ЦЫКЛ «ЭМІГРАНТЫ» 1993-1997

МІР

Янку Запрудніку, майму земляку

Запыленым люстэркам слова „Мір".

Кустоўе чэзлае паміж двух храмаў.

З начыннем, вартым шкадавання. крамы

Як процівагі, па баках... I жвір.

Не бачыла яшчэ раскопкаў, дзе б

Два метры ўглыб — і не знайсці манеты,

Далонню бедняка калісь сагрэтай,

Як спадзяванне на жытло і хлеб,

Дзе пацеркай — дзявочаю красой

Не адгукнулася б на кліч стагоддзе...

Ды тут, пад гэтым жвірам — карагодзяць

Такія цені тут!

I вечны сон

Ім не закон!

Цыганаў каралі

I тыя, што і каралёў цкавалі,

I тыя, што на вуліцы Завальнай

За валам, дзе кавалі кавалі

Гісторыю,

Не тую, дзе — Імя.

А простую — кальчугу з безліч колцаў.

Сялянскія, рамесніцкія хлопцы...

А час ўсіх заворваў, як лямях.

Вось мы ў стагоддзі гэтым прараслі,

I ў гэтым — хочацца ці не — народзе.

Наш дух зямны Ўсявышні ці

Заброддзем [3],

Ці замкавым абрысам акрыліў.

На вуліцы Завальнай — цішыня.

Маўчыць касцёл святога Мікалая.

Тут шлях наш пачынаўся.

I палае

Любоў дз Бацькаўшчыны ў нас адна.

Паэты мы, і Слову аддамо

Агонь, пранесены праз паняверку.

Краёчак сцерці б з пыльнага люстэрка,

I ўспыхне Вечнасці святло само!

Тры вершы Барысу Кіту


1. ВЯРТАННЕ

„Паклон Радзіме— і ўзляцелі птахі,

Нібы журбою неба аплялі.

Як вартаўнік, на гэтай Гауптвахэ

Вы засталіся... Воблакі плылі...

Гудзеў арган. Блішчэў жывот анёла,

Што граў на парцалянавай трубе,

Кірмаш калядны еў і піў наўкола...

Я ж несла нешта светлае ў сабе,

Што нераскласці сэрцу на адценні...

Душа з душой, свабодна гавары!

Хай вечаровыя кладуцца цені —

Жыццё ідзе, нясе свае дары.

Выгнаннікі вяртаюцца акрасай

Суровай і няласкавай зямлі.

...А банкаў гмахі, быццам стрэлкі Часу,

Цягнуліся ўвысь, нібы гулі...

Франкфуртп-на Майне, снежань 1993 г.


2. НА ЗЯМЛІ ТЭЎТОНАЎ

На зямлі тэўтонаў — абярогам

Мова — незабытая ралля.

Чым бліжэй да вечнага парога,

Тым мілей бацькоўская зямля.

Колькі ўжо на вулачках зацішных,

Дзе прылізаны любы куток,

Выклікалі ў памяці вусцішна

Вы дзяцінства дарагі куток.

Засыпае лісце залатое

Вуліцу Карэліч, дзе калісь

Бацька дрэвы пасадзіў — на тое,

Каб яны да неба падраслі.

Каб бліжэй да сонца — і да долі,

Ад якой далёка беларус...

Сніцца Вам, я ведаю, да болю

Гэтых ніў засмужаных абрус.

Роўнай не было жыццё шашою.

Падсумоўка зробіцца пасля:

Чым чысцейшы чалавек душою,

Тым бліжэй бацькоўская зямля...

Карэлічы. 1995 г.


3. НАСТАЎНІК

Доктар Кіт запальвае свечку у Майнцкім саборы.

Заблудзілася рэха ў вышынях каменных прысад.

Змрочна біскупы з нішаў глядзяць. Можа, клікаў каторы

"На Усход, на язычнікаў!" колькі стагоддзяў назад?

За высокім ілбом – таямнічыя формулы веку,

Што на месяц узняў чалавечыя дзёрзкасць і тло.

Ззяе зорка над ім (ці анёл, што трымае апеку).

Ды не згледзець яе: нетутэйшае гэта святло.

Над жыццём і нябытам яна, і над лёсам вандроўным.

Над усім, што прайшло – дый сягоння жыве,

Над карэліцкім хлопчыкам, што выганяе карову,

I бяжыць басанож па асенняй пякучай траве.

