. Завёў гэты салдат Яню ў страшны шпіталь у Звярынцы, а яе там і на парог не пусцілі. Вярнулася і ўсё ляжала ды плакала.
* * *
У наступны дзень быў я прагульшчыкам. Найперш накіраваўся ў тую парыкмахерскую. Там спаткалі мяне насмешкамі, здзекамі. Самае брыдкае гаварылі па-нямецку, каб я не зразумеў. А з ламанай нямецка-польскай гутаркі зразумеў я, што адзін плюгавенькі, лысы, раіць мне схадзіць да лейтэнанта — атрымаць фунт мармеладу... Другі, маладзейшы, белакуры, заўважыў, што лейтэнант хоць каго можа наўчыць прыгожаму каханню...
Я гатоў быў кінуцца на гэтых людзей-сволачаў самым лютым зверам, зубамі разарваць іх. Але досыць было мне трошку падняць голас, як адзін з іх, мусіць, загадчык ці старшы майстар, унтэр з нашыўкамі, схапіў мяне за локаць і выпіхнуў на вуліцу.
З Кальварыйскай пайшоў я ў шпіталь у Звярынец. Прыйшоў туды а гадзіне адзінаццатай. Там мяне, як і Юзю, пусціць не хацелі. Стаяў салдат са стрэльбаю каля чыгуннае каліткі — не пушчае...
Я пачаў скандаліць, ён свіснуў у свісток — выбег другі салдат. Я лезу, скандалю, каб пусцілі ў канцылярыю. Выклікалі каменданта. Спачатку хацеў арыштаваць мяне.
Я кажу: «За што арыштаваць? За тое, што прыйшоў прасіць дазволу пабачыцца з хвораю?» — «У нас няма ніякіх пабачанняў. Вылечым, тады пабачышся». — «Не, мне трэба зараз пабачыцца, каб высветліць справу, за якую нехта павінен даць адказ перад судом...»
Скрывіў ён морду, але дастаў блакнот, запісаў імя і прозвішча, і маё і Яніна, і мой адрас. Сказаў прыйсці заўтра. Што мне было рабіць? Пайшоў дамоў. І, можа, калі я троху адышоў — якраз тады і здарылася непапраўнае...
Па дарозе я абдумаўся, успомніў — і кінуўся на Варонка, да таварыша Рома. А яго не было. Прыняў мяне Кунігас-Ляўданскі, таксама адзін з кіраўнікоў і добры таварыш. Ён, як мог, супакоіў мяне. Байкам, якія хадзілі аб Звярынецкім шпіталі, ён не верыў. Але ўсю гісторыю прыняў блізка да сэрца, страшэнна абураўся і сказаў, што Яню трэба перавесці ў шпіталь на Бакшце, а наконт лейтэнанта і адміністрацыі парыкмахерскай трэба паведаміць нямецкаму камандаванню. Дакляраваў, што зараз жа яны ўсю справу высветляць і ўсё, што можна, зробяць. Мне палягчэла: цяпер ужо мы маем сваю абарону! На кватэру прыйшоў я больш-менш супакоены, хоць неадчэпная думка аб такім здарэнні з Яняю гняла мяне гнётам.
Прыйшоўшы, стараўся супакоіць Юзю. На заўтрашні дзень якраз прыпадала свята, на работу не трэба было ісці. І мы пастанавілі ўвесь дзень аддаць на Яню, каб пабачыцца з ёю, супакоіць яе, і каб дабіцца пераводу яе з страшнага месца.
* * *
Ці маглі ж мы ведаць, што страшнае, непапраўнае ўжо адбылося і што, калі мы меркавалі з Юзяю, што рабіць, каб яе вызваліць, — яе ўжо апускалі ў магілу...
Назаўтра раніцою, калі збіраліся мы ісці да яе на пабачэнне,— неспадзявана з’яўляецца салдат-рассыльны з пакетам ад шпітальнага каменданта. «Што гэта яшчэ?» — думаю... Чытаю... І ўваччу ў мяне замітусілася.
Камендант быў ласкаў паведаміць на польскай мове, што хворая Яніна Плахінская каля дванаццатай гадзіны дня выкінулася з акна трэцяга паверха на брук і разбілася насмерць. І нават выказаў свой жаль. Пахаванне прызначаў на шостую гадзіну пасля паўдня, калі родныя і могуць з'явіцца ў канцылярыю шпіталя з гэтым пакетам замест пропуска...
Як апісаць увесь наш стан пасля гэтага паведамлення?..
Мы не чакалі шостай гадзіны. Мы пабеглі ў шпіталь зараз, каб дазволілі пабачыцца з ёю мёртваю, у нябожчыцкай. Напісана было ясна, беспаваротна. І, пэўна, разбілася яна жудасна, не да глядзення... Але невядомая сіла гнала нас да яе — скарэй, скарэй...
Прыбягаем у канцылярыю, і што ж аказваецца? Чытаючы паведамленне, я не разгледзеў, якое пастаўлена чысло. Аказваецца, Яню пахавалі ўжо — учора, а шостай гадзіне пасля паўдня.
Хвалёная нямецкая акуратнасць! Пакет мусілі даставіць нам учора, а даставілі толькі сёння. Што з таго, што камендант быў такі ласкавы, што ў нашай прысутнасці даваў, камусьці там, самую суровую вымову з папярэджаннем.
З пахаваннем чамусьці паспяшылі, а з пакетам спозніліся. Дый ці не ўсё ўжо роўна? Ну, расказалі нам, як знайсці яе магілу на новым Звярынецкім могільніку...
Маці з Напалеонам на Росе, Яня — тут. Ізноў — нядаўні пустыр, пассечаныя сосны. Толькі тут ён — ужо ўвесь густа застаўлены новенькімі сасновымі крыжыкамі.
I ёй ужо паставілі, — адразу, як закапалі. І хімічным алоўкам на дошчачцы акуратна напісалі.
Юзя кінулася на жоўтыя камкі гліны, а я стаяў акамянелы, разбіты. Цёплае жнівеньскае сонейка ласкава прыгравала. Жоўценькія мятлушкі спакойна мітусіліся між крыжоў. Дзесьці здалёк вясёла іграла вайсковая музыка, духавы аркестр — мусіць, ішлі салдаты. У Знаменскай цэркві зазванілі...
ІІІ. ПРЫЕЗД БАЦЬКІ
Шануй бацьку твайго...
Біблія
Юзя ўсё плакала. Я хадзіў у самым чорным настроі, з самымі цяжкімі думкамі аб нікчэмнасці ўсяго людскога жыцця. І толькі злосць ды жаданне зрабіць па-свойму варочалі мяне да рэчаіснасці... Але нідзе больш не паднімаў я пытання ні аб тых паганых парыкмахерах, ні аб тым агідніку лейтэнанце.
На працы знаходзіў я патроху сваю душэўную раўнавагу.
Потым, у верасні, з’ехалася першая агульналітоўская камуністычная канферэнцыя. У падрыхтоўчай да яе рабоце, з даручэннем таварыша Рома, меў некаторы ўдзел і я. І гэта яшчэ больш павярнула мае думкі на здаровы шлях.
Узняўся дух, павесялеў настрой ува ўсіх рабочых, а ў тым ліку і ў мяне.
Канферэнцыя з’ехалася нелегальна. На ёй выбралі Цэнтральны Камітэт. Увайшлі ў яго: Ром, Эйдукевіч, Якшэвіч, Ліцкевіч, Кярновіч і другія.
Да гэтага ж часу належыць маё большае знаёмства з таварышам Кунігасам-Ляўданскім.
З Масквы ў Вільню, у гэтым годзе, прыехаў ён адным з першых, але раней мне з ім неяк не прыходзілася бліжэй спаткацца.
Перад канферэнцыяй трапілася мне быць з ім разам у дарозе, ездзілі мы па справе, і сваімі простымі і задушэўнымі гутаркамі ён вельмі падтрымаў мяне ў маім заняпадзе пасля смерці Яні.
Было яму тады гадоў 22—23. Быў ён сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, худашчавы бландзін з блакітнымі вачыма, з прадаўгаватым нежным, тыпова літоўскім тварам, крыху як бы сялянскім. Родам быў знедкуль з-пад г[орада] Тэльшаў, як і Ганна Драбовіч. Раней працаваў у рэвалюцыйных гуртках моладзі. У рэвалюцыю акунуўся з усім пылам маладосці і свае гарачае натуры. Чалавек быў вельмі дзейны, і — «гарачая галава», як казалі пра яго рабочыя, каторыя блізка яго ведалі.
Сваімі гутаркамі на розныя тэмы зрабіў ён на мяне ўражанне чалавека — вельмі начытанага для такіх маладых гадоў. Ён добра ведаў палітэканомію, гісторыю культуры, філасофію. Шмат апавядаў мне пра Карла Маркса, як быццам спецыяльна займаўся раней вывучэннем яго біяграфіі.
Ён казаў мне, якія ўдары сыпаліся на гэтага вялікага чалавека, у якой беднасці жыў ён у Лондане... І асабліва засталося мне ў памяці, што ў яго памёрла, амаль што ад голаду, дачка-дзяўчынка, калі пісаў ён «Капітал».
Патроху пачаў я глядзець на жыццё і смерць больш спакойна і здарова. Знайшоў апраўданне, прымірэнне і — нават новы імпэт да змагання за лепшае жыццё чалавецтва.
* * *
Цяпер жа я чакаў, што хутка павінен прыехаць і мой бацька, бо шмат ужо людзей папрыязджала з Расіі, перабрацца праз фронт цяпер было не так ужо цяжка.
Аднойчы ў нядзелю схадзілі мы з Юзяю на Яніну магілку, пасядзелі там, назбіралі пучок палявых красак, на яе пасохлыя, жоўтыя камы гліны паклалі...
І прыйшлі дамоў — з такім пачуццём, нібы ўсё ўжо больш-менш добра, усё так-сяк абляглося, стала на сваё месца. І прыйшоўшы — гаманілі, што вось можа скора ўжо прыедзе і яе бацька і мой, і колькі горкіх навін прыйдзецца нам сказаць ім...
Аж якраз, амаль што пад час гэтых нашых гутарак, яны, неспадзявана, і з’яўляюцца, і абодва разам... Юзя кінулася да бацькі на шыю, горка заплакаўшы, загаласіўшы. І ён застагнаў і зубамі скрыгнуў. Я пазнаў бацьку па чорнай павязцы на воку, і на яго пытанне: «Ты, Мацей?» — павітаўся з ім хоць і засмучона трошку, але наогул спакойна і радасна. Цалавацца я не асабліва люблю, але той наш пацалунак застаўся мне ў памяці, як нешта прыемнадарагое.
З выгляду ўяўляў я сабе свайго бацьку зусім іншым. Я чамусьці думаў, што і ён вернецца гэткім самым сівым, друзлым і нервовым, як некалі дзядуля. Аж бацька быў яшчэ ў поўным здароўі мужчына. Ніжэй сярэдняга росту, але моцны, здаровы, і нават не дужа худы з дарогі.
Валасы стрыг кругом, як і дзядуля, ды былі яны ў яго яшчэ чорныя, густыя. Вусы падстрыгаў па-ангельску.
Вопратка была даволі чыстая. І гаварыў густа і салідна, як чалавек сыты. Часта ўсміхаўся і паказваў белыя, роўныя, здаровыя зубы. Толькі чорная павязка на левым воку псавала яму, як прыехаў, выгляд. Дзесьці ў дарозе, на начлезе ў сялянскай хаце, ён дастаў сваё шкляное вока і паклаў у шклянку з вадою, бо вачніца ад пылу, казаў, загнаілася. А дзеці, калі ён заснуў, пачалі цікавіцца, дасталі з шклянкі і пабілі.
Дзядзька Антоні Плахінскі, наадварот, — зусім апусціўся. Бурыя вусы ў яго пасівелі і яшчэ болей абвіслі. Сам ён увесь сагнуўся, згорбіўся. Погляд меў пануры, прыбіты. А можа гэта яго так прыціснула вестка аб смерці Яні.
З бацькам маім з’ехаліся яны ў дарозе выпадкова, — здаецца, у Оршы, на нямецкім каранціне. Ехалі да Вільні разам. А ў Вільні з вакзала пайшлі проста па Пагулянку... Бацька не ведаў, дзе нас з маткаю шукаць, і дзядзька смела павёў яго ў «сваю майстэрню»... І там, без нас і не ад нас, даведаліся яны пра ўсе горкія навіны. Нам лягчэй было апавядаць ім.
Дзядзька прыехаў страшэнна худы, брудны, абарваны. Бацька мой, калі загаварылі мы пра смерць маці, толькі праслязіўся, папрасіў, каб заўтра я звадзіў яго на магілку, мы схадзілі, і ён скора прымірыўся з фактам. А дзядзька ад гора, што Яня памёрла, і так наогул — зусім расхварэўся.
На тым месцы, дзе стаяў ложак мае маці, мы паставілі яму Янін ложак, і ён увесь час па прыездзе ляжаў на ім у роспачлівым атупенні. Не хацеў нічога есці. Толькі стагнаў ды калі варочаўся — то скрыгаў зубамі.
