З польскага пераапрацавалі Далецкія.
Асобы:
ЯЗЭП КАРЫТА, шляхціц.
АДЭЛЯ, яго дачка.
ЮЛЬКА, пакаёўка.
МІХАЛКА БАГДАЛЕУЧЫК.
ЗМІТРУК, хурман Карытаў.
(Усё дзеецца на вёсцы ў Карыты
На сцэне, — шляхоцкая святліца.)
ЯЗЭП, пазней АДЭЛЯ.
ЯЗЭП (праз вакно). Адэля, Адэлічка, кінь паліваць кветкі.
АДЭЛЯ (за сцэнаю). Трэба-ж папаліваць кветкі, бо звянуць, пасохнуць.
ЯЗЭП. Гэтак-та гэтак: маладосць — блазнота, а усё кветкі, вецер па галаве лётае; хадзі, Адэля да мяне, калі кажуць.
АДЭЛЯ (за сцэнаю). Зараз, татачка, зараз!
ЯЗЭП. Хадзі-ж, бо маю да цябе пільны інтэрас.
АДЭЛЯ (за сцэнаю). А ўжо йду, татачка, йду.
ЯЗЭП. (адзін). Прычакаў! З гэнымі паненкамі раданькі сабе не дам. Адну дачку маю, а столькі клопатаў, што лепш мець капу сыноў. Пакуль не трэ' было замуж — то яшчэ сяк так было. А цяпер прыйшла пара аддаваць, і вось, дзякуючы ласцы Боскай, аддаю яе замуж ужо дваццаць гадоў! Усё неяк так выходзіць: ці той малец ёй па сэрцу не будзе, ці ён яе не ўпадабае. Ужо думаў, што маё дзіцятка Адэлічка й састарыцца ў дзеўках, ажно падкруціўся дзяцюк і не абы які!... Каб хаця ўпадабала яго мая Адэлічка!...
ЯЗЭП і АДЭЛЯ.
АДЭЛЯ (прыбягае з палівачкай у руках, у саламяным капялюшы). Прыйшла, татачка, да вас! Што вам трэба?
ЯЗЭП. Сядай, Адэлічка! Ці згадаеш, галубачка, аб чым буду з табой гаварыць?
АДЭЛЯ. Не згадаю, татачка!
ЯЗЭП. Няўжо-ж не згадаеш?
АДЭЛЯ. Дальбог не!
ЯЗЭП. Праўда, то-ж я табе нічога й не казаў. Як бы гэта табе вытлумачыць? Бо-ж яно паненцы трудна сказаць, не зразумее.
АДЭЛЯ. Татанька, гэта нешта дужа цікавае?
ЯЗЭП (цалуе яе). Толькі-ж не пужайся, мая ты зязюлька!
АДЭЛЯ. Надта-ж ужо зацікавілася я!
ЯЗЭП. Бачыш, мая дачушка, табе ўжо 38 гадоў...
АДЭЛЯ. Толькі што пайшоў трыццаць дзевяты.
ЯЗЭП (перапыняе яе й гаворыць далей). Гэта самая пара выйсці замуж. Ці не так?
АДЭЛЯ. Выбачайце, татанька...
ЯЗЭП. Знаю я вас: быццам і не хочуць, а за вачыма аж пішчаць да хлопцаў. Шэльмы!
АДЭЛЯ (круціць фартушок). Татанька, кіньце...
ЯЗЭП. Не перапыняю! Пара ўжо выйсці з дзевак!
АДЭЛЯ. Нікога я яшчэ не палюбіла.
ЯЗЭП. Праўда! Бо й перабіраеш ты, Адэлічка! Но, гэта цяпер ўсё роўна; што было, то было, а цяпер мая рада: не задзірай носа, бо малец — шчырае золата!
АДЭЛЯ (з радасцю). Ці прысылаў хто ў спаты?
ЯЗЭП. А, жэўжык, такі трапечацца тваё сэрца, дрыжыць...
АДЭЛЯ. Кінь, татанька, смяяцца з мяне. Але хто сватаецца?
ЯЗЭП. Сын майго добрага прыяцеля. Даўно я яго не бачыў.
АДЭЛЯ. (плешча у далоні). А які-ж ён?
ЯЗЭП. Цікавасць!?
АДЭЛЯ. Татанька, так які-ж ён?
ЯЗЭП. Не ведаю сам, бо сына ніколі ў вочы не бачыў. Калі ў бацьку ўдаўся, будзе зух, добры, удалы малец. З гэтага лісту даведаешся ўсю драбязу. Пачытай яго ў голас, то і я прыпомню сабе ўсё, аб чым ён пісаў.
АДЭЛЯ (бярэ пісьмо). Так гэта значыць ліст ад таго, хто сватаецца да мяне! (Прыціскае да сэрца ліст).
ЯЗЭП. Гэта-ж пісьмо не ад яго, а ад ягонага бацькі... Чытай-жа.
АДЭЛЯ (чытае). «Браток мой даражэнькі і дабрадзей! Не бачыў я цябе гадоў з дваццаць»...
ЯЗЭП. Пачакай... (Лічыць на пальцах). Але, праўда, як гэтыя гады праляцелі! Як сягоння помню, калі ты радзілася...
