Андрэй фон Стырлянд трымаў карону высока, уздымаючы яе ўсё вышэй, і яна трапятала ў ягоных руках сярэбраным целам злоўленай рыбіны. Біскуп, перавальваючыся, узняўся на памост, на ягонай руцэ пярсцёнак з часцінкай святых мошчаў здаваўся вялікім чорным жуком. Міндоўг, а за ім жонка і сын апусціліся на калені, і з шоргатам, рыпеннем, уздыхам паўтарыў тое народ. Біскуп узяў карону і паволі, імкнучыся падоўжыць гэтую хвілю, апусціў яе на галаву князя, нахіленую перад ім. З натоўпу крыжакоў Стырлянду перадалі загорнуты ў празрыстую кісяю сярэбраны абруч з невялікім конусам наперадзе, у які быў упаяны крыж з бірузы. Яго, асцярожна выняўшы з абгорткі, наклаў на галаву княгіні таксама біскуп, у той час як магістр апаясаў маленькага Рэпенью скураным поясам з металічнымі ромбамі і ўклаў у похвы пры поясе мініяцюрны меч — знак таго, што прымае хлопчыка ў рыцары. Тады крыжакі, падняўшы рукі ў жалезных пальчатках, тройчы ўдарылі далонь аб далонь.

— Каралі Свяшчэннай Імперыі заўсёды шчаслівыя атрымаць разам з каронай святое папскае блаславенне, — загаварыў Генрых. — І сёння гэтае блаславенне пасылаецца табе і твайму народу, які разам з табою ўступае ў сям'ю, прасветленую ісцінным вучэннем Хрыстовым. Ад гэтага часу ўсе хрысціяне Эўропы абавязаныя дапамагаць табе, кароль Міндоўг!

Зноў загрукаталі барабаны, звонка заспявалі ля капліцы служкі. Міндоўг сышоў з памоста, ля якога ўжо стаяла лава, засланая сінім аксамітам, куды ўселася княжацкая сям'я. Ваяводзіна і Апфія, стоячы ззаду, за княгіняй і дачкой, трымалі іхнія белыя накідкі. Світа тоўпілася ззаду.

На ўзвышша амаль узбег танклявы, гнуткі Раман, следам за ім узнеслі цымбалы. Перабіраючы струны, хлопец заспяваў складзены ім славаслоў у гонар князя. Паслы зашапталіся: голас спевака, высокі, звонкі, з няўлоўна аксамітава-мяккім адценнем, заварожваў, варушыў у сэрцах нешта патаемна-тонкае…

Апаясаная воямі плошча застыгла, змоўкла мурашліва-бязладнае варушэнне на ніжніх вуліцах, дзе тоўпіліся новагародцы. Жывена абвяла позіркам твары крыжакоў: круглы твар Северта з тоўстымі пажадлівымі вуснамі ільсніўся задавальненнем, магістр заплюшчыў вочы, немалады яго, з глыбокімі зморшчынамі лоб схіліўся; нейчыя вочы перахапілі ейны позірк, скрыжаваліся погляды, не адпускаючы адзін аднаго.

Малады, жаўтлявы як воск твар, на якім разцом выразаны рысы прыгожыя, жорсткія, уладныя. Нібы чуе Жывена, як нерухомы рот загадвае апусціць вочы, але яна не адводзіць.

— Ты што, закамянела на гэтым рыцары? — тарганула за рукаў Яўлампія. Жывена няўцямна перавяла на яе позірк, як не пазнаючы: нешта працяло грудзі, не ўздыхнуць.

— Перапудзілася, ці што? — дыхала заморскімі пахкасцямі, цясніла пульхнымі грудзямі цікаўная жанчына. — Ты лепей на князя, ой, на караля, зірні: ён жа ўсё касавурыцца на гэтую… нашай княгіні… каралевы сястру. А людзей! Хоць лыжкай мяшай!

Міндоўг, як ніколі падобны да ваўка са сваім белым няроўным выскалам усмешкі, сядзеў, выставіўшы правы плячук, і позірк яго стоена раз за разам абягаў Яксу, яе высокія грудзі пад пунсовым адамашкам, чорныя кудзеры над белым ілбом. Маладая жанчына была амаль адбіткам сваёй сястры, але адбіткам маладым, стоена-гарачым, у той час як цяжарная каралева агрузнела і, мабыць, пачувала сябе нездаровай: халодна-блакітныя вочы затуманіліся, пачырванелі.

— Трымайся роўна! — раздражнёна сказала яна Алене-Ваверыцы. — Ты дачка караля!

Тузанула галавой, так што медная шпілька, якой была прыколатая да чапца кісяя, да крыві драпанула рукі ваяводзіны, тая вохнула.

— Даруй, княгіня Мілена, — зашаптала спалоханая жанчына, — не ўтрымала за табой убор!

— Ці ты не чула: мяне ахрысцілі Мартай. І я каралева!

— Даруй, каралева Марта, — схілілася ваяводзіна, а слёзы ад болю і крыўды так і пакаціліся па ейных шчоках…


Баярын Агапій, калі Апфія пераказвала здарэнне, дакараў дачку і жонку:

— Ці вы, агонь вас ведае, не бачыце, што цяжарная жанчына змаглася? І Міндоўгу не да сестрыных спадніц: мабыць, думае, ці дапаможа холмскі біскуп улагодзіць Данілу Галіцкага? Той усё-ткі да Ордэна прыслухоўваецца, самога хрысцілі і каранавалі. Таўцівіла мы з гульні выкінулі… Прынясіце лепей варцобы, дый отрака паклічце. І не пайду я на плошчу, бо і так ногі баляць…


На плошчы ўвечары народу было як маку, хаця цяжарныя дажджом аблокі ледзь не дакраналіся да смалякоў, якія скрозь матляліся вогненнымі венікамі, прыбітыя да слупоў, пад якімі нястомна чэрпалі з бочак і разлівалі ў чашы і брэцьяніцы хмельны мёд і піва княжацкія слугі. На кастрышчах угіналіся пад зубрынымі тушамі на пожагах моцныя рагаткі, сабакі грызліся з-за костак альбо, ацяжэлыя, драмалі пад памостам, сквірчэла мяса, шугаючы ў насы пахам сытасці і свята. Гаманілі, меркавалі, спрачаліся новагародцы:

— Каб жа кожны дзень так, а то кугеня* абрыдла!

* Страва з хлеба і вады.

— Працуй, дык дастанеш і гуся з грыбамі! А то як верабей жывеш.

— Рад бы, братка, дый раны не загойваюцца, вайна не дае.

— А мне дык вайна добра здабычы ў клець натрэсла…

— Добра, што Міндоўга за князя ўзялі — зух!

— Гэта, як малады быў… А цяперака зух — супраць мух. Во з крыжакамі танцуе, а ім пальца ў раты не кладзі… Даніла зубы на нас точыць. Дый хто толькі не лезе, і ўсе — чортава семя, воўкава племя…


На трэці дзень свята прызначаныя былі стрэльбы ў замку, дзе сапернічалі рыцары і знатныя воі новагародскія. Рознакаляровымі вапамі намалявалі ўмельцы на ліпавых дошках зуброў і аленяў, баброў і векшаў, а то і дробных птушачак. Цалялі стралкі хто як мог, але пераўзышоў Міндоўг магістра Андрэя. У конных жа скачках удзелу яны не прынялі, затое, усеўшыся на памосце, разам глядзелі, як, зрабіўшы чатыры кругі вакол гарадзішча, урываюцца на плошчу коннікі, дапінаючыся як хутчэй да запаветнай рысы, намаляванай ці, хутчэй, налітай кінаварам на ўтаптанай зямлі.

Першымі, як прастрачыўшы пыл капытамі, праляцелі, амаль пыса ў пысу, гнедая і шэрая ў яблыкі кабылы, на якіх сядзелі рыцар Райнер і, як перадалі князю, Гастамысл, сын баярына Мікулы. Аднак жа, калі Гастамысла падвялі да памоста (бо ягоная кабыла на паўгалавы апярэдзіла немца) і збіраліся павесіць яму на шыю сярэбраны медальён з выявай Міндоўга, разгледзелі ўсе, што гэта зусім не Гастамысл, а пераапранутая ў яго адзенне ўнучка баярына Агапія, Жывена. Як жару ўхапіўшы, упаў перад памостам на калені галоўны наглядальнік за скачкамі Дубравец. «Ахці-хці-хці», — запрычытаў княжацкі канюшы Пелка. Кароль жа Міндоўг, разгледзеўшы худзенькага няскладнага падлетка, падобнага да дзьмухаўца з шапкай вогненна-залатых валасоў, раптоўна разрагатаўся, і яўна адабральны той смех абурыў не толькі рыцара Райнера, які не мог зразумець, як дазваляюць такое ў каралеўскім горадзе, але і самога магістра. Тады кароль загадаў аддаць медальён Райнеру, а Жывену адвесці да дзеда, які заўтра прынясе прабачэнне за яе неразумны ўчынак. Аднак жа магістр палічыў такую мяккасць абразай для гасцей, ажно пакуль назаўтра не змякчыў ягонае сэрца стары Агапій, заявіўшы, што толькі захапленне ўмельствам крыжакоў штурхнула ягоную ўнучку на такую дзёрзкасць.

— У яе дар на коней, — тлумачыў баярын, паказваючы на ўнучку, што, сціпла апусціўшы вочы, стаяла за ім, у вяночку і доўгай вышыванай кашулі зусім не падобная да распаленага гонам конніка, што пластаўся на кабыле, абганяючы маладога крыжака. — Яны яе слухаюцца як нікога ў храме.

— Мая кабыла яе не паслухаецца, — заявіў Северт. — Пяць гадоў я прыручаў яе, і нікому не дасць яна над сабой волі, апроч мяне.

— А давайце паспрабуем, — нарэшце падала голас Жывена.

Зацікаўленыя тэўтоны гуртам павалілі на стайню, адкуль Северт вывеў прыгажуню-кабылу, зацугляў і пабег па кругу. Яна, лёгка перабіраючы сухімі, як вытачанымі з охрыстага каменю нагамі, рухалася за ім, нібы ляцела. Северт нарэшце спыніўся, пагладжваючы ільсняны бок жывёлы, чакаў, пакуль падыдзе дзяўчынка. Яна ж, не набліжаючыся да іх, ледзь чутна прысвіснула і, калі кабыла ўтаропілася ў яе, стала нешта шаптаць, ледзь варушачы вуснамі.

— Donner vetter*, падобна да таго, што твая Эльке яе слухае! — раздаўся голас. І сапраўды — кабыла схіліла грыву, вушы яе заторгаліся; нібы раздумваючы, яна стала ціхенька заграбаць капытом пыл, зафыркала, пасля ізноў супакоілася.

* Чорт пабяры (ням.).

— Хадзі сюды! — паманіла яе дзяўчынка.

Уражаныя рыцары не верылі вачам: Эльке ціха падышла да Жывены, абнюхала яе, ледзь чутна заіржала і пачала торкацца разумнай, таксама як выразанай з рудага каменю пысай у худы дзявочы плячук.

— Дзядуля, падсадзі! — папрасіла Жывена.

Седзячы бокам на кабыле, яна павольна аб'ехала круг па двары, лёгка саскочыла, зноў нешта зашаптала, і Эльке пайшла да Северта — трохі вінавата, нібы разумеючы, што падвяла гаспадара.

— Мы рыцары Хрыста, — нахмурыўся Стырлянд. — А тое, што мы бачылі — гэта чарадзейства. Перакладзі яму гэта, талмач.

Рыцары адступілі ад Агапія і ягонай унучкі, якая ясна і спакойна глядзела на іх.

— Я хрысціянін, такі ж, як і вы, — не збянтэжыўся баярын. — Думаю, што адзін Усявышні адорвае людзей. Мой брат таксама любіў коней, і яны адказвалі яму тым жа. Любоў — гэта дар, без яе не можа быць жыцця. Скажы, аб чым ты прасіла кабылу, унучка.

— Я сказала толькі, што яна ад ветру, а я ад зямлі. Што яна ведае, як ляцець па зямлі, а я ведаю, куды. І мы патрэбныя адна адной, бо я ніколі не пакрыўджу ніводную жывую істоту. І яна мне паверыла…

Пасля таго як талмач пераказаў яе адказ, наперад выступіў рыцар Райнер і працягнуў Жывене медальён, атрыманы ўчора на скачках.

— Гэта твой.

Яна адмоўна паківала галавой, гледзячы на яго знізу ўверх фіялкавымі вачыма, у сваёй белай сукні падобная да кветкі, пастаўленай у дарагую шкляную вазу.

— Ты наш госць, і хай застаецца табе на памяць, рыцар. Твой меч моцны, але я толькі хацела паказаць, што ёсць нешта мацнейшае за сілу…


Моцна сварыўся тады Агапій на сваю ўнучку, дакараў яе. Апфія ж найболей шкадавала Гастамысла, якога за тое, што дазволіў дзяўчынцы скакаць замест сябе, пакараў ваявода вялікім штрафам. Быў бы чорнай чаддзю, засеклі б, можа, да смерці; пры двары ж шапталіся аб тым, што надта прыслухоўваецца Міндоўг да Агапія і шануе яго — нават не карае за дзёркасць унучкі. Жанчыны ж меркавалі, што тут умяшалася Апфія, упрасіла каралеву Марту, абяцаючы, што не пусціць болей сваю ўнучку Агапій ні на якія ўрачыстасці пры двары.

Ад'ехаў Войшалк — правіць ад імя Міндоўга самымі багатымі гарадамі Панямоння Ваўкавыйскам і Слонімам. І з ягоным ад'ездам як закруціліся, завіравалі вакол Новагародка розныя, благія і добрыя, падзеі.

Сын Данілы Раманавіча Шварн пасватаўся да Алены, і паехала яна з бацькоўскім блаславеннем і багатым пасагам да яго ў Галіч, забраўшы з сабою Апфію і Рамана, якія абвянчаліся ў той жа дзень, што і княжацкая пара. Яўлампія была і ўсцешаная тым, і пакрыўджаная, што не ўдалося ёй паказацца ў новай сукні, дзе ўстаўка на грудзях была вышытая прадзеным золатам, каляровай фольгай і залотнымі блішчынкамі. Аднак жа ад'езд дарослай дачкі дадаў бляску яе цікаўным вачам, і, як ніколі раней, наведвала яна двор, дзе каралева Марта, ледзь паспеўшы нарадзіць другога сына, ладзіла то чытанні аб прыгодах Трышчана і Ізоты, то спевы салодкагалосыя, а то і глумцоў, вандроўных актораў, запрашала, не шкадуючы на тое грошай. Любілі бываць на тых зборышчах тэўтоны, атрад якіх застаўся ў Новагародку, найболей жа рыцар Северт, аб чым ужо шапталіся па завуголлях замка, вакол якога будаваліся дзве новыя каменныя вежы, і дзе, як тоўстагалоўкі-мухі, поўзалі па рыштаваннях глафеі*, муляры і каменячосы.

* Бялільшчык.

Стары ж баярын пачаў згінацца ў крук ці то ад скрухі, ці то ад хвароб. Дарэмна піў ён адвар з таўкачыкаў, які даў яму княжы лекар, дарма шапталі над ім замовы жрацы, а замест смажаніны падавалі яму найболей драчону посную ў макавым малацэ. Балюча перажываў ён нязгоды паміж Галіцка-Валынскім і Новагародскім княствамі, а сам, калі ўдзельнічаў у перамовах, тарокаўся*, раздражняўся, што ні на макулінку не думаюць іншыя пра Новагародак. Калі ж прыязджаў у храм Ашвінаў, дзе, ужо зусім не выязджаючы ў Новагародак, жыла і сталела Жывена, нібы маладзеў: борзда тупаў да вежы, там малады жрэц-вяжар** даваў яму глядзець на неба праз крышталёвы пацік***, падоўгу стаяў на каленьках перад ахвярнымі агнямі, як бы стараючыся нешта ўбачыць праз зменлівыя абрысы чырвані.

* Доўга дамаўляцца.

** Жрэц, які дзяжурыць на вежы.

*** Шар з крышталю (старажытнарускае — фаціс, ад індыйскага пацік).

— Жыццё ўжо гарэлага шэлегу не варта, — казаў Жывене. — Душачка мая і так на адной нітцы тут затрымалася, можа, каб убачыць, што з нашай зямлёй станецца. Агонь яго ведае, што татары надумаюць і што галіцкія князі праз іх утвораць…

Жывена чакала яго і разам з тым заўважала, што вечны яго клопат аб Новагародку раздражняе душу. Яна прагна вучылася ўсяму, што ўкладаў у яе Святазар, а вучэнне тое амаль не закранала хуткаплынных зямных праблем. Храм стаяў далёка ад дарог, па якіх ішло на Новагародак войска, якое як сарвала Міндоўга са стала і шпурнула яго назад у Руту, вярнула ў замак Войшалка, які пачаў перамовы з магутным некалі сапернікам. Цяпер, як нястрымная паводка падточвае жаралістыя камлі дрэў, падточвала татарская навала сілы Галіцка-Валынскага княства, тым даючы надзею Новагародку скінуць з сябе, як апрыкрае лапікла, васальную залежнасць. Але пакуль цягнуўся, ахінаючы крысом бацьку, маладняк: дачка Данілы Пераслава княжыла ў Мазовіі і Куявіі, пабраўшыся з сынам Конрада Мазавецкага Земавітам, сын жа Раман ажаніўся з Гертрудай, пляменніцай герцага аўстрыйскага. Патрабаваў Даніла новагародскую карону для Шварна…

Тое, што ярыла дзеда, выслухоўвала Жывена, але горкія яго прыкідкі пакідалі яе раўнадушнай, і не раз стрымліваўся Агапій, каб не расказаць унучцы аб усім. Адчуваў, што пакідае яе адну, безабаронную перад хітраспляценнямі Лёсу, які недарэмна ўзвышае князёў над усімі, але тым і прымушае іх плаціць па асобным рахунку. Аднак помніў старажытны выраз: «Вагай валодаюць словы, і цягнуцца лёсы за Словам», а таму баяўся сурочыць унучку і маўчаў.

