МІКІТАЎ ЛАПАЦЬ М. КУДЗЕЛЬКА

Камедыя ў ІІ-х актах

Асобы:

ЯУМЕНЬ — селянін

ГРЫПІНА — яго жонка.

ЗОСЬКА — іх дачка 19 год.

ДАР’Я — іх суседка.

САУКА — яе сын, 22 г.

МІКІТА.


АКТ I.


(Двор — абапал хаты. За вуліцай садок).


З’ява I.

ДАР’Я (адна).


ДАР’Я. (З аўсом у прыполе кліча курэй). Ціп! ціп! ціп! Ціп! Дзе-ж яны падзеліся? Каб часам зноў не пайшлі нясціся ў суседаву крапіву. Вось бяда з курамі! Бадай іх каршун! Ціп! ціп! ціп! ціп! Кур! кур! кур! Не дарма, мусіць, людзі кажуць, што суседзі нешта ведаюць, што ў іх не свае куры нясуцца ў хаце, але чужыя прыходзяць нясціся.


З’ЯВА II.

ДАР’Я — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Праз акно). Каб ты не ведала ні святых каляд, ні асенніх дзядоў, калі ў мяне чужыя куры нясуцца. Вось ты так праўда, то кожную раніну аўсом, ды ячменём прынаджваеш да сябе чужых курэй! Выдра ты. Пляткарка! Шкада святой серады, а то аблаяла-б як суку.

ДАР’Я. Суседачка! Я-ж на вас нічога дрэннага не кажу. Што ў вашай крапіве мае куры нясліся — гэта праўда, твой мужык Яўмень не дасць маніць... Але-ж я не кажу, што вы іх бралі!... Няхай мяне пярун заб’е, калі я дарэмна каго выдзіраю. А калі яйцы мае прападалі, мо' іх ела ваша сучка.

ГРЫПІНА. Сама ты сучка! Гадаўка! Цьфу! Гаварыць з табой не хачу! (Зачыняе акно).


З’ЯВА III.

ДАР’Я. (адна)


ДАР’Я. Не разумею чаго яна да мяне чэпіцца кожны дзень.


З’ЯВА IV.

ДАР’Я — САУКА.


САУКА. (Выходзіць з хаты). Мама! Навошта вам сварыцца з суседзямі?

ДАР’Я. Мой сынок! Ці-ж гэта я? Гэта-ж яна першая пачала.

САУКА. Яна пачынае, а вы ўзялі ды пайшлі-бы ў хату: што людзі скажуць, чуюць што-дзень сварку на нашым двары.

ДАР’Я. Гэтак, то гэтак... Але чаго-ж яна да мяне лезе заўсёды?

САУКА. Няўжо-ж не разумееце за што, ўсё за тое.

ДАР’Я. Што дачкі не хоча за цябе аддаць? Мы-ж сілком не бярэм... Чаго сварыцца... Захочаш жаніцца, дык такое дабро знойдзеш.

САУКА. Не кажыце гэтак, бо Зоська мяне ўсёй душою любіць і бацька згаджаецца; вось толькі маці ніяк...

ДАР'Я. I ліханька яе бяры... Але не дажджэ яна! Я ёй такую штуку падстрою, іакога вараб'я падпушчу, што яна сама прыдзе маёй ласкі прасіць. Вось пабачыш. Здохну я, калі ёй не аддзякую за яе сварку!... Лахта гэта! Як пачнецца раніца — і пачынае лахтаць языком, як траплом! Сутрымаеш язык, пачакай толькі! (Ідзе ў хату).


З’ЯВА V.

САУКА (адзін)


САУКА. (Знімаючы касу са сцяны). Эх, бяда з гэтымі старымі... Не тое, дык тое. Не за курыцу, дык за яйцы, а ўсё сварацца. Ніяк іх пагадзіць не можна. Не ведаю, што даў-бы, каб толькі яны жылі ў згодзе... Мо’ хутчэй Зоська была-б маёю. Гэтак я яе страшэнна кахаю... Дзе не йду, а усё аб ёй думаю. (Уздыхае).


З’ЯВА VI.

САУКА — ГРЫПІНА.


ГРЫПІНА. (Уваходзіць). Аб кім гэта, пане дабрадзею, думаеш?

САУКА. Ды вось думаю, як-бы сенажаці хутчэй касіць скончыць. А цяпер пайду ў садок цялятам травы выкашу.

ГРЫПІНА. Аб сенажаці думай сколькі сабе хочаш, а вось аб Зосьцы кінь думаць. Не раз казала і цяпер кажу, што яна табе не пара... За такога, як ты, я, яе не выдам; няхай лепш у дзеўках сядзіць... Што ў цябе ёсць? Зямлі кавалак, ды хата небам крытая!...

