Уладзімір даведаўся ад дзядзькі Дабрыні, што сказала сватам Рагнеда, і страшэнна раз'юшыўся. Адразу пачаў збіраць вялікае войска, абяцаючы па грыўні срэбра за кожную спаленую полацкую страху. Як груганы, зляцеліся ў Ноўгарад драпежныя найміты. З надзеяй на блізкую здабычу першыя прыбеглі лучнікі плямёнаў весі, меры і чудзі. Потым з-за мора прывёў дзве тысячы варагаў ярл-ваявода Фуліер. I калі з-пад лёду адкрыліся рэкі, добра падсохла зямля, вясною 980 года Уладзімір знянацку напаў на полацкі край.
Позна даведаўся пра страшную небяспеку князь Рагвалод. Нават не паспеў паклікаць на дапамогу дружалюбных тураўцаў. Заставалася адно — хутчэй уцякаць. Але куды? Мо ў Кіеў, да будучага зяця Яраполка? Не, з такою ганьбаю лепей не жыць! Не ўмее Рагвалод паказваць спіну ворагу. Не ў яго натуры аддаваць на здзек і гвалт безабаронны рамесніцкі люд.
Выйшла насустрач злой навале полацкая дружына. Цэлы дзень кіпела зацятая сеча, але сілы былі няроўныя. Вымушаны быў Рагвалод адступіць за ўмацаваныя гарадскія сцены. Цэлы месяц стаяў аблогаю князь Уладзімір. Падцягнуў каменямётныя машыны — парокі, зрабіў у драўляных сценах праломы і ўсё-такі здабыў непакорны Полацк. Заліў крывёю вуліцы і завулкі, дабраўся па мёртвых палачанах да княскіх харомаў. Паланіў Рагвалода і яго сям'ю. Затым на вачах у Рагнеды загадаў забіць і бацьку яе, і маці, і двух братоў малалетніх, а самой адрэзаў касу. I назваў сваёю жонкай.
А Полацк — дымам пусціў. Нават ніводнай страхі не пакінуў.
Яшчэ праз некалькі дзён баявыя трубы наймітаў, ап'янелых ад людской крыві і нарабаванага дабра, зараўлі з новай сілай: «На Кіеў!..»
Зламаную нясплаканым горам Рагнеду служкі Уладзіміравы сілком пасадзілі ў ладдзю. Азіраючы зларадна чорныя папялішчы, Дабрыня махнуў паліцай-шастапёрам, і войска рушыла.