(Выгнанне полацкіх князёў у Візантыю,
год 1129)
Над Дзвіной — як чорны покрыў ранне.
Гора смокча сэрцы, як змяя.
З Полацка з'язджае на выгнанне
Ўся вялікакняская сям'я.
Усьмавы пантофлік з прошвай сіняй
На назе дзявочае прамок.
Слухае манашка Ефрасіння
Бацькі пасівелага папрок:
„Ты бясплоднае абрала ложа,
Брат твой ад самоты занямог.
Без унукаў я.
Хто нам паможа?"
Коратка яна сказала:"Бог".
Уздыхнуў. Ладдзю панесла плынню.
З далечы усе — як мурашы. .
З ветрам даняслося: "Ефрасіння!
Прадыслава! Полацк беражы!"
Не ўстаюць з каленяў, плачуць людзі...
Шмыгнуў некуды з даносам віж...
Юная ігумення, хто будзе
Несці за цябе і гэты крыж?
Не, твая рашучасць не растане,
Мужнасць не патопіцца ў слязах...
Візантыя! Клетка залатая
Вольным птушкам — полацкім князям!
I гады, і жыцці, як атаву,
Косяць Часу вострыя нажы,
А яна ўсё чуе:
„Прадыслава!
Ефрасіння!
Полацк зберажы!"
19.05.97г. Вечарына Галіны Дзягілевай
Здалёку крывіцкае племя
Ішло і шукала зямлі.
Спалохаўшы пудкіх аленяў,
Тут коні стамлёна ляглі.
Рашылі, ўсё - досыць вандроўкі,
Устане тут Менск на вякі.
„Не трэба, — сказала Дуброўка,—
Крывёй тут сцякуць берагі.
Я слаўлю жанчыну - багіню,
Я ёй бранзалет аддала,
Як з далечы грознай і сіняй
Упала ля Менкі страла.
О, як шалясціць яе крылле!
Калчан, як цымбалы, пяе!
Марэна - Мара мне адкрыла,
Што тут — уладанні яе!"
Гудзела ад кпінаў паляна,
I смех адбіваўся ад струн:
„Усё, што належыць, зарана
Жрацам адкрывае Пярун!
Мацней ён за смерці ўладарку,
Ахвяры яму аддамо.
Замоўкні, вяшчуння-вядзьмарка,
Што будзе — то прыдзе само!"
I вось заспявалі сякеры,
I вежы ўвысь папаўзлі.
Гараць на ахвярніку веры
Таўстыя сухія камлі.
Нямала часінаў мінула,
Прышла тая злая пара:
На горад абрынула сечу
Уладальніца смерці — Мара.
Усё, што нажытае, гіне,
I снег парудзеў ад крыві.
I толькі Дуброўцы багіня
Ускрыкнула зверху:"Жыві!
Сядзі вартаўніцай на Менцы,
Аплач гэты горад як след!
Не слухалі слабшых ды меншых,
А ты аддала бранзалет!"
Я абрус памінальны паслала на светлым тым полі,
Дзе жаўнеры Касцюшкі палеглі на вечны спачын.
Шапатнула трава, і вятрыска пацвердзіў "За волю!"
I прарос скрозь тканіну спакойны і мудры палын.
Засцяліла я стольнікам слуцкую тую дарогу,
Дзе у сэрцаў пялёсткі ўгрызаліся кулі - чмялі.
"За свабоду!" - пранесліся словы паўстанцаў над логам,
I пакутніцкім цернам скрозь цяжкі абрус прараслі.
Я пайшла ў Курапаты, дзе шэрымі клубамі болю
Вочы выеў туман у бярозы пахіла - крывой.
Там на крохкай бяросце нязгасныя словы "За волю!"
Набрынялі гарачай – яшчэ ўсё гарачай - крывёй.
Я хацела ручнік завязаць на крыжы ацалелым,
Ды расстрэльныя чэргі, яго, як ланцуг, абвілі.
"За свабоду !"- і вырваўся голубам белым,
Каб не згніць за нішто ў зледзянелай зямлі.
Над дамамі, заціхлымі ў сонных турботах,
Над вірамі ў глыбокай таемнай вадзе,
Над палямі, салёным залітымі потам,
Кружыць птушка Свабоды – і крылаў яна не складзе...
Ціха паміналі родных на Дзяды.
А Міхась Ткачоў паміраў тады.
Лістапад, нібы з торбаю жабрак,
Падбіраў лісты жоўтыя так-сяк.
Заплыло ў бальніцы і застыла шкло.
Нас з табою з ім побач не было...
Так толькі ў дзяцінстве снег іскрыцца,
Дзе поле за сялом —як белы свет.
Дзе незамерзлая бруіць крыніца
I наўскасяк — адно заечы сл'ед...
11.2.96
Паводле Карамзіна, род Пушкіных
(Пушкаў) паходзіць з Наваградчыны
З Навагародка гэты род -
Род Пушкаў.
Калыскі геніяў народ
Тут гушкаў.
I песняў залацісты мёд
Ім клаў да хлеба.
З Навагародка гэты род -
Не з неба.
I ўсё ж стагоддзямі Сусвет
Слаў зорнай жменяй,
Каб нараджаліся паэт —
I геній.
Паэта беражы, народ!
У час суровы.
Ён перад Богам за цябе
Замовіць слова.
