На паштоўках – беларуская моладзь Сакольшчыны


Гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі падрыхтавалі і выдалі набор з 13 паштовак пад назовам -- “Горадня – другая сталіца БНР”. Гэтае выданне прымеркавана да 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дзве паштоўкі з гэтай серыі маюць непасрэднае дачыненне да гісторыі Сакольшчыны. А справа ў тым, што восеньскім вечарам 1909 года ў цеснай кватэры ксяндза Францішка Грынкевіча ў Гарадзенскім Бернардыйскім касцёле быў створаны Гарадзенскі гурток беларускай моладзі.

На адным вялікім групавым фотаздымку можна пазнаць ксяндза Францішка Грынкевіча (1884-1933), які паходзіў з вёскі Новы Двор Сакольскага павета.У свой час ён скончыў Віленскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію.

Ёсць на здымку і Адам Бычкоўскі (1889-1937) – першы старшыня Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі. Родам ён быў з маёнтка Талочкі Сакольскага павета. У гуртку Адам выступаў з рэфератамі, пісаў п’ескі, ставіў спектаклі, чытаў са сцэны вершы. Ён быў даволі адукаваным хлопцам, скончыў у свой час юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Сярод беларускай моладзі Адам Бычкоўскі карыстаўся вельмі вялікай павагай і аўтарытэтам. Пэўны час наш зямляк працаваў суддзёй у Саколцы, а ў 1930-х гадах – адвакатам у Варшаве. Там ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі асветнага таварыства беларусаў. Сам распрацаваў статут таварыства і стараўся яго зацвердзіць праз камісарыят ураду Варшавы, Міністэрства унутраных спраў. Ён даваў усім беларусам Заходняй Беларусі бясплатныя юрыдычныя кансультацыі і парады. Але жыццё Адама Бычкоўскага, на жаль, рана абарвалася. Гэта здарылася, як піша Аляксей Пяткевіч у сваёй кнізе “Старонкі спадчыны” (Мінск, 2006) у ягоным службовым кабінеце, дзе ён памёр ад інфаркту.

Сярод беларусаў Сакольшчыны магчыма на гэтым калектыўным здымку ёсць Язэп Лявіцкі, Вінцук Семяновіч, Фэлька Лабенец, Антон Спявак, Станіслава і Эдзюк Кунды, Пранук Эйсмант і іншыя хлопцы і дзяўчаты. На іх дзейнасці трымаўся Гарадзенскі гурток беларускай моладзі.

Язэп Лявіцкі (1893-1916) паходзіў з Сухаволі (па іншых звестках з хутара Горны Хлеўск) Сакольскага павета. Скончыў Гарадзенскую гімназію, вучыўся ў Пецярбургскай медыцынскай акадэміі. У гуртку беларускай моладзі Язэп Лявіцкі быў артыстам, мастаком дэкарацый, спяваў у хоры. Друкаваўся з гродзенскім часопісе “Педагагічная справа” пад псеўданімам Юрка Снапко. Выдаваў у 1913 годзе на шапірографе літаратурны альманах “Колас беларускай нівы”. Загінуў падчас Першай сусветнай вайны.

Вінцук Семяновіч нарадзіўся ў Новым Двары. У Гарадзенскім гуртку выступаў як акцёр. Загінуў у гады Другой сусветнай вайны.

У вайну загінуў Антон Спявак, у Расіі ў 1918 годзе прапаў Фэлька Лабенец. Трагічным быў лёс і многіх іншых сяброў Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі.

На другім здымку з 6 асобаў можна пазнаць у першым радзе (злева направа) Зоську Верас, Марысю Бобрык і Юзю Грынкевіч (Грынкевічанку). За імі стаяць (злева направа) Язэп Раманскі, Адольф Зянюк і нехта Янік. Актыўнасцю ў гуртку найбольш вылучаліся Адольф Зянюк і Зоська Верас.

Адольф Зянюк (1894(?) – 1938) паходзіў з Сухаволі Сакольскага павета. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта, скончыў адну з ваенных вучэльняў у Кіеве. У гуртку актыўна ўдзельнічаў у спектаклях, пісаў апавяданні. З 1925 года рэдагаваў часопіс “Студэнцкая думка” у Вільні, дзе і памёр.

Зоська Верас (1892-1991) нарадзілася на Украіне. Бацька быў родам з Гародні, а маці -- з маёнтку Крыштапарова Сакольскага павета. У 1909 годзе Зоська Верас паступіла ў прыватную жаночую гімназію Баркоўскай ў Гародні, дзе прычынілася да арганізацыі і дзейнасці Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, які ставіў сваёй мэтай развіццё нацыянальна-патрыятычнай самасвядомасці народных мас. Зоська Верас збірала кнігі для бібліятэкі гуртка, дзеля чаго наладзіла сувязі з віленскай беларускай кнігарняй, рэдакцыяй “Нашай нівы”, суполкай “Загляне сонца і ў наша аконца”. Іграла ў спектаклях, перакладала з польскай мовы аднаактоўкі для драматычнага гуртка, удзельнічала ў падрыхтоўцы і выданні альманаха гурткоўцаў “Колас беларускай нівы”.

2008


Загрузка...