10

Калі аднавяскоўцы выйшлі, напала на Паўла пачуццё, якое нельга было стрымаць: нейкая жальба не жальба, смутак, сум, невыказная, непраясненая туга па нечым важным, найважнейшым у жыцці, чаго ён не ведаў. Дзе яго знайсці, дзе ўбачыць і адчуць? Яно часта прыходзіла ў снах, а тут наяве выплывала з сярэдзіны, з самых патайных закуткоў ці то памяці, ці то душы…

Павел цяжка ўздыхнуў. Ён уявіў, што тая ісціна, якая ўсё ж павінна яму некалі адкрыцца, знаходзіцца ў нейкім доме, хаце, і перад усімі хатамі такая хата будзе найважнейшай. Ёй належала стаяць у пракаветных цяньках сярод густога лісцёвага лесу з дамешкам векавечных соснаў. Сонечныя плямы бегаюць ад гульні ветру ў вершалінах па жоўценькіх смалістых сценах; яна, гэтая хата, вабіць да сябе, абяцае не простых уцех і звычайных радасцей побытавага жытла. Тут будзе табе цяпло не падобнае на ўтульную гарачыню напаленай печы, і будзе табе абяцанне не той ежы, пахаванай па каморах у дзежках і кублах. Бо гэтая хата багацейшая за ўсе багатыя хаты, ніякі самы заможны гаспадар не паставіць такую. Бо гэта — хата жыцця, жыцця на лясной паляне, яснай ад сонечнага бляску і гульні святлаценяў сярод дрэў, на дзедаўшчызне, у айчынным лесе, у радзімавым бары, дзе пануюць разлатыя, пазаплывалыя смалой сосны, абстаўленыя спакойнымі дубамі і меланхалічнымі грабамі. А зверху ўсё пакрыта, нібы гонтай, бліскучай сінечай сонцаззянага неба, а ўночы ўпрыгожана пацеркамі невычэрпных зор.

Вакзал жыў сваім начным жыццём. Хадзілі бяздомнікі, нейкія цыганы прасілі ў буфетчыцы цёплай вады…

…Магла гэткая хата-харома бытаваць не толькі ў Чэрнехавым лесе, — так звалі лес каля Паўлавай вёскі, але таксама ў Мядзведжым лесе, тым, ад якога засталося толькі найменне, бо лесу даўно няма. Колішні лес прарастае дубчыкамі і атожылкамі-гучкамі былых дрэў на адхонах каналаў, на лугах і палетках, спеюць паўз палявыя дарогі чырвоныя суніцы, ды выгорвае часам плуг трактара, нібыта мамантавыя клыкі, тоўстыя смалякі або дубовыя карані, як сведчанне тых дрэў, якія былі сучаснікамі праваслаўных князёў Радзівілаў і Астрожскіх…

Павел уздыхнуў, бо разумеў, што ягоныя адчуванні, якія так уладна запаўнялі ўсю ягоную істоту, нейкім чынам закраналі больш сучасныя пласты свядомасці. Калі ён усё-ткі нарадзіўся з гатовым адчуваннем хаты, домы, харомы, у якой схавана ісціна жыцця, дык імёны з айчыннай гісторыі ён мог засвоіць пазней, нават не ў школе, але на факультэце. І гэты ўздых, і ўсведамленне месца вучобы падкрэслівала, што візія ягоная сплецена з мінулага і цяперашняга, ёсць прадукт ягонай душы, псіхікі, і яму далёка да таго своеасаблівага трансу, шаманскага, чараўніцкага шаленства, валашэння, старажытналіцвінскай валшбы. Гэта нават цяжка назваць медытацыяй. Якая медытацыя, калі вось-вось прыйдуць аднавяскоўцы?

