Танцуй, маленькая чараўніца,
І хай нават прынцы паэтаў
Перад табой лягуць ніцма!
Танцуй, праставалосая бестыя,
А іхнія зайчыкі і заінькі
Хай сабе павесяцца!
Трывож іх прарэхі,
Выгінаючы белую спіну.
Чуеш, у зале прабегла рэхам:
“Блудніца…”
А ты не зважай,
Ты танцуй, чырвоная чараўніца!
Сукенкай сваёй ядвабнай
Прываблівай.
Танцуй, пазіраючы зверху на іх:
Айсідор Дункан павінна хапіць на ўсіх!