Лявон Мокрут сядзеў у старым дубовым крэсле з высокай спінкай, i гэта рабіла яго трохі падобным на суддзю. Гадоў дваццаць таму назад гэтае крэсла было прынесена ў сельсавет з папоўскага дома; вайну перажыло, некалькі старшынь на ім змянілася, i вось цяпер служыць яно Мокруту. Насупраць старшыні, ля стала, успіраючыся на кіёк, стаяла сухенькая, кволая бабулька.
— Дык усё ясна? — мабыць ужо канчаючы размову, спытаў у бабулькі Мокрут і пастукаў пальцам па рубцу стала. — Калі праз два дні не ўнясеш!.. — I старшыня не гаварыў больш нічога, а ўсё стукаў пальцам.
Даша сядзела на зэдліку блізка ад стала i сумна паглядвала на Мокрутаў палец. Яна ўжо ведала, што азначаў гэты стукат, якія словы замяняў. Відаць, здагадвалася пра гэта i бабулька, бо заплакала i яшчэ ніжэй нагнулася над кійком.
— З чаго ж я ўнясу? — скрозь слёзы паскардзілася яна.
— Нічога не ведаю, — сказаў на гэта Мокрут.
— I каб за што быў гэты падатак, — працягвала старая, павярнуўшыся да незнаёмай ёй дзяўчыны, — а то ж за нейкую дуплаватую дзічку.
— Нічога не ведаю! — паўтарыў старшыня.
— Як гэта не ведаеш? — абурана спытала Даша і, паспешліва ўстаўшы, падхапіла бабульку за локці, нібы тая вось-вось магла ўпасці. — Сядайце вось тут, — яна падставіла старой другі зэдлік. — Сядайце і раскажыце ўсё, а мы паслухаем.
Дзяўчына з дакорам паглядзела на старшыню, а той падняў руку, каб зноў застукаць пальцам аб стол, ды раптам перадумаў. Ён устаў, паправіў на сабе фрэнчык вайсковага колеру і квола, нібы толькі для таго, каб размяць ногі, падаўся да працілеглага ад Дашы акна. Там выняў з кішэні папяросу, дзьмухнуў у цыбук так, што аж уздрыганулася бабулька, і, закурыўшы, стаў паглядваць на Дашу, нібы на падлетка, які займаецца не сваімі справамі.
— Адкуль жа вы, бабка? — спытала Даша, сеўшы са старою побач. — Нешта я вас не ведаю.
— Ды з пасёлка я, дачухна, з Жоўтай гары.
— I што ў вас там, вялікі сад?
— Ды які ж ён вялікі? — павярнуўшыся ўсім згорбленым тулавам у бок старшыні, горычна здзівілася бабулька. — Няхай бы ж прышлі паглядзелі. Тры ігрушыны стаяць. Старыя, галлё напалавіну сухое. Яшчэ бацька майго нябожчыка, як маладым быў, то пасадзіў, прынёс сеянкі з лесу. Не родзяць ужо каторы год.
— Прыдзем да вас, бабка, паглядзім. Я сама прыду.
— Дзякуй вам, дачухначка. — Старая зноў паглядзела на старшыню і, калі заўважыла, што той, пускаючы дым, пасмейваецца, утуліла ў злямчаную хустку свой зморшчаны падбародак i закашлялася.
— Можаш, старая, ісці! — не чакаючы, пакуль бабулька адкашляецца, сказаў Мокрут. Выгляд у яго быў такі, нібы ён рабіў у гэты момант вельмі вялікую ласку. — А грошы ўсё-такі рыхтуй. Вось так!
— Прыдзем і разбярэмся, — паўтарыла Даша i дакранулася да халодных костачак бабулінай рукі.
Старая ўзялася аберуч за кіёк і зрабіла спробу ўстаць, але, відаць, нешта ўспомніла і зноў склала рукі на каленях. Хісткі зэдлік пад ёю скрыпнуў.
— А вы, дачухна, хто будзеце? — спытала яна ў Дашы. — Секлятарша ці па падатках якая начальніца?
— Я дэпутатка сельсавета, — адказала дзяўчына.
