7

Перад самым вечарам Мокрут заглянуў у сельсавет толькі дзеля таго, каб падаць знак сакратару. Той умомант сабраў сваю папку i ўслед за начальствам выйшаў на вуліцу. Тут зноў ішоў снег — у гэтую зіму рэдка выдаваўся той дзень, каб не было снегу: то ён сыпаў дробны i калючы, як пацёрты лёд, то кружыўся мяккі і лёгкі, як пух. Каўнер Мокрутавай кожанкі быў настаўлены, а Васіль Печка нацягнуў колькі можна было на вушы шапку і схаваў пад палою паліто свае паперы. Удвух яны рушылі так па вуліцы. Раптам Мокрут спыніўся, і Васіль, з зажмуранымі ад снегу вачыма, ледзь не стукнуўся ілбом яму ў спіну.

— Знаеш што? — звярнуўся старшыня да хлапца. — Памяць у мяне ўжо нешта слабець пачала: забыў зрабіць адно распараджэнне.

— Якое? — насцярожыўся Васіль.

— Забыў сказаць крывому, каб пайшоў туды да мяне ды напілаваў жонцы дроў.

— Дык я пайду скажу, — ахвотна падручыўся Печка.

— Схадзі, брат, — папрасіў Мокрут. — А то жонка заўтра з’есць мяне. Скажы, каб перадаў заадно, што затрымаюся сёння, опісь буду рабіць. Эх, жонкі, жонкі! Ты, брат, не ведаеш, што за ведзьмы бываюць некаторыя з іх! Ну, і шчаслівы ты, што не ведаеш. Бяжы, а потым даганяй мяне. Калі не нагоніш, то ты ж ведаеш, дзе мы павінны быць.

Сакратар пабег, яму i хацелася прабегчы на холадзе, а Мокрут пакрочыў далей адзін. Кожанка пакрысе бялела: спачатку снег раставаў на глянцавітай скуры, а потым пачынаў шэрхнуць. Паступова нахалодваў скураны каўнер і рабілася трохі пякуча ружоваму валлячку. Мокрут утуліў падбародак і трымаўся на ўсякі выпадак бліжэй да платоў, каб не трапіць часам пад якую машыну. Усялякай эмтээсаўскай i калгаснай тэхнікі хадзіла тут не мала.

Пад машыну Мокрут не трапіў, а з чалавекам ледзь не стукнуўся лоб у лоб. Гэта быў той самы чалавек, якога старшыня зваў завочы сівым маладажонам. Мокрут любіў даваць мянушкі людзям i часта гэта яму ўдавалася. Чалавек гэты, што сустрэўся, сапраўды быў сівы, але не па старасці, як гэта звычайна бывае, а па прыродзе. Кажуць, што бацька яго пачаў сівець гадоў у трыццаць, а сыну было цяпер усё ж такі каля сарака. Ажаніўся ён, праўда, не надта даўно, але i не так позна, каб зваць яго маладажонам. Тут Мокрут, вядома, перабольшваў. Росту ён быў крыху вышэй сярэдняга, гэтакі ж, як i Мокрут, толькі, бадай, шчуплейшы. Каб яны, на няшчасце, зусім сутыкнуліся, то якраз трапілі б нос у нос. Хіба толькі б каўняры перашкодзілі: у аднаго скураны, з вострымі ражкамі, а ў другога — барашкавы, сівы, як i тыя пасмы валасоў, што віднеліся з-пад рыжай высокай кубанкі.

Звалі чалавека Ільёй Савічам, і працаваў ён тут дырэктарам сямігадовай школы. Убачыўшы старшыню сельсавета на вяршок ад сябе, дырэктар спачатку рэзка падаўся назад, а потым паімкнуўся саступіць з дарогі. Яму не надта хацелася спыняцца з гэтым чалавекам, бо ў душы ён яго не любіў, а прызнаваў пакуль што толькі як службовую асобу.

Выйшла так, што Мокрут загаварыў першым:

— Вы куды, Ілья Савіч?

— Ды ў школу, — адказаў дырэктар. — Там жа ў нас…

— А-а, так, так, — падхапіў Мокрут. — Ведаеце, Ілья Савіч, я не здолею сёння прыняць, так сказаць, актыўны ўдзел у прадстаўленні. Справы, разумееце, не даюць дыхнуць. Пазванілі з раёна, i вось бягу на пасёлак.

— А што там здарылася? — не зусім даверліва спытаў дырэктар.

