2

Летам у гэтай жа вёсцы, дзе жылі настаўнік-выдумшчык і Пеця з Ленай, адзін вясковец выцягнуў з ракі вялізную чорную дубовую калоду. Падзея адбылася пад канец ліпеня, калі сышла вялікая вада, а дажджоў доўга не было. Сонца тады так моцна прагравае мелкаватую рэчку, што яна за ноч не паспявае астыць. Надыходзіць мілы сэрцу рыбаловаў час, калі можна ў любы дзень хоць з раніцы лезці з таптухай у цёплую, мутнаватую ваду, каб не налавіць, а проста набраць-начэрпаць свежай, прыснулай ад гарачыні і задухі рыбы.

Неяк вяскоўцы, Колбы ім было прозвішча, — бацька і двое сыноў, лазілі са старой парванай кломляй па меліярацыйных каналах у пошуках уюноў. Відаць, ім не надта пашэнціла, бо яны выйшлі, не баючыся рыбнагляду, на раку. Думалі падбіць пару разоў пад які лазовы куст, ухапіць шчупака, набраць плотак і лінёў і вылезці-ўцячы з вады, каб інспектары не выпісалі штрафу. І трэба было такому здарыцца, што стары Колб акурат і намуляў на дне ракі нейкую тоўстую, што бочка, бервяніну.

— Хлопцы, — сказаў ён. — Тут вялікая булдавешка. Думаю — мораны дуб.

Маладыя Колбы патапталіся нагамі. Напраўду, ляжыць на дне нейкая акруглая, цвёрдая і доўгая калода. Ды яшчэ з тоўстымі галінамі-адводкамі.

— Гэта мораны дуб. Няма лепшага матэрыялу на падваліны пад хату. Рыба рыбай, а мы гэтага карча мусім выцягнуць. Завядзём трос пад дзеравіну і высмыкнем на бераг.

Так і зрабілі. Да гэтага месца берага Колб падагнаў гусенічны трактар. Ягоныя хлопцы, узброеныя рыдлёўкамі, раскапалі пад вадой дуб, зацягнулі пад калоду пятлю з тросаў і далі трактарысту каманду цягнуць. Трактар зароў, але ягоных конскіх сілаў не хапіла, каб зрушыць дзеравіну з месца. Намацалі і абсеклі тоўстыя бакавыя галіны. Ні з месца. Давялося клікаць яшчэ адзін трактар. Але і два трактары не змаглі адразу выцягнуць калоду — ад вялікай натугі лопаў трос. Дуб раскопвалі больш, цягалі ўбакі, намацвалі знізу і адпілоўвалі і адсякалі галіны. Урэшце дуб паказаўся з-пад вады. Чорнае дрэва было таўшчынёй у некалькі абхватаў, з вострым, як бы сколатым камлём.

— Недзе вада падмыла, вось ён у раку і заваліўся, — адзначыў стары Колб. — А то чаго б ён упаў? Ну, пацягнем дзеравіну на пляц.

«На пляц» азначала на сядзібу. Так і зрабілі. Калі падцягнулі калоду да Колбавай хаты, ягоная гаспадыня расчыніла вароты, нібыта гасцінна запрашаючы госця — моранага дуба — у двор.

Трактары датралявалі карчэвіну ў канец сотак, дзе ўжо ляжаў лес на хату, і дзе гаспадар меркаваў ставіць зруб.

Некалькі дзён калода абсыхала, Колб абстукваў яе абухам сякеры і ад яе адвальваліся камлыгі насохлай гразі. Аднаго разу гаспадар заўважыў, што пасярэдзіне калоды адкрылася дзірка. Ён расчысціў яе, аказалася, гэта было дупло. Адтуль, з сярэдзіны, разагрэтая сонцам, цякла нейкая духмяная гразь. Гаспадар вычышчаў сякерай яе з дупла, і так яна панадна пахла, што не стрымаўся, панюхаў, а потым і лізнуў. Здзіўленню ягонаму не было мяжы!

— Гэта ж мёд! Трэба ж!

Ён схадзіў да паветкі і, узброены кельмай, стаў чысціць дупло ўглыб. Неўзабаве рабро кельмы стала рэзаць цёмна-жоўты воск сотаў, нібы толькі што налітых мёдам, свежым і духмяным.