Ён запальвае свечку, цемра ў куткі адступае

Як асілак, у доўгім жыцці ён адужваў яе

Дзе як мог... А найбольш на радзіме, якая.

Ачмурэлая прышлымі, толькі чужых прызнае.

Толькі не – ён вяртаецца ў сінія далі.

I выстуквае сэрца: яшчэ... чым магу... памагчы...

Як усе, што ў чужыне душой не прапалі.

(А сябры на радзіме прапалі ж у вечнай начы).

Дык запальвайце свечку, настаўнік, асветнік, вучоны!

Колькі год паміж намі калолася дротам сцяна.

Зараз разам ідзём па дарозе і гразкай, і чорнай

Ратаваць Беларусь... А яна ў нас, як доля, адна...

Франкфурт-на Майне

Удзельнікам Першага сусветнага з'езду беларусаў


Парасончык вывернуты ветрам,

Бурбалкі, як жабкі, скачуць скрозь...

Тысячы ляцелі кіламетраў —

На Радзіме мерзнеце, нябось?

I на гэты раз цяпла замала.

Куст трымціць, ірвецца хмары край.

Што ж тут вашы сэрцы ўтрымала

На гады, як легендарны Рай?

Да яго — да водбліску, іскрынкі —

Вы імкнулі думкай ці ў лісце.

...Да стаптанай продкамі сцяжынкі,

Што ніколі больш не зарасце.

Адгукнецца звон святой Сафіі,

Усміхнецца фрэска на сцяне,

I душа усю сябе адкрые,

I Ўсявышні ў ёй струну кране.

О, каб не забыцца, не скарыцца!

Адшукаць, хаця б цаной жыцця

Памяці чароўную крыніцу

Пад ламаччам страт і забыцця!

Можа, вашая любоў адчыніць

Жарало святога ручая?

Бо няма прарокаў у Айчыне,

У Айчыне нашай — утрая.

...А шыпшына кроплі абтрасае,

Сонца цераз хмары, як скрозь дрот.

I пчала — адкуль яна? — збірае

На ружовай кветцы горкі мёд...

Лявону Мурогу


У Лявона Мурога ля рэчачкі светлай мурог.

Дамавітыя пчолы бяруць з белых кветак даніну.

Ён паказвае дом — віў гняздо, колькі мог,

Пасадзіў нават клёны — у спадчыну сыну.

На катэдж залацістыя промні ляглі.

Тут да ладу усё. Асалоды — да схочу.

Ён пытае: "А як там, на нашай зямлі?"

I бяседу вядзе, і частуе да ночы.

Нам спяшацца назад,

Дзе жыццё— як шчаня,

Што адчайна на рэйках вішчыць з-пад трамвая...

Ён жа ўсё паўтарае:"Радзіма, радня..."

I вільготныя вочы ад жонкі хавае...

Васілю Мельяновічу


Дождж грыбны абмыў званы на плоце,

I цяпер па ганку шалясціць...

Яблыкі бялеюць у лістоце,

Белы бусел з вышыні глядзіць...

Рэчцы дадзены ўваскрэснуць шанец.

I па ёй, змялелай, ідучы,

Паляшук былы, амерыканец,

Джынсы аж па лыткі замачыў.

Ён ідзе з расхрыстанай кашуляй,

А душой нібы ў дзяцінстве знік...

„Тут казала некалі матуля,

Што ў віры зацягне Вадзянік.

А пасля я рос.

Прыйшла навала,

I маланцы адгукнуўся гром.

I з зямлі прапрадзедаў пагнала,

Бо мой бацька быў гаспадаром.

Ён і за мяжой служыў зярняці,

Будаваў царкву, дзяцей любіў,

I аклад іконам Божай Маці

З дрэва нетутэйшага рабіў.

А дзядзькі палеглі ў Курапатах...

Нас жа ўратаваў заморскі вір...

Зачарпну — і цяжкі, як граната,

На магілах прадзедавых жвір.

Мне з сабой узяць казалі людзі

Жменьку ад магілы, што люблю,

Ды баюся — бацькавыя грудзі

Я зямлёю тою прапалю."

Скончыцца праз трое сутак віза,

Зноў дзяцінства высахне рака,

Расплываецца смугою шызай

Разарваны лёс палешука.

