Якаў спаць лёг рана, але заснуў не скора. Думаў аб тым, як тут пойдзе яго жыццё. Ён успомніў Халуставы словы аб рэвалюцыі, пракламацыях, забастоўках. Гэты дзікун не такі ўжо дзікі, калі ведае аб тым, што робіцца ў краіне. Ведае ж ён, пэўна, і аб тым, што ў многіх губернях ідуць хваляванні сялян. І хоць сёння ён толькі крыўляўся, абвінавачваючы Якава як забастоўшчыка, але да праўды быў вельмі блізкі. Якаву сапраўды небяспечна было аставацца ў дэпо, і арганізацыя РСДРП паслала яго на работу сярод парабкаў. Ён зусім не думаў наймацца да гэтага вар’ята Халусты, а меркаваў прыстроіцца да пана Крупскага, але аканом Гендарсан не ўзяў яго. Ён яшчэ не забыў неспакойнага Якава Шэмета, завадатара парабкаў. Нічога, прыйдзецца пабыць некаторы час тут. Маёнтак Чыжэвічы за тры кіламетры, можна хадзіць туды кожную нядзелю. Людзі там знаёмыя, свае. Адзін Стась Вярбіцкі чаго варты. Можна і ў Малінаўцы знайсці аднадумцаў. Вось гэты самы Іван Аўсянік. Кнігі чытае. Гэта вельмі добра. Многія вершы Някрасава — таксама рэвалюцыйная літаратура. А Сымон Ашакевіч — малінаўскі бядак! Да гэтага, вядома, трэба падыходзіць асцярожна. Па-першае, шляхціц, па-другое, уласнік, гаспадар пярэстай кабылы. А галота з Чыжэвіч! Працаваць ёсць сярод каго.

Думкі зусім прагналі сон. Адчыніў свіран і сеў на парозе. Цёмная ноч ахінула зямлю. Паветра было цёплае, ласкавае. Пахла раллёй і яблыкамі. У засцянковых хатах ужо не было святла. Малінаўка спала. Навокал стаяла цішыня. Маўчалі нават Халуставы сабакі, толькі зрэдку бразгацелі іх ланцугі.

Думаў, што нялёгка будзе тут жыць. Пакуль прывыкнеш да новага месца, да людзей, нямала пройдзе часу. І ўсё роўна ў шляхецкім засценку будзеш заўсёды адчуваць сябе адзінокім. Моладзь будзе глядзець скоса: мужык, парабак. А малінаўскія гаспадары адзін аднаго не любяць.

Ці прыйдзецца яшчэ сустрэцца з Волькай, настаўніцай вячэрняй школы? Так і разышліся, не сказаўшы пра свае пачуцці. І цяпер яна стаіць у яго вачах такая, якая была на апошнім развітанні. Яму хацелася абняць яе, прытуліць да сябе, а яна падала яму руку і сказала:

— Бывайце, Якаў. Вы мне падабаліся. Не забывайце нас.

«Нас»! Чаму не сказала «мяне»! Вядома, не забудзе ні таварышаў з дэпо, ні яе. Ці скора ўдасца пабачыцца? Ён цяпер падняволены чалавек.

Раптам рыпнулі дзверцы ля брамы, і сабачае царства каля Халуставых будынін узняло лямант. Ад хаты, ад стайні, нарэшце, з-пад свірна, амаль з-пад ног Якава, выскачылі здаравенныя барбосы і кінуліся да вуліцы са страшэнным брэхам. Але адтуль пачуўся не менш страшны голас старэйшага Халуставага сына — Юзіка Грома.

— Цыц! Каб вы падохлі!

Сабакі супакоіліся. Юзік заўважыў Якава і падышоў да яго.

— Чаму не спіш?

— Ты ўсё роўна разбудзіў бы, так зароўшы.

Юзік зарагатаў.

— Разбудзіў бы! Ты на вячоркі не ходзіш?

— Якія могуць быць вячоркі ў першы дзень.

— А потым будзеш хадзіць?

— Не ведаю. Калі ваша шляхта прыме.

— Са мною прыме! Будзем разам хадзіць. Ты добры хлопец.

— Адкуль ты ведаеш?

— Чуў, як ты з бацькам гаварыў. Ну, спі. А заўтра я цябе павяду да шляхцянак.

Так Якаў Шэмет знайшоў «сябра» ў Халуставай сям’і.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

У нядзелю раніцай Андрэй сам павёў коней на пашу ў Маргі. У суботу вечарам пусціў Івана дадому аж да заўтрашняй раніцы: хлопец засумаваў без сваіх.

Сонца яшчэ толькі ўзышло. Цеплыня была незвычайная. Нейкая смуга, падобная на дым, стаяла ў паветры, і чым вышэй падымалася сонца, тым гусцей рабілася гэтая смуга. Сонца віднелася праз яе, як праз задымленае шкло — чырвонае і агністае. У прыродзе не адчувалася ранішняй узбуджанасці, усё маўчала. «Да полудня збярэцца дождж»,— падумаў Андрэй. Ён выехаў з засценка на дарогу адзін, але хутка яго пачалі даганяць канапасы. Сёння сярод іх мала было падлеткаў і моладзі. У нядзелю і ў святочныя дні коней пасвілі старэйшыя, бо малодшым трэба было адпачыць і пагуляць.

Андрэй са шляху скіраваў на Белае Балота. Было такое ўрочышча ў Маргах. Толькі чаму яно белае і чаму балота, ніхто не ведае. Не было там нічога белага, а замест балота ляжаў доўгі лужок, у якім трымалася вада толькі пасля дажджоў. Сюды і надумаў завесці коней Андрэй. За ім скіравалі і ўсе засцянкоўцы, бо ў Маргах уся паша была аднолькавая. Бяда была з гэтай пашай. Яшчэ каровы ды авечкі сяк-так пад’ядалі, а коні даўно б падохлі, каб не зелле ды канюшына. Абы трохі яна падрастала, то кожны малінавец пачынаў пакрысе адкошваць сваю ніву. Трэба было па жмачку даваць каню ў час работы ці далёкай язды. Толькі Нічыпар Мартыневіч пазбягаў гэтага. Устаўшы да дня, ён браў сваіх коней на павады і пасвіў па замежках, па межах, па дарогах. Коні, вядома, не сцерагліся, разам з травой выгрызалі на суседніх нівах і авёс, і ячмень, і канюшыну. Мартыневіча не раз лавілі, сварыліся, але ён толькі маліўся і звычак сваіх не кідаў. Не кінуў і пасля таго, як Андрэй Сташэвіч злавіў яго на сваёй ніве і добра такі даў па карку, але стаў асцеражнейшы і Сташэвічаву ніву мінаў.

Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі раскладаць агонь. Нацягалі сухіх шыпулек, ламачча, і скора ўспыхнуў вялізны касцёр. Якая ж гэта радасць, якая любата сядзець ля вогнішча ў лесе, падкідаць у яго дровы, смела, не аглядаючыся на бацьку і маці, закурыць, прыпаліць цыгарку ад вугаля ці галавешкі. А потым, калі агонь ападзе, нанізаць на пруток кавалачак сала і смажыць яго, штохвіліны вымаючы з агню і падстаўляючы хлеб, каб тлушч не капаў на зямлю. А потым есці. Які смак! Сала пахне дымам, смалой, зверху яно падгарэла, а ўсярэдзіне сырое, але ўсё роўна смачнае, і яго ніяк не параўнаеш з тым, якое смажыць маці на патэльні. Або сыраежкі. Кінь яе на вуголле — і праз хвіліну вымай і еш. Не ад’ясіся. А калі яшчэ пасаліць, то нічога смачнейшага ў свеце няма. Хіба толькі бульба, спечаная ў прыску.

Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Дождж пачаў ісці баязліва, па кроплі, нібы нехаця, а потым хлынуў такі лівень, што канапасам нідзе не было месца. На поплаве сталі лужыны. Белае Балота, дасюль зусім сухое, ператварылася ў азярыну. Заляскацелі перуны. Воддаль задымілася сасна, апаленая маланкай. Хто стаяў пад дрэвам ці сядзеў на карачках пад кустом, выскачылі на гала. Коні збіліся ў кучу.

Дождж ліў каля гадзіны. На канапасах не было сухой ніткі, але ніхто не чуў холаду. Калі развеялася хмара, сонца ўжо высока стаяла ў небе. Сушыліся на сонцы і ветры. А падлеткі нават і не думалі сушыцца. Яны качаліся і поўзалі па лужынах. Андрэй сядзеў на купіне і глядзеў, што яны вытвараюць. Калісьці і ён быў такі. Нават горшы. Ён бы не толькі сам поўзаў па лужынах, а разам з сябрукамі зацягнуў бы туды не аднаго жаніха і выквацаў бы ў гразь.

Андрэй думаў, што да яго вельмі скора прыйшла сталасць. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Маладосці сапраўднай не было. Вось цяпер і павінна была б быць маладосць, сама гады, але сталасць, мабыць, прыходзіць не праз гады, а праз выпрабаванні.

Ян Сташэвіч падышоў да яго і сеў на купіне, падклаўшы пад сябе аброці. Сёння і яму прыйшлося быць канапасам, бо Тамаш-валацуга прыйшоў з пагулянкі раніцаю. Ян ужо коней выводзіў з хлява, толькі і паспеў прыгразіць сыну, што калі не дай бог байструка якой дзеўцы зробіць, то няхай і дамоў не варочаецца. Аджартаваўся, сукін сын. Яго, маўляў, на такую работу не наймаюць, а дарэмна рабіць няма дурных. Ці сказаў бы Ян такое свайму бацьку? А яго сын сказаў.

— Ты да памінак рыхтуешся? — запытаў у Андрэя.

— Не...

— Дык чаму ж ты? — узлаваўся Ян.— Праз тыдзень памінкі ж.

— Ведаю. Вазьму ў Арлоўскага гарэлкі, а жанкі падрыхтуюць сёе-тое...

— Каго будзеш зваць?

— Тых, хто памог пахаваць.

— Адбі тэлеграму Аляксандры.

— Адбіў ужо.

— Добра зрабіў. На пахаванні яна не была, на памінкі павінна прыехаць.

Ян памаўчаў нядоўга.

— Узбагацела, гадаўка, бацьку пахаваць не прыехала. Я напісаў ёй. Папросту напісаў, няхай крыўдзіцца, калі хоча. І напісаў, каб гарэлкі прывезла. Чорт яе не возьме, не згалее, а ў цябе наперадзе расходаў шмат.

Андрэю непрыемна было слухаць тое, што ён ведаў сам. Гэтыя расходы не давалі яму спакою.

— Ты не крывіся. Што баліць, пра тое трэба гаварыць, а не маўчаць. Ты думаеш, я таму напісаў Аляксандры, што яна вельмі на памінках патрэбна? Без яе абышліся б. Але з ёй пагаварыць трэба. Пра Алену думаю, а не пра Аляксандру. Выпхнуць яе трэба адсюль як мага далей... Як мага далей! Сам ведаеш: злягліся яны з Юзікам Громам. Людзі ўжо гавораць.

Андрэй пазелянеў, сціснуў кулакі.

— Заб’ю, калі што якое!.. Мне тата перад смерцю гаварыў...

— Пачакай,— Ян мякка крануўся Андрэевай рукі.— Ён жа не загадваў табе забіваць яе, а толькі замуж за Халусту не аддаваць.

— Можа яны пад плотам пажаніліся...

— Не. Да гэтага не дойдзе. Не такая Алена дзеўка... Дык от я таму і напісаў Аляксандры, каб прыехала. Трэба ёй сказаць, каб жаніха Алене шукала. Далей адсюль, як мага... Бо не дай бог за Халусту пойдзе, то яны яе навучаць! Яна бацькаву спадчыну падзяліць захоча. Зямлю!

— Што? — запытаў Андрэй дзікім голасам.— Зямлю?! Паўвалоку дзяліць?

— Ціха. Я з дзядзькам Юстынем гаварыў пра гэта. Толькі ты пасагу яе не чапай. Калі з грашыма прыпрэ — памагу.

— Дзякуй табе, Ян... Пасаг я маме аддаў. Няхай яна сцеражэ.

— Малайчына. Алене і выгляду не падай, што гаварылі пра гэта.

— Хіба я не ведаю, Ян!..

Коней павялі дамоў, калі сонца падышло пад поўдзень. Андрэй усю дарогу думаў пра Алену. Як адбіць яе ад Грома? Што можна зрабіць? Пагаварыць з маткай? Але яна нічога не паможа, а толькі напсуе. Раскажа Алене, а тая яшчэ горш узлуецца.

Дома была толькі Алена. Маці спала ў сенцах. Андрэй уважліва паглядзеў на сястру, і яна злавіла яго позірк.

— Чаму ты так на мяне глядзіш?

— Як?

— Нібы бачыш першы раз.

— Здаецца табе... Мокры я ўвесь... Дай бялізну, ды памыцца трэба.

Потым яна падала яму абедаць. Андрэй еў, але думкі не пакідалі яго. Алена перад люстэркам расчэсвала свае доўгія прыгожыя валасы. Андрэй зрэдку пазіраў на яе. Ён і сапраўды глядзеў на яе так, нібы бачыў першы раз. Прыгожая ў яго сястра. Ён першы раз наглядаў за ёю не як брат, а паставіўшы сябе на месца чужога маладога чалавека. Хоць бы таго самага Юзіка Грома. Прыгожая, нічога не скажаш. Высокага росту, стройная, ладная. Твар прыгожы, можа крыху ганарлівы. Асабліва вочы — не то карыя, не то зеленаватыя, глыбокія. Маленькі рот з прыгожымі белымі, як рэпа, зубамі. А нос дзявочы, і нічога лепшага пра яго нельга сказаць. Каб такая дзяўчына ды дасталася Юзіку Халусту, дурному Грому! І ён і ўся яго праклятая сям’я не варты яе нагі.

— Алена,— сказаў Андрэй,— налі мне кубак малака.

Яна адкінула назад валасы, і яны ўкрылі яе плечы. Алена прайшла па хаце нейкай асаблівай, уласцівай толькі ёй хадою, і Андрэй залюбаваўся сястрой.

— Праз тыдзень памінкі па тату, Аленка,— сказаў ён.— Трэба, каб вы з мамай падрыхтавалі што-небудзь.

— Абы было з чаго.

— Будзе. З’езджу да Аўрама Выпустка, вазьму са два авечыя задкі, куплю пытляванай мукі, селядцоў. Што яшчэ трэба?

— Гарэлка.

— Гарэлка — мой клопат.

— Ну, дык і ўсё. Яечкі, масла і сыры ў нас свае ёсць.

— Я адбіў тэлеграму Аляксандры, павінна прыехаць.

Алена спачатку не адказала.

— Сястра Аляксандра... — нарэшце прамовіла яна.— А мне здаецца, што ў мяне ніякай сястры няма... Колькі мне прыходзілася бачыць яе! За два-тры гады адзін раз. Памятаю, маленькая была, тата мяне ў госці да яе звазіў. Дык мне, паверыш, Андрэй, хацелася яе цёцяй зваць. Ніяк прывыкнуць не магу, што яна мне сястра, а не цётка.

— Няма ніякага дзіва. Яна за мяне больш чым на дваццаць гадоў старэйшая, а калі замуж выходзіла, то цябе на свеце не было. Я то цёткаю яе не назаву, а ты не гавары такога глупства пры маме.

Алена зірнула на яго так, нібы хацела сказаць: «Каб ты заўсёды быў такі добры, мой братка, то шчаслівейшая я была б». Андрэй зразумеў, што яна думае, і ў яго ўсё перавярнулася ўсярэдзіне. Ён адсунуў ад сябе посуд і вылез з-за стала...

«А ўсё-такі ў Халуставу хату я цябе не аддам! Грому ты не дастанешся, хоць перавернецца ўвесь свет дагары нагамі». Позіркі іх сустрэліся, і ў гэты момант нібы чорная кошка прабегла паміж братам і сястрой: яны зразумелі адзін аднаго.

Андрэй пайшоў спаць у гумно. Мух у хаце распладзілася шмат, і яны цяпер вельмі куслівыя. На суседнім прыгуменні Андрэй убачыў Гарасіма Жукоўскага. Той на карачках поўзаў пад яблыняй і збіраў падалкі. Ранішняя навальніца накалаціла іх шмат.

За ўвесь час, колькі Жукоўскі жыў у Малінаўцы, Андрэй з ім ні разу не пагаварыў, хоць Гарасім, акрамя Яна Сташэвіча, быў яго самы блізкі сусед. Даваў «дзень добры» ці «добры вечар» і ўсё. А сёння яму захацелася пагутарыць з ім. Уведаць, што за чалавек гэты дзівак, якога адны лічаць за святога, а другія за чараўніка.

— Дзень добры, пане Жукоўскі! — гукнуў Андрэй праз плот.

— А-а-а,— Гарасім спалохаўся ад нечаканасці, кінуў яблыкі ў кош і не пацэліў, бо той быў далекавата.

— Дзень добры, пане Сташэвіч...

— Многа яблык абтрэсла навальніца?

— Многа. І яблык і груш... От збіраю. Можа, пане Сташэвіч... э-э... узялі б пару яблыкаў маме.

— У яе зубоў няма, пане Жукоўскі. Дзякую.

— Ну, дык сабе...

— А ў мяне свае ёсць, і яблыкі і зубы.

— Свае то свае, але, кажуць, чужыя смачнейшыя.

— Чужых не каштаваў, а калі так, то пакаштую!

Андрэй крануўся рукамі жэрдкі і апынуўся на Гарасімавым прыгуменні. Тут ён убачыў, што садок у Жукоўскага дагледжаны добра. Усе дрэвы абкапаныя і пабеленыя вапнай. Між дрэў градкі з клубнікаю, ля платоў парэчкі, агрэст, маліннік. Усё зроблена па-гаспадарску. «А трэба ў яго павучыцца,— падумаў Андрэй.— Вясной вазьмуся і я. Іван паможа». Цяпер кожная работа, якую ён збіраўся рабіць раней ці пазней, нейкім чынам звязвалася з Іванам. «Іван паможа!» І гэта падбадзёрвала, абнадзейвала. Пра Алену ён не мог так думаць, хоць яна была яго родная сястра.

Андрэй сеў пад яблыняй насупраць Гарасіма. Некаторы час яны маўчалі, паглядалі адзін на аднаго, вывучалі, хто чаго варты, як людзі, якія адзін пра аднаго ведалі, але сустрэліся ўпершыню. Вывады іх назіранняў былі прыкладна аднолькавыя. «А ён не такі вар’ят, як кажуць людзі, і, мабыць, не вельмі святы... Толькі занадта гладкі і бліскучы, нібы прылізаны і алеем абмазаны». А Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Кожны з іх не памыляўся.

