* Адзін з палкаводцаў, што адбіралі ў 1261 годзе Цар-горад у лацінян.

— Майго слугу падкупілі! — амаль заенчыў коміт.

Райнер злавесна ўсміхаўся, вочы яго звузіліся, як у звера, які амаль зацкаваў ахвяру.

Прэпазіт знакам паказаў Саліму вяртацца да дзвярэй, і той стаў адпаўзаць назад, не смеючы падняць галавы.

Цяжкае маўчанне павісла ў палаце.

Жывена глядзела на старога чалавека, які сядзеў на троне, і адчувала яго халоднасць і раўнадушша да ўсяго, што адбываецца. Ён нават трохі забаўляўся, як забаўляліся яго папярэднікі на іпадроме ці рымскія цэзары ў Калізеі, дзе звяры рвалі жывое чалавечае цела. Чужыя жыцці і смерці даўно страцілі для яго каштоўнасць, бо столькі пажадлівасці і хцівасці, жаданняў і нянавісці клубілася стагоддзі запар вакол гэтага трона, што чыстаму чалавеку можна было б задыхнуцца ў нябачных, але надта адчувальных для яго чорных злавесных хмарах…

Ён зноў павярнуў свой твар да дзяўчыны, цяжкі позірк упіўся ў яе.

— А што скажаш ты?

…За яго спіной, па абодва бакі ад трона, як прашалясцелі крылы… ці то парчовыя мантыі? І дзве постаці, якія нібы сышлі з іконы святых Казьмы і Даміяна, калыхліва ўсталі перад ёй, зіхоткія, светлыя, радасныя. А можа, гэта рассыпаліся па барвовай заслоне залатыя зайчыкі сонца, што прабілася скрозь тоўстыя пульхныя хмары?!

І сіла, якую яна несла ў сабе, нібы дарагое віно ў сасудзе, калыхнулася ў грудзях. З неадольнай жаночай вабнасцю ўсміхнулася жрыца Ашвінаў проста ў твар гэтаму адзінокаму мужчыне на троне, і адразу нешта ў ім таксама як калыхнулася, азвалася — не, не словам яе, а вабнасці і прыгажосці.

— У далёкім Новагародскім княстве жыве мой бацька, князь Міндоўг, якога адзінаццаць гадоў таму назад каранаваў як караля магістр Ордэна мечаносцаў Андрэй фон Стырлянд. Сам Папа прыслаў у Новагародак спецыяльны ліст і карону. Пры тым быў і рыцар Райнер, якому бацька мой даручыў клапаціцца пра мяне. Але рыцар, які прыехаў дапамагаць хрысціць нашу зямлю, выкраў мяне, каб завезці ў свой замак — спытайце ў яго, навошта? Я збегла ад яго, гэта праўда. Лёс закінуў мяне сюды, але высакародны коміт і яго жонка дапамагалі мне. Калі я расказала пра вераломства рыцара, твой канюшы зрабіў мяне сваёй прыёмнай дачкой — каб абараніць ад яго, бо ўжо нападаў ён на мяне — у прыцемках, зноў вераломна.

Яна гаварыла, перамешваючы праўду і няпраўду, нібы нехта маўляў ейным голасам, пераконваў праз яе гэтага чалавека, ад якога залежала, ці вернецца яна на радзіму.

— Дык няўжо ты, магутны імператар рамеяў, паверыш такому чалавеку?! — празвінелі на ўсю палату яе апошнія словы.

Усе погляды звярнуліся да Райнера. Ён хацеў загаварыць. Але ўсё трапяталі па абодва бакі ад трона два прыўкрасныя юнакі, і адчула Жывена, як сіла яе запячатвае вусны рыцара неадольнай пячаткай, і разгубленасць праступае на яго твары, бо не чакаў ён, не ведаў, што яна — дачка новагародскага караля. А цяпер не цяміў, што казаць.

— Гэта… гэта няпраўда! — перасохлымі вуснамі прашаптаў ён.

І разгубленасць рыцара была для ўсіх такой відавочнай, што сімпатыі прысутных адразу адвярнуліся ад яго. Нават этэрыярх маўчаў, мабыць, таксама агаломшаны пачутым.

— Гэта праўда? — у кожным гуку імператарскага голасу чуліся раскаты грому. — Ты ведаў пра тое, этэрыярх?

— Але чаму мы павінны верыць былой рабыні? — абурыўся той.

— Таму, што Бог даў ёй самае лепшае на гэтай зямлі — прыгажосць, і я разумею і коміта, і рыцара! — з нечаканым запалам усклікнуў Балдуін Другі.

Яго вочы ажывіліся, раўнадушны твар памаладзеў, і на імгненне Жывена ўбачыла ў ім рыцара, які з мячом у руках абараняў Цар-горад ад усіх нападаў на працягу многіх гадоў, які любіў Беатрычэ і іншых жанчын, чые пасівелыя кудзеры гладзілі слаўнейшыя прыгажуні імперыі і кляліся яму ў каханні, а ён не толькі гарцаваў з мячом, але і спяваў ім песні, і нават, шапталіся, складаў вершы ў гонар іх красы.

— Дачка караля, хрышчанага Рымам, не можа быць палонніцай ніякага рыцара! — усклікнуў грэк-прэпазіт. — Адпусці яе, найсвяцейшы і найлітасцівейшы севаст!

Жывена не адводзіла вачэй ад імператара.

— Адпусці і майго прыёмнага бацьку! — яна ўсміхалася, як тварыла абрад, як чаравала, ужо дзёрзкая і адначасна пакорлівая. — Данос на яго быў няправедным, гэта ўсё здарылася з-за мяне, і ты правільна ўсё разгадаў, вялікі імператар рамеяў!

І ён упершыню ўсміхнуўся — усмешкай мужчыны, які ўсё разумее, але не можа супраціўляцца вялікай магутнасці Афрадыты. І сказаў падабрэлым голасам:

— Пакінем усё, як яно ёсць.

І запытаўся яшчэ:

— А табе падабаецца мая сталіца, дачка далёкага караля?

— Я не бачыла нічога больш прыгожага, — адказала, усё гледзячы яму ў вочы, Жывена. І дадала цішэй: — Але веліч асляпляе мяне, вялікі імператар.

— Гэта значыць, ты хочаш вярнуцца?

— Хачу! — сказала яна страсна.

— Я падумаю пра гэта, — сказаў Балдуін працяжна і паглядзеў на прэпазіта. Той адразу ж пстрыкнуў пальцамі, з-за заслоны выбег прыдворны з залатым падносам, на якім ляжалі падарункі — для кожнага прыёму іх выбіраў сам еўнух-прэпазіт разам з протавестыярыем — галоўным цырымоніймайстрам двара. Імператар кінуў на паднос погляд, паказаў на вялікі залаты крыж з эмалевымі насечкамі, дзе была эмалевая выява Балдуіна, які прымае з рук самога Хрыста імператарскую карону. Прэпазіт падаў яму крыж, імператар зноў усміхнуўся:

— Падыдзі сюды!

Па шэрагах прыдворных пранёсся шэлест: Балдуін Другі, падаўшыся наперад, сам надзеў ланцужок з крыжам на шыю дзяўчыне.

— Ты прайграў! — шапнуў Райнеру этэрыярх.

— Грэк абскакаў рыцара! — змрочна прашыпеў адзін з Райнеравых сяброў, рука яго лягла туды, дзе павінен быў быць меч, які адабралі пры ўваходзе.

Райнер стаяў нерухома, толькі вочы яго гарэлі зялёным шалам, як у ваўка, які вось-вось гатовы быў схапіць здабычу, але змушаны глядзець, як яе ўхапіў мацнейшы.

Жывена яшчэ не паспела адступіць назад, як трон імператара лёгка калыхнуўся, папоўз уверх, і ў той жа момант паміж ім і прысутнымі лягла пурпуровая заслона — аўдыенцыя закончылася.

Калі яна ўслед за Нікіфарам выходзіла з палаты, прыдворныя абступілі іх, гучна ўхвалялі падарунак, прагна разглядалі залатыя эмалі, лісліва ўсміхаліся дзяўчыне, лавілі яе погляд. На Райнера не глядзелі. Ён разам з таварышамі і этэрыярхам, які быў падобны да ператворанай у камень маўклівай глыбы, хутка крочылі прэч. Толькі раз Райнер азірнуўся, погляд яго зноў палыхнуў зялёным.

Мазаічныя паўліны, абведзеныя чорным мармурам, пушылі свае дзівосныя хвасты-вееры пад нагамі. Еўнух вёў коміта і Жывену іншымі пераходамі.

— Я дам табе дварцовую варту, — сказаў ён коміту. — Імператар вырашыў справядліва, але рыцары могуць не пагадзіцца з гэтым. У сённяшнім бедламе ніхто не знойдзе вінаватых…

— Я да раніцы перагортваў з сябрамі «Васілікі», «Прахірон», «Эпанагогу»*, але ўсе законы выветрыла з палаты адна жаночая ўсмешка! І каторы раз яна аказваецца мацнейшаю за ўсё!

* Зборы прававых нормаў Візантыі.

Коміт Нікіфар сядзеў насупраць Жывены, на яго твар вярнулася жыццё, толькі вочы ён увесь час адводзіў убок. Мабыць, мучыўся сваім колішнім страхам.

Рабы неслі насілкі, раўдухі гарцавалі на конях абапал іх. Жывена сядзела, усёй спіной абапіраючыся на падушкі. Узбуджэнне пакінула яе, а ўзамен навалілася стома. Хацелася праваліцца ў сон, каб ніхто не чапаў. Але коміт усё гаварыў і гаварыў, і трэба было яго слухаць.

— Успамін пра Феафано лунаў наўкол цябе. Думаецца, некалі напішуць песню і пра сённяшні дзень… Але хто тут я?

Прастора вакол іх была насычаная ценямі мінулага гэтай краіны, яны жылі тут, не жадаючы сыходзіць у падземнае царства, яны, здавалася, абступілі іх, зазіралі ім у вочы. Але ёй няма да іх справы. Няма…

— Нават Цымісхій, які адправіў яе ў выгнанне, не мог забыцца на гэтую прыгажуню. Бачыш — тут, у святой Сафіі, каля якой мы зараз едзем, адмольваў ён сваё адступніцтва, але, кажуць, і пасля смерці цень яго прыходзіў на яе магілу!

Ён яшчэ нешта тлумачыў, але Жывена бачыла, што і ён змяніўся — не гаспадар гаварыў з рабыняю, не закаханы. Так трымаюць сябе прыдворныя. Так яны глядзелі на яе, так зазіралі ў вочы. І тады яна спакойна і ўладна загадала:

— Я стамілася. Дай мне адпачыць.

Затрапятала ад ветру ваўняная завеса. Зноў пачынаўся дождж. Мабыць, наступіў час абеду ў Залатой палаце — Магнаўры. Імператар, магчыма, вельмі хутка забудзецца на яе — кожны дзень нясе яму новыя пацехі і клопаты, — але гадзіна, праведзеная ў Вялікім Палацы, ужо мяняла жыццё Жывены: Нікіфар пакорліва змоўк, а калі яны выходзілі з насілак, апярэджваючы слуг, падаў руку, каб зручна было выходзіць. Аднак нястрымныя дрыжыкі недзе ўсярэдзіне не перапыняліся, і бесперастанку клацалі ягоныя зубы, якія ён сутаргава сціскаў…


Назаўтра на дасвецці Жывену разбудзілі. Перад дзвярыма тросся пасцельнічы Феафілакт.

— Наш гаспадар… ён… памірае!

Дзяўчына не пазнала коміта: правая палова яго твару была перакошаная, ён глядзеў адным вокам, а другое было заплюшчана.

— Што з ім? — бесперапынку пытаўся Феафілакт. Збегліся слугі. Усчаўся вялікі плач.

— Ціха! — прыкрыкнула Жывена. Яны адразу спалохана змоўклі.

Яна бачыла, што з Нікіфарам — учарашняе жахлівае напружанне разбіла яго паралюшам.

— Трэба паслаць па лекара ў манастыр Пантакратара!

— Слухаю, — пачціва схіліўся перад ёю Феафілакт, пабег выконваць распараджэнне.

Яна кінулася варыць зелле, якое разаграе кроў, пасля сама расцірала хвораму ногі, схаладнелыя рукі. Хацела паклікаць на дапамогу Фаціму, нават загадала яе знайсці, але Нікіфар замыкаў, жаласна заміргаў вокам, і, успомніўшы пра Саліма, яна толькі папрасіла служку дазнацца, дзе ён і што з ім. Вярнуўшыся, хлопец пераказаў, што яшчэ ўначы ўся сям'я мусульманіна знікла, як перуном іх спаліла, — мабыць, баялася помсты.

Жывене шкада было Фаціму, да якой за гэты час яна прывыкла, прызвычаілася, якая столькі расказвала пра Візантыю, але холад прабіраў да касцей, калі думалася, што магло быць з імі пасля Салімавых слоў…

Чатыры наступныя дні Жывена не адыходзіла ад хворага, і разам з ёю цяпер быў Святазар. Хлопчык ціха сядзеў у куце, перабіраў бірулькі, глядзеў, як завіхаецца каля хворага лекар.

Малады, але вядомы ў горадзе грэк Георгій спачатку высакамерна выслухаў, што рабіла Жывена да ягонага прыходу, але пасля прызнаў, што тое самае рабіў бы і ён. Праўда, пітво, зваранае з зёлак, ён доўга нюхаў, распытваў, з чаго яно прыгатавана. Ды, убачыўшы, што пасля прыёму хвораму відавочна лепшае, даверыўся нечаканай памочніцы.

— Хаця дачцы коміта і не варта рабіць такую прапанову, — сказаў ён на трэці дзень, — але я з ахвотай узяў бы цябе, Ефрасіння, у наш манастыр, а там усё ж лепшыя лекары і сёстры ў Візантыі. Ад тваіх рук ідзе тое дабрадатнае цяпло, якое часам дапамагае лепей за лекі…

Аднак здольнасць валодаць сваім целам да коміта ўсё ж не вярталася. Ды Георгій супакойваў дзяўчыну, што пры належным доглядзе Нікіфар, нават калі і не здолее гарцаваць на кані альбо ўзбірацца на вежу, хадзіць усё ж зможа, хаця і павольна.

Пад вечар пятага дня стома так навалілася на Жывену, што яна, забраўшы хлопчыка з сабою, пайшла спаць, пасадзіўшы каля гаспадара манашку з манастыра Пантакратара і напаіўшы Нікіфара гаючым адварам зёлак.

А ўначы каля брамы Пігі залязгала зброя, завіравала сеча. З гавані Феадосія, найбліжэйшай да гэтай брамы, пачалі страляць грэчаскім агнём два галеоны, да іх далучыліся драмоны, што стаялі ў гавані Юліяна. Пасля дазналіся, што гэта атрад Аляксея Страцігапула разам з полаўцамі прайшоў у горад праз адчыненую браму — пастараліся патрыёты.

Зашугалі полымем дамы, дзе жылі лаціняне, палыхлівае вогнішча слупамі ўзнялося ў розных кварталах горада, незлічонымі іскрамі ападаючы на людзей, што кінуліся па вуліцах, каб разам з нікейскім войскам раз'ятрана абрынуцца на абрыдлых чужынцаў.

Жывена загадала ўпраўляючаму сабраць усіх рабоў, слуг, вольнаадпушчанікаў і ўзброіць іх супраць тых, хто, карыстаючыся патарочай, заахвоціцца лезці па ласкавы хлеб*, а сама подбегам кінулася да гаспадара.

* Выраз, які азначае «на дармаўшчыну».

Каля яго было пуста. Мабыць, манашка збегла, пачуўшы асаду, таму што разам з ёю знікла і сярэбраная шкатулка, дзе ляжалі маленькія вагі, на якіх адмервалі шчопці лекаў. Нікіфар ляжаў непрытомны, і, абмацаўшы яго галаву, яна адчула, што патыліца яго была цвёрдакаменнай. У памяці ўсплылі словы з павучанняў Цэрэнхана: «Пры нерухомасці патыліцы, страце гаворкі прыпальвай валасы на вялікіх пальцах ног»*. Яна прынесла палыновыя палачкі, што пакінуў тыбецец, падпаліла іх. Церпкі пах паплыў да іконы Спаса ў куце, да свечак, якія запалілі ля ложка, бо зноў у акно глядзеў непрыветны хмуры дзень. Сіняватыя шнурочкі дыму віліся ля шкляных сасудаў з мініяцюрамі, распісанымі залатымі фарбамі, ля бронзавых поручняў ложа; на жоўтую скуру кашчавых ног гаспадара ападаў зеленаваты попел.

* Дакладны рэцэпт з «Чжуд-Шы», тыбецкай кнігі лекавання.

Прыпальванне падзейнічала. Нікіфар расплюшчыў вочы і, ледзь варочаючы языком, загаварыў:

— Тваё адпушчэнне… — там. І царкоўны запіс, — паказаў вачамі на абраз, які вісеў на сцяне. — Адсунь.

За абразам аказалася ніша, там у скарбонцы з палісандравага дрэва ляжаў скрутак з патрэбнымі запісамі. Царкоўная пячатка, подпісы сведкаў. Там жа, унізе, дзяўчына прачытала сказ, па якім ёй дарылася памесце за горадам. Нікіфар сачыў за яе тварам.

— Мо-жаш е-хаць, — напружыўся ён, каб вымавіць тое, што не ляжала да душы. — Па-кінь мяне. Я табе ўжо не-па-трэбны…

— Нікейцы бяруць горад. Магчыма, твой сын вось-вось з'явіцца тут, і тады ты ўстанеш. Радасныя весткі лепей за любыя лекі, - загаварыла яна з ім, нібы з капрызлівым дзіцём.

— З'яздж-ж-жай!

— Ты ж не пазбавіш мяне радасці пазнаёміцца з братам? — зноў з усмешкай пакпіла яна.

— Упар-тая!

