Кабінет Гея. Гаспадар з люлькаю паволі ходзіць туды-сюды. Тут жа знаходзіцца і Лукаш Бэндэ.
Бэндэ (чытае з аркуша). «…На літаратурную ніву я ўступіў у 1905 г., надрукаваўшы свой першы верш «Мужык». Мэта, якую я ставіў перад сваёй паэтычнай творчасцю, гэта было паказаць у мастацкай форме ўсю беднату, цемнату, нядолю і падняволле батрацтва і бедняка беларускае вёскі. Але, пачаўшы з 1908 г., у часы самае чорнае рэакцыі, працаваць у «Нашай Ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнскімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасці, апяваючы, як нешта цэлае, пазакласавае, беларускі «народ», ідэалізуючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, феадальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым клясавую сутнасць сацыяльнае і нацыянальнае барацьбы за вызваленне…»
Гей (незадаволена, нават злосна). Вы что, товарищ Бэндэ, под копирку штампуете эти отречения?!
Бэндэ (разгублена). Як — пад капірку?..
Гей. Что Коласу, что Игнатовскому, что Купале!.. Одно и то же.
Бэндэ. А вы павесьце Купалу з Коласам на адной перакладзіне, дык адзін аднаго не перацягне.
Гей. Разве что…
Бэндэ. З «Нашай Нівы» і да сёння наздра ў наздру ідуць інаходцы…
Гей. Да-а?..
Бэндэ. I не сумнявайцеся! Кожнаму дурню вядома, што яны…
У кабінет урываецца ўзрушаны і разгневаны Рапапорт.
Рапапорт (амаль крычыць). Выйдите отсюда прочь, Бэндэ!
Бэндэ вылятае з кабінета.
Провокатор! Контра! Сволочь недорезанная! С ним по-человечески, а он на тот свет улепетнуть хотел…
З’яўляецца перапалоханы Бэндэ.
Бэндэ (вінавата). Даруйце, портфель… (Хапае партфель, бяжыць за дзверы.)
Рапапорт (камандуе). Бэндэ, назад!
Бэндэ вяртаецца ні жывы ні мёртвы.
Бэндэ, к ноге! (Рагоча.) Если заведу себе новую собаку, обязательно назову ее Бэндэ. (Камандуе.) Бэндэ, ляг!.. Бэндэ, возьми!.. Бэндэ, фу!.. (Дастае з кішэні паперку.) Прочти вот это. Все равно я с вашего этого… языка сам не переведу… (Гею) Только что Червяков передал…
Бэндэ (дрыжучы, бярэ паперку, разгортвае, чытае заікаючыся).
«Старшыні ЦВК СССР і БССР т. Чарвякову.
Таварыш старшыня!
Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць.
Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую…
Верш мой «Паўстань…» справакавалі…
Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Сав. Беларусі…
Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маімі сем’ямі, што тут у Менску і ў Барысаве…
Папрасіце ГПУ, каб не цягалі маёй жонкі. Яна таксама, як і я, ні ў чым не павінна.
Бібліятэку сваю перадаю Бел. Дзярж. Бібліятэцы…
Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная.
Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога…
Я.К.»
Рапапорт. А теперь уходи… и не забывай портфель. А если о письме этом кому проболтаешься — язык вырву или с головой отрублю.
Бэндэ знікае.
(Да Гея «пад таварыша Сталіна».) Скажи мне, товарищ Гей, как это тебе нравится?
Гей (збянтэжана). Мне это совсем не нравится… Как же вы недосмотрели, если мы его в руководители «Саюза вызвалення» прочили?!
Рапапорт. Мои люди приехали брать его, а он «воронка» заметил и нож себе в пузо.
Гей. Подох?
Рапапорт. Не совсем. Но от операции отказывается и исповедника требует.
Гей. Что значит отказывается?.. Прооперировать, а потом пусть исповедуется. У нас свобода совести.
Рапапорт. Особенно для подследственных. (Рагоча.)
Гей. Стратегия нам ясна, а тактику будем менять. Тактика — великая вещь. Манька с тобой?
Рапапорт. Я без Маньки не езжу.
Гей. Тоже у ноги держишь?..
Рапапорт. Держу под боком.
Гей. И диктуешь по вечерам?