… У душы цепліцца надзея, гадуецца радасная думка: гэта не людзям спатрэбіўся старажытны бор на бярвенні, на дошкі, не жыццёвая прастора пад урадлівы палетак, але наадварот, — гэта бору, знішчанаму Мядзведжаму лесу мелася патрэба нарабіць людзям бярвенняў і дошак на хаты, вызваліць галу пад рунь. А сам лес заснуў пад зямлёй да пары да часу, і гэтулькі мае сілы, што цяжарная ад тысячагадовай шлюбнай тупні па ёй зямля пачынае разраджацца дзеткамі-асінкамі і дубкамі. І як толькі кіне чалавек зямлю, нават проста няўвішней будзе яе абрабляць — дрэўца за дрэўцам вернецца лес на ранейшыя паляны і пагоркі, балацявіны і закоты. І самі па сабе заплодзяцца сярод маладой рослі туркаўкі і дразды, самі знекуль набягуць зайцы і соні, заплодзіцца сама па сабе рысь, вавёркі створацца самі сабой у гарэшнікавых градах, што нібы фарпост стануць сваёй гушчынёй і непралазнасцю аберагаць сярэдзіну лесу ад няпрошанага госця. І як патаўшчэюць ясені і вязы, як загусцее на вырубцы маліннік ці будзе дзівам, калі ў тым лясным краі буры мядзведзь устане на заднія лапы і вышкрабе жоўтымі кіпцюрамі на бярэзіне магічныя знакі сваёй матэрыяльнай прысутнасці на гэтым свеце разам з намі…

Пачуліся галасы аднавяскоўцаў. Яны спрачаліся за нейкія грошы. Буфетчыца падпраўляла прычоску, цыганы ў пачакальні клаліся спаць на цэментавай падлозе…

«Не, не вернецца Мядзведжае на сваё месца, — падумаў Павел. — Яно гэтак заўзята высякалася, вытралёўвалася, выгорвалася, выпальвалася і выкарчоўвалася, што трэба чакаць сто, дзвесце гадоў, каб убачыць яго такім, якім яно было спрадвеку… Так што супакойся. Ты фантазіруеш, нешта прыдумляеш, гэта не лес у табе фантазіруе. Ты на нейкі момант даў лесу дазвол пакарыстацца сваёй галавой, але на момант. Бо ўжо скочваешся да экалагічных ламентацый…»

Ён сёрбнуў кавы. Кава была ледзь жывая.

Аднавяскоўцы зайшлі ў буфет і пры староннім чалавеку перасталі спрачацца пра грошы, а вярнуліся да ранейшай тэмы.

— Ты, Іван, нешта не тое пачуў, — сказаў Яша.

— Не тое, — са згодай уздыхнуў Іван. — Такое радыё, хрыпіць: вайна пачнецца, не будзеш ведаць, у які бок уцякаць.

Яша намацаў пад столікам бутэльку.

— Ведаеш Колба? — сказаў Іван. — Дык вось, я табе цэлае лета не хацеў расказваць, каб ты з мяне не смяяўся. А цяпер раскажу…

Яша на мігах прапанаваў Паўлу пачаставацца. Хлопец адмовіўся.

— Колбавы хлопцы выцягнулі з ракі дубовую калоду, і з той калоды выпаў манах. Не шкілет, не муміё тое, а жывы чалавек.

— Чыхня якая! — паморшчыўся Яша. — З чаго тут смяяцца?

— Ты Яшко, не спяшы, — Іван асцярожна ўзяў перапоўненую шклянку, — упярод бацькі ў пекла. Той манах ляжаў у мёдзе. Як дуба выцягнулі, манах абагрэўся на сонцы, выпаў, стаў хадзіць і гаварыць.

— Іван, прабач мне, — сказаў Яша. — У гэта паверыць аніяк не магу. Хоць ты мяне зарэж… У сіфакаў — калі ласка, у марсіян — на ўсе сто, у камунізм — заўжды гатовы! — Яша нахіліўся да Івана: — А ў манаха — выбачай, Іване…

Павел адвярнуўся ад землякоў. Яму было сорамна. А як даведаюцца, што аўтар гэтага дурнога розыгрышу — ён? Зрэшты, ну і што? Кепска, што Лена паверыла. І, відаць, бацьку ліст напісала. А старому чаго не верыць? Калі ў яго сіфакі на Мадагаскары вайсковы пераварот зрабілі.