АДЭЛЯ (чытае ў голас). «Часам даводзілася чуць мне, што табе ўсё добра ручыць, і мне, дзякую Богу, не найгорш ідзе. Назбіраў трохі грошай і ўсё было-б доора, каб не сын: хачу яго ажаніць, а ён малец-гультай, з печы не злазіць»...
ЯЗЭП. Но, но, чытай далей.
АДЭЛЯ. — «Аж тут даведаўся, што ў цябе дачка падрастае, ды нават адзін мой сваяк дужа яе хваліць. Кажуць, ёй ужо мінула 18 гадоў»... (Задзівілася).
ЯЗЭП. Но, чаго-ж аадзівілася? То-ж даўно табе мінула 18 гадоў.
АДЭЛЯ. А няўжо-ж — мінула!
ЯЗЭП. Ну, дык чаго-ж вочы лупіш? Чытай далей!
АДЭЛЯ (чытае). «Спадзяюся, што твая дачка ўпадабае яго, бо малец, як шкло, як ядроная рэпа. А цяпер цалую з усяго сэрца й цябе, й маю спадзяваную нявестку». Як шкло! Чамуж, татанька, раней не паказаў мне гэнага ліста?
ЯЗЭП. Бо хацеў уцешыць цябе неспадзеўкі, а даўжэй хаваць сакрэту не мог. Восека — прышла тэлеграма, што сягоння прыедзе той Міхалка.
АДЭЛЯ. Зараз прыедзе?! Трэба-ж прыбрацца! Юлька! Юлька!
ЯЗЭП. Во гарачая. Адэлічка, пачакай, паспееш!
АДЭЛЯ. Але, татулька, зрабіце мне адну ласку!
ЯЗЭП. Якую, мая зязюлька?
АДЭЛЯ (круціць фартух). Не кажэце, татачка, колькі мне гадоў.
ЯЗЭП. Чаму-ж гэта?
АДЭЛЯ. Бо паненкі ніколі не кажуць, колькі ім гадоў.
ЯЗЭП. Ужо гэтага не зраблю. Каб ты была старая, то другая справа. Але 38 гадоў... што гэта значыць!... Майму бацьку было як жаніўся 55 гадоў, а матцы 45, і жылі яны з сабою ў добрым шчасці.
АДЭЛЯ. Але бачыш, татачка, ён крышку малодшы за мяне.
ЯЗЭП. Э!... два — тры гады, што гэта значыць, а лгаць я не лгаў і не буду.
АДЭЛЯ. (да сябе). Што тут зрабіць? Ага! ведаю! Калі ён запытае, колькі мне гадоў, скажэце, што мне мінула 25 — гэта-ж шчырая праўда.
ЯЗЭП. А не абыдзецца без гэтага?
АДЭЛЯ. Не абыдзецца!
ЯЗЭП. Мо, то ўжо для цябе зраблю гэтак.
АДЭЛЯ: Гэта праўда? Пабажэцеся!
ЯЗЭП. Да душы! Каб мне так сонца не ўбачыць!
ТЫЯ САМЫЯ, уваходзіць ЮЛЬКА.
ЮЛЬКА. Паны, нейкі незнаёмы чалавек прыехаў.
АДЭЛЯ. Да каго ён падобны?
ЮЛЬКА. З вялікім носам, з лупатымі губамі...
АДЭЛЯ. Ужо сэрца маё чуе, што гэта ён — трэба хуценька пераапрануцца. (Бяжыць вон).
ЯЗЭП. Гэта пэўна ён, а я не абуўся, не памыўся. Грышка, Іванка — каб вашы ногі вецер калыхаў — сурдут, боты, жыва, блазны! (Ідзе ў свой пакой).
ЮЛЬКА адна.
ЮЛЬКА. Гэта ён! Што за ён, які ён? Нейкі малец з вялікім носам... І смешны... Дзякуй Богу, што хоць такі прыехаў. Усё-ж такі навіна, а то можна памерці з нуды. Жыць такому маладому дзяўчаці, як я, між гэтых трухлявых грыбоў, не бачыць нікога, апроч пахтара й мужыкоў, то ўжо лепш памерці. Я ўжо пабажылася: калі выраблюся адгэтуль, то ні за якія грошы не пайду на службу ў вёску. Толькі Бог адзін ведае, калі гэта будзе. (Падходзіць да люстра). Трэба прычасацца. Няхай гэты гарадскі паніч пазнае, што і я гарадская, не якаясь вясковая.
ЮЛЬКА і МІХАСЬ.
МІХАЛКА (уваходзіць, азіраецца па святліцы). З сярэдзіны нічога сабе паказвае, зато з надворку адно сабачая буда. Хлявы — яшчэ нічога, а бровар зусім пакрывіўся. Але як пападзе гэта ўсё ў мае рукі ўсё наладзім. (Азіраецца па хаце). Прыбрана хата нічога, нічога сабе, толькі ніхто мяне не сустрэў. Пагляджу я ў люстра, бо з дарогі чалавек да сябе не падобны. (Падходзіць да лавы, дзе сядзіць Юлька. Юлька толькі тады ўбачыла яго).
ЮЛЬКА. Ах, Божанька!
МІХАЛКА. Ой, што гэта? (Зачапіў зэдлік і перавярнуўся).
ЮЛЬКА (засароміўшыся). Ой, спалохалася!
МІХАЛКА. I я сам спудзіўся.
ЮЛЬКА. Вы мусіць да пана Карыты?
