Верш пра хлебаробаў


Марыі Пушкінай

Калі-небудзь я напішу

Верш пра хлебаробаў.

Там будзе рэалістычна выпісаны

Вобраз хлебароба,

Ягоныя пот і кроў,

Там будзе пра жытнёвы колас,

Матуліны рукі, дзяжу

І маленькае зярнятка, што стала хлебам.

Калі-небудзь я абавязкова

Напішу верш пра хлебаробаў.

Але мне чамусьці,

Усё часцей і часцей,

Думаецца пра тыя зярняты,

Што не здолелі прарасці.

Хтосьці ўвесну шчодра рассеяў

Тысячы тысяч зярнят.

Паводле падлікаў дзяржаўнай статыстыкі

33% з іх не далі парасткаў.

І вось ляжыць яно ў зямлі,

І так яму горка і крыўдна,

Што яно пачынае плакаць.

Зерне плача.

На самоце я часта чую

Гэты плач.

Так плача безвыходнасць.

Безвыходнасць, абцяжараная зямлёю.

Загрузка...