САУКА. Мне здаецца, цётачка, што лепш выйсці за беднага, калі яго кахаеш, чым за багатага, ды не любага...

ГРЫПІНА. Што з твайго кахання: спадніцу пашыеш, ці хлеб есці будзеш? Лепш Бога не грашы і людзей не смяшы, хлапец! Шукай сабе такую, які сам ды жаніся, а на Зоську не спадзявайся, бо нічога не будзе... Знайшоў каго пакахаць?! (Ідзе ў хату).


З’ЯВА VII.

САУКА. Ці я вінават, што яе кахаю... Мо'-б я і не хацеў кахаць, але сэрца. А што я беднейшы за яе... і тут не вінен... Няўжо ў свой час ім не прыходзілася кахацца і гэтак хварэць, як хварэю я, не... мусіць не..., бо каб ведалі яны, як гэта цяжка... Эх! Убогасць усяму віна. Але Зоська?! Яна шчыра кахае, не гледзячы, што я бедны... Бацька дакляруе нават дапамагчы чым колечы, а маці і гаварыць не хоча...


З’ЯВА VIII.

САУКА — ЗОСЬКА.


ЗОСЬКА. (Бягуны з вуліцы). Ой, вой! вой! вой! Савачка барані мяне... (Мікіта паказваецца з-за вугла і хаваецца).

САУКА. Што? Што такое?

ЗОСЬКА. Вой утамілася. Гэта-ж той дурань гнаўся за мною.

САУКА. Хто? Які дурань?

ЗОСЬКА. Які дурань! Адзін-жа ў нас дурань — Мікіта.

САУКА. (Смяецца). А бадай цябе! I ты яго спалохалася?

ЗОСЬКА. Заўсёды за мной гоніцца, кажа — кахаю цябе, жыць без цябе не магу.

САУКА. Ну, значыцца кахае...

ЗОСЬКА. (Злосна). Ідзі ты вон разам з ім!... Як да нас прыходзіць, я да хаты ўцякаю, альбо яго качаргою ганю вон... Ты заступіся за мяне!

САУКА. Ну добра, заступлюся.

ЗОСЬКА. А ці сёння мацеркі нашы не сварыліся?

САУКА. Як-жа... яшчэ як.

ЗОСЬКА. За вошта?

САУКІ. За курэй... Эх Зоська! Нешчаслівыя мы з табою. Не быць, мусіць, таму, аб чым мы так часта гутарым.

ЗОСЬКА. Не сумуй Савачка! Прыдзе шчаслівая хвіліна мацеркі нашы пагодзяцца і мы злучымся на заўсёды... А пакуль што кахаймася і не трацьма надзеі, што і наша зорка засвеціць ясней на небе і ўзвядзе нас на адну сцежку, якой і будзем ісці з табою ўсё жыццё. (У гэты час Мікіта праходзіць іш вуліцы, хаваецца за вугал і слухае) Мо' хто-небудзь пагодзіць нашых мацерак.

САУКА. Зоська! Я не счакаю той гадзіны...

ЗОСЬКА. Э-э! Счакаеш! Не памрэш! (Мікіта праходзіць за 2-гі вугал, бліжэй). А куды ты касіць пойдзеш?

САУКА. Пайду ў садок, выкашу трохі, пакуль сонца нэ пячэ, бо тады за вашымі пшчоламі не можна падайсці.

ЗОСЬКА. Ну добра! Ты ідзі касіць, а я пайду табе бліноў прынясу.

САУКА. Што ты, Зоська!

ЗОСЬКА. Гэта не тваё дзела: Калі я кажу, так і трэба. Я хутка. (Пашла ў хату).

САУКА. (Паглядзеўшы ў след). Ну і Зоська! Без яе мне жыцця не будзе! Эх, доля, доля! (Спеў). Чаму я такім радзіўся! (Пайшоў у садок).


З’ЯВА IX.

МІКІТА (адзін)


МІКІТА. (Падбягаючы пад дзверы). Ага! Не злавіў! А то, пацалаваў-бы! Вось толькі лапаць развязаўся, ганяючыся за ёю (сядае на лаўку і абувае лапаць). А спрытная дзяўчына, як наша цялушка; толькі хвастом не махае, а бяжыць таксама, што дагнаць не можна. I чаму яна мяне не любіць? Перш казала: люблю. Нават і яблыкі ёй даваў, ды не хацела браць кажа: лепш сам еш, я цябе шкадую... А цяпер ні прыступу, як малады конь да аглобляў. Вось дык Зоська. Зоська! (Чухае патыліцу). Трэба пачакаць мо’ хутка будзе бліны нясці Саўку. Хоць пабачу — і то лягчэй будзе. (Кладовіцца на лаўку), каб толькі яна Саўку не пакахала. Але-ж кажуць людзі, што мяне — значыць мяне (пяе) значыць мяне... (Пяе). «А ў полі жыта расце з каласамі.