Бабуля паківала галавою, нібыта ў знак таго, што ўсё ёй зразумела i яна задаволена, аднак пайшла з пакоя, змрочна падцяўшы сухія вусны.
— Як яе прозвішча? — звярнулася Даша да старшыні, калі старая зачыніла за сабою дзверы.
— А я адкуль ведаю? — засмяяўшыся, адказаў Мокрут. — Пойдзеш на іхні пасёлак, там i спытаеш.
— А ты ні разу не быў у гэтай сям’і?
— Печка быў і фінагент. А ў мяне ногі не сабачыя.
— Стукаеш на людзей, пагражаеш, — са шчырым абурэннем загаварыла Даша, — а не ведаеш, на каго стукаеш, каму пагражаеш. Хіба можна так размаўляць з людзьмі?
— З табой я яшчэ горш пагавару, — адказаў на гэта старшыня.
— Ну, паспрабуй!
— I спрабаваць няма чаго! — Мокрут размашыста ступіў некалькі крокаў і зноў апынуўся каля папоўскага крэсла. — Ты колькі грошай сабрала за гэты тыдзень? Што, я за цябе пайду па хатах?
— Я таксама не пайду! — цвёрда сказала Даша. — Вунь фінагент для гэтага ёсць.
— А для чаго ты пастаўлена? Для чаго? — Мокрут зноў пацягнуў на сабе фрэнчык i яшчэ бліжэй падышоў да дзяўчыны. — Мы цябе для таго і паставілі, каб ты дапамагала сельсавету.
— Хто гэта — мы?
— Я, напрыклад.
— Ты мяне паставіў дэпутаткай?
— А хто, ты думала?
— Я думала i думаю, што мяне выбралі людзі. Хопіць! — ледзь не крыкнула Даша і, устаўшы, падалася да дзвярэй. — Агідна мне слухаць тваё бязмозглае плявузганне.
— Дык хіба я… Слухай! — Мокрут мякка пакрочыў услед за дзяўчынай. — Хіба я што дрэннае гавару? Калі сказаць па чыстай совесці, дык я асабіста вельмі паважаю твайго бацьку. А цябе яшчэ больш. Давай на гэтым i скончым. Не для таго я цябе выклікаў, калі гаварыць па чыстай совесці.
— А для чаго? — Даша ўзялася за ручку дзвярэй, аднак пакуль што не адчыняла.
— Пастой крыху, — пачаў прасіць Мокрут, — ну, чаго ты ўзлавалася? Прыходзь сёння ўвечары ў школу, спектакль мы тут будзем паказваць. I мяне ўцягнулі, успомнілі талент юнацтва: п’яніцу аднаго буду прадстаўляць.
— Самога сябе? — спытала дзяўчына i крыху адступіла ад дзвярэй.
Мокрут зноў засмяяўся, але Даша заўважыла, што павекі яго залыпалi і пад калючымі шэрымі вачамі з’явілася чырвань.
— Чаму ты думаеш, што сябе? — відаць, даруючы дзяўчыне ўсё, загаварыў старшыня. — Хіба я адзін выпіваю? Нажаль, многія цяпер п’юць. Вунь жаўтагораўцы глядзі што ўсё збожжа перагоняць на самагонку.
— Жаўтагораўцам не вельмі ёсць з чаго гнаць, — не згадзілася Даша, — а ў другіх вёсках то гоняць, праўда.
— Жаўтагораўцы бульбу пераганяюць, — удакладніў старшыня, — але ж цяпер у нас не пра гэта гамонка. Я запрашаю цябе на спектакль i буду чакаць каля школы. А ты паабяцай, што прыдзеш.
— Не прыду! — цвёрда сказала Даша. — Часу мне цяпер няма, ды адна дадому баюся ісці.
— Разам пойдзем! От якая ты! — Мокрут паспрабаваў узяць дзяўчыну за локаць, але яна рыўком адвяла сваю руку і зноў падалася да дзвярэй.