У год, калі Жывене споўнілася чатырнаццаць, у храм прыехаў Міндоўг.

Толькі што прайшла Сёмуха, калі ў храм прыносілі зеляніну, вянкі з маладых красак, а ў селішчах плялі для самай прыгожай дзяўчыны карзно-плашч з зялёных галінак, у якім яна сядзіць пад бярозай, дзе скачуць хлопцы і дзяўчаты, спяваюць-гукаюць шчасце, раз-пораз выкрыкваючы «Мая, о Мая!» альбо «Дзід-Лада!». Песні даносяцца да храма, а Святазар апавядае сваёй вучаніцы пра глыбінны сэнс культу Маі, багіні расліннасці і буяння, а разам з тым падману і ілюзій. Так, у багоў дзве абалонкі: адна, зразумелая для ўсіх, другая ж, патаемная, для жрацоў, якія вучацца пранікаць за абалонку, каб дазнацца пра волю багоў і няўмольны поступ лёсу. У Лады, славянскай багіні кахання, як і ў літоўскай Мілды, свае таямніцы, як і ў Жытняга Дзядка, у іншых багоў і, паўтараючы прыпевы, звяртаюць людзі на сябе ўвагу багоў, спрабуюць іх улагодзіць. На Сёмуху былі добрыя прыкметы: ярка гарэлі вогнішчы, і мабыць, данесліся да багоў з дымам памкненні вернікаў, таму што сонца ўперамешку з гаючымі дажджамі нібыта выцягвала з зямлі кожную, самую слабую раслінку, песціла яе, і радасна завіхаліся на палетках агнішчане і простая чадзь.

І да святва Ашвінаў, альбо першага Конскага Вялікадня, рыхтаваліся па селішчах: рвалі рагоз, фарбавалі тканіны з цыбульнага шалупіння ці з яловых шышак, разводзілі для чырвані іржавае жалеза. Ды ў якой гаспадыні няма пад рукой валошак ці сухой дубовай кары альбо алешыны, каб прыйсці на свята ў новапафарбаванай кашулі? Ткалі лён на белыя наміткі, ручніковыя ўборы, вышывалі іх альбо аблямоўвалі сярэбранымі і жалезнымі бляшкамі. Для коней жа таксама стараліся: грукалі па селішчах кавалі, бразгацелі падковамі, каб абнавіць старыя; у стайнях чысцілі і прыбіралі, вешалі бразготкі, каб адагнаць нячысцікаў; драўлянымі грабянцамі разбіралі грывы, бо, бывала, яны ў струкі пакачаюцца ад натруджанасці. Дастаецца сялянскім конікам, ірвуць яны жылы на лядах, дык стараліся хаця б на свята агледзець іх як найлепей навакольныя гаспадары. Да таго ж перад Конскім Вялікаднем звычайна аб'язджалі селішчы жрацы з храма, каб абкурыць хворых коней зёлкамі, а здаровых апырскаць вадой са свяшчэннага возера. У апошнія гады надта прасілі прысылаць Жывену: светлая ўсмешка дзяўчыны, заўсёды радасны настрой і гатоўнасць дапамагчы прыцягвалі да яе сэрцы. Да таго ж заўважылі людзі, што коні цягнуцца да яе, і самыя наравістыя заціхалі пад ласкавымі пальцамі маладой жрыцы, калі дакраналася яна да вахлакоў* ці выцятых месцаў. Таму ў дзень ахвярапрынашэння яна ледзь паспела вярнуцца з аб'езду і, выкупаўшыся ў возеры, пераапрануўшыся ў святочнае адзенне, стаяла ў канцы купкі жрацоў каля ахвярнага кастрышча, сярод якога высіўся грамозны** разьбяны конь з устаўленымі замест вачэй агатамі. Калісьці ў час вялікай ахвяры палілі жывога каня, але цяпер усё часцей карысталіся драўляным; у многіх вернікаў на ланцужках альбо вяроўках матляліся на шыі маленькія драўляныя альбо гліняныя конікі.

* Нарост.

** Вялізны.

— Вялікі князь! Міндоўг! — прашалясцела ад брамы.

Яр, трымаючы аберуч гліняны гаршчок з вуголлямі ад жывога агню, куды жрацы павінны былі ўторкнуць свае смалякі, каб падпаліць ахвярнае вогнішча, спыніўся каля Святазара, але ціха загадаў вярхоўны жрэц:

— Пачакаем князя.

У натоўпе прыгнечана зашамацелі: чаканне, хаця і кароткае, было нядобрым знакам — ці захочуць багі прыняць ахвяру? Усе моўчкі глядзелі ў бок брамы, на мошчаную каменем дарожку, дзе, шоргаючы ботамі, падбітымі сярэбранымі цвікамі, у чырвоным карзне, з-пад якога выглядала белая кашуля з залатым мулетам-змеевіком на грудзях, велічна ішоў Міндоўг. За той час, як не бачыла яго Жывена, ён пацяжэў, асунуўся і пажаўцеў тварам, але па-ранейшаму нешта непакорліва-воўчае было ў яго зялёных вачах і выстаўленым наперад правым плечуку. Жрэц блаславіў яго схіленую перад ахвярным кастрышчам галаву, а слуга падаў авечы пузыр, ад якога моцна запахла бабровым струменем. Князь выліў каштоўнае змесціва на ногі драўлянага каня, чые вочы-агаты загадкава зіхцелі зверху. Тады Святазар запаліў свой смаляк і ўрачыста прагаварыў цвёрдым голасам-стрыжнем, на які, здавалася, была нанізаная яго шапаткая, стончаная плоць:

— Прыміце ахвяру, светлыя Ашвіны! Дайце нам добрых памочнікаў-коней! Ахініце нас усіх сваім залатым адзеннем!

І жрацы падхапілі хорам:


Бо вы — два лекары з гаючымі сродкамі,

І два каляснічыя з крылатай павозкаю,

Вы, два грозныя богі, уладай надзеліце

Таго, хто шануе вас ад душы.


Ярка страпянуўся агонь, загулі, запалалі паленцы, сінявата-аранжавая заслона паднялася, калыхаючыся, накрыла сабою каня, і, прабіваючы яе, ляцелі ў кастрышча прынашэнні — пацеркі, бранзалеты; пырскаліся жоўтымі кроплямі мёд і хмельнае пітво, якія таксама лілі ў агонь, даючы яму спажыву, людзі, узбуджаючыся, гаманліва скакалі вакол кастрышча, падпяваючы жалейцы і варгану.

— Радасць — гэта таксама пітво багоў, - заўважыўшы трохі грэблівы выраз на твары князя, загаварыў Святазар. — Ты ж гэта ведаеш, высокі наш госць… Ці адвык ужо ад прадзедаўскіх звычаяў?

Міндоўг, не адказваючы, паглядзеў яму ў вочы.

— Можа, твая жрыца Жывена паглядзіць майго каня? Ён нешта капрызіць…

— Твая дачка, прасветлы князь, сапраўды валодае дарам разумець гэтых высакародных жывёл. Нездарма самі Ашвіны называюць сябе сынамі кабылы, хаця мы шануем іх — аднаго як сына чыстай дзевы Сумахкі, другога як сына неба, — гаворачы гэта, Святазар зусім невыпадкова падкрэсліў «твая дачка».

Міндоўг хмыкнуў, запытаўся шэптам:

— Яна пра гэта ведае?

— Не.

— Чаму ж ты ёй не сказаў?

— Зоркі гавораць, што ты прынясеш ёй няшчасце, можа, нават пагібель, як прынёс яе той, другой… Нашто ж ёй ведаць?

— Я? Прынясу ёй няшчасце?

— Ты, князь. Слаўны ты вой, але старасць не дадае табе развагі. Гатовы ты і сёння змагацца за новагародскі стол, за ўладу. І не можаш пакласці яе, як галінку, пад калясніцу, каб праехаць якое топкае месца…

— Жорстка ты гаворыш са мною. Не баішся?

— Багі даўно адвярнуліся ад цябе, і цяпер ты нездарма зноў шукаеш у іх падтрымкі. Калі ты быў з імі, яны заўсёды табе спрыялі.

— Дык хай жрыца паглядзіць каня, — перавёў размову Міндоўг.

Святазар кіўком паказаў Жывене, каб яна пайшла ўслед за князем. А той, выйшаўшы з храма, загадаў:

— Калі ты такая разумная, як кажуць, то адкажы, што з канём?

Жывена ўважліва агледзела невысокага, але зграбнага скакуна нязвыклага рудога колеру з чорна-бурым «рамянём» па ўсёй спіне і белай плямай на пысе. Мясцовыя ж коні былі ўсе цёмна-шэрыя, цяжкія целам — мабыць, уздзейнічала парода заходніх, ардэнскіх скакуноў альбо барбансонаў, на якіх так любяць ездзіць нямецкія рыцары. Міндоўгаў скакун, хаця і наравіста касавурыўся на дзяўчыну, дазволіў падняць капыты і палюбавацца на сярэбраныя цвікі, якімі былі падбітыя падковы, пагладзіць сябе па кароткай грыве.

— Я не знаходжу ў яго ніякай хваробы, — мовіла яна нарэшце.

— Значыць, цябе дарэмна хвалілі.

Дзяўчына схілілася перад ім у нізкім паклоне.

— Даруй, вялікі князь, што не змагла табе дапамагчы. Можа, ты папросіш паглядзець твайго каня каго іншага?

Напружаны позірк князя, якім ён нібы абмацваў танюткую дзявочую постаць, відавочна змякчыўся, зялёныя вочы пад ссівелымі брывамі пасвятлелі, вызначыўся няроўны выскал моцных белых зубоў:

— Не забылася, што я вялікі князь…

Шчоўкнуў пальцамі, слуга падаў яму бяроставы карабок. Міндоўг працягнуў яго Жывене. Расчыніўшы вечка, тая няўцямна падняла на дароўцу фіялкавыя вочы з пушыстымі вейкамі:

— За што мне падарунак?

Князь нягнуткімі пальцамі дастаў пярсцёнак з карабка. Дзівоснай сінечы лазурыт падобны быў да кветкі.

- Іншая б прыдумала хваробу, каб паказаць, на што здатная. А ты праўду сказала — здаровы мой Вецер.

І ўжо ўсеўшыся на каня, сказаў зверху:

— Хто твае бацькі?

Дзяўчынка паціснула плячыма, сказала спакойна:

— Усе мы дзеці Зямлі і Неба, толькі не ўсе ведаюць гэта.

— Аднак дзеда ты любіш.

— Я люблю ўсіх, бо мы ўсе душы, што прыляцелі сюды, каб зрабіць наканаванае.

— Як па-пісанаму чэшаш, Юр цябе разбяры! — развесялелы князь зграбастаў павады, загадаў: — Калі хто будзе крыўдзіць — перадай мне. Дзед твой мне верным застаўся, і ўнучку ягоную не пакрыўджу.

Жывена яшчэ раз лёгка схілілася ў паклоне і, нахіліўшыся над ёю, амаль прашаптаў князь:

— А ты не надта схіляйся, чуеш! Не надта!

Крануў павады, паехаў, не азіраючыся. Дзяўчынка жмурыла вочы пад млявым сонцам, гледзячы ўслед.

Вясновы дзень набіраў моц: трапяталі жаўранкі ў пераменліва-кіянітавым* прасторы, зялёным сокам наліваліся ля дарожак сцябліны прываратня** дый серабрыстага палыну, удалечыні слалася пад ветрам маладое жыта.

* Сіні.

** Піжма.

— Ого, як цябе ўважыў князь Міндоўг! — зайздросліва пачулася ззаду.

Да дзяўчынкі падыходзіў Істр, прагна разглядаючы падарунак.

— Калі падабаецца, бяры! — працягнула пярсцёнак Жывена.

— Княжацкімі падарункамі не раскідваюцца!

— Гэта толькі мёртвая рэч, хаця і прыгожая.

— Мёртвая… Ты ж ведаеш: дотык любых рук, а тым болей княжацкіх застаецца.

— Ведаю… але…

— Мне дык не пашанцавала, як вось яму, — кіўнуў Істр услед князю. — Нарадзіўся простым служкам.

— Аднак жа ты мог нарадзіцца і вось гэтым… — Жывена паказала на скручанага хваробаю старога, што паціху клыгаў з храма, аберуч трымаючыся за пашмальцаваны вярэнь*, у якім, мабыць, прыносіў падарунак багам, у падраных лапцях з вязелля**.

* Плецены з палосак кары кашэль.

** Вяз.

— Тады б мне і не хацелася нічога апроч якой-небудзь поснай драчоны з макавым малаком дый мяккага рыззя пад бок. А калі кроў кіпіць, калі галава поўная задумаў? У нас усё так ціха, як… як у дубовай калодзе*.

* Нябожчыкаў славяне хавалі ў дубовых калодах.

Калі ж прагудзела біла, заклікаючы да абеду, і яны ішлі назад, запытаўся Істр зменлівым ад унутранай напругі голасам:

— Ці праўда, што цябе нарадзіла маці ад Міндоўга?

Жывена шырока расплюшчыла вочы ад здзіўлення:

— Ад Міндоўга?! Хутчэй ад Купалы. А можа, ад Вялеса.

— Ты, значыць, нічога не ведаеш. Альбо… прытвараешся, — прамармытаў жрэц, хутка пераводзячы размову на іншае.

Калі ж пасля абеду запытаўся ў Жывены Відэвут, ці пойдзе яна ў стайню, а пасля на бегавыя дарогі, Істр зазлаваў:

— Мяне вы ніколі не клічаце. А людзі не любяць, калі жрэц калюхаецца на кані, як пусты мех.

Відэвут і Жывена пераглянуліся, заўсміхаліся.

— Ты ж сам не любіш надта абівацца на конях. Яны гэта адчуваюць.

— А цяпер буду! — з сілай сказаў Істр, падазрона гледзячы на падлеткаў. Але яны глядзелі на яго яснымі поглядамі, і ён вырашыў назіраць за імі. У галаве стаяла адно:

— Калісьці яна будзе выбіраць кагосьці з Ашвінаў. Калі і сапраўды яе бацька Міндоўг…


З таго дня старанна выбіраў Істр з падораных храму каштоўнасцей найчасцей пахкасці і духмянае зелле, а таксама сам збіраў па лугавінах чабор і піў чароўныя слёзы пераступеня*, для чаго з вечара рабіў на каранях незвычайных гэтых раслін надрэзы, і ніколі не ленаваўся скрэбсці белыя карані драўлянай самшытавай лыжкай, цярпліва дастаючы змесціва.

* Расліна брыонія, якая раней расла ў краінах Эўропы.

Навакольныя дзяўчаты валам валілі ў храм і дзеля таго, каб паглядзець на рослага прыгажуна-жраца з тварам гладкім і белым, як малако, з рухамі павольнымі і выверанымі, як у танцора. Ішлі гады, а ён выглядаў усё тым жа юнаком — Ашвінам, які не можа састарэць і змарнець, таму што яго люляе неба. Каржакаваты Відэвут выглядаў цяпер ягоным равеснікам, і ўсё больш раўніва клапаціўся Істр, каб малады прус і Жывена не заставаліся ўдваіх. А яна расла, выцягвалася, як стрункая сасонка на ўзлеску, і позірк Відэвута ўсё часцей спыняўся на ёй не з брацкай цеплынёй, а з гарачым захапленнем. Яна ж жыла, захопленая жыццём храма і сваімі марамі, а таксама пастаяннай вучобай, як быццам Святазар, станчаючыся як кляновы ліст, разам з часам, стараўся пераліць у яе змесціва свайго розуму і душы. І гэты год, у які ёй спаўнялася шаснаццаць і калі яна ўжо магла мець свой голас у храмавых справах, запоўніўся менавіта гэтым — замілаванасцю жыццём, якое нібы перадавалася праз Святазара.

Яны спускаліся ў нізінныя пакоі, дзе Святазар захоўваў кнігі, а таксама старажытнейшае вузялковае пісьмо, якое павінны ведаць усе жрацы. Аднак жа з маладых толькі Жывена магла, перабіраючы пальцамі пашорхлыя ніты, разбіраць законы, па якіх будаваўся і існаваў храм Ашвінаў. Павучылі, але хутка забыліся на мову Ашвінаў і Істр, і Відэвут, а мова гэтая называлася санскрытам.

— Ашвіны нябачна прылятаюць у свае храмы, трэба ж, каб яны маглі пагаварыць са сваімі жрацамі, - гаварыў напаўжартам, напаўсур'ёз Святазар. І тут жа дадаваў, што яму не давялося сустрэцца з боскімі блізнятамі, якія за дзень на сваіх скакунах аблятаюць Сусвет, а на гэтую далёкую зямлю ніяк не збяруцца.

— Як жа і калі прыйшлі яны сюды першы раз, каб заснаваць свае храмы? — спыталася Жывена.

Яны разам перабіралі амаль спарахнелыя вузельчыкі, і нават Настаўнік не мог назваць часу, калі прыйшлі сюды перад славянамі іх папярэднікі балты. Але і тыя, і другія захавалі памяць аб далёкіх арыях і іх цывілізацыі, якая адгукаецца агульнымі словамі і звычаямі ў памяці абодвух народаў.

— А можа, Ашвіны не прылятаюць да нас таму, што мы забыліся на іх запаветы? — пыталася Жывена.

— Можа, і таму. Мы страцілі жывую радасць ад жыцця — проста жыцця, здрабнелі ў жаданнях і забыліся, што мы лісты аднаго дрэва. А яшчэ, — горка дадаў Святазар, — нават мы, жрацы, спрабуем дагадзіць сіле, аднак жа князі — гэта ўсяго толькі маленькія чалавечкі, якія падскокваюць, каб вышэй паказаць сябе.