Пакахала Мікіту яна з кутасамі».

Здаецца ідзе (маўчыць). (Зося з блінамі ідзе ў садок. Мікіта ўстаўшы). Пайду за кусты схавацца, як пачне Саўка бліны есці, я зненацку — як крыкну! Ён спужаецца і блінамі ўдавіцца, а мне Зоська застанецца (пяе) застанецца (пайшоў у садок).


З’ЯВА X.

ДАР’Я. (адна)


ДАР’Я. (вышла). Што гэтак сёння доўга. Яўменя няма з поля... Зарабіўся... Трэба яму нагаварыць хоць няпраўды, каб яе трохі аддубасіў, няхай ведае, як добра слухаць непраўду... каб хутчэй ён толькі ехаў. Пабачым, хто перад кім паклоніцца... Паскуда гэтакая. Брахуха. (пайшла ў хату).


З’ЯВА XI.

ЗОСЬКА. (адна)


ЗОСЬКА. (бяжыць баранючыся пчол, і разкідае бліны). А няхай вас ліха! Вой! Вой! У валасы ці што забіліся... Мёд смачны, але моцна кусаюцца і бліноў не данясла Саўку, а ён будзе чакаць. (бяжыць у хату).


З’ЯВА XII.

МІКІТА (адзін)


МІКІТА. (ідзе з-заду, падымае бліны, есць папяваючы). Смачныя бліны. Смачныя бліны! Вось яшчэ адзін. Якія смачныя пячэ бліны Зоська! А я яшчэ не снедаў сёненька. Вось падвязло. (пяе). Смачныя бліны. Смачныя бліны! Смачныя бліны! (углядаецца). Здаецца бацька йдзе з поля! Трэ ўцякаць, (пяе) смачныя бліны (уцякае).


З’ЯВА XIII.

ЯУМЕНЬ — ДАР’Я.


ЯУМЕНЬ. (З пугаю). Во пячэ! Як у чалесніках! Трасца яму ў бок!

ДАР’Я. (выйшла). Дзень добры, суседзе!

ЯУМЕНЬ. Добры дзень!

ДАР’Я. Я-ж кажу, што з ранку пачало так пячы, каб дождж часамі, не пайшоў. І замарыліся відаць?

ЯУМЕНЬ. А ужо-ж! Замарыўся, трасца яму ў бок! Хлапца не наняў, самаму прыходзіцца і за сахой, і за бараной, і за канём, і за ўсякаю паветраю цягацца, трасца яму ў бок! Ніколі ў хаце не бываеш.

ДАР'Я А гэта і дрэнна, што ў хаце не бываеце.

ЯУМЕНЬ. А хто-ж кажа, што добра! Ведама дрэнна. трасца яму ў бок!

ДАР’Я. Я-ж кажу, што чалавек за працаю ніколі ў хаце не бывае, а людзі чорт ведае, што гавораць.

ЯУМЕНЬ. Што-ж яны гавораць, трасца ім у бок? Што я гультай?

ДАР’Я. Ды не, але лепш аб гэтым не казаць.

ЯУМЕНЬ. Зацікавіла, трасца яму ў бок, і казаць не хочаш, кажы, я злавацца не буду.

ДАР’Я. Баюся казаць, каб дрэннага чаго не вышла... Мо’ гэта яшчэ непраўда.

ЯУМЕНЬ. Ну, дык кажы, трасца табе ў бок!

ДАР’Я. Ну, калі так прыстаеш, то не гневайся і слухай. Кажуць людзі — мо’ яшчэ гэта непраўда — што як сам бываеш ў полі, працуеш, то да жонкі госці ходзяць... частуюцца.

ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок, ад каго ты чула?

ДАР’Я. Гэта я табе не скажу, але яшчэ раз кажу, што можа ўсе маняць. Пакуль сам не пераканаешся, маўчы лепш, мало што людзі кажуць!

ЯУМЕНЬ. Я буду маўчаць, трасца ёй ў бок! Яна тут п’янствуе, ды яшчэ, што вырабляе! Я бачу, што апошнія дні асою у вочы пачала кідацца! Вось гэтым траўпачом пацягну разоў колькі, дык не захоча мяне больш ашуківаць, трасца ёй у бок! Бачыў ты яе?! (Пайшоў за дзверы).


