14

Чырвонамакаўскія і дабрасельскія могілкі былі значна бліжэй ад Дабрасельцаў, як ад Чырвоных Макаў. Часам бывала нават так, што дабрасельцы проста заносілі сваіх нябожчыкаў на могілкі, а чырвонамакаўцы заўсёды вазілі, бо заносіць хоць і ў пяць змен ім было не пад сілу. Калі Даша з Андрэіхай прышлі на гэтыя могілкі, тут яшчэ нікога не было, толькі пасярэдзіне могілак, паміж двух бярозак, жаўцеў невялікі копчык свежага чвыру. Яны пайшлі далей з такім намерам, што калі не сустрэнуць працэсію, то пастяць каля Печкавай хаты, пакуль вынясуць нябожчыка.

Але не дайшлі яны яшчэ нават да Чырвоных Макаў, як убачылі на дарозе грузавую машыну, якая рухалася вельмі памалу: чутно было, як нязвыклы да малых абаротаў матор раз-по-разу страляў і пыхкаў. На бартах машыны сядзела некалькі жанчын, а за машынай ішло многа чырвонамакаўцаў і сёй-той з дабрасельцаў. Якраз блізка ўжо былі гэтыя самыя бяскрылыя млыны. Даша з Андрэіхай узышлі на сцежку, пратаптаную да млыноў, і сталі чакаць. Машына, як на тое, заглухла каля млыноў. Шафёр вылез з кабіны з завадной ручкай, вінавата глянуў на тых заплаканых жанчын, што сядзелі на бартах, і пачаў раскручваць матор. У гэты момант Даша зусім-зусім нечакана для сябе ўгледзела Валодзю. Яна ўхапілася за Андрэішын рукаў i ледзь не павісла ў цёткі на плячы. Твар яе раптам збялеў, рукі пачалі нервова калаціцца. Яна не ведала, што Валодзя прыехаў на пахаванне.

— Супакойся, Дашачка, — зразумеўшы ўсё, зашаптала Андрэіха і сціснула локцем яе рукі. — Супакойся, усё будзе добра. Я сама з ім пагавару.

Валодзя стаяў каля апушчанага ўніз задняга барта, без шапкі, у шынялю з курсанцкімі пагонамі, туга падцягнуты, стройны. З твару ён быў вельмі падобны на брата, гэтакі ж святлявы, гладкашчокі, толькі ўсе рысы твару былі больш выразнымі і выяўлялі большую сталасць і ўдумлівасць. Стаяў ён зусім нерухома, не перамінаўся з нагі на нагу, як іншыя, не туліў у каўнер вушы, а лётчыцкую шапку трымаў на левай руцэ ля пояса. Даша і ўбачыла перш за ўсё яго вуха, маленькае, чырвонае ад марозу, прыкрытае пасмай светлых валасоў. Некалі яно было зусім блізка каля яе твару, каля яе вачэй… А цяпер яму, напэўна, холадна, бо вецер якраз з гэтага боку, ды i мароз узяўся не малы…

Валодзя трошкі павярнуў галаву да млыноў. Даша заўважыла слёзы ў яго на вачах і нейкі неразгаданы смутак у паглядзе. Каб яшчэ трошкі, то ён убачыў бы яе. Сэрца страпятнулася ад гэтага, чамусьці страшна было сустрэцца цяпер вачамі. Хто ведае, які цяпер быў бы Валодзяў позірк, што засвяцілася б у яго вачах?..

Машына запырхала, затрашчала, i шафёр бягом пусціўся ў кабіну. Дашы вельмі доўга цягнулася гэтая хвіліна стаянкі. Няёмка было тырчаць убаку, няёмка было і падыходзіць, бо сцежка выводзіла да пярэдніх людзей. Калі машына кранулася і людзі пайшлі, Даша ўслед за Андрэіхай выйшла на дарогу, і потым яны ішлі ўдваіх самымі заднімі.Хада была вельмі няроўнай, таму што шафёр ніяк не мог прынаравіцца вясці машыну на аднолькавай хуткасці. Відаць, яму ўпершыню давялося вязці чалавека ў апошні шлях.