Рапапорт. Могу уступить по-дружески, но ненадолго. (Рагоча).
Гей. Тогда зовем…
Рапапорт выходзіць і вяртаецца са Стэнаграфісткай.
Стэнаграфістка. Здравствуйте, Константин Веньяминович!
Гей. Здравствуй, Маня. Садись, наша хорошая, писать будем.
Стэнаграфістка рыхтуецца да работы.
(Дыктуе.)
«21 ноября 1930 года. ЦК ВКП(б). Москва.
Уважаемый тов. Постышев!
Считаю необходимым сообщить Вам, что вчера, 20 ноября утром покушался на самоубийство Янка Купала — народный поэт Белоруссии…
Янка Купала входил в руководящий центр «Саюза вызвалення Беларусі», являлся идейным центром нацдемовской контрреволюции, что нашло отражение и в его творчестве. Наряду с произведениями вполне советскими у него имеются стихотворения и кулацкого и прямо контрреволюционного содержания.
Приглашенный для переговоров в ГПУ, Янка Купала упорно отрицал свою принадлежность к какой бы то ни было контрреволюционной организации и не обнаружил ни малейшего желания пойти на встречу нам в смысле хотя бы осуждения контрреволюционной деятельности своих друзей — участников и руководителей СВБ.
Незадолго до 20 ноября он начал обнаруживать признаки некоторого колебания, что, впрочем, не нашло своего отражения в его «предсмертном» (если можно так выразиться) письме.
Все это происшествие рассматривается нами как протест против нашей политики борьбы с национал-демократизмом. Мы решили не требовать от Я. Купалы признания участия в «Саюзе вызвалення Беларусі» и сосредоточить свои силы на требовании выступить с открытым осуждением контрреволюционной деятельности группы белорусских интеллигентов, арестованных по делу СВБ. Думаю, что это нам удастся.
Сам факт покушения на самоубийство мы, конечно, огласке не придаем.
В связи с этим прошу ускорить присылку окончательной редакции информационного сообщения по делу «Саюза вызвалення Беларусі». Работу среди интеллигенции надо разворачивать вовсю и, конечно, молчание нашей прессы связывает нам руки.
С тов. приветом — Гей».
Спасибо, Маня, ты свободна.
Стэнаграфістка выходзіць.
(Да Рапапорта.) Кроме этого мы опубликуем в «Зьвяздзе» отречение и искренние раскаяния народного поэта в содеянном против советской власти, партии и трудового народа. (Пад таварыша Сталіна.) И товарищ Сталин хотел бы знать, как вам это нравится, товарищ Раппопорт?..
Святло нечакана гасне.
Бальнічная палата. На ложку пад кропельніцай Янка Купала. Каля ложка тумбачка і зэдлік. Каля дзвярэй на такім жа зэдліку дрэмле Кузняцоў. Дзверы адкрывае Ксёндз.
Кузняцоў. Ты куда?!
Ксёндз. Да хворага…
Кузняцоў. Не положено!
Ксёндз. На споведзь…
Кузняцоў. Не положено.
Ксёндз. А вось гэта ўжо не вам вырашаць. (Робіць крок праз парог.)
Кузняцоў. Убирайся, опиум, покуда цел!
Янка Купала (ачнуўшыся, вельмі ціха). Пакіньце нас адных, служывы…
Кузняцоў. Не имею права. При исполнении я.
Ксёндз. Не забывай, грэшны, што ты стаіш перад чалавекам, які зусім нядаўна вярнуўся з таго свету.
Кузняцоў. Ну и что?!
Ксёндз падыходзіць да Купалы і садзіцца на зэдлік. Кузняцоў падыходзіць да Ксяндза, бярэ яго за грудкі і паднімае з зэдліка.
Ты, черная гнида!..
Янка Купала (трымаючы нажніцы на трубачцы ад кропельніцы). Калі вы зараз жа не адпусціце чалавека ці, не дай вам Бог, заарыштуеце яго, я перарэжу гэту трубачку, пасля чаго мы зможам сустрэцца з вамі толькі ў апраметнай… Вас жа за мяне, памерлага…
Кузняцоў (перапалохана адпускае Ксяндза). Ну, ты, это, не дури! Мне только и не хватало из-за тебя под трибунал…
Ксёндз. Тады выйдзі і папільнуй каля дзвярэй, каб ніхто не перашкодзіў.