Бацька мой купіў сабе тапчан і паставіў на тым месцы, дзе спала Яня, пры акне, бліжэй да святла, бо ўсё чытаў газеты. Ён прывёз з сабою бохан хлеба, кіло цукру і вялікі кавалак сала. А дзядзька з прадуктаў не прывёз нічога, — пэўна, дзеля свае нясходанае скупасці (бо, як потым мы даведаліся, прывёз ён грошай, і ўсё царскімі бумажкамі).
Свае адносіны мы з Юзяю спачатку ад іх хавалі. Але потым яны здагадаліся (ці ім суседзі сказалі). Дзядзька Плахінскі аднёсся да гэтага, здаецца, зусім безуважна.
Бацька ж мой быў з Юзяю надта ветлівы, паслужлівы, далікатны. Яна яму спадабалася. Ён прабаваў дапамагаць ёй «весці гаспадарку»: вучыў, як што трэба зрабіць, купіць, каб выгадней, каб танней... Але «весці» не было чаго...
Пасля Лютаўскае рэвалюцыі быў ён упаўнаважаным ад рабочых па пытаннях працы на Ленскіх залатых прыісках. Калі пачаліся выступленні бальшавікоў, ён праявіў сябе ярым іх праціўнікам і заядлым меншавіком, у выніку чаго прымушаны быў пакінуць сваю работу на прыісках.
Такім жа прыехаў ён і ў Вільню. І было гэта для мяне нечаканым агарчэннем... Спачатку было незразумела, — думаў я, што гэта як бы нейкія жарты, што скора ён пераменіцца, загаворыць па-сур’ёзнаму. А потым зрабілася мне вельмі прыкра.
Мая радасць ад яго прыезду, мая даўнейшая тайная гордасць, што бацька ў мяне — стары рэвалюцыянер, падпольнік царскага рэжыму, увесь мой настрой, звязаны з ім, — цяпер, з кожным днём, спадаў усё ніжэй.
Апрача таго, ён адразу ўзяў манеру — з усяго майго іранічна падсмейвацца, пра ўсё маё гаварыць сваімі бясспрэчнымі ісцінамі, усякую маю думку загадзя прымаць з паказною знісходлівасцю, як недарэчнасць.
Зараз па прыездзе ён звязаўся з віленскімі меншавікамі-інтэрнацыяналістамі і прыстроіўся там у іх загадчыкам сталоўкі (пры «Інтэрнацыянальным клубе» на Віленскай вуліцы, 20).
Мне зрабілася цяжка хадзіць дамоў. Кожны вечар — яго іронія над усёю нашаю работаю і амаль што лаянка па адрасу Вароняе вуліцы. Толькі меншавікі-інтэрнацыяналісты былі ў яго ідэальнымі людзьмі, ад якіх заззяе шчаслівае святло над усім светам.
А Плахінскі ўсё ляжаў, маўчаў. Крыху палепшаўшы, ён пачаў хадзіць, маўчаў-маўчаў — і раптам у адзін прыгожы дзень, нікому ні слова не сказаўшы, пацягнуўся на Варонюю... Там, як я потым даведаўся, з’явіўся ён да таварыша Рома і папрасіў «запісаць яго ў бальшавіцкую партыю». І прасіў даць яму якую-небудзь работку і — «талоны на атрыманне бясплатных абедаў у бальшавіцкай сталоўцы»...
Калі нічога ў яго там не выйшла, падаўся быў на Віленскую, да майго бацькі. Але і там яго завярнулі. Тады асеўся дома. Пазычыў у некага з шаўцоў пары са дзве калодак, дзесьці раздабыў троху тавару, з браку і стар'я. Сам намаляваў на кавалку старой газеціны мужчынскі бот і дамскі боцік і прыляпіў да шыбы. Узяўся рапараваць абутак.
Да Юзі адносіўся ён цяпер пакорна-ласкава, але грошай сваіх, царскіх паперак, ён усё ж ткі не адкрыў, — мусіць, яшчэ разлічваў з часам ізноў разжыцца. І сабе самому ўсяго шкадаваў, карміўся надта скупа, хадзіў худы, як шкілет.
Я і бацька давалі яму талоны на атрыманне танных абедаў (бо ён прасіў). Дык спярша ішоў разглядацца ў абедзвюх сталоўках: што там і як там сёння зварылі,— дзе выгадней. І тады — вінегрэт еў на Віленскай, а кашу на Вароняй ці наадварот. Зупу браў рэдка, бо жыдкае — невыгодна. І порцыю хлеба заўсёды прасіў прыкінуць на вачах, каб было поўных сто ці пяцьдзесят грамаў. Прасіў ласкава, але настойліва, пакуль не прыкідалі...
IV. НЯМЕЦКІ ПЕРАВАРОТ
Віленская камуністычная арганізацыя вяла гэтым часам сярод нямецкіх салдатаў рэвалюцыйную агітацыю — колькі толькі можна было яе весці ўва ўмовах акупацыі.
Выпускалі пракламацыі на нямецкай мове, друкаваныя ў віленскіх друкарнях. У пракламацыях, як казалі мне таварышы, што добра ўмелі па-нямецку, было шмат памылак, часам вельмі камічных.
Набор рабілі галоўным чынам рабочыя-яўрэі, што хоць і ўмелі па-нямецку, але слаба. Дык яны перакручвалі на яўрэйскі лад. Самі ж былі і карэктарамі...
Дый гэта нішто: можа, каторыя немцы рагаталі, а чыталі! Работа ішла, пракламацыі пашыраліся добра — толькі друкуй ды ўмела пашырай.
Рабочыя казалі нямецкім салдатам:
— Калі ж вы нарэшце зробіце так, як зрабілі рускія салдаты?
Цяпер ужо можна было так казаць, не рызыкуючы зараз апынуцца ў турме. Хоць усяк яшчэ траплялася...
Нямецкая рэвалюцыя набухала, але ніхто з нас не чакаў такога хуткага тэмпу падзей, які зараз наступіў.
Не чакалі, мусіць, таму, што за часы акупацыі занадта ўпэўніліся ў моцы палачнае нямецкае дысцыпліны і тупога нямецкага патрыятызму.
І для ўсіх было вялікаю радаснаю неспадзяванкаю пачуць у канцы кастрычніка, якраз праз год пасля Кастрычніка ў Расіі, што ў Вене і ў Берліне адбыліся масавыя дэманстрацыі.
Потым мы пачулі, што Турцыя зрабіла ўжо з Антантаю перамір’е. Потым пачалі насіцца чуткі, што Нямеччына хоча заключыць мір ува што б там ні стала.
— Ну, скора канец нашым пакутам! — казалі ў Вільні.
Я гэтымі днямі хварэў на іспанку. А працаваў я той час ужо не ў Вільні, а ў вёсцы каля мястэчка Еўя, кіламетраў за 35 ад Вільні, на лесапільні Гроўбарда. Там тады працаваў і дзядзька Туркевіч. Ён быў як бы механікам, а я — як бы ў яго памочнікам. Усё ён цягнуў мяне ўгару.
Прыехаў я ў Вільню прастуджаны і тыдні два пралежаў у ложку, з вельмі цяжкою формаю іспанкі. Адну ноч так мяне схапіла, што думаў — капаю... Але потым скора пачаў лепшаць, вось ужо выходзіў на вуліцу.
Рэвалюцыя ў Нямеччыне пачалася 9 лістапада. Весткі аб ёй даляцелі ў Вільню на другі дзень, 10 лістапада, — здаецца, у нядзелю, бо памятаю, што дзень быў нерабочы.
Бацька прыйшоў з вуліцы і кажа:
— У горадзе дэманстрацыя! У Берліне пераварот!
Каб скрыць ад яго сваю вялікую радасць, я наўмысля сцюдзёна і са схаванаю падкуслівасцю ў тоне сказаў яму:
— Ну?! Шмат хто не верыў, падсмейваўся... А вось табе і нямецкая рэвалюцыя!
Ён схапіўся быў спрачацца, але я ў тым жа наўмысным тоне паказаў, што мне спрачацца з ім няма аб чым, — напрануўся і пайшоў на вуліцу.
Было мне сцюдзёна пасля хваробы, аднак я пайшоў, і хадзіў доўга, і на хваробу сваю забыўся.
Па вуліцах ішлі рабочыя з чырвонымі сцягамі і смела крычалі:
— Далоў акупацыю!
Да іх пачалі далучацца нямецкія салдаты. І яны смела крычалі:
— Хай жыве рэвалюцыя!
Між іншым, убачыў я рыжага Рудольфа. І ў яго на грудзях была чырвоная стужачка. І калі я наўмысля спытаўся ў яго: «Што гэта робіцца?» — ён наўмысля голасна закрычаў мне па-польску: «Кайзера нема! Рэвалюцыя! Гох!» — і затрос кулакамі. Ну, калі ўжо так, — значыцца, рэвалюцыя.
Нямецкія часці сабраліся на Лукіскім пляцы. Там, у будынку, дзе за рускімі быў акружны суд, змяшчалася нямецкая камендатура. Ад салдатаў нельга было прайсці. Многія прывязалі сабе на штыхі самаробныя чырвоныя сцяжкі ці які-небудзь шматок чырвонае матэрыі. У многіх на грудзях — чырвоныя разеткі. І ўва ўсіх на тварах — радасць...
Глыбей на пляцы, перад строем, куды я не прабіўся, штосьці чыталі, штосьці абвяшчалі. Чуліся дружныя радасныя крыкі. І ў натоўпе крычалі. І кідалі ўгару шапкі і лоўка лавілі іх, калі яны ляцелі ўніз.
А над пляцам кружыў аэраплан. Ён моцна затарахцеў, загудзеў і пачаў зніжацца над будынкам камендатуры. Усе задралі галовы на яго. Ён праляцеў блізка-блізка каля чырвона-бела-чорнага нацыянальнага кайзераўскага сцяга з вялікім чорным арлом, што вісеў на высачэннай мачце на даху. Усе глядзяць. Лётчык хоча сарваць яго.
Пасля некалькіх кругоў яму ўдаецца нарэшце смаргануць яго, і кій са сцягам амаль што зваліўся на дах. Усе крычаць:
— Гох! Віват! Брава! Ура!
Але аэраплан ад штуршка страціў раўнавагу, заварочаўся з боку на бок, паехаў крута ўніз і заскакаў па горцы над абрывам за камендатураю. Добра, што хоць лётчык не забіўся.
Гадзіны тры цягнулася лікаванне...
Разышліся — і зноў як быццам нічога і не было, усе і ўсё ізноў на сваім месцы...
Аднак жа потым скора былі выбраны салдатэнраты — гэта нямецкія салдацкія саветы. Толькі шмат дзе пралезлі ў іх і спачатку кіравалі імі, галоўным чынам, лейтэнанты і унтэр-афіцэры, адданыя свайму скінутаму кайзеру.
Палітычныя арыштаваныя не былі вызвалены. І, напрыклад, Ганна Драбовіч і пасля нямецкага перавароту ўсё яшчэ сядзела ў турме — у горадзе Тэльшах, здаецца.
Аднойчы Ром і Якшэвіч, ідучы па вуліцы ў Вільні, зусім выпадкова ўбачылі, як яе вялі пад вартаю ў турму на Лукішкі, мусіць, перавозілі з Тэльшаў.
І яны потым паклалі шмат энергіі і патрацілі шмат часу, каб вырваць яе з рук акупантаў. Толькі пасля доўгіх і настойлівых старанняў перад віленскім салдатэнратам удалося яе вызваліць з турмы.
V. «ЦЯПЕР, БРАЦЦЯ, МЫ З ГРАНІТУ!»
Цяпер, брацця, мы з граніту, Душа наша — з дынаміту...
Цётка
Аправіўшыся ад іспанкі, я сабраўся ехаць працаваць на лесапільню, аж якраз прыехаў адтуль на адзін дзень у Вільню дзядзька Туркевіч, і зайшоўся да мяне, — даведацца, якоў я.
Я — ужо нічога, магу ехаць. Пастанавілі выехаць заўтра разам.
Назаўтрае, перад ад’ездам, пабылі на Вароняй. Дзядзька Туркевіч атрымаў у таварыша Рома інструкцыі. Набралі літаратуры.
Мы ўжо і раней бралі на Вароняй літаратуру і як мага пашыралі. Літаратуры было шмат і на розных мовах: рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай, нямецкай.
Дзядзька Туркевіч заўсёды радасна дзівіўся:
— І адкуль толькі бяруць?
Адно што — на беларускай гутарцы камуністычнай літаратуры тады яшчэ не было, і гэта яго агарчала.
— Ну нічога! Будзе, братка, будзе з часам і па-беларуску! — суцяшаў ён мяне. [...]
Таварыш Ром даручыў дзядзьку Туркевічу зрабіць на лесапільні рэвалюцыю, арганізавацца і не даць немцам вывезці матэрыял.
І вось, увечары мы прыехалі, а на другі дзень раніцою сабраў дзядзька Туркевіч рабочых лесапільні і сялян-возчыкаў і абвясціў катэгарычна:
— Больш не работаем! Забірайце дошкі!
Лесапільня належала фірме Гроўбарда ў Варшаве.
І рабочыя былі з Варшавы. Яны кінулі работу, пачалі строіцца ехаць дамоў. А сяляне — давай развозіць дошкі па сваіх дварах.