Жывая радасць жыцця ажно перапаўняла ў той лета маладую дзяўчыну, яе нібы несла над зямлёю, як, бывала, падхоплівае шаўковы каснік ласкавы вецер. Свет раскрываўся ў незлічоных сваіх загадках — чаму пахнуць кветкі, што кіруе дрэвам ці раслінаю, калі яны з пупышак расхінаюцца ў раз і назаўсёды вызначаных формах, што рухае сок у зёлках і надае ім жыццядайную сілу. Ці праўда, што валошка альбо сіноўнік — гэта хлопец, які не захацеў пакінуць зямлю і пайсці за прыгажуняй-русалкай у ваду, у бездань, за што і быў ёю пакараны? А чарнічнік — куст, які адзіны згадзіўся схаваць пад сабою барздукоў*, на якіх палявалі зайздросныя да іх багаццяў людзі? А ясянец, які не згарае ў агні і застаецца зялёным? Яны лечаць хваробы, а жрацы звяртаюцца да душаў, таму што любая хвароба — гэта расплата за парушаныя законы, па якіх трэба жыць чалавеку. Як ёй хацелася адчуваць прысутнасць багоў, якія дапамагаюць у імгненне зразумець неспазнавальнае: той карэньчык зла, які прарастае нядужасцю і нядошласцю!

* Гномы (бел.).

…Неяк уначы Жывена прачнулася ад таго, што за акном нешта ценькнула, нібы праляцела страла.

Месячык-сход, падобны на акрайчык хлеба для магутнага цара багоў — Перуна, ільсніўся амаль на мяжы неба і зямлі, бляклае жоўтае святло не даставала да зямлі, расплывалася наверсе, над дубамі; цемра была пагрозлівай, трывожнай, а на вершалінах дрэў бесперастанна вібравала лісце.

Пахі напаленай гарачым днём зямлі, калі дзяўчына выйшла з церама, здаліся гаркавымі: скошаная пожня, раструшчаны колам колас, вырваныя з зямлі і завялыя чараты, пахкі балігалоў. У такую ноч, выходзячы на раздарожжы, чараўніцы шэпчуць закляцці і пырскаюць крывёй чорнага пеўня на чалавечы след, каб навесці на ўладальніка цёмныя сілы. След дастаюць з-пад парога альбо на пыльнай дарозе, дзе мякка ступаць босай назе. Дастаюць пасмы валасоў, зрэзаныя рагавінкі пазногцяў, каб шаптаць над імі нялюдскай чарнечай напоўненыя словы. Непамерную сілу мае Слова! Яно спыняе кроў і наводзіць сон, авалодвае ветрам і насылае градабой, знаходзіць у нетрах клад і насылае процьму злыдняў, а таксама, бывае, выклікае нябожчыкаў. Ёсць Слова вешчае і Слова нядобрае, якое, сказанае ў пэўны час, абернецца няшчасцем. О, як іх вучылі ў храме адчуваць час для дзеі і для прамаўлення! Але вучылі не шкодзіць, а дапамагаць, адводзіць зло. І Жывена зашаптала ў ноч замову, каб перабіць нейчую чорную сілу, якая нясецца блізка-блізка на сваіх чорных крылах, несучы некаму смерць альбо калецтва:

— Пайду я ў чыстае поле, пад чырвонае сонца, пад светлы месячык, пад частыя зоркі, пад палётныя аблокі; стану я ў чыстым полі на роўнае месца, аблокамі аблачуся, нябёсамі пакрыюся, на галаву пакладу чырвонае сонца, падпаяшуся светлымі зараніцамі, абтычуся частымі зоркамі, што вострымі стрэламі — ад усялякай злой немачы…

Не паспела дашаптаць апошняе слова, як вострымі іголкамі закалола ў грудзі, замлелі каленькі. «Як жа я? — мільганула думка, — не памыўшыся, не памаліўшыся Зары-зараніцы і Ашвінам? Таму зло не спаліла, а на сябе прыняла…»

На яе крык падхапілася Юрна, спрасонку ніяк не магла запаліць смаляк, пасля стала хутка расціраць дзяўчыну маслам з ружовага каменнага сасуда.

— Што ты, зярнятка маё, — дапытвалася лятонка, — што ты не так сатварыла? Маленькая ты яшчэ, а сілы нячыстыя ой якія моцныя!

— Ніколі шчэ такі ўдар не атрымлівала, — прамармытала Жывена. — А Настаўнік не раз папярэджваў, што хаця і перапаўняе жаданне перамагаць чорную сілу, трэба добра да таго рыхтавацца…

— Блага гэта, ой, блага! Чараўніца чуе, як трава расце, а ты гэткую яруху* пакуль што не супыніш…

* Раз'ятраная жанчына (стараж.).

— На сходзе замовы не шапчы, — засынаючы, успомніла Жывена, а сход струменіўся і струменіўся на заціхлую зямлю, і пагрозліва несліся скрозь ноч вядзьмарскія злыя заклёны…


Перад самымі Дзядамі бесперапынныя абложныя дажджы скончыліся, бог маразоў Зюзя лёгенька прыклаўся сваёй ледзяной паліцай да дарог, да тужлівых самотных палёў, і яны застыглі, заледзянелі. Тонкімі шклянымі нітамі зазвінелі пад ветрам чараты, шэрань, як малако, папаўзла па дарогах, і начны снег, растаючы на полі, усё гусцей залягаў пад ялінамі.

З Новагародка прыслалі вазок з наказам ад баярына Агапія прывезці ўнучку. Адчуваў ён смяротную знямогу і хацеў развітацца з ёю, бо, па ўсім відаць, Апфія не прыедзе, не паспее пабачыць яго жывым, а значыць, Жывена развітаецца за дваіх… Дзяўчына як чакала гэтай страшнай абвесткі — перад гэтым бачыла, як малады, вясёлы Агапій гахкае сякерай і радуецца новаму цераму, які будуе.

Праязджаючы цераз рэчку, Жывена спынілася на мастку, угледзелася ў ваду, непрыветную, як бы ўжо абыякавую да ўсяго жывога. Плыткая рачулка вірылася дзе-нідзе глыбокімі ямінамі, і дзяўчыне ўбачыўся на імгненне касматы, тоўсты і з'едліва-пасміхасты Вадзянік, а вакол коратка рагатнулі і звіліся клубкамі зялёныя цягучыя водарасці.

З шоргатам, спачатку рэдкая, пасля ўсё гусцейшая, паплыла з неба каламуць, зацягваючы наваколле. Справа ад дарогі, дзе, матляючы галінамі, старыя кашлатыя яліны нібы вартавалі шалом-курган, раздаўся хрыплы крык гругана. Ён нешта кляваў, злобна косячыся чорным вокам на няпрошаных гасцей. Тут, успомніла Жывена, ляжыць багатыр Рагаты Сокал, які знёс вогненнай паліцай галаву Вогненнаму Змею і чый посвіст з коранем выдзіраў магутныя дубы.

— Нядобрай будзе паездка, — ціха прагаварыла ззаду Юрна.

Паездка сапраўды была цяжкай — коні паволі прабіваліся скрозь заслону ветру, нібы бесперастанку дзьмуў насустрач грамозны змей.

Новагародак, які звычайна прыветна свяціўся ў змроку агнямі княжага замка і таўшчэзнымі смалякамі, якімі асвятляліся вуліцы, быў таксама як затулены ў калматы кажух непагадзі, а таму цёмны і непрыветны. Коні нават праехалі былі церам баярына, давялося разварочвацца на вузкай гарыстай вуліцы пад замкам.

Агапій ляжаў у ложку, згаслыя вочы хаваліся за калматымі брывамі, завастрыўся, выставіўся наперад доўгі нос. Абняўшы яго і ўдыхнуўшы знаёмы пах мятнай вады, Жывена адчула, што спакутаванае ад болю цела перайшло мяжу жывога і цяпер дацягвае, напінаецца з апошняга.

— Што, вырабіўся твой дзед у смык? — слаба ўсміхнуўся Агапій, не выпушчаючы ейнай рукі і з любасцю гледзячы на ўнучку.

— О, хай тое на звей-вецер будзе сказана! — прамовіла яна звычайныя ў такіх выпадках словы, але ён перапыніў:

— Не ўжо, вырабіўся. Жыццё маё гарэлага шэлегу не вартае, бо надта замучыўся я. Таму і не шкада пакідаць гэты свет. За цябе толькі і баюся, дзеля цябе хацеў бы пражыць троху, каб уладкаваць цябе, мая шчурачка. Яўлампія маладая яшчэ, ажно праг яе бярэ. Пражыве.

— Але мяне любяць у храме. Клічуць у селішчы. Чаго мне баяцца?

— Шлях твой не просты. Раздумваў я — ці варта табе казаць праўду? Але няма часу на адвалоку*, а з таго свету сюды не прыбяжыш.

* Прамаруджванне.

Ціха адчыніліся дзверы, у пакой праслізнула чалядніца, у драўлянай карчазе прынесла гарачае мятнае пітво для баярына. Яны перачакалі, пакуль яна пойдзе, і тады, перадыхваючы і спыняючыся, расказаў Агапій унучцы пра ейную маці. І пра князя Міндоўга, які забыўся на прыгажуню-жрыцу. І пра тое, што мучыцца віною стары Святазар.

— Значыць, гэта праўда… — раздумліва прагаварыла Жывена. — Чаму ты не казаў пра тое раней?

— Можа, ужо сёння цябе не было б у жывых. Альбо кружыла б галаву, хацелася б таго, што дае ўлада — людскіх лёстачак, пакорлівасці.

— А цяпер ты не баішся за мяне, дзядуля?

— Баюся. Але толькі абставін. За тваю душу я ўжо спакойны. Адчуваю: ты вышэйшая за той парог, аб які спатыкаецца большасць. Таму я бязмерна ўдзячны храму і Святазару. Тут, пры мне, ты, можа, была б іншай. Бо грэшны я: падабалася мне літасць Міндоўгава, хаця дбаў я найперш пра Новагародак. Табе адно магу завяшчаць: любі нашу зямлю, аддай ёй лепшыя сілы душы…

Зняможаны, адкінуўся на ўзгалоўе. Боль праходзіла па ім сутаргамі, па твары прабягалі цені, нібы баярына неслі ўздоўж дрэваў, а святло клалася збоку. Стыла пітво ў карчазе.

Абое яны не чулі, як, стоячы за дзвярыма, уважліва слухала чалядніца шчырае прызнанне Агапія. Пасля яна лоўка слізганула па калідоры і далей — за браму, у замак, дзе ўсё пераказала даверанаму чалавеку Войшалка. Не ведаў Агапій, калі жонка яго прымала тую чалядніцу на працу, што княжацкая рабыня павінна была атрымаць адпушчэнне на волю, калі раскрые тайну баярына. Не забываўся Войшалк ні на што, таму, злавіўшы неасцярожнае слова, што вылецела неспадзявана і бойка, як верабей, некалі з вуснаў баярына, пастараўся ўлавіць мудрага Агапія ў сплеценыя ім цянёты. Таму, занатаваная на бяросце, назаўтра ж у торбе ганца пырхнула таямніца Жывенінага нараджэння шукаць Войшалка, — і знайшла яго ў Палонінскім манастыры, дзе смірэнным манахам Елісеем перапісваў ён святыя кнігі і працаваў у садзе. Хрысціўся Елісеем у гонар забітага язычнікамі духоўнага настаўніка, і, каб застаўся жывым, нарадавацца не мог бы на яго Елісей: колькі ні віравала вакол віжаў-даносчыкаў, ніводзін так і не змог адпісаць Данілу праўду: што пільна сачыў смірэнны манах за ўсім, што дзеецца ў Новагародку. Вось і зараз, калі сустрэў ганца-новагародца брамнік, і, пакуль той ставіў каня ў стайню, абгледзеў ягоную сумку, пабачыў ён толькі пергамент, у якім паведамлялася, што спакойна ў горадзе і шануюць новагародцы Данілавага сына, які па волі Войшалка і з ягонай згоды атрымаў княжанне. Калі ж манах Елісей застаўся адзін, нагрэў ён ліст на агні і прачытаў іншае: прагна глядзіць Раман Данілавіч на захад, на герцагства аўстрыйскае, а жонка ягоная Гертруда ўводзіць пры двары парадкі нетутэйшыя, ад таго праваслаўная царква ў занядбанні, а primi proceres* спадзяюцца вярнуць князю спадчынны стол. Калі ж прачытаў пра споведзь Агапія, доўга хадзіў па прасторных сваіх пакоях ціхмяны ўдзень манах-князь, раздумваў і прыкідваў. Як пры гульні ў варцобы, расстаўляў ён постаці князёў нальшчанскага і дайноўскага, жамойцкага і новагародскага, а бацьку свайго Міндоўга то адстаўляў убок, то зноў пасоўваў наперад. Пакуль малыя зводныя браты Рэпік і Рукля, сваё адыграе на палітычнай дошцы і Міндоўг, толькі вось на чыім баку? Многа думаў ён і пра Жывену. Танклява-юная, як маёвая сцяблінка, дзяўчынка магла, нечакана для сябе і для Войшалка, павялічыць ягоныя шанцы ў дакладны час адразу дапяць да каралеўскага стала, абышоўшы ўсіх сапернікаў і недружалюбцаў. І ён ставіў яе то на адно, то на другое месца, нібы і сапраўды яна была паслухмянай касцяной фігуркай, якую проста перастаўляюць, як таго захоча ўладар-князь. І неяк забывалася, што яна — сястра яму, і бацькава кроў у ёй можа клекатаць гэтак жа, як яна струменіць у ім — штуршкамі, выбухамі, нечаканасцямі, і даводзіцца ціхамірыць яе то пастом, то чаканнем, то халодным, цвярозым розумам…

* Людзі імянітыя (лац.).


* * *


На хаўтуры ў дом баярына Агапія прыехаў вялікі князь новагародскі Раман Данілавіч.

Толькі селі мужы імянітыя за памінальны стол, як унізе, ля брамы, усчалася мітусня. Баярыня Яўлампія, у сваёй карычневай сукні і чорнай намітцы падобная да тоўстага хрушча, жвава патрусіла па лесвіцы, вокамгненна, з кішэні дастаўшы маленькае люстэрка, зіркнула ў яго, азірнуўшыся, каб не пабачыў хто ейнай слабасці. У вялікай стольніцы, дзе сцены былі размаляваныя фрэскамі, лавы абцягнутыя чырвоным сукном, а вялікія вітыя свечы ў сярэбраных падсвечніках былі ў тон талеркам, на якіх па сталах раскладзены быў багаты пачастунак, усё змоўкла, і ў паветры павіс урывак размовы паміж стогадовым старцам Аленем і васьмідзесяцігадовым ягоным сынам:

— …раней такіх людзей хавалі з канём і рабамі, а побач клалі рысіныя і мядзведжыя кіпцюры, каб на Шкляную гару, на суд багоў, лацвей было караскацца, а зараз што? Апусцілі ў дубовай калодзе дый ручнік з грабянцом толькі і паклалі…

Хрысціяне ж былі задаволены тым, як хавалі Агапія: адпяванне ў царкве ішло амаль дзве гадзіны, на магіле быў пастаўлены вялікі крыж, зрублены з моранага дуба. Аднак жа пасвяціў магілу ўслед за праваслаўным епіскапам і біскуп Хрысціян, якога некалі пасвячаў у сан папскі легат Альберт і які старанна пашыраў межы каталіцкага біскупства. Адбылося ж тое па жаданні Яўлампіі, якая сталася блізкай і пры двары Гертруды. Таму моўчкі гадалі прысутныя, каго прывядзе на памінкі князь Раман — самога біскупа ці, можа, каго з заморскіх паслоў?

Аднак за Раманам ішоў толькі малады крыжак у кароткім ордэнскім плашчы з нашытым на ім чорным крыжам. Жывена амаль не звярнула на яго ўвагі: стоячы ля дзвярэй, яна разам з родзічамі схілілася перад князем Раманам, паспеўшы заўважыць насцярожаны позірк і моцна высунутыя сківіцы, а таксама рэдкія русявыя валасы, што віліся па шчоках. Ён упэўнена прайшоў на пачэснае месца, побач пасадзіў крыжака, і Яўлампія, віючыся ўсім сваім мажным целам, пачала частаваць знатнага госця.

Пасля, калі добра нагаварыліся пра нябожчыка і стол напалову апусцеў, а на двары падняўся брэх з-за аб'едкаў зайчаціны, вепручыны, дзічыны, якія выкінулі гончым і вартавым сабакам, князь, заядаючы кіпрскае віно мігдалавымі бубкамі, пачаў распавядаць пра нядаўні паход разам з бацькам на Апаву, дзе атрымаў перамогу над войскам чэшскага караля Пшэмыслава ІІ Атакара, жанатага з пляменніцай герцага брандэнбургскага. Той таксама аспрэчваў правы на аўстрыйскае герцагства, аднак на гэты раз адступіўся.

— Твой бацька заключыў з Ордэнам дамову, па якой за дапамогу табе аддаў немцам трэцюю частку Яцвягіі? — пыталіся баяры.

— Гэта не ён, а швагер мой Земавіт, — адказаў Раман. — Што ж, ён толькі працягвае палітыку свайго бацькі, Конрада Мазавецкага. Таму таксама моцна дапамагаў Ордэн.

— За тое і паланіў Земавіта разам з князёўнай Пераславай твой родзіч, а ягоны брат Казімір? — дапытваліся людзі імянітыя.

— Нічога, Земавіт моцны, княства Новагародскае не можа баяцца Казіміра. Нашы сябры крыжаносцы ў апошняй бітве паказалі сябе, як заўсёды, лепшымі воямі хрысціянскага свету. Рыцар Райнер, напрыклад, выратаваў мне жыццё, за што атрымаў павышэнне. Цяпер ён камандзір атрада, хаця і малады.

