Дарогу паказваў Мэрэй, але пракладваў сцежку і таптаў снег Рой. Згодна з указаннямі Мэрэя ён кіраваўся то на адзінокую сасну, то на граду пагоркаў, то на карабельны гай, то ў даліну. Большай часткай нельга было абысціся без плеценых канадскіх лыжаў, і на долю Роя выпадала сама цяжкая, знясільваючая праца, але і ў гэтым выпадку два іншыя ледзь паспявалі за ім. Рой імкнуўся наперад так, нібыта адчай падганяў яго, і ногі яго ішлі самі, якім бы глыбокім ні быў снег. Мэрэй нёс сама цяжкі груз, у тым ліку большую частку пастак; нават гэтаму велікану даводзілася паскараць свой шырокі крок, каб паспець за Роем. Мэрэй імкнуўся скарачаць дарогу, ідучы нацянькі, але Рой кожны раз выбіраў да таго ж і больш лёгкі варыянт і ні на хвіліну не збаўляў тэмп.
— Ты, відаць, спяшаешся? — сказаў Мэрэй пасля двух дзён такой дарогі.
— Навошта губляць час? — адказаў Рой.
— Але ж часу ў нас дастаткова, — зазначыў Мэрэй.
— Гэта як сказаць, — запярэчыў Мэрэю Зел, але той ніяк не зрэагаваў. А іменна Зелу даводзілася цяжэй за ўсё: Мэрэй неаднойчы ўжо выцягваў яго са снегу і нёс яго мех, пакуль ён трохі не дужэў, каб цягнуць груз далей. Але Зел усё адно быў за Роя. — Чым хутчэй мы туды трапім і чым хутчэй выберамся, тым лепей для нас, — казаў ён.
Першыя тры дні яны ішлі прыкладна па прамой. Мясцовасць ім была добра знаёмая, і ніякіх адкрыццяў не прадбачылася. Але на чацвёрты дзень яны пераправіліся цераз Серабрыстую раку і падняліся на хрыбет Белых гор. Хрыбта такой вышыні не было ва ўсім Муск-о-гі; востры, як брытва, ён выцягнуўся з усходу на захад як кінуць вокам. Гэта быў межавы хрыбет, які адразаў Муск-о-гі ад пустынных участкаў на поўначы. Залазячы на гэты хрыбет, Мэрэй двойчы губляў арыенціры, і толькі калі дабраўся да самай вяршыні, ён зноў вызначыў напрамак.
Там, наверсе, перад імі паўстала зусім новая для іх краіна, не падобная на іхнія ўчасткі. Пазіраючы на яе з радасцю і хваляваннем, Рой зразумеў, чаму яе называюць краінай Срэбных Даляраў.
— Глядзіце, якія азёры! — захоплена ўсклікнуў ён. — Вось гэта краіна! Я ўздымаўся на гэты хрыбет на ўсходзе, але такога яшчэ не бачыў. Тут усё не такое. Зусім не такое.
Сапраўды, гэта не было падобна на нагрувашчванне невысокіх аднастайных хрыбтоў Муск-о-гі, гэта была краіна кантрастаў. Тут былі і адгор'і, і высокія пікі, і глыбокія даліны. Былі і плато, якія выцягнуліся вузкімі палоскамі паміж гор, пляскатыя і гладкія, яны таксама былі ўсеяны азёрамі і сасновымі лясамі. У параўнанні з больш мірным пейзажам Муск-о-гі тут ўсё было ўздыблена і скручана. Лясы, яшчэ не кранутыя сякерай, цёмныя гушчары і побач ззялі на сонцы здрадніцкія снежныя схілы.
— Яно мо і прыгожа, — сказаў Мэрэй, — але на такім схіле сам чорт галаву скруціць. А зараз, калі яны заледзянелі, на іх і нам можна галаву зламаць. Бачыш лес на тым баку плато? — спытаў Мэрэй у Роя.