МІХАЛКА (да сябе). Не йначай — дачка. (Смяецца). Не гэтулькі да пана Карыты, колькі да яго дачкі. (Да сябе). Удалося мне. Мусіць спадабала мяне, бо нічога не гаворыць.
ЮЛЬКА. Зараз і яны прыдуць!
МІХАЛКА (да сябе) Неяк і язык не варушыцца.
ЮЛЬКА. Зрабеце ласку, сядайце!
МІХАЛКА. Дзякую! Насядзеўся я на каламашцы. (Да сябе). Гарная дзяўчына! (У голас). Вы, паненка, мусіць не ведаеце, хто я такі?
ЮЛЬКА. А праўда не ведаю. (Да сябе). Далікатны чалавек і кажа да мяне «паненка».
МІХАЛКА. То-ж я Міхась Багдалеўчык.
ЮЛЬКА (скланіўшыся). Дужа рада пазнаць вас.
МІХАЛКА. А ведаеце, чаго я сюды прыехаў?
ЮЛЬКА. Не, не ведаю. (Да сябе). Чаго ён хоча?
МІХАЛКА. То вы не чыталі пісьма майго бацькі?
ЮЛЬКА (вырабляючыся). Не, тутака на вёсцы няма чаго чытаць...
МІХАЛКА. Але-ж вы можаце чытаць?
ЮЛЬКА. Ведама! — толькі тут на вёсцы...
МІХАЛКА. То мусіць паненка і не ведае, што я прыехаў сюды ў сваты?
ЮЛЬКА. I не чула аб тым.
МІХАЛКА. (да сябе). Я думаў прыехаць сюды на гатовае, аж туг яшчэ трэба круціцца каля яе. (Памаўчаўшы). Паненцы даводзілася бываць у горадзе?
ЮЛЬКА. Я жыла цэлы год у Беластоку.
МІХАЛКА. А гэта вялікі горад? Большы за наш Бельск?
ЮЛЬКА. А вы ніколі не былі ў Беластоку?
МІХАЛКА. Ехаў раз у Беласток з коньмі на кірмаш. Коні ў мяне на дарозе ўкралі ды вярнуўся дамоў, не пабачыўшы Веластока.
ЮЛЬКА. Шкада!
МІХАЛКА. I ўсё мне хочацца паехаць у Беласток.
ЮЛЬКА. І мне хочацца туды! (Уздыхаючы).
МІХАЛКА. (да сябе). Уздыхнула! Упадабала мяне (У голас). Як ажанюся, паедзем у Беласток.
ЮЛЬКА. Што! Возмеце і мяне з сабою?!
МІХАЛКА. Ведама!... як мне там жыць без вас? То-ж я не ведаў-бы, куды павярнуцца.
ЮЛЬКА. Э!... маніцё!...
МІХАЛКА. Дальбог, праўда! Не маню!
ЮЛЬКА. А што панскі бацька скажа на гэта?
МІХАЛКА. Цяпер тата не пускае мяне ў Беласток, але як ажанюся, буду жыць па-свойму.
ЮЛЬКА. Я вам шчыра падзякую!
МІХАЛКА. Пабачыце, паненка... там будзе ў нас жыццё...
ЮЛЬКА (засароміўшыся). Што вы кажаце?
МІХАЛКА. Я не смяюся! Тата сыпне нам грошы. (Цмок яе ў руку).
ЮЛЬКА. Што вы робіце?
МІХАЛКА (да сябе). Агонь, не дзяўчына! Дальбог!
ЮЛЬКА. Пусцеце мяне, мне трэба ісці!
МІХАЛКА. Дайце яшчэ ручку!
ЮЛЬКА. Бывайце здаровы! (Бяжыць).
МІХАЛКА (адзін).
МІХАЛКА. Вось так дзяўчына!... з ёю пагаварыць можна. Дасюль, бывала, кожная паненка так саб’е мяне з панталыку, што й раззяўлюся, і слова не вымаўлю. Мусіць толькі добра яна мяне ўпадабала, калі мы так з ёю спазналіся. Эх, тут скоранька спраўлюся, аж тата задзівіцца! А гаварыў ён мне, калі я ехаў (азіраецца): «Помні, барання галава, каб бяз жонкі не варочаўся, бо калі шосты гарбуз да хаты прывязеш (пяць ужо прывёз), то ўсыплю табе (азіраецца) пяцьдзесят бізуноў, ды памрэш старым мальцам»; і яшчэ гаварыў: «Глядзі, каб не была лішне маладая і старой пе бяры, бо захоча нас вадзіць за нос». Ажно тут папалася паненка ў самую меру, толькі суседзі будуць глядзець і аблізвацца гледзячы!
МІХАСЬ і ЯЗЭП.
ЯЗЭП. Ха! Ха! адразу згадаў, хто ты: такі твар, такі нос — чысты бацькаўскі нос.
МІХАЛКА. Не йначай Язэп Карыта!
ЯЗЭП. Так, дзетачка, так! Але як-жа-ж ты сюды прыехаў, Міхаська?
МІХАЛКА. Дык як? на каламашцы, паночку!
ЯЗЭП. Ды я не аб тое кажу. Ты з’явіўся да нас ўсёроўна як з дажджом, і ніхто цябе не бачыў уваходзячы.
МІХАЛКА. Чаму ніхто? То-ж я й гаварыў з васпанавай дачкою.
