ПРЫСВЯЧЭННІ

ТАЛЕНТ


У вянок Якубу Коласу

Ноч ляжала бяззорнаю, цяжкаю кучмай

На вільготных хацінах,

I спала зямля.

Бог ля Нёмна ішоў і пачуў, як нягучна

У Акінчыцах плача сабе немаўля.

Лесніковая хата. Чадзее газнічка.

Калаўрот. Залацістыя пасмы іьну.

I дзіця.

I над лёсам — зіхоткая знічка,

I матуля прымружыла вочы ад сну.

I не бачыла, хто дакрануўся да сына.

Палыхнула святло.

Адступіла імгла.

I хіснулася хата, нібыта віціна,

I адбіткам на Вечнасці ўдаль паплыла.

Навуковец пасля раскладзе, як па ГОСТУ:

Напачатку эпоха, асоба — пасля.

Быў для Генія час...

Адбывалася ж — проста:

Бог ля Нёмна ішоў і пачуў немаўля...

Васілю Быкаву

Да гадавіны ягонай смерці

У час, калі твая

Яшчэ не народжаная душа

Лётала над зямлёю,

Шукаючы сабе месца —

Ён, маладзенькі салдат,

Прыпадаў да яе грудзьмі,

Гасячы смяротныя пялёсткі агню.

У час, калі да тваіх

Дзіцячых пластылінавых мазгоў

Падбіраліся абцугі сістэмы,

На іх крыжам сумлення лёг

Яго Сотнікаў - і ты

Па Круглянскім мосце пайшоў

На іншы бераг - да праўды.

У час, калі пачынае зноў

Чарнавусы аскабалак мінулага клікаць

Да прывіднай светлай будучыні,

I прабівае "Стынгерам" самалёт,

На якім ты імкнешся ўзляцець —

Ён, Быкаў, ізноў і ізноў

Захіляе чорныя дзіркі сабой,

...Каб табе хапіла паветра да прызямлення

На аэрадроме Свабоды...

З НАГОДЫ ЮБІЛЕЮ МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

Жане Дапкюнас

Цвіллю тут не нясе ад старонак

I кніжак зляжалых.

Як у мора ўвайсці —

I паскорыцца сэрцабіццё.

Ён атулены крыллем крывінкі Купалавай

Жаны —

I ўплятаецца ў Сёння,

Ў нялёгкае наша жыццё.

Задыхнуцца шуканнем-

„Загадка Купалы".

Праз гады зразумець,

Што адгадкі ў маланкі няма.

Хваля Часу адтрэсла

I адкалыхала,

I, застыўшы ў Паэце,

Між нас засталася сама.

Ападае стагоддзе крываваю,

Змучанай гронкай.

У прарока чырвонцаў няма.

I за ім не ідзе грамада.

Ды Купалава Слова ірвецца

З музейнай скарбонкі,

Бо яму трэба клікаць,

Калі у народа бяда.

Хай яно дапаможа

У чорнай імгле не скарыцца,

Хай струменіць і ў грудзі народныя б'е.

На далоні у Вечнасці

Светлаю кропляй іскрыцца,

I на ніз нашым шалям

Схіліцца ізноў не дае!

20 верасня 1995 г.

СЫНУ

Віншаванне са старым Новым годам

Кожны твой тэлефонны званок

Медыятар па струнах - нервах.

Вібрырую: «Як? Што

Ў тваёй далёкай краіне?»

Мільёны тон акіянскай вады

I безліч кубаметраў паветра,

Што ляглі між намі на сёння,

Напаўняюць мяне адчаем.

Я — макавінка ў тэрыконах чалавецтва,

Гэты мак штодзённа таўкуць абставіны.

А ён тонамі правальваецца ў нябыт

I выштурхоўваецца ў жыццё іншым -

Маладзейшым на адзін радавод.

I таму я дзіўлюся, як цуду,

Што ў гэтым шалёным свеце

Ты мяне ўсё роўна любіш.

I не хочаш забыцца на тую,

З чыёй юнай плоці ты выйшаў.

Я ж, мой сын, ужо чую вецер,

Што зганяе з людскога іржэўя,

На якім я адпрацавала

Па ўсіх законах Быцця.

I цяпер я пішу ўпотай

На праграмцы

"Zur Eroffnung der Deutschen Woche"

Гэты ліст да цябе ў першы

Дзень старога Новага году

I шпурну яго ветру як доказ,

Што патрэбна табе,

Мой сын.

ВІНДСЕРФІНГ

Мужу Ягору

Мне не ўтрымацца на дошчачцы кволай.

Лепш падымуся на ўзгорак — здаля

Буду глядзець, як, вандроўнік вясёлы,

Лёгка ляціш па планеце Зямля.

Як парушынка ў возера воку

Парус твой белы — цень аж на дне.

Вецер нясе твой віндсерфінг далёка,

Быццам забраць цябе хоча ў мяне.