— Даша! — пачаў прасіць старшыня. На яго круглым твары расплылася ўся тая ласкавасць, на якую ён толькі быў здольны. — Ну, сядзь пасядзі, давай яшчэ пагамонім. Чаму ты такая неласкавая да мяне? Калі гаварыць па чыстай совесці, то я…
— Што? — з насцярожанай усмешкай спытала Даша і паставіла нагу ў белым валёначку на парог.
— Я ўжо даўно сохну па табе, хіба ты не бачыш?
— Не бачу i бачыць не хачу! — сказала Даша. — Ёсць у цябе па кім сохнуць!
— Эх, што ты за чалавек! — нібы крыкнуў, нібы ў роспачы застагнаў старшыня і, закрыўшы рукамі твар, адышоў ад дзяўчыны. — Да чаго ты мяне давядзеш! — Ён церабіў пальцамі свой баксёрскі чубок, узбуджана хадзіў па пакоі. Можна было падумаць, што чалавек прышоў у адчай, але Дашы чамусьці не верылася ў гэта.
— Згарыць яно няхай усё гэта! — загаварыў Мокрут, прыхінуўшыся локцямі да аконнай шалёўкі паблізу ад свайго стала. — Не для таго я цябе зваў сёння i не для таго стараўся, каб ты была дэпутаткай. Не патрэбна тут мне твая дапамога. Сам спраўлюся! Мне ты патрэбна для душы, для сэрца, якое ўжо стала забываць, што такое ласка, што такое добрае чалавечае слова. Думаў, будзеш дэпутаткай, дык часцей будзем сустракацца, лепшыя будуць умовы для размоў, для дружбы. А выходзіць, што… Магла б ты ведаць, Даша, што мне не цяжка было б прымусіць цябе стаць ласкавейшай. Ёсць у маіх руках сякія-такія сродкі. Але ж я не хачу быць для цябе кепскім. Я для цябе нават i не старшыня, калі ты гэтага хочаш. Я ўсё для цябе зраблю! Усё! Разумееш?..
Мокрут адарваўся ад шалёўкі, падняў галаву, i ад крыўднага здзіўлення ў яго затросся валлячок: Дашы не было ў пакоі. Яна паціху выйшла, мабыць, яшчэ тады, калі старшыня толькі пачынаў сваё красамоўства. Пайшла адразу дадому.
Падціснуты палазамі і машынамі снег звонка скрыпеў пад нагамі, пасля пракуранага сельсавецкага пакоя дыхалася лёгка i прыемна. Даша хутка выйшла на дабрасельскую дарогу, мінула два бяскрылыя млыны, якія ледзь чутна патрэсквалі на марозе, i пакрочыла проста ў сваю вёску. Невялікі, хоць і даволі калючы вецярок, дзьмуў насупраць, але дзявочыя шчокі не баяцца сустрэчнага ветру: Даша нават на цемя хустку не нацягнула. Просты і тонкі радок, паабапал якога не надта паслухмяна ляжалі каштанавыя валасы, трошкі пачырванеў ад холаду, гэтак жа, як i лоб, як i адкрыты круглы падбародак. У вушах назойліва гучаў голас Мокрута. «Ён, мабыць, яшчэ i цяпер стаіць ля акна, выказвае сваю крыўду…»
Дзяўчыне цяжка было разабрацца, што гэта за чалавек, што ў яго на душы. Здаралася, што i раней яна пра гэта думала, ды адганяла думку ад сябе, каб не замінала. Некалі да вайны, калі Даша была яшчэ зусім падлеткам, Лявон Мокрут, Лёўка, як тут яго звалі, быў не апошнім хлопцам у вёсцы. Куды там! Каб хто сказаў, што ён не самы першы, то Лёўка, напэўна, выдраў бы яму вочы. Хлопец быў на выгляд прыгожы, па таму часу нядрэнна адукаваны (скончыў восем класаў), умеў мацней за ўсіх заспяваць, найлепш адстукаць казачка, выступіць на сцэне. Любіў Мокрут, каб на яго глядзелі, а яшчэ больш, — каб яго баяліся. Няхай, можа, i не яго, а каго іншага, але ўцеха брала хлопца, калі людзі палохаліся або жылі ў чаканні якога-небудзь няшчасця. Так у яго змалку. Бывала, на шчадраца ён не цягаў, як іншыя, варотаў з аднаго двара ў другі, не пасыпаў мякінаю патаемных сцежак, а лавіў на вуліцы чорнага ката і спускаў яго праз комін у хату якой-небудзь бабульцы. Ужо i Даша памятае, як ён аднаго разу ў асеннюю ноч паставіў на могілках пусты гарбуз са свечкаю ў сярэдзіне. На гарбузе былi выразаны дзіркі для вачэй i страшэнныя зубы. Не толькі дзеці, a і некаторыя дарослыя баяліся пасля таго праходзіць ноччу паўз могілкі.
