Драмгурткі пачыналіся са сцэнічных твораў


У сярэдзіне 1950-х гадоў Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Беластоку актыўна ўзялося за арганізацыю драматычных гурткоў. “Моладзь! Калі хочаш жыць культурна – арганізуй драматычныя гурткі”, “Моладзь! Арганізуй у сваёй вёсцы гурток БГКТ, праз што прычынішся да пашырэння культуры і роднай”, -- такія лозунгі былі ўсюду. І заклікі кіраўніцтва БГКТ тады далі пэўны плён. Паўсюль на Беласточчыне пачалі арганізоўвацца і дзейнічаць драматычныя і розныя іншыя гурткі мастацкай самадзейнасці. А Мікола Матэйчук 19 мая 1957 года ў “Ніве” апублікаваў артыкул аб тым, што беларусам у Польшчы неабходна яшчэ арганізаваць Беларускі драматычны тэатр. “Рускі тэатр існуе і працуе, арганізуецца ўкраінскі тэатр у Перамышлю. А беларускі? Пакуль няма”, -- паведамляе аўтар гэтага допісу. Далей спадар Матэйчук спыняецца на “малых формах” беларускай драматургіі. Ён піша, што не трэба абмяжоўвацца толькі аднаактоўкамі, бо беларуская драматургія мае багатыя традыцыі і сур’ёзныя драматычныя творы.

Пазней, у 1960 годзе, на Трэцім з’ездзе БГКТ таксама вялася гутарка пра беларускі тэатр. А Вера Леўчук у артыкуле “Аб тэатры” (“Ніва”, 14 ліпеня 1963 г.) выказала сваю думку аб беларускім тэатральным рэпертуары, на якім на той час трымаліся тэатральныя калектывы. “Бо тое, -- пісала Вера Леўчук, -- што драмгурткі на вёсках, неяк радзяць з рэпертуарам (усё іграюць “Мікітавага лапаця” ды “Пярэстую красулю”) абсалютна не сведчаць аб базе для працы прафесійнага тэатра. Нават прапанаваны гурток ГП не зможа працаваць з такім рэпертуарам, які цяпер маем. А п’есы з БССР зноў мала падыходзяць для нашых умоў”.

Але ў тыя гады на Беласточчыне беларускі тэатр адкрыць так і не ўдалося. А шкада! Бо калі б ён быў адкрыты і працаваў да сённяшніх дзён, у ім змаглі б працаваць прафесійныя і таленавітыя рэжысёры і акцёры з Беларусі, якія даўно знаходзяцца без працы з-за таго, што не дуюць у дудку існуючай беларускай уладзе.

Але вернемся да беластоцкіх беларускіх драмгурткоў 50-гадовай даўніны. Сапраўды, як пісала Вера Леўчук, з беларускім сцэнічным рэпертуарам тады было сціпла. У сельскай мясцовасці не хапала беларускіх п’ес. Іх перапісвалі ад рукі, перадавалі з вёскі ў вёску. Таму Галоўнае Праўленне БГКТ вырашыла пашырыць рэпертуар беларускамоўных п’ес друкаваным спосабам.

У 1956 годзе асобным выданнем выдаецца “Паўлінка” Янкі Купалы. Наклад кнігі быў 2500 паасобнікаў. На вокладцы кнігі выдаўцы змясцілі партрэт песняра, а на апошняй старонцы вокладкі была надрукавана рэклама тыднёвіка “Ніва” і ўмовы яе падпіскі.

“Паўлінку” адразу атрымалі многія самадзейныя тэатральныя калектывы. Артыстам спадабалася такая ідэя, таму праз два гады выдавецтвам ГП БГКТ асобнымі выданнямі былі выдадзеныя “Прымакі” Янкі Купалы, п’еса “Суд” Уладзіслава Галубка, “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча. Наклад гэтых кніжак быў па 3000 асобнікаў кожная. Дарэчы, ў канцы кніжачкі “Пінская шляхта” была надрукавана нават біяграфія Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

