— А кім ты хочаш стаць?
— Мая мама рабочая, а тата — інжынер, — адказала Ліна. — Яны хочуць, каб я вырасла і стала вучоным інжынерам. А ты кім будзеш?
— Не ведаю, — паціснуў плячыма Жэнька. — Тата кажа, што я павінен стаць кіраўніком.
— Ты станеш рабочым і будзеш працаваць у шахце! — пачуўся рэзкі выкрык.
Гэта Мікіта нечакана апынуўся перад Лінай і Жэнькам, якія стаялі, трымаючы адно аднаго за руку.
— І адыдзі ад яе! — з пагрозай дадаў Мікіта. — Яна — мая будучая жонка. Мы падыходзім па генах — так сказаў мне тата, а ён працуе ў сектары Шлюбаў!
— Ідзі сам адсюль! — адчайна, але са страхам, вымавіла Ліна. — Мама казала, што мне прызначаць мужа, калі мы станем дарослымі.
— Маўчы і хадзі сюды, — Мікіта схапіў дзяўчынку за руку і пацягнуў да сабе.
— Адпусці яе! — Жэнька ціснуў свае кулачкі.
— Хлюпік! Пайшоў вон! Яна — мая!
Што здарылася і як гэта здарылася — Жэнька і сам не зразумеў. Але ў наступны момант яго сціснуты кулак урэзаўся ў вусны Мікіты.
І тут жа зазвінеў званок, другі, потым тата паслаў свой выбліск гнеўнага асуджэння, захвалявалася мама.
А Мікіта стаяў і ўсміхаўся:
— Атрымаў два званкі? Ты яшчэ не тое атрымаеш! Я табе пакажу…
Але Ліну ён адпусціў, і дзяўчынка са страхам і жалем глядзела на Жэньку: атрымаць два званкі, такіх гучных і працяглых за адзін дзень — гэта страшна.
— Ты ўсё зразумеў? — перад дзецьмі паўстаў Настаўнік.
— Так, Настаўнік, — адказаў Жэнька.
— Табе засталося тры званкі. Пасля іх ты будзеш выгнаны са школы. І гэта значыць, што тваё месца — шахты Далёкай Мяжы.
— Я ведаю гэта, Настаўнік…
…Тата крычаў. Вельмі злосна і доўга. Мама маўчала. Жэнька адчуваў яе жаль, страх і яшчэ нейкае дзіўнае, незразумелае, ледзь улоўнае пачуццё. Гэта было падобна да ціхай радасці.
…Фарбы мама прынесла праз тры дні, бо Жэньку дазволілі дома маляваць партрэт Першага Кіраўніка. Ён спяшаўся ў той дзень дадому, не застаўся гуляць у двары школы. Толькі папрасіў Ліну, каб яна потым прыйшла да яго.
Мама і тата, вядома, адчуваюць яго хваляванне. Ну і што, хай… Ён будзе маляваць…
Жэнька ўсе гэтыя гадзіны памятаў той момант, як пад мазком пэндзля празрысты стол у класе перастаў быць празрыстым. Гэта так проста і так нечакана: фарба зрабіла празрыстае — каляровым. І не празрыстым.
Ён расставіў на сваім стале фарбы, потым прыцягнуў стул. І стаў маляваць. Жэнька маляваў акно. Яго вельмі проста маляваць: трэба толькі зафарбаваць усё астатняе, што не акно. І ў першую чаргу — тую сцяну, за якой яму крывіць твар Мікіта. Тут акно будзе вельмі маленькае, каб толькі ледзь-ледзь бачыць вуліцу. Акно вялікае будзе там, дзе Ліна. А ў сцяне, што дзеліць яго пакой з пакоем дарослых, акна не будзе: Жэнька не хоча бачыць, як мілуюцца мама і тата.
Закончылася сіняя фарба, ён адчыніў зялёную, потым памаранцавую і блакітную, жоўтую і чорную. Якой незвычайнай рабілася сцяна! Як раптам утульна стала ў яго пакойчыку, хай і не было ў ім дзвярэй, толькі тры сцяны, хай была празрыстая столь!
Жэнька не зразумеў, чаму не званок зазвінеў, а завыла сірэна. Менавіта яму, ён адчуў гэта.