Кузняцоў (падумаўшы). Я выйду, но, чур, не помирать!
Ксёндз. Аб здароўі я паклапачуся…
Кузняцоў выходзіць. Ксёндз забірае нажніцы, кладзе іх на тумбачку, тройчы цалуе хворага, хрысціць яго.
Добрага вам дня, Іван Дамінікавіч…
Янка Купала. Мінуліся мае добрыя дні, ойча. Мінуліся. Памерці во хацеў, ды не здолеў. Можа, таму, што без споведзі, без саборавання.
Ксёндз. Грахі адпускаць я вам пасля буду. А найперш пакармлю. Маці ваша, Бянігна Іванаўна, дужа прасіла. Журу прыгатавала. Нікога ж гіцлі не пушчаюць. (Дастае з вузялка слоік і лыжачку.) Ну…
Янка Купала. Адкрый жаба рот — поп кашы дасць…
Ксёндз. Ксёндз, васпане… Ксёндз будзе казаць казанне, а грэшны будзе слухаць і хоць крышачку есці. Маці дужа прасіла…
Янка Купала. А ці варта?..
Ксёндз. Думаю, варта… Самі бачыце. Іван Дамінікавіч, што нарабілі, пераступіўшы запавет Божы — не забі…
Янка Купала (з цяжкасцю адолеўшы першую лыжку). Я ж сам сябе, а не іншага каго…
Ксёндз. А Гасподзь наш Ісус Хрыстос вучыць: «Вы чулі — сказана: хто заб’е — падлягае суду». Яшчэ адну лыжачку, даражэнькі…
Янка Купала (адолеўшы другую лыжку). Якраз цяпер іх суд мяне і дастане — а вы не даеце мне памерці…
Ксёндз. I не дадзім. Цяпер ужо не дадзім… А безнадзейнасць ёсць адчай. (Падае чарговую лыжку журу.) Няўжо, грэшны, заключыліся для вас усе зыходы, закрыліся ўсе шляхі, што так вось?..
Янка Купала. Цяпер ужо і заключыліся і закрыліся, ойча… А жыццё згубіла мэту… Дараваць сабе не магу, што тае начы не вытрымаў болю і застагнаў. Ці ж такога сабачага жыцця чакалі нашы людзі і сам я ад вялікай рэвалюцыі?..
Ксёндз. Яшчэ лыжачку… а ў палітыку я не ўмешваюся. Царква аддзелена ад дзяржавы, а школа і навука ад царквы. А вы, шаноўны паэта, пра людзей, сябе і рэвалюцыю думаючы, на Бога забыліся.
Янка Купала. А чаму Бог ад людзей адвярнуўся?
Ксёндз. А то вам не ведама?.. I яшчэ адну лыжачку… Бог адступіўся… Бяда, хоць і не самая вялікая, прыйсці ў адчай. Гора чалавеку — адчай у Богу. Ён выключае магчымасць выпраўлення і таму ёсць грэх супраць Святога Духа. Адчай — вынік адчужэння людзей ад Бога.
Янка Купала. Ойча, вы замест таго каб прычасціць мяне перад смерцю, якой я і цяпер хачу, бо ў хуткім будучым яе не пазбегну, адчытваеце мяне, як дзіця неразумнае. Зразумейце, шаноўны, — я разбіты, скрышаны, амаль мёртвы. I не псавалі б вы лепш гэтай кашкі…
Ксёндз (ставіць слоік на тумбачку). У часы старазапаветныя цар ізраільцян Саул, разбіты філістымлянамі, у адчаі парашыў сябе мячом. З прычыны чаго апостал запісаў: «Так памёр Саул за сваё беззаконне, якое ён зрабіў перад Госпадам, за тое, што парушыў слова Гасподняе…» Святы ж Іаан Златавуст казаў, што «адчай зводзіць у самую апраметную, тады як моц духу вяртае адтуль».
Янка Купала. Ці ж я не ведаю пра тое, добры мой чалавек.
Ксёндз. Добры чалавек… Я яшчэ і пастар ваш духоўны, грэшны сын мой, Іване.
