Аднак сённяшні дзень спакойны, і можна мець надзею, што датрывае да канца непарушаным ніякімі лішнімі эксцэсамі.
Вось забеглі два хлапчукі. Нічога не заказваючы, разлажылі на прылаўку свае картачкі актыўнасці беспрацоўных. Алесь прылажыў пячатку, а ў рубрыцы “прапанова працы” напісаў вельмі пажаданае слова “няма”. Хлопцаў таксама ўжо няма. Спяшаюцца вельмі, ледзь не збіваюць з ног лістаношу, які паявіўся якраз на парозе. Алесь не гневаецца. Ен ведае, што хлопцы адстаяць сваю чаргу ў РУП — установе па працаўладкаванні, а потым у банку, затым прыбягуць сюды, каб і яму падзякаваць за вялікае дабрадзейства. Тым часам лістаноша вылузаў з натоўпу Амэльку і, сціскаючы ў руцэ нейкую паперку, накіраваўся ў яе бок.
— Амэлька! Амэлька, табе тэлеграма.
Дзяўчына бярэ паперу. “Я цябе патрабую. Стоп. Пайшлі. Стоп”, — чытае і сапраўды кіруецца да выхаду.
Гэты малады лістаноша Адам, бацька шасцярых малалетніх дзетак, ступае за Амэлькай і яшчэ не ведае, што выходзіць на зусім новую і незнаёмую сабе сцежку. Узлёты і падзенні, радасць і роспач, воля і зняволенне — усё станецца ягоным лёсам. Не ведае таксама, што сёння прамантачыць з Амэлькай пяць тысяч не сваіх залатовак, а наступныя пяць тысяч украдуць у яго жулікі, калі досвіткам пакорны, з балючай душой будзе вяртацца ў жончыны абдымкі.
Пераступаючы турэмную браму, будзе каяцца і шкадаваць, а калі праз год пяройдзе гэтую ж самую бра-му, толькі ўжо ў адваротны бок, пачне шкадаваць, што шкадаваў.
Цераз ягоную камеру прамільгне доўгі карагод усякай масці начальнікаў, бізнесменаў і міністраў, а кожны ў Адамавай памяці пакіне нейкі каштоўны дар.
Анасіс таксама пачынаў як афіцыянт, а дзякуючы чуйным вушам стаў Анасісам. А мо Бог, дагледзеўшы сваю ранейшую халтуру, задумаў яшчэ раз, нягледзячы на шасцідзённы тэрмін, стварыць новага, лепшага Адама? Гэтым разам з дапамогай добрых людзей на высокіх пасадах.
Нічога наш лістаноша яшчэ не ведае. Дзядзька Кандрат пакуль што моцна спіць і таксама не здагадваецца нават, што Амэлька, на якую з рацыі свайго ўзросту даўно перастаў звяртаць увагу, сёння вечарам будзе пералічваць ягоную пенсію.
Пустое месца ў бары ў працоўны дзень пасля абеду выглядае як свежая дзірка ад вырванага зуба. Язык заўжды стараецца папасці ў гэтую дзірку, разведаць яе, абмацаць. Дзірка ў зубах нікому не прыбаўляе красы.
Калі Амэлька апынецца на тратуары, высокі, худы трыццацігадовы хлопец у джынсавай уніформе адразу запламбуе свабодную табурэтку. Гэта Пеця, здаўна перспектыўны, хаця яшчэ не друкаваны паэт. Пецем можам не дурыць сабе галаву. Ен толькі што прыйшоў і раней чым у дзесяць вечара не выйдзе.
На вуліцы, невядома адкуль, вырваўся летні дождж. Алесь вельмі любіць такія неспадзяванкі. Дзякуючы непрадбачаным летнім дажджам, не адзін паважны дзядуля, які выйшаў з хаты, каб насыціць прыгожым сонейкам мо апошнія свае дні, зусім неспадзявана стае перад Алесевым абліччам. У першы момант здаецца яму, што гэта ўжо канец. Не ведае толькі, куды патрапіў: у рай ці ў пекла, і хуценька стараецца падсумаваць у думках усе свае добрыя і блаіія ўчынкі. Алесь у ніякім выпадку не нагадвае аднак ні святога Пятра, ні Антыхрыста, і дзядуля, адкрыўшы гэты факт, заказвае адзін, а калі вельмі шануе сваю чалавечую абалонку, тады нават і два або тры куфлі. Час адсее зерне ад мякіны. Некаторыя будуць сюды заглядаць ужо пастаянна, павялічваючы Алесеву славу і заможнасць, а пустату невядома куды панясе вецер.
Сённяшні дождж таксама прыганяе нечаканага госця. Акуратненькі старэча, пад гальштукам, у капелюшы, магчыма, што супраць ранейшых сваіх намераў апынуўся ля прылаўка.
— Толькі пад рыску налівай, — загадвае Алесю, і адразу ж зразумела, што чалавек служыў айчыне нейкім кантралёрам або інспектарам. Алесь заўжды напаўняе куфаль пад рыску. Можа, адвячоркам, калі і за акном, і ў вачах пачынае змяркаць, здараюцца невялікія памылкі, аднак апоўдні — ніколі.
— Адступі, дзед! — булаваты кавалер бесцырымонна прапіхаецца да прылаўка.
Любому чалавеку скажыце, напрыклад, так: “Адступіце, спадар таварыш кітайскі мандарын”, — і ён, праўдападобна, не раззлуецца. А паспрабуйце сказаць такому: “Адступі, дзед!”
Кажуць гісторыкі, што ад сямі куляў, выстраленых у горадзе Сараева, пачаўся вялікі, сусветны мардабой. Калі гэта праўда, што адно прымітыўныя асобені выклікаюць усякую калатнечу з дапамогай рэвальвераў, аўтаматаў або танкаў, калі ўсё гэта праўда, тады пра булаватага можна сказаць, што ён выдатны, тактоўны палітык. I малаважна, што не хадзіў у Кембрыджы ды Оксфарды. У нашым раёне Еўропы нават сярод прэзідэнтаў здараюцца самавукі і зусім папраўна спраўляюцца з патрабаваннямі высокай пасады. “Адступі, дзед”, — гэтых слоў не прачытаеце ў гістарычных падручніках, а ўсё-такі ведайце, што і яны, калі засеюцца на ўспрыімлівы грунт, змогуць адвярнуць ход падзей не менш паспяхова за тыя няшчасныя сем куляў, адрасаваных эрцгерцагу Фердынанду.
— Толькі не “дзед”! Толькі не “дзед”! Я на вайне быў. Я ваяваў, калі ты... Калі цябе яшчэ на свеце не было, — паправіўся.
— Усе ваявалі, дзед. А дзе двух ваюе, там тры героі.
Кожны, хто цяпер бачыць гэтага ананімнага ветэрана, адразу разумее, чаму мы перамаглі ў апошнюю вайну. Адным позіркам змог бы ён прыціснуць да зямлі ўвесь варожы батальён. Раскірэчаны на кароценькіх, моцных нагах, рукамі малоціць паветра, а гальштук падскоквае, быццам бы хацеў дапамагчы свайму ўласніку.
— Я паўстанцам быў. А ты што? Ты хто? Дзе ты быў?!
— Амэлька! — булаваты адварочвае галаву, шукае ў натоўпе знаёмую постаць. — Амэлька, хадзі, паглядзіш, які там у яго паўстанец!
Амэлькі, як ведаеце, ужо ў бары няма, і паўстанцкая вартасць незнаёмага ветэрана застаецца неправераная.
Натоўп рагоча, і гэты рогат, вырваны з падмацаваных півам жыватоў, б’е аб сцены, калоціць столікамі. Там-сям бразгае куфаль і, пацалаваўшы тэракотавы паркет, назаўжды пакідае хмелевы астрог. Ветэран тым часам, вырваўшыся з блытаніны чужых рук і ног, з вялікім здзіўленнем аглядае свой крышку прытаптаны капялюш, дрыжачымі рукамі стараецца вярнуць яму ранейшую форму. У рэшце рэшт, махнуўшы рукой, садовіць гэты дзіўны прадмет, які цяпер больш нагадвае разбуранае ветрам вароніна гняздо, на назначанае яму месца.
— Нічога... святога... няма для вас! — выстрэльвае апошнюю амуніцыю і пачынае адступаць на раней прадбачаныя пазіцыі, гэта значыць, на вуліцу. Здаецца, другі раз сюды ён не загляне.
Вечар
Летні вечар набліжаецца да горада вельмі неахвотна. Не тое, што асенні, які выскаквае з завулкаў, з цёмных падвалаў і шаст-праст — раптоўна акрывае ўсё чорным пінжаком. Летні вечар — гэта вопытны гурман; скаштуе апошні праменьчык, праглыне кроплю першай расы і толькі тады, з элегантнасцю бывалага чалавека, асушыць вусны шаўковай хустачкай паўсвятла. Летні вечар, мяркуючы па ягоных беззаганных намерах, блізкі сваяк графу Лікёру. Хто ад каго вывучыў добрыя звычаі — ця-пер ужо малаважнае. Галоўнае, што граф Лікёр уносіць у Алесеў бар павеў таямнічай экзотыкі, а можна сказаць: нават набілітуе яго. Калі гэта праўда, што мастацтва змякчае звычаі, тады графа Лікёра побач з літаратурай, музыкай і скульптурай можна смела залічыць у вялікую сям’ю мастацтва.
Ен ніколі не скажа: “Адступі, дзед!”
Лікёр — гэта не прозвішча, а проста герб. Вядома, што неафіцыйны і дарма шукаць яго ў геральдычных кніжках, тым не менш прысвоены простанароддзем, так-сама мае сваё важкае значэнне. Хто чым ваюе, тым і пячатаецца. З грацыяй, якая заслугоўвае лепшага месца і часу, граф Лікёр пераступае Алесевы парогі. Часу, у які прыходзіцца жыць, чалавек, так сказаць, не выбірае, а калі ён інтэлігентны і добра выхаваны, месца не мае тут вялікага значэння.
Граф Лікёр кіруецца ў той бок, дзе паэт Пеця перажоўвае свой унутраны і вонкавы свет, час ад часу півам папіваючы больш жылістыя кавалкі.
Малады чалавек, які сядзіць насупраць Пеці, ведае, што яму пара ўжо збірацца дамоў. Есць час балбатні і ёсць час разумнай дыскусіі. Гэты першы якраз канчаецца.
Граф садзіцца зручна, па магчымасці найдалей выцягваючы свае доўгія, худыя органы руху. Цяпер гэта ўжо не звычайныя ногі. Цяпер гэта межавыя слупы, якім даручаны гонар стаяць на варце маленькага, бо маленькага, але ўсё-такі графства. Калісьці, дарэчы, было яно значна большае. Некалькі тысяч гектараў добрай зямлі, тэкстыльная фабрыка, гандаль збожжам, друкарня. Усё было, і на змарнаванне ўсё пад Ваўкавыскам засталося.
Я ніколі ў Ваўкавыску не быў, часам аднак думаю, што зямля там шматпавярховая, быццам блокі, што акружаюць Алесеў бар. А калі не, калі звычайная яна там, як і ў кожным іншым месцы, тады колішняя Ваўкавышчына працягвалася куды далей за Мінск, за Маскву, за Пецярбург. Падсумаваўшы расказаную ўласнасць усіх графаў і не-графаў, хочаш ці не, такі вось рахунак атрымліваецца. А з матэматыкай жартаў няма, два і два ніколі не будзе шэсць.
Расставіўшы варту, граф Лікёр дабывае люльку, тытунь, запалкі. Ен, падумае нехта, рыхтуецца закурыць. О, не! Люлька на стале — гэта сакрэтны знак Алесю. Нібы звычайны, а ўсё-такі колькі ж далікатнейшы за нахабнасць званка ці напышлівае: “Яне, парасон!” Калі на стале з’явіцца пяцідзесяціграмавая чарка мядовага лікёру — люлька, тытунь і запалкі павандруюць назад у кішэню. Сваё задание яны сёння выканалі.
Граф Лікёр ведае пачуццё меры, і парог, за якім развітваюцца памяць і забыццё, ён ніколі не пераступае. Пакуль апарожніць сваю чарку, будзе яе нюхаць, смактаць, цалаваць, аглядаць з усіх бакоў. З такой самай цярплівасцю і асцярожнасцю падыходзіць да прынады лінь, чым да белай роспачы даводзіць неспрактыкаванага рыбака. Алесь не нервуецца. Ен, так сказаць, вопытны капіталіст, ведае, што пастаянны, няхай сабе нават не надта марнатраўны кліент больш каштоўны за ўсіх аднаднёвых Ракфелераў, якім раз на год пашанцавала вырвацца з жончыных кіпцюроў ды прамантачыць ладны кус дамашняга бюджэту.
— Што там, спадар Пятро, у краіне лётнай думкі? — гэтае пытанне пачынае кожную іхнюю гутарку, а Пеця заўжды адказвае:
— Свет — гэта ілюзія.
Сёння, аднак. усё адбываецца інакш. Праўда, граф Лікёр, як і заўсёды, спытаў: “Што там, спадар Пятро, у краіне лётнай думкі”, аднак Пеця, замест сакраментальнага “Свет — гэта ілюзія”, узмацняе жэстам нешта зусім іншае, неспадзяванае:
— Жыццё — гаўно.
Асабліва гэтае другое слова і калечыць далікатнае, арыстакратычнае вуха, аднак граф на тое ёсць граф, каб не адразу паказаць, што ў ягоным нутры адбываецца.
Лінь-Лікёр далікатна падымае мядовую прынаду, аглядае яе пад святлом. Няма куды спяшацца, няхай Пеця памаўчыць, абдумаецца ды сам скажа, чаму на ягонай біржы жыцця наступіў такі гвалтоўны крах.
Пеця, быццам здагадваючыся, чаго ад яго чакаюць, пачынае расказваць.
— Няма Казіка. Не далей як учора ў “Жамчужыне” сядзелі ўтраіх... значыць я, Казік і Казікаў цесць, а сёння Казіка няма. I цешча ягоная — удава таксама... Піва заказалі... а там прыпынак аўтобусны недалёка. I раптам — страляе нехта, не страляе. Грук пранізлівы. I пабег Казік з цесцем глянуць, што такое робіцца. Потым высветлілася, што гэта паліцэйскі выйшаў пастраляць сабе крыху на аўтобусным прыпынку. I няма ўжо ні Казіка, ні ягонага цесця. Нат піва дапіць не паспелі. Жыццё — гаўно!
У бары робіцца маркотна.
Куфлі апаражняюцца яшчэ, але піва, запраўленае нейкім дзіўным сумам, не смакуе ўжо, як раней. Той-сёй адстаўляе пасудзіну, падцягвае нагавіцы і, пастаяўшы хвіліну, кіруецца ў дзверы. Яшчэ некалькі хвілін — і бар выплюне апошняга госця, а вуліца захопіць усіх і панясе каго куды. Адных завядзе ў хатні ачаг, іншых у нейкі падазроны прытон. А яшчэ іншыя будуць да белай раніцы вандраваць доўгімі вуліцамі і зоры лічыць дарма, бо гаснуць яны і распальваюцца без канца і пачатку.
Крах
Чацвёрты месяц сталуюся ў пана Метка. Прыходжу заўжды раней, пакуль рабочыя з нашай — гэта значыць хімічнай — фабрыкі пачнуць улівацца менш ці больш шматлікімі групкамі, прыносячы з нагамі добра мне знаёмы, хаця не вельмі прыемны смурод спаленага вугалю, перамешаны са смольным водарам шкіпінару.
Я і раней бываў тут, аднак не дзеля спажывецкіх мэт, а як і ўсе мае тагачасныя калегі, я заходзіў выпіць піва, пасядзець у вясёлай кампаніі і пабалакаць пра Марыніны ягадзіцы. Калісьці сказаў бы звычайна: “дупа Марыні”, цяпер аднак я — сярэдняга калібру служачы, вораг піву і безразважнай балбатні — маю абавязак паводзіць сябе адпаведна са сваёй пасадай. Мая лексіка сведчыць пра мяне, і як лібералам агідная планавая гаспадарка, так мне агіднае слова “дупа”.
Прысаджваюся з левага боку ад увахода, далёка ад цэнтра, там, дзе ніхто мяне не чапае, ды і я нікому не стаю на дарозе. Я не люблю, так сказаць, выступаць у святле юпітэраў — гэта першае, а другое — не хачу, каб хтосьці падумаў, што я такі, як і яны: рабочы хімічнай фабрыкі. Дзеля падкрэслення сваёй тут — звышпіўнай — прысутнасці раскладаю на століку газеты “Палітыка” або “Літаратура”, перагортваю іх старонка за старонкай, стараюся вылавіць нейкі цікавы тэкст, які б развіваў індывідуальнасць. Палітыкай не займаюся. Слова “палітыка” не менш мне агіднае за слова “дупа”.
Рабочыя, прысеўшы за столікамі, расшпільваюць “артальёны” і джынсы, пералічваюць грошы, сцішанымі галасамі вядуць кароткія нарады. А потым п’юць піва, кураць папяросы, струменячы дым між жоўтымі зубамі. Гамоняць. Галасней і галасней, найчасцей пра фабрыку, кіраўнікоў і зарплаты. Не цяжка здагадацца, што ў аповедах іхніх кіраўнікі — ідыёты, а зарплаты — смешныя.
Мне непрыемна слухаць гэтыя гутаркі. У такіх выпадках паглыбляюся ў газету або стараюся аналізаваць прачытаную ў апошні вечар кніжку. Я і раней мала калі выходзіў адвячоркамі, а з гэтай пары, як закончыў вечаровы тэхнікум, аддаю перавагу кніжкам. Iншая справа, што вуліцы ў нашым мястэчку таксама не зусім бяспечныя. Не далей як у кастрычніку, якраз каля малога базара, наскочылі на мяне нейкія хуліганы. “Давай, — кажуць, — пулярэс, бздылю”. — “А я пулярэс не дам, калі б мяне нават і рэзалі”. Праўда, абышлося без нажоў, і я, пакамечаны крыху, затое з пулярэсам, павалокся ў паліцыю. Высветліў справу, што было і як, а паліцэйскі кажа: “Адбівацца трэба, хуліганнё квітнее, а гэтак званае грамадства нат пальца за палец не зашмаргне”. А маё крэда такое: з ворагамі змагацца заўжды трэба з дапамогай інтэлекту, а кулакамі хай вядуць свае войны адно прымітыўныя асобені.
