* Міжцараванне (лац.).

Апавядаючы ўсё гэта, зброяносец Райнера нібы рыхтаваў Жывену да яе новага жыцця, аднак зняць ланцугі з яе адмовіўся наадрэз:

— Мой уладар верыць, што я выканаю яго загад. А ты не дзяўчына — агонь, і калі я ўпушчу цябе…

Рыжы Ота неадабральна касіўся на Бруна, які, развязаўшы ўвечар рукі Жывене, дазволіў ёй паесці адной пад разложыстай ліпай, а пасля трохі паляжаць. Аднак жа ніхто з немцаў не абшукаў яе і не знайшоў маленькія абцугі, якія яна паклала ў патайную кішэню каптана. А яны грэлі яе, як надзея на выратаванне, якая то згасала, то разгаралася нястрымным, зыркім полымем душы, гатовай ахвяраваць жыццём дзеля волі. Аднак жа не выпадала рызыкаваць дарэмна, а Бруна на прывалах амаль не зводзіў з яе вачэй. Цяпер усё часцей за фурмана сядзеў Ота, таму Жывена і не магла ні аб чым дамаўляцца з Зайцам, які, мабыць, таксама абдумваў планы ўцёкаў, бо пры кожным прывале перш за ўсё чэпка абмацваў вачыма наваколле, як прыкідваючы нешта, на што рыжы Ота злавесна і пагражальна штурхаў яго ў плечы і гразіў мячом.

Дзень за днём ехалі яны ўглыб Нямеччыны, мінаючы вялікія дарогі. Ехалі лясамі, як разбойнікі, бо, патлумачыў Бруна, рабавалі якраз на вялікіх шляхах, асабліва на памежных землях княстваў. І толькі ў канцы другога тыдня выдалася нагода, аб якой даўно марылі і Заяц, і Жывена, і маўкліва-панылы Няжыла, які цяпер зацята маўчаў, не гледзячы на дзяўчыну і свайго напарніка, ды неадменна стараўся ўхапіць кавалак большы, чым у Зайца. Але, хаця і марыў Няжыла аб волі, аднак, калі Заяц выклаў яму свой план пабегу, рызыкаваць не захацеў:

— Сілком зброю ў іх не захопіш, яны воі, а мы…

Тады Жывена і Заяц згаварыліся зрабіць па-свойму. Дзяўчыне ўдалося непрыкметна перадаць свайму спадарожніку абцугі, і ўвечары, калі моцна заснуў Бруна, які заўсёды клаў непадалёку ад сябе давераную яму дзяўчыну, а Ота, які дзяжурыў у тую ноч, падкідваў галлё ў вогнішча, да яго ззаду падпоўз малады гаршкалеп. Усё адбылося імгненна: выхапіўшы меч з похваў вартаўніка, хлопец з усяе сілы ўсадзіў яго ў ворага. Кароткі хрыплы крык прымусіў ускочыць Бруна, але, калі ён кінуўся з кінжалам на Зайца, Жывена лоўка схапіла яго за нагу, і ён грымнуўся на карчы, як вяпрук, з рыкам, аднак ускінуўся і пачаў бой. Заяц, нягледзячы на маладосць, уступаў старому вою ў сіле і спрыце, але Жывена закрычала па-нямецку:

— Бруна, ён не заб'е цябе, толькі дай нам уцячы!

Няжылы ўжо не было тут — ён паўзком пакінуў сваё месца, падаўся, відаць, у лес. Чуваць было ў цемры, як гнеўна заржаў Рос — мабыць, бягляк спрабаваў усесціся на яго.

Жывена бездпаможна азірнулася — Заяц адступаў, хаця і адчайна супраціўляўся. Меч Бруна ў похвах ляжаў ля яе ног, выблісквала дзяржальна ў выглядзе змяі. Яна з агідай схапілася за халодную змяіную галаву, выцягнула даўгі, цяжкі меч. Закрычала яшчэ раз з адчаем:

— Бруна, я заб'ю цябе, чуеш? Адыдзі ад яго!

— Лепей не падыходзь, дзяўчына, іначай я прывязу Райнеру толькі твае залатыя валасы! — з натугай, здзекліва прасіпеў ахоўнік, не адводзячы вачэй ад маладога свайго саперніка, але, мусіць, супакоіўшыся наконт яго вайсковага ўмельства. Бачна было, што ён ужо выбіраў хвіліну, калі можна будзе параніць таго ў руку, каб, выхапіўшы меч, канчаткова з ім расправіцца.

Жывена ўбачыла — ён не дасць падысці і ёй, не дазволіць нават падняць меч. І адначасна са страхам, разгубленасцю раптам з самых глыбінь душы ўзнялася ў ёй шалёная, неўтаймоўная прага вызвалення. І позірк яе ўпаў на два камені, што ляжалі ў вогнішчы — на іх ставілі гаршчок з варывам. Яна скочыла да іх так хутка, што Бруна не паспеў ухіліцца ад каменя, які ўдарыў яго па вуху так моцна, што прымусіў вохнуць і схіліцца ад болю. Тады, адначасна з крыкам Жывены «Не забівай!» Заяц зверху секануў яго мячом, і Бруна грузным мехам паваліўся яму пад ногі.

— Гатова! — задыхаючыся, вымавіў хлопец і з дакорам глянуў на жрыцу: — Яшчэ трохі, і ён бы змянташыў мяне на капусту, а ты…

Тонка праспявала страла, упіўшыся ўсім сваім жалезным, смяротным наканечнікам у яго маладое цела, і Жывена так і не даведалася, ці пашкадаваў ён у апошнія свае хвіліны таго, што не дабіў Ота, які таксама на апошнім дыханні дапоўз да калчана са стрэламі і здолеў пусціць гэтую, каб дзіка зарагатаць і тут жа памерці. Дагарала патрывожанае вогнішча, яна стаяла, працягнуўшы да памерлага Зайца апечаныя рукі, а на нагах дробна пазвоньвала жалеззе ланцугоў, і яны, ногі, здавалася, ураслі ў зямлю, дый сама яна, як казюрка ў бурштыне, застыгла ў гэтай гаротнай хвіліне, дзе былі смерць і чарната, і рогат нячысцікаў, якія падступалі ўсё бліжэй.

Мяккая пыса Роса дакранулася да пляча, і тады спала здранцвенне. Абняўшы цёплую шыю каня, дзяўчына, выпрастаўшыся, крыкнула ўсім, хто падбіраўся зараз да мерцвякоў, да яе, жывой, магічныя словы адпрэчання, і тады калыхнулася вогнішча і затрашчала вогненнымі вугельчыкамі, сціх рогат, а яна сцягнула нябожчыкаў да кастрышча і, закідаўшы ўсіх галінкамі і суччам, прачытала замовы-суправаджэнні ў вырай, царства памерлых, дзе ім давядзецца караскацца на шкляную гару Меру на адвечны суд. А можа, немцы пойдуць у сваю Валгалу? Як бы там ні было, яна не магла пакінуць і іх без словаў жальбы, не магла адмовіць і іх душам, якія, здаецца, малілі не пакідаць на растурзанне звярам ужо скарчанелую плоць. Калі б так здарылася, асуджаная была б душа заставацца на зямлі, блукаць па свеце і палохаць жывых…

Жывена вымаўляла старажытныя, суровыя словы да Ўладара мёртвых, а душа яе плакала, ніяк не могучы прымірыцца з тым, што на зямлі, дзе ёсць усё, каб быць шчаслівымі, людзі ненавідзяць, зайздросцяць і забіваюць адзін аднаго. Бясконцай спіраллю цягнецца Зло, і дзе тое месца, якое можна было б выпаліць святлом і любоўю, як выпальваюць у храме праз крыштальны шар-пацік — страшны гнілец* на целе хворага?!

* Ваўчанка.

У куфры, што везлі з сабою слугі Райнера, яна знайшла залатыя і сярэбраныя манеты, грыўны, колты і завушніцы. Павагаўшыся, узяла іх з сабой, частку зашыла ў карзно, ад чаго яно пацяжэла. Каня, які вёз фурманку, выпрагла, прывязала да Роса і накіравалася назад.

Хутка, аднак, яна заблудзілася. Лясныя дарогі бясконца раздвойваліся, растройваліся, некаторыя, даўно не ходжаныя, зараслі хмыззём, так што раніцу Жывена сустрэла ў гушчары, з якога выбралася толькі пад полудзень.

Невялікі нямецкі гарадок чырванеў непадалёк чарапічнымі вастраверхімі дахамі, былі відны вартавыя з нязвыкла тупымі дзідамі, востры позірк жрыцы нават распазнаў герб над брамай — чорны мядзведзь на задніх лапах. Дзяўчына некаторы час вагалася — што чакае яе там? Што сказаць варце? Але ж у катомках яе няма галоўнага — ежы.

Прысела пад ліпамі, загадала на першага сустрэчнага — ці пададуць праз яго багі ёй знак, які просіць? Коні ціха скублі траву каля пня, на якім сядзела жрыца, а яна ўсё чакала. Але нарэшце пачуўся голас; па дарозе ехаў чалавек, ён ціха напяваў праз зубы аднастайны матыў. Жывена ўгледзелася ў яго і не паверыла вачам: з-пад безрукаўкі выглядала кашуля з вышыўкай, і вышытая на ёй была Жытняя Баба з двума коньмі. Кашуля была старая, але чырвоныя і чорныя ніты вышыўкі не выгаралі, нібыта ў іх усялілася душа той славянкі, якая некалі іх вышывала. Так, славянкі, таму што Жывена добра ведала таямнічыя знакі вышыўкі і ткацтва, якія лепей за словы гавораць, адкуль чалавек і хто ягоныя продкі.

Яна выйшла на дарогу, і стрэчны спачатку спалохана, а пасля супакоена сказаў, што гэта за горад. Яе мовы ён не разумеў, аднак помніў, што продкі яго з сорбаў — славян, якія яшчэ паўтара стагоддзя назад змагаліся тут супраць Альбрэхта Мядзведзя, які, урэшце, пераламаў іх супраціўленне і зрабіў гэтую зямлю нямецкай. У разрэзе кашулі выбліснуў крыж — Паўль, як звалі чалавека, быў спраўным хрысціянінам, ён з ахвотай узяўся дапамагаць падарожніку, які ўцёк ад рабаўнікоў. Зрэшты, яна і не крывіла душою, таму ёй лёгка паверыў гаспадар карчмы — родзіч Паўля, хаця і запытаўся пра другога каня — каму належаў ён?

— Майму слузе, — адказала Жывена. — Але яго забілі, і я ўцякаў адзін. Ці не дапаможаш мне прадаць яго?

— Я хацеў бы сам купіць такога, на іх звычайна ездзяць толькі рыцары-крыжакі. Але баюся, што ты запросіш зашмат.

Тады Жывена прапанавала абмен: яна аддасць каня ўзамен за пражыццё і правадніка, які правядзе яе да межаў Брандэнбургскай зямлі. На тым і пагадзіліся. Аднак жа, хаця і дамовілася дзяўчына выехаць з гарадка праз два дні, закупіўшы ўсё неабходнае для падарожжа, атрымалася іначай.

Калі, прагуляўшы Роса, яна вярталася да карчмы паўз гарадскі калодзеж, ля якога з цэбрамі і глякамі стаялі жанчыны, гучна абменьваючыся гарадскімі навінамі, яна пачула прозвішча, якое прымусіла спыніцца і застыць непадалёк, робячы выгляд, што правярае капыты скакуна.

— Мне прыйдзецца падаваць скаргу бургамістру, таму што фраў Шонвальд два месяцы не плоціць грошы, — шчабятала маладая румяная таўстуха ў карычневай сукні і клятчастым андараку з белымі фальбонамі.

— Не рабі гэтага, Хельга, бо іначай бургамістр усё-ткі адправіць яе ў прытулак для калек і вар'ятаў, што пры манастыры Сан-Петэр, — казалі жанчыны.

— Але грошы, цэлых паўмаркі! — гаравала таўстуха.

— Нагадай яшчэ раз, яна знойдзе чым аплаціць, яна не бедная. Слаўнай жанчыне выпалі такія выпрабаванні! — пярэчыла старая, высахлая, як стручок бобу, кабета.

— Сама вінаватая: жанчына не павінна ўмешвацца ў справы мужа, тым болей такога воіна, як фон Шонвальд, — злосна агрызнулася яшчэ адна жанчына і, падхапіўшы гляк з вадой, пайшла дадому. Адправілася з драўляным вялікім цэбрам і Хельга, а за ёю, наводдаль, каб не прыцягваць увагу, Жывена.

Назаўтра раніцай яна пайшла да маленькага, як цацачнага, дамка з чысценькім каменным ганкам і вялікім кветнікам абапал яго, пастукалася ў дзверы з металічнымі трохкутнікамі па краях. Не паспеў заціхнуць лязгат акуратнага металічнага колца, як на парозе з'явілася старая кабета са звялым, але некалі прыгожым тварам, з раўнадушнымі выцвілымі вачамі, нежывымі, як у нябожчыцы, валасамі, што неахайнымі пасмамі выбіваліся з-пад чэпчыка, таксама засаленага і зжаўцелага.

— Я шмат чуў пра подзвігі вашага мужа, рыцара фон Шонвальда, — павітаўшыся, загаварыла Жывена. — Дзе ён зараз?

Твар гаспадыні ўспыхнуў гневам.

— Подзвігі! Губіць чалавечыя душы, паліць няшчасных жанчын і дзяцей — гэта подзвігі?

З-за яе пляча паказаўся твар таўстухі. Убачыўшы зграбнага юнака з залатымі валасамі, што падалі да плячэй, яна ажывілася.

— Запрасіце госця ў дом! — загадала яна жанчыне і, не чакаючы адказу, пайшла да стала, каб паставіць там яшчэ адно крэсла. Але гаспадыня не адступалася:

— Я — законная яго жонка, і хаця біскуп дазволіў яму ўзяць другую, ён грэшнік, так, грэшнік, а не праведны хрысціянін! — амаль закрычала яна.

— Але вам без яго лепей, фраў! — лагодна зашчабятала таўстуха, усміхаючыся Жывене.

— Так, так! Хай ён сядзіць сабе зараз са сваёй… яна не жонка яму, не! Усё роўна! Канешне, яна не папракае Рыхарда тым, што ён спаліў незлічоную колькасць чалавечых душ!

— Вы гаворыце пра славян і прусаў, на якіх ён хадзіў? — запыталася Жывена.

— Як ён любіў расказваць пра тое! — не слухала нікога жанчына. — Як страляў з лука, як сек… А мне мроіліся тыя людзі, яны нібыта ўваходзілі ў наш дом, стагналі, зазіралі ў рот, калі нешта ела… Я ўскоквала, уцякала, а ён… ён рагатаў мне ўслед. І тады біскуп дазволіў яму ўзяць іншую, а мяне адправілі назад, сюды, да бацькоў.

Служанка пагардліва ўсміхнулася за спіной сваёй гаспадыні, але на словах як бы падлабуньвалася да яе:

— Добра, што ў бацькоў былі два дамы, іначай фраў засталася б зусім беднай, хаця ў фон Шонвальда шмат дабра…

— Відаць, ён прывозіў рабоў? — Жывене не хацелася весці роспыты пры служанцы, таму яна папрасіла прынесці вады. Хельга заспяшалася дагадзіць прыгожаму юнаку. Застаўшыся ўдзвюх, Жывена запыталася:

— Фраў Шонвальд, вы не памятаеце сярод тых, каго прывозіў Рыхард, маленькага хлопчыка-пруса? Рыцары тады разграмілі свяцілішча, забралі шмат палонных. Я чуў пра гэта баладу і хачу што-небудзь напісаць пра тыя… подзвігі.

Яна задумалася, а Жывена напружыла ўсе свае сілы, каб уваскрасіць у памяці жанчыны тыя даўнія гады і твары, якія ўтрымала памяць. Нарэшце фраў Шонвальд няўпэўнена прамовіла:

— Былі хлопчыкі… А гэты быў самы маленькі. Так, быў. Бруна смяяўся, бо ён забаўна плакаў. Але я пашкадвала хлопчыка і аддала яго.

— Каму?!

Вярнулася Хельга, але Жывена не глядзела на яе. Погляд жрыцы нібы пранізваў кабету, і яна дробна затрэслася:

— Багатым, багатым людзям… Фон Бамбергам, яны былі бяздзетныя, а фраў Хільда хацела дзіця… хлопчыка. Але нашто табе гэта?

— Госць, ты павінен ісці — калі яна памрэ, я ніколі не вярну свае грошы! — сурова загаварыла служанка.

— Я не памру, не, не! — усё болей ліхаманкава казала фраў Шонвальд. — Спачатку ён, мой муж, ён! І я буду смяяцца на ягонай магіле!

Яна сама схапіла алавяную конаўку, прагна выпіла вады. Жывена падышла бліжэй, заспакаяльна паклала руку на скурчаныя пальцы няшчаснай кабеты:

— Забудзьцеся на ўсё, зараз вам стане лягчэй.

Яна зашаптала замову супраць Лядашчыка, які насылае немачы праз успаміны, і гаспадыня абмякла, яе вочы сталі заплюшчвацца. Хельга ўжо з непрыхаванай варожасцю глядзела на іх.

— Якой сілай ты лечыш, хлопец? Ці не д'ябальскай? Ты не хрысціўся, ты распытваеш пра нейкіх людзей. Я прынясу на цябе скаргу бурмістру.

— Няўжо ён будзе займацца тым, чаму ад маіх слоў фраў стала лепей? Я распытваю не дзеля таго, каб прынесці ў ваш дом зло. А лячу… Свет такі агромністы, і ўсё ў ім зразумець мы пакуль не здольныя.

Таўстуха незадаволена хмурылася.