Янка Купала. Хіба ж я пярэчу, але і вы ўлічыце, што і ў мяне была свая паства. I прыход мой не малы. I колькі было ў мяне моцы, я зваў сваю паству да святла на роднай зямлі!
Ксёндз. Спаўна і вам будзе!..
Янка Купала (спрабуе падняцца хоць на локаць). За што?! За тое, што паству маю гоняць сёння як быдла на бойню, катуюць у жывадзёрнях, прымушаюць дзяцей даносіць на бацькоў, ілжыва сведчаць на сяброў і суседзяў, а я нічым дапамагчы не магу. I перайначыць нічога не здолею!.. А я ж некалі цэламу народу сказаў: няхай жа ў вас будзе хоць Янка Купала… А што зрабіў?! Чым дапамог?! Дзе лёг упоперак дарогі смерці і пакут людскіх?!
Ксёндз. Ляжыце спакойна, Іван Дамінікавіч, а то я доктару абяцаў не хваляваць вас вельмі… А што тычыцца народа, то не магу не пагадзіцца — так, ён у бядзе і скрусе, але ж не ў адчаі, даруйце, самагубства. I наогул, мой вы даражэнькі, народ не бывае ў адчаі. I ў тым яго паратунак. Народ нельга закатаваць ці забіць, калі ён народ! Калі яму не здраджваюць павадыры! А вы, шаноўны паэта, ледзьве не здрадзілі. Вялі, вялі сляпых, а потым наважыліся і сябе асляпіць…
Янка Купала. Не стрываў прыніжэння, абразы і паклёпаў перад народам, які мне паверыў.
Ксёндз. А можа, перапалохаліся, каб народ не закрычаў і ў ваш бок: распні яго! распні! Крычаць жа іншым… ды яшчэ як гучна.
Янка Купала. Даруйце, ойча, толькі я ведаю мой народ і сваю адказнасць перад ім…
Ксёндз (цытуе). «Я адплаціў народу, чым моц мая магла: зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла…» Гардота, гардота авалодала вамі, раб Божы…
Янка Купала. Бадай што грэшны…
Ксёндз. I да свабоды нашаму народу…
Янка Купала (перапыняе). Вы хочаце сказаць — на многа далей, чым да самагубства?..
Ксёндз (ледзь стрымаўся). Лячыць вас трэба, спадар Іване, і не толькі пропаведзямі!..
Янка Купала. Даруйце, ойча…
Ксёндз. Бог даруе… I ведайце, што народ мацнейшы, чым мы, грэшныя, пра яго думаем. I такі грэх, як самагубства, зусім не быў ведамы першым хрысціянам нават у часы самых страшных ганенняў: яны былі сапраўднымі мучанікамі за веру, пра што блажэнны Аўгусцін казаў: «Яны бязмерна перавышаюць антычных герояў не толькі лікам, але і шчырасцю і бескарыслівасцю, сваёй найвялікшай дабрачыннасцю, што вынікала з любові да Бога; пераўзыходзяць і тым святым гераізмам, пад уплывам якога ўмеюць цярпліва пераносіць, ні пры якіх умовах не забіваючы сябе».
Як сабе хочаце, мой шаноўны, але я не ў стане зразумець, як мог народны Паэт і Паэт народа, што, між іншым, не адно і тое ж, у ліхую гадзіну, калі крумкачы апраметнай накінуліся на гэты народ і жывым раздзіраюць цела яго і душу, калі з вязніц і цёмных катавальняў чуваць енк і скрыгат зубоў, лепшы з нас, Пясняр народа, што тоесна айцу духоўнаму, даруйце, як гімназістка, накласці на сябе рукі.
Янка Купала. А сярод ксяндзоў бываюць міласэрныя?..
Ксёндз. Бываюць.
ЯнкаКупала. Тады пашкадуйце, а то я сапраўды вазьму дый памру…
Ксёндз. Ад сораму, спадар Іване, — калі ласка, бо сорам хоць нейкае, а пакаянне. А ад гардоты, гневу ці, яшчэ горш, страху — грэх вялікі. Грэх і найвялікшае злачынства, бо без пастараў-празорцаў, без прарокаў народ сляпы і бездапаможны…
Янка Купала. I яны пра злачынства. I вы пра злачынства…
Ксёндз. Мы і яны… Хіба не грэх ставіць побач?..
