Галіна Кіслая ўспамінае бацьку


Сёлета 27 студзеня ў тыднёвіку “Ніва” (Беласток) быў апублікаваны мой матэрыял, які называўся “Дырыжор і кампазітар Кастусь Кіслы”. У ім я згадаў пра праваслаўнага і культурна-грамадскага дзеяча беларускага замежжа, рэлігійнага музыкаведа і кампазітара, дырыжора царкоўных і свецкіх хораў Кастуся Кіслага (1898-1980). Пасля публікацыі, у рэдакцыю “Нівы” патэлефанавалі чытачы і сказалі, што дачка Кастуся Кіслага — Галіна Кіслая жыве ў Беластоку і рэгулярна наведвае царкоўны хор, які дзейнічае пры праваслаўным саборы святога Мікалая. З дапамогай беларусаў Беластока мне ўдалося адшукаць спадарыню Галіну, дамовіцца аб сустрэчы і зрабіць з ёй інтэрв’ю.

— Спадарыня Галіна, вялікі дзякуй, што Вы пагадзіліся са мной сустрэцца і пагутарыць пра лёс Вашах сваякоў, а таксама пра Вашага бацьку — слыннага беларуса Кастуся Кіслага. Пры напісанні артыкула я меў мала звестак пра Вашага бацьку, можа Вы дапаможаце сёе-тое згадаць і ўдакладніць.

— Я з вялікім задавальненнем гэта пастараюся зрабіць, але майце на ўвазе, што я маю ўжо 81 год і не ўсё ўжо памятаю, а некаторыя дэталі, факты, лічбы, наогул, магу пераблытаць.

— Спадарыня Галіна, раскажыце спачатку пра сябе і Вашу сям’ю.

— Я нарадзілася ў 1927 годзе ў Слоніме. У Слоніме нарадзілася і мая старэйшая сястра Жэня, яна была з 1922 года нараджэння. Жэня ўжо памерла і пахавана на праваслаўных могілках на Выгодзе ў Беластоку побач з мамай і татам. Там захоўваецца месца і для мяне. Са Слонімшчыны родам была і мая мама Лізавета Кіслая. А тата нарадзіўся ў Калішэ Лодзьскага ваяводства. Мама з татам пазнаёміліся ў Слоніме падчас наведвання царкоўнага хора. Яны ўсё сваё жыцця наведвалі праваслаўныя хоры, там спявалі, арганізоваўвалі гэтыя хоры, тата пісаў музыку да царкоўных тэкстаў і г. д.

— І Вы таксама працягваеце справу сваіх бацькоў?

— Так, да сённяшніх дзён я рэгулярна хаджу ў Беластоцкі праваслаўны сабор святога Мікалая і спяваю ў хоры.

— Ці памятаеце Вы слонімскі перыяд жыцця?

— Не, не памятаю, бо калі мы прыехалі ў Беласток, мне ішоў толькі пяты год. Згадваюцца толькі маленькія слонімскія моманты жыцця, твары невядомых мне людзей і трохі прыгадваецца горад. У 1932 годзе мы прыехалі ў Беласток і з таго часу я ніколі больш у Слоніме не была. Калі са Слоніма мы прыехалі ў Беласток, то жылі на кватэры на вуліцы Слонімскай, 28, а цяпер я жыву на Наваградскай вуліцы. Як бачыце, мяне, праваслаўную беларуску, Беларусь ад сябе ніколі не адпускала.

— Дзе працаваў тады Ваш тата ў Беластоку?

— У адной страхавой кампаніі. Там пэўны час працавала і мама. Тата быў вельмі адукаваным чалавекам. Але больш за ўсё ён любіў царкву і царкоўную музыку.

— Спадарыня Галіна, чаму Ваша мама, сястра і Вы засталіся пасля вайны ў Беластоку, а тата адзін выехаў у Германію?