ЯЗЭП. Гаварыў ужо? Зух, удалы малец! Толькі парог пераступіў, ужо дзяўчатам галаву дурыць.
МІХАЛКА (зухуючысь). Го, паночку! да мяне бабы, як мухі да мёду... Я, паночку, раз у Бельску...
ЯЗЭП. Э, што было ў Бельску, то было. Ты кажы, як упадабаў Адэльку.
МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў!
ЯЗЭП. Пацешыў мяне! Удалая дзяўчына, даліпан?
МІХАЛКА. Удалая! Даліпан! Упадабаў яе за тое, што не такая язычлівая, як другія дзяўчаты, што зараз з чалавека кпіны строяць.
ЯЗЭП. А ты-ж не ўмееш сам каля дзяўчат хадзіць?
МІХАЛКА. Не дужа добра, бо дасюль найбольш каля быдла хадзіў.
ЯЗЭП. Вось і ўспомніў, як твой бацька дваццаць гадоў таму прыслужыўся мне...
МІХАЛКА. А ведаю, ведаю; бацька аб гэтым расказвае, калі толькі пару знайдзе.
ЯЗЭП. Падумай сябе — гнаў я валы на кірмаш у Гайнаўку, аж тут як ухопіць мяне хвароба ў Леўкове — ні рукою ні нагою! З валамі некуды дзецца, не стаяць-жа з імі у Леўкове, а паслаць з імі няма чалавека. Аж но, скуль ні вазміся — твой бацька. Я яго яшчэ і не знаў. Ён пагнаў валы ў Гайнаўку. Як пагляджу я на цябе, то ўсё гэтыя валы прыпамінаю. (Абнімаюцца). Рад я дужа, што табе сталыя жанчыны да ўпадобы.
МІХАЛКА. Отож-то, не люблю я такіх паненак, што вечна рагочуць, зубы выскальваюць.
ЯЗЭП. I я таксама. Я люблю бабу, калі ёй паўкапы стукне. Тады яна не блазніца, розум мае!...
МІХАЛКА. А колькі-ж панавай дачцэ гадоў?
ЯЗЭП. (папярхнуўшыся). Ей гадоў... мінула 23...
МІХАЛКА. Вось так штука!... Ніколі не падумаў-бы!
ЯЗЭП. А мінула, мінула ўжо!
МІХАЛКА. А я думаў, што ёй не больш як 18 гадоў.
ЯЗЭП. Отож-то. З вока не дасі ёй больш. Што-ж дзівіцца — маладая, рухавая. О, будзе твая жонка як гарэх! А што пачцівая, за гэта я галаву аддам.
МІХАЛКА. Дам веры!
ЯЗЭП (ідзе да дзвярэй Адэльчынай станцыі). Адэлька, хадзі жыва! Пан Міхал чакае цябе, не дажджэцца. (Да Міхалка). Яна зараз прыдзе. А ты мусіць і не снедаўшы... а?... кажы праўду?
МІХАЛКА. Праўда, не снедаўшы.
ЯЗЭП. I чалавек з цябе, Міхась, сядзіш і нічога не кажаш, што галодны. Зараз дамо паснедаць (Ідзе у правыя дзверы).
МІХАЛКА (адзін). Аж у вушах бурчыць, столькі нагаварыў. Ага, нехта йдзе... Нейкая старая кабета, не йначай цётка пана Язэпавай дачкі.
Уваходзіць АДЭЛЯ. МІХАЛКА прэцца да яе, цалуе у руку.
АДЭЛЯ (да сябе). Які шпаркі! (У голас). Вы мусіць прысталі з дарогі?
МІХАЛКА. Не, дзякую вам, спаў усю дарогу.
АДЭЛЯ. Як-жаж вы ўпадабалі нашу старонку?
МІХАЛКА. Дужа ўпадабаў. Асабліва бульба важная.
АДЭЛЯ. А то-ж вы тутака казалі, што спалі ўсю дарогу?
МІХАЛКА (засароміўшыся). Гэта бачыце, праўда, але хвурман разбудзіў мяне бульбу паглядзець.
АДЭЛЯ. То з вас, мусіць, заядлы гаспадар! Сядайце, будзце ласкавы!
МІХАЛКА. Дзякую вам, пані дабрадзейка. (Сеў здалёк)
АДЭЛЯ (Строючы міну). Сядайце бліжэй!
МІХАЛКА. Дзякую, мне і тут добра!
АДЭЛЯ. Я-ж вас прашу!
МІХАЛКА. Дзякую! (Сядае пры ёй на лаве).
АДЭЛЯ. Ці добра здароў ваш бацька?
МІХАЛКА. Дзякую, пані дабрадзейка. (Цмок у руку). Добра, толькі дужа многа есць.
АДЭЛЯ. (да сябе). Маладзенькі! Нічога не разумее. (У голас). Але-ж гэта не шкодзіць!
МІХАЛКА. Не, не шкодзіць, бо-ж і мае за што добра есці.
ТЫЯ САМЫЯ, ЯЗЭП (Хлапец нясе снеданне).
ЯЗЭП. Ага! папаліся! Варкуеце, сеўшы адзін пры адным на лаве. (Да Міхася). Ах ты баламут!
АДЭЛЯ. Да душы, брыдка!
ЯЗЭП. Міхалка!.. адразу на лаву і рамансуе!.. ці не так?
МІХАЛКА (задзівіўся). Што вы, паночку, я ж нічога...
