Калі яны ўваліліся ў кватэру, Тамара, жонка Лаўрыновіча, ажно войкнула з перапуду. Была яна жанчына дужая, грэнадзёрскага росту, з магутнымі рукамі і нагамі, з дзявочым румянцам на гладкіх шчоках і чорнымі вусікамі. Пад блузкай у Тамары калыхаліся неабдымныя грудзі. Побач з ёю каратканогі, хаця даволі тоўсценькі, мардасценькі Васіль здаваўся ўкормленым падлеткам, не мужам, а старэйшым сынам. Баяўся ён жонкі, як агню, выпіўшы з сябрамі, ніколі не лез у спальню, а ціхенька масціўся на кухні, каля батарэі, на старым кажушку. Ён сам з рогатам расказваў, як аднойчы прывалокся дадому, ледзь трымаючыся на нагах, і толькі гэта па старой звычцы паслаў на падлозе кажушок, як пачуў жончын голас: «Васіль, дзе ты? Хадзем у пасцелю, Васіль, мы ж разам на дні нараджэнні былі!» «Першы раз на паддатку пераначаваў у сваёй пасцелі! — выціраў ад смеху слёзы з вачэй Васіль.— I як я забыўся, халера ясная, што мы сапраўды разам на дні нараджэння ў Арсена былі!»
Арсен любіў свайго універсітэцкага аднакашніка і сябра за лёгкі нораў, за ўменне пасмяяцца з самога сябе, а не толькі з іншых, за гатоўнасць аддаць таварышу апошнюю сарочку з пляча. Вечна ён трапляў у нейкія недарэчныя становішчы, вечна пра яго расказвалі анекдоты. Неяк з ганарару п'яны Васіль купіў парсюка, прывёз у гараж да Жураўскага, разабраў, пасаліў сала, упарадкаваў мяса, а потым усю зіму прадаваў жонцы свініну. Як нядзеля, Тамара дасць грошай, выправіць яго ў магазін, а Васіль шусь у гараж, адрэжа колькі трэба сала, мяса, а грошы прап’е. «Хлопцы,— рагатаў ён,— гэта ж найлепшае змяшчэнне капіталу! Я ж на тыя грошы ўжо даўно забыўся б, а так — і дома са скваркай, і свежая капейка кожны тыдзень у кішэні…» Журналіст слабаваты, пісаў ён рэдка, больш апрацоўваў матэрыялы селькораў, мала зарабляў, нікуды не лез. На ўсё ў Васіля быў адзін адказ: «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць!» Каб не Тамара, дык, пры яго схільнасці да «зялёнага змія», Васіль ужо даўно загінуў бы. Ён разумеў гэта і дома быў ніжэй травы, цішэй вады. Ласкавы, паслухмяны, і ў кватэры прыбіраў, і есці варыў, і з дзецьмі гуляў. «Тамарачка, Тамарачка,..» — толькі яна ад яго і чула, і найбольш ласкавасць, паслухмянасць гэта Тамару з ім і мірылі.
А Тамара, здавалася, самой прыродай была створана, каб раджаць, карміць і даглядаць дзяцей. У Лаўрыновічаў іх ужо было трое, і Тамара чакала чацвёртага. Гэта не лічачы самога Васіля,— а кім ён яшчэ быў як не яе дарослым, але не зусім удалым дзіцем: іх жа, не зусім удалых, звычайна і любіш, і шкадуеш больш за іншых, ім куды больш патрэбны твая любоў і ласка. Працавала Тамара ў дзіцячым садзіку выхавацелькай, далей педвучылішча не пайшла: дзе ёй было думаць пра вышэйшую адукацыю з такой камандай! А так — і дзеці дагледжаныя, і сама сытая: не мела Тамара на каго асабліва спадзявацца.
Вось такая была сям’я, куды хворага Жураўскага прывёз таксіст, ратуючы ад адзіноты і адчаю,— болей не было яму куды ехаць.
3
Тамара пазваніла Валянціне, і вечарам тая прыехала да Лаўрыновічаў. Па дарозе яна завярнула дадому, каб пакінуць там сшыткі, убачыла на кухні ў памыйным вядры скамечаныя рэцэпты і лекі і здагадалася, якая муха ўкусіла Арсена.
— Ты звар’яцеў,— ціха гаварыла яна, седзячы на табурэтцы каля канапы, на якой ён ляжаў, адвярнуўшыся да сцяны: Лаўрыновічы забралі дзяцей і далікатна перайшлі ў другі пакой, каб не замінаць ім.— Я ніколі не думала, што ў цябе такое хваравітае самалюбства. Ну, якая табе розніца, хто прынёс тыя лекі, я ці Тэрэза, галоўнае, што табе іх прынеслі. Калі ты навучышся адрозніваць дробязі ад істотнага, гэта ж сапраўды дробязь. Каб жа я гуляла, на возера з кампаніяй паехала, у рэстаран пайшла. Такі выдаўся дзень, гэта праверка, а яшчэ нейкія бэйбусы залезлі ў кабінет музыкі і ўкралі электрагітары і ўзмацняльнікі з калонкамі, давялося выклікаць міліцыю, разумееш — міліцыя ў школе, ды яшчэ пры чужых людзях; я думала, памру, так кепска мне было. А Тэрэза сядзіць цэлыя дні і толькі язык точыць, надрукуе дзве-тры даведкі, гэткая работа… Ну, што з таго, што я папрасіла яе завезці табе лекі? Няўжо гэта такое злачынства, няўжо я так абразіла цябе, што ты збег з дому? I куды? Да Лаўрыновічаў, якія самі душацца з дзецьмі ў двух пакойчыках, а ў цябе шыкоўная трохпакаёвая кватэра, хоць сабак ганяй. Ты не проста эгаіст, мой дарагі, ты эгацэнтрыст, ты ні з кім і ні з чым не лічышся, акрамя свайго надзьмутага «я».
Не слёзы, а стома і скруха былі ў яе голасе, быццам, пражыўшы з Арсенам столькі гадоў, Валянціна толькі цяпер зразумела ўсю яго існасць і гэта разуменне цяжкім валуном легла ёй на сэрца.
Арсен маўчаў, усё гэтак жа адвярнуўшыся да сцяны. Пэўна, у яго зноў падскочыла тэмпература, бо ён і чуў і не чуў Валянціну, думкі блыталіся, востра, як шылам, паролі, балела пад правай лапаткай, сухі кашаль ірваў грудзі, але ён стрымліваўся. Прыкусіў зубамі край прасціны, і ад гэтага было яшчэ горай. Падсвядома ён адчуваў, як многа горкай праўды ў яе словах, нават у тых, што прабіваліся да яго праз густы туман забыцця, але пякучая нянавісць асляпіла яго. Заяц, бязгучна мармытаў ён, механічны заяц… Не, больш я не буду бегчы за табой па крузе, я зразумеў, што гэта дарога ў небыццё. Я сышоў з дыстанцыі, я больш нічога не хачу — ні лаўраў пераможцы, ні адчаю пераможанага. Мне абрыдла гэта гонка за хімерамі, я хачу, каб нехта жыў для мяне, эгаіста, ці эгацэнтрыста, ці проста дурня, мяне ж ужо не пераробіш, які ёсць, такі ёсць,— для мяне, а не для народнай асветы або яшчэ для якой трасцы…
Валянціна захрабусцела пальцамі, была ў яе такая недарэчная звычка, потым нахілілася над ім і падняла яго галаву разам з падушкай.
— Арсен, мілы, ну, хопіць… Паздзекаваўся, і хопіць, трэба ж нейкае сумленне мець, я ж таксама не жалезная. Дай я памагу табе апрануцца, выклічу таксі і паедзем дамоў. Раніцай я падскочу ў райана і папрашу на тыдзень адпачынак. Хаця які чорт мяне цяпер пусціць, хіба што праз два дні, калі закончыцца франтальная праверка, якая ім справа да маіх балячак, але я неяк выкручуся. Вось пабачыш, я неяк выкручуся…
Ён расплюшчыў вочы, убачыў яе заклапочаны хударлявы твар — яна ўжо прыкідвала, як ёй выкруціцца, каб хоць на гадзіну вырвацца днём са школы, і сляпая шалёная злосць затапіла яго бруднай пеністай хваляй.
— Я ненавіджу цябе,— прахрыпеў ён.— Ненавіджу!
Валянціна ўстала, у яе дрыжалі, торгаліся вусны, твар зрабіўся шэры, як у нябожчыцы, адны толькі вочы гарэлі на ім, быццам падсвечаныя знутры электрычнай лямпачкай, але не пяшчота і не спагада, а пагарда ўжо была ў іх. Цвёрда і жорстка глядзела яна на Арсена, які захлынуўсі ў чарговым прыступе кашлю, быццам ставячы гэтым позіркам паміж сабою і ім нябачную бетонную сцяну, аб якую яму наканавана лёсам біцца ўсё сваё жыццё.
— Ну што ж,— холадна сказала яна, і Арсен міжвольна падзівіўся з яе ўмення валодаць сабой,— вольнаму воля,— I выйшла. Прамая спіна, высока ўскінутая галава, цвёрдыя, упэўненыя крокі…
…Якая ж ты доўгая і якая крутая, дарога ад сэрца да сэрца! Не дастукацца, не дакрычацца. Да самай далёкай зоркі, відаць, лягчэй даляцець, чым да атручанага злосцю і нянавісцю чалавечага сэрца…
Ноччу Арсену стала зусім кепска. Ён усё часцей траціў прытомнасць, трызніў, і перапуджаныя Лаўрыновічы недзе пад раніцу выклікалі «хуткую дапамогу». Ні раіцца, ні пытацца яго згоды ўрач і не падумаў, памацаў лоб і адразу ж загадаў прынесці насілкі. Мінут праз пятнаццаць Арсені ужо быў у бальніцы.
Пэўна, з тыдзень ён праляжаў пластом, не разумеючы, дзе ён і што з ім адбываецца. Не бачыў суседзяў, не пазнаваў урачоў і сястрычак. Нешта з ім рабілі: калолі, ставіліі капельніцу, прымушалі глытаць таблеткі; бездапаможны, як дзіця, Жураўскі ні на што не рэагаваў. Прыступы кашлю скаланалі яго цела, ірвалі грудзі. Калі яму чаго і хацелася, дык толькі закурыць: нейкая дзікая думка блыталася ў галаве, што вось закурыў бы «Арбіту» або што мацнейшае, прадзёр гарачым дымам бронхі і кашаль суняўся б.
Прыходзілі Лаўрыновічы, то Васіль, то Тамара, прыносілі нейкія пакункі, за тыдзень набілася поўная тумбачка; ён і глядзець на ежу не мог, не тое што есці. Валянціны не было. А Арсен чакаў яе. Начамі, калі ў галаве пасля капельніцы станавілася не так тлумна, ён з помслівай радасцю думаў, як яна прыйдзе ў палату, а ён пагардліва выганіць яе. Пры людзях, і добра, каб яшчэ ўрачы былі, сястрычкі… Каб адчуць асалоду ад яе прыніжанасці, каб канчаткова, раз і назаўсёды, парваць з ёю. Але такой радасці яна не дала яму — мінаў дзень за днём, а Валянціна не прыходзіла.
Нарэшце крызіс мінуў. Неяк раніцай ён прачнуўся і ўбачыў за акном сонца. Яркае, чэрвеньскае, яно толькі выкацілася на неба з-за высокіх будынін, што стаялі на другім баку вуліцы, і заліло палату цяплом і святлом. Было рана, суседзі яшчэ спалі на сваіх ложках: маленькі, як гномік з дзіцячых казак, стары далікатна хроп насупраць, вытыркнуўшы з-пад зялёнай коўдры сівую кудзелю барады; каля дзвярэй злева скруціўся абаранкам хлопчык гадоў, можа, пятнаццаці, а справа, цераз тумбачку ад Жураўскага, выводзіў рулады пляскатым перабітым носам нейкі дзяцюк з цяжкім квадратным падбародкам, пэўна, баксёр — магутная, як кувалда, левая рука яго, сціснутая ў кулак, звісала з ложка аж да самай падлогі. Жураўскі ўпершыню ўбачыў так выразна сваіх суседзяў, раней яны бачыліся яму нібы праз туман, і зразумеў, што выкараскаўся са сваёй хваробы, што яна адступіла. Дыхаласа лёгка і глыбока, хоць паветра ў палаце было спёртае, прапахла лекамі, нясвежай бялізнай і чалавечым потам, але Жураўскі прагна піў яго, смакаваў, быццам трапіў у чысты хваёвы лес, радаваўся, што больш не грае ў грудзях арган, не хрыпіць, не булькае, не перахоплівае тугім сырамятным аброжкам горла. Цела зрабілася лёгкае, бязважкае, здавалася, адштурхніся ад сцяны — і паляціш, адно рукамі махай, як птушка крыламі.
Вяртанне да жыцця з чорнай навалачы хваробы было такім нечаканым і поўным, што Жураўскі ледзь не заплакаў ад шчасця. Усё, думаў ён, усё. Пачнём з нуля, нічога страшнага. Толькі не вяртацца на круг, толькі не адчуць яшчэ раз, як сляпая злосць ператварае цябе ў звера. Не сышліся характарамі, так гэта, здаецца, называецца. Не, не толькі характарамі. У нас біялагічная несумяшчальнасць, яна закладзена ў нашых генах, мы ўсё жыццё будзем ненавідзець адно аднаго, няздольныя на нейкі кампраміс, бо разумеем: кампраміс знішчыць таго з нас, хто на яго пойдзе, знішчыць у ім асобу. Яна ніколі не адмовіцца ад сваіх поглядаў на жыццё, заўсёды для яе галоўнай будзе работа, школа, яна жыве, каб працаваць, а я жыву — каб жыць. Проста жыць, радавацца вось гэтаму сонцу, і ветрыку за акном, і прыязнай усмешцы. Жыццё вышэйшае за творчасць, сказаў нейкі мудрэц, а мудрацы ведаюць, што гавараць. Не такі я ўжо і стары, каб баяцца пачаць спачатку; сустрэну жанчыну, пакахаю яе, і яна пакахае мяне, будзем неяк жыць. І ўсё забудзецца, усё сплыве, як туман у летні дзень. Трэба папрасіць Васіля, каб падшукаў мне нейкі прыватны пакойчык, сапраўды, гэта свінства — навязвацца ім, хапае ў іх турбот і без мяне, ды і няма дзе ў іх жыць. Пераб’юся, пакуль аформім развод, а там відаць будзе. У калідоры загрымела: санітаркі пачалі прыборку. Потым быў абход, і нестары яшчэ, энергічны прафесар у бялюткім халаце доўга выслухоўваў і выстукваў яго, нештя дыктаваў урачам, якія пачціва тоўпіліся навокал, а рукі ў прафесара былі цёплыя, мяккія. Жураўскаму стала казытліва, і ён засмяяўся. Прафесар уздрыгнуў ад нечаканасці, таксама засмяяўся і паляпаў яго па плячы: будзеш жыць!
А потым прыйшла Алачка Чмялёва.
Яны былі знаёмыя яшчэ па тым часе, калі Жураўскі працаваў у газеце. Ён добра ведаў мастака, яе першага мужа, які так недарэчна загінуў на Мінскім моры, нават на вяселлі ў іх быў, хаця не мог уцяміць, што знайшла маладая і даволі прыемная дзяўчына ў гэтым п’янтосе. Яны часта сустракаліся ў змрочных калідорах Дома друку, абмёньваліся навінамі. Алачка распытвала яго пра паездкі — якраз у той час ён многа ездзіў па краіне, пабываў на Далёкім Усходзе, на Камчатцы і на Чукотцы, на Курыльскіх і Камандорскіх астравах, яго нарысы пра экзатычныя мясціны, пра мужных і суровых людзей — рыбакоў, паляўнічых, нафтавікоў, геолагаў — выклікалі цікавасць не толькі ў чытачоў, але і ў калег-журналістаў. Акрамя экзотыкі і рамантыкі, ён убачыў там багата безгаспадарлівасці, экалагічнага дзікунства; некаторыя з мясцовых кіраўнікоў, нават высокага рангу, глядзелі на свае бязмежныя, адарваныя ад «мацерыка» ўладанні як на калонію, імкнуліся толькі браць, грэбці, чэрпаць адтуль, як з бяздоннай бочкі, нічога не даючы краю ўзамен, ператвараючы дзікую прыроду ў цывілізаваную пустыню, агідную і страшную, бо разбуралася не толькі прырода, разбураліся, руйнаваліся чалавечыя душы. Газету, а дакладней, яе рэдактара гэтыя праблемы не цікавілі, калі Жураўскі паспрабаваў напісаць пра іх, матэрыял выкінулі, а яму прыгразілі, што больш не дадуць камандзіроўкі,— ці варта марнаваць такія вялікія дзяржаўныя грошы, каб гэтую ж дзяржаву за іх яшчэ і аплёўвалі. Суровая рамантыка Поўначы, барацьба з цяжкасцямі і іх пераадоленне — вось што патрэбна было газеце, і Арсен прымірыўся, бо ведаў, што лбом сцяну не праб'еш. «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць », як гаварыў у такіх выпадках Васіль Лаўрыновіч. Але ў калідорах, у гутарцы з калегамі адводзіў душу. Алачку яго разважанні захаплялі, ёй ужо надакучыла сядзець у карэктарскай сваёй газеты, яна марыла кінуць усё і самой паехаць куды-небудзь на востраў Шыкатан, каб там, хоць у раёнцы, паспрабаваць свае здольнасці. Жураўскі высмейваў яе: табе і рота раскрыць не дадуць, там такія зубры іклы ламалі... Лёгкія, неабавязковыя, амаль сяброўскія адносіны, хоць сябрамі яны і не былі. Адно слова: калегі. Потым ён перайшоў у выдавецтва і не бачыў Алачку даволі доўга, і вось яна прыйшла ў бальніцу адведаць яго, і гэта было так нечакана, што Жураўскі разгубіўся.
Паціскаючы яго яшчэ вялую вільготную руку, Алачка прыязна ўсміхнулася:
— Мясцком даручыў праявіць чуласць.