— Опісь, Ілья Савіч. Разумееце? Сумная справа.

— Менш трэба было б гэтых сумных спраў, — незадаволена сказаў дырэктар i не спяшаючыся пакрочыў далей.

«Сунься, куды сунешся!» — прабурчэў сабе пад нос Мокрут, а ўслых гэтага ні за што б не сказаў. Цяжка было ўсё-такі не лічыцца з тым, што гэта дэпутат сельсавета i сакратар тэрытарыяльнай партарганізацыі.

Мінуўшы некалькі двароў, старшыня падышоў да акна аднаго прыгожага дамка, пастукаў і гучна, з вясёлымі пералівамі ў голасе, клікнуў:

— Ціхоня-а, у строй!

— Няма дома! — ледзь пачуўся праз двайныя шыбы непрыязны жаночы голас.

— А дзе ён?

— А хто яго ведае. Хіба я за ім бегаю?

Мокрут сабраўся ўжо адысці ад акна, але нечакана адчыніліся шаляваныя дзверы сянец i на ганку паказаўся грузнаваты чалавек без шапкі, у міліцэйскім кіцелі, расшпіленым пад барадою.

— Чаго ты хочаш? — спытаў ён у Мокрута.

— Апранайся хутчэй і пайшлі!

— Куды?

— Справа ёсць. Тэрміновая!

Калі ўчастковы ў поўнай форме і пры зброі параўнаўся на вуліцы з Мокрутам, той насмешліва кінуў яму:

— За жончыну спіну хаваешся?

— Ды не хаваюся, — пачаў апраўдвацца Ціхоня. — Чаго там хавацца? Аднак жа, калі падумаць, то што мы маем? Цэлы дзень на нагах, ноччу таксама рэдка бываеш дома. А яна, жонка… Вось.

— Разбалавалі вы сваіх жонак, распесцілі!

— Гэта хто «мы»?

— Ты, напрыклад, ды вось гэты наш мудрэц сівавалосы, дырэктар. Яшчэ ёсць такія.

— Ну, ведаеш, — зноў пачаў участковы, — калі добра падумаць, то-о…

— Дарэчы, вось што, — перапыніў яго Мокрут, — у цябе часам не знойдзецца некаторых вестак наконт некаторых нашых інтэлігенцікаў?

— Каго ты хочаш?

— Ну, возьмем хаця б гэтага маладажона. Ён што, не быў, часам, на акупіраванай тэрыторыі?

— Ён не з майго ўчастка па месцу нараджэння, — змрочна адказаў Ціхоня. — Ды не той гэта чалавек. Ты гэта дарэмна.

— Дарэмна? — Старшыня на хвіліну змоўк i глыбей утуліўся ў каўнер.

— Куды ж мы ідзем? — спытаў Ціхоня.

— Не бойся, не да маладажона.

Яны прайшлі моўчкі амаль усю вуліцу і калі ўжо сталі выходзіць на міжпасялковую дарогу, Мокрут сказаў:

— Казырок Сямён наказваў. Там у яго сёння радзіны быццам бы. Сакратар мой прыдзе, запішам яму папаўненне ды пасядзім з гадзіну ў цяпле, пагамонім. Трэба ж нам неяк бліжэй да народа стаяць, ведаць, як людзі жывуць, чым яны дыхаюць. Праўда?

— Ды гэта праўда, — згадзіўся Ціхоня, — але ж, калі добра падумаць…

— Няма чаго думаць! — зноў перабіў яго Мокрут. — Чалавек запрашае, дык не трэба быць задавакамі. Напэўна, чакае ўжо даўно.

Казырок быў на двары ў той час, калі Мокрут з Ціхоням падышлі да яго хаты. Па тым, як ён старанна сек на калодцы дровы, па той кучы галля, якая ляжала каля яго, можна было меркаваць, што ён не надта чакаў гасцей. Убачыўшы ў паўзмроку начальства, ён нібы з жалем удзюбнуў у калодку сякеру, падцягнуў пута на кароткім кажусе i ступіў крокаў два насустрач.

— Гаспадарыш? — звярнуўся да яго Мокрут, квола працягваючы руку.

— Ды вось, — паказаў Сямён на кучу галля, — трэба было б пасекчы ды злажыць, пакуль зусім снегам не занясло.

— А што гэта за дровы ў цябе? — Мокрут падышоў да калодкі, узяў у рукі тонкі круглячок. — Дык гэта ж, браце, садавіна нейкая, ігруша ці сліва?

