Ніхто не адарваўся ад сваіх спраў, калі празвінеў званок, які абвясціў канец рабочага часу. У аддзеле ўсе працавалі. І толькі Яўген рашуча падняўся з-за стала, адсунуўшы ў бок прыборы.
— Да сустрэчы, сябры, — задуменна развітаўся ён і выйшаў.
Яго праводзілі ашаломленымі позіркамі.
Відавочна, навіна пра незразумелыя паводзіны Яўгена распаўсюдзілася вельмі хутка — ён адчуваў, як вакол яго ўзрастае пачуццё здзіўлення і страху. А потым адчуў насцярожанасць ахоўнікаў, калі звярнуў на пляц, да будынка Кіравання. Яго спынілі.
Яўген моўчкі, амаль урачыста, нібы выконваў незвычайны рытуал, прысеў, паклаў левую руку з бранзалетам на гладкую пліту паверхні пляца. У яго правай руцэ была заціснута важкая дэталь ад прыбора наладкі палёў.
Яўген размахнуўся і ляснуў дэталлю па бранзалеце.
Разам з аскепкамі бранзалета, што стрэльнулі ў розныя бакі, у знямелым жаху кінуліся ад Яўгена ахоўнікі. Яны ніколі яшчэ не бачылі такога надзвычайнага злачынства, амаль што святатацтва. І толькі іх старэйшы застаўся на сваім месцы. Яўген адчуў, колькі радасці выклікаў ён сваім учынкам у гэтага служакі: арыштаваць за самае страшнае злачынства перад Купалам, што можа быць лепшым для кар’еры!
Дзень пакарання смерцю прызначылі ў дзень арышту.
— Савет Кіравання не хоча смерці аднаму з разумнейшых сваіх інжынераў, — казаў Яўгену суддзя перад карай. — Скажу вам больш: Першы Кіраўнік жадае паказаць людзям сваю дабрыню і чалавекалюбства. Мы збіраемся вас памілаваць. Але для гэтага вы павінны прызнаць сваю віну, спаслаўшыся на кароткае вар’яцтва з-за напружанай працы. Акрамя таго, вы павінны расказаць, якім самотным і чужым самі сабе сталі ў той момант, калі пазбавіліся бранзалета. Г эта ўсё, што ад вас патрабуецца. Вы вернецеся да сваёй працы, паколькі яна павінна быць закончана. Праўда, жыць будзеце ў іншым месцы, і сям’ю завесці вам не дазволяць. Пакуль вам усё зразумела?
— Зразумела.
— Добра. Пасля вашага апошняга слова будзе зачытана рашэнне пра памілаванне.
Калі клетку з Яўгенам паднялі на пляцоўку перад Трубой Смерці, ён адшукаў сярод натоўпу маці. Яна плакала. Але твар яе быў напоўнены цёплым святлом любві і надзеі. Побач з ёй стаяла Ліна з сухімі вачамі.
Вяшчальнік чытаў прысуд, а натоўп перад Яўгенам у страху сціскаўся: за апошнія сто гадоў здзейснена самае страшнае злачынства супраць Купала: спроба ўтойвання і наўмыснае знішчэнне эмацыйнага бранзалета.
Потым вяшчальнік паведаміў, што Яўген можа сказаць свае словы.
Яўген не змог выпрастацца ў клетцы, таму ён проста сеў, перакрыжаваўшы ногі, чым выклікаў гул здзіўлення.
— Людзі! Я без бранзалета, таму не адчуваю вас. І вы не адчуваеце мяне. Але я скажу вам словы, якія ўсе вы зразумееце. Якія адчуеце без бранзалетаў.
Натоўп унізе здрыгануўся і заціх. І Яўген моцным, упэўненым голасам заспяваў:
Дзе неба найсіней,
Пад ім злат-горад ёсць
З празрыстай вострай брамаю
І зорнай яскрынёй.
А ў горадзе тым сад.
Там красак не злічыць.
Звяры там ходзяць гожыя,
Што нельга і ўявіць.
Адзін — агністы жаўтагрывы леў,
Другі — бушлівы шматвачысты вол.
А яшчэ арол там — дзіва-птушка,
Златакрылая і яснавокая…
Ён спяваў у поўнай цішыні, голас яго лунаў над людзьмі, а яны там, унізе, ашаломленыя, агаломшаныя застылі, і толькі вусны ў многіх ледзь-ледзь уздрыгвалі.
— Шпрыц! Калі ўкол! — узарваў цішыню рэзкі загад.
Выканаўца прысуду за спінай Яўгена, вытарашчыўшы вільготныя вочы, стаяў нерухома, калені яго дробна трэсліся, з рукі выслізнуў і пакаціўся ўніз, у цемру Трубы шпрыц.
— Клетку пхай!
Суддзя падбег да лесвіцы, якая вяла да пляцоўкі на Трубе Смерці, блытаючыся ў доўгім плашчы, пачаў караскацца на верхатуру. За ім кінулася некалькі ахоўнікаў, якія палезлі следам.
І тут з натоўпу вырваўся дрыжачы дзявочы голас:
Дзе неба найсіней,
У наступны момант да яго далучыўся ўпэўнены голас жанчыны. І ўжо ў два жаночыя галасы прагучаў узнёсла канец радка:
…Там зорка ёсць адна.
І ўзмацняючыся шматкроць новымі галасамі з кожным словам, узнесліся да Купала другі радок, потым трэці і чацвёрты…
Яна з табой, анёле мой,
З табой заўжды яна.
Хто любіць, той і люб.
Хто светлы, той і свят
І ты за гэтай зоркаю
Ў дзівосны крочыш сад.
Суддзя нарэшце дасягнуў пляцоўкі і, цяжка аддзімаючыся і сапучы, пхнуў клетку ўніз.
Натоўп здрыгануўся, быццам праз кожнага з іх прайшоў электрычны разрад, імгненна наэлектрызаваўшы людзей. Яны пачалі ціснуцца адно да аднаго і да лесвіцы, што вяла да Трубы. Натоўп перастаў быць натоўпам, а стаў нечым адным, вялікім, рашучым. І адлегласць паміж гэтым нечым і лесвіцай няўмольна змяншалася…