3

Але цемра зноў апанавала яго.

І зноў нібы скрозь мяхі з воўнай чуліся яму глухія ўдары, і свядомасць на кароткі час прыходзіла да яго, каб працінаць нясцерпным болем, страшнае ўдушша прыводзіла да адчаю, зноў адкідвала ў чорную яму небыцця.

Усё ж ён разумеў, што паветра нейкім чынам больш і ўсё лепш трапляе да яго ў грудзі, бо з кожнай хвілінай глыбіня і шырыня ягонай свядомасці павялічвалася, ён яшчэ вельмі слаба, але ўжо адчуваў сваё цела, ягоныя памеры, уласна, адчуваў сваю істоту.

Ён пачаў сціскаць зубы. Ён разумеў, што і сківіцы не слухаюцца яго, але засяродзіўся менавіта на зубах, уяўляў, што сціскае іх усё мацней і мацней. Яму здавалася, што ён спіць, і ніяк не можа прачнуцца, а для гэтага яму трэба ўшчыкнуць сябе, прыкусіць язык, закусіць губу, укалоць сябе чым-небудзь.

Неверагодным намаганнем волі яму ўдалося на нейкі момант варухнуць языком. Ён ім варухнуў, ці так яму толькі падалося? Ён зноў засяродзіўся на языку, і цяпер выразна адчуў, што гэтая «калода сярод балота», як загадвалі загадкі ў бясконца далёкім дзяцінстве, зрабілася адчувальнай. Няўжо ён адчуў рот? І язык у ім?

Гэтыя адчуванні былі настолькі нечаканымі, новымі, свежымі, што ён адчуў прыліў сіл, зноў папрасіў у Госпада сілы і змог варухнуць языком настолькі яўна, што адчуў яго ў роце цалкам, нібыта то быў сухі, выпетраны шкурат.

Рэзкі, усё адно як укол восвы проста ў гартань, прыступ кашлю скруціў ягоныя грудзі. Ён задыхаўся, ніяк не мог пракашляцца, і калі сутарга кашлю скончылася, ён пачуў сіпенне і зразумеў, што то і праз рот, і праз нос ідзе ў грудзі паветра, што ён гэтак удыхае. А значыць, будзе жыць, проста — будзе.

Цяпер ён чуў не толькі той грукат, які адносіўся аднекуль звонку; не толькі нават нібы нейкія і галасы, якія ўтвараліся па-за ім, нібы знадвору, нібы ён ляжаў у труне недзе глыбока пад зямлёй, а ўсе гукі даносіліся, ішлі да яго; цяпер ён выразна чуў новы гук, біццё, роўнае, працяглае, яшчэ не моцнае, але няспыннае, як неадменнае чаргаванне дня і ночы, зімы і лета, удыхання і выдыхання.

«Гэта сэрца! Гэта маё сэрца! — абрадаваўся ён. — Вунь колькі ўсяго ў мяне ёсць: сякая-такая мая свядомасць, мой боль, стук знадворку, дыханне, біццё сэрца…»

Яму захацелася дыхаць мацней, хоць гэта было вельмі балюча. Ён ўжо адчуваў пальцы рук і ног, спрабаваў варушыць імі, але яны не слухаліся яго. Варушыцца тулавам ён не мог, быццам быў заліты нейкай смалой.

Па меры таго, як свядомасць вярталася, ён не здзіўляўся, што знаходзіцца, апынаецца не там, дзе ён прывык апынацца кожны раз, калі прачынаўся, гэта значыць на сваім мулкім тапчане ў келлі ў далёкім, за лясамі, за даламі манастыры, а недзе ў іншым, чужым, далёкім і нават варожым яму месцы. Ён адчуваў сябе аблепленым нечым густым і клейкім, нібы абквэцаны самім жывёльным страхам. І першае, што прыходзіла яму ў галаву, што ён закладзены цэглай у страшных пячорах Кіеўскай лаўры, у якіх старцы ці па любові да Бога, ці па ўсведамленні велічыні і беспрасвецці ўласных грахоў замуроўваюцца жыўцом. А ён ці заснуў тым незвычайным непрачынальным сном, як бывала, а яго ўзялі і замуравалі; ці самахоць згадзіўся на такі непатужны на ягоныя сілы подзвіг, учынак, які пераўзыходзіў ягоныя магчымасці, меру ўсведамлення ўласных грахоў, а гэта значыць — меру пыхі і ганарлівасці, каб вылучыцца сярод браціі. І вось цяпер ён прачынаецца ў той пячоры, у той чорнай і змрочнай келлі, зусім не гатовы ў ёй прачнуцца.