Рабочыя пачалі якраз аплёўваць бюракратыю, якую быццам бы даводзіцца гадаваць ім на сваіх грудзях. Мне стала прыкра. Лёгка сказаць — бюракрат! А спытайце ў гэтых, як пагардліва кажаце, бюракратаў, хто такі Гётэ, хто Пікаса, а хто Дастаеўскі! Спытайце, бо самі, пэўна, не ведаеце. Не ведаеш Гётэ, значыць, твае кваліфікацыі якраз адпаведныя, каб белавежскую жывіцу ператвараць у шкіпінар. А я вось ужо чатыры месяцы працую ў бюро. Не скажу, пасада пакуль што не вельмі важная, аднак і такія пасады не ляжаць на вуліцы, а ў школе. Хадзіў туды — значыць, ведаю. I дзякаваць, што, нягледзячы на саракоўку, якая набліжаецца шпаркім крокам, я не ажаніўся. Жанатаму значна далей у школу. Па дарозе бывае ж яшчэ жонка, дзеці ды іншыя некарысныя для паглыблення ведаў перашкоды. Зрэшты, трэба вам ведаць, што ў справе жаніцьбы ёсць у мяне свой, дакладна абдуманы план: 1 — кватэра, 2 — адукацыя, 3 — пасада, 4 — машына, 5 — жонка, 6 — дзеці. Я прынцыпова трымаюся за тое, што сам сабе вызначыў і цяпер якраз выконваю пункт нумар чатыры.
Тым часам рабочыя, павесяліўшыся акуратна, пакінулі сумныя прафесійныя праблемы ды ўчапіліся за дамска-мужчынскія справы, жэстамі рук, вельмі, зрэшты, выразнымі, паказваючы тое, што адбываецца час ад часу паміж мужчынам і жанчынай. Не магу змаўчаць, што карыстаюцца пры тым вельмі прымітыўнай лексікай, разпораз устаўляючы словы, якія пачынаюцца з п або х.
Мне сорамна за іхнія прымітыўныя паводзіны, тым болей, што і члены персаналу прымушаны выслухоўваць такія, чужыя літаратурнай, культурнай, а нават цывілізаванай мове, дрындушкі. Пан Метэк, праўда, па прычыне свайго ўзросту — мужчына спрактыкаваны, аднак афіцыянткі Марыся і Аня — незамужнія дзяўчаты, і нахабнае грубіянства, безумоўна, пакідае след у іхняй слаба яшчэ сфарміраванай псіхіцы.
Я толькі заціскаю зубы ад бяссілля, бо ведаю, што няма тут спосабу абараніць дзявочую нявіннасць. Раней, калі я спрабаваў умяшацца і абаперціся на паводзіны бліжэйшыя еўрапейскай гуманістычнай традыцыі, пачуў адрасаваныя ў свой бок такія заўвагі: “казіны гарошак”, “авечы памёт” і “псеўдаінтэлігенцік”. Маю адвагу сказаць, што ўспомненыя эпітэты не маюць ніякага дачынення да маёй асобы, а ўжо апошняе, значыць, “псеўдаінтэлігенцік” — асабліва балючае і крайне далёкае фактычнаму становішчу. З гэтай пары, як працую ў бюро, стараюся больш часу праводзіць з людзьмі сваёй кройкі. За апошнія чатыры месяцы я нядрэнна пасябраваўся з інжынерамі Стручуком і Кашалюком, а таксама з паннай Рэняй, машыністкай. Спалучылі нас не толькі супольныя прафесійныя праблемы, але, так прынамсі мне здаецца, аднолькавы погляд на свет, жыццё, як і чалавечую ролю ў тым жа жыцці ды свеце. А гэта небанальныя вузлы.
Недзе пад восень інжынер Стручук запрасіў мяне на імяніны. “Пара, пане Владку, — сказаў ён, — паказацца шырокай публіцы”. І я пайшоў. На пачатку я толькі сядзеў і слухаў, як іншыя гавораць, глядзеў на публіку ўважлівей, чым яна на мяне. Калі, аднак, гаворка сыйшла на Джэймса Джойса, надумаўся ўключыцца. Я сказаў, што, па-мойму, Джэймс Джойс — абсалютны графаман: у ягоным “Улісе” няма ніякага сэнсу; апроч таго — быкі не брыюцца! Добра ведаю, бо хаця ў нашай вёсцы не было быка, якога клікалі б Маліган, усё-такі былі быкі з іншымі, таксама ж замежнымі імёнамі. Быў, скажам, Лорд, быў Чэмпіён, аднак ні брытвай, ні іншымі туалетнымі інструментамі ніколі яны не карысталіся. Увогуле — бык прымітыўнае стварэнне і ўся ягоная актыўнасць заключаецца ў імкненні прадоўжыць свой быдлячы род. Пасля такога выступления вочы ўсіх прысутных засяродзіліся на маёй асобе, а нехта, на жаль, я не прыкмеціў хто, сказаў такое:
— Вельмі арыгінальны погляд на Джойса. Вельмі арыгінальны.
Мне зусім неспадзявана прыйшлося займець функцыю цэнтральнай тут асобы. Бывае такое: жыве чалавек спакойна, ніхто яго не ведае, і раптам лінія лёсу паварочвае ў другі бок, і апошні ў калоне ўзначальвае калону. Вось падышла і мая чарга.
Трэба вам ведаць, што падчас тае дыскусіі, як і частунку, мы не сядзелі за сталом абы сядзець і абцяжарваць сябе ўсякім пітвом ды закуссю. Так паводзіць сябе можна адно ў пана Метка, а тут быў шведскі стол, няхай сабе і не зусім практычны ў трохпакаёвай кватэры, аднак людства ідзе ў цывілізаваным напрамку, і нам таксама трэба накіроўвацца ў той жа бок, забываючы памаленьку нездаровыя славянскія схільнасці.
Мы ўвесь час шпацыравалі па пакоі, падымалі дрынкі за тое, што каму падабаецца, далікатна замочвалі губы і паходжвалі далей.
Уцякаючы з цэнтра, я не прыкмеціў нават, калі апынуўся на кухні, не памятаю таксама — ужо была там пані Ліза ці прыйшла пазней за мяне.
Жанчыны, такія як пані Ліза, чамусьці мяне бянтэжаць. Беззаганныя манеры, манікюр-педыкюр, салонная лексіка. На вуліцы мінаюць цябе абыякава, моднымі капелюшамі адасабляюцца ад шэра-звычайнага бабства, здаецца, не ім гэта свет, а яны свету робяць гонар сваёй тут прысутнасцю. Часам здаецца мне, што такія жанчыны ніколі не робяць тое агіднае, пра што расказваюць рабочыя хімічнай фабрыкі, седзячы за півам.
Праціскаючыся між сталом і маёй асобай, пані Ліза моцна прытулілася да пярэдніх раёнаў майго цела, уважліва пры тым углядаючыся ў мой твар. Стаяла так, ягадзіцамі падпіраючы стол, і голасам хрыплым, нізкім, дабытым недзе з-пад жывата, папрасіла:
— Пане Владку, раскажыце яшчэ пра сваіх быкоў.
Яе вусны, апухлыя і вільготныя, расхінуліся, і я
здзівіўся: язык, які выслізнуўся з-за гэтых вуснаў быў зусім сухі, здаецца, вось-вось здранцвее ён і пачне трэскацца, бы сухая кара нейкага чырвонага экзатычнага дрэва. Я сказаў некалькі слоў, вядома, многае забыў ужо раней, а шмат што і цяпер раптоўна ўцякло з маёй памяці. Аб’ект, здавалася, недаступны, амаль з чужое планеты, тут зусім адчувальна ўбіваецца ў маё цела! Мне стала горача-горача, і калі падняў руку, каб расшпіліць кашулю, натрапіў на напружаныя, ашчапераныя ў драпежнай гатоўнасці грудзі. А пані Ліза схапіла маю нязграбную руку ў свае далоні і, працягваючы далікатным пальчыкам уздоўж лініі жыцця і лініі сэрца, гаварыла, бы сама да сябе:
— Такія моцныя далоні, такія мужчынскія. Мне зда-ецца, — тут пані Ліза раптоўна падняла маю далонь і прытуліла яе да сваёй шчакі, — мне здаецца, вы маглі б гэтымі рукамі паваліць самага вялікага быка! А для жанчын — якія яны?
Я не паспеў праверыць спраўнасць сваіх рук у адносінах да жанчын: увайшоў якраз інжынер Стручук, а пані Ліза, спалоханая, кінулася ўбок, адкрыла халадзільнік і руплівым вокам гаспадыні пачала разглядаць яго змесціва.
— Ах, вы тут, пане Владку. Ліза, — звярнуўся да жонкі інжынер Стручук, — ты забрала ў нас самага вясёлага кампаньёна. Давай, пане Владку, пайшлі. Без вас нам зусім нецікава.
У пятніцу, з самай раніцы, інжынер Кашалюк спытаў:
— Пане Владку, калі добра ведаю, вы жывяце на кватэры адзін?
Я адказаў, што гэта праўда, жыву пакуль што адзін, аднак у недалёкай перспектыве планую заснаваць сям’ю. Такія словы ўсцешылі інжынера, і ён пытаў далей:
— А што вы думаеце рабіць у суботу вечарам?
Нічога асаблівага ў суботні вечар я не планаваў, так вось і сказаў:
— От, пачытаю кніжку, пагляджу тэлевізар, вядома, калі пакажуць нешта вартаснае. Хаця, самі ведаеце, у гэтых адносінах наша тэлебачанне...
У інжынера Кашалюка была, аднак, свая праблема, і ён, не ступаючы на тэлевізійную сцежку, пачаў мяне з гэ-тай праблемай знаёміць.
— А не думалі вы паехаць у вёску, бацькоў наведаць, знаёмых паглядзець?
Я, праўду сказаўшы, не думаў пра такую магчымасць. Па-першае, дадатковыя выдаткі, а гэта абазначае затрымку ў рэалізацыі пункта н-р 4. Па-другое, пачаў якраз, ідучы за падказкамі інжынера Стручука, засвойваць Фрэйда. Аўтар складаны, і я прымушаны ўвесь свабодны час і ўвесь у тэхнікуме набыты інтэлектуальны патэнцыял накіраваць вось у той бок.
— Бо, ведаеце, ёсць такая справа, — інжынер Каша-люк з прыемнай усмешкай рэкамендуе свае бел-белыя зубы, а далікатнымі пальцамі гладзіць мой плячук, быццам стрэсваў з пінжака нейкі ўяўны там пылок. Я так і падумаў, што мой халасцяцкі гардэроб не адпавядае неабходнай норме, і мне зрабілася ніякавата.
— У мяне вельмі-вельмі пільная праца. Такія там хімічныя вылічэнні, дыяграмы. Вы, зрэшты, як работнік разумовай працы, самі ведаеце. А дома, разумееце, жонка, дзеці, безупынная мітусня і куламеса. Проста — галава не варыць.
У суботу я паехаў праведаць бацькоў, а інжынер Кашалюк у маёй кватэры да белай раніцы рысаваў дыяграмы і рабіў складаныя хімічныя падрахункі.
Мой план далёкага дзеяння спыніўся ў пункце н-р 4. З матарызацыяй нават дзяржава мае небанальныя праблемы, хаця ж ніхто яе не прымушае па ўсіх суботах каціць у глухія вёскі і мантачыць капітал на. непатрэбныя білеты. А калі яшчэ і інжынер Стручук атрымаў таксама ж пільныя і патрабуючыя як унутранага, так і вонкавага спакою навукова-даследчыя працы, здаралася мне пабываць у бацькоў нават пасярод тыдня. Калі будуць прысвойваць ордэны за ўклад у развіццё дзяржаўнага транспарту, я спадзяюся на нейкую салідную, прынамсі сярэбраную бляшку.
Тым часам маім аўто карыстаўся ўжо праўдападобна хтосьці іншы, хтось — у каго не было такіх адказных, адначасова абцяжараных працай сяброў.
Я пачаў задумвацца, ці не пераскочыць адразу да пункта н-р 5, рэалізацыю чацвёртага адтэрмінаваўшы на бліжэй неакрэсленую будучыню. Час уцякае, а ў чарзе яшчэ і дзеці, пра ўнукаў не згадваючы.
Кажуць — жаніцьба без кахання, як селядцы без солі.
Я не спрактыкаваны ў сямейным жыцці чалавек, ніколі яшчэ не жаніўся, аднак на ўсякі выпадак рашыў закахацца. Дзеля павелічэння эфектыўнасці ў пошуках адпаведнай для сябе нарачонай, падрыхтаваў я нават кароткі спісак. Памясціў там, вядома, пасля бязлітаснай з самім сабою кваліфікацыйнай размовы, усіх патэнцыяльных кандыдатак, а пані Ірэнка заваявала ў гэтым матрыманіяльным спаборніцтве вельмі адказнае, першае месца. Мо таму, што яна суседка з трэцяга паверха, а мо проста таму, што ў апошні час пачала на маю асобу спаглядаць дзіўна ласкавым і прыязным вокам. Калі раней праходзіла побач мяне так, як праходзіцца побач паветра, то цяпер першая дае “дзень добры” і нават усміхаецца і глядзіць услед мне. А сёння пані Ірэнка сказала:
— О-го-го, пане Владку! Учора ноччу такія водгаласы даходзілі з вашай кватэры, што ўвесь блок аж калыхаўся! Па самыя фундаменты. А сёння, чуць свет — і ўжо на нагах! Ну-ну, хто мог падумаць...
Вочы пані Iрэнкі цаля за цаляй абмацвалі маю постаць, стараючыся адшукаць той орган, які такім экстазам напаўняе ўвесь шматпавярховы блок.
Я толькі што вярнуўся ад бацькоў, была шостая гадзіна раніцы, а тут яшчэ і пераапрануцца трэба, і туалет ранішні споўніць, і на фабрыку паспець. Узяў я пад развагу ўсе згаданыя акалічнасці, гутарка між намі не задоўжылася. Аднак гэтым “о-го-го” пані Iрэнка значна падмацавала сваю пазіцыю. Так значна, што пачаў я пра яе думаць як пра афіцыйную сваю нарачоную. Усякія сікуны кажуць у такіх выпадках: “мая дзяўчына”, або “moja laska”, або — зусім ужо прымітыўна — “moja dupa”. А мне вось падабаецца нямоднае слова “нарачоная”, і ніколі ад яго не адракуся. Не на тое стаў чалавек інструктарам па бяспецы і гігіене працы, каб цяпер адступаць перад усякімі, лішнімі, модамі.
У бюро было пуста і ціха. Адно панна Рэня сартавала якраз штодзённую карэспандэнцыю і, не перапыняючы сваю працу, паведаміла мне, што інжынер Стручук сёння ў водпуску, а інжынер Кашалюк на поўны месяц адкамандзіраваны ў сталіцу. Нейкае там, нікому непатрэбнае, абучэнне.
Я распрануўся і сеў за стол, каб таксама паглыбіцца ў паперы, аднак мае думкі, зусім нечакана, закружылі над галавою панны Рэні.
Белыя кудзеркі, набухлыя вусны, і — вочы! Вочы каціныя, далікатна-зялёныя, замглёныя няўлоўным вуалем дзявочай таямніцы... З гэтых зялёных вачэй адна за другой выплывалі ўвішныя шчупальцы нябачнага васьмінога, лісліва прыпадалі да маіх рук і да маіх думак, каб бесцырымонна зацягнуць маё зямное і астральнае цела ў абдымкі панны Рэні. Агідная гэта справа — ваяваць на два франты. У думках прасіў я прабачэння ў пані Iрэнкі, а потым, раз яшчэ нырнуўшы ў зялёную бездань, страціў астаткі сумленнасці і падумаў: “Няхай будзе, што мае быць”. Вераломнасць спадарожнічае чалавеку, пачынаючы з першага, крадзенага ў райскім садзе яблыка, аднак, калі ты ў свае сорак усё яшчэ халасцяк, не думай, як змяніць свет ды якім чынам паправіць чалавечую натуру. А гадзіне трынаццатай я запрапанаваў панне Рэні схадзіць вечарам у кавярню, а яна, наўздзіў лёгка, згадзілася. Ад такой нечаканасці я забыў пра абед. А зрэшты — напляваць мне цяпер на Меткавы кулінарыі: сіняя ад холаду бульбіна і гуляш — пасля тыднёвых змаганняў са страўнікамі выпадковых спажыўцоў — сканцэнтраваны на маёй талерцы!..
Мы доўга сядзелі ў кавярні. Гутарылі пра мастацтва і пра цэны ў магазінах, жартавалі са знаёмых і незнаёмых, а каньяк маркі “Напалеон” падсоўваў новыя і выдаўжаў старыя тэмы. Мне здавалася — панну Рэню ведаю ад заўжды і толькі да сёння раздзяляла нас празрыстая, халодна-шкляная шырма.
— Чалавек, — кажу, — я сгалы. I хаця мне пад сорак, адчуваю сябе намнога маладзейшым. Есць у мяне кватэра, фінансавыя сродкі — няхай сабе і не самыя вялікія, — аднак басяком сябе не лічу.
Стандартныя какеткі ў такіх выпадках пачынаюць цікавіцца вашымі фінансамі, а вось, аказваецца, панна Рэня і не стандартная, і не какетка. Панна Рэня сказала, што тузін гадоў, які быццам бы нас раздзяляе, для яе не мае ніякага значэння. Найважнейшы — чалавек. I яшчэ сказала панна Рэня, што я чалавек прыстойны і што яна мне верыць. Больш верыць, чым інжынеру Кашалюку. Я не пазнаваў сам сябе: хай чэрці на касматых хвастах разнясуць усе планы, пасады і машыны! Галоўная справа: сённяшні дзень! I яго трэба лавіць, бо іначай уцячэ беззваротна.