ЯЗЗП. Сядзі ціха! Я-ж гэта люблю, я-ж люблю, калі кавалер умее дурыць галаву дзяўчатам.
МІХАЛКА. Што вы, паночку! я-ж, дальбог, нічога!..
ЯЗЭП. Не вырабішся!.. Сядай снедаць. У нас гавораць: Выспіся, наясіся, а тады гавары.
АДЭЛЯ. Просім сядаць. (Міхалка хоча сесці з канца. Язэп садзіць яго пры Адэлі).
ЯЗЭП. Сядайце разам, адзін пры адным!
МІХАЛКА. Калі тутка скразнік, я сяду гэтак, напроціў. (Сядае проціў Адэлі).
ЯЗЭП (паціху). Ага!.. жэўжык, хочаш сядзець напроціў, каб ляпей было тэлеграмы пасылаць.
МІХАЛКА. Я ніколі тэлеграмы не пасылаю снедаючы.
ЯЗЭП. А калі-ж?
МІХАЛКА. Найчасцей увечар, дабрадзею!
ЯЗЭП. Ну й жэўжык ты, скажу яшчэ раз, Міхалка! Увечары, кажаш, змеркам?
МІХАЛКА. Не, паночку, не папоцемку, пры агні.
ЯЗЭП. Пры агні, пры агні! Хай цябе качалка, а то-ж зух малец, што скажа, то смех — чысты бацька!
АДЭЛЯ (да сябе). Штукар малец. (Да Міхася). Ешце-ж больш на здароўе!
МІХАЛКА. Дзякую вам! (Да сябе). Што яны лапочуць?
ЯЗЭП. Еш, Міхаська! Што гэта? няўжо-ж з кахання і есці не хочаш?
АДЭЛЯ (скромна). То пан Міхал закахаўшыся.
ЯЗЭП. Што?! Увяз у каханні па самыя вушы?
МІХАЛКА (засароміўшыся). Што вы?!.. Што вы?!..
ЯЗЭП. Ага!.. пачырванеў! Не вырабішся цяпер! Ну й штукар ты!
АДЭЛЯ. Яшчэ, будзце ласкавы, для мяне зрабеце гэта.
МІХАЛКА. Дзякую! не здолею больш.
ЯЗЭП. Ці бачыш? глядзіць у тваю талерку. Знаю я гэтыя жарты ды гулі - кахання. Ведаеш што, Адэлічка? падсунь яму кусок з свае талеркі.
АДЭЛЯ. Калі не важуся, татанька!
ЯЗЭП. Калі любіш мяне, зрабі гэтак. Глянь у яго вочы, аж гараць.
АДЭЛЯ (засароміўшыся, падае сваю талерку). Вазьміце!
МІХАЛКА. Дальбог, не магу!
ЯЗЭП. Ага, ён хоча, каб ты сваею рукою дала яму кавалак проста ў зубы. Зрабі гэтак, зязюлька!
АДЭЛЯ. Калі ўстыдаюся!
ЯЗЭП. Не ўстыдайся! Вось гэтак! (Адэля бярэ на вілцы кавалак мяса: Міхась нічога не разумеючы, лупіць вочы на яе).
АДЭЛЯ. Вазьміце!
МІХАЛКА. Дзякую!
ЯЗЭП. Раззяўляйся барджэй. (Міхась раззявіўся). Зацьмякай-жа цяпер! Так, мае галубочкі, кахайцеся! Я стары пайду адсюль, бо дзе двое — там рада, дзе трое — там здрада. Вы маладыя, лепш уладзіцеся самі. Зух малец, няхай яго маланка! (Выходзіць са смехам).
АДЭЛЯ (ўстае ад стала). МІХАЛКА (сядзіць стале як калода).
МІХАЛКА (да сябе). Што гэтаму старому сталася? Чаго гэта ён так выляцеў. Чаго нас адных пакінуў? Няўжо-ж нам удваіх скончыць гэту пячонку?
АДЭЛЯ (да сябе). Сядзіць пры стале, то дурны. (Кашляе).
МІХАЛКА (да сябе). Сухоты яе душаць, ці што.
АДЭЛЯ (да сябе). Трэба пачаць гутарку. (У голас). Вось і асталіся адны...
МІХАЛКА (ўстае). Пані дабрадзейка, я пайду адсюль, калі вам патрэба.
АДЭЛЯ. Чаго-ж вы? — заставайцеся. Адно толькі паненцы няпрыгожа заставацца адной самой з кавалерам...
МІХАЛКА. А якая-ж тут паненка ў пакоі?
АДЭЛЯ (да сябе). Што ён гаворыць? (Да Міхалка). Што вы гэта мяне не бачыце?
МІХАЛКА. Бачу, бачу вас, пані дабрадзейка, я-ж, дзякуй Богу, не сляпы.
АДЭЛЯ. Чаму гэта вы да мяне гаворыце: «пані дабрадзейка».
МІХАЛКА. Як-то?!.. Як-то чаму? З пашаны.
ЮЛЬКА (уваходзіць, стаіць здалёк).
АДЭЛЯ. Няўжо-ж вы не маеце для мяне больш нічога, апроч пашаны?!
МІХАЛКА (да сябе). Гасцінца хоча. (У голас). Я-ж не з кірмашу еду.
АДЭЛЯ. Ой, гэта кепскія жарты!
