Жэнька ведаў і пра Трубу Смерці. Яна вельмі далёка, але іх аднойчы вазілі туды, каб паказаць, бо ўсе грамадзяне Купала, нават самыя маленькія, павінны ўсё ведаць.
Гэта было адно з тых месцаў, дзе заканчваўся Купал. Труба і была трубой — тунэль па той бок Купала. Туды, у вечную Цемру, адпраўлялі памерлых. А яшчэ — самых старых жыхароў горада, калі тыя не паміралі ў час. Бо гораду няма куды расці, таму Кіраўнікам трэба строга сачыць, каб у горадзе заўсёды была роўная колькасць жыхароў. Калі хтосьці са старых не паміраў да нараджэння чарговага дзіцяці, яго ўсё адно адпраўлялі за Купал. Гэта сурова, але так трэба.
А яшчэ ў Цемру адпраўлялі самых небяспечных злачынцаў. Г эта тых, хто займаўся ўтойваннем. Бацька казаў, што калісьці даўно такія існавалі. Але ўжо шмат гадоў як грамадства цалкам ачысцілася ад такой брыдоты. І вось — Жэнька вырашыў зрабіць непразрыстымі сцены свайго пакоя…
Але назаўтра Жэнька адчуў сярод сваіх пакаранняў толькі тыя два званкі за сутычку з Мікітам. Бацька вельмі радаваўся, і мама была побач, толькі чамусьці старанна хавала лёгкую незразумелую трывогу.
Труба Смерці… Чаму Жэньку так цягнула да яе, ён не мог зразумець. Першы раз, калі пабачыў, нешта ўнутры яго тузанулася, быццам гэтае нешта пабачыла знаёмае, прывіталася… Ды не сама труба, празрыстая, як і ўсё пад Купалам, вабіла… Там, унізе, дзе труба заходзіла пад Купал, калыхалася чорнае полымя. Яно здавалася жывым, заварожвала сваімі павольнымі рухамі і быццам чакала нечага зверху, запрашала…
Хоць, як казалі, гэта Цемра імкнецца сюды, ды канструкцыя Трубы, узнятая на вышыню пад вуглом, перашкаджае, не пускае.
Бацька расказваў, што напачатку трубы не мелася — быў просты тунэль, і жыхарам Купала даводзілася часта мяняць заслонку, бо Цемра адтуль раз’ядала яе. Тады вучоныя прыдумалі спосаб і высока ўзнялі трубу. А Цемра не можа ўздымацца ўверх. І яшчэ Цемра спрабуе прабіцца побач з Трубой — вось таму высока і шырока вакол Трубы з гэтага боку Купал пакрыты спецыяльнымі панэлямі з вельмі моцнага матэрыялу. Гэтыя пліты не празрыстыя, яны чорныя… Як і тая Цемра.
…У той дзень пісалі вялікую Кантрольную Работу па гісторыі Купала. Жэнька напісаў яе вельмі хутка, бо столькі ж ведаў! Ён надакучваў бацьку па вечарах сваімі пытаннямі. І цяпер без роздуму запісваў, як шмат гадоў таму Першы Кіраўнік іх народа загадаў вучоным будаваць Купал, бо з усіх бакоў пачала набліжацца Цемра. Вучоныя нястомна працавалі многія гады, але паспелі пабудаваць Купал і запаліць у ім Сонца. Праўда, адбылося непапраўнае: Сонца ўспыхнула з сілай, большай за разлічаную, і ўсе вучоныя тады загінулі. І ніхто не ведае, як працуюць Купал і Сонца.
Але гэта ўжо няважна сёння: Купал стаў непранікальны для Цемры, Сонца свяціла па зададзеным раскладзе. І вось на працягу многіх стагоддзяў Купал і Сонца ў ім падтрымліваюцца аўтаматычнай устаноўкай, якая распрацавана тымі вучонымі. Устаноўка глыбока ўнізе, пад Домам Кіравання. У той устаноўцы — бяспека і жыццё Купала.
Жэнька запісваў, ледзь паспяваў за думкамі. Хваляваўся, каб не забыцца напісаць пра што-небудзь такое, пра што не расказваў Настаўнік, затое прыгадваў бацька. Напрыклад пра тое, як у першыя гады дзейнасці Купала Першы Кіраўнік ледзь не загінуў ад рук ворагаў, якія пад выглядам простых грамадзян выпрасілі сабе тут жыццё. Усіх ворагаў потым адлавілі, іх аказалася вельмі многа, і выкінулі ў Цемру праз Трубу Смерці.
А яшчэ трэба напісаць пра Рэвалюцыю Свядомасці, калі жыхары Купала вырашылі жыць адкрыта і нічога не ўтойваць. Тады сталі будаваць празрыстыя дамы і насіць празрыстае адзенне. І вельмі важна напісаць, як Галоўны намеснік Першага Кіраўніка прыдумаў эмацыйнае поле — і цяпер ніхто не зможа крадком ад іншых задумаць нешта дрэннае.
Як можна задумаць нешта дрэннае супраць Купала, Жэнька не разумеў. Тут жа так проста і добра жыць.
Настаўнік заўважыў, што некалькі хвілін Жэнька сядзіць без справы, узяў яго работу, пабачыў, што яна ўжо зроблена і дазволіў ісці дадому! Такое правіла на Вялікай Кантрольнай.