Мы не прыкмецілі нават, што выйшаў апошні госць. I толькі тады, калі наблізіўся афіцыянт, каб і нас тактоўна адправіць дамоў, я глянуў на гадзіннік, а потым і на рахунак. Глянуў і здзівіўся: у маім нутры не заенчыла і не лопнула ніякая спружына, хаця ладны кусок аўтамашыны ад’язджаў у глыбокую кішэню афіцыянта.
Мы ішлі дамоў. Мы ляцелі, мы плылі, а горад глядзеў на нас, як усе маткі свету глядзяць на сваіх ад’язджаючых да шлюбу дзяцей. І калі на вуліцы Баторыя, якраз насупраць малога рыначку, прыклеіўся нейкі разбэшчаны спіртам асобень, я адмаляваў яму такі партрэт, што асобень той, не паспеўшы і войкнуць, скруціўся ў цяні прыдарожнай ліпкі. Мне вельмі хацелася, каб быў гэта той самы тып, які ў кастрычніку здзекаваўся з маёй асобы. А Рэня пацалавала мяне ў вусны. У кватэры ўзяла мяне за рукі і павяла прама ў спальню. Я не паспеў і падумаць, адкуль яна так дакладна ведае маю кватэру, бо свет, зварушаны Рэнінымі пацалункамі, расхістаны далікатнымі і якімі ж моцнымі далонямі, раз’юшаны яе дзявочым крыкам, зваліўся на мяне і на гадзіны прынамсі тры адабраў здольнасць якога-небудзь цвярозага думання..
Тайныя спружыны ў маім упарадкаваным нутры азваліся ў суботні поўдзень. Рэня сышла не ведаю нат калі, пакідаючы па сабе цьмяны водар замежнае парфумы. Я глядзеў у злашчасны рахунак, множыў, дзяліў і дадаваў малазразумелыя лічбы, усё-такі сума атрымоўвалася сум-ная: чвэрць месячнай зарплаты пайшла ў бліжэй неакрэсленым напрамку.
Не дурны сказаў, што жанчыны каштуюць. Дурны той, які гэта правярае ў кавярні “Цюльпан”.
Мінорны мой настрой працягваўся б хіба ў бясконцасць, калі б не пазваніў інжынер Стручук. — Есць, — сказаў, — пільная справа, і нам трэба яе раскусіць. — Тады прыходзьце.
Мне не хацелася нікога бачыць, аднак сяброўству патрэбныя ўсякія выпрабаванні. У такіх выпадках міжчалавечыя сувязі трэба паставіць вышэй за маральнае ці фізічнае пахмелле.
А справа, аказалася, з тых жа добра мне вядомых. Інжынер Стручук збіраецца ў сталіцу, дзе, спалучыўшы свае сілы з сіламі інжынера Кашалюка, будуць расслаўляць нашу фабрыку. „Час, — кажа, — трапіўся нам нецікавы, наўкола капіталізм, і той не прападзе, хто ўмее сябе карысна прадаць. А з парожнімі рукамі ў сталіцу не паеду, трэба падрыхтаваць прапагандысцкія і справаздачныя матэрыялы. А дома, як гэта дома — мітусня і калатнеча”.
Далей я мог не слухаць, і я — фактычна адключыў вушы, больш думаючы, дзе мне шукаць начлег. Ехаць у вёску не хацелася, ліміт непрадбачаных выдаткаў вычарпаўся, здаецца, на круглы год, а Рэня, як даведаўся, жыве ў адным пакойчыку з маці.
— Пане Владку, вы мяне не слухаеце...
— Але ж слухаю, пане інжынер, шчыра слухаю. Ду-маю толькі, куды мне падзецца нанач?
— Я прашу прабачэння, так неспадзявана ўсё склалася... Але, разумееце...
— Што тут не разумець, — кажу. — Зрэшты, горад вялікі, не прападу. А калі ўсё гэта дзеля нашай фабрыкі...
Iнжынер паглядзеў на мяне дзіўна неяк, не так, як начальнік глядзіць на свайго падначаленага. Ен спаглядаў на мяне так, як старэйшы брат спаглядае на малодшага, менш вопытнага брата.
— Пане Владку, — пачаў цяжка, сарамліва неяк, здабываючы словы. — Я абавязаны прызнацца вам у сва-ёй віне. Iнжынер Кашалюк даўно ўжо згадвае, што вы заслугоўваеце больш, чым можа даць гэтая інструктарская пасада, а я вось, бачыце, усё сумняваўся. Прызнаюся, памыляўся я. Але, — уздыхнуў цяжка, разумеючы, відаць, сваю віну, — усё наперадзе. Здольны, інтэлігентны, а што галоўнае, адданы фабрыцы чалавек напэўна знойдзе належнае сабе месца.
Чакаючы належнае сабе жыццёвае і прафесійнае мес-ца, я падаўся ў горад, каб разглянуцца за месцам куды больш празаічным, а менавіта — за начлегам.
I так яно ўжо бывае, калі найбольш спадзяешся на розум, калі ўсю сваю надзею ўскладаеш на галаву, тады ў месцы вышэй шыі паяўляецца пранізлівая пустэча, або
— у найлепшым выпадку — нябачныя рэцэптары абвяшчаюць аварыю нервовай сістэмы.
Перамераўшы вуліцу Рэя, павярнуў я на Пілсудскага, каб з нешматлікімі ўжо пехацінцамі паплысці ўніз, да скрыжавання. Аварыя нервовай сістэмы зацягвалася, і нічога лепшага не заставалася, як брысці далей, на вуліцу 3-га Мая. !ду вось, а восеньскі дождж забівае ў зямлю апошнія асколкі маёй надзеі. Надзеі на якоенебудзь лагічнае заканчэнне суботняга дня.
Раздвойваючыся, плывуць асфальтам залатыя фары аўтамабіляў, чужыя людзі з’язджаюць у цёплыя кватэры. “Так, папраўдзе, усе мне тут чужыя”, — падумалася, хаця ад гэтай разумнай думкі не стала ні крыху цяплей.
Скуль узялася тут пані Ліза — не ведаю. На пачатак пачуў я цёплае: “Пане Владку, а вы куды?”, а потым з-за мокрай шыбы ўсміхнуўся твар пані Лізы. Адзіны, здавалася, добры і адзіны ў горадзе знаёмы твар. А потым, у машыне, я многа гаварыў. Я гаварыў, што вельмі люблю шпацыраваць вечарамі, асабліва, калі ідзе дождж, і што такія прагулкі карысна ўплываюць як на фізічнае, так і псіхічнае самаадчуванне, і што чалавек у горадзе адзінокі. Пані Ліза маўчала, а я, баючыся спалохаць нешта незвычайнае, не глядзеў на яе — толькі ў люстэрка над лабавой шыбаю. I люстэрка ўсміхнулася мне вуснамі пані Лізы.
— Як вы дашчэнту прамоклі, — прашаптала пані Ліза, у кватэры ўжо, расшпільваючы маю кашулю. — Трэба пераапрануцца.
А я сказаў, што не, што не трэба, і яшчэ, што можа ж вярнуцца інжынер Стручук, а тады нешта кепскае падумае пра мяне і пра яе, хаця яна такая добрая, і такая мілая, і прыгожая.
— Муж паехаў у Варшаву, — сказала пані Ліза, падсоўваючы мне шаўковую, сінюю ў белыя палоскі піжаму.
Чаму замест таго, каб сказаць, што інжынер Стручук усё яшчэ тут, у Гайнаўцы, узяў я і надзеў на сябе гэтую злашчасную паласатую піжаму? Так хіба было трэба. А пані Ліза засмяялася: аформленая на патрэбы інжынера Стручука піжама ніякім спосабам не магла прыкрыць усе мае сто дзевяноста два сантыметры.
— Раней было значна лепей, — сказала.
Зняла з мяне дзіўную піжаму і кінула яе прэч. Цяпер выглядаў я зусім не смешна, і пані Ліза таксама перастала смяяцца. Стаяла насупраць, бы драпежная львіца, у любы момант гатовая скокнуць на мяне, зубамі ірваць і кіпцюрамі, як у старажытным Рыме дзерлі на. кавалкі першых хрысціянаў яе дзікія продкі.
Такое, страшнае, аднак, не здарылася.
Разбудзіў мяне голас інжынера Стручука. У першы момант я нават спалохаўся і засаромеўся: “Вось, — падумаў, — здрамнуў у бюро”. А потым, вярнуўшыся да поўнай свядомасці, засаромеўся яшчэ раз, і яшчэ раз, і яшчэ.
— Апранайся, — інжынер прама ў твар кінуў мне пакамечаныя нагавіцы, а сам пайшоў на кухню.
У той час, калі я апранаўся, на кухні адбывалася сямейная гутарка. Гаварыў муж, а жонка маўчала.
— Я ўсё разумею. І твае мазахісцкія схільнасці, і пошукі першапачатковых прымітывізмаў, разумею нават твой культ фалічнага самца як прычыну і вынік існавання ажыўленай матэрыі. Магу дараваць інкасатара з доўгім носам і булаватага камінара, але зразумець, чаму завалакла ты пад коўдру галоўнага ідыёта ў нашым горадзе — занадта вялікая, як на мой розум, задача!..
Так гаварыў інжынер Стручук, а пані Ліза рыхтавала ранішнюю каву. Я здагадаўся, што мяне гэтай кавай частаваць не будуць, і сышоў.
Перамена з інтэлігентнага, адданага фабрыцы чалавека ў апошняга ідыёта, якая за адну ноч адбылася ў спальні інжынера Стручука, была самай вялікай і найважнейшай трансфармацыяй у маім жыцці. Усё, што здарылася потым — вымова з папярэджаннем, паніжэнне на рабоце, а ў рэшце рэшт і звальненне з працы — я не лічу актам помсты. Гэта толькі лагічны вынік маёй ранейшай перамены.
Паклонніца літаратуры
Задажджылася кастрычніцкая субота. Нагінаючы да зямлі сырыя, абшарпаныя крылы хмарын, кароткі дзень шпарка пайшоў на спад. Базарны гоман аддаляўся, расплываўся ў шэрых завулках і знікаў там, затаптаны спешнымі крокамі, заглушаны восеньскім паветрам. Людзі пад парасонамі трушком спяшалі дамоў, старанна прыбіраючы апошнія клопаты дня.
Мястэчка пераступала той нябачны, але характэрны для ўсіх невялікіх мястэчак парог, за якім у восеньскія і зімовыя адвячоркі існуе ўсё ва ўмоўным адно значэнні, а натоўп, раздзелены на паасобныя адзінкі, жуе ў задуме мінуўшчыну, зусім ігнаруючы цяперашні, як і будучы час.
Я таксама падумаў, ці не пара ўжо збірацца, апрануў паліто і надзеў капялюш, патушыў святло. Зрабілася ціха і цёмна, і толькі вокны зялёным, у ліхтароў пазычаным, святлом разлажыліся на каменных паркетах. Ад гэтай зелені так і падумалася: ненатуральнае тут усё, нежывое, мінулае, як адбітак часу і здарэнняў у каменным люстэрку. Над дзвярыма азваўся званок і пабег на паркеты жывымі іскрынкамі, збянтэжыў, разбудзіў каменную абыякавасць. I спыніў мае роздумы над тайным абліччам свету.
Дзвярэй у нас сотні, ключоў, можна здагадацца, у тры разы больш — і пакуль прыстасаваў я патрэбны ключ да адпаведнай дзіркі, званок паўтарыўся.
На парозе стаяла маладая дзяўчына. Дробная, невялікая, змораная дарогай, знясіленая дажджом і холадам.
— Я з Мінска, студэнтка, — сказала і назвала сваё прозвішча. — Па фальклор хадзіла, ноткі запісвала. Не бач калі і дзень зляцеў. Вось і шукаю начлег. А добрыя людзі сюды накіравалі. Не адкінеце, а? — усміхнулася, адсланяючы роўненькі, беленькі радок зубочкаў.
У гэтым “не адкінеце, а” было штосьці і па-дзіцячаму разгубленае, і па-жаноцку какетлівае, ды яшчэ і тое неназванае, што загадала мне шырэй расчыніць дзверы, правесці дзяўчыну на другі паверх і раскватараваць яе ў гасцінным пакойчыку.
— Тут будзе ваш ложак, там вось шафа, а туалет — калідорам налева, — сказаўшы ўсё, я адступіў крок назад, прытрымаўся на парозе. Хацелася паглядзець на яе маладосць, змораную, але ўсё ж такі жывую і з-за жывучасці гэтай ненатуральна дзіўную ў сырых, апусташэлых сценах. Дзяўчына зняла з сябе паліто і прысела на ложак.
— Хвіліну пачытаю, а потым — спа-а-аць, — раскошна пазяхнула, раскрыжавала рукі, пацягнулася, аж напяліся, падаліся наперад маленькія ўзгоркі пад швэдрыкам. — Я, ведаеце, не засну, калі не прачытаю, прынамсі, дзве старонкі, — дастала з чамаданчыка нейкую кніжку, паклала яе побач сябе, хуценька, быццам бы сарамліва, так што на вокладцы паспелася толькі прыкмеціць якісьці твар з доўгім, высалапленым языком.
— Чытайце на здароўе, — сказаў я на развітанне і пайшоў.
На вуліцы церушыў дождж. Вецер, забягаючы з паўднёвага ўсходу, штурхануў у плечы. Нецярпліва, бесцырымонна. I вецер той, і самота кастрычніцкага надвячорка, і мігценне неонавай рэкламы, перамяшанае з водарам кітайскай кухні, накіравалі мяне да пана Зэнака. Наогул стараюся абмінаць такія экзатычныя раскошы, лічу іх непатрэбнай выдумкай ды стратай часу, аднак у гэты кастрычніцкі, сумны вечар атрымалася іначай. Я сядзеў у беларускай частцы кітайскага рэстарана, запіваў арыентальныя вустрыцы польскім півам, а санлівасць — дашчэнту тутэйшая — сачылася з ліхтароў. У галаве таўклася дзіўная думка, што я забыў сказаць нешта важнае дзяўчыне. I думка тая набліжалася, падкрадвалася да высокіх дзвярэй свядомасці, здавалася — яшчэ крок, і пераступіць нябачныя парогі, і аб’явіцца зразумелым зместам. А дзіўная сіла затрымлівала яе, загортвала ў чорнае палатно, адкідала назад, у бязмежныя прасторы забыцця. Перамагаючы санлівасць, я павалокся на той другі паверх. У шчыліне між дзвярыма і падлогай жаўцела святло. Значыць — не спіць яшчэ, чытае — падумалася і адразу зрабілася неяк жвавей, весялей. Ідучы насустрач жоўтай шчыліне, мая рука застукала ў дзверы, і калі ніхто не адказаў, націснула клямку. Дзверы падаліся. Дзяўчына, напалову седзячы, напалову лежачы, вачыма круглымі, як пяцізлатовыя манеты, углядалася ў дзверы. Недачытаная кніжка выслізнулася са скамянелых рук і, з’ехаўшы па коўдры, шлёпнулася на падлогу.
— Ввв-ы мм-му-ззейнік, — ні то спыталі, ні то сцвердзілі яе пабялелыя вусны.
— У нейкім сэнсе так, — адказала мая санлівасць.
— Вы прыйшлі, каб мяне... каб мяне... каб... — шукала адпаведнае слова, але такое слова не прыходзіла ў яе галаву. Скурчылася, учапілася за мяжу святла і ценю, як разгубленая ластаўка, калі з-за вясёлай неасцярожнасці трапіць у незнаёмую клетку. Натапырыўшы пёркі, сачыла за кожным маім жэстам. — Не падыходзьце, — працягнула далоні, стараючыся затрымаць мяне на парозе. Не было ў гэтым ніякай цяжкасці. Я і не думаў набліжацца да яе, а ўсе сілы, фізічныя і інтэлектуальныя, аддаваў адной справе: успомніць прычыну, якая прывяла мяне ў гэтае месца.
— Гавораць, няма сэнсу змагацца супроць музейніка. Можа і няма. А я і дык буду змагацца. Буду бараніцца. Жывую мяне не возьмеце! Я буду крычаць. Я ўжо крычу! Ратунку-ууу!
Пранізлівы крык пакаціўся калідорамі і, паўтараючыся глухім рэхам, слабеў, патухаў, аж дашчэнту пабіты бетоннымі кулакамі, прысеў у цёмных закавулках. Закрычала яшчэ раз і яшчэ, а вынік атрымліваўся такі, як і раней: голас заглыбляўся ў калідоры, у сцены, у морак і знікаў, не знаходзячы ні падтрымкі, ні водгаласу. Дзяўчына забілася глыбей пад коўдру, так што глядзелі цяпер на мяне адно вялізныя, знерухамелыя вочы. Яе настрой раптоўна змяніўся. З беспардоннай, амаль адчайнай ваяўнічасці засталася адно пакорлівая, слухмяная абыякавасць. А можа здагадалася, што ўсякі крык на дапамогу і так задушаць, суцішаць тоўстыя абдымкі муроў? Непазбежнасць, няўхільнасць лёсу звалілася на яе з усіх бакоў. Цела напаўнялася цяжкім свінцом слухмянасці, і толькі вочы стараліся злавіць тую хвіліну, калі наканаванае ўсім жанчынам пачынае ператварацца ў відавочны факт.
— Хай ужо будзе, што мае быць... Але запомніце: я была супроць. А кніжку, калі ласка, дайце сюды. Схаваю пад падушку. Брыдка ўсё ж, каб валялася на падлозе.
Я ступіў крок наперад, падняў з падлогі тое, што прасіла дзяўчына.