Янка Купала. Хіба я параўноўваю?..
Ксёндз. Па-першае, самагубства — грэх супраць Бога, бо жыццё дар яго і толькі ён можа адняць яго; па-другое, грэх супраць бліжніх, бо «мы многія складаем цэлае ў Хрысце», а паасобку адзін для другога члены; па-трэцяе, супраць родных, суродзічаў і дзяцей, бо тым самым прычыняецца ім страшнае гора.
Янка Купала. Хіба не ведаю, ойча…
Ксёндз. Памаўчыце, грэшны… Па-чацвёртае, супраць сябе, бо «ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, але корміць і грэе яе», — сказана ў Пісанні. (Зноў бярэ слоік і частуе хворага.)
Янка Купала. I тым не менш у нас так многа зараз самагубстваў…
Ксёндз. Святы касцёл смуткуе з гэтае прычыны і робіць усё магчымае, каб аблегчыць душу пакутнікаў.
Янка Купала. А хто аблегчыць душу маю і іншых там, у Котласе ці на Салаўках, калі тут не выпусцяць з цела… за Камароўскімі балотамі?..
Ксёндз. Без веры ў сваю душу і яе бессмяротнасць жыццё чалавека ненатуральнае, неверагоднае, невыноснае.
Янка Купала. Пан ксёндз апелюе да Дастаеўскага?
Ксёндз. Бо глыбока паважаю. Ён, як і айцы, лічыў, што вера ў замагільнае жыццё неадрыўная ад духу чалавечага і заўсёды схіляе яго да добрага жыцця.
Янка Купала. Вам лёгка гаварыць пра дабро і душу. А я пабываў там, дзе ўжо няма ні таго, ні другога.
Ксёндз (асабліва пранікнёна). Па ўсім бачу — не міне мяне гэтае гора… Так што не зайздросце…
Уваходзіць Кузняцоў з газетай у руцэ.
Кузняцоў. Вы не далеки от истины, господин ксёндз. (Да Купалы.) А вас, Иван Доминикович, я искренне поздравляю с опубликованием вашего покаяния. А признались бы нам, никто бы не печатал. (Перадае газету.) И еще новость. Знаток белорусской классики и, в частности, вашей поэзии и прозы Микола Коваль удавился. Из-за вас, между прочим, удавился…
Ксёндз хрысціцца.
Святло раптоўна гасне.
Рабочы пакой Янкі Купалы. На стале самавар. За сталом сядзяць слабы яшчэ Янка Купала і Ігнатоўскі. Толькі не п’ецца ім чай — не той настрой.
Янка Купала. …Усевалад Макаравіч, даражэнькі, як сабе хочаце, толькі не магу я з гэтым пагадзіцца. Як-ніяк, а нешта зроблена…
Ігнатоўскі. Што зроблена? Хіба столькі можна было зрабіць за дзесяць год? Дзесяць год спадзяванняў!
Янка Купала. I тым не менш збіранне беларускіх зямель пачалося. А дасць Бог некалі і закончыцца. I супадуць этнічныя граніцы Беларусі з межамі дзяржаўнымі.
Ігнатоўскі. Можна падумаць, што якраз дзеля гэтага Масква перад Варшавай паловай Беларусі і адкупілася…
Янка Купала. Галоўнае ў тым, што мы Варшаве нічога не павінны. А сваё некалі вернем.
Ігнатоўскі. Аптыміст!.. Вы думаеце, з-за нас нехта з Еўропай сварыцца будзе? Мяркуеце, што Беларусь перастане некалі быць разменнай манетаю?.. Буферным краем?..