І тады Колб пабег у хату за якой пасудзінай. Мёду таго было столькі, што нарэзаў кельмай ледзь не поўную алюмініевую місу. Мёд з таго дупла ў старадаўняй калодзе быў цёмны, густа-духмяны, аддаваў крыху нейкай горыччу, нібыта тванню, але на смак быў і салодкі, і прыемны. Пра Колбаву знаходку праведалі суседзі. Прыйшлі, паглядзелі, падзівіліся, пакаштавалі, узяўшы на цёску, таго мёду. Нічога, напраўду салодкі. Сталі калупаць соты, а хто пайшоў дахаты па збанок ці слоік.

— Дуб мой, — заявіў гаспадар, — я за яго самагонку трактарыстам ставіў. Думаў, падруба будзе пад хату, а ён, халеру на яго, дуплаваты, пусты ў сярэдзіне.

З гэтым словамі Колб пастукаў абухам сякеры па калодзе. Яна, бо і напраўду пустацелая, ажно крыху і загула.

Суседзі пастаялі, папераглядваліся, маўляў, што робіцца: скнарны Колб, вядома, але ўжо ж не да такога — дармавога мёду шкадуе, ды якога яшчэ мёду — гразі нейкай. Да Колба дайшлі суседавы пераглядкі, і ён махнуў рукой, маўляў бярыце, што ўжо тут, не шкада. Сталі людзі вышкрэбваць соты: і рэзалі, і калупалі да самага вечара, пакуль не села за лесам сонца, і каля рэчкі зрабілася цёмна. Ды яшчэ з-за рэчкі, з азярын насунулася цэлая хмара камарэчы, і яны пачалі так зверстваваць, што трэба было ўцякаць па хатах.

Ён ачуўся ад настойлівага стукату. Яшчэ калі не быў пры поўнай свядомасці, яшчэ тады, калі раптам з абсалютнай, нібы вечнай цемры нечакана ўзнік толькі малесенькі кавалачак, мізэрны фрагменцік самаўсведамлення; яшчэ калі яму здавалася, што ён знаходзіцца ў глыбокім сне, проста на дне нейкага вычварна глыбокага, амаль бясконцага калодзежа; ледзь не ўслед за з’яўленнем першых крапялінак свядомасці ён і пачуў роўны, метадычны стук, раўнамернае пастукванне, якое нібы гаварыла яму: «Уставай, падымайся, хопіць табе ляжаць, хопіць табе быць нерухомым».

Ён хацеў быў варухнуцца, але нічога не адбылося. Ён не адчуваў ні рук, ні ног. І твару ён не адчуваў — ні вуснаў, ні вачэй… І ў той жа час чуў выразны стук, сапраўднае пагрукванне, якое напамінала яму нешта да болю знаёмае.

Ён паспрабаваў моцна заплюшчыць вочы, а потым расплюшчыць іх, але зноў нічога не адбылося. Толькі ўзнік тупы боль. І адразу — нібы гарачая хваля абдала яго з ног да галавы — яму захацелася дыхаць. Але ён нібы не ведаў, як гэта рабіць, ён нібы ніколі не ўмеў гэтага рабіць. Ён разумеў, што калі не ўдыхне — загіне ад задухі. Яму трэба было ўдыхнуць паветра, глытнуць свежага духу, але імгненні прабягалі за імгненнямі, а нічога новага ў ім не адбывалася. І ён задыхаўся, пакутліва ўсведамляў, што задыхаецца і на некаторы час свядомасць зноў пакідала яго, ён зноў нібы адключаўся, правальваўся скрозь бясконцае дно, але зноў капяліначка свядомасці, нібы цьмяны ўпарты светлячок, узнікала з небыцця, каб выклікаць новую хвалю пакуты, болю, нясцерпнай жады ўдыхання і немагчымасці варухнуцца, удыхнуць на поўныя грудзі.

Так працягвался, як яму здавалася, бясконца доўга. Ён безліч разоў прачынаўся, прыходзіў да свядомасці і зноў губляў яе, зноў раствараўся ў небыцці, рабіўся нібы бязважкім, бесцялесным, не разумеючы, хто ён, што ён, дзе і чаму тут, у гэтым пункце быцця.