Зрабіўшы гэтую справу, накіраваўся дзядзька Туркевіч у ваколічныя вёскі арганізоўваць там мясцовыя Саветы. І мяне з сабою ўзяў. Ён пасылаў мяне асобна, але я сказаў, што спярша, дзянькі са два, са тры, пахаджу з ім разам, паўчуся ад яго. Ён згадзіўся.
І вось былі мы ў вёсцы Александрышках, рабілі мітынг...
Тым часам прыехаў на лесапільню пан Энгельман, упаўнаважаны фірмы. Глядзіць: завод не працуе, рабочыя сядзяць, і дошак няма, усе развезены...
— Дзе механік Туркевіч?
— Пайшоў на вёску рабіць рэвалюцыю, — кажуць яму.
Ён, доўга не думаўшы, — да немцаў. Паслалі лавіць бальшавіка Туркевіча, а заадно — і яго памочніка.
Прыйшлі паліцыянты ў Александрышкі...
А мы там ужо мітынг распачалі. Поўная хата людзей. Душна, цесна, накурана... Дзядзька Туркевіч прамову гаворыць. Я сяджу з алоўкам.
Гаварыў ён прамовы дасканала. І рэвалюцыйныя вершы ўстаўляў, часцей за ўсё — беларускія, і дэкламаваў іх, як артыст.
І вось, толькі дайшоў ён да найвышэйшага пункту, напружыў усю хату да адказу, махае рукамі, то сціскаючы іх, то расціскаючы, малоціць сябе кулакамі ў худыя грудзі, зычным, звонкім голасам дэкламуе:
Цяпер, брацця, мы з граніту,
Душа наша — з дынаміту,
Рука моцна, грудзь акута , —
Пара, брацця, парваць пута!.. —
шасць у хату немцы-жандары... Было іх усяго двох, толькі што з карабінамі і бомбамі, а мы — з голымі рукамі.
Дык мітынг нам сарвалі, сялян разагналі, дзядзьку Туркевіча і мяне арыштавалі і павялі...
Давялі да вёскі Аўсянішак. Там загадалі старасту запрэгчы каня, прывязалі дзядзьку Туркевіча да правай аглоблі, мяне — да левай, самі селі, старасту пасадзілі за фурмана — і паехалі...
У поле выбраліся крокам. А ў полі таўстаморды жандар сеў па месца старасты і пагнаў кабылу. Кабыла бяжыць, і мы павінны бегчы — па восеньскай дарозе, дзядзька Туркевіч з слабым сэрцам, а я пасля іспанкі.
Мы прабавалі спыняцца, пратэставаць, крычаць. Але дарэмна... Жандары з нахабнымі мордамі здзекваліся з нас. Гэты, каторы кіраваў канём, нават падсцёбваў і кабылу і нас, то дзядзьку Туркевіча, то мяне.
Дзядзька Туркевіч, задыхаючыся, крычаў:
— Нічога! Яшчэ і мы на вас паездзім!
Я ў адным месцы падхапіў з зямлі ком гразі, павярнуўся — і на хаду махануў у тоўстую морду...
Але прамахнуўся і заляпіў усяго старасту. А стараста маўчаў, баяўся слова пікнуць у нашу абарону. Тады другі жандар пераняў лейцы, трохі прыцішыў кабылу.
Сустрэўся нам селянін з возам, — от, так сабе чалавек, дзядзька сярэдняга веку. І здзеў шапку перад нашымі немцамі, пакланіўся ім па прывычцы...
Потым ішлі хлопчыкі з кніжкамі ў торбачках цераз плячо, — вучні. Адзін закрычаў: «Адвяжыце іх!»
І нарэшце ішла нейкая бабуля, спынілася і сказала: «Што вы, паганцы, робіце? Як вам не сорам людзей мець за жывёлу?»
А яны гналі нас да самага Еўя, то шыбчэй, то цішэй, і толькі на вуліцах у Еўі ізноў паехалі крокам. Там завялі нас у камендатуру.
Выйшаў камендант.
— А! Бандыты! Бальшавікі! Расстраляць!
Напісаў запіску — адправіць нас у Радзівілішкі і там расстраляць... І паслаў запіску ў салдатэнрат — зацвердзіць.
Я спярша думаў, што ён строіць з намі дурня. Але потым, мушу прызнацца, апаў быў духам, бо страшэнна змучыўся, пакуль яны нас сюды прыгналі. Годнасці свае чалавечае ўсё ж не страціў, трымаўся цвёрда.
А дзядзька Туркевіч падняў скандал, пачаў крычаць, лаяцца, пагражаць, што за гэты здзек пад намі і камендант і жандары дадуць адказ перад віленскімі салдатамі.
Не ведаю, ці на яго крык і гвалт, ці самі на сабе прыйшлі члены салдатэнрата. На наша шчасце, тут, у салдатэнраце, былі двох познанцаў-палякаў і адзін немец — усе трое спартакаўцы.
Яны прыйшлі і пытаюцца:
— У чым справа?
Дзядзька Туркевіч усхвалявана, але ўжо трохі спакойней, кажа:
— Мы камуністы. Рыхтавалі перадачу ўлады Саветам. А кайзераўскі камендант хоча нас за гэта расстраляць...
Раптам адзін пазнанец як закрычыць:
— Кайзера няма! Каменданта няма! Каго расстраляць?
Схапіў з кута вінтоўку і павёў на каменданта. Камендант зачырванеўся, але запіску падраў.
Нас адпусцілі...
Прыйшлі мы назад на лесапільню. Глядзім: сяляне тым часам ужо ўсё разабралі. Рабочыя на работу стаць адмовіліся, патрабуюць у Энгельмана, каб разлічаў іх.
Мы сабралі свае манаткі і паехалі ў Вільню.
Прыйшлі на Варонюю, а там яшчэ шумней, чым было дзён колькі таму пазад. Узбройваюцца...
Дзядзьку Туркевіча таварыш Ром накіраваў на работу ў Гродню. Кінуўся дзядзька Туркевіч туды.
Далей паехаў у вёскі.
VI. БАЛБАТНЯ
А я пакуль што застаўся ў Вільні, бо ізноў пачуў сябе кепска, застудзіўся. Думаў, што скора мая хвароба мінецца, аж яна мяне цяпер так схапіла, што ўжо не адну ноч, а некалькі начэй быў блізак да канання.
Іспанка мая аскладнілася, бо рана тады падняўся. Замучыў кашаль, а вуха балела так, што я скрыгаў зубамі ад невынасімага болю. Пачаў харкаць крывёю, і нават доктар спалохаўся, што ў мяне сухоты. Дактары ў той час яшчэ не ўмелі добра разбірацца ў іспанцы.
Юзя выхадзіла мяне. Бацька яе і цяпер у грашах сваіх не прызнаўся. Дык яна з дзвюх апошніх спадніц адну занесла на барахолку, каб напаіць мяне гарачым малаком з рэшткамі цукру, што прывёз мой бацька.
Мой бацька таксама спалохаўся, і на спрэчкі нашы забыўся. Прывалок мне таго доктара, акулярыстага, чорнавалосага, і высачэннага, як жэрдзь, свайго ж меншавіка-інтэрнацыяналіста, таварыша Ш. Прыносіў мне булёну са сталоўкі. Купіў хлеба.
Ачуняў я. А так аслабеў, што першыя дні, устаўшы, ледзь трымаўся на нагах, хоць і ляжаў, ізноў жа, і цяпер нядоўга. Іспанка — страшная хвароба. Яна многіх тады прыкончыла.
Нейкі час не мог нізавошта ўзяцца, быў без работы. І наслухаўся балбатні Болеся Будзіловіча, з якім цяпер спаткаўся. Так прайшоў у мяне час да канца лістапада.
З Болесем Будзіловічам спаткаўся я выпадкова, па Вароняй вуліцы, калі пайшоў туды першы раз пасля гэтай сваёй другой хваробы.
Аказваецца, прыехаў ён з Расіі яшчэ ў жніўні і таксама часта, казаў, хадзіў на Варонюю. Не ведаю, чаму не трапілася мне дагэтуль яго там убачыць. Ён вырас, быў ужо студэнт. Казаў, што спачувае камунізму і думае ўвайсці ў партыю, хоць родныя яго, асабліва маці, вельмі супроць гэтага.
Матка яго і сястра Стася, пасля смерці пана Будзіловіча, перабраліся на Кальварыйскую вуліцу да брата пані Будзіловіч, доктара Корсака, адзінокага чалавека. Туды ж да іх зусім пераехала з Варшавы і Адэля Ёдка, застаўшыся пасля смерці маткі круглаю сіратою. Стася ў гэтым годзе канчала ўжо гімназію. Адэля скончыла гады два таму, працавала ў нейкай польскай ахронцы кіраўніцаю і рыхтавалася паступаць у кансерваторыю. Час бяжыць хутка!
Болесь запрасіў мяне да сябе. Наогул стараўся ён цяпер трымацца са мною — як таварыш і «друг дзіцячых год», хоць я-то не асабліва гарнуўся да яго, чаго і не хаваў. Я ніяк не мог забыцца на нашы старыя адносіны, калі быў ён паніч, а я — сын іхняе кухаркі. Маці маю, у гутарцы са мною, ён ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады.
Аднак, маючы шмат вольнага часу і спадзеючыся, што нап’юся ў іх салодкае гарбаты з хлебам, а можа і з каўбасою, пайшоў я да яго. Тым часам — троху ашукаўся...
Сядзець у іх за сталом мне не прыйшлося. Болесь завёў мяне ў свой пакой, пачаў паказваць мне свае кнігі, фатаграфіі і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных.
* * *
Апавядаў ён мне, як ён прыехаў, як яго спаткалі, колькі было слёз і які смачны абед, з яго ўлюбёнымі курачымі катлеткамі і салодзенькімі «снежкамі», быў у іх у чэсць яго прыезду, і як ён еў пасля расійскае галадухі, і як па абедзе селі яны ўсе ў гасціным пакоі — успаміналі бацьку, і маці заплакала, і ўсе заплакалі, і яна дастала ліст, што пакінуў бацька яму, Болесю, у запячатаным канверце, і сказала:
— Польшча ўваскрасае... Не дачакаўся...
І як ён, Болесь, чытаў, а яны ўсе сумна слухалі — нібы голас з таго свету...
Бацька яго хварэў на рак печані, дні яго былі злічаны, і ліст яго быў развітаннем з сынам. Болесь прачытаў той бацькаў ліст і мне, і ў самых чулых месцах вочы ў яго засцілаліся слязою...
Бацька называў яго ў лісце самымі нежнымі імёнамі, сумаваў, што не прытуліць ужо свайго дарагога Болеся да сваіх збалелых грудзей...
Наракаў на цяжкое жыццё пад акупацыяй, на тое, што яму ў хваробе патрэбна добрая страва і ўсё такое, а ў іх, пісаў, «не кожны дзень ёсць нават шклянка малака»...
Успамінаў аб сваім браце-рэвалюцыянеры, што памёр на рускай катарзе за вызваленне Польшчы. Скромна адзначаў і сваю дзейнасць. І навучаў сына, каб і сын любіў свой народ, свой край, каб жалеў усіх абяздоленых і нешчаслівых і змагаўся б за светлую будучыню...
Схаваўшы ліст і абцёршы слёзы, апавядаў мне Болесь, як маці, калі ён прыехаў, успамінала свае сны: сніліся ёй страхі чырвонага тэрору, скляпенні чразвычайкі, кроў на сценах і ён, Болесь, як нявінная ахвяра...
— І вось, як нельга верыць снам! — казаў ён, павесялеўшы. — Сын прыехаў цалютэнькі і нават — сам чырвоны!
І мусіў ён «агарчыць мамачку» ў той жа першы дзень прыезду, бо хацеў схадзіць увечары ў Рабочы клуб на Варонюю — «да сваіх»...
—Да сваіх? А хіба ж мы табе, Болю, чужыя? — з крыўдаю і з трывогаю сказала яму тады маці.
А ён ёй адказаў:
— І вы свае і там свае...
* * *
Odi profanum vulgus!
(Ненавіджу цёмную чэрнь!)
Гарацый
Больш мяне Болесь да сябе не запрашаў, але кожны раз, спаткаўшыся са мною на Вароняй, падыходзіў да мяне, браў пад ручку, вёў у клубную сталоўку ці ў якую гарбацярню ў горадзе, заказваў на сябе і на мяне па шклянцы гарбаты з цукрам упрыкуску і скібачкаю хлеба з маргарынам як кот наплакаў — і зноў разліваўся перада мною ў сваіх перадавых, чырвоных, слаўных пачуццях.
Між іншым, даведаўся я тады ад яго і тое-сёе цікавае.
Аднойчы, напрыклад, расказаў ён мне пра сваю спрэчку з дзядзькам.
Дзядзька яго, доктар Карнелі Корсак, быў даволі вядомаю ў горадзе асобаю, як вельмі добры стары доктар. Аднак дастукацца да яго мог далёка не ўсякі хворы, бо ганарары браў ён непамерна высокія. І звалі яго нават чамусьці «прафесарам», хоць ніколі ён, паколькі мне вядома, ні ў якім універсітэце лекцый не чытаў.