— Многа падалак, пане Жукоўскі,— сказаў Андрэй.— Дзе вы іх будзеце дзяваць? Прадасце?

— Не, я не гандлёвы чалавек. Рэжу, кладу на бляхі і сушу на печы і ў печы. У посныя дні вару. Кампот называецца. Калі крышачку цукру ўкінуць, добра!

— А ў скаромныя дні не варыце?

— Чаму? І ў скаромныя дні вару. Замест чаю і вады. А вы што, пане Сташэвіч, пастоў не прызнаяце?

— Не, не прызнаю, пане Жукоўскі.

Андрэю захацелася пасмяяцца, пажартаваць з гэтага дзівака.

— От як? — прамовіў Гарасім.— І мама ваша таксама не прызнае?

— Таксама, пане Жукоўскі. Як выйдзе з кубла скаромнае ды запусцяцца каровы, тады ўсе посцім.

— А-а-а! — Гарасім уздыхнуў.— Гэта грэх, пане Сташэвіч. Божых законаў трэба пільнавацца... Бог можа пакараць...

— Я ведаю аднаго чалавека ў нашым засценку, які ўсё жыццё посціць, і бог яго ўсё роўна не мілуе.

— Хто гэта?

— Сымон Ашакевіч. Ён не толькі посціць, але нават галадае, а шчасця яму бог не дае. Дзеці хварэюць. Летась дачка памерла. Вясной карова здохла, хлеба не хапае.

— Яго карае бог... Ён ганарлівых не любіць. А Сымон Ашакевіч ганарлівы.

Андрэй засмяяўся.

— Сымон Ашакевіч ганарлівы? От гэта ўжо няпраўда, пане Жукоўскі.

— Што вы! Ён жа мне ніколі «дзень добры» не дае!

Андрэй як ні трымаўся, але зарагатаў.

— Ён і мне іншы раз не дае «дзень добры», але гэта не ад гонару. Ён за бядой свету не бачыць, людзей не прыкмячае. Жытка яго такая, а хіба ён вельмі многа богу вінаваты?

— Не ведаю, пане Сташэвіч, не ведаю...

— І ведаю я, пане Жукоўскі, другога чалавека, шэльму і злодзея. Ён у царкве грошы збірае, дык і ад бога крадзе, але ніякі чорт яго не бярэ.

Гарасім зацікавіўся.

— Хто гэта? — запытаў ён.

— Ваш арандатар і нейкі там брат — Нічыпар Мартыневіч.

— Што вы, пане Сташэвіч! — здзівіўся Гарасім.— Ён багамольны чалавек.

— Ну, дык я вас злавіў, пане Жукоўскі. Па-вашаму, хто моліцца богу, таму можна і красці і шальмаваць. А я з гэтым не згодзен... Аднак падалкі вашы самі не збіраюцца. Давайце памагу.

Гарасім, мабыць, нярады быў гэтай дапамозе, але Андрэй хутка напоўніў кош, высыпаў яго ў мех, тады падышоў да другой яблыні, і праз нейкае паўгадзіны ўсе падалкі былі сабраны.

— Ну во! Будзьце здаровы.

— Шчасліва. Пачакайце, пане Сташэвіч!.. Вазьміце кош яблык!

— Дзякую, пане Жукоўскі! Аддайце лепш Мартыневічу, а то ён усё роўна выцягне іх з вашага свірна.

Гарасім разявіў рот, потым яго нібы асвяціла: ён зірнуў на свой свіран і рынуўся туды. Андрэй зайшоў у сваё гумно і доўга смяяўся. Ён быў упэўнены, што недавер да Мартыневіча назаўсёды цяпер засеў у душы Жукоўскага. Атрымалася так, што ён заходзіў на прыгуменне гэтага святога чараўніка, каб пасеяць у яго душы нядобрыя пачуцці да бліжняга... Аднак сумленне ў Андрэя было чыстае. Ён нічога не салгаў, бо не адзін раз бачыў, як гэты багамольны злодзей ноччу лазіў у свіран Жукоўскага.

З такой думкай Андрэй заснуў. Разбудзіў яго Тамаш. Андрэй сама разаспаўся, не хацелася ўставаць, але сонца даўно пераваліла за паўдня, гарачыня апала, трэба было зноў весці коней на пашу. Так улетку і праходзіў кожны святочны дзень — ад раніцы да вечара каля коней.

Калі нарэшце Андрэй працёр вочы і, шырока пазяхнуўшы, сеў, Тамаш расказаў, што быў у Жывіцах.

— Быў дык быў,— абыякава адказаў Андрэй.

— Бачыў Ганну.

— Не вялікая навіна.

— Перадаў ёй ад цябе паклон.

— Свіння ты рабая за гэта.

— Добра. Калі я свіння, то больш нічога не скажу.

— А я ў цябе і не пытаўся пра твае Жывіцы. Дай закурыць.

— Свінні не кураць,— пакрыўдзіўся Тамаш.

— Дык парсюкі, такія як ты, кураць!

Ён абхапіў Тамаша, абваліў яго на сена, і яны доўга качаліся.

— Я з табою, Андрэй, як з лепшым сябрам. Спрыяю табе,— прадаўжаў Тамаш сваю гаворку, калі зноў абодва селі на сена.— А ты нос адварочваеш. Ганна табе паклон таксама перадавала.

— Забяры яго сабе.

— А ты не вельмі ганарыся. Хіба я не ведаю, што ты думаеш пра яе? Давай сёння вечарам ціхенька сходзім туды. Там музыка будзе.

— Хіба ты не ведаеш, абібок, што ў мяне жалоба? Памінкі па бацьку праз тыдзень, а я пайду музыку слухаць.

— Дурны. Ты пачакаеш там каля могілак. Пасядзіш ці пастаіш. А я Ганну прывяду.

— Яна з табою не пойдзе! — узгарэўся Андрэй.

— Калі скажу, што чакаеш, то пойдзе.

Андрэй задумаўся, і твар яго рабіўся ўсё хмурнейшы і хмурнейшы.

— Не,— рашуча сказаў ён.— Што яна падумае пра мяне! Бацька памёр нядаўна, памінкі праз тыдзень...

— Што ж! Ты цэлы год нікуды не будзеш хадзіць?

— Нікуды. Нельга мне... Каму-небудзь іншаму было б можна, а мне не...

— Ну, дык будзь упэўнены, што яшчэ да піліпаўкі стары Асіеўскі Ганну замуж аддасць. А калі не да піліпаўкі, то пасля каляд абавязкова. А ты што ж! Столькі часу хадзіў да яе, і нехта другі возьме! Я, калі хочаш ведаць, сам не дазволю табе гэтага. Каб у Сташэвіча дзеўку адабралі! Такую дзеўку!

Андрэя кранулі не толькі гэтыя словы, але і тон, якім яны былі сказаны. Ён доўга глядзеў на Тамаша і не бачыў яго. Нарэшце схамянуўся і адказаў:

— Не магу сёння... Бацька не пускае мяне сёння, Тамаш. Не магу. Пасля памінак сходзім. Ідзі коней выводзь. А Ганна будзе мая, хоць каменні пасыплюцца з неба. Ты ж не адмовішся памагчы мне?

— Ну, вядома.

Вечарам, калі Андрэй прывёў коней, Іван быў ужо дома. Ён сядзеў на ганку і чытаў.

— Ну, як гуляў у маткі? — запытаўся Андрэй.

— Мне сёння дзядзька Марцін кніжку цікавую купіў,— пахваліўся Іван.— «Вечера на хуторе близ Диканьки» Гогаля. Што за кніжка!

— Цікавая, кажаш? Ну, чытай, чытай. Можа і я прачытаю.

Пасля вячэры не хацелася ісці спаць. Тамаш растрывожыў душу. Андрэй з зайздрасцю глядзеў на Івана, які так захапіўся чытаннем, што ні аб чым больш не думаў. Які б занятак знайсці, каб хоць на гадзіну забыць пра ўсё? Каб не хвалявалі думы і жаданні, каб спакой агарнуў душу, каб уціхамірыць сваё сэрца?

Ён выйшаў на двор. Яшчэ не зусім змеркла, але навокал ужо прыцямнела. На далёкім усходзе палымнела зарыва. Гэта ўсходзіў месяц. Быў ён сёння вялізны і ўрачысты. Млечны Шлях пабялеў; убачыўшы яго, паменшалі зоркі і спалохана заміргалі. На небе ўзыходзіў гаспадар, і прырода адчувала гэта. Цені, як чорныя плямы, ляглі пад дрэвамі і платамі. «Ганна»,— падумаў Андрэй, і воблік яе засланіў усё перад вачыма... Ён пастаяў некалькі хвілін і пайшоў у хату. Маці ўжо спала. Алена была ў сенях. Толькі Іван сядзеў за сталом і чытаў.

— Дзе твае кніжкі? — запытаў яго Андрэй, спыніўшыся каля стала.

— У куфэрку.

— Вымай.

Іван зірнуў на гаспадара, і твар яго расплыўся ў такую харошую ўсмешку, што Андрэй зрабіў выгляд, нібы ўзлаваўся.

— Вымай, кажу я табе! Няхай ляжаць на покуце! У нас малых няма. Няма каму рваць.

Іван выцягнуў з-пад лавы свой куфэрак. У той вечар позна яны пайшлі ў гумно спаць, бо Андрэй уваткнуўся ў «Антона Горемыку» і захапіўся ім.

Аднак кніг сваіх Іван так і не вылажыў на покуць. Яны былі яго самым даражэйшым скарбам. Але куфэрка ён больш не замыкаў, і Андрэй сам браў адтуль кнігі, калі хацеў.


РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

Сярод тыдня Андрэй паехаў у Старочын, каб зрабіць пакупкі да памінак. Дзень стаяў невясёлы. Укрытае шэрымі хмарамі неба гатова было лінуцца дажджом. У такія дні прырода набывае сумны асенні выгляд, але калі выгляне сонца — зноў усё засвеціцца, абмаладзіцца, заблішчыць.

Дарога спачатку ішла цераз поле. Было яно голае, тужлівае, закінутае. Сям-там відны былі аратыя, чорныя гракі хадзілі за імі, падбіраючы чарвякоў. Андрэй выехаў на раскрыжаванне. Тут канчалася засцянковая ворная зямля. За шляхам, што вёў у Старочын, ляжаў абшар пяску, парослы рэдзенькім сіўцом. Тут нават для авец не было пашы. Уехаў у лес — слаўныя малінаўскія Маргі. Навокал стаяў сасоннік. Лес называецца! Ёсць чым «ганарыцца» малінаўцам. Хоць бы адно роўнае дрэва. Адны крывуліны, ды так фігурыста выгнутыя, што каб і хацеў, то гэтак не зрабіў бы. Уся зямля скрозь завалена шыпулькамі, шышкамі, сухім галлём. Ні адна травінка не праб’ецца праз іх. Толькі грыбы вылазяць, падымаючы на сваіх шапках пласт лясной прэлі. І цішыня. Нават не чуваць ляснога шуму.

Калёсы шорхаліся ў пясчаных каляінах, якія ўслед і засыпаліся, пераскоквалі цераз карэнне, што часта вытыркалася з грунту. Увесь Маргоўскі лес падзяляўся на ўрочышчы, якія мелі свае назвы. Андрэй праехаў Кавалёва, Дзедаў лес і Арабінку, наперадзе былі Падпнёўе і Равок. Родныя з маленства мясціны. Нечым далёкім, але бясконца мілым і дарагім павеяла ад іх. І Андрэя агарнула замілаванне. Што ж такое радзіма? Можа ён забыў бы сваю хату, гразкі засценак, Мартыневічаў і Нарбутовічаў, але гэтых Маргоў, дзе ён правёў пастушком свае лепшыя дзіцячыя, бесклапотныя, па-свойму шчаслівыя гады, ён не забудзе ніколі. Тут яму была вядома не толькі кожная мясціна, але і кожнае дрэва, калі яно чым-небудзь адрознівалася ад іншых. Ён пасвіў толькі сваю скаціну, спачатку свіней, потым кароў і коней, але колькі разоў мок і мёрз пад дажджом, плакаў, шукаючы згубленую карову, кульгаў на адной назе, бо другую застраміў. Былі і вясёлыя выпадкі: у Падпнёўі злавіў вавёрку. Яна абкусала яму пальцы, але ён прынёс яе дамоў. Назаўтра яна ўцякла, і дзятва з усяго засценка ганялася за ёю па садах. Не злавілі.

А вось і Равок — невялічкі ручаёк, што перасек дарогу і даў сваю назву лесу, па якім цёк. Тут рукі Андрэя міжвольна нацягнулі лейцы. Андрэй нават не ведаў, чаму суняў кабылу... Ага! Гэта ж тут ён першы раз убачыў Ганну. Тады яго сэрца трымала ў палоне Адэля Арлоўская. Ганна была яшчэ падлетак. Тонкая, вастраплечая дзяўчына, з ледзь прыкметнымі камячкамі грудзей. Але твар! Андрэй зірнуў у яе вочы, і яго нібы сонца асвяціла. Ён нават не ведаў, ці прыгожы яе твар, але ён увесь струменіўся шчырасцю, прастатой і непасрэднасцю. Ён прыцягваў да сябе ўсіх. Калі вялі дадому коней, пра яе толькі і гаварылі.

— Ну і дзяўчына вырасце ў Асіеўскага,— сказаў тады Сымон Ашакевіч.

— Красуня! — дадаў стары Талімон.

Гэта сустрэча і паклала канец каханню да Адэлі, хоць Андрэй і не мог сказаць, што закахаўся ў Ганну. Ён і цяпер гэтага не ведаў. Але хацелася, каб яна належала яму, а не каму-небудзь другому.

Аўрам Выпустак жыў на Слуцкай вуліцы ў невялічкім доміку. Андрэй заехаў спачатку да яго, прывязаў лейцы да слупка і зайшоў у хату. Аўрам сядзеў у першым пакоі каля стала і быў падобны на статую. У вачах яго свяціліся жаль і раскаянне. Ён не адразу адказаў на прывітанне Андрэю, доўга глядзеў на яго, нібы на пустое месца. Потым схамянуўся, падхапіўся з крэсла, паціснуў руку, паспрабаваў усміхнуцца, але пачуцці, што таіліся ў яго вачах, не зніклі, і ўсмешка не выйшла.

— Садзіся, Андрэй... Садзіся...

Андрэй сеў. «Прыехаў не ў час,— падумаў ён.— У Аўрама нейкае няшчасце».

— Ты не глядзі на мяне так, Андрэй...— сказаў Аўрам.— Не глядзі так...

— Я, мабыць, сёння лішні ў вашай хаце, Аўрам...

— Не. Ты ніколі не будзеш лішні ў маёй хаце, як я ніколі не быў лішні ў тваёй...

— Нешта здарылася, Аўрам, і, мабыць, невясёлае?

— Зусім невясёлае... Нават сумнае... Але ты, Андрэй, не думай, што смерць.

— Не дай бог.

Аўрам выйшаў у другі пакой, скора вярнуўся адтуль і, махнуўшы рукою так, нібы хацеў адагнаць нешта прыкрае, сказаў:

— І чаго яна плача? Скажы мне, Андрэй, чаго яна плача! Хіба яна сама гэтага не хацела!

— Я нічога не ведаю.

— Не ведаеш? Ты не ведаеш, што мае сыны паехалі ў Аргенціну?

— Не, Аўрам. Першы раз чую.

— Ну, дык яны паехалі... Тры дні таму назад. Абодва: Хаім і Юдаль. А яна плача... Тры дні плача.

Андрэй не ведаў, што адказаць. Ён падумаў, што прыехаў сапраўды не ў час. А што плача Аўрамава жонка, то няма ніякага дзіва. Яго маці таксама плакала б, каб ён паехаў у тую Аргенціну. Але яму здалося, што Аўрам і сам плача і не можа супакоіць жонку, бо яго самога трэба супакойваць.

— І от, Андрэй...— прамовіў Аўрам.— Яны паехалі да яе брата... Да жончынага брата... Ён бяздзетны і выпісаў маіх сыноў, сваіх пляменнікаў. Хіба я гэтага хацеў! Я казаў: не трэба ехаць! Няхай тая Аргенціна морам стане. Нашто нам тая Аргенціна?! А яна сама хацела, а цяпер плача... І я не ведаю, што мне рабіць... А хіба сыны вельмі хацелі ехаць? Ат... Хаім старэйшы, дык ён нічога. А Юдаль... калі развітваўся з маткай, то іх ледзь адарвалі адно ад аднаго, — Аўрам усхліпнуў і адвярнуўся.— Ты не думай, што я плачу... Не такі я плакса, як яна... Ты, Андрэй, скажы ёй, няхай яна не плача. Хіба тая Аргенціна за марамі? Ты скажы ёй, Андрэй! Я яе пазаву.

— Не ведаю, Аўрам... Што я ёй скажу? Ды яна мяне не паслухае.

— Паслухае, Андрэй! — упэўнена сказаў Аўрам. — Ты нешта прыдумай. Ты скажы ёй, што людзі не варочаюцца толькі з таго свету, а з Аргенціны варочаюцца. Дурныя суседкі кажуць, што яна больш не ўбачыць сваіх сыноў... І яна плача. А што я зраблю!

У гэты момант адчыніліся дзверы, і з другога пакоя выйшла высокая прыгожая жанчына. Яна сунулася, як цень, бязмерны жаль і гора сагнулі яе стройную постаць. Яна, мабыць, нічога не бачыла перад сабой, акрамя сваіх сыноў.

— Слухай, Хася, ты сядзь,— сказаў Аўрам і, падхапіўшыся, як юнак, асцярожна пасадзіў яе на крэсла.— Ты сядзь ды паслухай. Бачыш? Прыехаў Андрэй з Малінаўкі... У Андрэя бацька памёр нядаўна... Хіба Андрэй не шкадуе свайго бацькі, хіба ён не плакаў! Але ж нельга ўвесь час плакаць... Сёння плакаць, і заўтра, і паслязаўтра... Нельга!.. Андрэеў бацька ўжо не вернецца, з таго свету не прыедзеш. А Аргенціна! Далёка тая Аргенціна! — Аўрам нават здзекліва ўсміхнуўся з той Аргенціны.— Хіба яна за марамі!

Твар жанчыны праясніўся. Яна пазнала Андрэя і кіўнула яму.

— Стары Юстынь памёр,— сказала яна.— Ён у нас часта бываў.