З’ЯВА XIV.

ДАР’Я (адна)


ДАР’Я. Вось і ўдалося! Няхай-жа ведае, як не праўду казаць. Мо’ трохі памякчэе, а то не прыступіцца. Ён ёй накажа: Яўменя я добра ведаю. (Слухае).

ЯУМЕНЬ. (чуваць за дзвярыма). Што? трасца табе ў бок!

ДАР’Я. Дастанецца ёй за курэй! Пугаўё добрае мае!

Будзе ведаць, як з суседзямі трэба жыць. (Пайшоў у хату).


З’ЯВА XV.

МІКІТА (адзін).


МІКІТА. Няма нікога, (аглядваецца) жадаў, каб Саўка блінам падавіўся, ажно сам чуць не ўдавіўся ўцякаючы! Але бліны смачныя! Трэба яшчэ паляжаць мо’ вынясе болей. (Лажыцца на лаўку і пяе). «Вынясі Зоська, бліноў яшчэ болей, у садку цябе Саўка чакае». (Смяецца).

ЯУМЕНЬ. (Чуваць у хаце крык). Гэта падзяка за маю шчырую праўду? Вон з хаты!

МІКІТА. Вой, дзе мне дзявацца? А мо’ не ўбачыць! (Выцягнуўся на ўсю лаўку).

ЯУМЕНЬ. Каб і нага тут твая не была, вон! Трасца табе ў бок!

МІКІТА. (кідаецца на лаўцы і лезе пад лаўку). Вось тут! Можа не знойдуць. Чаго гэта Яўмень расхадзіўся? (Пяе). «Вынясі Зоська бліноў, яшчэ болей, у садку Саўка чакае». (Далей хаваецца).


З’ЯВА XVI.

ЯУМЕНЬ — ГРЫПІНА — ЗОСЬКА — МІКІТА.


ГРЫПІНА. (Бяжыць, за ёю Яўмень з пугаю, за ім Зоська).

ЯУМЕНЬ. Сорам на свет паказацца будзе!

ГРЫПІНА. Яўменька! Даражэнькі, паслухай!

ЗОСЬКА. Татачка, гэта непраўда. (Дар'я пазірае у акно і смяецца).

ЯУМЕНЬ. Я табе пакажу, як здзекі з мяне строіць, трасца табе ў бок! Вон з двара, каб і вочы мае не бачылі калі ты гэткая!

ГРЫПІНА. Слухай-жа дурны!

ЯУМЕНЬ. Слухаці не хачу! Я вось табе вывяду твой розум, трасца табе ў бок!

ГРЫПІНА. Не баюся я цябе, дурань! (Бяжыць пад лаўку)

ЗОСЬКА. Ай, татачка!

ЯУМЕНЬ. Дык ты вось як, трасца табе ў бок! (сцёгае раз пугай па лаўцы).

МІКІТА. Вой! Вой! Вой! Злавіў па пальцы (ліжа палец).

ГРЫПІНА. Ну, бі болей, бі болей!

ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок! (Хвошча па лаўцы).

ЗОСЬКА. (Крычыць). Ой, татачка! Не біце!

ГРЫПІНА. Ай, яй, яй!

МІКІТА. (Крычыць пад лаўкай). Вой! Вой! Вой! Ратуйце! (Кідаецца Яўменю пад ногі, збівае з ног і ўцякае).

ЯУМЕНЬ. (Валючыся крычыць). Трасца табе ў бок! (Мікіта паўзе).


ЗАСЛОНА.

АКТ II.


З’ЯВА I.

ГРЫПІНА — ДАР’Я.

(Тая самая дэкарацыя, на лаўцы сядзяць і гутараць Грыпіна і Дар'я).


ГРЫПІНА. Не хачу клясціся святою нядзелькаю! Самі бачыце, што дарэмна на мяне наваліўся... і гэтак (паволі плачуча) збіў, што яшчэ не магу да плячэй дакрануцца... каб я калі, каму што якое, — а то я ніколі, нікому нічога! Ды ці-ж-бы вы, суседачка, не бачылі па суседству жывучы, каб хто да мяне хадзіў. Алё ўсё благія языкі.

ДАР’Я. Я-ж кажу — языкі... але... але... Сёння спаткалася з Яўменям, і ўчора нават, казала яму, што не слухай людзей, бо людзі-чэрці, так і мяркуюць, каб звясці каго небудзь.

ГРЫПІНА. Дзякую, дзякую табе... я бачу, што ён памякчэў крыху, мусіць ад таго, што вы яму гаварылі аба мне.