ХУСЦІНКА

В. Кіпелю

Мне Вітаўт падарыў хусцінку — сінь з ліловым,

Бо сонца коле голкамі ў галовы

Сярод нью-ёркскіх хмарачосаў- глыбаў.

...Хусцінка ў пальцах слізгаціць, як рыба.

Трапеча, быццам хоча пад нябёсы

Падняцца — над галоўным хмарачосам

I плысці над Амерыкай, якая

Нібы пад залатым дажджом Даная

Магутная, ляжыць... Спляліся кроны

Нібы карункі — ёй убор зялёны.

Тут, дзе яна калоссем высцілае

Свае палі ад краю і да краю,

Дзе праступаюць скрозь, як палімпсесты

Індзейцаў словы — мова ж знікла дзесьці —

Другая мова, як зярняты ў храме,

Схавалася — і аджыла між намі.

Амерыка! За іх, каго прымала...

Славянскае крыві ў табе нямала.

I на тваіх аздобах, як краёчак

Другой зямлі — наш сіні васілёчак.

Яму хапае месца тут, а там

Ў чужыну гналі, руйнавалі храм...

Маўчу!

I сын, і лёс на той зямлі...

...Хусцінка, ты мне сэрца не палі.

Я ўжо не бесклапотная паэтка —

Касмічных з'яў удзельніца і сведка,

Калі збываецца: „I аз уздам

За ўсё — за мову, за зямлю і храм."

Крычаць не буду:"Я не вінавата!"

Вяртаюся —служыць для роднай хаты.

А тут — вясёлай, лёгкай, як пушынка

Усё ж была.

Нясі мяне, хусцінка!

А вы... Хай і далей паможа Бог

На родны не забыцца свой парог!

Нью-Ёрк

НА БЕЛАРУСКІХ МОГІЛКАХ У АМЕРЫЦЫ


Магілы...Іх калісыді аплявалі,

Абвінавацілі ва ўсіх грахах.

За што? Адкажа кветка палявая,

Адкажа вецер: „Беларусь кахаў."

Тут Юрка Віцьбіч, тут Рыгор Крушына...

Іх словы й сёння выкрасае Час.

Чаму прыстанкам стала ім чужына?

Адкажа надпіс: „Я памёр за вас."

На іх кар'ерны ўжо не зробяць шанец,

Чужацкі іх не згоніць прэч хаўрус.

Спытае люд: „Хто тут?" „Амерыканец?"

Але зямля адкажа: „Беларус!"

ПРАЛЛЯ

Надзі Кудасавай

Белай кудзеллю дзень ляжыць на цёплай траве.

Тут, дзе мала людзей, мудрая пралля жыве.

Скокне вавёрка раз — змоўкне, слухае ціш.

Быццам спыніўся Час — моўчкі і ты сядзіш.

Амерыканскі стандарт роднага не заглушыў.

Дадзены Надзі дар — адпавядаць душы.

Нітку яна прадзе, быццам нітуе нас

Стойкасцю у бядзе, сілаю, каб не згас.

Куфар прыадчыні — колькі ў ім святла!

Фарбы, нібы агні. Вышыла, як жыла.

Як выпрабоўваў лёс! Каб не ўтрымала ніць.

Соллю саліла слёз — здолела не ўпусціць.

Круціцца калаўрот... Вечны імкнецца час...

Мудрае Праллі род Хай уратуе нас...

Марысі Юрцэвіч-Навумчык у Саўт-Рывэры


Ледзь вымавяць: „Доўбры дэн"—

I зноўку ў „тэлік" вачыма

Даніла — у школе ён Дэн,

I Джон — ён Янук у Айчыне

Хай госці з зямлі Беларусь

Расказваюць нешта ў застоллі...

«Паслухаць іх бацька, прымусь»,

„Іх, маці, разбэсцілі ў школе."

Уздрыгвае ў маці рука,

I ў бацькі слязіна ірвецца...

Ды што гэтым хлопцам рака,

Што Ясельдай недзе завецца?

Іх сіла і бляск малады

Ўвальюцца ў Амерыкі жылы.

Не зведаць ім, як назаўжды

Радзіма аб'явіць чужымі,

Над іхняй калыскай гулі

Другія і ветры, і спевы...

Растуць на далёкім камлі

Галінкі крывіцкага дрэва...

5.08.93

Загрузка...