17

Сесія сельсавета павінна была адбыцца неўзабаве пасля сходу партыйнай арганізацыі, аднак па розных нечаканых прычынах яна ўсё адкладвалася. Гэтыя прычыны ў большасці выпадкаў з’яўляліся з-за Мокрута, якому вельмі хацелася адцягнуць сесію. То ён раптам знікаў на некалькі дзён, а ў сельсавеце прасіў сказаць, што паехаў у горад па справах, то прыкідваўся хворым, хоць дома i не ляжаў. Былі, відаць, свае меркаванні ў чалавека. Магчыма, жыло спадзяванне, што ўсё гэта ператрэцца, перамнецца i забудзецца, магчыма, вялася нейкая падрыхтоўка для большага апраўдання.

Нарэшце, Павел Паўлавіч, як прадстаўнік райвыканкома, цвёрда вызначыў дзень, і сесія прайшла. Паколькі ні ў Дабрасельцах, ні ў Чырвоных Маках клуба яшчэ не было, то сесія праходзіла ў школе, у тым жа самым класе, у якім быў не так даўно i партсход. З партыйнага сходу Лявон Мокрут выйшаў тады самым першым, а з сесіі цяпер — самым апошнім. Калі б не прышла ў клас прыбіральшчыца ды не зазваніла ключамі, то былы старшыня, напэўна, і начаваў бы ў школе.

На вуліцы ўжо нікога не было, калі Мокрут, угнуўшыся, крочыў каля платоў. Ён прыкідваў сам сабе, куды б яму пайсці, дзе б гэта пабыць аднаму, бо ні сустракацца з кім-небудзь, ні гаварыць яму сёння не хацелася. Успомніў, што можна ж яшчэ зайсці ў сельсавет, што фармальна ён яшчэ не пазбаўлены такога права. Апусціў руку ў кішэню кожанкі, абмацаў там два звязаныя шнурком ключы. Залішне халоднымі і слізкімі здаліся яму гэтыя ключы. Узяць бы іх ды выкінуць у снег, няхай бы потым узламвалі кабінет тыя, каму гэта трэба. Ключы, абыякава падчэпленыя пальцам за шнурок, тонка, нібы жалобна, дзінькнулі, калі Мокрут выцягнуў іх з кішэні. Міжвольна прыгадаўся звон ключоў прыбіральшчыцы. Як паглядзела гэтая жанчына на яго, былога старшыню сельсавета! Відно было адразу, што каб ён не заварушыўся, не заспяшаўся апранацца, то яна выгнала б яго з класа.

Замок на сельсавецкіх дзвярах быў пакрыты тонкай пякучай намараззю. Мокрут узяў яго цёплай рукой, i, пакуль адкрываў, пальцы шчыпанула хоць і перадвясеннім, але яшчэ сярдзітым марозікам. Чалавек амаль не адчуў гэтага. Дзверы скрыпнулі нейкім чужым і непрыветным скрыпам. Яшчэ адзін замок, i яшчэ адны дзверы. З кабінета дыхнула цяплом i звычнай гаркаватасцю ад нядаўняга курэння. Не запальваючы лямпы. Мокрут знайшоў свой цвічок у сцяне, распрануўся і павесіў на яго кожанку, шапку, потым прайшоў да папоўскага крэсла. Палавіцы скрыпнулі так моцна, што чалавек аж спужаўся гэтага скрыпу. Колькі часу давялося пасядзець у гэтым крэсле i нават паспаць! Заснуць бы i цяпер, забыцца пра ўсё.

Мокрут усім скволеным тулавам узлягае на падлакотнікі, адкідвае галаву на высокую спінку. Прыемна было некалі вось гэтак адпачываць, а падчас i гаварыць з людзьмі.

На двары мільгае ў белых хмарках вельмі ўжо праворны месяц, таму па стале ўвесь час бегаюць кароткія цені. Стракаціць у вачах ад гэтых ценяў, а яшчэ больш стракаціць ад розных паперак, квіткоў і бланкаў, што ў беспарадку валяюцца на стале. У сельсавеце няма цяпер сакратара, а сам Мокрут i раней не клапаціўся аб парадку ў канцылярскіх справах. Цяпер жа дык i гаварыць няма чаго. Паблісквае перад апушчанымі ўніз вачамі вышмараваны локцямі і далонямі паўкруглы рубец стала. Варта хоць трошкі працягнуць з падлакотніка руку, і ўказальны палец ляжа на гэты рубец. Маленькі рух, і пачуецца звычны стукат. Колькі людзей з крыўдай і непрыязню глядзелі на гэты палец, колькі разоў балюча моршчыліся, слухаючы гэты стукат!

Дрымоты не прыходзілі, хоць Мокрут не збіраўся хутка ўставаць з гэтага крэсла. У галаве шумела ад страшэннай блытаніны думак, ад безлічы самых супярэчлівых уражанняў і ўспамінаў. Бывала, на сесію за вушы чалавека не прывалачэш, а тут, глядзі, амаль поўная школа людзей. I дэпутаты ўсе да аднаго, і настаўнікі. Сямён Казырок вунь адкуль i то прышоў, нават зладна махаў рукой, калі звонкі Дашын голас чуўся ва ўсіх кутках. Успомнілася, што і Аксіння, Валодзева маці, вельмі ж ужо старанна слухала Дашына выступленне, ківала ў знак згоды галавой, а потым, калі дзяўчына вярталася на сваё месца, злавіла яе за рукаў i доўга нешта шаптала на вуха, ласкава ўсміхалася. А яшчэ зусім нядаўна гэтая жанчына верыла яму, Мокруту.

