Невялічкі ранішні марозік зусім адлёг, месцамі нават са стрэх капала, калі Даша выходзіла з сваёй вёскі. На шляху, укоўзаным санямі і машынамі, было да таго слізка, што ісці даводзілася з асцярогай і не надта паспешна. Пакуль дзяўчына адмерала большую палавіну дарогі, было ўжо каля паўдня, а ў пачатку местачковых прысадаў яе сустрэў Мокрут, які ўжо вяртаўся з райцэнтра. Убачыўшы Дашу, ён крануў рукою фінагента, які сядзеў трохі пад перад і паганяў каня, спусціў з вазка адну нагу. Фінагент нацягнуў лейцы, і Мокрут злез зусім.
— Куды ты ідзеш? — спытаў ён, ступіўшы некалькі крокаў да дзяўчыны. — У раён?
— Вядома, у раён, — адказала Даша. — Куды ж мне?
— Ну, там далей яшчэ вінзавод ёсць, — лагодна ўсміхнуўся старшыня, відаць, задаволены сваім жартам.
— А ты, мабыць, адтуль? — стрымана кінула Даша.
Мокрут зарагатаў і падаў знак фінагенту, каб паварочваў назад.
— Давай i я крыху прайдуся з табою, — прапанаваў ён дзяўчыне, — а то падвязу, калі хочаш, туды i назад разам паедзем.
— Дзякую, — суха сказала Даша, — я адна пайду.
Яна паскорыла крокі, але Мокрут усё ж грукаў ботамі побач, а воддаль за ім ехаў фінагент.
— Я не разумею цябе, Даша, — напусціўшы на твар быццам бы i шчырую крыўду, пачаў старшыня. — Чаго ты так разгневалася на мяне, зненавідзела, пусціла ўсялякія шэпты пра мяне па ўсяму сельсавету.
— Якія шэпты?
— Ну вось, хаця б пра гэтага Печку. Хіба гэта праўда, што я прымусіў яго ісці забраць у Андрэіхі бычка? Хіба гэта…
— Не забраць, а ўкрасці, — перабіла яго Даша. — I не шапчу я пра гэта, а кажу ўсюды моцна i скажу яшчэ мацней. Мне сам Васіль пра гэта гаварыў.
— Цікава, што б ты сама сказала, атрымаўшы столькі кухцялёў? — засмяяўся Мокрут. — На роднага бацьку ў такіх умовах можна нагаварыць.
— Ён расказваў пра гэта i потым, калі ляжаў дома. Людзі чулі.
— Але ж гэта няпраўда! — рашуча прамовіў старшыня і махнуў перад сабою абедзвюма рукамі. — I наогул, не было ніякай пакражы. Сама Андрэіха гэта прызнае.
— Андрэіху ты быў запалохаў, — абурана i цвёрда глянуўшы Мокруту ў вочы, сказала дзяўчына. — Але не думай, што яна ўсё жыццё будзе дрыжаць ад цябе. Сёння быў у яе следчы, i яна расказала яму ўсю праўду.
— Ага, вось яно! — нібыта здзівіўся Мокрут, а ў вачах усё ж замільгалі насмешлівыя іскрынкі. — Гэта значыць, што ўжо ты падвучыла. З сівым маладажонам на пару. Ну, што ж! Вучы, вучы! Пабачым, што з гэтага выйдзе!
— Яе не трэба вучыць, — адказала дзяўчына. — Горам навучана. Прыдзе пара — скажа яшчэ не тое.
— Што гэта за намяканні?
— Сам ведаеш!
— Ну, вось што! — страсянуўшы валлячком, павысіў голас старшыня. — На ўсё гэта мне напляваць! I на твае намяканні, i на твайго следчага! Скажу так: хочаш жыць са мною ў міры, працаваць, як паложана дэпутатцы, дык давай будзем працаваць. Нам няма чаго сварыцца, нам трэба разам умацоўваць свой сельсавет. Калі ж у цябе выбрана другая дарожка, то гавару па чыстай совесці — беражыся! У парашок сатру, калі на тое пойдзе. Бацьку твайга, гэтага папоўскага прыслужніка, пашкадаваў у свой час, а цябе не пашкадую, хоць ты i дарагой была мне, вельмі блізкай. На дырэктара спадзяешся? Не спадзявайся! Не такія, як ён, трапляліся мне на дарозе, ды i то не ўстаялі.
— Не палохай, — спакойна прамовіла Даша, але ў голасе яе было столькі цвёрдасці і сілы, што Мокрут міжвольна ўздрыгнуў, наўкос глянуў на дзяўчыну. — Бацька мой не мала прыняў пакут ад цябе, хоць ён ні ў чым не быў вінаваты. Ды хіба адзін бацька? Я не ўсё ведала раней. Але май на ўвазе, што ні з Ільі Савіча, ні з мяне табе не ўдасца так паздзеквацца, як ты здзекваўся з іншых. З намі ўсе, усе людзі! А ў цябе вось толькі… — яна паказала на фінагента, які ехаў ззаду. — Ды i то, яшчэ невядома. Я думаю, што і ён калі-небудзь зразумее, што ты за чалавек.
— Якія ў вас людзі? — паспрабаваў засмяяцца Мокрут, ды выйшла горкая міна замест усмешкі. — Печка? Андрэіха? Зноў кажу! — у горле ў яго раптам з’явіліся злавесныя хрыпы, — пляваць я хачу на ўсё гэта! Ідзеш да дзеверка свайго вывуджваць на мяне розную брахню? Няма ўжо твайго дзеверка. Разумееш? Няма Васі Печкі! Аддаў сёння ноччу канцы! Можаш напісаць у часць свайму нарачонаму, што праз цябе загінуў яго родны брат. Ну, а я, мабыць, таксама сюды-туды напішу. Да пабачэння, суседухна! Не мінай майго двара!
Ён крута павярнуўся і пайшоў насустрач фурманцы.
«Вось чаму ён так разышоўся, — апякла думка дзяўчыне ўсё нутро. Даша спынілася, нібы аслупянелая. — Няўжо гэта праўда? — Яна нібы міжвольна павярнулася, паглядзела ўслед Мокруту. Шырокія, сутулыя плечы, абцягнутыя хромам, бязладна гойдаліся, у хроме пабліскваў зімні прамень сонца. — Тут Мокрут не схлусіў, вядома, — працягвала разважаць дзяўчына сама з сабою. — Такую праўду, якая можа знішчыць чалавека, паважае i ён. Тут ён не схлусіў. Што ж цяпер рабіць? Што цяпер скажа цётка Аксіння, што падумае Валодзя, калі яму напішуць…»
У дзяўчыны моцна зашчымела пад сэрцам, у галаве з’явіўся нейкі вобмарачны, балючы шум. Спачатку ёй падумалася, што трэба зараз жа вярнуцца дадому, пайсці да Ільі Савіча i выказаць, выплакаць яму ўсё. Потым, яшчэ крыху пастаяўшы, апамятаўшыся, яна ўсё ж пайшла ў бальніцу, але ішла туды вельмі доўга.