У гэтым годзе дванаццаты дзень лістапада настаў у нядзелю. Прыгожая была нядзеля, выведзеная на лістападаўскі свет такім жа жартам натуры, які час ад часу непрыгожым бацькам дорыць дзяцей — херувімаў. Сонца вандравала па-над зямлёй, як добры гаспадар, да прыходу зімы зазірала ў чорную бездань комінаў, ласкава дакраналася да дахаў драўляных дамкоў. I яшчэ на ўсялякі выпадак знітоўвала залатымі промнямі залатыя купалы царквы. Кругленькія, як і яно, сонца, купалы, што вызначаюць цэнтр мясцовага сусвету. А тутэйшы сусвет стаяў у межах немалой вёскі, сасланай прысудам гісторыі ў своеасаблівае месца. Калі б паглядзець на ўсход, ад беларускай мяжы адмяжоўвала вёску паласа карлікавых соснаў. Сосны вырасталі сцяной, і гэтыя два бар'еры, натуральны і ўзведзены чалавечымі рукамі, дапаўнялі адзін аднаго. Можна б падумаць: вось тут і заканчваецца свет.

Натура заўсёды вызначала чалавеку межы і ставіла бар'еры. Разгортвала шырокія акіяны і ўзводзіла высокія горы. I нават неба падняла вышэй ад зор, каб маглі мы дайсці да яго не раней, чым апошнім позіркам.

Але ў гэтым месцы натура пашчыравала лішне. Хто мог адсюль збегчы, даўно ўжо збег.

Тым часам з захаду ішла Еўропа. Падыходзіла марудна, нага за нагой.

З усходу вёска пачыналася адной вуліцай. Сціснутая абапал аднапавярховымі дамкамі, цягнулася кіламетр на захад, за некалькі дзесяткаў крокаў да сядзібы мясцовай улады раздзялялася на два асфальтавыя струменьчыкі. Адзін браў напрамак на поўдзень, другі на поўнач. На беразе паўднёвага струменьчыка прысеў на кукішках бар “Капрыё”. Раней месцілася тут дзяржаўная крама, звычайны кубік. абшастаны далонямі часу і рукавамі натоўпу, збітага ў штодзённай чарзе. Але новы ўласнік памяняў усё. Прыладзіў стромы казырок, а побач з франтовай сцяной, на ўсёй яе даўжыні з’явілася веранда. I цяпер складалася ўражанне, нібыта дамок польскага горскага газды ўскараскаўся на маленькую іспанскую гацыенду, і на век вечны застылі яны, знерухомелі ў міжнародным капуляцыйным акце. Але насамрэч за сценамі, размалёванымі ў карычнева-жоўтую шахаўніцу, хаваўся бар. Залай, дзе раней прапанаваліся на продаж бляшаныя вёдры, цвікі і сталёвыя зубы баронаў, авалодаў прылавак з двума піўнымі кранамі.

З левага боку прылаўка новыя гаспадары ўладкавалі эстраду. Хапала там месца бубнару, двум гітарыстам і найважнейшаму ў аркестры, клавішнаму інструменту. Iнструменты напаўняліся жыццём раз на тыдзень, у суботу вечарам. Яшчэ ў дзевяностыя гады дваццатага стагоддзя ўсе суботнія вячоры гаманілі музыкай. Цяпер, у выніку рашучай круцыяты бацюшкі Тараса, канцэрты і танцы абмежаваліся да суботніх вячораў, не пазначаных у календары чорным, посным колерам. Ды і шарэнгі ахвотных да танца скараціліся значна, і аркестр часцей за ўсё іграў дзесятку старых халасцякоў, што на спіне трымаюць сцены бару, а ў руках куфлі з півам.

У суботнія вячоры заходзіў у бар “Капрыё” і мясцовы дэпутат Сальцісон. Жонка, назіраючы, як, падаіўшы кароў, мые рукі, як голіцца, як, папляваўшы на пальцы, папраўляе прычоску, выходзіла з’едлівым пытаннем:

— Ты што, зноў у бар?

— У бар, ясна, што бар. Дурная ты баба. Сёння ў бар, а заўтра ў царкву сходзім. Не бывае палітыкі без ахвяраў. У дэмакратыі месца палітыка побач з электаратам.

Дэпутат Сальцісон у маладосці таксама дакрануўся быў да чароўнага свету музыкі і гармонікам увёў у сямейнае жыццё не адну мясцовую пару. Гэты факт даваў яму правы лічыць сябе экспертам і ў музычнай прасторы, і Сальцісон, дапіваючы сёмае піва, кідаў у бок падмосткаў:

— Хлопцы, а вы “Кацюшу” зайграйце. З мяне піва, для ўсяго аркестра, калі ў вас атрымаецца.

I тады гітарысты адступалі пад сцяну, бубнар адкладаў свае палачкі, а Валік Кот, майстар па клавішах, ганарлівым позіркам агортваў залу, націскаў патрэбны гузік і нават, для фасону, перабіраў пальцамі па клавішах. Маленькая, плоская дошка адгукалася голасам гармоніка. Другі гузік пераўтвараў яе ў скрыпку, яшчэ іншы ў саксафон, флейту або ў анёльскую арфу. І ў сваім бяздонным рэпертуары дошка знаходзіла і “Кацюшу”, і “Каробушку”, і “Ярмаркі-краскі”, і ўсе гіты самага апошняга Еўрабачання.

— О-бана! О, тэхніка! Гэта ж разумнейшае за Майсееву скрыначку, — не давяраючы сваім вушам, Сальцісон смутнеў і ныраў у восьмы куфаль, і з кожнай ноткай прыходзіў да слушнай высновы, што розум і ўяўленне гміннага дэпутата ў канфрантацыі з інтэлігенцыяй электроннай машыны прысуджаныя на руйнуючую паразу. І ўжо не прапанаваў аркестру піва ўзамен за песню пра яблыні і грушы, што наліваюцца белым квеццем у прыгожы майскі час.

Другое памяшканне бару “Капрыё” таксама дасканала захавала ў памяці той вясёлы час за Народнай Польшчай, калі ўсе людзі былі роўныя і, сціснутыя ў чарзе па цукар і курыны паштэт у бляшанцы, вельмі сабе блізкія. Гэтым памяшканнем валодалі дванаццаць квадратных столікаў. Часам гэтыя столікі разбягаліся па ўсёй плошчы залы, а часам па падлозе з мармуровай крошкі з’язджалі пад сцены, ствараючы такім чынам пространь для танцаў.

Калі б глянуць на вёску з птушынага палёту, можна б прыйсці да адзінай высновы: ролю галоўнага архітэктара заўсёды выконваў тут выпадак. Менавіта ён на беразе паўночнага асфальтавага струменьчыка і ўзвёў пажарніцкае дэпо. Але ў гэтым будынку жыццё ішло марудным крокам. І пачынаючы з дня, калі адзіны мясцовы піраман Ванька Стэцюк патрапіў за краты, чырвоная баявая машына пажарнікаў вытыркалася на белы свет толькі пры нагодзе народных фэстаў, што адбываліся за вёскай на штучным вадасховішчы. Першым турам цягнула на вадасховішча народных спявачак, загорнутых у вышываныя касцюмы, другім — скрыні піва, каўбасу звычайную, сасіскі і гарчыцу, а ў выпадках вельмі важных — нават маленькага сімпатычнага кабанчыка. I гэты кабанчык, калі ўжо пасадзілі яго на ражно, круціўся ў танцы не менш спраўна, чым прысадзістыя народныя вакалісткі.

За апошнімі будынкамі асфальт раптоўна знікаў, нібыта пад зямлю правальваўся, накрываўся мяккай пярынай пяску, на ўзгорачку, за могілкамі выходзіў дзвюма каляінамі, размежаванымі доўгай стужкай травы, і, спраўна абыходзячы могілкі, бестурботна плыў на захад, у Еўропу

Аднак гэты прыгожы дзень паціху пераўтвараўся ў саноўны лістападаўскі вечар. Дакладна так, як чорныя, густыя чупрыны хлопцаў ахунаюцца ў сівізну, і гарачая прыгажосць уступае поле сакрэтнай і халоднай прыгажосці мужчынскай спеласці.

Сонечныя промні спаўзалі на стрэхі хатаў, на царкоўныя купалы, саслізгвалі з іх, падалі ў траву ля падмуркаў і засыналі там да наступнага ранку.

У гэты вечар бабка Маруся прысела на кухні, паглыбілася ў тоўстую кнігу, апраўленую ў пацёртую скуру, упрыгожаную пазалотаю і замыславатымі бляшанымі кветкамі. Зжоўклыя старонкі кніжкі і моцна абшастаная скура на вокладках сведчылі, што маем справу з моцна зношанай аднагодкай хрысціянства.

Жанчыны, якім у маладосці здарылася безразумна прагуляцца слядамі зрынутых анёлаў, з ходам гадоў паддаюцца неверагодным метамарфозам. Сціраючы старыя сарамлівыя сляды, горача аддаюць час святым кнігам. I чым больш такіх слядоў трэба выкінуць з памяці святога Пётры, тым больш кніжак накопліваецца ў іхніх хатках.

У хаце бабкі Марусі папера, задрукаваная гісторыямі з таго і гэтага светаў, запоўненая біяграфіямі святых і грэшных, завальвала паліцу побач з кафлянай печкай, валялася на стале і пад сталом, і наўпрост з падлогі вы-растала да столі. Можна падумаць — а што, калі б не столь, падбітая лямцавай плытай і памаляваная белай алейнай фарбай? Святыя кніжкі сягнулі б воблакаў і, як драбіна !акава, спалучылі б свет зямны і свет нябесны.

Адвячоркам дванаццатага лістапада дзве тысячы шостага года, не запальваючы святла, бабка Маруся вандравала сонечнымі далінамі Абяцанай зямлі. Вандравала па вобмацку, на пальцах рук, бо вочы даўно ўжо адмовіліся служыць сваёй гаспадыні. Вандравала з аднаго аазіса ў другі, не дапамагаючы сабе ні компасам, ні геаграфічнымі картамі. Нават вочы і электрычнае святло былі для яе лішнімі. У гэтым рэгіёне свету яна ведала кожны закавулак, і ў адрозненне ад прарока Майсея, не мусіла марнаваць ажно сарака гадоў на тое, каб перайсці бяскрайнюю гарачую пустыню. Спынілася якраз на беразе Чырвонага мора. Стаіўшы дыханне, назірала за ізраільцянамі, што збягяюць з егіпецкай няволі. Бачыла паднесены конскімі капытамі туман пылу і бліскучую сталь мячоў і чула дудненне капытоў і галасы егіпецкай пагоні. Аддалася дашчэнту экспрэсіі абразка, калі раптам нехта грукануў у дзверы.

Калісьці, даўно таму, калі мясцовы свет быў яшчэ малады, не грукалі тут у дзверы. Першыя жыхары былі знаёмымі ад заўсёды, усё пра сябе ведалі, і пазнавалі адзін аднаго па кроках, па паходцы, па інтанацыі голасу і маўчання. I калі не навучыліся чытаць свае думкі, дык проста таму, што іх думкі былі кропля ў кроплю падобныя, і калі б гэтыя думкі, дзеля гульні або праз няўвагу памяняць, ніхто б таго не заўважыў. Аднак з прыходам эпохі тэлевізараў, менавіта адсюль, з драўляна-шкляных скрынак людзі ўзялі шмат дзіўных звычаяў. Вывучылі польскую мову, бульбу пачалі спажываць відэльцамі, мыцца ў ванне і грукаць у дзверы. Вось і цяпер Сальцісон грукнуў. З другога боку дзвярэй адказ не прыйшоў, і Сальцісон націснуў клямку.