Ён адкінуў галаву, але на спакутаваным, страшным твары мільганула радасць.

Тады Жывена ціха выйшла, прыціскаючы да грудзей пергамент. Ён быў для яе цяпер даражэйшы за ўсё, што было ў гэтым доме, таму, перш чым зноў ісці да выхада, яна беражна паклала ў палатняны мяшэчак каштоўны скрутак, і, павагаўшыся, прымацавала той мяшэчак на пояс, надзеты проста на цела.

Цяпер заставалася адно — выжыць у асадзе.

Лекар Георгій не прыехаў. Але наўрад ці змог бы ён дапамагчы: пасля кароткага паляпшэння Нікіфару зноў зрабілася надта блага. Вусны яго пачарнелі.

— Я павязу яго ў бальніцу, — вырашыла Жывена.

— Але паўсюль ідуць баі. Я праехаў да рога вуліц Памакарысты і Трох Караблёў: лаціняне бягуць у гавані, да караблёў, але некаторых забіваюць на вуліцах і тут жа ляжаць трупы! — запярэчыў Гермаген.

- І ўсё ж… Упрагайце коней у вазок. Ён можа памерці.

Яна ўзяла з сабой Гермагена, узброенага мячом і дроцікамі, а таксама яшчэ двух маладых слуг. Ім пашанцавала: замятня перамясцілася ад форума Таўра, ля якога стаяў дом Нікіфара, да царквы святога Акакія, і паўз акведук* Валента так-сяк яны дабраліся да манастыра. Там было неспакойна: прыносілі раненых нікейцаў і царгародцаў, таму давялося чакаць. Калі лекар Георгій, нарэшце, выйшаў да іх, то, бегла агледзеўшы Нікіфара, загадаў пусціць яму кроў і пакласці ў бакавую палату, далей ад жахлівага відовішча ран, нанесеных грэчаскім агнём, ад крыкаў і стогнаў паміраючых.

* Водаправод. У Візантыі ён насіў імя імператара Валента.

Цямнела, калі яны вярталіся дадому. Горад быў ужо захоплены нікейцамі, куродым ад спаленых дамоў слаўся па вуліцах. Не зважаючы на трупы, пераможцы паўсюдна гралі на флейтах, білі ў барабаны, пілі віно; блудніцы ў абдымку з пераможцамі кіраваліся ў таверны. На плошчы перад палацам Вукалеона воіны насілі на прыстань груды трафеяў: вялікія сярэбраныя вазы і сасуды, скруткі шоўку і парчы, бронзавыя курыльніцы. Гучна апавядалі, як джгалі да караблёў напаўадзетыя лаціняне, іх жонкі і дзеці і як спяшаўся туды ж Балдуін са сваёй світай, падганяючы каня, губляючы знакі імператарскай улады. Сярод жа простага люду хто хваліў, хто ганіў пераможцаў, якія не надта ўлягалі за чужынцамі, даючы ім адплыць, а то дзе-нідзе загадвалі тушыць пажары, бо агонь мог перакінуцца на кварталы, заселеныя толькі царгародцамі.

Калі Жывена разам са слугамі пад'ехала да дома, завярнуўшы за старую разлапістую смакоўніцу, усе аслупянелі: другога, драўлянага паверха не было, адно курыліся бэлькі на каменных плячах першага. Дагарала, патрэскваючы, тоўстая дубовая брама, ля якой пакінулі яны ўпраўляючага і рабоў. Калі зайшлі ўсярэдзіну, пабачылі некалькі мёртвых целаў.

Жывена кінулася ў свой пакой.

Туніка нібы загарэлася на ейных плячах: Святазара там не было, а яе адзенне — хітон, белая вуаль, што вісела ў куце, сандалеты — усё было пасечана на шматкі. Як вокам кінуць, усё было параскідана, аблуплена да жывога. І — ніводнае душы наўкол. Аднак неўзабаве вылез з кустоўя раб-балгарын, сам не ў сабе ад страху.

— Каб я ўдоўж лаўкі выпрастаўся, — пакляўся ён, — як кажу няпраўду. І я біўся з немцамі, ды пасля ўцёк, бо іхняя сіла. Тыя кулём ляглі, - паказаў ён на вароты, — але не здолелі іх стрымаць.

— Якія немцы? — запыталася Жывена, сама не свая ад гора. — Ты што, з Лядашчыкам спазнаўся?*

* У сэнсе — здурнеў.

— Ты пра каго гаворыш, хлопец? — запытаўся і Гермаген. — Хто тут быў — нікейцы альбо латругі-царгародцы? Кажы праўду, іначай я цябе на горкі апельсін сатру! Дух з цябе вон, пара слупам!

— Знодай мяне з зямлёю, але гэта былі немцы, я дык іх ведаю, — кляўся балгарын. — Галоўны з іх усё гаспадыню шукаў, - ён паказаў на Жывену. — А пасля, як не знайшоў, загадаў вольнаадпушчаніцы Ніко ўзяць дзіця і следам за імі ісці. А астатнія грэблі ўсё, што можна, асабліва ў пакоі нябожчыцы. І надта спяшаліся, бо, як ускочылі на коней, дык так джыгнулі, як моцы стала.

— Гаворыць, як макам сыпле! — злосна сказаў Гермаген. — Каб ты на вадзе спёкся, як ты бярог гаспадарскае дабро. А найперш дзіця. Можа, забіць цябе, палахліўца?

— У чым ён вінны? — Жывена адчувала: вялікі жаль затоплівае яе, як паводка, так што няможна ўдыхнуць паветра. І няма сіл і жадання выплыць з віра, што засмоктвае глыбей і глыбей.

Яна пайшла да сябе ў пакой, лягла галавой на стол. Была ўся як у агні.

Ціха пастукалі ў дзверы. Зайшла рабыня-эгіпцянка.

- І ты засталася жывою? — узняла Жывена ацяжэлую галаву. — Дзе схавалася?

— Мяне таксама ўзялі, але пасля галоўны іхні перадаў мне словы, каб я іх вам сказала. Тры разы прымусіў паўтарыць, а што яны значаць, не ведаю.

— Якія словы?

— Цяпер першым прыйшоў мой конь.

— Яшчэ раз паўтары, чуеш!

Рабыня паўтарыла, а пасля, апраўдваючыся, дадала:

— Як мяне адпусцілі, так дзеркача дала, што ўпала і руку ледзь не зламала.

- Ідзі!

Эгіпцянка выйшла.

Столь над галавой прагнулася, усё болей цягнула дымам — горкім, злавесным. Трэба было ісці з гэтага пакоя, тут было ўжо небяспечна.

Млява яна ўстала, пайшла па доме, шукаючы прыстанішча. Дзверы ў пакой, дзе памірала Еўдакія, былі сарваныя з петляў, там таксама ўсё было перавернута і апаганена. Але, узняўшы погляд на кут, Жывена спынілася, уражаная: ярка ззяла ў цёмным ужо, чадным пакоі ікона, дзе жанчына прыціскала да сябе дзіця, і вочы яе былі шчымліва-безабароннымі, нібы яна загадзя ведала ўсё, што адбудзецца і з ёю, і дзіцем, але цярпліва прыгатавалася несці пакуту праз жыццё і не пярэчыць наканаванаму… І так было падобна тое, аб чым расказаў у гэтай іконе жывапісец, і тое, што адбывалася цяпер з Жывенай, што яна застагнала, углядаючыся ў глыбокія, як само быццё, вочы гэтай Маці.

А колькі іх па ўсім свеце, мацярок, чые дзеці выкрадзеныя, забітыя, знявечаныя, запалоненыя?! І колькі гора ў ім, гэтым свеце?

Аднак ікона ззяла, святло яе напаўняла душу надзеяй, сагравала і нібыта сведчыла, што чорнае, страшнае і злавеснае прыйшло сюды не назаўсёды. Сын гэтай Маці, як ведала Жывена, уваскрос, ён прынёс надзею іншым.

Таму не варта адчайвацца і ёй. Можа, ад гэтага нетутэйшага святла ў яе закружылася галава і ўзнікла відовішча: адшуканы ёю маленькі Святазар абдымае за шыю, і не толькі ён, але і іншыя, невядомыя ёй дзеці, цёплыя, светлыя, як само жыццё.

А пасля ззянне ў пакоі як зменшылася, ці то бэлькі ўсё тлелі і чад ад іх запаўняў пакой, ці вечар наклаў цёмны свой покрыў на дом.

Аднак больш моцнай, нібыта абмытай крынічнай вадой, адчула сябе Жывена і, адшукаўшы не надта разбураны пакой, стала абдумваць, што рабіць далей.

Дзе шукаць маленькага Святазара? Вядома, там, куды пабеглі разам з імператарам яго слугі і воіны. Ліхаманкавая думка ўпілася ў яе душу: а што, калі Райнер не трапіў на карабель, які адплыў у Рым альбо Венецыю? Што, калі недзе тут, блізка, хаваюцца яны альбо сядзяць у гарадской вязніцы, трапіўшы ў палон? Чаму яна стогне тут, нібыта апоеная дурнап'янам? І грошы, лежачы, іржавеюць!

Ускочыла на каня, крыкнуўшы аканому, каб скакаў следам, вылецела за вароты. Гавань Вукалеона блізка, з яе і трэба пачынаць пошукі!

Усю ноч, як трымаючы слязу ў сэрцы, гойсала яна з гавані ў гавань, пыталася пра чатырох рыцараў і рабыню з дзіцем. Але ніхто не ведаў і не бачыў нічога, нібыта растварыліся яны ў Прапантыдзе, як соль, альбо нырнулі туды, як драпежныя рыбіны, несучы сваю здабычу ў пашчах.

Тады вярнулася ў разбураны дом. І, упаўшы на ложак, як дала нырца ў сон-трызненне, адкуль вярнулася толькі калі над кіпарысамі лёг попельна-ружовы вечар, ад чаго яны зноў да болю ў душы нагадалі рыцараў, што помсліва ўзнялі мячы. Успомніла пра Нікіфара.

Вось і прыйшоў час, калі яна магла б за колькі хвілін даскакаць да Ўлахернскай гавані, знайсці карабель да Херсанеса, а там… замятай, вецер, усе сляды! Усё цяпер можна — забраць хаця і з разрабаванага, але, нягледзячы на тое, багатага дома каштоўнасці, што дапамогуць ёй дабрацца да радзімы, каб не вольнаадпушчаніцай-жабрачкай плыць на тым караблі, а знатнай царгародскай дамай. Хто яе будзе шукаць? Смяротна хворы Нікіфар? Сын яго, якога чамусьці не відно? Радня, якая хаваецца недзе па сваіх дамах, бо хаця нікейцы тыя ж грэкі, але п'янаму і ўзбуджанаму вайной салдату ў першыя гадзіны захопу аддаецца на наталенне душы любы горад?!

Расло, падступала пад сэрца помслівае, злараднае пачуццё.

І калі цёмнай гэтай хваляй захліснула яе ажно з галавой, раптам засмяялася Жывена — проста ў вочы злым духам, што нагналі на яе тую нячыстую спакусу. І, схапіўшы вазу з алеем, якім націрала пры якой хваробе дзіця, — шпурнула ў кут, у самыя лядашчыя іх ухмылкі, і адразу ператварыліся яны ў вечаровыя цені, што слізгацелі па сценах.

Зноў ускочыўшы на жарабка, паляцела яна да хворага коміта.

Аканом дапамог ёй знайсці дом заканазнаўцы Міхаіла, і той узяў на сябе многія клопаты. Уражаны тым, што Жывена не ўцякла, пакінуўшы дом і Нікіфара, ён памякчэў, палагоднеў да яе, а даведаўшыся пра выкраданне дзіцяці, паабяцаў знайсці сляды нямецкіх рыцараў.

У горадзе рыхтаваліся вялікія ўрачыстасці з нагоды вызвалення сталіцы. Галоўныя вуліцы былі ўжо ачышчаныя і прыўкрашаныя, але сляды баёў былі відны і на пашчэрбленых сценах, і на абпаленых камянях брукаванак. Месцы на балконах дамоў, каля якіх пойдзе новы імператар, былі імгненна раскупленыя па вялікай цане. Аднак у заканазнаўцы Міхаіла аказаліся сябры, якія ў свой час уцяклі ў Нікею, і яму не пагражала царская няміласць. Ён і дапамог дзяўчыне ўбачыць урачысты ўезд у Цар-горад Міхаіла Палеолага.


Залатая брама, праз якую павінен быў увайсці ў сталіцу пераможца лацінянаў, была ўся абкручаная гірляндамі мірта і лаўра, упрыгожаная каляровымі харугвамі з двухгаловым арлом — родавым гербам Палеолагаў. З усіх вокнаў, што выходзілі да Залатой брамы, выглядалі людзі, махалі кветкамі, выкрыквалі хваласпевы. Пад лёгкім ветрам калыхаліся шаўковыя выявы святых, чые цэрквы былі ў горадзе.

Калі правіцель Нікеі, а цяпер ужо і ўсёй адноўленай Візантыйскай імперыі, паўстаў у варотах, зверху на яго абрынулася такое мноства ружавых пялёсткаў, што здавалася, яны засыплюць пераможцу і яго военачальнікаў. Тысячы галубоў закружыліся над горадам, над асляпляльна-лазуровым морам, аглушальныя крыкі скалыхнулі паветра.

Стоячы на балконе багатага дома знаёмых Міхаіла, Жывена разам з іншымі імкнулася разгледзець таго, хто праз шэсцьдзесят гадоў вярнуў рамеям іх славутую дзяржаву, прагнаўшы крыжаносцаў. Кожны грэк у горадзе з абурэннем расказваў пра тое, як былыя саюзнікі шэсцьдзесят гадоў таму захапілі Цар-горад, падчас аднаго з паходаў за Святую Зямлю паспрачаўшыся з імператарам Візантыі.

У дні асады на плошчах і ля вялікіх цэркваў — напрыклад, ля святой Сафіі — гучна аб'яўлялі Палеолага клятваадступнікам і хціўцам. Сапраўды, вялікі канстаўл*, які спачатку камандаваў пры нікейскім імператары Фёдары Другім Ласкарысе лацінскімі наёмнікамі, пасля ягонай смерці прысягнуў малалетняму сыну Ласкарыса Іаану, але тым часам шляхі да нікейскага трона пракладваў сабе: падкупляў і змяшчаў епіскапаў, ашукваў патрыярха Нікеі і, што самае жахлівае, асляпіў самога падлетка-імператара. У рэшце рэшт ён-такі ўспоўз на нікейскі трон і стаў правіць гэтай часткай Візантыі. Цяпер жа, пасля ўдалай асады і выгнання лацінян, старажытны трон наноў аб'яднанай імперыі заняць мог толькі ён. І хаця каранаванне яшчэ не адбылося, аднак у скрыпторыях, перапісваючы кнігі, ужо малявалі ў загалоўках ініцыялы Палеолага, а паміж старонкамі дзе-нідзе з'явіліся і яго партрэты. Славуты ж паэт Георгій Акрапаліт, вучань Нікіфара Ўлеміда, былога настаўніка Ласкарыса і ягонага сына, ужо напісаў вялікі хваласпеў у гонар пераможцы, яго цытавалі паўсюдна. Чакалі і самога Ўлеміда. Адзін з разумнейшых людзей імперыі, славуты філосаф павінен быў ужо прыехаць у Цар-горад разам з усёй арыстакратыяй Нікеі, якая прагла заняць пры двары самыя важныя пасады, выцесніўшы і выгнаўшы тых, хто служыў пры Балдуіне.

* Канстэбль.

Жывена ведала пра тое. Гермаген, Васіль і родзічы многіх знатных сем'яў трапятліва чакалі, як вырашацца іхнія лёсы. У апошні час яны моцна дапамагалі нікейцам, але не спадзяваліся захаваць свае пасады. Не быць бы аслепленымі і выгнанымі ў далёкія паўночныя краіны, дзе няма славутых школ і бібліятэк Візантыі, - вось усё, на што яны спадзяваліся.

Таму зараз, цеснячыся на балконах дамоў, яны праводзілі мажную, высокую постаць новага аўгуста заклапочанымі позіркамі. А ён ішоў пешкі да самага Студыйскага манастыра, услед за вялізнай іконай Божай Маці, якую на чале з патрыярхам Нікеі неслі святары і епіскапы, ішоў праз крыкі і славасловы, паўз вырачаныя позіркі і ачмурэлыя ад радасці твары. І тысячы, тысячы напружаных глотак выкрыквалі хвалу і вітанні так, нібы бачылі на свае вочы жывога бога:

— Слава Міхаілу Палеолагу!

А дзвюхгаловыя драпежныя птушкі на ягоным родавым гербе, здавалася Жывене, паварочвалі ва ўсе бакі свае галовы, нібы шукаючы тых, хто не крычаў альбо чыя шчырасць была не такой шалёна-беззапаветнай…

У той жа вечар у спалены дом Нікіфара прымчаўся Міхаіл.

— Былы паракімамен сказаў мне, што бачыў рыцара Райнера. Той прабіўся на карабель, які ішоў у Рым. Самога еўнуха, які расказаў мне гэта, на карабель не ўзялі.

— А чаму ў Рым? Здаецца, з Венецыі ідзе болей караблёў у розныя канцы свету. І там жа найбольш ахоўваецца дарога ў нямецкія землі? — здзівілася Жывена.

— Не ведаю. Магчыма, іншага карабля ўжо не было. Паракімамен таксама хацеў у Венецыю. Я так і падазраваў, што ён, мабыць, частку сваіх багаццяў перадае праз венецыянцаў у тамтэйшыя банкі, каб забяспечыць сабе, на выпадак паражэння Балдуіна, бязбеднае жыццё на чужыне. Каго-каго, а яго могуць тут дастаць, бо ён слаўся перад лацінянамі як ліс. І вось жа — адпіхнулі, выкінулі з карабля!

Міхаіл зласліва ўсміхаўся, аднак цень трывогі ляжаў і на ягоным твары.