Тады толькі Жывена, якая сядзела непадалёку, пазнала рыцара. Ён змяніўся: жаўтлявы твар яго набыў выразнасць, каля вуснаў лягла жорсткая складка, кароткая барада хавала шнар на сківіцы. На погляд дзяўчыны ён павярнуў галаву. Зрэнкі яго звузіліся, як быццам перад ім палыхнула маланка, і маладая дзяўчына адчула, нібыта яе пругка штурхнула ў грудзі нейкая хваля. Яна таропка апусціла позірк, чамусьці спалохаўшыся.

— У той бітве загінуў баярын Вышата, а колькі было паранена, — гаварылі за сталом. Раман нахмурыўся:

— Такое жыццё воя. Сёння ён абдымае жонку і дзетак, а заўтра яго жыццё праз горла дымам вылятае, а подзвігі застаюцца сярод храбрацоў.

— Гэта калі за сваю зямлю ваюеш… — пачуўся голас.

Рамана перасмыкнула. Ён хацеў крыкнуць, але, зірнуўшы на Яўлампію, стрымаўся.

— Новагародцы цяпер заадно з Галіцка-Валынскім княствам, — коратка абрубіў князь, і ўсе зноў прымоўклі, а пасля, занурыўшыся, смакталі заедкі, думаючы аб хуткаплыннасці чалавечага лёсу і аб тым, што як васалы галіцка-валынскіх князёў зноўку пойдуць у бітву лепшыя сыны Новагародчыны. А што, калі прыйдзецца змагацца на баку татар, манголаў — гэтых дзікіх народаў, якія не прызнаюць ніякай дыпламатыі, перамоў, а пруць і пруць наперад, агнём заліваючы ўсё перад сабой? Нездарма ж яны ўсё болей згінаюць шыю гордага і магутнага Данілы, і, верагодна, могуць, калі што не так, пераламаць яму і хрыбет. А разам з ім — і залежнаму ад яго Новагародку…

Калі князь выходзіў, родзічы Агапія зноўку падняліся, каб праводзіць іх. У той момант, калі Раман аб нечым загаварыў з удавой, Райнер падышоў да Жывены.

— Я спачатку не пазнаў цябе. Ты стала прыгажуняй.

Гаварыў ён павольна, але на мясцовай гаворцы, а яна знарок адказала на мове лацінянаў:

— А ты стаў сапраўдным крыжаком, забіваеш людзей.

Райнер здзівіўся:

— Ты выглядаеш на сапраўдную высакародную даму. Але я не бачу на табе крыжа. Ты што, усё яшчэ не хрысціянка?

— Не.

— У такога дзеда? — цяжка глянуў на яе Раман Данілавіч. — Значыць, не надта трымаўся сапраўднай веры Хрыстовай.

І дадаў, не стрымаўшыся:

— Новагародак такі: адразу надвое думаюць і робяць.

Але адчуўшы, як пагрозліва замоўкла застолле, адпусціў натужна:

— Я жартую.

І ўсміхнуўся. Абвёў вачыма агромністы стол, на якім стаялі сярэбраныя падносы з заморскімі ласункамі — фінікамі, разынкамі, вяленым інжырам, зацукаранымі пластамі згусцелага вінаграднага соку, павярнуўся і патупаў уніз па лесвіцы. Райнер, спускаючыся за ім, зноўку азірнуўся на Жывену, і зноў яе нібы ўдарыла ў грудзі пругкая хваля, ад якой стала млосна.

— Што са мной? — здзівілася яна, — Я не буду думаць пра яго, і хай ахінуць мяне светлыя Ашвіны сваім залатым покрывам, уратуюць ад цікаўнасці яго і пажадлівасці!


…Вось аб чым думала маладая дзяўчына ў вечар, калі раз'юшаны тэўтон патрушчыў цёмна-пунсовы камень на ейных вачах. Адчувала, што, сама таго не жадаючы, закранула ў жорсткім маладым вою нешта глыбіннае, балючае.

А пасля зноўку закруцілі, завіравалі падзеі, і яна старалася не ўспамінаць пра Райнера, які, вярнуўшыся ў Новагародак камандзірам атрада крыжакаў, служыў пры двары Рамана. Жывене не было цяпер патрэбы ехаць у горад; Яўлампія жыла як маладая прывабная ўдава, уборы яе здзіўлялі раскошай і як бы выдавалі прагу да ўсяго чужаземнага.

З Галіча, а пасля Холма прывозілі час ад часу праз ганцоў лісты ад Апфіі, яны былі сумнымі. Моцна перажывала маладая жанчына разлуку з Новагародкам, сумавала па ягоных магутных кручах і па родным доме. Шкадавала, што не Шварну давялося княжыць у Новагародку з княгіняю. А яшчэ гаравала, што ў маладой пары няма дзяцей, а значыць, ніколі не зможа яна, Апфія, вярнуцца дадому, бо застанецца Новагародак нашчадкам Рамана. Войшалк жа пайшоў у манахі, і ці стане ён дапамагаць братам ці камусьці з іх сесці на стол у княстве альбо ў Руце?

Як толькі прасохла зямля пасля зімовай наледзі і пырснулі жоўтым пупышкі на вербах, у храм прыехала з Новагародка немаладая жанчына ў скураной шапачцы з набітымі на ёй дробнымі сярэбранымі бляшачкамі, у суконным сарафане пад ватолай*. Яна шукала жраца Відэвута. Але той паехаў у селішча лячыць некага з хворых, і да жанчыны выйшла Жывена.

* Безрукаўны плашч у прусаў.

— Мой сын Відэвут расказваў пра цябе, — загаварыла жанчына. — Табе, як і яму, бог Аўшайтэ* дараваў здольнасці гаварыць з багамі. Дык скажы, чаму мне вось ужо два гады сніцца карабель мёртвых Нагльфар?

* Бог лекарства.

— Нагльфар? — Жывена з цяжкасцю прамовіла нязвыклае слова.

— Гэты карабель змайстраваны з пазногцяў нябожчыкаў, і вязе ён нябачных ужо ў гэтым свеце. Але той, хто любіць і трывожыцца аб адсутных, можа ўбачыць на ім дарагіх людзей, калі… калі яны там. Дык вось, я бачу, як мой сын, другі сын, не Відэвут, а Брутэн плыве на караблі, але раптам нейкая сіла вырывае яго адтуль, ён падае ў ваду і плыве да берага. Але ж я на свае вочы бачыла — ён мёртвы.

— Я перадам тваю просьбу Святазару. Для таго, каб адказаць, ці жывы твой сын, трэба правесці спецыяльны абрад.

Святазар згадзіўся на тое, і тыдзень асабліва старанна пасцілі і раніцай распявалі свяшчэнныя гімны будучыя ўдзельнікі абраду. Маці ж Брутэна рабіла на кухні чорную працу — падмятала, перабірала ячменныя крупы, а па вечарах чытаў над ёю Відэвут асаблівыя — ачышчальныя — малітвы.

У прызначаны дзень у падземным капішчы яшчэ да світання ярка гарэлі спецыяльныя васковыя з духмянымі зёлкамі свечы, пастаўленыя ў бронзавых падсвечніках па кутах вялікай залы. Правёўшы ў сваіх пакоях бяссонную ноч, сюды выйшаў Святазар, на якім была надзетая тонкая белая ільняная кашуля, а на шыі вісеў вялікі залаты медальён сонца з гравіроўкай, дзе на адным баку была пяціканцовая, на другім — шасціканцовая зоркі ў колах. Істр падаў галоўнаму жрацу булаву. Зробленая з няплоднай ляшчыны ў час прырастання Месяца, яна была раздзеленая на тры часткі, пафарбаваныя ў чырвоны колер. Перамычкі ж на булаве, канец якой упрыгожвала ручка з яшмы, былі жоўтымі.

Жывена прынесла драўляныя брэцьяніцы са свяшчэнным напіткам — сомай, а пасля ўвяла ў залу і пасадзіла на драўлянае крэсла маці Відэвута. Прама перад вачыма жанчыны вісеў на тонкім залатым ланцужку бліскучы шар з адпаліраванага горнага крышталю — пацік. Маленькай бронзавай лыжачкай Жывена правяла па вуснах жанчыны, пасля намачыла лыжачку ў напоі і дала пакаштаваць яго. Праз імгненне галава яе ацяжэла, яна падала, але Святазар загадаў:

— Глядзі сюды!

Дакрануўшыся да шара, жрэц прымусіў яго лёгка гайдацца, а сам, узняўшы булаву, стаў чытаць заклінанні, павышаючы голас. Жрацы стаялі ў куце, вакол іх было абведзенае белаю фарбай кола. Празрыстая глыбіня шара відавочна пачынала пералівацца рознакаляровымі агнямі, ажываць. І цяпер ужо жанчына не магла адвесці вачэй ад магічнага шара. Як прыкаваная, глядзела яна перад сабой нерухомым поглядам, толькі зрэнкі яе адблісквалі матава-светлым. Прайшла хвіліна, другая, трэцяя.

— Што ты бачыш? — булавой пацэліў у грудзі жанчыне вярхоўны жрэц.

— Бачу агонь і хаты, і людзей у белых плашчах з крыжамі… Яны забіваюць. Мой муж… О! Дзіда ўпілася ў ягоныя грудзі, ён упаў.

— Кажы далей!

— Я і мае сыны ляжым сярод мёртвых, і кроў цячэ, цячэ па кашулі, яна робіцца цяжкай, душыць мяне.

— Дзе твой першы сын?

— Ён ляжыць пад маім бокам, паранены, яго твар белы, як мука.

— А другі сын?

— Брутэн уздымаецца, ідзе, спатыкаючыся аб трупы!

— Што далей?

— Я нічога не бачу — кроў залівае мне твар. Але нейчы голас гаворыць: «Забяры яго, фон Шонвальд, ён будзе добрым пастухом для тваіх свіней!»

— Кажы, не змаўкай! Паўтары імя!

— Шонвальд, фон Шонвальд! «Забяры дзіця, яно будзе добрым пастухом для тваіх свіней!»

— Што яшчэ?

Жывена неўпрыкметкі зірнула на Відэвута. Ён стаяў спакойна, але яна заўважыла — рукі хлопца дробна дрыжаць.

— Чую ягоны плач, а на нас з Відэвутам падае сучча, яно цісне на грудзі, о, я задыхаюся! Горача, паліць агонь, няма ратунку! О!

Яна здрыганулася, пачала енчыць, а вочы яе не адрываліся ад крыштальнай глыбіні патыка.

— Што ты бачыш там яшчэ?

— Толькі кроў! О, як шмат крыві! Яна не дала нам згарэць у кастрышчы! Я ўзяла сына, і мы пайшлі… Далёка, у чужыя землі…

— Досыць! — гучна перарваў яе Святазар. — Прачніся! І забудзься на гэта, не ўспамінай.

Ён стукнуў булавой па шары, той працяжна зазвінеў, і пырскі святла ад яго здаліся Жывене кроплямі нейчай крыві.

Жанчына расплюшчыла вочы, дзіка агледзелася навокал. Яна не пазнала сярод жрацоў сына, а той стаяў, пакуль Святазар не дазволіў жрацам выйсці з намаляванага ім кола. Мінулае б'е — і хто ведае, якія сілы і духі хаваюцца ў ім? Таму вярхоўны жрэц узяў усё на сябе, а яны да дробязей запаміналі кожны ягоны рух. Жывена падышла да жанчыны, дала кубак з адварам зёлак. Маці Відэвута прагна піла.

— Што са мной было?

— Ты ўбачыла ўсё, што было з табой калісьці. Твой сын жывы.

Відэвут падышоў да іх. Разам з Жывенай яна вывелі маці з храма. Яна цяжка дыхала і ўздрыгвала, пасля пачынала плакаць.

— Брутэн жывы! Мой сын жывы!

— Але яго забралі крыжакі, маці, - стрымана прагаварыў Відэвут.

Яна не слухала.

— Нездарма я аддала Відэвута ў храм блізнятаў! Відэвут і Брутэн — боскія блізняты і ў нас, прусаў. Гэты храм даў мне радасць і надзею. Мы знойдзем Брутэна. Дзе ён?

— Але багі не сказалі нам гэтага, маці. Яны толькі паведамілі, што Брутэн жывы.

Жанчына глядзела няўцямна, пасля ізноў заплакала.

— Калі ж яны скажуць, дзе ён?

— Гэтага не знае ніхто. Мы ведаем толькі, што яго забраў фон Шонвальд.

Чырвань макавымі пялёсткамі клалася на яе збялелы твар. У вачах засвяцілася надзея.

— Я дапрашуся ў багоў, дзе ён. Я выратую свайго сына…

Жывене здалося раптоўна, што вецер таркаю абдзёр ейныя шчокі, і пачулася, як на выспе білі крыламі качкі. «Вешчая хвіліна, знак багоў, што яны тут, — падумалася ёй. — Толькі чаму ні Відэвут, ні ягоная маці не адчулі нічога? Гэты невядомы Брутэн для мяне ніхто — але дзе ўсё-ткі гэты падхоплены крыжакамі для пацехі хлопец?»

Відэвут наняў для маці фурманку ў селішчы, а калі адправіў яе ў Новагародак, прыйшоў да Жывены.

— Яна патрабавала, каб я кінуў храм і разам з ёю пайшоў шукаць брата.

— А ты? — яе працяла трывога.

— Я не магу пайсці з храма, хаця кожная жылка ўва мне дрыжала, як маці расказвала пра смерць бацькі і кастрышча, у якім мы ледзь не згарэлі.

— Табе дарагі наш храм?

Тады Відэвут упаў перад ёю на калені.

— Мне дарагая ты. Ты, залатая жрыца! Я шчаслівы, што ў нашым храме не забаронена каханне да жрыцы, як у іншых свяцілішчах. Я хачу, каб у Дзень Ашвінаў ты выбрала мяне.

— Я… я не гатовая! — хацела сказаць Жывена, але словы яе, як вадою, заліло шкадаванне да хлопца, якога палілі ў кастры, везлі па чужых дарогах далей ад радзімы і які пачуваў сябе такім адзінокім тут, дзе ёй так утульна і лёгка. І яна пагладзіла яго па мяккіх валасах, сабраных вакол галавы белаю стужкай. Ён шчасліва ўткнуўся галавою ў ейную сукню, потым падняў галаву, хочучы нешта сказаць, але словы як душылі хлопца, а яна разгублена глядзела на яго зверху, і шкадаванне — цёплае, як дотык сонца да рукі ў летні поўдзень, усё расло і расло…


Праз сядміцу*, калі Жывена сядзела на беразе возера і бяздумна назірала, як калыхлівы вецер чуйнымі пальцамі дакранаецца да чарацін, з кустоў прама на яе выйшаў чалавек у чорным манаскім уборы. Дзяўчына адхіснулася, а ён сказаў знаёмым голасам:

— Не бойся, Хрыстос з табой.

* Тыдзень.

— Войшалк! Вялікі князь!

Яна ўстала, хацела схіліцца ў паклоне, але Войшалк, схуднела-жаўтлявы і ад таго нібы вышэйшы, чым звычайна, спыніў яе:

— Табе не трэба кланяцца, сястра.

Жывена здрыганулася, але сказала спакойна:

— Я чула, што ў манастыры хрысціян так называюць усіх жанчын. Ці не так, вялікі князь?

— Я цябе не пазнаю. Ніколі ты не была такой… змяіна-вёрткай, як мая мачыха, а зараз… прыкідваешся перада мной? Ты таксама дачка Міндоўга, а значыць, мы родныя.

— Калі ты прызнаеш мяне як родную табе, то дазволь запрасіць цябе…

— Не. Я на кані, і мяне чакаюць. Там, — ён махнуў рукой у напрамку пералеска. — Я хачу з табой пагаварыць. Нас тут ніхто не ўбачыць?

— Наўрад ці. Сярод гэтых вербаў мы непрыкметныя. Але чаго ты баішся, вялікі князь?

— Я просты манах. Вялікі князь цяпер Раман Данілавіч.

Ноткі горычы ўпляліся ў ягоны спакойны тон, нервова ўздрыгнулі вусны.

— Наш бацька Міндоўг хацеў адразу ўсё — вялікія землі, вялікую ўладу. Трэба было не так спяшацца. А цяпер мы амаль страцілі Новагародак…

— Мы?

- І ты таксама, сястра. Нашчадкі Рамана стануць тут валадарыць. А мы? Маленькае княства бацькі, неўтаймоўныя і хцівыя родзічы, якія цікуюць за ўсімі, мае браты… Што будуць мець твае дзеці?

— Я ніколі не думала пра гэта. Калі я выберу кагосьці, то хачу аднаго — каб ён кахаў мяне.

Войшалк з прыкрасцю махнуў рукой:

— Каханне? Прыдумкі для слабых, для верабейчыкаў, якія шчабечуць, варта прыгрэць сонцу. Ты яшчэ такая юная, амаль дзяўчынка. Я хацеў бы прасіць цябе — дапамажы мне зараз. І я ніколі не забуду табе гэтага. Ты не пашкадуеш, даверся мне.

— У чым, вялікі князь?

— Ніяк не можаш сказаць — брат… Нічога, прывыкнеш. Паслухай! Мне патрэбны саюзнікі. І аднаго, самага надзейнага, я мог бы займець праз цябе.

Яна маўчала, бо нядобрае прадчуванне халоднай змяёй запаўзала пад грудзі.

— Алена замужам за маім ворагам і ворагам Новагародка. Але твой будучы муж… Са сваім войскам і вернымі нам новагародцамі…

— Ты падабраў мне кагосьці? Каго ж?

— У Таўцівіла ёсць сыны. У жамойцкага Выкінта таксама сын і два пляменнікі. Ды найбольш важны мне цяпер полацкі Таўцівіл. Бачыш, я выкладваю табе зараз свае планы, але я давяраю табе, сястра. Іначай… тваё жыццё зараз у маіх руках, помні.

