12

На другі дзень пасля прыезду Павел зазірнуў на могілкі паглядзець на помнікі, падумаць пра тых людзей, якія ляжаць пад імі. Чытаў знаёмыя і незнаёмыя прозвішчы, лічыў, колькі жылі людзі свайго веку. Якімі яны былі? Ілжывымі, хцівымі, распуснымі? Ці праўдалюбамі, на чужое не глядзелі, дбалі пра сваё? Паклёпнічалі, часалі языкамі, ці пераважалі гаварыць праўду, або жылі моўчкі, ужо задаволеныя тым, што жывыя?

Вунь ты некалі ў дзяцінстве ўбачыў анёла, уласнага анёла, выглядаў ён, што чарцяня. Цяпер зразумела, чаму чарцяня. Нешта трэба мяняць, жыць па-іншаму. Выйсце — прасіць прабачэння. У Пятра, у Сінчука, у Лены. Можа, і даруюць. Канечне ж, даруюць.

За такімі развагамі Павел раптам убачыў каля царквы, на асветленым сонцам прагале, нешта незразумелае. Не ўбачыў, а хутчэй адчуў. Яно, незразумелае, ляжала на дубовых галінках і жалудовых шапачках, што звычайна нападаюць пад густымі дубамі, і было празрыставатым, амаль нябачным. Яно ляжала сабе і песцілася ў цёплых яшчэ промнях вераснёўскага сонца.

«Гэта душа, — пранеслася ў думках. — Твая душа… Не галюцынацыя ж гэта!»

Тое нешта, што ён бачыў, нібы заўважыла, адчула ягоную прысутнасць, і нібы не захацела паказваць яму, Паўлу, сваю наяўнасць, пачало рабіцца меншым, празрысцейшым, зусім невідочным, і ўрэшце знікла, як і не было.

Павел працёр вочы, патрос галавой. Потым падышоў да таго месца, дзе толькі што яму прымроілася тое, чаму ён даў азначэнне душы.

Тройчы яму бачыліся, адчуваліся рэчы, якія, наколькі ён ведаў, не адчувалі і не бачылі іншыя. Пыхлівец! А можа, людзі і не такое бачаць, але маўчаць сабе паціхеньку? Ты ж хочаш аб’явіць на ўвесь свет пра тое, што табе здаецца!

Ён зноў стаў глядзець на помнікі, і быццам бачыў розных людзей. Яны жылі, любілі, нараджалі дзяцей, пакутавалі, паміралі. Што галоўнае ў іх жыцці было, цэнтральнае? Яны любілі сваю зямлю? І зямлю любілі. Любі і ты, яна цябе апошняя абдыме. Любіць зямлю, родны край, у якім павінна стаяць — на яве ці ў вымысле — тая харома, да якой так блізка быў падступіўся, калі выабражаў на вакзале, а потым у цягніку. Тады скончыў на тым, што ў кожнага чалавека, асабліва вясковага, ёсць вобраз роднага дому, роднай хаты, у кожнага — канкрэтны. І часцей гэты вобраз заснаваны на традыцыйнай забудове — чатыры сцяны, двухскатны дах, шэсць-восем вокнаў, прыбудоўка. І як дадатак да гэтых не надта багатых архітэктурных вымудраў — яшчэ адзін дах з галін бярозы, клёна, ясеня. Паветра пад гэтым жывым навесам заўжды сіняватае.

— Не, — прамармытаў Павел і прыхіліўся спінай да сцяны царквы, — важна не блытаць паняцце дома, хаты з паняццем Домы. Паняцце Домы ёсць больш важным за паняцце хаты. Тады гэта і будзе Харома…

— Вось так, з вялікай літары належыць гэтае слова ўжываць, — уголас адзначыў Павел.

…Зрэшты, дом і ёсць Харома. Бо гэта родная хата кожнага, кожнаму ў гэтай Хароме прызначаюць і ўстаўляюць у цела душу. Стаіць Харома пад шатром з кляновага галля, сонечныя плямы бегаюць па яе свежым, вечнасвежым зрубе з цукровымі, такімі пахкімі падцёкамі смалы. Гэта ладан і міра нашых ваколіц, нашай зямлі. Ужо само месца сярод лесу, дзе яна пабудавана, дае адчуванне цэласнасці і гарманічнасці жыцця. І такія штрышкі ў агульны партрэт Харомы, як цяпло ад печы, ледзь улоўныя пахі ежы, што ствараюць каларыт яе жыллёвай утульнасці, не пярэчаць таму факту, што плоцевае ёсць антытэза духоўнаму. Яно непарыўна сплеценае, пераходзіць адно ў адно, духоўнае няўлоўна перацякае ў плоцевае. Як на чыста утылітарнай рэчы — ручніку, тчэцца кодавы знак роду, гурту павязаных паміж сабой людзей, усяго народа — абярэг людзей, крыжападобная зорка, сімвал асвечанай дарогі ў іншасвет.