Пасля Дашавага выступлення захацелася зноў узяць слова самому. Слова далі, а слухаць не слухалі. Стары Платон пачаў у гэты час нешта гаварыць Мітрафану, а той без усялякага ўтрымку смяяўся i весела паглядваў на свайго старэйшага сына. Гэты толькі што прыехаў, а ўжо тут.

I хто іх зваў на сесію?

…Перад вачыма — людскія рукі, паднятыя над галовамі. Так многа рук. Павел Паўлавіч сказаў падняць рукі толькі дэпутатам, а паднялі ўсе. Цяжка было ўтрымацца, каб не зірнуць. Андрэіха сядзела воддаль, дык аж устала, каб усе бачылі яе руку.

— Дабрасельскі! — звярнуўся Павел Паўлавіч да Івана. — Палічы галасы!

Той устаў, выцягнуўся на даўжэйшай назе, каб лепш бачыць.

— Аднагалосна! — праз якую хвіліну абвясціў ён. У голасе — цвёрдасць i гучнасць. Гэтага раней не было.

— Ды ўсе прагаласавалі! — пацвердзіў з задніх радоў Ціхоня.

Бач, і ён абазваўся!

Усё гэта асабліва крыўдзіла i злавала Мокрута. Ніколі раней ён не зважаў на якоесьці там галасаванне. Сам заўсёды падымаў руку без усякіх думак у галаве i на людскія галасы паглядваў з насмешкай. А тут прагаласавалі, i ён ужо не старшыня.

Правая рука неяк сама сабою паехала па слізкаму падлакотніку ўперад, аднак пальцы не дацягнуліся да стала, каб пастукаць, а квола, нібы самлелыя, упалі на сцягно. Тут яны, паварушыўшыся, хутка намацалі кішэню, у якой ляжаў круглы футлярчык з пячаткай. Пад сэрцам у Мокрута зашчымела. Заўтра здаваць гэтую пячатку, а як жыць без яе? Перад вачыма раптам паўсталі суседзі-дабрасяльчане. З самага ранку яны возяць на поле гной, рукі іх у гэты час брудныя i непрыемна пахнуць. Андрэіха носіць дадому маленькіх парасят, тут іх абсушвае, абагравае, поіць малаком. А Даша начуе на ферме ў час ацёлаў і ў такія дні ходзіць з пачырванелымі ад бяссонніцы вачыма. I ўсё гэта людзі, і шчасце ў іх, мабыць, больш, як у яго самога.

Лявон рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, устаў i нервова захадзіў па кабінеце. Хадзіў ён так з паўгадзіны, палавіцы скрыпелі, нібы крышыліся ў яго пад нагамі. Іх даўно ўжо нe праціралі вадой. Потым былы старшыня падышоў да свае кожанкі, рвануў яе так, што цвік сагнуўся, ці вешалка разарвалася, паспешна апрануўся і рушыў з сельсавета. Дзён тры яго ніхто не бачыў і ніхто не ведаў, дзе ён каратаў ці прасвістваў свой час. На чацвёрты дзень позна ўвечары Мокрут з’явіўся на дабрасельскай вуліцы. Ніхто і ў гэты час яго не заўважыў: дзетвара ўжо спала, а ўсе дарослыя былі на калгасным сходзе. Ішоў Мокрут, не спяшаючыся, і глядзеў увесь час толькі сабе пад ногі. Ён і рад быў, што ніхто не трапляўся яму насустрач.

Каля свайго двара спыніўся, падняў галаву. Мяккі вецер з поўдня абдаў яго шыю і трохі зменшаны за гэтыя дні валлячок. Лявон зноў утуліўся ў каўнер, вецер здаўся яму вельмі халодным. У вокнах хаты відно было святло. Гэта спадабалася Мокруту тым, што не трэба было стукаць, дабуджвацца жонкі. Асцярожна, без скрыпу адчыніў брамку, зайшоў у слізкі ад адлігі двор. Дзверы ў сенцы таксама адчыніў паціху, пераставіў нагу цераз парог хаты i больш не мог ступіць ні кроку. З ложка, накрытая суконнай паласатай коўдрай, дакорліва і ўсё ж такі з радасцю глядзела на яго жонка, а побач, на зэдліку, сядзела Андрэіха і спавівала ў цёплыя, свежыя пялёнкі дзіця.

Лявон зняў шапку і моўчкі стаў камячыць яе ў руках. Затым ён марудна павярнуўся і вышаў. З двара не падаўся нікуды, а сеў пад акном на прызбе і ахапіў галаву рукамі. З страхі капалі буйныя, вялікія каплі і гучна стукаліся аб кожанку. Са сходу па вуліцы ішлі людзі, яны весела гаманілі, смяяліся.

— Два старшыні ў хаце! — з націскам сказаў нехта.

— А я магу даць яшчэ і трэцяга, калі трэба!

Гэта, вядома, голас Мітрафана.

Насупраць двара нехта прыпыніўся.

— Няўжо яго яшчэ няма? — пачуўся гаманок. — Хіба ж не ведае чалавек? Гэта ж добра, што Андрэіха, а то б…

Лявон не мог глянуць на вуліцу, не мог расслабіць пальцы, ублытаныя ў адрослыя за апошні час валасы. Бразнула неўзабаве клямка ў сенцах, i каля яго мімаходам спынілася Андрэіха.

— Ідзіце, сусед, у хату, — патрабавальна сказала яна. — Сын заве.


1958

Загрузка...