„Дама... Дамаві... Сам чорт не разбярэцца, што цяпер пішуць маладыя. Вадалейства”, — падумаў я, і ў гэты момант успомнілася ўсё тое, што я раней забыў сказаць. Раптоўнае асвятленне зняло з маёй душы дзіўны, нена-званы цяжар. Той цяжар, які не дазваляў мне ні вярнуцца дамоў, ні пасядзець у пана Зэнака. Цяжар, які прывёў мяне сюды, на другі паверх, у пакойчык незнаёмкі.
— Калі будзеце карыстацца туалетам, не забудзьце закруціць кран. Наш старшыня заўжды аб гэтым напамінае. А то, ведаеце, усяляк бывае з маладымі. А ця-пер чытайце на здароўе, — я падаў дзяўчыне кніжку і выйшаў.
Кароткая гісторыя Партыі кучаравых
Зачацце
Паважаныя партыі, партыі, якія маюць амбіцыю валодаць светам або, прынамсі, ладным гэтага свету кавалкам, пасяляюцца наогул у манументальных, грандыёзных гмахах, найлепей у цэнтральным пункце горада, ля галоўнай вуліцы. Спаглядаючы з-за высокіх, прыцямнелых вокнаў на шматлюдныя тратуары, партыйныя людзі наладжваюць штодзённы, зрокавы кантакт са сваімі выбаршчыкамі. З крокаў — шпаркіх або няскорых, з жэстаў, з позіркаў ловяць патрэбы, адгадваюць спадзяванні, ацэньваюць удачы і няўдачы звычайнага чалавека. За таўшчэзнымі мурамі прымаюцца пастановы, якія вядуць ананімны натоўп у найлепшым напрамку. А потым партыйныя людзі апускаюцца ніжэй, у маленькія піўныя, у залежнасці ад светапогляду — або да пана Зэнка, або пана Валодзі, дзе за куфлем піва разважаюць аб сродках і кааліцыянтах, заўжды неабходных для развіцця прынятай пастановы.
Каб зэканоміць на лішняй хадзе між кабінетамі, дзе нараджаюцца слушныя ідэі, і піўнымі, дзе тыя ж ідэі з папяровага быту пераўтвараюцца ў цалкам рэальнае існаванне, Партыя кучаравых пасялілася там, дзе ў цёплы, бязветраны чэрвеньскі вечар упершыню пабачыла свой свет. Месца называецца “Бар у Алеся”, і яно добра вядомае тым, хто мае жаданне заглянуць сюды, як і тым, хто шырокім колам стараецца абмінуць гэты храм нестандартнага спажывання часу.
Значыць, Партыя кучаравых нарадзілася. А зачацце адбылося цалкам звычайна, і калі нехта спадзяецца паслухаць тут пра палавыя зносіны, пра дамска-мужчынскія гульні, словам — пра ўсё тое, што супярэчыць агульнапрынятым хрысціянскім каштоўнасцям, той адыдзе з нічым. Людзі падымаюцца з праху традыцыйным, усім зразумелым спосабам, а вось партыі вылупліваюцца на свет іначай.
Сядзелі мы “У Алеся” — Тадзік Навіцкі, Валя Курапатка і я. Чэрвеньскі адвячорак, цёплы і бязветраны, наліваў нам у парожнія куфлі шаўкавістую радасць жыцця, перамешаную з задуменнасцю над яго непаўторнасцю і нядоўгатрываласцю. І нам захацелася зрабіць штосьці добрае і вялікае, што будзе між людзьмі нават тады, калі чэрвеньскі вечар пераўвасобіцца ў кастрычніцкую слоту, набрынялую холадам і парывістым ветрам.
Словам — хацелася ўдасканаліць і выратаваць свет.
Праўда, на добры пачатак маглі б кінуць залатоўку або і дзве гэтай утаптанай у тратуар, схудзелай румынцы. Маглі б дапамагчы пераправіцца на другі бок вуліцы пагорбленай бабульцы, калі яна стаіць і бяссільным зрокам углядаецца ў бясконцую чаргу машын. Маглі б, таксама, падняць з тратуара дзядзьку Антося, п’янага як шавецкі панядзелак, калі ляжыць там ніц, званітаваўшы пад сябе ўсё, што ў Алесевым бары найлепшае. Маглі б, прынамсі, выцягнуць яго з непрыстойнай мазі. Маглі б. Аднак усе тыя добрыя ўчынкі, па сутнасці, кароткачасовыя, ды іх уплыў на вобраз свету не мае рэальнага значэння. Румынка, атрымаўшы дапамогу, заўтра з’явіцца з чародкай малалетніх дзетак; бабулькі будуць клыпаць з тратуара на тратуар, быццам бы тое клыпанне было апошняй мэтай іхняга жыцця. А Антось? А дзядзька Антось будзе ляжаць тут і заўтра, і паслязаўтра, а калі месца апарожніцца, значыць, сціплая дзяржаўная пенсія пацярпела паражэнне ў канфрантацыі з дашчэнту прыватным, узбуялым апетытам гэтага ж дзядзькі.
А нам хацелася перайначыць свет з далёкім разлікам.
— Адзінка свет не перайначыць, — Тадзік ікнуў у парожні куфаль.
— Адзінка — абсалютны нуль, — праўду, прыдбаную ў школьныя гады, падкінула Курапатка.
Гэтыя праўды, добра ўсім вядомыя, як і вядомы факт, што канчаткова яны абанкруціліся і выратаваць свет не ў сіле. Новы час патрабуе новыя ідэі, і я, паглыбіўшыся ў ёмістыя кішэні мазгавое матэрыі, стараўся тыя ж ідэі адшукаць, ахвяраваць іх свету і сябрам. Аднак новае нараджаецца памаленьку і не бязбольна.
Даводзілася зваць на дапамогу Алесеву барменку — раз, другі і трэці — аж мазгі, сяк-так прылашчаныя і памякчэлыя, прамовілі чалавечым голасам:
— Трэба нам заснаваць партыю.
— Нам трэба незалежная партыя, — удакладніла думку Валя.
— Не правая і не левая, — рассудзіў Тадзік.
— Нам трэба партыя кучаравых, — сказаў я, паглядаючы на залатыя кудзеркі Алесевай памочніцы. — Хаця б вось такіх.
На ружовай сурвэце паспелі мы яшчэ напісаць кароткую аб’яўку: “Сёння пачала дзейнічаць Партыя ку-чаравых. Сядзіба — тут. Чакаем спонсараў, членаў і сімпатыкаў. Подпіс. Тэлефон”. Сурвэту павесілі ў добра відочным месцы і з-за недахопу фінансавых сродкаў падаліся ў рээміграцыю. Сказаўшы больш зразумела — пайшлі дамоў.
Прэсавыя водгукі
З белай раніцы пазваніў тэлефон. У пошуках крыніцы нахабнага галасу мая рука, няўпэўненая і дрыготкая, скінула на падлогу будзільнік, акуляры, бутэльку з-пад мінеральнай вады, напаткала эбанітавую трубку і, вяртаючыся навакольным шляхам, абмінаючы коўдру, падушку ды нагавіцы, якія невядома чаму апынуліся на маёй галаве, данесла гэтую ж трубку да вуха. Трубка азвалася голасам Майсеевай скрыпачкі.
— Алё? Гэта сядзіба Партыі кучаравых? Я — рэдактар незалежнай беластоцкай газеты. Скажыце, калі ласка, якія галоўныя тэзісы вашай партыі?
“Якая сядзіба? Якая партыя?” — падумалася мне ў першы момант. Баляваў чалавек усю ноч, а цяпер вось шукае больш п’янага за сябе!
— Вы будзеце дзяліць ці аб’ядноўваць грамадства? — трубка не адступала.
Быццам з-за белага туману паплыла да маіх вачэй знаёмая ружовасць сурвэты. Разгортваючы густую імглу, з прорвы здэфармаванага часу выбраўся на свет і Тадзік і з абліччам чалавека, натхнёнага высакароднай ідэяй, яшчэ раз прыклеіў ружовую аб’яву на сцяне Алесевага бара.
— Алё! Ці вы мяне чуеце?
— Чую, чую...
— Значыць, як: ці дзеліце, ці аб’ядноўваеце?
— Спачатку будзем дзяліць, а потым — аб’ядноўваць.
— А які ваш погляд на беспрацоўе?
— Праца толькі працавітым, бабы — бабнікам, а віно
— вінаватым, — каб апярэдзіць наступныя пытанні, я выкінуў з сябе ўсё, што якраз паспела прыдумаць не зусім яшчэ спраўная галава.
— Вінаватым у чым? — не зразумела трубка.
— Напішыце, як вам падыходзіць, — сказаўшы гэта, я адкінуў трубку і зваліўся ў незакончаны сон.
Апоўдні хтосьці пастукаў у дзверы. Праўда, тады яшчэ я не ведаў — поўдзень гэта, раніца, а мо адвячорак? — і толькі разглядаючы канфігурацыю промняў на ваконным шкле, стараўся здагадацца: пакідае нас стары дзень ці сустракае новы?
Грукат у дзверы паўтарыўся. Хтосьці даваў знак, што жыве і чакае, значыць — трэба адракацца ад касмічнаметэаралагічнай шарады, падняцца ды глянуць — хто і навошта патрабуе маю асобу
— У горадзе — вайна, — два звычайныя словы паспеў сказаць Тадзік і амаль нежывы зваліўся на падлогу.
— А ў гэты раз хто? Новыя саюзнікі ці старыя? — нахіліўшыся над ляжачым, я стараўся выціснуць з яго нейкую, прынамсі, элементарную інфармацыю. Тадзік ляжаў, аднак, бы той марафонскі бягун, які прабег кавалак свету, сказаў, што сказаць яму загадалі, а потым упаў і дзеля несмяротнасці сканаў, бы той апошні ідыёт.
Ляжаў Тадзік хвілін пяць. А потым — расплюшчыў вочы, ажыў — праўдападобна, ягоны маршрут быў значна карацейшы за сорак кіламетраў. Вярнуўшыся да натурай прадбачанага стану, падсунуў пад мой нос газету: “На, чытай!”
Акуляры, шчаслівым выпадкам, стрымалі ранішнюю сустрэчу з падлогай, я мог карыстацца імі надалей, на тое хаця б, каб даведацца пра актуальную сітуацыю ў горадзе. А справы выглядалі так: “Учора ўзнікла новая партыя — Партыя кучаравых. Узнікла з мэтай падзяліць спакойнае грамадства на дзве супрацьлеглыя сілы. Нашых богабаязных жонак і дочак кінуць на волю распусным бугаям, а лепшыя штукі адправяць за мяжу, вядома — не за адно слова “дзякуй”. І калі, дарагія суродзічы, запоўняцца арыентальныя гарэмы нашымі славянскімі нявінніцамі, ніхто — ні Бог, ні гісторыя не даруюць нам такі сорам!
Партыя кучаравых рыхтуе яшчэ іншае злачынства. Разглядаюцца праекты, каб усякай масці злачынцаў, зладзеяў і забойцаў у будзённыя дні частаваць напоем маркі “Швейк”, а ў дні святочныя, у дні душэўнага аднаўлення прымаць гэтых нягоднікаў імпартным віном! Як можна здагадацца, пачастунак прадбачваецца за кошт сумленнага падаткаплацельшчыка”.
— Так страляюць з правага фланга. А з левага таксама не маўчаць. Чытай во, чытай, — распасцёр Тадзік іншую незалежную газету.
“Партыя кучаравых у сваіх шматлікіх праграмных выступлениях абяцае занятак толькі і выключна працавітым. Тады пытаем вас, панове: а што з іншымі? Якая будучыня перад звычайнымі добрасумленнымі жыхарамі нашага горада? Перасяліць лянівых у далёкія краіны? Кінуць іх у абдымкі бяды і голаду? А мо адразу тых гультаёў расстраляць?! Панове Біндзюк, Лапаеў,
Какаліцкі ды іншыя грамадзяне — не ёсць нашым намерам палохаць вас! Калі, аднак, возьме ўладу Партыя кучаравых, пачынаючы з наступнага дня вы можаце шукаць сабе месца на гарадскіх могілках”.
Iншыя газеты пра нашу партыю не пісалі. Мо не ведалі пра яе існаванне, а можа, звычайна, не лічылі сябе незалежнымі?
Аднак і такая невялікая прапаганда зрабіла сваё. Людзі прыходзілі, неслі свае клопаты і радасці. Мы вельмі рады былі бачыць іх. I Алесь — таксама.
Гарэм
Летні час няспешна калыхаўся на захад. Збіраў з тратуараў яркія малюнкі і, як лішняе смецце, згортваў іх у паўзмрочныя падвалы горада.
Гэтаксама згортваюцца ў забыццё людзі, рэчы і здарэнні, калі нябачна канчаецца ахвяраваны ім добры час.
А мы — усё яшчэ заставаліся ў цэнтры здарэнняў. Нашы думкі давалі кшталт бесцялесным справам, а людзі адпраўляліся на жыццёвыя шляхі з нашым праклёнам або блаславеннем.
— Я не хачу ў гарэм, — жанчына родам з часоў ранняга Гамулкі прыпынілася побач і, пераступаючы з нагі на нагу, углядалася ў нас адцвіўшым блакітам надзеі і разгубленасці.
— Якое “не хачу”? Няма “не хачу”, ласкавая пані. Мы ўжо апланавалі вас аднаму шэйху. Абяцалі, падпісалі адпаведныя дакументы і не будзем рабіць з рота халяву.
Жанчына збялела. Яе ўпарадкаванае жыццё, яе справы, раскладзеныя па шуфлядах згодна з іерархіяй важнасці — усё раптам пераварочвалася дагары нагамі! Здавалася, хвіліна яшчэ — і ўпадзе яна на калені, каб з гэтай, спакон вякоў знаёмай пазіцыі, бараніць сваю будучыню. Аднак не ўкленчыла. Адступіўшы крок назад, дзесьці з кутка, з летняга паўзмроку выцягнула на святло ці не апошні свой аргумент.
— А ў мяне ёсць яшчэ і муж. Во, глядзіце.
— Так, так. У яе ёсць яшчэ і я, — аргумент заявіў сваю прысутнасць.
Тадзік аналізаваў якраз свежападстаўлены куфаль. Яму здалося, што ўзровень беспрадуктыўнай пены значна перавышае ў ім нормы прыстойнасці, і дылема “ўносіць рэкламацыю ці не ўносіць” поўнасцю займала ягоную ўвагу.
— А так, дарэчы, ведаеце вы, што такое — шэйх? Нафта. Пальмы. Пляж. Даляраў — бы вады ў Семяноўцы...
— Даляры... Даляры ж не ўсё. Есць яшчэ і сорам...
— I нязручнасць, — выцягнуты на святло муж трымаў фасон. Не адыходзілі, тапталіся ў месцы, стараючыся вычуць свой лёс з нашых непранікальных твараў.
— А як — багаты гэты шэйх? Багацейшы за Васю Шэшаля? — усё ж такі нябачны, петрадалярамі прыхарошаны д’ябал засеяў у бабінай галаве маленькае зярнятка граху і, наступаючы на спіну, далікатна, але і рашуча папіхаў яе ў абдымкі пякельных віроў.
— Вось табе і параўнанне! Шэшаль — у найлепшым выпадку! — можа гэтаму шэйху чаравікі глянцаваць.
— Значыць, калі б добра падысці, дык і нейкую кватэру можна было б з яго выціснуць? — пацікавілася кабета.
— Ну, хоць маленькую... Хай сабе і аднапакаёвую. Нам, ведаеце... Што нам трэба! А вось дачцэ — было б хай. Памятка такая, — муж вудзіў думку асцярожна, каб не спалохаць. Падцягваў яе бліжэй, замацоўваў на здабытай пазіцыі.
— А ты маўчы! — натапырылася жонка. — Бачыў хто: нашай дачцэ — аднапакаёўку! I камяніца будзе, — круцілася ў месцы, то крок наперад ступаючы, то крок назад, быццам чырвоны, распалены вугельчык прыпякаў ёй пяты.
Тым часам Тадзік дайшоў да высновы, што ўсё-такі няма сэнсу псаваць добрыя адносіны з гасцямі з-за невялікай іхняй памылкі і, вярнуўшыся ў рэчаіснасць, цяпер толькі глянуў на сваіх субяседнікаў. Стаў перад вачыма ладны, жывы кус гісторыі чалавецтва.
— Калі, ведаеце... — трэба ж было канчаць гэту дзіўную сустрэчу ды шукаць спосаб, які паспяхова адправіць гасцей туды, адкуль яны прыйшлі. — Шэйх гэты, так сказаць — вельмі ж непрыгожы! Ну, што я кажу. Непрыгожы! Зусім ён брыдкі. А-гід-ны!
— А гэты бамбула, па-вашаму, дык прыгожы?! — паказала рукою кабета. I да мужа: — Ну, скажы сам: прыгожы ты?
— Рацыя. Куды мне там да прыгажосці, — муж вытарашчыў вочы, стараючыся адагнаць ад сябе апошнія доказы мужчынскай красы.
— Дык яшчэ, — Тадзік пачухаў патыліцу, — стары гэты шэйх. Ці не пад сотню набліжаецца?
— А тут што, маладосць? — жанчына зноўку махнула рукой. I да мужа: — Ну, скажы сам: маладзён ты?..
Пасля першай прэзентацыі муж і не паспеў паставіць вочы на сваё месца. Выкліканы другі раз да адказу, ад нечаканасці не ведаў ён: пярэчыць ці пацвярджаць.
— А доўга жывуць яны, гэтыя шэйхі? — у бабінай галаве вокамгненна нараджаўся наступны план, новы вобраз, дзе яна, як шчырая ўдава, нясе свой горкі лёс з плачам, з енкам, з поўнай пакуты цярплівасцю.
— Наогул не так і доўга. Асабліва багатыя — паміраюць раней. А гэты ваш... Як тут сказаць... Бачыце — абанкруціўся якраз. А такія абанкручаныя шэйхі, о-го-го, доўга яны мучацца на белым свеце. Бывае — дзве сотні і яшчэ адзін год цягнуць.