— Што рабіць мне? — запыталася Жывена.

— Калі хочаш, Ефрасіння, дагнаць свайго сына альбо што-кольвечы дазнацца пра яго, табе трэба плыць у Геную.

— У Геную? Але даўно ўжо на Італію плывуць адсюль праз Венецыю!

— Ты забылася — прыйшлі нікейцы, а яны варагавалі з Венецыяй. Але і ў Венецыю караблі ходзяць, толькі кожнага, хто меў дачыненне да ранейшай улады, моцна правяраюць! З генуэзцамі ж мы цяпер становімся зноў саюзнікамі. І кожны цяпер можа плыць туды свабодна. Зрабі заёмнае пісьмо на маёмасць, адпісаную табе Нікіфарам, і атрымаеш грошы там, у Генуі. Іначай цябе могуць абрабаваць — калі не на самім караблі, дык пасля, калі прыбудзеш туды.

— Але я не магу пакінуць Нікіфара ў такім стане! — запярэчыла Жывена.

Міхаіл паглядзеў на яе вельмі ўважліва.

— Ты прынесла няшчасце майму сябру, Ефрасіння, — мовіў ён пасля нядоўгага маўчання. — Не пярэч! Ад'язджай хутчэй, пакуль ён хворы. Мы самі паклапоцімся пра яго.

Яна і не пярэчыла. У кожнага свая праўда. Дзе хвоя ні стаіць, а ўсё свайму бору шуміць, казалі на Новагародчыне. Што ж ёй цяпер — крычаць крычма немаладому чалавеку, які ўпору ёй у бацькі, што Нікіфару трэба было адразу ж выправіць яе прэч, калі на тое былі знакі багоў?

— Адпусці яго. Яго сэрца адпусці, - патлумачыў Міхаіл.

— Але як?

— Ты ведаеш як. Ты можаш! Табе дапамагае Афрадыта. Дзівішся, што я, які веруе ў адзінага Бога, успамінаю пра яе? Але яны, нашы старажытныя багі, яшчэ не пакінулі Грэцыю. І мы недзе глыбока ў душах сваіх не адцураліся ад іх. Прасі і ты за яго.

— Але я не ведаю вашай Афрадыты!

— Затое яна ведае цябе. Ды і ты… Хіба няма сярод вашых багоў той, якая валодае наймагутнейшым у свеце — прыгажосцю? Перад якой час ад часу схіляюцца нават самыя моцныя?

— У нас? Ёсць. У славян — дрыгавічоў і крывічоў — Лада і яе дзеці Лель і Палель. У балтаў — багіня Аўшра. У нашым храме пакланяліся ім абедзвюм, і яны зліваліся ў адно…

— Багі, мабыць аднолькавыя, толькі іншыя ў іх імёны, на кожнай зямлі гавораць яны рознымі галасамі. Дык памаліся за Нікіфара, улюбёнка Афрадыты, і з'язджай адсюль!

— Ты што, так ненавідзіш мяне, сябра коміта?

Ён засмяяўся з горыччу.

— Так, ненавіджу. З першай хвіліны, як убачыў. Ты адгадала правільна.

— Але чаму?

— Таму што… Калісьці Афрадыта добра пасмяялася з мяне. Але што я магу зрабіць гэтай легкадумнай і магутнай багіні? Я думаў, што адрынуў яе навекі, а яна ўсё нагадвае пра сябе, і нікуды ад яе не дзенешся…

— Тады ты мог бы адпомсціць. Праз мяне — ёй.

— Помсціць? О не! Лепей памагчы ейнай улюбёнцы, тады з Пены Народжаная*, можа, нарэшце адступіцца, перастане мучыць мяне ўспамінамі і дасць займацца законамі, юрысдыкцыяй і ўсякімі іншымі рэчамі, якія так паважаюцца ў нас у Візантыі. Так што я лепей завяду цябе ў наш Генуэзскі квартал, там ёсць купец Марка, ён зробіць усё, што трэба…

* Так называлі ў Грэцыі Афрадыту.

Калі ж Жывена прыйшла развітацца з Нікіфарам, усё сталася іначай.


* * *


— Ты не з'е-ха-ла ад м-мяне!

Нікіфар вымаўляў гэта доўга, ледзь варушачы знямелым языком, і гарачы жаль ахінуў дзяўчыну.

— Думай пра сябе, высакародны Нікіфар. Табе трэба папраўляцца.

— Т-ты… думаеш, я… вы… вылезу?

— Ты ўжо можаш гаварыць. А ўчора толькі ківаў галавой. Тут добрыя лекары. І маё зелле памагае, Георгій хваліць яго.

Схуднелы на дошку, ляжаў коміт на спіне. Далоні яго, падобныя да крабаў, бяссільна поўзалі па коўдры.

— Яшчэ адну… просьбу…

Не адразу зразумела Жывена, чаго ён хацеў. Аднак коміт быў настойлівы. Аказалася, прасіў ён аднесці ў царкву Антыфанітаў ікону імператрыцы Зоі. Завяшчала тое Еўдакія, але ён пашкадаваў аддаваць такую каштоўнасць, і за тое карае яго Багародзіца. Яшчэ пытаўся Нікіфар, ці няма звестак пра ягонага сына. Давялося паабяцаць:

— Не дабяру ладу, чаму яго няма тут. Але паспрабую даведацца.

Гледзячы на старога хворага чалавека, Жывена адчувала, нібы яе прывязалі адначасна да двух канатаў і цягнуць у розныя бакі. Недзе плыве, штодзень кароцячы адлегласць да Рыма, карабель, на якім вязуць Святазара. Магчыма, адтуль паімчаць яго ў далёкі замак. І дзе шукаць сляды? І як адабраць назад? Рыцары патрэбныя паўсюдна — паўсюдна ідуць войны, цары і каралі прагна глядзяць на суседнія землі. І сын, Святазар — а Жывена і сапраўды палюбіла вясёлае, ласкавае дзіця, прывязалася да яго ўсім сэрцам — будзе выхаваны як рыцар, што лёгка гуляе з чалавечымі жыццямі і заўсёды гатовы праліць чужую кроў.

Не паспела дзяўчына загаварыць пра сваё, як яе выклікаў Георгій. Лекар быў хмурны — раненых было шмат, лекары працавалі ўдзень і ўначы.

— Ты можаш забраць коміта, — агаломшыў ён Жывену. — Яго стан палепшыўся, але цяпер патрэбны месяцы і нават гады, каб ён трохі ачомаўся. Але можа вось так жыць яшчэ колькі гадоў. Дык нашто яму ляжаць тут, сярод енкаў і крыку? Як бы мы ні зачынялі дзверы, нават манастырскія сцены не стрымліваюць усё гэтае мора пакут, якое мы, лекары, нібы вычэрпваем лыжкамі.

— Але дом амаль спалены, бэлькі нават у лепшых пакоях прагнуліся. Што, калі ён убачыць гэта і знерухомее яшчэ болей?

— Унясіце яго дадому ўначы. Я магу даць яму адвару з опіем, і ён прачнецца ў ложку. Няўжо ў вас не знойдзецца хоць аднаго пакоя, каб спакойна пакласці на ложак хворага і даглядаць яго як належыць?

І Жывена адчула — без яе дапамогі Нікіфару не выжыць. Але ёй трэба ехаць! Плыць на караблі, лічачы хвіліны! Конь Райнера сапраўды на гэты раз прыйшоў першым. Ён, мужчына, узяў верх, і цана таму дзіця, якое пакутуе сярод чужых людзей. Старалася не ўспамінаць малога — кожная думка апякала, як варам. Дбала цяпер пра Нікіфара.

…На другі ж дзень яго перавезлі дадому, па магчымасці прывёўшы спалены дом у адносны парадак. Тым часам Жывена паехала да Міхаіла — можа, ён падбадзёрыць хворага сябра. Да таго ж абяцаў пасадзейнічаць у будучым падарожжы.

Але Міхаіл ужо не змог ёй дапамагчы: па загадзе новага імператара ён, нягледзячы на хадайніцтвы, адпраўляўся ў ссылку разам з сям'ёй. І ўсё ж ён паспеў перадаць заёмны ліст, па якім яна магла атрымаць у Рыме дваццаць залатых намісмаў — суму, дастатковую для таго, каб дабрацца да Новагародчыны, і паслаў ганца ў Нікею, каб даведацца, што сталася з сынам Нікіфара.

Калі ж яна прыехала да былога друнгарыя віглы, Васіль нават не захацеў яе прыняць. Слуга перадаў, што гаспадар хворы, рыхтуецца да прыняцця манаскага сану і ўвогуле хоча адысці ад свету, кіруючыся промыслам Божым. Купец Гермаген, як яна даведалася, збег разам з лацінянамі.

З цяжкасцю, з намаганнямі брала Жывена ў свае рукі лейцы, якімі ўпраўляўся дом.

Яна заставалася адна з Нікіфарам, як прышытая да яго нябачнай, але надта адчувальнай ніткай. Рабы разбегліся, а вольнаадпушчанікам трэба было плаціць за ўсё, асабліва ж за тое, каб прывесці ў парадак сядзібу. Таму ўвесь нагляд за хворым давялося ўзяць на сябе. Прыглядаючыся да былога імператарскага канюшага, яна ўсё часцей успамінала дзяўчыну ў Новагародскім храме, чые рукі і ногі віселі гэтак жа, як і ў грэка, і якая стала на ўласныя ногі пасля ейнага лекавання.

Але ж тады сама яна была іншай, дух яе быў высокім. Цяпер, параўноўваючы сябе з той, колішняй, яна здавалася сама сабе скаламучанай сажалкай, адкуль ужо не напіцца гаючай вады. Трывогі і сумненні, жыццё тут, у гэтым распешчаным горадзе, — вось што брудам асела на душы. Абрады ў храме ачышчалі жрацоў ад штодзённага пылу жыцця, але вось ужо трэці год, як носіць яе па свеце, і ўсё, што яна можа, — спяваць гімны раніцай і праводзіць сонечную калясніцу дня малітвай увечары, і то не заўсёды. Дык ці зможа яна нават замахнуцца на тое, што і тады, у храме, было нялёгкім? І ці не пашкодзіць хвораму? Нездарма сказана: «Лепш верабей у руцэ, чым жораў пад небам». Пагоршае Нікіфару альбо памрэ ён — век сабе не даруе.

А калі палепшае?

Кожны дзень сутыкаючыся з яго жаласным, згаслым позіркам, расціраючы худыя маслакаватыя ногі, камечачы сваімі моцнымі гнуткімі пальцамі вялую жаўтлявую скуру, Жывена згадвала словы Галдана Цэрэнхана аб тым, што коміт, у адрозненне ад жонкі, будзе жыць доўга. Той успамін надаваў імпэту. Карцела праверыць свае сілы. І яна, нарэшце, рашылася, выбрала Час.

У храме было проста — ля алтара выбітыя ўсе праявы свяціла, і кожны дзень звяздар абвяшчае якасці будучага дня, выглядае зоркі. Ёй жа зараз быў патрэбны дваццаць першы дзень Месяца, калі ветах вось-вось знікне з неба, той дзень, чый сімвал Калясніца і Конь. Гэта — яе час, час лячэння і сяброўства, ахвярнасці і нябеснага агню, які пераплаўляе ўсё нізкае ў чалавеку. Аднак не хапала ведання — у якім жа знаку стане ў той дзень Месяц? А калі ў чорным, небяспечным для Нікіфара? І яна, седзячы ў садзе, малявала на пяску знак за знакам, успамінаючы дні і месяцы. Усё сыходзілася. Справа была цяпер у ёй — ці хопіць моцы.

Тыдзень яна ела толькі па гронцы вінаграду і піла крынічную ваду. Адганяла думкі пра хлопчыка: жаль адбірае сілы, сумненні і туга падточваюць надзею. Кожную ноч аглядала Месяц — нельга памыліцца ні на дзень, іначай замест лячэння можна прынесці бяду.

Напярэдадні яна прыгатавала асабліва моцны настой кары вяза*, а таксама накарміла хворага печанымі каранямі лопуху, які ўмацоўвае сілы. Помніцца, лекар Георгій здзівіў яе тым, што назваў зеленавата-шэрыя чэпкія шарыкі дзядоўніка «лапай»** — так, па-грэчаску, называў гэтае зелле яе дзед Агапій.

* Бенедыкт Крысп, лекар VIII ст., пісаў пра адвар вяза ў вершах: «Калі сцягно чалавека крокі свае ж парушае, // З дрэва вяза вучыся кару дабываць асцярожна.»

** Лапа (грэч.) — чапляцца; адсюль слова «лопух».

Здавалася, усё гатовае да лячэння. Але патрэбен быў знак. Штосьці, што прадракае поспех — воранавы грай на досвітку, курлыканне журавоў ці звон кропель у вадзяным гадзінніку. А яшчэ лепей — радасны дзіцячы смех за акном, белая лілея, што расцвіла ў сажалцы ля сядзібы, ружовы сонечны прамень на світальным небе, які ўпадзе на твар хворага, пакуль ён спіць…

Ды знак аказаўся іншым.

Уначы Жывену разбудзіў пасыльны з Нікеі. Упраўляючы з дому Скліраў пісаў пра тое, што малады пан быў хворы, таму і не пайшоў з войскам на Цар-горад, але перадаў ліст бацьку. Магчыма, воіна таго паранілі альбо забілі, таму і не ведаюць нічога ў Цар-горадзе пра ўсе падзеі. Разам з гэтымі звесткамі быў і пергамент ад сына, запячатаны і абвязаны каляровай нітай.

І тады яна не стала будзіць Нікіфара, а ўзяла ліст з сабою, калі пайшла ў ягоны пакой.

Канюшы прачнуўся ад таго, што слугі ставілі па загадзе Жывены ва ўсіх кутках пакоя духмяныя свечкі — воск у іх быў змяшаны з алеямі ядлоўцу і хвоі.

— Што гэта ты, хаваць мяне ўздумала? — слаба пажартаваў ён. — Я яшчэ жывы. І што гэта ў цябе?

— Гэта ліст ад твайго сына. Тут нейкія важныя весткі. Вельмі важныя.

— Што з ім? Чаго ты маўчыш?

Яго погляд стаў амаль дзікім.

— Мой сын… Давай жа ліст! Хутчэй.

Тады яна загадала з усёй сілай, на якую была здольная:

— Сам устань і вазьмі яго з маіх рук.

— Ты… ты жартуеш ці здзекуешся? — паспрабаваў закрычаць коміт, але толькі няўцямнае шыпенне вырвалася з ягоных вуснаў.

Дзяўчына глядзела на яго і скрозь яго.

Сем абалонак у чалавека, і ў Нікіфара ў адной з іх бачылася цёмная пляма, праз якую прагна смакталі зіхоткае цяпло чорныя слугі Лядашчыка. І яна ахінула сваім цяплом, сваёй гарачынёй тую бяздонную адтуліну і ўсё гэтае перапакутаванае цела. Яна шаптала старую замову, адганяючы прагных нячысцікаў, аддаючы ўсю сябе гэтаму змаганню; адчувала, як белы яе хітон драпаюць раз'юшаныя кіпцюры, каб разарваць яго і ўпіцца ў яе безабароннае цяпер цела… Яны кінуліся на яе — цэлая зграя сабралася вакол, аднак Нікіфар не бачыў гэтага. Ён глядзеў у вочы жрыцы, у пашыраныя зрэнкі, што нібы цягнулі яго да сябе, вусны ж яе загадна вымавілі:

- Ідзі! Хутчэй!

Тады ён узняўся на ложку, і, як зачараваны, не міргаючы, спусціў уніз адну нагу, другую…

Кіпцюры ўжо рвалі яе скуру, тонкае, як іголка, джала ўпілося ў бок. І тады яна зноў узмалілася, толькі цяпер да тых, каго прасіла цэлую ноч не пакідаць яе сёння ні на хвіліну, — да Ашвінаў.

І расхінулася само сабой акно, парыўным ранішнім ветрам уварвалася ў пакой жменя залатога лісця, ударылася аб мазаічную падлогу, асыпала і Нікіфара, і Жывену.

Пырснулі ва ўсе бакі аскабалкі чорнай амфары, што стаяла ля парога недалёка ад Жывены, калыхнулася цяжкая завеса за яе спіной, адзін жа з аскабалкаў на ляту чыркнуў па яе плячы так, што праступіла кроў.

Нікіфар ішоў да яе, працягнуўшы рукі. Сказаў выразна, не заікаючыся:

— Давай ліст!

Яна аддала ліст і адчула, што сама правальваецца ў шэры калыхлівы туман.

Калі на крык коміта ўбеглі слугі, яны ўбачылі, што гаспадар у белай доўгай кашулі хістаецца ля парога, а ля ног яго ляжыць Жывена ў белай туніцы, па якой распаўзаецца крывавая пляма. Яны жахнуліся, але схапілі дзяўчыну і панеслі на лаву, што стаяла ля акна. Ды яна тут жа расплюшчыла вочы, загаварыла на незнаёмай мове. І тады ўпершыню пабачылі слугі, як гаспадар іх плача…

Перад ад'ездам Жывены ў Рым Нікіфар папрасіў яе разам з ім аднесці ікону імператрыцы Зоі ў царкву, дзе была пахаваная гэтая колішняя ўладарка Візантыі.

— Я прашу цябе падтрымаць мяне, бо яшчэ занадта слабы. Апроч таго, хачу, каб ты паглядзела на развітанне на гэтую цудоўную царкву. Можа, калісьці падкажаш вашаму майстру, калі надумаеш нешта будаваць…

Калі яны прайшлі пад арку старадаўняга храма, дзе горда ўзносіліся ў вышыню алебастравыя калоны і святло падала на падлогу каляровымі плямамі ўзораў скрозь вокны, зробленыя некалі лепшымі майстрамі-шкларобамі, іх сустрэў епіскап Кіруларый.