Янка Купала. Вам, гісторыку, відней. А тое, што мова наша, хоць і ненадоўга, а пабыла дзяржаўнаю, як і школа нацыянальнаю, — не забудзецца ніколі! I Інстытут беларускай культуры быў, і Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, і газеты, і часопісы былі, і Цэнтральны архіў! Не, братка, гэта ўжо не мала. Як бы яны ні шалелі, і ў які бы тупік народ ні завялі, а ён ужо ніколі не забудзе, што было ў яго другое Адраджэнне! Было «срэбнае дзесяцігоддзе»! I ўзлёт інтэлектуальных сіл народа быў! Культура, навука, асвета абудзіліся! Нацыянальная самасвядомасць прачнулася! А гэтага задушыць цяпер ужо нікому не ўдасца! Калі-нікалі ды прарвецца…
Ігнатоўскі. Іван Дамінікавіч, мілы, якая навука, якая культура і гаспадарка без Пічэты, Лёсіка, Ластоўскага, Некрашэвіча, Смоліча, Жылуновіча, Гарэцкага, Зарэцкага, Прышчэпава і дзесятка іншых светлых галоў, што ляглі на плаху?! Пра што вы гаворыце? На што спадзяецеся? Яны не толькі загоняць у магілу нас з вамі. Яны прыдушаць народ на дзесяцігоддзі, а мо і стагоддзі, давядуць яго да атупення, да духоўнага ўбоства і галечы. Пры сучасным рэжыме і тэндэнцыях яго развіцця народ наш сапраўды ператворыцца ў быдла, якое забудзе, хто яно і адкуль узялося. I панаваць над тутэйшымі будуць тыя ж маскалі ды іншыя прыблуды. Яны ператвораць нашу моладзь у янычараў, якія забудуць не толькі матчыну мову, але і сваю крэўнасць з Бацькаўшчынай наогул…
Янка Купала. Кепскі ж у вас настрой, Усевалад Макаравіч. Зусім кепскі…
Ігнатоўскі. А з чаго добрага яму быць іншым? Ці, можа, я не ў АДПУ кожную ноч начую? Ці, можа, не адзін і той жа бруд льюць на нас «сябры» нашы Чарвякоў з Галадзедам. I ў ЦК, і ў СНК, і ў ЦВК — адна шавіністычная маскальская шобла!.. А халуй Чарвякоў, запалоханы халуём Галадзедам, на XIII з’ездзе партыі пры ўсім народзе паабяцаў Рапапорту — даслоўна — «дапамагчы высветліць да канца ўсё тое балота, усю тую гніль, якая, бачыце, нас абкружыла і ад якой нам (ім, значыцца) трэба самым рашучым чынам ачысціцца». (Перадае Купалу газету.) Паглядзіце толькі, якім чынам Гей з Рапапортам гэта робяць.
Янка Купала (бярэ газету, чытае). «16 января 1931 года Президиум партколлегии ЦИК КП(б)Б постановил…»
Уваходзіць Уладзіслава Францаўна.
Уладзіслава Францаўна. Варэнне забылася падаць…
Янка Купала. «… исключить из партии как не изжившего антипролетарского мировоззрения антисоветских партий, как сознательно проводившего в течение всего периода пребывания в партии национал-демократическую установку в своей работе, являющегося фактически кулацким агентом в партии, как обманывавшего партию покаянными заявлениями…»
Ігнатоўскі. Можна падумаць, што тыя пакаянні я сам пісаў…
Янка Купала. «… прикрывая ими продолжение своей групповой антикоммунистической деятельности в рядах КП(б)Б, и как чуждого элемента, игравшего на руку нацдемовской контрреволюции».
Уладзіслава Францаўна. Ідыёты!!! Калі вы не апора, то на каго яны яшчэ абапруцца?!. Даруйце мне, што не змоўчала… (Выходзіць.)
Ігнатоўскі. Яны пазбавілі мяне ўсяго: навукі, працы, добрага імя, урэшце — партыі, якую я сам некалі ствараў.