— А я ў яго? — усклікнуў узрадаваны Аўрам.— Я ў яго яшчэ часцей быў. Мы з ім сябравалі. Уга! Мы з ім і па чарцы пілі! І от бачыш: Юстынеў сын Андрэй пачуў, што нашы сыны паехалі ў Аргенціну, а ты плачаш, дык ён знарок заехаў сказаць табе, каб ты не плакала. Зна-рок!

— Так, Хася,— сказаў Андрэй.— Вашы сыны не на вайну пайшлі, а да роднага дзядзькі паехалі. Людзі на вайну ідуць, і то жывыя варочаюцца.

— Ах, як добра ты сказаў, Андрэй! — падхапіў Аўрам.— Чуеш, Хася, што ён сказаў? Не на вайну! А мы калі захочам, то паедзем да іх. Або яны да нас! Абы захацелі. Так, Андрэй?

— Вядома, так! І плакаць няма чаго, бо не на смерць яны паехалі.

— Чуеш, Хася?

— А шукаць добрага жыцця.

— Чуеш, Хася?

— А не спадабаецца — назад вернуцца.

— Чуеш, Хася?

— А калі будзе добра, то вы да іх паедзеце.

— Во! — Аўрам падміргнуў Андрэю.— Мы можам да іх на сваім кані паехаць! Памаленьку, памаленьку — і там! Так, Андрэй?

— Вядома, што так.

Твар жанчыны пасвятлеў. Яна ўсміхнулася.

— Ну, дык скажы мне, чаго ты плачаш, Хася? Ты як нажом рэжаш маё сэрца... Мне трэба ехаць зарабляць хлеб, а я не магу цябе пакінуць. Ты тут памрэш без мяне...

— Не,— адказала жанчына і паклала далонь на яго галаву.— Ты, Аўрам, цяпер можаш ехаць куды табе трэба... Толькі ты будзь асцярожны, Аўрам... Ты цяпер у мяне адзін...

— Ух! — Аўрам з палёгкай уздыхнуў.— Ты за мяне не бойся, Хася! Ты яшчэ не ведаеш, чаго я варты!

Праз некаторы час Андрэй развітаўся і выйшаў. Аўрам правёў яго.

— Ты да мяне нейкі інтэрас маеш, Андрэй? А я, бачыш, як прыняў цябе... Але дзякуй табе. Скажы цяпер, што табе трэба?

— Я хацеў купіць мяса. Памінкі па бацьку ў нядзелю.

Аўрам задумаўся.

— Ты едзь да Хемы Капчыца. Ён табе дасць пару авечых задкоў. Ён табе з-пад зямлі іх дастане. А не, то бяры цэлую авечку. А разлічвацца будзеш са мной, бо Хема мне вінен. Я яму напішу паперку. Ён табе дасць мяса без грошай, толькі ты добра глядзі на вагу, бо я ведаю Хему. Скруціць! Ён хітры чалавек.

Андрэю ўдалося справіць усе пакупкі вельмі скора. З лёгкай Аўрамавай рукі ён узяў у Хемы авечую тушу, у Гірша Рыкліна купіў пытляванай мукі, а ў Зэліка Рыўкіна селядцоў. Толькі запакаваў усё на возе і закурыў перад ад’ездам, як убачыў Лукаша Асіеўскага з Жывіцаў, Ганнінага бацьку. Высокі, сівавусы, ганарысты і недаступны, ён прайшоў каля Андрэевага воза і зрабіў выгляд, што не прыкмеціў Андрэя. Андрэй з нянавісцю зірнуў яму ўслед. «Багацей! Стары сабака! Ты са мной павітацца не хочаш? Дык пачакай! Будзеш вітацца, як міленькі!»

Раптам незразумелае пачуццё падказала Андрэю, што Асіеўскі тут не адзін, што ён прыехаў з Ганнаю. Андрэй павярнуў каня і зноў пад’ехаў да Хемы Капчыца.

— Хема! Няхай каля твае крамы пастаіць мой воз. Мне трэба схадзіць у адно месца.

— То ты вымі з воза ўсё, што ў ім ёсць, і занясі ў лаўку. А то я адсюль не ўпільную.

Андрэй так і зрабіў. Ён кінуў кабыле сена і пайшоў. Прайшоўшы па рынку між вазоў, якіх сёння было ў мястэчку мала, ён убачыў сівую кабылу Асіеўскага, вядомую ва ўсім наваколлі. Яна была распрэжана і прывязана да воза. Каля воза стаяла Ганна. Яна папраўляла прычоску і перавязвала белую хустку. Андрэй на момант спыніўся і залюбаваўся дзяўчынай, але яна зірнула на яго і не то здзівілася, не то спалохалася.

— Дзень добры, Ганна! — сказаў Андрэй, падышоўшы да яе.

— Дзень добры, Андрэй...

— Ты мяне як быццам баішся?

— Не, Андрэй... Але...

— Ведаю. Бацька твой тут. Бачыў яго. Прасунуўся каля мяне...— хацеў сказаць «як свіння», але ў час абдумаўся,— і дзень добры не даў.

— Можа не бачыў...

— Ён мяне не хоча бачыць, хоць я нічога яму не зрабіў. Што ён да мяне мае, Ганна?

— Адкуль я ведаю!..

— Не ведаеш?..— ён перадыхнуў, нібы яму не хапала паветра.— Ведаеш, Ганна. І я ведаю... Слухай!..— ён хацеў узяць яе за руку, але яна адхапіла яе.

— Не чапай мяне тут, Андрэйка...

Каб не гэтае слова і не гэты рух, Андрэй сказаў бы нешта непатрэбнае, бо злосць закіпела ў яго душы, але ён зразумеў, што яна баіцца бацькі.

— Не бойся, Ганна. Я не людаед, хоць твой бацька і думае, што я гатоў праглынуць яго не жуючы...

— Ах, Андрэй, не гавары такога...

— Я табе і не такое скажу. Мне даўно трэба пабачыцца з табою, але, сама ведаеш, нельга мне цяпер сустракацца. Гэта проста маё шчасце, што сёння ты тут і што сэрца маё падказала мне... Я чуў, што да цябе жаніхоў многа прыязджае. Ведаю я іх! Саракагадовыя жаніхі з гнілымі зубамі! Дык от ведай: калі выйдзеш за каго-небудзь, то не будзе вам шчасця, ні табе, ні яму! Чуеш, Ганна! Не будзе шчасця! У гэтым ты мне можаш паверыць, бо ведаеш, які я!

Яна спалоханымі вачыма глядзела на яго, і ён змоўк. Раптам вочы яе напоўніліся слязьмі, і яна закрыла іх далонямі. У Андрэя зашчымела сэрца.

— Не, Ганна... Мабыць, у мяне не хопіць сілы зрабіць табе зло. Дык і ты не рабі мне яго. Чуеш? Ты павінна чакаць год. Адзін год, пакуль не кончыцца жалоба. Гэта не так доўга. Бацька твой пашкадуе цябе і не аддасць за таго, за каго ты не хочаш. Ты ў яго адна. І не звер жа ён усё-такі. Чуеш, Ганна?

— Андрэйка...

— Я ведаю, што ты хочаш сказаць. Што твой бацька не любіць мяне. Ну, дык і я яго не вельмі люблю. І брата твайго не вельмі паважаю. Нашто яны мне! Мне трэба ты, Ганна, ты! Ты разумееш гэта?

— Андрэйка...

Яна зірнула на яго такімі адданымі і чыстымі вачыма, што ён адчуў сябе нягоднікам. Як ён пасмеў так гаварыць з гэтай дзяўчынай! Гэта не Адэля Арлоўская і не яго сястра Алена. Яе няможна крыўдзіць, яе грэх крыўдзіць...

— Даруй мне, Ганна. У мяне ўсё загарэлася ўсярэдзіне. Гэты твой бацька... Я праз яго вар’яцею. Ты сама ведаеш, што мне ўвесь год амаль немагчыма будзе сустракацца з табой. Цэлы год. Але ты вер мне, чакай мяне. Добра, Ганна?

— Каб я ведала, Андрэйка...

— Ведай! І вер. Як самой сабе. Больш! Ну, дык от, я ўсё сказаў... А цяпер мне трэба ісці, бо вунь прэцца твой бацька.

— Ідзі, Андрэйка, ідзі! — сказала яна, кратаючыся рукою да яго грудзей.


РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

Маёнтак пана Крупскага размясціўся непадалёку ад сяла Чыжэвічы на беразе ракі Случ. Зямля тут была ўраджайная, найлепшая ў наваколлі, адразу за ракой пачынаўся заліўны луг, таксама найлепшы ў наваколлі, а за ім — лясная дача Далева, найлепшая з усіх лясных дач на Случчыне. Яна займала больш за пяць тысяч дзесяцін бору і запаведных дуброў. Тут нават клён, ясень, граб і вяз былі рэдкімі дрэвамі. От якая гэта была дача. Усё навокал панскае — зямля і вада. Нават рыбу лавіць у Случы было забаронена мужыкам.

Вёрст за пяць ад маёнтка знаходзіўся фальварак Бярозаўка. Ён таксама належаў пану Крупскаму.

У самым маёнтку быў бровар і вялікі паравы млын на вальцах. Пан Крупскі ўмеў гаспадарыць і лічыўся адным з самых багатых абшарнікаў на Случчыне. Адзін толькі сад яго займаў дзесяць дзесяцін. Тут, у садзе, стаяў панскі палац — трохпавярховы гмах, які ўпрыгожваў бы не толькі Слуцак, але і Мінск.

Пан Крупскі з сям’ёй рэдка прыязджаў у свой маёнтак. Жыў у Варшаве, наведваў Парыж і іншыя сталіцы. Усе справы ў маёнтку і фальварку вёў хітры немец Гендарсан.

Вось з гэтым Гендарсанам і не ладзіў у свой час парабак Якаў Шэмет.

У нядзелю выдаўся хмарны, невясёлы дзень. У любую хвіліну з нізкага неба гатовы быў пачаць сеяцца дробны дождж.

У двары Яўхіма Халусты ў такое надвор’е было яшчэ змрочней, чым у мінулыя дні. Ён сёння нагадваў турэмны двор. Сам Яўхім, пануры і злосны, быў падобны на турэмнага наглядчыка. Ён сноўдаўся ад свірна да хлявоў, ад хлявоў да гумна, ад гумна да хаты, правяраў, ці ўсё ў парадку. І да якой бы будыніны ні падыходзіў, усюды яго сустракала сабачае гырканне.

— Абжыраеце вы мяне, каб вы падохлі,— бурчаў Халуста.

Калі рыпнулі хатнія дзверы і на двор выйшаў Якаў Шэмет, Яўхім спыніўся. Якаў ішоў да брамкі.

— Куды ты? — гукнуў яму ўслед Халуста.

— У Чыжэвічы,— не спыняючыся, адказаў Якаў.

— Пачакай, ліха матары тваёй! Пачакай! Хіба ў цябе работы няма?

— Сёння нядзеля. Забыўся, як дамаўляліся?

Халуста хапіўся за галаву. Ён думаў, што і гэтага парабка возьме ў свае рукі, так, як браў другіх. Але гэтая гарадская басота не хоча паддавацца.

— А калі ж ты вернешся?

— Заўтра раніцай.

— Ах, які ж ты памятлівы, злодзей... Які ж ты памятлівы... Ну, ідзі, каб ты адтуль не вярнуўся!

— Табе ж горш будзе,— адказаў Якаў і выйшаў на вуліцу.

Нідзе не было ні душы.

Якаў выйшаў за засценак і пашыбаваў па сцежцы, што вяла ў Чыжэвічы. Воддаль віднеўся Хаімаў вятрак. Ён не малоў, і здавалася, што папярочныя яго крылы абвіслі ў знямозе. На поплаве было мокра, сцежка вілася па ім слізкая і вільготная. Калі Якаў прыйшоў у Чыжэвічы, на вуліцы было пуста. Сустрэў толькі адну жанчыну, якая несла вёдры з вадой. Перш за ўсё зайшоў да свайго брата Піліпа. Жыў ён амаль на сярэдзіне сяла, у старой бацькоўскай хаце. Гаспадарку меў бедную. Траціна зямлі, як у Сымона Ашакевіча, вузенькая сядзіба, конь і карова. Палова ўсяго гэтага належала Якаву, але ён адмовіўся ад яе ў карысць старэйшага брата.

Піліп — трыццацігадовы мужчына, чорнабароды асілак — меў ужо ладную сям’ю: жонку і чацвёра дзяцей. Ён любіў і паважаў малодшага брата, але заўсёды крыху баяўся яго. Часта ў галаву прыходзіла думка, што Якаў возьме ды забярэ сваю частку гаспадаркі. Ён зусім быў супакоіўся, калі Якаў выехаў у горад, а цяпер зноў ахапіла трывога. Трывогу гэтую заўсёды падагравала ў ім жонка Лукер’я, імклівая і гарачая, як кіпень, жанчына.

— От, бач, Піліп,— гаварыла яна мужу,— зноў вярнуўся... З маёнтка немец прагнаў, а думаеш, адтуль ён па-добраму паехаў! І адтуль выгналі...

— Скажаш ты...— абараняў брата Піліп.— Ніхто яго не выганяў...

— Не выганяў! Я ведаю! Ён са сваёй натурай нідзе не ўжываецца... Яго і Халуста выганіць!

— З Халустам і я не ўжыўся б.

— Бо і ты такі! — ускіпела жанчына.— Абое роўныя! Абое рабое! Усе вы, Шэметы, такія задзіракі!

— Сціхні ты! Нехта ў хату ідзе.

У гэты момант Якаў і прыйшоў да брата. Ён яшчэ ў сенцах пачуў гэтую размову і зразумеў, што гавораць пра яго.

— Дзень добры! — весела павітаўся ён і, як дома, адразу сеў на лаву.

Лукер’я зірнула на яго касавата і зласнавата, але Якаў і вухам не павёў.

— Ну, дзе вашы малыя? — запытаў ён.— Тут у мяне пара цукерак завалялася, з горада яшчэ. Сёння ў сваім куфэрку знайшоў.

Лукер’ін твар крыху памякчэў.

— Меншанькі ў калысцы спіць, а тыя да бабулькі пайшлі, да мае мамы...

— То на, аддасі, як прыйдуць. Скажаш — ад дзядзькі.

Ён выняў партабак, згарнуў папяросу і падаў партабак брату.

— Куры, Піліп.

Калі зацягнуліся па першаму дыму, Піліп запытаў:

— Можа ты яшчэ не снедаў, Якаў?

— Снедаў, Піліп, не турбуйся. Хоць у Халусты і не вельмі смачнае снеданне, але я наеўся.

— Як ты з ім ладзіш?

Якаў усміхнуўся.

— Гэта ён са мной ладзіць, браце Піліп, а не я з ім.

Памаўчалі крыху. Якаў думаў аб тым, што калі яго заўсёды так будуць сустракаць у братавай сям’і, то лепш сюды не заходзіць. Але ён любіў брата, яго дзяцей і не мог цурацца іх. Трэба было нешта зрабіць, каб зламаць гэтую недарэчную варожасць.

Слухай, Піліп, і ты, Лукер’я. Мне здаецца, што ў вашай хаце я не то што зусім лішні ці непатрэбны... Вы нават баіцеся мяне...

— Што ты, Якаў...— паспрабаваў пярэчыць Піліп.

— Пачакай, брат, дай мне кончыць. Я не хачу, каб так цягнулася і надалей, бо калі і вы станеце мне чужыя, то да каго ж я зайду іншы раз... да каго прытулюся, калі мне будзе цяжка? Вы баіцеся, што я забяру сваю частку зямлі і гаспадаркі, таму і гледзіце на мяне са страхам. Дык от я кажу вам абодвум, што не трэба мне ні зямля, ні гаспадарка. Я не люблю гаспадаркі. Я і да Халусты не пайшоў бы, бо абрыдла мне работа на зямлі. Я ж слесар і каваль.

— Братачка Якаў...

— Пачакай, Піліп. Мы зробім дакумент, што я адмаўляюся ад свае часткі. От і ўсё. А калі другі раз я зайду да вас, то прымайце мяне як роднага, а не як ворага.

Лукер’я абхапіла рукамі яго за шыю, пацалавала і заплакала. Піліп абняў брата і выцер слёзы.

— Якаў, даражэнькі...— праз плач гаварыла Лукер’я.— Каб не дзеткі... Чацвёра... Хлеба ніколі не хапае да новага... Ды які хлеб... Лебяда ды мякіна... Калі на каляды чыстага спячэш, то яны яго, як булку... як булку, адно ў аднаго з рукамі рвуць... А калі на палове жыць, то ў старцы іх трэба пасылаць...

— І самому ўслед за імі...— дадаў Піліп.

— Я ўсе гэта ведаю, і няма тут чаго плакаць і апраўдвацца. Такое жыццё, і пакуль што нічога не зробіш. Але не век яно будзе такое!

— Ай, браце Якаў...— Піліп безнадзейна махнуў рукою.— Няма прасвету... Куды ні ступі, усё панскае... Сціснулі гэтых мужыкоў так, што і пікнуць нельга. Бог зямлю для ўсіх людзей стварыў, а яе паны захапілі.

— Прыйдзе час, Піліп, калі зямля народная будзе. Толькі не трэба думаць так, як думаеш ты. І... калі-небудзь пагаворым пра гэта больш, а цяпер бывайце. Трэба мне ў маёнтак схадзіць да старых сяброў.

— Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу.— Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі.

— Так, браце Якаў, папалуднуем,— сказаў Піліп.— Лезь за стол.

Ён міргнуў Лукер’і, і яны адышлі да печы.

— Не шапчыцеся там,— сказаў Якаў.— Я ведаю, пра што вы шэпчацеся. Ідзі сюды, Піліп.

Ён выняў кашалёк, дастаў грошы і падаў Піліпу.

— Схадзі да таго Кашча Бессмяротнага, да Арлоўскага, і купі паўкварты.

Пакуль Піліп хадзіў да Арлоўскага, а Лукер’я гатавала на стол, увесь час шмыгаючы то ў сені, то з сяней, Якаў сядзеў і думаў. Думаў пра тое, як моцна трымае чалавека ў сваіх бязлітасных абцугах уласнасць. Як знявечвае яна чалавечую душу. Ён ведаў Піліпа як добрага і чулага чалавека, які не пакінуў бы суседа ў бядзе, падзяліўся б апошнім кавалкам хлеба, але гатовы быў адцурацца роднага брата толькі таму, што той мае нейкае права на яго ўласнасць. І калі брат адмовіўся ад гэтага права, чалавек змяніўся. Зніклі падазронасць, страх, з-за пазухі выпаў камень. А Лукер’я! Дасюль яна заўсёды варожа паглядала на дзевера і не вельмі таіла гэта, а цяпер нібы перарадзілася.