— Я думала, ты сёння пойдзеш у карчму, там будуць танцаваць і піць піва. А ты гаворыш нешта незразумелае, як студзіозусы, што прыязджаюць на канікулы з дамініканскай школы і збіраюцца стаць манахамі.

— Я паспрабую знайсці цябе ў наступны раз, калі захачу пайсці ў карчму.

— Праўда? — недаверліва перапытала тая. — Калі мая гаспадыня ачуняе, магчыма, яна аддасць грошы, і я куплю сабе новую спадніцу…

Але Жывена, кінуўшы позірк на паружавелы твар гаспадыні, лёгка збегла па чысценькіх прыступках ганка, подбегам заспяшалася па вуліцы.

Багі падалі ёй знак, і яна пазнала яго. Так, гэтыя знакі раскіданыя па нашым жыцці, аднак бачыць і пазнаваць іх умеюць нямногія. Рэгенсбург — дзе гэта, блізка ці далёка? Адно яна ведала цвёрда — паедзе туды, нягледзячы ні на што, таму што нічога выпадковага не бывае, а ёй так ясна, так выразліва далі пачуць імя, што вырваў з глыбінных сутарэнняў памяці вярхоўны жрэц у Новагародку!


Узорыстая торба, прытарочаная да сядла, трохі пацяжэла, але Рос не адчуваў таго. Ён лёгка нёс яе па дарозе да Рэгенсбурга, а тая то адгукалася шэлестам ссохлых лістоў, то ўздымала пыл да самых вяршынь ганарыстых клёнаў. Жывена купіла тутэйшае адзенне, і цяпер на ёй былі скураныя штаны і камізэлька, чорны суконны плашч ніжэй за калена, чорная суконная шапка на залацістых валасах. Як хлопцу ехаць было зручней. І хаця днём на дарогах было спакойна, аднак жа не перапыняліся сутычкі паміж незаконным сынам Фрыдрыха і ганарлівымі нямецкімі баронамі, якія не хацелі падпарадкоўвацца ні яму, ні тым, хто мог прэтэндаваць на імператарскую карону — Рычарду карнвальскаму альбо Вільгельму. А адзінокі спадарожнік мог патрапіць якому-небудзь ваяўнічаму атраду, якіх таксама хапала на дарогах. У мястэчку яна пачула шмат песень і балад пра колішні Ругіланд, пра люцічаў і іх браніборгскага валадара Прыбіслава, чыёй спадчынай завалодаў Альбрэхт Мядзведзь. Ёй успаміналіся размовы пра Саксонію, Цюрынгію і Баварыю, якія вялі між сабою баяры, што прыехалі разам з Раманам Данілавічам да новагародскага княжага стала. Галіцкія князі былі здаўна звязаныя з гэтымі землямі праз шлюбы, і цяпер дзяўчыне мроіліся балады, якія спявалі галіцкія спевакі аб падзеях гэтага стагоддзя, калі да маркграфства Брандэнбургскага, дзе раней жылі люцічы, далучыліся і землі шпрэвян. Помніцца, нават Раман спяваў пра тое, як саксонскі герцаг Генрых Леў пайшоў вайной на абдрыцкага князя Ніклота*. У той раз перамогі дабіцца яму не ўдалося. Але калі князь захварэў, яго сын не ўтрымаў бацькоўскіх уладанняў. Так узнікла герцагства Мекленбургскае.

* Гэта было ў 1147 г.

У дарозе Жывена раздумвала пра далейшы лёс Новагародскай зямлі, княства, якое, нягледзячы ні на што, пашырала свае межы і набывала ўсё большую вагу. Што дае моцы княствам, герцагствам, вялікім каралеўскім дзяржавам? Сіла навакольнай зямлі ці магутны штуршок духу, пажадлівасць да валадарства ці ўзнёслае імкненне даць навакольным людзям абарону і спакой? І нашто даецца чалавеку княжая кроў — дзеля большай адказнасці яго за іншых ці дзеля выпрабавання яго самога? Прывабная, як салодкі мёд для казюрак, улада гэтая бывае горкай і невыноснай для чалавека, яна забірае ўсяго яго ў палон і кіруе ім так, як хочуць таго багі ці сама яна, улада…

Яна на ноч спынялася ў карчомках — нізкія бэлькі старажытных будынкаў былі цёмна-бліскучыя, як спіны хрушчоў, якіх яна любіла некалі ў дзяцінстве страсаць з бяроз, але сцены ўсюды пабеленыя і дарожкі выкладзеныя з акуратна адпаліраваных шэрых гранітных аскабалкаў. У драўляных кадках раслі незнаёмыя кветкі, гаспадыні старанна палівалі іх з вялікіх металічных конавак; вецер лагодна гайдаў на вяроўках белыя абрусы з фальбонамі.

Жывена ўглядалася ў акуратныя мураваныя дамкі з нязвыклымі чырвонымі дахамі, прыгожыя роўныя вуліцы, дзе з яркай зеляніны вытыркаліся вострыя шпілі хрысціянскіх храмаў з высокімі авальнымі вокнамі і суровымі каменнымі сценамі. Старыя багі былі адвергнутыя тут, у гэтых землях, але яны яшчэ канчаткова не пакінулі ладныя дубовыя гаі, шапаткія затокі, рачныя віры — іх галасы чуліся тут і там, і не раз у вірлівых струменях вады дзяўчына бачыла доўгія валасы русалак, а за кустом — калматую галаву лесавіка. Але ў гарадах іх ужо не было — доўгія вуліцы з дамамі-мураванкамі былі маўклівыя і ганарліва-паныла глядзелі на чужога. Раз-пораз у харчэўнях пастаялых двароў яна чула імя Бяртольда — францысканскага манаха з Рэгенсбурга, які з нечуваным поспехам змагаецца з рэшткамі паганства, так што нават старому салдату, які сварыўся «Донэргот* цябе пабяры!» перасталі прадаваць хлеб, пакуль ён не стаў прытрымліваць язык. Некаторыя гаварылі пра той выпадак з гонарам, але той-сёй крыў манаха як мае быць, хаця хрысціянскія храмы стаялі на ўсіх галоўных плошчах гарадкоў.

* Грамавержац (ням.).

І Рэгенсбург яна ўбачыла, узабраўшыся на высокі пагорак, спярша як востры шпіль найвялікшага з усіх бачаных ёю дасюль храмаў, што аб'яўляў аб сабе за многія вёрсты ўсім падарожным. Пасля, прыгледзеўшыся, яна прыкмеціла нашмат ніжэйшую спіцу ратушы, што выблісквала з-за зеляніны, а пад'ехаўшы бліжэй, разгледзела славуты каменны мост цераз раку Данаў, пра які ёй апавядаў яшчэ Паўль.

Гарадской варце яна сказала, што прыехала здаля, каб убачыць, як будуюць Залатую вежу, вышыня якой павінна здзівіць сучаснікаў. Вартаўнікі задаволена расказалі ёй, што сапраўды сярод Патрыцыянскага квартала расце такая вежа, але яна недабудаваная, як і дамініканская царква святога Блазіуса, як і магутны дом святога Пятра. Жменя манет развязала ім языкі настолькі, што адзін з іх нават правёў яе да вуліцы, што кіравала проста да ратушы, каб разам з канём не заблудзілася яна ў вузкіх вулачках гэтага вялікага, багатага горада — некалі фарпоста рымскіх легіянераў, ад якіх застаўся Патрыцыянскі квартал і стадыён, амаль ужо разбураны. Там, ля ратушы, месцілася лепшая ў Рэгенсбургу гасцініца, адкуль зручней за ўсё было пачынаць пошукі сям'і Бамбергаў.

Каля ратушы Жывена прастаяла доўга, зачараваная не бачаным ёю раней сонечным гадзіннікам, а таксама высокімі каменнымі дамамі з дахамі паўкруглымі, выступчастымі, узорыстымі, дзе прыляпіліся каваныя металічныя балкончыкі з пакручастымі ўзорамі. Падняўшыся трохі вышэй да гасцініцы, яна разгледзела паміж дамамі даліну — сіняватая смуга стаяла над бясконцымі ляснымі вершалінамі, залітымі вясёлым сонцам. Там, у даліне, калі яна на досвітку ўставала да акна і, ціха варушачы вуснамі, узносіла гімны Ашвінам, ёй здавалася, што словы яе, магчыма, далятаюць да светланосных братоў, якія нясуцца высока над зямлёю ў сваёй калясніцы. Але тут, у каменным чатырохпавярховым будынку з вежамі па краях, над якім узвышаюцца хрысціянскія храмы, — ці змогуць яе словы набраць вышыню?

З гэтымі думкамі яна заплаціла грошы за пакой і за месца Росу ў стайні, дазволіла занесці наверх цяжкую скураную сумку і прысела ля стала ў невялікай акуратнай зале, дзе гарэў ачаг і сквірчэла на пожагу курыца. Праз нейкі час да яе падышла пульхная красуня ў зялёнай сукні, аблямаванай чорнай атласнай стужкай, з высока зачэсанымі валасамі.

— Bier, Wein?* — загаварыла яна, а калі Жывена адмовілася і папрасіла садавіны і салаты, служанка трохі зняважліва адгукнулася «Gut» і хутка падала алавяную талерку з зялёнай салатай і хлеб з белай мукі. Пасля, не звяртаючы на яе ўвагі, пайшла да суседняга стала, дзе, нахіліўшыся над мужчынам у пацёртым аксамітавым каптане, так што грудзі яе амаль краналіся ягонага пляча, стала пра нешта пытацца. Мабыць, ён не стаў адмаўляцца ні ад віна, ні ад піва, таму што красуня неўзабаве прынесла яму і тое, і другое. Ён наліў піва ў кубак і азірнуўся навокал, але акрамя маладога танклявага юнака не ўбачыў нікога і таму, падняўшы кубак, крыкнуў яму: «На здароўе!» — і хутка выпіў. Наліваючы зноў, ён нешта коратка сказаў служанцы, і тая хуценька паставіла перад Жывенай яшчэ адзін кубак. Незнаёмы мужчына падышоў да Жывены і, не пытаючыся, наліў ёй піва. Круглы малады твар яго быў вясёлы і бесклапотны, як у чалавека, які заўсёды радуецца жыццю і чакае ад яго толькі дабра. Жывена змушаная была ўзняць кубак і хаця б трохі адпіць. Піва было свежае, прыемнае, яно спатоліла прагу, якая стала навальвацца на яе пасля ўсяго гэтага клапотнага, неспакойнага ранку, трывогі за тое, што павінна прыйсці да яе з братам Відэвута. Ці жывы ён увогуле, гэты брат, чыё імя выплыла да яе, як быццам у іншым жыцці, у Новагародскім храме Ашвінаў, і паклікала ў дарогу — спачатку супраць волі, затым — неадольна панесла, як нясе веснавая вада падталую льдзіну? Не, да мёртвага яе не панесла б. Хіба каб сказаць нешта тою моваю, якою любяць размаўляць са смяротнымі багі — можа, толькі для таго, каб прымусіць іх думаць? А можа, каб падражніць прывідам магутнасці і ўлады?

* Піва, віна? (ням.).

Незнаёмец не адыходзіў ад Жывены, як быццам чакаў яшчэ нейкіх слоў, апроч падзякі. А можа, яму проста спадабаўся маўклівы юнак, што сядзеў адзінока ў харчэўні гасцініцы і думаў пра нешта сваё?

— Ніколі не бачыў такіх прыгожых пёраў слонкі, - Жывена паказала на тры калыхлівыя рудыя пёркі, што ўпрыгожвалі капялюш яе нечаканага субяседніка.

— О! Ты, юнгэ, разбіраешся ў пародах птушак? Я больш за ўсё люблю слухаць якраз слонку, а ты?

— Харошая птушка. Яна так упрыгожвае вясновы лес.

— Так, так! Калі сядзіш з лукам у засадзе, каб упаляваць такога прыгажуна, здаецца, увесь лес табе дапамагае! Ух ты!

— Ты, мабыць, выдатны паляўнічы!

— Яно так і ёсць, але адкуль гэта ведаеш ты? Можа, ты ўжо чуў пра паляўнічага Альбрэхта — гэта значыць пра мяне?

— Пра гэта гавораць нават сцены… І твой дарагі калчан, хаця і без стрэлаў.

Альбрэхт не зразумеў іроніі, ён аж засвяціўся.

— Ух ты! Ты харошы і ветлівы юнгэ! Але, я бачу, чужаземец. Адкуль і навошта прыехаў да нас?

— Хачу паслухаць вашага славутага прапаведніка, брата Бяртольда.

Твар паляўнічага затуманіўся.

— Дык ты да гэтага чарнахвостага… Які трасе сутанай перад дурнымі жанчынамі і абяцае ім заўтра ж царства нябеснае. Ён запалохаў ледзь не ўвесь горад.

— Няўжо?

— Жанчыны па ім млеюць, значыць, іхнія сыны пойдуць на казань. А мужы таксама мусяць прыслухоўвацца. Эх, лепей пайшоў бы ты са мной увечары на ўскраек лесу. Сядзеш і бачыш — паляцелі, галубочкі, над дрэвамі, то вышэй, то ніжэй. Але нельга страляць у першую: гэта самка. Лепей у трэцюю — у яе чамусьці найтлусцейшае мяса. І смак… куды гэтым курыцам! — ён зняважліва паказаў на пожаг. — Я часцяком прыношу сюды слонак, таму сюды любяць прыходзіць багатыя гараджане і нават сеньёры.

- І якія ж сеньёры любяць сюды прыходзіць?

— Фон Хэсены — бацька і сын. Нордліген, нават часам сам бургамістр Гунвальд. Ух ты!

— А малады фон Бамберг? Кажуць, ён вельмі набажны, — як бы пусціла наўздагад стралу маладая дзяўчына. Альбрэхт задумаўся.

— Фон Бамберг? Не прыгадваю…

— Танклявы, з пукатым ілбом. Вочы вузкаватыя, шэрыя, попельныя валасы, — Жывена малявала партрэт Відэвута, спадзеючыся, што блізнец-брат падобны да гэтага, ніколі не бачанага ёю. І, мабыць, страла трапіла куды трэба.

— А-а, гэты! — успомніў Альбрэхт. — Іх дом на самай ускраіне. Калісьці быў багаты род, амаль першы ў горадзе. Але старэйшы брат пасварыўся з герцагам, замак разрабавалі. Малодшая галіна роду жыве каля прытоку Нааба. А іхні спадчыннік… уяві сабе, юнгэ, ён не палюе, як іншыя знатныя сеньёры, не шукае шчасця пры двары герцага, нават не спрабуе задзіраць спадніцы харошанькім гараджанкам!

— Чым жа ён займаецца?

— Уяві сабе, юнгэ, ён малюе! Нібы які рамеснік! Думаю, што з-за гэтага ён не знойдзе сабе пару. Якой знатнай даме захочацца шлюбіцца з такім? Ды што пра яго? Давай вып'ем, юнгэ!

Жывена паклікала прыслужніцу, загадала ёй прынесці віна. Наліваючы кубак, яна толькі падносіла яго да вуснаў, але не дакраналася да рубінавай вадкасці. А Альбрэхт, наадварот, уваходзіў у смак — яго круглы твар наліўся чырванню, ільсніўся, як намазаны маслам. І гаварыў ён бесперапынку.

— Кажуць, грэшнікаў чакае пекла. Калі тое будзе! А зараз… Смачнае мяса, добрае віно, прыгожая жанчына, — ён шчыпануў кабету ў зялёным. — Ух ты! Гэта і ёсць сапраўднае жыццё!

Ад віна ў кубку пахла гарачым поўднем, сонцам, што млява кладзецца адпачыць на схіле гары, сярод разнатраўя, перад тым прагрэўшы зямлю да самых каранёў вялікіх вінаградных лозаў, так што рудыя яе камякі ляжаць на паверхні і не разбіваюцца пад капытамі каня. Яна ўжо ехала па такой дарозе, яна бачыла і іншыя — зарослыя кустоўем, збітыя капытамі кароў, забрукаваныя — і ўсе яны вялі сюды, у вялікі і багаты горад, дзе ўсё ж знайшоўся Брутэн, брат ейнага Відэвута. Хаця… А раптам гэта простае супадзенне? І ёй стала страшна, захацелася як мага хутчэй убачыць маладога фон Бамберга.

— Я хацеў бы заказаць гэтаму маладому мастаку партрэт брата Бяртольда, — сама здзівіўшыся таму, што знайшла добрую прычыну пазнаёміцца з Брутэнам, прагаварыла яна. — Ці не змог бы ты нейкім чынам прывесці фон Бамберга на казань да манаха?

— Я?! — здзівіўся той. — Але як?

— Ты вясёлы і лёгкі чалавек. І калі ты прынясеш у той дом сваіх качак, ты лёгка дамовішся з маладым гаспадаром. Калі ж ён не захоча слухаць казань, то я сам пайду да яго з такою просьбай. Але мне хацелася б спачатку паглядзець на яго, можа, і пасябраваць.

— Ты, мабыць, не разумееш, што такое сям'я знатнага сеньёра, нават і збяднелага, і я, просты паляўнічы. Малады гаспадар не захоча мяне слухаць!

— Я думаю, што творца, калі ён сапраўдны носьбіт духу, не будзе тварыць толькі для сябе.

Альбрэхт нахмурыўся.

— Калі ў цябе ёсць грошы аплаціць мне мае клопаты і калі ты зможаш паказаць фон Бамбергу, што ты не просты вандроўнік, які лезе да яго з цікавасці, можа, ён і паверыць табе.

Жывена дастала кашалёк, падала яму сярэбраны талер. Альбрэхт падкінуў яго, прысвіснуў:

— Ух ты! Ты і праўда слаўны хлопец. Што ж, скажу табе адно: праз два дні каля ратушы, вось тут непадалёку, будзе выступаць брат Бяртольд. Спадзяюся, што змагу ўгаварыць сеньёра, бо ты моцна падштурхнуў жорны майго красамоўства. Эх, і наладжу ж я цяпер добры пачастунак сваім сябрам у гэтай харчэўні!


