— Настаўнік, я хацеў вас спытаць…
— Яўген, няўжо школьная праграма, якую сёння скончылі, не дала табе адказаў на ўсе пытанні? Зрэшты, у лепшага вучня школы пытанні павінны мецца заўсёды. — Настаўнік прысеў, жэстам запрашаючы вучня прысесці побач. — Пытайся.
— Калі закончыліся экспедыцыі ў Цемру? І чаму спынілі даследаванне Цемры?
— Тады, калі зразумелі, што з Цемры нельга вярнуцца. Мой хлопчык, павер, да цябе шмат хто спрабаваў знайсці спосаб павелічэння нашай жыццёвай прасторы. Але яго няма. Нам няма куды ісці.
— А шахты?
— Без святла нашага Сонца мы гінем вельмі хутка. Жанчыны губляюць магчымасць рэпрадукцыі. Шахты даюць нам вугаль і нафту — усё, што нам трэба для жыцця…
Яўген задумаўся, потым ціха спытаў:
— Я ні ў кога не пытаў. Няўжо так можа быць, што з усіх жывых істот — толькі мы, людзі, і мікраарганізмы? За тыя сотні гадоў пасля наступу Цемры нашы навукоўцы вывелі сотні гатункаў салатнай расліны. Калі такі разнастайны раслінны свет, то не можа быць свет жывых такім бедным.
— Хлопчык мой, сумневы — адзін з найцяжкіх грахоў, ты ж гэта ведаеш, — з сумнай усмешкай адказаў Настаўнік. — Наш свет трымаецца яшчэ і таму, што ў ім ёсць Вера — Вера ў правільнасць Шляху.
— Я ведаю, Настаўнік. Але… Глядзіце яшчэ, я нікому ніколі не паказваў іх… — Яўген дастаў аркуш паперы і хутка напісаў тыя незразумелыя знакі, што пабачыў на Купале: ЯРн^вя^э.
І раптам Настаўнік, які з лёгкай паблажлівай усмешкай напачатку сачыў за рукой Яўгена, імкліва схапіў, скамечыў лісток, стаў рваць на дробныя шматкі.
Яўген перапалохаўся. Не за сябе — за Настаўніка. Бо яго твар зрабіўся шэрым, бы Купал бліжэй да вечара, і Яўген адчуў хвалю сапраўднага жаху.
— Ты ж у сне бачыў гэтыя знакі, праўда? — дрыжачым голасам, але лагодна-настойліва, чакаючы менавіта станоўчага адказу, спытаў нарэшце Настаўнік.
— Так, Настаўнік, я сніў гэтыя знакі на сцяне Купала. Якраз ля Трубы Смерці, дакладней, над ёй. Яны нібыта падпісвалі яе. І гэтыя знакі былі закрытымі ад нас. Схаванымі. І яны як быццам былі напісаны… на тым баку Купала…
Настаўнік здрыгануўся яшчэ раз. У нейкі момант ён згубіў усю сваю строгасць і выгляд сапраўднага Настаўніка і стаўся амаль старым мужчынам. Ён маўчаў колькі хвілін, але не прасіў, каб Яўген пайшоў — і хлопец чакаў.
— Некалі даўным-даўно ў нас была другая мова. На той мове размаўлялі яшчэ задоўга да Цемры. Праўда, яе імкліва пачалі забываць, бо лічылі непатрэбнай — хапала для зносін другой мовы, якая здавалася ўсім зручнай і сучаснай. На старой мове адно запісвалі розныя гісторыі… Вясёлыя гісторыі… Разумныя гісторыі. Добрыя… Калі наступіла Цемра, сярод нас былі яшчэ тыя, хто ведаў старую мову. Але тут, пад Купалам, яна стала ўвогуле непатрэбнай. І нават шкоднай. Бо нам было не да гісторый: мы прызвычайваліся жыць пад Купалам, мы сталі жыць па новых правілах. Мы павінны былі забыцца на гісторыі. І забыліся. Навошта яна? Гэтыя знакі, што ты прысніў — літары з тае мовы. Але я не ведаю, што там напісана. Скажу больш — ніхто не ведае. Некалі я палову жыцця патраціў на тое, каб адшукаць хоць які дакумент… Я ж быў вучоным…
— І ніхто не скажа, што азначаюць гэтыя літары? — з недаверам і горыччу спытаў Яўген.