Прайшло не мала часу пасля гэтага, i цяпер Дашы часам нават не верылася, што Лявон мог каго-небудзь напалохаць. У яго былі вельмі маленькія і, напэўна, мяккія, як у дзіцяці, рукі. Круглы, чысты падбародак з пяшчотным валлячком. Здавалася, што гэты падбародак выяўляў заўсёды толькі адну лагоднасць, нават і тады, калі Мокрут злаваўся. Вочы таксама не кожны раз былі калючымі. Часам яны свяціліся цёплай ласкаю, нават пяшчотай, асабліва тады, калі ён задумліва глядзеў на яе, на Дашу. Гэта заўважала дзяўчына не адзін раз, і часта ёй здавалася, што дарэмна людзі асцерагаюцца Мокрута, дарэмна думаюць, што ён можа зрабіць чалавеку нешта дрэннае. Варта вось ёй узяць яго за гэтую дзіцячую руку, і пойдзе Лёўка пакорліва, куды толькі яго ні павядзеш. Hi слова кепскага не скажа, ні голасу рэзкага не падасць…
Падыходзячы да сваёй вёскі, Даша міжвольна замарудзіла крок. Вельмі ж лёгка i прыгожа было на дарозе. З-за вясковых прысад неспадзявана выбліснула сонца, i яго спакойныя, нячутныя праменні заіскрыліся ў свежым інеі дрэў, у галінках прыдарожнага быльняку, прыцярушанага свежымі пушынкамі. Яшчэ ўчора Даша праходзіла тут, і быльняк тырчэў голы, пашумліваў і пасвістваў на ветры. На яго не шкада было наступіць нагой, наехаць машынай. А сёння былінкі выглядаюць так хораша i прывабна, што над некаторымі з іх хацелася нахіліцца i дзьмухнуць, як на адуванчыкі. На дарозе, між каляін, быў пласт такога ж мяккага снегу, але ён зусім не адчуваўся пад нагамі, крок парыпваў ад ранейшай ізмаразі. Гэтае парыпванне бадзёрыла хаду, як маршавая музыка. Хацелася ісці і ісці. Няхай бы гэтыя Дабрасельцы былі трохі далей, не абавязкова ім так хутка набліжацца, хоць там i родная Дашына хата, хоць там і вельмі прыгожыя зімой i летам прысады. Прайсці б яшчэ крыху па свежаму сняжку, падыхаць лёгкім халадком. Няхай бы нават сустрэўся цяпер хто-небудзь. Не Мокрут, вядома, i не Шулаў. Хацелася спаткаць каго-небудзь вельмі блізкага, вельмі дарагога. Міжвольна думкі пайшлі пра Валодзю, далёкага-далёкага па адлегласці і бясконца блізкага па сэрцу. Служыць Валодзя ў арміі вось ужо чатыры гады, бо канчае лётчыцкую школу. Калі ж ён прыедзе, калі можна будзе яго ўбачыць?..