* * *


Раніца выдалася дажджыстая, туман попельнымі клубамі чапляўся за цёмна-шэрыя, пашчэрбленыя часам сцены манастыра святога Якава, пабудаванага, як даведалася Жывена, стагоддзя паўтара назад на грошы кіеўскіх князёў. Цяпер тут, у прыземістай трохпавярховай будыніне пад крутым чарапічным дахам, набажэнствы ішлі па лаціна-рымскім абрадзе, але старажытныя абразы былі падобныя да тых, якія дзяўчына бачыла ў Новагародскай царкве падчас адпявання дзеда Агапія, а на ляпніне, што вытанчаным поясам нібыта апаясвала храм, з радасцю пабачыла яна і постаці двух коней, чые галовы глядзелі ў розныя бакі. Такія знакі сустракаліся ў яе на радзіме, як і постаці двух юнакоў — на конях альбо без іх, заўсёды крочылі яны побач. Адкуль, з якіх глыбінь чалавечай цывілізацыі прыйшлі да розных народаў аднолькавыя сімвалы? Мабыць, гэта памяць аб арыях, чые словы адгукаюцца ў сённяшняй мове і славян, і немцаў…

Шэраю рабрынаю выгіналася пад дажджом вуліца, па якой трэба было ісці да ратушы, але варта было Жывене выйсці з-пад каменнай аркі, як дождж нібыта ўпіваўся ў яе плашч, і яна адступала назад. Сэрца яе ныла — не будзе казані, давядзецца самой ісці ў дом да фон Бамбергаў, і гэта можа скончыцца няўдачай альбо чым горшым, бо людзі, якія бралі дзіця, наўрад ці захочуць, каб яно, падросшы, ведала праўду. А можа, яно, ці, дакладней, ён, малады іх выхаванец, што-кольвечы і ведае аб сваім з'яўленні ў гэтым доме, але ведае тое, што захацелі расказаць яны, ягоныя прыёмныя бацькі.

У тую самую хвіліну, калі яна вырашыла, што слата будзе працягвацца ўвесь дзень, магутна, радасна і трошкі нібы збянтэжана з-за аблокаў зірнула сонца і, хаця кроплі яшчэ сачыліся з прадзіраўленага рэшата нябёсаў, заззялі, заіскрыліся ручаіны, што беглі па вуліцы ўздоўж, закурылася парай брукаванка і ясна глянула з пашчэрбленай сцяны шыльда цырульніка з намаляванымі на ёй рудым тазам і нажніцамі.

Калі Жывена дайшла да ратушы, там ужо сабралася купка людзей, якая хутка павялічвалася. Драўляны памост з лесвіцай, збіты з акуратна пагабляваных дошак, стаяў непадалёк, чалавек з харугвай, на якой быў намаляваны хрысціянскі бог, вымяраў, з якога боку дзьме вецер, каб усе, хто сабраўся, маглі пачуць прапаведніка. Пераважная большасць у натоўпе былі жанчыны, яны расказвалі пра цуды, якія суправаджалі брата Бяртольда: чалавек, які пасмяяўся з ягонай апошняй казані, быў забіты маланкай на ўласным ганку. А перад тым манах напрарочыў распусніцы, што прыйшла да яго пакаяцца, месца ў царстве нябесным і тым моцна збянтэжыў набожны люд. Але праз тыдзень тая распусніца загінула, ратуючы дзіця, што танула ў Данаў і, мабыць, сапраўды такі пайшла адразу да прастола Божага…

Тым часам худы, як выпетраны постам і маленнямі, чалавек ускараскаўся на памост, адкашляўся, загаварыў, час ад часу абтрасаючы доўгімі тонкімі пальцамі касматыя, падобныя да грывы валасы, што падалі на лоб. Спачатку ціхія, словы яго паступова наліваліся сілай, яны падалі ў натоўп, як іскры з вогнішча, якое ўсё набірала і набірала моц. Хутка на плошчы запанавала такая цішыня, што было чутна, як гучна пераклікаецца каля гарадской брамы варта і як вуркочуць галубы на карнізах вузкіх брукаванак з белымі выцягнутымі чатырохкутнікамі вокнаў.

Хтосьці асцярожна дакрануўся да яе пляча. Альбрэхт, па-змоўніцку падміргнуўшы, паказаў вачыма ўбок. Жывена зірнула — і сэрца як штурханула гарачая хваля: на кані, непадалёку ад яе, сядзеў Відэвут. На ім быў ярка-пунсовы каптан з вышытым каўняром, чатырохкутная аксамітавая шапка, з-пад якой віліся крутыя локаны — мабыць, валасы былі падвітыя па тутэйшай модзе, і, прыгледзеўшыся, дзяўчына заўважыла на шчацэ тонкі белы шнар. Каб не гэта, яго сапраўды можна было б прыняць за жраца з храма Ашвінаў. Але гэта быў ягоны брат, названы ў гонар прускага бога Брутэна, неад'емнага ад ягонага брата Відэвута, свяцілішчы якіх і цяпер яшчэ скрозь стаялі ў краіне прусаў — прынамсі, у той частцы краіны, якая яшчэ не была заваяваная тэўтонамі.

Нейкая сіла пацягнула да гэтага чалавека, і, выклікаючы незадаволеныя погляды слухачоў, яна ціха, але ўпарта рухалася да гэтага двайніка яе абранніка. А ён слухаў з нерухомым тварам, на якім толькі іранічна крывіліся вусны — танчэйшыя, як у Відэвута, які ўсміхаўся шырокай дабрадушнай усмешкай амаль заўсёды, калі не служыў у храме.

Пры апошніх словах брата Бяртольда Жывена, стоячы ля каня Брутэна, ціха прашаптала словы, якія калісьці гаварыла ў Новагародку, калі побач стаялі крыжакі:

— Ты ўмееш ляцець, а я ведаю, куды. Ты — ад ветру, а я ад зямлі, і мы можам зразумець адно аднаго…

Конь, які спачатку злосна касавурыўся на юнака, што прабраўся амаль пад ягоную пысу, раптам пацягнуўся да яго і, прыхіліўшы голаў, пацёрся аб плячо. Уражаны Брутэн утаропіўся ў незнаёмца; калі ж Бяртольд скончыў сваю казань, нахіліўся да Жывены і прагаварыў:

— Ты не надта ўважліва слухаў манаха, незнаёмец. А між тым гэта, відаць, ты хацеў заказаць мне ягоны партрэт?

Ён яўна браў пяршынства ў размове; Жывене даводзілася адказваць. Яна кіўнула галавой, згаджаючыся.

— Адкуль ты пачуў пра мяне і хто ты такі?

Дзяўчына памарудзіла з адказам. Трэба было альбо сплятаць праўдападобны аповед альбо, спадзеючыся на бостваў, якія прывялі сюды, казаць праўду. І яна, гледзячы проста ў вочы хлопцу, вымавіла выразна:

— Я пачула пра цябе далёка-далёка адсюль, у славянскай зямлі.

— Пачула? Дык ты — дзяўчына? Скажы…

Але Жывена працягвала:

— Твая маці пыталася ў багоў, ці ты жывы, Брутэн, і яны адказалі ёй, што цябе не спалілі тэўтоны, як яна думала раней.

Твар чалавека, што сядзеў на кані, імгненна змяніўся — кроў адхлынула ад твару, як запалі вачніцы, а ў голасе пачулася скрыгатанне каменных жорнаў:

— Маё імя — Сігурд фон Бамберг.

— Але раней, калі ты нарадзіўся, маці назвала цябе Брутэнам.

- І дзе я нарадзіўся?

— У зямлі прусаў, пад Ромавам.

— Але ты кажаш, што мая маці на славянскай зямлі?

- І твой брат Відэвут. Яны беглі да нас, славян, каб застацца жывымі, і мы прытулілі іх, таму што няшчасце можа чакаць любога.

— Але чаму прыехала ты, жанчына? Хто ты?

— Багі вучаць нас — калі патрэбна падаць вестку, то з ёю прыпаўзе і мураш. Захочаш выслухаць мяне, я раскажу ўсё, што магу.

— А калі не захачу?

— Што ж… Мураш, падаўшы вестку, пойдзе сваім шляхам.

— Я — Сігурд фон Бамберг! — сказаў юнак з выклікам. — Мая сям'я можа навекі схаваць цябе ў цямніцы горада за вар'яцкія чуткі, якія ты распускаеш пра нас.

— Тады ўсе даведаюцца пра гэтыя чуткі. А ты… ты ніколі не дазнаешся пра тую незвычайную казку, якую спляло для цябе жыццё.

Жывена павярнулася і пайшла, не прыспешваючы свой пругкі крок. І сапраўды — ён дагнаў дзяўчыну.

— Дзе ты спынілася?

Яна паказала на гасцініцу.

— Ты прыехала адна?

— Калі ты хочаш паслухаць тое, з чым я прыехала, прыходзь. Астатняе цябе не тычыць.

— Значыць, адна… Ну што ж, я буду тут заўтра.

Яны развіталіся. Але, калі Жывена падыходзіла да гасцініцы, Сігурд-Брутэн зноў дагнаў яе.

— Я хацеў спачатку дапытацца ў маці, ці праўда, што я няродны ёй… Але нешта гаворыць мне, што ты не лжэш. Тады раскажы ўсё зараз. Тут.


Выслухаўшы аповед Жывены, ён доўга маўчаў, абшчаперыўшы галаву рукамі, і праз попельныя кудзеры яна ўбачыла светлыя слязіны, што павольна пакаціліся па твары.

— Мне трэба ненавідзець усё, што люблю, — вымавіў хлопец з горыччу, ад якой у яго зводзіла рот.

— Вораг хацеў зрабіць цябе свінапасам, але тыя, хто ўзяў цябе, назвалі сваім сынам. За што ж іх ненавідзець?

— Лепей бы я нічога не ведаў. Ты не павінна была прыязджаць! — Сігурд-Брутэн усё каўтаў сліну, нібы і сапраўды яго апаілі палыннай вадой.

Гнеў успыхнуў у ёй зноў, і яна не змагла авалодаць ім:

— Ты адракаешся ад маці, што і праз гады не хоча забыцца на сваё дзіця? Ад брата, да якога падобны, як падобнае на нас адлюстраванне ў вадзе! А што ты скажаш свайму сумленню, калі яно пераверне тваю душу? Сваім дзецям, якія, магчыма, пойдуць на зямлю прусаў, каб заваяваць яе і дашчэнту знішчыць магілы ўласных прашчураў?!

— Мне трэба падумаць… — прамармытаў ён, паднімаючыся, выходзячы з яе пакоя, як ахмелены.

Уначы яна зноў стаяла на каленях тварам да ўсходу, узіраючыся ў тонкі сярпок маладзіка і пытаючыся ў Ашвінаў знаку. Прыхаматлівыя абрысы ратушы, храмаў Пятра і Блазіуса праглядваліся з акна ейнага пакоя як выразаныя на жаўтавата-цёмным агаце неба з падсветленымі срэбрам аблокамі, і яна чакала часу, калі над зямлёю ўстаюць багі-блізняты ў гронцы свайго цёплага сузор'я. Яны павінны былі прыйсці там, дзе стромкаю ялінай уздымалася ўвысь хрысціянская храміна прарока Пятра, і таму Жывена баялася, што не ўбачыць зоркі. Але ў той час, калі цемра згушчаецца да такой асязальнасці, што яе, здаецца, можна праткнуць пальцам, аблокі, нібы іх рассунулі магутнай рукою, разышліся, і пераможна заззялі над сонным горадам дзве яркія калмата-рудыя, амаль чырвоныя вястункі хуткага рання. Яна зашаптала словы доўгага радаснага гімна, і адразу ўсплылі ў памяці затканыя павуціннем ялінкі, на якіх пераліваюцца кроплі расы, свежы холад каменных прыступак храма, чабаровы пах курыльніцы ля драўлянай постаці Перуна. О любая, родная зямля Новагародчыны, зялёна-сіняя смуга над узгоркамі, што пераклікаюцца галасамі маладых русалак! А ў позняй восені раптам мільгане між ссірацелых галін белая барада Белбога, як напамінак пра Зюзю, што спяшаецца паваладарыць напоўніцу над самотнымі прасторамі! Добра ляцець у такі час па лесе, спяшаючыся ў далёкае селішча, бо ніхто не перастрэне і не забароніць, галёкаючы, клікаць душы пракаветных дубоў абараніць цябе ад цёмных сілаў зла! Тады кіпіць кроў, і адчуванне маладосці, радасці жыцця кружыць галаву надзеяй, што так будзе заўсёды… Стары Святазар, хаця і сварыўся на яе, усё ж не забараняў ездзіць адной — мабыць, адчуваў, што маладая сіла павінна час ад часу выплеснуцца, як буйная забрадзелая сома, што пеніцца ў свяшчэнных кубках падчас абрадаў.

…Звычныя словы грэлі ціхай цеплынёй, але нешта не давала спакою, мучыла. Дзяўчына шукала адказу, у глыбіні душы ведала яго і не хацела здагадвацца. Але пад раніцу, калі сон змарыў цела, усплыў твар Сігурда-Брутэна, і адразу ўся яе істота як ірванулася да яго. Так ніколі не цягнула да Відэвута; нібы замест медуніцы ўдыхнула яна дурнап'ян, ад якога і хацелася выбавіцца, і нястрымна праглася яшчэ.

Мабыць, нешта новае ў ёй адчуў Сігурд-Брутэн, калі прыехаў назаўтра; па ягоных вачах здагадалася, што і яго штурханула ў сэрца пругкая хваля любасці. Распытваючы пра брата і маці, раптам сказаў:

— Хочацца, каб ты надзела белы строй і залаты парчовы каптур, такі самы, якія ў цябе валасы.

І адразу ж абое спалымнелі, замоўклі. Размову аднаўлялі з цяжкасцю, шукаючы словы. А ёй стала здавацца, што стаіць на беразе ракі, дзе плывуць цяжкія, як кавалкі сала, ільдзіны, і варта ступіць крок, як завіхурыць, панясе чорная вірлівая вада. А можа, ужо нясе?

Яна заспяшалася ад'язджаць. Забаялася. Нечакана стала не хапаць шапаткога старэчага голасу Святазара, ягоных парад і пачуцця ўпэўненасці, што Ашвіны не пакінуць у бядзе. Узмацнялася нядобрае прадчуванне, а на яго накладвалася слодыч сустрэч з Сігурдам-Брутэнам, калі ўдваіх ціха ехалі яны па ласкавай даліне ўздоўж Данаў, гутарылі аб усім, што здавалася важным, і гэтым важным было ўсё навокал…

На развітанне ён падаў дзяўчыне скрутак шурпатага палатна. Яна разгарнула — і адступіла назад. Подых багоў быў у карціне.

Сігурд-Брутэн намаляваў яе ў белай сукні і залатым капялюшыку, але, нібыта бачыў раней, зрабіў валасы доўгімі, так што яны закрывалі плечы і падалі хвалістымі пасмамі вакол твару. Зялёны дуб быў ззаду, з-пад ягоных каранёў цякла крыніца, і два юнакі ў чырвоных каптанах паілі з яе коней.

— Хачу, каб ты помніла мяне, — паказваючы на аднаго з братоў-блізнят, прамовіў хлопец. — Я зрабіў іх падобнымі да нас, мяне і Відэвута.

Жывена не стала пытацца, што ён рашыў. Усё астатняе зробяць багі, якія прывялі яе сюды. Яна толькі на імгненне заплюшчыла вочы, калі ён, зусім як Відэвут, схіліўся перад ёю і ткнуўся тварам у далоні жрыцы, пакрываючы іх пацалункамі…


Дарога была доўгай і цяжкай. Наступала восень, дні рабіліся халаднейшымі, парудзелае лісце ляцела ў вочы на адзінокіх шляхах да Чэхіі, куды яе суправаджалі двое слуг з дому фон Бамбергаў. Цёмнай сінечай напаўняліся рэкі, непрыветныя берагі сталі слізкімі і небяспечнымі.

У Празе ёй пашанцавала. На пастаялым двары начавалі купцы, што ехалі з таварамі ў Бярэсце. Да іх далучылася маладая пара з гандлёва-рамесніцкага паселішча каля Вышаграда — зусім юная Гайна і Душан, якія ехалі замяніць бацьку Душана, што каля двух гадоў ужо гандляваў у горадзе на Бузе, зарабляючы на вялікі дом у Вышаградзе, які стаяў у рыштаваннях і які глытаў, нібы цмок, усе іхнія зберажэнні. Гайна чакала дзіця, але яна не засталася ў доме, а наважылася на далёкую дарогу таму, што не жадала ні дня жыць без Душана, вакол якога абвілася, як тонкі павой вакол моцнага дзядоўніка. Вясёлы і лёгкі на нагу юнак зараўнаваў быў сваю маладую жонку, якая на прывалах не адыходзіла ад Жывены і яе Роса, шэпчучы той свае няхітрыя сакрэты, тым болей што старэйшыя купцы сталі яго паджыгваць. Ды маладая жанчына адкрыла мужу сакрэт сваёй равесніцы, апранутай у мужчынскае адзенне, і Душан стаў клапаціцца пра абедзвюх. Жывена таксама ўсёй душой пацягнулася да танюткай сінявокай жанчыны, чыя галоўка, што выглядала з вазка, нагадвала ружовы павой і якую цяжарнасць упрыгожвала, надаючы кругламу тварыку таямнічую задуменнасць. Наіўная і непасрэдная Гайна пры першым жа поглядзе ўгадала дзяўчыну ў заклапочаным юнаку з кароткімі залатымі валасамі, што рассядлаў на пастаялым двары белага каня, і сказала аб гэтым з такім мілым і шчырым здзіўленнем, што Жывена не стала таіцца, але папрасіла не казаць пра тое нікому. Затое і жрыца, калі на другім прывале ўкалыханая дарогай юная жанчына страціла прытомнасць, хутка расцёрла той скроні нейкай пахкай травой і стала апекавацца ёю.

