XI. ХАЎТУРЫ

Хата. Насупроць дзвярэй у белай дамавіне ляжыць Мужык. Сталяр раскідае палок, бярэ дошкі з яго і робіць века к дамавіне. За сталом суседзі пяюць па нябожчыку. Жонка галосіць і прыгаварвае. Дзеці хліпочуць. Стары бацька, крэкчучы, злазіць з печы. Мяцеліца шуміць. У коміне жаласліва вые вецер.


Жонка

А мой ты сакалочак!

А мой ты каралёчак!

Ляжыш, не ўстанеш болей…

О доля ж мая, доля!

Без часу смерць-магіла

Жыццё тваё скасіла;

Ў няшчасную гадзіну

Сіротачак пакінуў.

Сіроткі ўсе малыя,

I есць не маюць тыя,

I дроў няма палена,

I ў пуні няма сена.

Як жыў, як ты свет бачыў,

Усё ж было іначай,

Ці ў полі ты… ці ў людзі…

Што з намі цяпер будзе?

Нашто на свет раджацца,

Хто мае з ім расстацца,

I горкі жаль кідаці

Ўдаве, бацькам, дзіцяці…

Бацька (уціраючы няўзнак слёзы)

Дзяржыць бяда старога,

Хаваюць маладога;

Забрала дамавіна

Не бацьку, але сына.

Не месца мне у хаце:

Не дуж я працаваці;

Пры кім дажыць тут веку

Няшчаснаму калеку?

Вазьму я хіба ўнука,

Ці ў свет ісці навука? —

Пайдзём ад хат да хаты

I к бедным і к багатым.

Збірай, стары, хатомкі,

I зрыўкі, і атопкі:

I жыва з хаты роднай

На сівер на нязводны!

(Выцягвае з-за печы лахманы і атопкі.)

Сталяр (кончыўшы века да труны)

Як згаварыці слова,

I века ўжо гатова,

Закрыць дамоўку можна,

Падходзь прашчацца кожны.

Падходзь, чужы і хатні,

Заглянуць раз астатні

Вось на таго, што дзетак

Без часу кінуў гэтак.

Не кепскім быў суседам:

Шоў прадзедаўскім следам,

Не крыўдзячы нікога;

Цярпеў сам крыўдаў многа.

Меншы сын (цалуючы нябожчыка ў руку — да маткі)

Чаму, скажы, матуля,

Прыбраны так татуля

Ляжыць у гэтай скрыні

Такі халодны, сіні?

Большы сынок

Не лезь ты без патрэбы:

Душа ўжо таткі ў небе.

Не ўстане і на лета;

Памёр ён, значыць, гэта.

Дзеці адступаюцца; падыходзяць прашчацца другія. Сталяр забівае векам дамоўку. Суседзі бяруць нябожчыка на плечы і выносяць з хаты.

Хор

Рай светлы, бесканечны

На судзе астатэчным

Дай, Божа, ўсім загнаным

На векі векаў. Аман!

Жонка і дзеці галосяць. Бацька, абвешаны торбамі, забірае ўнука і ідзе ў свет. Хата застаецца пустая. Чутны званы. Выюць сабакі.

Загрузка...