— Добры вечар, бабка Маруся.

— А хто ж там прыйшоў, — не аглядаючыся, запытала бабка.

— Я, — адказаў Сальцісон.

— Мы прыйшлі, — дабавіў слова і другі прышэлец. Высунуўся з-за спіны першага і, працягнуўшы шыю, зазірнуў у кніжку. — А што ж чытаеце, бабка?

Другі мужчына называўся Коля Чокун. У маладосці працаваў у мясцовым калгасе, было ў яго сваё сядзельца на трактары і свае талончыкі на цукар і вяндліны. І гэтыя талончыкі сведчылі пра чалавечую прысутнасць у свеце жывых не горш за царкоўныя або загсаўскія метрыкі.

Даўно было. Сёння нават прозвішча Колькі, чорным атрамантам запісанае ў пашпарце, сцёрлася, пайшло ў няпамяць, а мянушка зжылася з імем, як з векавай бярозай зжываецца амяла, пераплятаецца з бярозавым лісцем, утульваецца ў галлё і п’е жывы сок наўпрост з каранёў. І толькі калі бяроза засохне і згубіць апошняе лісцё, толькі тады амяла выходзіць на свет і коле ў вочы ненатуральнай чужасцю. І калі праз гады Колька аддасць апошняе дыхание, калі бацюшка Тарас праз адчыненыя насцеж дзверы Псалтыра вывядзе яго на бязмежныя прасторы неба, калі суседзі над жоўтым узгорачкам паставяць драўляны крыжык і замацуюць таблічку, прачытаем: Мікалай Каляда, жыў, памёр, спакой душы ягонай. Прачытаем яшчэ раз і яшчэ, і запытаем у думках: “То Колька не Чокун быў? То Колька быў Каляда?” І адступім тры крокі ўбок, заходзячыся ад здзіўлення: штосьці тут не так.

Мовазнаўцы з заплюшчанымі вачыма распрануць да костачкі кожнае чалавечае слова, парэжуць яго на склады, на марфемы і паасобныя гукі. Настаўнікі гісторыі патлумачаць дзеткам, чаму Баляслаў стаў Хробрым, Іван Жахлівым, і чаму аб грудзі Рышарда білася ільвінае сэрца. Але не пытайце ні гісторыкаў, ні мовазнаўцаў, адкуль прыйшлі на свет Чокуны. І не губляйце час на гартанне тоўстых кніжак. Прысядзьце за стол з мясцовымі мужчынамі і пачакайце таго моманту, калі адчыняцца іх сэрцы, і калі ў брацкіх абдымках сплятуцца іх душы. І ў доказ мужчынскага адзінства Колька ўздыме чару, і скажа Васільку і ўсім астатнім: “Ну што, хлопцы, чокнем!” Не прапусціце той кароткі момант, калі ўзнятыя па-над сталом кілішкі аб’ядноўваюцца ў чыстым, як шкло, пацалунку.

Ігнаруючы вагу малых спраў, бабка намацала свой абшастаны кіёк, узняла яго над галавой і загадала:

— А ну-ка, расступіся, мора!

Праз прачыненае акно заляцеў на кухню бадзёры лістападаўскі вецер. Хістануў фіранку, перакінуў колькі старонак кніжкі, размежаваў марскія хвалі, і, уцякаючы ад егіпецкай няволі, ізраільскі народ пайшоў сухой нагой на другі бераг.

Бабка правяла ўцекачоў вачыма і толькі цяпер, упэўненая, што нічога ім не пагражае, закрыла кніжку. Паклала кіёк на стол і спакойна сказала:

— Святло засвяціце. Там во, побач з дзвярыма ўключалка. З левага боку.

Колька вярнуўся да дзвярэй, намацаў пстрычак — і зрабілася светласць. I бабка запытала:

— А чаго прыйшлі?

— Бо ведаеце, бабка, ёсць справа. Трэба схадзіць у адно месца. Тут, цалкам блізка, — Чокун пачухаў патыліцу і зірнуў на гадзіннік. Набліжалася пятая вечара.

— А якое ж гэта месца? У царкву, можа б, я і схадзіла, але не магу. Ногі адняло. А бацюшка Тарас, калі пасля Калядаў заходзіць з малітвай, заўсёды пытае: “Марыя, а чаму вы ў царкву не заходзіце?” I я заўсёды адказваю: “Ой бацюшка! Гадоў ужо ці не дваццаць нос за парог не высоўваю. На гэтых маіх гірах толькі ў рай ужо пайду, нікуды больш. Але ці прымуць мяне туды?” — сказала і задумалася над апошнім пытаннем.

— Прымуць, бабка. Каго ж там прымаць, калі не вас? Нават святы Пятро столькі царкоўных кніжак не перачытаў, як вы, — Чокун абвёў вачыма хаатычную бібліятэку, хрумкнуў, збіраючы словы, і дадаў: “Прымуць як піць даць. На ўсё будзе час. А сёння не святому Пётру, сёння вы нам, жывым. патрэбная.

— Я? А навошта я каму?

— Як, навошта? — Сальцісон таксама зірнуў на гадзіннік і, ляснуты па спіне яго бязлітасным ціканнем, прыйшоў Чокуну з падтрымкай. — Ды вы бабка што, тэлевізар не глядзіце? Выбары ж сёння, і кожны грамадзянін павінен выканаць свой абавязак. А вы грамадзянка ці не? — запытаў і сам адказаў на пытанне: грамадзянка, ды не абы якая — самая старэйшая ў вёсцы!

— Тэлевізар не гляджу. Гадоў ці не тры, як вецер зламаў антэну, і не гляджу. А гэтыя выбары, значыць што? — не зразумела бабка.

— Выбары, бабка, значыць трэба схадзіць у дом куль-туры і паставіць крыжык побач з прозвішчам нашага войта. I за мяне пры нагодзе можна голас аддаць. Як за дэпутата ў гмінную раду.

— Ага, — уздыхнула бабка. Лістанула запісаныя ў памяці абразкі і запытала: — А войтам хто ў нас цяпер? Той, што заўсёды быў? Памятаю, Герэк у Варшаве настаў, а ён у нас.

— Той жа, бабка. Дык навошта нам другі? А Герэк, бабка, дык даўно памёр ужо, — удакладніў Сальцісон.

— Так? — бабка склала далоні як да малітвы і войкнула: — Госпадзі, усё малодшыя ды малодшыя сыходзяць з белага свету. Але, кажаш, наш жыве?

— Жыве бабка, жыве.

— Дзякуй Богу, Прыгожы мужчына. Калісьці я да яго па шыфер хадзіла. Заходжу ў кабінет і кажу: дайце асігнату на шыфер, пан начальнік. Бо тады яшчэ не вой-ты, начальнікі тады былі. А ён адказвае: “Няма шыферу, бабка Маруся. Не давезлі. А я ж не магік, ваду ў віно вам не пераўтвару”. Гадоў пяць я абівала там парогі, а ён усё рукамі разводзіў. Няма і няма. Аж нарэшце кажа: “А, наце, упартая жанчына”. Не ведаю, ці давезлі шыфер, ці я яму абрыдла? А можа вывучыў, як пераўтвараць ваду ў віно, бо і пакінуў гэтых сваіх камуністаў і ў царкву пачаў заходзіць. Добры чалавек.

Сальцісон, заахвочаны апошнімі словамі, схіліўся да бабчынага вуха і, дыхаючы ў квяцістую хустку, ні то запытаў, ні то заявіў: — Дык пайшлі, бабка.

— Не пайшлі, не пайшлі, — запратэставала бабка Ма-руся. Ногі не панясуць. У царкву вось я схадзіла б, але не змагу.

— Ну бабка! Як жа так? Вы ж сама сказалі, чалавек добры, і шыфер калісьці даў, і на галаву не цячэ вам.

— А якраз крыху і працякае. О, там, — схапіла кіёк і пацэліла ў месца, дзе столь сыходзіцца з комінам. — Псалтыр так скруціла ад сырасці і зжоўк, што ўжо чытаць немагчыма. Добра, што я яго раней напамяць вывучыла.

— Ой, бабка. Дзірка ля коміна заклеіцца. І пры нагодзе антэна паставіцца, тэлевізар зноў зможаце глядзець.

— Так? — Пацікавілася бабка. — А хто і калі?

— Ну, заўтра, або калі там будзе час. Я сам, сваімі рукамі ўсё зраблю, — Сальцісон падышоў да печкі, задраў галаву і вачыма ўяўлення ўбачыў сябе, як сунецца да коміна, як стогне абымшэлы шыфер і скрыпяць кроквы пад напорам буйнога жываціска. І Сальцісон вярнуўся на сярэдзіну кухні.

— Вы толькі прагаласуйце, бабка. І войт, і я, як дэпутат, мы ўжо давядзем справу да канца. Скажацца Васільку, або Чуме, адрамантуюць. І так дындаюць наўкол бару, пальцам за палец не зачапіўшы. Да зімы і следа не застанецца.

— Э, там. Усе толькі абяцаюць, ды абяцаюць. А чакаць зноў гадоў пяць давядзецца, — буркнула бабка і, знеахвочаная недасканаласцямі гэтага свету і ягоных жыхароў, адкрыла кніжку і вярнулася да няскончанай вандроўкі. А яны прыселі каля бабкі, на лаве, прыткнёнай да стала на ўсю яго даўжыню. У аглушальнай цішыні гаманіў гадзіннік. І калі даўжэйшая стрэлка выструнілася на зважай, над цыферблатам адчыніліся маленькія дзверцы і адпусцілі на свет зязюлю, мабыць, не малодшую за гаспадыню гэтай хаты. І зязюля кукала і кукала, у бясконцасць. Госці, падцягваючы рукавы балоневых куртак, згінаючы ў лакцях рукі, раз пораз зіркалі крадком на гадзіннікі.

У звычайныя дні ніхто тут не сочыць за ходам часу.

У доўгай ерархіі важных і важнейшых спраў час займае ці не апошняе месца. Гэта ж свой, мясцовы час. Увязаны як сабака на ланцугу, кружыць па невялікай акрузе мясцовага далягляду, часам нават знікае з поля зроку, але адвячоркам заўсёды вяртаецца. I падкуліўшы хвост, пабрэхвае знаёмым голасам, і лашчыцца аб нагавічыны, засунутыя ў халявы гумафільцаў. Аднак і ў гэтым самым спакойным закавулку свету бываюць дні асаблівыя. Да-лёка, на лініі далягляду прачыняюцца нябачныя дзверы, і ў шчыльную, стабільную пространь прарываецца подых няўпэўненасці і хвалявання. Нешта заўжды прысутнае можа сысці і ніколі не вярнуцца.