Жураўскі не вытрымаў, зарагатаў:
— Калі не памыляюся, мы з табой у розных мясцкомах!
— Ах, чорт, я пра гэта і не падумала,— засмяялася і Алачка, ды так шчыра і непасрэдна, што дзядок на суседнім ложку з дакорам пахітаў гадавой.— Лаўрыновіч расказваў, што вы тут лежыце адзін і паміраеце ад суму, вось я і надумала вас падвесяліць,— прызналася яна.
Пэўна, таўстун нямала чаго наплёў ёй пра мяне, падумаў Жураўскі, але гэта не засмуціла яго. А-а, ліха з ім, цяпер ужо ўсё роўна.
Лежачы на ложку, ён скоса назіраў, як Алачка гаспадарыць у яго тумбачцы. Яна выкінула ўсё, што Лаўрыновічы напрыносілі і да чаго ён нават не дакрануўся, чысценька прыбрала і выцерла там, затым, намачыўшы пад ракавінай ручнік, хутка і спрытна, хоць Арсен і адбіваўся, памыла яго, накарміла яшчэ гарачым, з тэрмаса, булёнам з кавалкам курыцы,— пасля многіх дзён, калі нішто не лезла ў горла, у яго раптам разгуляўся воўчы апетыт! — пажартавала з дзядком, расказала нешта смешнае баксёру — ён так і зайшоўся на сваім ложку, паабяцала хлопцу заўтра прынесці цікавую кнігу пра шпіёнаў і знікла, растала, калі Арсен, асалавелы, знясілены, заснуў.
Яна прыходзіла ў бальніцу кожны дзень, аж да яго выпіскі, а пратрымалі яго яшчэ тыдні з два, прыносіла ежу, кнігі, прыбірала ў палаце, расказвала нейкія навіны. Размаўлялі яны мала, Жураўскі яшчэ быў вельмі слабы, ды і пра што ім было гаварыць? Ён ужо прыкладна ведаў, што будзе далей, і моўчкі пагадзіўся з гэтым. Яму кідалі выратавальны круг, яму здавалася, што, ухапіўшыся за гэты круг, ён навек пазбавіцца ад Валянціны, ад пякучых думак пра сваё няўклюднае жыццё, пра пакойчык, які трэба знімаць і якога Васіль так яшчэ і не знайншў. Клін — клінам, ён ужо тады пра гэта думаў; клін — клінам. Ну, а наколькі трывалым, надзейным будзе гэты клін, пакажа час. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ён можа скалечыць яшчэ адно жыццё; ніхто не зваў, ніхто не навязваўся, не маленькая, сама разумее, на што ідзе, пажывём — пабачым. Пэўна, і ў яе галаве круціліся такія ж думкі, бо калі ён нарэшце выпісаўся і, праз сілу ўсміхаючыся, сказаў: «Куды ж мне цяпер? Да цябе?» — яна паціснула плячыма і, нічога не адказаўшы, пайшла па таксі.
У Алачкі быў свой пакой у драўлянай хаце на Старажоўцы, застаўся ад мужа-мастака; праўда, з агульнай кухняй і выгодамі на двары, але яе суседзі, маладыя інжынеры, паехалі на два гады ў Манголію, так што жыла яна практычна адна.
Арсен пазваніў Лаўрыновічу. Васіль прыехаў, памуляўся, паўздыхаў, узяў для смеласці добрую чарку, сазваніўся з Валянцінай. Андрэя якраз не было дома. Васіль выклікаў таксі і неўзабаве прывёз Жураўскаму яго рэчы: цэлы чамадан кашуль, гальштукаў, насовак, касцюм, элекгрычную брытву і плашч, туфлі і нават зімовыя югаслаўскія боты, хаця да зімы яшчэ было уга як далёка. I па гэтых кашулях, чыстых, адпрасаваных, з прышытымі гузікамі, складзеных у акуратны стосік, а не пакамечаных, не перамешаных, як салома, ён зразумеў, што Валянціна ўжо даўно сабрала гэты чамадан, можа, назаўтра пасля таго, як вярнулася ад Лаўрыновічаў, і Васіль пацвердзіў, што ні мінутыі не чакаў, яна адразу ж вынесла ўсё са спальні, як толькі ён зайшоў у кватэру. Значыць, яна вунь калі выкасавала, выкінула яго са свайго жыцця, а ён яшчэ пакутуе, дурань, яшчэ думае пра яе…
3 палёгкай уздыхнуўшы, ён стаў уладкоўвацца на новым месцы.
Дзіўна, хоць Арсен сумаваў па сыне, ды і думкі пра Валянціну не ішлі з галавы, як ён ні стараўся пазбавіцца іх, яму было добра і ўтульна ў прасторным і ўтульным Алаччыным пакоі, дзе смачна пахла кавай і дарагімі цыгарэтамі, дзе на паліцах стаялі кнігі, якія і ён любіў, а мюнад шырокай тахтой вісеў партрэт маладога Блока — тонкія і пяшчотныя рысы твару, высокі чысты лоб і густыя кудзеркі валасоў… На шырокім падаконніку тоўпіліся гаршчэчкі, каробкі і слоікі з кактусамі — калючымі і нягеглымі вырадкамі; Алачка жартавала, што любіць іх за неверагодную жыццястойкасць, што вучыцца ў іх мужнасці. I праўда, у пясочку, у жвіры, амаль без вады — якія кветкі выжылі б у такіх умовах, а гэтыя жылі і нават цвілі нейкімі дзіўнымі, як кропелькі крыві, чырвонымі кветачкамі. Да падаконніка туліўся старэнькі пісьмовы стол з нямецкай машынкай «Алімпія», машынка была маленькая, партатыўная, але з буйным шрыфтам. Яшчэ рыпучая шафа стаяла ў кутку пры дзвярах, і тэлевізар «Рэкорд» на тумбачцы, і на ўсю падлогу ляжаў танны пацёрты дыван. Нічога лішняга, але жыць можна.
Хацелася б…
Жураўскаму далі яшчэ на тыдзень бюлетэнь. Раніцай Алачка карміла яго сняданкам, цалавала ў шчаку і бегла на работу ў сваю газету — сама яна выпівала толькі кубачак моцнай кавы, не хацела таўсцець. Дні навылёт Жураўскі валяўся на тахце, яшчэ слабы, пусты, быццам вывернуты, абыякава гартаў зборнікі вершаў, што былі раскіданы па ўсім пакоі, курыў, сачыў за шызымі кольцамі дыму, што выплывалі ў адчыненую фортку, думаў. Вось жанчына, якая мне патрэбна, гаспадарлівая, акуратная, не істэрычка. Усё на месцы, усё дагледжана, усё аж блішчыць. Сама аднесла ў рамонт мае чаравікі, а касцюм у хімчыстку, купіла процьму нейкіх патрэбных дробязей. На дзесяць гадоў маладзейшая, ну што ж, не так гэта і многа. Хіба я не ведаю мужчын, нашмат старэйшых за сваіх жонак, а жывуць яны добра і дружна, душа ў душу. Кахае мяне Алачка ці проста вырашыла схавацца за маімі плячыма ад адзіноты? Чорт яго ведае… Ноччу я гатовы паверыць, што кахае, і кахае горача, апантана, але ж ноччу ўсе кошкі шэрыя, можа, яна толькі прыкідваецца? Не, каб яна прыкідвалася, я адчуў бы, не такая яна ўжо і вялікая актрыса, проста надламаная не зусім удалым лёсам жанчына. Як гэта яна гаварыла? «Ніколі не гатавала дома, нават у нядзелю бегала ў кафэ. Не таму, што ленавалася, не. Проста сумна варыць адну талерку супу, каму гэта трэба… Вось цяпер я вару цэлую каструльку — гэта і ёсць шчасце».
Рака жыцця падхапіла Жураўскага, як трэску, і панесла па сваёй стромкай плыні, і яму не хацелася нават рукой паварушыць, каб нешта змяніць, прыбіцца да берага. Ён жыў, як гультаяваты закормлены кот: спакойна, бестурботна і дагледжана; дазваляў сябе лашчыць, прыбіраць за сабой,— адпачываў душой ад калатэчы свайго не такога і далёкага мінулага. Мяккі махровы халат, зручны таршэр каля тахты, кубачак духмянай кавы, цыгарэта, мілая пяшчотная жанчына, якая спяшаецца ўгадаць кожнае тваё жаданне,— што яшчэ чалавеку трэба…
Бюлетэнь скончыўся, ён пачаў хадзіць на работу, атрымаў зарплату, пераслаў па пошце Валянціне трыццатку для Андрэя, астатнія аддаў Алачцы, пакінуў сабе толькі на цыгарэты. Пасля работы яны сустракаліся на Цэнтральнай плошчы і ішлі дадому пехатой, доўга гулялі па ціхіх зялёных вулачках Старажоўкі, часам, калі паказвалі цікавы фільм, заходзілі ў кіно, дома вячэралі, сядзелі якую гадзіну перад тэлевізарам і клаліся спаць.
Ад такога жыцця Жураўскі нават таўсцець пачаў, раптам заўважыў, што стаў пукаціцца звычайна пляскаты, як дошка, жывот, і прымусіў сябе штораніцы бегаць трушком — ад лішняй вагі, ад інфаркту і ліха ведае ад чаго яшчэ.
Як гэта ні дзіўна, але Лаўрыновіч нікому не расказаў пра тое, што з Арсенам адбылося, відаць, і Алачка не афішыравала іх адносіны. У выдавецтве пра яго сямейныя справы ніхто нічога не ведаў, як і ў яе газеце, прынамсі, знаёмыя не дакучалі роспытамі. Думаць пра развод, пра падзел было агідна, Алачка ніколі не гаварыла з ім на гэту тэму, не падганяла, відаць, і Валянціну развод не дужа турбаваў. Рака жыцця, некуды ж вынесе…
На пачатку ліпеня яны ўзялі адпачынак і паляцелі ў Крым, у Кактэбель — урачы параілі Жураўскаму пагрэцца на паўднёвым сонейку, ды і Алачцы, ён адчуваў, трэба было адпачыць.
Белая мазанка, дзе яны знайшлі прытулак, стаяла ў садзе, праз расчыненае акно было відно мора, зеленаватае, як бутэлечнае шкло, і палоска пляжа, густа абжытаяя людзьмі, што нядаўна прыехалі, яшчэ белымі, як смятана, і «ветэранамі», што паспелі ўжо спусціць не адну скуру.
I Жураўскі ажыў. Ён зноўку адчуў сябе маладым і дужым, цэлыя дні плаваў з Алачкай навыперадкі, вучыў яе катацца на водных лыжах, пацягнуў на гару Валошына; пабраўшыся за рукі, яны хадзілі на базар па чырванашчокія памідоры, зялёныя, у пупырышках, гуркі і салодкую, як мёд, чарэшню. Алачка прыхапіла з сабою фотаапарат, старэнькі «ФЭД», сумку плёнак і бясконца шчоўкала: Арсен на пляжы, у садзе, на ганку іхняга доміка, каля куста шыпшыны — ніколі ў жыцці яго столькі не фатаграфавалі, ён наогул не любіў фатаграфавацца, але не гаварыў ёй пра гэта, каб не пакрыўдзіць: чым бы дзіця ні цешылася. Алачка і яго заразіла гэтай турысцкай страсцю, і Арсен фатаграфаваў яе, і нейкія вяселыя хлопцы — а летам на моры шмат вясёлых хлопцаў — фатаграфавалі іх абаіх.
— Навошта гэта табе? — неяк спытаў Арсен, калі яна важдалася з апаратам, у якога заела затвор.
Алачка адкінула з твару валасы і сумна ўсміхнулася:
— На ўспамін. Ты кінеш мяне, а ўспамін застанецца. Некалі я стану старэнькай бабуляй, дастану здымкі і ўспомню, якая я была шчаслівая.
Жураўскі не захацеў пераконваць яе, гаварыць пра вечнае каханне. Навошта?.. Адвярнуўся, пацёр хустачкай вока, быццам туды трапіла парушынка. Як мала трэба чалавеку для шчасця, з нечаканай тугой падумаў ён, як мала і як многа...
Ён жыў як перад канцом свету — паспешліва, узбуджана, хваравіта, нервова, быццам нейкі чарвяк тачыў яго, і сам не разумеў, што з ім адбываецца. Аж пакуль не ўбачыў каля пошты жанчыну нечым падобную на Валянціну,— і як быццам з разбегу ў бетонны слуп урэзаўся. Усё знікла, усё памерла: бляск сонца і адвечны шум мора, горы на гарызонце ў фіялетавай смузе, прахалода цеснага пакойчыка з адчыненым у сад акном, гарачыя Алаччыны рукі; да яго быццам зноў вярнулася хвароба, яшчэ больш цяжкая, чым тая, на якую ён перахварэў, бо тады балела цела, а цяпер забалела душа. Цяпер ужо ўсе жанчыны сталі надобныя на Валянціну, а ўсе хлопчыкі — на Андрэя, і ён адчуў, што вось гэта — сапраўды канец. Заставалася толькі адно: устаць раненька, пакуль Алачка яшчэ спіць, падсунуўшы кулачок пад шчаку, заплыць у мора як мага далей, выдыхнуць з лёгкіх паветра і каменем пайсці на дно.
Жураўскі зрабіўся панылы і маўклівы. Нішто болей не цешыла, нічога не хацелаея. Дарэмна Алачка старалася разварушыць яго, цягала на экскурсіі, на канцэрты славутых гастралёраў, у рэстараны — у яго было такое адчуванне, што ён аслеп і страціў слых. Мёртвы свет без фарбаў і без гукаў ляжаў навокал, і ён адчуваў сябе ў гэтым свеце мерцвяком. У дадатак навалілася бяссонніца. Ночы навылёт Арсен ляжаў на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, і да малінавых кругоў перад вачыма глядзеў у столь. Столь была аклеена старымі пажаўцелымі газетамі, прачытаць у цемнаце, што там напісана, было немагчыма, ды і што ён мог там вычытаць пра сваю тугу, пра гаротны свой лёс. «Арсен, дзе ты? — прыціскаючыся да яго гарачым целам, шаптала Алачка.— Адгукніся, Арсен…» Але ён маўчаў. Ён быў далёка, бясконца далёка адсюль. I там, у тым свеце, дзе ён быў, уладарылі Валянціна і Андрэй, і больш ні для каго не заставалася месца. Кусаючы вусны, каб не плакаць, Алачка адсоўвалася ад яго і горка пытала: «За што? Што дрэннага я табе зрабіла?» Ён маўчаў. А што ён мог сказаць…
Нарэшце яна не вытрымала: дастала з-пад ложка чамадан, стрымана сказала:
— Едзь, Арсен. 3 ёю табе дрэнна, а без яе яшчэ горш. Ты няшчасны чалавек, мой мілы, ні з кім і ніколі табе не будзе добра. А няшчасце — як кароста, заразнае. Толькі каросты мне і не хапала…
Жураўскі сядзеў на ложку і ўважліва вывучаў насы сваіх чаравікаў, абадраных аб каменні. Калі Алачка змоўкла, ён устаў і ўзяў свой чамадан. Маршчыны на яго твары разгладзіліся, вочы ажылі. Шумна, як конь, уцягнуў у сябе паветра і адчуў, што яно пахне соллю, і ёдам, і гнілымі водарасцямі.
Алачка стаяла каля адчыненага акна і глядзела на мора. Арсен схіліў галаву, пацалаваў ёй руку і пайшоў з хаты. Яна нават не азірнулася. Яна ўжо ведала, што нейкая часцінка яго назаўсёды засталася з ёю — Алачка чакала дзіця.
Жураўскі прыляцеў у Мінск вечарам. Пакуль дабраўся з аэрапорта дадому, ужо добра сцямнела. Адчуваючы, як моцна калоціцца сэрца, ён падняўся на свой паверх, дастаў з кішэні ключ. Усю дарогу Арсен трымаў гэты ключ у руках, гэта быў яго талісман, яго апошняя надзея. Якое шчасце, што я не выкінуў яго, думаў ён, а ў яго дрыжалі рукі, і ключ ніяк не трапляў у шчыліну,— я ж хацеў выкінуць яго, колькі разоў хацеў, а не выкінуў, якое гэта шчасце… Хоць бы Андрэя не было дома, як я пагляджу яму ў вочы, Валянціне я неяк пагляджу, а вось яму як… Хоць бы ён загуляўся ў сяброў, а можа, ён наогул у пінерскім лагеры… божа, збаў мяне ад выпрабавання дзіцячымі вачыма!
Нарэшце замок суха шчоўкнуў і Жураўскі зайшоў у сваю кватэру. Паставіў чамадан. Праз шкло дзвярэй было відаць, што ў пакоях цёмна, што там нікога няма. Святло цадзілася толькі з калідорчыка, які вёў на кухню.
Ногі наліліся свінцом. Цяжка ступаючы, ён мінуў прыхожую, калідорчык і адчыніў дзверы на кухню.
Валянціна стаяла каля пліты, завязаўшы валасы касынкай. Яна падняла галаву на тоненькі скрып дзвярэй, убачыла яго, і ні адна жылка не ўздрыгнула на яе спакойным засяроджаным твары.
— А-а, гэта ты? — сказала яна, быццам ён вярнуўся з работы або з магазіна, куды сама яго паслала паўгадзіны назад.— Мый рукі і садзіся за стол, будзем вячэраць. Я якраз катлетаў насмажыла цэлую гару. Заўтра паедзем дя Андрэя ў Стайкі і яму адвязём.
Паслухмяна, як хлапчук, ён пайшоў у ванную, зняў пінжак, падкасаў рукавы кашулі, з шумам пусціў ваду. І застагнаў, споўз на халодную падлогу ад пранізлівага болю.
Праз нейкі час Алачка Чмялёва перайшла са сваёй газеты ў выдавецтва, дзе працаваў Арсен Жураўскі. Сустрэліся яны як старыя знаёмыя. Ніякай віны сваёй перад ёю Жураўскі не адчуваў: ён ужо даўно ведаў, што добрымі намерамі забрукаваны дарогі ў пекла.
РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
1
У ардынатарскай было душна. Чумакоў устаў, адчыніў акно. Прагна, аж галава закружылася, удыхнуў цёплае духмянае паветра.
Бясконцы майскі дзень дагараў. Неба ўвачавідкі цямнела, на ім вясёлым рабаціннем высыпалі першыя зоркі. Цвіў бальнічны сад, белыя і ружовыя яблынькі мякка свяціліся ў шэрым паўзмроку. Было ціха, нават птушкі замоўклі. Апусцелі алеі, альтанкі, лавачкі, хворыя разышліся па палатах. У клінічных карпусах запаліліся агні. Неяк зусім недарэчна ў гэтай насцярожанай цішы загудзеў матор. Віскнуўшы тармазамі, на пляцоўцы каля паліклінікі шынілася блакітная «Волга» прафесара Карпенкі.
3 усіх медыцынскіх і немедыцынскіх навук прафесар Генадзь Васільевіч Карпенка найбольш паважаў статыстыку. Ён даўно ўжо засвоіў для сябе простую ісціну, што начальства мяркуе пра тваю работу не па тым, як ты сапраўды працуеш, а па тым, якую даеш справаздачу. Галоўнае, каб лічбы былі ў ажуры, каб цешылі кіруючае вока, астатняе — дробязі.
Адной з галоўных лічбаў, што характарызавалі работу анколагаў, быў працэнт смяротнасці. Узначаліўшы аддзел радыёхірургіі, Карпенка павёў на гэты працэнт рашучы наступ і за два гады работы дасягнуў такіх бліскучых вынікаў, што яго імя сталі з павагай называць на розных нарадах далёка за межамі інстытута.
Між тым Генадзь Васільевіч не вынайшаў новага сродку супроць рака, сродку, які быў бы больш эфектыўны за тыя, што выкарыстоўваліся да яго прыходу. Рабіліся ўсё тыя ж аперацыі, даваліся ўсё тыя ж лекі. Проста ён стаў больш уважліва і патрабавальна адбіраць хворых. Калі аналізы паказвалі, што чалавека ўжо не выратаваць, Карпенка спакойна адпраўляў яго паміраць дадому.
Ніякага ашуканства тут не было. Безнадзейны хворы і ёсць безнадзейны, пакладзеш яго ў клініку або не. Ну, прыклаўшы вялізныя намаганні, падорыш чалавеку яшчэ некалькі тыдняў, месяцаў або нават год жыцця. Вось і ўсё. Выратаваць немагчыма, інакш і гаворкі не было б. Але што гэтыя дні, тыдні і месяцы, калі хворы асуджаны! А ён жа займае месца, на якое можна пакласці таго, каго яшчэ не позна выратаваць. Робяцца найскладанейшыя аперацыі, выдаткоўваюцца каштоўныя прэпараты, якіх пастаянна не хапае, трацяцца час і сілы ўрачоў — навошта? Каб потым у секцыйнай зале моўчкі развесці рукамі — мы зрабілі ўсё што маглі?! Ці не задорага каштуе дзяржаве гэта самае «ўсё што маглі», калі магчымасці твае жорстка абмежаваны аб’ектыўным станам навукі?!
— Гэта амаральна,— сказаў Чумакоў на клінічнай канферэнцыі, зразумеўшы «метад», пры дапамозе якога загадчык ваюе са смяротнасцю.— Мы не бухгалтары, а ўрачы, нам трэба не падлікамі займацца, а змагацца за хворага чалавека. Да апошняга. Нават калі развіццё хваробы не пакідае ніводнага шансу на поспех. Інакш гэта не медыцына, а злачынства, прыкрытае гучнымі словамі.
— Калега Чумакоў залішне эмацыянальна ўспрыняў некаторыя мае ўказанні,— тонка ўсміхнуўся Карпенка.— Цяпер лічаць нават стваральнікі касмічных ракет, якім даюць усё, што ні папросяць, такі век. Ні адзін урач на Захадзе не возьмецца лячыць хворага, калі той не мае чым заплаціць за лячэнне. У нас медыцынскае абслугоўванне бясплатнае, і гэта адна з найвялікшых заваёў савецкай улады. Даруйце за невялічкі ўрок палітграматы. Але тое, што бясплатна для хворых, дзяржаве ўлятае ў добрую капейчыну, асабліва ў нас, у анкалогіі. Значыць, і мы павінны лічыць, як яе выдаткаваць, гэту капейчыну, каб атрымаць найлепшую аддачу, каб наша праца прынесла найбольшую карысць. Вось і ўсё. А ўсё астатняе — гэта дэмагогія і абстрактны гуманізм.
— Між іншым, гэта капейчына, як вы гаворыце, зароблена дзяржаве і тым самым слесарам Петрачэнкавым, якому вы сёння адмовілі ў медыцынскай дапамозе,— стрымана адказаў Чумакоў.— Даруйце і мне за невялічкі ўрок палітграматы, але слесар Петрачэнкаў — і ёсць дзяржава, гэта дзеля яго мы сцвярджаем, што галоўнае наша багацце і каштоўнасць — чалавек. А тое, што вы называеце абстрактным гуманізмам… Вы ведаеце, што на вайне нашы хірургі аперыравалі параненых немцаў? Нават эсэсаўцаў, якіх пасля суд адпраўляў на шыбеніцу. Але гэта рабіў суд, урачы — ратавалі…
3 той самай канферэнцыі яны сталі ворагамі. Чумакоў сваёй варожасці не хаваў, Карпенка ж дзеннічаў больш хітра: лагодна ўсміхаўся, калі Аляксей Пятровіч крытыкаваў яго, часам згаджаўся, часам не, але ўпарта гнуў сваю лінію.
Чумакоў не любіў фанабэрыстасці свайго шэфа, нецярпімасці да чужой думкі, калі яна не адпавядала яго ўласнай, спакойнай бессаромнасці і беспрынцыповасці, з якою той прыпісваў сваё прозвішча да ўсіх навуковых работ, што выконваліся ў аддзеле, хоць часцяком не меў да іх ніякіх адносін. Іх першая сутычка якраз тады і адбылася, калі Чумакоў прынёс Карпенку на прагляд, для азнаямлення, артыкул, дзе падводзіліся вынікі работы па ўвядзенні прэпарату калоіднага золата ў лімфатычныя сасуды. Карпенка ўважліва прачытаў артыкул, пахваліў за абгрунтаванасць, затым усміхнуўся куточкамі вуснаў і нібы між іншым заўважыў:
— А вы не знаходзіце, Аляксей Пятровіч, што тут нечага не стае?
Чумакоў сумеўся. Ён працаваў над артыкулам некалькі месяцаў, кожнае слова там было падмацавана назіраннямі за хворымі, аб’ектыўнымі дадзенымі радыёметрыі і клінічных аналізаў, і раптам…
— Ды не, вы не пра тое думаеце,— паспяшаўся супакоіць яго Карпенка.— 3 навукай тут усё ў парадку. Не хапае дробязі.— Ён дастаў з пінжака паркераўскую ручку з залатым пяром і перад прозвішчам Чумакова ўпісаў сваё.— Вось цяпер усё ў парадку. Пакіньце артыкул мне, я сам адвязу яго ў маскоўскі часопіс.
Ён зноў усміхнуўся сваёй белазубай усмешкай, шчырай і добразычлівай: вось і ўсё, я вас не затрымліваю! — і Чумакова аж скаланула ад гэтага нахабства, ад гэтай спакойнай упэўненасці, што ён змоўчыць, як маўчалі, відаць, ужо многія.
Папрацаваўшы амаль два дзесяткі год у навукова-даследчым інстытуце, Чумакоў ужо не раз сутыкаўся з тым, як у навуковыя работы, выкананыя аднымі супрацоўніхамі, упісваліся прозвішчы другіх. Тлумачылася гэта проста: навука, асабліва такая складаная і да канца не распрацаваная, як анкалогія, цяжка паддаецца планаванню. Людзі гадамі займаюцца сур’ёзнымі даследаваннямі, чакаць ад іх хуткіх вынікаў немагчыма. Здаралася, што яны доўга не маглі надрукаваць ніводнага радка. Часам шматгадовая праца заходзіла ў тупік, і гэта ставіла пад пагрозу не толькі навуковую рэпутацыю даследчыкаў, а нават іх лёсы; ад навуковага супрацоўніка чакаюць планавай аддачы, сістэма конкурсаў на замяшчэнне пасад вымушае кожнага помніць пра гэта. I часам прыходзілася ісці на падман, каб даць магчымасць людзям спакойна і сумленна давесці сваю работу да канца, нават калі яна давала зусім не тыя вынікі, якія чакаліся, бо адмоўны вынік — гэта таксама вынік, і калі сёння нейкі кірунак завёў вучонага ў тупік, дык заўтра другі пазбегне яго памылак, зберажэ час і сілы і пойдзе далей. Але ў выпадку з Карпенкам гэтага не было. Яму нішто не пагражала, нішто не перашкаджала. Ён прыпісаў сваё прозвішча толькі дзеля таго, каб унесці ў спіс сваіх навуковых прац яшчэ адзін радок — не больш. Каб тыя, хто нічога не ведае, са здзіўленнем і захапленнем паўтаралі: «Ведаеце! Прафесар — аўтар ста сямідзесяці васьмі навуковых работ!» Гэта было агідна, змірыцца з гэтым Чумакоў не мог.
— Гэта сапраўды дробязь,— адказаў ён.— Але ведаеце, прафесар, часам лыжкай дзёгцю можна сапсаваць бочку мёду.— Узяў з рук Карпенкі ручку, старанна закрэсліў яго прозвішча, скруціў лісткі ў трубачку і выйшаў, так бразнуўшы дзвярыма, што зазвінелі шыбы.
Першая сутычка пацягнула за сабою другія, і неўзабаве Чумакоў адчуў, што пры новым шэфе працаваць яму будзе цяжка.
Асабліва не любіў ён вось такія познія візіты Карпенкі ў клініку. Генадзь Васільевіч старанна ствараў легенду аб сабе як аб чалавеку, які гарыць на рабоце, у якога няма ніводнай хвіліны вольнага часу. Рабілася гэта вельмі проста. Прафесар амаль ніколі не глядзеў хворых, асабліва тытулаваных хворых ці іх родзічаў, днём, у час звычайных абходаў. Заўсёды знаходзілася нешта тэрміновае, важнае, неадкладнае, што не дазваляла яму гэтага зрабіць: нарада ў міністэрстве, сімпозіум, кансіліум, лекцыя ў інстытуце павышэння кваліфікацыі ўрачоў, гутарка з аспірантамі і ардынатарамі… Да хворых ён прыязджаў ноччу: сам вадзіў машыну, пятнаццаць мінут — і ў інстытуце; накідваў на плечы халат, заходзіў у палату, прысаджваўся на край пасцелі. Падрабязна абмяркоўваў з мужчынамі, ці адбудзецца нарэшце сустрэча Анатоля Карпава з Робертам Фішэрам, а калі адбудзецца, дык дзе: у Маніле, Мехіка-Сіці або ў Мілане? I якія шанцы ў нашага маладога таленавітага шахматыста на сусветную карону, калі ўлічыць, што, як пішуць газеты, Фішэр за апошнія два гады не згуляў ніводнай партыі?.. Зацікаўлена распытваў жанчын пра іх дамашнія справы, пра дзяцей. Жартаваў, лічыў пульс, правяраў назначэнні. Уважлівы, добразычлівы, ён цярпліва слухаў самыя падрабязныя споведзі хворых аб сваім стане, не перапыняў, як іншыя ўрачы, якія заўсёды некуды спяшаліся,— і міф аб яго дабрыні, спагадлівасці і чалавечнасці рос, як снежны ком. Злыя языкі сцвярджалі, што менавіта гэтаму міфу ён быў абавязаны тым, што ў трыццаць чатыры гады, ледзь толькі абараніўшы доктарскую дысертацыю, атрымаў званне прафесара і заняў пасаду, пра якую той жа Чумакоў, адзін з самых вопытных радыёхірургаў, і марыць нё мог.
Міф, які тварыўся вакол Карпенкі, працаваў на аддзел, прыносіў пэўныя выгоды, гэта мусілі прызнаць усе, нават Чумакоў. Ніколі раней аддзел не атрымліваў столькі новага абсталявання, вамежных машын і прыбораў, штатных адзінак і прэпаратаў, колькі з прыходам Генадзя Васільевіча. Ды і гультаём або нікчэмным кіраўніком назваць яго ні ў кога не павярнуўся б язык. Не, ён кіраваў падначаленымі ўпэўнена і цвёрда, дакладна вызначаў найбольш перспектыўныя напрамкі, рабіў складаныя аперацыі, выступаў з дакладамі, з прапановамі на сходах… Але Чумакоў разумеў, што за бурнай дзейнасцю гэтай тоіцца не любоў да працы, не боль за лёс людзей, якіх хвароба прыводзіць у Інстытут, а ненатольная прага пашаны, імкненне любымі сродкамі зрабіць кар’еру. Дзеля гэтага, як жартаваў Жэня Тарасаў, Генадзь Васільевіч мог бы не толькі выбіць рэдкі японскі імпульсны лічыльнік, а нават злізаць вяршкі з Млечнага Шляху.
Карпенка зайншў у ардынатарскую, павітауся, спрытаў што чуваць. Чумакоў адказаў агульнымі словамі: усё ў парадку, ніякіх нечаканасцей.
— А я толькі што з банкету,— усміхнуўся Генадзь Васільевіч.— Цудоўная жанчына, работнік грамадскага харчавання. Магчымасці неабмежаваныя. Дарэчы, уяўляеце, каго я там стрэў? Нашага цельпука Безбародзьку! Аказваецца, ён яе зяць. Неверагодна! Быць зяцем самой Аксаны Фёдараўны — і нікому пра гэта не сказаць! Вось што, Аляксей Пятровіч, трэба яму неяк памагчы хутчэй абараніцца.
— Вы ж самі нядаўна назвалі яго дысертацыю слабай, хоць я з вамі рашуча не пагадзіўся.
— Лічыце, што я памыліўся, а вы мелі рацыю. Гэта вас эадавальняе?
Чумакоў кіўнуў: задавальняе. Безбародзька сапраўды зрабіў цікавую работу, каб не прыдзіркі Карпенкі, яе ўжо даўно можна было абараніць.
Карпенка ўважліва паглядзеў на яго.
— Што з вамі, Аляксей Пятровіч? Стаміліся?
Чумакоў маўчаў: цынічная беспрынцыпнасць прафесара збівала яго з панталыку.
— Мне не падабаецца ваш выгляд. Шкада, што не бачыў днём — вызваліў бы вас ад гэтага дзяжурства.
— Я сам узяўся падмяніць Каламійцаву, у яе захварэла дачка.
— Вунь што,— сказаў Карпенка.— Ну, калі самі… Слухайце, Аляксей Пятровіч, вы ж ведаеце, што ў панядзелак у Маскве пачнецца ўсесаюзная нарада радыёхірургаў. Ці не згодзіцеся вы ўзначаліць нашу дэлегацыю?
— Узначаліць? — іранічна перапытаў Чумакоў.— Дзякуй за гонар, але ж вы нават не ўключылі мяне ў яе склад.
— Гэта была мая памылка,— спакойна адказаў Карпенка.— Занадта многа волі даў сваім пачуццям. Гатовы прасіць прабачэння. Сам я па некаторых прычынах паехаць не магу. Прашу вас мяне замяніць.
— Так…— паварушыў бровамі Чумакоў.— Генадзь Васільевіч, вы чыталі калі-небудзь «Іліяду»?
— Ліха яе ведае,— паціснуў ён плячыма.— А што? Здаецца, да анкалогіі яна не мае ніякіх адносін.
— Там ёсць такі радок: «Бойтесь данайцев, дары приносящих…»
— А-а,— Карпенка засмяяўся.— Здаюся. Ну што ж, скажу шчыра: мне абрыдла мышыная вайна, якую мы з вамі вядзём ужо амаль два гады. Вы — разумны і таленавіты ўрач і вучоны, абсалютна натуральна, што мне як кіраўніку аддзела хочацца мець у вашай асобе не ворага, а сябра.— Убачыў на твары Чумакова недаверлівую ўсмешку.— Ну, добра, не сябра — саюзніка, таварыша. Урэшце, мы служым аднаму богу — анкалогіі, і робім адну справу — змагаемся з цяжкай хваробай. Вам сёе-тое не падабаецца ў маіх дзеяннях, мне — у вашых. Але ёсць нешта, што нас аб’ядноўвае, і гэтае нешта — хворы чалавек, які чакае ад нас дапамогі. Вось аснова, падмурак, на якім могуць і павінны будавацца нашы ўзаемаадносіны, калі мы хочам працаваць разам. Згодны?
Не згадзіцца з такой нечаканай прапановай было цяжка. Чалавек працягваў руку, было б несправядліва адштурхнуць яе. «Што за блыха яго ўкусіла? — падумаў Чумакоў.— А можа… Можа, зразумеў, што інакш нельга, што гэта — адзіны шлях… Сапраўды, мы служым аднаму богу — анкалогіі, хвораму чалавеку… можа, ён нешта зраэумеў, не дурань жа!» Узрадавала яго і магчымасць тыдзень пабыць у Маскве, пагаварыць з таварышамі па працы, паслухаць выступленні буйнейшых радыёхірургаў краіны, паглядзець сваімі вачыма, што новага ў інстытуце Герцэна, у Інстытуце эксперыментальнай і клінічнай анкалогіі Акадэміі медыцынскіх навук. Чумакоў нават сам сабе ў гэтым не прызнаваўся, але тое, што яго не ўключылі ў дэлегацыю, балюча абразіла і пакрыўдзіла яго. Тым больш добра было б на нейкі час з’ехаць з дому менавіта цяпер: неабходнасць нешта рабіць, нешта высвятляць і вырашаць у сямейных справах прыгнятала яго, бадай, ці не больш, чым навіна, якую ён пачуў, можа, таму, што навіной, уласна кажучы, яна не была: няхай неакрэслена, няпэўна, але яго ўжо даўно гэта мучыла. З’ехаць з дому, даць часу самому нешта вырашыць… Праўда, без яго зноў загінуць малькі неонаў. А-а, ліха з імі, Сярожка паглядзіць. Што там неоны, калі гіне, рушыцца ўсё, чым ты жыў…
А ён жа купляе мяне,— востра і балюча кальнула ў скроні.— Ён зразумеў, што нахрапам мяне не ўзяць, і парашыў купіць. Напляваць ён хацеў і на анкалогію, і на хворых. Яму адно патрэбна: каб ва ўсіх было ўражанне, што ў калектыве, якім ён кіруе, пануюць мір і згода. Ніякіх канфліктаў, нават дробных: гэта псуе рэпутацыю кіраўніка. Ён кідае мне костку, як звягліваму сабаку, каб адчапіцца, і самае агіднае, што я гатовы яе з удэячнасцю падхашць».