І вуліца, і дом былі пустымі. Глядзець тэлевізар не хацелася. Тое ўзбуджэнне, якое апанавала Жэньку падчас напісання Вялікай Кантрольнай, не адпускала. Яму хацелася яшчэ больш судакрануцца з гісторыяй Купала, хацелася даведацца яшчэ пра нешта. Але ў каго спытаць? Бацькі дома няма, усе кнігі, што знаходзяцца ў доме, ім даўно перачытаны па некалькі разоў. І Жэнька выйшаў на вуліцу — пайшоў у бок пустыні. Яго клікала самая вялікая таямніца — Труба Смерці.
Ішоў ён, можа, з гадзіны дзве. Пачалі трапляцца скалы, усё часцей і часцей, напачатку нястрашныя, амаль круглыя, гладкія, а потым — вышэйшыя і вастрэйшыя, цёмна-шэрыя, самотныя, сумныя. Жэнька помніў з мінулай экскурсіі, што скал вельмі шмат там, дзе заканчваецца Купал. Дзе Труба Смерці. Ён ведаў, і тое, што блізка да Трубы падысці не зможа — яна абнесена агароджай, бо яе ахоўваюць. Ахоўнікі могуць прагнаць хлопца. Але калі з-за самай блізкай скалы паназіраць… Тое жывое чорнае полымя можна ўбачыць.
Купал над галавой пачаў імкліва зніжацца, яго белая паверхня ўжо навісала над паверхняй зямлі. Жэнька абышоў адну скалу, другую і раптоўна перад ім адкрылася знаёмая пляцоўка. Толькі цяпер яна не была пустой, як тады, калі хлопец упершыню пабачыў. Так, была ахова, мелася агароджа ля Трубы Смерці, зеўрала сама Труба. Але яшчэ бачылася некалькі вялікіх і малых незразумелых механізмаў. Тут завіхалася шмат людзей, якія нешта рабілі. А галоўнае — сцяна, што закрывала Купал вакол Трубы Смерці, цяпер была напалову разабранай. Людзі мітусіліся, чуліся кароткія нервовыя загады.
Жэнька неспадзявана адчуў, што зрабіўся сведкам таго, на што яму бачыць забаронена. Але прага даведацца новае перамагла жаданне ўцячы. Жэнька застаўся і назіраў з-за скалы за тым, як пры дапамозе механізмаў дарослыя людзі здымалі чорныя пліты, адкрываючы Купал ля Трубы Смерці. Адначасова да Купала прыносілі новыя, бліскучыя пліты, ставіліся, мацаваліся. Што ж, усё зразумела: Цемра хоча ўварвацца ў іх дом, яна грызе Купал, таму трэба час ад часу мяняць ахоўныя пліты. Ну, вось, гэта вельмі цікава ведаць і можна расказаць на ўроку, зарабіць падзяку ад Настаўніка.
Дзіўна толькі, што Купал за гэтымі плітамі заставаўся белым, як і ў іншых месцах. Адно, што ў адным месцы Цемра пакінула на ім сляды… Шэрыя…
Жэнька ўглядаўся ў гэтыя сляды Цемры, якія вось цяпер адкрыліся, калі знялі некалькі пліт. Сляды роўна віліся акурат над Трубой, і Жэнька раптоўна зразумеў, што гэта — нейкія знакі. Быццам надпіс.
Ад хвалявання сэрца хлопца забілася так моцна, што ён сам пачуў ягоны грукат. Так, гэта былі знакі! Нечым падобныя да літар… Жэнька да болю напружыў зрок, імкнучыся адшукаць у незвычайных знаках хоць нешта знаёмае. Яно было, было! Хоць і няўлоўнае, незразумелае, але ад гэтага сыходзіла на Жэньку агромністае адчуванне таямніцы — велічнай і адначасова страшнай у сваёй велічы. Ён бачыў, як яшчэ большы вэрхал узняўся ля Трубы, як спяшаліся людзі ўстанаўліваць новыя шчыты-пласціны, быццам сапраўдная пагроза сыходзіла не ад Трубы і Цемры, якая варочалася на яе дне і за Купалам — а ад надпісу, ад гэтых сямі таямнічых знакаў.
Вакол Трубы Смерці зноў паўстала чорная бліскучая сцяна. Жэнька асцярожна пачаў адступаць назад, хаваючыся за скаламі. Яму неспадзявана зрабілася страшна. Дамоў ён практычна бег, бо адчуў выразнае хваляванне маці і гнеў бацькі.Жэнька не змог схлусіць бацькам, таму сказаў, што хадзіў да мяжы Купала.
Гнеў бацькі быў куды мацнейшы за той, калі Жэнька размаляваў свой пакой. Ён крычаў доўга, а маці маўчала, не заступалася, бо Жэнька парушыў забарону: за горад нельга выходзіць без дазволу нават дарослым. Ён ведаў гэта? Ведаў. Але пайшоў.
— Мама, а што такога страшнага ў тым, што я пайшоў адзін за горад? — ціха спытаўся Жэнька, калі маці ўкладвала яго спаць.
— Не ведаю, сыночак, — з жалем адказала яна. — Пад Купалам многа законаў, якія трэба выконваць. Без тлумачэнняў. І запомні, сынок: няма законаў нязначных. Усе правілы надзвычай важныя. І для дзяцей, і для дарослых…
Жэнька не стаў пытацца ў маці пра знакі — яна не будзе ведаць. А ў бацькі пабаяўся, бо нешта падказвала Жэньку, што ўгледзець без дазволу той надпіс куды страшней, чым выйсці без дазволу за горад. Хлопец засынаў і бачыў надпіс перад сабой, у памяці: каб толькі не забыцца, каб толькі дакладна, да кожнай рысачкі запомніць.