— У добры час ты завітаў да нас, Нікіфар.

Працягваючы руку для пацалунка схіленаму ў паклоне канюшаму, ён падзяліўся радасцю:

— Мы чакаем не толькі цябе. Зараз сюды прыедзе сам Нікіфар Улемід, твой цёзка.

— Улемід!

Нікіфар шмат чуў пра тація* Улеміда, які ў маладосці вучыўся ў славутага «іпата філосафаў»** Дзмітрыя Карыка, а пасля, як казалі некаторыя лісліўцы, нават пераўзышоў яго. Як і ў старажытным Рыме, у Візантыі высока цанілі красамоўства і прыгожае пісьменства, а Ўлемід быў, казалі, Сірэнай мужчынскага роду, і ў словах яго адчувалася невымоўная музыка. Апроч таго, быў ён адным з самых адукаваных людзей свайго часу, заснаваў праслаўленую школу ў Імафійскім манастыры ў Нікеі.

* Настаўнік імператарскіх дзяцей.

** Першы з філосафаў.

Пакуль святар царквы асвячаў ікону нанава, у дзверы паважна ўвайшоў невысокі, з чыстым смуглявым тварам немалады чалавек. Хуткі позірк ягоных вачэй спыніўся на незнаёмых людзях, але, калі епіскап ціха сказаў яму, хто тут і што адбываецца, Улемід далучыўся да невялічкай купкі людзей, што ўкленчыла перад алтаром. Пасля абраду ён загаварыў з комітам:

— Я ведаў пра гэты абраз, але лічыў, што сляды яго згубіліся. Раскажы, як трапіў ён да цябе?

Выслухаўшы аповед пра з'яўленне іконы ў доме Скліраў і пра апошнюю волю жонкі, Улемід загаварыў пра промысел Божы, які кожны раз уражвае па-новаму.

… Сапраўды, ніколі яшчэ не сустракала маладая жрыца Ашвінаў такога валодання Словам. Яна слухала, як гаварыў ён пра эпоху Зоі і пра мудрасць наканавання, якое не дало гэтай іконе быць украдзенай у час вялікага разгрому Канстанцінопаля лацінянамі ў 1204 годзе. Шкадаваў, што столькі часу прайшло ў гісторыі Візантыі, калі яе мастацтва было як прыціснутае, і каб не Нікея, мала чаго сапраўды грэчаскага захавалася б па сёння. І Склір, слухаючы яго, як забыўся на ўсё, што казалі пра гэтага прыдворнага філосафа — што ён надта хоча быць пры моцных свету, што чуйны да ўвагі высоканароджаных і захаплення натоўпу, што і ён славіў Палеолага, нягледзячы на тое, што аўгусцейшы вучань Улеміда, Іаан, быў аслеплены канстэўлам…

Што ж да Жывены, то ў тыя хвіліны спасцігла яна, чаму стагоддзе за стагоддзем імкнуліся ў Візантыю ўсе, хто сапраўды шукаў Мудрасць, якая тут увасобілася ў вобразе Сафіі, і чаму менавіта ёй, Сафіі, «чыстаму люстру Божаму, мастачцы, якая па законах боскага рамяства будуе свет» (так працытаваў чыесьці словы Ўлемід), прысвечаны галоўны храм гэтай краіны… Іншым адкрыўся ёй Цар-горад, нібы апошнім промнем сонца ўпаў на той парог, за якім яна ўжо стаяла, каб зноў пасунуцца ў таямнічае і неагляднае падарожжа.


* * *


З гэтым адчуваннем жалю і захаплення ад'язджала Жывена з Цар-горада.

Не з Улахернскай гавані, а з супрацьлеглай, з гавані Юстыніяна, адплывала яна туды, куды ніколі не імкнулася, не думала нават, што раздарожжа накіруе яе ў горад, чые карані на шмат стагодзяў старажытнейшыя, чым нават у славутага Цар-горада. Рым таксама быў царскім горадам, і хоць маладая яго саперніца — сталіца рамеяў — нейкі час пераўзыходзіла яго сваім бляскам, аднак цяпер папа імкнуўся надаць свайму гораду былую веліч і пяршынства. І апошнія шэсцьдзесят гадоў гэта яму ўдавалася. Але што будзе цяпер? Як паставіцца Рым да вяртання грэкамі свайго галоўнага горада?

І ўсё ж не гэтыя, а куды больш простыя думкі давалі ёй клопату, прымушалі тужліва глядзець на горад, які некалі здаваўся ненавісным, дзе яна ўпершыню ішла як абяздоленая рабыня, сціскаючы ў абдымках худое хваравітае цельца дзіцяці, і які пакідала як высакародная. Хутчэй «высакародны», таму што Нікіфар, пабойваючыся марскога разбою і бяспраўя, параіў ёй апрануцца юнаком.

Сам ён не паехаў праводзіць сваю прыёмную дачку. Было відно, як яму цяжка на душы. Аднак жа, калі абняў яе і пацалаваў у лоб, дзяўчына адчула — гэта быў ужо бацькоўскі пацалунак, сардэчны і добры. Хвароба як выпаліла ў ім юр, блізкасць смерці прымусіла задумацца над многім.

— Наўрад ці мы ўбачымся, Жывена-Ефрасіння (упершыню ён вымавіў яе язычніцкае імя). Але ведай: у Царгорадзе пра цябе будуць успамінаць і маліцца, каб твой шлях быў шчаслівым…

І Жывена, думаючы пра яго адзіноту, шкадавала яго, нібыта сапраўды гэта быў бацька. Што ж — сапраўдны бацька не даў ёй ні цяпла, ні клопату. А гэты выправіў яе ў далёкі свет з блаславеннем і шчодрасцю, каб у пошуках дзіцяці не адчувала яна жаху бедстваў. Ад бяды кіем не абаронішся. Нават за звесткі часам трэба плаціць — і заёмны ліст, дадзены Жывене пры дапамозе Міхаіла, Нікіфар дапоўніў сваёй просьбай да сябра Гільельма Гверчы, галавы Генуэзскай калоніі ў Візантыі, дапамагчы ягонай дачцэ дабрацца да Рыма, а пры патрэбе заплаціць за яе.

Што яна магла знайсці ў Рыме? Сляды Райнера? Куды вядуць яны? Магчыма, ён паслаў дзіця пад аховай у свой замак у глыбіні Германіі, а сам адправіўся да таго, каму спатрэбяцца воіны, хто аплаціць ягоны меч. І ад думкі пра тое, што зробяць з яе хлопчыка, было невыказна горка Жывене. А можа, карабель не дойдзе да берагоў? Ёй і самой страшна глядзець на хвалі, якія пакуль раўнамерна ўзнікаюць з глыбінь мора і настойліва-ўладна б'юцца аб карабель, але ў кожную хвіліну могуць ператварыцца ў агромністыя валы і разбіць кволае тварэнне чалавечых рук так, як мацак трушчыць у далонях грэцкі арэх. І разам з тым нешта завабліва-чароўнае было ў моры, у колерах яго і адценнях, якія мяняліся ледзь не штохвіліны, у пеністых грабеньчыках хваляў, якія здаваліся жывымі.

Ніхто, можа, нават і Нікіфар, не пазнаў бы яе адразу ў юнаку, што днямі стаяў на палубе трыеры: берэт з пяром, насунуты на лоб, каптан з высокім белым каўняром хавалі твар і постаць. Маглі б выдаць толькі рукі, але капітану было вядома, што з дому Скліраў едзе памочнік лекара, і на тое былі паказаныя адпаведныя паперы; у лекараў жа, як вядома, рукі павінны быць асабліва далікатнымі.

На трыеры было шмат народу. Геную і Візантыю лучыў буйны гандаль, і хоць пры Балдуіне Другім большую вагу ў горадзе Канстанціна мелі венецыянцы, ад чаго стагналі царгародскія купцы, аднак і генуэзцы стараліся не адставаць. Цяпер, пасля падзення лацінскага ўплыву, сем'і многіх купцоў выязджалі з горада, каб перажыць няпэўны час у родных мясцінах. Сярод іх яўна зацікавілася Жывенай сям'я нямецкага майстра, які ездзіў у Цар-горад вучыцца славутаму майстэрству візантыйскай эмалі, а таксама ліцця з бронзы. Сухі, падобны да цвыркуна, але вельмі марудлівы і паважны, майстар Вульфіл пачціва суправаджаў сваю жонку. Як з гонарам расказваў ён усім і кожнаму, ягоная Ізабэла была «высакародная дама, што з-за беднасці змушаная была абраць у мужы найбольш дастойнага з усяго цэха рамеснікаў-майстроў залатых спраў». Мажная Ізабэла амаль ні з кім не размаўляла. Надменна пазірала яна, як яе муж, чые рукі і сапраўды аказаліся залатымі, шукае сабе занятак. То ён са скуры, што сапсавалася з прычыны кепскага выдзелу і якую збіраўся выкінуць купец-уладар, нарэзаў тонкія раменьчыкі, сплёў іх і зрабіў для жонкі зручнае сядзенне, то адрамантаваў мараходны прыбор, па якім вымяраўся шлях, а то змайстраваў мараку, які, засмольваючы дзірку, патрапіў за борт і ледзь не загінуў ад акулы, драўляную нагу замест адкушанай.

Ізабэла прыглядалася да Жывены ўсё з большай падазронасцю. І аднойчы капітан заклапочана прызнаўся:

— Я ведаю, што ты з дома Скліраў. Але чуў, як жонка майстра казала, што, як толькі трыера зойдзе на востраў Сіцылію, яна перадасць тамтэйшым уладам, што ты — шпіён; там могуць варожа аднесціся да таго, хто служыць Палеолагу, бо Гагенштаўфены, якія валодаюць востравам, і так ужо амаль не дазваляюць караблям з Візантыі запасацца ў сваім порце вадой і прыпасамі.

А пасля, бесцырымонна агледзеўшы яе, дадаў:

— Яна ўбіла сабе ў галаву, што ты — жанчына. Мая справа папярэдзіць, бо не хачу пасля непрыемнасцяў…

Ягоныя словы надта прыдаліся, бо дапамаглі дзяўчыне перасцерагчыся. Падумаўшы, яна вырашыла «прызнацца» Ізабэле, што шукае нямецкага рыцара, у якога закахалася. Прыдумка давала ёй магчымасць і самой нешта вызнаць у ганарлівай дамы — магчыма, цікаўная кабета нешта чула пра сваіх суайчыннікаў. І сапраўды, пачуўшы, што здагадкі яе пацвердзіліся, і атрымаўшы тлумачэнне, чаму дзяўчына пераапранулася (маўляў, ёй трэба хавацца ад бацькоў, якія могуць выслаць пагоню), высакародная дама перамянілася. Вырасшы сярод уздыханняў аб рыцарах і прыўкрасных дамах, наслухаўшыся мінезінгераў, яна проста трызніла ўсялякімі прыгодамі. Захапіўшыся пачутым, яна затрашчала, як сарока, не перастаючы:

— Гэта мой Вульфіл дзень і ноч думае пра ўсялякія сумныя рэчы — як лепей упрыгожыць кірху, колькі эмалі пойдзе на кожнае акно і ці будзе ён дастойны свайго імя — бачыш, фройляйн, яго назвалі ў гонар першага гоцкага епіскапа. А па-мойму, няма нічога больш вартага за каханне! О! Каханне! Хочаш, я праспяваю табе нашы песні?

Калі Ізабэла пачынала галасіць пра дам, якія дзень і ноч глядзяць з вежаў, чакаючы каханых, Жывена ледзь магла ўтрымацца ад смеху — мажная дама нагадвала ёй рухавую бочачку. Аднак тая саслужыла ёй пасля падарожжа добрую службу.

Калі трыера прыстала ў Генуэзскай гавані, высветлілася, што новы папа Урбан VI патрабаваў ад Генуі, каб яна парвала адносіны з Міхаілам Палеолагам. Паколькі генуэзцы, зацікаўленыя ў гандлі і прыбытках ад Цар-горада, адмовіліся, папа выдаў інтэрдыкт* на ўсё насельніцтва рэспублікі і адлучыў ад царквы ўрад горада. Венецыя тым часам, падпарадкоўваючыся гнеўным загадам намесніка Бога на зямлі, паслала свой флот супраць і Генуі, і Візантыі. Аднак немцам падарожжа ў Рым было не забаронена. Таму Ізабэла, якая, чакаючы зняцця інтэрдыкта, каб паехаць да сябе ў Вестфалію, часова жыла ў нямецкім квартале сярод землякоў, змагла дамовіцца з капітанам, каб ён узяў на свой карабель да Рыма яе «юнага родзіча». Больш таго: яна дала Жывене адрас сваіх сапраўдных родзічаў, якія жылі ў Рыме непадалёку ад Квірынальскага ўзгорка, і ліст да іх.

* Папская грамата з гнеўным асуджэннем.

Так у красавіку 1262 года дзяўчына апынулася ў Рыме.


* * *


Ліст высакароднай дамы зрабіў сваю справу: Жывену вельмі ветліва сустрэлі ў невысокай сядзібе, што патанала ў зеляніне міртаў, апельсінавых і лімонных дрэваў, якія ўжо цвілі бела-ружовым пяшчотным цветам. А праз два дні пасля ейнага прыезду паведамілі, што сярод знаёмых ёсць дзяўчына, якая даглядае хворых у манастыры святой дзевы Марыі і там, здаецца, ляжыць нехта з нямецкіх рыцараў, што ваявалі разам з Манфрэдам, а пасля служылі пры двары звергнутага Балдуіна Другога і яго сына Філіпа.

Дзяўчына, сінявокая пухленькая Элізабэт, згадзілася правесці юнака ў манастырскую бальніцу. Манахіні віталі ўсіх, хто прыходзіў суцешыць хворых, прынесці ім ахвяраванні альбо і дапамагчы пры доглядзе.

На плошчы, куды яны, пераходзячы доўгімі вуліцамі, нарэшце трапілі, Жывена ўбачыла велізарную бронзавую постаць ваўчыцы. Пад ёю цягнуліся да саскоў двое хлопчыкаў.

— Што гэта? — паказала яна ўсхвалявана.

— Гэта блізняты Ромул і Рэм, — спакойна растлумачыла Элізабэт.

— Блізняты?

Жывена ледзь не подбегам кінулася да помніка. Уверсе бронза пазелянела, але лапы ваўчыцы і яе саскі блішчэлі — мабыць, рымляне часта дакраналіся да іх.

— Кажуць, дотык да хлопчыкаў прыносіць шчасце, — пацвердзіла яе здагадку спадарожніца. І яна расказала Жывене гісторыю ўзнікнення Рыма, вядомую кожнаму тут: жорсткі Амулій, дзядзька гэтых блізнят, яшчэ да іхняга нараджэння сілком пасвяціў сваю сястру ў вясталкі, бо жрыцы багіні Весты не маглі мець ні дзяцей, ні нават блізкасці з мужчынам. А пасля, калі прыгажуня-вясталка нарадзіла блізнят і дзядзька, баючыся за сваю ўладу, выкінуў іх у раку Тыбр, бог Марс, чыімі дзецьмі яны былі, не даў загінуць хлопчыкам: выкінутых ракой на бераг, іх выкарміла ваўчыца, а выхаваў пастух. А пасля, узросшы, яны заснавалі тут горад, слава пра які разнеслася па ўсім свеце.

— Рыму дзве тысячы гадоў, - расказвала Элізабэт, калі яны зноў крануліся ў дарогу, а Жывена паклала перад ваўчыцай, каля блізнятаў, круглыя пахкія апельсіны. — Але тут шануюць памяць пра мінулае. Кожны табе пакажа і арку Ціта, пастаўленую ў гонар перамогі над юдэямі, і калону Траяна. І нават помняць, як яшчэ ў 476 годзе Адаакр, перамогшы імператараў Арэста і Ромула Аўгуста, адаслаў знакі імператарскай улады ў ваш Канстанцінопаль…

Мой Канстанцінопаль! — Жывена хацела запярэчыць, але запнулася. І адчула, што нават у думках не хоча адракацца ад горада, дзе столькі перажыла…

Яна і цяпер ішла, стрымліваючы ўнутраныя дрыжыкі. Магчыма, даведаецца ў гэтага хворага, дзе Райнер, што з дзіцем. Але як гаварыць з ім, што прыдумляць?

— Ён цяжка хворы? — запыталася яна ў Элізабэт.

— Хто? А, рыцар? — тая, захопленая аповедам, спачатку не зразумела, пра што пытанне. — Цяжка. Ён недзе падхапіў малярыю, а яна невылечная*.

* Малярыя і ў нашым стагоддзі лічыцца цяжкай хваробай.

— Няўжо? Ці можа ён хоць гаварыць?

— Можа, але зрэдзь. Ён увесь час трызніць.

Маладое гарачае сонца залівала палату, але і расчыненыя вокны не маглі выгнаць з тоўстых каменных сцен застарэлага паху болю, лекавых адвараў, смуроднага чалавечага цела. Манахіні ў чорным, але з белымі ўборамі-караблікамі на галовах, з белымі каўнярамі, сноўдалі паміж хворымі, схіляючыся над імі, суцяшалі, а некаторых кармілі. Элізабэт адразу ж пайшла ўглыб палаты звыклай хадою сядзелкі-даглядчыцы. Жывена спынілася на парозе, агледзела палату. Дзе ляжыць той рыцар?

Позірк, якім яна сачыла за сядзелкай, раптоўна знерухомеў: на далёкім ложку ля сцяны ляжаў Райнер. Ён тут! Востры яе зрок адразу адзначыў, што яго заплюшчаныя вочы абведзеныя цёмнымі кругамі, грудзі ўздымаюцца цяжка і пакутліва, рукі звесіліся з ложка. Элізабэт, паказаўшы на яго, памахала рукой: «Ідзі!», але Жывена, нібыта ўбачыўшы прывід, павольна адступіла назад.