Ах, як пашкадаваў Чумакоў, што ўжо адгуляў адпачынак! Падвярнулася турысцкая пуцёўка на возера Байкал, а ён з дзяцінства марыў убачыць гэта возера, і Аляксей Пятровіч паехаў цягніком праз усю краіну, цешачы сябе думкай, што вось яна і збудзецца, яго дзіцячая мара, а што там, на Байкале, можна было ўбачыць у сакавіку? Увесь тыдзень, што турысты там прабылі, шалела мяцеліца, выходзіць з цягніка катэгарычна забаранілі, і Чумакоў ледзь не звар’яцеў ад суму і расчаравання. Вярнуўся дадомі стомлены, прыгнечаны, быццам нехта злосна пакпіў з яго, а адпачынак ляснуў. Ляснуў адпачынак, а як бы ён быў зараз дарэчы! Можна было б не хаваць вочы, а спакойна адмовіцца… «Бойтесь данайцев, дары приносящих».
— Дык што, Аляксей Пятровіч, вырашана? — спытаў Карпенка, зашпільваючы халат.
— Вырашана,— адказаў Чумакоў, адчуваючы, як чырвань падступае да твару, і прымусіў сябе дадаць: — Дзякуй, Генадзь Васільевіч.
— Тады заўтра выпішыце камандзіроўку і збірайцеея ў дарогу. Вашых хворых я даручу Безбародзьку. Ён яшчэ малады, няхай пакруціцца. Ну, я ў трэцюю палату.— Карпенка хітравата падміргнуў Чумакову: у трэцяй палаце пасля абпраменьвання на бэтатроне ляжала, чакаючы аперацыі, цешча аднаго з рэспубліканскіх кіраўнікоў, і Генадзь Васільевіч разлічваў зрабіць на яе, а праз яе і на высокапастаўленага зяця адпаведнае ўражанне: а раптам калі-небудзь і спатрэбіцца.
Чумакоў брыдка вылаяўся ў душы і таксама пайшоў з ардынатарскай. Яго чакала доўгая бяссонная ноч, і было яму пра што думаць і што ўспамінаць.
2
Жыццё Аляксея Пятровіча Чумакова знешне было не вельмі разнастайнае. Галоўнае месца ў ім займала работа: лабараторыя, клініка, эксперыментальная аперацыйная, навуковая бібліятэка… Дамоў ён вяртаўся стомлены, ледзь хапала часу пагаварыць з жонкай і дзецьмі, пагартаць дзённікі Сярожкі і Аленкі, паглядзець па тэлевізары праграму «Час» ці спартыўную перадачу, паляжаць з газетай або медыцынскім часопісам на канапе, паваждацца з рыбкамі. Каля акварыумаў ён адпачываў душой. Пярэстае мільгаценне за празрыстым шклом настройвала яго на філасофскі лад, знімала напружанне рабочага дня. Зрэдку, у выхадныя, яны з Ірынай хадзілі ў кіно, тэатр; зрэдку бывалі ў гасцях або самі прымалі гасцей. Мастацкай літаратуры ён амаль не чытаў, не хапала часу, каб прачытаць усю спецыяльную, а яе трэба было абавязкова, каб не траціць гады на вынаходства веласіпеда, каб адпавядаць сваёй рабоце — ратаваць хворых людзей.
Яго дзяцінства і сталыя гады прайшлі на асфальце, сярод драўляных і цагляных дамоў і рэдзенькіх прычасаных сквераў. Ён быў гараджанінам і любіў горад: шырокія вуліцы і праспекты, запруджаныя людзьмі і аўтамабілямі, залітыя халодным святлом ліхтароў, вялізныя вітрыны магазінаў, ззянне неонавых рэклам над вышыннымі будынкамі, натоўпы на тралейбусных і аўтобусных прыпынках, зялёныя агеньчыкі таксі, доўгія чэргі каля газетных кіёскаў, цьмяны бляск асфальту пасля дажджу, востры пах бензіну і саляркі, дзелавы, напружаны рытм жыцця.
У лесе, на рацэ, куды ён часам выязджаў з сям’ёй, як выязджалі ўсе іх сябры, Чумакоў адчуваў сябе чужым і адзінокім. Ён не разумеў мовы дрэў і птушак, кветак і траў і ў душы пасмейваўся з тых, хто ў замілаванні айкаў і войкаў над кожным грыбам, заміраў каля кожнай чаромхі ў кветках, мог гадзінамі ўзахлёб расказваць, як трапечацца на вудзе акунь, як зіхаціць раса на павуцінні, як пранізліва курлычуць у пустым асеннім небе журавы… I грыбы і рыбу куды прасцей было купіць у магазіне ці на базары, птушак паслухаць, паставіўшы на радыёлу пласцінку,— прынамсі, не нераблытаеш галасы. Жыццё надта кароткае, каб траціць яго на розныя глупствы.
Неяк Ірына ўгаварыла яго прачытаць кнігу Паўстоўскага «Залатая ружа». Кніга ўразіла Чумакова. Асабліва запала яму ў душу маленькая вясковая дзяўчынка, якая ведала дзесяткі лугавых кветак і траў. Шчамяліцу і мяту, падмарэннік, пярэсну, зязюльчыны слёзкі, вятроўнік, чабор, зверабой, чыстацел… Кожная кветка, кожная травінка была для яе цэлым светам, мела свой колер, пах, выклікала пэўнае адчуванне — колькі пяшчоты ў самой назве: пярэсна… У бліжэйшы выхадны Чумакоў узяў дзяцей, Ірыну, і яны паехалі на Вячу, у мясціны глухія, яшчэ не затаптаныя, не забруджаныя. Трава стаяла ў пояс, у самага таленавітага мастака не хапіла б фарбаў, каб перадаць усё шматколернае багацце кветак і траў, а Чумакоў гдядзеў на іх сляпымі вачыма і адчуваў, як смуткам поўніцца яго душа. Ён ведаў назву кожнай трапічнай рыбкі ў сваіх акварыумах, яе паходжанне, ведаў, ад чаго залежыць інтэнсіўнасць яе афарбоўкі, а тут, на прырэчным лузе, поўным жыцця і хараства, усё яму было чужое. Нічога адметнага, банальны дыван, на якім можна паляжаць пад сонейкам, пасёрбаўшы духмянай юшкі. Ён раптам адчуў сябе беззваротна, непапраўна абкрадзеным і абдзеленым, і яго пацягнула туды, у горад, дзе ўсё проста, усё зразумела: дамы, машыны, дым над комінамі, пранізлівы скрыгат трамваяў на паваротах, шэрая асфальтавая рака…
…Чумакоў павольна крочыў па даўжэзным інстытуцкім калідоры. Заўважыўшы яго, дзяжурныя сёстры адрываліся ад кніг і папер, коратка дакладвалі, што ў палатах усё спакойна. Ён ківаў і моўчкі ішоў далей, цяжка шоргаючы стомленымі нагамі. Думкі яго былі занятыя зусім іншым. Ён успамінаў, як упершыню ўбачыў Ірыну, як нечакана яна ўвайшла ў яго жыццё.
Калі гэта здарылася? У маі… Таксама ў маі. Семнаццаць год назад. Тады яму было дваццаць сем, ён заканчваў работу над кандыдацкай дысертацыяй. Папярэдняя абарона была прызначана на жнівень, і ён спяшаўся: проста з работы бег дадому і ледзь не да раніцы сядзеў за сталом, абвязаўшы галаву мокрым ручніком,— апрацоўваў матэрыялы, выкрэсліваў графікі, вычытваў перадрукаваныя на машынцы старонкі. Жыў ён разам з маці ў невялікім драўляным доме на Грушаўскім пасёлку. У доме былі два пакоі і кухня, пабудаваў яго бацька Чумакова перад самай вайной, адсюль ён пайшоў на фронт, тут ён і памёр ад старых ран восенню сорак дзевятага. Тут, у цесным дворыку, дзе раслі старая ліпа і некалькі кустоў бэзу, а пад вокнамі аж да першых халадоў цвілі вяргіні, прайшло дзяцінства Аляксея Пятровіча. Кожная маснічына ў гэтым доме, кожная бэлька, нават драпіна на падаконніку былі дарагія і блізкія, захоўвалі цяпло бацькавых рук, памяць аб ім. Аляксей Пятровіч і ўрачом вырашыў стаць яшчэ тады, як сядзеў начамі каля татавага ложка разам з маці, якая працавала медсястрой у чыгуначнай клініцы.
Ён працаваў — удакладняў разлік часу, за які прэпарат радыёактыўнага золата выводзіцца з арганізма хворага, і нават не пачуў, калі Ірына ўвайшла ў пакой. Проста раптам за спінай тоненька заплакала маленькае дзіця, і ён ад нечаканасці выпусціў з рук аловак, азірнуўся і ўбачыў яе. Яна стаяла, прыхінуўшыся да вушака, відаць, знясіленая, і трымала на руках скрутак; менавіта адтуль даносіўся тоненькі і жаласны дзіцячы плач.
— Даруйце, калі ласка,— сказала Ірына і адвяла рукой пасмы валасоў з твару — прыгожыя ў яе былі валасы, колеру спелай жытнёвай саломы, густыя, доўгія. Разгледзеў ён гэта пазней, а тады валасы былі шэрыя, мокрыя ад дажджу, які паціху лапатаў у лістоце ліпы, змываў пыл з бэзавых кустоў. Ірына ўся вымакла, відаць, доўга хадзіла па вуліцы без парасона, прыкрываючы кофтай скрутак з дзіцем; калі яна адкінула з твару валасы, Аляксей убачыў, што вочы ў яе блішчаць, як у зацкаванага звярка. Ён яшчэ прафесійна падумаў, што ў яе, відаць, паднялася тэмпература, адсюль і бляск вачэй і чырвоныя плямы на твары.— Можа, вы здаяце пакой? Ці хоць які куток? Нам з сынам зусім няма дзе жыць…
— Не,— разгублена адказаў ён.— На вялікі жаль… Прабачце, мы ніколі не трымалі кватарантаў. Хатка такая маленькая…
Ён падумаў, што ёй гэта маленькая хатка, напэўна, здаецца сапраўдным палацам, і міжволі пачырванеў: ах ты, ханжа няшчасны, як жа табе не сорамна! Два покоі, кухня метраў на восем, сенцы — маленькая…
— Што ж, шкада,— сказала яна.— Тады, можа, вы мне дазволіце перапавіць малога? Ён зусім прамок, хоць бы не прастудзіўся.
— Калі ласка,— адказаў Аляксей і згроб з канапы свае кніжкі.— Вось тут…
Ірына, пахістваючыся, прайшла цераз пакой, паклала дзіця на канапу. Ён пераставіў крэсла і, каб не бянтэжыць яе, паспрабаваў зноў паглыбіцца ў свае падлікі, але лічбы блыталіся, утваралі нейкія неверагодныя камбінацыі. Дзіцячы плач за спінай змоўк, пачулася ціхае сапенне і чмоканне. Аляксей пашкадаваў, што маці на дзяжурстве, яна лёгка і проста знайшла б выйсце з гэтай непрыемнай сітуацыі. Вядома, спасылка на тое, што хата маленькая,— глупства. Проста ў іх няма ніякай патрэбы трымаць кватарантку, ды яшчэ такую… з грудным дзіцем. Шкада жанчыну, якой у такім становішчы трэба некуды ісці на ноч гледзячы, але ж свет вялікі, усіх не пашкадуеш. Яму трэба працаваць, вось што галоўнае, трэба заканчваць дысертацыю, а ён ужо так стаміўся, што нават галёканне хлапчукоў, якія ганялі мяч на вуліцы, выклікала ў яго прыступы галаўнога болю, не хапала яму яшчэ піску малога. Потым ён нечакана знайшоў памылку ў сваіх падліках, захапіўся работай і проста забыўся на сваю нечаканую госцю. Абудзіўся ён ад стуку, павярнуўся і ўбачыў, што жанчына звалілася з канапы і ляжыць на падлозе. Аляксей кінуўся да яе. Так і ёсць: самлела. Паклаў руку на лоб, лоб гарачы, тэмпература, пэўна, пад сорак. Намацаў пульс. Пульс быў як тоненькая нітачка — вось-вось абарвецца. Жанчына дыхала цяжка, перарывіста, дыханне павярхоўнае, хрыплае. «Тыповае запаленне лёгкіх,— падумаў ён.— Што рабіць? Выклікаць «хуткую дапамогу»? А куды ж тады дзіця? Хутчэй бы прыйшла мама!»
Аляксей кіпяціў шпрыц, калі маці вярнулася з дзяжурства. Яна здзіўлена паглядзела на сына, на маладую жанчыну. Аляксей перанёс дзіця на крэсла: накормленае, перапавітае, яно цяпер соладка спала там, а жанчыну паклаў на канапу і накрыў коўдрай. Маці ўсё зразумела з першым жа слоў і спакойна, без мітусні ўзялася за работу. Выгнала Аляксея ў свой пакой, распранула Ірыну, зрабіла ўкол, каб збіць тэмпературу і стымуляваць сардэчную дзейнасць, потым пайшла на кухню варыць манную кашу, каб было чым накарміць дзіця, калі яно прачнецца.
Ноччу жанчына трызніла. Маці цярпліва сядзела каля яе, як некалі сядзела каля бацькі, як з дня ў дзень сядзела каля хворых у сваім хірургічным аддзяленні: выцірала лоб, змочвала вусны, праз кожныя чатыры гадзіны рабіла ўкол, калыхала малога, мяняла яму пялёнкі. Яна разабрала клуначак, з якім прыйшла Ірына, і перамыла ўсе пялёнкі і распашонкі — Аляксей аж разгубіўся, калі зазірнуў на кухню і ўбачыў там цэлую выстаўку дзіцячых рэчаў. Нешта цёплае заварушылася ў яго душы, цёплае і горкае адначасова: ён ужо ведаў, што не дадзена яму лёсам гэтага шчасця — купляць свайму дзіцяці такія вось пялётскі-распашонкі, насіць яго на руках, рабіць «казу», назіраць, як немаўлятка ператвараецца ў чалавека, але ўпершыню туга па гэтым немагчымым шчасці балюча апякла яму сэрца.
Чумакоў ажаніўся на пятым курсе з аднакурсніцай Марынай Пракопчык, чырванашчокай вясёлай таўстухай. Дзяўчаты марылі сябе голадам, каб пахудзець, набыць «фігуру», Марына ела пірожныя і шакаладныя цукеркі і рагатала: «Добрага чалавека павінна быць многа!» У яе быў невычэрпны зарад аптымізму: нават двойка на экзамене не магла сапсаваць настрой. «Гэткая бяда,— абыякава паціскала Марына плячыма,— праз тыдзень пераздам на пяцёрку». I пераздавала.
Яны былі шчаслівыя амаль два гады. Пасля заканчэння інстытута абое пайшлі працаваць у анкалогію, Аляксею абяцалі праз нейкі час месца ў аспірантуры. Жылі дружна, весела. Маці не магла нарадавацца на нявестку: урач, а такая ж руплівая, гаспадарлівая. У хаце прыбярэ, абед згатуе, усё перамые, перапрасуе…
— Адпачыла б лепей,— гаварыла Галіна Аўдзееўна.— Я сама што трэба зраблю.
— Няможна мне лішняе адпачываць, мама,— смяялася Марына,— зусім разнясе. Мне рухацца трэба. У нас з Алёшкам пяцёра дзяцей будзе, не менш, а за імі ж пабегаць прыйдзецца, пакуль на ногі паставіш.
Яна вельмі любіла дзяцей, сама вырасла ў вялікай і дружнай сям’і, сярод братоў і сясцёр, і не разумела тых, у каго было толькі па аднаму дзіцяці. Глупства гэта, чым бы яно ні прыкрывалася, і эгаізм. Як жыць дзіцяці без братоў і сясцёр, ці мала што можа здарыцца ў жыцці, а яму, аднаму, і галаву не будзе дзе прытуліць, і душу адагрэць. Не, тут не пра сябе трэба думаць — лёгка табе будзе жыць ці трохі цяжэй, пакуль падрастуць дзеці, а пра іх — як ім будзе жыцца.
Калі амаль праз два гады яны пераканаліся, што ў іх ніколі не будзе дзяцей, для Марыны гэта была сапраўдная трагедыя. Яна ўгаварыла Аляксея, што ім трэба праверыцца. Урачы самі, яны разумелі, што саромецца тут няма чаго, што, магчыма, медыцына яшчэ здольная ім памагчы: абое ж такія маладыя, такія здаровыя.
Прафесар Ліхтаровіч, які займаўся імі некалькі месяцаў, урэшце бездапаможна развёў рукамі.
