Яўген Хлябцэвіч


У верасні 1915 года родны брат вядомага беларускага літаратуразнаўцы, педагога, бібліёграфа і бібліятэказнаўцы Яўгена Хлябцэвіча Уладзімір пісаў яму: “Усе сёла гарэлі пры непрысутнасці нашых людзей. Кнігі (10 скрыняў) закапаны ў вельмі надзейным месцы. Там тваё ўсё. Закапывалі я і Маліш. Твае рукапісы пра беларускіх пісьменнікаў і лісты іх тожа былі схаваныя там, у скрынях. Я знаю дзе...” (Часопіс “Вialoruskie Zeczyty Historyczne”, 1995 г., № 2(4). С.135). Гэтыя скрыні ў вёсцы Кленікі на Беласточчыне шмат гадоў шукала настаўніца беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Марыя Базылюк (Марыйка — як яе ласкава называлі вяскоўцы і беларускія літаратары ў Польшчы). У гэтых скрынях захоўваецца невядомы літаратурны скарб Хлябцэвічаў. І Марыя Базылюк яго шукала, а таксама сама даследавала творчасць Яўгена Хлябцэвіча. Яна нават напісала магістарскую працу на тэму “Публіцыстыка і літаратурная крытыка Яўгена Хлябцэвіча”, якая да сённяшніх дзён чакае асобнага выдання. Але так склаўся лёс, што гэтыя скрыні Марыі Базылюк знайсці не ўдалося. Яе зламала хвароба ў 1996 годзе ва ўзросце 38 гадоў.

Цікава, якія рукапісы Яўгена Хлябцэвіча ляжаць у тых скрынях? Пісьмы якіх пісьменнікаў захоўвае гэты скарб на Беласточчыне? Можа там лісты ад Янкі Купалы, Цёткі, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Горкага? Ён шчыра з імі сябраваў, сустракаўся, перапісваўся. Цяпер цяжка сказаць, хто той скарб адшукае. І ці адшукаецца ён наогул. Усё ж прайшло з таго часу амаль 90 гадоў.

Да сённяшніх дзён пад адну вокладку так і не сабрана, і не выдадзена спадчына Яўгена Хлябцэвіча. А напісана ім было вельмі шмат. У Коўне ў 1912 годзе выйшла з друку яго першая кніга “Бібліятэка і кааперацыя”, дзе аўтар разгледзеў пытанні тэорыі і арганізацыі бібліятэчнай справы. У Пецярбургу свет пабачылі ягоныя працы “Адраджэнне беларускай народніцкай літаратуры” (1914 г.), “Народніцкая паэзія беларусаў” (1917 г.), у якіх малады крытык са Слонімшчыны прааналізаваў вытокі і характар беларускага мастацкага слова, даў высокую ацэнку творчым пошукам Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. А ў маскоўскіх выдавецтвах з’явіліся яго кнігі “Масавы чытач і антырэлігійная прапаганда” (1928 г.), “Масавы чытач і праца з кнігаю” (1936 г.).

Яшчэ ў Пецярбургу Яўген Хлябцэвіч пасябраваў з Янкам Купалам. Песняр часта наведваў не толькі беларускія вечарынкі, але бываў і на розных рэпетыцыях. Ён удзельнічаў у рабоце беларускага студэнцкага навуковага гуртка, слухаў даклады пра Беларусь, часам чытаў свае вершы. Аднойчы Янка Купала перадаў Яўгену Хлябцэвічу верш “Прарок”, прысвечаны гэтаму студэнцкаму гуртку.

Вельмі часта наш зямляк і Янка Купала гулялі па ўзбярэжжы Нявы, бывалі адзін у аднаго ў гасцях. Іх апошняя сустрэча адбылася ў 1930 годзе ў Маскве ў камуністычнай акадэміі, калі адзначаўся юбілей Купалы. Пасля трагічнай смерці народнага Песняра, Яўген Хлябцэвіч быў адзін з першых, хто прыйшоў на дапамогу Уладзіславе Францаўне Луцэвіч у справе стварэння Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Ды і пры жыцці Купалы, Яўген Хлябцэвіч рашуча выступаў у абарону песняра ад шматлікіх несправядлівых абвінавачванняў беларускай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі 30-х гадоў.

