ПЕРШЫЯ СВАТЫ

Шмат прывезлі дарункаў у Полацк кіеўскія пасланцы. I золата, і срэбра, і посуд тонкай работы з салодкім пітвом заморскім. Але палачанаў не здзівіш багаццем — яны таксама не з бедных, ведаюць сабе цану.

Вядуць шаноўных гасцей у княскія харомы. Сустракае іх сам Рагвалод, гасцінна запрашае ў святліцу, дзе ад ежы і пітва аж ломяцца дубовыя сталы. Няспешна расказваюць вандроўнікі, што бачылі і чулі па дарозе. А потым Яраполкаў ваявода такі заводзіць сказ:

— Доўга мы хадзілі, доўга блукалі, пакуль на куніцын след напалі. Гналіся, гналіся за куніцай, у слаўны Полацк упусцілі і тут яе след згубілі. Сталі шукаці — аж след вядзе к вашай хаце. Распыталі ў людзей — памаглі ў бядзе. То не звер быў, не куніца, а красная дзявіца!

Кіўнуў барадаты сват Варажка сваім спадарожнікам, і тыя прынеслі ў святліцу вялікія, з пукатымі векамі куфры, паўнюткія ўсякіх падарункаў.

Заўсміхаўся полацкі ўладар, папрасіў пазваць на бяседу Рагнеду. I як толькі яна ступіла ў святліцу — падхапіліся з лаваў госці, бо такой прыгажуні ім не даводзілася яшчэ бачыць.

Сказаў Рагвалод дачцы:

— Вось прыехалі кіеўскія сваты. Ці пойдзеш за Яраполка? Гэтыя ўсе падарункі ён табе прыслаў.

Схіліла галаву маладая князёўна. Боязна пакінуць родны Полацк, любае сэрцу бацькоўскае гняздо!

Тады пакланіўся Рагнедзе ваявода Варажка:

— А яшчэ мой князь прасіў перадаць табе самае каштоўнае, што ў яго ёсць... — і падаў дзяўчыне маленькі пярсцёнак залаты, аздоблены блакітным каменьчыкам.

— Пайду за Яраполка! — паціху сказала са слязінкамі на вейках полацкая князёўна.

Загрузка...