Летуценны хлопец з Бельска


Калі Янка Купала ўбачыў макеты трох прапанаваных архітэктарам Іосіфам Лангбардам будучых будынкаў у Мінску – Дома ўрада, тэатра оперы і балета, а таксама дома Чырвонай Арміі (цяпер Дом афіцэраў), ён аж ускрыкнуў: “А летуценны хлопец, гэты Лангбард!..”.

Архітэктар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Акадэміі мастацтваў СССР, адзін са стваральнікаў Саюза архітэктараў СССР Іосіф Лангбард (1882-1951) сапраўды быў летуценнікам і вельмі таленавітым чалавекам. Ён быў аднагодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны часта сустракаліся, вялі гутарку пра Мінск, пра нашу культуру і архітэктуру.

Іосіф Лангбард нарадзіўся ў Бельску Падляскім 6 студзеня 1882 года. Іх дом знаходзіўся недалёка ад рэчкі Белай, дзе хлопчык любіў са сваімі равеснікамі купацца і лавіць рыбу. Бацька вельмі хацеў, каб сын атрымаў адукацыю і пачаў займацца камерцыяй. Але Іосіф з маленства любіў маляваць. І маляваў усё, што бачыў. Маляваў усім, што трапляла пад руку, і на чым толькі можна было маляваць. Ён быў здольны не толькі да малявання, але і да вучобы. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі, 19-гадовы юнак пакідае родны горад і едзе вучыцца ў Адэскае мастацкае вучылішча. У 1907 годзе ён вытрымлівае конкурсныя экзамены і паступае на архітэктурнае аддзяленне Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, пасля якой яму прысвойваецца званне архітэктара-мастака.

Самымі творчымі і плённымі для Іосіфа Лангбарда былі 30-я гада ХХ стагоддзя. Па даручэнню Саўнаркама БССР ён кіруе праектаваннем і будаўніцтвам першай Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выставы ў Мінску. Тэрыторыя была даволі вялікая – ажно 75 гектараў. У кароткі тэрмін на ўскраіне сталіцы было ўзведзена больш за 40 павільёнаў. Амаль усе яны былі выкананыя з дрэва і, вядома, да сённяшніх дзён не зберагліся. Выстава тады праходзіла з 10 жніўня да 1 лістапада 1930 года.

Поспех нашага земляка не застаўся незаўважаным. Ён прымае самы актыўны ўдзел у распрацоўцы праекту забудовы цэнтра Мінска. У 1930-1934 гадах па праекту Іосіфа Лангбарда ў Мінску ўзводзіцца будынак Дома ўраду Беларусі. Гэта буйнейшае грамадскае збудаванне ў рэспубліцы, аб’ём якога 240 тысяч кубічных метраў. У ім у даваенны час знаходзіліся амаль усе дзяржаўныя органы, якія былі ў той час у Мінску. Дом урада і сёння лічыцца адным з лепшых прыкладаў савецкай архітэктурнай школы.

У 1930-я гады па праектах Іосіфа Лангбарда ў Мінску зводзіцца яшчэ некалькі будынкаў. Арганічна ўваходзіць у забудову цэнтра беларускай сталіцы Дом афіцэраў (1934-1939), будынак Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета (1934-1938). У 1935 годзе нашаму земляку даручаюць праектаванне Акадэміі Навук Беларусі. Будаўніцтва комплексу пачалося па праекту архітэктара Георгія Лаўрова, аднак гэты праект хутка быў адхілены. Іосіф Лангбард захоўвае першапачатковую планіроўку карпусоў і распрацоўвае толькі галоўны фасад. У 1939 годзе будаўніцтва Акадэміі Навук было завершана і беларускіх вучоных павіншавалі з наваселлем.

У гэты ж час Іосіф Лангбард прымае ўдзел у стварэнні грамадска-палітычнага цэнтра ў Магілёве: па яго праекту ў абласным горадзе будуецца Дом Саветаў. Адначасова ў Ленінградзе ён праектуе і па яго праекту будуюцца жылыя дамы і стадыён, будынак абкама кампартыі Украіны ў Кіеве, устанаўліваюцца помнікі Васілю Чапаеву ў Куйбышаве, Тарасу Шаўчэнку ў Харкаве, Зоі Касмадзям’янскай у Тамбове.