Зязюля замоўкла, вярнулася ў сваю клетку. Бабка Маруся гартанула кніжку і патрапіла пад першыя кроплі дажджу, прадракаючыя вялікі патоп. Ной тым часам справіўся з загрузкай жывога інвентару і якраз паставіў крок на свой хітры каўчэг, калі раптам пачуў голас бабкі Марусі: “А пра курачкі ты не забыў?” Ной спыніўся, абвёў позіркам даўгі на трыста і шырокі на пяцьдзесят локцяў борт і адкрытай далоняй ляснуўся па галаве: “Маеце рацыю, бабка! На смерць забыўся. От, склероз стары. Яшчэ момант — і пазбавіў бы чалавецтва такіх прысмакаў, як яечня на скварках і печаная на ражне курачка”.

— Ну бачыш, — усміхнулася бабка. — Ганяй за чубаткай.

— Што кажаце, бабка? — Сальцісон схіліўся і праз плячо зазірнуў у кніжку, але бабка махнула толькі рукой, нібыта адбіваючыся ад назойлівай мухі:

— Ціха сядзі, калі хочаш яшчэ паабедаць булёнчыкам на кураціне.

Сальцісон зірнуў на Чокуна, Чокун — на Сальцісона.

— I што робім?

— Пачакаем. Пачытае і памякчэе. Праз пятнаццаць хвілін свет не праваліцца, — пазяхнуў Колька. Склаў далоні на грудзях, выгодна выцягнуў ногі, зноў пазяхнуў. У гэты момант ён быў як палярнік, што няўхільна набліжаецца да міфічнага полюса. Ужо бачыць у далечыні мэту вандроўкі, ноздры ўжо ловяць пах перамогі, ужо ўпэўнены ў поспеху. I тады спыняецца, раскладае апошняе вогнішча, каб спапяліліся ў жывым агні усе сумневы і дрэнныя моманты вандроўкі, усе ахвяры i нягоды. З вогнішча выходзіць цяпло, лашчыць ступні, плечы, а промні маюць упэўненасць і чуллівасць жаночых далоняў, што замінаюць цеста на святочныя пернікі і макоўцы.

Часам, закрываючы вейкі, адчыняем дзверы ў мінуўшчыну — прызабытую, але ж не мёртвую, бо мінулае бывае, як трава, што ніколі не памірае. I хопіць зварушыць з месца камень, каб зноў паднялася да сонца.

Добры анёл сну яшчэ раз крануў вейкі Чокуна, Колька мацней заціснуў вочы і ўсміхнуўся праз сон. Галава схілілася на плячо, утулілася ў гладзь балоневай курткі. I Колька яшчэ мацней пачуў цяпло, што выходзіць з вогнішча памяці. I яшчэ пачуў, як паміж шчакой і курткай упіхаецца жаночая далонь. Спачатку вялікі, пасля ўказальны палец. Увайшлі і знерухомелі. А Колька расплыўся ў поўнай усмешцы. Успрымаючы ўсмешку, як дазвол і заахвочанне, да двух першых, спраўна далучыліся тры апошнія пальцы. I цяпер цэлая далонь гладзіла непаголеную шчоку. Спрабаваў мацней перакуліць галаву і вуснамі дакрануцца да жаночай далоні. Але не атрымалася. Замест пацалунку вусны азваліся пахрапваннем. Мяккім, тонкім і цёплым, як варкаванне голуба, што спакушае распятую ў палёце галубку. На такі сігнал левая далонь жанчыны прызямлілася на правае мужчынскае плячо, і Колька, не расплюшчваючы вачэй, раптам зразумеў, што яго заносяць у танец. I ён плыве ў танцы. Уздымаецца на пальцы, ападае на левую ступню, у той момант кончык правага чаравіка, на адзін міг, кароткі, як палёт матыля, дакранаецца да падлогі з мармуровай крошкі. I Колька перасыпаецца з такта ў такт, як пясочны гадзіннік перасыпае пясок з аднае хвіліны ў другую, збягаючы ад мінулага ў будучае.

— Танец — простая справа, — падумаў Колька. Куды прасцей, чым вадзіць трактар. Ці не ў школе я танчыў апошні раз? А тут, глядзіце, як у мяне атрымліваецца!

— Ты прыгожа танчыш, — сказала жанчына, і Колька праз заплюшчаныя вочы адказаў пачутае ў думках:

— Бо танец зусім простая справа. Танчыць прасцей, чым вадзіць трактар. Але і ты, Таццяна, таксама прыгожа танцуеш, — дадаў і толькі цяпер, ад здзіўлення, адкуль ведае яе імя, расплюшчыў вочы. На вышыні. твару цёплай хваляй калыхаліся пышныя жаночыя грудзі. Зняволеныя, замкнёныя ў аковах чырвонай блузачкі, поўнай сваёй сілай напіралі на гузікі, і праз адзін такі гузік нават удалося ім прарвацца. Колька неахвотна адвёў вочы ад чароўнай з’явы, пабег позіркам праз залу. На маленькай эстрадзе Валік Кот перабіраў пальцамі магічныя клавішы, Сальцісон ад вуха да вуха расцягваў мяхі акардэона, а войт нешта крычаў у мікрафон. Аднак ягоныя словы знікалі ў музычнай прорве. І войт схіляўся яшчэ бліжэй да мікрафона, ягоныя вусны дакраналіся да срэбнай сетачкі.

— Цішэй там! Цішэй, грайкі, — гукнуў, і аркестр змоўк.

— Танцуйце каханыя. Танцуйце і кахайце адзін аднаго. Усё для вас.

Паставіў крок назад і, акрылены бязмежнай радасцю, хапіў Сальцісона за вуха: — А не казаў я? Не казаў, што ўсіх тут пажаню? А я як скажу, дык скажу. Ці не так, Сальцісон?

— Так, пан войт. Вы як скажаце дык скажаце, — паслушліва пацвердзіў Сальцісон. — Іншыя толькі наракаюць ды бядуюць. Маўляў, жанчын у нас няма. Маўляў, у горад усе паўцякалі. Каму няма, таму няма. А наш войт, калі ласка, шах-мах — і ёсць жанчыны. Поўны аўтобус бабаў з Беларусі прыташчыў. Вось галава!

— Ну, ведаеш, Сальцісон. Хочаш быць войтам, трэба галаву мець на сваім месцы. І кантакты за мяжой. Адзін тэлефон у Пружаны і па справе, — пальцамі правай далоні згарнуў пот з лысіны, ухапіў мікрафон і, зніжаючы голас пад Леанарда Коэна, завёў на замежную ноту: Dans mi, dans mi, dance mi, az po milosci kres.

Разгублены Сальцісон сам ужо не ведаў, іграць, ці не іграць, перабіраў пальцамі клавішы гармоніка і гузікі басоў, на ўсялякі выпадак не расцягваючы мех. А зал кружыў у танцы. Танчылі ўсе, хто даўно забыў, што такое танец. Старэйшыя халасцякі калыхаліся ў вальсе, малодшыя, спатыкаючыся на здрадлівыя парогі рытму, затоптваючы ў падлогу паасобныя ноты, ішлі да шчасця ўласнымі, прыдуманымі на гэты адзін вечар танцавальнымі фігурамі. Танцам вярталіся ў маладосць, у тыя хвіліны, калі ў вёсках і малых мястэчках усе людзі роўныя, бо ў іх ёсць надзея. У такім танцы музыка лішняя, дастаткова ўласных думак.

Тым часам Колька вярнуўся да грудзей, пагойсваючых перад вачыма, і з радасцю ўбачыў, што грудзі Таццяны справіліся з другім гузікам і паспяхова бяруцца за трэці. Яшчэ хвіліна — і выйдуць на волю.

— Ты, адбіваны, — пачуў моцны штуршок у плячо. Намагаўся павярнуць галаву, але яна, як ні дзіўна, заставалася на ранейшым месцы. — Адбіваны, кажу. Ты чуеш? — цяпер ужо дакладна распазнаваў голас Сальцісона, а чарговы штуршок, мацнейшы, пайшоў у вуха, і Колька пачуў, як галава, раней непаслухмяная і нерухомая, зрываецца з шыі і, нібыта футбольны мячык, ляціць наперад, і спадае ў цёплую, мяккую пуховую чырвань блузачкі. Раптоўна расплюшчыў вочы і спатыкнуўся вейкамі на тоўстую ваўняную душагрэйку бабкі Марусі.

— Ты што, спаць сюды прыйшоў? Ты ўжо забыўся, навошта нас сакратар у свет паслаў? — голас Сальцісона западаўся ў чорную студню і вяртаўся адтуль гучным лакаматывам.

— Нічога я не забыўся. От, найшла дурная дрымота, — Колька праціраў вочы.

Пасля поўдня ў бары “Капрыё” гмінны сакратар паставіў на столік дзве бутэлькі гарэлкі “Зуброўка”.

Расхіліў крыссё пінжака, спраўным эквілібрысцкім рухам выцягнуў іх на дзённае святло, як маг дастае з капелюша белага труса. Чмокнуў шклом аб шкло, павярнуў дном уверх, каб не захліснуліся паветрам пры адкрыванні, спраўна зняў капслі і паралельна, з дзвюх рук наліў дзве шклянкі, затым яшчэ дзве.

— Хлопцы, не скажу, справы не стаяць цалкам дрэнна, але ж і назваць сітуацыю добрай было б рызыкоўна. Давайце ў дом культуры ўсіх, хто жывы і яшчэ не прагаласаваў. Спіс атрымаеце ў старшыні камісіі. Чума, Васілёк, Чокун, Сальцісон — цяпер усё ў вашых руках і вашых нагах. Пераможам, не пашкадуеце, — на апошнім слове сцішыў голас, пакідаючычы іхняму ўяўленню ўсе прывілеі і гонары, належныя пераможцам вялікіх і маленькіх войнаў. — Ну ўсё, давайце. Хто не зможа на сваіх нагах, цягніце на спіне. А калі трэба падмацавацца, заходзьце сюды. Барменка ў курсе, усё за кошт гміны. Толькі, вядома, у разумных мерах, бюджэт у нас небагаты.

Вочы беспрацоўнага Васілька заснаваліся бліскучым шклом. Шкло злілося ў празрыстую жамчужыну, і жамчужына пакацілася па шчацэ, шлёпнула ў шклянку. Агаломшаны Чума адным глытком заліў у горла пякучае змесціва, а Чокун зморшчыў лоб, шукаючы ў памяці той дзень, калі апошні раз свет звяртаўся да яго па дапамогу

I толькі гмінны дэпутат Сальцісон, нечаканым ходам здарэнняў уключаны ў гэты народны партызанскі атрад, сачыў сваю порцыю малымі, арыстакратычнымі глыткамі. I як пакрыўджанае дзіця, зірыў на барменку Валянціну, на прыпісаных лёсам таварышаў нядолі, на сакратара. На адзін кароткі міг іх позіркі перасякліся. Сакратар, збягаючы ўслед за неадкладнымі справамі, быў ужо ў дзвярах. Але ж спыніўся, вярнуўся назад. Моўчкі паціснуў чатыры далоні, гладка паголенай шчакой крануў чатыры шчаціністыя шчакі. Дакладна так славутыя правадыры пасылаюць у бой сваіх лепшых гвардзістаў. Далонь Сальцісона сакратар паціснуў мацней і прытрымаў даўжэй.

— Не мушу гаварыць, разумееце самі, Сальцісон, на вас, як на гміннага дэпутата, войт ускладае найбольшую адказнасць і асаблівыя спадзяванні, — сакратар папесціў цёплым, бацькоўскім позіркам усе чатыры фігуры і дадаў: — Ідзіце і перамагайце.