ДАР’Я. Я-ж кажу... гаварыла, не верыць усякай брыдзе.

ГРЫПІНА. Ён увесь час цяпер зходзіць з дому, а потым раптам з’яўляецца, каб каго застаць... Бачыце вы самі, ці-ж я даслужыла гэтага каб мяне пільнаваці і цяпер кудысь выйшаў з дому. Ох, доля мая доля.

ДАР’Я. Я-ж кажу, што зрабіць. Папільнуе, папільнуе, нікога не ўбачыць, дасць веры, што мана ўсё, яшчэ перапросіць. Я яму ўжо казала, каб хутчэй перапрасіў Вас, бо ўсё, што ён чуў — выдзірка людская.

ГРЫПІНА. Ён то перапросіць, але сінякі, што парабіў пугаю, ад гэтага не згояцца.

ДАР’Я. Я-ж кажу, трэба цярпець.

ГРЫПІНА. Ды ўжо-ж буду цярпець... Няхай таго трасца, трасе, праз каго ён біў мяне.

ДАР’Я. Я-ж кажу, і клясці не трэба... пагояцца...

ГРЫПІНА. (устае). Эх, эх! А дзе-ж ваш Саўка?

ДАР’Я. У хаце сядзіць.

ГРЫПІНА. I Зоська адна ў хаце. Чаму-ж ён не прыдзе да яе пабавіцца. Які-ж з яго хлапец? Ідзіце, кажэце, няхай ідзе да яе. А вам дзякуй, што хоць вы майго дурня ўгаварваеце... Ён вам дае веры... Ды пайду і я ў хату (пайшла).


З’ЯВА II.

ДАР’Я (адна)


ДАР’Я. (ідучы ў хату). Ну вось і ўдалося! Бач, якая мягкая стала, хоць к хвораму месцу кладзі. А то нос вышэй коміна насіла! Ага! Як у бяду ўпадзеш, Кузьму бацькам назавеш. Толькі хутчэй іх зусім пагадзіць, мо'-б тагды і Зоська з Саўкам пабраліся. А то ўсё хванабэрыю нейкую строіла, але вось за гэту хванабэрыю, чухай цяпер плечы (пашла).


З’ЯВА III.

МІКІТА (адзін).


МІКІТА. (Праходзячы па вуліцы пяе і пазірае ў двор).

«На вуліцы туманец, дзеўка не цягайся. Хлопец зловіць, пацалуе, нікому не жалься». (Пайшоў).


З’ЯВА IV.

ЗОСЬКА (адна).


ЗОСЬКА. (праз акно) Эх, як хораша на дварэ! Хлопцы і дзяўчаты на сяле гуляюць, а мне так сумна, што гэта нядзелька здаецца буднім днём. I Саўка таксама сумненькі! I хто нам дапаможа ў нашым каханні, хто паможа злучыцца на заўсёды.


З’ЯВА V.

САУКА — ЗОСЬКА.


САУКА. (выходзіць з хаты). I святам яшчэ горш на сэрцы робіцца. У будні дзень працуеш, дык аб усім забываешся.

ЗОСЬКА. Саўка!

САУКА. Чаго? Ага? Я-й не бачу!

ЗОСЬКА. Куды ты сабраўся?

САУКА. Пайду разнясу жуду. Пагляджу, як гуляюць хлопцы ды дзяўчаты! Мо’ пойдзем разам! Ах, я і забыўся, што твая маці ў хаці. Я буду там, дзе гуляюць.

ЗОСЬКА. Не, даражэнькі, я не пайду, бо тата вернецна. Баюся, зноў каб не біліся з мамаю.

САУКА. Паб’юцца і пагодзяцца... Ну, а я пайшоў, а ў вечары...

ЗОСЬКА. У вечары, я буду. Я толькі чакаю вечара. Толькі не пазніся, памятай!

САУКА. Не. Ніколі не спазнюся! Бо дзе шчасце чалавека чакае, і ведаючы аб гэтым, хто стане марудзіць... Ну бывай. (Пайшоў).


З’ЯВА VI.

ЗОСЬКА (адна).


ЗОСЬКА. Бывай, бывай!... Мой саколік! Гуляй і за мяне, а я... я застануся ў хаце і буду чакаць вечара! Ох, хутчэй-бы сонейка хавалася і зоркі на небе ўбачыць... Не... Не так хутка! Яшчэ рана. Эх! эх! (хаваецца).


З’ЯВА VII.

МІКІТА (Адзін).