Рой зірнуў цераз два хрыбты і плато на густы сасновы лес.
— Пастарайся вывесці нас туды найбольш дакладна, — сказаў Мэрэй. — Якраз там мая хаціна. У канцы вунь таго азярца.
Гэты апошні адрэзак шляху Рой правёў так, што ва ўсіх аж дух заняло. Яго прыспешваў яшчэ і звычайны азарт гонкі з дзённым святлом. Кожны крок у гэтай новай краіне прыносіў яму задавальненне, кожная цяжкасць была прыемнай. На гэтым апошнім пераходзе давялося абыходзіць шмат лясных гушчароў і зараснікаў, і хоць часцей за ўсё мэта паходу была схаваная, Рой прывёў іх проста да месца. Шлях гэты ім варта было добра запомніць, бо яны не рызыкавалі пазначаць свой шлях, як бы цяжка ні было знайсці яго пасля. Яны былі ў заказніку, і чым менш слядоў заставалася пасля іх — тым лепей. Заказнік не меў мяжы альбо іншых апазнавальных знакаў, але яны ведалі, што ён пачынаўся ад хрыбта Белых гор, і чым далей яны адыходзілі ад хрыбта, тым больш паглыбляліся ў заказнік. Да таго часу, як Рой вывеў іх глыбокай далінай да ўказанага Мэрэем сасновага лесу, хрыбет Белых гор ледзь дыміўся вечаровай смугой далёка ззаду, а самі яны былі ў глыбіні заказніка.
— Вось тут і пачынаецца сама цяжкае, — сказаў Мэрэй, калі яны ўвайшлі ў лес. — Зараз мне трэба знайсці свае прыкметы, — і ён пайшоў першы.
Нават малеча Зел узбадзёрыўся, і, калі напалоханая лань вылецела на іх з сасновых зараснікаў і адскочыла ўбок, ён гукнуў:
— Глядзіце, як уцякае!
Рою было прыемна бачыць, як ажывае Зел.
— А ты не думаеш, што твой крык пачуе абходчык і за сотні міль адсюль? — сказаў ён Зелу.
Пры згадцы пра пушных абходчыкаў Зел напусціў на сябе абыякавасць.
— Колькі міль адсюль да бліжэйшага кардона? — спытаў ён у Мэрэя.
— Каля паўтары сотні, — адказаў Мэрэй. — Не тое, каб пастаянны пост, а проста ўкрыццё для леснікоў.
— І наогул больш верагоднасці сустрэць тут леснікоў, а не пушных абходчыкаў, — сказаў Рой. — Тут ёсць што аберагаць. Які лес!..
Вакол іх узвышаліся каланады адвечных соснаў. Дрэвы такія вялікія, што стаяць даволі рэдка, хоць лес здалёку здаваўся вельмі густым. Пад нагамі снегу мала, ён, відаць, яшчэ не паспеў прабіцца праз густую хвойную страху. Цёмна, спакойна, ціха.
У далёкім канцы гэтага лесу, на ўскраіне плато, сярод вялікіх дрэў схавалася маленькая хаціна Мэрэя. Яны выявілі яе, толькі калі падышлі зусім блізка, бо так удала схаваў яе Мэрэй сярод соснаў. Яна была замаскіравана вялізнымі ніжнімі галінамі, якія хавалі і страху і сцены. Мела яна пятнаццаць на пятнаццаць футаў. Уваходзячы ў дзверы, давялося моцна нагнуцца.
— І колькі часу ты яе будаваў? — здзіўлена спытаў Рой, гледзячы на прамыя, цесна падагнаныя сцены, звонку абмазаныя глінай і непадуладныя ветру.
— Амаль усё лета, — адказаў Мэрэй, — і палову восені.
— Дык вось чым ты займаўся! Лавіў тут дзічыну і будаваў таемныя хаціны! — сказаў Рой.