Быў блізкі да роспачы, але ў галаве нібы слабой свечкай раптам асвятлялася тое апошняе, што ў ёй трымалася — бляск маланкі і амаль адразу страшны ўдар і трэск дрэва, якое ламалася. Ён яшчэ не разумеў, што гэта было, што ён яшчэ і да гэтага моманту жыў, у яго было мінулае, але яно здавалася цяпер настолькі невыразным, быццам з адным ударам маланкі неверагодна хутка аддалілася прэч у бясконцую чараду гадоў, знікла ў цемры стагоддзяў і зрабілася абсалютна чужым.

Ён памятаў толькі гэты ўдар маланкі, быццам пацалунак самога язычніцкага бога Перуна, трэск дрэва і ўсе нядаўнія пакуты і трымценні, пакуль ён прыходзіў да памяці. Ён адчуваў сябе новым, нібы толькі што народжаным. Новае было ў галаве, новае было ў целе і новае тварылася-рабілася вакол яго. Фізічна, ледзь не да болю ён меў чутво паветра, якое ўлівалася ў грудзі невыносна-свежымі, востраядранымі струменямі і з кожным удыхам нараджала новы прыступ жыцця — гэта значыць, новы прыступ болю, але і новыя адчуванні. Праз паветра ў яго ўліваўся новы свет. Пакуль ён яшчэ не мог варушыцца, нават не адчуваў добра ні рук, ні ног, але разумеў, што, паколькі свядомасць вярнулася, жыццё вярталася ў яго. І за кароткі час, за некалькі секунд, паспеў зразумець, што з ім адбылося і дзе ён знаходзіцца.

Спакваля да яго вярталася памяць, але толькі крок за крокам, жэст за кожным жэстам. Ён усведамляў, дзе ён, паколькі ўспомніў, што лез на дрэва. Для чаго ён лез на дрэва, ён пакуль не ведаў. Відаць, каб пераначаваць, або схавацца ад непагадзі. А можа, уцякаў ад ворагаў, і дупло дрэва паслужыла для яго надзейным спратам? Нагэтулькі надзейным, што захавала яго на многія дні.

Ён яшчэ не разумеў, што прайшло шмат часу, вельмі шмат. Яму здавалася, што варта яму прачнуцца, і акажацца, што ягоны сон цягнуўся ўсяго толькі адну ноч. Аднак нешта падказвала яму, што гэта не зусім так, што ягоны сон чамусьці неверагодна зацягнуўся. Гэта ўжо і не сон, а нейкі няўцямны стан, што доўжыцца не гадзінамі, а днямі, дні чаргуюцца з начамі, суткі мільгаюць і зліваюцца ў нешта бясконцае. Ён фізічна адчуваў бег часу, хоць не мог даць у гэтым якой-небудзь канкрэтнай справаздачы, выразнага чаргавання святла і цёмначы ён не адсочваў.

Ён не разумеў, што дрэва, у якім так доўга працягваўся ягоны сон, апынулася на беразе, на сушы. Яму здавалася, што тое, што з ім адбываецца цяпер, робіцца не з ім, а з некім іншым, а ён проста збоку назірае за гэтай незразумелай істотай, якая з’явілася з чорнай дзіркі дупла, у якім праляжала немаведама колькі гадоў. Чалавек толькі і памятаў, што трэск дрэва і бляск маланкі. Ён яшчэ не разумеў, што ўжо выпаў з таго дупла, у якім правёў столькі часу, і бачыць ноч, і варушыць рукамі і нагамі.

Калі Лена піскнула і моцна ўчапілася за Пятра, ён сам спужаўся, хоць выгляду не падаў.

— Што гэта? Што гэта такое? — выглядвала дзяўчына з-за хлопцавага пляча, узіраючыся на нешта цёмнае і валасатае, што ляжала пад калодай і сілілася ўстаць на карачкі.

— Гэта не «што», гэта — хто! — адказаў Пятро, уважліва разглядаючы нешта падобнае хутчэй на малпу, чым на чалавека. Святла поўні не хапала, каб можна было добра разгледзець істоту, таму хлопец адважыўся і падышоў бліжэй.

— Не падыходзь, Пецечка, яшчэ кінецца…

— Не кінецца, ён ледзь варушыцца… Слухай, хадзі сюды… Не бойся. Гэта яно і ёсць! Тое самае…

— Што? — баязліва падступалася дзяўчына.

— А той самы манах, пра якога Савіцкі расказваў.

— Што-о?

— Падыходзь, не бойся. Ён ледзь жывы. Уга… Увесь слізкі ад мёду.