Тым часам вярнуўся ад Арлоўскага Піліп.

У маёнтку спраўлялі святы дзень, таму не было ў ім той мітусні і тлуму, якія панавалі тут у буднія дні. Не было спакою толькі тым, хто даглядаў панскую скаціну, ды пастухам. Людзей у маёнтку сустракалася мала, бо парабкі адсыпаліся за тыдзень у двухпавярховых камяніцах.

Якаў хацеў убачыцца са сваім старым прыяцелем Станіславам Вярбіцкім, машыністам бровара. Як спецыяліст, Вярбіцкі меў права жыць не ў бараках, як іншыя парабкі, а асобна. Жыў ён у невялікім цагляным доміку, што стаяў каля самага берагу Случы. Тут жа каля доміка быў і агарод, дзе расло некалькі яблынь, ігруш і вішань.

Якаў застаў Вярбіцкага дома. Той нядаўна прачнуўся, і твар яго быў памяты і нясвежы. Гэта быў сухарлявы чалавек гадоў пад трыццаць, высокі, гарбаносы. Твар быў даўгаваты, лоб шырокі і маршчыністы, вочы шчырыя і праўдзівыя. Гледзячы ў іх, нельга было салгаць. Яны самі не хлусілі і ўмелі распазнаць злодзея.

— А-а, Якаў! — узрадаваўся Стась, калі Якаў увайшоў у хату.— Я цябе даўно чакаю, аж выспацца паспеў.

— У Піліпа затрымаўся.— Якаў хацеў растлумачыць, як усё выйшла, але падумаў, што гэта зусім не патрэбна.

— Ну, дык садзіся вось тут на лаву. Адзін я пакуль што, Ядвіга выйшла да суседкі. Ну, як ты жывеш у малінаўскага панка? — запытаў Стась.

— Ты ўсё роўна не паможаш мне,— усміхнуўся Якаў.— Як жыву? Работы многа, харчы дрэнныя, а лаянкі — аж з коптурам. Я не маўчу: не горш за яго навучыўся лаяцца. Ён аж усцешыцца іншы раз, гад: «Ліха матары тваёй, дзе ты так навучыўся!» Ты лепш раскажы, што тут у цябе новенькае?

— Амаль нічога, Якаў. Гендарсан лютуе, як і раней.

— Гэта я і без цябе ведаю, Стась... Тое самае было і тры гады назад, калі я рабіў у маёнтку... Трэба сярод людзей работу праводзіць, а ты тут адзін.

— Адзін.

— Няўжо ж тут няма такіх людзей, з якімі можна працаваць? Ты тут агурыўся, Стась, ці баішся, каб зноў не арыштавалі?

— Гэта было даўно, Якаў... Але калі прыйшлося мне пасля арышту без работы паўгода павалачыцца ды з Пецярбурга аж сюды прыехаць, то я, мабыць, такі і агурыўся трохі... І людзі тут не такія, якія былі на нашым заводзе. Я спачатку не разумеў іх.

— Людзей табе пара ведаць. Ты жывеш тут чатыры гады...

— Я жыву тут пяты год, гэта праўда, але парабкі тут мяняюцца кожны год. Не паспееш да чалавека прыглядзецца, а яго ўжо няма. І ўлічы, што гэта не фабрычныя рабочыя, а парабкі.

— Латышскія парабкі маёнткі дзеляць.

— Там спадчынныя парабкі, пралетарыят, а тутэйшыя з зямлёй звязаны.

— Я таксама быў з зямлёй звязаны.

Якаў хацеў сказаць, што ён ужо развязаўся з зямлёй, але гэта было б падобна на пахвальбу.

— Ты — зусім іншая справа. Ты рабіў у дэпо амаль тры гады. Ты ўжо рабочы.

— Дык, па-твойму, тут няма ні ўмоў для рэвалюцыйнай работы, ні людзей, якія маглі б яе праводзіць?

— Я гэтага не казаў. Тут цяжэй, разумееш? А людзі ёсць. Сёння ты сустрэнешся з адным хлопцам. Паглядзіш на яго, пагаворыш. Завуць яго Павел Квітун.

— Хто ён такі?

— Мой памочнік. Мы ўдвух два паравікі абслугоўваем: у млыне і ў бровары. Мне падабаецца гэты хлопец. Пагаворыш з ім сам. Ён ужо тут два гады. Ёсць і другі чалавек, пажылы ўжо, але яшчэ халасцяк. З выгляду вельмі пануры, змрочны нейкі. Адчуваю, што калісьці жыццё яго так ударыла, што ён і да гэтае пары ачухацца не можа. Дарэчы, ён з Паўлам Квітуном жыве ў адной каморы. Завуць яго Платон Шабуня.

— Вельмі добра. А то ты мяне проста агарошыў.

Я падумаў, што ў маёнтку і людзей няма.

— Дарэмна ты так падумаў. Людзі ёсць, толькі іх разгледзець трэба. Мне аднаму цяжка, а калі ў нас будзе тры пары вачэй, то мы лепш распазнаем, бо будзем глядзець на іх з розных бакоў.

— Правільна, Станіслаў. Ну, як табе даецца «Што рабіць?» Леніна?

— Цяжка даецца. Я сапраўды адстаў, Якаў. У Пецярбургу ў рабочым гуртку займаўся, там лягчэй было. Чаго сам не разумееш, таварышы памогуць, кіраўнік гуртка. Мы Маркса вывучалі ў перакладах Пляханава. Разумны дзядзька гэты Пляханаў, хоць і панскі сын. «Маніфест» цяжка даваўся. Папацеў я, ды і іншыя хлопцы таксама. Але вялікая справа гурток!..

— Ну, дык чаго ж! Тры чалавекі — хіба не гурток? Нас ужо двое. Калі Павел Квітун надзейны, от табе і трэці.

— На Квітуна я спадзяюся. Вечарам я цябе з ім пазнаёмлю. «Из искры возгорится пламя»! — узнёсла прамовіў Стась.

— Жонка твая скора прыйдзе? — запытаў Якаў.

— Павінна скора прыйсці.

— Ну, дык пакуль яе няма, я табе павінен важную рэч сказаць. Да мяне павінен прыйсці чалавек са Слуцка, праз якога я падтрымліваю сувязь з Мінскам. Дзе мы сустрэнемся і як, той чалавек ведае. Ён прынясе літаратуру і ўказанні аб далейшай рабоце. Але гэта будзе апошняе наша спатканне, бо мне сустракацца з чужым чалавекам, жывучы ў Халусты, небяспечна. Халуста ўвесь час сочыць за мной, куфэрак мой ператрасае. Таму чалавеку таксама небяспечна. У Слуцак паехаць я не магу, а за дзень схадзіць пехатою туды і назад цяжка. Табе трэба ўзяць сувязь са Слуцкам на сябе. Скора мы павінны атрымаць матэрыялы аб другім з’ездзе РСДРП. Гэта вельмі важна. А як іх атрымаць? Пры сустрэчы я таму чалавеку са Слуцка ўсё растлумачу, а табе дам адрас і пароль. Ці зможаш ты зрэдку бываць у Слуцку?

— Зусім проста. Адзін раз у месяц я маю права браць за стайні каня і ехаць на кірмаш, у госці, куды мне захочацца, толькі не ў будзённы дзень. Гэта мая прывілегія.

— Ты мяне ўзрадаваў, Станіслаў.

— Ты ў мяне пра жонку пытаў,— прамовіў Станіслаў, зірнуўшы ў акно.— То вунь ідзе яна. Яна яшчэ нічога не ведае, Якаў, то пры ёй мы ні аб чым такім гаварыць не будзем.


РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Падвечар неба пачало праясняцца. Памалу хмары аселі над кругаглядам, і сонца перад захадам падпаліла іх сваімі апошнімі праменнямі. Яны ўспыхнулі пурпуровым полымем, і на дварэ пасвятлела. Навокал стала так хораша і ясна, нібы пачалося ранне новага дня.

У маёнтку было ажыўлена. То ў адным, то ў другім месцы чуваць былі гаворка і смех. Людзі выспаліся за дзень і выйшлі на свежае паветра з баракаў-камяніц, падобных на турмы.

Адчыніліся дзверы доўгай аборы-свінушніка. Туды з парыльні насілі парабчанкі поўныя вёдры паранай бульбы «замежным панам» — кароткалычым чорным беркшырам і белым іаркшырам. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Гэты «высакародны паніч» не знаходзіў месца на шырокім' дварышчы, станавіўся дыбка, вытанцоўваў, як самы шляхетны кавалер, выгінаючы прыгожую шыю, высока падымаючы дужыя тонкія ногі. І конюх завёў яго на луг да Случы, там усё-такі прастарней.

Са свайго асабняка, што стаяў у канцы саду, выйшаў аканом пан Гендарсан. Круглы і ружовы, з маленькім носікам, у капелюшы, ён зірнуў на неба, потым скрывіўся і моцна чхнуў раз, другі і трэці. Тады абцёрся тонкай хустачкай і бадзёра пайшоў выконваць службу. Ён абышоў сад, углядаючыся на яблыні і грушы, абсыпаныя антонаўкамі і бэрамі, цыганамі і зелянухамі, шлянкоўкамі і свентаянкамі, і хмыкнуў ад задавальнення. Сад, як і ўвесь маёнтак, Гендарсан лічыў уласнасцю не толькі пана Крупскага, а ў значнай долі і сваёй уласнасцю. Так, усе летнія гатункі садавіны даўно зняты з дрэў і прададзены. Значную частку грошай Гендарсан палажыў у сваю кішэню. Асталіся зімовыя гатункі. Аканом быў упэўнены, што і з іх яму перападзе нямала.

З саду аканом уляцеў у свіную абору і ўшчэнт перапалохаў усіх свінарак.

— Сукіны доч! — закрычаў ён.— Што за безабразі ест? Чаму сольцэ так высак ест, а вы пачаль карміт? Ві сам швіня!

Парабчанкі маўчалі. Не маглі ж яны сказаць аканому, што сёння будзе вечарынка і яны надумалі раней пакарміць свіней, каб і самім крыху прыбрацца. Вылаяўшы свінарак самымі бруднымі словамі, Гендарсан прыгразіў, што ўсіх выганіць вон, і памчаўся далей.

Тым часам вечар набліжаўся. Жанчыны, якім і ў святочны дзень хапае работы, нарэшце знайшлі вольную хвіліну і пачалі збірацца, каб пагутарыць пра сваё горкае жыццё, паскардзіцца адна адной, абмеркаваць усе апошнія навіны.

Павел Квітун увесь дзень не быў у маёнтку. Як пайшоў, паснедаўшы, у Чыжэвічы, дык і прасядзеў там да вечара. У Чыжэвічах ён меў дзяўчыну, дачку Пракопа Крываблоцкага, Надзю. Ужо год хадзіў да яе, але ведаў, што вялікіх поспехаў не дасягнуў. Надзя яго кахала, ён гэта адчуваў, з ёю мог бы згаварыцца, але бацькі! Бацькі былі непрыступныя. Асабліва сам Пракоп. Ён нават не хацеў заўважаць Паўла, бачыў у ім не чалавека, які мае нейкую сваю годнасць, а толькі парабка, нанятага бяздомніка. «Нават жаніцца парабку нельга. Ён не мае на гэта права,— думаў Павел.— Які там гаспадар Крываблоцкі, а праспрабуй пасватацца да яго дачкі! Ён перш за ўсё запытае: «А дзе твая хата, чалавеча, якая ў цябе гаспадарка? На чыім кані ты павязеш маю дачку і тое, што я ёй дам у пасаг, і куды павязеш?» От якое жыццё. З Марцінам, Надзіным дзядзькам, дамовіцца было б лягчэй, але сам Марцін нібы за парабка ў свайго брата Пракопа, і гэтае справы ён не вырашыць...»

Павел вярнуўся ў маёнтак у дрэнным настроі. Нават пагутарыць адзін на адзін з Надзяй не ўдалося. Не то што яна пазбягала яго, а проста не выйшаў такі выпадак. Як гэта цяжка! Тыдзень не бачыць каханую, прагнуць спаткання — і калі, нарэшце, прыйшоў гэты час, не сказаць ёй ні слова.

Страшная справа. Пан Крупскі пагарджае сваім аканомам Гендарсанам, той і ў грош не ставіць малінаўскую шляхту, шляхта не прызнае за людзей чыжэвіцкіх мужыкоў, а чыжэвіцкія мужыкі не прызнаюць панскіх парабкаў. Яны самыя апошнія, самыя абяздоленыя... Ім няма месца сярод людзей...

Сёння Павел прыйшоў да Крываблоцкіх з паўквартай спірту. Купіў у старога Яся — подвальнага з бровара. Меркаваў, што, выпіўшы чарку, Пракоп стане падатлівейшы. А што з гэтага выйшла! Пракоп нават не сеў за стол, павярнуўся і пайшоў з хаты. Ён не хоча з парабкам нават сядзець за адным сталом. Усю паўкварту выпіў адзін Марцін, сам Павел узяў толькі адну чарку, бо мала таго, што ты парабак, не пасмей жа яшчэ праславіцца як п’яніца. Тым усё і кончылася. Марцін гаварыў пра палітыку, пра вайну, чытаў уголас пецярбургскія газеты. Дзякуй яму і за гэта, а то Паўлу зусім не было б чаго рабіць у Крываблоцкіх, хоць забірай шапку і ўцякай з хаты...

Дзівак гэты Марцін. Ён перакананы, што Павел ходзіць да Крываблоцкіх толькі дзеля яго. Было б вельмі добра, каб так думаў і Пракоп. Але, мабыць, Пракоп падазрае праўду. Ён іншы раз так калюча паглядае на Паўла, што таму хоць скрозь зямлю праваліся.

Добра, што перад самым адыходам Паўла Надзя здагадалася выйсці ў сені. Пацалаваліся крадком, як злодзеі. Шапнуў, каб прыйшла на вечарынку ў маёнтак. Яна толькі ўсміхнулася і адмоўна кінуўла галавою. Каб яна, гаспадарская дачка, пайшла на парабкоўскую вечарынку! Вось якое жыццё. А паспрабаваў бы парабак з’явіцца на вечарынцы ў сяле! Наўрад ці вярнуўся б ён дадому цэлы. Паказалі б яму гаспадарскія сыны, дзе зімуюць ракі.

Каб скараціць дарогу да свайго барака, Павел не пайшоў праз вароты. У яго была свая, вядомая толькі яму аднаму пуціна праз панскі сад. Ён пераскочыў плот і пайшоў каля кустоў акацыі, каб не трапіць на вочы аканому, які падняў бы, вядома, лямант на ўвесь маёнтак. Аднак сёння яму не ўдалося прайсці непрыкметна. Здаецца, мінуў усе небяспечныя мясціны, трэба было толькі збочыць да свайго барака, як перад ім, нібы з-пад зямлі, паўстала жаночая постаць. Павел спыніўся. Позірк яго сустрэў халодныя, але цікаўныя вочы высокай светла-русай дзяўчыны, падобнай на здань. Гэта была аканомава дачка Эльза. Павел рашуча пайшоў наперад. Эльза правяла яго доўгім позіркам.

Гэта была не першая такая сустрэча. Ужо некалькі разоў Эльза нечакана сустракала яго, прытым у такіх мясцінах, дзе Павел наогул не падумаў бы, што каго сустрэне. І вочы ў гэтай Эльзы заўсёды былі такія ж: халодныя і цікаўныя.

«Няўжо гэта выпадковасць? — думаў Павел. — А калі не, то што мае да мяне аканомава дачка? Што ёй трэба? Выпадковасць! Выпадкова можна сустрэцца раз або два, на дарозе, а не на глухой сцежцы. Гэта зусім не выпадкова, а неяк загадкава. У садзе, напрыклад, ён дагэтуль не сустракаў яе. Сустракаў вечарам на лузе, калі ішоў пасля купання са Случы, сустракаў каля бровара, на дарозе да лясной дачы Далева, за ракой. І заўсёды гэтыя халодныя, цікаўныя вочы. Няўжо яна яго прыпільноўвае? Але навошта?»

Так ні да чаго і не мог дадумацца Павел. Аднак сёння і яго ахапіла цікаўнасць. Што, уласна, за чалавек гэтая высокая бялявая дзяўчына-чужаземка? У маёнтку яна бывае толькі ў час вакацый летам ды зімой, астатні час вучыцца ў Мінскай жаночай гімназіі. Мабыць, сумна ёй тут, няма раўні, таму і шукае незвычайнай вясёлай прыгоды. Сярод паненак сустракаюцца такія шукальніцы. І назваць яе непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Хіба можна параўнаць яе з Надзяй? А так з выгляду нішто сабе — высокая, статная, зграбная, не падобна на сваю доўгую качаргу матку і тоўстага гарбуза бацьку.

З такімі думкамі Павел прыйшоў у барак у свой пакой. Сеў на нары, дзе разам з ім спала яшчэ два чалавекі, і яму стала сумна. Нары былі прасторныя, качайся на голых дошках колькі ўлезе, але не вельмі качаліся парабкі. Як напрацуецца за дзень ды як заваліцца на спіну ці на бок, дык да раніцы і не паварухнецца. Жоўтыя з рыжымі плямамі сцены з патрэсканай атынкоўкай, якая абсыпалася цэлымі кавалкамі, нізкая парыжэлая столь, брудная падлога — усё гэта наводзіла на невясёлыя, цяжкія думкі.

З двух Паўлавых сяброў у пакоі быў толькі адзін, Міхаль Рожка. Ён, відаць, нядаўна прачнуўся, бо сядзеў на нарах, раскудлачаны, пануры і злосны.

— Да Надзі валачыўся? — злосна запытаў ён у Паўла.— Кавалер! Выспацца не ўмееш за тыдзень адзін раз. Богам дадзенага адпачынку скарыстаць не ўмееш. А заўтра носам кляваць будзеш на рабоце.

Павел здзіўлена зірнуў на Міхаля.

— Чаго ты ўз’еўся без дай прычыны? За панскую работу хварэць пачаў? Не бойся, носам кляваць не буду. Машыны ў бровары ладзім, дык стуку і груку столькі, што нежывы прачнецца!

— Стуку і груку... Толькі што стуку ды груку, а карысці колькі!.. Дурань ты, от што!.. Але можа Пракоп Крываблоцкі ў прымы возьме басяка, галяка, сцягача з усяго свету.