— Ніхто, — непахісна адказаў Настаўнік, ды матлянуў галавой, нібыта страсаючы з яе фізічна прылепленыя думкі і зрабіўся ранейшым Настаўнікам — строгім і сухаватым: — Скажы лепш, ты абраў сабе шлях? Заўтра — дзень Прысвячэння. Вы станеце грамадзянамі Купала. Табе, як аднаму з лепшых, даецца права выбару. Чаму ты хочаш сябе прысвяціць?
Яўген паціснуў плячыма, потым абыякава адказаў:
— Мне прапанавалі некалькі шляхоў. Стварэнне адзінага разумовага поля — яно ў спалучэнні з эмацыйным полем зробіць Купал адзінай суцэльнай супольнасцю. Бацька ж настойвае на кар’еры кіраўніка. А мне. мне хочацца даследаваць Цемру.
— Пакінь Цемру ў супакоі, — амаль загадаў Настаўнік. — Сказана: за Купалам жыцця няма.
— Сказана ці няма? — ціха, амаль шэптам спытаў Яўген.
Настаўнік нічога не адказаў.
— Грамадзяне Купала! Сёння мы прымаем у свае шэрагі новае пакаленне. Гэтае пакаленне, выгадаванае і выхаванае на аснове Вучэння Вялікіх Бацькоў Купала, стане заўтра нашай апорай, нашай сілай ды гонарам.
Прамова гаварылася доўга. Яўгену было сумна, яго пакідала безуважным падзея Прысвячэння. Званок у ягонай галаве настойліва патрабаваў хвалявацца і цешыцца але радасць не прыходзіла.
Потым пачалася працэдура Выбару. Яўген абраў шлях навукоўца, распрацоўшчыка адзінага разумовага поля. Абраў у апошнюю хвіліну, падпарадкаваўся нейкаму няўцямнаму, неакрэсленаму жаданню.
Потым. Потым здарылася тое, што павінна здарыцца. І цуду не адбылося і памылкі не было. Затым называлі будучых мужоў і жонак, пары, складзеныя Кіраваннем Шлюбаў. І тая пагроза, якая жыла з дзяцінства, раптам адкрылася жахлівай пустэчай страты: Ліна павінна стаць жонкай Мікіты. А яму. Яму ў жонкі прыпісвалі нейкую дзяўчыну. Невядомую.
Эмоцыі, якія ўспыхнулі пасля агучвання гэтага спісу, былі мацней за эмоцыі пасля Выбару. Сярод гэтай бурапеннай ракі Яўген адчуў боль Ліны і злараднасць Мікіты. Мікіту выпаў шлях ахоўніка — і ён цешыўся гэтаму не менш, чым абвешчанаму цяпер спісу жонак і мужоў.
Праз тры гады яны стануць мужам і жонкай. А цяпер абвешчаны спіс забараняе ўсім іншым, акрамя абранага мужа, жадаць чужых нявест.
Для супакаення юначых жаданняў існуюць асобныя жанчыны — тыя, каму не дазволена нараджаць з-за іх недасканалага геннага кода. Такія часам нараджаюцца. Іх адпраўляюць у Дом Выканання мужчынскіх Жаданняў.
Потым прайшоў рытуал апранання абручоў на левую руку. І ў першае імгненне Яўгену здалося, што ягоны мозг не вытрымае той хвалі эмоцый, якая абрынулася на яго. Ён стаў адчуваць усіх жыхароў Купала — у гэтым хаосе імгненна страціліся і мама, і Ліна. І толькі Мікіта. Мікіта адшукаў яго адразу і паслаў яхідную насмешку.
Так, Мікіту нездарма адпраўляюць у ахоўнікі — ён лепш за ўсіх у іх класе арыентаваўся ў эмацыйным полі.
Пасля святочнага абеду ў Сталоўцы адбыліся канцэрт і гульні на Галоўным пляцы, потым усім абвясцілі вольны час — цэлых тры гадзіны да пацямнення Сонца.