Калі пад бураю твой лёс,
Як колас, ляжа,
Усё, што будзе і было,
Ён — звяжа.
... Чароўных словаў азярод
Лёг на падушку.
З Навагародка гэты род -
Род Пушкаў.
10.07.1999, у дзень усталявання помніка
Пушкіну ў Менску
Дождж зашаптаў таямніча.
Я падыйшла да стала.
Хто мяне, хто мяне кліча?
Ноч.
Я ў гатэлі адна.
Вецер ліхтарык гайдае —
Звонкае колца святла.
...Мама мая маладая,
Ты тут таксама была.
Помню твой ложак смяротны.
Жах у паглядзе: „Жыць... ці?"
Наша сустрэча кароткай
Сталася ў гэтым жыцці.
Пыхнула кветкай — і годзе.
Помнік стачыла іржа.
Як негатывы стагоддзяў,
Цені на дахах ляжаць.
...Постаць Міндоўга паўстала.
Рок напярэймы яму.
Лёсу ўлюбёнкай не стала
Гэта сталіца чаму?
Сцялі дарогі чужыя,
Быццам жыцця абцугі.
Лёсам падрэзвала жылы.
Плацім за іншых даўгі.
Ім бы і зараз цвяліцца:
„Можа, зусім не была?"
Спіць у стагоддзях сталіца —
Жоўтая кропля святла...
Да мяне гэты горад суровым быў:
Першы запіс у кніжцы працоўнай зрабіў,
На прымадону не рыхтаваў —
Гартаваў
Для жыцця,
дзе ад стомы гараць далоні,
Дзе думка балючая б'ецца ў скроні,
Дзе стосы кніг, а ў іх просты сакрэт,
Як спасцігнуць гэты агромністы свет.
Гэты горад прайшоў скрозь агонь і вякі.
Мо таму ён упарты і нязломны такі.
Ён зведаў на смак лебяду і кару
I ўспрымае не па адзежыне — па нутру.
Тут крывічоў — маіх продкаў — зямля.
Мы з аднаго вырасталі камля.
Ён мне Слова адкрыў сакрэты.
Дзякуй, Віцебск, табе за гэта!
1995 год
Падыйду да сядзібы, стану ў зацішку.
Час высмольвае памяць, таўчэ камяні.
Перад Кнігай Жыцця, адвакат Францішак,
Творцы сціплы набытак абарані!
Мо забаў маладых узяла я лішку
I людзям запаветных не сказана слоў....
Захілі мяне, адвакаце Францішку,
Ад зайздроснікаў злосных і махляроў.
Ля твайго жытла адпачну я крышку
I пайду ў турботныя тлумныя дні.
Адвакат беларускае мовы Францішку,
Беларусь нашу светлую абарані!
12.08.2004 г.
Ён варты вечнага праклёну,
Бо сіл чужацкіх здзейсніў сверб:
Замбіравана - утрапёна
Ён замяніў наш даўні герб.
Ён варты вечнае пагарды,
Бо, нашых ворагаў аплот,
Ён пад расейскую кукарду
Паставіць хоча ўвесь народ.
Ён варты... Не, зусім не варты
Ён нават вечнай цемнаты,
Бо Вечнасць выкідае ўпарта,
Каму былое - гук пусты,
Хто лезе ў ярмо і сёння,
Як атлусцелыя валы.
А на Жыцця магутнай кроне
Не застаецца сук гнілы.
А застаецца Творца. Вешча
Нітуе ён стагоддзяў ніць.
I ажыве наш горды Вершнік,
I меч ступелы зазвініць!
1996 г.
Звільгатнелы туман забівае дарогу,
Я намацваю ўпарта, з адчаем яе.
I, пражыўшы жыццё, апялюю да Бога,
Што спакою і шчасця душы не дае?
Я кахала. З пасадаў сыходзіла тлумных,
У слязах забывала на ўласны зарок.
I часамі была вучаніцай бяздумнай,
Што рыхтуе зададзены некім урок.
Мне б па'йсці па зямлі безыменнай жабрачкай,
Басанож па замерзлай і чорнай жарстве,
Ці стаяць ля дарогі адвечнаю Плачкай,
Ці акафіст спяваць у вясковай царкве.
Ды, нібы ланцугом, прыкавалі нябёсы
Да радка, да старонак, забытых у тле,
Каб вяртаць на зямлю абгарэлыя лёсы,
Дыяманты шукаць у пякельным катле.
Прэч, нячысцікі, прэч! Каб Пярун вас адужаў,
I разнёс на шматкі, і прабіў туманы!
Сэрцаў шмат, што Радзіме заўсёды паслужаць,
Ёсць і дочкі у Маці маёй, і сыны!
Распрамляе сагнутыя плечы,
Набіраючы сілы ў зары.
Вежы струнка паўсталі, як свечы,
Атуляючы замак ў Міры.
Іх запальвае сонейка ўранку -
Не задзьмулі б ліхія вятры!
Сем стагодцзяў віецца Міранка,
Аздабляючы замак ў Міры.
Завяшчалі нам спадчыну продкі:
Госць замежны, прыдзі і замры!
Затрапеча душа, быццам плотка,
Адкрываючы замак ў Міры.
Час страшэнныя раны залечыць.
Ён зямлі маёй прыме дары,
Як надзею народа, у Вечнасць
Адпраўляючы замак ў Міры!