— Ідзі лепш памыйся, Міхаль.

Міхаль зірнуў на Паўла, нешта хмыкнуў і выйшаў. Павел зразумеў, што з хлопцам творыцца нешта няладнае. Між тым вярнуўся Міхаль, памыты, расчэсаны і павесялелы.

— Ну?

— Што ну?

— Як твая Надзя?

Павел нахмурыўся.

— Што табе да мае Надзі? Ты лепш пра сваю Любу раскажы.

— Мне няма чаго расказваць... Мы з ёй калі захочам, дык заўтра ж у царкву да Сулкоўскага пойдзем... А там пан аканом і каморку нейкую дасць... Жывіце, «рускі швіня», пладзіцеся, пускайце на свет сабе падобных, голых ды босых... А ты і такога шчасця не маеш.

— Ты што? — ускіпеў Павел.— Здзекуешся з мяне?

— Дурань ты! Здзекуешся... Я сам з сябе здзекуюся.— Ён хапнуў рукамі за галаву і з адчаем зірнуў на Паўла.— Ведаеш?.. Люба мая загрубела. Загубіў я дзяўчыну...

— Што? — Павел не верыў сваім вушам.

— Больш як два месяцы...

— Ну дык што ж! Жаніцеся! Дзівак-чалавек!

— Жаніцеся... А жыць як? — закрычаў Міхаль.— Скажы, як жыць? Ты бачыў, як жывуць сямейныя? Быў у іх бараках? А-а? Бачыў? Нюхаў іх жыццё?

Павел схапіў яго за грудзі і прыцягнуў да сябе.

— Сукін сын! Ты што? Жаніцца з ёю не думаеш?

— Пусці, Павел... Я ж табе не казаў...

Павел страсянуў яго і адпіхнуў ад сябе:

— Вымятайся адсюль, свіння! Чуеш? Ідзі шукай сабе другога месца. Прыйдзе Платон — мы цябе, лыску, выкінем адсюль.

Міхаль пабялеў. Чуб яго смешна павіс на правае вуха.

— Слухай, Павел...— сказаў ён глухім голасам.— Я ж люблю яе... Ты разумееш гэта? Люблю! Але як жыць?.. Гендарсан пакуль каморку дасць, дык душу з цела выме... А потым? Яна ў свінушнік, а я — куды аканом дашле... А потым дзіця... І... на маёй шыі двое... Як жа жыць?..

— Маўчы, шэльма! А як яна будзе жыць з дзіцем? Адна, як палец!.. Ды каб мая Надзя загрубела — я да неба падскочыў бы. Тады Крываблоцкі з радасцю аддаў бы яе за мяне.

Міхаль з цікавасцю і недаверам зірнуў на Паўла.

— Дык слухай, Павел... Я сёння скажу Любе... Яна змарнела за гэтыя дні. Плача і плача... Што ж, ёсць чаго плакаць. Чуеш, Павел? Я скажу ёй сёння. А ты, Павел, падбадзёр яе. У тую нядзелю павянчаемся. А то я сабе месца не знаходзіў...

— Бо дурань легкадумны. Добра, што хоць не шэльма, а то я падумаў пра сябе: сябраваў з такім нягоднікам. Мы ж з табой, здаецца, крыху сябравалі?

— Вядома, Павел. Мы, ведаеш, цябе за кума возьмем. Люба будзе рада. Яна цябе вельмі паважае. Ты згодзішся?

— З радасцю.

— А Люба, браце Павел, такая харошая дзяўчына!

І добрая, і разумная, і рабіць усё ўмее. Але бог долі не даў. Яна з маленства круглая сірата. Тут, у маёнтку, і вырасла.

— Не, Міхаль, і бог і чорт тут ні пры чым. Жыццё наша такое сабачае. Паны ды вось такія аканомы адабралі нашу долю. Думаеш, лепш жывуць мужыкі? Ведаю я! Некаторыя жывуць, а большасць палец смокча. Зямлі мала. Вунь у Чыжэвічах мала ў каго свайго хлеба хапае. А падаткі! Хоць з калена выламі, а заплаці, а то апошнюю карову з хлява пацягнуць. Мне Марцін Крываблоцкі расказваў пра мужыцкае жыццё, ды і сам я не сляпы, бачу. Зямля неўрадлівая... Я не ў першым маёнтку. Міхаль, і дзе ні быў — усюды што лепшае, дык і панскае. Зірні, якая зямля ў маёнтку і якая ў сяле. Тут дзіцё пасадзі, дык вырасце, а там пустазелле расці не хоча. Або сенажаць. У пана заліўны луг пад бокам, а ў іх балота за дваццаць вёрст. І ўсюды так. Марцін Крываблоцкі не дурны чалавек, хоць і п’е. Ён газеты чытае. Ужо, браце Міхаль, мужыкі з сякерамі ды косамі падымаюцца на паноў. А ў гарадах што робіцца!..

— Маўчы, Павел... За такія размовы ў Сібір ссылаюць...

— А ты што — аканому ці ўрадніку данясеш? — гнеўна запытаў Павел.

— Ду-урань ты! Вунь, чуеш, Платон ідзе.

У доўгім калідоры сапраўды чуваць былі крокі.

Пасля заходу сонца неба зусім ачысцілася ад хмар. Вечар пачаўся ясны, але халаднаваты. Над лугамі і Случчу курыўся туман. З вялікага барака, дзе харчаваліся адзінокія парабкі, чуліся гукі гармоніка і бубна. Вечарынка ішла поўным ходам.

Станіслаў Вярбіцкі і Якаў Шэмет, абодва на першы погляд п’янаватыя, зайшлі ў памяшканне, бітком набітае моладдзю. Музыкі ігралі кракавяк, і ўся сярэдзіна памяшкання была занята тымі, хто танцаваў. Уздоўж сцен на лаўках сядзелі пажылыя, што прыйшлі пацікавіцца, успомніць маладосць. Пад столлю вісела вялікая лямпа, але ў вялізным пакоі было цемнавата. Станіслаў пайшоў уперад, а Якаў спыніўся каля Станіслававай жонкі і запрасіў яе на танец.

— Дадумаўся з бабай танцаваць,— сказала яна ўсміхаючыся, але лёгка падхапілася з месца і падала Якаву руку.

— Хіба мы першы раз танцуем з табой, Ядвіга? — сказаў ён, выводзячы яе ў круг.

— Тады я маладзейшая была... Але дзе вы напіліся, чэрці? Толькі з хаты выйшла — і ўжо гатова. Напэўна, у Яся-подвальнага былі?

— Умеючы, нядоўга напіцца, Ядвіга! Раз, два — і гатова. А ты яшчэ і цяпер дай божа кожнаму.

Яны ўзялі такт і пайшлі.

Станіслаў тым часам знайшоў у натоўпе Паўла Квітуна. Пажартаваў, як жартуюць п’яныя, не смешна і не востра, і шапнуў на вуха:

— У мяне чарка ёсць, Павел. Сходзім да мяне.

Павел не мог адмовіцца. Ён працаваў разам са Станіславам, быў яго падначалены і лепшы сябра. Станіслаў паклікаў Якава і пазнаёміў з ім Паўла.

Толькі ў хаце, калі селі за стол, Павел заўважыў:

— Дык вось па якой прычыне ў цябе чарка сёння, Станіслаў. Госця бог даў.

— Але, Павел. Гэта мой госць і стары сябар. Раней і ён парабкаваў тут. Тры гады назад.

— А цяпер сам панам зрабіўся? — злосна пажартаваў Павел, акідваючы позіркам Якава і яго гарадскі адзетак.

— Лягчэй, браце,— без злосці адказаў Якаў і ўважліва паглядзеў Паўлу ў вочы. Той сумеўся, пачырванеў і схіліў галаву.

Пачалася гаворка. Спачатку нясмелая, недаверлівая. Якаў гаварыў мала. Яму хацелася выслухаць Паўла. Яму падабаўся гэты хлапец, відаць, дужы, не вельмі прыгожы, але да якога цягнула ад першай сустрэчы.

Павел расказаў пра Міхаля і Любу.

— Значыць, Люба цяжарная? — перапытаў Станіслаў.

— Ужо два месяцы. І Міхаль спалохаўся: як жыць?..

— Жыць, вядома, будзе нялёгка,— нібы між іншым зазначыў Якаў.— Парабкам трэба трымацца адно за аднаго, гэта ж сельскагаспадарчы рабочы клас, пралетарыят.

Павел з цікаўнасцю зірнуў на Якава.

— Як ты сказаў? Пралет... тарыят... А што гэта такое?

— Рабочыя. Мы з табою. Людзі, у якіх, акрамя рук, няма нічога ўласнага.

Павел мімаволі зірнуў на свае рукі.

— Так, браце... Але і тыя мы прадаём...

— Ты хочаш сказаць, што робім імі не на сябе. Правільна, Павел. Але ж гэтымі рукамі можна не толькі рабіць, але і волю сабе здабыць.

Якаў зірнуў на Стася, каб даведацца, што ён думае пра яго словы. Стась адобрана кіўнуў, а Павел увесь загарэўся, бліснуў вачыма і сціснуў кулакі.

— Волю, кажаш? Эх ты, брат! Мне цябе пацалаваць хочацца! Ты бачыў, як жывуць парабкі? Не стаў у прыклад Стасеву халупу. Стась майстра, з ім лічацца, у яго і ўмовы лепшыя. А зайдзі ў барак да нас. Ды ў нас яшчэ што! Асвяціся, як кажуць... А да сямейных зайдзі, паглядзі, як яны жывуць, на дзяцей іх, на жонак паглядзі. Сэрца тваё павернецца. Нэндза, галеча, голад...

— Не расказвай пра гэта Якаву, Павел,— мякка прамовіў Стась.— Ён усё гэта ведае.

— Ведае? Калі ведае, то разумее, якая доля чакае Міхалёва дзіця... У мяне от таксама дзяўчына ёсць у Чыжэвічах. Ты ведаш, Стась. Год да яе хаджу. Я не спалохаўся б, жаніўся б, але бацька не аддасць яе за мяне...

— А чыя, скажы, там дзяўчына? — зацікавіўся Якаў.

— Пракопа Крываблоцкага.

— Ведаю. У цябе вочы неблагія.

— Няхай бы яны лепш у мяне павылазілі.

— Вось за гэта цябе і дурнем назваць можна. Марціна ведаеш?

— Каб ён быў Надзін бацька!

— Значыць, добра ведаеш?

— Ну, вядома. Разумны чалавек. Свет пабачыў і жыццё ведае. Не раз мы з ім гутарылі.

— Пра што вы гутарылі?

Павел успомніў Міхалёвы словы наконт Сібіры і падазрона зірнуў на Якава.

— Не бойся, Павел,— сказаў Станіслаў.— Ты ў маёй хаце, а Якаў мой сябар. Ён такі ж парабак, як і ты, акрамя таго, працаваў у горадзе, у дэпо.

— Ага! — Павел зноў з цікавасцю зірнуў на Якава.— Дык што ж я буду гаварыць... Ён жа больш ведае і за Марціна і за мяне.. Няхай ён і гаворыць. Забастоўкі ў гарадах бываюць?

— Вядома. Не заўсёды і ўсюды, але бываюць.

— Эх! — усклікнуў Павел.— А хіба мы, парабкі, не зможам абвясціць забастоўку?

— Можам, але тут цяжэй. Трэба мець цесную сувязь з сялянамі. Калі парабкі не выйдуць на работу, пан можа ўзяць на іх месца мужыкоў. У вёсках такая галеча, што людзі кавалку хлеба рады.

Гаворка цягнулася доўга. На адыходзе Якаў сказаў:

— Ты, брат Павел, пра свае размовы з Марцінам нікому не гавары. І Марціна папярэдзь, каб асцярожнейшы быў. Цяпер такі час, што і невінаватыя ў турму трапляюць. А ты, Стась, пазнаёміш Паўла з той літаратурай, якая ў цябе ёсць. Няхай чытае хлопец.

Разышліся позна, але вечарынка яшчэ не кончылася. Якаў і Павел накіраваліся туды. Не прайшлі яны і паўдарогі, як з барака, дзе ішлі танцы, пачалі высыпацца з крыкам і шумам людзі. Аказалася, што пан аканом разагнаў вечарынку. Парабкі не павінны доўга весяліцца. Заўтра на работу.


РАЗДЗЕЛ ТРЫНАЦЦАТЫ

Нічыпар Мартыневіч і Лявон Нарбутовіч — стрыечныя браты, яны даводзіліся нейкімі братамі і Гарасіму Жукоўскаму. Як бліжэйшыя сваякі, яны арандавалі Гарасімаву паўвалоку па чвэрці кожны. Лявон добра вёў гаспадарку і ад вялікадня да асенніх дзядоў заўсёды трымаў парабка, звычайна хлапчука гадоў чатырнаццаці-пятнаццаці, на якога ўзвальваў мужчынскую работу. Акрамя таго, наймаў сезонных работнікаў на сенакос, жніво і малацьбу. Ён і Гарасімаву чвэрць абрабляў як сваю і атрымліваў ад яе добры даход.

Пануры і багамольны Нічыпар, дробны злодзей і скнара, не мог заўладаць зямлёй, яна заўладала ім. Ён увесь час баяўся, што Гарасім адбярэ ад яго чвэрць і аддасць у арэнду каму-небудзь другому, хоць бы таму самаму Андрэю Сташэвічу як самаму блізкаму суседу, таму не вельмі даглядаў яе. Калі на сваёй паўвалоцы ў яго яшчэ сяк-так расло, то Гарасімава чвэрць яму мала давала прыбытку. Гэтая праклятая чвэрць толькі атручвала яго жыццё. Ён хацеў яе бачыць сваёю. Не толькі зямлю, але і сядзібу з садам, і будынкі, і тое, што ёсць у Гарасімавай хаце. А што ў ёй ёсць, вядома толькі богу, ды чорту, ды самому Гарасіму. Нічыпар думаў, што там захаваны скарбы, якія Гарасім сабраў, бадзяючыся па свеце. Жарты, столькі часу не было яго дома. Нічыпар баяўся, што калі раптам Гарасім памрэ, а ён не будзе ведаць, то пранозаваты жулік Лявон адзін спажыве ўсё яго багацце. Гэта не давала спакою Нічыпару. Ён нават уночы прачынаўся з адчуваннем таго, што Гарасім ужо апруцянеў, а Лявон шукае там яго скарбы. Нічыпара абліваў халодны пот. Ён падхопліваўся з ложка, хутчэй нацягваў порткі, бег да Гарасімавай хаты, заглядаў у вокны, прыслухоўваўся. Кожны дзень яго цягнула паглядзець на свайго адзінокага родзіча, пераканацца, як ён дыхае і ці скора выпрастае ногі. Прагнымі вачыма аглядаў Гарасімаву сядзібу, сад, меркаваў, якую палову забярэ, правую ці левую. І калі надумаў забраць левую, то ў тую хвіліну яму здавалася, што правая лепшая. І наадварот. Так ён і жыў з вечнай думкаў аб тым, што пасля смерці Гарасіма Лявон яго ўсё-такі ашукае.

Дадому ад Гарасіма Нічыпар вяртаўся абавязкова ўкраўшы якую-небудзь рэч: лыжку або цвік, запалкі або скрыначку з-пад ваксы, а не, дык хоць гузік. Аднак гэта яго не вельмі здавольвала. З цягам часу ён навучыўся адмыкаць Гарасімаў свіран і краў адтуль яблыкі, ігрушы, сушаную садавіну, збожжа, нават сала і кілбасы, калі яны там былі. Не памногу. Пакрысе, каб дурны Гарасім не пазнаў. Такім спосабам ён, мабыць, меркаваў перацягнуць да сябе ўсё Гарасімава дабро.

У нядзелю Нічыпар устаў вельмі рана. Злодзею ноччу заўсёды дрэнна спіцца. Ён сноўдаўся па двары і не знаходзіў сабе месца. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Нічыпар пахукаў на іх і ўтаропіўся на ўсход. Пачало паказвацца сонца. Ранішняя зара ахапіла паўнеба. Заіскрылася на дрэвах раса, і, нібы знарок, каб прывітаць новы дзень, у хляве гаркнуў певень.

«Каб ты выдах! — скалануўшыся, падумаў Нічыпар.— Аж спалохаў».

Сёння Нічыпар спяшаўся ў царкву. Ён быў членам царкоўнага савета, і яму іншы раз даручалі збіраць грошы. Яго посная пакорлівая морда вельмі ж спрыяла гэтаму. Нічыпар ведаў, што на гэтым божым агні ён сёння пагрэе рукі лепш, чым хукаючы на іх. Яго так і цягнула ў царкву. Няхай бы паглядзеў гэты распусны поп, які шчыры ды ранні Нічыпар Мартыневіч, член царкоўнага савета! Але гэтаму чортаву папу не вельмі дагодзіш. Напэўна, учора цэлую ноч у карты гуляў ды п’янстваваў, а цяпер спіць... І Нічыпар надумаў перш за ўсё даведацца Гарасіма. Мо ён за ноч ногі выцягнуў.

Калі сонца адарвалася ад зямлі, Нічыпар пайшоў. Ніколі не думаў, што гэты дурны гультай так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Нічыпар падышоў да яго і павітаўся:

— Дзень добры!

Гарасім зірнуў на яго злосна і падазрона, але адказаў:

— Добрае здароўе! — і, павярнуўшыся, пайшоў да свірна.

Нічыпар пастаяў крыху і рушыў за ім. «Нейкая муха яго ўкусіла сёння,— думаў ён.— Святы, а вочы — як у воўка».

Каля свірна ён ледзь не схапіўся за галаву. На дзвярах вісеў замок, але не той, які Нічыпар умеў адмыкаць, а зусім новы. Такіх Нічыпар раней і не бачыў. Мабыць, святы мярзотнік назнарок у Старочын хадзіў, каб купіць гэты замок. А Гарасім нібы ведаў, як гэта ўразіла Нічыпара,— зірнуў на яго са злараднай усмешкай, здаецца, нават падміргнуў, нібы хацеў сказаць: «Трасцу табе, цяпер не ўлезеш»,— і паволі пачаў адмыкаць гэты пракляты замок. Нічыпар плюнуў ад нянавісці і крыўды. У яго было такое адчуванне, нібы Гарасім новым замком замкнуў не свой свіран, а яго ўласны. Ён павярнуўся і пайшоў.

«От свалата...— думаў ён.— Замок яму патрэбен... Такое ў яго багацце ў свірне... Яблыкі гнілыя...» Але тут нешта бліснула на зямлі ля самых ног. Нічыпар нагнуўся і падняў. Ага! Кавалак старой шыны. Згодзіцца, маўляў, і гэта. Хацеў ужо супакоіцца, як яго гукнуў Гарасім.