Ён заўважыў, адсачыў, зрэшты, проста адзначыў, што набывае нейкую прасторавую запоўненасць, набывае пэўную канфігурацыю і яму падалося, што ён усё ж проста спіць, і неўзабаве прачнецца, а калі гэта адбудзецца, ён апынецца там, дзе звычайна апынаўся, калі канчаўся ягоны сон і трэба было ўставаць да ранішняй малітвы.

Гэтая апошняя думка пра ранішнюю малітву так усцешыла яго, што ён паспрабаваў закрычаць, заварушыць рукамі і нагамі, але з гэтага нічога не выйшла, бо ён зноў ад перанапружання і так амаль што бясконца мізэрных сіл страціў прытомнасць.

Калі ў чарговы раз свядомасць вярнулася да яго, ён, стараючыся не звяртаць увагі на тупы боль, які стаў пранізваць яго (ён гэтаму хацеў радавацца, але не мог — не было сіл), сканцэнтраваўся на тым апошнім, што да яго прыйшло — думцы пра ранішнюю малітву. Нібы ён быў страшным багацеем, але ў адзін мірг вока некалі бяздарна загубіў сваё багацце, але вось цяпер здабыў зноў, цяпер ён зноў валадар нечуванага багацця…

«Божачка, — падумаў ён, — вярні мне сілы! Вярні мне жыццё!»

На гэтую думку ён зноў выдаткаваў усё, што меў, і цемра зноў апанавала яго, і зноў пацягнуліся бясконца доўгія хвіліны, гадзіны, стагоддзі — ён не ведаў, не адчуваў, бо свядомасці ў яго не было.

Пеця Камар прызначыў спатканне як звычайна, на заходзе сонца, і, як звычайна, на старым месцы, на беразе ракі. Там недалёка ад берага на пляцы Адама Колба яны часта сядзелі на бярвеннях і глядзелі на раку, на зоркі, якія адбіваліся ад рачной паверхні, слухалі да замірання сэрца крэкт жабаў, захапляліся гульбой рыбы, якая гарэзавала пасля дзённай спёкі. Калі было жаданне, яны нават купаліся, або плавалі на лодцы, бо сваю лодку Колбы проста выцягвалі на бераг або прывязвалі ланцугом да вярбіны.

Вось пачуліся пругкія крокі па сцежцы ўздоўж берага і ў прыцемках паказалася светлая сукенка. Нарэшце яна!

Яны пацалаваліся, на нейкі момант абняліся. Потым, узяўшыся за рукі, прайшліся да ракі.

— Сёння мы доўга не пабудзем, — сказала Лена, а гэта была яна, Лена Заранок, тая самая Пецева аднакласніца, да якой гэтак прыкіпеў сэрцам. На словы дзяўчыны хлопец нічога адразу не сказаў, нібы ўзважваў, ацэньваў, нарэшце з выразнай крыўдай у голасе прамовіў:

— Гэта чаму?

— Чаму? — весела, з выклікам перапытала Лена. — Ты што, не бачыш, якія сёння камары? Як ашалелі.

— На спёку, — упэўнена, як стары дзед, прамовіў хлопец. — І рыба, чуеш, як гуляе. Пойдзем пасядзім? На наша месца?

Яны селі на бервяно, і хлопец ахінуў дзявочыя плечы наўмысна дзеля гэтага ўзятым пінжаком. Селі і гаварылі нешта, пра што звычайна гавораць закаханыя. Здавалася б, усяго два месяцы прайшло пасля школы, а як змянілася Лена, і як змяніўся Пеця. Лена з вуглаватага, худзенькага падлетка пачала брацца на дзеўку, якой ужо не давалі праходу старэйшыя, ужо не школьнікі, хлопцы. Яна ўжо і вушы пракалола — у яе па-падлеткаваму непрыгожых крыху адтапыраных вушах былі ўздзеты завушнічкі, а на пальцы блішчэў дарагі, з сапраўдным рубінам, пярсцёнак. Гэта ўсё падарыла маці на дзень нараджэння — Лене акурат стукнула шаснаццаць.