О, не знікай, сінявокі Ягорыч!

Лёсу раптоўны і радасны дар.

З вуснаў сціраеш жыццёвую горыч,

Фізік і лірык, мудрэц і гусар.

О, не знікай ! Закруціся ў сувоі

Часу — і ў гэтай хвіліне жыві!

Мы растварыліся ў леце абое

Бегам гарачай, як сонца, крыві!

Ў лёгкасці боскай не ўтрымацца.

„Стань на віндсерфінг!" — гаворыш.

„Пасля!"

Далеч.

Спякота.

Конікаў брацтва.

I прыцяжэння не мае Зямля...

СЯБРОЎКА


Калі падчас, здаецца, гіну я

Ад цёмнай слепаты людской —

На хутар да цябе, Віргінія,

Я еду — там жыве спакой.

З табою разам мудрасць брамінаў

Нашэптвае, што ўсё цячэ.

Ахутвае, як хусткай мамінай,

Надзея, што прыйду яшчэ

У свет — не купіну іржавую,

Што ў багне шэрае ліпіць,

Дзе над няўдалаю дзяржаваю

Душа ужо не забаліць —

Над бедамі яе і крокамі

Яе дурных правадыроў,

Над апляванымі прарокамі

I пашчамі глухіх двароў.

Вось прыязджаю... Ціхай Свіліцай

Ідзём, пужаючы гадзюк,

I поўдзень дыхае ў патыліцу,

I сцелецца пад ногі луг.

Як хустка, неба цёмна-сіняе

Лягло краёчкам на ваду...

Суцеш няпраўдаю, Віргінія—

Адсюль ніколі не сыйду...

Леаніду Шчамялёву


У Шчамялёва — не слова.

У яго адмыслова

Фарбы гавораць пявучаю мовай.

Дрэвы гавораць,

Спяваюць крыніцы,

Хлопцы гамоняць і маладзіцы.

А гадаваў яго край той суровы,

Дзе ад вайны засталіся ўдовы.

Талент спялілі крутыя гады —

Можа, ад гэтага ён малады.

У крутаверці снежнае нашай

Веру: пра нас ён нашчадкам раскажа.

Што ні карціна —лёсу старонка,

Светлая гронка, цёплая гронка...

Рымашэўскаму Сяргею

Да ягонай карціны "Начное купанне"

У іхніх генах - Вечнасць і вяртанне

Да жарала, дзе Дух святы ў купанні

Мігценне дарыць ночы і святла,

Каб сёння нарадзіцца я змагла.

I кропляй ювенальнае вады

Далей адсюль!

У іншы свет - Туды.

Да карціны Фёдара Ястраба

"Судзяніцы"

Дзве Паркі - быццам Альфа і прасцяг

Туды, дзе залатая нітка лёсу

У шэрыя ўплятаецца нябёсы,

Каб стаць вытокам іншага жыцця.

Дзве Судзяніцы - іхні суд цяжкі.

Не замінайце так згарэць, як схочу

Замружце вочы, і дазвольце у ночы

Злятаць у Вечнасць з Боскае рукі.

ХРОНАПУНКТУРА [4]

Сафіі Іофе

Гэты міг— як на сцэну ідзеш пад сафіты,

Ці ў Нязнанае возьмеш білет.

Трапяткою іголкаю доктар Сафія

Да цябе далучае Сусвет.

Ты і Космас — сам-насам,

I беднае цела

Адпачне ад шалёных стыхій.

Углядайся ў жыццёвыя хітраспляценні,

У памылкі свае і грахі.

Дзе скрыжалі Гармоніі вечнай парушыў,

Дзе — кармічны аплёў цябе Рок...

Мудры доктар Сафія, адкрыйце для душаў

Неба пульс ў краіне Су-Джок!

20 лістапада 1995 г.

Памяці Паўла Мамедава-Мілашэўскага


Быў — глыток салодкае мікстуры,

Маладосці незабыўны лад.

Семечка, занесенае бурай,

На антонаўцы прышчэплены гранат...

Як цвіце ён, быццам апантаны!

Не відаць ні неба, ні вады!

Ў веснавых садах Азербайджана

Бачыла я гэткія сады.

Жар крыві з усходняга народу,

Сэрца ж - ад матулі ціхай дар.

Прыязджаю ў Гродна год за годам,

Каб аднесці кветкі на цвінтар.

Пастаю, слязу не супакою.

Ты мне быў нібы названы брат...

...Семя, што занесена вайною,

На антонаўцы прышчэплены гранат...

20 лютага 2000 г.

АДЗІНОКІ РЫЦАР

Валерыю Мазынскаму

Над вольнаю сцэнай кружаць штовечар

Калярова-пяшчотныя словы й пачуцці

Як матылькі, што аджываюць ў няпэўным святле

Адагрэтае хаты.