Пачуўшы такое, баба войкнула. Камяніца, у якую паспела ўжо амаль пасяліць дачку, раптоўна, цэгла за цэглай, сцяна за сцяной пачала ператварацца ў руіну.
— А я так і ведала, што ёсць тут нейкае ашуканства! Хопіць глянуць на вашы морды! Лепшае сваім прыхоўваеце. Падмазка, падкупка, хабар — вось яно, ваша крэда! Хадзі, стары, пайшлі!
Стары глянуў на нас позіркам, у якім было ўсё: расчараванне, спачуванне, нянавісць. I паплёўся ўслед за сваёй прадпрымальнай паловай.
На другі дзень з’явіліся ў горадзе погаласкі пра наш прадажны, з матчыным малаком высмактаны, характар.
Магіла
Біндзюк заўсёды быў інструктарам. Іншыя яго сябры ўзлазілі вышэй: ішлі ў кіраўнікі, у начальнікі, у дырэктары, каб там, засмакаваўшы ў бязмежнай прасторы, праваліцца ды апынуцца зноў у цеснай інструктарскай клетцы. А часам і яшчэ ніжэй.
Чалавечы арганізм кепска ўспрымае такія вандроўкі ўздоўж вертыкальнай лініі. Бунтуецца сэрца, страўнік азываецца непрыемным голасам, разбэшчваецца крывяны ціск, псіхіка западае ў дэструкцыю...
А вось Біндзюку не было прычыны хварэць. Ягоныя вандроўкі адбываліся па гарызантальных шляхах, і калі цярпеў ад гэтага падарожжа нейкі орган, толькі і выключна — сарамлівае месца ніжэй спіны. І гэта зразумела. Іначай жа муляе крэсла інструктара аховы здароўя, іначай — інструктара скупкі малака, а яшчэ іначай — інструктара будаўніцтва. Біндзюкова спіна, як і блізкая гэтай спіне сваячка — добра знаёмыя ўсім інструктарскім крэслам у нашым горадзе.
Прайшоўшы такі вось жыццёвы шлях, дабрыў Біндзюк да магілы.
— Як гэта магчыма? — спытаеце. — Чалавек зрабіў жа ўсё, каб уцячы ад хваробы, і раптам апынуўся ў такім непрыемным становішчы?
А я скажу вам: прычыны ёсць. Праўда, да медыцыны яны ніякага дачынення не маюць, гэта чыста палітычныя прычыны, ды і магіла ж не такая, пра якую думаеце: копчык зямлі, уквечанае ўсё, з крыжыкам у галовах. Біндзюкова магіла — абкладзеная бетонам яма, зусім яшчэ парожняя і, калі б не навакольны краявід, можна было б лічыць яе звычайным, невялікім па памерах склепам на бульбу ці буракі.
— Тут вось будзем ляжаць. Месца прыгожае. Цэнтральная алейка, наўкол пушча, а паветра чыстаечыстае... Ніякай серы, ніякіх двухвокісаў. Дыхай — на ўсе грудзі! — як актуальны інструктар аховы асяроддзя не мог Біндзюк абмінуць маўчаннем такі неабыякавы для сваёй будучыні факт.
— А суседзі?! Не якія — барані Бог! — п’яніцы?! — Біндзючыха не надта разбіралася ў складанай экалагічнай тэрміналогіі. У іерархіі неабходных для жыцця спраў до-брую кампанію лічыла справай ці не найважнейшай.
— Суседзі — першы сорт. Як жа іначай. Па левы бок
— Лапаевы, па правы — Сукачы, а ў галовах — начальнік Какаліцкі ва ўласнай асобе.
Спадабалася Біндзючысе суседства. Тысяча пяцьсот злотых за такое месца — зусім разумная цана.
Глядзела на мужа з захапленнем, а ў думках хваліла яго за разважнасць, за прадпрымальнасць, за ўсё тое, што ў вялікім свеце называецца адным словам: клас.
Прытуліўшыся, бы ў найлепшыя гады маладосці, прагульвалася спадарства Біндзюкоў, наведвалі знаёмых, разглядалі актуальныя напрамкі гранітнай архітэктуры. Завандравалі амаль пад капліцу. Усё-такі нейкая сіла спыняла іх, клікала. Мімаходзь вярталіся на гэтае — яшчэ не сваё, а ўжо і не чужое месца. Асцярожна, каб не перасяліцца без пары на другі бок, заглядалі ў бетонную яму. Унізе, на гліністай мяжы паміж двума светамі, паблісквала жоўтым вокам калюжына.
— Але памятай, я буду зверху, — ад думкі, што давядзецца калі-небудзь класціся ў гліністую мазь, Біндзючысе зрабілася няёмка.
— Зверху-то буду я, даражэнькая, — запярэчыў інструктар. — Не на тое чалавек стараўся ўсё жыццё, каб пасля смерці нейкія бабскія маслакі тапталі яго ў балота.
Апошняе не сказаў ён уголас, бо і навошта выклікаць ліхое, асабліва на парозе новага жыцця...
— Ой, не гневайся. Я ж жартавала. Яно вядома: хто першы, той знізу будзе. Лёс вырашыць.
— А прычым тут лёс? Я зверху, і так мае быць! I канец дыскусіі.
Iнструктар зацяўся. У такіх выпадках усякае лагічнае тлумачэнне — зусім лішняе, і жонка, ведаючы пра гэта, адступілася.
Калі б не тое месца, калі б іншае сцэнічнае афармленне, справа, магчыма, скончылася б нічым. Тут аднак, хто ведае — ці не апошняя нагода раз прынамсі паказаць сябе? I Біндзючыха паказала.
— Думай, што хочаш, а я пад табою і так ляжаць не буду!
— Не будзеш?!
— Не. Твая віна — лягай знізу. А віна твая і твайго гультайства. Нават найлепшыя твае калегі гаварылі: месца гультаёў — тут!
— Калі ўжо дакладна, то не калегі, а тыя кучаравыя засранцы! Трымайся фактаў. Яны, во, будучыню нам рыхтуюць! — Біндзюк кіўнуў на бетонны дол. — А ты памятай: усё магу сцярпець, а ілгунства — не!
Ыструктар Біндзюк казаў праўду. З яго чалавечых слабасцей менавіта ілгунства было яму чужое і зусім агіднае. Ен ніколі б і не падумаў, што жанчына, якой аддаў трыццаць год свайго жыцця, свядома размінецца з праўдай! Яма, якою так цешыўся ў апошнія дні, здалася раптам чымсьці сумным і непатрэбным. Падсвядома здагадваўся, што жонка ўсё-такі застанецца пры сваім. Як жа тады класціся на ўсю вечнасць з кабетай, якая не табе верыць, а іншым — нейкім кучаравым, без гісторыі і без традыцыі?!
— Ну, тады шукай сабе асобнае месца! — не думаў нават, што калісьці давядзецца сказаць такія словы! Непрадказальнае бывае ж жыццё!
Была гэта апошняя гутарка паміж Біндзюкамі адзін на адзін. Далей размаўлялі з дапамогай суддзяў і адвакатаў, а перш за ўсё пракліналі Партыю кучаравых, якая варварскім спосабам разбурыла яшчэ адзін асноўны грамадскі твор.
Югаславія
— А заўтра тут будзе Югаславія, — адвакат Нязгула склаў прачытаную газету, зручней уціснуўся ў старое крэсла і знерухомелым вокам упіўся ў столь.
— Езус-Марыя! — войкнула пані Анельця і таксама ж прабегла вачыма за позіркам пана адваката. Можа, спадзявалася ўгледзець там сербскія самалёты, як у зграбным, сталёва-алюмініевым шыхце, запоўніўшы неба злавесным гулам, спяшаюць бамбіць збунтаванае Косава? А можа, пасыплюцца са столі брудныя, непаголеныя парашутысты, каб з дзікім крыкам уварвацца ў пакой і раз яшчэ дашчэнту знішчыць збудаваную цяжкай працай сякую-такую стабілізацыю гэтага дома?!
Аднак ніякія дантаўскія сцэны не парушалі спакой на белай роўнядзі. Праўда, можна было прыкмеціць нейкі рух, нервовую мітусню, аднак усё, што адбывалася там, адбывалася не па мілітарных прычынах, а па чыста біялагічных: муха ўзлазіла на муху, праяўляючы неабвержную цягу да прадаўжэння крылатага роду. Можна такое рабіць, час ад часу нават трэба, аднак трэба ж ведаць і месца, і час, не гаворачы ўжо пра павагу да гаспадароў. У другім выпадку вынік можа аказацца зусім нязгодным з ранейшымі намерамі. І тут вось непрыстойнымі паводзінамі мушыная пара падпісала сабе смяротны прыгавор. Сэрца пані Анельці, добрае і чуллівае, выхаванае ў прыстойнай хрысціянскай сям’і, не магло сцярпець такую яўную парнаграфію, і рука, ідучы за голасам гэтага сэрца, схапіла прачытаную газету і ляснула ёю ў столь. Ад мух засталося тое, што застаецца ад жыхароў харвацкіх і мусульманскіх вёсак пасля сербскага пераходу. Скасаваўшы распусту ў самым яе зачатку, пані Анельця пасвятлела, папрыгажэла, памаладзела на гадоў ці не дзесяць і, ганарыста выпінаючы грудзі, паплыла ў гардэроб падрыхтаваць пану адвакату яго святочны касцюм. Такія былі нядзельныя раніцы. Пані Анельця рыхтавала касцюм, пан адвакат апранаў яго і Трэцямайскай вуліцай маршыраваў на сустрэчу з Усявышнім. Мінаючы базар, сплёўваў тры разы ў бок натоўпу, які замест таго, каб аддавацца духоўным раскошам, мітусіцца сярод малых, цялесных справаў.
Чым пан Нязгула жыў у будзённыя дні — цяжка здагадацца. Вядома толькі, што адвакацкай практыкай не займаўся. Свабодныя хвіліны ахвяраваў палітычнай дзейнасці, удастойваючы сваёй асобай шэрагі нейкай маленькай правай партыі. Пра палітыку ведаў тое, што і іншыя грамадзяне нашай краіны, гэта значыць — усё.
Тым часам пані Анельця справілася са святочным гардэробам. Ачышчаны ад найменшай пылінкі пінжак спачыў на спінцы крэсла, там жа знайшлі сабе месца і нагавіцы, а з кашуляй, адпрасаванай і свежай, пані Анельця паявілася перад абліччам свайго дабрадзея. Пан Нязгула сядзеў у крэсле так, як раней мы яго тут пакінулі, і толькі замест столі зноўку глядзеў у злавесную газету.
— Заўтра тут будзе Югаславія. А ўсё — дзякуй нацыяналістам.
— Езус-Марыя, — войкнула пані Анельця, бо гэта была добрая пані, і яна заўжды войкала, асабліва пачуўшы слова “нацыяналіст” або “Югаславія”.
— Хочуць дзяліць мястэчка на сваіх і чужых, — ляснуў кулаком адвакат у раскладзеную газету.
Калі ў гэты момант патрэскаліся ўсе шыбы ў рэдакцыйных вокнах, не трэба адразу думаць пра ўздзеянне незямных ці замагільных сіл. Чалавечыя магчымасці таксама ж бываюць нязведанымі і неабдымнымі.
— Але, хай сабе думаюць! О, не! Будзем змагацца, — трэснуў Нязгула яшчэ раз у газету, і ў гэты раз пасыпаліся ў далёкай рэдакцыі жырандолі, а самы вялікі аскепак прадзіравіў галаву рэдактара, адказнага за палітычную старонку.
З-за ўсяго гэтага наступныя весткі пра Партыю кучаравых паявіліся ў перайначанай, моцна заблытанай форме.
Думаю, можна дараваць няшчаснаму рэдактару. Кожны ж ведае, што з дзіравай галавы думкі ўцякаюць, не паспеўшы дацягнуцца да сталага, разважлівага ўзросту Але гутарка тут не пра ананімнага рэдактара, а пра пана Нязгулу. Пойдзем следам за ягонымі крокамі.
Ступаючы на местачковы базар у святочную раніцу, пан Нязгула адчуваў агіду да самога сябе. Ягоная душа, згвалтаваная навакольнай грубай мітуснёю, пахлёбваючы і сёрбаючы носам, паслухмяна плялася за рэштай цела. Душа — самы разумны з чалавечых органаў, пэўна, і здагадалася, што змаганню за слушныя ідэі не абысціся без духоўных ахвяр і не перамагчы без дапамогі чыста фізічных рэквізітаў, такіх як вінтоўкі, танкі ці бамбавозы.
Перасоўваючыся ад ларка да ларка, ад століка да століка, пан Нязгула пільна ўзіраўся ў хаатычна раскінутыя копкі таннай пакамечанай бялізны, там-сям запускаў далонь у горбы швэдраў, стараючыся вымацаць прыемную, сталёвую гладзь танкавага дула, уздуты, цяжарны жывот бамбавоза, ці — у найгоршым выпадку — драўляны прыклад калашнікава. Аднак рука, заглыбляючыся ў гурбы трантаў, раз-пораз вярталася з нічым, а прадаўцы на канфідэнцыяльна пастаўленае пытанне адказвалі: няма, не было, не будзе!..
А людзі ж кажуць: на базары, у рускіх, усё ёсць...
Значыць — змова. Значыць — змовіліся. Спазніўся. Усё даўно ў сербскіх руках!..
За базарнай агародкай азвалася скрыпка, гармонік падмацаваў мелодыю і, перамяшаўшы яе з вострым, крынічным голасам салісткі, кінуў у натоўп. З дапамогай гродзенскай капэлы левыя дэмакраты распачалі якраз выбарчую кампанію. Гэты неспадзяваны ўдар з левай канчаткова ашаламіў пана Нязгулу. Быў апошняй кропляй, кропляй, якая перапоўніла чару горычы. Яму стала ўсё адно.
Са шпаркасцю, якой і сам у сабе не падазраваў, падхапіў пан Нязгула з-пад плоту анямелую ад нечаканасці румынку і кінуўся ў ашалелы, дзікі танец. З румынскага заполку пасыпаліся на тратуар мізэрныя медзякі і, пабразгваючы, падскокваючы ў рытм музыкі, паразбягаліся па ўсіх напрамках.
Імпартнае віно
— Віном маркі “Рызлінг” тут частуюць? — спытаўся моцны, басісты голас. Бас належыў лысаму асобеню, які бесцырымонна вырваў нас з одуму над таямніцамі палітычный будучыні.
— У святочныя дні. І толькі — заслужаных, — адказаў Толік. Ен апошнім часам выконваў функцыю назіральніка незалежнай прэсы і з гэтай крыніцы чэрпаў інфармацыю пра планы, праграмы і актуальныя хады нашай партыі.
— Прабачце, не паспеў адрэкамендавацца, — лысы працягнуў руку і па чарзе знаёміўся з кожным з нас. — Прозвішча — Чатыры Забойствы. Імя — Сем Згвалтаванняў. У тым ліку — два калектыўныя. Пра дробныя крадзяжы няма, бадай, патрэбы ўспамінаць. Дык як будзе з гэтым “Рызлінгам”? — і, не чакаючы запрашэння, заняў парожняе месца і, усміхаючыся, перакананы ў дастатковасці сваіх заслуг, паглядаў нам у вочы.
— Сёння будзённы панядзелак і...
— Каму будзённы, а каму і не, — лысун перабіў Тадзіка.
— Два годзікі адбубніў я ў Беластоку, ля вуліцы... як яго там.. Каперніка, о! Уяўляеце сабе? Два гады без віна, без жанчыны. А сёння ўжо на свабодзе, першы дзень. За добрыя паводзіны. Трэба ж лепшае свята?
Гаварыў ён зусім лагічна і пераканаўча, як сапраўдны палітык. Я нават падумаў, ці не спатрэбіўся б ён нам, у прапагандзе, такі асобень, ды яго прычоска не надта сыходзілася з назвай нашай партыі...
— Можна было б зрабіць маленькае выключэнне. Фінансы на такія нечаканыя выдаткі мы ж прадбачылі, — азвалася Валя Курапатка. Як генеральная касірша, яна найлепей ведала нашы фінансавыя магчымасці.
— Ну, што ж... Хай будзе, — згадзіўся Тадзік. — Каляндар ёсць каляндар. Бываюць дзяржаўныя дні незалежнасці, чаму не быць і асабістаму дню свабоды?
Не чакаючы далейшых разважанняў пра будзённыя і святочныя дні, Валя падхапілася з месца і пабегла ў буфет.
— З імпарту ёсць толькі італьянскі “Чачасан”. Можа быць?..
— Ага, — даў згоду чалавек, які на працягу двух апошніх гадоў не сустракаўся ні з віном, ні з жанчынай. — І, калі ласка, сядайце сюды, бліжэй.
Валя прысела і працягнула яму руку:
— А чаму вы так афіцыйна ўсё “вы” і “вы”? Я — проста Валя.
— Чатыры Забойствы Сем Згвалтаванняў, — госць паўторна назваў свае прозвішча і імя.
— Э там, адразу — сем! — не паверыла Курапатка.
— Клянуся памяццю роднай маткі, якую сам, гэтымі вось рукамі прыкончыў у свавольныя гады маладосці! Не шэсць, не восем, а менавіта — сем. Пакуль што, — падміргнуў, заглядаючы нашаму скарбніку ў вочы.
— Хвалько, — засмяялася яна, але ў яе вачах зайгралі іскрынкі, якія часам гавораць больш, чым жанчына сама хоча сказаць. — Кажаш, гэтымі рукамі? — узяла інструмент злачынства ў свае далоні і пачала яго ўважліва разглядаць.
Мы тым часам паглыбіліся ў службовыя справы. Выбарчая кампанія ступала вялікімі крокамі, а нашы кандидаты ўсё яшчэ заставаліся ў цяні як левых, так і правых канкурэнтаў. Хаця прагнозы не былі кепскія, а нават даходзілі да нас вельмі аптымістычныя весткі, лепей аднак хукаць на халоднае, чым потым франціць апечанымі пальцамі.
