Радыё ў хаце маўчала ўвесь вечар, мабыць, ветрам пашкодзіла праводку. А потым нешта прарвалася ў рупарчыку, i ён спачатку пачаў хрыпець, затым і гукі пачуліся, нібы з глыбокага падзямелля. Андрэіха спала вельмі чутка, бо адразу прахапілася ад гэтых гукаў. Пачула, што іграюць гімн, і ўспомніла, што ёй, перш чым ісці на работу, трэба хуценька ўправіцца з гэтым, з гэтым і з гэтым у хаце, разграбці снег у двары, даць есці карове, напаіць бычка і не забыць яшчэ безліч усялякіх хатніх дробязяў. Злезла з чарана, уключыла святло, прыадзелася цяплей і пачала расколваць натонка дровы, каб запаліць у печы. Работа ішла цяжка, сякера ледзь не валілася з рук, ныла ўсё цела і вельмі непрыемна марочыла ў галаве. Разгінаючыся, глянула на будзільнік, які стаяў на акне. Глянула і ў першы момант не паверыла сваім вачам: будзільнік паказваў толькі пятнаццаць мінут пасля поўначы. Праверыла, можа не заведзены гадзіннік, ажно ж заведзены, значыцца, яна спала ўсяго некалькі хвілін.
Смешна стала з самое сябе, але i радасна: можна ж яшчэ вунь колькі часу паспаць.
Другім разам жанчына палезла на печ ужо не раздзяваючыся i заснула так, што ледзь не праспала досвітак. Упыніўшыся ў хаце i каля хаты, паспешна выйшла на вуліцу. Вецер крыху ўціх ужо, але снег яшчэ ішоў, хоць не вялікі і, здавалася, зусім мяккі. Па самай сярэдзіне вуліцы, у напрамку фермаў, ляжаў ужо глыбокі след. «Гэта Мітрафанава Даша», — падумала Андрэіха, і ёй трошкі непрыемна стала, што суседка пабегла на работу раней за яе. «I не зайшла, не пастукала ў акно».
Ідучы амаль што па Дашынаму следу, жанчына ўяўляла, як яе маладая суседка напэўна ўжо выграбае снег з сіласнай ямы. Яма глыбокая, бо сілас больш як на палавіну выбралі, i снегу там цяпер па пояс. А колькі снегу на пачатых капцах бульбы? Гэта ўжо апошнія капцы. Пройдзе яшчэ тыдняў два, ад сілы месяц, i хоць на ферму не паказвайся.
У мінулым годзе так i было. З’явіўся пад вясну ў Дабрасельцы новы старшыня калгаса, былы загадчык бандарнай арцелі. Зайшоў з партфелем на ферму, а галодныя свінні як рынуліся на яго з усіх бакоў. Сталі на дыбкі, паднялі страшэнны піск і роў, папераскоквалі некаторыя праз перагародкі. Чалавек спачатку адбіваўся, як мог, партфелем, а потым кінуўся наўцёкі. Ратуючыся і не заўважыў, як свінні абжавалі знізу яго бобрыкавае паліто і вырвалі з рук партфель. Добра, што акрамя плоскай буханкі хлеба і запасных нагавіц, нічога не было ў гэтым партфелі.
З таго часу старшыня доўга не заглядваў на ферму. Лявон Мокрут на адной выпіўцы пусціў на яго мянушку «свіны недаедак», але нешта не прыліпла да чалавека гэтая мянушка. Патрымалася крыху ды адпала. Гэта, бадай, ад таго, што новы старшыня, па прозвішчу Шулаў, зусім не быў падобны на якога-небудзь недаедка. Росту ён высокага, шырокі ў плячах і ў поясе, два чырвоныя падбародкі звісаюць на каўнер. Ён і цяпер старшынствуе ў калгасе. Носіць тое самае бобрыкавае паліто, нанава падрубленае знізу. Вядома, цяпер яно пакарацела і цеснае стала занадта, бо вельмі ж раздаўся Шулаў, жывучы ў калгасе. Хто ні сустрэне цяпер яго, дык міжвольна падумае: «Што будзе з гэтым чалавекам яшчэ праз год?»
Пакуль награблі з капца бульбы, пакуль Мітрафан распаліў паравы кацёл на кармакухні, пачало днець. Андрэіха спяшалася, бо ведала, што праз якую гадзіну сюды можа наведацца старшыня. Зойдзе ён, канешне, спачатку на малочную ферму, нап’ецца там малака, а можа нават i паснедае. Жыве чалавек у адзіноце, сям’ю трымае ў гарадскім пасёлку, таму даводзіцца прымаць ежу дзе трапіцца: калі на ферме, калі ў брыгадзіра, калі ў якой-небудзь маладзіцы. Каб аберагчы сябе ад непажаданых перабояў у харчаванні, Шулаў заўсёды носіць у кішэні кусок хлеба i, здараецца часам, што жуе яго на хаду.
Зазванілі неўзабаве ў пусты бітон. Андрэіха ведала, што гэта Даша звоніць, падае сігнал Мітрафану, свайму бацьку, каб рыхтаваўся вязці па пункт малако. «Няўжо так хутка надаілі? — здзівілася жанчына. — I як жа яны павязуць, калі старшыня яшчэ не піў?»