Калідор быў пабелены вапнай; яна стаяла, упёршыся ў сцяну рукой, каб супынілася шалёнае сэрцабіццё. Пасля, ачомаўшыся, убачыла побач са сваёй рукой надрапаную некім на белай сцяне змяю з высунутым джалам. Адсунуўшы пальцы, падумала, што змяя нечаканасці, якая ўкусіла яе толькі што, куды люцейшая. І разам з тым тут жа прыйшла палёгка: значыць, і дзіця недзе тут!

Як разагнаўшыся на доўгі шлях і пошукі, цяпер, раптоўна спыненая, яна адчувала, што ёй не хапае паветра.

— Што здарылася? — запыталася, вярнуўшыся, Элізабэт.

— Гэта ён… Той, хто мне патрэбны…

— О Езус! — дзяўчына перахрысцілася. — Сам Бог вёў цябе сюды!

— Дзе ён?

— Хто?

— Мой хлопчык, мой Святазар!

Сама таго не заўважаючы, яна трэсла Элізабэт. І тая прыкрыкнула:

— Пачакай, мы пойдзем да матухны Тарэсы. Яна кіруе гэтай палатай, яна ўсё ведае.

Жывена ляцела па зялёнай траве, ды ногі яе раптоўна саслабелі: Святазар гуляў у садзе каля далёкай сцяны манастыра. Ён не адразу пазнаў яе. Але, прыгледзеўшыся, пацягнуўся худымі ручкамі і чыста, выразна прамовіў:

— Матуля, я чакаў цябе!

— Дачка мая, мне даверылі гэтае дзіця, каб я клапацілася пра яго, а не аддавала камусьці, - прыветна, але цвёрда заявіла маці-настаяцельніца. — Магчыма, усё, што Вы расказваеце, — праўда. Але ў хворага рыцара была, мабыць, таксама свая праўда.

— Сын прызнаў мяне. Хіба гэта не довад на тое, што я павінна забраць яго з разбойных, хцівых рук?!

— Рыцар смяротна хворы, дачка мая. І ніхто не даў нам права заганяць яго на Страшны Суд кіем. Наадварот — мы робім усё, каб яго выратаваць. Вялікая ласка божая: часам у гэты свет вяртаюцца нават тыя, каго ўжо клалі ў магілу. А хваляванне можа пашкодзіць.

— Вы як быццам не разумееце мяне, маці-настаяцельніца: каб не гэты чалавек, я проста пагасцявала б у сваёй родзічкі, да якой ехала, і вярнулася б назад. Не стала б і рабыняй, а заставалася… паверце, мой лёс на радзіме быў шчаслівы!

— Кожны чалавек — толькі зброя ў руках Божых. Усё ў табе і тваім лёсе. І не вінаваць нікога і нічога…

Жывена затуліла твар рукамі і нейкі час сядзела так, баючыся паказаць свой твар гэтай немаладой манахіні з цёмнымі прамяністымі вачамі і парэзаным маршчынкамі, але ўсё яшчэ прыўкрасным абліччам. Пасля яна адняла далоні ад вачэй і ўсміхнулася:

— Дзякуй, што нагадалі мне пра гэты асноўны закон жыцця. Ці дазволіце мне пабыць тут, у манастыры, і дапамагчы вам даглядаць хворых? Іншых, не яго…

Маці-настаяцельніца пранікліва глядзела на яе. Жывена вытрымала позірк.

— Заставайся, я веру табе. І веру, што Бог ісцінны падасць нам знак, як зрабіць найлепш у гэтай нечаканай, няпростай справе. Ты і мяне зразумей, дачка мая: мяне прасілі дапамагчы рыцару, і я не магу ад гэтага адступіцца…


* * *


— Я сказала яму, што ты тут. Ідзі, ён хоча цябе бачыць! — так сустрэла яе на трэці дзень Элізабэт.

Жывена разгубілася. Яна шмат думала пра Райнера, але ісці да яго не збіралася. Нават паўмёртвы, ён нібы трымаў яе нябачнай пятлёй. Яна не ўладная была над сваім і сынавым лёсам. Нельга было і думаць выкрасці адсюль Святазара — высокія манастырскія сцены, шмат вачэй навокал. Нават рабыняў, якія даглядалі яго ў Царгорадзе, сюды не пусцілі. Дзе яны? Магчыма, ужо прададзеныя, едуць некуды ў Эгіпет альбо Сіцылію. Ды і яе становішча надта хісткае: інтэрдыкт, накладзены на тых, хто дапамагае Візантыі, можа закрануць і яе. А што, калі нехта з яго сяброў-рыцараў захоча адпомсціць ёй — за тое, што абвінаваціла іхняга воіна ў адступніцтве ад асноўных законаў Ордэна? За тое, што пасмела з'явіцца сюды, у Рым, і самім з'яўленнем таксама як закрычала аб тым, чаго не можа, не павінен рабіць рыцар.

Нават стоячы ля брамы смерці, ён можа ўджаліць яе, як джаляць павукі, якіх паўсюдна празвалі «чорнай смерцю».

Элізабэт глядзела на яе і чакала.

— Навошта ты сказала, што я тут?

— А раптам гэта дапаможа яму?

— Выжыць? І забіць мяне? І зноў адабраць Святазара? — горка засмяялася дзяўчына.

— Не думаю… Тое, што я бачу, сведчыць: ён ужо іншы. На парозе смерці ўсе мяняюцца. Апроч таго… Гэта ўсё ён рабіў з-за кахання. Толькі з-за яго! Ці ён можа супраціўляцца Афрадыце-Венеры?!

— Здаецца, Элізабэт, ты каталічка?

Сястра-манахіня збянтэжылася.

— Ты маеш рацыю… Але што зробіш — язычніцкія ідалы маюць над намі такую непераадольную ўладу! Не кажы пра мае словы маці-настаяцельніцы, згода?

Цені, лёгкія і трапяткія, уперамешку з сонечнымі бліскаўкамі слізгацелі па палаце, па крыжы над лавай, па жоўтым твары хворага — цені ад лістоты, што буяла пад магутным сонцам. Жывена ўбачыла на завостраным, адрачоным твары рыцара новы выраз: ён глядзеў на яе і адначасна скрозь яе. І словы, што падобна ціхай вадзе прасочваліся з вуснаў Райнера, былі нязвыклыя як для яе, так, відавочна, і для яго:

— Каханне да цябе з гадамі ператварылася ў цемру і зацьміла мне вочы…

…І як адляцела ўсё, што стаяла паміж імі — здрадніцтва, хцівасць, помста, смяротная крыўда… Яна ўбачыла нібы на яве: ён ужо на тым, далёкім-далёкім беразе, і ў вачах яго тое ж неспасцігальнае для жывых знаццё.

— Каб усё пачаць спачатку… Было б іначай..

Голас яго быў падобны да шэпту лісцяў, якія, ападаючы, зноў вяртаюцца туды, дзе яшчэ не нарадзіўся Час.

— Я воін… Я не шкадаваў жыцця ніколі… Але чаму… чаму нават цяпер, у трызненнях, я не бачыў тыя бітвы, дзе перамагаў? Я бачыў цябе, на кані, наперадзе сябе… там, у Новагародку, і твае залатыя валасы, і чырвоны рубін у тваіх пальцах… яны свяціліся…

Яна маўчала, гледзячы, як, час ад часу ўспыхваючы, сіліцца ягоная душа пераадолець смяротныя путы, што звязалі цела. Ён усё яшчэ рваўся назад, але нехта адтуль, з-за Вялікай ракі, куды адплываюць мёртвыя, клікаў яго ўладна і непераадольна, і ў тыя моманты згасалі вочы, і большымі рабіліся перапынкі паміж словамі.

— Я прасіў Бога… але ён не адгукаўся, і тады я звярнуўся да Одзіна і Локі, каб яны адшукалі цябе. Я прасіў гаспадыню царства мёртвых Хель*, каб яна адкрыла, ці не там ты. І, як бачыш… як бачыш, я знайшоў цябе. І знайшоў сына…

* Вобразы скандынаўска-германскай міфалогіі.

Тады, на апошнім уздыме сіл, ён і задаў пытанне, якога яна чакала і баялася:

— Скажы мне, перад тваімі і маімі багамі — гэта мой сын?

Шалясценне апалага лісця ўзмацнілася. Ды гэта ж крылы багіні Мары, той, якую Райнер называе Хель. Смяротным холадам павявае ў палаце, Райнер чакае адказу, і на памярцвелым яго твары жывуць толькі вочы… Ён хутка даведаецца пра ўсё — там, адкуль няма вяртання. Але хай ідзе па дарозе, куды яго клічуць, з лёгкай душой…

— Гэта твой сын.

Ён адкінуўся з палёгкай, і вочы яго апошні раз засвяціліся.

— Дзякуй табе. Дзякуй, залатая жрыца невядомых багоў. Ты даравала мне… Даравала!

Галава яго скацілася набок, жоўтыя павекі закрылі позірк — як застаўкі зачыняюць вокны. Упала, разбілася шклянка ля ложка, нібы яе зачапіла нябачнае крыло.


* * *


— Рыцар спавядаўся айцу Тамашу, і той перадаў для цябе вось гэта, — маці-настаяцельніца ўручыла Жывене пергамент. Дадала, памаўчаўшы:

— Мы аддаем табе дзіця. Але табе няма патрэбы зараз кіравацца з ім у доўгі і небяспечны шлях на радзіму. Праз два месяцы тут павінен быць кароль Міндоўг з тваёй Новагародчыны. Вяртацца з ім будзе спакайней.

— Вы… адкуль вам гэта вядома?

— Нам шмат што тут, у Рыме, вядома, — усміхнулася маці-настаяцельніца. — Мы паклапоцімся і пра цябе, і пра дзіця. А ты пажыві тут, у Вечным горадзе, каб самой пераканацца, дзе жыве ісцінны Бог.

Так Жывена даведалася, што, нягледзячы на страшэнную бітву пад возерам Дурбе ў 1260 годзе, дзе армія язычнікаў і праваслаўных хрысціян, якімі кіраваў Міндоўг, разбіла крыжаносцаў, усё ж Міндоўг змушаны быў зноў пакланіцца папе і дзеля ягонай дапамогі ехаў сюды, у Рым, каб пакаяцца. Як казалі ў манастыры — каб зноў вярнуцца да сапраўднай царквы, якой ён быў здрадзіў.

У яе цяпер было шмат часу, і, узяўшы з сабою Элізабэт, разам са Святазарам яна знаёмілася з вечным горадам.

Маладое лета бушавала ў садах Рыма, абвівала гнуткімі парасткамі яго старажытныя беламармуровыя калоны, аплятала кветкамі апельсінаў і гранатаў порцікі дамоў, якія тут называліся віламі, шчамілася травой скрозь шчарбатыя цагліны мастоў. Узабраўшыся на капіталійскі ўзгорак, можна было ў ранішняй смузе ўбачыць ледзь не ўвесь горад — здавалася, ён лёгка гайдаецца ў хвалях часу, і стагоддзі робяць цяжкі мармур празрыста-лёгкім і нерэальным. Нешта прасвечвала праз яго — спрасаваныя гады ці чалавечыя лёсы, а можа, гэта проста магутнае сонца старалася яго расплавіць? Яно як імкнулася паглынуць у сваім ззянні і цырк Фламінія каля велічнага Капіталійскага ўзгорка, і форум Траяна, і шчарбаты мост Элія. Блізка ля гэтага моста месціўся Ватыкан, дзяржава ў дзяржаве, больш магутная, чымся ўся астатняя Італія. Сюды прыедзе кароль Новагародскі, і гэта дасць яго і Жывенінай зямлі спакой.

Яна часта затрымлівалася тут і, узіраючыся ў сцены, на якіх шчыравалі муралеі, задумвалася над тым, што дасць гэтая дзяржава для Новагародка? Зноў падтрымае яго рыцарамі Ордэна, якія звысака глядзяць на новаспечанага караля балтарусаў, гатовыя ў любы момант пакінуць яго і зноў выступіць супраць? Дый, зрэшты, ён такі ж самы — парваў з Ордэнам і вярнуўся да язычніцтва, на радасць воінам і сваякам з Куроніі, Земігаліі, Жамойціі, - так, сваякам, бо доўгія гады былі звязаныя яны сваяцтвам і сумеснымі шлюбамі. Але чаму ж не застаўся ў веры бацькоў і дзядоў? Чаму зноў адступіўся ад яе?

І яна, здаецца, знаходзіла адказ тут, на вышынях, дзе засноўваўся вечны горад, тут, ля храма Юпітэра Капіталійскага — разбуранага, знявечанага часам некалі магутнага прыстанішча Бога, якога пакінулі ягоныя жрацы і на чый прытулак забыліся новыя пакаленні.

Ішоў час, і на зямлю прыходзіла іншая вера, іншая надзея. Яна вяла за сабой народы.

Яе бацька ішоў па гэтым шляху, ды ён азіраўся назад, бо любоў да спадчыны дзядоў не згасла ў ім, дашчэнту выпаленая новым. Але розум гнаў наперад, бо толькі з новай верай можна было з'яднаць у адно дзяржаву, якую ён ствараў.

Але дзе застануцца старыя багі? Дзе падзенецца вера і любоў, якія аддаваліся ім?

І яна ішла да ваўчыцы, што застыгла ў бронзе над немаўлятамі-блізнятамі. Яны застануцца вечна. Спарышы, Юмісы, Ашвіны, яны будуць прыходзіць і прыходзіць у свет, што б там ні было.

… І Брутэн з Відэвутам будуць прыходзіць…

Яна думала пра абодвух, і нешта цёплае перапляталася ў душы, незразумела-шчымлівае, роднае. Успаміналася, як, малую, аднойчы пакрыўдзіў яе Відэвут, яна пабегла прэч па сцежцы і, зайшоўшы ў лес, адшукала там баравікі. А ён таксама пабег следам, каб папрасіць прабачэння і, дагнаўшы яе, так захапіўся аксамітава-жоўтымі, барвова-карычневымі мацачкамі-грыбамі, што, сапучы, збіраў разам з ёю іх датуль, пакуль, сутыкнуўшыся рукамі на самым высокім і прыгожым, яны абое не рассмяяліся, глянуўшы адно на аднаго. Той смех, шчаслівы і ад таго, што памірыліся, і ад таго, што так светла і хораша было на сэрцы, запомніўся навечна. Відэвут хутчэй быў братам, гэта добра адчуў Вакула-звяздар.

Але і той узнёсла-радасны, малады, трохі дураслівы напал, які ахапіў яе ў Нямеччыне, таксама ўспамінаўся зараз з паблажлівай усмешкай. Брутэна захілілі, вобраз яго зрабілі цьмяным і далёкім усе тыя выпрабаванні, якія выпалі на долю — што ж, значыць, не яе гэта лёс. Але нешта гаварыла, што сустрэча тая яшчэ адгукнецца, яшчэ нагадае пра сябе…

Бронзавыя саскі ваўчыцы цяплелі ад дотыку ёйных рук. І там ціха спявала яна старажытныя словы гімнаў, а маленькі Святазар паўтараў іх — адно за адным…

Апошнім часам у вандроўках па Рыме яе суправаджаў айцец Тамаш. Вясёлы і гаваркі, ён шмат расказваў пра гісторыю Вечнага горада, браў на рукі Святазара і паказваў яму Рым зверху:

— Тут, а не ў Ерусаліме, па-сапраўднаму нараджалася хрысціянства, адсюль пайшло яно па свеце, змагаючыся з язычніцтвам. Бо менавіта ў Рыме язычніцкая распуста пераўзышла ўсе магчымыя межы сораму і прыстойнасці.

Ён шмат расказваў пра Бога, што прыйшоў на зямлю ў вобразе чалавека ў далёкім Назарэце, тлумачыў, чаму быў ён распяты на крыжы. Ад яго даведалася Жывена пра раскол хрысціянскай царквы ў 1054 годзе, пра тое, як малады Канстанцінопаль адваёўваў у нямоглага тады Рыма пяршынства. І ёй усё болей і болей падабаўся гэты святар, які, як і іншыя служкі хрысціянскага Бога, не мог завесці сям'ю, дзяцей, а павінен быў аддаць сябе толькі служэнню. Ён цікавіўся яе храмам, і Жывена таксама расказвала яму пра абрады, дзівячыся, што многія з іх нагадваюць хрысціянскія. Аднак яна ў многім і не згаджалася з ягонымі доказамі, асабліва ж паўставала супраць плоцкай нявіннасці мужчыны-святара:

— Толькі нямногія могуць адольваць спакусы плоці, вы ж патрабуеце таго ад соцень і тысяч мужчын у самым росквіце. Значыць, тым страшнейшым можа быць грэх, у які яны ўпадуць.

Ён стараўся яе пераканаць — спакойна, ветліва. І Жывена яшчэ раз пераконвалася, якая гэта страшная зброя — чалавечае слова, якое ўсё можа вывернуць, сказіць, перайначыць. Але яна не здавалася:

— Мы ніколі не ішлі супраць плыні жыцця, і нашы жрацы, пасля некалькіх гадоў службы, маглі ствараць сям'ю, — даводзіла яна. — Дый, урэшце, у візантыйскім, усходнім хрысціянстве таксама не патрабуюць такіх ахвяраў. Там, у Новагародку, нашы баяры ў асноўным грэчаскай веры, але многія з іх не забываюць і сваіх багоў.

— А як прынялі яны тое, што твой бацька хрысціўся па рымскім абрадзе? — знянацку запытаўся айцец Тамаш, як бы прапусціўшы гэтае «сваіх».

Жывена здрыганулася.

— Каго ты называеш маім бацькам? — углядаючыся ў рухавага, па-маладому ўсмешлівага святара, запыталася яна.

— А хіба кароль Міндоўг не твой бацька? — пытаннем на пытанне адказаў ён. — У Залатым Палацы ты назвала сябе дачкой новагародскага караля.