Некалькі хвілін Лена ніяк не магла адважыцца падступіцца бліжэй. Пятро тым часам дзейнічаў: адсунуў знойдзеную істоту ад дрэва, распрастаў яе, ацёр ад мёду рот і нос, і нават паспрабаваў зрабіць штучнае дыханне.

— Ён што, дыхае? — стала ўзірацца Лена ў стварэнне, якое, — хто б мог паверыць? — на яе вачах выпала з дубовага дупла.

— Здаецца, дыхае, — адказаў Пятро. — І сэрца стукае.

— І сэрца стукае?

— Калі жывы, чаму ж не будзе стукаць. Трэба людзей паклікаць. На, пакратай яго — не рукі, а адныя косткі. Усох. Рэбры як у школьнага шкілета. Слухай, Лена, ушчыкні мяне. Я не веру сваім вачам!

— А я сваім веру?

— Кгдзе аз есм? — пачуўся невыразны шэпт, які, сумненняў не магло быць, сыходзіў менавіта ад чорнага, усохлага, як вэнджаны лешч, але ўсё-ткі чалавека, і чалавека жывога.

— Гэта ён, ён шэпча! Гісторык меў рацыю! Ён прадбачыў падзеі пра гэтага манаха, наш Савіцкі — вяшчун, празарлівец, а ты не верыла, — разгарачана прашаптаў Пятро. — А я верыў!

— Трэба бегчы па людзей, выклікаць «хуткую», — замітусілася Лена. — Яму трэба… кропельніцу.

— Кгдзе мой кій? — раптам даволі выразна прамармытаў манах. — Мой посах…

— Посах? Недзе ў дупле, а дзе ж яму быць. Ты ж з дупла? — гучна, схіліўшыся над манахам, прамовіў Пятро.

— Вочы, ай, мае ж вочачкі… Як ў мяне баляць вочы! Я не магу бачыць. Я нічога не бачу… Вады, дайце мне вады! — прастагнаў манах і паднёс аслабелую руку да вуснаў. — Кгэта што, крывя?

— Мёд!

— Дайце папіць, вады дайце… У мяне язык у роце сухі, як трэска…

Лена ў адзін міг збегала на падворак да Колбаў, было чуваць, як яна выкруціла калаўротам вядро вады, неўзабаве прынесла цэлы трохлітровы слоік.

Манаху далі напіцца, крыху абмылі. Ён пажвавеў, заварушыўся, павярнуўся ў бок ракі, з цяжкасцю стаў на калені і стаў нешта шаптаць, час ад часу кланяючыся і дакранаючыся лобам да зямлі.

— Моліцца, — ціха сказала Лена. — А ледзь не голы, адзенне на ім распаўзаецца. Сатлела.

— Угу, — мыркнуў Пятрук. — Дзе ж не сатлее. Гэтулькі гадоў праляжаць. Бачыш, які я кій ягоны знайшоў… Ён з дупла тырчэў. Пэўна, гэты во згубіў. З рук выпусціў…

Але Лена не паспела глянуць на хлопцаву знаходку, бо манах раптам заплакаў. З яго вачэй не цяклі слёзы, бо ён сам быў яшчэ сухі, усё адно як егіпецкая мумія. Адзіная вільгаць, якая была ў ім — гэта вільгаць вачэй, бо яны блішчэлі ў святле поўні месяца.

— Хвала… Хвала Табе, — гучна вымавіў праз сухія, даўкія рыданні манах, — Кгоспадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, Ратавацель мой, упаванне маё, надзея мая, Кгасподзь мой, што паказаў мне кгэтае святло, хвала Табе!

І манах працягнуў да серабрыстай поўні худыя, як два кіі, рукі.

Лена з крыкам кінулася ў бок сяла.

— Людзі, людзі! — крычала дзяўчына. — Манах з дуба выпаў!

Яна бегла, крычала і не азіралася. Яна баялася азірнуцца — да яе нарэшце дайшло, што здарылася.

На крык Лены ёй насустрач ад вясковага клуба прыйшлі хлопцы. Гэта былі і Леніны аднагодкі, і хлопцы з меншых, і зусім малыя, якіх не пускалі ў клуб на танцы, або яны яшчэ самі не адважваліся туды заходзіць.

Юнакі і хлапчукі не беглі, а проста ішлі, нават уразвалачку. Палкія і блытаныя тлумачэнні ўсхваляванай дзяўчыны прывялі да нечаканага для яе выніку. Замест таго, каб кінуцца следам за ёю, як яна прасіла, амаль усе схапіліся за жываты і сталі рагатаць. І так рагатаць, што аж поўзаць.

— Манах?! У чырвоных штанах? — перапытвалі хлопцы і зноў заходзіліся ад рогату.