Перад Дашай ішоў i час-ад-часу ледзь не натыкаўся на людскія спіны, калі машына прыпынялася, Іван Дабрасельскі. Па яго тонкай пачырванелай шыі Даша заўважыла, што ён, мабыць, плача.

— Іван! — ціха пазвала яна.

Хлопец азірнуўся, паспешна выцер пачырванелыя вочы і пачакаў, каб ісці далей поруч. Кроках у двух спераду ішлі без шапак некаторыя з тых хлопцаў, што не так даўно ганяліся за Васілём. Сярод іх крочыў, апусціўшы галаву, і Цімоша.

Калі працэсія ўжо набліжалася да могілак, насустрач ёй праехала такая ж паўтаратонка, толькі з вялікай дашчатай скрыняй са шчылінамі па баках. У адной такой шчыліне тырчаў верхні абадок свінога лыча. У кабіне машыны сядзеў Шулаў. Ён зняў шапку, параўняўшыся з труной, і прыняў набажна-жаллівы выгляд.

«Павёз у горад кормніка, — падумала Даша і коратка пераглянулася з цёткай Настуляю. — Нябось і двух тыдняў не пратрымаў на сваіх харчах пасля таго, як выгналі вепрука з фермы».

Мокрут, які хмура крочыў спераду ўсіх, высунуў з настаўленага каўняра падбародак і з нянавісцю і відавочнай зайздрасцю паглядзеў Шулаву ўслед. Азірнуўся ў гэты момант і Ілья Савіч. Яго, мабыць, здзівіў незвычайны кантраст двух стрэчных машын. Аглянуўся і ўбачыў Дашу з Андрэіхай. Хоць Андрэіху ён і мала ведаў, але ветліва пакланіўся абаім. Сівая галава яго вылучалася потым сярод усіх аж да таго часу, пакуль не пахавалі Васіля i дырэктар не надзеў сваю рыжую стаўбунаватую кубанку.

Разыходзіліся з могілак хто ў які бок: хто ў Чырвоныя Макі, хто ў Дабрасельцы. Ужо каля самай дарогі Ілья Савіч параўняўся з Дашай. Андрэіхі блізка не было, яна засталася каля магілы і ўсё яшчэ наглядала, як Валодзя маўкліва, але з вялікай горыччу ў апошні раз развітваўся са сваім братам.

У гэты час, калі Андрэіха стаяла адна, грознаю хмараю пасунуўся проста на яе Лявон Мокрут. Ён наставіў на жанчыну такі страшны i знішчальны погляд, што ёй трэба было не іначай як на калені ўпасці перад ім. Аднак цётка Настуля сустрэла яго вочы спакойна, цвёрда i нават не паварушылася, каб уступіць старшыні дарогу. Мокрут спыніўся каля Андрэіхі, змерыў яе з ног да галавы і, узяўшы крок улева, пайшоў далей.

— Заўтра ў нас партыйны сход, — сказаў Дашы Ілья Савіч, непрыязна глянуўшы на Мокрута. — Будзем разбірацца ў некаторых справах. Вось i наконт гэтага таварыша пагаворым. Прыходзьце.

— Прыду, Ілья Савіч, — задаволена адказала Даша. — Я нават учора збіралася зайсці да вас, ды не паспела, бо тэрмінова пазвалі ў раён.

— Чаго? — здзівіўся Ілья Савіч, і твар стаў да жалю заклапочаным.

— Мокрут падаў, што праз мяне загінуў Печка.

Яны прайшліся крыху ў напрамку Чырвоных Макаў.

— Вось на што б’е, прайдзісвет! — з абурэннем i хваляваннем у голасе прамовіў Ілья Савіч. Затым, падумаўшы, дадаў: — Вы, значыць, прыходзьце заўтра пад вечар на сход, а я з самага ранку з’езджу да сакратара райкома. Не хвалюйцеся вельмі, не перажывайце. Потым вось што: да справаздачнай сесіі трэба добра падрыхтавацца, пагаварыць з людзьмі. Ніхто не павінен баяцца сказаць праўду. З суседкай сваёй яшчэ пагаварыце. Добра?

— Добра, Ілья Савіч, — згадзілася Даша, i на гэтым яны развіта — ліся.