— Сухая антонаўка, — абыякава сказаў Сямён. — От ужо з тыдзень баба раскашуе з ёю. Добра гарыць, каб вы ведалі.

— А ну, дай сюды, гаспадар! — Мокрут з хлапчуковай рашучасцю скінуў рукавіцы, папляваў на далоні і ўзяў з рук Сямёна сякеру.

— Люблю такую работку, — сказаў ён Ціхоню, — проста i цягне. Што ж бы тут на першы зуб?

— Ды вазьміце вось гэта, — параіў Сямён і, хітравата глянуўшы на Ціхоню, тыцнуў жоўтай бахілай у даволі ўзлаваты і тоўсты камель.

Мокрут рукамі выкаціў камель на гладкае месца, паставіў яго тарчма і, гэхнуўшы ўсёй дыхавіцай, секануў. Кругляк здрыгануўся, трошкі зрушыў з месца, аднак не падаўся: сякера адляцела ад яго, як ад каменя. На гладкім разрэзе кругляка з’явілася толькі неглыбокая белая рыска.

— Змёрзся, — крыху незадаволена сказаў старшыня і секануў яшчэ раз. З’явілася другая белая рыска, а кругляк стаяў цэлы. Секануў трэці раз, з’явілася трэцяя рыска, чацвёрты — чацвёртая.

— Нешта ў цябе яшчэ… гэтае самае, — пераступіўшы з нагі на нагу, заўважыў Ціхоня. — Давай я.

Мокрут ужо са злосцю гэхнуў яшчэ разоў два і, здзіўлена пакруціўшы галавой, аддаў сякеру Ціхоню.

— Шкада, што тут калуна майго няма, — апраўдваючыся, сказаў ён.

Ціхоня ўзяў у дзве рукі сякеру, чамусьці пакруціў яе перад вачыма, нібы правяраючы, з жалеза яна, ці так з чаго, прымерыўся і лупянуў так, што аж вушанка наехала на вочы. Лязо крыху ўдзюбнулася ў камель, але ён i не думаў расколвацца. Ціхоня пачаў пляжыць раз-поразу, кругляк стаў падобны на тую здзёўбаную калодку, на якой Казырок сек дровы, аднак нічога не выходзіла.

— У цябе яшчэ горш, як у мяне, — сказаў Мокрут і пачаў расцягваць папружку свае кожанкі. — Трэба з другога боку паспрабаваць.

Ён распрануўся, ледзь не сілаю забраў у Ціхоні сякеру і пачаў з усёй моцы біць вастрыём па другому разрэзу кругляка, стараючыся цаляць у адно месца. Аднак чым мацней ён замахваўся, чым старанней намагаўся ўклініць сякеру на адной рысе, тым больш падводзілі яго рукі: белыя драпінкі ўзнікалі пасля ўдараў то ў адным месцы, то ў другім.

— Не, гэтага нельга раскалоць, — сказаў нарэшце Мокрут. — Цемнавата ўжо, ды і сякера вельмі лёгкая. Ну, што гэта за сякера? Калі б маім калуном!

Пры апошніх словах старшыня глянуў на Ціхоню, i раптам яму стала няёмка. Успомнілася, што Ціхоня не адзін раз быў у Мокрута дома і напэўна заўважыў, што калун гэты даўно ляжыць на дрывотні без тапарышча. Бачыў ён, вядома, i тое, што старшыні коле дровы «кульгавы начальнік» і зусім не калуном, нават не сякерай, а нейкай аднаручкай.

— Гэта ўжо, мабыць, паляжыць да вясны? — звярнуўся Мокрут да гаспадара. — Адтае, памякчэе.

— Чаму? — мякка не згадзіўся Сямён. — Яго можна i цяпер раскалоць.

Ён неяк па-свойму, цэпка і ўпэўнена ашчаперыў пачырванелымі ад марозу шырокімі далонямі кругляк, пакруціў яго ў адзін бок, у другі, выбраў месца і, здавалася, зусім лёгка, нават без размаху секануў. Лязо адразу ўелася ў дзерава, перарэзаўшы ўпоперак усе мокрутавы надзёўбванні. Сямён лёганька, нібы з ласкай, пастукаў правай далонню па кончыку тапарышча, сякера паслухмяна выскачыла з кругляка. Тады ён зноў паціху падняў сякеру, прыціснуў яе перад самым ударам так, што яна аж свіснула ў паветры, i кругляк разваліўся папалам.