Дзядзька мой, — казаў Болесь, — заяўляе, што ніякае палітыкі не прызнае і верыць, што толькі навука зменіць жыццё чалавецтва. Аднак жа я добра ведаю, што каб я хадзіў да пана палкоўніка Вэйткі ці да пана капітана Віктара Ёдкі, дык яму б падабалася, а тое, што я хаджу на Варонкаю, ён цярпець не можа, хоць і не кажа мне гэтага адкрыта ў вочы... Кажа, што масы нашы яшчэ не выраслі, не дараслі. А я яму кажу: «Вось паглядзелі б вы, дзядзечка, якія ў нас на Вароняй ёсць масы...» (Тут Болесь па-сяброўску пахлопаў мяне па плячы.) А ён мне пярэчыць: «Адзіночкі — можа сабе. Але падумай, — кажа,— цёмныя рабочыя будуць намі кіраваць? Недарэчнасць!» Нарэшце пытаецца ў мяне: «Ты любіш Польшчу?» — «Люблю», — кажу. А ён кажа: «А ве даеш — што рабочым Польшча? За місу поліўкі яны трыкраты адракуцца ад яе»... — «Э, — кажу яму, — дзядзечка! Ад вашае буржуазнае Польшчы, калі ў ёй збракуе для іх місы гэтае поліўкі, яны, можа сабе, і адракуцца, але ад свае, рабочае, пралетарскае Польшчы, у якой усяго ўсім будзе ўволю, ніколі не адракуцца». — Як жа ён загневаўся на гэтыя мае словы, аёй! — засмяяўся Болесь. «Выдумкі маскоўскіх бальшавікоў! — крычыць. — Выдумкі, за якія трэба гнаць іх ад нас, — крычыць, — гэтых гунаў, гэтых дзікіх варвараў, як шалёных псоў! Каб, — крычыць, — не заразілі сваёю атрутнаю слінаю здаровага польскага духу!» Вось ён які, мой вучоны, мой апалітычны дзядзечка! — казаў Болесь. — Хоць як чалавек ён вельмі добры, я яго ўсё ж люблю, трэба дараваць старому яго палітычнае невуцтва і слепату, — казаў ён і паглядаў на мяне: як я адношуся да яго апавядання.
* * *
Другім заядлым ворагам Вароняй вуліцы была ў іх цяперашняй сям'і, паводле яго слоў, Адэля Ёдка.
На жаль, ён не столькі апавядаў мне аб яе палітычных поглядах (калі яны ў яе былі), колькі аб тым, як яна міла пяе, як яна добра іграе на раялі і як яна да яго, Болеся, заляцаецца...
А я слухаў яго і думаў: гэта ж тая самая дзяўчынка, што ў белай сукеначцы, з чырвоным бантам у папялёвых кудзерках, дэкламавала некалі, у 1906 годзе, рэвалюцыйныя вершы на першамайскім рабочым мітынгу ў Закрэце і так паланіла тады маё дзіцячае сэрца!
Цяпер гэта была дарослая паненка, праўда, нізенькая, і з тымі ж папялястымі валасамі, толькі нос у яе зрабіўся непрыгожы, выцягнуўся лапатачкаю, як у качкі. І цяпер ужо яна — «заядлы вораг» тых рабочых, перад якімі некалі па-дзіцячы дэкламавала рэвалюцыйныя вершы. Як усё мяняецца ў жыцці!
А яе брат, Віктар Ёдка, што некалі, быўшы студэнтам, вучыў мяне цэлае лета, — цяпер ужо капітан, паспеў здацца з рускае арміі ў палон аўстрыйцам, паступіў у легіёны Пілсудскага і прыкаціў з Варшавы ў Вільню рабіць тут, у нас, Польшчу.
Жыў ён асобна, сястра ў доктара Корсіка, разам з Будзіловічамі, а ён — асобна. Усё быў заняты сваімі важнымі справамі і вадзіўся толькі з самымі важнымі людзьмі.
З жоўтавалосага, вясёлага студэнта-юнака зрабіўся рыжым, злым армейцам-афіцэрам. І наогул, калі ішоў па вуліцы ў сваёй форме польскага легіянера-капітана, дык і зямлі пад сабою, здаецца, не бачыў — такая важная палітычная персона!
Адэлька, яго сястрыца, таксама хадзіла задраўшы свой вуцячы носік угару. А былі ж яны дзеці ўсяго толькі нейкага п’янага забулдыгі каморніка, невялікага панка знедкуль з-пад Полацка.
* * *
Прыслаў капітана Ёдку ў Вільню сам пан Пілсудскі. Аб гэтым мы даведаліся з ліста нашага другога ваякі-патрыёта, былога шаўца Ромуся Рабэйкі.
Калі я ляжаў хворы, Рабэйка прыслаў Юзі ліст з Варшавы. Юзя ліст гэты скамечыла, але не падрала і не кінула, як ранейшыя яго лісты. Не ведаю — чаму. Хто згадае жаночае сэрца, асабліва такое, як у Юзі?
Можа таму, што ляжаў я хворы, дык не хацела хваляваць мяне, даўшы мне чытаць ліст майго супраціўніка зараз, — скамечыцца, але прыхавала, пакуль ачуняю, збяруся з сіламі прымаць жыццё ў сваёй поўнай баявой гатоўнасці.
А можа таму, што ў лісце гэтым Ромусь яе з ёю мірыўся, прасіў яе забыцца на ўсе мінулыя сваркі і звадкі і скора чакаць яго да сябе ў госці... І пытаўся, як гадуецца яго мілы сынок Напалеон...
Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Дый як жа? — паведамляў патрыёт, што Польшча ўваскрасае з мёртвых, што пан Пілсудскі з нямецкае няволі, з Магдэбургскае цытадэлі, вызваліўся і 11 лістапада прыехаў у Варшаву, узяўся там за вялікую работу...
У Вільню пасылае пан Пілсудскі, — пісаў Рабэйка, — адборных людзей: пана палкоўніка Вэйтку, двох братоў афіцэраў Дамброўскіх, капітана Віктара Ёдку, паручніка Хвастуноўскага...
«Усе гэтыя людзі, — пісаў Рабэйка, — родам з нашых крэсаў усходніх, як і сам пан Пілсудскі, як і я...— (гэта, значыцца, ён — Рабэйка.) — Усе мы, — пісаў ён, — аддамо жыццё сваё, каб зрабіць Польшчу аж да Полацка і Смаленска...»
А я, чытаючы яго ліст, падумаў: «Паручнік Хвастуноўскі... Ці не з тых гэта, часам, паноў Хвастуноўскіх пад Брудзянішкамі, якім мае дзяды-прадзеды прыгон служылі?»
VII. ХАДЭЦКІ МІТЫНГ
Dominus vobiscum!
(Пан бог з намі!)
Ксяндзоўскае
Праз нейкі час меў я такі гонар — пабачыў пана паручніка Хвастуноўскага, на хадэцкім мітынгу ў гарадской зале на Вастрабрамскай, куды пайшоў, каб паслухаць, што там будуць гаварыць ксяндзы, паручнікі і звар'яцелыя дэвоткі.
Віленская хадэцыя развівала цяпер узмоцненую дзейнасць праз арганізаваную ёю «Лігу работнічу». У «лізе» гэтай, я ўжо казаў, былі найбольш цёмныя хатнія прыслугі, калекі-дворнікі, патрыёты-халупнікі ды розны зброд. Але ксяндзы выстаўлялі сваю гвардыю як цвет віленскіх рабочых, як найлепшых прадстаўнікоў польскага пралетарыяту. З помпаю рабілі розныя «рабоча-хрысціянскія» працэсіі і вось такія мітынгі...
Паручнік Хвастуноўскі сядзеў у прэзідыуме. Я не звярнуў бы на яго ніякае ўвагі, каб і ён не выступіў з прамоваю. Быў ён тоўсты, высокі, з чырвоным прышчаватым тварам, у форме афіцэра «доўбарчыка». Гэта значыць, што служыў ён у корпусе генерала Доўбар-Мусніцкага і цяпер, разам з другімі недабіткамі, калі немцы іх пад Бабруйскам раззброілі і разагналі, пакаціў у Варшаву, а стуль з’явіўся ў Вільню.
І чаго толькі не плёў ён на Савецкую Расію і на бальшавікоў! Але гаварыць перад вялікім сходам ён не ўмеў — сапеў, пыхцеў, мармытаў сабе нешта пад нос, абціраў хустачкаю пот з вялікага чырвонага твару, што быў у яго ўвесь у прышчах ці ў якім скуллі...
Спачатку яго троху слухалі, што афіцэр і такі аграмадны, як мядзведзь. А потым кінулі слухаць і чакалі, каб ён хутчэй скончыў. Цягнуў ён, аднак, доўга. Галоўнае, на што ён напіраў у канцы свае прамовы, — гэта што ўсё роўна бальшавізм у Расіі скончыцца агульнаю разнёю, тады ўмяшаюцца іншыя дзяржавы і навядуць парадак, а рускі мужык і рабочы павінен будзе заплаціць ім за тую «дапамогу» вялікую кантрыбуцыю.
З іншых прамоўцаў вызначыўся нейкі хударлявы панок, што быў, казаў, родам з-пад Оршы. Ён апавядаў, што мае ўсяго гектараў пяцьдзесят зямлі, і на гаспадарцы не жыў, а служыў дзесьці ў горадзе. І вось за тое, што ён паляк, — казаў ён, — яго арыштавалі, мучылі ў чразвычайцы, а калі яму ўдалося ўцячы і ён прыехаў у свой дварок пад Оршаю, дык там знайшоў толькі галавешкі. Асабліва жаліўся, што калі бальшавікі разбівалі яго двор, дык перапалохалі дужа яго дачку-дзяўчынку, і яна захварэла, зрабілася — як памяшаная... Усе свае пакуты прыпісваў ён таму, што ён — паляк і заўсёды, колькі дазваляў яго дастатак, падтрымліваў польскі рэвалюцыйны рух...
Нейкі прыезджы з Варшавы рэдактар нейкага хадэцкага «рабочага» журнальчыка, востранькі, як спіца, гаварыў па-вучонаму і найбольш даводзіў, што бальшавікі зусім не інтэрнацыяналісты, а тыя ж маскалі, кацапы, і — што пад іх уладаю можна будзе гаварыць толькі па-руску «Як-то можа быць! — верашчаў ён пісклявым, але рэзкім, чутным голасам: — Цэлы век маскаль быў маскалём.а то раптам абвесціўся збаўчаю чалавецтва!..»
Яго дапоўніў ксёндз Цыбулька, яшчэ малады і вельмі прыгожы, з бледным тварам, у строгай чорнай сутане. Быў ён доктар тэалогіі, вучыўся ў Рыме, меў славу ледзь не святога і вельмі падабаўся Юзі. А бацька яго — толькі што багаты, а то зусім мужык, беларус — жыў у вёсцы каля старой Вілейкі і нават гаварыць па-польску не ўмеў. Ксёндз Цыбулька гаварыў як найлепшы прамоўца... Ён намаляваў чалавецтва вялікім лугам, а народы на ім — рознакалёрнымі кветкамі. Найлепшая кветка на лузе — польская нацыя, так стварыў пап бог... А бальшавікі хочуць, каб усе кветкі страцілі свой прыгожы прыродны колер, каб пабляклі ўсе ў адзін шэры, нудны, аднастайны тон...
— Пан бог таго не дапусціць... Нацыя — вечная рэч, прамудры твор самога пана бога, — гаварыў пан ксёндз Цыбулька і складаў рукі далонямі, як на малітву, і ўвазводзіў вочы на самае неба...
Прайшло па трыбуне яшчэ колькі ксяндзоў і розных хадэцкіх прамоўцаў. Усе яны найбольш палохалі голадам, чразвычайкаю і ігралі на нацыянальным пытанні. Сухая, чорная пані-дэвотка палохала, што ўсюды засядуць «жыдзі», скасуюць хрысціянскія святы і будзе вялікая распуста...
І ўсе яны заклікалі «братоў-рабочых» не верыць «Анцыхрысту», не ісці ў марксісцкія партыі, трымацца толькі «Лігі работнічай» і праз яе будаваць «мацер Польшчу» і сваё «рабочае шчасце». А галоўнае — абходзіць, як чуму, бальшавікоў і іх гняздо на Вароняй вуліцы... І байкатаваць выбары ў «саўдэп», калі б бальшавікі надумаліся рабіць іх і ў «польскай» Вільні...
VIIІ. ВЫБАРЬІ Ў САВЕТ
А тым часам, па ініцыятыве Вароняе вуліцы, была ўжо створана спецыяльная камісія з прадстаўнікоў розных сацыялістычных рабочых партый для падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Віленскі Савет Рабочых Дэпутатаў.
А ў пачатку снежня пачалася перадвыбарная агітацыя...
Вядома, з усіх партый, што бралі ўдзел у выбарах,— у самым нераўнапраўным становішчы была віленская камуністычная арганізацыя. Немцы не давалі дазволу на камуністычныя мітынгі, арыштоўвалі камуністычных агітатараў, зрабілі палёт на друкарню, у якой друкаваліся камуністычныя адозвы, арыштавалі друкароў.