А потым перад домам пачуўся шум — гэта пад’ехалі ахоўнікі ў шлемах. Яны ў разгубленасці спыніліся перад іх будынкам і глядзелі на амаль не празрыстыя рознакаляровыя сцены Жэнькінага пакоя. Потым з’явілася мама, тата, а з імі нейкі дзіўны чалавек з абручом на галаве. Па тым, як яго баяліся, Жэнька зразумеў, што гэта — нехта з кіраўнікоў.
Жэнька стаяў пасярод свайго пакоя з рознакаляровымі сценамі і намаляванымі вокнамі ды разгублена ўсміхаўся: калі яны так здзіўлены яго адкрыццём, чаму ж не радуюцца? Няўжо не бачаць, як цудоўна будзе, калі сцены ўсіх дамоў у горадзе размаляваць у розныя колеры?
Чаму так спалохалася мама? Чаму гатовы ўзарвацца ад злосці і адчаю бацька? Чаму тата крычыць, каб ён станавіўся ў кут і глядзеў сабе пад ногі? І навошта ў домцягнуць агідны доўгі шланг. Чаму ліецца вада? Чаму так зацята маўчыць мама, а ў іх доме гаспадараць чужыя людзі?
Сцены пакоя адмылі вартаўнікі дома і яны ізноў зазіхацелі сваёй празрыстасцю.
— …Навошта ты гэта зрабіў, сынок?
— Што ты няньчышся з ім! — не стаў далей стрымліваць сваю злосць бацька. — Ты падчас цяжарнасці атрымала два папярэджанні за свае сюсюканні! Табе забаранілі нараджаць другое дзіця з-за твайго залішняга мацярынскага інстынкту! Ты сапсавала яго сваёй ласкай! Ён павінен расці мужчынам, а ты!..
— Навошта ты гэта зрабіў, сынок, — усё гэтак жа далікатна, нібы не чуючы крыку бацькі, перапытала мама.
— Я хацеў тут пацалаваць Ліну, — прызнаўся Жэнька.
— Дурненькі, — з палёгкай засмяялася мама. — Але ж яе можна пацалаваць пры ўсіх. Мы ж казалі табе, што ніхто не хавае сваіх пачуццяў. Ты хочаш пацалаваць дзяўчынку? Пацалуй яе. Які сэнс хаваць дзеянні, калі ўсе мы адчуваем адно аднаго, калі нам вядомы пачуцці іншых?
— Ну і хай адчуваюць… Я не хачу пры ўсіх… Я хачу, каб толькі яна і я, — Жэнька амаль плакаў. Чаму мама не разумее яго!?
— Гэтага нельга! Ты разумееш — нельга! — чаканячы кожнае слова, строга загаварыў бацька. — У нашым грамадстве ўсе ўсё робяць адкрыта, пры ўсіх. Таму што мы — адзінае цэлае. Мы — Купал. Мы — адзіны народ. Наша грамадства — незвычайна датклівы арганізм з-за сваіх памераў. Кожнаму з нас вядома ўсё пра ўсіх: пачуцці і справы. І толькі дзякуючы гэтаму мы жывём, дзякуючы гэтаму выжылі. Ты з-за сваёй неразумнасці здзейсніў адно з самых страшных злачынстваў — утойванне! За гэта караюць адным: Трубой Смерці.
Мама здрыганулася.
— Не, не, што ты кажаш, ён жа зусім дзіця!
— Заўтра Кіраўнікі вынесуць сваё рашэнне! — цвёрда адказаў бацька.
Мама раптам напружылася, адказала хоць і ціха, але так цвёрда, што бацька разгублена прымоўк:
— Я не аддам сына!
— Яго ніхто не забірае, — нарэшце хмыкнуў ён. — Але тое, што яму не быць сярод кіраўнікоў — факт! Яшчэ што выкіне — і пойдзе на Далёкую Мяжу. Рабочым! У шахту!
Жэнька ведаў, што такое Далёкая Мяжа — яе можна ўбачыць, калі залезці на плоскі дах дома. Там дымяць трубы бо здабываюць вугаль і нафту, высяцца чорныя горы. Там шмат рабочых. Сярод іх ёсць асобная група — злачынцы. Яны правініліся перад горадам, і таму жывуць там, пазбаўленыя права заводзіць сям’ю і мець дзяцей.