Яны ўтраіх былі самымі малодшымі ў тым атрадзе, які пад аховай ехаў у Галіцкую Русь. Жывена меркавала дабірацца з ім да Бярэсця, каб пасля кіравацца на Новагародак, ды вагалася, ці не варта ўсё ж заязджаць у Холм і Галіч? Купцы казалі пра вайну галічан супраць новагародцаў, але Войшалк мог у любую хвіліну заключыць мірную дамову з Данілам Галіцкім — колькі ўжо разоў то ваявалі, то мірыліся паміж сабою Галіцка-Валынскае і Новагародскае княствы. Апошняе ўсё часцей спрабавала вырвацца з некалі магутных абдымкаў суседа, якога з кожным годам усё мацней падточвалі татары, гэтыя страшныя барбарынцы, сярод якіх, мабыць, цяпер пасяліўся наймагутнейшы на зямлі бог Разрушальнасці і Вайны, якога розныя народы завуць то Рарогам, то Вогненным Змеем, то Шываю. Гэты бог не жыве ў адным народзе, але ходзіць па зямлі, і гора той краіне, якая паддалася злому чараванню і дазволіла свайму духу-аберагальніку (бо, як вядома, у кожнага народа ёсць свой аберагальнік) прыняць заваёўніка! Нават калі той народ заўладарыць паўсветам, усё роўна давядзецца плаціць крывавую даніну Рарогу — будучымі сваімі нашчадкамі, выпаленаю зямлёю… Пралітая некалі кроў паліць грудзі Маці Сырой Зямлі, плача яна па дзецях сваіх і з-за іх…

Так думала Жывена, калі гадзіна за гадзінаю мерна калыхалася ў сядле, не рызыкуючы адыходзіць ад атрада, які, абараняючы свае нагружаныя таварамі вазы, ехаў вольна і асцярожна. Аднак сцярожкі позірк жрыцы раз за разам заўважаў знакі, што звычайна, у вялікай сваёй літасці, пасылаюць смяротным багі, і знакі тыя былі нядобрымі: злавесны клёкат гругана на далёкім кургане; чорны галыш на дне ражачкі, якую выцягнулі са студні дзеля Гайны і які яна са смехам дастала і паказала ўсім; слізкі зялёны валун, аб які спатыкнуўся і закульгаў конь Душана і адкуль маланкай слізганула ў кустоўе цёмна-жоўтая гадзюка…

Неяк раніцай, калі ўжо сядлалі коней, Гайна са страхам прашаптала Жывене:

— Бачыла ў сне судзяніц* — са свечкамі, у белым. Усе тры глядзяць на мяне моўчкі, а малодшая раптам галавой адмоўна паківала, хаця я ні аб чым і не пыталася…

* Паркі, багіні Лёсу.

— Сёння сны лгуць, — схітрыла жрыца. — Да таго ж судзяніцы свой прысуд на лбе пішуць, і перад чым благім твар цямнее і завастраецца. А ў цябе вунь які — як кветачка.

— Дык ты і праўду не бачыш на мне якога нядобрага белегу*? — зарадавалася Гайна.

* Меціны.

— Думай пра дзіця! — абарвала яе Жывена і ласкава дадала колькі суцяшальных словаў, бо будучым парадзіхам гавораць толькі добрае, каб не палохалася цяжару гэтага свету дзіця і не заседжвалася ў чэраве. Да таго ж заставалася два дні шляху да Бярэсця, і Жывена спадзявалася, што да горада дабяруцца яны без злыбеды.

Аднак жа таго, што напісана на лёсе чалавека судзяніцамі, адмяніць не ў сілах ніхто і нішто. Ясна чытала Жывена на твары маладой жанчыны змрочныя палосы-пісьмёны, не бачныя іншым. Аднойчы, загаварыўшы ваду, глядзелася ў яе і сама, аднак не ўбачыла цёмнага кола над галавой; белы ж скрутак на грудзях разгадаць не магла. Хвароба — не хвароба? Страта? Набытак?

І, плывучы ў пругкім струмені жыцця, наляцелі яны на той чорны дзень, аб якім сведчылі злавесныя білінчы*, пра якія маўчала жрыца.

* Знакі.

У цьмяны перадсвітальны час завыла, загалёкала навокал пастаялага двара, нібыта ўсе нячысцікі свету сабраліся разам. Жывена адсунула дошку аканіцы, угледзелася скрозь слюдзяную бель: ніколі не бачаныя постаці ў вастраверхіх шапках, на нізкіх, таксама нянаскіх коніках ламалі дзверы, падпальвалі саламяную страху ў некалькіх месцах і секлі тых, хто пачаў скакаць праз вокны, ці то ратавацца, ці то ўцякаць прэч.

— Бесерменіцы! Татары! — пачуліся крыкі, і тут жа затупалі па сенцах, высадзіўшы дзверы, страшныя прышэльцы, і адчайным, страшэнным хрыпам задыхаўся першы з воінаў-ахоўнікаў, што паспеў з мячом выскачыць насустрач. Жывена, вылятаючы з дзвярэй пакоя, адразу ж кінулася назад — у калідоры закіпела сеча, паўголыя, хто ў нагавіцах, што ў адной кашулі купцы і ахоўнікі адчайна супраціўляліся прышлым. Яе ж кінжал застаўся ў перамётнай сумцы, у стайні. Значыць, вось так прыходзіць Смерць, насылаючы сечу і жах? Але ў вачах адразу ж паўсталі невялікія дзверцы ў вінны склеп, што месціліся непадалёк, у самым куце калідора, з якога можна было патрапіць на кухню. Туды вадзіў яе слуга, які расказаў пра камень, што плача перад бядой. Госці, захмялелыя ад віна, учора паднялі слугу на смех, а яна пайшла, бо было цікава.

Яна зноў выглянула ў калідор. У тускла-барвовым святле пажарышча было бачна, што сілы абаронцаў слабеюць, аднак жа можна яшчэ было неўпрыкмет выскачыць з пакоя, джыгнуць у кут і, намацаўшы запыленыя дзверцы, слізгануць у чорнае чэрава склепа. І якраз тады, калі яна зашывалася ў кут з рыззём, якім, мабыць, час ад часу праціралі вялізныя бочкі, пачуўся сярод лязгатання мячоў і кінжалаў такі пранізліва-моцны, адчайны і нечалавечы крык, ад якога, мабыць, і падаюць часам сцены крэпасцяў. Але гэтым разам то быў крык Гайны, ён паўтарыўся другі раз, а пасля, не паспеўшы набраць вышыню, апаў і больш не ўздымаўся.

Нехта ўбег у склеп, сапучы, падвываючы ад жаху. Мабыць, гэта быў учарашні слуга, ён палез некуды пад бочку. А праз доўгія пякучыя імгненні ў дзвярах пачулася тузаніна, і гартаннымі крыкамі зласлівасці адказалі татары на ўмольнае віскатанне гаспадара, які маліў захаваць жыццё. Праткнуты кінжаламі, ён паміраў перад бочкамі, якія, мабыць, здаваліся яшчэ так нядаўна апірышчам і аховай ад бядотнай старасці. Татары знайшлі слугу і разбілі ягоную галаву аб той самы камень, які ён учора паказваў з такім захапленнем. Жывену ж, мабыць, ахоўвалі Ашвіны, бо дзіда, якою адзін з нападальнікаў паварушыў рыззё, ткнулася побач з плячом дзяўчыны. Аднак факелы ледзь гарэлі ў задушлівым склепе, і татары, рагочучы, павыбівалі затычкі; назіраючы каля дзвярэй, як віруе пітво, так любае іх ворагам, зняважліва рагаталі яшчэ. Потым заспяшаліся прэч — вогнішча разгаралася, даўкі дым слаўся над паверхняй пахкага п'янкога пойла, у якім плавалі абодва трупы і праз які ледзь прабілася да выхаду Жывена, натужна кашляючы і заплюшчваючы вочы, якія раз'ядала дымам.

На кухні бушавала полымя, давялося паўзці па калідоры, дзе валяліся рэчы, не забраныя рабаўнікамі — старая бялізна, патрапаныя калчаны. Усё ж каштоўнае было забранае, нават трупы воінаў і купцоў валяліся абдзёртыя да галізны. Прапаўзаючы каля апошніх дзвярэй, Жывена прыўзнялася: слаба, жаласна падало голас дзіця. Так, гэта было немаўля, яно ляжала ў крыві, што нацякла з Гайны, на чыіх пасечаных грудзях ляжаў Душан, таксама мёртвы. Яна схапіла чырвоны, амаль нежывы камячок разам з паследам, не паспеўшы зірнуць на мёртвы твар маці — трашчалі бэлькі, муцілася ў галаве. Толькі адпоўзшы ад ганка як мага далей, каб не прыдушыла абсмаленымі бярвеннямі, павяла вокам і застагнала: да яе ляцеў коннік, круцячы над галавой вераўчаную пятлю і галёкаючы. Перад тым, як аркан абхапіў яе плечы і павалок па камкаватай акрываўленай зямлі да кучы палоннікаў, яна паспела схапіць дзіця; раздзіраючы спіну аб каменне і з апошніх сіл прыціскаючы яго да грудзей, яна ўспомніла белы скрутак у вадзяным адбітку, а пасля, шпурнутая разам з ім да перапалоханых людзей, ужо не памятала нічога…

Так амаль на парозе радзімы яна была адкінутая ад яго татарскай навалай, якая ў 1258 годзе пранеслася па паўночнай частцы Берасцейскай і Новагародскай земляў, пакідаючы пасля сябе сівы попел і чорныя галавешкі замест хатаў і здзічэлых свойскіх жывёл, што замерзлымі гурбамі ляжалі ўздоўж дарог, па якіх гналі палоннікаў на ўсход.

Гаспадаром Жывены стаў мангол Кагедэй, воін з карычневым, ссохлым на зімовы яблык тварам і ўрослай у плечы галавой. З неспасціжнай быстрынёй запальваў ён на зімняку вогнішча, рабіў на прывале юрту, дзе месціўся разам з жонкай забітага брата — суровай кабетай з задубелым цёмна-жоўтым тварам; ускокваў на свайго коніка, як толькі гучаў у далечыні покліч у дарогу. Кабета ж, якую, што высветлілася пазней, звалі Аваргай, пякла ў гарачай глінянай пасудзіне, пакладзенай у вуголле, плоскія ляпёшкі, якімі гаспадары кармілі дзесяць сваіх палоннікаў. Гэта былі, апроч Жывены, людзі з вакольных селішчаў — ганчары, цесляры, кавалі. Іх спадзяваліся дорага прадаць на безэстэнах — базарах у краінах мусульманскага Ўсходу. Сярод палоннікаў была яшчэ жанчына, чыё дзіця забілі ў час нападу, і яна з радасцю падстаўляла свае грудзі маленькаму Святазару — так назвала ўратаванае дзіця маладая жрыца. Карміліца ж Рада болей гаравала з-за палону, чым з-за смерці дзіцяці.

— Сёлета была бясхлебіца, наўрад ці выжыла б яно, — гаварыла яна, тыцкаючы тугі карычневы сасок у роцік Святазара, стараючыся лісліва ўсміхнуцца Кагедэю, калі ён праходзіў міма. — Сталі мы, як якія бескаленнікі*, бясплатныя — без аніякай адзежыны, плату, значыць. Муж мой, нашто быў біўлівы — ой, любіў біцца! — сціх і зблажэў. А прыехаў бірыч княжы — той, хто ўказы аб'яўляе — і загадаў звычайную даніну князю аддаваць. Тут во хаця гэтую ляпёшку дадуць, мукой пахне… Я баба вясёлая, нідзе не прападу. Во гэты, — міргала яна на мангола, — ужо даўно мяне б у сваю гэтую… юрту паклікаў бы, дык тая кікімара ўсё выглядае…

* Тыя, хто не мае надзелу.

Аварга, у каптане і мужчынскіх штанах, жылістая і моцная, як корч, сапраўды стала часта ацірацца каля абедзвюх палонніц. Але Жывена прыкмеціла, што раскосыя вочы жанчыны нібы мякчэлі, калі глядзела яна на дзіця. Спачатку яна хацела прымусіць Жывену, як і Раду, рабіць чорную работу, але Кагедэй прыкрыкнуў на яе, паказаўшы на рукі жрыцы, і загадаў памацаць іх.

— Хочуць цябе, мабыць, якому багатаму прадаць, — здагадалася Рада. — Берагуць… У іх, я чула, мужчыны маюць столькі жонак, колькі пракормяць. А ты ж прыгажуня, пойдзеш, як залатая грыўна!

Аднойчы на дасвецці, калі воз з палоннымі борзда калываўся на выбоінах, а яны спалі, накрытыя рыззём, пазвоньваючы ў сне ланцугамі, Жывена, прытуліўшы да сябе малое і гледзячы на Мілавіцу, што нізка гарэла над непрыветнай, скарчанелай зямлёю, зашаптала словы вітання Зары-Зараніцы. Даўно не звярталася яна да багоў, змучаная палонам і яго нягодамі, даўно не спявала гімнаў, можа, недзе ў глыбіні душы крыўдуючы на тое, што пакінулі яе светлыя Ашвіны. Забыўшыся, яна спачатку не заўважыла рысіных вачэй Аваргі, што засталася ззаду, а цяпер непрыкметна пад'ехала да воза.

— Цалмон? — паказваючы рукой на Мілавіцу, запыталася яна. — Ёй спяваеш?

Дзяўчына змушана кіўнула, зразумеўшы, што сказала манголка. Тая адабральна цокнула, па твары яе слізганула ўсмешка. Вечарам, калі клаліся на начлег, яна паказала на Кол-зорку:

— Алтан-гадас!

Рукой як бы ўбіла ў зямлю кол, пасля паказала на коней, нібы прывязваючы іх да яго. Затым зноў — на Вялікую Мядзведзіцу.

— Гэта ж яна сем зорак назвала. У нас жа таксама Кол-зорка! — узбуджана загаварыла Рада, а пасля недаўменна запыталася: — Дык што, яны такіх жа багоў маюць? Як людзі?

— Усе людзі, - азвалася Жывена. — І неба на ўсіх адно, і зоркі на ім тыя ж.

— А прыгожае якое неба, — задуменна прамовіла жанчына. — Цёмнае, як аксаміт, а зоркі на ім, нібы бісер нанізаны, бачыла я на адной падарожніцы багатую такую сукню. Табе, можа, і давядзецца такую апрануць. Ты ж з багатых, я бачу. Рукі далікатненькія… Нічога, мабыць, не ўмееш рабіць…

Абедзве яны не пераставалі дзівіцца строгай размеркаванасці качавога жыцця стэпавікоў-воінаў. Агромністы караван, які вёз назад у стэпы нарабаваную вялізную здабычу, падпарадкоўваўся адной, магутнай сіле, якая за некалькі хвілін магла прымусіць увесь лагер падняцца на ногі, амаль адначасна асядлаць коней і, запхнуўшы ў вазы палонных, ехаць наперад, на радзіму. Самі заваёўнікі былі, здавалася, зроблены з дрэва альбо жалеза — не баючыся холаду, скакалі яны на сваіх калматых коніках, якія капытамі рылі снег, шукаючы там былінкі; елі вяленую каніну, рэжучы яе палоскамі. Маліліся багам-ангонам з футра і лямцу, а таксама Сонцу і Месяцу. Калі ў час паходу ўсё ж памёр знатны сотнік, як казалі, пасечаны ў бітве, манголы спыніліся ў даліне і, паставіўшы чорную юрту, а над ёю павесіўшы чорную харугву, трое сутак чакалі, пакуль шаманы дапамогуць душы памерлага пазбегнуць сустрэчы з жахлівымі боствамі цара падземнага свету Эрлік-хана. Калі адзін з палонных, што нёс сучча для кастрышча, прайшоў заблізка ля юрты памерлага, яго тут жа ссеклі бізунамі да смерці, і ён адправіўся ўслед за сотнікам, каб дапамагаць яму як раб.

Калі войска падышло да Дняпра, сустрэчныя купцы прынеслі нядобрую вестку: палонных яшчэ летась было захоплена столькі, што цана на рабоў рэзка ўпала, а цяпер, мабыць, упадзе яшчэ болей. Спачатку Кагедэй не верыў той вестцы, пасля ж задумаўся. Цяпер палонныя са страхам чакалі стаянак — некаторыя іхнія ўладары, не спадзеючыся атрымаць грошы, сталі прыносіць ахвяры багам, думаючы хаця б заручыцца іхняй літасцю. Назаўтра, пасля таго, як па лёдзе перайшлі Днепр, падвечар, калі на зеленавата-ружовым небе ўзышлі першыя зоркі, а Рада слала салому перад вогнішчам, каб лацвей усесціся на яе, запяяла страла з рук Кагедэя, і жанчына, коратка крыкнуўшы, упала на салому мёртвай.