— Ой, я такая радая, — голас касіршы спыніў разважанні аб выбарчай стратэгіі. — Ці вы ведаеце? Ве-даеце вы? — ад нечаканасці яна ўскочыла на ногі і з гэ-тай, вертыкальнай пазіцыі апавясціла нам радасную навіну: — Ен хоча ўступіць у нашу партыю!
Глянуўшы на расчырванелыя шчокі, на агонь, які неўтаймавальным полымем бушаваў у Валіных вачах, можна было адразу дадумацца, што наш госць займеў у ёй адданую, верную заступніцу.
— Вы хіба не разумееце... Наша партыя, гэта ж Партыя кучаравых...
— Пра што вы? Пра гэта во? — паказаў лысун на свой пабліскваючы чэрап і выскаліўся бессаромна. — Дзе лысы, а дзе і кучаравы. Статут не ўдакладняе.
— Статут мо і добра ведаеце. Аднак нам і бліжэй пазнаёміцца трэба, праверыць сябе... Палітыка — вялікая справа. Словам — усё ў свой час.
— Дакладна так. Трэба праверыць сябе і пазнаёміцца бліжэй, — Валя са здзіўляючай рашучасцю падтрымала прапанову. — Бяру гэты цяжар на сябе. А заўтра будзем працягваць размову.
Прыхапіўшы няпоўную бутэльку італьянскага віна, Валя і лысы кандыдат у Партыю кучаравых паплылі ў цёплы фіялет лета.
Так і стаіць мне ў вачах наша касірша: з лысым фран-там пад ручкі, з пляшкай італьянскага віна ў далоні, а ўсё на фоне шаўкавістай летняй ночы...
Усякія пазнейшыя працэдуры, усе публікацыі ды росшукі не далі станоўчага выніку. Нават лепшыя празорцы, да якіх у той канчатковай роспачы звярнуліся мы па дапамогу, таксама развялі рукамі.
Партыя кучаравых адышла ў гісторыю. Забылі яе сябры і непрыяцелі, і толькі пан Нязгула, які ў падбеластоцкай псіхушцы паспеў перакваліфікавацца з адваката ў польнага гетмана, час ад часу пасылае нам інфармацыю пра дасягненні ў барацьбе з варварскай сербшчынай. З апошняга пісьма ведаем, што ён стрымлівае якраз вялікія варожыя сілы дзесьці пад Дубінамі. Стрымлівае мячом ды агнём, і, дзякуючы ягонай адвазе, Гайнаўка спіць спакойна.
Смутная гісторыя з гадзіннікам фірмы “Патэк”
Пан Марцін Ціхапук меў у сваім жыцці адно вялікае хобі: ён ніколі не займаўся палітыкай. Шанаваў усіх, каму пашанцавала змагацца за агульнае дабро, аднолькавай ласкай абдорваў як права-, так і леваручных і мо толькі прэзідэнтаў любіў крыху мацней за іншых, менш выдатных змагароў. Аднак з поўнай адказнасцю за слова можна сказаць, што была гэтая любоў зусім платанічная. Ні суседзі, ні спецыяльныя службы ў сваіх рапартах адным нават словам не згадваюць пра блізкія адносіны між панам Марцінам і палітыкамі любой арыентацыі. Нат цётка Варвара, прагуляўшыся па шырокіх прасцягах сваёй памяці, вярнулася з пустымі рукамі. — Абсалютная tabula rasa! — сказала.
Бар “Стакротка”, які ў нашым горадзе выконвае функцыю палітычнай трыбуны, усякае чуў і шмат бачыў. Тут мужчыны пасылаюць на сметнік свае зношаныя партыі, ствараюць новыя, сшываюць урадавыя кааліцыі, каб пад раніцу распароць усё, з вялікімі цяжкасцямі сшытае, і адступіцца ў апазіцыйныя траншэі. Тут каментуецца кожны няўдалы ход нашых міністраў, а наяўныя афёры, як і іхнія бацькі, атрымліваюць належнае сабе імя. Калі б той ці іншы міністр пачуў закіды, якія ў яго адрас кіруе бар “Стакротка”, зараз жа схадзіў бы ў адпаведны магазін, дзе прадаецца доўгая і кароткая зброя, і сказаў бы: “Дайце мне пісталет, мой гонар — патаптаны!”
А калі б яму не захацелі прадаць пісталет, напрыклад, з-за слабога псіхічнага здароўя, папрасіў бы гэты пісталет у свайго сакратара або найлепшага калегі. Мо паспеў бы яшчэ напісаць развітальны ліст, падтрымаць у цяжкую хвіліну маладую ўдаву і малалетніх дзетаксірот, а потым ба-бах! і — на суд гісторыі. Усе людзі гонару — а ў нас толькі такія ідуць у палітыку — заўжды пускаюць сабе кулю ў лоб, калі над іхняй рэпутацыяй збіраюцца чорныя хмарыны.
Пан Марцін Ціхапук ніколі не сказаў ніводнага слова, якое завяло б нейкага палітыка ў магазін з пісталетамі. А гэта ўжо не абы-якая заслуга.
Бар “Стакротка” — адзінае ў свеце месца, дзе партрэты пана Пілсудскага і пана Леніна, і іншых яшчэ, усім вядомых паноў, глядзяць адзін на другога і не махаюць кулакамі ды зубамі не скрыгочуць, а толькі па-сяброўску ўсміхаюцца. Адзін аднаму і кліентам.
Калі вам падабаецца пан Ленін, можаце прысесці так, каб добрыя вочы правадыра Кастрычніцкай глядзелі на ваша аблічча. Калі вы аматар пана Пілсудскага — сядайце і спажывайце сваё піва разам з панам Камендантам.
А пан Марцін перш за ўсё паважае шчыры позірк пана Лукашэнкі, і гэта ягонае неаспрэчнае права.
У кожнага госця, які наведвае бар “Стакротка”, свае — сімпатыі і антыпатыі, і толькі мухі, якім не пашанцавала ўтапіцца ў жоўтым бяздонні, з аднолькавай пашанай кладуць чорныя пункты на ўсіх, без выключэння, партрэтах. Вусы Пілсудскага, барада Леніна, замаскіраваная лысіна Лукашэнкі — ганарацца гэтымі пунктамі-кропкамі, як генералы пасля пераможнай вайны бліскучымі медалямі, а радавыя салдаты — свежымі, яшчэ ружовымі шрамамі. Сурова абыходзіцца свет са сваімі ўлюбёнцамі: людзі ім пляскаюць і б’юць паклоны, а іншыя зямныя кватаранты — робяць, што каму падабаецца.
Чаму нявінныя праявы мушынай творчасці прыняў пан Марцін у абразу — яго салодкая таямніца. Вядома адно — глядзець на такую разбэшчанасць ён не змог: чалавек вось стараецца, бярэ ў пазыку валасы з-за левага або правага вуха, прыхарошвае гэтай пазыкай сярэдзіну галавы, а потым абы-якая муха псуе вынік ягонай працы!
— Пане Юрка, — вуснамі Марціна Ціхапука прамовіў жаль, перамешаны з грамадзянскім пачуццём абавязку, з сорамам за некультурнасць мушынага роду, са злосцю і хто ведае з чым яшчэ.
— Пане Юрка...
Тым часам побач прылаўка сфарміравалася чарга з трох асобеняў, невялікая, але і дастаткова доўгая, каб даць пану Марціну час для абдумвання нецікавай сітуацыі. Папярэдняя ўлада на тое і вынайшла бясконцыя чэргі, каб гарачым галовам быў час і месца астынуць і задумацца. I калі ўжо астылі распаленыя мазгавешкі, дык першае, што прыдумалі — памяняць чаргатворчую ўладу. Адным словам — вынік з’еў прычыну.
Адумаўся і пан Марцін. Яму прыпомніўся вядомы з літаратуры выпадак, калі неасцярожны сказ — “А мухі абасралі пана імператара” — прывёў зусім непалітычнага чалавека ў рады наскрозь палітычных вязняў.
— Я слухаю вас, — Юрка Басэвіч, законны ўласнік гэтага інтарэсу, справіўся з чаргой з трох асоб і аддаваў свой час і сваю асобу ва ўладанне пана Марціна. А пан Марцін — падумайце толькі! — мог сказаць: “Я пратэстую супраць таго, каб мухі сралі на лысіну майго прэзідэнта!” Мог ён таксама і гукнуць: “Гэта скандал! Я аддам вас пад суд!” Такое вось мог сказаць пан Марцін. Але ён прамовіў: “«Дайліды» з сокам, як заўжды”.
Сказаў ён гэта з лёгкасцю чалавека, які, моцна спакушаемы, астаткамі волі перамог нячыстую сілу.
А піва ўсё-такі не пайшло. Нячыстая сіла, бы той пажар у тарфяніку, лакалізаваны, здаецца, і апанаваны, а тут раптам выпаўзае з-пад зямлі і пякучым дымам дзярэ вочы, душыць лёгкія, забівае дыханне. Запэцканая лысіна пана прэзідэнта гэтаксама прыцягвае позірк, як дзяўчына ў кароткай спаднічцы, калі яна сядзе побач і закіне нагу за нагу. I дарма розум асцерагае: “Не глядзі!”
Адзін мяснік з нашай вуліцы так калісьці заваражыўся лыткамі сваёй маладзенькай памочніцы, што ненаўмысна адрэзаў сабе ўсе пяць пальцаў левай рукі і прапусціў іх праз машынку, якая запіхала кілбаснае мяса ў папяровую кішку; сваю памылку ён прыкмеціў толькі тады, калі прыйшлося зашнураваць чаравікі. Бедны пан Зязюля басанож падаўся шукаць свае, гэтаксама ж бедныя, пальцы. Хадзіў ад крамкі да крамкі, і ўсё яму адказвалі: не бачылі, не чулі, не было.
Пан Ціхапук яшчэ раз глянуў у яснае аблічча пана Лукашэнкі і падумаў: “Мах або промах!” З такой думкай японскія камікадзэ ўрэзваліся ў самыя высозныя хмарачосы Нью-Йорка, а пан Марцін, папляваўшы ў насоўку, наблізіўся да ўлюбёнага партрэта. Працягнуў руку высока-высока, аж з-пад рукава паказаўся самы прыгожы і самы пажаданы ў свеце гадзіннік фірмы “Патэк”. І бачылі ўсе, хто хацеў гэта бачыць, як перад вачыма пана прэзідэнта кружыць рука, узброеная ў насоўку ды прыхарошаная гадзіннікам, і як ад гэтага кружэння святлее і так ужо, сам па сабе, светлы твар. І тры пары вачэй, якія належалі мясцовым жулікам, прыліплі да гэтай рукі, і да насоўкі, а ўжо наймацней — да гадзінніка.
— Каторая гадзіна? — спытаў незнаёмы голас, калі пан Марцін павярнуў з вуліцы Першай Брыгады на вуліцу Першай Арміі. Гэтая першаармейская вуліца перажывала якраз доўгі і цяжкі заняпад — яе асвятляюць толькі ў выхадныя дні. Калі ў звычайны, будзённы вечар, на вуліцы Першай Арміі гжэчна спытаюць вас: “Каторая гадзіна?” — не хітрыце, што вы слаба бачыце або — што гадзіннік застаўся якраз дома, і не клічце на дапамогу выпадковых прахожых. Усё тут мае свой парадак: Богу — боскае, кесару — кесарава, а жулікам — ваш гадзіннік.
А потым можаце ісці ў паліцыю.
— У мяне ўкралі гадзіннік і я дамагаюся, каб вы гэты гадзіннік зараз жа знайшлі! — запатрабаваў пан Марцін Ціхапук, выклікаючы бязмежнае здзіўленне на твары вусатага сяржанта. Сяржант, не зусім давяраючы сваім вушам, паклікаў другога сяржанта. і цяпер яны, удвая большымі сіламі, стараліся зразумець, чаму гэты незнаё-мы чалавек парушае іхні, гарантаваны сяржанцкай канстытуцыяй, час сузірання і задумы. Памылкі, аказваецца, не было. У чалавека фактычна спёрлі гадзіннік, і ён дамагаецца, каб дзяржаўная паліцыя зрабіла сваю чорную работу.
Калі б гаворка ішла пра “Форд”, “Мерседэс” ці нейкую іншую машыну, тады кожны паліцэйскі ведаў бы, як выканаць сваю прафесійную місію. “З-за невыяўлення...” справа ідзе пад сукно, і ўсё ў найлепшым парадку. “Мерседэс” не жонка, якую ўкрадзе невядома хто, дзе і калі, а цераз тыдзень звоняць вам з гатэля “Грант” і пытаюць: “Высокая бландзінка ў зялёнай сукенцы — ці не ваша ўласнасць?”
Быў на нашай вуліцы пан Сарока. Адны госці ад’язджалі, іншыя займалі іхняе месца. Словам, чалавек ён быў гасцінны. I вось, аднойчы гасцяваў у пана Сарокі добры сябрук. Тыдзень гасцяваў, аж ноччу сеў у машыну і паехаў, забыўшыся высадзіць з багажніка чароўную гаспадыню. Пан Сарока праплакаў адзін дзень, і другі, а на трэці дзень папрасіў у госці панну Анелю, і яшчэ тры дні яны плакалі ўдваіх, аж шостага дня вярнулася законная гаспадыня — і на тры галасы заплакалі ад шчасця. А потым, уцякаючы ад маламестачковага каўтуна, пераехалі ў Беласток, дзе ўтраіх шчасліва жывуць. А ці доўга — час пакажа.
А “Мерседэсы” не вяртаюцца. Шукаць “Мерседэс” — тое ж, што шукаць легендарны келіх Грааль. Лішняя турбота.
А з гадзіннікамі цалкам іншая справа, не на колах яны, і — хто ведае — мо калісьці, у будучыні, пры нечаканай ды спрыяльнай нагодзе, выявіцца хранометр фірмы “Патэк”, прыдаючы паліцыі бляск і славу.
Вуліца Добрай Надзеі
Генезіс
Есць у гарадах вуліцы, ахвяраваныя Дзяржынскім і Антыдзяржынскім, імператарам і камісарам, магнатам і пралетарыям. Есць вуліцы мучанікаў гісторыі і яе блазнаў.
Лёс такіх вуліц на добрае і благое сплятаецца з ідэалагічнымі шляхамі вашай дзяржавы. Бо дзяржавам здараецца звярнуць направа або налева, рухацца наперад або назад, а вуліцы абавязаны загадзя прадбачыць усе нечаканыя эвалюцыі і рэвалюцыі ды паспяхова справіцца з актуальнымі патрабаваннямі гісторыі.
Наша вуліца жыве сваім жыццём. Ні ідэалагічныя хістанні, ні палітычныя катаклізмы не прымушаюць яе мяняць імя ці пераапранацца ў чужыя транты. Вуліца Добрай Надзеі — так было, так ёсць і будзе.
Калі ў хаатычнай вандроўцы цераз свет і жыццё давядзецца вам зачапіцца і за наш парог, не здзіўляйцеся, адкуль такая арыгінальная, амаль паэтычная назва. Паэтаў у нас шмат, можна нават сказаць, што мы проста не людзі, а чыстая, жывая паэзія. Значыць — не здзіўляйцеся. Пытайце. I калі лёс паставіць на вашай сцежцы цётку Варвару, усім праваднікам правадніка, зна-чыць — вы шчаслівыя людзі. Вышэйшая сіла пасяліла цётку Варвару на самым пачатку нашай вуліцы, загадала вартаваць, прынамсі, восем гадзін у дзень, з падбародкам на штыкецінах брамачкі, ды ніколі не кіравацца прынцыпам “мая хата з краю”. Нават калі б тая хата была і сапраўды самай крайняй.
Людзі ў горадзе нічога наогул пра сябе не ведаюць. Спытайце вось першага сустрэчнага чалавека, кудою дабрацца на базар, на вакзал ці ў другое любое месца, і чалавек гэты, зусім выпадковы і чужы, набок адставіць прыватныя клопаты, дэталёва растлумачыць усе магчымыя падыходы, а мабыць, калі адыдзеце, адчакае хвіліну, наглядаючы над правільным развіццём вашага маршруту.
А спытайце: “Як пажывае Косця, наймалодшы Пракопаў сын? Як шанцуе Юрачку Басэвічу? А Дзянісавіч Славік, ён як сябе паводзіць? Пакінуў, у рэшце рэшт, тую шлюбную Аньцю ды перабраўся да якоенебудзь са шматлікіх сваіх палюбоўніц?”
Спытаеце, а чужы чалавек паглядзіць на вас, бы на незямное дзіва, і нічога не скажа, або — што таксама ж праўдападобнае — якімсьці брыдкім словам, нецэнзурным зусім, апраўдаецца за сваю некампетэнтнасць у міжчалавечых справах. Мала пра сябе ведаюць жыхары горада!..
Вось і прыдумаў Усявышні цётку Варвару, каб дашчэнту не парваліся сувязі між людзьмі. Пад беленькай хустачкай памяшчаецца архіў куды больш камплектны за інфармацыйныя рэсурсы мясцовых органаў і — што так-сама важнае — даступны як у будзённыя, так і выхадныя дні. Мабыць, стрэнеце на сваёй сцежцы белую хустачку і вочы выцвілыя ў пагодны блакіт, аплеценыя сетачкай шматгадовай павуціны. Не мінайце абыякава гэтых вачэй. Адкрыйце ім сваю душу, раскажыце бяду сваю, а яны — як кажа паэт — і бяду ўракуць, і душу злагодзяць.
— Заўтра будзе лепей, — суцешыць цётка Варвара. — Вось нават і Славік палюбоўніцу кінуў, час у хаце бавіць. А Юрачка не п’е месяцаў тры. Карпаваму Мікалаю сын нарадзіўся. Чатыры дочкі, а цяпер, вось, бачыце — сын. Вялікая справа — надзея.
