13

…Павел выразна і адчуваў, і бачыў Харому, як вось бачыў і тую жанчынувеласіпедыстку. Але няўцям яму было, што кабета нечакана спынілася, азірнулася і ўгледзела чалавека пад сасной. Сядзіць і не варушыцца, як нежывы. Хто гэта?

Грыбнік, ці проста так, гуляцель. Жанчына злезла з ровара і ад цікаўнасці вырашыла падысці бліжэй.

Павел не заўважаў жанчыны — занадта паглыбіўся ў нетры ўласнай свядомасці…

…Вось ён — замок. Адсунуць ад замочнай свідравіны металёвы язычок. За ім і хаваецца ўваход у іншасвет, вузкі часавы канал, дакладней, бясчасавы, бо там, за дзвярыма, невымоўна прыгожа афутраванымі, іншыя вымярэнні і часу, і прасторы, іншыя паняцці і разуменні. Там свае каштоўнасці.

«Во дзіва, — заўважыў сабе Павел, — цела не адчуваю. Галава варыць, а ні рукой, ні нагой не варухнуць. Як у таго манаха… Стоп! Што гэтая баба тут робіць? Вытрашчылася і глядзіць… Не, ты хутчэй адмыкай дзверы ў Харому, у цвердзь, у замак, у палац, пакуль дадзена! Бо гэтая Харома належыць табе ад нараджэння, скроена паводле ўзору тваёй душы… Гэта і ёсць той храм, які шукае пераўвасоблены табой манах…»

Першую фразу жанчыны Павел не пачуў — быў замкнёны ў свае відзежы. А яна падышла з веласіпедам у руках зусім блізка і ўважліва прыглядалася да яго. Жанчына гаварыла, але толькі асобныя словы ўваходзілі ў Паўлаву свядомасць. Толькі праз пэўны момант словы зліліся ў фразы: «п’яны, чы шо?», «чы ты глухі?», «а чого ты сыдыш тута?»

Павел урэшце ашаломкаўся і пачуў жанчыну.

— Мо тобі погано? — спагадліва пыталася яна.

— Не, — матлянуў ён галавой. — Гэто я так задумаўса.

— А я думаю, шо з чоловіком робыцца. Ты з якого сыла, нішо я тыбэ ны познаю?

— Я наезжы, — схлусіў Павел і аж успацеў ад прыкрасці — па гаворцы жанчына магла зразумець, што ніякі ён не наезжы.

— Ну, дывысь, коб оно всё добрэ було… А я до магазіна хочу вашого подскочыты, там, кажуць порошок дішывішы, — патлумачыла жанчына, абвяла ровар вакол сябе, каб накіравацца ў бок Паўлавай вёскі. Калі жанчына закідвала нагу на раму ровара, ад яе павеяла пахам здаровага жаночага цела і мытага недарагім пральным парашком адзення. Яна паехала, а Павел заплюшчыў вочы і імгненна праваліўся ў бліскучы вір.

…Так, Харома твая, але не ты яе стваральнік, дойлід, не ты будаўнік — ёсць і Дойлід, ёсць і Будаўнік. Глядзі, цяпер ужо і не дзень, а надвячорак, іншы час. Вось ужо праз тоненькія галінкі бяроз свецяцца Касцы фіялетава-халодным калючым святлом, міргае Мілавіца. Іншых зорак не відаць. Адныя за хатай, іншыя за дрэвамі. Ключ і ўстаўлены даўно, і павернуты, і за ручку на сябе дзверы пацягнуты. А сілы, змогі пераступіць парог няма. Адчуванне глыбокага, затоенага страху не пускае ўсярэдзіну. Мнілася, што там, у пакоях, на сценах вісіць зброя, старажытная халодная зброя — гэтак упрыгожана твая хаціна, твая Харома, Харома на лясной паляне. І каля гэтай зброі — людзі.

«Што гэта ўжо… Зброя, людзі. Не, веласіпедыстка выбіла з рытму… — падумаў Павел. — Чаго ў лес не схавацца? Але там змрочна, настрой не той. Узлесак лепш. З узлеску неба больш відаць… Неба надае энергетыкі…»

