Янка Чарапук-Змагар


У лістападзе 1997 года ў Сакольскім асяродку культуры Беларускім гістарычным таварыствам была наладжана выдатная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларусы Сакольшчыны». На ёй навукоўцы і гісторыкі выступілі з цікавымі дакладамі, прысвечанымі знакамітым людзям Сакольшчыны. На той канферэнцыі я не прысутнічаў, але ведаю, што Алег Латышонак на ёй выступаў з дакладам пра беларускага палітычнага дзеяча Янку Чарапука, якому некалі Іван Луцкевіч даў мянушку “Змагар”. Не ведаю я таксама ці друкаваў дзе свой даклад Алег Латышонак, але сёння хачу яшчэ раз згадаць пра палітыка з Сакольшчыны, пра якога варта нашым гісторыкам пісаць часцей, бо ён заслугоўвае нашай шчырай памяці і пашаны.

Янка Чарапук нарадзіўся ў 1896 годзе ў мястэчку Новы Двор на Сакольшчыне. Спачатку вучыўся ў мясцовым гарадскім вучылішчы, а пасля скончыў гімназію ў Гародні і ў 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі універсітэт на юрыдычны факультэт.

Падчас вучобы Янка Чарапук пазнаёміўся з украінскімі нацыянальнымі дзеячамі, якія яго, шчыра кажучы, уцягнулі ў палітыку. У Пецярбургу беларускага юнака ўкраінцы прызначаюць сакратаром Пецярбургскай місіі Цэнтральнай Украінскай Рады. А пазней ён стане супрацоўнікам Міністэрства замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР) і пераедзе ў Кіеў.

Тым не менш, беларуса з Сакольшчыны больш цікавілі і хвалявалі родныя справы Бацькаўшчыны. Таму ў Пецярбурзе Янка Чарапук стварае грамадскую культурна-асветную арганізацыю “Вольныя беларусы”, а ў Кіеве становіцца сябрам Беларускае Рады на Украіне. Там, у Кіеве, ён арганізоўвае нават Беларускую партыю незалежных рэвалюцыянераў.

У 1918 годзе Янка Чарапук вяртаецца на радзіму і актыўна даручаецца да спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён удзельнічае ў Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гарадзеншчыны, яго прызначаюць сакратаром беларускай рады гэтых рэгіёнаў. Янка Чарапук шмат піша, друкуецца ў газетах “Беларус”, “ Родны край”, у “Нашай думцы”. Як падае “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (Мн., 2003, т. 6. С.138), Янка Чарапук з канца 1919 года едзе ў Рыгу, дзе працуе сакратаром Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, з’яўляецца сябрам беларускай калоніі ў Латвіі, дыпламатычным кур’ерам пры ўрадзе БНР на чале з Антонам Луцкевічам. З 1920 года малады палітык узначальвае дэлегацыю Беларускай Народнай Рэспублікі на міждзяржаўнай канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў, удзельнічае ў Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, прызначаецца сакратаром Дыпламатычнай місіі БНР у Каўнасе.

У 1919 годзе ў Амерыку ў пошуках працы едзе з Беласточчыны бацька Янкі Чарапука — Антон Чарапук. Там ён, як піша Вітаўт Кіпель у сваёй кнізе “Беларусы ў ЗША” (Мн., 1993), разам з В.Трафімовічам і П.Чопкам склалі першыя арганізацыйныя сходы беларусаў у Чыкага. У 1920 годзе была заснавана новая беларуская арганізацыя, якая называлася Беларускі нацыянальны камітэт. Мэта гэтай арганізацыя была адна — гуртаваць беларусаў Чыкага. Дарэчы, з 1892 да 1913 года ў Чыкага прыехалі 95 тысяч беларусаў. На той час гэта быў самы беларускі горад у ЗША. Сюды ў 1922 годзе прыязджае і Янка Чарапук. Прыезд яго ў Амерыку не быў выпатковы. Па-першае, тут ужо трохі абжыўся яго бацька, па-другое, яшчэ 18 лістапада 1919 года Янка Чарапук пісаў Антону Луцкевічу, выказваючы свае погляды на знешнепалітычную дзейнасць Беларускай Народнай Рэспублікі: “Зараз жэ пашлеце дзве місыі ў Англію, асабліва зноў у Амэрыку… Пры гэтым, што датычыцца Амэрыкі та я сам падняўся, каб быць Сэкратаром нашэй Місыі. У мяне там ёсьць вельмі многа знаёмых, адзін наш беларус Сукрановіч, з якім я і цяпер маю зносіны…” (Запісы-21. Нью Ёрк, 1994. С.126).