— Я ў роспачы, дарагія калегі. Вы — абсалютна нармальныя людзі, але, на вялікі жаль, дзяцей у вас, відаць, не будзе. Гэта нейкі незразумелы выпадак біялагічнай несумяшчальнасці; за доўгія гады практыкі я сутыкаюся з такой з’явай упершыню. Усё гэта патрабуе самага сур’ёзнага вывучэння, вынікі могуць быць вельмі цікавыя, але я вельмі сумняваюся, што вы згодзіцеся быць, так сказаць, аб’ектамі для навуковых назіранняў. Дужа інтымная сфера, каб пускаць назіральнікаў, нават калі мэты самыя высакародныя. Адзінае, што я вам магу сказаць пэўна — жывіце на здароўе, ніякіх радасцей лёс вас не пазбавіў, акрамя адной: калі вам хочацца, каб род ваш на вас не спыніўся, дык вам лепш разысціся, пакуль не позна, і паспрабаваць завесці новыя сем’і.
Неўзабаве пасля гэтага яны развяліся. Марына плакала, прасіла дараваць, Аляксей не ведаў — за што, лічыў вінаватым аднаго сябе. Ён быў упэўнены, што Ліхтаровіч проста пашкадаваў яго. Якая к чорту біялагічная несумяшчальнасць, горы кніг перагартаў, нідзе пра такое не пішацца… проста пашкадаваў.
Адразу ж пасля разводу Марына звольнілася з інстытута і паехала да маці на Палессе. У той час, калі Ірына самлела і ўпала на падлогу ў яго пакойчыку, Марына ўжо мела двое падшыванцаў і з гонарам пісала Аляксею, што на гэтым не спыніцца. Дзіўна, але яна яшчэ доўга пісала яму, і ён ніяк не мог зразумець, чытаючы яе пісьмы: што гэта — бестактоўнасць, душэўная слепата ці дзіцячая жорсткасць. Марына быццам помсціла яму, што падманулася ў ім. Як быццам само жыццё ўжо не нанесла яму глыбокую непазбыўную рану…
Застаўшыся адзін, Аляксей увесь аддаўся рабоце. Больш у яго не было таго, што людзі называюць «асабістым жыццём». Аляксей старанна пазбягаў жанчым і кампаній, дзе былі або маглі быць жанчыны. Ён працаваў як утрапёны: клініка, эксперыментальная аперацыйная, бібліятэка… Калегі дзівіліся яго працаздольнасці, зайздросцілі поспехам: навізной матэрыялу, свежасцю думкі, а галоўнае — вынікамі, якія ўжо сталі значным крокам наперад у камбінаваным лячэнні ракавых захворванняў — яго дысертацыя прыцягнула ўвагу буйнейшых радыёхірургаў і радыёлагаў краіны… I толькі маці бязгучна плакала па начах, бачачы праз шчыліну ў дзверы святло ў яго пакоі, выносячы раніцай горы акуркаў і парванай паперы. Яна ведала, што ўсё гэта не зробіць яе сына шчаслівымя і, як кожная маці, ад усяго сэрца зычыла яму найперш не бліскучых поспехаў у навуцы, не славы і пашаны, а звычайнага чалавечага шчасця.
«А можа, гэта яго лёс?» — з надзеяй падумала яна, убачыўшы непрытомную маладую жанчыну на канапе і маленькае дзіця на крэсле,— і ўзялася гэты лёс ратаваць.
Назаўтра раніцай выклікалі тэрапеўта. Ён пацвердзіў дыягназ, які паставіў Аляксей, выпісаў лекі, прапанаваў пакласці хворую ў бальніцу, а дзіця адвезці ў Дом дзіцяці. Аляксей запытальна паглядзеў на маці, яна адмоўна пакруціла сівой галавой: ты — урач, я — медсястра, няўжо мы не справімся са звычайным запаленнем лёгкіх? У мяне дзесяць дзён адгулаў, ды і наогул, як мы будзем жыць, калі выкінем з дому чалавека, які трапіў у бяду?.. Бацька нам гэтага ніколі не дараваў бы.
Аляксей паехаў на работу, пасмейваючыся з матчынага альтруізму, але неяк нязвыкла радасна было ў яго ў той дзень на душы. Ён тлумачыў сабе гэта тым, што нарэшце пайшлі падлікі і за некалькі гадзін удалося зрабіць тое, над чым біўся цэлы тыдзень, але адчуваў, што гэта нешта іншае, чаму яшчэ і назвы няма: проста стракацелі перад вачыма пялёнкі-распашонкі, развешаныя на кухні, абуджалі пачуццё замілавання, якое ён так рашуча спрабаваў выкрасліць са свайго жыцця. Нейкія глупствы лезлі ў галаву, вершы нейкія, і чамусьці хацелася ўсім гаварыць добрыя словы. Чумакоў некалькі разоў лавіў на сабе недаўменныя позіркі супрацоўнікаў, якія прывыклі да яго вечнай засяроджанасці, замкнёнасці, і пасмейваўся: чалавек — заўсёды загадка, вось так, мае даражэнькія! Самая найвялікшая загадка ў сусвеце — чалавек!
Дадому ён вярнуўся позна, затрымаўся ў эксперыментальнай аперацыйнай: зноў і зноў адпрацоўваў на сабаках метады ўнутрывеннага ўвядзення прэпарата. Дзіця і Ірына спалі, маці сказала яму, што тэмпературу ўдалося трохі збіць, хворая адчувае сябе лепей, больш не трызніць, але вельмі слабая. Вячэралі, як звычайна, удваіх на кухні. Яна зноў, як карабель сцягамі, была ўпрыгожана дзіцячымі рэчамі. Аляксей заўважыў, што іх стала куды болей, чым учора. Маці перахапіла яго позірк і ўсміхнулася: паслала суседку сёе-тое купіць, маладая кабета пакінула свой чамадан у камеры захоўвання, не бегчы ж мне ў тую камеру… Пакуль Аляксей вячэраў, маці расказала яму, што жанчыну завуць Ірынай Мікалаеўнай Бурачэўскай, а хлопчыка Сярожам (Аляксей яшчэ не ведаў, што гэта — хлопчык, чамусьці навіна ўзрадавала яго, хоць ён і пастараўся не паказаць выгляду), што яна — студэнтка другога курса філалагічнага факультэта педінстытута. Коратка пераказала яму Ірыніну гісторыю: спакусіў нейкі нягоднік-аспірант, а калі зацяжарала, кінуў; выселілі з інтэрната, абвінавацілі ў разбэшчанасці,— адмовілася сказаць, ад каго чакае дзіця (як быццам гэта магло нешта змяніць!); заўчасныя роды, два месяцы ў бальніцы, затым трохі пажыла ў сяброўкі па курсе. А тут да сяброўкі жаніх прыехаў, пакой адзін, што ж ты будзеш рабіць… Пайшла шукаць які куток, тры дні хадзіла; як убачаць, што з дзіцем,— ніхто браць не хоча, начавала на вакзале, пялёнкі на сабе сушыла, вакол цела абгортвала, відаць, прастудзілася… Бацька загінуў на вайне; недзе ў Нароўлі жыве маці з другім ці то з трэцім мужам, там Ірына нікому не патрэбна, ды і сорамна вяртацца туды, дзе цябе ведалі. Хоча перайсці на завочнае і ўладкавацца на работу ў дзіцячы садзік, каб быў дагледжаны малы…
— Дзевятнаццаць год, а ўжо столькі гора паспытала,— уздыхнула маці.— Прыгожая… Памыла сёння галаву, валасы расчасала — такія залатыя, аж быццам у хаце святлей стала… Багатыя валасы… А хлапчанё — я яшчэ такіх і не бачыла. Моцненькі, чысценькі, што табе грыбок-баравічок. А вочкі сіненькія-сіненькія…
Яны сядзелі на кухні і ціхенька размаўлялі, праўду кажучы, гаварыла толькі маці, а Аляксей слухаў і маленькімі глыткамі адпіваў гарачы духмяны чай. А за тонкай перагародкай, што аддзяляла кухню ад пакоя, спалі маладая прыгожая жанчына з багатымі залатымі валасамі і яе сінявокі сын — як падарунак гаспадарам за ўсе пакуты, што яны паспелі зведаць у жыцці.
Ірына папраўлялася цяжка, доўга — надта ж знясілела і аслабела. Гэта было шчасце, што яна трапіла ў дом да ўрача і вопытнай медыцынскай сястры. Яе трэба было не вылечыць, а выхадзіць, ніякія лекі не памаглі б, каб не клапатлівыя рукі Галіны Аўдзееўны, каб не свежыя наварыстыя булёны, якія яна сілком прымушала хворую есці, не вясковае малако, па якое кожную раніцу ездзіла на Камароўку, не мёд і масла, не добрае, спагадлівае слова,— умела Аляксеева маці выходжваць хворых, нездарма ёй заўсёды даручалі ў бальніцы самых цяжкіх, самых безнадзейных…
…Аляксей Пятровіч нечакана злавіў сябе на думцы, што ў той час маці яшчэ была ж зусім маладая, ёй толькі-толькі споўнілася сорак восем, на тры гады болей, чым яму цяпер; у яе яшчэ па-маладому блішчалі вочы і смех быў звонкі і радасны, і рухалася яна па кватэры лёгка, імкліва, і ніколі не скардзілася, што ёй нешта баліць. Так, у яе пасівелі некалі чорныя валасы, і глыбокія маршчынкі залеглі ў куточках пабляклых вуснаў, і скура на руках страціла сваю свежасць, але ці варта было гэтаму дзівіцца… Маці засталася ўдавой у трыццаць пяць, яна яшчэ магла кахаць, раджаць дзяцей, быць шчаслівай тым самым ціхім і поўным шчасцем, якое не дае жанчыне заўчасна старэць; яна і так была малайцом, што не паддавалася разбуральнай рабоце часу.
— Ідзі, сынок, спаць у мой пакой,— сказала маці, калі ён закончыў вячэраць.— Я табе там і пасцель паслала, і ўсе кнігі твае перанесла. А я лягу з імі на раскладушцы.
Аляксей з удзячнасцю пацалаваў маці ў шчаку і пайшоў у яе цесны пакойчык, дзе на сцяне над нікеляваным ложкам з бліскучымі шарамі віселі ў драўляных рамках фотаздымкі ўсёй іхняй радні: цётак, дзядзькоў, стрыечных братоў і сясцёр; некаторых ён ведаў толькі па гэтых здымках, з некаторымі сустракаўся на святы, але ўсе яны, акрамя цёткі Лізаветы, матчынай старэйшай сястры, якая жыла ў Гомелі, на ціхай драўлянай вулачцы каля Сожа, былі далёкія і чужыя яму. Цётку Літавету ён любіў і яшчэ школьнікам, а потым студэнтам часта гасцяваў у яе, купаўся ў Сожы, лавіў вудай плотак і акунёў, бадтяўся па маляўнічым парку. Аляксей лёг спаць на высокі матчын ложак, і яму прыснілася цётка Лізавета, нездарова поўная, у адрозненне ад худзенькай маці, з апухлымі, як калоды, нагамі і старым тварам; і Сож прысніўся яму, з тлумам параходаў і буксіраў, якія валаклі некуды вялізныя баржы, нагружаныя вугалем і шчэбнем, і шырокая — аж да зялёнага хвойніку, паласа пляжа; белы сыпкі пясок аж зіхацеў на сонцы, і якая гэта была асалода — зарыцца ў яго пасля халоднай чыстай вады і адчуваць, як пяшчотна колюць цела пясчынкі… Раніцай ён прачнуўся са святочным адчуваннем, быццам пабыў у сваім дзяцінстве, і адразу сеў пісаць цётцы Лізавеце пісьмо.
Была субота, выхадны, работу ён скончыў і вырашыў адпачыць. Усю раніцу ён пілаваў і сек дровы ў дрывотні пад старой ліпай і адчуваў, як разганяецца па жылах кроў, наліваецца сілай цела. Сякера лёгка ўзлятала над галавой і ледзь не па абух упівалася ў бярозавыя паленні, яны звонка секліся, страляючы тонкімі трэсачкамі, і гэта была сапраўдная мужчынская работа, не тое што вадзіць алоўкам па паперы, і Аляксей радаваўся ёй. А калі ён пераводзіў дух і выціраў рукавом салёны пот з ілба, шалёны пах бэзу кружыў яму галаву.
Пасля снедання маці выправіла яго ў горад купіць каляску: Сярожку трэба дыхаць свежым паветрам, насіць яго на руках нязручна ды і цяжка. Дарэчы, і спаць ён пакуль што будзе ў калясцы, што гэта за работа — класці дзіця на крэсла, яшчэ скрывіць сабе пазваночнік. Аляксей засмяяўся: мне б твае клопаты, мамачка! — але спрачацца не стаў. Усё правільна, дзіцяці патрэбна свежае паветра, ды і трымаць яго на мяккім крэсле шкодна. За ўвесь гэты час ён яшчэ не перакінуўся з Ірынай і двума словамі, ён наогул не заходзіў у свой былы пакой, раз зазірнуў, калі маці папрасіла прынесці з кухні вымытыя пялёнкі; Ірына ляжала, адвярнуўшыся да сцяны, ён нават твару яе не ўбачыў, толькі вадаспад залатых валасоў на падушцы. Не, яму і ў галаву не прыходзіла, што ён можа ажаніцца з гэтай жанчынай, што яе сын стане яго сынам, галоўнай радасцю і ўцехай у жыцці, што яны пражывуць разам амаль семнаццаць шчаслівых год і аднойчы чужы злосны чалавек скажа, што Ірына подла здрадзіла яму. Ён наогул ніяк не звязваў яе жыццё са сваім, яна была непатрэбная яму, як усе астатнія жанчыны, думкі пра ўласную фізічную непаўнацэннасць паспелі пусціць глыбокія карані ў яго сэрцы. Каханне, сям’я, радасць бацькоўства — усё гэта было не для яго, усё гэта поўнасцю замянялася адным-адзіным — работай. «На свете счастья нет, но есть покой и воля» — Аляксей любіў гэтыя пранізлівыя пушкінскія радкі, часам яму здавалася, што яны напісаны спецыяльна для яго. Ён не марыў пра шчасце, але спакой свой і волю быў гатовы абараняць заўсёды. Ды цяпер ён пра гэта не думаў. Хворая бездапаможная жанчына, нашмат маладзейшая за яго, і яе маленькі бездапаможны сын не збіраліся парушаць яго спакой, яны апынуліся ў доме Аляксея воляй выпадку, і раз ужо гэта здарылася, яму было прыемна прадэманстраваць сваю велікадушнасць і шчодрасць, тым больш што асабіста яму гэта анічога, ну, амаль анічога, не каштавала, а няма, відаць, на свеце нічога больш прыемнага, чым быць добрым без асаблівых намаганняў.
Пасмейваючыся са сваіх думак, ён доўга бадзяўся па магазінах выбіраў каляску, пакуль не знайшоў тое што трэба: нікель, блакітная абшыўка, тоўстыя белыя колы, трохкутная бірачка: «Зроблена ў ГДР». Няўжо немцы любяць дзяцей больш, чым мы? Чаму ў іх усё — каляскі, цацкі, адзенне, абутак — усё, што выпускаецца для дзяцей, такое прыгожае, яркае, святочнае, а ў нас часам такое шэрае, сумнае, нязграбнае?.. Што гэта — абыякавасць — усё купяць, што ні дай! — ці нешта іншае, нізкая культура працы, напрыклад? Умеем жа мы будаваць касмічныя караблі, атамныя ледаколы, а як зробім дзіцячую каляску, дык на яе глядзець брыдка. Хоць ты каня запрагай гной вазіць.
Аляксей доўга прастаяў са сваім бліскучым цудам на стаянцы таксі: нават падумаць было страшна, каб везці каляску дадому сваім ходам па людных гарадскіх вуліцах. Ці мала там знаёмых, дык што ж, ад кожнага прымаць віншаванні, кожнаму тлумачыць, што каляска не мае да цябе дачынення, чырванець ад няёмкасці?! Гары ты ясным агнём! Прывёз пад самыя вароты, сабраў у двары, падкаціў пад ганак: на, мамачка, калі табе так хочацца, на большае маёй дабраты ўжо не хопіць!
Каляска Галіне Аўдзееўне спадабалася, яна працерла яе чыстай анучкай, зрабіла пасцельку, вынесла дзіця і пайшла з ім гуляць, Аляксею ж наказала даць Ірыне лякарствы, як прачнецца, і напаіць гарачым чаем з малінай.
Потым ён часта думаў: была б маці гэтакай жа добрай і спагадлівай да чужой жанчыны, каб не ўскладала на яе пэўныя спадзяванні, каб не звязвала ў думках іх лёсы? Ну, налрыклад, каб ён жыў з Марынай Пракопчык і ў іх ужо было сваё дзіця або двое,— што, яна таксама ўзваліла б на свае не надта дужыя плечы гэтакі клопат ці ўсё-ткі адправіла б хворую на «хуткай дапамозе» ў бальніцу, а дзіця — дзе даглядаюць такіх дзяцей? Ці ўсё ж пакінула б у сябе і спала на раскладушцы, і мыла пялёнкі, і карміла з лыжачкі… I кожны раз упэўнена адказваў сабе: пакінула б — і гэта напаўняла яго сэрца жалем і тугой па непапраўнай страце. Усё жыццё яго маці адчувала сябе не медыцынскай — міласэрнай сястрой, сястрой усіх гаротнікаў на свеце, гэта была галоўная рыса яе характару, гэта вызначыла і асвятліла ўсё яе кароткае жыццё…
3
Ноч плыла над светам, над горадам, над анкалагічным інстытутам, ціхая зорная ноч. Поўня масленым блінам выкацілася з-за лесу і пакацілася паціху ў неба, заліўшы зямлю халодным адлюстраваным святлом. Вострыя праменьчыкі заблішчалі ў буйной расе на яшчэ кволых лісціках яблынь; абцяжараныя белым кіпенем, яны стаялі роўнымі радамі на прасторным пляцы паміж клінічным корпусам і корпусам высокіх энергій, і Чумакоў глядзеў на іх, седзячы каля адчыненага акна, і грэў рукі шклянкай чаю, якую прынесла яму дзяжурная медсястра рэанімацыйнага аддзялення Альбіна Фамінічна Ракіта,— больш за пятнаццаць гадоў яны працавалі разам. Ён паважаў гэтую ціхую працавітую жанчыну з нялёгкім лёсам — яе муж перанёс цяжкі інсульт і ўжо гадоў пяць ляжаў У ложку паралізаваны, у яго адняло мову. Альбіна Фамінічна разрывалася паміж домам, дзе, акрамя інваліда-мужа, было яшчэ трое дзяцей, і работай, і ў Чумакова было адчуванне, што яна ўсюды паспявае, хаця ён разумеў, чаго гэта ёй каштавала. «Гаротніца…» — гаварыла пра такіх жанчын яго маці, яна і сама была гаротніцай, шкада толькі, што Чумакоў позна пра гэта здагадаўся.