І яны адставілі чатыры парожнія шклянкі і пайшлі.

— Ты спаць сюды прыйшоў? — голас Сальцісона паўтарыўся загушчаным рэхам. Лішне, Колька поўнасцю ўжо выкараскаўся з абдымкаў сну і прыходзіў да берагоў рэчаіснасці, акружаны воўчым стадам страшных думак: “Божанькі, гэта ж заўтра ўжо! Заўтра наш войт можа не быць войтам! І ўсё, як заўсёды тут, памяняецца да горшага. Прыйшлі Валенса з Бальцаровічам, і што? І адразу мой трактар чэрці на хвастах паняслі. Цяпер прыйдзе новы войт і навядзе свае парадкі. А Таццяна з’ехала і не вернецца ніколі. Казаў жа Сашка Карчук, што гэты новы кандыдат ніякіх ходаў па другі бок мяжы не мае. З дэмакратамі іхнімі тусуецца і Лукашэнку абяляць імкнецца. І вось, барані Бог, і туды завітае Еўропа з сваёй дэмакратыяй, і калгасы ляснуцца, як і ў нас было, дык і Таццяна збяжыць у якісьці Брэст, або і Парыж. А ў Парыжы напляваць на Кольку Таццяне, — халодная, лістападаўская маланка тузанула Кольку з лавы, кінула на падлогу, на калені. Ен кленчыў, узіраючыся ў вочы бабкі Марусі. У гэтых старых, як свет, вачах кандэнсаваліся ўсе найлепшыя хвіліны гісторыі ўсяго чалавецтва. Пампеі, знікаючыя ў попелах Везувія. Рым, адным жэстам, адным словам імператара Нерона пераменены ў найбуйнейшае вогнішча старажытнага свету. І нават луг пад Грунвальдам быў там. Цёплы луг, замглёны папарваючымі копкамі чырвонага сена. Але звычайныя людзі, хто не імкнецца жыць вечна на каменных пастаментах і ў папяровых лабірынтах гістарычных падручнікаў, — яны не шукаюць у сумеснай памяці мост, расцягнуты па-над ракой крыві і ахвяраў. Мост з горшага берага да лепшага. Яны шукаюць вядомае толькі сабе, імгненні і хвіліны, што капляй сэрца згубіліся ў прыдарожных васільках, у польных маках. I ў вечных вачах бабкі Марусі Колька адшукаў стары аўтобус на беларускіх нумарах. Аўтобус марудна і неахвотна, кашляючы чорным дымком, кіраваўся на мяжу, на Палоўцы, Пяшчатку і далей, у Пружаны. I ўбачыў Колька, як праз заднюю шыбу аўтобуса жаночая далонь махае хустачкай на развітанне. I халоднымі дрыготкамі ўскалыхнулася душа, і прытулілася да цёплага страўніка. Як і тады, працягнуў руку ў кішэню. Але хустачкі памахаць у адказ там не знайшлося. I пальцы заціснуліся мацней на пачку папяросаў, безразумна пакамечылі дзве апошнія “прымкі”, днём раней набытыя ў кантрабандыстаў.

— Бабка, а калі б мы вас заняслі ў дом культуры?

— Як, заняслі? На руках?

— На руках. На гэтых вось, — у голасе Чокуна прагучала дэсперацыя. Стрэлкі гадзінніка пайшлі насустрач чарговай гадзіны і, не спыняючыся, ішлі далей, да акна, на вуліцу, да прачыненай на мяжы гарызонту фортачкі ў невядомае.

— Калі на руках, я падумаю.

— Думайце, бабка. Думайце, абы хутка.

— Розныя калісьці мяне на руках насілі. Хто толькі ў сіле быў, той і насіў. Ніхто не адказваўся, — усміхнулася сваім думкам, цукеркавая слодыч усплыла на яе вусны. Але раптам замоўкла, адступіла ў сябе. Дакладна так адступае чалавек, што вышпарыцца наперад у радаснай гонцы, забываючы пра парваныя на задніцы нагавіцы, што ўсміхаюцца свету белымі зубамі кальсонаў.

— Ну як, бабка? !дзем паставіць крыжык? — ад хвалявання, каб не прапусціць доўгачаканае слова, Чокун завіс вачыма на вуснах бабкі Марусі.

— Нікуды не пайду. У царкву пайшла б, свечку б паставіла, за майго Арцёма і за ўсіх родных. А крыжыкі мне навошта? — цяпер зачынілася ў сабе на тры замкі. Аблакацілася на стол, паставіла падбародак на далонях і глядзела ў акно, на сваё адлюстраванне, размалёванае паўсвятлом на паўзмрочным шкле.

— Блін, прыдумай што-небудзь, — Чокун тузануў Сальцісона ў спіну. — А восьмай зачыняць участак — і канец песні.

— А нібыта чаму я?

— Чаму, чаму. А хто гмінны дэпутат? Я ці ты?

— Ну, я.

— Значыць, табе і падумаць трэба. А можа, ты сядзіш там дваццаты год, пярдзіш у крэсла і ўзіраешся ў войта, як бабка ў святую кніжку? I чакаеш, ці не абдорыць войт чарговым дыпломам.

— Ты не бойсь. Мне даваў войт дыпломы і яшчэ дасць. Бо і варта. А ты пабачыш дыплом, як вуха ад селядца, — адрэзаў Сальцісон. На вусны ціснуліся словы аб беспрацоўных трактарыстах, сноўдаючых з раніцы да вечара навакол прадуктовай крамы ў чаканні шчодрага донара, што ўпрыгожыць дзень бутэлькай піва або віна маркі “віно”. Аднак у апошні момант Сальцісон укусіў сябе за язык, заціснуў зубы. “Стой, Сальцісон. Палітык ніколі не павінен гаварыць усё, што думае. А ты ж палітык. Ты быў калісьці на вогнішчы з прэм’ер-міністрам. Заедзеш у Гайнаўку, выпадкова на вуліцы сустрэнеш павятовага старасту, і ён табе першы пацісне руку. А войт узяў цябе калісьці на сустрэчу з ваяводам. Гутарка ішла там пра такія складаныя справы, што нат ты, гмінны дэпутат, не ўсё зразумеў. А што зразумеў бы такі вось прасцяк? Нічога. Ад стрэсу памёр бы. Зірнуў на ўкленчанага Чокуна і цяжка ўздыхнуў, як палітык, загружаны абавязкам складаных перамоваў з апазіцыяй.

Вядома, можна аддацца сумневам: а што ж значыць гмінны дэпутат у параўнанні з прэзідэнтам Амерыкі, па-нам Джорджам Бушам, што пстрычкам пальцаў можа прыбраць з зямлі цэлы горад? I ці можна паставіць такога дэпутата нават на адну вагу з падляскім ваяводам, што бестурботна бавіць час у кабінеце сталёвашкляной будыніны, за сцяной вартуюць дзве прыгожыя сакратаркі, адна яму варыць каву, другая гарбату, а на вуліцы кіроўца сваёй слінай паліруе ў бясконцасць службовае аўто? Ці можна ў рэшце рэшт пасадзіць такога дэпутата за адзін стол з павятовым старастам, што, стомлены пяцідзённай цяжкай працай, у пятніцу пасля поўдня тэлефануе другім старастам і важным дырэктарам і, пазяхаючы, кажа ў слухаўку: “Хлопцы, а давайце стрэлім заўтра якога дзіка або зайчыка”. І на досвітку саджае на галаву капялюш з паўліным пяром, засоўвае ў кішэню пляскатую бутэльку французскага каньяку, вешае праз плячо дубальтоўку і знікае ў пушчанскай гушчэвіне да нядзельнага вечара.

Малы каменьчык, гмінны дэпутат — падумаюць дылетанты. Але кожны, хто хаця б адным пальцам дакрануўся да палітыкі, ведае — на такіх каменьчыках і грунтуецца ўся піраміда ўлады. Камяні зверху і камяні знізу павінны трымацца ў адной кучы, каб напярэдадні важных выбараў не рассохся, не выкрышыўся нябачны клей, званы голасам народа. У другім выпадку абрынецца піраміда, разыдуцца дробным макам камяні, і кожны, хто захоча, нават такі Колька Чокун, зможа таптаць іх, плюючы пад ногі чорнымі семушкамі.

— Ты мне дыпломамі не даганяй. Даў войт, значыць заслужыў я. Такія, як я, кормяць усіх гарадскіх гультаёў. І не адно гарадскіх, — у голасе Сальцісона прагучала тонкая алюзія, закід усялякім Чокунам, што не сеюць і не жнуць, і толькі беспрадуктыўна пераапрацоўваюць кісларод у вуглякіслы газ.

Стаялі шарэнгай. Найлепшыя вытворцы малака ад усяе гміны. Было іх сем. Сем цудоўных мужчын у чорных і цёмна-сініх гарнітурах па дзвесце трыццаць злотых кожны. Пад напорам шырокіх плячэй швы падыходзілі да межаў вытрымкі, a кадыкі, раздражнёныя пахамі, якія цягнуліся з суседняга пакою, трапяталіся, нібыта дзікія птушкі, замкнёныя ў цесных клетках гальштукаў.

— Віншую, — зграбна стаўляючы левы бліскучы боцік да правага, войт крочыў уздоўж шарэнгі. Моцна, па-мужчынску паціскаў далоні, і ў кожнай далоні заставаўся насычаны залатымі прыгажосцямі дыплом. На адвароце, у самым цэнтры, віднеў надпіс, старанна выкаліграфаваны рукой гміннай сакратаркі: “Найлепшаму вытворцу малака”. Вышэй стаяла дата, а знізу круглая пячатка з арлом і размашысты аўтограф гаспадара гміны. Калі б павярнуў Сальцісон свой залаты дыплом на другі бок, знізу, у правым куточку, знайшоў бы авальную фіялетавую, як спелая сліва, пячатку: “Зроблена ў кааператыве інвалідаў “Будзь здароў”. Цана адзін злоты дзевяноста дзевяць грошаў”. Але пакуль нацешыў вочы залатымі зігзагамі, пакуль пяшчотным дотыкам тройчы пералітараваў слова “найлепшаму”, пакуль прывітаўся з арлом у кароне на чырвонай пячатцы, адчыніліся дзверы ў вялікую залу гміннага ЗАГСа, з прыхаванай у кутку гаварылкі сарваўся “We Are the Champions” гурта “Квін”, і высокі голас Фрэдзі Мерк’юры, растрасаючы па баках шкло і парцаляну, прабегся па сталах, загарнуў кампанію і павёў за сабой. Сальцісон асцярожна скрунуў дыплом у рулончык, засунуў яго ва ўнутраную кішэню пінжака, падхапіў пад руку шлюбную жонку. Жонка фарсіла новай сукенкай і пахла свежымі вяндлінамі. У дадзены момант вяндліны красаваліся на сталах, а яшчэ ўчора ўсе гэтыя паляндвіцы, каўбасы і беконы выразала з суседкамі з кабана, купленага на сённяшнюю нагоду найлепшымі ў гміне вытворцамі малака ад найлепшага ў гміне вытворцы мяса.

— Войт запрашае, а мы нібыта галышы? — два дні раней Сальцісон адчыняў тайныя абрады лепшых вытворцаў малака, скліканыя на хуткую руку ў сябе дома.