Гарачая, шалёная хваля так моцна ўзмыла ў ёй, што Жывена здрыганулася, а ён палічыў, што гэта — ад перапуду, і зноў паўтарыў сваё «Не палохайся».

Стараючыся ўтаймаваць сябе, свой гнеў, Жывена са страхам адчула, колькі ў ёй нейкага дзікага, безразважнага, бясстрашнага агню, які гатовы спапяліць чалавека, што стаяў побач.

«Гэта мой брат, брат!» — паўтарала яна сабе раз за разам, дакараючы сябе і за гэты неўтаймоўны, незнаёмы ёй самой агонь, і за недастойную жрыцы Ашвінаў злосную сілу. А ён усё пытаўся аб нечым, і нарэшце яна пачула:

— Ці згодная ты дапамагчы Новагародку?

Жывена нарэшце падняла вочы на Войшалка, зірнула на яго ясна і спакойна. Знерваваны, бледны пад асляпляльна-гарачымі промнямі сонца, з раннімі зморшчынамі вакол упалых вачэй, у чорным пакамечаным манаскім уборы з наліплай конскай валаснёй, ён здаваўся нейкім прывідам, чужым спакойнай, раўнадушнай да чалавечай мітусні раніцы і ўсёй навакольнай прыродзе. І ёй стала сорамна свайго гарачага гневу, а ў сэрцы нарадзілася шкадаванне. А яшчэ — цішыня. Тады, стараючыся перадаць свой, з такой цяжкасцю набыты спакой, яна загаварыла:

— Мяне многаму тут вучаць, брат, а найперш таму, што ўсё наканаванае ўжо існуе ў будучым, жыве яно і ў мінулым пасля таго, як адбылося, бо Час не рухаецца. І мы, толькі мы, праходзячы скрозь ягоную вось, сутыкаемся з падзеямі, а яны сцерагуць нас, выпрабоўваюць на нешта, што вядомае толькі багам ці вагам, на якіх узважваюцца пасля смерці ўсе нашы грахі.

— Я пытаюся ў цябе не пра гэта. Я хачу ведаць, ці дапаможаш ты мне? І Новагародку?

— А Новагародак будзе існаваць — з табой ці без цябе. Калі ты любіш яго, то ўсё тое, што ты зробіш для яго, пакладзецца на ягоныя — і твае таксама — вагі і будучыню. Але зробіш без насілля, хітрасці, адчаю…

— Магу я паабяцаць тваю руку сыну альбо пляменніку Таўцівіла?! Калі ты хочаш, ты можаш пасля адмовіцца. Але цяпер… цяпер… Сястра! Я апошні раз кажу табе…

Яго рука сутаргава лягла на чорную расу, і яна выразна ўбачыла пад ёю абрысы похваў. Тады яна стала блізка ад яго, і левая рука яе сціснула ягоную, напоўненую варожасцю і жаданнем забіваць:

— Наш бацька забіў шмат нашых родзічаў, а колькі ён пасылаў на смерць, нават не задумваючыся над тым! Цяпер ты, князь, будзеш рабіць тое самае. Але мяне… мяне вы не прымусіце браць ва ўсім гэтым удзел. Калі не верыш мне і думаеш, што я пайду да тваіх… нашых ворагаў, калі хочаш мяне прылучыць да тваёй прагі і нянавісці… тады забі мяне тут, зараз…

Чамусьці Жывене выразна ўбачыліся два клінкі, скрыжаваныя над іхнімі галовамі. Яны ажно трымцелі, напоўненыя сілай, якая перапаўняла іх, такіх блізкіх па крыві і такіх розных. І раптам як пераламаўся ягоны клінок. Войшалк глыбока ўздыхнуў.

— Хрыстос з табой, сястра. Я ўсё ж не вой, я воін Хрыстовы, і забіваць магу толькі ворагаў.

Адступіў ад дзяўчыны, зірнуў на яе з павагай.

— Я ніколі не думаў, што ты… такая. Не сярдую, што не захацела дапамагаць. Мабыць, такая ўжо воля Божая; аднак жа нешта гаворыць мне, што буду я на стале новагародскім…

Князь павярнуўся і знік у прыбярэжным кустоўніку так хутка, што Жывене магло б падацца, што ўсё памроілася ёй, каб не глыбокія сляды на шаўкова-светлым азёрным пяску ды конскае іржанне, на якое адгукнуліся кабылы ў храмавай стайні.

Яна яшчэ доўга стаяла ля возера, думаючы аб віхурах, якія месцяцца ў чалавечай душы і ўтаймоўваць якія так невыносна цяжка. Гады посту, роздумаў, самаачышчэння часам змятаюцца сакрушальным ураганам страсцей так лёгка, як пярынка — навальнічным ветрам… Так не раз гаварыў ім Святазар, але адчула яна гэта ўпершыню. І ёй было сорамна. Што ж казаць пра людзей простых, якія жывуць, не задумваючыся над наступствамі, жывуць, як пагоняць іх жаданні ці голад, калі яна, жрыца, якой багі час ад часу давяраюць патаемнае, гатовая была сарвацца ў шалёны віхор? І яна дзякавала Ашвінам, стараючыся ізноў зліцца з прыродаю, загайдацца ў хвалях спакою і чысціні, якімі дыхала навакольнае…

Яўлампія не прыслала ў належны час дары храму, і Жывене давялося самой ехаць у Новагародак.

Баярыня, хаваючы вочы, доўга гаварыла аб гандлёвых стратах сям'і: татары захапілі ладдзю з шаўковымі тканінамі, што плыла з Кіева, знік, захапіўшы выручку, гандлёвы госць Каўрон. Дый сама яна хварэла, бо прыслала Апфія з ганцом нядобрыя звесткі: нядаўна яна скінула дзіця, а так спадзявалася на сына! Як бы не стаў муж пахаджваць да віслен — гуляшчых жанчын, шмат іх развялося ў Галічы. Шварн таксама крыўдуе на жонку, хаця ні ў чым не вінаватая Алена; гэта брат яе, Войшалк, пажадаў перадаць новагародскі стол Раману, хаця, вядома, змушаны быў зрабіць тое. Але чаму не Шварну? Была б тады Алена новагародскаю вялікай княгіняй, жыла б сярод блізкіх людзей, а не паміж недаверлівых, а часта і варожых да яе галічанаў. Яшчэ перадавала Апфія маці, што Даніла Галіцкі, які спачатку спадзяваўся на немцаў і нават каранаваўся дзеля таго, разарваў саюз з крыжакамі.

Аднак жа калі Жывена, як навучыў яе Святазар, загаварыла аб тым, што пойдзе да біскупа Хрысціяна і святара Гаўрыіла, якіх прызначыў Агапій перад смерцю сваімі душапрыказчыкамі і якім даручыў раздзел сваёй маёмасці, адразу змякчылася Яўлампія: папрасіла пачакаць гадавіны, пасля якой зоймецца справамі нябожчыка-мужа. А пакуль аддала Жывене вялікі кашэль з залатымі манетамі і падарыла ёй стужку, вышытую сярэбранай каніцеллю.

Перад тым, як вяртацца ў храм, пайшла дзяўчына ў гандлёвыя рады, што месціліся непадалёку ад замка, каб прывезці з сабою патрэбнае для службаў — ружавай вады, якою мыюць алтары, розных араматаў*: белай, як снег, камфары, залацістага шафрану, мушкатных бубкаў, зялёных, чырвоных і вохрыстых раслінных алеяў, што поўняць гандлёвую плошчу хваёвымі, бэзавымі і ўвогуле дзіўнымі пахамі далёкіх краін. Цудоўныя пахкасці, як вядома, адганяюць злых духаў, якія любяць усё смярдзючае, чым гідзяцца добрыя людзі.

* Пахкасцей.

Калі возчык Вялет перанёс усё накуплянае ёю ў вазок, а Жывена, стоячы ля яго, раздумвала, ці ўсё патрэбнае храму яна ўспомніла, паказаўся непадалёку рыцар Райнер. Ён нават не павітаўся з дзяўчынай — проста стаў перад ёю, не спускаючы вачэй, і маладой жрыцы давялося сабраць у адно ўсю волю, каб павітацца з ім прыязна і адкрыта:

— Апошнім часам, калі ты прыязджаў у храм, я пакрыўдзіла цябе. Даруй. Ты ездзіў у Рыгу?

— Гэта ўсё запозна, усё запозна, — прамармытаў крыжак незразумелае. Пасля дадаў выразна:

— Ваш князь Раман, як і ягоны бацька, адмаўляецца ад святога хрышчэння, ад блаславення папы… а мы едзем у Святую зямлю, дапамагаць сваім братам.

— Вы з'язджаеце?

У голасе Жывены прагучала радасць, якую яна не змагла схаваць.

Тады ён спытаўся павольна, але са стоенай сілай, ад якой абцягнуўся жаўтаўлявай скурай малады, быццам выразаны на камені, твар:

— Скажы, залатая жрыца: ты магла б… хаця калі-небудзь… пакахаць такога, як я? Я не магу заводзіць сям'ю, але вашы багі дазваляюць любіць вольна, шчасліва. Ты — магла б?

І зноў, перш чым падумаць, яна адказала вокамгненна:

— Не!

І тут жа кроў збянтэжанасці прыліла да шчок. «Светланосныя Ашвіны, калі я навучуся развазе!» — падумалася з адчаем. Яна працягнула руку, каб нешта патлумачыць, дадаць, пераканаць… але ён павярнуўся, пайшоў, глянуўшы на яе так страшна, што сэрца дзяўчыны затахкала бязладнымі штуршкамі, а возчык Вялет перасмыкнуўся:

— Можа, правучыць яго добра, каб не палохаў цябе?

Яна ўскочыла ў вазок, падагнуўшы белую ільняную сукню, махнула рукою, каб ён ехаў. Вялет падпарадкаваўся, але доўга яшчэ бурчэў сабе пад нос, што, будзь ягоная воля, правучыў бы крыжака. Але Жывена, успамінаючы размову, бачыла скрозь нешматслоўнасць Райнера пачуццё, якое палохала, як чужая немач, гатовая абрынуцца на цябе, прымушала сціскацца ў прадчуванні нядобрага. Здавалася, у тым напружанні душы, якое апанавала яе, нешта прыйдзе зараз на дапамогу, падасць аб сабе знак. І знак прыйшоў: калі вазок спускаўся з гарыстай вуліцы, на велічэзную ліпу, што ўся як бруілася пад маладым летнім ветрам безліччу зялёных лістоў, камяком упалі дзве птушкі. Па вохрыста-шэрых рулявых пёрах, сіняватай дзюбе і чорных кіпцюрах маладая жрыца пазнала ястраба, які ўпаляваў галубку. Але яна не здавалася: упаўшы, імгненна перакінулася ў гушчу сучча, так што ястраб, залопаўшы шырокімі крыламі, узмыў над дрэвам, нібыта выглядаючы страчаную здабычу. Жывена закрычала Вялету, каб спыніў вазок — хацелася бачыць, што будзе далей, але коні не змаглі адразу спыніцца, а калі павярнулі ізноў да ліпы, птушак не было відно. Не то ўпаляваў ястраб нарэшце сваю здабычу, не то яна змагла, забіўшыся ў якую шчыліну, схавацца ад бязлітасных чорных кіпцюроў…

А яшчэ праз дзве сядміцы, перад самым днём летняга раўнадзенства, маг-звяздар Вакула паклікаў да сябе Жывену і маладога жраца-пруса Відэвута.

Юнак з пукатым ілбом, няспешны, сарамліва-збянтэжаны, з любасцю глядзеў на Жывену, шэрыя вочы яго свяціліся. А тая, у белым вяночку і белай сукні, здавалася самой багіняй прыгажосці Ляляй, што спусцілася ў гэты ціхі куточак беларускай зямлі, каб суцішыць здрабнелых душою людзей, занятых цяжкай чорнай працай.

— Праз тры дні ты, Жывена, хочаш назваць імя твайго абранніка. І гэта — Відэвут. Так? — загаварыў Вакула.

Твар яго ў страшных шнарах быў, як ніколі, падобны да шурпатай драўлянай выявы Перуна, але ў вачах, запалых і пакутліва-пранізлівых, бачылася спачуванне.

Відэвут зірнуў на Жывену, яна суцішыла яго вачыма і адказала за абаіх:

— Так.

— Не рабі гэтага, дзіця.

— Чаму? — ускінуліся маладыя людзі.

— Вам не суджана быць разам. Магчыма, пазней зоркі павернуцца да вас. Але не цяпер, не.

— Але чаму?! — прастагнаў Відэвут. — Што ці хто перашкодзіць?

— Ты, жрэц, пытаешся: «Чаму»? Я магу сказаць табе толькі адно: «Таму што».

— Што яшчэ адкрылі табе зоркі? — спахмурнела запыталася маладая дзяўчына.

— Што ў цябе вялікая цёмная паласа, але што ў ёй — прачытаць я не магу. Сама ведаеш: багі даюць нам толькі часам прыадчыніць заслону, і то мы доўга думаем, ці так мы зразумелі іхнюю волю. На цябе палююць, як… як на белую курапатку. Будзь асцярожнаю.


— Я так і думаў, што няпроста будзе пражыць, нават у такім ціхім кутку, як наш, дзяўчыне з княжацкаю крывёю. Крывёй Міндоўга. Можа, і ён, як брат твой Войшалк, хоча ўцягнуць цябе ў свае звады за новагародскі стол? — гаварыў з Жывенаю ў сваёй святліцы, дзе абліччы багоў здаваліся тварамі жывых і цікаўных людзей, вярхоўны жрэц Святазар.

— Вялікі Святазар, але чаму нават табе не адказваюць Ашвіны? І я пыталася ў іх пра свой лёс, а яны маўчалі. Але хто я — пясчынка на беразе Менцязі. А ты…

- І я не заўсёды быў вярхоўным жрацом, а чалавекам з палкаю крывёй. І, можа, грахі мае зацьмяняюць бачанне, — станчэлы на кляновы асенні ліст часам і жыццём, стары Святазар нячутна даклыпаў да выявы Зары-Зараніцы Аўшры, пяшчотна пагладзіў па плечуку драўляны барэльеф, ад чаго, здавалася, выразаная майстрам-разьбяром галоўка багіні выпрасталася і зірнула на яго з затоенай смяшынкай.

— Ты зразумела, што яна сказала?

— Не, вярхоўны жрэц. А ты?

— Але ці чула ты яе голас?

— Я толькі чула, як нешта празвінела над возерам, нібы ўпала ў яго сярэбраная кропля…

— А гэта і быў голас багіні. Чым старэйшым раблюся, тым, бывае, у большую ўпадаю горыч: усё вакольнае гаворыць, смяецца, тужыць. Кожная птушка расказвае адна адной пра нешта. А я так і сыйду з гэтага свету, чуючы толькі, можа, адну макавінку з цьмы цем* таямніц быцця…

* Безліч (старажытнарус.).

— Калі так гаворыш ты, то што ж могуць сказаць пра сябе іншыя, асабліва людзі простыя?

— Яны над тым не думаюць, і ў гэтым іхняе шчасце. Нашто сляпым ведаць пра тое, што яны сляпыя? Бывае, што і гаварыць пра тое не выпадае, а выпадае настрашыць і прымусіць рабіць так, каб чалавек не ачарніў вакол сябе прастору — забойствам, зайздрасцю, проста зласлівасцю. А калі я стамляюся страшыць і забараняць, я іду да багоў, і яны суцяшаюць мяне тым, што, хаця шлях да дасканаласці цяжкі, яго трэба прайсці. Іншага выйсця няма. І пройдзем мы яго разам, толькі разам.

— Але, светлы ўладыка, ніколі не змогуць людзі простыя так разумець шляхі багоў і людзей, як мы, жрацы!

— Гавораць мне Ашвіны, калі адкрываюць свае твары, што некалі будзе так. А значыць, трэба не траціць надзею.

— Але як быць і чаго пільнавацца мне? Цяпер, сёння ці заўтра?!

— Пільнуйся святла. А астатняе ад цябе не залежыць. Лёс усё роўна шпурне цябе туды, куды патрэбна не табе, але — Яму…


Так і скончылася начная гутарка Жывены і вярхоўнага жраца. Калі паднялася на вежу спяваць ранішнія гімны Зараніцы, дзяўчына пабачыла, што Відэвут увесь як пацямнеў абліччам, шчокі ягоныя запалі, а вочы былі поўныя невымернай тугі. Белае наплечнае яго пакрывала, зашпіленае бронзавай фібулай, з'ехала на плячо, а тонкія пальцы, узнятыя ў вітальных гімнах, як бы струменіліся ў рытме, далёкім ад агульнага настрою ўзнёсласці. Таму Святазар, перапыніўшы славасловы, адправіў Відэвута з вежы:

— Сюды трэба прыходзіць, толькі выбавіўшыся ўсяго свайго, акрамя ўдзячнасці багам.

Пільным позіркам упіўся ў Жывену, і яна дазволіла гэтаму позірку як пралыгаць сябе наскрозь, прамацаць усе куточкі душы. Відаць, вярхоўны жрэц застаўся задаволеным, таму што даў знак працягваць спевы.