— Эйш, куды занесла, — мармытнуў Павел. — Філёзаф! Вяртайся да хаты, да Домы, да Харомы.

…Харома мелася. Як увайсці ў яе? Як апынуцца ўсярэдзіне? Ёсць дзверы, і ёсць замок. А калі ёсць замок, мусіць быць і ключ… А ці не Святавітава зорка ключ ад Харомы? Была, была ў памяці разгадка гэтага ключа…

І тут ён пачуў жаночыя галасы. За царквой сярод хмызоў бэзу нейкія жанчыны прыбіралі магілку. Павел прыслухаўся.

— Гэта той Камароў сын. Усё выабражае, — расчуў ён. — З братам Заранкову дзеўку абхлопваюць, абхлопваюць, а замуж не бяруць.

«Вось як людзі мяркуюць, — падумалася з прыкрасцю. — І ты добры — знайшоў месца для свайго занятку»…

На другі дзень Павел пад абед папярэдзіў маці, што хоча паглядзець грыбоў— надыходзіла апенькавая пара. Накіраваўся ў мясціны, дзе не раслі грыбы — каб ні з кім не сустрэцца. Выйшаў на край лесу, далей чарнела перааранае поле, якое пераходзіла ў асушаны тарфянік, парослы калючым непралазным ажынішчам. Самае месца…

— О, узгоркі, равы і лагі Белай Русі, ліцвінскай дзяржавы, мілага краю, дзе нарадзіўся, рос і атупеў канчаткова — як вы мне мілы! — з самазнішчальнай іроніяй усклікнуў Павел, упэўнены, што яго ніхто не чуе і не бачыць. — Пачынаю розумавае рабенне, каб пераканацца, што не такі ўжо я і дурань.

Павел сеў на ўзлеску, ахапіў калені, заплюшчыў вочы… З чаго пачаць?

…Ключ быў, і гэта давала найпрасцейшую мажлівасць зайсці ў родны дом, мілую Харому на лясной паляне, бо ў такую пабудову не лезуць праз вокны, не разбіраюць дах і не прабірацца праз слухавое акенца ў франтоне… Але дзе быў той ключ? У кішэні? Не, ключы ад іншасвету ў кішэнях не носяць. Такія рэчы вісяць на грудзях на шаўковым шнурочку. Рука намацвае на грудзіне той самы ключ, які ўбачыўся ва ўяўленні. Вось яна, адмычка ад ўсіх скарбаў свету. Гэткі самы, як і ўяўляў. Вялікі! Выкаваны з чорнага жалеза. Ледзь змяшчаецца ў далоні, калі палажыць адным канцом на запясце, другі кладзецца на падушачкі пальцаў. Цэўка, таўшчынёй са школьны аловак, бародка з фігуркамі ў выглядзе — несумненна, і толькі так! — васьміканцовай зоркі. Ага, цяпер куды гэты ключ устаўляць?

Далей справа не пайшла. Шумеў, перашкаджаў вецер, прасвісталі крыллем над галавой сытыя вераснёўскія галубы, недалёка перад сабой убачыў прыгожы падасінавік — усё адцягвала ўвагу, усё перашкаджала.

— Нешта не тое… — мыркнуў Павел, і вырашыў памяняць месца. Не забыўшы зрэзаць чырвонагаловік, перайшоў з узлеску, уздоўж якога ішла палявая дарога, глыбей у лес, знайшоў маленькую палянку, сеў пад сасну на тоўсты пласт нечапанай ігліцы.

За дрэвамі на ўзлеску замільгала жаночая вопратка. Па той дарозе, якая ішла паўз узлесак, нехта ехаў на ровары. З дарогі, прыгледзеўшыся, можна было ўбачыць яго, Паўла, але веласіпедыст, немаладая жанчына, глядзела перад сабой. Каб не патрапіць ў недарэчную сітуацыю, Павел не зводзіў нейкі час з жанчыны вачэй. Вось яна схавалася за дрэвамі, думкі і пачуцці запаланілі ўсю ягоную істоту. Не перашкаджалі ні вецер, ні ігліца, якая часам сыпалася на галаву і нават калола шыю. Павел глыбока засяродзіўся ў самога сябе.

Загрузка...