Камуністы вялі агітацыю на фабрыках, у майстэрнях, на дварах, на вуліцах і ішлі з сваім рэвалюцыйным словам на адчыненыя прафсаюзныя сходы і на мітынгі іншых партый. Нялёгка было дабіцца ім там да трыбуны. Асабліва левы Бунд стараўся не дапусціць выступленняў камуністаў перад рабочымі-яўрэямі. Прадлог быў той, што кампартыя ў Вільні не была яшчэ прызнана афіцыйна легальнай партыяй. А сапраўды — баяліся бундаўцы страціць свае ўплывы на яўрэйскае вуліцы. І вельмі ж іх граміў сваімі прамовамі Юліус Шымілевіч. Ён пабіваў самых лепшых бундаўскіх аратараў, у тым ліку і Вайнштэйна, і нават самога Ізбіцкага, не гаворачы ўжо аб вядомай тады ў Вільні бундаўцы Рахілі.
У Вільню прыехаў ён з Масквы месяцы за два да выбараў, і яго часта можна было ўбачыць у клубе на Вароняй, а працаваў ён, здаецца, у партыйнай рэдакцыі. Быў высокі, тонкі, але даволі стройны малады чалавек, з выгляду зусім яшчэ хлопец, хоць было яму тады, як я пазней даведаўся, гадоў пад дваццаць восем. І з невялічкім, чысценькім як у дзіцяці, тварам. А вочы — чорныя, бліскучыя і вельмі выразлівыя.
Стаяла ўжо сцюдзёнае надвор’е, а ён усё хадзіў у сваім лёгенькім пальцечку рудаватага колеру, даволі зношаным і памятым. І насіў чорны шыракаполы капялюш, краі якога пазагіналіся дзе ўніз, дзе ўгару. Пальцечка не зашпілена, ці зашпілена абы-як, на адзін-два гузікі. Капялюш то троху на патыліцы, то троху пабаку, а то — насунуты на самыя вочы. Аднак жа і пры гэтай апошняй пасадцы капелюша на твары Шымілевіча — вечна вясёлая юнацкая ўсмешка. Паглядзіш на яго — вясёлы і бесклапотны дзяцюк! А пачне гаварыць... усё нутро ўва ўсіх пераверне, да буйнай радасці і да слёз. Вось і пазнай ты чалавека.
Я думаў, што ён прыродны вілянчук, вучоны, сын якога-небудзь беднага бляхара з Рудніцкай вуліцы. А пазней казалі, што быў ён родам з Рыгі, сын рабіна ці кантара, і вучыўся у хедэры і ешыбоце, але потым экстэрнам скончыў гімназію і пайшоў у рэвалюцыю.
Выступаў ён на сходах і на яўрэйскай і на рускай мовах. І гаварыў з незвычайным красамоўствам і страснасцю. І захопліваў і напружваў усіх, усіх... І зрабіўся ўлюбёнцам віленскай рабочай масы.
Выступаў тады на мітынгах ад партыі меншавікоў-інтэрпацыяналістаў і мой родненькі бацюта. Выступаў супроць бальшавікоў...
Яго партыя купіла яму гэтым часам новае вока, добрай нямецкай работы. Ён вельмі цешыўся, што не ўсякі адразу распазнаваў, што ў яго адно вока шкляное. І выступаў, і быў у добрым гуморы...
А мне было так брыдка, што я нават меркаваў з’ехаць з Юзяю на другую кватэру.
Аж вось аднаго разу на адчыненым прафсаюзным сходзе ў клубе на былым Губернатарскім завулку яго моцна асвісталі за крытыку Савецкае Расіі. Ён пакрыўдзіўся, асекся і потым значна пацішэў.
А мяне тым часам паслалі ў мястэчка Брудзянішкі і ў Брудзяніскую воласць правесці арганізацыйную работу і азнаёміцца з настроямі сялянства.
* * *
Справы там нашы наогул былі нішто сабе. У Брудзянішках ужо вёў актыўную работу рэвалюцыйны камітэт. На чале яго стаяў мой даўны прыяцель каваль Арон, Абрамаў сын, Зэлікаў унук — цяпер член падпольнай местачковай камуністычнай арганізацыі. Ад Арона я даведаўся, што паручнік Хвастуноўскі, які пакручваецца ў Вільні — з брудзяніскіх Хвастуноўскіх, і што ў Брудзянішках таксама шырыцца прапаганда польскіх нацыяналістаў, прыезджыя з Вільні пэовякі запісваюць каталіцкую моладзь у легіёны. Пачуў я ад яго, што і абодва мае былыя «недаросткі», сыны пана Пстрычкі, паспелі ўжо, як відаць, запісацца і праяўляюць сваю актыўнасць пакуль што ў тым, што дружаць з немцамі і лаюць бальшавікоў.
Кепска ты іх некалі вучыў,— пажартаваў Арон; — мы іх цяпер лепш навучым!
Што да настрояў у ваколічных вёсках, дык жылі тут, галоўным чынам, сяляне-беларусы праваслаўнай веры, палякаў яны спрадвеку не любілі; сяляне ж католікі хоць можа і хацелі б быць у Польшчы, але пісацца ў легіёны і не думалі, і яны чакалі адыходу немцаў і прыходу Чырвонай Арміі.
Але ж і толькі таго... Усе сяляне нічога не рабілі, сядзелі збоку ад падзей, каб нікуды ім не ўлезці, каб ні ў чым не замяшацца. От, хай сабе там нехта нешта робіць а наша дзела — старана.
Згуртаваў-ткі я так-сяк у вёсках чатырох на колькі чалавек з былых салдатаў, што паварочаліся дамоў з Расіі. Падбодрыў іх, даў ім план работы.
Мушу сказаць, што калі ехаў я з апошняй вёскі на станцыю, дык настрой у мяне быў далёка не вясёлы. Па-першае, раз’ела мяне мая асабістая рэфлексія: здавалася мне цяпер, што агітатар з мяне — ні пса не варты. А па-другое, і гэта ж, вядома, галоўнае, — усё думаў я аб настроях тутэйшых сялян...
З гутарак у клубе на Вароняй было мне ўжо тады вядома аб тых паўстаннях супроць немцаў цэлых вёсак, што адбыліся ўлетку гэтага, 1918 года, каля Барысава, Бабруйска і ў іншых мясцовасцях усходняй Беларусі, дзе да прыходу немцаў сяляне пабывалі пад уладаю Саветаў. Тут жа, за старым фронтам, у межах бесперапыннай трохгадовай нямецкай акупацыі, — не толькі да паўстанняў, але нават да хоць троху смялейшых сялянскіх выступленняў, як мне здавалася, было яшчэ далёка...
Асабліва зрабілася мне сумна, калі ехалі мы міма Жабракоўкі.
Упершыню ў сваім жыцці ўбачыў я гэтую вёску, адкуль мой род, — гэтую ўбогую кучачку шэрых хат і дзіравых хлевушкоў, што прыткнуліся так-сяк пры глухой дарозе, у дзікім сумным полі, сярод балот і лесу, і паніклі безвыходна...
Фурман мой быў — хлапчук-яўрэй з Брудзянішак. А вёз ён мяне на высокай, буйнакостай, даўганогай, але такой худой, няшчаснай клячы, што моцна-моцна я дзівіўся, якім чынам не трапіла яна дагэтуль на нашу віленскую утыль-фабрыку: на мыла, касцяную муку і кансервы.
Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе І дыбала яна, гэтая калека, як сонная. Ехалі доўга, акалелі, — асабліва ён, у сваім старым дзіравым халатоне з махрастымі рукавамі. Разоў сем ці болей напамінаў ён мне, што без надбаўкі супроць умоўленае платы ніяк мне ад яго не вывернуцца. Я столькі ж разоў ці болей казаў яму, што дам жа, дам, ну дам... І пачынаў быў гутарыць з ім на тыя тэмы, дзеля якіх сюды прыехаў.
Дарэмна!
Апрача надбаўкі, нішто ў свеце, як быццам, зусім яго не цікавіла. Сморгаў носам, цмокаў на калеку, трос лахманамі і маўчаў.
І захацелася мне — хутчэй, хутчэй назад у Вільню.
ІХ. АДКРЫЦЦЁ САВЕТА
Прыехаў я ў Вільню — выбары ў Савет ужо адбыліся. Бацька пахваліўся, што яго выбралі членам. Я пытаюся:
— А калі ж адкрыццё?
— А, — кажа, — спазніўся ты на адкрыццё: учора адкрылі, у нейкай бундаўскай сталоўцы, нелегальна.
— Хіба ж ты не быў?
— Не, не меў часу.
Пытаюся:
— Якія ж вынікі выбараў?
Ён крывіцца, марудзіць мне з адказам.
— Нічога, — кажа, — з гэтага Савета не будзе...
— Чаму?
— Вашых прайшло многа. Чалавек трыццаць, а можа і болей.
Прыехаў я позна ўвечары. Троху падзакусіў хлеба з салам, што прывёз з вёскі, і зараз лёг спаць. Нягледзячы на прыкрую размову з бацькам, настрой у мяне быў някепскі: трыццаць чалавек — гэта нямала.
Назаўтрае раніцою пайшоў я на Варонюю. Там я даведаўся, што дакладных даных аб выніках выбараў у Савет яшчэ не сабралі, але камуністаў прайшло не трыццаць, як казаў мне бацька, а чалавек семдзесят, калі не болей.
Што да адкрыцця Савета, дык таварыш Якшэвіч мне сказаў, што ўчарашні напаўлегальны сход у глухой сталоўцы, скліканы бундаўцамі, кампартыя не лічыць адкрыццём Савета і прызначае ўрачыстае адкрыццё на заўтрашні дзень, 15 снежня, у нядзелю, калі большасць рабочых усіх нацыянальнасцей у горадзе вольна ад работы.
Месцам адкрыцця кампартыя прызначыла самую лепшую залу ў горадзе. Мескую (гарадскую) залу на Вастрабрамскай вуліцы (у гэтай зале быў я на хадэцкім мітынгу). Цяпер праз салдатэнрат 10-й нямецкай арміі ішлі перагаворы з вышэйшым нямецкім камандаваннем, каб зала была дадзена. У выпадку адмовы камуністы пагражалі немцам арганізаваць усеагульную забастоўку.
Потым пайшоў я да таварыша Рома, зрабіў падрабязную справаздачу. Таварыш Ром, неспадзявана для мяне, хоць, праўда, асцярожна і ўмеркавана, але пахваліў мяне.
І я акрылеў, вырас сам у сваіх вачах. І мне ўжо здавалася, што ўсё мы зможам, усё сходаем і што калі б я ізноў паехаў на тую работу, дык ужо зрабіў бы яе ў сто разоў разумней і лепей.
На другі дзень, 15 снежня 1018 года, пайшлі мы з Юзяю на Варонюю, у сталоўку клуба. І сёння нядоўга стаяў я там перад дошкаю са спісам страў і мала меркаваў, і амаль што не вагаўся... Дый сталоўка для такога дня таксама падцягнулася.
Узялі мы па талерцы супу, па талерачцы вінегрэту і па 150 грамаў хлеба. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкамі, вельмі спажыўны і смачны. А вінегрэт быў з чырвоных салодкіх бурачкоў, кавалачкаў бульбы, морквы і з цыбулькаю, абліты алеем і цёпленькі, падагрэты. Хлеб быў — добры, з праўдзівае жытняе мукі, добры хлеб. Наеліся — ой як! Троху затрымаліся, падумалі — і ўзялі яшчэ па порцыі прасянае кашы з малаком! Наеліся смачна і дзе наша ні прападала! — купілі бутэльку сітра і напіліся смагла...
Паабедалі, прыйшлі дамоў. Юзінага бацькі не было — пайшоў па вёску купіць па сходнай цане бульбы, а мой быў ужо дома і прынёс з свае меншавіцкае сталоўкі некалькі таблетак сахарыны. Юзя згатавала на лучыначках імбрычак, і селі мы ўтраіх піць гарбату.
Юзя сцяснялася класці цэлую таблетку ў шклянку, хоць і любіла салодзенькае, а бацька мой заўсёды надта гжэчна частаваў яе. А я паклаў сабе дзве таблеціны адразу, співаў яго сахарыну і спрачаўся з ім найбольш удала, чым калі раней. Бо чуў у гэты ўрачысты дзень сваю моц і быў у добрым настроі.
А ён яшчэ петушыўся, але ўжо не так, як бывала...
Юзя ніколі ў нашы спрэчкі не мяшалася і толькі моўчкі слухала. Ёй тады было ўсё роўна: бальшавікі, меншавікі...
* * *
У гэтую пару года дні вельмі кароткія. Пакуль тое ды сёе — ужо і сутонела. Але сёння дзень цягнуўся для мяне даўжэй, бо я чакаў вечара.
Ну вось, напіліся мы гарбаты, Юзя мые кубкі, а я напранаюся ісці па дэманстрацыю. І пытаюся ў бацюты:
— Пойдзеш?
— Потым, — кажа, — падыду на адкрыццё, а хадзіць на дэманстрацыю не мае гады, — і паглядае на Юзю, ці не скажа яна, што ён яшчэ малады. А яна не здагадалася і нічога не сказала.
Выйшаў я — надвор’е такое прыемнае, падмарозіла, і лётае лёгкі сняжок. Па галоўных вуліцах з усіх канцоў горада на Вастрабрамскую ўжо рынулі рабочыя калоны з чырвонымі сцягамі. Ігралі аркестры музыкі.
Вось ідзе саюз краўцоў. Падыходжу я да Вячаслава Кобака.
— Ну, — кажу яму, — здароў, кравецкі дэпутат! Віншую!