— Гэта — Хухедэй-Мяргену, — паказваючы на сузор'е Паляўнічага*, коратка прамовіла Аварга, убачыўшы, як ледзь не выпусціўшы ў вогнішча дзіця, скаланулася Жывена. А Кагедэй задаволена агледзеў сваю ахвяру і з гонарам паказаў сваячцы, як метка ён стрэліў — у самую сярэдзіну горла. Астатнія палонныя з жахам глядзелі на мёртвую, не думаючы выконваць загад мангола — падцягнуць Раду на вогнішча, каб яно спаліла яе і іскрамі прынесла вестку Нябеснаму стралку, валадару грамовых стрэлаў, аб павазе да яго слаўнага воіна Кагедэя. Гэта зрабіла за іх Жывена, прашаптаўшы малітву багіні Мары, каб была яна літасцівай да вясёлай кабеты, што так нечакана скончыла сваю зямную дарогу ў голым стэпе, у дні шляху ад разбуранага Кіева, які і цяпер, праз васемнаццаць гадоў, не адбудаваўся. Так казалі сустрэчныя купцы, якія ўзялі ў Кагедэя трох палоннікаў і прапаноўвалі аддаць ім Жывену. Тады ён не згадзіўся. Але калі назаўтра ў першым селішчы каганата, дзе чакалі караван кітайскія і арабскія купцы, высветлілася, што цэны і сапраўды не тыя, якія чакаліся, Кагедэй спахмурнеў зусім. Калі ж адзін з купцоў сказаў, што ў Тане, дзе заўсёды збіраліся велізарныя натоўпы рабоў, наўрад ці можна будзе ўвогуле прадаць прыгожых жанчын, таму што манголы, слава ім, ужо ўзялі Багдад і забілі халіфа, воін і ўзрадаваўся перамозе, і зніякавеў. А купцы расказвалі, што турэцкі султан змушаны быў з сям'ёю, гарэмам, казною ўцякаць у Нікею, да Міхаіла Палеалога, з якім у яго быў ужо заключаны мір і дамовы аб дапамозе адзін аднаму. Выходзіла сапраўды, што ў халіфаце, які, як ненасытны звер, глытаў усе нявольніцкія партыі жанчын і патрабаваў яшчэ, цяпер не да папаўнення гарэмаў. Ды і туркі, якія ўцякалі ў Нікейскую імперыю і папаўнялі яе памежныя гарнізоны, вымушаны лічыцца з тым, што хрысціянская Візантыя не пацерпіць мнагажэнства.

* Сузор'е Арыёна.

— Няўжо і такую не возьмуць? — ледзь не з адчаем запытаўся Кагедэй, паказваючы на Жывену, але купцы, што аглядалі жывы тавар, толькі развялі рукамі. Аднак жа адзін з іх, крывы на правае вока грэк зацікавіўся дзяўчынай і перадаў талмачу, што якраз збірае ў Царгорад караван з таварамі. Караван той павінен адплыць у месяцы бярозазоле, калі пачнецца на Дняпры крыгалом і ў Віцічаве збяруцца з усіх гарадоў, што гандлююць з Візантыяй, лодкі і ладдзі.

— Аднак жа каля самага страшнага парога, Неясыця, мы выгружаем тавары і вядзём нявольнікаў па беразе. Ці адолее яна такі шлях? — запытальна-бесцырымонна аглядаючы Жывену, мітусіўся грэк. — Яна будзе трымацца за сваё дзіця да апошняга, а калі што, дык ссохне ад тугі — я ўжо не раз меў непрыемнасці ад гэтых славянак!

— Бо славяне не гандлююць жывымі людзьмі, як вы, хрысціянскі народ, — ускіпела, не помнячы сябе, Жывена.

— Яна разумее нашу мову? — здзівіўся купец, але не паспеў больш нічога сказаць: цяжкі бізун, сплецены з конскага воласа, абрушыўся на жрыцу, яна сагнулася, заплюшчыўшы ад болю вочы, але не ўскрыкнула. Кагедэй сплюнуў, прамармытаў са знявагай:

— Мужчыны гавораць — маўчаць трэба. Іначай — калабалык*.

* Непарадак (цюрк.).

— Што ж, сапраўды, гаспадара слухаць трэба. Феляксай се аўтон*! Аднак жа наравістыя рабыні каштуюць меней…

* Кожны клапоціцца пра сябе сам (грэч.).

— Затое яна ведае вашу мову, — не ўступаў Кагедэй.

- І не дзяўчына яна — дзіця мае…

— Кабыла з прыплодам лепей, чым без яго, — не здаваўся Кагедэй.

Яны спрачаліся, адыходзілі адзін ад аднаго, зноў сыходзіліся. Пасля татарын загадаў рабыні ўзяць дзіця і ісці за новым гаспадаром. Аварга скоса паглядзела, як, кусаючы вусны, утаймоўвала Жывена пякучую нянавісць і жаданне выхапіць у ворага кінжал, усадзіць у ягонае сэрца, а там — хай будзе што будзе. Татарка падышла і, паказаўшы пальцам на Святазара, з дакорам паківала галавой. Тады нянавісць адхлынула ад душы дзяўчыны, і зразумела яна, што вучыць яе жыццё вялікаму цярпенню і мудрасці прымаць тое, чаго змяніць яна не ў сілах. Святазар заплакаў, нібы погляд татаркі пранізаў яго, і Жывена, прыціскаючы да грудзей цёплае цельца, раптам заплакала сама ад вялікага шкадавання да камячка жыцця, якое далі багі дзеля абароны яго і дзеля цярпення і любові яе, маленькай іскрынкі вялікага вогнішча, што прыляцела на зямлю вучыцца… Аварга дагнала яе на парозе, зняла са сваіх плячэй плашч: цёплы і доўгі, ён быў зваляны з поўсці дзіўнага двухгорбага каня*, і пад ім утульна было дзіцяці. Туга была ў жоўтых вачах жанчыны, але Жывена, выйшаўшы, уздыхнула з палёгкай: баялася яна, што Аварга забярэ Святазара, але, мабыць, не дазволіў таго Кагедэй.

* Вярблюд.


Руды, колеру сухой гліны плашч не раз ратаваў Жывену і маленькага Святазара ў доўгія веснавыя ночы, калі Зюзя раз-пораз вяртаўся з халодных сваіх краёў і дзьмуў сіверам у спіну; і ў спякотныя дні, калі сонца расцякалася, як вялізны жаўток, па распаленым небе і смаліла рабоў, што сядзелі ці ляжалі на палубе вялікай ладдзі; і асеннімі вечарамі, калі яны цягнулі на сабе тавары, выгружаныя перад страшнымі дняпроўскімі парогамі.

Калі б Жывена была адна, яна, магчыма, паспрабавала б уцячы. Але на руках быў маленькі Святазар; здавалася, што паміж хлопчыкам і вярхоўным жрацом Святазарам існуе нейкая таямнічая сувязь, і калі яна парвецца, ніколі Жывене не вярнуцца на Новагародчыну. А вярнуцца туды, на родную зямлю, стала для яе марай, што давала сілы жыць.

Грэк Мікадзім, былы еўнух пры двары нікейскага дэспата, які памяняў сытае жыццё ў няволі на прыгодніцкае жыццё ў марскім порце, куды ён рэгулярна прывозіў мёд, воск, мяхі і рабоў, загадаў дзяўчыне прыслугоўваць яму за сталом. Мікадзім любіў салодкае грэчаскае віно, мяккія шкуры пад босымі нагамі, белае адзенне з залатой аблямоўкай, фаршыраванага фазана з перцам і смаўжоў на вячэру, падчас якой ён любіў цытаваць грэчаскіх паэтаў. Часам, калі Жывена чула слабы плач Святазара, які быў разам з рабамі, ёй нясцерпна хацелася запусціць сярэбраным кубкам у зморшчаны ліслівы твар з крывым вокам, аднак жа адразу ўяўляла, што станецца з хлопчыкам, і рукі ў яе апускаліся. Затое чэпкая памяць імгненна запамінала тое, што гаварыў Мікадзім, і начамі, седзячы пад зорным небам і чакаючы, пакуль узыдзе зорка Канопус*, думала пра тое, што вершы і магія — родзічы, і што нездарма ў вядзійскіх народаў Слову пакланяліся як Богу. А колькі загадак у жыцця! Чаму, напрыклад, менавіта зорка Канопус, узыходзячы, прымушае спяваць пеўня першы раз, а другі — тады, калі адыходзіць з небасхілу? Чаму ў гэты кароткі час, калі яна свеціць тужлівым зеленаватым святлом, так добра чытаць гімны Ашвінам і Сонцу? У такія хвіліны ажывае сіла, якая нясе душу высака-высака і беражліва апускае яе ў залацістае Нішто. І тады лягчэй надзяваць сандалеты на жоўтыя і парэпаныя, як кара, ногі Мікадзіма, да ламаты ў руках біць валком ягоную доўгую белую адзежыну, каб падаць яе на плечы гладкай і не заскарузлай ад марской солі.

* Сірыус.

Рускае, альбо Понцкае мора, было неспакойным, яго цёмныя хвалі кідалі і шпурлялі ўверх-уніз лодзіі; Жывене здавалася, што выжыла яна толькі таму, што лежачы на палубе, чапляючыся за яе, яна адчувала пах жывіцы і ўяўляла сосны, што раслі ля Менцязі. Каржакаватыя, з мядзянай карой, яны прыветна махалі ўзорыстымі калматымі галінамі, а зялёныя шышкі, падаючы, прапорвалі мяккі і чысты пясок, у якім патаналі ногі…

Але настаў нарэшце дзень, калі скончылася шпурлянне, неспакойны восеньскі вецер не перашкодзіў ладдзям увайсці ў бухту Залаты Рог. Белымі кветкамі гайдаліся на мутных хвалях чайкі, трапяталі ветразі на мностве суднаў, якія ўваходзілі і выходзілі з бухты, загарэлыя маракі гаманілі паміж сабою на незнаёмых мовах, і пахла карыцай, якую рассыпалі пры пагрузцы з суседняй манаксілы — грэцкай лодзіі.

На прычалах было мноства люду.

А ўдалечыні, за мачтамі і гурбамі тавараў, праглядваліся пазалочаныя дахі і цэрквы вялікага горада, які ўжо восем стагоддзяў кіраваў з берагоў Басфора палітыкай і культурай многіх краін.

Яркае сонца выглянула на імгненне з-за шэрых хмар. Жывена ціха прамовіла, падняўшы на руках маленькага шэравокага хлопчыка:

— Глядзі, сынок! Вось яна — Візантыя!


* * *


Рынак рабоў у Канстанцінопалі месціўся за сцяной Канстанціна, непадалёку ад Маландзінскай брамы. Раней, да заваявання Цар-горада ў 1204 годзе крыжакамі, рабоў прадавалі ў самім старым горадзе каля форума Быка. Але цяпер, калі цэлыя кварталы сумна выстаўляліся закурэлымі сценамі і абгарэлыя чэравы дамоў хавалі рабаўнікоў, гандляры стараліся рабіць свае справы да заходу сонца. Затым непрададзеных рабоў звязвалі і замыкалі ў спецыяльных памяшканнях. Змучаная морам Жывена, ідучы з ладдзі, амаль не глядзела па баках: дзіця адцягвала яе рукі, а нагу абцяжарваў ланцуг. Але ўранку, калі залаціста-чырвонае святло заліло горад да самых мармуровых ганкаў і брукаванкі, адпаліраванай сотнямі гадоў, а з драўляных паддашкаў пазвісалі ўніз квяцістыя тоўстыя дываны, вуліцы Цар-горада здаліся ёй прыгожымі. Гандляр купіў ёй чыстую палатняную столу, якую па поясе абвіваў карычневы калматы шнур, выдзеліў кавалак мыльнага кораня, якім яна вымыла валасы і абмыла Святазара.

На рынку рабоў, дзе пад пажоўклымі алівамі на каменных лавах сядзелі сотні людзей, Мікадзім змог купіць толькі заднія лавы. Таму каля ягоных рабоў не затрымліваліся — выбіралі лепшых, тых, чые гаспадары не скупіліся на ежу і пітво; іх рабы не былі такімі знясіленымі. Прымасціўшыся ля цаглянай старой сцяны, жрыца дастала жмут саломы, прыхоплены ёю з начэўні; хуткія яе рукі пачалі плесці саламянага коніка, якіх часта можна было ўбачыць у сялянскіх хатах Новагародчыны. Успомніўся Рос — чуйны і ласкавы да яе, ён, мабыць, загінуў у час пажару. Ёй хацелася сплесці падобнага да яго — свайго былога вытанчанага, хутканогага сябра — і папрасіць Ашвінаў, каб не прадалі яе з Святазарам хцівым, жорсткім гаспадарам, альбо, яшчэ горай, у дом блудніц. Таму, сплёўшы коніка, яна паставіла яго на далоні. Заплюшчыўшы вочы, пастаралася ўбачыць ахвярнае вогнішча, якое ахоплівае коніка і, уздымаючыся ўгору, нясе ейныя мольбы да вечных вандроўнікаў-лекараў:

— Я не ведаю віны, з-за якой трапіла сюды. Падкажыце мне яе, дапамажыце не страціць сваёй душы!

Яна малілася ўсёй сваёй істотай, а дзіця абхапіла яе за плечы і прыціснулася да залатых валасоў, якія зноў пакрывалі маладую жрыцу. І ў той момант, калі Жывене здалося, што яна раствараецца ў ахвярным вогнішчы, Святазар жаласна паклікаў:

— Мама!

Жывена расплюшчыла вочы.

Немалады грэк у шаўковым каптане, вышытым жоўтымі грыфонамі, вывучаў рабыню. Погляды іх сустрэліся.

Вострыя зрэнкі ўпіліся ў дзяўчыну. Разумны, стомлены твар з абвіслымі шчокамі і высокім ілбом, уладная пастава. Слугі, што тоўпяцца ззаду, пачціва схіляюцца пры кожным яго руху. Гандляр падбег да іх, стаў хваліць свой «жывы тавар». Грэк не слухаў.

— Спытайце, чаму яна пляце коніка.

— Конь — самы высакародны з усяе свойскае жывёлы. Ён — сябра, — адказала сама Жывена.

- І што ты ўмееш з імі рабіць? — яго вочы ажывіліся.

— Усё, высакародны, — адказала Жывена. — Скакаць, размаўляць, лячыць…

— Ты — са скіфаў?

— Не, я — славянка. З Новагародскай зямлі, каля Нёмана.

— Склавіны ўпартыя, але яны ўмеюць трымаць слова. У мяне ёсць конь. Калі вылечыш яго, атрымаеш залатую намісму. Пойдзеш на стайню.

— Высакародны Нікіфар… Жанчына з рабоў у імператарскай канюшні… - зашаптаў нехта з натоўпу, але Нікіфар рэзка абарваў:

- І ў імператарскай стайні коні хварэюць!

Уладна запытаўся пра цану, шчоўкнуў пальцамі, загадваючы заплаціць.

— Ну і пашанцавала ж табе! — прашаптаў Мікадзім, здымаючы з яе, па загаду новага гаспадара, ланцуг. — Цябе забраў коміт* імператарскіх стайняў, высакародны Нікіфар Склір! Жанчына з іхняга роду — славутая Склірэна — была каханкай самога севастакратара**!

* Загадчык.

** Імператар.


Трохпавярховы каменны палац Скіра хаваўся ў глыбіні аліўкавага саду. Алівы тапырыліся вузкім, як кінжалы, лісцем, каменныя сцены абвівалі ліяны з пахкімі фіялетавымі кветкамі, яны яшчэ цвілі. Шырокія мармуровыя прыступкі ганка былі цёплымі, як шкарлупінне перапёлчыных яек, і такімі ж пярэста-шэрымі. Некалі чорнавалосы, а цяпер сівы араб Салім, у чыё падначаленне перадалі Жывену з хлопчыкам, быў увесь у рабацінні. Салім завёў яе ў аднапавярховую будыніну ля стайні, дзе жылі слугі і сам ён са сваімі чатырма жонкамі. Нашчадак некалі палоненых візантыйцамі мусульман, Салім не перамяніў веру: у Цар-горадзе жыло шмат іншаземцаў, яны свабодна спавядалі свае рэлігіі, аднак у правінцыях працавалі толькі хрысціянскія храмы.

Малодшая жонка Фаціма, амаль аднаго ўзросту з Жывенай, адразу стала апекавацца Святазарам. Таму, калі ў той жа вечар Нікіфар узяў новую рабыню ў імператарскую стайню, яна ішла без той заўсёднай трывогі, якая апаноўвала, калі даводзілася расставацца з хлопчыкам хоць на кароткі час.

Імператарскія стайні ўразілі яе: якіх толькі коней не стаяла ў багатых, з чорнага дрэва ці дарагога дубу стойлах! Здавалася, з усяго свету звезлі сюды гэтых дагледжаных, з ільснянымі бакамі скакуноў, вакол якіх мітусілася мноства людзей.

Нікіфар падвёў дзяўчыну да гнедага аргамака з тонкімі нагамі і высакароднай паставай галавы, які зашыўся ў кут і не хацеў адгукацца ні на якія ласкавыя словы.

— Дыёна прывезлі нам з Ферганы, коням адтуль няма цаны, — заклапочана тлумачыў коміт. — Самыя славутыя лекары глядзелі яго. Паспрабуй сваё ўмельства. Калі ж усё, што ты казала пра сябе, толькі прыдумкі…

Ён не дагаварыў, але конюх, які стаяў за ім, са шкадаваннем зірнуў на маладую рабыню.

— Я застануся з ім. Дазволь мне толькі ранкам схадзіць да сына, на хвіліну, — папрасіла Жывена.

Яе пакінулі каля Дыёна. Яна звярнулася да яго з замовай, але конь, паглядзеўшы на яе тужлівымі вачамі, зноў адвярнуўся, не захацеўшы слухаць. І раніцай ён амаль не еў, толькі папіў крыху вады. Але, прамацаўшы кожны ягоны мускул, Жывена не знайшла ніякай хваробы — дагледжаная грыва была бліскучай, капыты не пашчэрбленыя, ні на баках, ні ў пахвінах не было ніводнай балючай кропкі.