Чай быў моцны, гарачы, шклянка апякала рукі, а з адчыненага акна, з глыбіні саду востра цягнула халадком, і Чумакоў пажалкаваў, што не апрануў пад халат пінжак. Вядома, можна было зачыніць акно і зноў апынуцца ў прывычным цяпле, якое пахла лекамі, чалавечым потам і нясвежай бялізнай, але ў Чумакова чамусьці разбалелася галава, відаць, ад успамінаў, і яму не хацелася ў гэтае прывычнае цяпло.
Вось тут, на чацвёртым паверсе, які займалі рэаніматары, у маленькім вуглавым пакойчыку памірала ад рака страўніка яго маці Галіна Аўдзееўна Чумакова.
Маці захварэла знячэўку. Гэта было як гром з яснага неба. Літаральна праз некалькі дзён ён ужо ведаў, што яна асўджаная, што выратаваць яе не удасца.
Да таго часу Ірына пражыла ў іх каля года. Паправіўшыся, яна ўладкавалася на работу ў дзіцячы садзік і хадзіла туды разам з Сярожкам; здаралася, Аляксей тыдням не бачыў іх. Ён абараніў дысертацыю, работы было многа і Чумакоў радаваўся гэтай рабоце, таму што яна пазбаўляла яго ад неабходнасці думаць, засяроджвацца на самім сабе. Дамоў ён прыходзіў позна і такі стомлены, што, перамовіўшыся з маці і Ірынай некалькімі словамі, кідаўся ў пасцель і засынаў як забіты. Нават Сярожка не перашкаджаў яму, хлопчык рос надзіва спакойны. Ні Ірына, ні Аляксей не рабілі ніякіх крокаў да збліжэння, адно жылі побач, як жывуць у камунальнай кватэры знаёмыя, але чужыя людзі.
Зблізіла іх хвароба маці. Ён быў так заняты сабой і сваёй работай, што нават не заўважыў, як маці пачала таяць. Яна і да хваробы была хударлявая, а тут дык зусім змарнела, і Ірына неяк звярнула на гэта яго ўвагу.
— Аляксей Пятровіч,— сказала яна,— ваша мама цяжка хворая, няўжо вы гэтага не бачыце?!
Пройдуць гады, а ён так і не даруе сабе гэтага — як гэта я, урач-анколаг, кандыдат медыцынскіх навук, не заўважыў пачатку яе хваробы?! Так, яна ніколі ні на што не скардзілася, ніколі не хварэла, у яе проста не было часу хварэць, але ж я не вачыма — сэрцам павінен быў убачыць, адчуць, што з ёю адбываецца нешта страшнае, і, магчыма, яе яшчэ ўдалося б уратаваць, а я не адчуў гэтага і не ўбачыў, закаваны ў браню ўласнага эгаізму. Я быў так заняты самім сабой, сваёй працай, сваімі перажываннямі, што нічога не адчуў і не ўбачыў, маці здавалася мне вечнай, як трава, як зямля, як сонца ў небе, а яна ўжо ступіла за тую мяжу, адкуль не вяртаюцца, і ніводным словам, ніводным стогнам не патрывожыла мой сыты спакой.
Ірына аддала Сярожку ў кругласутачную групу і кожны дзень пасля работы прыязджала ў клініку. Дзе яна толькі брала ўсе тыя апельсіны-мандарыны, вінаград, памідоры, ікру, Аляксей не ведаў; таго, што яна прывозіла, хапала на ўсю палату, а калі ён неяк прапанаваў ёй грошы, яна з такой знявагай паглядзела на яго, што ён аж уздрыгнуў — быццам па твары мокрай анучай пляснула. Яна счарнела за тыя два месяцы, што памірала Галіна Аўдзееўна, і цяпер, калі ён глядзеў на Ірыну, гарачы камяк удзячнасці забіваў яму горла.
За некалькі дзён да смерці, нібы прадчуваючы канец, маці знакам паказала яму нахіліцца, абняла кволай рукой за шыю і ледзь чутна сказала:
— Пакахай яе… Чуеш?.. Пакахай яе і ажаніся з ёю... у яе залатое сэрца, павер мне, гэта твой лёс, лепшай жанчыны ты ніколі не знойдзеш. Аднаму нельга жыць, ажаніся з ёю, і тады мне будзе лёгка там…
Некалькі дзён пасля пахавання ён не прыходзіў дадому — баяўся. Спаў у лабараторыі, на мулкай канапцы, наглытаўшыся снатворнага. Потым яму перадалі, што званіла Ірына, прасіла прыйсці.
Яна сядзела на кухні каля стала, у адчаі звесіўшы рукі. Чорная сукенка, у якой была на могілках, чорная капронавая касынка, заўсёды карыя, а цяпер чамусьці чорныя, як вугаль, вочы. Сярожка касалапа тэпаў вакол яе, чапляўся за табурэткі, нешта сам сабе гаварыў. На кухні было холадна, хаця каля грубкі ляжала бярэмя дроў; відаць, у Ірыны не хапіла сілы, каб распаліць агонь. Алякеей увайшоў, ціха павітаўся. Яна зябка павяла плячыма, уздыхнула.
— Вось і добра, што вы прыйшлі, а то я не ведала, што рабіць з ключамі.— Убачыла яго разгублены, недаўменны позірк, растлумачыла:— Я знайшла сабе пакойчык тут, непадалёку, на вуліцы Дзекабрыстаў, а пераходзіць баялася, не ведала, дзе схаваць ключы.
— Навошта гэта табе? — сказаў ён, нават не заўважыўшы гэтага нечаканага «ты», і ўзяў Сярожку на рукі.— Хіба вам цесна ў пакоі, дзе вы жывяце? Ну і жывіце сабе на здароўе. Я і раней бываў мала дома, ты ж ведаеш, а цяпер буду яшчэ меней — работа… Навошта табе нейкі пакойчык на вуліцы Дзекабрыстаў?
Ірына нервова прыціснула вузкія рукі да скроняў. Скура ў яе была тонкая, празрыстая, пад ёю рэльефна выступала кожная жылка.
— Дзякуй вам, Аляксей Пятровіч, за дабрату, але я больш не магу тут заставацца. Пакуль была жывая Галіна Аўдзееўна… А без яе… Я не магу і не хачу ставіць і вас, і сябе ў няёмкае становішча.
— У якое такое становішча? — не зразумеў ён.— У вас асобны пакой, і ў мяне асобны пакой, якая тут можа быць няёмкасць? Сярожка! Ах ты, разбойнік ты гэтакі! Ты ж мне вуха адарвеш! Пусці…
Сярожка залівіста засмяяўся, яго ўжо даўно не палохаў грозны голас Аляксея Пятровіча. Схапіўшыся за другое вуха, ён прыціснуўся сваёй шчочкай да няголенай шчакі Чумакова і звонка сказаў:
— Тата, букі-бук!
Ірына выхапіла малога ў яго з рук, на бледным твары яе запаліліся чырвоныя плямы. Сярожка заплакаў.
— Прабач,— сказаў Чумакоў, пасунуў нагой табурэт і сеў, паклаўшы на стол цяжкія рукі.— Цяпер я разумею, што ты называеш няёмкім становішчам. Табе маці расказвала, чаму мы разышліся з Марынай? — Ірына кіўнула.— Разумееш, мне зусім не хочацца перажыць такое яшчэ раз, надта ж многа душэўнай энергіі гэта каштуе. Я не адчуваў да цябе ніякіх пачуццяў, акрамя ўдзячнасці за тое, што ты сагрэла апошнія месяцы жыцця маці; даруй за прамату, але ў маім становішчы маніць нельга. Справа тут не ў табе, а ў тым, што я прымусіў сябе наогул не глядзець на жанчын, і ты не выключэнне. Можа, пазней, хто ведае… Ва ўсякім разе, я пастараўся б стаць табе добрым мужам, а Сярожку — добрым бацькам. Толькі не трэба патрабаваць ад мяне больш, чым я магу. У нас ніколі не будзе дзяцей, і я хачу быць упэўнены, што ты ніколі не папракнеш мяне ў гэтым. Ты — вольны чалавек, і калі звяжаш сваё жыццё з маім, ты ўсё роўна застанешся вольнай у кожным сваім кроку, кожным учынку. Я буду патрабаваць толькі аднаго — сумленнасці і такой жа сумленнасцю буду плаціць. Калі табе гэта падыходзіць, заставайся, мы пажэнімся, я ўсынаўлю Сярожку, будзем паціху жыць. Калі не — можаш ісці на другую кватэру, відаць, гэта будзе правільна.
Яна слухала яго, закрыўшы рукамі твар, і бязгучна плакала: слёзы цяклі па пальцах.
— Чаго ты плачаш? — з болем сказаў ён.— Чаго ты плачаш, дурненькая? Шкадуеш сябе? Не трэба сябе шкадаваць, у цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе. Ты яшчэ сабе такога хлопца знойдзеш…
— Што мне сябе шкадаваць,— адказала Ірына, адняўшы ад твару рукі і ўскінуўшы галаву. Чорная касынка саслізгнула на падлогу, і вадаспад залатых валасоў нястрымным патокам паліўся па яе вузкіх худых плячах.— Я цябе шкадую, што мне сябе шкадаваць…
«А надоўга ж хапіла яе шкадавання,— зачыняючы акно, падумаў Чумакоў,— амаль на семнаццаць год. Вунь колькі я быў шчаслівы з ёю, Ну што ж, дзякуй і за гэта. I яшчэ за тое, што пазбавіла мяне ад горшага віду адзіноты — адзіноты ўдваіх».
РАЗДЗЕЛ СЁМЫ
1
Ірына не любіла ўспамінаць мінулае. Што было, тое было, вадой сплыло, быллём парасло. Было ў яе мінулым больш гора, чым радасці, але неяк так атрымлівалася, што найчасцей у гэтым горы была вінаватая яна сама, а каму ж хочацца зноў і зноў адчуваць сябе вінаватым. Але быў адзін дзень, які яна не магла выкрасліць з памяці, хоць і зрабіла б гэта з радасцю,— можа, самы страшны дзень у яе жыцці, калі яна з Сярожам на руках, хворая, брыла з дома ў дом пад дажджом, шукаючы прытулку, і нідзе не магла знайсці яго. Здавалася, у людзей, да якіх яна звярталася, акамянелі сэрцы: ніхто не прапанаваў ёй прысесці, пакуль скончыцца дождж, перапавіць малога, выпіць шклянку чаю, паесці. Не, есці яна не хацела, шклянку б чаю… Гарачага, з малаком. Сярожка выцягнуў з яе ўсе сокі і ўсё хныкаў галодны, а грудзі ў яе былі пустыя, як соска-падманка, якую ён выштурхваў язычком з рота. Яе нават не пускалі далей ганка — паспешліва заварочвалі, як жабрачку, якой няма чаго падаць; яна на ўсё жыццё запомніла тыя чатыры дамы, куды пастукалася, перш чым упасці без прытомнасці на падлогу ў хаце Чумаковых. I як жа радавалася яна, калі бульдозеры крышылі тыя дамы, вызваляючы месца для будаўнічай пляцоўкі! Яна ведала, што справа не ў дамах, а ў людзях, што, перасяліўшыся ва ўтульныя бетонныя і цагляныя гмахі, яны, людзі гэтыя, застануцца такімі ж бяздушнымі і жорсткімі, якімі былі ў драўляных хатах, але была нейкая найвышэйшая для яе справядлівасць у тым, што гэтыя дамы пайшлі пад нож бульдозера, што іх знішчылі разам з сабачымі будкамі, са скляпамі і хлеўчукамі, з яблынямі і грушамі, з гародамі і кветнікамі. Дзень за днём назірала яна, як ідзе няўмольны працэс разбурэння людскіх селішчаў, і ёй хацелася спяваць ад радасці, быццам пякучыя ўспаміны яе маглі знікнуць разам з гэтымі будынкамі. Потым экскаватар выкапаў на месцы былых дамоў вялізную яму, рабочыя пачалі класці бетонныя блокі ў падмурак, і яна зразумела, што падманвала сябе: знішчыць дамы было куды лягчэй, чым успаміны.
Відаць, гэта была выпадковасць, што ажно ў чатырох дамах ніхто не пашкадаваў яе, ніхто не падаў рукі дапамогі, хоць яна памірала ўжо, і не ўбачыць гэта мог толькі сляпы, а тыя, хто паспешліва зачыняў перад ёю дзверы, былі відушчыя. Але гэты выпадак перавярнуў ёй душу. Яна зразумела, што свет — жорсткі, і нават ціхая і шчырая любоў Галіны Аўдзееўны, якая выхадзіла яе, як родную дачку, і дагледзела Сярожку, і аддала ім, чужым, незнаёмым, часцінку сваёй душы,— нават яна не здолела пераканаць яе, што гэта не так. Кожны дбаў пра сябе: гаспадарам, якія не пусцілі яе на парог, не патрэбна была кватарантка з дзіцем, каму патрэбен лішні клопат, калі ў пакойчык можна напхаць пяцёра студэнтаў і атрымліваць з іх у тры разы больш, не чуючы дзіцячага піску, не бачачы пялёнак?! А Галіна Аўдзееўна… I яна дбала пра сябе. Ну не пра сябе, дык пра сына. Ірына зразумела гэта, калі ўжо ў бальніцы Галіна Аўдзееўна расказала пра Аляксея,— чаму яго пакінула жонка. Яна выхадзіла Ірыну, таму што спадзявалася зрабіць з яе жонку для свайго сына, даць яму адразу і жонку і дзіця і дамаглася гэтага.
Абставіны былі такія, што лепшага Ірына і чакаць не магла: сур’ёзны самастойны чалавек, кандыдат навук, свой дом, добрая зарплата, не п’яніца і ўжо ж, пэўна, не баб-нік… А дзеці… Яна больш не хацела дзяцей. Хопіць, напакутавалася з адным. Хоць на аборты ганяць не будзе, ды і Сярожка стане яму радней за роднага. I наогул з чалавекам, які адчувае сябе не зусім такім, як іншыя людзі, жыць лёгка, ён ніколі не імкнецца распальваць спрэчкі, заўсёды гатовы саступіць, прамаўчаць…
Яна зрабіла выбар, спакойна і няспешна ўсё падлічыўшы і прааналізаваўшы, і ніколі не шкадавала аб гэтым. Аляксей Пятровіч усынавіў Сярожку, іх дом таксама знеслі, і яны атрымалі вялікую трохпакаёвую кватэру ў мікрараёне, дзе іх ніхто не ведаў, дзе для ўсіх суседзяў Сярожка быў законным сынам Аляксея Пятровіча, і не трэба было думаць, што якая-небудзь злосная баба некалі атруціць яму жыццё, раскажа праўду.
Ірына сумленна выконвала ўмову, якую яны некалі заключылі. Яна была добрай жонкай, добрай маці і добрай гаспадыняй, і Аляксей Пятровіч быў добрым мужам, бацькам і гаспадаром. 3 часам між імі ўсталявалася нешта большае чым каханне, з яго нечаканымі выбухамі, рэўнасцю, пакутамі,— глыбокая павага, цярплівасць, імкненне зразумець другога, зрабіць агульнае жыццё больш утульным, лёгкім і прыгожым.
А потым адбылося такое, чаго абое не чакалі, на што нават не спадзяваліся: Ірына зацяжарала. Яна доўга не гаварыла пра гэта Чумакову не верыла сама сабе. Сказала, калі і ў самой ужо сумненняў не засталося і гінеколаг у паліклініцы пацвердзіла.
Пачуўшы навіну, Аляксей Пятровіч ледзь не ашалеў ад шчасця. Для нейкіх дурных думак месца не было: Ірына не давала для гэтага аніякіх падстаў. Чумакоў верыў ёй, як наогул верыў людзям. Гэта здарылася ў Гомелі, у цёткі Лізаветы. Там, на беразе Сожа, яны з Ірынай і Сярожкам пражылі амаль усё лета, два бясконцыя сонечныя месяцы, першы свой сумесны адпачынак. Не, не зманіў стары Ліхтаровіч, калі напісаў у сваім заключэнні: «біялагічная несумяшчальнасць»; вось праблема, якая яшчэ чакае сваіх даследчыкаў…
Толькі тады Аляксей Пятровіч зразумеў, які цяжкі камень насіў усе гэтыя гады на сэрцы, як нявечыў гэты камень яго характар, яго псіхіку. Якое гэта, аказваецца, шчасце — быць такім, як усе людзі!
Нешта зварухнулася ў яго душы. Цяпер ён не мог глядзець на Ірыну без замілавання. Варта было яму ў час работы на імгненне ўспомніць пра яе, і ў яго пачынала салодка ныць сэрца.
…Яму здавалася, што вогнішча даўно патухла, застаўся толькі сухі шэры попел. Ён і не ведаў, што пад ім хаваюцца некалькі жывых вугольчыкаў. Варта было скразнячку развеяць попел, як вугольчыкі загарэліся. «Пакуль жыву — спадзяюся!» — хто і калі гэта сказаў?..