Янка Купала. Ну, апошняя страта не такая і вялікая. Я, бачыце, і без партыі неяк мадзею. I выключаць мяне няма патрэбы. I вас другі раз не выключаць. А можа, настане некалі і такая часіна, што назад запросяць… (Доўгая, цяжкая паўза.) Думаю я, Усевалад Макаравіч, што аснова, якую стварылі лепшыя з нашага народа і да Саветаў і пры Саветах, ацалее, як бы ні шалелі вар’яты ад ультраінтэрнацыяналізму. Менавіта на гэтай аснове і паднімецца некалі светлая будыніна нашай навукі, культуры, гаспадаркі… і незалежнасці. Паміраючы, у гэта паверыў. I другі раз паміраць заўчасна перадумаў. Такі пратэст не самы высокі, як я лічу сёння…
Ігнатоўскі. Дай вам Бог, Іван Дамінікавіч… Але я хацеў бы ведаць, калі тая будыніна паднімецца. Самі ж бачыце, што яны наважыліся вынішчыць усіх дойлідаў. Гэта нават не Мамай, не Батый, не крыжакі — гэта горш і страшней. Адно мяне толькі і радуе: у нашых лепшых людзях апрычнікі ўбачылі небяспеку страціць многавяковую ўладу над тутэйшымі. А беларусізацыю і адраджэнне наша загубіла беларусафобская, чужая нам інтэлігенцыя і расейскія чыноўнікі, не без актыўнай падтрымкі аднадумцаў з іншых нацый, слаёў і класаў. Каму ж ахвота ўступаць месца вяршыцеляў нашага лёсу нашаму ж нацыянальнаму элементу? Перапалохаўся і маскоўскі цэнтр росту свядомасці гэтага самага беларускага нацыянальнага элемента. Вякамі смакталі пот і кроў народа, рабавалі калонію, а з беларусізацыяй і адраджэннем ім у перспектыве толькі і свяціла, што аблізнуцца. Хіба яны такое пацерпяць?.. Меў рацыю Крыніцкі, калі сцвярджаў на Пленуме ЦК у 26-м годзе, што антынацыянальныя, беларусафобскія элементы разглядаюць беларусізацыю, як гвалтоўнае навязванне беларускай культуры і нібыта тым самым пагарджаюць інтарэсамі іншых нацыянальнасцей. Знайшліся і «тэарэтыкі», што абгрунтавалі гэту зламысную дурноту. Нібыта беларускае адраджэнне, а тым самым і вылучэнне беларусаў ва ўсіх сферах жыцця, паслабляе самую дыктатуру сялянства (вядома ж беларускага).
Іван Дамінікавіч, даў нам Бог на гора быць сведкамі пачатку вялікага генацыду супраць нашага народа. Пачынаюць, як бачыце, з вынішчэння рыцараў Адраджэння. А іх яшчэ так не многа… Так мала!.. А мне сёння шыюць стварэнне і кіраўніцтва «Саюзам вызвалення Беларусі»…
Моцны грукат у дзверы і раз, і другі. Ігнатоўскі і Янка Купала машынальна ўстаюць. Прыбягае перапалоханая Уладзіслава Францаўна.
Паўза зацягваецца. Грукат узмацняецца.
Янка Купала. Адкрывай, Уладка…
Уладзіслава Францаўна выходзіць.
Ігнатоўскі. Не варта мне было прыходзіць…
Янка Купала. Спакойна, Уладзіслаў Макаравіч, не дадзім апрычнікам парадавацца на нашу разгубленасць.
Уваходзіць Кузняцоў.
Кузняцоў (убачыўшы Ігнатоўскага). А-а-а, старый знакомый?! (Да Уладзіславы Францаўны.) А вы, гражданка, выйдите!
Уладзіслава Францаўна (узрываецца). Я табе не «гражданка»! Я гаспадыня тут! Дом мой тут! А вы ўрываецеся, як зладзеі!..
Кузняцоў (збянтэжана). Извините, я вошел, а не «ўварваўся»…
Уладзіслава Францаўна. А ўвайшоў, дык прывітайся з людзьмі!.. Ніколі не думала, што ў ГПУ такія хамуйлы працуюць.
Кузняцоў (авалодаўшы сабой, здзекліва). Здравствуйте, спадар Игнатовский, здравствуйте, спадар Купала! (Да Уладзіславы Францаўны.) Здравствуйте, спадарыня… Не знаю, как вас…
Уладзіслава Францаўна (з гонарам). Спадарыня Уладзіслава Францаўна!
Кузняцоў. Очень приятно, но вам все же придется выйти.
Уладзіслава Францаўна (цвёрда). Дома я, сказала!
Кузняцоў. Ну, ладно!.. Все садимся. (Садзіцца.) Дело у меня к вам, Иван Доминикович, особой важности… Зарубежная свора, как вам должно быть известно, начала оголтелую компанию лжи и возмутительных политических инсинуаций вокруг вашей, Иван Доминикович, персоны и, естественно, вашей болезни, к которой мы, то есть органы ОГПУ, как вы, надеюсь, понимаете, никакого отношения не имеем.