Гледзячы проста на сонца (калі гэта можна глядзець проста на сонца?), Даша заўважыла сярод інею на таполях чорныя купкі варонніх гнёздаў. Цікава, што гэтыя гнёзды і пад інеем былі чорнымі. Затым высунуўся з-за дрэў востры і пасівелы ад інею верх дабрасельскага млына, таксама бяскрылага. Адной навальніцай паламала крылы ўсім тром сельсавецкім млынам. Неўзабаве стала відна і хата млынара, можна сказаць, што і не хата, а цэлы дамок. Гэтым дамком з аднаго боку вуліцы i маленькай хаткай конюха Платона — з другога пачыналіся Дабрасельцы. Насупраць млынаровага дамка стаяў слуп з электрычным ліхтаром. Пакуль на млыне былі крылы i ён пры ветры даволі жвава круціўся, ліхтар гэты асвятляў не толькі дамок, a і частку дарогі. У млынара часта збіраліся прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня i сакратар сельсавета, участковы міліцыянер, бухгалтар Дабрасельскага калгаса (у гэтым калгасе ўладай лічыўся не старшыня, а бухгалтар), загадчык гаспадаркі МТС ды сёй-той з механікаў. Наведваўся таксама чалавек па прозвішчу Заткла. Ніякай уладай ён нідзе не лічыўся, аднак млынарова кампанія рэдка калі абыходзілася без яго. Добра выпіўшы, млынар звычайна напяваў, кудлачачы стручкаватыя валасы, зацярушаныя мукою: «Ты-ыся-ача-а рублёў для мя-ане-э нічо-ога не зна-ачыць».
Неўзабаве ж пасля таго, як навальніца зламала на млыне крылы, прышоў эмтээсаўскі манцёр і абрэзаў правады на слупе супраць дамка. Цяпер гэты слуп стаяў тут без усякай патрэбы, i аднаго разу ноччу млынар вельмі моцна выцяўся аб яго галавой.
Спрабаваў млынар напівацца i потым, калі ўжо млын не круціўся. Аднаго разу нават заспяваў быў на вуліцы: «Ты-ыся-ача-а рублёў…» Але ў гэты час выйшла на вуліцу яго жонка, здаравенная цётка Матрона, узяла спевака за шкірку ды пры ўсіх людзях пацягнула дадому.
У гэты ж час пайшлі асцярожныя чуткі, што i жонка Мокрута трохі натаўкла свайго Лявона. Жанчына гэтая была не такая мажная i здаровая, як цётка Матрона, па росту i вазе яна была можа толькі ў палавіну Матроне, але затое па злосці і ўпартасці рэдка хто мог з ёю зраўняцца. Сухенькі тварык яе з лісінымі вочкамі заўсёды меў такія зморшчыны, на якія страшна было глядзець. Нават і тады, калі яна гаварыла што-небудзь вясёлае, дык усё роўна гэтыя зморшчыны насцярожвалі людзей.
Баяўся сваёй жонкі нават i старшыня сельсавета, хоць усе лічылі, што ён тут нікога не баіцца. Дома, перад жонкаю, Мокрут быў зусім не такі, як бывае ў сельсавеце або на вясёлых сустрэчах у млынара. Адкуль Мокруціха была родам, хто яе родзічы, бацькі, ніхто пэўна не ведаў: Мокрут знайшоў яе недзе ў партызанах.
У вуліцы Даша пайшла крыху шпарчэй, як ішла па дарозе. Няёмка было ісці на вачах у людзей ледзь не шпацырам, падумаюць, што дзяўчыне няма чаго рабіць. «Прыехаў ужо бацька ці не?» Дашы карцела забегчы ў хату, паглядзець, ці дома стары, што робіць Цімоша перад адыходам у школу на другую змену. Гультаяваты хлапец, часта даводзіцца прымушаць брацца за кніжку. Загуляецца, бывае, а потым бяжыць у школу, не падрыхтаваўшы ўрокі, а галоўнае — не еўшы.
Добра было б заглянуць у хату, але ж i на ферме многа спраў. Яшчэ ж, напэўна, і «Кадрыліха» сядзіць у сіласнай яме. Даша толькі прыпынілася каля свайго двара, шчыльней прычыніла вароты і пайшла далей. Каля самай канюшні ёй сустрэўся Платон, у старым кажусе, падпяразаным вяроўкай. Ён прыветна ўсміхнуўся і спытаў, ці дома бацька.
— Хутка прыедзе, — сказала дзяўчына, — заходзьце да нас.
I ёй уявілася, як вось гэтыя два дзяды, два закадычныя сябры, сёння, мабыць, зноў будуць сядзець у запечку цэлы вечар і вясці між сабою мала каму чутную i мала каму зразумелую гамонку.