— Ты, можа, чаго прыходзіў, Нічыпар?

— Не... Я думаў, у царкву...

— Хіба так многа награшыў за тыдзень?

Нічыпар не паверыў сваім вушам. «Здзекуецца, гад печаны»,— падумаў ён і не адказаў. Не паверыў сваім вушам і Андрэй Сташэвіч. Ён у гэты час стаяў на прыгуменні, чуў усю гутарку, ад душы насмяяўся і пачаў лепш думаць пра Гарасіма, чым думаў дасюль. Захацеў нават падысці да яго.

— Што гэта Нічыпар так скора пайшоў ад вас сёння, пане Жукоўскі?

— Ды ён, бачыце... жалезца бліскучае ўбачыў і пабег яго падымаць...— нечакана для Андрэя і для сябе выпаліў Гарасім, і абодва зарагаталі.

— А я думаў, што ён спалохаўся таго жалеза, што вісіць на дзвярах вашага свірна.

— Узлаваўся,— зусім даверліва, як свайму, прызнаўся Гарасім.— А вы такі праўду казалі. Лазіў ён у свіран.

— Пане Жукоўскі! — нечакана для самога сябе сказаў Андрэй.— У нас сёння памінкі па бацьку, то можа б вы прыйшлі? Вы ж самы блізкі сусед!

Гарасім падумаў.

— Вы мяне толькі ад сябе запрашаеце?.. Ды і на пахаванне вы мяне не звалі, пане Сташэвіч...— з дакорам адказаў Гарасім.

— Так выйшла... А запрашаю я вас ад усёй сям’і,— салгаў Андрэй, бо думка запрасіць Гарасіма на памінкі з’явілася ў яго ў апошнюю хвіліну.— На памінках будзе і бацюшка,— дадаў ён.

— Бацюшка? — перапытаў Гарасім, і твар яго скрывіўся.— Калі будзе гэты бацюшка,— Гарасім зрабіў націск на апошнім слове,— то я не прыйду... Скажыце, вы і яго запрашаеце ад усёй сям’і?

— Не, пане Жукоўскі. Гэтага хоча мама, і я не магу ёй пярэчыць. Каб была мая воля, я не пусціў бы яго на парог.

Твар Гарасіма праясніўся.

— Скажу вам праўду, пане Сташэвіч,— прамовіў ён.— Я не люблю гэтага папа... Шмат іх я бачыў за сваё жыццё. Ён акурат такі поп, якіх я не люблю. Таму і не прыйду на памінкі.

Гэтая гаворка яшчэ болей зблізіла абодвух суседаў. Але канец яе сапсаваў пачатак. Нібы чорт пацягнуў Андрэя за язык.

— І на якое ліха, пане Жукоўскі,— сказаў ён,— вы аддаяце ў арэнду зямлю гэтай сваёй радні. Аддалі б каму-небудзь чужому, большая б была карысць.

Нарбутовіч дык хоць зямлю не запусціў, а ў Мартыневіча толькі пустазелле расце. Ды і арэнду, я думаю, яны не вельмі спраўна плацяць.

Гарасім хваравіта зморшчыўся.

— Дзе там спраўна...

— А яшчэ лепш прадаць вам сваю паўвалоку.

— Як гэта прадаць? — Гарасім страшна абурыўся ад такой парады.— Як гэта я прадам бацькаўшчыну? А сам?

— А сабе б пакінулі сядзібу з садам. Хіба вам многа трэба?

Андрэй нават не падазраваў, якога цвіка ўвагнаў у Гарасімаву галаву.

Калі Андрэй прыйшоў у хату, маці ўжо запаліла ў печы. Алена на стале раскачвала локшыну.

— Пасек бы ты мяса, Андрэй,— сказала яна.

Андрэй хоць і неахвотна, але ўзяўся за гэтую работу. Жанчыны канчалі падрыхтоўку да памінак. Падвечар павінны былі сабрацца людзі. Трэба было прывезці папа ды заадно заехаць да Марціна Крываблоцкага.

Неўзабаве прыйшоў Ян.

— Ты заняўся бабскай работай,— сказаў ён.— Няхай яны самі яе робяць, а мы з табой выйдзем ды абмяркуем нашы мужчынскія справы. Кожнаму сваё.

Андрэй быў рады такой прапанове. Абодва селі на прызбе.

— Аляксандра не прыедзе,— сказаў Ян, памаўчаўшы.

— Можа сёння прыедзе. Яшчэ ж рана.

— Не, учора я ліст атрымаў ад яе. Піша, што Антось яе хворы. А па-мойму — хлусіць. Свіння! Забагацела. Мала таго, што свайго дурнога Антося асядлала, дык і бацьку памянуць не хоча.

— А мне ні слова,— пакрыўджана сказаў Андрэй.

— Яна цябе мала баіцца, а я ж пісаў ёй. Чорт яе бяры, няхай не едзе. Не так яна на памінках была патрэбна, як для гаворкі. Яна недурная жанчына і прытым мае мужчынскі розум. Але часу яшчэ хопіць... Гарэлкі ў нас малавата. Калі паедзеш да папа, то зайдзі да Арлоўскага ды купі.

Ён выняў з кішэні скураную калітку, адлічыў грошы і падаў Андрэю.

— Купі на гэтыя ўсе, і хопіць. Не вяселле спраўляем.

Памінкі пачаліся чынна і ўрачыста. Усе сталі на калені і памаліліся богу, толькі поп Сцяпан Сулкоўскі стаяў слупам наперадзе. Сёння ён ў поўнай меры быў задаволены. Змірыўся, нарэшце, непакорны дух Андрэя Сташэвіча, праз якога айцец Сцяпан перажыў нямала непрыемных хвілін, бо яшчэ і цяпер не забыла паства тую споведзь, калі нягоднік Сташэвіч успомніў Юльку-пакаёўку. А цяпер няхай ведаюць усе, што той самы Сташэвіч пакланіўся айцу Сцяпану, запрасіў яго на памінкі і прывёз сам на сваім кані. Мала хто запрашае папа на памінкі, толькі самыя багатыя і богамаленныя. Пра Сташэвіча нельга сказаць ні таго ні другога. Значыць, была іншая прычына, якая прымусіла такога прайдзісвета скарыцца. Не ведаў айцец Сцяпан, што ніхто не ўгаварыў бы Андрэя запрасіць папа на памінкі, каб Ян не сказаў, што гэта была апошняя бацькава воля.

Пад канец памінкі сапраўды пачалі нагадваць вяселле. Толькі песень не было, хоць малінаўскія шляхцюкі і на вяселлях мала спяваюць. Яны толькі станавіліся больш гаваркія і памяркоўныя, нават цалаваліся і ўсхліпвалі ад паўнаты пачуццяў.

Ужо добра сцямнела на дварэ, калі людзі пачалі разыходзіцца. Першыя пайшлі дамоў жанчыны, у якіх заўсёды дома многа спраў, потым старыя, якім трэба было падумаць і пра сваю смерць. Ці справяць па іх родныя такія памінкі, якія справіў па свайму бацьку Андрэй?

Нарэшце ў хаце асталіся толькі Ян Сташэвіч, Марцін Крываблоцкі, Сымон Ашакевіч і айцец Сцяпан. Ён, мабыць, вырашыў не вылазіць з-за стала датуль, пакуль у хаце не астанецца ні адной кроплі гарэлкі. Гэты поп умеў піць і хмялеў не адразу.

Сымон ужо некалькі разоў памыкаўся ісці дадому, але яго затрымліваў Марцін, які не мог не выказаць сваіх поглядаў на палітыку, на становішча ва ўсім свеце, асабліва калі ў яго галаве раіліся высокія і смелыя думкі. Нехта ж павінен быў выслухоўваць яго меркаванні, і ён выбраў Сымона.

Ян, як самы сталы, займаў папа і раз за разам падліваў яму ў чарку.

— А можа хопіць? — весела пытаў айцец Сцяпан, перакульваючы чарку ў рот.

— А нічога! — супакойваў яго Ян.— Можна і яшчэ адну.

— Тады я, пане Сташэвіч, дамоў не траплю.

— Завязём, бацюшка, чаго там!

Сулкоўскі больш прытвараўся п’яным, чым быў на самай справе. Ён піў, гутарыў з Янам і адначасова прыслухоўваўся да таго, што гаворыць Марцін свайму суседу Сымону. Яму даўно хацелася ўмяшацца ў іх гаворку, паспрачацца з Марцінам, бо размова з Янам не здавольвала яго. Што цікавае мог сказаць Ян падгуляўшаму папу?

— Марцін Сяргеевіч! — нарэшце не вытрываў ён.— Вялікі палітык і філосаф! Вы сееце плевелы ў душы маёй паствы.

— Не, айцец Сцяпан! Я туды жменямі сыплю пшаніцу!

Поп зарагатаў і паківаў пальцам.

— Вы, я чую, талкуеце аб вайне.

— Але, айцец Сцяпан, я не талкую нічога недазволенага, а толькі тое, пра што пішуць у газетах.

— Кладзезь прамудрасці! Але вы талкуеце і пра мяцежнасць чэрні.

— Гэта, айцец Сцяпан, я таксама не выдумаў.

— Але мы сядзім на мірнай бяседзе, а вы ўсяляеце мяцежны дух у сэрцы маіх парафіян. Гэта не да месца.

— Кожны гаворыць тое, што яму хочацца, айцец Сцяпан. Я, напрыклад, не замінаю вам.

— А хіба я вам замінаю? Я — ваш пастыр, я павінен стрымаць ваш мяцежны дух.

Крываблоцкі мігам працверазеў.

— Тады айцец Сцяпан не пастыр, а жандар.

— Ха-ха-ха! Напрасна, напрасна, Марцін Сяргеевіч! Такі свяшчэннік, як я, не можа быць жандарам. Я сам многажды грэшан!

— Дык і глядзіце, айцец Сцяпан, за сваімі грахамі, іх у вас многа, я ведаю, а я ўжо неяк сам адкажу за свае.

Сымон хутка вылез з-за стала і непрыкметна выйшаў. Ян не ведаў, што сказаць. Андрэй пабялеў. Толькі Марцін, калючы, як вожык, са сваімі фельдфебельскімі вусамі, смела глядзеў у вочы папу. Памінкі маглі кончыцца скандалам. І вось у гэты момант з’явілася Алена з бутэлькай у руцэ. Сулкоўскі зірнуў на яе ласа, як кот на смятану, і твар яго расплыўся ў юрлівай усмешцы.

— Адкуль гэтае нябеснае відзенне?

— Андрэй,— сказала Алена.— Гэта мая настойка на вішнях... Налі ўсім ад мамы і ад мяне.— Яна ўсміхнулася і, закрыўшы далонямі твар, адышла. І ўся напружанасць знікла.

— Роза Харона, лілія далін...— паспрабаваў дэкламаваць поп і махнуў рукой.

Як ні мацаваўся Сулкоўскі, але настойка яго даканала. Ён нават паспрабаваў зацягнуць старую семінарскую песню.

Андрэй падышоў да Крываблоцкага.

— Каб не было дрэнна, Марцін.

— Не бойся, не асмеліцца. Мяне ён не кране, бо баіцца больш, чым я яго. Калі-небудзь раскажу пра яго штукі. Алена малайчына. Пара канчаць, Андрэй!

Андрэй гукнуў Івана і загадаў яму запрагаць каня.

Поп выйшаў з хаты апошні, і, мабыць, не паспеў ён выйсці з сяней на двор, як у хату ўскочыла Алена з гнеўным тварам і поўнымі слёз вачыма.

— Свалата якая... Дзе Андрэй, мама?

— На дварэ... Што з табой, дачушка?

— Ушчыкнуў...

— Хто?

— Хто! Поп гэты валасаты!..


РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Усталявалася пагодная восень. Раніцы былі халодныя і бліскучыя ад дробнага інею, што ўсцілаў зямлю, стрэхі і платы. Але быў ён кволы і нетрывалы і знікаў адразу, калі ўзнімалася сонца. Было ранняе бабіна лета. Цёпла прыгравала сонейка, і над полем плыло павуцінне.

Паляцелі ў вырай ластаўкі, буслы і шпакі. Ланцужкі жураўлёў віднеліся ў небе, і адтуль чулася сумнае курлыканне.

Сады атрасалі пажоўклае лісце. Ціха стала ў Маргах. Чарнела лісце на алешніку. Адзінокія бярозкі жаўцелі між зелені сосен, і былі яны самотныя, як сіроты.

Восень многа забрала ад прыроды, але многа ёй і дала. На новае жыццё адрадзіліся азімыя палеткі. Густая зялёная рунь укрыла іх. На яравых палетках цупка ўзялася за зямлю маладая канюшына. Лугі зелянелі раскошнай атавай. Не, прырода рыхтавалася не да смерці, а да зімовага адпачынку, каб пасля яго ўзняцца з новай сілай і хараством.

Малінаўцы капалі бульбу. Андрэй выехаў на поле з усёй сваёй сям’ёй. Сам разорваў, а Алена, Іван і маці выбіралі. Разараўшы шэсць баразён, па дзве на выбіральшчыка, выпраг з плуга каня і закурыў. З радасцю агледзеў сваю ніву, работнікаў і ў нейкай меры адчуў сябе сапраўдным гаспадаром. Ужо не балела душа, што ён астанецца ззаду ў засцянкоўцаў, запозніцца з работай і розныя халусты і нарбутовічы будуць з яго смяяцца. Цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Прывык да яго, як да свайго. Вунь ён навыбіраў поўны пудовы кош, падхапіў такі ж самы кош у маці і панёс высыпаць у палукаш.

— Па два не цягай! — крыкнуў яму Андрэй.— Падарвешся!

— Не падарвуся!

Андрэй пакурыў і сам пачаў высыпаць кашы. Бульба ўрадзіла добра, і работа ішла спорна.

Калі насыпалі два палукашы, запрэглі ў вазы коней і павезлі бульбу дамоў.

Так работа ішла да позняга вечара. Вярнуліся з поля, калі пачало цямнець. Паставілі вазы каля склепа, і Андрэй з маткай пайшлі ўпраўляцца па гаспадарцы, а Алена з Іванам пачалі высыпаць бульбу.

Адвячорак стаяў такі свежы і ясны, што зусім не адчувалася стомы. Іван астаўся з Аленай адзін на адзін. Ён саромеўся яе, гэтай прыгожай шляхцянкі, баяўся яе цікаўных Позіркаў. Стараўся хутчэй набраць свой кош, хутчэй яго высыпаць, каб не стаяць з ёю доўга каля воза.

Хацелася скарэй апаражніць палукашы і пакласці канец гэтаму прыкраму адчуванню ўласнай нікчэмнасці. Ён не хацеў і гаварыць з Аленай, але яна сама пачала гаворку.

— Ты сёння як вада, Іван,— сказала яна, насыпаючы кош.

— Чаму?

— Бяжыш і бяжыш, як вада ў рэчцы.

Івана здзівіла такое параўнанне.

— Сцямнее скора...

— Ну дык што, няхай цямнее. Ліхтар запалім.

Іван не адказаў. Ён наогул не ведаў, як трымацца з гаспадаровай сястрой. Яна была прыгожая, нават мілая іншы раз, але Іван адчуваў, што дзяўчына яна самавольная, упартая, смелая і, горш за ўсё, ганарлівая. Ён ведаў, што з ёю трэба трымацца асцярожна, яна не даруе нават памылкі.

— Ты і з Андрэем так нічога не гаворыш?

— Чаму не? Мы з ім гаворым.

— Пра што?

Іван адчуў, што ў гэтым простым пытанні хаваецца нейкая хітрасць, Алена хоча нешта ў яго выпытаць.

— Я ў яго пытаю, што рабіць...

— «Пытаю, што рабіць»,— перадражніла яна.— Толькі кніжкі свае чытаеш... Пра што там пішацца?

— Пра ўсё... Пачытаць жа можна.

— Пачытаеш, калі ты іх у куфэрак хаваеш.

— Баюся, што цётка Аксеня возьме ды папаліць. Але куфэрка я не замыкаю...

— Дурненькі,— засмяялася яна.— Табе ж Андрэй казаў, каб ты паклаў іх на покуць.

— Андрэй не вельмі чытае... А калі ты хочаш, то я не буду іх больш хаваць,— Іван сказаў гэта ад шчырай душы, бо Аленіны словы пра кніжкі, і прытым прыхільныя словы, падабаліся яму. Яму нават здалося, што гэтай шляхцянцы можна іншы раз даверыцца.

— А чаму ты на вячоркі не ходзіш? — пасля таго як высыпалі кашы, зноў запытала Алена.

— А хто мяне туды пусціць?

Алена засмяялася.

— А хто ж цябе не пусціць? Хіба Андрэй забароніць?

— Ды не, не Андрэй... Мяне не прымуць на вашы вячоркі, от што...

Алена залілася смехам.

— Ой!.. Ну і дурненькі!.. Хто ж гэта цябе не прыме? Прыходзь ды гуляй, калі хочаш.

— Не хадзіў я яшчэ на вячоркі... Нават дома не хадзіў.

І тут адбылося такое, чаго Іван ніколі не чакаў. Алена ўзяла яго за бараду, як маленькага хлопчыка, і зазірнула яму ў твар.

— Які ж ты харошанькі, Іван! Нездарма нашы дзеўкі, што коней пасвілі, так хвалілі цябе. «Дзе,— кажуць,— Андрэй сабе такога хлопца знайшоў?»

Іван гатовы быў кінуцца ад Алены прэч. Такога сарамацішча ён яшчэ не перажываў. «От да чаго давялі гэтыя цікаўныя позіркі... Ёй абы пасмяяцца...» Іван адчуў сябе дашчэнту прыніжаным, маленькім, нікчэмным. А яна, хітрая, як ні ў чым не бывала, зноў паглядала на яго, нават памагла насыпаць бульбу ў яго кош, бо ён ад хвалявання забыў пра ўсё на свеце.

У часе вячэры Іван не падымаў вачэй ад абруса. Ён добра стаміўся і прагаладаўся, але, адчуваючы на сабе Аленін позірк, не мог есці.

Андрэй не прыкмячаў, у якім стане знаходзіцца Іван. Ён быў рады. Бульба вырасла добрая, дні праз чатыры, калі пастаіць такое надвор’е і не пойдзе зацяжны дождж, работа будзе кончана. Астанецца толькі пераараць бульбянішча.