— Слушная заўвага, — падтакнуў Сашка Карчук, па прычыне буйнога росту званы Асадкай. — Не галышы мы і ў госці да войта з парожнімі рукамі не пойдзем.

— Не пойдзем! — падтрымаў Сашку згодны хор галасоў.

— Дык што? Бярэм у Алёшкі кабанчыка? У яго іх сот-ня, на кожны густ і кішэню. У мяне стукнем, вянджарня свая, бабы, калі іх добра прыжмем, да заўтрашняга вечара справяцца і з каўбасамі, і з кумпякамі, — кінуў прапанову Сальцісон. Не губляючы час на лішнія дыскусіі, прынялі праграму праз акламацыю, селі на трактары і падаліся за вёску, дзе месцілася ферма лепшага ў гміне вытворцы свініны.

— Вось гэта ўсё для вас, даражэнькія. Чым гміна багата, — працягваючы рукі, войт прэзентаваў багацце мясцовай кухні. — Улада павінна служыць грамадству і ўзнагароджваць найлепшых, — зняў са стала першую па чарзе бутэльку, сваімі рукамі запоўніў кілішкі, што сарамліва падсоўваліся з усіх бакоў. А калі запоўнілася шкло, войт узняў тост: — Дарагія грамадзяне! Хто, калі не мы, стварае лепшую будучыню? Нашыя міністры зверху, ваяводы крыху ніжэй, войт пасярэдзіне, а вы знізу, на самай важнай, першай лініі змагання! — адставіў кілішак, левую далонь заціснуў у кулак, абняў гэты кулак правай далоняй, прэзентуючы сілу еднасці.

Варта жыць дзеля такіх хвілінаў. Чалавечае жыццё складаюць дні, месяцы і гады, але ж адно нешматлікія хвіліны маюць сапраўднае значэнне. Гэтыя хвіліны, калі адчуваеш сябе неабходнай часцінкай магутнай махіны, што мяняе ход гісторыі. Захоча, паскорыць крок падзеяў, захоча — прымарудзіць. Паверне направа або налева. Калі ў сваёй біяграфіі чалавек знойдзе такія хвіліны, ён не памірае поўнасцю.

Пасмоктваючы з кілішка пякучую самагонку, Сальцісон падумаў пра прэм’ер-міністра Цімашэвіча. Ля вогнішча, у вёсцы Тапіла ён ні ў чым не быў падобны да прэм’ер-міністра, вядомага з тэлевізара. Пад вачыма тонкімі маршчынкамі размалёўваліся клопаты не чужыя і гміннаму дэпутату, і як усе смяротныя, засунутай на кіёк каўбаскай ныраў у вогнішча. Полымя танчыла з ветрам, і той жа вецер адной рукой чохраў валасы прэм’ерміністра, а другой расчэсваў буйную чупрыну старшыні гміннай рады, што карміў агонь бярозавымі і грабавымі паленамі. І яшчэ прыйшлі Сальцісону на думку іншыя прэм’ер-міністры і прэзідэнты. У тэлевізары яны таксама выглядаюць, як постаці з незямнога свету, а вось пры вогнішчах, пры грылях, сумесна з сваімі амерыканскімі, французскімі, нямецкімі гміннымі дэпутатамі складаюць адну вялікую сям’ю. І ўсе разам, таксама і ён, Сальцісон, рухаюць зямны шар у вызначаным напрамку.

— Дамоў пайшлі. Тож усё малако на пашы засталося. Скісне, як піць даць, — жонка нясмела торгнула мужаў рукаў. Аднак жаночы голас пралятаў міма, знікаў у бездані вечара, запаўзаў пад цёплую пярыну ночы, пад пергаментную прасціну белага досвітку. Цяпер Сальцісон аддаў думкі Чокуну, Васільку, Чуме і ўсім астатнім няўдачнікам, што топчуцца з кутка ў куток бара “Капрыё” ў чаканні чужой ласкі і гатовых рэцэптаў лепшай будучыні.

— Ну, даражэнькія, яшчэ па адным. Па капельцы. Сам я гэты рарытэт учора прывёз з пушчы. Праўда, цукроўка. На жаль, як ведаеце, няма ўжо ў нашай гміне жытняй. І апараты іржа з’ела, і майстры звяліся. Але гэта лепшая цукроўка пад сонцам, пад мой асабісты заказ. Бо і вы найлепшыя. І вы, Сальцісон, найлепшы. І я найлепшы. Даць нам такія грошы, як Варшава мае, мы не адзін, мы два Палацы культуры збудавалі б. І яшчэ на метро пад вёскай засталося б, — ікнуў, горлышка бутэлькі цокнула аб край кілішка, а войтава далонь ляпнула плячо Сальцісона.

І Сальцісон пачуў раптам, як гэтая далонь перадае яму моц і сілу ўсіх прэзідэнтаў, прэм’ер-міністраў і ўсіх у свеце дэпутатаў. Выструніў грудзі, трэснуў абцасам аб абцас, узняў кілішак над галавой, аддаў гонар усяму свету і гадзінніку. А гадзіннік няўмольна крочыў да чацвёртай гадзіны раніцы.

— Так пан войт! Я заўсёды з войтам. Вы ўжо, мабыць, і не памятаеце, вы ўжо, мабыць, і забылі. Бо і спраў на вашай галаве — ог-го-го колькі, і даўно было, яшчэ ў васьмідзесятыя. Талон вы на трактар мне далі. Цяпер я за войтам і ў агонь пайду!

— Яны, спадзяюся, таксама. Выбары не за гарамі, — буркнуў войт і шматзначным поглядам акінуў кампанію, сонна вальсуючую паміж сталамі.

— Ну, вы што, пан войт? Мы ўсе як адзін з вамі. Калі хто да нас з дабром, мы яму ў сто разоў. Такі мы, праваслаўны народ. Вось, прыкладам, трактар мой даўно на металаломе, а я не забыў. А сваёй дарогай, навычваралі з гэтай дэмакратыяй, ой, навычваралі. Дзе ні глянь, адно выбары і выбары. Раней усё было простае. Улада казала, што рабіць, і людзі рабілі. I кожнаму занятак быў. А цяпер усе палітыкуюць і ў начальнікі ішлі б. Або лахудры прэзідэнтура мроіцца, або і на войтава крэсла пнецца.

— Нічога не зменіш, Сальцісон. Час такі прыйшоў. Ды ладна, яшчэ адзін тэрмін — і да пенсіі дажывем, — вочы войта прыгасіла імгла смутку і стомленасці.

Пасля, збіраючыся ў малыя групкі, уваходзілі ў Еўропу, пакідалі яе, падпісвалі пакты з усходам і захадам, не забываючы і пра Амерыку, якая замест таго, каб узяцца за работу і прыбраць сламсы з уласнага панадворка, імкнецца авалодаць усім светам і пры кожнай нагодзе дапячы Расіі.

— Ты пабачыш, усё ўчарашняе малако пойдзе ў каналізацыю. Поўныя чатырыста літраў, — жонка тузанула Сальцісона ў локаць якраз у той момант, калі ён дакладаў Сашку Карчуку бязглуздасць амерыканскіх генералаў, што мантачаць час і грошы на руйнаванне бомбамі пяску наўкол горада Багдад.

— А Афрыка галадае і ад прагі памірае, — Сальцісон завяршаў даклад, калі знянацку прыйшоў гэты здрадлівы штуршок. З напоўненага пад завязку кілішка абарвалася кропля самагонкі і ўпала на гмінны дыван — жоўты і сухі, як пустыня Аль-Джазіра. Уліў у сябе астаткі з кілішка, падэшваю пантофля затаптаў дыван дакладна там, дзе перламутрам рассыпаліся кроплі самагонкі. Затоптваў іх дакладна, як затоптваецца месца злачынства, як замываюцца плямы на гонары. Далікатна, але станоўча падхапіў жонку пад руку і адвёў тры крокі ўбок.

— Мы не можам сысці першымі. Што войт аб нас падумае? Дурное малако важней нам за войта? Разумеет? Гаўно ты разумеет, баба дурная. Абы каго сюды не запрашаюць. Ты хочаш быць, як Чуміха? А можа з Насцяй Васільковай больш табе зручна складаць кампанію, а? Можа надаеў табе вялікі свет?

— Але ж чатырыста літраў, — ціха, праз слёзы хліпнула жонка. Нібыта на злосць, нібыта заўпарцілася даказаць усяму свету, што нічога-нічога не разумее, ні рэчаіснасці, ні прынцыпаў, па якіх вызначаецца чалавеку месца ў мясцовай іерархіі.

I тады пацягнуў жонку за дзверы. Разглянуўся па калідоры і адкрытай далоняй ляснуў па галаве, аж андуляцыя, кладзеная працавіта ўсю раніцу на бігудзі, разышлася на чатыры вятры.

Чарговага дня апоўдні, на радасць усім вакольным сабакам і чорным варонам, што кружылі над лугамі, шасцёра найлепшых у гміне вытворцаў малака злівалі ў меліяратыўную канаву белую кіславатую вадкасць. Сальцісон пад’ехаў апошнім. Выключыў матор, злез з трактара, падышоў да цыстэрны і шарпнуў кран. Цыстэрна хлюснула белаю густаватасцю, і Сальцісон выгукнуў з захапленнем:

— Ну як, хлопцы? Свой чалавек, наш войт. I сам вып’е, і другім не шкадуе. I каго трэба ўшанаваць, ушануе. Трыццаць гадоў пры ўладзе, а не сапсавала яго ўлада.

— Што праўда, тое праўда, — адказаў хор з шасці галасоў.

А цяпер усяму можа прыйсці канец. Знікне вядомы, зразумелы парадак, з’явіцца новы. А будзе ў гэтым но-вым свеце месца Сальцісону? Не акажацца апошнім гэты не першы дыплом? Хто ведае, можа, новая, невядомая сіла зрыне яго з арбіты, выштурхне на пабочыну, накіруе ўслед за Чумой, за Чокунам? Сальцісон заплюшчыў вочы і ўбачыў сябе ў пары з беспрацоўным Васільком, як гоняцца навыперадкі за акуркам, кінутым ананімнай ру-кой на тратуар. Заціснуў зрэнкі яшчэ мацней і апынуўся пад сцяной дома культуры. З-за беларускай мяжы, акірэчыўшы хрыбет сонца, высоўваўся панядзелак. Першыя промні ўпалі на сцяну і на прышпілены да яе пратакол выбарчай камісіі. У ранішнім сонцы таптаўся белы, як тая папера, сакратар гміны. Адыходзіў, вяртаўся, углядаўся з недаверам у напісанае і рваў з галавы валасы.

— Адным голасам прайгралі. Адным адзіным голасам!

— упаў на траву, падняўся, сеў на кукішках. Працягнуў рукі да нябёсаў і завыў: — Сальцісон, сабачы сыну! А дзе ж голас бабкі Марусі?

Гэты абразок, намаляваны мёртвай будучыняй, і падарваў Сальцісона на ногі. Разглянуўся, страпянуўся і рушыў.

— Бабка, давайце зробім так. Спярша занясем вас у дом культуры, споўнім грамадзянскі абавязак. Затым злётаем у царкву, і споўніце свой абавязак хрысціянскі. А свечак паставіце колькі захочаце і за каго захочаце.