Вольная сцэна, ты спрабуеш сабраць

Аскабалкі свету, а ён разлятаецца,

Быццам кавалкі Лёду-9

З рамана Ванегута.

Мо таму ў Чарадзея, які ўтрымае тваю

Раўнавагу ваўчка,

Дзе палос мітусня

Паміж тлом і святлом —

Зледзянелі далоні.

Ён ідзе цераз ноч.

Белы плашч, бел-чырвоны каснік...

Рыцар болю крывіцкае Атлантыды.

I на Вольную сцэну выходзіць

Наш Лёс...

3 сакавіка 1997 г.

Ганне Ярахновіч [5]

у ейнае 100-годдзе

Дарагая Ганна Ярахновіч,

Дайце дакрануцца да рукі.

Гэтак Час нам беражна адновіць

Нітку, што праходзіць скрозь вякі.

Нашы продкі там жылі, цярпелі

Мову бераглі, нібы раллю...

Сто гадоў!

Сяджу, як ля цяпельца,

Слова яе кожнае лаўлю

Аб радні — а значыць, аб народзе,

I аб тым, што будзе зноў і зноў...

Дайце дакрануцца да стагоддзя —

Да маёй зямлі і каранёў!

9 верасня 1995 г., Лужкі

ЭДУАРД АКУЛЮ НА ПОЛІ ЛЯ МАЛОГА ОЛЬЖАВА, ШТО Ў ЛІДСКІМ РАЁНЕ


На полі, дзе расійская пагарда,

Бы серп, сякла паўстання каласы,

Як рэквіем, гітара Эдуарда.

Сярэбраныя плачуць галасы

Па продках, што за волю тут плацілі,

Прастор палеткаў, сзрца не ірві!

Тут буракоў чырвонае націнне -

Сляды невысыхальнае крыві.

Прарос гарох скрозь тонкія мундзіры,

Прабілася скрозь грудзі сенажаць.

Тут паўтара стагоддзя камандзіры

Са шляхты беларускае ляжаць.

З каменняў, нават, сцерлі іх імёны,

Не адпусцілі душы на спачын

Няхай жа восень дажджавой заслонай

Цябе захіліць, нейчы брат ці сын!

I адпяе завея галашэннем,

Каб старадаўні збыўся запавет -

Ляглі, каб не аддаць сваё найменне,

Ляглі, каб стаў свабодным гэты свет.

Пакутліва мы волю здабываем

Ды гонар чужакам не аддам-о.

Гітара барда плача і спявае -

I з душ спадае рабскае ярмо...

Ліпень, 2003.

Да 70-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі


Не аднаго ёй залатога веку

Я зычу на свабоднае зямлі.

Нацыянальную бібліятэку

Каб болей заняволіць не змаглі.

Каб да яе ішлі, нібы да Волі,

I прычашчаліся яе святла.

Каб Кніга паланянкай больш ніколі

Ані ў адным спецсхове не была...

ПАЭТ

А. С.

Азоранасць з такой праніжа сілай,

Што стане незаўважнаю мяжа,

Дзе, летучы, ламае вечна крылы

Слабая чалавечая душа.

I ён, атручаны, усё спяшае

Нібы насустрач новаму рыўку.

Даўно не Бог — нячысты спакушае.

... Ці ён штурхае д'ябла пад руку?

* * *


На Іслачы дождж,

I пісьменніцкі дом

Пад ім распластаўся квадратам панылым.

Мы з Алай Сямёнавай

ціха гаворку вядзём —

Нібыта па пёрку нарошчваем крылы.

Жанчыне прабіцца скрозь побыту друз

Нялёгка...

Успомніць:"Не хлебам адзіным..."

I, звіўшы гняздо і расклаўшы абрус,

За хлеб не прынізіць ні мужа, ні сына.

Рэактарам ядзерным цвеліцца Час.

Слабыя прад ім чалавечыя сілы.

Ды зноўку мужчыны прыходзяць да нас,

Як быццам па пёрку нарошчваюць крылы...

Станіславу Шушкевічу

першаму кіраўніку незалежнай Беларусі,

ў дзень 70-годдзя

Станіслаў Станіслававіч, Ваша асоба

I праз столькі гадоў напамінам смыліць

Тым, хто марыць пра СССР тупалоба,

Хто хацеў бы закрэсліць навек Віскулі.

Станіслаў Станіслававіч, Ваша сумленне

Не дае супакою ні ўдзень, ні ўначы

Тым, хто хоча паставіць нас на калені

I заказнічак сталінскі тут зберагчы.

Станіслаў Станіслававіч, Вашае слова

Не дае баязліўцам забыцца ані,

Што жыве, не зацуглена невукам мова,

Што Пагоня імчыць на гарачым кані.

Станіслаў Станіслававіч, у пацярусе

Духу,

У подлай знямозе быцця

Выстайце - дзеля святой Беларусі,

Выстайце дзеля святла і жыцця!

15.12. 2004 г.

Загрузка...