І так гэта з надзеі на лепшую будучыню нарадзілася наша вуліца. І з пагоні за прыгажэйшым жыццём, і са спадзяванняў на белы хлеб у белых далонях, і з пачутых у дзяцінстве казак пра мужыка, які, царом стаўшы, валодаў светам доўга ды справядліва.
Наша вуліца дзякуючы надзеі ўсё яшчэ разрастаецца і павялічваецца, а чарговыя ўцекачы з прыпушчанскай Безнадзеі якраз тут знаходзяць сваю прыстань.
Бежанства
Калі першага сустрэчнага чалавека папытаеце, з чаго пачынаецца дом, абавязкова пачуеце такі вось адказ: дом пачынаецца з фундаменту.
Не давайце веры стандартным адказам і — здавалася б — безумоўным праўдам. Не з фундаменту пачынаецца дом. Кожны, каму давялося паставіць цэглу на цэглу, ведае, што дом пачынаецца з прыбіральні ці — сказаўшы вельмі дакладна — з нужніка. Яма ў голым полі, як-небудзь агароджаная неабгабляванымі дошкамі, з дзіркай у форме бубновай падушкі або чырвеннага сэрца высока ў дзвярах беспамылкова. вызначае месца, дзе новыя людзі рыхтуюць новае жыллё.
Падсілкавацца, вядома, можна абы-дзе: трава, стары плед, лішняя на першы погляд дошка — цалкам прыстойна выконваюць функцыю кухоннай мэблі, а дзівосная сіла натуры жоўтае сала, загорнутае ў пажоўклую штодзёнку “Gazeta Wspo-lczesna”, пераўтварае ў вэнджаныя паляндвіцы. А вось апошняя фаза стрававальных працэсаў адбываецца ў інтымнай ізаляцыі, у цішыні, у самоце.
Цяпер ужо самі ведаеце, чаму з нужніка пачынаецца новы дом.
Летам 1980 года пачалі мы пераязджаць у горад. Невыпадкова кажу “пачалі пераязджаць”. У слове “пераехалі” бачу нейкае распачатае і закончанае дзеянне. Працэс нашага бежанства быў значна даўжэйшы і куды больш складаны. Гэта толькі перасяліцца з вуліцы на вуліцу — простая справа. Загрузіць чалавек мэблю і іншыя мэтлахі, і што яму — сеў ды паехаў. У нас быў свой, пакаленнямі нажыты баласт: кароўка, кабылка і іншыя яшчэ, як потым даведаюся, двухі чатырохногія браты. I не мужыцкая справа — адным махам разрэзваць гордзіеў вузел.
У ліпені, неўзабаве пасля святых Пятра і Паўла, прычалілі мы да берага. Бераг называўся вуліца Добрай Надзеі і значна кантраставаў з тым, што я да гэтай пары бачыў. Домікі як домікі ды брук такі ж самы, усё-такі шпацыравалі гэтым брукам не малодшыя, чатырохногія браты, а дзякуючы нястрымнай эвалюцыі зусім ужо вертыкальна замацаваныя за зямную аснову браты старэйшыя — мяшчане.
Я сказаў — “шпацыравалі”, бо не адразу зразумеў, што людзі ў горадзе не валэндаюцца туды і назад без парадку і прычыны. Яны збіраюцца ў толькі ім зразумелы строй, у цывільны стралковы ланцуг, ды ідуць на штодзённую вайну за бохан белага хлеба, за малыя і вялікія гонары, і за прывілей адпачынку пасля васьмігадзіннай барацьбы.
Як разведка, высоўваюцца радавыя слесары, сталяры, вадзіцелі. Спяшаюць трушком, каўкаючы пространь, быц-цам бы наспех глыталі сваё ранішняе снеданне. З большай саноўнасцю пасоўваецца наперад сярэдняе начальства, стараючыся магчыма найдаўжэй удастоіць вуліцу сваёй тут прысутнасцю. Шмат таго начальства: кіраўнікі, інструктары, інспектары. У падношаных партфелях валакуць адказнасць за даручаны сабе кавалак сусвету. Пра самае высокае начальства гаварыць не буду: калі не прымаць пад увагу дырэктара Кукулку, можна сказаць, што сапраўднага начальства на нашай вуліцы і няма.
Хто яго ведае? Мо высокапастаўленыя людзі, знаёмыя з яшчэ вышэйшай сілай, здагадваюцца, што адно добрая надзея — не найлепшы пропуск у будучыню, і на ўсякі выпадак інвестуюць свой капітал у іншыя вуліцы. У вуліцы, якія вартуюць якраз справядлівыя анёлы.
Не валэндаюцца людзі ў горадзе без парадку і прычыны. Здараецца, аднак, што ў наваколлі першага або дзесятага дня месяца некаторыя асобені з гарадскога роду паводзяць сябе так, быццам наведала іх гвалтоўнае жаданне вярнуцца да найранейшых вытокаў. Такія індывіды дастаюць з сябе гукі, падобныя на мяўканне і кваканне; бывае, што прымаюць пляската-гарызантальную выпраўку, стараючыся, магчыма, найшчыльней прытуліцца да ігнараванай у звычайныя дні зямелькі-матулі. У такіх выпадках прыбягаюць да іх, адзіныя тут, прадстаўнікі папярэдняй, менш дасканалай формы нашага існавання, усякія Шарыкі і Бурыкі, каб з дапамогай фізіялагічнага сакрэту пазначыць нехарактэрны дадзенаму месцу прадмет.
Раней бачыў я падобныя выпадкі і на вёсцы, не мелі яны, аднак, ніякага дачынення да канкрэтнага дня месяца, а ішлі ўпоруч з важнейшымі рэлігійнымі святамі, часам ступалі ўслед за бычкамі і кабанчыкамі, паспяхова адпраўленымі ў бойню.
Так вось пачаў я назіраць за жыццём новага для сябе асяроддзя, а бацькі яшчэ доўгі час курсіравалі між вёскай і мястэчкам, стараючыся разблытаць складаныя вузлы і ўзгаданы баласт перавезці на новае месца. Што ў натуральнай, а што ў ператворанай у грошы форме.
Першыя ўражанні, першыя назіранні, гэтаксама як і першае каханне — павярхоўныя наогул, а час бесцырымонна выварочвае ўсё дагары нагамі, і з-пад бліскучай ды фальшывай скуры паказваецца дзяружнае, шорсткае палатно. Заглыбляючыся ў вуліцу, заглядаючы пад яе падшыўку, бачыш тое, што хочаш бачыць, а не тое, што табе паказваюць. I зусім нечакана даходзіш да высновы, што Шарыкі і Бурыкі — не адзіныя тут прадстаўнікі звярынага роду. З хлеўчыкаў, наспех змайстраваных, заканспіраваных у глыбіні панадворкаў, на курашаўскім дыялекце заяўляе сваю прысутнасць — сыроваткай адкормлены — парсюк, зацягвае па-семяноўску певень, цвёрда, па-чаромхаўску замыкае кароўка.
А на вуліцы ўсё па-маленьку выгладжваецца, уніфікуецца, саветызуецца. I семяноўскае “што”, і чаромхаўскае “шчо”, неахвотна, хаця непазбежна ўступаюць месца агульназразумеламу “цо там, пані, слыхаць?”
Вайна
Танкі не прыязджаюць. Чацвёрты дзень працягваецца вайна, выпаўзае з тэлевізараў, трывожна бурчыць вуснамі радыёпрыёмнікаў, а на нашай вуліцы — цішыня і спакой. Мо толькі мужчыны пасталелі, раптоўна пахаладзелі, выпраставаныя брыдуць у заснежанае, акалелае ад холаду мястэчка, быццам бы ступаюць насупраць сваёй, заўжды аднолькавай у ваенны час, мужчынскай долі. І вопыт у вайсковай справе, які ў мужчын аб’яўляецца невядома адкуль, ці не сам па сабе нават, загадвае ім паглядаць на сябе недаверліва і падазрона. Вайна ж прадказваецца грамадзянская, ды не адгадаць, хто прыяцель тут, а хто вораг. Мо заўтра ўжо пакліча радзіма, а сёння, пакуль што, ідуць на фабрыку. Дома развітваюцца з жанчынамі, ганарыста і жорстка, як ганарыстай і жорсткай бывае мужчынская ваенная справа. Пасля барацьбы, пасля перамогі — будзе час ласкі і пяшчот, а цяпер, абмінаючы жаночыя вочы, на пытанне, што будзе далей, адказваюць: не плач, баба, нармальна будзе. І бабы не плачуць. Паглядзеўшы з-за фіранак на адыходзячыя ў замець постаці, канчаюць гатаваць сняданак, будзяць дзяцей і таксама адпраўляюцца ў свет. Зусім недалёка той бабскі свет. Абы-як пафарбаваны ў зялёны колер прадуктовы кіёск, бы пузаты цмок, акружаны бабамі, паўзе ў глыбокі снег, доўгім, пакручаным хвастом адбіваючыся ад белай, нахабнай мухаўні. Час ад часу выштурхне з сябе буханку хлеба або кілаграм солі, і бабы, схапіўшы і хлеб, і соль, зрываюцца з хваста, шыбуюць дамоў, усміхаючыся ад малога шчасця. А дом пухне ад солі, прасякае соллю, насычаецца. Бо соль вандруе шляхам вайны і завітвае ў хаты раней, чым плач і смерць.
Тым часам дзеці, сяк-так накормленыя, рассыпаюцца ўздоўж вуліцы, цікуючы, адкуль прыедуць танкі. Ці ад Хітрай, ці ад Кляшчэляў? Вялікія гарады запаўняюцца танкамі, зелянеюць ад мундзіраў вуліцы, а тут хоць ты плач: цішыня, спакой, задрыпонія.
І толькі, прафануючы незвычайны, сур’ёзны час, у канец вуліцы, недзе ад хітранскіх палёў, папярэджаныя званочкамі, пад’язджаюць сані. Палоззе паскрыпвае, рэжа снег на дзве доўгія каляіны, а далікатны ветрык падбірае з шыткаў восеньскі водар атавы ды развейвае яго ўздоўж дарогі. I конь, схапіўшы гэты пах у раздутыя ноздры, штораз адварочвае галаву, аглядаецца на захутанага ў доўгі кажух гаспадара.
Чатыры салдацікі ў зялёных уніформах, з пачырванелымі ад марозу вушамі, вартуюць побач Варварынай хаткі. За размаляванымі ў вострыя, срэбныя кветкі шыбамі трымае варту і сама гаспадыня.
Конь, знюхаўшы вайсковыя мундзіры, спыняецца. Генетычнымі камутатарамі з пакалення ў пакаленне трансмітуецца конская пашана ваеннаму чалавеку. Што бачаць цёплыя карыя вочы ў той суконнай зелені? Ганарысты парад легіёнаў? Маланкавую атаку Будзённага? Перамешваюцца конскія гены, блытаюцца, асабліва тут, на памежжы. Пераплятаюцца і людскія лёсы. На тое і ёсць вайна, каб наша аддзяліць ад чужога, ачысціць, удасканаліць.
Салдацікі абступаюць шыткі, і і'аспадар, які ў сваім жыцці бачыў не адну вайну, здагадваецца, чаго ад яго патрабуюць. Скінуўшы рукавіцы, з-за пазухі дастае пашпарт, тлумачыць нешта, пільна заглядаючы ў капральскія вочы. Мо стараецца вываражыць з гэтых вачэй сваю будучыню? Капрал чытае зялёную кніжачку, слухае і ўжо ведае, што гаспадар называецца Аляксандр Марчук, і што едзе ён да дачкі, і што дачка яго жыве на гэтай якраз вуліцы. Даўно не быў, дык і едзе паглядзець, як тут ёй вядзецца.
Астатнія салдаты капаюцца ў санях, і, здаецца, мала іх цікавіць асоба Аляксандра Марчука. Рыюцца дакладна, метадычна, а калі адслоняць пучок сена, разгорнуць куль саломы, у чырвоныя вайсковыя тварыкі, выскаліўшы доўгія жоўтыя зубы, засмяецца сарамлівая, васковая морда свежаасмаленага кабана. Мабыць, здагадваецца, што ў сур’ёзны ваенны час, без адпаведных дазволаў нельга падарожнічаць каму і куды заманіцца, а ўжо асабліва такім, як ён, кабанчыкам. Нават да роднай дачкі свайго гаспадара.
Многае нельга. Нельга валэндацца пасля дзесятай вечара, нельга групавацца на вуліцы, нельга слухаць эрву-э. Не дазваляецца, і баста! Дазваляецца толькі мерзнуць салдацкім вушам пад скупымі зялёнымі шапкамі. I салдаты, прытанцоўваючы ад холаду, круцяцца наўкол саняў, пакуль найадважнейшы, а па прычыне капральскага звання і камандзір, не спытае:
— А што-небудзь да гэтай закускі ёсць?
Пытанне, можна сказаць, зусім лішняе. Не першая ж гэта вайна ў Аляксандравым жыцці, і хто як хто, а ён дасканала ведае, што ў такі час поўная пляшка — дакумент лепшы за ўсе пропускі, ахоўныя граматы, а нават і дэпутацкія білеты.
Салдаты, атрымаўшы жаданую рэч, падаюцца ў свой бок, шукаюць нейкае зацішнае месца, дзе не дагледзяць іх вочы шпіёнаў і не пачуюць вушы дыверсантаў. Толькі дзеці, не дачакаўшыся танкаў, прыглядаюцца, як з дапамогай Аляксандравай пляшкі абаронцы дзяржаўнага ладу даводзяць свае змерзлыя вантробы да належнай чалавечаму гатунку тэмпературы.
Пан Казік
Ніхто на нашай вуліцы нават не прыкмеціў, калі закончылася вайна. А можа, ніколі яе тут і не было? Можа, не знайшоўшы вялікай падтрымкі, накіравалася яна недзе ў іншы бок, туды, дзе больш ахвотна хапаюцца за вінтоўкі і штыхі і дзе спакон вякоў вядзецца горды жаўнерскапаўстанчы род? Можа і так. Хто яго цяпер ведае?
— Гэта польска-польская завіруха, і нашэ дзело тут ні пры чым, — сказаў аднойчы бацька.
— I маеш рацыю, — падтакнуў пан Грынько. — Маё сто!
Яны гулялі якраз у тысячу, таргавалі адзін у аднаго, выкідалі на стол тузы і каралі, і гэты занятак, здаецца, цікавіў іх больш за ўсе грамадзянскія ці сусветныя войны.
Раней, калі яшчэ пан Ярузельскі абвясціў апошнюю ў сваёй кар’еры баталію, сустрэчы пры картах адбываліся ў крыху шырэйшай кампаніі. Апрача пана Грынько, заходзіў у наш дом пан Казік. Размяшчаліся найчасцей на кухні
— бацька садавіўся пад сцяну, пан Грынько каля дзвярэй, а пан Казік займаў месца пад акном. Гульня, здаралася, зацягвалася і да поўначы, але бывалі і такія дні, калі займацца картамі не вельмі ім хацелася. Згуляўшы тады адну ці дзве раздачы, хтосьці — найчасцей пан Грынько
— падымаўся ад стала і маршыраваў да цёткі Варвары, якая сярод шматлікіх сваіх абавязкаў знаходзіла час на патаемны гандаль спіртнымі прадуктамі. Цэны ў яе былі, вядома, крышку вышэйшыя, чым у дзяржаўных крамах, аднак у супрацьлегласць ад афіцыйнага гандлю ніколі не здараліся там ні аб’ектыўныя цяжкасці, ні непрадбачаныя перабоі ў дастаўках, ні карткі з надпісам Remanent.
Пан Грынько выконваў сваю місію заўжды паспяхова, а калі вяртаўся, на стале чакалі ўжо гарачая яечня, ружовае сала і шклянкі моцнай, пякучай гарбаты. Між гэтага дабра рашучым жэстам пераможцы пан Грынько ставіў стройную, успатнелую ад расы бутэльку, а на ўсякія словы належнай, зрэшты, пашаны нязменна адказваў: “Я каб не дастаў? Добры жарт”.
Гарэлка разлівалася ў слухмяна, падстаўленыя кілішкі, нарастаў гоман, мацнеў смех, ружавелі мужчынскія шчокі. Часам здаралася пану Грынько злётаць да цёткі Варвары і другі раз, а вяртаючыся, з парога ўжо, ён кідаў у кухню добра ўсім вядомае “Самогонэ, самогонэ, чом тэбэ тэпэр нэ гонят...” Як наяўны доказ, што і песня можа памыляцца, за гэтым разам даставаў з-за пазухі закаркаваную газетай паўтарачку, ставіў яе на стол і, ве-села падміргнуўшы, выцягваўся, бы струна, прыкладаў далонь да футравага брыля, рапартаваў: “Рэкамендую панству найнавейшы твор цёткі Варвары”.
Выказаўшы стандартную фразу, працягваў вакальную аповесць пра самагонку, ад якое быццам бы адракліся сучасныя майстры кулінарнага мастацтва, а бацька і пан Казік спраўна ўключаліся ў мелодыю, падтрымлівалі яе, узбагачалі, імправізавалі, даючы такім чынам новае гучанне старому шлягеру.
Я любіў слухаць гэты спеў. Асабліва здзіўляла мяне, а можа, крыху і смяшыла, наша мова ў выкананні пана
Казіка. Ен, аднак, стараўся не выломлівацца з кампаніі і, калі нават перакручваў ці забываў нейкае слова, малайцавата крочыў за больш спрактыкаванымі запяваламі.
Адбубніўшы некалькі ваенных або саўгасна-народных твораў, мужчыны мянялі рэпертуар. Пачыналі спяваць пра дзевачку, што ішла до лясэчка, пра Каралінку, і пра гураля, і цяпер ужо пан Казік высоўваўся на чало вакальнай калоны, але і бацька, і пан Грынько таксама ж адважна трымаліся абранага маршруту, зрэдку толькі блытаючы складаную партытуру. А потым доўга развітваліся ў брамцы.