Жывена разгубілася. Збегаўшы раніцай да Святазара, яна зноў прыйшла на стайню. Дыён па-ранейшаму не еў, ягоныя вочы памутнелі, вушы апусціліся. Замоўленую ваду ён не стаў піць, толькі панюхаў драўляную ручку цэбра.

— Нікіфар загадаў, каб заўтра сюды прывезлі лазіны, — спачувальна сказаў ёй вечарам конюх, што даглядаў каня. — Ён лічыць, што ты яго ашукала…

— Скажы мне, што табе трэба! — прасіла Жывена жарабка, але ён касавурыўся на яе цёмным вокам і хіліў галаву да падлогі. Аднак жа на досвітку, калі вадавоз разам з конюхам прынеслі яму піць, ён раптам страпянуўся, пацягнуўся да вадавоза. Бакі яго задрыжалі. Калі ж хлопец пайшоў далей, Дыён ціха, жаласліва заржаў.

Нейкая здагадка мільганула ў Жывены. Яна вярнула вадавоза і, разадраўшы покрыў на галаве, аддала кавалкі хлопцу.

— Пакладзі іх да кожнай кабылы ў стайні, адкуль ты прыйшоў.

Перад самым прыходам коміта Жывена подбегам паспяшалася ў суседнюю стайню і сабрала свае каснічкі, а пасля прынесла іх да Дыёна. Абнюхаўшы адзін з іх, ён, гэтак жа як і на дасвецці, ажывіўся і доўга стаяў, уткнуўшыся ў каляровую анучу.

— Я прасіла б прывесці да яго кабылу з мангольскіх стэпаў. Яе завуць Акта, — паведаміла Жывена коміту.

А калі кабылу прывялі, усе ўвачавідкі маглі пабачыць, як загарцаваў вакол яе жарабок, як разам з ёю пачаў есці авёс, прынесены конюхам.

— Няўжо коні могуць перажываць расстанне гэтак жа, як людзі? — уражаны коміт доўга глядзеў на Дыёна і Акту. Радасць яго была вялікаю: імператар любіў Дыёна, таму шмат папракаў начальніка стайні за хваробу жарабка.

Даючы Жывене залатую намісму, коміт адабральна сказаў:

— У цябе тонкая і пяшчотная душа. Ты, відаць, высакародная. Але за што так пакараў цябе лёс?

Жывена не стала спавядацца. Аднак з таго часу адчувала, што над ёю нябачна нібы распасцёрты покрыў гаспадарскай увагі: сівы Салім ставіўся да яе асцярожна, не нагружаў цяжкай працай, а ягоныя жонкі часта сталі забягаць да новай рабыні. Малодшая ж, Фаціма, неўзабаве зблізілася з Жывенай больш за іншых.

Гэтая прывабная таўстунка дзівіла сваёй жыццярадаснасцю і нястомнасцю. Яна спрытна, як жартуючы, варыла спецыяльнае варыва для хворых коней, настойвала адвары, збірала зелле, у той час як астатнія жонкі пралі воўну, ткалі палатно ці вышывалі шоўкам коўдры. Любіла яна ствараць новыя мазі і націранні, касметычныя дзівосы — ім аддавалася са страсцю, нібыта душа прыроджанага даследчыка-алхіміка ўсялілася ў мякка-калыхлівае жаночае цела. Бывала, урываючыся ў стайню, пачынала яшчэ з парога абвяшчаць аб сваім:

— Паглядзі, якога адцення гэтая хна! Іранская лепей, чым багдадская, а калі развесці яе дзесяццю грамамі вады, то валасы мае абаўюць сэрца Саліма, і ён не захоча глядзець на іншых жонак, тым болей на царгародскіх весялух, якім аддае шмат грошай!

Ад гучнага вясёлага голасу коні пачыналі стрыгчы вушамі; дзеці, якія акружалі яе гаманлівым колам, вішчалі, сварыліся між сабой; Салім жа абурана адгукаўся на яе словы:

— Я такі развядуся з табою, дачка Ахрымана! Ты ў мяне дачакаешся!

Ён нават неяк паскардзіўся Жывене:

— На радзіме продкаў нашы жанчыны ходзяць у чорных покрывах, што закрываюць твары, і не смеюць узняць голас супраць мужчыны. А гэты разгульны горад распаляе іх.

— Чаму ж вы не едзеце туды? — запыталася тая. — Вы ж тут не раб.

— Так, мне тут добра плацяць, бо гэтая краіна багацейшая за нашу. Да таго ж цяпер там бліжэй да татар, а яны, хаця і спавядаюць веру прарока, не шкадуюць нікога. Бачыш, як разрабавалі Багдад. Дасць Алах, не дойдуць да Візантыі…

Ледзяным ветрам Дзікага стэпу, праз які яна разам з іншымі палоннымі ішла і ехала зусім нядаўна, дзе да васковай жаўцізны калелі яе рукі, як страсянула Жывену, і запякло ў плячах, якія абвіў некалі бізун Кагедэя… Але яна адразу адагнала ўспаміны: няма ў чалавека ўлады над мінулым, значыць, не трэба раз'ядаць раны душы ўспамінамі, шкадаваннямі, прыкідкамі, як магло б быць. «Трэба адужаць бяду, адолець усё, чым выпрабоўвае нас лёс», — паўтарыла сабе словы, якія не раз казала ў час дарогі, і адразу стала лягчэй.

Фаціма часта брала з сабою новую рабыню, і яны ішлі на гаманкія царгародскія кірмашы, дзе спрытна махалі крыллямі дзівосных тканін нястомныя рукі купцоў, бразгацелі сярэбранымі бранзалетамі і завушніцамі, дзынькалі сінімі, чырвонымі, жоўтымі венецыянскімі шкляніцамі і вазамі чорна-, жоўта- і беласкурыя прадаўцы. У лаўках жа, дзе прадаваліся славутыя эгіпецкія духмяныя алеі, якімі абцірае сваё цела жанчына перад начнымі ўцехамі, Фаціма гатовая была круціцца гадзінамі.

— Гэтым піхтавым алеем націралася царыца Эгіпта Клеапатра, а таксама наша імператрыца Зоя*! — трашчала яна. — Зоя памерла ў 72 гады, і на яе твары не было ніводнай маршчыны! А замуж яна выйшла ў 50 гадоў, і пасля рабіла гэта яшчэ двойчы. Апошні ж раз яна ашчаслівіла бязроднага рамея, пляменніка еўнуха, які праз яе стаў імператарам, а затым выслаў парфірародную** Зою на далёкі востраў!

* Зоя разам з сястрой Феадорай правіла імперыяй у 1042 г.

** Дзеці імператараў нараджаліся ў спецыяльнай пурпуровай палаце.

— А вось гэтай пахкасцю любіла абціраць сябе прыгажуня Касія*, і яна спадабалася імператару Феафілу. Аднак жа калі ён упэўніўся ў яе незвычайным розуме, то адвергнуў яе і саслаў у манастыр, дзе яна ад гора пачала пісаць вершы, вельмі злосныя і едкія…

* Касія нарадзілася каля 810 г.

— А гэты вось ружавы алей, што прысылаюць баўгары, не знікаў з шуфлядак дачкі карчмара Феафано*, якая за сваю боскую прыгажосць стала ўсемагутнай імператрыцай рамеяў!

* Жонка імператара Рамана ІІ, які правіў з 959 па 963 г.

Жывена была раўнадушнай да касметыкі і сакрэтаў жаночай вабнасці: прырода і багі даюць патрэбныя чары, і не след павялічваць іх штучна. Але цікавіла яе ўсё, звязанае з дзяржавай рамеяў, таму слухала яна нястомную Фаціму, не перабіваючы.

Дзед шмат расказваў ёй пра сваё жыццё на Афоне, пра звычаі грэкаў, пра дзяржаву іх, заснаваную вялікім Канстанцінам у першыя стагоддзі хрысціянскага летазлічэння* ў процівагу саслабелай Рымскай імперыі. Збудаваныя гэтым хрысціянскім імператарам палацы і сады на месцы невялікага гарадка Візантыя паклалі аснову будучай сталіцы, названай у гонар Канстанціна, дзе жыхары сталі адразу ж называць сябе рымлянамі — рамеямі, а свой горад — Новым Рымам. Раздзел самай магутнай у свеце Рымскай імперыі на Ўсходнюю і Заходнюю праз некалькі стагоддзяў выліўся ў раздзел самой хрысціянскай царквы**, але Жывена не магла зразумець, чаму так утрапёна змагаюцца цяпер адна супраць другой гэтыя галіны аднаго дрэва.

* Канстанцін Вялікі правіў з 324 па 337 г.

** Раздзел рэлігій на праваслаўную і каталіцкую адбыўся ў 1054 г.

Расказваў яшчэ дзед, што менавіта ў Цар-горад былі высланыя разбітыя кіяўлянамі полацкія князі і іхнія сем'і. Як добра было б нешта даведацца пра іх лёс. Можа, варта было б пайсці на рускае падвор'е, дзе жывуць купцы з Кіеўскага, Маскоўскага і Галіцка-Валынскага княстваў? Але калі яна папрасіла Фаціму разам з ёю пайсці туды, жанчына спалохана адмовілася:

— Гаспадар не дазваляе нікуды хадзіць самім. Папрасіся, і, калі дасць дазвол, пойдзем.

Але Нікіфара каля трох месяцаў не было ў сталіцы. Казалі, што імператар адправіўся на зімовыя паляванні некуды ў далёкую сваю вілу, і коміт павінен быў быць пры ім неадлучна. Гаспадыня ж дома з ложка не ўставала, і немагчымай была б просьба неяк дайсці да яе.

— Якая яна, камітэса Еўдакія? — пацікавілася Жывена ў жонак Саліма. Яны разам засакаталі:

— Ніякая, цень, дый годзе!

— Была прыгажуняй, а цяпер…

— Гаспадар яе шкадуе, яна высакародная і разумная…

— Каб ты бачыла, якія ў яе пакоі! — захаплялася Фаціма. — Шаўковыя завесы з залатымі львамі, на падлозе ўзоры з дубовых дошчачак, на сценах мазаіка з кветак. А вокны каляровыя, так што святло ўзорыстае ідзе праз іх, цуд! А парфумай пахне, як… як у райскіх садах!

— Мабыць, ёй не да ўсёй гэткай прыгажосці, калі яна хворая, — задуменна адказала Жывена. — А што кажуць лекары?

— Самыя знакамітыя візантыйскія дактары ў нас перабывалі. Колькі залатых намісмаў аддаў ім гаспадар! — распавядалі жанчыны. — Быццам бы трохі адыдзе хвароба, а пасля яшчэ з большым імпэтам грызе бедную.

- І ікона цудатворная не дапамагае, — уставіла Фаціма. — Хаця хрысціяне вельмі захапляюцца ёю, а дактары заўсёды становяцца на калені, калі прыходзяць у спальню да камітэсы.

Яна расказала пра тое, што продкі Нікіфара выратавалі падчас нашэсця лацінян і захопу імі Візантыі* ікону, якая належала імператрыцы Зоі. Казалі, што парфірародная магла па ёй прадказваць будучае: калі ікона была ясная і фарбы не мяняліся, то можна было супакоіцца. Калі ж лік Багамаці станавіўся цьмяны — чакай бяды. Бацька Нікіфара хацеў аддаць ікону ў палац, але імператар сказаў: «Калі ікона сама выбрала сабе ўладара, хай у яго і застаецца». Праўда, шэпчуцца, нібы ён баіцца цудатворнай іконы, бо яна — грэчаскага пісьма і належала сапраўдным парфірародным, а не нейкім там заходнім рыцарам, у якіх дзяды яшчэ былі пастухамі…

* Захоп лацінянамі Канстанцінопаля адбыўся ў 1204 г.

«Так, — думалася Жывене, — усё правільна. Святазар вучыў нас, што дух і справы даўно памерлых усё яшчэ жывуць разам з іхнімі рэчамі. Таму такімі асцярожнымі трэба быць з даўніною, якая пераходзіць ад пакалення да пакалення, несучы з сабою не толькі добрае».

Пасля той размовы яна мала згадвала пра гаспадыню, але аднойчы слугам загадалі сабрацца перад палацам.

Побач з галоўным пасцельнічым Феафілактам на прыступках стаяў нізкі каржакаваты чалавек, пры поглядзе на якога Жывена ўздрыгнула: раскосыя вочы і выдублены карычневы твар нагадалі ёй Кагедэя і крывавую ноч захопу. Чалавек павольна пайшоў уздоўж рабоў і наёмных слуг, углядаючыся ў іх твары. Ён спыніўся быў перад Фацімою, але, падумаўшы, пайшоў далей. Злавіўшы позірк Жывены, хмурна запытаўся ў яе:

— Цябе купілі ў манголаў?

Грэчаская яго мова была падобная да гартаннай мангольскай, але, зразумеўшы сказанае, яна ўпілася ў яго позіркам і сама запыталася ў адказ тое, што прыйшло да яе паміма волі, нібы падказанае:

- І цябе таксама?

«Што ты чалавек Духу, я ўбачыў адразу, — сказаў ёй пасля Галдан Цэрэнхан. — А калі згледзеў страх у вачах, зразумеў, што ён ідзе ад маёй знешнасці. Але тыбетцы ніколі не хадзілі ў паходы супраць славян і не гандлявалі імі».

Так увайшоў у жыццё Жывены тыбецкі лекар Галдан Цэрэнхан, захоплены ў палон падчас вандравання, куплены пасля захопу Багдада візантыйскім дыпламатам і прывезены ў Цар-горад, дзе ён выкупіў сябе сам. Слава аб ім шырока разышлася па сталіцы, ды тыбецец толькі адрабляў свой доўг візантыйцу Зянону і цяпер збіраў грошы на зваротны шлях, таму прыняў запрашэнне коміта наведаць ягоную жонку. Але пасля першага ж агляду ён папрасіў Нікіфара, каб той даў яму сваю руку. А праслухаўшы пульс*, заявіў гаспадару:

— Твая жонка можа памерці адразу пасля жніва, але калі за ёю будуць назіраць з любоўю і клопатам, то гэта адбудзецца якраз перад другою сяўбой**.

* Славуты тыбецкі трактат «Чжу-Шы» рэкамендуе лекарам пры хваробе жонкі слухаць пульс мужа, і наадварот.

** У Візантыі сеялі пшаніцу ў кастрычніку-лістападзе, а некаторыя злакі і ў лютым.

Слугі, якія расказвалі пра гэта, распавядалі, што коміт ускочыў, як апечаны.

— Толькі Госпад Бог ведае, калі хто памрэ! — закрычаў ён. — Якой сілай ты лечыш, няхрышчаны чалавек з далёкай краіны?!

— Сіла, якая падказала чалавеку, як лячыць сабе падобных, адкрыта яшчэ ў тыя часы, калі нават не было такога пышнага горада, як твой, — яна светлая, жыццядайная. Па пульсе лечаць і вашыя дактары, але яны шмат думаюць пра мітусню свету. Дваццаць год у цішыні снежных гор, толькі сам-насам з настаўнікам і мудрасцю гор, вучымся мы разумець пульс жыцця і пульс смерці. А яшчэ сны. Давай зойдзем зноў да тваёй жонкі і спытаем, каго яна найчасцей бачыць у сне. Калі яе клічуць бацькі ці родныя — гэта знак, што час збірацца пад вечнае крыло Быцця.

Яны пайшлі да Еўдакіі.

— Каго ці што найчасцей ты бачыш у сне? — запытаўся лекар.

Гаспадыня задумалася.

— Да мяне часта прыходзіць маці. Яна працягвае руку.

— А ты?

— Я хачу да яе і баюся.

— У што яна апранутая?

— Яна выглядае як імператрыца: у пурпуровым плашчы, чырвонай павязцы на галаве, на якой нашытыя смарагды і брыльянты, а на скронях — белыя жамчужныя ніці. Мне страшна, мне так страшна!

— Не бойся гэтага сну, ён нясе выбаўленне ад пакут, — абнадзеіў яе тыбецец.

— Праўда? — узрадавалася Еўдакія. І яна ўсё працягвала ўсміхацца, доўга пасля таго, як лекар і муж пайшлі. Але адразу за дзвярыма лекар стаў развітвацца з Нікіфарам.

— Ты пакідаеш мой дом? Еўдакія адразу зразумее ўсё. Прашу цябе — зрабі выгляд, што лечыш, змякчы яе невыносныя пакуты, калі можаш, — коміт перамяніў тон, і слёзы выступілі ў яго на вачах. Тады лекар згадзіўся застацца, але вырашыў сам выбраць слугу для догляду. Выбар яго спыніўся на маладой жрыцы.


Першыя дні, калі гэты непарушна спакойны, падобны да адзінокай абсушанай сонцам каменнай глыбы, што ляжыць у стэпе, чалавек паказваў, як даваць хворай лекі і ваду, Жывена курчылася, рукі яе рабіліся няўмелымі і нягнуткімі. А можа, так уздзейнічала на яе гаспадыня, якая, агледзеўшы маладую рабыню, варожа-капрызліва стала як бы адмахвацца ад яе празрыста-жоўтай схуднелай рукой:

— О, якая яна прыгожая! Аж свеціцца… А я… Не, не хачу яе!

— Выйдзі, - паказаў Жывене Галдан, і яна пайшла прэч, убачыўшы, што схуднелая на трэску жанчына з тварам-чэрапам і вялікімі вачамі без вейкаў, з рэдкімі чорнымі валасамі сапраўды на краёчку жыцця, але прагна цягнецца назад, у бясконца вабны свет кахання і ўцех. Некалькі гадоў назад ёй зрабілі аперацыю ў бальніцы манастыра Пантакратара, дзе працавалі лепшыя ў Рамеі лекары; асабліва там славіліся хірургі і акушэркі, бо ўсе яны заканчвалі школу па лекарскім майстэрстве, што працавала тут жа ў манастыры. Аднак праз тры гады камітэса захварэла зноў, і на ногі яе ўжо не змаглі паставіць. Адна з найслаўнейшых прыгажунь Цар-горада, яна найперш не магла згадзіцца з тым, што страчаная прыгажосць, таму ў яе пакоях не было ніводнага люстра.

