6

— Пойдзем, сынок, — маці паклікала Яўгена за сабой, павяла ўздоўж вуліцы з празрыстымі скрынкамі дамоў кудысьці ад цэнтра горада.

— Куды мы ідзём? — Яўген разгублена азіраўся — здавалася, увесь горад цяпер выходзіў па вуліцах за межы горада. Маці ішлі з сынамі, дочкі — з бацькамі.

— Сёння ж Дзень Прысвячэння, — нагадала маці.

— Я ведаю… Але няўжо не ўсё прайшло?

— Не, не ўсё. Сёння маці з сынамі, а дочкам з бацькамі дазволена пакінуць горад да змяркання. Маці павінны расказаць, навучыць сыноў быць мужчынамі.

А бацькі — дачок…

— Я не пайду з табой, — спыніўся аглушаны Яўген. — Я не пайду.

— Пойдзем, сынок… — ласкава ўсміхнулася маці. — Пойдзем. Я абяцаю табе…

Я абяцаю табе, што ўсё будзе не так…

— Мама!..

— Я цябе вельмі прашу, сынок…

Маці ўзяла Яўгена за руку, і ён пайшоў, даверыўся яе пачуццю, бо яе перапаўняла ў гэты момант незвычайнае хваляванне.

Яны адыходзілі ўжо ад ускраін горада. Шматлікія пары бацькоў і дзяцей веерам разыходзіліся з адной вуліцы далей і далей ад горада.

Ішлі па цвёрдай жаўтлява-шэрай паверхні. Яўген ведаў, што глеба пад іх нагамі стала такой на многія кіламетры ўглыб пры будаўніцтве Купала. Пакрысе на аднастайнай раўніне пачалі трапляцца невысокія скалы. Маці вяла яго ўпэўнена.

Удалечыні зачарнела на жоўтым прасцягу, дзве плямы. Яны падышлі да плям, і Яўген убачыў, што гэта дзве аплаўленыя часткі скал, якія крышку ўзвышаліся над агульнай паверхняй.

Спыніліся. Яўген агледзеўся — горад ляжаў унізе, прама перад імі, чатырма велізарнымі зіхоткімі квадратамі. Чорны будынак Кіравання вырастаў з цэнтра. За спінай Яўгена, у некалькіх гадзінах хады Купал плаўна апускаўся ўніз, зліваўся з шэрай зямлёй. Дзесьці там знаходзіцца Труба Смерці…

— Цяпер, сынок, я раскажу табе тое, што распавяла мне мая мама, а ёй — яе бацька, яму ж — яго мама, і яшчэ раней бацькі перадавалі сваім дзецям, — ціха загаварыла маці. — Не пытай мяне ні пра што, бо за даўнасцю часоў многія словы страцілі для мяне сэнс і значэнне. Я толькі выконваю абавязак маці і волю нашых продкаў. Стань на гэты камень, а я стану на другі.

Маці ўзышла на цёмную пляму. Яўген зрабіў крок да другой плямы і раптам адчуў, што ў маці прапалі эмоцыі. Не, яна, вядома ж, адчувала нешта сама, але ён не адчуваў яе.

У поўнай разгубленасці юнак стаў на гладкую цёмную паверхню — і раптам быццам аглух.

Усе пачуцці зніклі. Не, не яго пачуцці — зніклі чужыя пачуцці. Імгненне таму ён адчуваў увесь горад: бацькоў, настаўнікаў, Мікіту, Ліну — і ўсё раптам знікла. Засталося толькі яго ўласнае здзіўленне і незвычайнае, усё нарастаючае захапленне, запоўнілі сабой ягоную свядомасць. Дык вось як гэта — калі ў табе жыве толькі тваё.

— Што здарылася, мама? — шэптам спытаў Яўген.

— Г этыя камяні экраніруюць эмацыйнае поле, — з цеплынёй гледзячы ў вочы сыну, адказала маці. — Можа быць, недзе яшчэ ёсць такія месцы, але ў памяці нашых продкаў засталося толькі гэта. Нам нельга тут доўга быць. Паслухай тое, што я павінна табе перадаць. Але перш пакляніся, што ты перадасі гэта свайму сыну альбо дачцэ. І нікому больш, нікому!

— Клянуся, мама, — ледзь утаймоўваючы нечаканую дрыготку, адказаў Яўген.