Пятро памужнеў, раздаўся ў плячах, стаў гаваркі, быстры ў рухах, але пры Лене ён быў чамусьці сарамлівы, губляўся. Пастрыжаны быў па модзе, гэта значыць ніяк не пастрыжаны. Яго ўжо некалькі разоў пераймалі на вуліцы настаўнікі і ўгаворвалі пастрыгчыся. Гэта быў не замах на своеасаблівую хлопцаву вольніцу, але прафілактычная мера — на Пецю глядзелі меншыя вясковыя хлапчукі, — як ён, так і яны. Пятрук у сваю чаргу браў прыклад са свайго старэйшага брата Паўла, сталічнага студэнта, які адгадаваў сабе ледзь не дзявочыя косы. Тады ў горадзе была такая мода — малпаваць заходніх хіпароў. Лена часта распытвала пра студэнцкае жыццё, пра Паўла, і гэта Пецю страшна не падабалася.

— Што ты ў мяне пытаешся? У яго спытай…

— А калі ён прыедзе?

— Скора і прыедзе.

Над ракой, з-за чарналесся, з’явілася белаватая поўня. Лёгкія летнія аблачынкі праплывалі паўз яе, але здавалася, што гэта аблачынкі і вада стаяць на месцы, а поўня, бледная тварам, велічна плыве над ракой і ўзіраецца на ўсё, што робіцца ўнізе — на зямлі, на рацэ.

— Мо адвяжам човен і паплаваем, — не зусім упэўнена прапанаваў Пеця.

— Як хочаш, — адказала Лена, але ў голасе яе прагучала неахвота. Яна, як разумнейшая, прадбачыла, што Пятрук палезе цалавацца, каб у чарговы раз даказаць, што ён выйшаў з дзіцячага ўзросту, а ў няўстойлівым чоўне гэта рабіць рызыкоўна — можна і перакуліцца. І надта прыемна тады коўтацца ў вадзе, ды яшчэ ў цемнаце.

Нехта зусім недалёка кашлянуў. Пятрук падняў галаву, а дзяўчынка наўмысна прыціснулася да яго.

— Тут нехта ёсць… — прашаптала яна.

— Ды хто тут будзе? — ціха прамовіў Пеця, распрастаў плечы і выгукнуў знарочытым басам:

— Хто тут?

Ніхто не адказаў. Плыла над ракой поўня, правагалася ў крышку затуманенай вышыні начная чапля, плёхнула пад вербамі рыбіна. Хлопец прыціснуў дзяўчыну да сябе.

— Слухай, Пеця, а чым сёння ад цябе так прыемна пахне?

— Гэта мёд…

— Які мёд?

— Бачыш, вунь дуб, які Колбы з ракі выцягнулі, — паказаў Пеця.

— Ну і што?

— З гэтай карчэжыны людзі сёння мёд дзерлі… І я тут быў.

— Як гэта? Напраўду? Не, сачыняеш. Пастой, пастой. А я думаю, што гэта казалі пра нейкі мёд…

— Бачыш, а ты не верыш мне. Вер мне, бяда не міне. Я і сам от такі кавалак сотаў выразаў…

— Сотаў? Мёду? З гэта дуба? Ты ўжо сачыняеш, як той Савіцкі. Памятаеш, на апошнім уроку Мікалай Лявонавіч пра манаха заліваў, што ў дзеравіне на дне ракі тысячу гадоў праляжаў… Так і ты: з рачнога карча мёду набраў.

— Ідзём да дрэва, — хлопец рашуча падняўся з бервяна. — Сама пераканаешся, што мёд у дупле самы звычайны…

У гэты момант зноў пачуўся кашаль — натужлівы, рваны. Некага аж да стогну раздзіраў кашаль. Гэта нават нельга было назваць кашлем: то было нейкае пэрханне, усхліпы. І дзіўна — здавалася, што гэтыя гукі далятаюць нібы аднекуль здалёк, і ў той жа час яны чуліся выразна, нібы нехта блізка сядзеў пад лодкай ці ў якой бочцы.

— Глядзі, — раптам сказала Лена, калі яны падышлі да калоды, — што гэта калываецца…

— Дзе? — стаў узірацца хлопец.

— А вунь варушыцца… Пецечка, я баюся.

Прыгледзеўшыся, яны ўбачылі, як з дупла дубовай калоды нешта вывалілася і пляхнулася на зямлю.

— Ай! — піскнула Лена і моцна ўчапілася за хлопца. — Што гэта?

Загрузка...