МІКІТА. (Ідучы) «Хлапец зловіць, пацалуе — нікому не жалься». Ну пайшоў Саўка, значыць смела можна ісці гуляць да Зоські. Ды трэба занясці ёй яблыкаў. (Вымае з запазухі). А-ж папацелі, увесь дзень за пазухай лежачы. Толькі каб не даць кіслага, а то, як учора шпурне мне ў галаву (кусае). Вой, кіслы. Пэўна дзічка папалася (плюе). Як палын пячэ! (кусае) гэта лепшае: (Кусае). А вось гэта, як цукер. Ну гэта я дам ёй (яшчэ разы 2 кусае, кладзе за пазуху і ідзе ў хату).


З’ЯВА VIII.

ДАР’Я.


ДАР’Я. (выйшла) Саўка! А, Саўка! Дзе-ж гэта ён дзеўся, няўжо да Яўменявых пашоў? Палуднаваць забыўся хлапец! А бадай цябе! (Пайшла ў хату).


З’ЯВА IX.

ЗОСЬКА — МІКІТА.


ЗОСЬКА. (ў хаце). А то, як скажу Саўку! Што? Вось гэтак чапялою.

МІКІТА. Вой! Вой! Вой! (выбягае, абора чапляецца ў дзверы і ён падае). Стой! Стой! абора ўчапілася (зрывае лапаць і ўцякае. З далёку). Пайду Саўку скажу, што не хоча цалавацца — Ай, яй, яй! Бацька ідзе! Уцякаю!


З’ЯВА X.

ЯУМЕНЬ (адзін).


ЯУМЕНЬ. Ага! Трасца яму ў бок! Не ўгледзіў толькі хто паляцеў з двара! Значыцца не абмыліўся! Значыцца мая жонка, трасца ей ў бок... А гэта што? І лапця забыўся, як спужаўся! (Падымае). Аборку ўшчаміў, каб ён сабе галаву ўшчаміў у плот, трасца табе ў бок! Я ёй пакажу гэты лапаць. (пайшоў у хату).


З’ЯВА XI.

МІКІТА (адзін).


МІКІТА (выбягае на двор). Куды-ж гэта ён дзеўся? Так напалохала, што згубіў лапаць і не ведаю дзе... Вось бяда! Што дзень, то новыя лапці; гэтак хутка рву, а тут яшчэ губіць пачаў. Не відаць. (пайшоў па вуліцы).


З’ЯВА XII.

ЯУМЕНЬ (адзін).


ЯУМЕНЬ. (выйшаў з хаты). А трасца табе ў бок! Цяпер не вывернешся!... (Пад акно). Суседка! А, суседка: Калі ласка, на хвілінку выйдзі на двор, трасца табе ў бок!


З’ЯВА XIII.

ДАР’Я — ЯУМЕНЬ.


ДАР’Я. А што маеце казаць, суседзе?

ЯУМЕНЬ. Скажы мне, трасца табе ў бок, чый гэта лапаць? А?

ДАР’Я. Скуль я магу ведаць, пане суседзе.

ЯУМЕНЬ. Не, ты ведаеш, але казаць не хочаш? Вы ўсе ў адну дудку йграеце, трасца вам ў бок.

ДАР’Я. А дзе вы яго ўзялі, суседзе?

ЯУМЕНЬ. Дзе ўзяў? Вось тут, на дварэ!

ДАР’Я. Мо’ дзеці чые прынеслі, я-ж кажу...

ЯУМЕНЬ. Дзеці! Дзеці! Вось я ёй пакажу — дзеці! Значыцца і ты за ею, як; чорт за чорта! А яшчэ хацела, каб дачку аддаў за сына, трасца табе ў бок. А праўды казаць не хочаш?

ДАР’Я. Ды кіньце вы, суседзе! Людзі нагарылі, а вы і веры далі. (пашла ў хату).


З’ЯВА XIV.

ЯУМЕНЬ (адзін)


ЯУМЕНЬ. Я не кіну пакуль не буду ведаць чый гэта лапаць. А тады... трасца яму ў бок! (на вуліцы бегае Мікіта, шукае лапця, размахвае рукамі).


З’ЯВА XV.

ЯУМЕНЬ — МІКІТА.


ЯУМЕНЬ. Мікіта!

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Ты не бачыў?

МІКІТА. Каго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго (плюе).

ЯУМЕНЬ. Цьфу! Дурніца, траеца табе ў бок, я пытаю...

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Ты не бачыў?

МІКІТА. Каго?

ЯУМЕНЬ. Хто з двара бег?

МІКІТА. Чаго?

ЯУМЕНЬ. Цьфу! (Мікіта плюе). Трасца табе ў бок (пашоў).