Аднак праз некалькі дзён тыбецец дазволіў Жывене ўвайсці ў пакоі Еўдакіі. На гэты раз хворая была спакайнейшай.

— Лекар сказаў, што ў цябе ёсць сіла і ты можаш дапамагчы, — прашаптала яна. — Сапраўды, у цябе добры твар. А я стамілася ад хцівых і нядбайных. Нядаўна адна… ледзь не атруціла мяне, паклаўшы опію ў тры разы болей…

Жывена ведала пра тое: чарнавокая грачанка Алена, прададзеная ў рабства бацькамі-беднякамі, моцна тужыла па жаніху, якога забілі ў бойцы, і памылкова паклала ў кубак болей заспакаяльнага рэчыва, якім супакойваліся болі. За тое яе білі бізуном з уплеценымі ў яго свінцовымі шарыкамі, а пасля асляпілі. Аднак старыя рабы, хаця і шкадавалі дзяўчыну, казалі, што раней за такое спалілі б альбо аддалі б на арэну дзікім звярам, у лепшым выпадку адсеклі б рукі ці ногі.

Камітэса шаптала нешта яшчэ, але тут Жывена ўбачыла над яе галавой ікону — мабыць, пра яе расказвалі жонкі Саліма. Тонкі твар жанчыны, аточаны цёмна-карычневым покрывам з залатой візантыйскай паласой, няўлоўна падобны быў да твару Еўдакіі. Толькі вочы былі іншыя: задуменныя, глыбокія, яны праціналі, але не вастрынёй, а нейкай бясконцай мяккасцю. А дзіця на руках у яе было падобнае да Святазара, толькі чорнавалосага. Яна страсянула галавой, нібы адганяючы морак, ды тут голас Еўдакіі зрабіўся іншым, загучаў пранізліва:

— Я пытаюся, як цябе клічуць, рабыня?

— Жывенаю, — паспешліва схілілася дзяўчына перад слабою, але страшнаю сваёй бязмежнай уладай над яе жыццём, лёсам, як і лёсам соцень іншых рабоў, камітэсай.

— Жыв… Не, гэтага варварскага імені мне не запомніць. Я назаву цябе Ефрасінняй, так клікалі маю старую няньку, якая памерла.

Яна паківала пальцам, і пасцельнічы Феафілакт нячутна наблізіўся да ложка.

— Павесь яе імя ёй на шыі, - загадала камітэса. — І апрані ў ліловае, ты ж ведаеш, я люблю гэты колер на слугах.

З таблічкай на шаўковым шнуры, у ліловым хітоне заходзіла цяпер Жывена ў пакоі да камітэсы, і часам ёй здавалася, што ўсё ранейшае жыццё было толькі сном, прыгожым і яркім, які, аднак, раніцай раствараецца, як белы калыхлівы туман. Брутэн і Відэвут, Святазар, Менцязь, дзе так лёгка і вольна было гайдацца ў сонечны дзень, лёгкасць і спакой душы, нібы пранізанай сонцам — з ёю гэта было ці таксама прыснілася? І куды падзеўся дар, які яна з такой радасцю несла людзям, дапамагаючы ім? Глуха было ў душы, хаця часта, як і раней, малілася Ашвінам, хаця адразу ж пасля таго, як атрымала ад Нікіфара залаты салід-намісму, заказала рамесніку-чаканшчыку медальён, падобны да храмавага. Ды паступова рабілася радасцю і забірала ў палон любоў да хлопчыка — усё болей і болей, ажно Жывена сама дзівілася з гэтага новага, невядомага раней пачуцця. Першыя крокі дзіцяці, першыя ягоныя словы поўнілі пяшчотай і нібы надавалі моцы.

Нечаканай радасцю рабілася і знаёмства з Галданам Цэрэнханам.

Суровы і нешматслоўны лекар уражваў спакойнай сілай, якая нібы асаджвала капрызную Еўдакію, уладнага Нікіфара, не кажучы ўжо аб слугах. Тыя, як зачараваныя, кідаліся выконваць кожнае распараджэнне чалавека, якога яны спачатку празвалі Брутусам* і, насміхаючыся, перадражнівалі за ягонай спіной. Цяпер жа нават пасцельнічы Феафілакт, хітры і ліслівы, усміхаўся і нізка кланяўся Галдану — амаль гэтак жа нізка, як і гаспадарам.

* Тупы, грубы (лац.).

Нікіфар усё ж спадзяваўся на выздараўленне жонкі, назіраючы, як ружавее яе твар і спакайнейшым робіцца сон. Смерць яе магла пацягнуць за сабой загад прыняць пострыг. І хаця ўдаўцы ці ўдовы са знатных сем'яў маглі не ісці ў манастыр, якому перадавалася маёмасць, над ёю яны былі ўжо не ўладныя. Коміту ж такі загад мой прыйсці ў першую чаргу, бо лаціняне і так скоса пазіралі на тое, што такая ўплывовая пасада займалася грэкам, хай сабе і знатным. З таго часу, як крыжакі, якія ішлі праз Канстанцінопаль вызваляць Святую Зямлю ад няверных, захапілі яго і ўсталявалі сваю ўладу, яны імкнуліся адхіліць знатных грэкаў ад палітычнага жыцця. Аднак улада севастакратара была акружана такой веліччу і пышнасцю, так салодка люляла абранніка і яго світу тронная падушка, што ўжо Балдуін Першы, воін і рыцар, неўзабаве апрануў імператарскі плашч з вышытымі на ім залатымі арламі, пурпуровыя сандалеты, карону і аднавіў увесь уклад візантыйскага двара, калі кожны крок імператара суправаджаецца складаным цырыманіялам і хваласловамі-акламацыямі, дзе праз пакаленні не мяняецца ніводная нота, дзе нават імператарскае чарніла — пурпуровае. І ўсе астатнія лаціняне, што ўзыходзілі на візантыйскі трон, загадвалі аб'яўляць пры кожным урачыстым выхадзе, што яны пераемнікі Юстыніяна і Комнінаў, і паступова зноў набліжаліся да трона старыя візантыйскія роды, нягледзячы на супраціўленне прышлых. Нікіфар ад бацькі чуў, як смяялася старая знаць, калі прызначаны протавестыярыем* ваяка Канон Бецюнскі блытаўся ў раскошным доўгім адзенні і раз'язджаўся па мармуровай падлозе ў найтанчэйшых, як шоўк, скураных пантофлях, у якіх так спрытна ходзяць звыклыя да пышнасці сенатары. Сам Нікіфар вылучыўся пры Балдуіне Другім, бо на іпадроме толькі ягоныя коні раз за разам прыходзілі першымі, а імператар, як і ўся прыдворная вярхушка, любіў конныя заезды, тэатральныя відовішчы, любіў, калі плебс радасна вітаў яго прыход на імператарскую трыбуну.

* Прыдворны, які аб'яўляе выхад імператара.

Любіў Нікіфар выходзіць на людзі з прыгажуняй жонкай, калі, апранутая ў святочны хітон, ззяючы каштоўнымі каменнямі, садзілася яна ў ложу коміта блізка да імператара, а той, на рыцарскі манер, схіляў галаву перад яе прыгажосцю. Цяпер імператар быў незадаволены тым, што вось ужо тры гады прыгажуні Еўдакіі нідзе не відно, і хаця не вінаваты ў тым быў коміт, аднак жа ўсё халадней і халадней глядзеў на яго ўладар, усё больш адцяснялі Скліра прыдворныя. Вось чаму, гледзячы, як ажыўляюцца запалыя жончыны вочы, спадзяваўся ён на цуд і сам ледзь не хадзіў перад Галданам на дыбачках, хаця прывык да таго, што сотні і тысячы людзей схіляюцца перад ім самім.

Але лекар як быццам не ганарыўся тым і нават не заўважаў таго, што непамерна ўражвала слуг. Гаварыў з усімі аднолькава — ветліва, але неяк адрачона. Адзін раз убачыла Жывена здзіўленне на ягоным твары — калі, забыўшыся, прагаварыў ён доўгі рэцэпт на санскрыце, а яна згодна кіўнула галавой.

— Адкуль ты ведаеш гэтую мову? — спытаўся ён.

Яна адказала, і тады ён ціха прамовіў:

— Значыць, і ў славяна-балтаў захавалася памяць аб сонечных Ашвінах? Аб тым, што бог Дакшапаці перадаў веды, як лячыць чалавека, менавіта спачатку ім, а яны ўжо затым перадалі тое Індры і, нарэшце, мудрацу Бхаратваджы*?

* У «Чжуд Шы» менавіта так апавядаецца пра перадачу ведаў па медыцыне ў старажытнай Індыі.

— У нашым храме толькі чытаюцца гімны Агні і Ашвінам, і творацца свяшчэнныя абрады.

— Значыць, вы не ведаеце «Аштанга-хрыда-самхіту» Вагбхаты, якую ў нас пераклаў Рынчэн-Занпа*? Ці маеце вы свой пераклад?

* Вучоны ХІ ст., вучыўся ў Індыі і пераклаў гэты медыцынскі трактат VII ст.

— У нас няма дзе хаваць старажытныя запісы. Нашы драўляныя хаты гараць, а войны падпальваюць іх часта. Толькі два з паловай стагоддзі назад пабудаваны першы каменны храм у Полацкай зямлі…

— Але цікава, што памяць аб арыях у вас засталася. Што яшчэ засталося ад іх мудрасці?

— Няшмат… Радуніца, калі мы радуемся сустрэчы з продкамі. Абярогі ад зла, з дзвюма конскімі галовамі альбо, цяпер часцей, дзвюма птушкамі. Нашы людзі моцна вераць, што багі-блізняты адольваюць нячыстую сілу. Але, калі карова ацеліцца двайнятамі, вёску абворваюць баразной, а плуг вядуць два бычкі — іначай можа напасці пошасць. Можа, якраз ад нашых храмаў памяць аб Ашвінах ператварылася ў казкі — напрыклад, аб тым, як два сыны Вялікага Бога закахаліся ў дачку Сонца. Яны дзеля яе запальваюць на моры два агні і возяць на лодцы з яблыневага дрэва гэтую прыгажуню. Казкі, гэты злепак з былога ці мінулага, аздабляюць жыццё людзей.

— О так. Цемра ўсё болей накрывае іх, як удушлівае воблака, і нават мудрацы часам здаюцца, ідуць насуперак сабе і служаць Злу.

Гэтая першая размова паміж імі сталася пачаткам доўгіх гаворак аб вечнасці і аб загадках жыцця, якое круціць у сваім коле людзей дзеля нейкай невядомай ім самім задачы.

Не адразу Жывена даведалася, як трапіў сюды, у краіну Кхран*, тыбецкі лекар, які ў маладосці жыў пад Дахам Свету ў будыйскім манастыры і рыхтаваўся да манаства. Але малодшага, любімага брата забіў хан, і тады паслушнік не сцярпеў. Помста перапыніла ягоны Шлях**, зацьміла духоўны зрок. Выгнаны з манастыра, ён не меў права лячыць, таму пасвіў авечак як найміт. Аднак боствы гневу не пакідалі яго: авечак задзіралі ваўкі; перавал, праз які трэба было вяртацца, аднойчы засыпала снегам, і ён тры месяцы харчаваўся арэхамі, якіх натрос небарака, што прама перад ім зваліўся ў бездань. Пасля, праз год, на тым жа перавале на былога паслушніка напаў тыгр. Змагаючыся, яны абое зваліліся ў горную раку. Непрытомнага Цэрэнхана, якога да страшных чорных пісягоў абабіла аб камяні шалёная плынь, вылавілі рыбакі перад самым вадаспадам. Селішча іхняе было ўжо кітайскім, і калі забойца-паслушнік пакладзены быў ля храма, у сне яму з'явіўся сам Буда і прадрок, што вызваленне можна атрымаць толькі праз пятнаццаць гадоў служэння Тром Уладарам***, у самым старажытным храме. Чатырнаццаць гадоў капаў пячору і ўзносіў малітвы Галдан, а на пятнаццаты паслалі яго ў суседняе селішча лячыць хворага, дзе і захапілі ўсё насельніцтва качэўнікі-манголы, бо храм той быў на самай мяжы з іхнімі землямі.

* Так называюць Візантыю тыбетцы.

** Быць на Шляху — ісці да духоўнай дасканаласці.

*** У старажытным Кітаі існаваў культ трох Уладароў: Неба (Цянь-хуан), Зямлі (Дзі-хуан) і Людзей (Жэнь-хуан). У медыцыне ж ёсць тры вілы пульсу — Неба, Зямлі, Людзей.

— Значыць, я павінен быў адпакутаваць яшчэ, — гаварыў тыбецец. — Калі ступіў на Шлях, Неба спытае з цябе болей, чым з простага чалавека.

— Але чаму пакаранне атрымала я? — аднойчы вырвалася горкае недаўменнае пытанне ў Жывены.

— Ты, жрыца Ашвінаў, задаеш такое пытанне? Ты, якая ведае, як і калі пытацца ў багоў — «Чаму?»

І яна не пыталася аб гэтым. Затое стала прагна накідвацца на яго з іншым. І першае, што цікавіла і ўсіх: як ён вызначыў, што гаспадыні не жыць? Яна выглядае цяпер лепей, у яе нічога не баліць.

— Я рэзаў пук сухой травы, калі па мяне прыйшлі. Еўдакія бачыла маці ў чырвоным, танцавала з ёю. А гэта — першыя прыкметы таго, што чалавек ва ўладзе Гаспадара Смерці. Аднак бывае, што ратаваць не позна. Каб даведацца, ці так гэта, я і слухаў пульс мужа.

— У нас таксама прыкмячаюць, а жрацы добра ведаюць: калі ў сне чалавек тоне ў брудзе, уваходзіць у чэрава маці, падае ўніз, гэта прадракае благое. Але каб па пульсу адчуць нават час смерці?

— Ці чытаюць у вас «Бхагават-Гіту», гэты чароўны помнік мудрасці Індыі? Калі не, то паслухай:


Да нараджэння ўсе рэчы схаваныя

У Быцці, адзіным, вялікім,

Адкуль сыходзяць пры нараджэнні

І патанаюць пры Смерці ў ім.


— Нашы свяшчэнныя гімны гавораць пра тое ж! — узрадавалася дзяўчына.

— Многа таямніц у свеце, — працягваў Галдан Цэрэнхан. — І сярод іх — пульс Жыцця і пульс Смерці. У нованароджанага дзіцяці можна «даведацца», колькі яму наканавана жыць. Бывае, аднак, што людзі самі перапыняюць жыццё. Тады гэта парушае адвечны парадак Быцця, і таму той, хто накладае на сябе рукі, творыць зло супраць усяго Сусвету. А ў пульсе Жыцця таксама таямніцы: пульс Неба трэба слухаць на скроні, пульс Чалавека — на запясці, а пульс Зямлі, звязаны з падземнымі Боствамі, - на ступні.

— О, я стану маліцца за жыццё Еўдакіі! Пакуль яна будзе жывая, ты будзеш з намі і зможаш мяне хаця трохі навучыць старажытнай мудрасці! — горача загаварыла Жывена.

— Мабыць, яна і сапраўды дажыве да жніва, а там і да новай сяўбы, — упершыню шырока ўсміхнуўся Галдан Цэрэнхан, і шырокі, непрыгожы і нават страшнаваты твар яго як адкрыўся сваёй патаемнай сутнасцю, стаўшы на імгненне прыўкрасным.


Сапраўды, у цёплы, ясны дзень новага, 1261 года* ўзрадаваны коміт вырашыў павезці жонку ў загарадны маёнтак. Яе суправаджалі лекар і Жывена, а таксама каля дзесятка слуг.

* У Візантыі год пачынаўся 1 верасня.

Выпаленая бязлітасным сонцам да цвёрдасці каменю рудая зямля адпачывала пасля сваёй летняй працы, калі ў яе чэраве набіралі моц духмяныя расліны і чэпкія карані аліваў, прагна п'ючы назапашаную вільгаць. Яна чакала дажджоў — гэтага спаравання з Небам, калі грыміць і гайдаецца неабдымнае іхняе ложа і кавалкамі касмічнай коўдры рвуцца аблокі. Аднак бялёса-сіняе покрыва над далячынямі было зажурана-спакойным, не калыхаўся калматы быльнёг ля дарогі, прарэзанай коламі фурманак, што везлі і везлі з палёў у маёнтак амфары з пшаніцай, алеем, гідрыі з пітной вадой, пелікі з мёдам, сушаныя фінікі і вінаград, сыры, загорнутыя ў тканае ва ўласных Нікіфаравых майстэрнях палатно, і многае іншае. Еўдакія ехала на адкрытай калясніцы, але калі хацела лепей агледзець поле, рабы неслі яе на насілках. Жывена трымала скрыню з рознымі сасудамі — лекітамі, амфарыскамі, дзе было нагатаванае асвяжальнае пітво для гаспадыні, адвары з зёлак і ўсё, што магло спатрэбіцца ёй, пасцельнічы вёз усходні палас і шматлікія дыванкі на выпадак, калі хворая захоча пасядзець на зямлі. У Фацімы ж пры боку стаяў куфэрачак з духмянымі мазямі — калі гаспадыня натрудзіць ногі, лоўкія рукі арабкі тут жа дапамогуць ім. Ехаў і наглядчык комітавай стайні Салім. Са здзіўленнем убачыла Жывена, як змяніўся араб пры гаспадары: сыпаў прымаўкамі, жартаваў, смяшыў Еўдакію. Так, ён знарок жахаўся, калі аказваўся каля Галдана, на што гаспадыня заўсміхалася:

— Не бойся, ён не з царства Аіда. Наадварот, краіна яго высока ў гарах, так што да неба ён бліжэй, чым ты.