Жывена маўчала. Потым яна ўзяла за руку Святазара і пайшла наперад па камяністай дарозе, адглянцаванай за многія гады нагамі бясконцых паломнікаў.

— Ты таму і суправаджаеш мяне, святы айцец? — запыталася яна.

— Хаця твой бацька і не спадзяецца тут сустрэцца з табой, усё ж ён даведаецца пра цябе. Хаця ён валодае не надта вялікай краінай, у Рыма няма большых ці меншых сыноў. Усіх мы любім, усіх прымаем як братоў у Хрысце, — сур'ёзна адказаў Тамаш. — Але чаму гэта цябе крыўдзіць, золатавалосая дачка караля балтарусаў?

— Я не дачка караля, шаноўны святар. Шкада, але я толькі ўнучка яго прыдворнага. А назвалася ягонай дачкой, каб выратаваць і сябе, і чалавека, які зрабіў мяне знатнай царгародскай дамай.

— Але ты чакаеш Міндоўга тут, у Рыме?

— Я спадзяюся, што кароль не адмовіць унучцы яго былога радцы — узяць з сабой на радзіму. І толькі.

Святар Тамаш доўга глядзеў на яе. У яго поглядзе з'явілася ўсмешка:

— Ты ўсё роўна мне падабаешся, Жывена-Ефрасіння. Святы Дух несумненна падарыў табе сваю іскрынку, а гэта — вялікі дар.

Яны зноў пайшлі па дарозе каля старога храма багіні Весты, і Жывена зноў здзівілася таму, як падобныя абрады ў розных, але, аказваецца, надта падобных багінь. У свяцілішчах Зніча таксама гарэў незгасальны агонь, і жрыцы павінны былі быць цнатліўкамі. Калі ж згасаў той агонь, віноўных чакала смерць…

— Дык ты адмаўляешся ад таго, каб цябе прымалі тут як дачку караля? — зноў перапытаў яе Тамаш, калі яны развітваліся. — Падумай добра. Мне здаецца, што ты сказала няпраўду не там, у Залатым Палацы, а тут, сёння.

І ён пранікліва ўгледзеўся дзяўчыне ў вочы. Але яна цвёрда зірнула на яго:

— Якая б ні была мая праўда, я сказала табе тое, што хацела сказаць. І досыць пра гэта!


* * *


— Юр цябе разбяры! — Міндоўг стукнуў кулаком у далонь левай рукі. — Ты што, з таго свету ці з гэтага?!

Ваявода Астафій Канстанцінавіч, які, седзячы ў кутку, гучна чытаў «Псалтыр», упусціў кнігу на калені і ўтаропіўся ў Жывену.

— Унучка баярына Агапія?!

Баяры і слугі Міндоўга таксама на ўсе вочы глядзелі на маладую жанчыну ў белай доўгай сукні, якая, трымаючы за руку маленькага хлопчыка, увайшла ў вялікі пакой ватыканскай гасцініцы і схілілася перад князем, цалуючы ягоную руку.

— Гэта я, вялікі князь і кароль, я, унучка Агапія і твая падданая… А гэта мой сын Святазар.

Міндоўг пільна ўзіраўся ў яе, і яна, нібы адказваючы на ягонае нямое запытанне, яшчэ раз паўтарыла:

— Як унучка твайго былога радцы, прыпадаю да тваіх ног з просьбай узяць мяне з сынам пад сваю абарону і дазволіць разам з тваімі баярамі і пасольствам вярнуцца на родную зямлю.

— Адкуль ты? Што з табой адбылося? І якія шляхі прывялі цябе сюды, у Вечны горад?!

Рука ў Міндоўга была гарачай, пакручастыя вены на ёй здаваліся амаль чорнымі. Твар князя схуднеў, пышная грыва на галаве пабялела, але ўчэпіста-ўладнымі заставаліся зеленаватыя вочы пад кусцістымі бровамі.

— Я раскажу ўсё, вялікі князь і кароль. Але і ты скажы мне — што з маёй цёткай Апфіяй?

…Цэлы вечар, як казку, слухалі баяры аповед Жывены. Аднаго не сказала яна — што назвалася дачкой Міндоўга. І, мабыць, пра тое не сказалі і папскія слугі, якія сустрэлі пасольства ў Рыме. Іх ужо не цікавіла простая падданая новагародскага караля, што шукала ў яго прытулку.

Міндоўг пакінуў яе ў ватыканскай гасцініцы, і гэта нікога не дзівіла: многія з тых, хто прыехаў у Рым, памяталі Агапія, ведалі яны і ягоную любую ўнучку. А праз тры дні паклікаў яе да сябе разам са Святазарам. На гэты раз у пакоі нікога не было, і Жывена, чакаючы, пакуль прыйдзе князь, змагла ацаніць залаціста-пунсовыя роспісы на сценах, крэслы венецыянскай работы — з разьбянымі ручкамі з чорнага пазалочанага дрэва, са спінкамі ў выглядзе кветак лілеі, а таксама бледна-ружовыя дываны, якімі была заслана падлога.

Міндоўг зайшоў у пакой заклапочаны, нервова пацепваючы плячыма. Сеў, моўчкі разглядаючы дзяўчыну. І запытаўся няласкава:

— Як думаеш жыць, калі вернемся?

— Як павядзе Лёс.

— Лёс! Яго куюць моцныя, а слабыя скрыгочуць зубамі, спрабуючы ўкусіць кавалак ад чужога банкуха.

Памаўчаў.

— Ты сама расказала, як ратавала Святазара. Тады паклікала сэрца, але цяпер… нашто табе чужое дзіця? Я загадаю, і яго адвязуць у Прагу. Там знойдуцца сваякі, і яно застанецца тым, кім нарадзілася — купецкім сынам.

— Чым жа маё дзіця перашкаджае новагародскаму каралю?

Зеленаватыя вочы Міндоўга прымружыліся, рот расцягнуўся ў знаёмай усмешцы — моцныя белыя зубы, гатовыя клацнуць на неслухмянага.

— Сярод вяльможаў, з якімі мяне тут знаёмілі, ёсць малады граф з Венецыі — Марка Франкеці. Яго род багаты, славуты і прыняты ў Ватыкане.

- І што ж?

— Я мог бы быць добрым сватам. Думаю, што і граф, убачыўшы цябе, не застаўся б раўнадушным. А мне не шкодзіла б мець тут, у сэрцы Захаду, зяця, які дапамог бы Новагародскай зямлі ў цяжкую хвіліну.

— Ты хочаш прызнаць мяне сваёй дачкой?

— Чаму б і не? Хіба гэта не гонар для цябе?

Святазар, нібы разумеючы цяжар, што наваліўся на сэрца ягонай прыёмнай маці, падбег да яе, уткнуўся ў калені, засакатаў на сваёй, яшчэ незразумелай мове, як бы суцяшаючы.

Міндоўг чакаў адказу, усмешка яго была прыязна-хітраватай, але ў вачах не было цяпла. Убачыўшы, што яна збіраецца з думкамі, загаварыў зноў, як бы заклікаючы яе да сумесных разваг:

— Я сяджу тут ужо два тыдні — наўмысна трымаюць тут святыя айцы, каб чытаў пацеры і каяўся. Мне ўжо здрадзілі саюзнікі, з якімі хадзіў пад возера Дурбе. А табе… табе не варта вяртацца ў Новагародак. Княгіня Марта як бы празнала нешта, яна двойчы пыталася пра цябе, а гэта дрэнны знак. Убачыўшы цябе жывою, яна не супакоіцца. Яе… нашым дзецям патрэбнае ўсё княства. Усё! Нават Войшалк стаіць у яе… у нас на дарозе. Яму хочацца быць вялікім князем, які аб'яднае вакол Новагародка Літву, Жамойць, Куронію, Нальшчаны, Дзяволтву — усіх, каго прыціснуў сваім мячом я, а не Войшалк!

Ён зноў глянуў на яе амаль умольна:

— А ты станеш венецыянскай графіняй. Ператворышся ў дыямант, які быў простым алмазам. Я ж хачу дабра табе, бо не чужая ты мне, і лёс твой мяне хвалюе. Тут добра. Нам не параўнацца пакуль з гэтымі землямі, дзе столькі стагоддзяў набіралася багаццяў з усяго свету. Ну, што ты маўчыш?

«Якія бедныя словы, — думала яна. — Як доўга і, відаць, беспаспяхова тлумачыць, чаму не хачу заставацца тут, у Рыме, як не жадала застацца і ў Цар-горадзе».

— А ты, вялікі князь… ты застаўся б тут навечна?

Ён як спатыкнуўся.

— Я? Але мы гаворым пра цябе.

— А ты адкажы спачатку на маё пытанне. Далі б табе тут графства, альбо вось я прапанавала б застацца тут, са мной, з маім магутным мужам. І табе па-ранейшаму кланялася б варта, перад табой схіляліся лісліўцы і спявалі песні гусляры…

— Я — воін! І прывык адчуваць свой меч у ножнах, слухаць, як ён спявае ў бітве! А пасля дзяліць палон, і кідаць Агню ахвяры!

— А я, твая дачка, прывыкла ляцець на кані праз даліну і прашываць яе бегам, як іголка з рыбінай косткі прашывае палатно! І плыць уначы ў свяшчэнным возеры і размаўляць з русалкамі! Іх тут няма, бацька, тут чужыя багі, і я не разумею іхнюю мову!

Як клінкі, скрыжаваліся іхнія позіркі — зазвінела цішыня, рыпнула адламаная Міндоўгам ручка крэсла. Ён зірнуў на львіную галаву ў сваёй руцэ і раптам зарагатаў:

— Ат, Юр цябе разбяры! Упартая! Як цяпер перад папам апраўдвацца будзем за ягонага звера?

Яна таксама ўсміхнулася, але не расцяла далоні, якімі моцна абхапіла ручкі свайго крэсла.

— Ну, аціхні. Не хочаш — не буду прымушаць. Ты і так у мяне разумніца… Правільна адказала тут, хто ты і што ты. Я сам ва ўсім разбяруся. Гэтыя задачкі, што нам з табой жыццё дало, складанейшыя за іншыя, але ж у варцобы Жыцця гуляюць і не такія, як я…

Змерыў позіркам ейную постаць.

— Каб не ведаў, што ты мая дачка, то яшчэ і сам бы мог… заглядзецца. Гожая ты ў мяне, надта гожая…

Яшчэ памаўчаў, б'ючы кулаком у далонь левай рукі.

— А як не захацела быць венецыянкай, то будзе гэтак: выйдзеш з гэтага пакоя і забудзешся, аб чым мы тут меркавалі. І хто ты, забудзешся таксама. Згода?

Як пераламалася ільдзінка ў ягоным голасе. Жывена ўстала, прама зірнула ў ягоныя вочы:

— Кажуць, гэта ў чалавечых звычаях — любіць сваіх дзяцей. Але мне гэтага не далося; не ведаю, як любіць маці. І як бацька — таксама. Праўда, дзед любіў мяне — ён і быў мне бацькам. Так што, вялікі князь, няма на што мне забывацца…

Тады, шпурнуўшы львіную лапу ў халоднае зеўра кафельнай печы з вялікай пашчай ільва наверсе, адпрэчыў новагародскі князь:

— Для тых, каго ўздымаюць багі над іншымі, другія законы. А ты разважаеш як простая кабета. Я хацеў падняць цябе — ты ж саслізгваеш уніз, дзе, як чарвякі, снуюць многія. Ды яшчэ і хочаш вярнуцца туды, дзе я ніколі — чуеш, ніколі! — не скажу пра цябе праўду, бо многія разяўляюць рот на маё княства. Лепей было б цябе тут непрыкметна атруціць — каб ніколі не ўстала ты на маёй дарозе, варагуючы са мной ці з сынамі. А тое, што я адпускаю цябе з дабром — гэта і ёсць мая бацькоўская любоў, бо сэрца ў мяне не чорнае, як гавораць ворагі. Слабое ў мяне сэрца, бо люблю кабет, віно, вясёлыя бяседы!

І зноў усміхаліся, блішчэлі сталёвым водбліскам яго вочы… Моўчкі схілілася Жывена ў паклоне, выйшла разам са Святазарам і асцярожна прычыніла дзверы.

А кароль Міндоўг доўга глядзеў на дзверы, і твар яго быў пахмурны і тужлівы…

Жывене не давялося пабываць на прыёме, наладжаным папам у гонар караля Міндоўга. Але адзін з легатаў, які суправаджаў пасольства новагародцаў, не застаўся раўнадушным да прыгожай жанчыны і правёў яе па пакоях Ватыкана, па галерэях, порціках і дварах, схаваных ад натоўпу.

Праз многія гады, успамінаючы тыя дні, Жывена бачыла перад сабою высокія столі, спрэс, з пакоя ў пакой, распісаныя жывымі і як бы светланоснымі фарбамі, залатыя мазаікі, беламармуровыя постаці, якія, здавалася, сыдуць з п'едэсталаў і загавораць, драўляныя скульптуры святых, распісаныя чароўнымі пэндзлямі вялікіх майстроў, крышталёвыя люстры, што рассыпалі зіхоткае святло на агромністыя залы, каштоўныя камяні такіх памераў, якіх яна і ўявіць сабе не магла, — яны аздаблялі німбы вакол святых, іскрыліся на калонах, свяціліся ў разьбяных гнёздах алтароў.

Бязмерным, неспасціжным для звычайнага ўспрыняцця было гэтае багацце — як саміх скарбаў, так і чалавечага таленту і натхнення, укладзеных у Ватыкан. Але ад гэтага не перастала быць мілейшай радзіма, дзе мастаку часта не было дзе і на чым развінуць свой дар, бо бясконца ваявалі паміж сабой землі, і князі іх цікавалі адзін за адным, каб захапіць паболей. А калі не самі, дык суседзі. І так з стагоддзя ў стагоддзе. Калі ж спыніцца гэтая патароча?

Можа, лёс будзе лістасцівы да Новагародка, і ўздымецца ён найвышэй за іншых, як ужо ўзняўся над навакольнымі землямі, так што пацяклі ў яго скарбы і грошы — а без грошай што можа зрабіць дойлід і муралей, чаканшчык ці ліцейшчык?

Перад ад'ездам яшчэ раз пайшла Жывена ў Генуэзскі квартал у Вечным горадзе і атрымала мяшэчак залатых талераў — манет, якія нядаўна пачалі вырабляць у Рыме. Дапамог яшчэ адзін ліст, які Нікіфар даў ёй, хаця і не верыў, што яна свабодна дабярэцца да Рыма.

Перад самым ад'ездам Міндоўг, якому папа абяцаў чарговую дапамогу, даў развітальную вячэру. Дзеля гэтага з'ехаў ён з ватыканскай гасцініцы і на дзве ночы наняў харчэўню каля Квірынальскага ўзгорка.

Усю дарогу пасля бурчэў Астафій Канстанцінавіч, нагадваючы пра марна растрачаныя залатавікі, але Міндоўг задаволена жмурыўся, калі з горыччу пералічваў ваявода падарункі «дзвюм шэльмам, грахоўным дочкам Евы», якія ўлагоджвалі высакароднага чужаземца з вялікай карысцю для сябе і прыемнасцю для яго.

— Два тыдні чытаць пацеры і пасціцца — ды ад гэтага можна душу аддаць Лядашчыку! — весела адказваў вялікі князь на папрокі, аднак касавурыўся на дачку трохі вінавата. Зрэшты, яна трымалася за спінамі вяльможаў, нізка кланялася вялікаму князю, і ў канцы падарожжа тыя, хто чуў нейкія цьмяныя гаворкі і перагаворы, супакоіліся: унучка баярына была такою, якою і павінна быць сціплая падданая караля. Аднак жа, як даведалася Жывена, Міндоўг кіраваўся не ў Новагародак, а ў сваё радавое гняздо — у Руту. Там збіраўся ён наладзіць ваенныя гульні, каб паказалі рыцары, якіх меўся зноў запрасіць да сябе, сваё ўмельства і гарт. Жывену ў Руту ён не запрашаў. Дый, зрэшты, яна ірвалася перадусім у Новагародак, любы горад, які сніўся ёй на далёкіх дарогах як выратаванне і надзея…

Доўгім і цяжкім было падарожжа, але, у рэшце рэшт, скончылася і яно. Пятлялі туды-сюды дарогі, але нястомна круціліся колы фурманак і вазкоў. Па начах, калі, ратуючыся ад смяротна гарачага ў паўднёвых краінах сонца, падарожнікі ехалі ўсё далей на поўнач, туды, дзе ззяла Кол-зорка, да якой прывязанае ўсё неба, Жывена ляжала на фурманцы, назіраючы за безданню, што з краю ў край раскідвалася над ёю, над дарогай, над усім, што ляжала і спала да ранішняй зары. Дзяўчына адчувала, як пульсуе гэтая неспасціжная для людзей прорва — і ў сабе, у сваёй крыві са здзіўленнем адкрывала той жа агульны рытм, які найболей зладжаным быў у такія хвіліны, калі душа яе рвалася насустрач сусвету і яго таямніцам. А днём усё знікала, яна, як і іншыя, была ад'яднаная ад гэтага ледзь улоўнага, але ж такога знаёмага роўнага тахкання — здавался, гэта б'ецца недзе велізарнае сэрца свету, даючы жыццё ўсяму, ад кволай зёлкі да магутных жывёлін.

А ці не тыя ж, што і на зямлі, жывёлы былі там, высока, адкуль безліччу мігатлівых то залацістых, то блакітных, то чырвоных кропак глядзелі на яе сузор'і? Найбольш любымі былі яны, Ашвіны, альбо Спарышы — балты называлі іх Юмісамі, рымляне — Геміні, славяне — Лелем і Палелем… Але разам з імі шукала Жывена і Малога Каня — яшчэ і так называлі Ашвінаў у яе на радзіме. Салім жа некалі апавядаў пра яго як пра Аль Кітах аль Фарах, а ў Візантыі пра яго расказвалі прыгожую легенду аб тым, як аднойчы спрачаліся Пасейдон і Афіна, хто з іх дасць будучаму гораду больш карысці. Мужчына сваім магутным кіем выбіў са скалы баявога каня, а багіня жалезнай дзідай — аліўкавае дрэва. Горад назвалі ў яе гонар, а каня ўзялі на неба.