Увайшоўшы ўнутр, ён агледзеўся і дастойна ацаніў майстэрства Мэрэя. Ён быў лесавік ад нараджэння, і ўсякая лясная справа ішла спорна. У хаціне было нават акно і складзена прымітыўная печ: ахвочы да камфорту Рой нават не чакаў такога. Жоўтае аконнае шкло было з трымплексу, і Мэрэй патлумачыў, што здабыў яго ў Скоці, які ў сваю чаргу адхапіў яго на нейкай звалцы ваеннай маёмасці, ды так і не знайшоў, дзе яго скарыстаць. Печ, складзеная з камянёў і гліны, была шэдэўрам. У паглыбленні сцяны быў змайстраваны ачаг з невялікай печчу, і конусам быў складзены комін, абшыты бляхай з бідонаў. Рой адзначыў, што комін, злеплены з камянёў і гліны, быў выведзены каля сама вялікага дрэва так, што дым слаўся па ствале і рассейваўся, перш чым падняцца над лесам.
— Здаецца, ты сабраўся тут асесці надоўга, — сказаў Рой.
— Так, гэта не на адзін год, — адказаў Мэрэй. — Я думаю лавіць у гэтым заказніку кожную зіму, ды і кожную вясну таксама, калі не перашкодзяць абходчыкі.
Сумненні адносна Мэрэя, якія прыгняталі Зела ўсе чатыры дні іхняга шляху, на час рассеяліся, калі ён убачыў хаціну, якая здзівіла яго і выклікала захапленне.
— Тут можна чакаць другога прышэсця, — сказаў ён Мэрэю, — і ніхто на свеце цябе не знойдзе, нават гэтыя боўдзілы-абходчыкі.
Мэрэй скінуў свой вялізны цюк пастак і правізіі, і ён з грукатам упаў на падлогу.
— Ты не надта паплёўвай на гэтых абходчыкаў, Зел, — сказаў Мэрэй. — Яны вядомыя прайдохі. Пусці іх па следу, і яны табе што захочаш знойдуць.
Рой падумаў, што Мэрэй знарок дражніць Зела, але ў Мэрэя не было ніякага жадання адпомсціць свайму надакучліваму напарніку альбо падсмейвацца. Ён казаў тое, што думаў, і гэта беспамылкова ўздзейнічала на Зела Сен-Клэра.
— Але ім нялёгка будзе знайсці гэтае месца, — супакойваў Зела Рой.
— Толькі сачыце за іхнімі самалётамі, — папярэдзіў Мэрэй, а затым дадаў: — Пайшлі, я пакажу вам возера.
Да ўзлеску было крокаў семдзесят, а далей — строма. Пад ёй у крутой катлавіне знаходзілася заледзянелае возера, дакладней, два азярцы ў форме банта, з выспаю пасярэдзіне. Уздоўж усяго пляскатага берага выдзялялася паласа, якая паўтарала яго абрысы. Гэта была паласа балота, якое зрабілі бабры, калі перагарадзілі каля вусця некалькі горных ручаёў.
— Так, гэтае месца вартае ўвагі, — сказаў Рой. — Амаль што возера Фей. — Ён назваў яго як мага далікатней не толькі таму, што быў зачараваны ім, але і з-за яго крылатых абрысаў. — Шкада, што мы не прыйшлі сюды раней, з чоўнам. А то не ўдасца яго абысці.
— А што я табе казаў, — абыякава зазначыў Мэрэй. — Вунь за той паласой выгаралых соснаў бачна Сярэбраная рака. Калі б мы плылі сюды на чоўне да марозу, гэта сэканоміла б нам дзень. Тады дастаткова было б перацягнуць човен цераз гэтае вось плато.