Ён, як заўсёды, вясёлы, чырвоны, прыгожы. Не хлопец, а карцінка! Кажа: немцы рабілі спробу разганяць іх, але скора адчапіліся, бо, па-першае, далі ім добранькі адпор, а па-другое, яны скора самі ўбачылі, што ўся рабочая Вільня выходзіць сёння на вуліцу.
Дайшоў я з ім, у іх калоне, назад да Вастрабрамскай, а там, якраз супроць нізкіх акон нашае «кватэры» ці тое пакоя ў сутарэнні, і спыніліся, сталі, далей і не прайсці, так мнагалюдна... Усё запруджана!
Але парадак добры. Стаяць, гамоняць, кураць, чакаюць, калі Савет адчыніцца і выйдуць на балкон прамоўцы адказваць на прывітанні. Аркестры іграюць напераменку.
Каля самых дзвярэй залы спаткаў я дзядзьку Туркевіча.
— Віншую, — кажа, — браток, віншую! — і сам міла смяецца ад радаснага ўздыму. Ён ужо быў у зале, некуды бегаў, ізноў бяжыць назад — ён жа таксама дэпутат. Кажа — зараз Савет адчыніцца, усе дэпутаты сабраліся.
Разам з ім увайшоў я ў залу. Светла, прыбрана, мнагалюдна...
— Прыбіраў Ракоўскі, — кажа мне дзядзька Туркевіч, — вось ён пахаджае, наш гаспадар.
А таварыш Ракоўскі (стораж клуба на Вароняй), сапраўды, ходзіць задраўшы галаву, аглядае, ці ўсё ў парадку, і сам любуецца на сваю работу.
— Добра? — пытаецца ў мяне.
Я не ведаю, што «добра»: ці наогул справы нашы добрыя, ці зала добра прыбраная. Кажу:
— Добра, добра, дзядзька Ракоўскі! Вельмі добра!
Ён, здаволены, усміхаецца. Ізноў задзірае галаву, абводзіць вачыма ўсю залу.
А зала заліта электрычнасцю, зацягнута чырванню. Маса плакатаў з лозунгамі. Лозунг: «Уся ўлада — Саветам!» — паўтораны на ўсіх мясцовых мовах і на нямецкай. Каля рампы — два вялікія, у натуральную велічыню, партрэты: з аднаго боку Карл Маркс, з другога боку Фрыдрых Энгельс.
Настрой ува ўсіх прыўзняты. Шумныя гутаркі, сяброўскія спатканні, таварыскія прывітанні, радасныя воклічы... Зараз адкрыццё. Я лезу на хоры.
* * *
Пасля нарады фракцый аказалася, што ўсяго выбрана ў Савет звыш 200 дэпутатаў. У тым ліку — 96 камуністаў і яшчэ некалькі спачуваючых ім. З іншых партый найбольш галасоў сабраў Бунд. Потым ішлі сацыял-дэмакраты Літвы, эсэры, сацыял-дэмакраты-інтэрнацыяналісты, літоўскія народнікі, поалей-цыяністы.
Адразу ж пачаўся бой за месцы ў прэзідыуме. Неўспадзеўкі для мяне, камфракцыя не згаджалася дапусціць у прэзідыум прадстаўнікоў іншых партый, — апрача прадстаўнікоў Бунда і с[ацыял]-д[эмакратаў]-інтэрнацыяналістаў...
Мушу прызнацца, што пазіцыя камфракцыі здалася мне спярша як бы крыху нейкім гвалтам над правамі іншых партый, — настолькі яшчэ быў я тады наіўны і палітычна слабаразвіты.
Бунд і іншыя партыі стаялі на прынцыпе прапарцыянальнасці. Але пасля доўгіх і вельмі гарачых спрэчак прадстаўнік камфракцыі катэгарычна заявіў:
Або нам большасць у прэзідыуме, або мы зусім не ўваходзім у прэзідыум!
Тут жа, у мяне і ва ўсіх на вачах, Бунд спалохаўся і згадзіўся на ўмовы камфракцыі. Ён баяўся немцаў і польскай буржуазіі і таму не хацеў браць на сябе адказнасці за работу Савета.
І я падумаў: «Ну, раз вы баіцёся, няхай жа большасць будзе таму, хто не баіцца», — і супакоіўся. І быў рад, калі ў прэзідыум прайшло ажно пяць камуністаў. Ад іншых жа партый у прэзідыум былі выбраны тры бундаўцы і адзін с[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. Пяць на чатыры. Старшынёю і сакратаром Савета былі выбраны з членаў прэзідыума таксама камуністы. Старшынёю — стары літоўскі рэвалюцыянер, паліткатаржанін Антановіч. Сакратаром — Юліус Шымкевіч.
Антановіча я бачыў і чуў тады першы раз, і з хораў, далёка на сцэне, за сталом у прэзідыуме. Пазней давялося мне спаткацца з ім блізка, і нават гаварыць з ім разы два ці тры. Мужчына — высокі, складны, з мяккімі, асцярожнымі, але спрытнымі і рашучымі рухамі. Твар — тонкі, пагляд быстры і востры. Ува ўсім ім было штосьці ад старога бывалага ваўка і ад гордага моцнага арла... Гаварыў ён гучным голасам, у якім толькі на самых высокіх нотах зрэдку чуваць была стрыманая рэзкасць — след перажытых моцным чалавекам вялікіх пакут...
І сядзеў за сталом у прэзідыуме ён Антановіч, і сядзеў там, побач з ім, з сваёй вечнаю, прыветнаю і бесклапотнаю ўсмешкаю, малады ястрабок, сакратар Савета Юліус Шымілевіч, і сядзеў там, побач з імі, на маю радасць і гордасць, член прэзідыума Савета ад камфракцыі — таварыш Баніфацы Вяржбіцкі, дзядзька Баніфацы, шавец з Вароняе вуліцы... Быў ён сёння ў сваім чыстым святочным касцюме, карым у палоску, але быў ён і сёння, як заўсёды, задумлівы...
І хацелася мне крыкнуць яму з хораў праз залу, праз галовы дэпутатаў, спаміж якіх была дзесьці там і галава майго бацькі, хацелася вясёла і радасна крыкнуць:
— Усміхніся ж ты, усміхніся, дзядзька Вяржбіцкі!
Х. «УСЯ ЎЛАДА САВЕТУ!»
Смело мы в бой пойдем
За власть Советов!..
Гарачымі воплескамі спаткала рабочая маса, і на дэпутацкіх месцах і на хорах, абранне прэзідыума. Ну вось... Прэзідыум на сваім месцы. Старшыня Антановіч вядзе сход.
Пачынаюцца прывітанні...
Іх шмат: ад Віленскага камітэта кампартыі, ад Камуністычнае партыі Польшчы, ад ЦК РКП (б), ад нямецкіх салдатэнратаў, ад ЦК Бунда, ад сялян, і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ...
Усе прывітанні святочныя, урачыстыя. Але не ўсе яны ідэалагічна аднолькавыя...
Доўга і шумна апладзіруюць усе ў зале прадстаўнікам нямецкіх салдатэнратаў, першаму і другому, спартакаўцу і незалежніку. Бо і той і той, ад імя нямецкіх салдацкіх мас, урачыста заяўляюць, што будзе Нямеччына дастойнай паслядоўніцай рэвалюцыйнае Расіі...
І як жа тут не радавацца, як не плёскаць да жару ў далонях, калі перад вачыма дзіва дзіўнае: здаецца, тыя ж самыя немцы, што душылі нас тры з паловаю гады, і ў той самай нямецкай вайсковай форме, што прывучыла нас да інстынктыўнае трывогі, што страшыла нас тры з паловаю гады на кожным кроку, — і вось прыйшлі сюды як свае, блізкія людзі, і гавораць такія незвычайныя рэчы!..
Выступае пасланец бундаўскага ЦК і ў сваім гарачым вітанні ўрачыста заяўляе: Савецкую ўладу Бунд рашуча падтрымае! І ўсе ў зале дружна плешчуць...
— Але, — кажа пасланец і лысую галаву ўгару падкідае, упарта, ды як быццам не дужа смела, — але трэба склікаць учрадзіцельнае сабранне!.. — І на лавах бундаўцаў і на лавах каля іх — плешчуць, а на другіх лавах не плешчуць... І нават там-сям смяюцца, сусед з суседам гамоняць, і адзін жартліва ў бок бундаўцаў рукою махае, а другі яму ў тахт галавою ківае...
А вось выступае валасаты эсэр, малады чалавек у шэрай расейскай шынельцы нараспашку, з вараною грываю аж да гарба, — здаецца, на прозвішча Грыбазвон, — і пачынае з тэатральнымі жэстамі крычаць на беларускай мове, што яны, эсэры, вітаючы вось тут Савет, яны гэтым самым, вось, ад узброенага змагання з Савецкаю ўладаю, яны тут зусім афіцыйна, такім чынам, вось, гэтым самым, вось, адмаўляюцца, але ж, але ж... І пасыпаў гэтымі «але ж» і «восямі», як з мяшка. І яму на эсэраўскіх лавах плешчуць, аж вочы па лоб. Гэткім спосабам аб моцы сваёй заяўляюць. І на суседніх лавах ім троху падмагаюць. А па лавах камуністаў — маўчаць, упарта, падазрона.
Ды ўсё яшчэ ішло тым часам гладка.
Аж вось скончыліся прывітанні Савету, і камуністы агаласілі спіс прывітальных тэлеграм, якія трэба паслаць ад Савета. На першым месцы былі пастаўлены тэлеграмы ЦВК і СНК РСФСР як кіруючым органам расійскай рэвалюцыі і Чырвонай Арміі як выразніцы баявой магутнасці пралетарыяту.
І тады выступіў ад фракцыі эсэраў эсэр з літоўскім акцэнтам у вымове, і крыху падстрыжаны, і крыху паважнейшы, чым той яго валасаты калега-беларус. І менш казаў ён «але», аднак жа сказаў ён зусім неспадзяваную для мяне рэч: эсэры катэгарычна пратэстуюць супроць пасылкі прывітальных тэлеграм ЦВК і СНК РСФСР і Чырвонай Арміі... А потым крычыць: «Чырвоная Армія — руская акупацыйная армія!..»
На лавах камфракцыі і спаміж рабочых на хорах узнялася цэлая бура пратэстаў супроць яго выступлення. Ён жа і па каліва не збянтэжыўся. І ў тым шуме і крыках з усіх бакоў усё нешта заядла лепятаў, тлумачыў свае прычыны, вылічаў свае эсэраўскія крыўды на РСФСР і даводзіў штосьці аб незалежнасці Літвы.
А за ім выступілі бундавец і поалей-цыяніст, і с[ацыял]д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. І ўсе яны былі таксама або зусім супроць пасылкі тэлеграм у Савецкую Расію, або згаджаліся паслаць іх з сваімі папраўкамі.
С[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст унёс ад свае фракцыі ў тэкст тэлеграмы такую папраўку-ўставачку: «Руская рэвалюцыя павінна стварыць адзіны рэвалюцыйны фронт усяе дэмакратычнае Расіі...» Слова ў слова тое, што кожны дзень спяваў мне мой бацька.
І пакуль шукаў я вачыма ўнізе бацькаву галаву, каб паглядзець, як ён цяпер там ёю круціць, — пачалося галасаванне. За папраўку былі ўсе, апрача камуністаў. Некалькі чалавек устрымалася. І самаю нязначнаю большасцю галасоў прынята была тэлеграма з тою папраўкаю.
Тады ўзяў сабе слова старшыня Савета Антановіч і гнеўным і сумным голасам сказаў:
Віленскія пралетарыі пад уплывам згодніцкіх партый зрабілі тут аграмадную палітычную памылку, якую ўсвядомяць яны сабе толькі ўпаследку...
І заявіў, што камфракцыя пашле тэлеграму без папраўкі. Палова залы воплескамі яго падтрымала. Палова залы маўчала — хто вінавата, а хто можа і зларадна...
Цяжка зрабілася ў зале. Ну, ненадоўга.
* * *
Камфракцыя прапануе Савету абвясціць сябе ўладаю...
Аграмаднае ўражанне ў зале. Рабочыя радасна ўсміхаюцца, пераглядваюцца. Усе ўсхваляваны...
А лідэры Бунда перапалашыліся. Яны супроць прапановы. Яны не хочуць абвастраць адносін з немцамі і польскай буржуазіяй. Аднак не хочуць і страціць уплыву на масы. Таму яны просяць абвясціць перапынак, каб зрабіць нараду фракцыі.
Абвяшчаецца перапынак.
Бундаўцы-рабочыя нападаюць на сваіх лідараў. У другіх партыях, апрача камуністаў, таксама гарачыя спрэчкі між лідарамі і рабочымі-масавікамі.
Шумна ў зале, шумна на хорах, шумна ў калідорах. Сыходжу ўніз і на шырокіх сходах бачу: таварыш Шэшкас сварыцца з маім бацькам. Сварацца так, што вось-вось зараз кінуцца біцца. І патрошку сунуцца на вуліцу. І я за імі.
На вуліцы дэманстрацыі ўжо прайшлі. Дэпутаты Савета, якіх на тое ў часе пасяджэння выбралі, — прамовы з балкона дэманстрантам сказалі. Прывітальныя крыкі і музыка аркестраў сціхлі. Але каля залы і па ўсёй Вастрабрамскай яшчэ поўна рабочых. Не хочуць расходзіцца. Пасяджэнне ў зале як бы працягваецца на вуліцы.