— Глядзі ты! — здзівіўся старшыня. — Не быў бы то гаспадар!

— А мы з табой даўно сякеры ў рукі не бралі, — надзяваючы рукавіцы, прамовіў Ціхоня, — то давай так і скажам. У мяне жонка ўсё вязе на сваіх плячах, а ў цябе…

— Ну, кінь ты, — крыху сумеўшыся, сказаў Мокрут і неўпрыкметку паглядзеў на свае далоні. Шчымелі ў чалавека далоні, трэба было так і чакаць, што праз якую гадзіну на іх усхопяцца белый пухіры.

— Аднаму я толькі рады, — не сціхаў участковы, — што сам старшыня сельсавета пляжыў сёння калгасніцкую антонаўку. Ды з якой ахвотай!

— Прыкусіш ты нарэшце?.. — рэзка кінуў Мокрут, а сам усё ж такі засмяяўся, вінавата пакруціў галавой.

— То можа зойдзем у хату? — не надта настойліва прапанаваў Сямён Казырок, калі ўжо і Васіль Печка, увесь скурчаны, заснежаны, з папкай пад палою з’явіўся ў двары і ніхто больш не збіраўся калоць дровы.

Пасля запісу Сямёнавага папаўнення і гамонкі ў цяпле яны выбіраліся з пасёлка не надта лёгка і бездакорна. Калі б хто паглядзеў потым на іхнія сляды на вуліцы, то напэўна падумаў бы, што нячыстая сіла хістала людзей то ў адзін бок, то ў другі. Уперамешку з гэтымі страшэнна бязладнымі слядамі відны былі месцамі і котлішчы на снягу. Гэта Мокрут з Ціхоням у абдымку адпачывалі на дарозе, пакуль Васіль Печка, трохі меньш п’яны і таму прутчэйшы ў нагах, выбіраў напрамак руху і пратоптваў сцежку. Ноч была цёмная, снегу за гэты час яшчэ больш прыбавілася, не відно было ні дарогі, ні такіх добра прыкметных арыентыраў, каб іх можна было заўважыць нецвярозаму воку. А тут яшчэ крыкі ззаду, розныя каманды.

— Печка-а! — галасіў Мокрут. — Глядзі ж ты там, будзь чалавекам! На Дабрасельцы трымай, проста на дамок млынара!

— Не слухай яго, Васіль, — настойліва прасіў Ціхоня. — Што там нам з табой рабіць у Дабрасельцах? На Чырвоныя Макі давай. Там мяне жонка чакае, а цябе маці.

Пасля каманды Мокрута Васіль стараўся грэбціся ўправа, каб узяцца прасцей на Дабрасельцы, калі ж пачынаў угаворваць Ціхоня, тады самі ногі ішлі ўлева. I аднаго нельга было не паслухаць, і другога. А што рабіць самому, хто ведае. Васіль да таго часу пакорліва слухаў каманды і паварочваў то ўправа, то ўлева, пакуль зусім не збіўся з дарогі і не пачаў кружыняцца па полі. Кружыняўся пэўна гадзін дзве і прыбіўся, нарэшце, у суседні пасёлак. Тут ужо нават сабакі спалі. Ледзь не ў кожны двор намагаўся хлопец зайсці, каб пастукацца, папрасіцца нанач, ды ўсё не да ладу: то брамка была зачынена так, што хоць зубамі яе грызі, то гура снегу каля варот палохала. Начальства магло б не пералезці цераз яе.

Толькі ў самым канцы пасёлка бліснуў агеньчык у акне i рантам зноў патух. Васіль прыбавіў кроку, але адразу ж пачуў воклік Мокрута:

— Куды ты вядзеш нас, Сусанін пракляты?!

Васіль спыніўся і, паціраючы вушы, стаў чакаць, пакуль яго падапечныя прысунуцца бліжэй.

— Чаго стаіш, як слуп? — крыкнуў цяпер старшыня.

Гэтаму чалавеку і цвярозаму цяжка ўгадзіць, не то што п’янаму. Васіль добра ведаў гэта, але трымаўся, таму што i самому трэба было неяк ратавацца. Асенняе паношанае палітцо, ды шапка летняя, ды нават рукавіц няма. Доўга не вытрымаеш у такой адзежы, нават калі трохі i пад градусам!

Ідучы назаўтра дадому, Мокрут неўпрыкметку пасміхваўся сам сабе, а часам паварочваўся да Ціхоні і з хітрынкай пытаў:

— А добра пагулялі! Праўда?

Загрузка...