На вільготных пасля начной расы каменнях вежы мітусіўся, ладзіўся вязаць сваю бела-шаўковую сетку вёрткі павучок, не зважаючы на тое, што кожны з прысутных незнарок, а можа, і спецыяльна, мог у імгненне змясці крысом ці даланёй увесь плён ягоных намаганняў. Жывене ўспомніліся ўчарашнія словы Святазара. Так, трэба рабіць сваё, настройваць душу ў лад са светлымі струнамі быцця, а ўсё астатняе ад цябе не залежыць. І яна пацягнулася ўвысь, стараючыся пераліць сябе ў спеў, каб, пачуўшы яго, зірнулі боскія блізняты Ашвіны на маленькі куточак зямлі, дзе жывуць і паміраюць людзі са сваімі маленькімі, але для іх саміх вялікімі патрэбамі — здароўя, шчаслівага кахання, заможнасці…

Надвячоркам у храм прыехаў ганец. Цёмныя кругі пад пахамі яго шэрай шарсцяной світы, збітыя ў лямец валасы пад ваўнянай павязкай, асабліва ж парэпаная скура сядла, з-пад якой выглядаў драўляны арчаг — аснова — усё гаварыла аб доўгім і нялёгкім шляху. Перш чым узяць з ягоных рук світак, Жывена звярнула ўвагу на жарабка: з больш кароткай, чым у тутэйшых коней, але моцнай спіной, з грубай галавой і пукатымі нагамі, ён быў не падобны да мясцовых. Адрозніваўся і моцнымі капытамі, на якіх не было падковаў.

— Адкуль конь? — коратка запыталася, ламаючы пячатку на скрутку пергаменту.

— Мангольскія коні ўсе такія, — стомлена буркнуў даўгалыгі, з чорнымі, зрослымі ў адну паласу брывамі ганец, пацёпваючы плячамі, як бы размінаючыся. — Дзе б тут вады папіць?

— Пачакай, прачытаю спярша пасланне.

Чытала з цяжкасцю: на паскрэбанай паверхні цялячай скуры новыя літары, хаця і выведзеныя кінаварам, клаліся цяжка. Апфія паведамляла, што, мабыць, прыйшоў яе час: нясцерпныя болі нічым не здымаюцца, нават макавымі адварамі і опіем. «Абецадла было ад лекараў, што чарнобыл тоўчаны ды змешчаны з вадою апіевай травы камень з пузыра выведзе*, - чытала Жывена, — але не дапамагло і тое». Надта прасіла яна прыехаць Жывену — мо гэта прынясе палёгку. Калі ж не, то хаця развітаюцца яны на гэтым свеце, бо на тым, невядома, сустрэнуцца ці не, таму што рознае месца ім, відаць, адведзена на тым свеце.

* Дакладны выраз з летапісу. Апіева трава — сельдэрэй.

Усё як быццам не выклікала падазрэнняў. Але дзяўчына ўсё разглядала дый разглядала кавалак пергаменту, як бы хочучы тым выклікаць вобраз любай цёткі. Тады ганец пакорпаўся ў капшуку і падаў пярсцёнак. Жывена пазнала сярэбранае колца з зялёнай кропляй акінфа* — Апфія амаль не здымала ўпрыгожанне з пальца.

* Яхант.

— А хто пісаў?

— Лекар, што ходзіць за ёю, — левае вока даўгалыгага было з касабочынкай, пальцы кароткія, як абрубленыя. І ўвесь ён быў як ахутаны шчыльнай татарскай кальчугай — баданай. Дзяўчыне не ўдавалася адчуць, ці праўду ён кажа.

На роспыты аб тым, як жывецца ў Галічы, коннік адказваў коратка, але дакладна. Высветлілася, што ён паспеў пабываць у Новагародку, але Яўлампія ці то не пажадала, ці то і папраўдзе не змагла выбрацца ў дарогу. На словах яна перадала Жывене просьбу: калі толькі яна зможа, хай адведае Апфію. «У памяць дзеда», — прасіла яна. І словы тыя як схілілі вагі, што няўпэўнена калываліся паміж падазронасцю і жаданнем дапамагчы. Святазар сказаў ёй адно — калі не адгукнецца на покліч дарогі, нешта ўсё роўна прыйдзе па яе. Дазволіў узяць з сабою маладога служку Лямца — той не так даўно быў воем, ды пажадаў служыць людзям не зброяй, а лекарскім умельствам. А яшчэ даў вярхоўны жрэц Жывене куфэрак з дубовых дошчачак, у якім месціліся арамаціцы* з пахкімі алеямі і лекі: шэры парашок з атрутных грыбоў, якім праганяюць трасцу, чорная мазь з бяросты, якою лечаць артэты — хваробы суставаў, і многае іншае, што ва ўмелых руках прынясе палёгку, а ў няўмелых — пагібель.

* Сасуды.

Ледзь заружавела неба, пакрысе праяўляючы сонны і амаль нерухомы яшчэ свет, па дарозе, дзе не астыў мяккі пыл і над якою схіліліся высокія травы ў буйнай расе, што як маціцай* паслалася па лузе, памчаліся тры коннікі. Паміж двума мажнымі мужчынскімі постацямі доўга бачыў з храмавай вежы Відэвут спіну танклявага юнака ў барвовым каптане, які мільгаў з-пад шэрага ваўнянага карзна. Яшчэ раз падзівіўся малады жрэц, як лоўка сядзіць у сядле Жывена, а пасля сышоў з храма ажно да самага вечара, і Святазар не сварыўся за тое, хаця і сказаў неадабральна, што жрацы тым і адрозніваюцца ад простай чадзі і нават людзей імянітых, што цвёрда сустракаюць выпрабаванні, якія на іх насылае Лёс.

* Перламутр.

Жывена ж і двое яе спадарожнікаў тым часам вячэралі пад веліканам дубам, што шапаткім духмяным буданом раскінуў свае таўшчэзныя галіны непадалёку ад дарогі.

Садзілася сонца, усё глыбей утыкаючы свае чырвоныя промні-спіцы ў зямлю, Лясун ужо колькі раз вухнуў у гушчары, прачышчаючы шурпатае горла, каб пасля цэлую ноч галёкаць па лесе, гукаючы Балотніка ці Вадзеніка і разам з імі качацца па махавінах; цені ад бяроз, станчаючыся ў чарацінкі, цягнуліся па зямлі, як постаці дванаццаці сясцёр Трасцы. Лямец прыціх, жаваў хлеб, спалохана касавурачыся. Жывена слухала галасы лесу і назірала за коньмі — яе белы, з чорнаю грывай Рос спакойна шчыпаў траву, мангольскі ж скакун фыркаў, азіраўся. Можа, чуў дзе Кумяльгана — злыдуха з чалавечым тулавам і конскай галавой, што адводзіць коней у лес на згубу, падманваючы іх ціхім іржаннем? Але яго гаспадар ладзіў начлег — збіраў сучча для вогнішча, шчапаў сухія кавалкі дрэва на трэскі.

— Хацеў бы я пабачыць Драгічын, — раптоўна азваўся Лямец. — Мой бацька гадоў трыццаць таму быў ля яго, калі войска Данілы Галіцкага рыцараў Дабжынскага ордэна і іхняга магістра Бруна добра пасекла, ажно сам ордэн распаўся, а тыя, хто жывымі засталіся, да тэўтонаў падаліся. Бацька шмат дабра тады прывёз, сёстры дасюль шаўковыя каптурыкі з тых тканін носяць…

— Мы не заязджаем у Драгічын, — буркнуў ганец. — Ты б, чалавеча, для дзяўчыны сетку наверх закідаў. А то ваўкі недзе выюць.

— То не ваўкі — Кадук пачуў жывых людзей у лесе, — са страхам зашаптаў Лямец. — Ты ж нас тут, у глухім месцы, абароніш, залатая жрыца?

Жывена кіўнула, устала. Яна абышла дуб тры разы, шэпчучы замовы, каб не ўселася на сонных людзей ні Мара, ні Стрыга, ні Лядашчык, а ні Паўночнік, каб не мучылі іх ні прахі, ні паралікі, ні хто іншы, ласы на жывую, гарачую кроў і чалавечае цяпло. Рос, кінуўшы скубсці траву, ішоў за ёю, як аберагаў ад подыху начы і небяспекі, які нібы ішоў з лесу.

— Першы раз бачу, каб конь так слухаўся дзяўчыну, — буркнуў даўгалыгі, цікуючы за абодвума.

— Яна не проста дзяўчына. Ведаеш, як яна лечыць? — загарачыўся Лямец. — Я, можа, дваццаць гадоў у храме пражыву, а толькі макавінку ад таго, што яна ведае, спасцігну. Ёй, кажуць, самі Ашвіны ў сне падказваюць, што да чаго.

— У нас няма такіх багоў, - азваўся ганец. — Сварог, Пярун, Вялес, Мокаш — усе яны ёсць. Дзед, праўда, казаў, што пакланяліся раней Спарышам — братам, але цяпер больш да Перуна ходзяць, а княжацкія ды баярскія сем'і — да Хрыста.

Цямнела. Жывена, стомленая вялікім дзённым пераездам, заснула адразу, як толькі забралася ў вераўчаную сетку, падвешаную да галіны, і, зірнуўшы на ганца, што сеў спіной да дрэва. нібы абліты барвовым водбліскам кастрышча, заплюшчыла вочы. Ёй снілася, што яна нястрымна ляціць наперад, а Рос амаль не дакранаецца капытамі зямлі, аднак жа пошчак тых капытоў такі гулкі, што напаўняе прастору. Ці не Ашвіны гэта лятуць у паднябессі, громам распорваючы перад сабою аблокі? Ці не іхняя гэта залатая калясніца, ззяючы, як гарачае летняе сонца, падскоквае на грудкаватай лясной дарозе, якая вядзе… куды? Куды віецца тая мяккая, гулкая, як бубен, дарога, па якой цэлы дзень скакаў яе конь? Што крычыць яна — кожнай сваёй увагнутасцю і грудком?

— Трывога! Ратуйся, Жывена!

Ускінуўшыся злоўленай у цянёты рыбінай, Жывена адным позіркам ахапіла тое, што адбывалася вакол дуба: Лямец, прыхінуўшыся спіною да ствала, адбіваўся мечам ад двух воінаў у жалезных латах і аплеччах, поршні яго дыміліся. Мабыць, малады служка, адступаючы, прайшоў праз вогнішча, якое курэла і слалася па зямлі дымным покрывам, кідаючы мігатлівыя водсветы на недалёкі лес, куды паспешліва адводзіў двух коней ганец. Белы яе Рос, мабыць, падсечаны пятлёю, курчыўся на зямлі, спрабуючы вызваліцца, але яго моцна трымаў, натужваючыся з усяе моцы, трэці з нечаканага гэтага нападу. Але ці нечаканага? Жывена, спрабуючы выбрацца з сеткі на ствол дуба, выразна ўбачыла ў святле мігатлівага касніка полымя, як ганец тузае за руку чацвёртага з нападоўцаў, пальцам паказваючы якраз на тое месца, дзе выкарасквалася з сеткі яна, імкнучыся не пабегчы наверх, як крычаў Лямец, але кінуцца на дапамогу яму — насуперак розуму, насуперак усяму, што хацела ў ёй жыць і ратавацца.

Яна саслізнула з шурпатага, як вялізная тарка, ствала якраз у тое імгненне, як адзін з воінаў выбіў меч з рук Лямца і спакойна, нават неяк зняважліва, дзелавіта, усадзіў свой доўгі меч у грудзі маладога служкі, які, захлынуўшыся, грузна ўпаў проста пад ногі Жывене, прахрыпеўшы апошняе:

— Бяжы!

Але яна не бегла — дый нашто? Не міргаючы, глядзела на забойцу, на акрываўлены меч, які той хацеў выцерці аб спіну Лямца; на бліскучую сталь у руках другога — Жывене здалося, што гэтая бязлітасная, упітая чужой крывёй вузкая паласа зараз увап'ецца ў яе сэрца, забіраючы ад яе ўвесь гэты жорсткі, страшны і такі невымоўна-вабны свет… Аднак воін проста працягнуў меч за яе спіной і тым як бы адсек шляхі назад. А той, забойца, ужо з азартам паляўнічага працягнуў меч так, каб ёй давялося ісці наперад праз цела Лямца.

— Хто вы і што вам трэба? — спыталася дзяўчына, але тут жа зразумела, хто перад ёй: пачулася нямецкая гаворка, ганец паслужліва злавіў кінуты яму кашэль і, ускочыўшы на свайго каня, схапіў за повад кабылу Лямца.

— Цябе праз год заб'юць твае сыны, якія будуць шукаць гэтыя грошы, — Жывена, нібы чытаючы напісанае недзе там, на світку часу, гаварыла выразна і жорстка. — Здрада не прынясе табе таго, на што ты спадзяваўся.

Ганец коратка ўзвыў і з плачам і праклёнамі кінуўся ў цемру, у дарогу, дзе, магчыма, паспрабуе знайсці паратунак ад страшнага лёсу, не то прадказанага, не то насланага на яго служкай незнаёмых яму багоў… А Жывена схілілася над целам Лямца, прыўзняла яго.

— Можаце мяне забіць, але я пахаваю яго, перш чым вы зробіце тое, што вам загадана, — па-нямецку сказала яна, і воіны адступіліся, але цікавалі за кожным яе рухам.

Можа, таму яны не паспелі нават паварухнуцца, як здарылася нечаканае: Лямец расплюшчыў вочы і, ускінуўшыся, з дзікай сілай выхапіў меч з рукі свайго пераможцы. Мабыць, багі кіравалі ім, таму што меч увайшоў у цела воіна так лёгка, як уваходзіць нож у кругляк масла, і абое яны пакаціліся назад, прама ў вогнішча.

Тады ўсе трое нападоўцаў кінуліся да іх, але той, хто стаяў паблізу, паспеў тузануць яе за крысо так, што і яна апынулася на зямлі. Ударыўшыся галавой аб дуб, дзяўчына страціла прытомнасць. Яна ўжо не бачыла, як немцы пахавалі свайго таварыша, са страхам гледзячы на Жывену і паўтараючы «ведзьма», як паклалі ў нагах нябожчыка Лямца, скурчанага і са звязанымі рукамі, як знак служэння ў нябеснай Асгардзе, дзе рай для абраных — Валгала — павінен прыняць маладога Гетца, што загінуў так неспадзявана, забіты мёртвым.

Ачомалася яна ад таго, што вецер, які пругкай халоднай сцяной выгінаўся насустрач, дабраўся, мабыць, да яе здранцвелай душы, камячком скарчанелай у знясіленым целе. Колькі часу яна, хапаючы ротам паветра, якое, здавалася, запоўніла яе ўсю вярталася ў гэты свет; у ім, туга абвязаная вяроўкамі, як лялька, яна сядзела на Росе, які нёсся паміж двума коннікамі ў нейкую апраметную чарнату. Відаць, адчуўшы, што яна ачуняла, верны конь коратка і ласкава заржаў, як супакойваючы, і ад таго на вочы дзяўчыны наплылі слёзы, якія высыхалі на шчоках, шчыпаючы іх.

На прывале да яе падышоў трэці з воінаў, чыю постаць Жывена заўважыла каля Роса. Быў гэта немалады, з вялікім віслым носам і нечакана-ясным позіркам чалавек. Ён разблытаў вяроўкі на яе нагах, даў напіцца, выцер падалом ейнай сукні заплаканы, засцябаны ветрам дзявочы твар. Маладыя глядзелі на яе ваўкамі, гэты ж усяляк клапаціўся аб дзяўчыне, нібыта прыслужніца яе Юрна.

— Куды ты вязеш мяне? — па-нямецку запыталася Жывена, але ён адказаў так, як гаварылі ў Новагародку:

— Ты не пазнаеш мяне, юная конніца? Я дзядзька Райнера, Бруна.

Яна адмоўна пахітала галавой.

— Маладосць ніколі не глядзіць на старых, — зазначыў чалавек. — А я памятаю цябе, калі ты абагнала пана майго, рыцара Райнера. Я некалі вучыў ратнай справе бацьку ягонага, пасля — сына. Прыязджаў разам з ім у храм, бачыў, як ты шпурнула назад каштоўны гранат. Дарэмна ты тое зрабіла… Камень гэты — з іхняй фаміліі, сям'і, значыць. Райнеру дастаўся тады, калі ад чумы ўвесь замак перамёр, а старэйшы брат недавумкам стаў.

— Я не ведала таго, — са шкадаваннем прамовіла Жывена. — Наш вярхоўны жрэц на мяне сварыўся. Але ці не большае зло робіць твой пан зараз, палюючы на мяне?

— Я казаў яму тое, — блакітныя вочы старога пацьмянелі. — Але ён упёрся, як Охсэ*. І маленькім быў упарты. Ты прынізіла яго — цяпер яму трэба расплаціцца з табою. Але найгорш, што ён кахае цябе, а жаніцца яму нельга: уступаючы ў Ордэн, кожны рыцар дае зарок, што застанецца цнатліўцам…

* Der Ochse (ням.) — вол.

— Досыць гаворак! — перарваў іх пануры, з жорсткімі, як у драўлянага ідала, рысамі тэўтонец. Другі, вёрткі і рыжы, як лісіца, ужо трымаў коней напагатове. Рос зноў каротка заржаў, калі Жывену садзілі на яго і зноў мацавалі да сядла, але цяпер яна ўстрымалася ад слёз, толькі з любасцю нахілілася наперад і звязанымі рукамі пагладзіла яго на чорнай грыве.


Абыходзячы нейкае селішча, яны нарэшце павярнулі на захад і паімчаліся насустрач сонцу, што садзілася за лес гэтак жа, як рабіла яно ўчора. Учора… Як далёка было ўсё, што яе акружала раней — пачцівы і радасна-захоплены позірк маладога служкі Лямца, які біўся за яе да апошняга, хцівы позірк даўгалыгага, які прадаўся за тыя манеты, якія шпурнулі яму зняважліва — добра, што не забілі; пачуццё свабоды, якое распірала грудзі, калі са спіны трапяткога свайго скакуна глядзела яна на дарогу, што рассцілалася перад ёю, абяцаючы нешта новае, нязведанае!