Так, людзі, раздзеленыя вялізнымі адлегласцямі, чамусьці адчувалі зоркі амаль аднолькава, складалі паданні, падобныя між сабой. Чаму?

Але хіба мала паданняў аб зорах у яе на радзіме? Хіба не расказваў іх малой дзяўчынцы, калі яна ціха сядзела ў ягонай святліцы, звяздар Вакула?

Як прымуць яе ў храме? Яна вяртаецца іншаю — але свяцілішча нязменна грэе сэрца, хочацца зноў увайсці ў Менцязь і, злавіўшы ягоны рытм, растварыцца ў ім.

Лежачы спачатку пад цёплым, а пасля ўсё болей схаладнелым небам, яна шукала пад раніцу самую яркую зорку — Мілавіцу і думала аб братах-блізнятах Відэвуце і Брутэне. Дзіўна — яны зліліся для яе ў адно, і, успамінаючы аднаго, яна нязменна ўспамінала і другога, але ўвесь час стаяла між ёю і імі нейкая сцяна, незразумелая для яе.

Неспасціжнымі бываюць загадкі чалавечага сэрца, і не падпарадкоўваецца яно ні загадам, ні ўгаворам. А калі не можаш палагодзіць розум і сэрца ў сабе, то як жа можна хацець гэтага ад іншых?

Успамінала Нікіфара — ці супакоілася ягонае сэрца, альбо глыдае яго чорная туга, што не знаходзіць сабе спатолі, пакуль не знішчыць самога чалавека? Каханне можа быць дарам, але і насланнём таксама — тады трэба не даваць мораку браць над сабой верх. Умеў здымаць той морак толькі стары Святазар, бо вялікую сілу трэба мець для таго. І не толькі сілу, але і мудрасць. А яна таксама прыходзіць не сама па сабе, а праз вялікія выпрабаванні.

А каму даюцца такія выпрабаванні, той — улюбёнак багоў…

Вілася-круцілася дарога, пракідвалася то камяністай, сціраючы падковы коней, то мяккай і тлустай, дзе падчас дажджоў грузлі калёсы, то забівала рот горкім пылам, то лагодзіла ногі мяккай ведзьмінай траўкай*.

* Траву мурог лічылі чарадзейнай.

Чужыя краіны з іх мовай і звычаямі, з незнаёмымі людзьмі і небяспечнымі кручамі праязджала пасольства, працінаючы іх, як іголка — суравое палатно. Вечарамі, калі не паспявалі даехаць да люднага паселішча, месціліся часта на паляне ў прылеску, абставіўшыся вазамі, як абаронай, і выстаўляючы варту.

Аднойчы, прымасціўшыся разам з сынам ля агромністага вогнішча і слухаючы аповеды Міндоўга і баяр пра бітвы і сечы, пачула Жывена аб прусе, які прыехаў у Новагародак да брата, але падчас аблогі горада крыжакамі апынуўся на полі бітвы і злажыў сваю галаву. Нават і песня была ўжо складзеная пра яго. Як там яго клікалі? Імя ніхто не помніў.

Нешта ўкалола жрыцу, і, калі ўсе пачалі разбрыдацца па лежышчах, яна падышла да ваяводы.

— Так, я памятаю гэтага пруса, — ажывіўся той. — Ён біўся як шалёны, нібыта сам Пярун… о, шчур на яго! — Ілля-прарок! — кіраваў яго рукой. Немцаў ён сек на капусту, і дзіўна — крычаў сам прытым па-нямецку.

— Немцы ж нібыта былі нашы саюзнікі?

— Ты шмат чаго не ведаеш, дзяўчына: пасля таго, як родзічы ўгаварылі вялікага князя зноў вярнуцца ў паганства і ён павёў іх на крыжакаў пад возера Дурбе, тыя як азвярэлі. Ды і тое — не чакалі яны ад яго такога павароту, не гатовыя былі да бітвы.

— А як загінуў… як загінуў той прус, і ці не Брутэнам яго звалі?

— Ты… ведала яго?!

— Можа, гэта і не ён… — прамармытала Жывена, але нешта ўпэўнена і цвёрда сказала ёй, што то сапраўды быў Брутэн.

Спаў лагер, тупалі вакол вазоў бяссонныя вартавыя. Жывена, накінуўшы на плечы ваўняную накрыўку, сядзела, прыхінуўшыся спіной да дуба. Нядобры чорны дзень, у які яна атрымала вестку, нібы прарочыў нешта яшчэ больш цяжкае, нават трагічнае. Значыць, Брутэна больш няма. У Новагародак прывяла яго дарога, тут яна для яго і скончылася. Яе словы прывялі, яна вінная ў смерці таленавітага мастака. Так, багі далі яму талент, і шкада, што выява яе згарэла ў агні. Яна думала, суцяшала сябе: нельга вінаваціцца — усе мы толькі пасланцы Лёсу, яна выканала тое, што ўжо ляжала рубцом, блізнай на тканіне Брутэнавага жыцця, расказаўшы яму пра брата і маці. Страта за стратай — вось што такое жыццё. І якім болем абарочваецца яно…

Але ў яе застаўся Відэвут. Ён чакае яе. Чакае Святазар, якому наканавана пражыць да 108 гадоў — часу дасканалай мудрасці. Ён заслужыў на тое. У яе ёсць маленькі Святазар — прадаўжальнік іхняе справы.

І яна слухала зямлю і неба, а на захадзе ўсё гарэла чырвоная паласа. Сімвал гэтага дня — чырвонае на чорным, попел, пакаянне, ачышчэнне. Яна схадзіла да воза, узяла тонкую вяроўку, завязала на ёй вузлом звесткі пра смерць Брутэна, пра свой смутак*. Можа, падрасце Святазар і зможа прачытаць гэтае патаемнае пісьмо, якое ведаюць нямногія. Што яшчэ яна зможа пакінуць яму? Перадасць любоў да роднае зямлі. Яе мудрасць, што, як казюрка ў бурштыне, адціснулася ў песнях і паданнях, у абрадах дабрыні і святла. І яе страсную, жывую памяць аб памерлых — дзядах, што не павінны пакідаць свой народ, а падтрымліваць яго творчыя і духоўныя сілы.

* Пра вяроўчатае пісьмо ў старажытных славян сведчаць многія крыніцы.

Яна падкінула сучча ў згаслае ўжо вогнішча і, звяртаючыся да душы Брутэна, што залатой іскрынкай плавала недзе ў сусвеце, сказала ёй словы любові і пашаны. Калі не ўзгадваць памерлых, не гаварыць з імі, астынуць іх душы да сваіх нашчадкаў, і гора той зямлі, гора таму народу!

Брутэн абараняў родны для яе край, тут яго душа адляцела ад цела — значыць, яна і будзе сюды вяртацца. Таму колькі будзе жыць, будзе яго памінаць яна, новагародчанка.

І толькі пасля абраду, калі ружовымі пальчыкамі дакранулася Зараніца да чорнага сувою ўсходу, спаў цяжар з Жывены, і яна заснула. А раніцай зноў загайдаліся вазы па каляінах, зноў паклікала дарога — бясконцая, яна ўзнікала на небасхіле і прападала за ім жа.

Усё болей слоў шчабятаў малы Святазар, усё болей упэўнена тупаў па зямлі. І калі, нарэшце, перастрэла іх першае селішча Новагародскай зямлі, радасна і выразна вымавіў ён:

— Радзіма!


Радзіма…

Жывена ўпала на калені, уткнула твар у траву, якая расла паабапал дарогі. Няўжо ўсе выпрабаванні засталіся ззаду, няўжо вяртаецца яна ў сваё жыццё і на свой шлях?

Але першая ж вестка, якую атрымала ў Новагародку, сталася для яе моцным ударам — свяцілішча Ашвінаў было разбуранае. У той кароткі час, калі новагародскае баярства, незадаволенае няўдачамі Міндоўга ў вайне з Данілам Галіцкім, абрала на пасад Войшалка, той і здзейсніў тое, аб чым марыў, мабыць, яшчэ з часоў забойства Елісея. Ён наслаў войска на некаторыя язычніцкія свяцілішчы, чые жрацы былі найбольш цесна звязаныя з былой уладай і яўна асуджалі маладога княжыча за яго нянавісць да дзедавых звычаяў і старых багоў.

— Разбурыў свяцілішча? Цалкам? Сам Войшалк ці толькі войска? — не верачы вушам, перапытвала Жывена ў Яўлампіі.

І тая, ачомаўшыся ад узрушэння, якое адчула пры нечаканым з'яўленні даўно зніклай дзяўчыны, адказвала ўсё больш дзёрзка:

- І не толькі разбурыў, але і ўзяў там вялікія багацці ў княскую казну. Нямала там і нашага… Твой дзед любіў дарыць, празмерна любіў, не думаючы ні пра жонку, ні пра дачку… Нібыта гэтая была яму горшаю за тую…

— Як — была?!

Дзве горкія весткі, адна за адной! Апфія памерла пры родах, і дзіця, якое яны з мужам так чакалі, было ўжо нежывое…

Тут Яўлампія горка заплакала, і Жывена абняла яе, можа, упершыню адчуўшы ў гэтай капрызлівай, крыклівай, непрыязнай да яе жанчыне душу, што цяпер пакутавала і бездапаможна шукала спатолі.

Назаўтра ж раніцай дзяўчына паехала да свяцілішча Ашвінаў.


Перад павароткай, за якою звычайна прыезджым адкрываўся храм, Жывена спыніла фурмана, выйшла. Бярозы ў залатых корзнах, яліны ў доўгіх цёмна-зялёных плашчах былі падобныя да купкі баяр, што сабраліся на раду. Вераснёўскае сонца моцна нагрэла аплецены верасам узгорак, на які прысела жрыца.

Сабе самой не хацела яна прызнацца, што баіцца зірнуць на месца, дзе павінен быў стаяць дом Ашвінаў. Для таго, мабыць, і пакінула ў доме Яўлампіі маленькага Святазара, каб не бачыў ён ейнай роспачы, каб не запомніў рэзруху і скрышаных разбуральнай сілай свяшчэнных камянёў.

— Пачакай тут, — загадала яна фурману, а сама прымусіла сябе падняцца і пайсці насустрач бядзе і адчаю.

Колькі разоў за сваё не такое доўгае жыццё вярталася яна гэтаю дарогай з Новагародка — то ў ясныя зімовыя дні, калі асляпляльна-святочна іскрыўся некрануты агромністы прастор палёў; то вясновым вечарам, калі пяшчотна-зялёным пушыліся бярозы, то ў такія, як сёння, мякка-задумлівыя вераснёўскія раніцы. І заўсёды радавалася, што зараз, за павароткай, пакажацца храм — блішчастыя ягоныя сцены нібы прамяніліся цяплом і радасцю. А яшчэ — веліччу і недасяжнасцю, нібы асвячалі яго тыя імгненні, калі сюды сыходзілі багі.

… Яна павольна ішла, не зводзячы вачэй з велізарнай груды камянёў, над якімі кружыла зграя чорнага варання. Што яшчэ маглі выглядаць гэтыя злавесныя вестуны бяды тут, дзе згасла жыццё? Вочы яе не адрываліся ад валуноў, што некалі — зусім нядаўна! — былі сценамі, яна адгадвала, ад якой, усходняй ці заходняй сцяны быў нібы адарваны, адшпурнуты той ці іншы камень. А пасля, калі на імгненне адвяла вочы ад храма, ускрыкнула, нібы яе знянацку выцялі па галаве.

Менцязі не было. Там, дзе зіхотка пералівалася сярэбранай кальчугай жывое цела возера, зменліва-чароўнае і заўсёды дарагое, чорнай каламутнай тванню бугрылася балота, што ўжо там-сям пачало зарастаць асакой. Не верачы самой сабе, Жывена подбегам пусцілася да берага, нахілілася, зачэрпнула рукою твані, нібы і сапраўды больш давярала руцэ, чым вачам. Але не — жыжа пацякла па пальцах, моцна запахла нагрэтай гніллю. Здалося, недзе зарагатаў Балацянік…

Вараннё ўсё кружылася над храмам. Яна пайшла туды. Тарчма стаяць валуны, пасечаныя свяшчэнныя дубы атупела глядзяць уверх, як невідушчыя. Гаргатанне птушак узмацнілася, яны нібы гналі яе адсюль. За маленькім храмам бачныя былі абгарэлыя шкілеты жрацовых дамкоў. Не, не туды прыцягваецца гэтая злавесная гаманкая чарада. Тады куды? Няўжо сярод нагрувашчаных, трэснутых валуноў маленькага храма нехта ёсць? Можа, які нябога запоўз туды схавацца ад непагадзі і не можа выбрацца? А можа, там ляжыць нейчае цела, і вараннё, спужанае ейным прыходам, ужо дабралася да яго?

Яна сагнулася, амаль паўзком прабралася ў храм. Там, у пярэднім пакоі, ужо можна было выпрастацца. Праменні сонца дабраліся да сцяны, на якой Жывена і з заплюшчанымі вачыма магла па памяці паказаць кожны звіў адзежыны на высечаных з каменя Ашвінах. Яны стаялі тут і цяпер, і яна апусцілася на халодную, адпаліраваную стагоддзямі падлогу, зашаптала словы старажытнага гімна.

Ціхі стогн данёсся з глыбінь храма, і дзяўчына ўскочыла, памкнулася ўглыб.

Там было цёмна, пахла нежылой вільгаццю. Але там быў нехта — толькі ўзрушанасцю жрыцы і можна было растлумачыць тое, што яна не адчула гэтага адразу, як толькі ўвайшла ў разбураны храм.

— Хто тут? — запыталася яна ціха.

Хто б тут ні быў, ён паміраў. Невыразны шэпт зрываўся з вуснаў, цела, намацанае ёю ў цемры, было халодным і як бы ўжо нежывым. Але яно было лёгкае, такое лёгкае, што Жывена, як здагадаўшыся, ледзь не закрычала:

— Настаўнік, гэта Вы?!

Так, гэта быў Святазар. Жаўтлявы твар яго быў перакошаны невыказнай пакутай, пакуль яна расцірала ягоныя рукі і ногі, спрабуючы затрымаць кволую іскрынку жыцця ў старым зношаным целе. Але, мабыць, не час быў яшчэ Святазару адплываць у Краіну Мёртвых — ён заварушыўся, расплюшчыў мутныя вочы і сеў. Павольна агледзеўся навокал і раптам усміхнуўся слабой, але такой любай для дзяўчыны ўсмешкай:

— Калі мне аднойчы прымроілася ў сне гэтая вось раніца, калі я ляжу амаль мёртвы, а ты схіляешся нада мною, я падумаў, што сны пачынаюць мяне падманваць. Але не — хаця грахі нашы чорнай хмарай паднімаюцца да багоў, усё ж яны літасцівыя да мяне, Боскія Блізняты. Дазволілі мне яшчэ раз убачыць цябе, любая мая дзяўчынка… Але не, ты ўжо зусім дарослая, ты бачыла землі і шляхі, якіх не давялося ўбачыць мне.

— Чаму Вы тут у адзіноце? А дзе ўсе? І як усё было? — запыталася Жывена.

Святазар расказаў ёй, як, сеўшы на новагародскім стале, Войшалк паслаў ганца па Жывену. Аднак, калі стала вядома, што жрыца з'ехала невядома куды, ён запатрабаваў ад Святазара знайсці яе і даў тэрмін — паўгода. А праз паўгода паслаў вояў, і яны за тры дні знішчылі тое, што стваралася стагоддзямі.

— Не вінаваць сябе! — абарваў яе стары жрэц, убачыўшы, як змяніўся твар у яго ўлюбёнкі. — Ён добра ведае, што гэта я прыходзіў да твайго дзеда і разам з ім дабіўся даравання храму, чые прыхаджане забілі яго любімага настаўніка Елісея.

Ён павольна, задыхаючыся, распавёў Жывене пра даўнюю тую гісторыю і яшчэ раз пацвердзіў:

— Тваё знікненне было толькі зачэпкай для расправы. Іншыя свяцілішчы ён знішчаў знянацку, ні ў кога не пытаючыся. Супакойся, дзіця.

— Але што сталася з Менцяззю?

— Калі палілі багоў і раскладвалі вогнішчы пад свяшчэннымі камянямі і сценамі храма, каб пасля паліваць іх халоднай вадой, у адну ноч прапала возера. Дый тое сказаць, цэлае войска новагародскае тапталася тут, ачапіўшы храм. Галасілі людзі, спрабавалі камянямі закідаць гвалтаўнікоў. Але пасля таго, як забілі шасцярых, адхлынуў натоўп. Ды і як можа просты чалавек змагацца з уладай?

Жывена адчула — Святазар нечага не дагаворвае. У словах ягоных было яшчэ нешта патаемнае, што тычылася яе, Жывены. І яна запыталася, злавіўшы яго погляд і стараючыся не ўпусціць яго:

— Дзе Відэвут?

Святазар усё ж адвёў позірк.

— Сам я ведаю, што няшчасці даюцца нам як выпрабаванні. Але табе, мая дзяўчынка, яны даюцца занадта часта…

— Ён памёр?!

— Не, ён жывы. Але пасля разбурэння храма Войшалк забраў яго ў войска. Там, падчас нападу татар на Новагародак, атрымаў ён раненне. Страла ўпілася яму ў чрэслы, і адняліся ў хлопца ногі і правая палова цела. Я спрабаваў яго вылечыць, але змог толькі прыпыніць разбурэнне цела. Цяжка гэта было. Душа ягоная як звяла пасля твайго знікнення. А калі плача душа, не можа чалавек ні сам лячыць, ні слухацца лекара.

— А дзе астатнія?