Скончыўшы завочна інстытут, Ірына некалькі гадоў выкладала ў школе родную мову і літаратуру. Дзеці любілі яе, работа падабалася, адно было кепска — вельмі далёка ездзіць, аж на другі канец горада. Гадзіну туды ды гадзіну назад — жах! — а ўладкавацца дзе бліжэй ніяк не ўдавалася. Ды каб жа час забірала толькі дарога! А класнае кіраўніцтва, піянерскія зборы, горы сшыткаў, бясконцыя нарады, педсаветы, метадычныя канферэнцыі… Кнігу ў рукі няма калі ўзяць, дзяцей у садзік адвесці, людскі абед згатаваць… Аленка расла хваравітая, бюлетэні, даведкі, завуч і дырэктар касавурацца… Маўляў, раўнапраўе, мог бы і муж калі-нікалі пасядзець. Ірыну гэта смяшыла і злавала: што яму — больш рабіць няма чаго?! Яна не хацела, каб Аляксей Пятровіч займаўся хатнімі справамі, не мужчынская гэта работа. Яе дом быў яе крэпасцю, яна добра памятала, як некалі чужыя жорсткія людзі не пусцілі яе на парог, а крэпасці без догляду пачынаюць разбурацца, спачатку неўпрыкметку, а затым усё хутчэй і хутчэй. Ірына не хацела рызыкаваць. Яна кінула школу і ўладкавалася бібліятэкарам у выдавецтве. I з палёгкай уздыхнула. Цяпер у яе быў нармальны рабочы дзень і два выхадныя, якіх яна ніколі не мела ў школе. У абедзенны перапынак яна паспявала пабегаць па суседніх магазінах і купіць усё неабходнае для дома, а ў шэсць трыццаць, забраўшы Сярожку і Аленку з садзіка, ужо была дома.
Звычайна Аляксей Пятровіч званіў, калі збіраўся дадому або затрымліваўся, і да яго прыходу ў яе ўжо быў гатовы стол. Яны абедалі ў зале, хоць муж і пасмейваўся з яе — каму патрэбен гэты парад, маглі б паесці і на кухні, як усе. Але ёй не хацелася — як усе, і яна кожны дзень засцілала стол бялюткім накрухмаленым абрусам, і даставала з серванта стары прыгожы сервіз, які застаўся ад Галіны Аўдзееўны, і сталовае срэбра, і крышталь, і клала каля талерак ільняныя сурвэткі. Аляксей пасмейваўся, але яна бачыла, што гэта прыемна яму — не парад, а клопат, імкненне кожны будзённы дзень ператварыць у маленькае свята. Пасля абеду ён ішоў гуляць з дзецьмі ці зачыняўся ў сваім кабінеце, калі была тэрміновая работа, а Ірына ўсё прыбірала, мыла, ставіла на месцы, уключала тэлевізар або чытала малым казкі.
Яна дорага заплаціла за легкадумства юнацтва і больш гуляць з лёсам у хованкі не хацела.
Прадушыну сабе Ірына давала хіба ў час адпачынку. Апошнія гады адпачывала яна адна, па турысцкіх пуцёўках — хто яго ведае чаму, але ў выдавецтве заўсёды было багата турысцкіх пуцёвак у Крым, на Каўказ, у Прыбалтыку, брала іх звычайна моладзь, але на маршрутах Ірына заўсёды знаходзіла людей свайго веку і нават старэйшых. Ёй падабаліся тлум турысцкіх баз, мільгаценне гарадоў і краявідаў, песні ля кастроў, лёгкія, неабавязковыя адносіны, якія ўзнікалі паміж бадзягамі, што збіраліся з розных куткоў неабсяжнай краіны, кароткія, як хуткацечныя сухоты, абмежаваныя тэрмінам пуцёўкі, раманы. Яны ніколі не мелі працягу, не ўскладнялі яе жыцця дома. Ірына нікому не давала свайго сапраўднага адраса і тэлефона, ніколі не фатаграфавалася на фоне гор, лясоў, мора або гістарычных помнікаў, да якіх такія ласыя турысты. Два-тры тыдні забыцця, два-тры тыдні волі — і зноў спакойнае, наладжанае, прывычнае: дом, муж, дзеці, работа і ціхая ўсмешка ўспаміну — ах, як зіхацеў снег у Дамбаі, якое блакітнае мора было ў Піцундзе, як сеяўся праз пальцы белы пясочак дзюнаў у Майяры…
Аляксея Пятровіча турысцкія вандраванні не спакушалі, адзінае, што хацелася ўбачыць,— гэта возера Байкал, але выбраўся ён туды не хутка. Адпачываў з дзецьмі ў цёткі Літаветы на Сожы, пазней пачаў ездзіць на Чорнае мора ў санаторыі. Спаў, купаўся, загараў, праз два тыдні пачынаў люта сумаваць па доме, па жонцы і дзецях і на трэці, не дабыўшы тэрміну, звычайна ўцякаў — колькі ж можна чалавеку бадзяцца без справы…
2
Ірыне было трыццаць шэсць гадоў, калі яна, нечакана для сябе самой, закахалася ў Арсена Жураўскага.
К таму часу яна ўжо нічым не нагадвала прыбітую горам хударлявую жанчынку-падлетка, якой яе калісьці ўбачыў Чумакоў. Яна сфармавалася, пакруглела, налілася сілай. Нават пачала кожны чацвер галадаць, каб гэта сіла не так нахабна выпірала з сукенкі. Ледзь прыкметна раскосыя, але ад гэтага яшчэ больш прывабныя вочы яе набылі глыбіню ляснога возера, цёмна-карыя, яны лёгка чарнелі, быццам зацягнутыя хмаркай. Яны маглі быць вясёлымі і сумнымі, уважлівымі, цікаўнымі і холадна-абыякавымі, па-дзіцячы наіўнымі і недаверлівымі, маглі прыцягваць і адштурхоўваць адначасова. Толькі пустымі яны ніколі не былі, у іх заўсёды білася жывая думка — адзінае, што робіць чалавечыя вочы па-сапраўднаму прыгожымі.
Карыя вочы ды яшчэ залатыя, колеру спелай жытнёвай саломы, валасы, якія не пасекліся, не парадзелі з гадамі, а ўсё гэтак жа вольна ліліся па плячах, уменне апранацца модна, але не крыкліва, а наадварот, сціпла, з густам, нязменна прыцягвалі да яе ўвагу. У выдавецтве да яе прыятна ставіліся ўсе, ад дырэктара да прыбіральшчыц. Кіраўніцтва паважала яе за тое, што яна ніколі не лезла ў чужыя справы, утрымлівала бібліятэку ва ўзорным парадку, акуратна выконвала ўсё, што ёй даручалі; жанчыны — таму, што не была такой ужо прыгажуняй, каб выклікаць зайздрасць,— пры жаданні кожная магла знайсці ў яе абліччы процьму недахопаў: вунь і вочы касаватыя, а не так ужо гэта і прыгожа, і клубы шырокія, і занадта ж поўныя грудзі, і таўставатыя ногі, і наогул — адна нага левая, а другая правая; мужчыны — за далікатнасць і пачуццё гумару, за хуткасць, з якой яна знаходзіла любую кнігу, любы даведнік, і яшчэ за тое, што яна ўмела слухаць. Слухаць яна ўмела незвычайна, таленавіта, як гаварыў Чумакоў, уся — увага, уся — цікаўнасць, уся — імкненне зразумець, паспачуваць, усміхнуцца, абурыцца… Яна жыла тым, што чула, і такая гама пачуццяў адбівалася ў гэты час на яе твары, у яе вачах, што гэта не магло не расчуліць.
Ірына доўга і настойліва вучылася слухаць. Студэнтка-завочніца, якая марыла толькі аб тым, каб неяк дапаўзці да запаветнага дыплома, яна доўга адчувала сябе побач з мужам, кандыдатам медыцынскіх навук, шэрай нікчэмнасцю. Ну, пра што яна магла з ім гаварыць? Пра Сярожку? Пра тое, што паварыху ў дзіцячым садзіку, дзе ў той час працавала, злавілі, калі яна выносіла ў вядры з памыямі масла і мяса, запакаваныя ў цэлафанавыя мяшэчкі? Пра тое, што дзве гадзіны выстаяла ў чарзе па апельсіны?.. Ёй не было пра што з ім гаварыць, і яна навучылася слухаць. Кожны вечар яна распытвала яго пра інстытут, пра лабараторыю, пра яго работу, пра тое, чым займаюцца яго сябры. Аляксею Пятровічу была прыемная гэта яе цікаўнасць да таго галоўнага, чым ён жыў, і ён расказваў вечары навылёт, часам не заўважаючы, што яна сама за доўгія гадзіны не сказала ні слова, толькі прасіла растлумачыць той ці іншы тэрмін. Ён злаваўся: «Гэта ж зразумела нават першакурснікам!» — «Медыкам,— спакойна адказвала яна.— А я — філолаг». Ён спахопліваўся і прасіў прабачэння або проста абдымаў яе.
У яе пухла галава ад гэтых лекцый па гісторыі анкалогіі і радыялогіі. Уночы Ірыну мучылі кашмары, але яна не здавалася. Нават вымяркоўвала якую гадзіну, каб прачытаць папулярныя кніжкі, якія Аляксей ёй прыносіў. Паступова яна пачала разумець сутнасць яго работы — пры дапамозе радыёактыўных рэчываў знішчыць злаякасныя клеткі, якія маглі застацца ў арганізме хворага пасля аперацыі або абпраменьвання. Цяпер Ірына магла сачыць за ходам думкі мужа, яго штодзённыя клопаты, расчараванні і ўдачы, яго мары аб новых прэпаратах з большай, чым у ізатопе золата, даўжынёй прабегу зараджаных часцінак сталі для яе не пустым гукам — у адно вуха заляцела, у другое вылецела! — а жыццём, лёсам. Яна ведала прозвішчы ўсіх хворых, якіх ён вёў, ведала іх анамнезы — падрабязныя гісторыі жыцця да пачатку захворвання і развіцця хваробы, гэта давала ёй магчымасць пытацца, цікавіцца, спачуваць чужому гору; застаючыся ўважлівым слухачом, патроху станавіцца субяседнікам. А Аляксей Пятровіч так прывык да гэтага роздуму ўслых, да гэтых штовячэрніх споведзей, што ўжо не мог без іх абысціся. Яе ўвага, яе шчырая зацікаўленасць памагалі яму думаць; часта, прыпыніўшыся на паўслове, ён пачынаў рыцца ў кнігах, у часопісах, рабіць нейкія запісы або проста мераць пакой хуткімі кароткімі крокамі, смалячы цыгарэту за цыгарэтай.
Ён усур’ёз сцвярджаў, што некалькімі сваімі найбольш значнымі працамі, якія прыцягнулі ўвагу буйнейшых радыілагаў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, абавязаны жонцы, яе ўменню слухаць. Яна паблажліва ўсміхалася, але ёй гэта было прыемна.
Яна ўмела слухаць, і ў выдавецтве неяк адразу заўважылі гэта. Дзяўчаты — карэктары, малодшыя рэдактары, давяралі ёй свае сардэчныя тайны, жанчыны расказвалі пра мужоў і дзяцей, мужчыны — пра работу, пра цешчаў і футбол, «стралялі» ў яе траячкі і пяцёркі да палучкі. Бібліятэка займала даволі вялікі пакой, цесна застаўлены скрынкамі каталогаў, паліцамі з кнігамі і даведнікамі, туды ледзь упіхнулі для Ірыны маленькі пісьмовы столік. Пры ёй і дзякуючы ёй бібліятэка стала для супрацоўнікаў нечым накшталт клуба. У рэдакцыях сядзелі цесна, па чатыры-пяць чалавек, работа складаная, патрабуе ўвагі і цішыні, асабліва не пагаворыш. У калідоры таксама доўга не пашвэндаешся, як бачыш нарвешся на каго з начальства. Дзе ж адвесці душу, дзе ж прымераць абнову, толькі-толькі набытую ў магазіне «Алеся», дзе абмеркаваць шанцы мінскага «Дынама» застацца ў вышэйшай лізе? Вядома, у бібліятэцы. А зазірне хто, раскрый таўшчэзны том, які заўсёды пад рукой,— дзе ж тая праклятая формула, якую табе трэба тэрмінова праверыць, таму што без такой праверкі ты не рэдактар, а чорт ведае што, і рукапіс не пойдзе ў набор, і сарвецца графік, і паляціць план, і лясне прагрэсіўка, і наогул зямля сыдзе з арбіты і пачне круціцца ў другі бок. А Ірына Мікалаеўна… О, гэтая мілая Ірына Мікалаеўна! Усё яна бачыць, усё чуе, і нікуды яно далей за яе не пойдзе, хоць ты яе на кавалкі рэж. I кафейнік электрычны булькае ў яе на керамічнай падстаўцы, і так пахне свежай кавай, што аж у носе казыча, і лішні кубачак заўсёды знойдзецца, маленькі, з напарстак, але ж хто п’е каву паўлітровымі слоікамі, мы ж усё-такі інтэлігенты, і горка пячэння, і заварныя пірожныя або кавалак торта для тых, хто яшчэ не задумваецца, да якіх трагічных вынікаў усе гэта прыводзіць жанчыну, калі ёй перавальвае за трыццаць…
На ўсё выдавецтва быў толькі адзін чалавек, які поўнасцю ігнараваў і клуб гэты, і ўтульную, амаль дамашнюю атмасферу ў ім, і магчымасць адвесці душў ў гаворцы з прывабнай жанчьшай, і самую жанчыну гэту,— Арсен Міхайлавіч Жураўскі. Нельга сказаць, каб ён не карыстаўся бібліятэкай, не такі ўжо быў энцыклапедыст, каб усё насіць у галаве, але — толькі карыстаўся. Заходзіў, браў патрэбнае выданне, нёс да сябе ў рэдакцыю, удакладняў ці правяраў, што трэба было праверыць або ўдакладніць, і аддаваў, падзякаваўшы кароткім кіўком галавы. Ірыну гэта бянтэжыла і нават здзіўляла. Каб быў Арсен Міхайлавіч якім ваўкалакам, нелюдзімам, замкнёным у сабе іпахондрыкам, усё было б зразумела. Дык жа не! Быў ён мужчына вясёлы і кампанейскі, вакол яго ў калідоры, куды Жураўскі і выходзіў пакурыць, звычайна адразу ж збіраліся людзі, і Ірына часта моршчылася, калі да яе далятаў іх рогат. Дзяўчаты прыбягалі ў бібліятэку, хапаючыся за жываты: ну і анекдот выдаў Арсен Міхайлавіч, памерці можна! Уяўляеце, прыехаў чалавек з курорта, паказвае калегам групавы здымак і каменціруе: «Вось з гэтай прыгажуняйі я спаў, з гэтай — мой прыяцель, а вунь з той — гэты ёлупень…» Раптам адзін з супрацоўнікаў з жахам заўважае на здымку сваю жонку. «А гэтая,— запінаецца ён,— гэтая... таксама з некім спала?» — «Не,— адказвае,— ведаеш, брат, надзіва сумленная жанчына, як з мужам прыехала, так з мужам і дадому паехала…»
Ірына далікатна ўсміхалася, хоць і не знаходзіла анекдот ні смешным (памерці можна!), ні дасціпным, а хутчэй пошлым. Расказваць яго ў прысутнасці жанчын, а тым больш маладзенькіх дзяўчат мог толькі закончаны пашляк. I чаго яны, дурныя, рагочуць?..
Пазней яна зразумела чаго. Найчасцей рагаталі не з таго, што расказваў Арсен Міхайлавіч, а з таго, як ён гэта расказваў. А гаварыць ён умеў, яна гэта адчула, паслухаўшы яго выступленні на сходах. Як быццам нічога новага, усё звычайнае, знаёмае, а цікава. Голас у яго быў нямоцны, сіплаваты, але па-акцёрску жывы і выразны, патрэбную думку Жураўскі ўмела выдзяляў інтанацыяй, мімікай, жэстамі. Але галоўнае было нават не гэта, а нейкая дзіцячая непасрэднасць і шчырасць, з якою ён гаварыў, здольнасць імгненна запальвацца ўласнымі словамі, быццам п’янець ад іх і п’яніць імі слухачоў. Гэта была нейкая магія слоў, белая ці чорная, ліха яе ведае, але жанчыны, прыяцелькі Ірыны, часам жартавалі, што ён мог бы свабодна загаварыць любую да смерці, да таго, што яна пайшла б з ім на край свету.
Ірына не верыла ў гэта: глупства! Жураўскі нагадваў ёй глушца на таку: тыя таксама як пачнуць балбатаць, дык, акрамя сябе, нічога не чуюць. Падыходзь і бяры іх голымі рукамі. «Самаўлюбёны глушэц!» — помсліва думала яна, калі Арсен Міхайлавіч моўчкі заходзіў у бібліятэку, моўчкі браў патрэбную кнігу і гэтак жа моўчкі знікаў, быццам яна была не чалавек, а слуп, паліца, каталожная скрынка. Яго няўважлівасць. абыякавасць, амаль непрыстойная, калі людзі працуюць разам, раздражнялі яе і адначасова абуджалв цікаўнасць: а што ж гэта на самой справе за чалавек? Не мужчына — як мужчына Жураўскі яе не цікавіў, відаць, гэтак жа, як яна, жанчына, не цікавіла яго,— што ён за чалавек?
Спачатку яна ўбачыла тое вонкавае, што само кідалася ў вочы,— Жураўскі вельмі непрыгожы. Хударлявы, нязграбны, з доўгімі рукамі і вялікім крывым носам, з нейкай стракатай казлінай бародкай, якая была яму зусім не да твару, і фатаватымі вусікамі. Ён вельмі шмат курыў. Курыў і кашляў, аж заходзіўся ад кашлю, але цыгаркі з рота не выпускаў. Пазней, калі яны пасябравалі, па гэтым кашлі яна пазнавала, што ён на рабоце: сядзела з раніцы ў сваёй бібліятэцы і прыслухоўвалася, калі забухае, захрыпіць у калідоры. Нейкі час Ірына нават думала, што ў яго нешта з лёгкімі, але Жураўскі пераканаў яе, што гэта — кашаль курыльшчыка; на бульбе ён кінуў курыць, не курыў амаль два тыдні, і кашаль сапраўды як рукой зняло. Праўда, больш як на два тыдні яго не хапіла. Варта было ім вярнуцца ў Мінск, як ён ізноў запыхкаў, што паравоз.