Іван тым часам, канчаткова знішчаны Аленінымі вачамі, зусім разгубіўся. Калі старая Аксеня паставіла на стол зацірку з малаком, ён паспрабаваў зачарпнуць яе відэльцам, якім дасюль даставаў з чыгуна бульбу. Алена пырснула смехам.

— Бедненькі! Ды ён заснуў за сталом! А яшчэ на вячоркі збіраўся!

Гэтага Івану было даволі. Ён падхапіўся з услона як апараны і выскачыў на двор.

— Што ты здзекуешся з хлопца! — крыкнуў Андрэй.— Сёння яму хапіла! Нямала і тваіх кашоў перанасіў ён!

— Дык што, і засмяяцца няможна, калі ён зацірку відэльцам чэрпае?

— Няможна! — не сваім голасам закрычаў Андрэй.— Са свайго... са сваіх засцянковых пасмейся!

— З каго свайго? — успыхнула Алена, і вочы яе пазелянелі.

— Дзеткі...— узмалілася старая Аксеня.— Ці было калі пры бацьку, каб за сталом сварыліся... Хіба ж можна...

— Няхай не здзекуецца з майго хлопца!.. Яна яму павячэраць не дала. А ён у гаспадарцы большы работнік за яе!

— Хіба гэта здзек, калі засмяялася?

— А ты б, дачушка, не заўважыла, што ён відэльцам чэрпае. Ён бы сам агледзеўся. Пайду пазаву.

— Не завіце, мама, бо ён не прыйдзе,— сказаў Андрэй.

У гэтым момант, як чорная бура, у хату ўварвалася крывая Настуля — Халустава жонка.

— Нашы рэжуцца! — сказала яна дзікім голасам.— Якаў адзін рады не дасць!

Адно тое, што Халустава жонка з’явілася ў яго хаце, Андрэй лічыў за вялікае дзіва, а тое, што яна гаварыла, не ўкладалася ў яго разуменні.

— Хто рэжацца? — запытаў ён, і позірк яго ўпаў на Алену, якая стаяла ў мыцельніку белая, як сцяна.

— Бацька і Мікалай,— адказала Настуля.— Якаў адзін нічога не зробіць.

— А Юзік?

— Яго чорт панёс у Мяцевічы. Там і заначуе.

— Не ідзі, Андрэй! — крыкнула старая Аксеня.— Яшчэ самога зарэжуць. .

— Якава ж не зарэзалі! — са звярыным гневам адказала Настуля.— А ён сказаў мне, каб бегла па цябе, бо іх ніхто не ўтаймуе.

— Добра, прыйду,— сказаў Андрэй, каб хутчэй выправадзіць з хаты гэтую страшную ведзьму.

— Не ідзі, Андрэй,— малілася маці.— Чорт іх не пабярэ. Хіба першы раз у іх гэта? Яшчэ самога...

Такія выпадкі ў Халуставай хаце сапраўды не былі навіною, і Андрэй хвіліну вагаўся, але ўспомніў Якава Шзмета. Мабыць, нялёгка яму там, калі дасылае па яго.

— Не, мама, пайду. Каб яны самі з сабой, то я і пальцам не варухнуў бы. Але ж гэтыя разбойнікі могуць невінаватага чалавека знявечыць.

Выйшаўшы на двор, Андрэй падумаў, што ўдвух з Якавам яны наўрад ці справяцца з Халустамі.

Мікалай, што рабіў у кузні, быў дужы як бык. Таму, праходзячы каля хаты Яна Сташэвіча, ён гукнуў у акно Тамаша. Той думай, што Андрэй кліча ў Жывіцы, і куляй выскачыў з хаты.

— Куды? — весела запытаў ён.

— Халустаў мірыць.

— Цьфу! — плюнуў Тамаш.— Ідзі ты к чортавай мацеры. Не пайду.

Андрэй яму расказаў, у чым справа.

— То пачакай, я вяроўку вазьму. Павяжам.

Ён забег у сені і вярнуўся з вужышчам у руках.

Тое, што яны ўбачылі ў Халуставай хаце, не паддавалася ніякаму апісанню. Сталы, лаўкі, табурэты — усё было раструшчана ўшчэнт. На падлозе разам з гэтым ламаччам валяліся чарапкі разбітага посуду, патэльня і паламаныя ажагі.

Стары Халуста з падпухлым носам і сіняком пад вокам стаяў у хаце пад абразамі, трымаючы ў руках вялізны нож. Акрываўлены яго твар быў такі азвярэлы, што на яго нельга было глядзець без жаху.

У другім куце насупроць Халусты стаяў яго малодшы сын Мікалай, самая ўдалая копія свайго вар'ята бацькі — Халуста ў маладосці. У яго таксама быў падбіты твар і кашуля падраная на шматкі. Дзіва было, як яшчэ яна трымаецца на ім. Ён глядзеў перад сабой азвярэлымі вачыма і, здаецца, нічога не бачыў.

— А-а! — зароў Халуста, калі ўбачыў Андрэя і Тамаша.— Накольнікі! Бандыты! Бі іх, Мікалай! Бі! Бі, гадаў! Ліха ма-ата-ры іх!

Ён рынуўся на Андрэя, але яго перахапілі Якаў з Тамашом, адабралі нож, звалілі на падлогу і пачалі вязаць рукі і ногі.

— Бі іх, Мікалай! Бі, шэльмаў! — клікаў ён на дапамогу свайго нядаўняга ворага сына, а сам выкручваўся, хрыпеў, малаціў нагамі і наравіў кусацца, як шалёны сабака. Андрэй асядлаў яго, але ўкручаны вяроўкамі Халуста ўсё яшчэ памыкаўся вырвацца.

Мікалай стаяў і нібы не разумеў, што тут адбываецца. Нарэшце да яго дайшло. Ён кінуўся на Андрэя, як раз’юшаны бык, але адляцеў ад яго, як мяч, і грукнуўся аб сцяну. Тамаш і. Якаў усселі на яго спераду і ззаду. Ён абхапіў іх сваімі дужымі ручышчамі і не адразу лёг. Андрэй пачаў скручваць яму рукі.

— Не вяжыце мяне, хлопцы,— прасіўся Мікалай.

— Трэба да ўрадніка ехаць,— не слухаючы яго, сказаў Андрэй.— Няхай абодвух забяруць, а мы тут сход збяром і прыгаворым засценкам, каб перасялілі іх куды-небудзь ад нас.

— У Маргі,— падказаў Тамаш.

— Але. Звяроў у лес.

Звязаны Яўхім Халуста тым часам качаўся па падлозе і на чым свет стаіць кляў Андрэя, Тамаша, Якава, свайго сына, Малінаўку, усё жывое і нежывое і «крывую кабылу», бо гэта яе работа, гэта яна надумалася пазваць Сташэвічаў.

— Заткні яму анучай горла, Тамаш,— сказаў Андрэй.

— Яшчэ затхнецца, тады адказвай за яго. Няхай крычыць, бяда вялікая.

Але, пачуўшы пра анучу, Халуста крыху супакоіўся.

— Андрэй,— прасіўся Мікалай.— Не вяжыце мяне... Я пайду ў гумно спаць.

— Ты, вар’ят, са злосці засценак падпаліш.

— Не... Не такі я шалёны. Толькі не вяжыце. Хіба ты не ведаеш майго бацькі! Толькі з кухні ў хату ўвайшоў, а ён без слова наляцеў на мяне і па мордзе раз, раз... Я адпіхнуў яго, дык ён нож схапіў,— бачыў, які нож, быка зарэзаць можна!

— Адпіхнуў. А якая ў яго морда!

— Дык гэта ж потым! Я абараняўся. Ён бы зарэзаў мяне...

— Зарэзаў бы! — зароў Халуста.— І ўсё роўна зарэжу, злодзей! І Сташэвічаў парэжу, ліха матары іх! І старую кабылу! І гэтага хамута — Якава!.. Не, я яго ў турму ўпяку, арыштанта!

— Як думаеш, Якаў? Што зробім з Мікалаем?

— Няхай ідзе спаць у гумно,— сказаў Якаў.

— А старога не развязвай датуль, пакуль не пачне плакаць і прасіцца.

Халуста скрыгануў зубамі.

— Накольнік! Ліха матары тваёй! Ты яшчэ здзекуешся! Я табе заплачу! Крывёю ты заплачаш!

— Хадзем, Тамаш, дадому,— сказаў Андрэй.— Прыйшлі мы сюды... Што ў цябе за кроў на руцэ, Якаў?

— Стары дурань парнуў... Таму я і пазваў цябе. Можа тут смерці і не было б, але калецтва было б... Уцягнуў я цябе ў гэты бруд, даруй... Але ж ніхто з малінаўцаў не прыйшоў бы сюды.

Андрэй, Тамаш і Якаў выйшлі на двор. Выйшаў і Мікалай. Услед ім крычаў Халуста:

— Усё роўна зарэжу, злодзея! Ліха ма-атары яго!

— За што вы сашчапіліся? — запытаў Андрэй у Мікалая.

— А чорт яго ведае. Дзесятка ў яго залатая згінула. Нехта з кашалька ўкраў.

— Твая, вядома, работа?

— Ды не! Я ж у кузні раблю, дык хіба ў мяне грошай не хапае!

— Юзік?

— Не. Ён на паўпляшкі са свірна возьме, а больш яму ні на што не трэба. Маці. Хіба гэта першы раз! Толькі раней да нажа не даходзіла. Ды яна і не брала больш за пяцёрку. А сёння — цэлую дзесятку. Ну, бацька і звар’яцеў. А яна ўкрадзе, схавае, у яе недзе сховань ёсць... Нас з бацькам звядзе на цэлую ноч, а сама схаваецца ў Нарбутовічаў. Але тыя разы Юзік быў дома, дык мы яго хутка... Пайду ў гумно.

— Нялёгка табе тут жывецца, Якаў,— сказаў Андрэй, калі Мікалай пайшоў.

— Сямейка, каб яе гром разбіў. Не дабуду я тут да канца.

На дварэ свяціў месяц, ціхая і ясная стаяла над Малінаўкай ноч. І ўсе трое выйшлі на вуліцу. Не хацелася разыходзіцца па хатах.

Андрэй з Іванам спалі ў гумне. Так няўдала кончыўшы вячэру, Іван, не заходзячы ў хату, адразу пайшоў у гумно. Думаў, што ўслед за ім прыйдзе і Андрэй. Пасцель іх была зроблена на мурожным сене. Андрэй прывёз з Волі невялічкі возік яшчэ ў сенакос, калі быў жывы бацька.

Спаць тут было добра, свежа, не кусалі скочкі, як у хаце. Цяпер, калі ночы сталі халаднейшыя, накрываліся кажухамі.

Іван адразу лёг, захутаўся з галавой і пачаў думаць. Калі так будзе і далей, то цяжка дасца жыццё ў Сташэвіча. Гэтая шляхцянка не дасць яму спакою. Івана апаноўвала злосць, але да яе прымешвалася і нейкае іншае пачуццё, якога Іван не разумеў. Сціплы, задумлівы, ён жыў працай і кнігамі. -Яго яшчэ не вабілі дзявочы смех і пяшчота. А тут гэтая Алена. Яна часта паўставала ў яго вачах, і нават тады, калі не думаў пра яе. Разгорне хлопец кніжку і замест радкоў бачыць яе твар з такой харошай усмешкай.

Стала горача, і Іван адкрыў галаву. У гумне было цёмна, толькі ў шчыліны між бярвен цякло месячнае святло, такое патаемнае і незразумелае, што Івану стала сумна. Калі ў гумне быў Андрэй, яны кожны вечар размаўлялі, пакуль не заснуць, і Івана тады нішто не трывожыла і не палохала. У гумне было ціха і спакойна. А сёння, як толькі адкрыў галаву, яго ўразілі шорахі, што чуліся з усіх куткоў. Здаецца, па сцірце канюшыны нехта прайшоў. Збоку зашалясцела сена. Потым скрып. Не ў дзвярах, а ў процілеглым баку, у куце гумна... І Андрэя так доўга няма...

Спачатку Іван не адчуваў страху. Яго проста здзіўлялі гэтыя незразумелыя гукі. Ён спрабаваў растлумачыць іх. Перш за ўсё мышы. Конікі. Іх у канюшыне шмат. Скрып — гэта асела страха. Здаецца, усё стала на сваё месца, але супакаенне не прыйшло. А тут успомніліся ўсе жахлівыя гісторыі з Гогаля: «Страшная помста», «Вій». Ведаў, што ўсё гэта глупства, але страх, нібы злодзей, прасачыўся ў яго душу. А можа сёння Андрэй зусім не прыйдзе ў гумно спаць? Хіба і самому ўцячы адсюль, ад гэтых патаемных гукаў і страшных думак! Але што скажа заўтра Алена? Тады трэба будзе зусім уцякаць адсюль дадому, у Чыжэвічы. І зніклі ўсе страхі! Іван устаў, ускінуў на плечы доўгі кажух і выйшаў на прыгуменне. Месячная асенняя ноч была ў самай сіле. Далёкім, нетутэйшым, казачным веяла адусюль. І цені ад дрэў і платоў, і цёмнае неба, усеянае зорамі, і Млечны Шлях, і невялічкія воблачкі, якія на хвіліну засланялі месяц, і яго скупое святло, што сеялася праз гэтыя воблачкі,— усё ўздымала нейкі небывалы настрой.

По небу полуночи ангел летел,

И тихую песню он пел.

И месяц, и звезды, и тучи толпой

Внимали той песне святой...

Іван успомніў гэты верш і адчуў вялікае шчасце, якое ўлілося ў яго грудзі і дало вялікі спакой і светлую ціхую радасць. Ён пайшоў у гумно і лёг на сваю пасцель.

Калі Андрэй прыйшоў ад Халусты, Іван ужо спаў.


РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Здалёк ён быў падобны на гаёк, які нейкім цудам уцалеў у той час, калі земляробы высякалі і выкарчоўвалі пад раллю лясы і гаі навокал.

У гарачыя летнія дні, калі сонца пякло неміласэрна і не было дзе схавацца ад спёкі, ён вабіў у засень старых ліп і бяроз, клёнаў і дубоў. Але ні малінаўцы, ні жывічане не адпачывалі там нават тады, калі жалі збажыну або касілі канюшыну каля самага могільніка. Лепш пасядзець пад капой ці пад бабкай, чым каля чыёй-небудзь магілы па суседству з нябожчыкамі. Яны туды адпраўляліся толькі на вечны адпачынак, і то не вельмі ахвотна: малінаўцы і жывічане сярэдняга веку былі жывучыя, цягавітыя, жылі доўга і паміраць не хацелі, як ні цяжка жылося, і не брала іх ніякая хвароба, хіба толькі ўвальваўся які-небудзь паморак: воспа або тыфус. Паміралі дзеці, і хоць многа іх нараджалася ў абодвух засценках, але гадавалася мала; розныя хваробы падразалі дзяцей як касой, таму на засцянковых вуліцах не вельмі весела і рознагалоса гучаў дзіцячы гоман і смех...

Пра гэта думаў Якаў Шэмет, калі падышоў да могільніка. Восень яшчэ не паспела пазалаціць усёй лістоты на дрэвах, але ўжо сыпанула на іх вераснёўскую фарбу. Ападала лісце з ліп, бяроз і клёнаў, толькі дубы стаялі нячэпаныя і непаўторныя ў сваёй прыгажосці і моцы. Таму могільнік быў прыгожы і цяпер. Пад навіслым галлём дрэў ляжалі курганчыкі магіл, пазарастаныя травой, абсыпанай лісцем, а над магіламі крыжы, крыжы... Высокія, у чалавечы рост, простыя і пахілыя, новыя і старыя, абламаныя і паваленыя. Крыжы, крыжы... Зрэдку на курганчыку помнік — дзікі камень, абгладжаны з аднаго боку, на якім высечана імя і прозвішча нябожчыка.

Прахожыя спыняліся тут, каб перачакаць спёку або схавацца ад дажджу, або нават проста пасядзець, адпачыць і пакурыць на адзіноце. Цішынёй і спакоем веяла ад усяго гэтага кутка, і чалавеку, які спыняўся тут, не маглі прыйсці ў галаву вясёлыя думкі.

Якаў памалу крочыў па дарозе, што вяла паўз самы могільнік. У яго не было прычыны спыняцца тут, але ён пачуў стук сякеры па дрэве і зацікавіўся, хто б гэта мог быць. У нядзелю чалавек з сякерай на могільніку, што ён тут робіць? Прайшоўшы яшчэ трохі, Якаў убачыў Сымона Ашакевіча, які агароджваў невялікую магілку.

— Ты што ж, Сымон, грэху не баішся? — запытаў ён, павітаўшыся.— Сёння ж нядзеля.

— А які гэта грэх, Якаў? — сказаў Сымон.— Я агарожу дома зрабіў, а тут толькі пастаўлю ды ўмацую. Я нават ямак не капаю, пастаўлю слупкі на каменях, і ўсё. Так яны і пастаяць даўжэй, бо не будуць гніць у зямлі.

Сымон палажыў на магілку сякеру, сеў сам і выняў тытунь.

— Закурвай, Якаў,— сказаў ён, падаючы капшук.— Ты кажаш — грэх. А які грэх! Перш за ўсё некальства, часу няма адарвацца ў будні дзень... Работа заядае... Гэта магілка мае дачкі. Першае маё дзіця... Восем гадкоў мела... Сёння роўна год, як памерла. Памінкі трэба было спраўляць, людзей паклікаць. А за што я спраўлю тыя памінкі, за якія грошы куплю гарэлкі, што пастаўлю на стол? Невыкружнае гора... Людзі абгавораць... Сымон дачкі памінаць не хоча... Яшчэ і бязбожнікам назавуць, што ў нядзелю агарожу стаўлю. Каналупам празвалі ўжо... Няхай даруе дачка на тым свеце, што бацька і памянуць яе па-людску не можа.

Гэтыя словы былі сказаны без скаргі, але са страшэнным болем і тугою. Яны дзерпанулі Якава за самае сэрца.

— Што ты, Сымон, так павесіў нос! — прамовіў ён.— Трэба думаць пра лепшае, а не пра смерць. А ты сам гатовы ў магілу легчы.

Сымон горка ўсміхнуўся.

— А там і будзе лепшае, Якаў,— сказаў ён.— Усе будзем на могільніку, і ты і я... Да таго і ідзём. Цела будзе адпачываць у зямлі, бо яно парахня, зямля ў зямлю пяройдзе... А душа! На тым свеце бог параўнае ўсіх, і багатых і бедных. Усе роўныя будуць перад богам — і цар і жабрак...

Позірк Якава ўпаў на камень-помнік, што стаяў збоку.

