Калі завіруха, заваліўшы ўсё снегам, нарэшце сціхла, Рой узяў ружжо і на лыжах выправіўся на паляванне на хрыбты. Хутка ён высачыў і застрэліў аленя. Хоць Рой разабраў тушу і павесіў на дрэва, ён ведаў, што сапраўднай патрэбы забіваць гэтага аленя (да таго ж самку) не было, бо ў іх яшчэ заставаўся вялікі запас ласінага мяса. Але, калі ён і ўсвядоміў на імгненне ўсю непатрэбнасць імкнення забіць, гэтая думка згінула ў радасным адчуванні, што ён зноў на паляванні, і ён не сыходзіў з хрыбтоў, працягваў падпільноўваць дзічыну, ён быў гатовы забіваць усё, што трапіць яму на мушку, забіваць, не адчуваючы падчас гэтага абсалютна нічога, акрамя паляўнічага азарту.
Пад снегам усё навокал было яшчэ больш дзіўным. Вялікая заснежаная краіна, краіна доўгіх закругленых ліній, якія недзе ўдалечыні пераходзілі ў снежны гарызонт. Пад нагамі то цвёрды граніт, то мяккія гурбы. А лясы і азёры нібы вялізныя сховы цішыні. Часцей за ўсё чуваць было рыпенне лыжаў па снезе, і кожны раз, як яно чулася, гэты гук вібраваў і праходзіў праз ногі Роя, праз усё ягонае цела. Гэта быў гук дарогі, частка таго, што і трымала яго ў дарозе, пакуль ён не заходзіў так далёка, што даводзілася вяртацца, каб паспець да цемры.
Рой закінуў усе свае пасткі на возеры, і гэта непакоіла яго. Што гэта за лоўля, калі пасткі цэлымі суткамі заставаліся са здабычай, але яшчэ горш было пакінуць іх пасля завірухі. Завіруха замяла пасткі, і, акрамя збору здабычы, трэба было пераставіць увесь ланцуг пастак, бо зараз яны апынуліся глыбока ў снезе.
І гэтым днём яму не ўдалося вярнуцца своечасова і агледзець пасткі, бо ён заўважыў дым на ўсходзе і падняўся на адну з бліжэйшых вяршыняў. Але і адтуль ён не мог вызначыць, ці далёка дым, бо снег і шэрае неба скрадвалі адлегласць. Ён вырашыў, што гэта не надта далёка, бо дым быў бачны і ў гэткі змрочны дзень. Вядома, гэта мог быць і Мэрэй, і падчас вячэры ў хаціне ён спытаў:
— Ты быў сёння на ўсходніх участках?
Мэрэй пакруціў галавой.
— Я быў на поўначы, на азёрах, шукаў сляды норкі. Іх там шмат. А што?
Рой расказаў яму пра дым.
— Ты, відаць, маеш рацыю, Рой, — прамармытаў Мэрэй, напхаўшы ў рот сакавітага мяса. — Нехта вядзе паляванне ў заказніку, і даволі бяспечна.
— Як і мы! — умяшаўся Зел і зірнуў на Роя, на яго закапаную крывёю аленя куртку.
Але Рой не адказаў на выклік, яго перасталі цікавіць спрэчкі з Зелам, Мэрэем і з самім сабой. Ён толькі фыркнуў, плюнуў і працягваў есці, пытаючыся ў самога сябе, ці прычэпіцца да яго Зел за нявыбраныя пасткі, і панура разважаючы, як ён яго спыніць. Але Зел не згадаў пра гэта, ён пачаў пра недахоп правіянту.
— Закончылася бульба, — аб'явіў ім Зел, — і масла таксама. Засталося ўсяго некалькі бляшанак кансерваў на зваротны шлях, ды яшчэ слоікі з ягадамі, слоік марынаду і крыху хлеба ды сухароў.