Здзіўляла Ірыну, што Жураўскі надта ж ужо недагледжаны. Ён насіў дарагія касцюмы, але выглядалі яны на ім як з чужога пляча. Адразу было відаць, што ён не шыў іх, а купляў гатовыя ў магазіне, не дужа доўга прымяраючы. То занадта шырокія, то вузкаватыя, цесныя, то празмерна доўгія, то караткаватыя, пінжакі віселі на ім, як на вешалцы, але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі. Абсыпаны цыгарэтным попелам, у плямах, пакамечаны касцюм без гузікаў — і гэта, называецца, рэдактар! Да яго ж акадэмікі прыходзяць, генералы, заслужаныя людзі, як яму не сорамна! Новыя модныя чаравікі, а шнуркі парваліся, завязаны на вузельчыкі, абцасы зрэзаны ледзь не да сцелек… Няўжо так цяжка зайсці ў майстэрню? Ну, добра, яму ўсё гэта да лямпачкі, але як жа на гэта глядзіць яго жонка? Ого, каб яе Аляксей Пятровіч пайшоў на работу ў неадпрасаваным касцюме або ў брудных чаравіках! Па-першае, ён сам ніколі гэтага не зрабіў бы, а па-другое, яна б не дазволіла. Ірына звечара праглядала ўсё, што спатрэбіцца мужу заўтра, ад чаравікаў да насоўкі, яна лепш ведала, які касцюм Чумакову трэба апрануць і які завязаць гальштук, што зрабіць самой, а што аднесці ў майстэрні: шавецкую, кравецкую або ў хімчыстку… Няўжо жонка Жураўскага гэтага не ведае? Няўжо яна не бачыць, што касцюмы сядзяць на ім, як на карове сядло, няўжо гэта не кранае яе самалюбства?.. Ну так, яна — дырэктар школы, грамадскі дзеяч, чалавек заняты, але ж жанчына, жанчына… I не такая гэта ўжо вялікая пасада, падумаеш, шышка на роўным месцы, Ірыніна сяброўка Вікця Шурпач была другім сакратаром райкома партыі, а муж, радавы інжынер, хадзіў у яе, як лялечка, і двое дзетак былі заўсёды дагледжаныя, і домработніцы ў іх ніколі не было, неяк сама ўпраўлялася. Мужчыны — яны ж як дзеці, калі за імі не сачыць, дык яны чорт ведае ў што ператворацца. Канечне, цяпер модна гаварыць пра эмансіпацыю, пра раўнапраўе! I зарабляе, пэўна, жонка Жураўскага куды болей, чым ён, але хіба гэта галоўнае? Сям’я спрадвеку трымалася на жанчыне, на яе любові і клопаце, на яе руках і бяссонных начах, а не на тым, колькі яна зарабляе і якую займае пасаду. Што б ні пісалі розныя квактухі ў газетах, а ёсць справы мужчынскія і ёсць жаночыя, сама фізіялогія ўстанавіла гэты падзел; мужчына ў фартуху, з анучай і тазам, з іголкай або прасам, з кашолкай выклікаў у Ірыны нейкае незразумелае пачуццё. Былі ў ім і пагарда, і спагада адначасова: ах ты, небарака, ну, няўжо ты не можаш знайсці сабе больш сур’ёзнага занятку! Яна разумела, што не так многа спраў, якія адвеку лічыліся мужчынскімі, засталося ў жыхароў вялікага горада. Сапраўды, не трэба ні ваду насіць, ні дровы секчы, ні жывёлу даглядаць, ні майстраваць нейкую патрэбную ў гаспадарцы рэч; адрабіў сабе на заводзе або ва ўстанове восем гадзін і ляжы на канапе, утаропіўшыся ў тэлевізар, у газету, у кнігу, забівай «казла» ў альтанцы на двары з суседзямі або, яшчэ горш, збірай па рублю, каб наталіць смагу «чарнілам»… Не ва ўсіх жа была такая работа, як у Аляксея Пятровіча, гэта яго работа не канчалася, калі ён зачыняў дзверы сваёй лабараторыі або клінічнай палаты, ён забіраў з сабой свае турботы, свае нявырашаныя праблемы, ад якіх залежала чалавечае жыццё, і не мог пазбавіцца ад іх ні ў выхадныя, ні ў святы, ні ў вольныя вечары. Не ва ўсіх была такая работа, але ва ўсіх або амаль ва ўсіх былі дзеці, а хіба гэта не мужчынская справа — выхоўваць дзяцей, гаварыць з імі, чытаць кніжкі і рыхтаваць урокі, хадзіць у кіно і музеі, майстраваць, фатаграфаваць, саджаць у двары дрэўцы — вучыць дабру. Ці ж мала бэйбусаў, пазбаўленых цвёрдай і ласкавай бацькавай рукі, бадзяецца вечарамі па вуліцах з бутэлькамі ў кішэнях, з брыдкай мацяршчынай, з палохаючай жорсткасцю на бяздумных тварах… Што робяць у гэты час іх бацькі? Мыюць падлогі? Прышываюць сабе гузікі? Вараць есці, таму што жонка — таксама чалавек, яна таксама стамілася на рабоце і хоча крыху адпачыць? П’юць гарэлку ці глядзяць па тэлевізары футбол або хакей?.. Вядома, прамой сувязі тут не было, але ж нешта было, і Ірына падсвядома адчувала гэта. I яна не любіла, каб Аляксей Пятровіч умешваўся ў яе справы. Так, і ёй цікавей было б пачытаць кнігу, чым прасаваць яго сарочкі, нічога паэтычнага, што ўзвышае душу, у гэтай рабоце няма, але яна не выклікала ў ёй ні гідлівасці, ні пякучых думак, што яна марна губіць сваё жыццё. Ёй было прыемна, што муж пойдзе заўтра на работу ў свежай кашулі з прышытымі гузікамі, што дома ў яе чыста і ўтульна, што згатаваны смачны абед, які ні Аляксей, ні Сярожка, ні Аленка не забудуцца пахваліць; усё гэта было часткай яе жыцця, важнай і значнай, усё прыносіла радасць, няхай сабе маленькую, нязначную, але ж без яе Ірына лічыла б сябе абкрадзенай. Відаць, жонка Жураўскага трымалася іншай думкі.
3
Ірына ведала Валянціну Іванаўну Жураўскую — халодную ганарыстую прыгажуню з вачыма рысі, яна была дырэктарам школы, дзе вучыліся Сярожка і Аленка. Дзеці, асабліва Сярожка, у якога яна ў сёмым і восьмым класах вяла ўрокі рускай мовы і літаратуры, захапляліся ёю. «Яна так цікава расказвае,— гаварыў Сярожка,— і так зразумела, што нават самае нуднае правіла запамінаеш. I наогул, які Валянціна Іванаўна дырэктар?! Дырэктары строгія, злосныя, а яна на ўсе нашы зборы ходзіць і на класныя гадзіны, і гуляе з намі, і спявае… А які ў яе голас, мамачка, ты б толькі паслухала! Як у опернай спявачкі. Нашы дзяўчынкі кажуць, што Валянціна Іванаўна раней была вядомай артысткай, а потым нешта здарылася, і яна пайшла ў школу. А калі мы паехалі ў падшэфны калгас на бульбу, дык усе настаўнікі пасталі на ўскрайку поля каля вогнішча, а яна ўзяла вядро — і разам з намі ў баразну. Тут ужо давялося і ім ручкі запэцкаць, нідзе не дзенешся…»
Ірына ведала, што Валянціна Іванаўна ніколі не была славутай спявачкай, што працавала ў школе ўсё сваё жыццё, але пераконваць Сярожку не стала — дзеці заўсёды рамантызуюць любімых настаўнікаў, навошта ж разбураць іх веру.
Вучыўся Сярожка добра, быў ціхі і сарамяжлівы, асаблівых турбот Ірына з ім не мела. Але аднойчы, калі хлопец быў ужо ў восьмым класе, яе тэрмінова выклікалі ў школу.
Яна не ішла — бегла: што здарылася? Можа, няшчасце? Ёй і ў галаву не прыходзіла, што Сярожка здольны натварыць нешта такое, за што яе могуць выклікаць у школу.
Натварыў…
Сын, чырвоны, пануры, стаяў у кабінеце Валянціны Іванаўны і камячыў у руках сшытак, дырэктар сядзела за сталом і нешта пісала.
— Прыйшлі?— не адказаўшы на прывітанне, сказала яна.— Папытайцеся ў вашага сыночка, за што настаўніца выгнала яго з класа, чаму яна заявіла мне: або ён, або я?! I ведаеце, я схільна пакінуць яе. Добрыя матэматыкі, а Маргарыта Паўлаўна цудоўны матэматык! — на дарозе не валяюцца, а такіх абібокаў, як ваш сынок, столькі, што мы ад іх адбіцца не можам.
Разгубленая, усхваляваная, Ірына не звярнула ўвагі на зневажальны тон, на абразлівыя словы: амаль восем год хлопец добра вучыўся, займаў першыя месцы на розных спаборніцтвах, алімпіядах… Нават калі ён і вельмі правінаваціўся, дык усё ж непедагагічна так…
— Сярожка, сынок, што здарылася?
Сын перасмыкнуў плячыма.
— Нічога, мама, не хвалюйся. Хадзем у калідор, я табе ўсё раскажу.
— Ты гэта зробіш пры мне,— адрэзала Валянціна Іванаўна.
— Вы ж усё ведаеце…— нясмела запярэчыў Сярожка: відаць, не хацелася хлопцу яшчэ раз адчуць сябе нікчэмнай казяўкай пад яе строгім позіркам.
— Нічога, паслухаю яшчэ раз.
— Як хочаце,— зусім па-даросламу ўздыхнуў ён.— Разумееш, мама, на ўроку мне перадалі запіску. Ад адной дзяўчынкі…
— Вось бачыце! — перапыніла яго Валянціна Іванаўна.— Яму ўжо дзяўчынкі запісачкі пішуць, вашаму герою. А ці не зарана?
— Валянціна Іванаўна…— Сярожка ўскінуў галаву, вушы ў яго гарэлі.— Калі вы мяне яшчэ раз перапыніце, я больш не скажу ні слова.
— Ну, ну,— стукнула Валянціна Іванаўна далонню па стале.— Гонару ў нас хапае. Хоць адбаўляй. Расказвай.
Але Сярожка ўжо не мог гаварыць. Ірына бачыла, што ён вось-вось заплача, і прыгарнула сына да сябе, але ён самалюбіва адштурхнуў яе руку.
— Можа, вы мне раскажыце,— папрасіла Ірына.— Баюся, што ад яго цяпер будзе мала толку.
— Гэта так,— адказала дырэктрыса і пабарабаніла пальцамі.— Набедакурыць яны ўмеюць, а як адказ трымаць, дык язык да зубоў прыліпае. Яму перадалі запіску, настаўніца, вядома, убачыла і забрала яе. Самі разумееце: ідзе ўрок, кожная хвіліна на ўліку, па матэматыцы ў іх экзамен, а тут запісачка… Дык ведаеце, што ён зрабіў? Выхапіў у яе гэту пісульку з рук. Маргарыта Паўлаўна ледзь не ўпала, добра, што паспела схапіцца за парту. I так паводзіць сябе савецкі вучань, камсамолец!
— I што было далей?
— Вам гэтага мала? Калі ласка. Маргарыта Паўлаўна сказала, каб ён папрасіў прабачэння. Але ж ён у вас горды. «За што? Тайна перапіскі ахоўваецца законам!»
— А хіба гэта няпраўда? — не вытрымаў Сярожка.— Каб яна паклала яе на стол… Навошта было разгортваць? Не ёй жа пісалі…
— Бачыце, які законнік! Штурхаць настаўніцу, вырываць у яе з рук… Вось Маргарыта Паўлаўна і выставіла яго за дзверы. Я спадзявалася, што сама пераканаю яго папрасіць прабачэння і мы неяк замнём канфлікт, улічваючы, што здарылася з ім такое ўпершыню. Але ж вы паспрабуйце яго пераканаць…
Ірына сёе-тое ведала пра Маргарыту Паўлаўну: калі яна сама яшчэ працавала ў школе, ёй расказвалі пра таленавітую выкладчыцу матэматыкі, у якой адзіны сын захварэў на поліяміэліт і ляжыць прыкуты да ложка. Калі ў сям’ю прыйшла бяда, нягоднікам аказаўся муж Маргарыты Паўлаўны — кінуў з хворым сынам і некуды з’ехаў. Усе вельмі шкадавалі яе, надламаную горам і несправядлівасцю. Ці ж варта дзівіцца, што характар у яе за гэтыя гады сапсаваўся: як жа ёй цяжка, беднай, кожны дзень важдацца са здаровымі вясёлымі дзецьмі, калі яе ўласны сын, іхні аднагодак, асуджаны на пакуты!
Ірына ўспомніла ўсё гэта і тое, як дрэнна сын гаварыў пра матэматычку: ледзь што, крычыць, лаецца, аж у вушах звініць ад гэтага крыку! Яна нават не здагадвалася, што ён гаворыць пра Маргарыту Паўлаўну, Сярожка ніколі не называў яе імя, а выкладаць у іх яна пачала толькі з трэцяй чвэрці, падмяніла Зінаіду Якаўлеўну, якая пайішіа ў дэкрэтны адпачынак. Успомніла і сказала:
— Сярожка, сынок, а вы хоць ведаеце, якое няшчасце ў Маргарыты Паўлаўны?
— Якое? — здзівіўся сын.
Яна расказала. Валянціна Іванаўна стаяла каля акна павярнуўшыся да іх спінай.
Сярожка не паверыў.
— Гэта праўда, мама? Ты не прыдумала гэта?
— Хіба можна такое прыдумаць,— уздыхнула Ірына.— Вядома, не трэба на ўроку займацца запісачкамі. Але ж і яна чалавек. А вы такія жорсткія і такія бессардэчныя…
— Добра,— сказаў Сярожка,— я папрашу яе дараваць мне. Я ні ў чым не вінаваты, але папрашу. Я не ведаў пра яе сына, мама, і ніхто ў нас не ведае. Яна больш не будзе на нас крыўдаваць, павер.
Ён выйшаў, набычыўшыся, зусім як Аляксей Пятровіч, калі той быў нечым заклапочаны; Ірына аж падзівілася ў душы іхняму падабенству.
— А вы самі… вы не маглі яму пра гэта расказаць? — ціха спытала Ірына: ад хвалявання ў яе перасеў голас.— Ці, можа, вы і самі не ведаеце?
— Гэта спекуляцыя на пачуццях дзяцей,— рэзка павярнулася яна.— Хворы сын — папрашу прабачэння, здаровы — не папрашу. Вы хоць уяўляеце, да чаго гэта можа прывесці?
— Уяўляю,— гнеўна адказала ірына.— Між іншым, я таксама скончыла педінстытут і сёе-тое разумею ў педагогіцы…
— Разумееце… Так многа, што паспяшаліся ўцячы са школы,— падкалола Валянціна Іванаўна — і адкуль толькі ведала…
— Гэта, прабачце, мая асабістая справа, дзе працаваць. Але перахопліваць і чытаць… чытаць чужыя запіскі, нават калі іх пішуць падлеткі,— сорамна і недастойна педагога. Думаю, што і вы з гэтым згодны, толькі выгляду не падаяце, бо вам трэба ўсімі сродкамі абараняць сваю школу, сваіх настаўнікаў. Але чаму за гонар вашай школы павінны расплачвацца нашы дзеці? Я шчыра спачуваю Маргарыце Паўлаўне, але ж і ёй не варта было гэта рабіць. Даруйце, з вашага дазволу я пайду, мне яшчэ трэба на работу.
Валянціна Іванаўна нічога не адказала, і Ірына выйшла з кабінета. Пастаяла з хвіліну пад дзвярыма 8 «Б», дзе вучыўся сын,— даравала яму настаўніца ці не? Чалавек, які сам зведаў гора, доўга злосці не трымае, відаць, даравала, інакш Сярожка ўжо стаяў бы ў калідоры, а так у класе ціха, за дзвярамі чуваць рэзкі голас Маргарыты Паўлаўны, якая тлумачыць нейкую тэарэму: алгебру ён прагуляў, прастаяў у кабінеце Валянціны Іванаўны, добра, што хоць трапіў на геаметрыю. Можа, і правільна, што клас будзе ведаць, як ёй жывецца, яны ж ужо амаль дарослыя, могуць і паспачуваць, і памагчы, і зразумець. Вядома, сама яна пра гэта ім не скажа, але тая ж Валянціна Іванаўна магла сказаць, магла… Скакаць і спяваць з дзецьмі ў яе і час знаходзіцца, і ахвота, а вось пагаварыць, каб людзьмі раслі, каб чужы боль як свой уласны адчувалі —- ні ахвоты, ні часу…
Больш яны не сустракаліся цэлы год, аж да вечара, які мясцком выдавецтва наладзіў для супрацоўнікаў напярэдадні майскіх святаў у рэстаране «Папараць-кветка»; нават на ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні васьмі класаў Ірына ўгаварыла схадзіць Аляксея Пятровіча, прыкінулася хворай.
Да гэтага вечара ў выдавецтве рыхтаваліся з добры месяц. Выпусцілі жартоўную насценгазету, даўжынёй метраў пяць, з малюнкамі, з фотаздымкамі, падрыхтавалі вясёлы капуснік… Ірына Мікалаеўна была ў цэнтры ўсіх падзей, бібліятэка стала штабам «вясёлых і дапытлівых».
Супрацоўнікі папрыходзілі з жонкамі, з мужамі, было тлумна і весела. Іграў аркестр, доўгія, пастаўленыя літарай «П» сталы аж угіналіся пад цяжарам бутэлек і закусак. Ірына з Аляксеем Пятровічам сядзелі насупраць Жураўскіх, мужчыны адразу ж пазнаёміліся, нечакана для Ірыны, страшэнна зацікавіліся адзін адным і на перапынку нават выйшлі на веранду, каб ніхто не перашкаджаў іх размове, і ёй на правах гаспадыні давялося займаць Валянціну Іванаўну: гутарыць, знаёміць з іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, узяўшы пад ручку, прагульвацца па зале.