Пасля вайны ў беларускім друку з’явіліся ўспаміны Яўгена Хлябцэвіча пра беларускага песняра. Найперш гэта артыкулы “Янка Купала ў Пецярбургу” (Часопіс “Беларусь”, 1945 г., № 2), “Янка Купала на пецярбургскіх агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева” (Часопіс “Беларусь”, 1946 г., № 8), “Янка Купала і Пецярбургскі ўніверсітэт” (Часопіс “Беларусь”, 1947 г., № 9), “Пісьмо Янкі Купалы ў газету “Новая Русь” і ўдзел у ёй Л.М.Талстога” (Часопіс “Полымя”, 1953 г., № 9) і іншыя.

У шчырых адносінах Яўген Хлябцэвіч быў і з Якубам Коласам. Пазнаёміўся ён з ім завочна тады, калі працаваў выкладчыкам бібліятэчнага тэхнікума ў Кіраве. Падчас Другой сусветнай вайны Яўген Хлябцэвіч выступаў з лекцыямі ў шпіталях сярод параненых. Воіны-беларусы прасілі пачытаць вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа на беларускай мове. Па дапамогу наш зямляк звярнуўся да Якуба Коласа. Народны паэт хутка адклікнуўся на просьбу Яўгена Хлябцэвіча. Яны сталі перапісвацца, і такое сяброўства працягвалася дзесяць гадоў.

Перапісваўся Яўген Хлябцэвіч і з Максімам Багдановічам. Як сцвярджае даследчык творчасці Яўгена Хлябцэвіча Віталь Скалабан, “чатыры лісты Багдановіча да Хлябцэвіча захоўваліся напярэдадні вайны ў Акадэміі навук БССР. Мусіць, іх перадаў яшчэ ў 20-я гады ў Інбелкульт сам адрасат Яўген Хлябцэвіч. Ці пакінуў ён копіі Багдановічавых лістоў у асабістым архіве? Адказаць на гэта пытанне пакуль цяжка...” (ЛіМ, 24 жніўня 1984 г.). А можа копіі гэтых пісем, а таксама іншыя пісьмы Багдановіча да Хлябцэвіча, ляжаць на дне тых 10-ці скрыняў, што закапаныя на беластоцкай зямлі?..

Сам Яўген Хлябцэвіч нарадзіўся 6 жніўня 1884 года ў вёсцы Жыровічы Слонімскага павета. Бацька яго Іван Андрэевіч быў даволі адукаваным чалавекам. Спачатку выкладаў грэчаскую мову і латынь, потым арыфметыку і геаграфію ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Але галоўным яго клопатам і заняткам была мясцовая бібліятэка, дзе зберагаліся беларускія старажытныя кнігі з прыгожымі ілюстрацыямі і летапісы ў скураных пераплётах. Іван Андрэевіч Хлябцэвіч складаў падрабязны каталог, упарадкаваў і ашчадна захоўваў гэтыя скарбы. А таксама пісаў, бо меў літаратурны талент. Выдаў некалькі брашур пра гісторыю Жыровіцкага манастыра, напісаў шэраг артыкулаў пра людзей, якія звязалі свой лёс з рэлігіяй. Наогул, Іван Хлябцэвіч добра ведаў гісторыю Беларусі, даследаваў Жыровіцкія рукапісы.

У бібліятэцы вельмі часта бываў яго сын Яўген. Ён усё гэта бачыў на свае вочы, а таксама вучыўся ў бацькі, як трэба ўмець чытаць кнігу, ведаць яе, даследаваць гісторыю свайго краю.