Шэшкас крычыць. Бацька мой упарта адбіваецца. Рабочыя налятаюць на майго бацьку ў дапамогу Шэшкасу:
— І які ж ты дэпутат? І хто ж цябе такога выбраў?
Думаю сабе: хоць бы яго тут не пабілі. Пасварацца — няхай. Але біць яго не дам. І чакаю, пакуль пойдуць яны з Шэшкасам назад.
Згары бясшумна сыплецца то нявідзімы, то бліскучы на электрычным святле, мяккі, пушысты сняжок.
Перапынак канчаецца. Трэба ісці ў залу.
Пасля перапынку Бунд заяўляе: ён згодзен галасаваць за абвяшчэнне Савета ўладаю! Хутка праходзіць галасаванне. Да камуністаў і бундаўцаў далучаюцца асобныя галасы з іншых фракцый. Падаўляючая большасць! Савет абвясціў сябе ўладаю! На хвіліну ўсё сцішаецца, замірае... І ўся зала ўстае, і ўся зала многагалоса, урачыста, і радасна, і драматычна зліваецца ў вялізарны хор:
Паўстань, пракляццем катаваны!..
ХI. АРЫШТ
На другі дзень, 16 снежня, у панядзелак, па загаду Савета ў горадзе была ўсеагульная забастоўка-маніфестацыя. Усе рабочыя спынілі работу і выйшлі на вуліцу, каб паказаць, што Савет абвясціў сябе ўладаю і што ўсе рабочыя выконваюць яго загады.
Маніфестантаў было тысяч пятнаццаць. Яшчэ ніколі дагэтуль не бачыла іх столькі старая Вільня. Гэта было штосьці грандыёзнае! Па ўсіх вуліцах бясконца ішлі калоны за калонамі, усё зачырванелася ад сцягаў. Горад адчуў моц і арганізаванасць пралетарыяту. Нямецкія салдаты і нават афіцэры па-вайсковаму аддавалі чэсць сцягам маніфестантаў. На сцягах было шмат рэвалюцыйных лозунгаў, а найчасцей: «Уся ўлада Саветам!» і «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!»
Апрача сцягаў, маніфестанты неслі плакаты з рознымі патрабаваннямі: «Трэбуем 8-гадзінны працоўны дзень!», «Трэбуем рабочы кантроль!» У чыгуначнікаў было напісана: «Чыгуначная маёмасць застаецца на месцы!», «Забраць паравозы і вагоны не дамо!»
Маніфестацыя прайшла ў поўным парадку. Ні немцы, ні палякі не адважыліся рабіць ніякіх перашкод.
І агульны настрой у горадзе ў гэты дзень быў такі, што вось немцы хутка выйдуць, а гэта вырасла новая сіла, якая забірае ўладу ў свае рукі.
Не толькі пра тарыбу ці пра якую там беларускую раду ніхто і пе ўспамінаў, але нават і польская буржуазія нібы сцерлася, зліняла перад магутнасцю рабочае сілы. Польскія вайсковыя прапалі з вуліцы.
Агульнае ўражанне яшчэ болей узмацнілася, калі ў гэты ж дзень, у самы разгар маніфестацыі, па ўсім горадзе быў разлеплены і разданы рабочым па руках Маніфест Часовага Рэвалюцыйнага Рабоча-Сялянскага Урада Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
Праўда, яшчэ ніхто нічога добра не ведаў, і многія пыталіся адзін у аднаго:
— Чытаў, што абвешчана Рэспубліка?
— Дык Вільня — сталіца?
— А ўрад ужо прыехаў?
Паспрыяла і надвор’е, як і ўчора. Снегу было яшчэ мала, але падмарозіла, паветра было чыстае, яснае, здаровае цэлы дзень.
* * *
І прыйшоў я дамоў у радасным, прыўзнятым настроі, з такім пачуццём, што, ну, вось ужо ўсё нешчаслівае і цяжкое засталося ў мінулым, адышло, адсунулася, уляглося, а пачалося новае, светлае, лёгкае для сэрца, добрае для думак жыццё...
А калі адчыніў я дзверы і пераступіў парог свае кватэры, — дык яно, тое мінулае, як прыкрая здань, адразу кінулася мне ля стала ў вочы...
Польскі легіянер у мундзіры з кручанымі пагонамі і белымі нашыўкамі тырчаў на табурэце, расставіўшы ногі ў шпорах і адкінуўшы набок доўгую шаблю ў бліскучай жалезнай похве.
Важна павярнуў да мяне сваю круглую прылізаную галоўку з чарнамазым тварам і бачкамі... ён, Ромусь Рабэйка! Цьфу! Выбраў час прыехаць і прыйсці!..
Павіталіся мы сцюдзёна і смешна: ён, як падпечаны, усхапіўся з табурэткі, стукнуў абцасамі, шпоры зазвінелі... І спярша — «рукі па швам», мусіць, каб першаму не прывітацца са мною за руку ці ад неспадзяванкі. Потым, на кракавяцкі ці які ўжо там варшаўскі лад, у нос і сюсюючы:
— Муе сяноване...
А я спярша гатоў быў біцца, сэрца затыхала, а потым адразу спакойным голасам і мімаволі ўсміхнуўшыся паўторыў, чамусьці пераймаючы яго:
— Муе шанованне...
І ледзь не тыцнуліся насамі, падаўшыся абодва тулавам наперад.
А тады я безуважна падаў яму руку і безуважна сказаў яшчэ раз, сцюдзёна, але з сваім натуральным вымаўленнем: «Маё шанаванне...»
Юзя апрытомнела і забегала, як спалоханая курыца ля пеўняў.
І бацькі сядзелі па сваіх ложках. Моўчкі пазіралі. А я, прыйшоўшы, і не ўбачыў, што яны тут.
* * *
Das ist eine alte Geschichte..
(Гэта старая гісторыя...)
Нямецкая прыказка
На маё шчасце, не прыйшлося мне ў бліжэйшыя дні ні гаварыць з Юзяю, ні паразумявацца з Рабэйкам.
На другі дзень увечары (гэта было 17 снежня, за тыдзень да каляд), калі вярнуўся я з вакзала, прыйшлі немцы і арыштавалі мяне. Вобыску ў кватэры ніякага не рабілі. Прост прыйшло двох немцаў-жандараў, паказалі ордэр ад камендатуры і сказалі напранацца. Завялі ў турму на Лукішкі.
Я не ведаў і дагэтуль не ведаю, па якой прычыне мяне арыштавалі. Тады я думаў, што за тое, што я быў ў Савецкай міліцыі і браў удзел у кантраляванні на вакзале, або па заяве каго-небудзь з добранькіх суседцаў. Падумаць на Рабэйку, што ён мог даказаць на мяне, мне і ў голаў не прыйшло.
Ды ў той дзень немцы шмат каго арыштавалі ў горадзе, а найболей — рабочых і служачых з Віленскага чыгуначнага вузла.
Гэтымі днямі пачалася ўжо нямецкая эвакуацыя. Немцы вывозілі не толькі сваю вайсковую, але і гарадскую, грамадскую маёмасць. Пачалі яны таксама патрошку заганяць у Нямеччыну паравозы і вагоны з нашых чыгунак.
«Рабочая міліцыя» даўно ўжо была арганізавана на Вароняй, — спярша, праўда, у нязначнай колькасці. З яе цяпер вырасла Міліцыя Савета (сапраўды — гэта была Чырвоная Гвардыя).
Савет загадаў устанавіць на вакзале рабочы кантроль. Спачатку Міліцыя Савета кантралявала і лавіла толькі спекулянтаў, а потым так неяк само сабою зрабілася, што ўзялася яна кантраляваць і нямецкія вайсковыя цягнікі. Немцам гэта, вядома, страшэнна не спадабалася.
У гэтыя ж дні, пад відам нямецкіх вайсковых фурманак, перавозілі сваё дабро з двароў у горад паны, а з Вільні ў Варшаву і другія польскія гарады, далей ад наступаючай Чырвонай Арміі, вывозіла сваё дабро і сама выязджала капіталістычная польская і яўрэйская буржуазія.
На вуліцах з’явілася шмат фурманак. Прост не прайсці... Рабочыя дзівіліся: «Няўжо гэта ўсё нямецкія?» — і там-сям пачалі затрымліваць іх і аглядаць.
Было таксама некалькі выпадкаў, што натоўп парасцягваў мэблю з кватэр, пакінутых выехаўшай буржуазіяй.
І вось немцы зрабілі шмат арыштаў — пад прадлогам змагання з бандытызмам і самаўпраўствам.
Я ў той дзень, калі мяне арыштавалі, быў на вакзале, стаяў на варце каля дроў. Немцы пачалі распрадаваць дровы, і Савецкая міліцыя ўмяшалася, забараніла прадаваць.
Я тады і думаў, што мяне арыштавалі за тое, што не даваў вывозіць дровы і за дзень падраў шмат нямецкіх квіткоў, з якімі з’яўляліся па дровы спекулянты.
XII. ТУРЭМНАЯ АЗБУКА
Павялі нас аж на гору Па якомусь калідору...
Дзверы! Дзверы! Ў дзвярах дзюрка...
Мацей Бурачок
Апынуўся я ў турме першы раз у сваім жыцці.
Прывялі мяне на Лукішкі, і ў канцылярыі ўбачыў я рыжага Рудольфа, — ён ужо, аказваецца, працаваў тут. Калі анкета была запоўнена, калі запісалі мяне ўва ўсе кнігі, Рудольф павёў мяне ў асобны, пусты пакой і загадаў раздзявацца дагала.
— Нашто? — здзівіўся я. — Мыцца тут сцюдзёна і няма вады.
—Вось я цябе зараз памыю! — жартліва пагразіўся ён і лагадней дадаў: — Такія парадкі.
Калі я раздзеўся, ёы пачаў пераглядаць маё адзенне, мацаць па рубцах.
— У мяне ў кватэры рэвізіі не рабілі і самога не аглядалі, а ты тут порашся, — не ўцерпеў я.
— Вось, тым больш, мушу я абмацаць цябе да костачак, — спакойна адказаў Рудольф. — Такія парадкі, і ты не брыкайся. Ты тут не першы і не апошні і сваіх парадкаў не ўводзь.
Параскідаў мае штаны і сарочкі і зараз загадаў адзявацца. Штаны і сарочкі мае былі ў дзірках, сам я быў вельмі худы, і ён, падла, адышоўся ўбок і закурыў люлечку, стаяў і глядзеў на мяне, пасміхаючыся, а потым скрозь зубы заўважыў:
— Ох, які ты пралетарый!
Я паслаў яго к чорту. Ён не пакрыўдзіўся. Але аловак і запісную кніжку ў мяне адабраў.
Ён жа завёў мяне па жалезнай драбіне на другі ці трэці паверх, да дзвярэй «цэлі» (камеры) нумар 40, і здаў наглядачу.
Наглядач быў стары, сівавусы турэмны служака, віленскі паляк. Служыў ён тут за рускімі, служыў і цяпер. Апушчанае бруха яго ў турэмным мундзіры было падцягнута кушаком. На кушаку, з аднаго боку, абвіс рэвальвер, вялікі, як карабін, а з другога боку бразгалі ключы.
Калі я пачаў быў у яго нешта пытацца, ён хрыпла гыркнуў на мяне: «Не размаўляць!» Ашчэрыў, як бы ў вялікай злосці, гнілыя зубы пад пракуранымі сіва-жоўтымі вусамі і моцна бразнуў за мною дзвярмі.
Дзверы зроблены так, што самі замыкаюцца. Нанач ён яшчэ навешваў вялізарны, цяжкі замок.
Адзіночка была цесненькая, але даволі чыстая, толькі паветра мне не спадабалася: смярдзела ад парашы.
Не ведаючы што рабіць і прыйшоўшы ў незразумелую вясёласць, я зараз запяяў «Інтэрнацыянал». Наглядач мой, гад, стаяў, мусіць, пад дзвярмі і толькі таго і чакаў...
Моцна бразнуўшы акенцам, адчыніў яго і гыркнуў на мяне вельмі злосна:
— Парадкаў не ведаеш? У карцар захацеў?
— А што? — здзівіўся я.
Не па вяселле прыйшоў спяваць!
І зноў страшэнна люта бразнуў жалезным акенцам у жалезных дзвярах.
* * *
Пасядзеў я ўсяго да паўдня 22 снежня, пяць дзён. Аднак жа паспеў дайсці даследчым шляхам, што калі прыкласці рот да дзірачкі ў сцяне, дзе прымыкаецца нанач ложак, і гаварыць, дык у суседа чуваць. Калі ён адтуль гаварыў, мне трэба было прыкладваць вуха. А сцяна тоўстая, цэглы ў дзве ці ў дзве з паловаю. Дзірачка ж неглыбокая, сантыметраў пяць — сем, не болей.
Калі каму яшчэ трапіцца сядзець на Душніках, хай гэта возьме пад увагу. Толькі размаўляць трэба ціханька, каб не пачуў наглядач.