— Э, там. Спіць ужо, напэўна, бацюшка Тарас. Або папівае з матушкай гарбатку на плябаніі. Царква зачыненая, — у голасе бабкі Марусі прагучаў абгрунтаваны жыццёвым вопытам сумнеў.

— Калі спіць, разбудзім. І царкву адчынім. Святыня для людзей быць павінна кругласутачна. І голас дэпутата таксама не апошні ў вёсцы. Ці не так? — разгарнуўшы крылы абражанай амбіцыі, Сальцісон ляцеў па-над верхавінамі найвышэйшых гор, а ў такія хвіліны чалавек забываецца на цэлы свет і таксама на тое, што ў нашыя часы слова божага слугі бывае найважнейшым словам, закрываючым або адкрываючым дарогу да ўсіх почасцяў і гонараў.

— Кажаш, разбудзім? — упэўнілася бабка.

— Без сумнення, бабка. Разбудзім і на ногі паставім!

— Хм. Кажаш, разбудзім. Калі так, нясіце мяне. Дайце толькі кажушок. Там, побач з дзвярыма, вісіць, — расселася пасярэдзіне лавы, заціснула пад падбародкам кончыкі хусткі, склала далоні на грудзях. Загарнулі бабку ў кажушок, апусціліся на калені. Адну пару рук спялі за яе спінай, другую ніжэй, пад сцёгнамі.

— Устаем? — запытаў Чокун.

— Устаем. На раз-два-тры, — даў каманду Сальцісон.

Напружваючы мускулы рук і ног, сантыметр за сантыметрам лавілі вертыкальную пазіцыю.

— Ну, ужо нашая, — застагнаў Чокун.

Падышлі да дзвярэй.

— Блін, зачынены. Чаму раней не адчыніў, — гыркнуў Сальцісон.

— А нібыта чаму мне аб усім думаць? А твой дэпутацкі розум дзе? Ніжэй спіны? — Колька не застаўся ў даўгах.

— Ладна, шкада часу. Давай назад, — Сальцісон заціснуў зубы і замоўк. “Чорт лысы. Вось давялося, вось блін, дажыўся! Плячо ў плячо з Чокунам бізнес рабіць, за лепшую будучыню змагацца. А хто ж ён? Былы трактарыст. Нават бабы сваёй не мае”.

Зноў пасадзілі бабку на лаву, асцярожна, як сапёры ўкладаюць на кузаў машыны пакінутую саветамі або немцамі праіржавелую міну. Сальцісон адчыніў дзверы ў сенцы і другія, на вуліцу. Свежы лістападаўскі холад забег на кухню. Цырыманіял ладкавання бабкі ў жывы кошык паўтарыўся, але вынікам трэніроўкі цяпер усё пайшло куды хутчэй. Выйшлі. Прыпыніліся на ганачку. Чокун тузануў каленам дзверы, і дзверы зачыніліся. Скалыхнуўшыся, схапіўшы раўнавагу, сінхранізуючы рытм крокаў, пайшлі да фортачкі.

У кошычку, сплеценым з мужчынскіх далоняў, сядзелася бабцы Марусі не менш выгодна, як імператарцы Клеапатры на сваім караблі, калі спяшала на сустрэчу з Маркам Антоніем. Борт карабля быў пазалочаны, вёслы срэбныя, а па-над бортам стаялі пурпурныя ветразі. Галаву Клеапатры прыхарошвала залатая карона, а на шыі пабразгвалі сапраўдныя жамчужыны.

Тут, калі б прысесці на кукішках, калі б глянуць знізу, і ўкласці ў позірк жменьку ўяўлення, таксама можна б падумаць, што на галаве бабкі Марусі зіхаціць карона, адлітая з месяца, а абапал квяцістай хусткі дындаюць навушніцы з зор. Аднак ні Чокун, ні Сальцісон нічога аб Клеапатры не ведалі, бо ніколі раней не чыталі Старэйшага Плінія, які западазраваў егіпецкую каралеву ў карыстанні начнымі посудамі з сапраўднага золата. I не здагадваліся ў існаванні паэта Праперцыя, які складаў вершы пра Клеапатру — прастытутку, што аддаецца раскошам у горадзе Канопас. I ні слова не чулі пра Віктара Аўрэлія. Шкада, бо на думку Віктара Аўрэлія, Клеапатра была вельмі прыгожая, і шмат якія мужчыны ахвотна ахвяравалі жыццём за адну ноч у яе пасцелі.

Бабка Маруся таксама была прыгожая ў маладосці. I бывала, Косцік, сусед з-за плоту, або другі сусед, Юзік, бралі яе на рукі і заносілі ў вялікі ложак, высланы канічынай, пахучы мятай і рамонкамі, абсыпаны жамчужынай вечаровай расы. I цяпер, хаця час прыбраў прыгажосць, сядзела выгодна ў кошычку, сплеценым з плячэй Сальцісона і Колькі Чокуна, і яны не шкадавалі ахвяраваць пазваночнікамі, рукамі і нагамі, абы даставіць бабку ў дом культуры, дзе разлажылася аблогай гмінная выбарчая камісія.

— Ужо і не памятаю, калі апошні раз на руках мяне насілі, — едучы квяцістай хусткай праз залатыя каляіны Малочнага шляху, бабка войкнула ад захаплення. — Бадай што да шлюбу. Тады Косцік і Юзік знялі мяне з фурманкі і панеслі, аж затрашчалі царкоўныя сходы. А мой Арцём ужо чакаў у прытворы і ўсміхаўся вясёла. А прыгожы быў, як які кароль.

— I дурны, як асёл, — праз сціснутыя зубы буркнуў Сальцісон. — Калі ўжо накарысталіся, колькі ўлезе, калі абрыдла ім, як гнілая рэдзька, узялі і ў царкву завалаклі. Арцёмку аддалі.

— Што кажаце? — бабка раптоўна апусціла галаву, збіваючы з Малочнага шляху загубленую зорку.

— Нічога, бабка, нічога. Выгодна вам?

— Ой выгодна. Яшчэ як выгодна. Ах, які быў прыгожы мой Арцём. Праўда, гадоў за мяне на дваццаць старэйшы, але ў шлюбным касцюме, ну проста біблейскі імператар.

Вядома, магла б у той момант бабка Маруся аддаць сябе ў валоданне ўяўленню і на гэтую ціхую, рассветленую ліхтаром месяца вуліцу паклікаць імператара Марка Антонія, і ўлавіць яго гуллівы хлапечы позірк, якім вылузвае Клеапатру з яе сціплых паталашкаў, з незлічоных жамчужынак, залатых званочкаў і дыяментавых зорачак. Такія адкрытыя і бездапаможныя хвіліны не часта бываюць у жыцці імператараў. Бо ніколі не спяць ворагі і фальшывыя сябры, і трэба вачэй навокал галавы і каменны позірк, каб у зародку пагасіць кожную бунтарскую думку і абрэзаць далонь здрадніка, што сціскае за спінай халоднае лязо мяча або нажа.

Але ж і яна, бабка Маруся, самая старэйшая ў гэтым закавулку свету, не дакраналася памяццю дастаткова да-лёка, каб улавіць там Марка Антонія. І едучы хусткай праз Млечны шлях, усміхалася шлюбнаму Арцёму, які пры жыцці працаваў дрывасекам у Белавежскай пушчы і аднойчы спіўся так, што заснуў у мяккай, утульнай снежнай пярыне. Толькі праз тыдзень знайшлі яго гаёвыя, здымаючы пасткі, пастаўленыя на зайцаў і аленяў. Усё-ткі гэта лепшая смерць за імператарскую, з рукі Брута, або іншага сябрука.

— Цяжкая халера. Як камянямі набітая. Пад сто дзесяць будзе. У скупцы пайшла б у першы клас. Або і ў экстра, — Сальцісон падзарабляў калісці класіфікатарам на скупцы жывіны, і хаця прайшлі гады, вагу ўсяго, што рухаецца на двух і чатырох нагах, вызначаў беспамылкова. У крайнім выпадку мог прамахнуцца на кілаграм, паўтара кілаграма.

— Усё-такі на машыне трэба было, — уздыхнуў Чокун.

— А піць трэба было? — рытарычным пытаннем адказаў Сальцісон.

— А тож і напіліся! Дзве бутэлькі на чатырох. Калісьці, як ездзіў я на трактары ў саўгасе, здаралася прыняць літр на мазгі і ехаць. I да мэты даехаць. Вып’ем на ўсю катуш-ку, калі войт стрымае абяцанне.

Прайшлі моўчкі метраў пяцьдзесят, і Чокун запытаў:

— Як думаеш, стрымае?

— Захоча, стрымае.

— Добрая справа — улада. Можа абяцаць і даць, а можа абяцаць і не даць. I нічога не зробіш.

— Стрымае, стрымае. Не хвалюйся. У яго слова даражэй за грошы. Памятаеш, абяцаў калісьці: “Пакуль я тут, ніякай у нас вайны не будзе”. I што? Югаславію збамбілі, Iрак збамбілі. Нават дурным амерыканцам дзве найпрыгажэйшыя вежы разбурылі. А ў нас спакойна.

— Я не пра тое, — уздыхнуў Чокун. Я вось думаю, ці на маім вяселлі здорава пап’ем. Войт бабу мне абяцаў.

— Бабу? Рускую? Гэту, з кім ты, нібыта маладзён, у танцы ў “Капрыё” выкручваў?

— Ага, Таццяна яе завуць.

— Э, там — скрывіўся Сальцісон. Рускія бабы нічога не вартыя. Тоўстыя і ўвогуле, — калі б не бабка Маруся, Сальцісон махнуў бы пагардліва рукой і плюнуў бы пад ногі. Але ў дадзеным становішчы ўсю сваю знеахвочанасць да жанчын з-за ўсходняй мяжы ён уклаў у два словы: “Э, там”.

— А мне падабаюцца тоўстыя. Тоўстая і сноп на фур-манку закіне, і ноччу ёсць да чаго прытуліцца. А ты нібыта эксперт па рускіх бабах?

— Коля, катлетаў ты за жыццё столькі не з’еў, колькі я золата з саюза перавёз. Рускае рускім. Не тое, што нашае.

— Але ж мы таксама рускія.

— Ну, нібыта так. Але не аж так.

— А як? — Чокун не адступаў.

— Крыху менш, — Сальцісон гортаў думкі ў пошуках сэнсоўных аргументаў, але нічога на хуткую руку не знайшлося.

Пакрыўджаны неадэкватнай кампаніяй, раззлаваны нахабніцтвам Чокуна, сказаў: “Рускія бабы без Бога выхаваныя. Няверныя яны”.

I Чокун замоўк. Апошнія словы ўліліся ў сэрца чарай гаркоты, а нябачная крошка сумневу ўпала на дно душы. Адчуваў яе кожным крокам, як камень у чаравіку. Бачыў Таццяну, як аддаецца цялесным раскошам, недзе там, за лесам, за мяжой, у маленькім мястэчку Пружаны, аб якім нічога не ведаеш, акрамя таго, што яно ёсць. I аддаецца гэтым раскошам, дзе пападзе і калі захочацца, шмат разоў за дзень, бо няма ў ёй ні веры, ні страху перад Богам. Касяком зірыў на Сальцісона, і накаплялася злосць, адчайная прага — кінуць усё наўпрост на асфальт, парваць далоні, звязаныя ў кошык пад пульхнымі ягадзіцамі бабкі Марусі. I няхай будзе, што вызначыць лёс. Але з кожным крокам гэты чорны, намаляваны словамі Сальцісона партрэт Таццяны расплываўся, выблякаў, губляў вастрыню. I з лістападаўскага мораку выходзіў зусім іншы абраз.