МІХАЛКА. Кепскія жарты?
АДЭЛЯ. Каб мой тата быў тут, даў-бы вам за гэта.
МІХАЛКА. Ваш тата? То ваш тата яшчэ жыў?
АДЭЛЯ (зазлаваўшы). Ну, гэта ўжо лішнія жарты!
ЮЛЬКА (да сябе). Ён не ведае, што гэта пана Язэпава дачка.
МІХАЛКА. Выбачайце, пані дабрадзейка, але я не ведаю, чаго вы сварыцеся?
АДЭЛЯ. Не ведаеце?
МІХАЛКА. Ваш бацька мусіць дужа стары чалавек?
ЮЛЬКА (ціха да Міхалка). Перастанце, гэта-ж дачка пана Язэпа.
МІХАЛКА. Ці-ж праўда?
АДЭЛЯ (са злосцю). Дось ужо гэтых жартаў, што вы строілі снедаючы, але гэтыя ўжо цераз меру кепскія! (Выходзіць).
МІХАЛКА і ЮЛЬКА.
МІХАЛКА. Так гэта дачка пана Язэпа?! А я думаў, штэ гэта ваша цётка.
ЮЛЬКА. У самую пару перасцярагла я вас.
МІХАЛКА. Дзякую вам сардэчна! Толькі цяпер сцяміў я: то-ж пан Язэп гвалтам сватаў мне яе за снеданнем.
ЮЛЬКА. То-ж вы й дзеля гэтага прыехалі сюды.
МІХАЛКА. Ведама, але-ж не дзеля старой дачкі, калі ёсць меншая і харашэйшая. (Кланяецца Юльцы).
ЮЛЬКА. А то-ж у пана Язэпа адна дачка.
МІХАЛКА (задзівіўся). Адна. А хто-ж вы будзеце?
ЮЛЬКА. Я Юлька, тутэйшая пакаёўка.
МІХАЛКА. Па-ка-ёў-ка?...
ЮЛЬКА. Але, пакаёўка.
МІХАЛКА. Чаму-ж вы мне гэтага раней не сказалі?
ЮЛЬКА. Я не думала, што вы палічыце мяне за панскую дачку.
МІХАЛКА (ў перапузе). Ой-ой! то-ж цяпер мне трэба жаніцца з гэтаю старою кабылаю.
ЮЛЬКА. А ўжо так выходзіць.
МІХАЛКА. А колькі-ж ёй гадоў?
ЮЛЬКА. Не ведаю.
МІХАЛКА. От так жонку прывязу да-хаты!
ЮЛЬКА. Чаго-ж зажурыўся? То-ж вам няма ніякай прынукі з ею жаніцца.
МІХАЛКА. Як не? То-ж калі бацька не дасць веры, што яна была старшая за мяне, то мне будзе так... (Паказвае ў паветры, як сцёбаюць).
ЮЛЬКА. Не выдайце мяне, то я вам дам раду.
МІХАЛКА. Праўда?! За гэта я завязу цябе ў Беласток, што ты так упадабала.
ЮЛЬКА. Добра! Будзце так добрай мыслі, а тымчасам бывайце здароў, нехта йдзе. (Бяжыць).
МІХАЛКА, ЯЗЭП і АДЭЛЯ.
ЯЗЭП (пачынае за сцэнаю). Супакойся, Адэлічка, гэта былі толькі жарты!...
МІХАЛКА. Ой, аж з душы прэць (Стаіць збоку).
ЯЗЭП. Хто любіцца, той чубіцца, — гэта ўжо старая прыказка. (Цягне яе гвалтам).
АДЭЛЯ. Я гэтага ніколі не забудуся!
ЯЗЭП. От, знайшла аб чым думаць. (Угледзіўшы Міхася). Глянь, стаіць як авечка, чуе, што лішне сабе пазволіў, але як ажэніцца з табою, паправіцца. Ці-ж не так, Міхалка.
МІХАЛКА. Праўда, пане! (Да сябе). А Юльці няма!
ЯЗЭП. Не гневайцеся-ж ужо, загаварыце адзін да аднаго.
АДЭЛЯ (апусціўшы вочы). Я ўжо выбачаю.
ЯЗЭП. А ты, Міхась, прасі выбачыць, скажы-ж, што нічога дрэннага не зрабіў, от жарты як у маладых, прасі-ж выбачыць.
МІХАЛКА. Прашу выбачыць, панна Адэля!
ЯЗЭП. Цяпер ладна! Пацалуйцеся добра. (Цягне Міхалку). Хадзі, не спрачайся: жарты строіць умее, а цалавацца ўстыдаецца.
МІХАЛКА. Дальбог не!
АДЭЛЯ. Што вы, тата, робіце?!
ЯЗЭП. Ужо не сцярплю чакаць. (Міхалка і Адэля цалуюцца).
МІХАЛКА. (Убок). Цьфу! (Адэля ўцякае ў дзверы).
ЯЗЭП. Гэтак то люблю. Цяпер можаце усё роўна, як пазапоінах сабе казаць: «ты», проста. (Убачыўшы, што няма Адэлі). Ага! уцякла, засаромілася зязюлька.
МІХАЛКА. Няхай яе немач, такую зязюльку!
ЯЗЭП. А што, Міхалка, салодка было цалаваць?
МІХАЛКА. Здаецца, крышку трухою пахне.