Але і гэта не бяда. Бяда з самой Ленкай. Яна ўжо дзесяцікласніца, ёй летам стукнула семнаццаць. Летась, на станцыі, ён толькі пасмейваўся з яе. А цяпер? Што будзе цяпер, як гляну ў вочы?

І што ўсяго было крыўдней, яго мучыла, прыпякала рэўнасць да Міхася. Цікава, да брата не раўнаваў, а да Міхася раўнуе. Чаму?

Каб не рэўнасць, пачуваўся спакайнейшым. Раней і не глянуў на бледнатварую, з сіняватымі ценямі пад вачыма дзеўчынку, якая хадзіла за ім, а ён, абармот, ні разу не правёў яе, не танцаваў, за руку не ўзяў. Лічыў, адным словам, дзіцем горкім.

Цяпер за ягонай спінай стаяў яе вясёленькі бацька, Іван Заранок, і пераказваў гісторыю, якую Павел ужо не мог і слухаць. Кава зусім астыла, ён дапіў яе і замовіў яшчэ адну шклянку.

— А я не так чуў, — сказаў Яша, выціраючы вялікай насоўкай спацелы высокі і шырокі лоб. — Думаеш, я не чуў? Думаеш, мне не пісалі летась? О-о, я чуў, што гэта не зусім манах, тоісь не мужык, а баба. І баба гэтая — Варапаіха Ліда, ну тая, з баптыстаў, што па пяць разоў на дзень хату мяце. Яны святую з яе хочуць зрабіць. Яна ж лечыць.

— Глупства, — заўпарціўся Іван. — То быў мужык. Мужчына.

— Ты бачыў? Ты не хочаш прызнавацца, што пакуль ты ездзіш па заробках, твая жонка з дзецьмі стала хадзіць да баптыстаў? То ўсё выдумкі Варапаіхі, быццам у яе ёсць святое пісьмо! Эх, што за жысць у іх…

— Ну, не скажы. Яны, баптысты, харошыя людзі, — не згаджаўся Іван. Павел ведаў, што ён пачынае заводзіцца. — Яны не п’юць, не кураць, — працягваў Іван. — Але ты да мяне чаго прычапіўся — я не баптыст.

— Ты — не баптыст? Ты мяса цэлае лета не еў — і не баптыст? І да дзяўчат не хадзіў.

— Куды мне дзяўчаты, я стары. Мяса не еў, але ж сала еў…

— Чуў я пра іх, пра гэтых баптыстаў, — ухмыльнуўся Яша. — Мяса не ядуць, а да жанчын такія спраўныя.

— А табе дзела? — абурыўся раптам Заранок. — У морду хочаш?

«Пачынаецца, — падумаў Павел. — Гэты не сцерпіць, а той ужо раскачагарыўся…»

— Спачатку пакурым, адкаркуем апошнюю, а потым пойдзем біць мне морду, — з наканаванасцю сказаў Яша і зноў дастаў чырвоную і пацёртую пачку «Прымы».

Але раззлаваны Іван курыць не пайшоў, а са злосцю пачаў састругваць нажом пластыкавы корак з бутэлькі, ужо не тоячыся. Пры гэтым ён чамусьці брыдка і гучна лаяўся. Буфетчыца з тупасцю пазірала на мужчын, ад начной санлівасці яшчэ не знаходзячы ў сабе энергіі разагнаць выпівак. Але калі пачула крык, дастала люстэрка, падмазала губкі і некуды сышла. Неўзабаве ў буфет зазірнулі міліцыянты, два маладыя хлопцы.

Трэба было хаваць бутэльку. Шыракалобы Яша Манюк злосна прашыпеў:

— Стары дурань, хлопцу аддай, хлопцу… Дай сюды, я сам аддам.

Загрузка...