— Ой які ў цябе прыгожы гадзіннік, — сказала Таццяна, калі правяраючы час, што застаецца да балючага развітання, зірнуў крадком на руку. — Пакажы.

— Ваш. Ракета называецца.

— Але час паказвае няправільна. Гадзіну да майго спазняецца. Дай, навяду, — Колька падставіў руку, а яна спраўна расшпіліла спражку, адным рухам пальцаў прагуляла даўжэйшую стрэлку па поўнай дыстанцыі цыферблата. — Цяпер добра. Цяпер мой час належыць табе.

Аўтобус знік за паваротам, і Колька зноў зірнуў на гадзіннік. Стрэлкі стаялі ў мёртвым знерухоменні. Сэрца старой “Ракеты”, прымушанае ў адзін міг прабегчы поўную гадзіну, спынілася на заўсёды. Нехта ляпнуў Кольку ў плячо. Пакуль паспеў павярнуць твар, пачуў радасны голас войта: — Ну што, паехала? Не сумуй, Коля. Паехала, прыедзе. Я, войт, табе абяцаю.

I Колька яшчэ месяц насіў на руцэ мёртвы гадзіннік, сімвал часу, неіснуючага, спыненага да чарговай сустрэчы з Таццянай. З ім засынаў. I снілася Кольку Таццяна, як па другі бок мяжы раз за разам правярае гадзіннік, і выструньвае вушы, ці не азавецца тэлефон, ці не прагучыць у слухаўцы цёплы голас польскага войта: пані Таццяна, запрашаю ў госці. Зноў будуць танцы, і ўвогуле будзе ўсё.

Падыходзілі да цэнтра вёскі. Па правы бок вуліцы драмаў пляц былога калгаса. Загорнуты ў морак, зато-плены да каленаў у траву, крапіву і лопух. Наўскос праз вуліцу, за паваротам стаяў бар “Капрыё”.

— Памятаеш, там калісьці крама была, — адазваўся Сальцісон.

— Пытаеш, як малога. Вядома, памятаю.

— А Анельцю, прадаўшчыцу? Чацвёртачкай яе звалі, памятаеш?

— Ну як жа забыць такія грудзі. Ведаеш, па-мойму ў Таццяны таксама чацвёрты памер, — усміхнуўся Колька.

— Добрая жанчына была, Анельця. Крама дзяржаўная, а яна на сшытак давала.

— Што кажаце? — бабка схіліла галаву, а месяц закінуў яе цень на наскі ботаў, што сунулі асфальтам. А асфальт у месячным паўсвятле нагадваў сома, хвілінай раней выцягнутага з вады, абцякаючага напаўбелым, жывым, і напаўмёртвым, уваходзячым у шэрань, срэбрам.

— Нічога, бабка, нічога. Сядзіце, калі вам добра, — зноў уздыхнуў Колька. І збягаючы ад упіваючагася ў далоні баласту, павандраваў думкамі ў той час, калі трава на калгаснай пляцоўцы не падымала галаву вышэй за косткі, бо тапталі яе штодзень колы трактароў, а крапіву, загнаную ў самыя недаступныя закавулкі, нават там знаходзіў вартаўнік Казік і спраўна збіваў касой.

Час быў прыгожы. А пятнаццатай ставілі трактары на пляц, дыспазітар забіраў карту працы і ключыкі, а сонца свяціла так хітра, што ўсе промні перасякаліся на сцежцы ў краму. І клаліся ў залатыя каласы, у жоўтыя кветкі, у экзатычнае лісцё. І ногі самі неслі па гэтым дыване, якога ніколі не бачыў і не таптаў бліскучымі ботамі нават першы ў краіне чалавек. А гэты прыгожы час выспеў, дайшоў да межаў звышпрыгажосці, калі ў вялікай машыне дзяржаўнага гандлю нешта захрабатала, закашляла, застагнала. I махіна спынілася. На паліцах, яшчэ месяцам раней запоўненых дзесяткам асартыментаў гарэлкі, застаўся адзін адзінокі албанскі каньяк “Skanderbeu”. Бралі гэты графскі напітак, хто бутэльку, хто дзве, засоўвалі ў кішэні пахучых нафтай куртак, або ў халявы гумафільцаў. Затым кіраваліся за краму і лягалі ў высокай траве. Васілёк працягваў руку па скураную рапартоўку, часам знаходзіў там колца каўбасы, часцей ладны кусок сала. Доўгі, на далонь каваля, тоўсты на тры пальцы. У рэшце рэшт рапартоўка так насыцілася пахам сала, што ў крайнім выпадку, у галодны час, пры адсутнасці нармальнай закускі, можна было б піць гэты каньяк і падманваць страўнік, панюхаўшы выпраўленую свінную скуру.

Дапівалі каньяк да апошняй кроплі і, зачапіўшыся за пярэстыя воблакі, адплывалі ў іншае, недаступнае вачам вымярэнне неба. I не здагадваліся, што менавіта так пачынаецца калапс, смерць зоркі, якая толькі ўяўна атрымала вечнае жыццё. А насамрэч, як і ўсё астатняе, мае свой пачатак і канец. У апошнім дыханні надзімаецца да небасяжных памераў, на адзін міг захапляе сусвет феерыяй вогненных языкоў — залатых, пякучых, як албанскі каньяк. А пасля раптоўна курчыцца, ападае сама ў сябе і пераўтвараецца ў дзіру, такую чорную, як гэтая мясціна. Вядома, пройдзе час, і мёртвая матэрыя можа даць жыццё новай зорцы. Так старая дзяржаўная крама нарадзіла бар “Капрыё”. Але пад новай зоркай, пад новым небам усё будзе іншае.

— Ну і цяжкая халера. Я ўжо не магу. Дацягнем да твайго слупа і адпачнем, — застагнаў Сальцісон.

— Да якога майго — слупа?

— Добра ведаеш, да якога. Насупраць бара. Ты ж яго калісьці касілкай скасіў.

— А ты адкуль ведаеш? — здзівіўся Чокун.

— Усе ведаюць. Ведалі і тады. Аж дзіўна, ніхто язык не высалапіў. А дапытвалі міліцыянты, ой дапытвалі, хто тут такі рэйдавы кіроўца. I мяне выклікалі ў міліцыю. Памятаю, пытае камендант: “Як думаеце, Сальцісон, можа гэта дыверсія якая, можа нейкі амерыканскі сабатажыст электрычнасць нам перакрывае? Можа гэта помста за ваеннае становішча?” А я кажу каменданту: “Ну які дыверсант, пане каменданце? Ні адзін тут не пракаўзнецца, зловім у тры міга. От, кажу, напіліся хлопцы і з паваротам не справіліся”. Так кажу каменданту. А яму камень з сэрца, што ўсё ў нас як і раней, усё нармальна.

Пасадзілі бабку на лаўцы, Чокун уздыхнуў з палёгкай і абцёр ад поту лоб.

— А ведаеш ты, Сальцісон, я тады ўвогуле не быў п’яны. Усяму вінаваты албанскі каньяк. Страўнік з-за яго так разбалеў, аж у вачах сцямнела. Я толькі махнуў кіраўніцай, трактар пайшоў налева, касілка направа, і ўсё, быў слуп і няма слупа. А ў краме то на два дні святло згасла і каўбаса ў лядоўні засмярдзела, і Анелька раз’юшылася. Але раскупілі, праўда — ужо не на карткі пайшла.

Чокун падышоў да слупа, пагладзіў яго пяшчотна, грукнуў, нібыта, ў дзверы мінуўшчыны. Насычаная чорнай смалой драўніна адгукнулася здаровым голасам. Быў гэты слуп не як ўсе астатнія. Зломаны на вышыні метра ад зямлі і нанова зрошчаны адмысловай металічнай абоймай, трываў у доўгім ланцугу электрычных правадоў і другіх слупоў. Не быў прыгожы знешнасцю. Ен быў прыгожы сваім нутром, прагай жыцця, імкненнем стрымаць крок за другімі, меней пакрыўджанымі лёсам.

— Паглядзі ты, які дзіўны наш свет. Міліцыя пайшла ў паліцыю, калгас праваліўся, сацыялізм праваліўся, нават тую касілку іржа з’ела. А слуп стаіць, — Колька ўсміхнуўся з зачараваннем і вярнуўся на лавачку. Глядзелі праз вуліцу на жоўтыя вокны бара “Капрыё”.

— Як думаеш, хто там можа быць цяпер? — спыніў маўчанне Чокун.

— От і загадка, — паціснуў плячыма Сальцісон. — Баран, напэўна. Чума з Васільком, калі панасілі свае бабы, таксама, пэўна, там.

— Забяжым на хвілінку? — Нейкая струна, кранутая неасцярожным пазногцем успамінаў, азвалася з дна душы, і Чокуну раптоўна захацелася ўбачыць яшчэ раз Анельку Чацвёрачку, утапіцца ў натоўп, сціснуты ў чарзе, пачуць языком горкі, пякучы пацалунак албанскага каньяку.

— Ты ведаеш, і я аб тым падумаў. Але дамаўляемся — адно піва і пайшлі. Час бяжыць, — Сальцісон зірнуў на гадзіннік.

Цяпер не гублялі час на сплятанне кошычка. Лёгка сагнуўшы ногі ў каленах, прыселі абапал бабкі, схапілі яе пад рукі і павалаклі праз вуліцу.

— Мы ўжо ў царкве? — закінутая раптоўна ў светласць бара бабка ад здзіўлення разявіла рот, працерла вочы, зірнула праз плячо, у той бок, адкуль лагоднай, цёплай хваляй выходзіла музыка. — Божанькі, які цяпер у нас прыгожы хор. Малайчына, бацюшка Тарас.

Але не хор быў крыніцай гэтай прыгожай музыкі. На прылаўку побач з барменкай Валянцінай стаяў сабе магнітафончык i цёплым голасам падляскага вакаліста пераконваў усіх тут прысутных: “Маруся ты Маруся, ты чорна як цыганка. То шчэ й полюбіла, то шчэ й полюбіла, чорнявого Іванка”.

— О маць прасвятая! Нават бабку Марусю вывалаклі,

— Чума падарваўся з крэсла, скокнуў да дзвярэй, прытрымаў іх, бо дзверы, прывязаныя да спружыннага механізма, нахабна вярталіся да касяка, не зважаючы на чалавечыя пяткі.

— Па-дурацку, хлопцы, вы працу спланавалі, — Васілёк вышчырыў ва ўсмешцы жоўтыя ад папяросаў зубы. — На пачатак трэба было браць тоўстыя, а худыя пакінуць на канец.

— Ага, цяпер і ты разумны. А хто мог падумаць, што так усё складзецца і давядзецца ўсіх старух праветрыць?

— Факт, — кіўнуў галавой Чума. — Мы з Васільком дванаццаць штук заташчылі. Баран з Фёдарам таксама дванаццаць. Фёдар бедны так нацягаўся, што заснуў за сталом. Нядаўна жонка дамоў павалакла. Укінула ў тачку і паехалі. Добра мець у хаце сільную бабу. А вы колькі злавілі?