— Я на свае вочы бачыла, — пераконвала Лена недавяркаў, — ён там ляжыць: чорны і страшны.

— Увесь у валасах, — перапытвалі малыя, — манах у мадняцкіх штанах. Гэта дзіва? Гэта тое дзіва, што гісторык вам расказваў?

— Ідзёмце, ідзёмце за мной, прашу вас… — ледзь не ўкленчвала дзяўчына.

Ёй ніхто не верыў. Сама атмасфера таго вечара не дазваляла і старэйшым хлопцам, і падшыванцам паверыць у цуд: ужо колькі яны адзін аднаго падманвалі розной лухтой, кляліся і бажыліся страшнымі клятвамі, прыдумляючы розную лухту, што ўжо зняверыліся да бясконцасці. І тут ім прапануюць чарговы падман, як казалі — падколку. Была ў той час такая мода, калі хто-небудзь выдумляў якое несусвецце, і так мондра і ўмела пераказваў-пераконваў сяброў, што тыя верылі. А як выкрываўся падман — падымалі на смех. Падняць на смех было адной з любімых забаў. Адзін з малых ці не ўчора павёў старэйшых есці вінаград, які выспеў на гародзе ў адной цёткі. Паверылі, схадзілі, але знайшлі толькі зялёную завязь. І гэта толькі адзін прыклад, самы прыстойны.

— Ды ну цябе, з тваім манахам, — не вытрымаў урэшце смеху Ленін аднакласнік Міхась Сінчук. — Ідзём лепш танцаваць. А то вы ўсё са сваім Пятром па завуголлях аціраецеся.

— Тады я пайду дзяўчат паклічу, — рашуча сказала Лена і накіравалася ў клуб. Нікога са сваіх сябровак, якія маглі б паслухацца, яна там не знайшла. Дзяўчына ў роспачы выскачыла з будынка клуба. Няўжо будзіць каго з дарослых?

— Ну пайшлі, сходзім, — урэшце злітасцівіўся Міхась. — А то, бачу, аж счарнела, бедачына.

За імі ўвязаліся яшчэ пару малых.

Ён адчуваў сябе жывым, і гэта было галоўным. Дзе ён быў, у якім месцы знаходзіўся, сярод якіх людзей ён апынуўся, ён яшчэ не азадачваўся, гэта яму яшчэ не прыходзіла ў галаву. Тое, што былі яшчэ, аказваецца, людзі акрамя яго, моцна яго ўразіла. Яго здзівіў сам факт існавання іншых чалавекаў. У сваім бяспамяцтве, бясконцым летаргічным сне ён забыў пра саму магчымасць іх існавання! Ён нават не дапускаў у думках, што іншыя людзі маглі быць. І думка, што могуць на свеце існаваць яшчэ такія істоты, як ён сам, што яны могуць адчуваць тое самае, што і ён, была радаснай і салодкай.

Чалавек, надзвычай высокі, спакойны хадзіў наўкола яго, вохкаў і ўсё прапаноўваў яму ваду. І яшчэ адзін чалавек хадзіў побач і таксама вохкаў. І гэтыя два чалавекі, аказваецца, былі розныя. І толькі тады ён успомніў, што на свеце ёсць мужчыны, і ёсць жанчыны. І гэтае маленькае, але такое важнае адкрыццё спачатку абрадавала, але потым адразу ж і засмуціла. Вельмі хутка, ці не ў адно імгненне перад ім прайшоў той доўгі і пакутлівы працэс, калі таму, хто выракаецца свету і пастрыгаецца ў манахі варта помніць толькі тое, што жанчына для яго можа з’яўляецца толькі сястрой, а мужчына братам.

І яшчэ ён раптам успомніў, што яму надзвычай важна некуды ісці. Ісці і несці той кій, які ён не адчуваў у руках. Ён турбаваўся пра свой кій, і турбаваўся моцна, і ўрэшце высокі малады чалавек, які таптаўся побач, уклаў той кій яму ў рукі. Адкуль ён яго ўзяў? Але наяўнасць кія заспакоіла яго. І ён падняўся на ногі, зрабіў крокдругі, а потым пайшоў, яшчэ не ведаючы, куды ён ідзе, куды накіраваўся, але пайшоу, выправіўся ў дарогу, у шлях, які яму абавязкова трэба было завяршыць.

Калі ён адчуў пад нагамі ваду, пачуўся голас:

— Ты куды? Там жа рака?!

Рака? Вада? Трэба ўлезці ў ваду, каб змыць гэтую ліпкую, нібы дзёгаць, нейкую смалу… І што гэта за людзі, чаго яны крычаць?

Загрузка...