Цётка Настуля ўжо выходзіла на шлях і няўпэўнена паглядвала ў бок дзяўчыны: чакаць яе ці не чакаць? Даша падала ёй знак i, гледзячы сабе пад ногі (на дарозе былі выбоіны), хутка пакрочыла да яе. Насустрач ішлі людзі. Вельмі многа было людзей на пахаванні Васіля, бо злодзеям яго ніхто не лічыў. Размінаючыся з сустрэчнымі, дзяўчына адчула, як нехта ціха дакрануўся да яе рукі. Яна спынілася: перад ёю стаяў Валодзя. На вачах яго былі яшчэ сляды слёз, густыя чарнявыя бровы то быццам бы зліваліся з мехавай шапкай, то аддзяляліся ад шапкі і журботна павісалі над тварам.

— Даша, — прамовіў ён глуха і чамусьці змоўк, нібы не мог знайсці больш ніводнага слова.

Дзяўчына спынілася, апусціла вочы і таксама не ведала, што сказаць. Нейкі спалох, разгубленасць нібы скавалі яе: цяжка стала паварушыцца, падняць павекі, вымавіць слова.

— Добры дзень, — ледзь не шэптам сказаў Валодзя і працягнуў да дзяўчыны абедзве рукі.

Даша моўчкі зняла рукавічку i таксама падала руку. Валодзя паціснуў дрыжачыя пальцы і ўзняў на дзяўчыну вочы.

Ці здолеў бы хто выказаць, што было ў гэтых вачах? Даша заўважыла ў іх вялікае гора, сорам, крыўду, адчай, здзіўленне і… радасна падумаць: здалося дзяўчыне, што сярод гэтых і многіх іншых адчуванняў яна заўважыла каханне — шчырае, гарачае, толькі такое, якое можа быць у аднаго Валодзі. Сэрца яе затрапяталася ад шчасця. На вуснах было нейкае слова, зусім-зусім незвычайнае, мабыць падобнае на тое, што з’яўлялася і жыватворна гучала ў час самых светлых сноў, што прыходзіла на памяць i асвяжала душу ў час дзявочых роздумаў, мар і летуценняў… Але не зыйшло з вуснаў гэтае слова, яно некуды згінула ў такі патрэбны, у такі рашучы момант.

Валодзя ўсё ж такі паймеўся нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну падышла да яго заплаканая і зняможаная маці, якую вялі пад рукі родзічы. Аксіння цяжка глянула на дзяўчыну і ўзяла сына за руку.

Так мінулася кароткая хвіліна спаткання. Даша ішла дадому, ледзь не ўсім целам павісаючы на руцэ Андрэіхі. Цяпер тое слова, якраз тое самае, што трэба было сказаць Валодзі, гучала ў вушах, хвалявала, апальвала нутро. Але не дагоніш ім Валодзю, не вернеш ужо таго, што прайшло, мінулася.

«Чаму ён адразу нічога не сказаў? — мучыла дзяўчыну пытанне. — Ён жа быў заўсёды смелы, гаваркі. Няўжо крыўду носіць у душы, няўжо хоць на адну ёту верыць гэтаму чалавеку?»

Андрэіха нібы чула пакутлівыя думкі сваёй маладой сяброўкі, усім сэрцам спачувала дзяўчыне i выказвала гэта пакуль што толькі тым, што ўсё мацней i мацней прыціскала да сябе яе руку.

— Цяжка табе? — спытала жанчына, калі яны падыходзілі ўжо да сваіх двароў.

— Цяжка, цётачка…

I жанчыне зноў уявілася тое, аб чым яна думала ўжо не раз пасля сустрэч з Дашай або пасля доўгіх і шчырых размоў. От, каб была ў Дашы маці, прышла б цяпер дзяўчына дадому, кінулася б мацеры на грудзі, выплакалася, i адлягло б у яе ад сэрца. А то — як ні гавары, хоць і вельмі здатная на ўсё дзяўчына i сама прыгажуня, але ж сірата. Бацька ёсць, дык бацька ўсё-такі — не тое.

— Ты прыходзь, Даша, пасля вячэры да мяне, — шчыра папрасіла Андрэіха. — Пасядзім, пагаворым.

— Добра, цётачка.

Загрузка...