— Гэтая во, трынаццатая, — кіўком галавы Сальцісон паказаў на Марусю. Бадай апошняя, хто ў жывых застаўся.

— Разам трыццаць сем, — спраўна падвёў Чума. — Думаеце, хопіць? Пераможам?

— Ну і пытанне! Дэмакратыя дэмакратыяй, а перамога, як заўсёды, на нашым баку, — пацвердзіў Сальцісон і, павярнуўшы твар да прылаўка, загадаў: — Валя, два светлыя. За кошт гміны, ведаеш.

— Ведаю, ведаю, — падтакнула барменка Валянціна. Напоўніла два куфлі, тузанула іх на супрацьлеглы край прылаўка і паставіла чатыры рыскі на пакамечанай паперы. Працавала тут ці не трэці месяц. Раннім летам закончыла беластоцкі універсітэт, як магістр гісторыі вярнулася на бацькаўшчыну і ў чаканні лепшага занятку ўладкавалася за прылаўкам бару “Капрыё”.

У вялікіх дзеях чалавецтва крыецца шмат пераможных баталіяў і столькі ж прайграных бітваў. Аднак нешматлікія застаюцца ў сумеснай памяці народаў, а ў школьныя падручнікі маюць гонар патрапіць толькі акупленыя невычэрпнымі струмянямі крыві і ахвярнасці. I барменка Валянціна стаўляла рыскі на паперы, падвойвала іх, безумоўна, маючы на ўвазе хвалу пераможцаў. Праз сто або і дзвесце гадоў, нястомныя даследчыкі мінуўшчыны дакапаюцца да жоўтай паперы і, узрадаваныя незвычайным адкрыццём, войкнуць: “Паглядзіце, вось і яны, хто, не зважаючы на асабісты кошт, вялі чалавецтва да лепшай будучыні”.

— На мой густ, маглі б такія выбары і штотыдзень адбывацца. Добрая справа, дэмакратыя, — Васілёк нырнуў у куфаль, пацягнуў здаровы глыток.

— А ты нібыта ведаеш! Пабалатуйся, пабачыш, які гэта стрэс, — слоўцам, пачутым калісь у ваяводы, кінуў Сальцісон. I спытаў: — А гэтага новага, што пхаецца на месца нашага, ведаеш?

— Каму стрэс, каму піва на халяву. Новага не ведаю. Раз бачыў. Быў на сустрэчы, шмат чаго абяцаў. Казаў — мы цяпер у Еўропе, а там грошаў хоць адбаўляй. Праўда, шукаць трэба, рухацца. А не сядзець на дупе, як сядзіць наша гмінная рада.

— Так сказаў? На дупе рада сядзіць?

— Ну, можа між радкамі. Але хто разумны, той зразумеў.

— Ага, а гэтая іхняя Еўропа нібыта за так дае ўсім? Як, не раўнуючы, бабка Маруся ў маладосці?

— Што там балбочаце? Можна ўжо запаліць свечку? — бабка расплюшчыла вочы, затрапатала вейкамі, адганяючы салодкую дрымоту.

— Ды нічога, бабка, нічога. Спіце спакойна, мы скажам, калі свечку паставіць, — Колька пяшчотна пагладзіў галаву, загорнутую ў квяцістую хустку.

Васілёк запаліў папяросу, задраў галаву, дзьмухнуў сіняй стужкай у суфіт.

— Я не ведаю, мая хата з краю. Ен так сказаў. I яшчэ хваліўся, што мовы ведае, з ангельцамі, з французамі яму не праблема дамовіцца.

— Хі-хі. Мовамі ён валодае? — хіхікнуў Чума. А з простым народам дамовіцца не ўмее. Калі б так прыйшоў, калі б сказаў па-нашаму: “Так і так, хлопцы. Пераможам, аддзячу Вы дапаможаце мне, я вам не пашкадую”. А тут адразу бачна — навошта яму Васілёк, Чума, нават дэпутат Сальцісон. Калі ласка, хай спадзяецца сёння на сваіх французаў.

— Паглядзела жаба, коней куюць, і яна лапу падсоўвае,буркнуў Сальцісон.

— Але навычвараў дык навычвараў. Як п’яны заяц у капусце. Галасуюць за яго ўсё-такі, — уставіў Чума.

— Ага, галасуюць. А хто? Маладыя. А чаму? Бо дурныя, як то маладыя. Дзякуй Богу, няшмат іх. Зможам, пераможам.

— Наш мне бабу абяцаў. З Беларусі, — паўголасам кінуў Чокун і пільна паглядзеў на сабраных.

— Рускую? — Васілёк адассаўся ад куфля і з зацікаўленнем глядзеў на Чокуна. — Адзін мой знаёмы ўзяў сабе рускую. Ну ніяк ажаніцца не мог. Пяты крыжык на спіну зваліўся, а ён нежанаты. Аж брат малодшы з горада прыехаў і кажа: “Давай, я табе з Беларусі праз інтэрнэт пашукаю”. Не ведаю, што такое той інтэрнэт, але неблагая штучка. Праз месяц прыехала. Здалёк, зпад нейкага Віцебска. І па сённяшні дзень мужык нацешыцца не можа. Кіпцюры — кажа — не малюе, па суседках не лётае. А працавітая, як сам чорт. Нават кароў даіць ужо вывучыла. Паедзе да маці ў госці, з парожнімі рукамі ніколі не вяртаецца. Ташчыць бутэльку або і дзве і папяросаў на месяц. Жыць не паміраць.

— Чуеш, Сальцісон? Нібыта і дэпутат ты, а трындзіш дурніцу, — Колька адчуў раптоўны прыплыў аптымізму і энергіі і са смакам пацягнуў з бакала.

Сальцісон не адказаў. Зірнуў на гадзіннік і неахвотна падняўся з крэсла.

— Ладна, Чокун. Жаніцца будзем пазней. Трэба, нават і на гармоніку пайграю на вяселлі. А цяпер бярэмся за справу, у нас дзесяць хвілін.

Пусціліся на калені, сплялі далоні, пасадзілі бабку ў жывы кошык.

— Чума, трымай дзверы, — рашучым голасам загадаў Сальцісон. І Чума трымаў дзверы.

Цяпер крочылі моўчкі. Былі як дзве розныя партыі, аб’яднаныя на кароткі час, дзеля ўтрымання ўлады, для супольнага змагання з дакучаючай на кожным кроку апазіцыяй. Калісьці, у будучыні, іх сцежкі размінуцца, можа нат і ўхопяцца за чупрыны, усё гэта ў будучыні. Пакуль што ідуць згодным крокам, несучы цяжкое бярэмя ўлады.

Жоўтымі прамавугольнікамі вокнаў выходзіў з мораку гмінны дом культуры, і ў той момант бабка прашаптала:

— Паміраю.

— Што, бабка? — не зразумеў Сальцісон.

— Паміраю. Падыходзіць крэс маёй вандроўкі.

— Бабка! Так нельга. Столькі працы, столькі высілку! А вы раптам — паміраю. Так нячэсна.

Уваходзілі ў залаты круг, раскладзены лямпай над дзвярыма.

— Дыхае? — запытаў Сальцісон. Астаткам сіл падымаліся на паверх.

— Бадай што яшчэ цёплая, — адказаў Чокун. I дадаў на паўголаса: — Прыдуркі дэпутаты. Выбарчы ўчастак на другім паверсе ўладкавалі.

Сальцісон толькі мацней сціснуў зубы. У думках пералічваў прыступкі, што заставаліся да жаданай мэты.

Тым часам жыццё вылівалася з бабкі Марусі, як з дашчэнту праіржавелага вядра цячэ вада. Лілося праз пальцы, сплеценыя ў кошык, усё большымі і большымі каплямі ападала на прыступкі сходаў, і як ні дзіўна, з кожнай прыступкай бабка налівалася дадатковым баластам.

— Як камянямі набітая, — застагнаў Сальцісон. Задраў галаву як мага вышэй, стараючыся вызначыць дыстанцыю да мэты вандроўкі. Заставалася некалькі прыступак. Меў уражанне, што гэта найважнейшыя прыступкі, завешаны ў паўзмроку канат жыцця, з якога можна ўпасці ў бясконцую халодную цемру або ўзнесціся ў таксама бясконцую цёплую светласць.

Паўзмрочныя сходы завяршаліся цесная клеткай, да-лей былі дзверы, за дзвярыма рассветленая дзесяткамі неонавых лямпаў зала, на гэты адзін дзень замененая ў выбарчы ўчастак. Чокун тузануў каленам дзверы, і ўвайшлі ў светласць.

На гэтае незвычайнае відовішча выбарчая камісія ўзарвалася на ногі. Можна б падумаць, вось гісторыя паўтараецца колам, і на нашых вачах, наўпрост з паўзмрочнай старажытнасці трохгаловым гібрыдам вытыркаецца міфічны пасланец і нясе радасную навіну пра марафонскую вікторыю.

Сцёбнутая яркім святлом неона, бабка вярнулася ў свет жывых. На адзін момант, на адзін кароткі міг, неабходны душы, каб пазбыцца ад грэшных спакусаў, засяляючых чалавечае цела ад стопаў па макушку:

— Арцём, госпадзі, як тут прыгожа! I якая музыка! I колькі тут светлых анёлаў. Я заўсёды ведала, ведала я, што тут цябе знайду, — у асобе старшыні выбарчай камісіі бабка Маруся знайшла раптам свайго шлюбнага мужа, што паўстагоддзя ўжо бестурботна гойсаў у заземскіх прасторах. А затым вочы яе адышлі ў імглу, а галава безуладна ўпала на грудзі.

— А, каб цябе чэрці! Тысячу гадоў жыла ўсім лішняя, а калі спатрэбілася, вось табе і на, узяла і напруцілася. От, час падабрала. Крэсла давай! Давай крэсла, — завішчаў Сальцісон убок старшыні камісіі.

Пасадзілі бабку на крэсла. Чокун, забываючыся на смяротную стому, кашэчым рухам нырнуў за спіну бабкі Марусі. Схапіў падбародак і ўзняў свінцовую галаву. Сальцісон уваткнуў асадку ў пальцы, што наліваліся воскам, узняў далонь бабкі над лістком паперы і, выціскаючы апошнюю каплю жыцця з халодных пальцаў, у квадраціку побач з прозвішчам кандыдата паставіў скошаны крыжык.

— Нічога я не бачыў. Нічога а нічога. Мяне тут не было, — паўтараў спалоханы старшыня выбарчай камісіі. I на ўсялякі выпадак запіхаў кулакі ў вочы.

Імгла стомленасці і радасці прысела на зрэнках Сальцісона, і Сальцісон зусім не ўцяміў, што ў шаленчай гонцы з часам намаляваў крыжык побач з прозвішчам чужога кандыдата. А ў вачах Колькі стаяла Таццяна, і Колька сагнуў бюлетэнь напалам, пад першыя такты марша Мендэльсона праляцеў залу і засунуў у скрыню гэты самы каштоўны, расплачаны цяжкой працай голас.

Бабка Маруся, мабыць, і бачыла ў той момант усё, але, падымаючыся да райскіх дзвярэй па вытканай са святых кніжак прыступках Якубавай драбіны, не дурыла сабе галаву зямнымі дробязямі.

Загрузка...