З’ЯВА XVI.

МІКІТА (адзін)


МІКІТА. I крычыць і плюе. Ці не адурнеў ён? Нічога не разумею! I што гэта будзе? Што я бацьку скажу, дзе ён дзеўся? А, мо' яго у дома забыўся? Не, здаецца быў; трэба шукаць. (Пашоў).


З’ЯВА XVII.

ЯУМЕНЬ — ЗОСЬКА — ГРЫПІНА.


ЯУМЕНЬ. Трасца табе ў бок! Я-ж пытаю, хто ў цябе быў? Я пытаю чый гэта лапаць?

ЗОСЬКА. Скуль-жа мама ведае, чый гэта лапаць, можа свіння прыцягнула на двор!

ЯУМЕНЬ. Мо' скажаш — вароны прынеслі! Не, я ўсё разумею! Далей гэтак не будзе! Я хутка за цябе вазьмуся. (Суне лапцям жонцы пад нос). Кажы хутчэй, чый гэта лапаць?

ГРЫПІНА. Адчапіся, здзецянеў, ці што? Знайшоў недзе атопак, ды каб я ведала, чый ён. Скуль-жа мне ведаць?

ЯУМЕНЬ. Вось, як вазьму аборамі сцягаць, дык будзеце ведаць, трасца вам ў бок.

ЗОСЬКА. Ізноў тата пачынаеце? Святы дзень, — усе людзі на вуліцы смяяцца будуць!

ЯУМЕНЬ. Смяюцца! Няхай ведаюць, няхай ведаюць, якую Яўмень жонку мае, той Яўмень, які на ўсёй вёсцы лепшым гаспадаром лічыцца.


З’ЯВА XVIII.

ЯУМЕНЬ — ЗОСЬКА — ГРЫПІНА — ДАР’Я.


ДАР’Я. (ўвайшоўшы). Няўжо-ж аб тым? Суседзе даражэнькі.

ГРЫПІНА. Вось бачыш, мая міленькая, знайшоў на вуліцы лапаць, і хоча каб я згадала, чый ён. Звар'яцеў ці што, чалавек?

ЯУМЕНЬ. Не на вуліцы, а на дварэ, трасца табе ў бок.

ЗОСЬКА. Кіньце вы яго, тата, няхай ён згарыць!

ЯУМЕНЬ. Я не кіну, пакуль не даведаюся, чый ён!...

ДАР’Я. Кажу, што дзеці пясок у ім вазілі, сама бачыла.

ГРЫПІНА. Ну, вось, пясок вазілі... (усхліпваючы).

ЯУМЕНЬ. Каб цябе на могілкі павязлі. Ты яшчэ будзеш зубы загаварываць. Я цябе зараз пытаю, чый гэта лапаць?


З’ЯВА. XIX.

Тыя-ж і МІКІТА.


МІКІТА. (бягучы). А дзядзячка, аддайце лапаць мой, а то тата сварыцца будзе на мяне!

ЯУМЕНЬ. Які лапаць, трасца табе ў бок?

МІКІТА. Ды мой! Я ўцякаў ад вас і ўшчапіў абору ў дзверы, ды лапаць адарваўся.

ЯУМЕНЬ. (Кідае лапаць). Цьфу, трасца табе ў бок! Што-ж ты раней не казаў, як я ў цябе пытаў?

МІКІТА. (падымаючы лапаць). А дзякуй вам, а я думаў, што згінуў.

ГРЫПІНА. Ага! Ці я не казала! Каб табе толькі дзён хварэць, колькі ты мне сінякоў дарэмна пасадзіў на плячох пугаю. Бачылі, якая праўда?

ДАР’Я. Я-ж кажу, суседзе, людзей не слухай.

ГРЫПІНА. Вось як вазьму гэты лапаць, ды-й ўсю морду вытаўку (бярэ лапаць).

МІКІТА. (не дае). Ой, ёй! Я не дам, я не дам, паскудзіць лапаць.

ГРЫПІНА. (да Яўменя). Прасі прабачэння!

ДАР’Я. Але, суседзе, трэба перапрасіць жонку! Мала што прыдзецца. Лепш згодна жыць.

ЯУМЕНЬ. Ну, прабачай, трасца табе ў бок! Я абмыліўся — людзей паслухаў... Болей гэтага не будзе, і вы, суседка, выбачайце: здаецца цябе з гарачкі сёння аблаяў — мне здавалася...

ГРЫПІНА. Здавалася! Няхай табе не здаецца дурной авечцы... здавалася.

ДАР’Я. Ды нічога... я-ж кажу. Я прабачаю.