У 1957 годзе Галоўным Праўленнем БГКТ у Польшчы па ініцыятыве беларускай моладзі асобным выданнем выйшла калектыўная кніжка п’ес на роднай мове “Зборнік сцэнічных твораў”. Выдавецтва падабрала ў кніжку тыя п’есы, якія не цяжка было падрыхтаваць і паставіць на любой вясковай сцэне. Сюды ўвайшлі п’есы – “Пярэстая красуля” А.Чужыніна, “Боты” М. Крапіўніцкага, “Мікітаў лапаць” М.Кудзелькі і п’еска “Міхалка”, з польскага пераапрацавана Далецкімі. Так было сказана ва ўступным слове кніжкі. Але тут павінен быць невялікі каментар. Сапраўды, М.Крапіўніцкі – украінскі аўтар. А хто такі А.Чужынін? Па словах аўтара слоўніка беларускіх псеўданімаў Янкі Саламевіча, гэта таксама ўкраінскі аўтар. Але чаму аб гэтым не згадваецца ў зборніку сцэнічных твораў?.. І ці мог украінскі драматург мець такі рускі псеўданім – Чужынін?.. А што датычыць п’ескі Чужыніна “Пярэстая красуля”, дык яна вельмі арыгінальная, смешная і сцэнічная.

“Мікітаў лапаць” напісаў беларускі драматург Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча Міхась Кудзелька). Упершыню яна была апублікавана і пастаўлена ў 1923 годзе.

П’еска “Міхалка”, якая “з польскага пераапрацавана Далецкімі”, да сённяшняга дня выклікае спрэчкі наконт свайго аўтарства. Янка Саламевіч сказаў, што п’есу напісаў Вацлаў Іваноўскі і яшчэ нехта брат з сястрой. Аб тым, што аўтарам “Міхалкі” з’яўляецца Вацлаў Іваноўскі піша і Юры Туронак: “Вялікім поспехам карысталася яго (маецца на ўвазе Вацлава Іваноўскага – С.Ч.) камедыя са шляхецкага жыцця “Міхалка”, пасля першай публікацыі 1911 года ў Пецярбургу яна вытрымала некалькі перавыданняў, апошняе выйшла ў 1957 годзе ў Беластоку” (“Мадэрная гісторыя Беларусі”, Вільня, 2006. С.190). Прыгадаўся мне і артыкул Зянона Пазьняка “Хто такія Далецкія?”, які быў апублікаваны ў часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” № 1 за 1975 год. Зянон Пазьняк адзначае, што сярод незаслужана забытых п’ес, якімі пачынаўся новы прафесійны беларускі тэатр ХХ стагоддзя, адной з першых трэба назваць камедыю “Міхалка”. Прозвішча яе аўтара невядомае. На тытульным лісце першага выдання п’есы (1911, суполка “Загляне сонца і ў наша аконца”) пазначана “З польскага на беларускі лад перарабілі Далецкія”.

Камедыя “Міхалка” у свой час карысталася вялікай папулярнасцю ў беларускіх гледачоў. Яе ставілі ва ўсіх аматарскіх гуртках і прафесійных беларускіх тэатрах, у тым ліку і на Беласточчыне. Гартаючы беларускі друк за 1911-1912 гады, трапляюць паведамленні аб дзейнасці тэатральнага аматарскага калектыву ў двары Дольцы былога Барысаўскага павета. “У спектаклях у Дольцах удзельнічала беларуская шляхецкая моладзь, -- піша Зянон Пазьняк. – Далецкія аматары вялі асветніцкую, культурную працу сярод сялян. Непасрэдным арганізатарам самадзейнасці быў тутэйшы малады шляхціч Эдвард Сушынскі. Дзякуючы яму ў шматлюдныя фэсты і святы ў Дольцах рэгулярна ставіліся беларускія спектаклі. 29 жніўня 1911 года, напрыклад, на вялікі фэст, калі сабралася шмат народу, шляхты і сялян з усёй ваколіцы, у двары ў Дольцах група тутэйшай моладзі паказала спектаклі “Міхалка” і “Модны шляхцюк” К.Каганца. “Міхалку” тут ставілі ўжо другі раз. Як паведамляе карэспандэнт, п’есу “Міхалка” перарабілі самі аматары і ўпершыню паставілі яе ў 1910 годзе. З 1911 года спектакль ідзе ўжо ў Віленскім беларускім музычна-драматычным гуртку і ў тэатры Ігната Буйніцкага”. “Па-мойму, -- піша далей Зянон Пазьняк, -- ёсць падставы лічыць Далецкіх не перакладчыкамі, а аўтарамі п’есы “Міхалка”, якую, нароўні з “Модным шляхцюком” К.Каганца і “Паўлінкай” Янкі Купалы, трэба залічыць у актыў ранніх нацыянальных камедый маладога беларускага тэатра”.