Слоік з ягадамі — падарунак місіс Бэртан, а марынад быў ад Джыні. Рою захацелася пакаштаваць, ці смачны ён, ці ўдалося Джыні згатаваць нешта не падобнае на яе звыклае прэснае варыва? З абыякавай паблажлівасцю ён мог зараз захапляцца той прымусовай дамавітасцю, якую яна напускала на сябе дзеля яго. Не першы раз за гэтыя дванаццаць гадоў ён так востра адчуў, што значыць для яго Джыні, як цесна звязаны іх жыцці, як гэта было правільна і як правільна гэта было б і ў будучым. Раптам гэта завалодала ўсёй яго істотай, і ўпершыню з часу вяртання Эндзі ён уявіў сабе ўвесь воблік Джыні; усё іхняе знаёмства; і пасля скачок ад прыватнага, ад іх блізкасці, — да значэння гэтага для яго; да яго самога, што неаддзельны ад Джыні, як бы ні супраціўлялася гэтаму яго ўстрывожаная свядомасць; ён не можа дапусціць, каб з Джыні так мімаходам здзекаваўся нейкі прыдуркаваты, каб яна падпарадкоўвалася самавольству Эндзі. Не, ён гэтага не стрывае!
Але ці не позна? Справа не ў Эндзі, а ў ім самім. Ён загінуў; і не толькі таму, што прырода адолела яго, загнала ў лес. Прырода выхапіла яго з таго асяроддзя, існаванне па-за якім для яго было немагчымым. Гэта зрабіла з яго адзіночку — і ўсё. І вось зараз ён меў вынік свайго паражэння, дзяліў яго са сваімі спадарожнікамі: двума загінуўшымі чалавекамі.
— Давай пакаштуем марынаду, — сказаў Рой Зелу, калі яны селі за стол.
— Гэта што, справа рук Руфі Мак-Нэйр? — спытаў Мэрэй.
Рой адмоўна пакруціў галавой і сарваў накрыўку.
— А як маецца Сэм? — працягваў Мэрэй.
— Выдыхся! — сказаў Рой, торкаючы відэльцам у зялёныя памідоры.
— Яны там у горадзе ўсе выдыхліся, толькі гэтага не ведаюць, — сказаў Мэрэй.
Рой адарваўся ад ежы.
— Толькі не Джэк. Джэк Бэртан, той не здасца!
— Ну, як марынад? — спытаў Зел, гледзячы на Роя вачыма, якія ўсё разумелі.
— Смачны, — сказаў Рой. У памідорах было занадта цукру, але для першага разу нічога; зрэшты, іншыя разы для Джын, відаць, былі яшчэ менш удалыя.
— Два-тры дрэнныя гады — і Джэк здасца, як і іншыя, — падсумаваў Мэрэй.
Рой не спрачаўся.
Раніцай ён праверыў пасткі і дастаў з-пад снегу столькі здабычы, што яму стала сорамна за прапушчаны дзень. Дастаючы пасткі з-пад снегу і закладваючы іх на новым месцы, ён заадно не мог не адзначыць асаблівыя павадкі баброў на новых сцежках у глыбокім снезе. Часова гэта яго захапіла, асабліва калі ён натрапіў на двух старых баброў, якія валілі невялікую вярбу. Ён назіраў, як яны паводзілі сябе: пачалі грызці ствол не з таго боку і ўсё ж звалілі вярбу на чысты лёд, дзе ім зручна было адабраць з яе кару. Рой ужо даўно прыйшоў да высновы, што справа зусім не ў здагадлівасці бабра, які валіць дрэва на ваду альбо на лёд, гэта значыць, іменна туды, куды патрэбна. Тлумачылася гэта проста тым, як раслі дрэвы. Большая частка галін у выніку трапічных умоў расце звычайна на асветленым і адкрытым баку і пераважае сюды дрэва, таму яно і падае на адкрытае месца, як бы ні падгрызалі яго бабры. Аднак Рой усё адно ўсміхаўся, назіраючы за гэтымі бабрамі, і распачаў з імі гульню ў снежкі; ён ціхенька набліжаўся да іх, каб праверыць, як блізка можна падысці, перш чым яны пачуюць яго альбо адчуюць яго пах. Ён падышоў крокаў на дванаццаць і лёг у снег, ляпіў снежку. Пасля, асцярожна падняўшы галаву над гурбай, прыцэліўся і снежкай збіў аднаго бабра з ног. Рой засмяяўся, але ў тое ж імгненне вярба з шумам упала, і ён здрыгануўся ад нечаканасці. Спалоханыя бабры зніклі, а Рой, пасміхаючыся, рушыў далей, на душы ў яго палягчэла. І ўсё-такі ён не зняў ненажэрныя сіло, якія і на гэты раз падвоілі яго здабычу.
— Справа ёсць справа, — суцяшаў сябе Рой. — Пакуль можаш, бяры што можаш.