ЗОСЬКА. Вось, дзякуй табе Мікіта, што ты прызнаўся да лапця, а то невядома што было-б.

МІКІТА. Прызнаўся! Каб да свайго лапця ды не прызнацца. Хто мне спляце, акром бацькі?

ДАР'Я. А лепш за ўсё гэта з суседзямі жыць у згодзе. Яны заўсёды праўду скажуць! Ці-ж не бачаць суседзі, што робіцца на адным дварэ. (Чуваць спеў хлопцаў і дзяўчат).

ЗОСЬКА. Пэўна Саўка вяртаецца. А мо'-б у гэту шчаслівую гадзіну на ўсё мама згадзілася? (ідзе на вуліцу, за ёй Мікіта).

ГРЫПІНА. Ды мы, здаецца, ніколі не сварымся, хіба вось ён...

ЯУМЕНЬ. Што ён?, трасца табе ў бок!

ДАР’Я. I дзеткі нашы жывуць у згодзе паміж сабой... Мой Саўка колькі разоў хацеў, але не адважыўся у вас запытацца.

ЯУМЕНЬ. Ды што там пытацца, калі Зоська згодна...

ГРЫПІНА. Ці-ж у нас аб гэтым пытаць? Самі няхай згаворацца.

ЗОСЬКА. Мамачка! Даражэнькая! Даўно аб гэтым хацела ў вас запытацца.

ГРЫПІНА. Дачушка! Або я перашкаджаю. Жадаю вам ўсяго найлепшага.

ДАР’Я. (убок). Вось і памагло тое зелле. Мікіта, ідзі пазаві Саўку.

МІКІТА. Вось ён тут ужо ідзе з хлопцамі.

ЗОСЬКА. (з радасцю)!... Хутчэй! Хутчэй!


З’ЯВА XX.

Тыя-ж і САУКА.

(Убягае Саўка, за ім хлопцы і дзяўнаты).


САУКА. (да Зоські). Чаго табе?

ЗОСЬКА. Не пытай чаго, а вось цалуй руку тату і маме.

САУКА. На вошта?

ЗОСЬКА. Не пытай, а цалуй калі кажу. Ды Мікіту дзякуй скажы, скажы, хутчэй яго лапцю; ён пагадзіў бацькоў, а яны згадзіліся, каб мы жаніліся.

САУКА Няўжо? (Цалуе руку). Дзякую! Большага шчасця я мець не хачу. Дзякую!

ЯУМЕНЬ. Жаніся з Зоськай! А як мы старыя, памрэм прыары зямлю сваю да нашай, ды жывіце. Трасца вам ў бок!

ГРЫПІНА. Згодненька жывіце. (Мікіта з лапцям стаіць і робіць міну).

САУКА. Але, цікава, як Мікітаў лапаць дапамог мне ажаніцца з Зоськай?

ДЗЯУЧЫНА. Мікіта! Абувай лапаць, зараз скакаць будзем. Зоська замуж ідзе за Саўку.

МІКІТА. Замуж? За Саўку? Вой! Вой! Вой!

ЗОСЬКА. Ну, Мікіта, і ты паскачаш на вяселлі. Бо каб не твой лапаць, мо'-б яшчэ не хутка яно было.

МІКІТА. А мо' не мой лапаць. (углядаецца).

ДЗЯУЧЫНА. Ну, хутчэй абувай, чуеш! Скакаць пойдзем!

МІКІТА. З табой?

ДЗЯУЧЫНА. Ну, а што-ж! Са мною? Ох ты дурніла! Яшчэ падзякуй, што бяру!

МІКІТА. Бярэш?! Буду абувацца. (сядае і абувае лапця)

ЯУМЕНЬ. Трасца вам ў бок! Праспявайце што небудзь ды паскачыце!

ДАР’Я. Але дзяўчаткі. (пяюць вясельную).

УСЕ. А цяпер паскачам!

ДЗЯУЧЫНА. Хутчэй, Мікіта!

МІКІТА. Абору завяжу!

ЯУМЕНЬ. Мо' і мы сванько, тупнем, трасца ім ў бок?

ДАР’Я. А чаму-ж не!

ХЛАПЕЦ. А я з вамі цётачка, каб не зайздросна было, што ўсе скачуць.

ГРЫПІНА. Дый даўно я ўжо не скакала.

МІКІТА. А цяпер і я тупну! Вось гэтым лапцям, што Зоську ажаніў! Пойдземь Аўгіня, ды тупнем, каб чорту моташна стала! (Пачынаюць скакаць).


ЗАСЛОНА.


Загрузка...