Але старшыня не прамаргаў барадою, хоць Даша, загадчыца фермы, i не вельмі чакала яго. Ён неўзабаве з’явіўся на кармакухню і, аблізваючыся, пачаў дабразычліва ўсміхацца спачатку Андрэісе, а потым і другім жанчынам. Нораў у яго быў вельмі памяркоўны і спакойны, ён ніколі нікога не палаяў, нават калі і трэба было гэта зрабіць, ніколі нідзе не павысіў голасу. Часткова гэта ад моцных нерваў, а часткова ад таго, што ніякае на свеце здарэнне, ніякі выпадак не маглі яго ні асабліва здзівіць, ні асабліва ўстрывожыць. Таму і трымаўся ў калгасе і адчуваў сябе найлепш, некаторыя яго нават паважалі.
Калі Андрэіха панесла свіны харч на ферму, услед за ёй пайшоў i старшыня. З іншымі свінаркамі ён быў не такі ветлівы, а з Андрэіхай любіў і пагаварыць і параіцца, калі справа датычыла яго асабістых інтарэсаў. Ступіўшы на дашчаты насціл свінарніка, ён адразу спыніўся каля аднаго ўтульнага катушка і затрымаў каля сябе Андрэіху.
— Ну як ён? Нічога?
— Ды нічога, — адказала Андрэіха.
— Есць добра? — Шулаў узлёг жыватом на дзверцы і, адставіўшы зад, паспрабаваў пагладзіць рукой тупарылага рабога кормніка. — Дык вы яму, калі ласка… Разумееце?.. Хутка ўжо забяру.
— Ды разумею, — Андрэіха паставіла большае вядро на падлогу, а з меншым увайшла ў катушок. Вяпрук пачаў прагка глытаць цеста, а Шулаў стаяў ля катуха і задаволена аблізваўся. Калі цеста ў карыце заставалася ўжо не многа, старшыня пашарыў у кішэнях, выбраў адтуль паўжмені солі, перамешанай з крошкамі хлеба, і, зайшоўшы ў катушок, рупліва пасыпаў цеста. Вяпрук пачаў есці з большым стараннем, а старшыня мацаў пальцамі яго спіну і сам пра сябе прыкідваў, якой таўшчыні будзе сала і на колькі пудоў рабы пацягне.
— Ці многа ў нас яшчэ бульбы? — спытаў ён у Андрэіхі, калі тая ўжо можа ў дзесяты раз несла вёдры.
— Два капцы, — адказала на хаду жанчына.
— Два? — Шулаў вылез з катуха i на момант нібы задумаўся, нібы здзівіўся: «Малавата, калі так. На колькі ж гэта хопіць?»
— Слухайце! — гукнуў ён наўздагон Андрэісе. — На колькі ж гэта хопіць?
— На месяц, — не адварочваючыся, кінула жанчына, — а можа нават i менш.
«Малавата, — зноў падумаў старшыня, — зусім мала. Калі так, то пад вясну могуць перадохнуць усе свінні, хоць не колькі іх тут і ёсць. Што ж рабіць?» Ён хацеў спытаць у Андрэіхі, што ж рабіць, ды зразумеў, што гэта нязручна, трэба ж усё-такі думаць самому. Стараўся думаць, а на твары не з’яўляліся ні заклапочанасць, ні якая-небудзь трывога. Не хацелі трымацца ў галаве Шулава цяжкія думкі. Замест іх неяк міжвольна пачало думацца аб тым, што дома, у жонкі, бульбы хапае, машын тры адгрузіў туды: частку з уласных сотак, а частку'і з няўласных.
Андрэіха ўжо, мабыць, у апошні раз бегла на кармакухню, як яе спаткаў Мітрафан. Шапка на ім перакруцілася вухам на лоб, на абедзвюх скулах каля сухога носа i над вусамі выступіў пот.
— Кадрыліхі тут не бачыла? — устрывожаным шэптам спытаў ён.
— А чаго яна сюды пойдзе? — перахапіла адказ адна маладая свінарка, якая разабрала Мітрафанаў шэпт. — Яна вунь павезла прадаваць пшаніцу, тую, што накрала ў жніво каля камбайна. Старшыня i падводу даў.
— Ц-ціш-шэй ты! — падняў Мітрафан перад дзяўчынай рукі, а сам неахвотна паглядзеў на дзверы свінарніка, адкуль, ён ведаў, мог выйсці старшыня. — Я не пра гэтую Кадрыліху, а пра кабылу, каб яе ваўкі зарэзалі. Пасунулася некуды, бегаю ўжо вунь колькі часу і знайсці не магу. Малако трэба везці.
— На ёй жа сілас вазілі, — жадаючы як-небудзь дапамагчы старому, падказала Андрэіха.
— Вазілі, — згадзіўся Мітрафан. — Выпраглі потым ды не прывязалі, мабыць. Усюды абшукаў.
I Мітрафан пабег дробным старэчым бегам, пад яго бахіламі лёгка зарыпеў снег. Шулаў тым часам накарміў свайго вепрука, задаволена ўсміхаючыся, выйшаў з фермы і накіраваўся ў той бок, дзе былі сіласныя ямы. Праз якой паўгадзіны Андрэіха чула, як ён з абыякавым смяшком сказаў Дашы:
— Твой стары кабылу шукае, а яна ў яме сілас жарэ.
Сказаў і пайшоў на вёску, на прыемны пах ранішніх дымкоў.