— Тата ніколі не займаўся палітыкай, ён любіў музыку, ён быў добрым спецыялістам па арганізацыі царкоўных і свецкіх хароў, але адразу пасля вайны за ім пачалі сачыць савецкія спецслужбы і праз пэўны час бацьку маглі б арыштаваць. Каб выратавацца ад арышту, у сям’і было вырашана, каб тата пакінуў Беласток і выехаў тэрмінова ў Германію. Што ён і зрабіў. А з Германіі яго шлях ляжаў у Бельгію і ЗША. Некалькі гадоў мы пра тату нічога не чулі, думалі, што ён дзесьці загінуў. Пасля, я не памятаю, нехта нам паведаміў, што Кастусь Кіслы жыве ў Амерыцы. Потым нам перадалі яго адрас і мы пачалі з ім перапісвацца. А праз пэўны час я наведала яго ў ЗША. Запрашала прыехаць да нас у Беласток, але ён усё баяўся, каб не арыштавалі. Але пасля вайны тата да нас прыязджаў адзін раз у Беласток, трохі жыў з намі. А пасля ў канцы 1970-х гадоў ён прыехаў да нас назаўсёды. А 8 студзеня 1980 года яго не стала.

— Ці меў Ваш тата ў ЗША іншую сям’ю?

— Не, тата больш не жаніўся, а мама не выходзіла замуж.

— А як у Беластоку склаўся Ваш асабісты лёс?

— Я жыла тут з мамай і сястрой. Сястра Жэня выйшла замуж, мела двух сыноў. Сын яе жыве ў ЗША, а дачка ўжо памерла. Была ў нас і яшчэ адна сярэдняя сястра, але яна маленькая памерла і пахавана ў Слоніме. Мама пасля вайны прыязджала адзін раз у Слонім на магілку нашай сястры. А больш у Слоніме не была. Што датычыць мяне, дык я жыву адна. Выкладала ў начальнай школе фізкультуру і вяла секцыю па гімнастыцы, бо сама ў маладыя гады займалася гімнастыкай. Вучні мае ўдзельнічалі ў многіх спартыўных спаборніцтвах па гімнастыцы, прывозілі дыпломы і граматы.

— А што Вы ведаеце пра сваіх родных дзядзькаў, я маю на ўвазе, Аляксандра і яшчэ аднаго роднага брата Вашага таты? У гады вайны Аляксандр Кіслы быў бургамістрам Слоніма.

— Пра аднаго дзядзьку я нічога не ведаю. А дзядзька Аляксандр пасля вайны жыў у Аўстраліі, быў жанаты, меў сына і дачку. Але з імі я сувязей не маю, магчыма ў гэтым вінавата адлегласць, бо да Аўстраліі ўсё ж вельмі далёка і нам сустрэцца ў жыцці не давялося, хаця з дзядзькам мы перапісваліся і з імі падтрымліваў сувязі мой бацька. І калі ён жыў у нас, то вельмі часта згадваў сваіх родных братоў. А перад самай вайною мы ў іх гасцілі, здаецца, гэта было ў Вільні.

— Ці спяваў Вам бацька у час сустрэчы песні?

— Спяваў народныя песні і царкоўныя на беларускай мове і на польскай. Мы ўсё ж былі і застаемся праваслаўнымі беларусамі.

— А калі памерла Ваша мама?

— Мама памерла пазней за бацьку. Хачу сказаць, што яны ніколі не сварыліся, мусіць, усё жыццё моцна кахалі адзін аднаго, хоць пражылі большую палову свайго жыцця ў ростані.

— А ці маеце ў сваім хатнім архіве музычны зборнічак Вашага бацькі, які называецца “Вялікдзень”?

— Не, не маю. Толькі ёсць фотаздымкі, хаця і на фотаздымках я не ўсіх ведаю, дый і многіх не памятаю.

— А што сёння часцей за ўсё згадваецца, аб чым думаецца?

— Хочацца яшчэ трохі пажыць. А душу я сваю лячу царквою, калі прыходжу туды на богаслужэнні і ў царкоўны хор. Хаця, шчыра скажу, старому чалавеку жыць ужо сумна.

2008


Загрузка...