У час абходу ён чуў яшчэ два стрэлы, на гэты раз вельмі блізка.
«Напэўна, гэты забойца — Сахаты», — падумаў Рой.
Стрэлы яго ўсхвалявалі; але крыху пазней ён зусім страціў спакой. На адной са сцежак ён убачыў труп шэрага ляснога ваўка. Гэта быў буйны пляскатагаловы самец з бела-шэра-карычневай пушнінай. Ён ляжаў на сцежцы мёртвы, зяпа яго была разяўленая, тоўстыя скачанелыя ногі выцягнутыя, як палкі. Здавалася, што ён ужо з тыдзень як здох, але снегам яго не занесла і пушніна была яшчэ як у жывога. Рой перавярнуў яго скачанелае тулава, ён хацеў знайсці раны альбо ўкусы, але ніякіх адзнак вінаватага ў смерці не было. Прыкметы, аднак, былі відочныя, і Рой не стрываў.
— Яшчэ не хапала, каб Зел скарыстаў белае сіло! — сказаў ён гучна.
Белым сіло індзейцы называлі яд, і труп ваўка сведчыў альбо пра прамое атручэнне, альбо пра тое, што ён з'еў іншую атручаную жывёліну. Апошняе было больш верагодным, бо Зел ніколі не згадваў пра сіло на ваўка. Зел, відаць, клаў атручаную прынаду ў пасткі для андатраў, норак і іншага пушнога звера. Сорам, які адчуваў Рой з-за сваіх бабровых сіло, знік перад гэтым разбуральным зверствам. Атручэнне не абмяжоўвалася першай ахвярай. Атручаная жывёліна, уключаная ў ланцуговую рэакцыю знішчэння адных драпежнікаў іншымі, можа атруціць яшчэ пяць. Гэты атручаны воўк, які, верагодна, пакаштаваў атручанай андатры, у сваю чаргу, нёс смерць для кожнага звера, які захацеў бы пакаштаваць яго мяса, няхай гэта мядзведзь, пацук, ліса, іншы воўк, куніца, рыбалоў, рысь альбо нават вушастая сава.
Рой адцягнуў ваўка да россыпу валуноў і прыкрыў імі труп як мага больш старанна. Яго абурэнне не знікла, але ён памеркаваў, што наўрад ці мае права абурацца. Чым злачынства Зела горшае за яго ўласнае злачынства? І дзе тыя абвінавачванні Зелу, якіх ён не мог бы дастасаваць да сябе? Труціць пушнога звера — гэта толькі крыху горш за паляванне з дапамогай сіло на бабра, і, хто ведае, ці не дайшоў бы сам Рой да атручэння баброў? Ён і думкі не дапускаў апраўдваць сябе адноснасцю маралі, яго палохала сіла самаабвінавачання, якое выклікала ў ім гэта здарэнне. Ён адчуваў не толькі віну, гэта было самавыкрыццё. Гэта адкрывала Рою вочы на ўласныя паводзіны больш, чым якія-небудзь папярэднія ўчынкі альбо словы. Яму хацелася хутчэй вырвацца адсюль назад, да Скоці і Самсона, назад да людзей, дзе немажлівай будзе гэта пагібельная адзінота, разбэшчванне і распад. Яму хацелася вырвацца адсюль, пакуль яшчэ яго не злавілі, не пакаралі, не выкінулі з асяроддзя людзей. Яму хацелася вырвацца з гэтага заказніка назад да сваёй звыклай лоўлі, да звычайнага жыцця, да адчування бяспекі, народжанага кантактамі з людзьмі, назад у Сент-Элен.
Нарэшце, вось яно. Гэта не было асабістае рашэнне Роя, гэта было вызваленне ад бязглуздай волі лёсу. Што б ні было ўжо страчана, Сент-Элен усё ж заставаўся ключом да ўсяго ягонага існавання, і ўцячы яшчэ раз ён не здолее. Рой зразумеў, што ў ягоным жыцці ёсць штосьці большае, чым адзінота, страх і паражэнне. Трэба было змагацца. Ён даволі доўга жыў цвёрдай самадысцыплінай, страх перад будучай бядой не мог авалодаць ім надоўга. Ён ведаў, што перш за ўсё яму трэба вярнуцца ў Муск-о-гі і ў Сент-Элен, назад да рэальнасці, да непазбежнага вырашэння ўсяго далейшага жыцця, назад да Эндзі Эндруса.