“Зборнік сцэнічных твораў” саслужыў добрую службу. Змешчаныя ў ім п’есы ставіліся на Беласточчыне дзесяткі разоў. Іх паказвалі на многіх аглядах аматарскіх тэатральных калектываў, якія праводзілі БГКТ супольна з павятовымі аддзеламі культуры і асветы.

Пазней Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, эксперыментуючы, выдавала асобныя п’ескі рознымі спосабамі. Напрыклад, тыднёвік “Ніва”, у 1960-х гадах спецыяльным рэпертуарным дадаткам надрукаваў лірычную камедыю ў адной дзеі Васіля Шчогалева “Бярозка” у перакладзе з украінскай мовы Міколы Татура. Як рэпертуарны дадатак да “Нівы” выйшлі з друку камедыя “Суседка” Алеся Пальчэўскага і “Мараль Наталлі Зотавай” Іды Эвальд і іншыя. Наклады іх былі, як і “Нівы”, каля 5 тысяч паасобнікаў.

Пра выхад гэтых і ўсіх іншых кніжачак п’ес паведамляла на сваіх старонках “Ніва”. Беларусы Беласточчыны самі нават пачалі пісаць п’ескі і прыносіць на пасяджэнні літаб’яднання пры рэдакцыі “Нівы”. Так 17 ліпеня 1958 года ў рэдакцыі “Нівы” была абмеркавана п’еса “Ануфры авансуе” сябра аб’яднання Сяргея Кручка. П’еса складалася з 3 актаў. А падзеі ў ёй адбываліся ў першыя гады пасля вайны. Падчас абмеркавання было адзначана, што аўтар мае здольнасці, але ў п’есе яшчэ ёсць шмат недахопаў.

У 1969 годзе БГКТ выдае новы другі па ліку “Зборнік сцэнічных твораў”. Бо ранейшых выпускаў кніг п’ес было недастаткова. Таму ў новы зборнік увайшлі п’есы – “Злавацца не трэба” В.Зуба, “Цудоўная дудка” В.Вольскага, “Урок танца” У.Адаеўскага, “вываражыла” Ю.Геніюша, “Люцынка-інжынерка” С.Яновіча. А таксама для школьнай сцэны – п’есы “У ліхадзеевым палоне”, “Не на тым коніку” В.Зуба, “Як я быў доктарам” М.Алтухова, “Пасля ўрокаў” Х.Мальцінскага, “Першы ўрок самастойнасці” М.Скрыпкі. П’еса “Злавацца не трэба” Валянціна Зуба прапанавалася больш вопытным гурткам, якія працавалі на Беласточчыне не адзін год і мелі даволі сур’ёзную практыку. Усе астатнія прасцейшыя п’ескі адрасаваліся пачынаючым драмгурткам. Упершыню ў гэтым зборніку свет пабачылі п’есы беластоцкіх аўтараў – Сакрата Яновіча і Юркі Геніюша. Дарэчы, асобным выданнем у 1978 годзе выходзіла п’еска Сакрата Яновіча “Не пашанцавала”. А ГП БГКТ у 1976 годзе таксама выдала “Зборнік сцэнічных твораў” Сакрата Яновіча і Юркі Геніюша. У гэтым зборніку, як пісалі аўтары ў невялікай прадмоўцы да свайго выдання, чытачы змаглі знайсці тое, што магло развесяліць людзей. Але гэта была праўда аб жыцці-быцці, аздобленая смехам. У зборніку Сакрат Яновіч выносіў на суд чытачоў тры свае п’есы – “Сто хвароб на аднаго чалавека”, “Старыя” і “Сынок”, а Юрка Геніюш – п’есы “Хто каго?” і “Прыгоды белага грыба”.

Цяпер беларускім гурткам Беласточчыны было што ставіць. Тым больш, што зрэд часу п’есы друкаваў і “Беларускі каляндар”.

Згадваецца мне і яшчэ адно файнае беластоцкае выданне, якое называецца “Ад абраднасьці да тоеснасьці” (2004). У гэтае выданне ўвайшлі восем сцэнарыяў абрадавых пастановак для беларускіх дзіцячых садкоў Беласточчыны. Сцэнарыі гэтыя напісалі Аліна Ваўранюк, Барбара Пякарская, Ганна Кандрацюк, Аляксандр Максімюк і Тамара Карнілюк.

2008


Загрузка...