На фоне заслоны асвятляецца постаць Янкі Купалы. Яна нечым нагадвае помнік яму, што стаіць побач з месцам, дзе некалі стаяла яго хата.
Купала (да залы, вельмі задушэўна, з болем).
Я вам не здрадзіў,
Не змяніў,
Бо славіў наш савецкі будзень.
Свой верш сардэчнай чысціні
Ахвяраваў я родным людзям.
Я не чакаў і не гадаў,
Бо жыў з адкрытаю душою.
Што стрэне лютая бяда,
Падружыць з допытам,
З турмою.
Прадажных здрайцаў ліхвяры
Мяне заціснулі за краты.
Я прысягаю вам, сябры,
Мае палі,
Мае бары, —
Кажу вам: я не вінаваты!
(Пасля паўзы.) То не мой верш. То «Прысяга» Міхася Чарота. Ён выкалупаў яе нечым вострым перад смерцю на сцяне камеры-адзіночкі. Напаткаў і запомніў словы паэта другі паэт-вязень Мікола Хведаровіч…
Каб не сцёрліся з памяці імёны бязвінных пакутнікаў, варта было б устаць усёй грамадою, пералічыць усіх пайменна, ушанаваць хоць хвілінаю смутку. Толькі як пералічыць, калі іх тысячы тысячаў?..
Святло паволі згасае.