— Кажаш, усіх параўнуе бог на тым свеце? Пачытай, што напісана на гэтым помніку. «Здесь пакоится раб божий...» Бачыш: раб! І тут раб, і там раб, а не пан. Ты ведаеш, хто такі раб?

— Чаму ж не ведаю. Раб — значыць слуга...

— Але, Сымон, слуга. Вечны слуга! І на гэтым свеце, і на тым.

— На тым свеце будзе адзін пан — бог! І больш ніякіх паноў. А ўсе астатнія — слугі яго. Не будзе там ні паноў, ні цароў, усе будуць служыць толькі богу, аднаму богу.

— Так кажа поп у царкве, ксёндз у касцёле і рабін у сінагозе. Гаворка іх вядомая. А ты хіба забыў, колькі на небе святых? Ці пералічыш ты іх? І Мікола, і Пятро з Паўлам, і Ілья, і Іван. У адзін дзень сорак пакутнікаў святкуюцца. А там жа ёсць яшчэ анёлы, херувімы розныя ды серафімы. Адных толькі анёльскіх чыноў сем! Гэта ж усё нябесныя цары, каралі і паны, Сымон, чыны! Цяпер заўваж: нават багоў там тры ды багародзіца чацвёртая. А мы з табой і тут рабы і там...

— Сціхні, Якаў...— шэптам прамовіў Сымон, крануўшы Якава рукой.— Гэта немаведама што... Ты такое гаворыш, што аж страх бярэ...

— Хіба я няпраўду гавару?

— Я ніколі не думаў пра гэта, Якаў... Ніколі ў маю галаву не прыходзіла такая думка... Гэта ж проста страшна, калі падумаць.

— Але ж так яно і ёсць. Я хачу, каб ты зразумеў, што на той свет спадзявацца не трэба. Паны даўно туды напхалі столькі рознага панства, што толькі падавай ім рабоў божых. Работа ўсім знойдзецца. От ты, напрыклад, Сымон. На небе таксама ёсць святы Сымон. Калі ты памрэш, то гэта будзе першы твой пан.

— Ты ўжо жартуеш, Якаў...— прамовіў Сымон.— І, мабыць, так жартаваць грэх...

— Якія тут жарты, Сымон? Святкуем жа мы і Міколу, і Ілью, і Івана. Ды ці мала свят? Значыць, і тут на зямлі служым мы святым угоднікам, молімся ім, помачы ў іх просім, бо яны бліжэй да бога. Ці не так?

— Калі падумаць, то так...— няўпэўнена адказаў Сымон.

— От бачыш. А ці многа бачылі мы помачы ад бога? Ну от табе — многа памаглі святыя і бог?

— Я на бога не наракаю, Якаў... Я на яго не маю крыўды... Хіба ён адзін усім паможа?.. Людзі крыўдзяць адзін аднаго, гнятуць, от як твой гаспадар, а мой сусед Яўхім Халуста...

— І бог яго не карае, Сымон! Не! Ён нават памагае гэтаму злодзею.

— Да пары. Прыйдзе пара — і пакарае яго бог.

— А ты чуў прыказку: на бога спадзявайся, а сам не агінайся?

— Чуў... Але прыказкі розныя бываюць: і разумныя і неразумныя...

— Гэта прыказка разумная, Сымон. Шмат дзе людзі ўжо зразумелі, што на бога ім спадзявацца няма чаго, бо ён за багатых стаіць, і самі свой лёс здабываюць. За зброю бяруцца, за сякеры, за косы! Паноў выганяюць ды вось такіх жываглотаў, як Халуста.

— Чуў я, што бунты ідуць у Расіі, але ж гэта далёка ад нас... Ды што тыя бунты!.. Прыйдзе войска, і усе...

— А хто ў войску? Хіба салдаты не сыны сялян ды рабочых? А калі падымецца ўся Расія, то гэта ўжо будзе не бунт, а рэвалюцыя, і не хопіць у цара войска задушыць яе, бо і салдаты пойдуць за народам. Хіба салдаты не народ?

Сымон маўчаў. Цыгарка патухла ў яго руцэ. Ён кінуў яе і растаптаў нагой.

— Маўчы, Якаў... Каб хто падслухаў нашу гаворку... А я чуў пра бунты. Чуў... І дзякую табе, Якаў... От пагаварыў з табой, і надзея з’явілася... Цяжка жыць без надзеі. Можа ж такі дасць бог і дачакаемся лепшага жыцця.

— Бог не дасць, Сымон.

— Гэта я к слову...

— Тады закурым на расстанне, Сымон...

— Закурым. А куды ты ідзеш?

— У Дубею, да сястры. Сястра мая там замужам.

— То недалёка. А я думаю, куды ён бярэцца? Ты кожную нядзелю ў Чыжэвічы хадзіў, а сёння зусім у другі бок.

— Трэба сястру праведаць... Ну, дык бывай, Сымон, я пайшоў.

— Бывай, Якаў.

Асенняе сонца ўзнялося над зямлёй, і пашырэў кругагляд. Удалечыні, там, дзе, здавалася, неба сыходзіцца з зямлёй, вісела нейкая смуга, не то дым, не то туман. На поўначы, у тым баку, дзе Слуцак, сярод палёў густа стаялі вёскі, а на поўдні, пад Старочынам,— лес. Адвечнай тугой і нядоляй апавіты былі гэтыя прасторы, і вёсачкі здалёк нагадвалі могільнікі, закінутыя ў бок ад жыцця...

Якаў ішоў на захад. Ён прамінуў засценак Жывіцы і сігаў цяпер па палетку, на якім, як невялічкія люстэркі, то там, то сям блішчалі лужынкі-азярынкі. Да вёскі Дубеі было вярсты тры. Стаяла яна сярод лесу, невялічкая, хат пятнаццаць, зрубленых са смаловай сасны. Многа гадоў прастаялі гэтыя хаты, але і цяпер яшчэ былі жоўтыя, нібы толькі пабудаваныя. Моцныя былі хаты, але вельмі цёмныя, на два-тры акны, і тыя маленькія.

У прыгожым месцы ляжала Дубея, але зямля тут была вельмі бедная. Хоць на сажань у глыбіню капай — адзін пясок. Каля самай вёскі ды на агародах яшчэ сюды-туды, трохі расло, там і гною больш пападала, а на лясныя паляны пакуль завязеш які гной, то палову растрасеш па карчах ды па карэннях.

У хаце быў толькі швагер Апанас — здаравенны мужчына, пра якіх гавораць, што ён бы вяроўкай дуб спілаваў. Тым болей смешна было ўбачыць гэтага асілка над калыскай. Ён гушкаў і спяваў мядзведжым голасам:

— Лю-улі, лю-улі, а-а-а...

— Ты сёння за няньку ў хаце,— сказаў яму, павітаўшыся, Якаў.

— Бачыш, што яна са мной зрабіла, га? Гэта падумаць толькі, пакінуць чалавека з малым дзіцем на ўвесь дзень!

— Пра каго гэта ты?

— Пра Параску! Бачыш, якая твая сястра, га?

— А дзе яна сама?

— Не ведаеш, дзе? У Чыжэвічы пайшла... Пайду, кажа, у царкву, богу памалюся, а то ты, кажа, звалок мяне ў гэтую Дубею, я тут адубею! Чуў, га? — Апанас зарагатаў.— Я кажу: «Маліся дома». А яна: «У гэтым,— кажа,— лесе не богу маліцца, а па-воўчы выць». От хітрая, гадаўка... Садзіся, Якаў, у нагах праўды няма... І пайшла! Ты думаеш, яна богу маліцца пайшла? Гэ-гэ! Яна да Піліпа зойдзе, а Піліпава Лукер’я такая самая балбатуха. Яны да вечара будуць сядзець і адна адной гусці: гу-гу-гу, га-га-га. Ведаю я іх. Ці не праўда, га? А мне тут сядзі адзін, няньчыся з дзіцем... Добра, што закалыхаў, спіць, дзякуй богу. Ну, няхай спіць. Ці добра гэта мне, Якаў, га?

— Нашто ж ты яе пусціў?

— А хіба біцца з ёю будзеш? Пайшла ды ўсё. Я, калі жаніўся з ёй, дык думаў: от добра, маткі ў яе няма, не будзе да каго ўпрочкі ад мяне бегаць, дык от Лукер’я знайшлася. Скажы ты... Ну, як ты жывеш у Халусты, Якаў, га?

— Жыву! Як ты жывеш?

— Я ж табе кажу! Горш за ўсіх!

— Я не пра гэта пытаю.

Апанас падняўся з месца і ледзь не падпёр галавою бэльку. Быў ён малады, чырванатвары, кучаравы, з вясёлымі вачыма.

— Я жыву, Якаў. Чорт мяне не бярэ. Сям’я ў мяне малая. Свайго не хапае, але ж я ў лесе жыву: паленца ўкрадзеш, нешта з яго зробіш, прадасі... А ў лесе і грыб, і ягада. От з лесніком у мяне нелады пайшлі. Гэта горш, га?

— Якія нелады?

— Прыціснуў я быў яго ў лесе. Добра такі прыціснуў, ён аж пікнуць не мог.

— За што ж ты яго?

— Як табе сказаць... Калі разабрацца, дык праз Параску. Пайшла яна аднойчы ў баравікі, а мяне гэтак жа сама з малым пакінула. Прыбягае дамоў без баравікоў і без каша, але са слязьмі. «Чаго ты?» Кажа: «Ляснік злавіў, кош з грыбамі адабраў і таргавацца пачаў: або лажыся з ім пад куст — чуў ты, га? — або, кажа, і нагі тваёй у лесе не будзе...» Узяла мяне злосць. Грыба табе шкада, што ў панскім лесе вырас, і ты маю жонку за нейкую валяшчую лічыш. Я за сякеру ды з хаты, пайшоў у лес. А сцежкі мне там вядомы. Прыпільнаваў! Убачыў ён мяне і пасінеў. У яго ад страху і гніды падохлі... Прыціснуў я яго! Ён мне рукі і ногі цалаваў, абы я пусціў яго жывога. А я і не думаў забіваць яго, але толькі пастрашыць. От з таго ў мяне з ім і нелады. Чуў, га?

У калысцы пачуўся плач.

— Канец мне прыйшоў, Якаў,— застагнаў Апанас.— Прачнулася ўжо. Цяпер я да вечара...

Ён нагнуўся да калыскі, выняў з яе прыгожанькую заспаную дзяўчынку, такую ж кучаравую, як сам.

— А маленькая ты мая... Ужо мокранькая, га? Падай мне, Якаў, пялёнку сухую, вунь на коміне вісіць... А гэтую павесь на тое месца, няхай сохне... А цяпер я яе пакармлю... Недзе ж тут соска была... Ага, вунь дзе яна, за падушкай... Патрымай трохі, Якаў, сваю пляменніцу, а я з печы малако дастану.

Якаў узяў дзяўчынку, і яна даверліва прытулілася да яго. Мабыць, прывыкла яна да мужчынскіх рук. «Добрая твая душа, Апанас,— думаў Якаў, паглядаючы, як спраўна завіхаецца швагер каля печы.— Лесніка ты прыціснуў і яшчэ збіраешся прыціснуць, а от жонкі ў рукі ўзяць не сумеў...»

Апанас тым часам выняў з печы малако, паставіў яго на акно студзіць і пачаў вымаць з печы гаршкі.

— От добра, што ты прыйшоў, Якаў. Мне весялей будзе. От пакармлю дачушку, тады мы самі за стол сядзем. Чаркі няма, адкуль тая чарка, га? Я за ёй не ганюся.

— Не ганюся і я.

— От і добра.

Дарэмна Апанас наракаў на сваю долю. Дачка яго была не з плаксівых. Нассаўшыся малака, яна спакойна гуляла на ложку і гула ўвесь час, пакуль Апанас з Якавам палуднавалі.

— От такое жыццё, Якаў,— расказваў Апанас, прыбраўшы са стала.— Як са свае нівы саступіў, дык на чужой зямлі апынуўся, калі не на панскай, дык на казённай... Жывеш як пустадомак: ні калёс, ні атос, і кабылу чорт панёс.

Гутарылі доўга, нарэшце Якаў устаў.

— Пайду я ўжо, Апанас. Засядзеўся я ў цябе.

— Пасядзі яшчэ, швагер. Так ты спяшаеш да свайго Халусты, дагаджаеш вельмі яму.

— Я яму не дагаджаю.

— Дык чаго ж ты бяжыш? Пасядзі, мне весялей будзе, га? Яшчэ ж і Параскі няма, пачакаў бы яе, швагер...

Апанас пачаў зваць Якава шваграм, думаў, што гэта вельмі яму спадабаецца і ён пасядзіць з ім аж датуль, пакуль не прыйдзе Параска.

— Не, Апанас. Мушу ісці, справа ёсць.

— То ты не швагер, а свіння... Ведаю я твае справы — да дзевак бяжыш. Ці не праўда, га?

— Што праўда, то праўда,— усміхнуўся Якаў.— Ну, дык бывай здаровенькі, швагер.

— От чорт! Акурат такі самы, як Параска!

Якаў выйшаў з Дубеі на маляўнічую лясную дарожку, што вяла на Слуцкі шлях. Сёння думкі разбягаліся ў яго галаве, і ён не мог спыніцца на чым-небудзь адным. Да Слуцкага шляху было не больш за вярсту, і ён прайшоў гэтую вярсту неўзаметку. Спыніўся каля высокага крыжа, што стаяў на шляху, і агледзеўся. Ціха і пуста было наўкола, толькі з трывожным сумам гудзелі тэлеграфныя слупы. «Значыць, яшчэ не прыйшоў,— падумаў ён і сеў каля дарогі пад тоўстую сасну.— А можа і не прыйдзе?» Яму раптам стала сумна да болю ў душы. А тут яшчэ гэтыя слупы, нібы скардзяцца некаму на сваю долю. Ён адчуў пакутлівую адзіноту і бяздумнымі вачыма глядзеў на дарогу. Колькі часу пражыў ён тут, у родным кутку? Мала, вельмі мала... Ці даўно ён вярнуўся з горада, а здаецца — прайшлі гады. І не атрымаў яшчэ адтуль ніводнай весткі. Таварышы, вядома, не забудуць, а яна, мабыць, ужо забыла... Эх, Волька, настаўніца... Адабрала ты сэрца ў свайго вучня... Не раз збіраўся напісаць ёй ліст, прызнацца — і не мог... Саромеўся, як хлопчык...

Дастаў партабак і закурыў.

— А я даўно за табою наглядаю, Шэмет,— пачуў ён голас і падхапіўся з месца.

— Бялячыц! Я думаў, ты яшчэ не прыйшоў.

Чалавек гадоў пад сорак, няголены, гарбаносы, сіваваты і сутулы, падобны на гандляра, які па вёсках купляе ўсё, што прадаецца, стаяў перад ім і ўсміхаўся.

— Я даўно цябе чакаю, Шэмет. І панаглядаў трохі, які ты. Нявесела табе тут?

— Дэпо ўспомніў... Можа зойдзем у лес?

— Нашто? На, вазьмі ды схавай тое, што я табе прынёс.

Ён перадаў Якаву вялікі скрутак, і Якаў паклаў яго за пазуху.

— А цяпер мы пасядзім, пакурым, пагутарым, як сустрэчныя, і разыдземся. Нашто хавацца ў лес? Ды мне і часу няма доўга затрымлівацца.

— Дык расказвай, што новае... Я ж зусім тут ад' стаў...

— Усё новае ў скрутку, там матэрыялы другога з’езда. Наша партыя не паспела заснавацца і адразу раскалолася. Большасць пайшла за Леніным, меншасць — за Мартавым... Разбярэшся сам. Наш, рабочы, шлях — ленінскі шлях... Слухай мяне ўважліва, бо я паўтараць не буду...

Гаворка цягнулася больш за гадзіну, і калі яна кончылася, Якаў інакш зірнуў на белы свет. Нават тэлеграфныя слупы пачалі гусці так бадзёра, нібы гэта не слупы, а фабрычныя гудкі, якія абвяшчаюць забастоўку.

— Значыць, гэта наша першая і апошняя сустрэча на дарозе. Добра. Не ў мае гады валачыцца ад вёскі да вёскі, прыкідваючыся гандляром, які толькі таргуецца, а нічога не купляе. Станіслава Вярбіцкага я ведаю. Калі будзе патрэба, дасылай яго.

— Ну, дык бывай, Бялячыц. У мяне грудзі распірае ад радасці.

— Ці так яшчэ разапрэ! Пачакай, я табе не ўсё аддаў.— Ён выняў з халявы невялікі сіні канверт.

— Гэта прыватны лісток. Ад каго, табе лепш вядома. А цяпер жадаю табе ўсяго найлепшага, Шэмет.

Яны разышліся ў розныя бакі. А сіні канверт, што ляжаў у верхняй кішэні гімнасцёркі, грэў сэрца Якаву. Ён-то ведаў, ад каго гэты лісток. Хіба ён не пазнаў Вольчынага почырку?


РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ

Міхаль Рожка быў добры і шчыры хлопец, але ў яго іншы раз не хапала мужнасці і цвёрдасці. Астаўшыся без бацькоў на восьмым годзе, ён выгадаваўся ў панскім маёнтку. Можна ўявіць, якое гэта было гадаванне і выхаванне. Быў спачатку падпаскам, потым пастухом, а калі вырас і ўвабраўся ў сілу, стаў парабкам. Ён-то ведаў цану кавалку хлеба і ведаў смак гэтага кавалка. Часцей за ўсё горкі быў той кавалак, калі кідалі яго, як сабаку, ды яшчэ з папрокам, нібы ты яго не зарабіў і кормяць цябе з ласкі. І вось гэтая праклятая боязь страціць кавалак хлеба з маленства гняла яго. Асталася яна і тады, калі падрос. Будучы сталым чалавекам, ён усё яшчэ баяўся, што яго прагоняць, што прыйдзецца валачыцца, як бяздомнаму, і так, як у маленстве, дрыжаць за кавалак хлеба, можа выпрошваць яго. Гэта зрабіла яго беражлівым да сквапнасці. Ніхто з сяброў не ведаў, што гэты хлопец хавае кожную капейку, калі яна трапляе ў рукі. Ён зрабіўся да некаторай ступені самалюбцам, мог спакойна прайсці каля чужога гора і не звярнуць увагі. Аднак хлопец не зусім зачарсцвеў душой, бо ўвесь час жыў ў калектыве; не мог канчаткова зачарсцвець і таму, што лёгка паддаваўся і добраму і дрэннаму ўплыву.

Загрузка...