ЯЗЭП. Што? Мая дачка трухою пахне?!
МІХАЛКА. Да не дачка, пячэнне.
ЯЗЭП. Так ты і зразу гавары, а то я хацеў ужо злаваць.
МІХАЛКА. (да сябе!). Паспытаем яшчэ апошнюю раду. (У голас). Які пан пасаг дасі за дачкою?
ЯЗЭП. Ага! хоча канчаць, упадабаў маю Адэльку.
МІХАЛКА. I гэта праўда. Ды й бацька наказваў мне, каб не жаніўся без пасагу пяць тысячаў.
ЯЗЭП. Не бойся, Адэльцы дам пад падушку дзесяць тысячаў.
МІХАЛКА. (да сябе). Няма ўжо ратунку!
ЯЗЭП. Уцешыўся, а я табе яшчэ скажу: з унукамі гультаваць не будзеце, то яшчэ накіну.
МІХАЛКА (з апошніх сіл). Што воліце: дачку, ці дзесяць тысячаў?
ЯЗЭП. Не згадаю, нашто табе гэта патрэбна ведаць, але калі прыдзецца выбіраць, то-ж ляпей дачка, чым дзесяць тысячаў.
МІХАЛКА. А маркотна вам будзе без дачкі?
ЯЗЭП. Што-ж рабіць, прывык я да гэтай шчэбятухі, але ўжо нічога не зробіш.
МІХАЛКА. Чаму нічога! Дайце мне дзесяць тысячаў, а я вам пакіну дачку!
ЯЗЭП. Ха! ха! ха! Табе ўсё жарты ў галаве, а каб я цяпер прыстаў да цябе... аддай Адэльцю, то ты бы яе і за мільён не аддаў. Раскажу я ёй усё, вось будзе смеху, ха, ха, ха!! (выходзіць).
МІХАЛКА. (адзін). Якія-ж тут смешкі, якія-ж тут жарты? Я ўсё гэта зрабіў-бы за дарма, каб не баяўся бацькі; няхай тата даведаецца, што вырабілася ад мяне паненка на дзесяць тысячаў пасагу, то жыцця мне ў хаце не будзе... А гэта Юлька дурыла галаву, што паможа мне не яе гэта сіла, смачны жабе арэх, ды зубоў Бог не даў. Ось Юльцю ўзяў-бы за жонку, каб не баяўся бацькі... Чаму-ж гэта не яна дачка пана Язэпа...
МІХАЛКА I ЮЛЬКА
ЮЛЬКА (уваходзіць; ціханька да сябе). Сташь зязюлёк маркотны і не ведае, што я для яго раду маю.
МІХАЛКА (ўбачыўшы Юльку). Прышла-ж такі? Ты-ж гаварыла, што мне паможаш, ажно я блізка, што пасля запоін.
ЮЛЬКА. Ужо? якім парадкам?
МІХАЛКА. Прыпёр мяне пацалаваць яе, цьфу!
ЮЛЬКА. Ну і што?
МІХАЛКА. Ну й пацалаваў.
ЮЛЬКА. Смачна было?
МІХАЛКА. Ей то смачна было, аж аблізалася.
ЮЛЬКА. Куды-ж вы яе пацалавалі?
МІХАЛКА. Ну куды-ж — у лупы.
ЮЛЬКА. А што-ж яна?
МІХАЛКА. От, быццам засаромілася ды ўцякла.
ЮЛЬКА. А калі-ж вяселле?
МІХАЛКА. (ў перапузе). О, ёй! Няўжо-ж мне трэба жаніцца, няўжо-ж няма ўжо ратунку!
ЮЛЬКА. А што-ж, калі пацалавалі, то па закону, значыць, па праву, ўсё прапала.
МІХАЛКА. I што-ж мне было рабіць. Сама яна выставілася, а бацька стаяў нада мною, як чорт над грэшнаю душою.
ЮЛЬКА. Ну і чаго-ж замаркоціліся? будзе ў вас жонка. гаспадарка...
МІХАЛКА. Няхай яно прападзе, з гэтакай гаспадаркаю. (Соладка). А ты Юлька, будзеш у нас служыць за пакаёўку?
ЮЛЬКА (шчырыць зубы). Абы паны мяне захацелі...
МІХАЛКА (падсоўваючыся да Юлькі). Мусіш служыць у нас, нам будзе весялей.
ЮЛЬКА. А мне здаецца, што з гэтага нічога не будзе.
МІХАЛКА. Чаму так?
ЮЛЬКА. Бо вы не ажэніцеся з маею паненкаю.
МІХАЛКА. Ага, не ажанюся!
ЮЛЬКА. Я-ж вас выратую.
МІХАЛКА. Як? як?
ЮЛЬКА. То-ж вы казалі: вашаму баццы трэба даведацца, што панна Адэля старэйшая за вас.
МІХАЛКА. Гэт праўда, але што далей?
ЮЛЬКА. А калі вы яго пераканаеце?!
МІХАЛКА. Чым-жа яго пераканаць?
ЮЛЬКА. Мэтрыкаю!
МІХАЛКА. Але мэтрыку трэба мець у руках, а лягчэй вырваць з зямлі дуб-сталетак, чым мэтрыку ў старой панны.
ЮЛЬКА. А што будзе, калі я дастану?
МІХАЛКА (ў радасці). Што ты! толькі без жартаў, бо я чуць не плачу ад радасці!