Сядзеў са мною побач нейкі немец-камуніст. Умеў ён толькі па-нямецку, а таму і разгаварыцца мы з ім не маглі. А з другога боку — не ведаю, хто сядзеў. Ён не дадумаўся размаўляць праз дзірачку, і толькі адстукваўся кулакамі. Турэмнае азбукі ён не ведаў. І я яшчэ тады не ведаў яе — па нядбаласці сваёй.
А ведаць яе ў нашы часы павінен кожны, як і ўсякую грамату. Тым больш, што рэч вельмі простая. Азбука, якую я пераняў, пасля свайго першага сядзення, ад свайго бацькі такая: увесь рускі альфабэт разбіваецца на шэсць радкоў, па пяць літар у радку:
[[[[тут павінна быць табліца з шыфрам]]]]
Спярша выстукваецца лічба радка, потым лічба літары ў радку. Паміж лічбамі трэба рабіць невялічкую паўзу. Каб выстукаць, скажам, «Мацей Мышка» па гэтай азбуцы, трэба стукаць так:
3-2 1-1 5-2 2-1 2-4 3-2 6-1 5-4 2-5 1.1
М а ц е і М ы ш к а
Не ведаю, хто яе выдумаў. Але трэба было б паставіць яму помнік як вялікаму чалавеку, што наўчыў усіх людзей размаўляць праз глухія мураваныя сцены.
У свой час, сеўшы другі раз, меў я ад гэтае азбукі больш радасці, чым ад радыё, калі першы раз пачуў яго...
Той раз стукаць я не ўмеў і разгаварыцца з суседам па-нямецку не мог. Зрабілася мне нудна, і я спаў дзень і ноч, бо ложак у мяне, на маё шчасце, на дзень да сценкі не прымыкалі. Але потым, як добра выспаўся і спаць мне, асабліва пры электрычным святле праз усю ноч, ужо не хацелася, дык зрабілася яшчэ нудней. І кармілі страшэнна кепска: на абед давалі місачку памыек пад відам зупы, а раніцою і ўвечары — тую ж місачку маркоўнае кавы, такой нясмачнай бурды, што горш за тых памыек. І на ўвесь дзень — маленечкі кавалачак цэглы з бульбянога шалупіння і льняных жмакаў — гэта пад відам хлеба ці «бабкі». І больш нічога.
Як жа павінны былі мучыцца людзі, якія сядзелі на гэтых харчах, пакуль не ўміралі! А сядзела ж у немцаў многа людзей: камуністы, рускія ваеннапалонныя, дэзерціры. Нямала іх і перамёрла ў жудасных нямецкіх турмах ваеннага часу...
Ні чытаць, пі пісаць мне не давалі, гуляць не вадзілі і наогул нікуды за парог камеры не выпускалі, нават і ў уборную — раніцою выставіш парашу за дзверы і зноў сядзі пад замком.
На допыт не выклікалі; напісаць сваім, Юзі і бацьку, ці на Варонюю, каб прынеслі чаго есці, таксама не дазвалялі...
Аж на пяты дзень — да следчага! Прыняў ён мяне тут жа, у турме, у пакоі для допытаў. Следчы, як мне здалося, быў някепскі белабрысы немец ці паляк з Пазнані. Гаварыў добра па-польску. Называў сябе сацыял-дэмакратам. Можа — брахаў...
Ён толькі распытаўся ў мяне, хто я і што я, і толькі ўзяў падпіску, што не буду шкодзіць нямецкай эвакуацыі.
Не паспеў я вярнуцца ў камеру, як барбос мой, наглядач, захрыпеў:
— Забірай рэчы!
Ізноў у тым самым пакоі рыжы Рудольф усяго мяне абмацаў, каб я чаго не вынес, аддаў мне маю запісную кніжку і вывеў да брамы:
— Каціся! Больш не пападайся...
XIII. МРОІ НА ВАРЦЕ
Ні бог, ні цар і ні герой...
«Інтэрнацыянал»
Пакаціўся я найперш на Варонюю. І за адзін прысядак з’еў пяць абедаў. Еў бы і болей, ды баяўся, што захварэю. Пуза раздулося, як барабан, а есці ўсё хочацца...
Потым збегаў на хвіліну дамоў сказаць, што мяне ўжо выпусцілі, і перамяніцца, хоць без лазні, бо ў лазню ісці не было часу: зараз пабег назад у клуб.
Было гэта 22 снежня, у нядзелю. Паступілі весткі, што палякі-легіянеры рыхтуюцца напасці на Савет. З гэтае прычыны сённяшняе пасяджэнне Савета мелася адбыцца не ў Мескай зале, а ў Рабочым клубе на Вароняй, пад рабочаю ахранаю.
У ахране быў і я. Калі сцямнела, мы размясціліся і на вуліцы, і на падворку, і ў памяшканні. Зрабілі засады, каб ударыць легіянерам у тыл, калі яны рызыкнуць напасці. Каля кожных дзвярэй, каля акон, на балконах — стаялі ўзброеныя рабочыя.
Мне далі бомбу і карабін. На падворку, наспех, таварышы Высоцкі і Ляўданскі паказалі мне і яшчэ некалькім такім, як я, правілы кідання бомбаў і страляння з з карабінаў.
Але такіх няўмек, як мы, набралася няшмат. Усе ўмелі і кідаць і страляць. І во калі пашкадаваў я, што не хадзіў з Ромусем Рабэйкам да пэовякаў на практыкаванне ў лес. Цяпер бы выкарыстаў.
Потым бомбу ў мяне ўсё-ткі адабралі, каб не парваў сам сябе і тых, хто будзе блізка стаяць ля мяне. І я стаяў толькі з карабінам у бібліятэцы клуба, на другім паверсе, ля акна.
На вуліцах усё было ціха. Легіянеры, мусіць, даведаліся, што мы іх чакаем «у госці», і не прыйшлі. Нязначная групка нейкіх п’яных хуліганаў пачала была скандаліць на вуліцы, хацела прайсці ў клуб, але іх зараз пратурылі.
Я пазіраў у акно на цёмныя аграмадзіны дамоў, на вярхушкі веж касцёла святога Якуба, на сіняе зорнае неба,— і думаў... Думаў я, што вось можа і там, на гэтай далёкай зорачцы, назвы якой я не ведаю, таксама стаіць нейкая жывая істота, кшталтам мяне, і пазірае сюды, на зорачку-Зямлю.
А можа быць, там, у іх, — думаў я, — ёсць ужо такія дасканалыя прылады, што бачаць яны на нашай зорачцы-Зямлі не толькі вялікія сінія акіяны, чорныя плямы мацерыкоў, але і трубы фабрык і пасяджэнні Саветаў... Хто ведае?
І можа быць — даўно ўжо прайшлі яны наш шлях. І даўно ўжо няма ў іх ні бедных, ні багатых, ні эксплуатаваных, ні эксплуататараў, ні нацый, ні рэлігій, ні войнаў і турмаў, ні голаду і ўсіх нашых пакут...
Я зірнуў праз акно ўніз, на вуліцу, згары на дол, і ўспомніў няшчасную Яню... Зрабілася мне сумна і страшна...
І можа быць, — думалася мне, — усімі сіламі хочуць яны нам дапамагчы. Пасылаюць нам адтуль свае веды і свой дослед. Але мы не ўмеем прыняць ад іх тых вясцей. І сваімі сіламі робім тое, што вядзе чалавецтва да шчасця...
А потым, калі даляцеў да мяне шум з залы, дзе адбывалася пасяджэнне Савета, я абдумаўся і сказаў сам сабе:
«Эге, Мацей Мышка! Гэта ж ты займаешся індывідуалізмам і на свой манер шукаеш там дапамогі ад бога... Дарэмныя і шкодныя мроі! Не залятай на неба, трымайся за зямлю. Дапамога наша — у нас саміх»...
І я нават усміхнуўся: «З гэтымі сваімі мроямі яшчэ каго-небудзь і правароніш на вуліцы. Цьфу, цьфу, цьфу! Прачніся!»
І калі я прачнуўся, прыйшоў таварыш Высоцкі і сказаў, што можна ўжо ісці дамоў.
Дэпутаты ўжо расходзіліся, і па дарозе я ад іх даведаўся, што пасяджэнне было вельмі бурнае. Эсэры ярундзілі супроць Часовага Рабоча-Сялянскага Урада Літвы, заяўлялі, што не прызнаюць яго. А с[ацыял]-д[эмакраты]-інтэрнацыяналісты ўносілі свае папраўкі, і гэтак далей, і гэтак яшчэ далей... Старая песня!..
Адно мяне ўзрадавала: па прапанове Камфракцыі Савет прыняў пастанову — абвясціць другую забастоўку, калі немцы заўтра, да дзесятай гадзіны вечара, не выпусцяць усіх палітычных зняволеных, а ў першую чаргу арыштаваных чыгуначнікаў, спаміж якіх шмат членаў Савета.
Немцы адмовіліся выпусціць арыштаваных палітычных, і 23 снежня, а дзесятай гадзіне ўвечары, у горадзе пачалася забастоўка. Першыя пакінулі работу чыгуначнікі. Аб гэтым я даведаўся, калі быў яшчэ на Вароняй. А калі я ішоў адтуль дамоў, прыблізна а палове адзінаццатай, раптам па ўсіх вуліцах пагасла электрычнасць. Адразу зрабілася ўсюды цёмна і глуха. У чорнай цямноце патонулі дамы. Рэдкі прахожы, падазрона пазіраючы па баках, спяшаўся сваёю дарогаю, з тратуару пераходзіў па сяродак вуліцы і скрыпаў там снегам, як у вёсцы.
Значыцца, забаставала і электрычная станцыя.
На другі дзень, 24 снежня, была каталіцкая куцця, але ўсё жыццё ў горадзе з самае раніцы замёрла. Крамы, магазіны, рэстарацыі былі зачынены. Цягнікі не хадзілі, паравозы на вакзале не гудзелі.
Увечары зазванілі ў касцёлах, але на вуліцах — цёмна і пустынна. Ежце, панове, куццю пры лямпах і яшчэ не ў сваёй Вільні!
Бо перад тым у Вільні насіліся ўпартыя чуткі, што палякі выступяць яшчэ да адыходу немцаў. Польскія патрыёты называлі тэрмін: за дзень, за два перад ражством, каб узрадавацца к вялікаму святу «божага нараджэння» і разгавецца «ў сваёй Вільні»...
Аднак жа гэтым разам яны не выступілі, — магчыма, што яшчэ не падрыхтаваліся, а можа быць і з прычыны таго, што ў горадзе гэтыя дні была забастоўка.
Жартлівыя ж людзі пасля смяяліся, што палкоўнік Вэйтка еў куццю ў свае каханкі, а «ў каханкі — смаляныя лаўкі», дык ён прыліп там, заседзеўся і спазніўся пачаць выступленне...
Не ведаю, у якой каханкі сядзеў палкоўнік Вэйтка. А паручнік Хвастуноўскі быў на куццю за сталом у кватэры пана доктара Корсака, еў «свіныя вушкі» разам з паннаю Адэляю Ёдка. Яна яму падабалася, ён да яе заляцаўся.
Гэта мне казаў Болесь Будзіловіч, каб пахваліцца, што Адэлька «з гэтага дурнога мядзведзя з скулястаю мордаю толькі смяецца...». Паненскае сэрца яе належала Болесю, калі верыць самому Болесю. У іх жа быў тады і капітан Ёдка. Час прайшоў цікава і вясёла, — казаў Болесь, — хоць і пры свечках...
Я пакуль яны там сядзелі, пілі і елі, уночы з 24 на 25 снежня, — немцы мусілі здацца на выстаўленыя Саветам умовы і павядомілі па Варонюю, што зараз, яшчэ да раніцы, усіх арыштаваных чыгуначнікаў выпусцяць, а потым, паступова, будуць выпускаць і ўсіх палітычных.
Прасілі даць святло.
Прэзідыум Савета, мусіць, не спаў начэй. Бо тут жа паслаў сваіх прадстаўнікоў у турму для праверкі, а па электрычную станцыю даў загад — пусціць святло.
Электрычнасць загарэлася, горад вынырнуў з цямноты, адразу адшыўся, павесялеў... Толькі куцця была ўжо з’едзена пры лямпах ці пры свечках, і шмат хто заснуў у кепскім гуморы.
Тым часам немцам нельга было верыць ні на грош. У дзень 25 снежня, на ражство, яны патрошку вызвалялі палітычных, па чалавеку ў гадзіну, а ўвечары ізноў прыпынілі вызваленне, — змарыліся...
Прэзідыум Савета зараз жа загадаў станцыі ізноў выключыць святло!
Цяпер немцы доўга не ўпіраліся і мусілі выканаць усе патрабаванні.
Позна ўвечары электрычнасць ізноў разлілася па горадзе, апавяшчаючы рабочых, што перамога дасягну та. Забастоўка была спынена. Цягнулася яна з дзесятае гадзіны вечара 23 снежня да познага вечара 25 снежня, двое сутак.
Забастоўка асабліва яскрава паказала, што абвяшчэнне Савета ўладаю не было пустым словам. І быў ён уладаю не толькі для рабочых, як па наіўнасці хацелі тады прадставіць сабе справу віленскія абываталі. Ён быў уладаю, перад якою пасавалі ўжо ўсемагутныя акупанты. Улада яго з кожным днём расла і пачынала ахопліваць усё жыццё горада.
А Чырвоная Армія падыходзіла ўсё бліжэй да Вільні...