— Дазвольце не пагадзіцца, высакародная камітэса. Адзін з нашых паэтаў так пра яго сказаў:


Ён абліччам як Малік*, што да жахаў прывык,

Бо пякельнага полымя ён вартаўнік.

Чорны волас ён у сівой барадзе,

Птушка Рух**, чые крылы намоклі ў вадзе!

Ён чадрою няшчасця ахутаны спрэс,

У шчаслівы наш дом быццам Ібліс*** улез,

Скрозь людзей пазірае, у позірку лёд,

І на нешта чаруе ўсю ноч напралёт!


* Старажытнаарабскае боства.

** Чароўная птушка, накшталт Гамаюн-птушкі.

*** Чорт (араб.).


— Не паклёпнічай! — абарваў Нікіфар. — У маім доме не чаруюць! Хіба моляцца — але я і табе не забараняю маліцца твайму Алаху, хаця ўсе ведаюць, што ёсць толькі адзін сапраўдны Бог — наш, візантыйскі, праваслаўны…

Салім адразу ж перамяніў гаворку.

— Я хацеў падражніць яго, каб ён хоць трохі расказаў нам, як трапіў сюды. Усё мы ведаем адзін пра аднаго, апроч вось яе, — ён паказаў на Жывену, — і лекара. А яны трымаюцца разам і абое паводзяць сябе не як простыя слугі, а як высоканароджаныя.

— Гэта мая справа! — зноў абарваў яго Нікіфар. — Не ўсе такія нізкія рабы, як ты. Яна — іншае!

Сказаў і тут жа як спахапіўся. А тым часам Еўдакія загадала зноў спыніцца і, сышоўшы з калясніцы, стаяла, падстаўляючы цёпламу яшчэ сонцу зжаўцелы твар. У ваўняным плашчы, накінутым на ліловую туніку, у шапачцы з залатымі падвескамі на скронях, здавалася яна падлеткам. Злева ад дарогі пачынаўся платанавы гай, справа, за павароткай, скрозь купку зялёнага падлеска з лаўравішні, самшыту, рададэндрану і іншых дрэваў бачны быў натоўп, які рухаўся да калясніцы. Аказалася, коміт спыніўся, не даехаўшы паўмілі да поля, дзе ў гонар прыезду гаспадароў збіраліся ўрачыста сеяць пшаніцу.

— Хай ідуць усе сюды і сеюць яе тут! — камітэса паказала на бліжэйшае поле. Упраўляючы разгублена пераглянуўся і шэптам сказаў коміту, што тут учора закончылі сяўбу.

— Рабіце, што сказана, — коратка загадаў той, і тады да гаспадароў подбегам заспяшаліся сейбіты, за імі святар у парчовай фелоні* з нашытым крыжам, следам за якім нёс чашу з вадой і крапілам з лісця вайі** стары дыякан, чый стыхар*** быў якраз таго ж ліловага шоўку, як і туніка камітэсы. Яна спачатку грозна ссунула бровы, але ўспомніла, што сама ж загадала паслаць у маёнтак служкам некалькі столак з сувоя, падаранага ёй Балдуінам II.

* Рыза, шырокае і доўгае адзенне святара без рукавоў, з выразам для галавы.

** Пальма.

*** Доўгая кашуля з выразам па горлу і шырокімі рукавамі.

Неўзабаве пачаўся абрад сяўбы. Акропленая святою вадою зямля, ужо ўзараная, лёгка варочалася драўлянымі плугамі. Усе, хто стаяў каля гаспадароў, напружана сачылі за тым, каб у час сяўбы зерне не трапіла на бычыныя рогі — ураджай будзе вялікі, але зерне ўродзіцца нясмачным і непрыдатным для людзей. Адзін толькі Галдан няўважліва глядзеў удалячынь ды Жывена, убачыўшы высока над полем знаёмы трохкутнік журавоў, не зводзіла з іх вачэй. Куды яны ляцелі? У Эгіпет? І адкуль? Можа, якраз з новагародскіх зямель, дзе ладзілі гнёзды на дубах і рабілі павольныя кругі над маленькім каменным храмам Ашвінаў, дзе цяпер, можа, стаіць на вежы Відэвут і просіць сонечных вясёлых багоў знайсці яе і прывесці назад, на радзіму. А магчыма, ён лічыць яе мёртваю? Ды не, сэрца і Ашвіны павінны сказаць яму праўду. Святазар, пэўна, ведае, дзе яна — да яго найчасцей прыходзяць багі і адкрываюць яму хаця столачку вялікай і страшнай заслоны, якою адгароджаныя яны ад зямных людзей.

… - Ты ж ведаеш, уладычыца, што грэчаская царква не бярэ грошай за шлюбы. Па старадаўняму звычаю грэкаў, яны плацяць за тое толькі пеўнем і боханам хлеба. А плаціць жа царкоўную дзесяціну лацінянам, згодна праваслаўнаму царкоўнаму праву, мы адмаўляемся. За тое царква наша, як і іншыя, праследуецца. Пракляты Марасіні, патрыярх, хоча ўвогуле забараніць грэчаскія абрады, ён жа венецыянец, як ты ведаеш!

Жывена ўздыхнула. Гэта скардзіўся Еўдакіі хрысціянскі святар, прасіў дапамогі і грошай. Камітэса выслухала яго і паабяцала заступіцца, успомніўшы мудрасць папы Інакенція III, які шукаў кампрамісаў з грэчаскім духавенствам. Коміт выглядаў задаволеным: можа, і сапраўды Еўдакія неўзабаве зможа падняцца і хадайнічаць за царкву? Лаціняне і цяпер, праз шэсцьдзесят гадоў пасля заваявання Царгорада, не спяшаліся аддаваць Рыму хаця б пятнаццатую частку даходаў, хаця, паводле дамоваў, мусілі б адпраўляць туды звычайную дзесяціну, якая, аднак, не была прынятая грэчаскім духавенствам да гэтага часу.

Еўдакія, выслухаўшы святара, нечакана сказала мужу:

— Я стамілася ад просьбаў. Хай яны пакінуць нас. А мы яшчэ пабудзем тут, ля гаю.

Але ў гэтую хвіліну да яе падышоў садоўнік і выцягнуў з-за пазухі прыгожа сплецены футляр. Адкрыўшы яго, ён дастаў гваздзік, на якім заіскрыліся кропелькі вады, якой яго апырскалі, і працягнуў камітэсе. Усе аслупянелі: гваздзік быў пурпурны. Першым апамятаўся коміт.

— Ты што, хочаш пасварыць мяне з імператарам, гнюсны раб?! — загрымеў ён, адштурхнуўшы садоўніка так, што той адляцеў прэч і, зачапіўшыся нагой за камяк зямлі, расцягнуўся ля самых ног Жывены. Круглы твар са светлай апушкай валасоў на падбародку збялеў, шэрыя вочы вырачыліся: садоўнік яўна чакаў іншага.

— Я… вывеў яго спецыяльна для камітэсы, — залепятаў ён. — Гэтыя кветкі… такія прыгожыя!

— Ён, мабыць, не ведае, што пурпуровыя гваздзікі забаронена разводзіць у садах!* — зашаптала Фаціма.

* Гэтае адценне лічылася царскім, ніхто на яго не меў права.

Спалоханы наглядчык маёнтка пацвердзіў ейныя словы, распасцёршыся перад гаспадарамі:

— Гэты раб прывезены нядаўна, я не дагледзеў, што ён вырасціў пурпуровы гваздзік! — енчыў ён. — Я не вінаваты, не карай мяне!

— Я не вінаваты! — садоўнік, таксама смяротна спалоханы, загаварыў па-руску.

— Адкуль ты? — страпянулася Жывена.

— З Галіцка-Валынскай зямлі, з-пад Бярэсця.

Нешта магутна-светлае, лёгкае нібыта падхапіла дзяўчыну, і на імгненне прамільгнуў перад вачыма храм з тоўстых кубоў граніту, магутныя дубы, што атулялі яго шапаткімі шатамі, залацісты конь з саломы на ахвярным вогнішчы… Яна схілілася перад Еўдакіяй:

— Пашкадуй яго, камітэса. У яго рукі майстра — зірні, які футляр з лубу сплёў гэты чалавек! У яго душа паэта — ён лічыць цябе царыцай, бо столькі чуў пра тваю прыгажосць!

Усю сілу, якая некалі была ў ёй і цяпер вярнулася — ці надоўга? — уклала яна ў свае словы, і камітэса апусціла грозна ўзнятую руку. Коміт, які сачыў за жонкаю, таксама змякчыўся:

— Няхай жыве. Аднак табе, які не дагледзеў і не папярэдзіў таго, што адбылося, давядзецца адказваць.


Яны паехалі да маёнтка, але доўга ззаду яшчэ чуліся крыкі наглядчыка, якога бязлітасна секлі лазінамі. Еўдакія ж напружана глядзела наперад, твар яе быў замкнёным. Яна выпіла глыток фіялкавага віна, праліўшы трохі на сваю ліловую туніку, памуляла завялымі вуснамі вінаградзіну, але пасля выплюнула яе. Рука з цьмянымі, акуратна вычышчанымі рабыняй пазногцямі дрыжала, чырвоныя плямы праступалі на худых шчоках.

Калі яны прыехалі ў маёнтак, яна не пайшла ў дом. Загадала несці сябе да агромністай шэра-зялёнай алівы; там, сышоўшы з насілак, прытулілася да шурпатага ствала, дзе глыбока заплыла, але была яшчэ бачная першая літара ейнага імя.

— Помніш, Нікіфар, ты першы раз прыехаў са сваім бацькам сюды, каб паглядзець на мяне? І я зірнула. Ты мне спачатку не надта спадабаўся, але пасля… Калі ты мне кляўся ў каханні, апякунка аліваў* падала знак, і я зразумела, што буду з табой да смерці.

* Афіна.

— Нашто ты гаворыш пра смерць? — дакорліва прамовіў коміт. — Мяркую, мы будзем жыць доўга.

— Не, мая смерць блізкая. Тыбецкі лекар пытаўся, у якім адзенні прыходзіць у сны маці. А яе туніка якраз такога колеру, як гэты гваздзік, колеру застаялай крыві, якой так многа пусцілі мне манастырскія лекары. Таму хачу пастрыгчыся, перш чым Харон пусціць мяне ў сваю ладдзю. І яшчэ аб чым прашу цябе, Нікіфар…

Еўдакія зняла адзін за адным з пальцаў каштоўныя пярсцёнкі.

— Гэты, з антраксам*, аддай у Вялікі Храм Божай Мудрасці**, хай аправяць ім абраз святой Еўдакіі. Гэты са смарагдам — у царкву Пантакратара. А на гэты, з залатой філігранню, хай памоляцца за мяне жабракі каля Вялікай Гавані — калі я бывала там, мне заўсёды хацелася ехаць у невядомыя далёкія краіны…

* Рубін (старажытнарус.).

** Так называлі храм св. Сафіі.

— Усё, што скажаш, я зраблю, але… — пачаў быў коміт.

— Не суцяшай! — слаба абарвала яго жонка. — Яшчэ адно хачу папрасіць: пасля маёй смерці дай ёй вольную грамату.

Яна паказала на Жывену, якая трымала яе за левую руку.

— Але чаму — ёй? — коміт рэзка павярнуўся, вочы яго ўпіліся ў маладую дзяўчыну, якая ад нечаканасці адпусціла гаспадыню.

— Таму што… — Еўдакія пачала задыхацца, плямы на шчоках выступілі цёмна-чырвонымі ружамі. — Яна, рабыня, заступілася за іншага, хаця за гэта, пад гарачую руку, маглі загадаць асляпіць і яе. Значыць, чужое жыццё ёй… не абыякавае…

Але тут слугі па знаку коміта падхапілі яе, Галдан Цэрэнхан паспешліва дастаў з зялёнага яшмавага футарала доўгія іголкі з туга закручанымі ў спіраль канцамі і маланкава абтыкаў імі хворую. Седзячы на тоўстым усходнім дыване, яна паступова супакоілася, пачаў праступаць румянак на шчоках, дыханне параўнела. Жывена дапамагала ёй: абкладала падушкамі, абвявала веерам з вялікімі пушыстымі пёрамі. Але адначасова ліхаманкавая радасць білася ў ёй, і той прыліў моцы і лёгкасці, які вярнуўся і цяпер п'яніў хмелем надзеі, усё не пакідаў, наадварот, узмацняўся…


Вечарам, калі гаспадары вярнуліся назад, у Цар-горад, і Еўдакія заснула, Жывена, хвалюючыся, папрасіла лекара паслухаць ейны пульс.

— Я баюся, што памру ад радасці, - сказала яна. — Таму прашу цябе, скажы, колькі мне жыць, каб паклапаціцца пра Святазара.

Аднак Галдан Цэрэнхан адмовіўся.

— Чаму ж коміту ты сказаў, калі памрэ ягоная жонка, а мне не хочаш сказаць нічога! — пакрыўдзілася Жывена.

— Бо ў яе лёсе не зменіцца нічога, яе Кола вось-вось спыніцца.

— Спыніцца некалі і маё!

— Але калі — ты не павінна ведаць. Іначай суддзя памерлых Чойг'ел*, убачыўшы ў люстэрку Кармы, як я ўмешваюся ў тваё жыццё, пазбавіць мяне магчымасці хоць калі-небудзь нарадзіцца ў Сукхаваці — шчаслівай краіне, дзе няма ні дэманаў, ні асураў**, толькі багі і людзі.

* Персанаж тыбецкай міфалогіі.

** Адпавядаюць злым духам.

— Дык ты не можаш мне сказаць нічога, ты, які стаў для мяне Настаўнікам?

— Магу сказаць адно: твой лёс напоўнены звонам і страсцю, і ты, адламаная галінка дрэва, павінна браць сілы ў яго. Будзе жыць Дрэва — будзеш жыць і ты.


…І зноў у Жывеніным сне варушыў незлічоным лісцем свяшчэнны Дуб, з дупла выглядала празрыстая-светлая, у вяночку з белых рамонкаў Ляля, а за ёю тоўпіліся русалкі, і тонкія галасы напаўнялі прастору музыкай. Над пяшчотна-сінімі палосамі квітнеючага лёну трапяталі жаўрукі, а вышэй над імі — бяздонна-велічнае неба такой асляпляльнай васільковай гушчыні, якую яна бачыла толькі на радзіме. Душа дзяўчыны кружылся над узгоркамі і далінамі, над чырвонымі мурамі новагародскіх вежаў, і ў сне такое замілаванне ахоплівала яе, што слёзы змочвалі жорсткую падушку, а вобраз радзімы і твары дарагіх яе сэрцу людзей стаялі перад вачыма і ўдзень. Ніколі не думалася, што такой нястрымнай, такою горка-безнадзейнаю мукаю будзе поўніцца сэрца. І аднойчы ў сне загучалі словы дзеда аб Новагародку, якія праходзілі раней паўз яе душу. І адкрылася ёй, што ёсць любоў да Радзімы.


КНІГА ДРУГАЯ


У самы канец месяца верасня, калі на Новагародчыне зацвітаюць ліловыя пругкія верасы і пад дубамі выходзяць на свет аксамітава-карычневыя баравікі, а ў Візантыі над ссохлай у камень зямлёй з дрэваў звісаюць яшчэ зялёныя цытрыны, у Саліма, вольнаадпушчаніка, што працаваў у гаспадарцы коміта Нікіфара, нарадзілася дзіця.

Яго сярэдняя жонка праз тое ледзь не развіталася з жыццём: яна ўжо бачыла Азраіла з мячом, якім той рыхтаваўся перарэзаць тонкую нітку яе жыцця. Але ўмелыя рукі тыбецкага лекара, якому дапамагала і Жывена, вынеслі яе з-пад страшнага крыла гэтага анёла смерці і разам з немаўлём вярнулі Саліму. І той, бязмерна ўдзячны абаім памагатым, наладзіў у іхні гонар свята, куды запрасіў і гаспадароў.

Нікіфар быў абурыўся, што раб хоча весяліцца ў час, калі ягонай гаспадыні робіцца ўсё горш. Але Еўдакія супакоіла яго:

— Чужая радасць можа даць трохі радасці і мне.

Коміт прысеў на ложак да жонкі, прыціснуў яе тонкія, амаль празрыстыя далоні да вачэй, каб схаваць слёзы. Ніколі раней так не казала Еўдакія, наадварот — капрызлівая, зацятая, не любіла яна чужой радасці. Часам і мучыла рабоў.

— Але ты можаш стаміцца. У мусульман заўсёды шмат тлуму, — паспрабаваў ён усё ж адгаварыць жонку. Ды тая настояла на сваім.

Салім і ягоная сям'я пастараліся: дамок, дзе яны ўсе жылі, быў абвіты пляцёнкамі кветак, падлога памытая з пахкасцямі, а ў пярэднім пакоі гралі, надзімаючы шчокі, запрошаныя музыкі. У парадным пакоі, дзе ў пярэстым, пушыстым дыване як патаналі нізкія візантыйскія столікі, у самым куце, пад вялікаю іконай Маці Божай (прынесенай сюды дзеля гаспадароў), узвышаліся два разьбяныя крэслы, таксама абвітыя кветкамі. На сталах у каляровай шкляной вазе грудзіліся мігдалевыя зярняткі, салодкія кубічкі кунжуту, прадаўгаватыя арэхі, незнаёмыя Жывене і Галдану Цэрэнхану, якіх віталі не так гучна, як гаспадароў, але затое, мабыць, больш сардэчна.

Загрузка...