Рой паглядзеў на тонкую нітку далёкай ракі, на тысячы бліскучых азёр, на бязмежны далягляд, які адкрываўся з гэтай вышыні. Гэта былі вялікія канадскія лясы, якія распасцерліся далёка за межамі Муск-о-гі. Гэта былі прасторы, дзе кожны крок адкрываў новыя гарызонты, усё больш дзікія, усё больш прывабныя. Быць гаспадаром гэтай краіны, блукаць без перашкод па яе лясах і гарах, адчуваць дзікую магутнасць гэтых ветраў — вось што прадчуваў зараз Рой.
— Не магу зразумець, — сказаў ён разважліва сваім сябрам, — як гэта я шмат гадоў таму не стаў лясным валацугай? — І ўсмешка паволі скрывіла яго губы.
Мэрэй зарагатаў, што здаралася з ім вельмі рэдка.
Зел прапусціў словы Роя міма вушэй.
— Дык як мы распачнем паляванне? — спытаў ён, фарсіруючы рашэнне, якое трэба было прыняць.
— А як атрымаецца, — адказаў Мэрэй.
— Паслухай, — не сунімаўся Зел, — лепш за ўсё было б вылавіць тут усё, што можна, і як мага хутчэй. Трэба ставіць пасткі густа, каб лавіць звера больш, а затым змывацца. Як ты лічыш?
— Навошта такая спешка? — спытаў Мэрэй.
— Тым разам ты не спяшаўся, таму і трапіўся, — укалоў яго Зел.
Мэрэй задумліва зірнуў паўзверх чорнай шавялюры Зела.
— А як лічыш ты, Рой? — паспешна спытаўся той.
Рой разумеў, чаму Мэрэю не хацелася спяшацца. Ён і сам не спяшаўся б. Убачыўшы гэтую краіну, ён не хацеў прызнаваць неабходнасць спешкі і асцярожнасці, саму магчымасць адступлення. Рой ужо адчуваў, што тут яго родная прастора, і думаў, што Мэрэй адчувае тое ж самае. Яму хацелася мець задавальнення як мага больш і без спешкі. Але рэшта цвярозасці і ўсведамленне, што лепш яму не станавіцца на нейчы бок, вызначылі яго адказ.
— Мне здаецца, што лавіць трэба хутка, — сказаў ён, — але наладжваць шалёную гонку не варта.
Мэрэй паціснуў плячыма, Зел чакаў, што будзе далей.
— Па-мойму, так, — сказаў Рой. — Мы з Зелам можам весці аблоў азёр. Я вазьмуся за бабра, а Зел можа выграбаць андатру, яна больш даверлівая. А пакуль мы зоймемся гэтым, — звярнуўся ён да Мэрэя, — ты можаш паляваць па ўсёй акрузе, ставіць сіло на сцежках звяроў і наогул усюды, дзе ўбачыш сляды лісіцы, норкі і рысі. Як вы думаеце?
Яны згадзіліся і прапанавалі сякія-такія ўдакладненні. Усю пушніну вырашылі зносіць у хаціну, скуркі было вырашана дзяліць пароўну, кожны сам мусіў разбіраць сваю долю, і дзялёжку праводзіць адразу ж, так, каб кожны мог трымаць сваю здабычу напагатове на выпадак нечаканых уцёкаў. Былі выпрацаваны абавязковыя для ўсіх правілы паводзін. Не раскладваць агню для падвячорка, ніякіх кастроў па-за хацінай. Але перш за ўсё і важней за ўсё — не страляць. У іх усіх з сабой былі вінтоўкі, але тут гук стрэлу разносіцца на дзесятак міль, і стральба магла выклікаць да іх цікавасць. Мэрэй лічыў, што гэта лішняя засцярога, але здаўся настойлівасці Зела і ўгаворам Роя. Ніякага палявання, ніякай стральбы, як бы спакушальна блізка не з'яўляўся алень. Амаль зусім сцямнела, а яны ўсё стаялі на схіле над возерам Фей. Нібыта кажан, яно чарнела ў начной цемры, і Рой апошнім пакінуў яго, калі яны, нарэшце, сабраліся вярнуцца ў хаціну.