— Звяздар Вакула пайшоў у Храм Конскай Стаянкі. Ён хаця і не такі вялікі, як наш, але Войшалк да яго наўрад ці хутка дабярэцца. Істр стаў служыць пры двары каралевы Марты, гадае ёй па зорках і на вадзе, але патаемна. Усё ж яна мае пры двары рыцараў з Нямеччыны, яны не пацерпяць, каб каралеўская сям'я адкрыта спачувала нам, язычнікам. Істр спявае ёй балады, чытае кнігі. Цяпер жа, на шчасце, зноў на троне Міндоўг. Яшчэ перад тым, як вярнуўся ён з Рыма, прыйшлі ў Новагародак нямецкія рэйтары, і каралева прыняла іх прыязна, а Войшалк вярнуўся ў свой манастыр у Лаўрышаве.

— Яшчэ не прайшло і тыдня пасля вяртання Міндоўга, а ты ўсё ведаеш, Настаўнік. Як жа ты апынуўся тут адзін, без дапамогі?

— Багі далі мне знак, што тут чакае мяне радасць. І я пайшоў. Праўда, калі губляў прытомнасць, яшчэ паспеў падумаць, што, мабыць, зноў памыліўся я, зноў няправільна зразумеў іх знакі. Ажно не — прыехала ты, і, магчыма, дазволіць табе Міндоўг аднавіць наш храм.

Жывена спахмурнела. Коратка паведаміла яна Святазару аб размове ў Рыме.

— Міндоўг мне нічым і ніколі больш не дапаможа, — дадала ў канцы.

— Ніколі не кажы: «ніколі», — прашаптаў ён. — Жыццё людское настолькі зменлівае і непрадказальнае, што ўчарашні вораг можа стаць сябрам, і наадварот.

— Але куды падзецца нам, Настаўнік? — запыталася Жывена. — Фурман чакае мяне, і я прапаную ехаць абаім у Новагародак. — Якое-ніякое, але жытло там ёсць. Усё ж жонка дзедава не адмовілася ўзяць да сябе падчас маёй паездкі Святазара…

Яна запнулася.

— Так, я назвала свайго хлопчыка тваім імем, — пацвердзіла яна нявыказанае пытанне ў ягоных вачах. — І ты пабачыш: ён нават знешне падобны да цябе.

— Але там, дзе знайшлося месца аднаму Святазару, магчыма, не хопіць другому, — ціха прашаптаў стары жрэц.

Аднак ён з радасцю паклыпаў да фурманкі, і Жывена яшчэ раз пабачыла, што робіць з душою, а пасля і з нямоглым целам светлая вестка — Святазар трымаўся на нагах, толькі не мог сам ускараскацца на воз.


Яўлампія прыняла нечаканага госця не надта ахвотна, але ўсё ж неяк пагадзілася з яго прысутнасцю. Цяпер, калі Міндоўг зноўку сеў на Новагародскі стол, нібы акрыялі язычніцкія храмы. Стары храм Перуна, што месціўся пад замкам, праводзіў набажэнствы амаль кожны дзень, і зноў пацяклі ў яго таемныя сховішчы многія багацці, бо новагародскія купцы і нават баяры, стараючыся задобрыць караля, пасылалі туды сваіх слуг з дарамі. Бывала, што пад ноч і самі хадзілі туды, на што святары ўсіх храмаў — каталіцкіх і праваслаўных, што звычайна сапернічалі паміж сабой, аб'ядноўваліся ў страсных казанях супраць упартага, невыкараняльнага язычніцтва.

Міндоўг звычайна слухаў іх паблажліва, бывала, што і ўшчуваў каго з баяр. Аднак не было ў яго той сапраўднай гарачай непрыязнасці да старых багоў, якая ажно кіпела ў Войшалку. Таму і іншаземныя паслы не надта дакаралі караля за тое, ды ўсё ж у сваіх данясеннях усяляк падкрэслівалі, што хаця папа двойчы дараваў гэтаму неўтаймоўнаму каралю ягонае адступніцтва, невядома, ці не паспрабуе ён зноў ашукваць Рым. Верыць гэтаму каралю нельга… Невядома, куды панясе Міндоўга яго незыходная любоў да язычніцкіх багоў і ўсё яшчэ цесная сувязь з родзічамі — паганскімі князямі, з якімі ён то варагаваў, то, запрашаючы іх у Новагародак, прымаў як іншаземных уладароў — з пашанай і вялікім гонарам.


У той жа вечар, адшукаўшы хату на самай ускраіне Новагародка, дзе жылі Відэвут і ягоная маці, стукалася Жывена ў старэнькія дзверы, абабітыя звярынай скурай.

…Лучына ў простым жалезным заціску… Драўлянае ложа ля сцяны, ля якога стаіць жанчына з пітвом. Сівыя валасы выбіваюцца з-пад лямцавай шапачкі, твар з цёмнымі кругамі вакол вачэй. І ён — Відэвут…

Высокі лоб стаў, здаецца, яшчэ большым, вузкія вочы робяцца агромністымі, калі ён пазнае дзяўчыну, бяскроўныя вусны не могуць вымавіць ніводнага слова, бо сцінае іх горкая, невыносная думка. І ён падае назад, на футра, і спрабуе адвярнуцца да сцяны, але цела не слухаецца яго — гэтае гнуткае, імклівае, паслухмянае цела не падуладнае яму, усё яшчэ такому маладому і, здавалася б, поўнаму сіл! А маці глядзіць чамусьці варожа, і словы ейныя поўныя горычы, якою, мабыць, поўняцца грудзі сына:

— Каб не ты… Мой сын быў бы з іншаю. Але Войшалк адпомсціў Відэвуту за тое, што ён пасмеў у цябе закахацца.

— Адкуль ён даведаўся?

— Гэты княжыч ведае ўсё. Паганае семя!

…Вось яно, родавае пакаранне, калі адказваеш не за сябе… Дарагі, блізкі, як брат, Відэвут ляжыць скарчанелай ад пакут гурбай і не хоча, баіцца зірнуць на яе! Не, ён хацеў бы, але ратуе яе ад шкадавання, ад некалі амаль выхапленага ейнага абяцання, ён мяжою абводзіць сваё скалечанае жыццё, не пускаючы ў яго нікога, а найперш — яе.

Яна спатыкнулася на тым, што вырвалася супраць волі — «Брат…» Чаму нешта ў ёй не сказала — «любы»? Чаму — «брат?»

— Гэта не так, маці.

— Я не маці табе. Ты скруціла галаву майму сыну. З-за цябе бурыў храм Войшалк. Адзінае, што ты зрабіла добрага, — знайшла майго Брутэна там, у Нямеччыне. Але ўсё роўна твая чорная сіла знішчыла і яго. Ён памёр, памёр, а гэты — гэты скалечаны!

— Маці, замаўчы! — закрычаў Відэвут.

Але яна не слухала яго. Мармытала, як ахопленая шаленствам, нібы на яе ўссеўся Лядашчык:

— Брутэн памёр добра — знішчаючы тэўтонаў. Я памятаю — яны звалілі Патолса, Патрымпса і Пяркунса. Усіх багоў звалілі яны і, знёсшы ў кучу, падпалілі. І рагаталі, гледзячы на полымя. Мы, мабыць, мала маліліся сваім багам. Мы не абаранілі іх, а яны — нас.

Жанчына расчырванелася, упалыя шчокі яе палалі, вусны ліхаманкава прагаворвалі словы, як выплёўвалі іх.

Жывена разумела — яе трэба сцішыць. Разгайданая гневам душа можа сарвацца, як дзверы зрывае з петляў моцная навальніца.

Яна загаварыла, спрабуючы ўгаварыць старую, пераламаць той выбух, які наспяваў.

Але ейныя словы патаналі ў бураломным, нястрымным гневе.

— Лепей бы Відэвут таксама памёр!

— Хіба не радасць, што ён — жывы?! Хіба жыццё — не найвялікшы дар?

Не, позна, позна! Якія звужаныя, нібы ў рысі, гатовай да скачка, гэтыя старэчыя вочы, такія ясныя і такія бязлітасныя!

— Ты думаеш, што гэты дар мне патрэбны? Мне, маці, якая пабачыла свайго згубленага сына, каб назаўтра страціць яго зноў?!

— Застаўся Відэвут.

— Для мяне ён ужо не апора. Хто падтрымае мяне?

— Я падтрымаю. Я змагу.

— Ты славянка. І хаця мы прыйшлі да вас па помач, мяне тут напаткала тое ж няшчасце, што і на радзіме. Дык дзе мне хавацца ад бедаў? І не хачу, не хачу я, каб ты, славянка, даўшы мне столькі гора, цяпер дапамагала мне.

— Свет дзеліцца не на немцаў, прусаў альбо славян, а на тых, хто служыць Святлу альбо Цемры. Не давай сваёй душы быць схопленай у цянёты Зла…

— Я буду цяпер пытацца ў сваіх багоў і не слухаць цябе, якая прыносіць няшчасці…

Цемра павялічылася ў хаце, задушліва заклубілася вакол іх, гаркотай мазнуўшы па вуснах.

Відэвут маўчаў, хаваў вочы. Жывена з болем бачыла, што ясны і чысты іхні бляск затуманены няшчасцем. Дух яго пацьмянеў, як апаў. І няздольны ён быў цяпер на тое, каб узняцца.

Колькі разоў марыла яна аб гэтай сустрэчы, але ніколі не ўяўляла яе такой…

— Я прайшла столькі дарог, нібыта паўстала з дна марскога… Але ж ты ніколі не бачыла мора, маці. Можа, тады зразумела б, што чалавечае жыццё гэта ўсяго толькі маленькая трэска, і ўсе мы памром…

Гайдалася ў беднай хаце хісткае святло, пераломваліся на сцяне цені. Як топячыся ў палонцы, хапала дзяўчына хрумсткія ільдзіны-краёчкі, а пальцы саслізгвалі, і яна зноў акуналася ў халоднае зеўра непаразумення. Было адчуванне, што яна ніколі не выберацца на паверхню. О, якія бездапаможныя словы! Нібы на каменне падаюць яны!

Толькі позна ўночы, як бы пераламаўшы супраціўленне Відэвута і ягонай маці, здолела Жывена адчуць сябе па-ранейшаму жаданай і дарагой. Але наадрэз адмовіўся Відэвут ад таго, што прапанавала Жывена. А прапанавала яна — сябе. Каб стаць жонкай Відэвуту. Тою, хто не пакіне яго ніколі.

— Ты не можаш, такая прыгожая, такая… — ён задыхнуўся хваляваннем, і вочы яго ўжо з непрыхаванай любасцю не адрываліся ад яе, — ты не павінна ахвяраваць сабою. Які ўжо я муж! Я нават і не мужчына… І душа мая невылечна хворая. Наш храм зруйнаваны, маё жыццё скончана, я, можа, даўно забіў бы сябе, каб не яна, — ён паказаў вачыма на маці.

— А я? — з дакорам запыталася Жывена.

— Я страціў надзею ўбачыць цябе. Я чакаў год, і хаця сэрца маё спачатку і падказвала, што ты жывая, але потым я чамусьці згубіў тое адчуванне, дазволіў адчаю авалодаць сабою, і багі перасталі адказваць мне і нават, як я разумею, зусім адвярнуліся і ад нас, ад нашага храма. І не дзіўна — Істр усё шукаў багацця, я быў ахутаны адчаем, Вакула стаў пасля твайго ад'езду піць болей чым звычайна. Што мог зрабіць адзін Святазар?

— Я ўсё роўна застануся тут побач з табою, — упарта цвердзіла сваё Жывена.

Але зноў крыкнула, не ўтрымаўшыся, старая жанчына:

— Ты ва ўсім вінаватая, ты!

— Няма вінаватых, маці, у тым, што робіць з намі лёс, — ціха адзначыў Відэвут, трымаючы руку Жывены. — Хацелася па-іншаму, але ўсё роўна маю радасць пабачыць яе… Мы зажывём па-новаму.

Але наладзіць новае жыццё Жывене аказалася не так проста. Хаця яна перавезла Відэвута і яго маці ў новы дом, дзе пра іх сталі клапаціцца двое слуг, спакою там не было. Найперш перашкаджала нянавісць, якую старая жанчына адчувала да маладой гаспадыні. І хаця старанна хавала яе, уверыўшыся, што сыну сапраўды робіцца лепей, былой жрыцы, уваходзячы ў дом, цяжка было нават уздымацца па прыступках сенцаў — яна амаль фізічна адчувала хвалі гневу і ўзбурэння, асабліва цяжкія яшчэ і таму, што ім не супраціўляўся Відэвут.

Усцешаны напачатку вяртаннем Жывены, ён, аднак, не мог змірыцца з прысутнасцю маленькага Святазара, з тым, як той, абшчаперыўшы шыю сваёй прыёмнай маці, клікаў яе «матуляй», лашчыўся, як бы тым заяўляючы свае правы на яе. Прыгнятала яго ўласнае бяссілле. Спаралізаванае цела не слухалася, ён часта не мог данесці да рота кавалак хлеба і, падаючы ў бяссіллі на падушку, даваў волю слязам. А часам Жывена адчувала, што яна, са сваім здаровым, гнуткім, лёгкім целам, выклікае ў ім неште цёмна-глыбіннае, нядобрае, задыхлівае…

Стары ж Святазар, пабыўшы крыху ў гэтым доме, папрасіўся назад да Яўлампіі. Там было блізка да капішча Перуна, ад дома ж Відэвута трэба было ісці каля вярсты, а купіць каня ён не хацеў — зберагаў кожны шэлег дзеля аднаўлення храма. Супраціўляўся ён і тады, калі Жывена купляла дом для сябе і Відэвута, але яна апраўдалася тым, што паабяцала прадаць яго, як толькі будзе адноўлены храм.

Яна прадала замкаваму ювеліру крыж, падараваны імператарам Балдуінам, і таму мела грошы, каб дапамагаць яшчэ і Святазару старэйшаму. Ён прымаў дапамогу, але гэта чамусьці аддаліла іх адно ад аднаго. Ён усё часцей адказваў на яе пытанні з горкай, раней не ўласцівай яму інтанацыяй.

— Настаўнік, што мне рабіць з Відэвутам, якія словы знаходзіць для яго? — аднойчы ў бяссіллі паскардзілася яна старому жрацу. І той, падумаўшы, непрыязна адзначыў:

— Калі Дух падае з вышыні ў жраца, гэта яшчэ гарчэй, чым у простага чалавека. І зацьменне тое бывае звычайна большым, бунтоўным, нецярпімым.

Аднойчы, амяцежаная* клопатамі, дзяўчына спяшалася дадому пасля таго, як пабывала ў некалькіх баяр, у якіх прасіла грошы на аднаўленне свяцілішча Ашвінаў. Баяры глядзелі на яе з цікавасцю — па ўсім горадзе разнесліся чуткі аб тым, праз якія прыгоды вярнулася на радзіму гэтая прыўкрасная ўнучка імянітага баярына, той-сёй нават шаптаўся, што сам Міндоўг зацікавіўся быў маладой жанчынай… Аднак грошы давалі не ўсе — нялёгка гандлёваму чалавеку развітвацца нават з шэлегам, ён лепей купіць на яго тавару ды пагоніць са стругам на Візантыю ці Нямеччыну альбо складзе ў гаршчэчак ды закапае ў патаемным месцы — на «чорны дзень». Былі і такія, што ўшчувалі дзяўчыну — чаму застаецца яна язычніцай, пабываўшы ў Рыме і Канстанцінопалі? А два з іх — тоўсты, як калода, Грынь і хударлявы яхідны Мікола намякнулі, што, мабыць, і сама яна мае дастаткова залатых манет, бо, кажуць, нейкі імяніты чалавек Цар-горада надта прылягаў за ёю…

* Затурбаваная.

У той дзень яна ішла, зажураная, сцішаная, як пасля цяжкай працы, думаючы і пра зласлівыя ўсмешкі, і пра адчайныя вочы Відэвута, так што не бачыла нікога і нічога вакол. Таму каля самай павароткі на вуліцу, дзе стаяў дом, ледзь не сутыкнулася з магутным, на галаву вышэйшым за яе юнаком, які ішоў хуткім, нячутным крокам паляўнічага. Сінія вочы незнаёмца ўспыхнулі, калі ўбачыў ён Жывену. Хлопец нізка пакланіўся, яна ледзь адказала, паглыбленая ў свае думкі. Толькі потым, калі, падымаючы доўгую сукню, каб не матлялася тая па вільготных, абшарэлых дажджом прыступках, падумала, што твар яго нагадвае нешта даўно знаёмае.

З таго часу яна неаднойчы сустракала юнака. Аказалася, жыў ён па суседстве. Яму належаў стары, магутны, з агромністых бярвенняў, з высокімі вокнамі дом. Такі больш пасаваў бы да цэнтра пасаду, але месціўся ён амаль на канцы Новагародка. Жывена даведалася, што пабудаваны быў дом у колішнім лесе, далей ад горада і цікаўных вачэй чорнай чадзі, недарэмна: бацька юнака быў прыхільнікам Перуна, ён трымаў у доме мноства язычніцкіх багоў і не хацеў мяняць іх на выявы новых хрысціянскіх святых. Але на грудзях ягонага сына матляўся вялікі сярэбраны крыж.

Часам па вуліцы бегала невялічкая, гадоў шасці, бялявая дзяўчынка ў беленькай сукні. Зграбная, лоўкая, нечым нагадвала яна саму Жывену, толькі колер вачэй быў у яе шэрага, як асенняе неба, глыбокага колеру. Гэта была сястра маладога хлопца, што так прыветна ўсміхаўся Жывене. Жрыца адкрыта любавалася дзяўчынкай, і тая, сарамліва ўсміхаючыся, віталася і прабягала міма. Але аднойчы згледзела маладая жанчына, што дзяўчынка таемна цікуе за ёй, выглядаючы з-за шула.

Загрузка...