У гады Другой сусветнай вайны гаспадарамі Мінска былі немцы. А архітэктар быў эвакуіраваны ў Расію. У Доме ўрада знаходзіліся нямецкі штаб, гестапа і база забеспячэння нямецкіх войскаў. У тэатры оперы і балета немцы зрабілі стайню, а ў Германію вывезлі старую мэблю, люстры, дываны, карціны мастакоў, каштоўны тэатральны рэквізіт. А Дом афіцэраў для немцаў стаў салдацкім клубам. Акупацыйныя часці знаходзіліся падчас вайны таксама і ў Акадэміі Навук. Але будынкі не пацярпелі. Тым не менш, пасля вайны ў кастрычніку 1944 года група архітэктараў разам з Іосіфам Лангбардам склала сваю ідэю адраджэння і планіроўкі Мінска. На працягу пяці гадоў наш зямляк з’яўляўся кіраўніком майстэрні “Белдзяржпраект”, быў адным з аўтараў генеральнага плана аднаўлення Гомеля ў сярэдзіне 40-х гадоў. Але пасля вайны таленавітаму архітэктару так і не ўдалося стварыць у Мінску ніводнага манументальнага будынку. Лангбард быў пад пільным наглядам НКВД, яго пачыналі абвінавачваць у тым, што ён падражае Захаду, вучыцца ў заходніх архітэктараў і г.д. Але па сваім прафесійным поглядам Іосіф Лангбард быў прыхільнікам крытычнага асваення і выкарыстання традыцый мінулага. У класіцы ён цаніў архітэктурную дысцыпліну і парадак, суразмернасць асноўных формаў. Архітэктар імкнуўся развіваць адну з традыцый беларускай нацыянальнай архітэктуры – яснасць і прастату кампазіцыйнага рашэння, лаканізм і стрыманасць у прымяненні дэкаратыўнага ўпрыгожання. Будынкі, пабудаваныя па праектах І.Лангбарда, і яго конкурсныя працы адрозніваюцца выразнасцю і, можна сказаць, нейкай дзелавітасцю. Дойлід напісаў яркую, поўную самабытнасці старонку ў гісторыі станаўлення і развіцця архітэктуры Беларусі ў першай палове ХХ стагоддзя. Вялікая яго заслуга і ў фармаванні творчага калектыву архітэктараў Беларусі. Вялікую ролю ў гэтым адыграла яго непасрэдная дапамога і асабісты прыклад. У сваёй творчай дзейнасці Іосіф Лангбард стварыў больш за 100 праектаў будынкаў рознага прызначэння, манументальных пабудоў, а таксама архітэктурных фантазій. Шмат разоў ён станавіўся пераможцам і лаўрэатам розных конкурсаў. 15 праектаў дойліда былі ўвасоблены ў жыццё, з іх 8 – у Беларусі. Яны і сёння з’яўляюцца прыкладам творчага пошуку і ўпрыгожаннем гарадскога пейзажу. Хаця яго сябрук скульптар Заір Азгур у сваёй кнізе успамінаў “Тое, што памятаецца” (Мінск, 1984. Кніга 2. С. 51) пісаў, што “шмат пабачыўшы ў сваім жыцці Іосіф Лангбард, магчыма вельмі шкадаваў, што не паспеў зрабіць нечага вельмі важнага”.

Славуты архітэктар магчыма і не паспеў зрабіць нечага важнага, але ён вельмі любіў Беларусь, беларускія гарады і мястэчкі, любіў беларускі народ. Хаця пасля вайны яму жылося не вельмі лёгка і спакойна. Ён жыў у Ленінградзе, нават выкладаў у Акадэміі мастацтваў, быў прафесарам, доктарам архітэктуры. Але яго вельмі цягнула на Беларусь, дадому, да сваіх землякоў, дзе адчуваў ён сябе лепш, спакойней, вальней. Ды вольнасці ў канцы 1940-х – пачатку 1950-х гадоў на Бацькаўшчыне было мала.

3 студзеня 1951 года нашага земляка не стала. Ён памёр у Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург). Пасля смерці архітэктара, яго жонка Вольга Лангбард перадала архіў мужа мастаку С.Гельбергу, які ў сваю чаргу перадаў яго кафедры архітэктуры Беларускай палітэхнічнай акадэміі.

Сёлета ў студзені Іосіфу Лангбарду споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння. На вялікі жаль, памяць пра яго ў Мінску, Магілёве і ў Гомелі не ўшаноўваецца, а тым больш у самой Беларусі. Хіба ён сам сябе ўшанаваў – пакінуў для нашчадкаў у Мінску будынкі Дома урада, тэатра оперы і балета, Нацыянальнай Акадэміі, Дома афіцэраў і іншыя. Ды і на былых беларускіх грашовых купюрах наміналам 1 рубель і 1000 рублёў, і на цяперашняй 100-рублёвай купюры, як сведкі пра талент дойліда, адлюстраваны Акадэмія Навук і тэатр оперы і балета. А вось сёлета ў Санкт-Пецярбургу да юбілею майстра, была арганізавана выстава ў Петрапаўлаўскай крэпасці. На выставе экспанаваліся больш за 70 лістоў архітэктурнай графікі Лангбарда з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга, асабістыя дакументы і фотаздымкі.

2007


Загрузка...