…Нарэшце, за многія стагоддзі я апынуўся ў хаце, ва ўласнай хаце, Хароме на лясной паляне, у якой мяне не было тысячу год. У грудзі ўліваецца паветра, насычанае пахам аржаной мукі, пахам мёду, пахам пазатыканага за бэлькі святаянніку-хварабою і крываўніку. Цяпер нельга ацэньваць, варта толькі запамінаць усё, што бачыш. Паўсюль вышыванкі, абрусы на сталах з чырвонымі кветкамі і крыжыкамі-абярэгамі. Пад нагамі ходнікі з чырвонай ніткай па краі. І так усюды чыста, нібыта тут ніхто і не жыве. Але ж ёсць людзі! Яны былі ў залі, выглядалі ласкавымі, дружалюбнымі. Яны немаладыя, хіба толькі некалькі юнакоў і дзяўчат з сумнымі, нібы замглёнымі журбой тварамі хаваліся за старэйшымі. Усе гэтыя асобы не звярталі на Паўла асаблівай увагі. Прыйшоў, дык і прыйшоў. І толькі адзін белабароды старэча ўрэшце глянуў на маю асобу (О! Я зліўся, сплёўся, знітаваўся з уласным Эга!), хацеў нешта сказаць, але раптам пачуліся нязвыклыя гукі з гушчыні лесу: аддалены гул, глухаваты шум, які праясніўся, і вось цяпер выразна пачуўся тупат капытоў наўскач — і вось ужо выплылі з лесу вершнікі, цэлая кавалькада. І ўсё відаць, нібыта сцены Харомы шкляныя. Вось вершнікі разляцеліся па двары і загарцавалі на конях. Мужчыны пры зброі, жанчыны ў шыкоўных строях. І пачуўся гучны і ясны голас:

— У гэтай хаце жывы хто ёсць?

Той стары, які хацеў загаварыць са мной, адгукнуўся:

— У гэтай хаце ўсе вечна жывыя, Гаспадар.

Конь пад старшым вершнікам стаў матляць галавой, звінець цуглямі і біць капытам, аж дзёран ляцеў.

— Я пытаюся, плоцевы хто ёсць?

Хатнія, усе як адзін, глянулі на мяне. У іхных вачах свяцілася шкадаванне, невымоўны жаль.

— У Хароме на лясной паляне нельга заставацца доўга, — шапнуў белабароды.

— Няхай выйдзе, — прагучаў знадвору ўсё той жа чысты і гучны голас. — Лель! Вазьмі каня, а ты, Вялес, ссаджвай кабет.

— Ідзі сюды, — ціха сказаў старэча з белай барадой. Ён узяў мяне за руку вышэй локця і падвёў да сцяны. Паміж невялікімі карцінамі ў рамах ледзь абазначваліся дзверы.

— Ідзі. Калі-небудзь яшчэ вернешся, брат…

— Брат? Які я вам брат!

— У тым то і бяда, што ты лічыш сябе во іхным братам! — паказаў старэча на надворак.

— А яны хто? — задаў пытанне Павел (Усё, сувязь з Эго згублена!).

— Ты не пазнаеш Перуна? Табе не знаёмы Вялес, Цёця, Лада? — з жальбай у голасе сказаў стары. — Як ты не пазнаеш Мілавіцу, якую любіш больш за душу, якой пакланяўся, маліўся?

— Я-я? — збянтэжыўся Павел.

— А то не. Мо, скажаш, Перуну маліўся? Ці Вялесу пакланяўся? Не, галубчык, ёй адной, любачцы. Ідзі… Цябе чакае свет… Стой, — стары жэстам рукі спыніў Паўла. — Ты хочаш спытацца і не асмельваешся?! За што ты сюды дапушчаны, калі нічога не зрабіў? Так? Хутка даведаешся. Праз месяц прачытаеш, што «лжемудрствование приводит к бешению плоти». І перакладзеш, каб зразумець: ілжамудраванне прыводзіць да ўчарцянення плоці.

— Праз месяц… — прашаптаў здзіўлены Павел.

— Мы будзем цябе чакаць, брат. Ідзі…

А як ісці? У сцяну, ці што? У намаляваныя дзверы? Павел працягнуў руку ўперад. Дзверы паддаліся. Тады мусова апынуцца па-за Хатай, па-за Харомай на паляне, Харомай на лясной паляне…

— Халера, кусаюцца, — прашаптаў Павел і расцёр пакусаную рыжым лясным мурашом лытку. — Трэба завесці тут мурашкавых львоў… Ілжэмудраванне… Дзе гэта вычытаць, дзе?

…Як дзверы паддаліся, Павел апынуўся па-за Харомай, але ўсё яшчэ на паляне, перад сцяной са смалістых бярвенняў, з пазоў якіх вытыркаўся сухі мох. Калі абышоў будыніну і вызірнуў на двор, каб ўбачыць вершнікаў, са здзіўленнем выявіў, што ніякіх ні коней, ні людзей там няма, а ўвесь двор парос лебядой у чалавечы рост. Ды і не двор гэта, але ўзмежак лесу, і за гэтым узмежкам ідзе чорная ад блізкага тарфяніка ралля, а далей сам тарфянік, густа парослы ажынамі.

Сонца пачатку верасня стаяла на чатырох гадзінах. З захаду збіралася на дождж, і ўжо сонца раз-пораз хавалася за асмужыстыя аблокі. З усходу, ад ягонай вёскі, па палявой дарозе, выварочваючы бліскучы руль, вярталася з магазіна жанчына. Павел нават памахаў ёй рукой, калі яна праязджала паўз яго, але яна, відаць, спяшалася да дажджу патрапіць дахаты, таму нават не павярнула ў ягоны бок галавы.

Належала і яму ісці дахаты — хмары ўсё больш чарнелі. Здаецца, нават недзе прагрукатаў гром.

Загрузка...