У траўні 1922 года Янка Чарапук назаўсёды развітваецца з Радзімай. Перад ад’ездам з парахода “Латвія” ён напісаў паштоўку Тамашу Грыбу: “Даражэнькі! Шлю мае сардэчныя прывітаньні усім сябрам Грамады. Сёньня моцна помню наш дэвіз: змагаймася — зможам. Цалую ўсіх. Ваш Я. Чарапук”.

Ці добра Янку Чарапуку спачатку было ў Амерыцы? Аб гэтым ён піша сам у пісьме да Вацлава Ластоўскага ў Коўна 9 ліпеня 1923 года: “Цяпер падзялюся з Вамі тым, што ёсьць у мяне тут. Прыезд мой у Амэрыку адбыўся пры самых цяжкіх варунках… Маё становішча ў Амэрыцы было адным з самых страшэнных з’явішч у маём маладом жыцьцю…” (Запісы-21, С. 134). Тым не менш, Янка Чарапук-Змагар не скарыўся, рук не апусціў. Найперш ён пачаў пашыраць кола сяброў Беларускага нацыянальнага камітэта і падаў ідэю склікання масавага з’езда беларусаў Чыкага. На гэтую ідэю Янкі Чарапука адгукнуўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі і паслаў у ЗША на дапамогу Чарапуку яшчэ аднаго лідэра — Язэпа Варонку, дарэчы, таксама родам з Сакольшчыны. Па словах Вітаўта Кіпеля, гэтае масавае мерапрыемства сабрала беларусаў не толькі з Чыкага, але і з іншых штатаў ЗША. У выніку працы з’езда была створана новая арганізацыя — Беларуска-Амерыканская Нацыянальная Асацыяцыя. Кіраўніком яе быў абраны Язэп Варонка, а Янка Чарапук — старшынёй рэвізійнай камісіі.

Арганізацыйныя здольнасці Янкі Чарапука і ўдзел у з’ездзе Язэпа Варонкі зрабілі тады на прысутных вельмі канструктыўны ўплыў і заахвоцілі ўсіх да далейшай дзейнасці. А абранае з’ездам кіраўніцтва і многія актывісты распачалі шырокую беларускую дзейнасць у Злучаных Штатах, хаця наперадзе ўсіх чакала шмат выпрабаванняў.

Жывучы ў Амерыцы, Янка Чарапук-Змагар быў яшчэ адным з арганізатараў Беларуска-Амерыканскага грамадскага задзіночання, а таксама Беларуска-Амерыканскай нацыянальнай рады, якая ставіла за мэту дабрачынную дапамогу ахвярам Другой сусветнай вайны. Наогул, наш эмігрант усё жыццё дапамагаў сваім землякам у Беларусі. Ён збіраў грошы і ахвяраваў іх беларускаму студэнцтву і школьніцтву ў Заходняй Беларусі, моцна дапамагаў беларускім арганізацыям у Беларусі і ў Чэхаславакіі. Хаця з 1936 года аж да пенсіі ён працаваў на дрэваапрацоўчай кампаніі “Chicago and Riverdale Lumber Company”, якая гарантавала толькі пэўны мінімум на жыццё і не больш.

У 1952 годзе на канадыйскім баку вадаспада Ніягара адбылася першая сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі. Яна была прысвечана Янку Купалу. На гэтай сустрэчы Янка Чарапук-Змагар, як прадстаўнік Ураду БНР, выступіў з прадмоваю. І такіх выступленняў і прадмоў было тысячы.

Яшчэ ў 1881 годзе ў Амерыцы была заснавана арганізацыя “Рыцары Калумба”, якая з гадамі стала міжнароднай. Янка Чарапук-Змагар уваходзіў у гэту арганізацыю і меў яе найвышэйшую 4-ю рыцарскую ступень, ступень Патрыятызму.

16 лістапада 1957 года нашага земляка не стала. Беларускі каталіцкі часопіс “Znic” (1957, № 43. С. 5) пісаў: “На святой Імшы і на праводзінах Янкі Чарапука-Змагара была амаль уся беларуская інтэлігенцыя з Чыкага… А на жалобнай вячэры чула памянуў яго генерал Дзямідаў ды іншыя”.

2006


Загрузка...