Ярузельская вайна першым апаражніла месца пад акном. І непрыкметна ды невядома чаму зрабілася пану Казіку не па дарозе ў наш дом.
Напачатку, амаль да канца снежня, ён заглядаў яшчэ, аднак у карты ўжо не гулялі. Праседжвалі наогул моўчкі, а калі што-небудзь гаварылі, то найчасцей пра мароз — люты, трыццаціградусны, які ў снежні не так ужо часта і здараецца.
— Zima wasza, wiosna nasza, — сказаў аднойчы пан Казік, паглядаючы ў замець за акном.
Ці сапраўды чакалася яму тая абяцаная пара, калі сыдзе снег, пераменіць усё, ці толькі так паўтарылася дзесьці пачутае? Хто можа ведаць? Бацька паглядзеў на пана Казіка вельмі здзіўленым позіркам, задумаўся.
— Нашы, Казік, адно такарныя станкі. Гэтыя, ведаеш, у фабрыцы. І зімой, і вясною. Круглы год.
Ад гэтага здарэння прайшло гадоў шэсць. І бацька, і пан Казік далей працуюць на старым месцы, вітаюцца раніцай, развітваюцца пасля поўдня, часам нават — у большай кампаніі — заходзяць на супольнае піва. Да “Валодзі” або пад “Трынаццатку”.
А я ўсё-такі не ведаю, калі кончылася гэтая дзіўная вайна. А можа, яна ўсё яшчэ працягваецца? Мо прагульваецца ноччу вуліцай Добрай Надзеі, хаваецца ў глыбіні панадворкаў, з лістападаўскіх моракаў падкрадаецца пад цёпла-жоўтыя вокны?
Пані Зося
Прыёмнай дырэктара фабрыкі драўляных упаковак валодае пані Зося. Так ужо ён уладкаваны, гэты свет: аднаму сляпы лёс даручае каралеўства, іншаму — армію жывых людзей, а вось пані Зося атрымала пакойчык, пісьмовы стол, крэсла ды шмат патрэбнай, як і зусім лішняй паперы. Хай яно ўсё і не ад сляпога лёсу; дзядзька Юра, як сакратар фабрычнай партыйнай арганізацыі, таксама ж зрабіў, што трэба зрабіць, дзеля павышэння статусу вясковай пляменніцы, аднак ці варта гаварыць пра метад, калі канчатковы вынік атрымаўся цалкам прыстойны? А, дарэчы, хто сёння памятае партыю, а тым больш яе сярэдняга калібру сыноў? Ніхто. Нат пані Зося, калі ўжо спытаць яе пра прафесійныя задаткі, успамяне беластоцкую гастранамічную школу, прыгадае і ліцэй у Дубінах, уваскрэснуць у яе памяці добрыя і благія здарэнні з камп’ютэрных курсаў у Гайнаўцы. А вось пра дзядзьку Юру не пачуеце ад яе ні слова. Няўдзячнасць? Бадай не. Калі ж ёсць нейкія прычыны гэтай кароткай памяці, то перш за ўсё трэба падумаць пра апалітычнасць прафесіяналаў. А яна — прафесійнасць — вышэй за ўсякія сваяцкасці. Такім чынам, сундукаватая постаць дзядзькі Юры адышла ў забыццё. Час ад часу стрэнеце яе, гэту постаць, у мясцовым парку. Разгортваючы прытаптанымі чаравікамі сухое лісце, яна няспешна брыдзе ў халодную імглу, задумоўваючыся, пэўна, над падманлівасцю жыцця, над нетрываласцю ўлады і яе моцы. I над несмяротнасцю Няўдзячнасці. А ў парку прытуляюцца, абдымаюцца, цалуюцца маладыя. I не пачуеш слова падзякі за свой бескарыслівы рэвалюцыйны труд.
— Каву? Гарбату? — спытае пані Зося, калі ўжо пераступіце парог яе пакойчыка.
Вядома, далёка не кожнаму такое пытанне ставіцца. Прыёмная дырэктара фабрыкі драўляных упаковак усётакі не гастранамічная гаспадарка, дзе першы лепшы бадзяга, ледзь расчыніўшы дзверы, выяўляе жаданне дагадзіць свайму жывату, а чуйныя афіцыянткі, здаецца, чытаюць у думках сваіх кліентаў.
Калі аднак пані Зося, крыху прынамсі, ведае вашу асобу, можаце спадзявацца на традыцыйнае: “Каву ці гарбату?”
Вы, пэўна, прыкмецілі ўжо, што ў горадзе ўсе сустрэчы, як прыватныя, так і афіцыйныя, службовыя, пачынаюцца піццём кавы або, прынамсі, гарбаты. Асабліва моцна трымаюцца за гэты абрад маладыя жанчыны, якія не так даўно прыехалі сюды з навакольных вёсак. Занадта рана аблажыўшыся патомствам і хатнімі, празаічнымі абавязкамі, мрояць пра вялікі, бліскучы, бачаны ў тэлевізары свет. I апошняй ніткай, якая спалучае іх з гэтай тэлевізійнай ілюзіяй, з’яўляецца кубак ранішняй кавы. Так яно бывае з паспалітымі, шэрымі жанчынамі. А вось у пані Зосі жаданне пачаставаць вас гарбатай мае зусім іншыя прычыны, бо справа тут не ў комплексах, але ў звычайнай гасціннасці, далікатнасці і культурнасці. Такая ўжо яна, пані Зося.
Другі год адыходзіць у нябыт, як дантыстычны тэхнік Апенька зрабіў ёй шлюбную прапанову, а пані Зося з-за далікатнасці не адказвае ні так, ні не. Староннія людзі, бо толькі яны ўсё і пра ўсіх ведаюць, пашэптваюць тайком, што Зосіна сэрца назаўжды захапіў непрысутны ўжо ў горадзе мастак Шура. Мо і праўда, каханне іхняе, безумоўна, было найвышэйшага гатунку і справы ішлі туды, куды трэба, значыць — пад вянец.
— А акварэль, гэта рыба марская ці прэснаводная?
— спытала дзяўчына, не здагадваючыся нат, што такі нявінны, на першы погляд звычайны сказ перайначыць і сённяшні дзень, і так дакладна абдуманую будучыню. Мастак Шура натужліва якраз змагаўся з Зосіным актам, дабываючы з уяўлення (зласліўцы кажуць, што не толькі з яго) дзявочыя грудзі, каб перанесці іх у раёны, даступныя і іншым пачуццям. Пачуўшы ад Зосі такое пытанне, спачатку ён збялеў, потым пачырванеў раптоўна, а яшчэ пазней, элегантна паклаўшы пэндзаль, заявіў пра неадкладную патрэбу схадзіць у кіёск па папяросы. І больш яго ў мястэчку не бачылі.
Хваліўся пасля наш мясцовы цырульнік, што сустрэў аднойчы Шуру ў Варшаве на Ружыцкім базары. У парваным пінжаку, ашчацінелы, ён прагульваўся між ларкамі, час ад часу пакрыкваючы:
— Макрэль — акварэль — селядцы! Акула — бамбула — кіт!
Людзі праходзілі абыякава, часам толькі той ці сёй спыняўся, каб больш дакладна распытаць пра выгляд ці харчовыя звычаі незвычайнай рыбы бамбулы.
Пані Зосі, у памяць раптоўна закончанага кахання, застаўся выразна незакончаны партрэт: там, дзе жанчыны звычаёва носяць грудзі, калечыць вочы парожняе месца. І, магчыма, як цяпер задумліваюцца спецыялісты, хто і чаму акалечыў мілоскую Венеру, так у далёкай прышласці нейкі аматар мастацтва задумаецца: хто і чаму адняў грудзі Зосі з Гайнаўкі?
Колька, які лётаў над мястэчкам
Заўжды паўтараў, што будзе лётаць. Здаецца — і якое ж тут дзіва? У дзіцячыя гады ўсе мы лётчыкі, касманаўты, матросы ці — у самым горшым выпадку — камандзіры партызанскіх атрадаў, якія цёмнымі начамі падымаюць сваіх падначаленых у бясконцы бой за праўду і за Радзіму.
З часам мроі мяняюцца, курчацца, аж зняслаўленыя з’едлівымі языкамі рэчаіснасці сыходзяць у падпольную краіну сноў, куды толькі час ад часу зазіраюць дарослыя людзі.
— Буду лётаць як птушка, — Колька, задраўшы галаву, глядзеў у летняе неба. — Або як вецер.
У такіх выпадках Пеця прыкладваў вялікі палец да скроні, а з чатырох апошніх складваў жвавае крылца і ўсю тую ацэнку Колікавых планаў падмацоўваў пранізлівым свістам. Мы згаджаліся з Пецем. Можна ж адарвацца ад зямлі на самалёце, на аэрастаце, ну, няхай сабе і на крылах, бы !кар, пра якога ў школе талкавала пані настаўніца. Аднак крыліцца вось так, з сябе самога? Не здаралася падобнае ні ў нашым мястэчку, ні нават у вялікіх гарадах.
— Я буду лётаць на ТУ-154, — талкова абвяшчаў Сенік.
— А я на ТУ-155, — Пеця, як заўжды, стараўся ступіць крок далей. А потым брылі мы ў гурнянскія лугі, дзе гулялі ў мяч або ў чатырох танкістаў, і калі над мястэчкам стаяла невыносная спякота, лягалі ў высокай траве і, звычайна, глядзелі ў неба.
Час вылузвае чалавека з кароткіх штонікаў і забівае яго ў доўгія нагавіцы ды ў яшчэ даўжэйшы ланцуг штодзённых клопатаў. Пеця і Сенік не стрэліся на паднебных шляхах. Напароліся на сябе пад брамай фабрыкі, якую ў мястэчку называлі папросту тартак, а потым сустракаліся там ужо заўсёды. Пасля працы ішлі ў бар “Экспрэс”, выпівалі два-тры півы, чарачку гарэлкі. А часам, у дні, калі іхніх жанчын асабліва даймаў свет, і калі жанчыны без лішняй цырымоніі адплачвалі свету той жа манетай, у такія вось дні чарачка ператваралася ў бутэльку, а важныя мужчынскія гутаркі зацягваліся да глыбокай ночы.
Колька паехаў у далёкі свет, і пра яго тут забылі, тым болей, што мы ўсе паспелі жаніцца і ва ўсіх нашых жан-чын час ад часу здараліся благія хвіліны.
* * *
Вясна выпаўзла з пушчы белымі стужкамі анемонаў, разлілася фіялетавымі пралескамі, дзьмухнула цёплым, шаўкавістым ветрам, і нас, закарузлых у зімовым здранцвенні, пацягнула на гурнянскія лугі. Не шмат засталося з прызабытага дзяцінства. Палі, якія пачыналіся амаль з Вжасовай вуліцы і ператвараліся ў заліўныя лугі, у хісткія балоты ды, абмінаючы крутымі сцежкамі Старую Юдзянку, беглі дзесьці пад Барок, пад Пасечнікі, пад Пярэева, цяпер там і сям зарасталі мураванымі дамамі. На панадворках, бы экзатычная птушка ў клетцы, раскладала крылы роўненька падстрыжаная трава.
— Жыццё прыгожае, — як відавочны доказ банальнаму ўсё ж такі сцвярджэнню, Гжэсь расклаў здабытую на цесцях каўбасу. Сядзелі мы ва ўтульным закавулку за Старою Юдзянкаю і гулялі ў карты, папівалі цёплае піва, разважалі пра беспрацоўе, якое ў мястэчку пашыралася, бы інфекцыйная хвароба, не абмінаючы і на-шай кампаніі. Дзень па-маленьку хіліўся на захад. Верабей, што прысеў у цяністым нутры ляшчыны, задрамаў ад няма чаго рабіць і, страціўшы раўнавагу, шлёпнуўся на сухую траву. Падхапіўся засаромлены, паправіў дзюбаю ўскудлачаныя пёркі, разглянуўся і, супакоены нашай абыякавасцю, вярнуўся ў ляшчынавы цень.
— А да мяне зноў цешча звалілася, — сказаў Сенік.
Хлопцы кіўнулі галовамі ў знак, што ўсё разумеюць і спачуваюць, аднак выказвацца ўголас нікому не хацелася. Стомленыя цяплотаю, півам і картамі, драмалі.
Сонную цішыню парушыў далікатны шоргат, затым працяглы свіст паветра, быццам не верабей ужо, а нейкая большая птушка звалілася на зямлю. Хочучы не хочучы, паднялі мы галовы. Атрасаючы з пінжака нябачны пыл, стаяў перад намі Колька. Стаяў і ўсміхаўся.
— А ты тут адкуль? — Пеця падняўся, прысеў на кукішкі.
— Прыляцеў. Адтуль во, — Колька паказаў на чыстае неба.
— Як гэта — прыляцеў? — цяпер і мы адзін за адным выпаўзалі з сухое травы, падыходзілі да яго бліжэй.
— Звычайна, прыляцеў і ўсё. Абяцаў жа...
— Значыць, што? Гоп-гоп, падскочыў і прыляцеў?
— Ага. Не адразу, вядома. Доўгія гады цяжкай працы былі. Не верыце, га?
Мы, праўда, не давяралі Колікавым словам. Ён хіба і здагадаўся. Таму, узяўшы салідны разбег, падскочыў раз і яшчэ раз, раскінуў шырока далоні, левай нагою адштурхнуўся ад стаптанай травы і ўзняўся над нашымі галовамі. Зрабіў шырокі круг па-над лугам, над лесам, накіраваўся да мястэчка. За высокім комінам малачарні павярнуў направа, абляцеў купалы новай царквы, успырхнуў над чырвонымі дахамі лясніцтва, над Вжасовай вуліцай і вярнуўся.
— I як? — спыталі паружавелыя ад ветру ягоныя шчокі.
— Ну, нічога сабе, — пакруціў галавою Гжэсь.
— Значыць, лётаеш, — ні то спытаў, ні то пацвердзіў Пеця. Ён не глядзеў на Коліка. Сачыў за чымсьці ў высокай траве і, адшукаўшы, схапіў тое штосьці зубамі, змагаўся хвіліну з упартай матэрыяй капсулі, плюнуў і працягнуў Коліку сагрэтую на сонцы бутэльку. — За твой палёт! I за сустрэчу.
— Дзякуй. Але — самі разумееце, калі лётаю — не п’ю. Нават піва. А зрэшты, — паглядзеў у неба. — Позна ўжо. I на вецер паказвае. Дзьмухне — не паляціш. Упоцемкі таксама ж...
Мы маўчалі. Бываюць людзі, якіх сустракаеш штодзённа і нагаварыцца з імі не паспееш. Бываюць і другія, стрэнеш такога раз у гадоў дзесяць — і адно, што табе прыходзіць на думку, — гэта маўчанне.
— Ну, хлопцы, мне пара. Справы чакаюць, — як і раней узяў ён шпаркі разбег, адштурхнуўся, праз хвіліну бачылі мы на фоне чыстага неба яркі зялёны пункт, а потым зелень Колікавага пінжака злілася з маёвым блакітам і знікла.
— Паляцеў, — Гжэсь сказаў тое, што і так усім было вядома.
— I х..й з ім, — груба падсумаваў Сенік.
— Вось табе і лётчык. Ветру баіцца, цемры баіцца, піва баіцца, — Пеця ўліваў у сябе апошнюю бутэльку. Па-над гладкай кругласцю цёмна-карычневага шкла паглядаў у пустое неба. А можа, так толькі, для зручнасці, дзеля спраўнейшага апаражнення сагрэтай на сонцы пляшкі, адкінуў назад галаву ды зусім і не сачыў за лётчыкам у зялёным пінжаку?
— I не пагаварылі. Цікава вось, што там у Коліка. Жонка, дзеці, — пашкадаваў Гжэсь.
— Якая там жонка! Патрэбны каму такі чудак?
— I праўда. Чудак. Заўжды разявам быў.
— I, пэўна, камуняк... Бачылі? Над царквою ляцеў і не перахрысціўся.
— Дурных не возяць, дурныя самі лётаюць, — Пеця адкінуў у траву парожнюю бутэльку. Мядзяны заходні прамень пакаўзнуўся на шкле і, спалоханы, пабег між ляшчын, між соснаў, у морак.
Крыжык
Бываюць дні, калі чалавека дастае жыццё. Абыходзіць з левага боку, перакрывае сцежку з правага. Штурхае каленам у задніцу. І толькі адзін праход пакідае свабодным — наперад, у прорву. І тады хочацца чалавеку намаляваць вечнасць. Узяць лісток звычайнай паперы, сціснуць у пальцах аловак і намаляваць яе, незразумелую і бязмежную.
І калі ўзнікне ў вас такое жаданне, і задумаеце даць сваёй вечнасці жаночы твар, не шукайце стройныя мадэлі. Яны падманваюць час джогінгамі, аэробікамі, каштоўнымі ліфтынгамі. Махніце рукой на цыцатых прыгажуняў, што ў імкненні да дасканаласці ў свае грудзі, у гэтую самапявучую паэму прыроды, у гэтую чыстую бочку мёду, без залішніх сумневаў гатовыя дадаць ложку сіліконавага дзёгцю. Толькі натуральная прыгажосць бывае вечнай. І таму дайце сваёй вечнасці твар бабкі Марусі. Есць у гэтым твары ўсё, што трэба. Паўзмрочныя маршчыны ад ста апошніх войнаў і светлыя промні ста перамір’яў, і бестурботныя радасці ўсіх летніх ранкаў, і разумныя смуткі восеньскіх адвячоркаў. Есць у твары бабкі Марусі ўсе словы, з першага да апошняга. Гэтыя словы, у якіх паэты і празаікі перабіраюць, як у грушках-гнілушках, складаючы новыя вершы і аповеды. Пра ўзрост бабкі Марусі не пытайце. Старэйшым жыхарам вёскі застаецца ён неразгаданай таямніцай, а бугхалтарам, адукаваным у матэматычных справах, атаясамліваецца з лічбай блізкай бязконцасці.