У 1897 годзе сям’я Хлябцэвічаў пераехала ў вёску Кленікі Бельскага павета, дзе Іван Хлябцэвіч стаў працаваць свяшчэннікам. Тут ён арганізаваў некалькі пачатковых школ, быў загадчыкам бясплатнай народнай бібліятэкі. А ягоны сын Яўген Хлябцэвіч у 1900 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, а пасля Віленскую праваслаўную духоўную семінарыю. Жывучы ў Вільні Яўген Хлябцэвіч пазнаёміўся з беларускай інтэлігенцыяй, актыўна ўключыўся ў беларускі нацыянальна-вызвольны рух. Падтрымліваў цесныя сувязі наш зямляк і з рэдакцыямі беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва”, дасылаў свае розныя допісы, многія з іх падпісваў псеўданімам Халімон з-пад пушчы. Найперш гэта былі інфармацыі на тэмы культуры і адукацыі. Вось што пісаў Халімон з-пад пушчы ў “Нашай ніве” 1 лютага 1908 года: “У вёсцы Кленікі Бельскага павета 12 студзеня быў тут сельскі сход аб бібліятэцы-чытальні імя Паўленкава. Сход шоў так, што стыд і сорам за яго ўсім мужыкам тутэйшым! І хто мог бы паверыць, што грамада сталых людзей паслухае аднаго п’янага мужыка? А гэта і зрабілася на сходзі, дзе слухалі аднаго п’янага мужыка, што даводзіў: “На што нам бібліятэка? Усе роўна кнігі не мае. Лепш куплю за 5 злотых псалтыр, дык будзе ў мяне назаўсягды!”. Бібліятэка-чытальня ледзьве толькі пачала шырыць вакруг свой ясны сьвет, сеяці зерне дабра, праўды і навукі. І вось ужо людзі пачынаюць таптаць гэтую вялікую работу. Выходзіць, што гутарка п’янюгі нашым мужыкам з Клебаноў і Загадзя даражэй за дзетак, каторыя бяруць з бібліятэкі кніжкі. Зразумейце, людцы, што бібліятэка будзе для вас карысна, калі яе будзеце падтрымліваць. Цяпер усяго 500 кніжак, а трэба да іх парабіць акладкі, каб не растрэсліся і не парваліся. Вось жа і сам нябожчык Паўленкаў пакінуў пасля смерці ўсё дабро і кніжкі свае, каб даваць помач народным бібліятэкам, але з тым варункам, каб і самы мужыкі давалі крыху грошай на ўтрыманне бібліятэк. Паўленкаў дае кніг больш як на 100 рублёў, калі дадуць на бібліятэку 50 рублёў самы мужыкі”.

У 1906 годзе Яўген Хлябцэвіч стаў студэнтам Юр’еўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Тут ён рэдагаваў “Кніжны і бібліятэчны лісток” пецярбургскай газеты “Новая Русь”, дзе дапамог на яе старонках друкавацца Янку Купалу.

Будучы студэнтам Яўген Хлябцэвіч выступаў на Першым Усерасійскім з’ездзе па бібліятэчнай справе з дакладам “Развіццё бібліятэчнай справы на Беларусі”. А калі закончыў універсітэт, працаваў інструктарам Беларускага пададдзела аддзела асветы нацыянальных меншасцей Народнага камісарыята асветы РСФСР у Кіеве.

У 1919 годзе наш зямляк атрымаў новую пасаду — ён стаў узначальваць бібліятэчнае аддзяленне Палітычнага ўпраўленне Рэўваенсавета РСФСР, а пасля перайшоў у Народны камісарыят асветы.

З 1943 года Яўген Хлябцэвіч працаваў у Маскоўскім бібліятэчным інстытуце, шмат пісаў, абараніў кандыдацкую дысертацыю. У Маскве і пражыў ён свае апошнія гады: яго не стала ў кастрычніку 1953 года. Час прыспешвае выдаць асобнымі кнігамі працы Яўгена Хлябцэвіча па бібліятэказнаўству, а таксама пакінутыя ім успаміны пра беларускіх пісьменнікаў і палітыкаў, якіх ён ведаў і з якімі сябраваў. І яшчэ. Адна з бібліятэк на Слонімшчыне і Бельшчыне павінна насіць імя нашага слыннага земляка.

2004


Загрузка...