Нібыта абламалі крылле, якое так лёгка несла яе дасюль па жыцці, - так забалела ў грудзях Жывены, калі дабраліся яны ўчацвярых да прыземістага мураванага будынка: ён стаяў у такой глушэчы, што болей нагадваў гняздо разбойнікаў, чым карчму: каржакаватыя ліпы і дубы раслі вакол агароджы густа, аб'ехаць гэты пастаялы двор можна было толькі добра абадраўшыся аб шыпшыннік, лазоўе ды карчы — вывернутыя нейкай нялюдскай сілай, яны скрозь вытыркаліся з бур'яну ды крапіўя. Магутная дубовая брама неахвотна расчынілася перад імі, і так пажадліва-радасна зарыпелі вароты, калі падарожныя зайшлі ў гладка вытаптаны двор, што, здавалася, яны ніколі не выпусцяць адсюль сваю ахвяру. Каля трыццаці крыжакоў — хто ў каптане, хто ў латах ці кальчузе, а некаторыя ў шэрых сваіх плашчах з чорнымі нашытымі на іх крыжамі — стаялі ля доўгага драўлянага карыта з вадой, якую прагна пілі іхнія коні, некаторыя ж валаклі ў дом рознае дабро: сувоі палатна, бочкі з зернем, кадоўбцы мёду, адзенне. Жывена азірнулася на немаладога свайго спадарожніка, але ён адводзіў вочы ўбок, а пасля, разблытаўшы яе, павёў у будынак пад агульны рогат і салёныя жартачкі мужчын, што тоўпіліся ў двары.

Пах затхласці, бруду і няшчасця як ударыў у Жывену, калі яна спусцілася ўніз па склізкіх прыступках і ўвайшла ў вялікі пакой, запоўнены людзьмі, дзе не было вокнаў, толькі чадзілі смалякі, устаўленыя ў зажымы, што тут і там гняздзіліся ў адсырэлых каменных сценах. На яе мала звярнулі ўвагі — прыгнечаныя палонам і страхам, жанчыны, якіх было найболей тут, сядзелі, збіўшыся ў чараду, як качкі на вадзе. Мужчыны і хлопцы, у акрываўленых лахманах, стагналі ў куце, дзе дзве маладыя дзяўчыны суцішалі параненых. Жывена прысела ля жанчын і дзяўчат. Блізка ля яе туліліся адна да адной трынаццацігадовая зграбная дзяўчынка ў скураной шапачцы і сарафане, і старэйшая — падобная да яе кабета з раннімі зморшчынкамі ля вачэй, чырвоных ад слёз.

— Мамачка, а хто ж татку пахавае? Яго ж душа блукаць па свеце будзе без прытулку! Я папрашуся ў іх, яны ж людзі! — загаварыла дзяўчынка.

— Сціхні ты, не тузай у маці душу! — прыкрыкнула на яе светлавалосая маладзіца.

Мужчыны перажывалі раптоўны напад на іхняе селішча, успаміналі, як хто з тутэйшых абараняўся, а хто, як заяц, пятляў між хатамі, спрабуючы ўцячы і тым уратавацца. Але ўратаваліся нямногія: тэўтоны абкладвалі селішчы па ўсіх правілах ваеннай навукі, і мужчыны, аратаі, бондары ці кавалі, засягнутыя знянацку, не мелі ні сіл, ні ўмення, каб адбіцца ад ворагаў. Толькі лютасць. І яна клекатала ў іх, нібыта крынічная вада ў жарале. Таму адзін з параненых крыкнуў Жывене, што, адкінуўшы галаву ў лямцавай шапцы, сядзела з заплюшчанымі вачыма, спрабуючы сабрацца з духам і ўтварыць вакол сябе хаця б нейкае падабенства спакою:

— А ты, малойчык, што прысеў ля баб? Можа, хочаш спадніцу надзець? Бач, цалюткі ўвесь: мабыць, сам у палон пабег?

Светлавалосая маладзіца штурхнула Жывену ў бок, і тая расплюшчыла вочы. Уцяміўшы, чаго ад яе чакаюць, яна замест адказу зняла шапку, адкалола касцяныя шпількі. Залатыя валасы, як цёплая хваля, упалі ёй на плечы, грудзі. У пакоі ўсталявалася цішыня, і ў гэтай цішыні жрыца спакойна адказала юнаку:

— Твае раны павінны зажыць, а тады думай над тым, хто вінаваты. Няшчасным заўсёды хочацца зрабіць навакольных яшчэ больш нядошлымі духам, чымся яны самі.

Людскія вочы глядзелі на яе — хто з адчаем, хто з раптоўнай надзеяй, а хто — і дзяўчына ўбачыла гэта выразна — з нянавісцю.

— Хто ты, каб вучыць нас? — крыкнула светлавалосая кабета, пагрозліва насоўваючыся на маладую жрыцу.

— Гэта Ліпец вінаваты, ён заснуў на варце! — захрыпелі ў куце.

Але паранены юнак, кульгаючы, прабраўся наперад, паклаў Жывене руку на плячо:

— Яна гаворыць праўду. Нас чакае рабства, а то і смерць. Дык будзем добрымі адзін да аднаго.

Бразнула клямка, завіскаталі засовы. У пакой увайшла маладая жанчына ў чэпчыку, у белай адкрытай кофце з карсажам, які падпіраў высокія напаўадкрытыя грудзі. Яна несла ладны кавалак тлустага жаўтаватага сыру і дзве вялікія лусты хлеба.

— Хто тут жрыца Жывена? — запыталася яна, абводзячы ўсіх позіркам, і спынілася каля дзяўчыны. — Гэта табе перадалі.

Але Жывена пахітала галавой, убачыўшы галодныя позіркі вакол.

— Я не буду есці адна, — сказала яна. — Прынясі ўсім.

— Усім! — засмяялася жанчына. — Да іх чарга дойдзе. Можа, вечарам, а можа, і заўтра. Бяры!

Ціхі стогн раздаўся ля ног жрыцы. Трынаццацігадовая дзяўчынка глядзела на хлеб, рукі яе дробна трэсліся. Тады Жывена ўзяла хлеб і сыр. Жанчына задаволена засмяялася, пайшла прэч, паўз воіна, які старанна зашчапіў за ёю дзверы.

— Аддамо хлеб самым слабым, — сказала Жывена, а юнак, які стаяў побач, паўтарыў яе словы. Тады светлавалосая кабета папаўзла да яе, абняла за ногі.

— Даруй мне, жрыца, — заплакала яна. — Я веру, што твае багі пакараюць іх. Мабыць, яны самі баяцца цябе. Але пакуль… Дай мне кавалачак…

- І мне! І мне! — пачуліся галасы. Людзі паўзлі да яе, да хлеба, які яна трымала ў руках. Тады яна здалася: раздзяліла ўсё прынесенае на роўныя, у пазногаць, кавалачкі, і толькі тады супакоіліся і зноў памірыліся паміж сабою людзі… Не ўзялі хлеба толькі юнак і тры ягоныя сябры, аддаўшы свае долі дзяўчатам. Затое Жывена, як магла, дапамагала параненым — яна загаварыла кроў у Берасця дый супакоіла страшэнны боль у пераламанай ключыцы ў каваля Пуцілы.

А тым часам набліжаўся вечар, і нешта ныла-торгалася ў яе ўсярэдзіне, пад сэрцам. Недарэмна: пакуль, працягнуўшы руку, шаптала яна замовы над маладзіцай, што выгіналася на падлозе ў крыках і калатні, дзверы ізноў расчыніліся, і знаёмы голас працяжна сказаў:

— Табе пра сябе думаць трэба. Пра сябе, чуеш?

Яна рыхтавалася да гэтай размовы, збірала ў адно свой дух, але крыжак усё ж захапіў яе знянацку. Таму зневажальны тон Райнера, яго несхаваная варожасць і адначасна радасць, што так і праменілася з твару, як ніколі ажыўленага і нават паружавелага, хаця жаўтлявы лоб рэзка кантраставаў з румянкам, — усё гэта як садрала з яе ахоўную абалонку, і яна адказала дзёрзка:

- І табе, рыцар, трэба думаць пра гнеў багоў. Хаця… што я кажу: «рыцар». Вы, я бачу, звычайныя рабаўнікі.

— Не, мы звычайныя воіны, якія бяруць здабычу там, дзе яна дрэнна ляжыць.

— Не баішся Новагародка? Ці Данілы Галіцкага, чыю зямлю ты папаліў? Сваіх жа саюзнікаў?

— Не баюся. Мы едзем у Сіцылію, у войска Хрыстова. А вашы князі — здраднікі і вераадступнікі. Таму што саюз не мы — яны разарвалі. Але мы ўтаймуем іх. Як я ўтаймую цябе.

Яна апамяталася. Некалі ён пацягнуўся да яе, а яна… гэта яна зрабіла з маладога крыжака свайго асабістага ворага. Аднак жа ўспомніліся ёй словы дзядзькі Райнера: «Ён кахае цябе». Наструненая і ваяўнічая імгненне назад, яна раптоўна як апала. Немец задаволена ўсміхнуўся, паклікаў:

— Казінта, забяры яе ў мой пакой!

Маладая жанчына ў чэпчыку паслужліва пасунулася да Жывены, пацягнула яе за сабой, па слізкай лесвіцы, наверх, дзе прыступкі былі меней сцёртыя. Казінта штурхнула дзверы аднаго з пакояў, увяла туды дзяўчыну, павярнулася, каб ісці.

— Чакай, — ласкава дакранулася да яе Жывена. — Ці не магла б ты даць мне вады? Простай вады.

Казінта глядзела на яе моўчкі, вочы нядобра блішчэлі; зялёны шоўк гарсажу, шэрая спадніца рабілі яе падобнай да пліскі, якая шашэрыць пер'е, каб здавацца большай і важнай. Зноў ні слова не прамовіўшы, яна пайшла з пакоя, зачыніўшы яго звонку на ключ. Жывена агледзелася.

Закратаванае вузкае акно выключала ўсялякую магчымасць выбрацца адсюль праз яго. На пабеленай сцяне вісеў крыж, пад ім стаяў прыземісты стол з белым абрусам. У куце месціўся ложак, чорны зашмальцаваны полаг ахінаў яго, хаваючы ўзгалоўе. Дзяўчына здрыганулася, ізноў, як зачараваная, падскочыла да акна — там была воля, дарога, якая магла б вывесці яе адсюль! Задрыжалі рукі, закалацілася сэрца. На імгненне захацелася з усяе сілы ўдарыцца ў дзверы, каб навекі ўпасці ля іх непрытомнай… Але тут загучалі ў ёй словы Святазара: «Чалавек ведаў не можа не быць цвёрдым і рашучым, бо ноша ягоная цяжкая, а шлях далёкі». Яна паўтарала і паўтарала іх, а вочы няўважна глядзелі на тое, як крыжакі ў двары гучна выкрыквалі нешта Казінце, як адзін з іх, узяўшы гляк, у які яна набірала ваду, другой рукой пацягнуўся да яе падбародка, а яна, адкінуўшы назад галаву, выставіўшы грудзі, нешта млява гаварыла, пажадлівасці навакольных не толькі не жахаючыся, а наадварот, як бы ўзбуджаючы іх. Тады нейкая думка, далёкая, як кропля вады, што страсае на другім беразе з крыла качка, таўканулася ў ёй. Жывена ўгледзелася ў Казінту — попельныя кудзеркі ў той былі амаль той жа даўжыні, што і пасмы на плячах Жывены. Амаль аднолькавы рост, нейкае падабенства ў тварах — па-славянску круглых, з крыху ўздзёртым носам. Вось толькі чэшка больш мажная, пругкая, як калядная булка. Напасці на яе ззаду, звязаць і, апрануўшы ейны ўбор, выслізнуць пад вечар з карчмы ці што там гэта ў іх — патаемнае сховішча рабоў і здабычы?

Але яна тут жа зразумела, што гэтага не зробіць. І не таму, што можа не справіцца з кабетай — яна, Жывена, лоўкая і хуткая, на скаку дастае галавой зямлі і вяртаецца назад у сядло. Проста нават дзеля свабоды яна не можа ўчыніць гвалт над нявіннай. «Нявіннай?!» — загаварыла ў ёй абурэнне. «Ды яна ж прадажная жанчына, віслена, альбо, як казалі агнішчане і простая чадзь, прасталытка!» І нейкі ўнутраны, спакойны, як сумленне, голас сказаў рашуча, як убіўшы кол у разгарачанае месіва думак: «Не!»

Казінта ўнесла гляк, паставіла яго на стол і накіравалася да дзвярэй. Жывена ўстала на яе шляху.

— Дапамажы мне. Ты ж славянка, як і я. Адчыні мне дзверы. Я заплачу табе. Дай мне збегчы адсюль!

Зеленаватыя вочы жанчыны шырока раскрыліся:

— Ты хочаш бегчы?!

Яна гаварыла на мове, якая была зразумелая Жывене, хаця асобныя словы вымаўляліся іначай.

Дзяўчына хутка заківала галавой, а душа яе рванулася прабіць сцяну непаразумення паміж ёю і гэтай жанчынай, ад якой магло залежаць яе выратаванне. І нешта як скранулася ў Казінце, вочы яе пацяплелі:

— Мне сказалі, ты застанешся ў нас. Можа, будзеш таксама абслугоўваць гасцей. А ў мяне дзеці — хлопчык і дачушка. Ты — прыгажэйшая, і ў цябе няма дзяцей…

Тады Жывена зразумела прычыну варожасці Казінты, і шкадаванне заліло ёй грудзі варам:

— Я лепей памру — ты верыш мне, Казінта?

Жанчына няпэўна паціснула плячыма, пасля, павагаўшыся, дадала:

— Мабыць, так… Але я не магу табе памагчы — мяне заб'юць.

— Я звяжу цябе… ты скажаш — я заспела цябе знянацку!

Але цяпер Казінта сказала цвёрда:

— Яны заб'юць мяне, а куды дзенуцца мае дзеці? Я шкадую цябе, я была такая ж маладая і гордая. Але мне хацелася жыць — хай у палоне, сярод насільнікаў… Толькі б жыць. І вось жыву.

Жывена зняла з грудзей запаветны залаты медальён з выявай Ашвінаў — «Яны даруюць мне святатацтва, яны добрыя».

— Я не вазьму яго, — Казінта адхіснулася. — Мае дзеці…

— Тады замяні мяне, — патрабавальна глянула на яе Жывена. — На сённяшнюю ноч. І прынясі кварту медавухі.

Медальён вісеў перад вачыма Казінты, яна пераводзіла позірк то на яго, то на Жывену.

— Ты… ты атруціш яго, Райнера?

— Абяцаю табе… як называецца ваша багіня прыгажосці? Ляля?

— Красопані альбо Лада…

— Клянуся ёю і маці-Зямлёй, што ён застанецца жывым і нават здаровым. Можа, будзе піць разам з усімі — кінь шчопцю ў кварту. Тады ён не здолее адрозніць цябе ад мяне. Памажы мне — і нашы славянскія багі дапамогуць і табе. Ты згодная, калі я не памру да вечара альбо не збягу адсюль, легчы замест мяне ў гэты ложак?

Казінта асцярожна пагладзіла медальён. Уздыхнула.

— Яны не ўзялі ў цябе нават твой сярэбраны бранзалет, — яна дакранулася да запясця жрыцы. — Падары мне яго і пажадай калі-небудзь выбрацца адсюль. — А медальён, — дадала кабета, — пакінь сабе. Я не хачу крыўдзіць багоў-блізнят — ім пакланяліся і мае продкі.

Яны абгаварылі прыдуманы Жывенаю план і, здаецца, зразумелі адна адну. Жрыца не памылілася: тут, сярод глухой пушчы, заезны дом-карчма прызначаны быў для ліхіх малайцоў, хто хацеў хутчэй збыць нарабаванае. Сюды звозілі палоннікаў, каб прадаваць іх далей — у краіны ісламу, Міжземнамор'е. Разлік крыжакоў на тое, каб, ад'язджаючы з земляў сваіх былых саюзнікаў, пацешыцца там вайною і рабаўніцтвам, не вельмі выяўляючы сябе, быў хітрым: як разбірацца на папялішчы, хто яго ўтварыў — разбойнікі, татары альбо крыжакі? Тым болей што Міндоўг хітрыў: адпісваў немцам землі, якія яму не належалі, часам паказваў, можа, і не хочучы таго, як апрыкралі яму пагрозліва-буйныя германцы, якія, аднак, пагардліва глядзелі на новаахрышчанага князя, што не хаваў сваёй даўняй адданасці язычніцтву. Жывена ведала пра тое, таму не хацела, як спярша збіралася, раскрыць таямніцу свайго нараджэння рыцару Райнеру. Падумаўшы, яна вырашыла, што можа тым толькі пашкодзіць сабе.

Вечар густа мазаў спачатку барвовымі, пасля ружова-бледнымі, затым сіне-шэрымі фарбамі вапнавую сцяну насупраць акна. Цені сцякалі па ёй туды, дзе нараджаюцца ўсе формы быцця, што прыходзяць спраўджвацца на зямлю. Знізу паднімаліся ўсё гусцейшыя пахі цыбулі, кропу, смажаніны і дымнага, п'янага застолля, чуўся грукат посуду і рогат, загудзела валынка. Пасля, мабыць, з падзямелля вывелі дзяўчат і маладзіц — заенчылі, заскуголілі, як прапашчыя душы, тонкія галасы. Але хто мог дапамагчы няшчасным тут, дзе кожная бэлька і дошка крычма крычалі аб пакутах і злыбедзе, гвалце і крыві? Пітво рабіла сваё: дзікія крыкі мацнелі, яны паднімаліся наверх — мабыць, немцы цягнулі пакутніц па пакоях-логавах. Плач і лаянка, хрыплае галёканне, тупат і рыпенне дошак напоўнілі, здаецца, усё навокал. Яна ціха сядзела ў цёмным пакоі, дзе чорнымі струменямі мільгацелі па кутах злыдухі, якія так любяць спажываць чалавечую нянавісць і страх, ад таго селяцца толькі там, дзе яны ёсць. Мышыны іх, зласлівы піск выразна чула Жывена, але не было ў яе ні агню, які прымушае адступаць усе чорныя сілы, ні магічнага жазла, а самае галоўнае — душа яе ніяк не магла сабрацца ў адно і адкінуць прэч дробную калатню страху, а без таго не справіцца ёй з пошасцю, якая кіруе і гэтымі нячысцікамі, і ўчынкамі Райнера. Спалоханай душы не дадзена прабіць і варожую каламуць хмараў, што шчыльнай заслонаю ахінулі гэты злашчасны дом і яго насельнікаў… Усё разумела Жывена, але глядзела на амаль непрыкметны ў цемрадзі жоўты круг месяцовага святла і пачувала сябе звязанай путамі чужой, варожай чалавеку волі, пакінутай светлымі сіламі, такімі спачувальнымі да яе раней…

Ад лязгату ключа ў жалезным замку амаль падскочыла маладая дзяўчына, але Райнер, які грузна ўваліўся ў пакой, на шчасце, не ўбачыў таго, бо ў паядынку, які пачынаўся між імі, першы крок, першае слова маглі вызначыць усё.