Янка Купала. Сапраўды…
Кузняцоў. Совершенно верно… А посему, уважаемый Иван Доминикович, вам надлежит подписать вот это. (Падае складзены аркуш.) И, как говорится, дело с концом.
Янка Купала (надзявае акуляры, чытае). «Метады і спосабы змагання беларускіх нацыянал-фашыстаў Заходняй Беларусі з дыктатурай пралетарыяту і ўладай Саветаў усім добра вядомы, гэта — правакацыя, прыслужніцтва польскай дэфензіве, падбухторванне да інтэрвенцыі супраць СССР і г. д. Апошняя правакацыя гэтых ягамосцяў па сваёй нагласці перавышае, бадай, усе іншыя, ім падобныя.
У беларускіх контррэвалюцыйных нацыянал-фашысцкіх газетах — «Беларускі звон»… і «Беларуская крыніца»… было надрукавана, што я нібы быў арыштаваны і пакончыў жыццё самагубствам. «Бел. звон» ухітрыўся нават змясціць мой партрэт у чорнай, жалобнай рамцы ды яшчэ і некралог напісаць. Што гэта знача? Гэта знача паказаць па-правакатарску сваім чытачам, што ў Краіне Саветаў нялёгка жывецца нават пісьменнікам.
Я катэгарычна пратэстую проці такой агіднай хлусні. Ніколі ніхто мяне пры Савецкай уладзе не арыштоўваў, і ніколі я не паміраў. Доказам для вас, паны нацыянал-фашысты, служаць хоць бы гэтыя радкі, якія я сам пішу. Вашай апекі і вашага заступніцтва мне не патрэбна. З боку Камуністычнай партыі і Савецкай улады як карыстаўся, так і карыстаюся самымі прыхільнымі і ўважлівымі адносінамі. Жыву я пад аховай законаў дыктатуры пралетарыяту, законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, і ўмешванне ў маё жыццё з боку зарубежнай белагвардзейшчыны буду заўсёды разглядаць як самую злосную правакацыю…» (Нечакана і да здзіўлення прысутных падпісвае паперу.)
Кузняцоў (літаральна выхапіўшы паперу з рук Купалы). Благодарю! Сердечно благодарю вас, Иван Доминикович! До новых встреч! (Выходзячы.) А вы, Всеволод Макарович, засиделись. Очень поздно засиделись. (Выходзіць.)
Уладзіслава Францаўна (крычыць). Вярніся! Я сказала, вярніся!
Кузняцоў (вярнуўшыся). Это вы мне?..
Уладзіслава Францаўна. Табе… I запомні, што ў чужых дамах не сваім гасцям культурныя людзі парад не даюць!
Кузняцоў. Всё?
Уладзіслава Францаўна. Усё! Будзь здароў!
Кузняцоў знікае.
Ігнатоўскі (у жаху). Што вы нарабілі, Іван Дамінікавіч?!
Уладзіслава Францаўна. Сапраўды, навошта табе было падпісваць гэту лухту?..
Янка Купала. Толькі з тое прычыны, што за мяжой жывуць не дурныя людзі. У крайнім выпадку за тых, што пісалі гэта «опровержение». I яму будзе столькі ж веры, колькі і таму, што нечая сучка мазь паела і сама сабе мазёнку на галаву надзела.
Уладзіслава Францаўна. А як я яго, га?..
Зацягнутая паўза.
Ігнатоўскі. Пара мне. Сапраўды заседзеўся. Бывайце, Іван Дамінікавіч. (Нечакана абдымае яго.) Бывайце, Уладзіслава Францаўна! (Цалуе ёй руку.) Шчасліва вам заставацца… (Паспешліва выходзіць.)
Святло раптоўна гасне. Асвятляецца Янка Купала.
Янка Купала. 4 лютага 1931 года акадэмік Уладзіслаў Макаравіч Ігнатоўскі пакончыў жыццё самагубствам… Застрэліўся… А ў 38-м годзе НКВД зноў узялося і за мяне і за многіх іншых…