ЮЛЬКА (паказвае паперу). Праўда, мэтрыка. (Чытае)
МІХАЛКА. Ёй 38 гадоў! Хадзі, Юлька, пацалую, адплачуся я табе, завязу цябе ў Беласток.
ЮЛЬКА. Толькі-ж не кажэце, што мэтрыку я дастала!
МІХАЛКА. Добра, добра!.. 38 гадоў... Добрая рэч гэтыя мэтрыкі!
ТЫЯ САМЫЯ. ЯЗЭП. (уваходзіць і чуе апошнія словы).
ЯЗЭП. Якія мэтрыкі? аб якіх мэтрыках тут гутарка?
ЮЛЬКА (тузае Міхася за рукаў). Маўчыце-ж!
МІХАЛКА. Э, гэта конскія мэтрыкі; Юльця не дае веры, што коням пішуць мэтрыкі.
ЯЗЭП. Вядома, кожны заводны конь мае мэтрыку. То ў цябе конская мэтрыка ў руцэ?
МІХАЛКА. Але, гэта маёй кабылы мэтрыка.
ЯЗЭП. Каштанкі?
МІХАЛКА. Гэтай самай, каштанкі.
ЯЗЭП. А што-ж, кабыла нічога, спадабалася мне.
МІХАЛКА. Дапраўды? (Да сябе). Старая падла й сляпая.
ЯЗЭП. Ведаеш, што я скажу табе: ёсцека ў мяне такая самая кабыла і ніяк пары не знайду, можа памяняем.
МІХАЛКА. Чаму-ж не, мяняцца коньмі я люблю; скажэце прывясці яе.
ЯЗЭП. Чаму не! (Праз вакно). Змітрук, хадзі сюды!
ЗМІТРУК. (за вакном). Што пану трэба?
ЯЗЭП. Вывядзі каштанку пана Міхала пад вакно, ведаеш каторую?
ЗМІТРУК. Каб не ведаць...
ЯЗЭП. Упадабаў кабылу: мусіць добрая і рослая.
МІХАЛКА (да сябе). Ну і пазнаўся. (У голас). Так, па ночку, гэта зграбная, шпаркая, чыстая канінка, добрая вам будзе пара.
ЯЗЭП. (глядзіць у вакно). Вось і вядуць тваю кабылку.
МІХАЛКА (да сябе). Ужо буду хваліць яе так, як ты сваю дачку.
ЯЗЭП. Упадабаў! і рысь добрая.
МІХАЛКА. А прыгожая, як абразочак?
ЯЗЭП. Но, ўжо як абразочак, ці не залішне, Міхалка. А колькі ёй гадоў?
МІХАЛКА. Чатыры гады мінула. (Да сябе). Старая падла.
ЯЗЭП. Чатыры гады мінула гм... А колькі хочаш за яе?
МІХАЛКА. Дайце мне 200 злотых і пару да мае шпачкі. (Да сябе). Падкаваў ужо я яго.
ЯЗЭП. Зяцю дам ужо 150 злотых і добрага коніка да тваёй шпачкі, добра? З палы на палу!?
МІХАЛКА. З палы на палу. (Да сябе). Сам ашукаўся.
ЯЗЭП. На грошы, каб зразу скончыць.
ТЫЯ САМЫЯ. Уваходзіць ЗМІТРУК.
ЗМІТРУК. Паночку!
ЯЗЭП. А што?
ЗМІТРУК. Кабыла гэтага пана разбіла сабе галаву.
ЯЗЭП. Калі-ж гэта?
ЗМІТРУК- А вось цяпер. Мы яе пусцілі, а яна, йдучы да стайні, выцелася галавою аб слуп і скалечылася.
ЯЗЭП. Якім парадкам?
ЗМІТРУК. Ды такім парадкам, што гэта кабыла сляпая.
ЯЗЭП. Як гэта, чатыры гады ды сляпая.
МІХАЛКА (да сябе). Вось уцешыцца тата, як скажу яму ўсё гэта.
ЗМІТРУК. Ды ёй ужо з 20 гадоў; ні воднага зуба.
ЯЗЭП (Да Міхалка) 20 гадоў, а што ты казаў, мінула чатыры.
МІХАЛКА. Мінула чатыры гады, як вашай дачцэ 23.
ЯЗЭП. Ты з кім маю дачку раўнуеш?!
МІХАЛКА. Я так таргую коньмі, як вы дачкою.
ТЫЯ-Ж САМЫЯ. Уваходзіць АДЭЛЯ і стаіць пры дзверах.
АДЭЛЯ. Што тут за крыкі?
ЯЗЭП. Я-ж вам не сватаю сляпой дачкі.
МІХАЛКА. Хоць яшчэ не сляпую, але старую.
ЯЗЭП. Што? як вы смеяце?
МІХАЛКА. Але! смею, бо маю мэтрыку панны Адэлі ў руках.
АДЭЛЯ. (йдзе уперад).Татачка, грубіян!
ЯЗЭП. Цяпер хоць на каленах прасі, дачкі не дам!
АДЭЛЯ. I я не пайду за такога.
ЯЗЭП. Падам цябе ў газеты. Усё жыццё будзеш старым мальцам!
МІХАЛКА (у дзверах). Вось напалохаў, што-ж вы мне зробіце, калі я газэт у рукі не бяру. Юлька! едзем!
ЗАСЛОНА.