— Дзе яна тут? — прамармытаў ён невыразна, і Жывена зразумела: той гран* парашку балігалову, які яна дала Казінце, ужо дзейнічае. — Агню! — закрычаў ён.

* Гран (лац.) = 0,062 г.

Не падаючы голасу, палонніца стаяла за полагам, і крыжак, спатыкаючыся ў цемры, расставіўшы рукі, пайшоў да ложка. Але Жывена лёгка слізганула да дзвярэй, намацала ключ.

— Нашто тут агонь? — голасна сказала яна, каб заглушыць рыпенне замка, заміраючы ад думкі, што Казінты не акажацца за дзвярыма. Але тая, як толькі прыадчыніліся дзверы, вёрткай ласіцай праціснулася ўнутр, шчыпнула дзяўчыну.

— Зжалься, рыцар! — хуценька прагаварыла жрыца, зразумеўшы, што ёй цяпер трэба як мацней замацаваць свой вобраз і голас у свядомасці гвалтаўніка. — Пашкадуй мяне! Дзеля нашага дому, у якім цябе прымалі як дарагога госця, дзеля майго дзеда Агапія!

Райнер, які, абмацаўшы ложак, ішоў да дзвярэй, на імгненне прыпыніўся. Здавалася, у яго замутнелай галаве нешта праяснілася. Ды толькі на імгненне. Ён зласліва засмяяўся.

— Ты думаеш абагнаць мяне і тут? — прагаварыў крыжак. — Не спадзявайся. Я мужчына і воін, не горшы за астатніх! Не горшы, чуеш ты!

Постаць Казінты захіліла сабою Жывену, якая здолела выціснуцца з дзвярэй і тут жа прыкрыць іх за сабою.

— А-а, ты думала збегчы ад мяне? — перахапіўшы Казінту ля дзвярэй, крыжак растапыранай пяцярнёй ледзь не ўпаяў яе ў сцяну, правай жа рукой зноў павярнуў ключ у замку і на гэты раз апусціў яго ў кішэню каптана. Кабета, як бы змагаючыся з ім, нахілілася, укусіла яго за плячо. Тады раз'ятраны мужчына кінуўся на яе, як раззлаваны доўгай пагоняй коршун падае на зняможаную зайчыху, когцячы яе без жалю і спяшаючыся глытнуць свежай, гарачай крыві…

Скурчыўшыся ў камяк пад цёмным сваім карзном у кутку калідора, ледзь асветленага смаляком, і кожную хвіліну чакаючы, што нехта з п'яных крыжакоў альбо вартавы, што тырчаў ля лесвіцы, якая вяла ўніз, заўважыць яе, чакала маладая жрыца, калі выйдзе Казінта, і ці ўдасца ёй ашукаць Райнера, замглёнага моцнай медуніцай і парашком.

— А што, калі не атрымаецца? — пыталася яна ў сябе і не знаходзіла адказу. Не для таго доўгія гады вучылі яе ў храме, каб у найгоркі час яна шукала смерці як выбаўлення. Колькі разоў паўтараў ім, юным, шапаткі, як стончаны часам кляновы ліст, Святазар, што ўсе жахі жыцця прыцягваюцца самім жа чалавекам, і ў сабе, верачы багам і светламу пачатку жыцця, трэба шукаць паратунку. Але адным не валодае чалавек — уласным жыццём, бо яно даецца багамі па іхняму, невядомаму смяротнаму плану і не можа абрывацца па прыхамаці самога чалавека.

— Але калі здзекуюцца, калі хочуць зламаць душу? — помніцца, наіўна запыталася аднойчы Жывена, ніколі не думаючы, што некалі сутыкнецца з тым сама.

— Калі ты сама не пагодзішся на тое, душу не зламаюць ніколі! — цвёрда адпрэчыў вярхоўны жрэц.

Тады, помніцца, гаворка цягнулася доўга, але менавіта гэтыя словы ўсплылі зараз у Жывене, і чамусьці стала лягчэй дыхаць. Якраз тады ціха расчыніліся дзверы; пільна агледзеўшы калідор і вызначыўшы, дзе Жывена, Казінта, тулячыся да сцяны, падкралася да яе.

— Спіць, — прашаптала ледзь чутна. — Не бойся ўжо…

Можна было разгледзець пад плашчом разарваную кашулю і пісягі на шыі, але жанчына, махнуўшы рукой, паказала: «Ідзі!» Толькі калі жрыца схавалася за дзвярыма, прыслужніца выпрасталася і пайшла да выхаду, дзе, убачыўшы яе, ажывіўся і радасна загергетаў вартавы. Калі ж ён, пажадліва ўхапіўшы за плячо, запытаўся ў Казінты, ці спадабаліся ёй нямецкія мужчыны і ці прыйдзе яна да яго пасля вахты, жанчына, шчыльней кутаючы плашчом грудзі, адказала па-нямецку клічам, які неаднойчы вечарам ужо гучаў унізе, у карчме, дзе яны пілі напачатку:

— Sturm und Drang!*

* Штурм і націск! (ням.)

Тады вартавы жартоўна адсалютаваў, падняўшы ўгору меч, а кабета дадала:

— Пасля вахты прыйду, але гэта будзе каштаваць тры манеты!

Ён зморшчыўся, павагаўся, кіўнуў, а яна, гідліва моршчачыся, пачала спускацца ўніз, у сваю каморку, дзе спалі дзеці. Але, падышоўшы да дзвярэй, пайшла ў двор, да студні, дзе доўга і захлёбіста піла ваду з драўлянага цэбра, абкаванага вобадам, ад якога ў яе чамусьці, нібы ў сцюжу, мерзлі рукі…

Жывена, наадварот, уся як палымнела, заходзячы ў пакой, дзе пад чорным полагам ложка чулася соннае булькатлівае дыханне Райнера. Той спаў цяжкім, пакутлівым сном, стогнучы праз зубы, так што, асвойтаўшыся з цемрай, дзяўчына паклала яму ў кішэню каптана, што валяўся побач, узяты ключ — паклала з горкім шкадаваннем, з надзеяй усё ж выкарыстаць яго дзеля волі. Пераканаўшыся, што крыжак не прачнецца да раніцы, яна стала на калені перад акном і, сціскаючы ў руках медальён, з адчайным маленнем стараючыся прабіць імгліста-непрыветную цемрадзь, стала, гімн за гімнам, звяртацца да Ашвінаў. Сілы пакрысе вярталіся да яе. Першая, хаця і маленькая, зусім няпэўная перамога акрыліла жрыцу. Яна не ведала, колькі прайшло часу, аднак у нейкі момант, калі малітва зрабіла яе лёгкай, як пёрка, гатовае ўзляцець ад непрыкметнага подыху ветру, між вязкімі, як шэрая гразь, аблокамі выбліснула сузор'е Ашвінаў* — дзве яркія, як агні ў начы, зоркі глянулі ў пакой. Тады рыданне вырвалася з грудзей жрыцы, і яна распасцёрлася на падлозе. Калі ж падняла галаву, сузор'е зноў зацягнулі хмары, але цяпер ёй не было страшна, яна ведала, што знойдзе сілы, каб змагацца.

* Сузор'е Блізнятаў.

Таму, даручыўшы сябе боскім блізнятам, яна, захутаўшыся ў карзно, лягла ў куце далей ад ложка і неўзабаве заснула таксама. Была страпянулася, калі ўставаў Райнер і няўцямна мармытаў не то праклёны, не то малітвы, апранаючы даспехі, а пасля, не падышоўшы да яе, грузна патэпаў да калодзежа, дзе ўжо рыпеў калаўрот, але тут жа заснула ізноў, ажно пакуль не загукаў да ўсіх рог і нейчы голас унізе не пракрычаў, што прыехалі купцы.

Тады дзяўчына ўстала, зазірнула ў акно, адкуль чуліся іржанне коней, рыпенне падэшваў, лязганне ланцугоў. З будынка выводзілі першых палоннікаў. Дзяўчынку, што сядзела побач з Жывенай у падзямеллі, пазнаць можна было толькі па сарафане ды скураной шапачцы — твар яе, ссінелы і распухлы, здаваўся маскай глумца, рухі былі запаволеныя; маці ж, наадварот, увесь час торгалася, нібы ад узмётнага нядужання*. Светлавалосая маладзіца закрывала далонямі голыя грудзі — апратка яе вісела рыззём. Каваль Пуціла ішоў скасабочаны, пачарнелыя плямы крыві на кашулі закарэлі. Каржакаваты, у чорным валоссі, нібы жук-гнаявік, чалавек біў молатам па маленькай накавальні, заклёпваючы на нагах нявольнікаў першыя цяжкія ланцугі. Адзін з мужчын-нявольнікаў, што стаяў непадалёку ад сцяны, вялізнымі скачкамі, мабыць, разарваўшы вераўчаныя путы, ірвануўся да яе, спадзеючыся пераваліцца праз перашкоду, але вартаўнік заспеў яго на сярэдзіне — гакнуў меч, перасечаны амаль напалам чалавек асунуўся на зямлю, таргануўся колькі разоў і заціх. Крыжакі адабральна зараўлі. Захадзілі па плячах і сцёгнах знямелых людзей цяжкія бізуны. Купцы аглядалі жывы тавар, таргаваліся, завязвалі ў вузлы тканіны і мяхі, бразгацелі манетамі і сярэбранымі брускамі. Жывена выглядала Роса, але яго не было відаць, і яна зразумела, што яе не стануць прадаваць разам з астатнімі.

* Падучая.

Звонку ў дзвярах павярнуўся ключ, і ўвайшла Казінта.

— З цябе трэба было б яшчэ пару манет, надта ён дурны, — азірнуўшыся, прашаптала карчмарка. — Што, ні разу не быў з жанчынай?

Жывена паціснула плячыма, вымавіла з горыччу:

— Ты магла б мне дапамагчы. Загавары вартавога, я праслізну міма, а там…

— Маю папярэдніцу засеклі толькі за тое, што развязала ногі цяжарнай жанчыне, якую трое сутак трымалі ў падзямеллі без ежы. Усё, што я магу — прынясу табе абцугі, можа, спатрэбяцца ў дарозе. Бруна сказаў, што павязе цябе следам за атрадам.

— А куды яны едуць? — узбурылася Жывена. — У Сіцылію, далучацца да крыжовага паходу? Праз нявольніцкія рынкі ў Дэбрцэне і Венецыі?

— Не ведаю, — спагадліва прамовіла Казінта. — Адно скажу — нічога добрага ад іх чакаць нельга. Я ўжо іх ведаю…


Яна яшчэ некалькі разоў заходзіла да жрыцы — то прынесла паесці, то падарыла ёй маленькія, як цацачныя, абцугі, якія, відаць, засталіся ад кагосьці з нявольнікаў-палонных, то папрасіла бронзавую спражку і скураны пояс, якія надта ўпадабала. А пасля абеду, калі сонца схавалася за вершаліны змрочных навакольных дубоў, у пакой завітаў Бруна. Ясныя вочы яго вінавата зіркнулі на Жывену.

— Збірайся! — коратка кінуў некуды ўбок і паспяшаўся за дзверы, не адказаўшы на яе таропкія пытанні. Адтуль ужо, з калідора, праз хвіліну гаркнуў па-нямецку:

— Ком!*

* Сюды! (ням.)

Двор быў амаль пусты, толькі ля брамы стаяла фурманка з расцярушаным па дошках сенам. Звераваты каваль ладзіў над ёю заслону з палатна і выгнутых арэшын, забіваючы апошнія цвікі. Знаёмы ўжо крыжак — вёрткі, рыжы, як ліс, — вывеў з будынка таго параненага юнака, які падтрымаў маладую жрыцу. Збіты на горкі яблык юнак, аднак, усміхнуўся Жывене разбітымі вуснамі, патрос звязанымі наперадзе рукамі. Рыжы моцна штурхнуў яго да фурманкі, падхапіў за ланцугі на нагах і падсадзіў у воз, ды так груба, што хлопец тыцнуўся тварам у драўляную сценку. Жывена падскочыла да фурманкі, дапамагала юнаку сесці. Рыжы змрочна сачыў за ёю. Коратка сказаў нешта кавалю — той стаў таропка біць малатком па канцы доўгага, больш цяжкага ланцуга, да якога як прыкляпалі юнака, а потым Жывену, на ногі якой таксама надзелі калодкі. Апошнім пасадзілі ў фурманку каваля, які ўласнымі рукамі накінуў на сябе калодкі, а ключ ад іх узяў, замкнуўшы ўжо самога каваля, рыжы крыжак. Ён жа ўладкаваўся ў фурманку, каб сцерагчы палоннікаў, а Бруна сеў за фурмана. Тады прывялі Роса, якога прывязалі ззаду.

Калі ўжо расчынялася, як нехаця, брама, да вазка падскочыла Казінта, якая паклала на ногі Жывене скрутак.

— Тут хлеб і сыр. Маліся за маіх дзяцей, жрыца, як я буду маліцца Багародзіцы за цябе, — шапнула яна, а на пагрозлівы рык рыжага выцягнула вусны трубачкай, як бы цалуючы яго:

— Der Schurke!* — буркнуў той, аднак падабрэў і, разгарнуўшы скрутак, вярнуў назад кавалак жоўтага круглага сыру і паўбохана.

* Шэльма.

Жывена не зводзіла вачэй з любімага каня, а Рос бег, лёгка перабіраючы нагамі ўслед за вазком, і час ад часу, нібы перагаворваючыся з ёю, коратка іржаў.

— Ты сапраўды чараўніца, — заўважыў юнак. — Аднак жа немцы, мабыць, мацнейшыя за нашых славянскіх багоў. А як цябе завуць, дзяўчына?

Яны пазнаёміліся. Юнака клікалі Заяц, ён, як і Жывена, быў язычнікам, лепшым гаршкалепам у селішчы, дзе крыжакі ўзялі і каваля Няжылу, што ехаў разам з імі. Іх абодвух забраў сабе Бруна, які, як і Ота, служыў камандзіру крыжакоў — высокаму, з нейкім нежывым тварам.

На першым жа прывале, калі Бруна, адамкнуўшы калодкі Жывены, стаў даглядаць яе, пакінуўшы абодвух мужчын Ота, а той шпурнуў ім толькі сухі праснак, які яны ламалі звязанымі рукамі і прагна глыталі, Няжыла мармытнуў:

— Хай бы мне лепей памерці, як я перажыў сваіх сыноў. Хай бы Веляс уцягнуў нашых ворагаў жыўцом у сваё падземнае царства да нячысцікаў, а тыя б распорвалі ім жываты так, як яны паролі нашым. І дзеўцы гэтай туды ж дарога…

Бруна, пакінуўшы Жывену, якой ён даваў вады з біклагі, падышоў да каваля, ударыў яго ў жывот, той сагнуўся, заенчыў.

— Не гавары пры ім нічога, ён разумее па-нашаму, — з жалем да няшчаснага прамовіла жрыца. Заяц жа злосна таргануўся:

— Што ў славян за звычка — каб кожны побач няшчаснейшым за цябе рабіўся! Ты ж паглядзі, якая яна прыгажуня — няўжо і ёй праснак коўтаць, як нам?!

Але ў Жывены зноў, як і ў падзямеллі, звяло сутаргай горла, і яна настояла, каб тое, што было ў скрутку, падзялілі пароўну паміж усімі палоннікамі.

— Куды вы везіцё нас? — каторы раз задавала яна пытанне старому дзядзьку-зброяносцу, і той нарэшце неахвотна прамовіў, што Райнер загадаў везці ўсіх траіх у ягоны родавы замак, бо старэйшы брат — уладарнік баронскага тытулу і сеньёр — не будзе клапаціцца ні пра разбураныя часам масты і равы вакол замка, ні пра паўднёвую сцяну, прабітую падчас вайны з князем Манфрэдам, калі той паўстаў супраць улады Ордэна.

— А дзе ваш замак? — пыталася Жывена, і Бруна, ізноў адмаўчаўшыся, урэшце працадзіў, што на мяжы з франкамі. Куды больш ахвотна апавядаў ён на другім прывале, зробленым пад вечар, аб сыне Фрыдрыха II — Генрыху VIII, які паўстаў супраць свайго бацькі, праклятага папам Інакенціем IV. Пракляцце тое лягло, як злавесны водгук, і на сына Генрыха, Конрада Чацвёртага, які загінуў зусім нядаўна, якіх тры гады назад, і на ўсю Германію, дзе цяпер пануе вялікі Інтэррэгнум*, калі гарады набываюць сілу і сплочваюцца ў саюзы, якія не хочуць падпарадкоўвацца манархам. Рыцарам цяпер таксама цяжка — вольнасць іх моцна абмяжоўваюць уладары ўдзельных княстваў, бадай што, свабодным па-сапраўднаму застаўся толькі Нямецкі Ордэн, Тэўтонскаму ж, які пануе паблізу ад славянскіх земляў, пакуль не пагражае княжая ўлада, і ён дапамагае папе ператвараць язычнікаў у хрысціян.

Загрузка...