Маці лёгка прысела на камень, падабраўшы пад сябе ногі.

— Садзіся і ты. Слухай, сынок, — ласкава запрасіла яна, пачакала, пакуль сын уладкуецца і зусім не чакана для Яўгена заспявала:

Дзе неба найсіней,

Пад ім злат-горад ёсць

З празрыстай вострай брамаю

І зорнай яскрынёй.

А ў горадзе тым сад.

Там красак не злічыць.

Звяры там ходзяць гожыя,

Што нельга і ўявіць.

Адзін — агністы жаўтагрывы леў,

Другі — бушлівы шматвачысты вол.

А яшчэ арол там — дзіва-птушка,

Златакрылая і яснавокая.

Дзе неба найсіней,

Там зорка ёсць адна.

Яна з табой, анёле мой,

З табой заўжды яна.

Хто любіць, той і люб.

Хто светлы, той і свят.

Іты за гэтай зоркаю

Ў дзівосны крочыш сад.

Цябе сустрэнуць жаўтагрывы леў,

Бушлівы сіні шматвачысты вол.

А яшчэ арол там — дзіва-птушка,

Златакрылая і яснавокая.

Маці замоўкла.

Яўгена душыла знутры.

— Што гэта, мама? Гэта было? Такім быў наш Купал? Ці гэта ёсць, мама? Скажы?

— Сынок, сыходзь з каменя.

Маці сама сышла з цёмнай каменнай плоскасці, узяла нерухомага Яўгена за руку і прымусіла яго ступіць крок і другі.

Чужыя пачуцці зноў уварваліся ў яго мозг, але яны цяпер ніколькі не турбавалі Яўгена.

— Мама, я не ведаю, што са мной. Я баюся. Адчуюць іншыя.

— Не бойся, сынок. Калі ты сапраўды будзеш фізічна першы раз з жанчынай, у цябе ў душы ўзнікне вельмі падобнае: нечаканая радасць адкрыцця, замілаванне і шчасце, вера і смага.

— Ты не адказала, мама, — з надзеяй перапытаў Яўген. — Гэты горад быў Купалам, ці ён ёсць?

— Не ведаю, сынок. — маці са светлым смуткам зірнула яму ў вочы. — Але калі б ён быў — можа, тады варта спяваць «пад ім злат-горад быў»?

Некаторы час яны ішлі моўчкі. Яўген пра сябе паўтараў радкі песні, якая адным пякучым зігзагам лягла на яго памяць.

— Леў, вол, арол. Гэта не людзі, але жывыя істоты, не інакш? — разважаў ён напаўголаса.

— Так, сынок. Гэта жывёлы. Арол — птушка. Праўда, я не ведаю, што значыць — птушка. Адно — яна мае крылы, і быццам бы з іх дапамогай можа лётаць. І не ведаю, як выглядалі вол і леў. Сад — гэта такое зялёнае, там расце мноства розных раслін. Краскі… я не ведаю, што гэта. Але гэта — вельмі прыгожае. Я ведаю, што такое неба. Неба — гэта калі няма Купала, — сказала маці.

— Яшчэ, мама. — Яўген запнуўся, потым упэўнена працягнуў: — Калі ты расказала мне, а сёння за горад выйшла столькі многа пар — можа, хтосьці з бацькоў таксама распавёў сваім дзецям. пра нешта?

— Ты хутка зможаш даведацца пра гэта, — спахмурнела, з нечаканай горыччу адказала маці. — Бо ты здольны, я заўсёды верыла ў цябе. І калі будзеш працаваць над стварэннем разумовага поля — Купал будзе ведаць думкі кожнага.

Яўген спыніўся.

Яны ўжо наблізіліся да горада разам з іншымі парамі. І горад заглынаў рэдкі раўчук людзей, якія вярталіся з пустыні.

— Ведаеш, мама. Я абраў працу ў самы апошні момант. І тады не разумеў, чаму абраў. Мне нібы падказаў хтосьці. Але цяпер. Цяпер я зразумеў. Калі Купал непранікальны для нас, для людзей, для прадметаў — раптам праз яго можна прайсці думкай? — горача скончыў юнак.

Маці ўсміхнулася светла.

— Толькі асцярожна, сынок.

Загрузка...