Пакой


Седзячы ў супрацьлеглых кутах,

Мы спачатку моўчкі пазіраем адно на аднаго.

Праз некаторы час мы пачынаем звыкацца

З нашай прысутнасцю,

Усё ж такі Нам тут жыць разам…

А ўжо на другім тыдні

Мы пачынаем ссоўваць ложкі.

Спачатку так,

Каб было магчыма трымацца за рукі,

Але паступова мы прысоўваем нашыя ложкі

Адзін да аднаго вельмі шчыльна.

У хуткім часе мы можам заснуць

Толькі абняўшыся. І чым далей,

Тым мацнешыя робяцца нашыя абдоймы.

Начамі я адчуваю,

Як мне цяжка дыхаць праз тое,

Што ты абдымаеш мяне вельмі моцна.

Потым высвятляецца,

Што не так ужо і проста вызваліцца,

А тым часам мне робіцца

Усё больш горача і ўсё цяжэй дыхаецца.

І вось я выбіраюся з ложка,

Іду на кухню і наталяю смагу тым, што ёсць:

Чырвоным віном з адкаркаванай пляшкі.

Проста так, з рыльца.

Босая, у адных майтках ды станіку,

З бутэлькай віна ў руцэ я выходжу з пакоя,

Каб больш сюды ніколі не вярнуцца,

Замыкаючы за сабой усе магчымыя замкі.

Я выкідаю ключы.

На ўсялякі выпадак.

Загрузка...